Пятро Хведаравіч Глебка – нар. 23 чэрвеня
(6 ліпеня) 1905 г. у в. Вялікая Вуса Ігуменскага павету Мінскай губэрні
Расійскай імпэрыі, у сялянскай сям’і.
У 1923 г.
скончыў сямігодку ў м. Вузда, у 1924-1927 гг. вучыўся ў Белпэдтэхнікуме, дзе
актыўна супрацоўнічаў у насьценнай газэце. У 1925 г. ён ужо ў шэрагах
літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”, друкуецца ў газэтах “Беларуская вёска”,
“Савецкая Беларусь”, часопісах “Работніца і сялянка”, “Беларускі піонэр”.
У 1927 г.
Глебка пераводзіцца на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага
факультэту БДУ, пасьля заканчэньня якога ў 1930 г. працаваў загадчыкам
літаддзела ў газэце “Калгасьнік Беларусі”, у часопісе “Полымя рэвалюцыі”. У
1934-1936 гг. працуе кансультантам па паэзіі ў СП БССР. Разам з шэрагам іншых
беларускіх пісьменнікаў у жніўні 1936 года падпісаў зварот да Сталіна з
заклікам “да канца раскрыць і зьнішчыць усе зьмяіныя гнёзды
трацкісцка-зіноўеўскай фашысцкай хеўры”.
Падчас 2-й
Усясьветнай вайны знаходзіцца у рэдакцыях франтавых газэт “За Савецкую
Беларусь”, “За свабодную Беларусь”. Друкаваў
сатырычныя творы ў газэце-плякаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і ў
“Партызанскай дубінцы”. У 1943-1945 гг. рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б “Савецкая
Беларусь”, галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.
Ад 1945 г.
працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларускай
ССР, узначальваў групу па складаньні “Руска-беларускага слоўніка”. які выйшаў у
1953 г. У 1952-1956 гг. кіраваў сэктарам лексыкаграфіі, ад 1957 г. ён дырэктар
Інстытута мовазнаўства. У 1957-1969 гг. узначальваў інстытут мастацтвазнаўства,
этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1966-1969 гг.
акадэмік-сакратар Аддзяленьня грамадзкіх навук Акадэміі навук Беларускай ССР.
Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР у 1955-1967 гг. Удзельнічаў
у рабоце сэсій Генэральнай Асамблеі ААН у 1955, 1956, 1957, 1964) гг. Меў
псэўданімы: Асот, Г. Асот, Грыша Асот, Лукаш Бандылевіч (з П. Броўкам і інш.),
Калектыў Шаўцоў (з П. Трусам і М. Лужаніным), Язэп Касіла, Піонэр Г-бко, Піонэр
Г-к о, Піонэр Глебко, П. Г.
Памёр 18
сьнежня 1969 г. у Мінску і пахаваны на Ўсходніх могілках.
Быў
узнагароджаны Ордэнам Леніна (1965 г.), 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга
(1949, 1955 гг.), Ордэнам “Знак Пашаны” (1939 г.), Ордэнам Чырвонай Зоркі (1943
г.) ды шматлікімі мэдалямі. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа
НАН Беларусі створаны ягоны мэмарыяльны кабінэт Пятра Глебкі. Ягоным імем
названая вуліца ў Мінску, а на доме, дзе ён жыў, усталявана мэмарыяльная
шыльда.
Авіята Кулдык,
Койданава
БЕЛАРУСКІЯ САВЕЦКІЯ ПІСЬМЕНЬНІК — ТАВ. С. АРДЖАНІКІДЗЭ
Дарагі Сярго!
Вам, аднаму
са слаўнейшых з кагорты старой ленінскай гвардыі, найбліжэйшаму другу і саратніку
геніяльнага Сталіна — беларускія савецкія пісьменьнікі шлюць палкае прывітаньне
ў дзень Вашага пяцідзесяцігодзьдзя.
Ваша імя і
справы, дарагі Сярго, непарыўна зьвязанае з бясьсьмертнай і сьвяшчэннай справай
Леніна - Сталіна. І ў змрочныя дні Вашага юнацтва і ў грымотах грамадзянскай
вайны і ў пераможным будаўніцтве сацыялізму Вы высока і непарушна нясеце сьцяг
працоўнага чалавека — сьцяг Леніна — Сталіна.
Ваша
выдатнае, яркае жыцьцё прайшло ў бітвах і наступленьнях. Вы, як і Вашы вялікія
настаўнікі і саратнікі Ленін і Сталін, не ведалі паражэньняў.
Вашай
выключнай энэргіі абавязана савецкая краіна не адной перамогай на франтах
грамадзянскай вайны, у абароне нашай радзімы і ў галіне цяжкой прамысловасьці,
слаўным кіраўніком якой Вы зьяўляецеся.
Дарагі
Сярго!
Нам,
беларускім савецкім пісьменьнікам, асабліва дорага Ваша імя таму, што з ім
зьвязана не адна перамога беларускага народу, Чырвонай арміі ў гады барацьбы
супроць панскіх польскіх наймітаў. Мы ўспамінаем дваццаты год, Беларусь, якая
стагнала пад пятой пілсудчыны, гарады і сёлы, зьнішчаныя дарэшты ворагам, і
Вас, наш родны Серго, які асабіста ідзе ў разьведку на белапалякаў, Ваш
скрышальны ўдар па часьцях польскай арміі пад Барысавам.
Горача
вітаючы Вас у дзень Вашага слаўнага пяцідзесяцігодзьдзя, беларускія
пісьменьнікі жадаюць Вам многа год жыцьця, радасьці і шчасьця.
Няхай жыве
наш слаўны, родны Сярго!
Няхай жыве геній чалавецтва — Сталін!
Андрэй Александровіч, З.
Аксельрод, З. Бядуля, Я. Бранштэйн, П. Броўка, П. Глебка, П. Галавач, І. Гурскі, Янка Купала,
Якуб Колас, А. Кучар, М. Кульбак, К. Крапіва, М. Лынькоў, Ізі Харык, Кузьма
Чорны.
*
Сулейман
Стальскі
ПАЭМА ПРА СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЭ,
ЛЮБІМАГА САРАТНІКА І
ДРУГА ВЯЛІКАГА СТАЛІНА
Даўно імкнулася рука
Цябе апець на струнах саза,*
Пясьняр, услаў бальшавіка,
Што роджаны ў гарах Каўказа,
Услаў яго арліны зрок
I перамог нястрымны крок
Прасторы, што шумяць здалёк
Ад Ленінграда да Каўказа.
З правадыром з юнацкіх год
Ён мужна вёў нас у паход,
За ім мільённы йшоў народ
Узброеных сыноў Каўказа.
Узьняўшы
перамогі сьцяг,
З адвагай сталінскай ў грудзях,
На ленінскі ступалі шлях,
Раскоўваючы лёд Каўказа...
I
Жылі мы бедна. Злосны боль
Ламаў нам косьці ў сьцюжу й золь
І крыўда горкая, як соль
Нам сэрцы разьядала, горцы.
Жылі мы страшна. Падаў сьнег
Ад веку ў
век, ад веку ў век,
Быў распластаны чалавек
На вострарэбрых скалах, горцы.
Ляцелі хмары, быццам дым,
Хаваўся месяц ў дыме тым,
І можа толькі маладым
Вясна была пагоднай, горцы.
Быў повен дом бядняцкіх дум,
Мы зналі толькі гора й сум,
І сьвет быў змрок, і сьвет быў тлум,
Як удава,
няшчасны, горцы.
Былі мы вечна жабракі,
Драўляны плуг ды дзьве рукі,
Часнок з цыбуляй — харч такі,
А ў сьвята — чай мы зналі, горцы.
У жыцьці быў белым — белы сьнег,
Быў самым чорным — наш начлег,
Жылі так, — чуеш, чалавек,
Жылі так на Каўказе горцы.
Было так шмат гадоў назад,
Калі
бясплённым быў наш сад,
Калі ад незьлічоных лат
Чэркеска з плеч спадала, горцы.
Ці ж мне забыць тых дзён
разгул,
Быў катаваны мой аул,
Але я чуў падземны гул,
Што перад бурай чуюць, горцы.
Быў повен сьвет бядняцкіх дум,
Гнеў разганяў наш чорны сум,
Гатовы мы былі на штурм,
На подзьвіг і пагібель, горцы.
Даволі! Змучыў нас прыгнёт,
Сябры, наперад, у паход!
Сямнаццаты ўварваўся
год,
Як гром, як кананада, горцы.
Нас Ленін да жыцьця узьняў,
Да перамог ён нас натхняў.
Нам Сталін меч у рукі даў
І сілы нам патроіў, горцы.
І вось бліжэй стальной сьцяной,
Сьвет скалыхнуўшы сілай той
Шумела бура, а за ёй
Як шчыт, зара ўставала, горцы.
Тады ён вёў у бойку нас
Саратнік Сталіна здаўна,
Нязьменны друг, брат родны наш
Сярго Арджанікідзэ, горцы.
II
На радасьць нам радзіўся ён,
А катам горных зграй — на скон.
Тады
ў садах зьбіралі плён —
Айву празрыстую надзіва.
Пара ўраджайная была,
На горы ліўся сонца бляск,
Тады з крыніц вада цякла
Крыштальна чыстая надзіва.
У час той лоўчыя ў лясах
Куркі ўзьвялі зьвяр‘ю на страх,
Тады ў рабочых гарадах
Работа добра йшла надзіва.
Быў пільным вострым
зірк людзей,
Быў мудрым кожны сказ людзей,
Стараўся кожны быць прасьцей
І больш сумленным быць надзіва.
Для бур радзіўся ён і рос,
Як леў, ён волю сваю нёс,
Ён знаў з дзяцінства горач слёз
І думы беднаты надзіва.
З дзяцінства быў ён бальшавік,
Наркам наш слаўны, баявы
Хто,
праўдай сталінскай жывы,
Адважны ў справах быў надзіва.
Яшчэ з гадоў ён маладых
Пазнаў жыцьцё і мудрасьць кніг,
Ён бачыў праўду для адных
Няпраўду для другіх надзіва.
Ён бачыў: повен сьвет бядот
У горы церпіць люд прыгнёт,
Ды кліча правадыр народ,
Байцоў зьбірае ён надзіва.
Тады ж у
юную пару,
Ён даў зарок правадыру
Ісьці спаткаць жыцьця зару,
Заўжды адданым быць надзіва.
Стаяць за праўду, за народ,
З правадыром ісьці ў паход,
Не баючыся перашкод,
І
непахісным быць надзіва.
І вось ён рос у дзён агні,
Як волат у стальной брані
(Не шкодзіла б пра тыя дні
Мне скласьці іншы сьпеў надзіва).
Ён вырас цьвёрды, як граніт,
Аб ім і слава ўжо грыміць,
Бо з ворагамі барацьбіт
Бясстрашны й мужны ён надзіва.
Ён быў усюды: і ў гарах,
I
на Бакінскіх прамыслах,
І нёс ён зграям царскім страх,
Будзіў адважнасьць у байцах,
Заўжды нястомны быў
надзіва.
III
Шануем, любім голас твой,
Хадзіў са Сталіным у бой,
Працоўным горцам родны, свой,
Цябе завуць —
Сярго любімы.
Яшчэ
да сонца, з даўніх пор
Здружыўся ты з народам гор,
Свабоды ўбачыўшы прастор
Наступных дзён,
Сярго любімы.
Ты чуў у цемры волі гром,
Хто можа стаць бальшавіком,
І ў дні Кастрычніка з клінком
Хто выйдзе ў бой,
Сярго любімы.
Хто з
намі верны да канца,
Пяройдзе шлях цяжкі байца,
І не спужаецца сьвінца
Варожых куль,
Сярго любімы.
Ты многа выцярпеў за нас
У турмах, ссылках быў не раз,
І зноў зьяўляўся на Каўказ,
Змагаўся зноў,
Сярго любімы
Мы славім тых, хто ў бой
ішоў,
Адданых нам таварышоў —
Ты самы верны між сяброў
Друг Сталіна,
Сярго любімы.
Ты з намі хлеб наш падзяляў,
Дзяцей ты нашых цалаваў,
Сяброў
між намі выбіраў,
І гартаваў,
Сярго любімы.
У тыя цяжкія гады
Калі гарэлі гарады,
Сваіх таварышаў тады
Не пакідаў,
Сярго
любімы.
І праз Каўкаскія хрыбты
Ішоў да нас змагацца ты,
Як помста грознай беднаты,
Для ворагаў,
Сярго любімы.
Укрыўшы плечы башлыком,
Ты на кані
імчаў агнём,
Наш слаўны баявы рэўком
Ты ў бой нас вёў,
Сярго любімы.
Ты нам патроны выдаваў,
Нас абуваў, нас апранаў,
У паходзе буркай накрываў,
Бярог
байцоў,
Сярго любімы.
Імя не сходзіць з языка,
Ў палоне струн мая рука,
І песьня льецца, як рака,
Усё пра цябе,
Сярго любімы.
IV
Прысланы Леніным ты к нам,
На помач горскім беднякам,
Вучыўся ў Сталіна баям,
Магутны леў —
Сярго любімы.
Таму й народ цябе любіў,
Што ты паноў няшчадна біў,
Як Сталін непахісны быў
Заўсёды ты,
Сярго
любімы.
Калі Гацынскі паміж гор,
З ардой бандытаў на падбор
Ляцеў на вёскі, як віхор, —
Нас вызваляў
Сярго любімы.
Ты верных партызан сабраў,
Ты за радзіму ў бой пазваў,
Заданьне сталінскае даў,
Біць ворагаў,
Сярго любімы.
Ішлі адважнай грамадой
Атрады партызан на бой,
Тваёй узьнятыя рукой
Перамагаць,
Сярго любімы.
А там шпарчэй за плынь ракі,
Узьняўшы вострыя
штыкі,
Прышлі чырвоныя палкі —
Нам памаглі,
Сярго любімы.
То рускі пралетарыят,
Наш кроўны, наш магутны брат,
Адвёў ад нас сьвінцовы град
Не першы раз,
Сярго любімы.
То Ленін слаў змагацца іх,
То Сталін даў іх, баявых,
Каб шчасьцем у гарах сівых
Жыцьцё было,
Сярго любімы.
Каб
сонца ясны быў усход,
Каб быў шчасьлівы наш народ,
Каб чорнай злыбеды прыгнёт
Не зьвіў гнязда,
Сярго любімы.
Ты нам, вялікі, агнявы,
Што вобраз Леніна жывы,
Што вобраз Сталіна жывы
Данёс да нас,
Сярго любімы.
Што сьцяг ты партыі
сваёй
Пранёс ў віхуры агнявой,
Да перамог вёў за сабой
Народы гор,
Сярго любімы.
У тыя дні начэй не спаў
Наш Кіраў — зрок яго палаў,
З табою катаў
ён зьнішчаў,
З табой ішоў,
Сярго любімы.
За сьмерць яго (настане час)
Дасьць фашыстоўскі воўк адказ,
Ва ўсіх гатовы стрэльбы ў нас,
Забойцам сьмерць!
Сярго любімы.
Ім не ўцячы, ўжо хутка суд,
Бо іх дагоняць, прывядуць,
І нам у рукі
аддадуць,
Забойцам сьмерць!
Сярго любімы.
Таму зарок — краіны гнеў,
Што па-над сьветам ускіпеў,
Таму зарок — мой гэты сьпеў
Што я пяю,
Сярго
любімы.
V
У радаснай краіне ў нас,
Усё мацнеючай штораз
І гарачэй больш кожны час
Шумяць крыніцы шчасьця
Бачу.
У перамогах з краю ў край,
Цьвіце краіна, быццам май.
І кожны дзень на небакрай
Ідзе ў
агнях зарніца, —
Бачу.
Мудрэйшы Сталін, бацька наш,
Чыё імя — магутны
марш,
Палац будуе ясны наш,
Палац усіх працоўных,
Бачу.
Па ўсіх рэспубліках наўкруг,
Паслушныя правадыру
Напоўніўшы адвагай рух
Скрозь
цягнікі імчацца,
Бачу.
На моры караблі плывуць,
Маторы ў вышыні гудуць
І коньнікі ў гарах ідуць
Дарогай сталінскаю,
Бачу.
Рэспублікі ў красе ўстаюць,
Сваю вясну яны пяюць,
Мільёны прывітаньне шлюць
Правадыру
народаў,
Бачу.
Краіны слаўлю вольных шлях,
Герояў сьмелых у
гарах,
Якія ў будучых баях
Перамагчы гатовы,
Бачу.
Работнікаў жалезны строй
Нясе краіну над зямлёй,
Туды, дзе юнасьці прыбой
I дзе
вясны прасторы,
Бачу.
Папрастарнелі гарады,
Пабагацеў запас руды,
Байцам свабодным, маладым
Пакорна ўсё ў краіне,
Бачу.
Жыцьця старога зьмецен прах,
Багаты плён цьвіце ў садах
Электрастанцыі ў гарах
І школы
сталінскія
Бачу.
I правадамі край гудзе,
Нібы па струнах песьня йдзе,
I самых стройных, як нідзе,
Я юнакоў калгасных
Бачу.
I Край непераможны мой,
Цьвіце, як яблыні вясной,
I кожны з нас усёй душой
Правадыра
ўслаўляе
Бачу.
Усё, аб чым гадалі мы
У дні за кратамі турмы,
Ад Ленінграда да Урмы
На яве я сягоньня
Бачу.
Усё, за што змагаўся ты,
Вялікі рыцар беднаты...
Цьвіце краіна пекнаты
Шчасьлівымі
садамі,
Бачу.
Шуміць над намі летні сад,
Салодкі сьпее вінаград,
І кожны шчырым сэрцам рад
Вялікасьці краіны
Бачу.
Ліюцца песьні песьняра,
Цьвіце палац, нібы зара.
І мужным гартам змагара
Мы загартованыя, —
Бачу.
Стаханаўцаў магутны строй,
Ён ўзгадованы табой,
І перамогі, як прыбой,
Усё растуць, квітнеюць,
Бачу.
Заводы, шахты, руднікі,
Дзе людзі ўсё бальшавікі...
Тваёй руплівае рукі
Упартую работу
Бачу.
Мы славім бальшавіцкі сьцяг,
Сьпяваем аб правадырах,
Што несьлі на сваіх плячах
Увесь цяжар змаганьня,
Бачу.
З правадыром з юнацкіх год
Ты мужна вёў нас у паход.
Таму і любіць так народ
Цябе, краіны
нашай,
Бачу.
Ты, праўдай сталінскай жывы,
Магутны, мудры, агнявы,
Наркам наш слаўны, баявы.
Я вобраз твой любімы
Бачу.
Узор крыштальнай чыстаты,
Кагорты сталінскае ты,
Найлепшы вучань, і затым
Любімы ты
радзімай
Бачу.
* * *
Ах, Сулейман, твой звонкі саз
Вядзе аб мужнасьці расказ.
I горды радасны Каўказ Сярго вітае шчыра
Бачу.
[* Саз — музычны інструмэнт.]
Пераклалі: Пятро Глебка, Мікола Хведаровіч
/Полымя Рэволюцыі. Кн. 10. Менск. 1936. С. 3-14./
ПАМЯЦІ СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЭ
Мне вечна помняцца хвіліны,
Калі вялікая Масква
І ўся магутная краіна
Стаялі ціха ўгалавах
Свайго любімага наркама,
І безупынна дзень пры дні
Плылі натоўпы нерухома,
Гарэлі мірныя агні.
Так
у апошнюю дарогу
Мы ўсе праводзілі свайго
Героя слаўных перамогаў,
Свайго любімага
Сярго.
І ў першых кроках за труною
Ў зялёным і жывым вянцы —
Ішлі суроваю ступою
Яго саратнікі-байцы.
Калісьці так са сьцягам волі
За ім праходзілі яны
Шляхі суровага падпольля
І грамадзянскае вайны.
Ні сьцюжы дальняга Якуцка,
Ні холад лютае зімы,
Ні жудасьць катаргі нялюдзкай,
Ні жахі царскае турмы
Ягонай сілы не зламалі...
З геройствам мужнага байца
Ён быў між тымі, што паўсталі
На штурм Зімовага дварца.
Ён гнаў няшчадна акупантаў,
У першых шэрагах ішоў,
Граміў бязьлітасныя банды
Белагвардзейцаў і паноў.
І не забудзе Украіна,
Ні
бурны Церак, ні Каўказ,
Ні Беларусь, мая краіна,
Дзе ён праславіўся не раз, .
Дзе
пад Барысавам, як сьведка,
Вам кожная раскажа з хат,
Як у атаку і разьведку
Хадзіў
ён просты, як салдат.
Народа друг і сьмелы воін,
Ад самых першых, юных дзён
Не
пакідаў ён поля бою
І нашых баявых калён.
Калі у верасьні уранку
На захадзе успыхнуў
бой —
Ішлі збудованыя танкі
Ягонай воляй і рукой.
І вось цяпер ізноў — на ратных
Фінляндзкіх водах і палях
У залпах велічных гарматных,
Ва ўсіх снасьцях на караблях,
У дужых крыльлях самалётаў,
У кожнай кропельцы сьвінца —
Жыве ягоная работа,
Душа адважнага байца.
Не зарасьце яго дарога!..
Вякамі будзе бачыць сьвет
Ва ўсіх баях і перамогах
Яго жывы і верны сьлед.
І не забудзе век краіна
І ўсе працоўныя зямлі
Наркама ленінскай дружыны
І сына сталінскай сям’і.
1940 г.
/Пятро Глебка. Выбраныя творы. Мінск. 1952. С. 167-169./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz