wtorek, 24 listopada 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Гэта слова загадкавае "вырай". Койданава. "Кальвіна". 2015.


 
                              ШТО  АГУЛЬНАГА  ПАМІЖ  “ВЫРАЕМ”  І  “ЮРМАЛАЙ”
    У рэдакцыю пазваніла мінчанка Лілія Аляксееўна Гарэлава з просьбай перакласьці на рускую мову слова “вырай”. Раней гэта ж пытаньне задаў бацька, які рыхтаваў урокі разам з сынам-школьнікам. Настаўніца дала заданьне перакласьці сказ “Птушкі адлятаюць у вырай”. Мы здагадваемся, — казаў ён, — што гэта “поўдзень”, “цёплыя краіны”, але няўжо ў такой багатай рускай мове няма дакладнага адпаведніка нашаму слову?
    Адказаць чытачам мы папрасілі доктара філялягічных навук прафэсара Віктара Мартынава:
    Шмат стагоддзяў беларускі народ жыў побач з літоўскім. І славянскія продкі беларусаў былі суседзямі балтыйскіх продкаў літоўцаў. А калісьці зусім даўно, амаль тры тысячагодзьдзі назад, іх радніла адна мова. Але, калі не заглядваць у вельмі далёкае мінулае, і спыніцца толькі на моўных адносінах беларусаў з літоўцамі, трэба сказаць, што шмат слоў беларускага паходжаньня можна знайсьці ў літоўскай мове і вялікая колькасьць беларускіх слоў мае літоўскае паходжаньне. Так заўсёды здараецца з народамі, якія доўга жывуць побач. І не таму, што адна культура вышэй іншай, а таму, што на сумежжы ўзьнікае двухмоўнасьць і людзі перастаюць адрозьніваць некаторыя словы сваёй мовы і суседняй.
    Вывучэньне літуанізмаў у беларускай мове мае сваю шматгадовую гісторыю. Першай працай, прысьвечанай гэтаму пытаньню, быў артыкул заснавальніка беларускага мовазнаўства Я. Ф. Карскага “Да пытаньня аб уплыве літоўскай і латыскай моў на беларускую”. Ён пазьней увайшоў у першы том кнігі аўтара “Беларусы” (1904 г). А ў 1938-1939 гг. у віленскім к навукова-літаратурным часопісе “Калосьсе” была надрукавана праца А. Станкевіча “3 літуанізмаў у беларускай мове”. У пасьляваенныя часы гэтай тэме прысьвяцілі свае дасьледаваньні шэраг беларускіх, літоўскіх і польскіх вучоных. З іх трэба асабліва адзначыць Ю. Лаўчутэ. Пытаньням беларускіх балтызмаў была нават прысьвечана міжнародная канфэрэнцыя ў Мінску ў 1969 годзе.
    Сярод беларускіх балтызмаў некаторыя маюць шырокае распаўсюджаньне за межамі Беларусі. Напрыклад. беларускае слова коўш з літоўскага káusas пранікла ў рускую і ўкраінскую мовы. Беларуская клуня з літоўскага kluonas таксама выходзіць за межы нашай рэспублікі, але толькі на сумежную рускую, украінскую і польскую тэрыторыі. Існуюць і беларускія словы літоўскага паходжаньня, характэрныя толькі для беларускай моўнай глебы: наўда, дойлід, крупеня і г. д.
   Адным са слоў балтыйскага паходжаньня, якое распаўсюдзілася сярод носьбітаў беларускай, рускай, украінскай і польскай моў, і зьяўляецца вырай. Беларукая мова, як бачым, зьберагла гэтае слова пры тым, што ў рускай архаічнае “ирей” можна лічыць страчаным. Беларускі мовазнаўца С. Мікуцкі яшчэ ў 1855 г. выводзіў названыя словы з балтыйскага “мора”. Па-літоўску яно называецца jura. А Юрмала — вядомы курортны горад у Латвіі — у перакладзе якраз азначае “ўзмор’е”, “марскі бераг”. Застаецца асэнсаваць значэньне фразэалягізма ляцець у вырай. Ляцець у мора можна было б тлумачыць як ляцець за мора. Існуе аднак на паўночнай Гродзеншчыне легенда пра тое, што птушкі ўзімку нібы зьбіваюцца ў вялікі шар, які апускаецца ў мора.
    /Звязда. Мінск. 7 лютага 1992. С. 2./

                                           ГЭТА  СЛОВА  ЗАГАДКАВАЕ  “ВЫРАЙ”
    Адказваючы на пытаньне чытачкі “Звязды», прафэсар В Мартынаў (гл. нумар ад 7 лютага 1992 года) сьцьвярджае, што слова вырай ідзе ад летувіскага Jura — «мора».
    Гэтая вэрсія імкнецца ўлічыць разам з вырай старажытнае ўсходнеславянскае ирей, ирий — “какой-то сказочный, загадочный край; земной рай, теплые страны” (В. Даль. Толковый словарь живого великорусского языка, т 1, Вырей), а пачатковае в- у слове вырай тлумачыць паходжаньнем ад прыназоўніка (“в ирей” — вырай)
    Думаецца, аднак, што зьвязваць вырай з ирей, якое можа мець зусім інакшае паходжаньне, неабавязкова, бо можна знайсьці больш натуральныя хоць і не такія паэтычныя тлумачэньні і перш за ўсё праз выраіцца — “утварыць новы рой”. Гэта тым больш верагодна, што ў беларускіх гаворках маецца і форма выроя, дзе рой гучыць больш пэўна. Выраіцца — гэта значыць масава пакінуць вулей, што і робяць увосень птушкі, адлятаючы са свайго “вулею” У “вырей” (а не ў ирей), паводле Даля, “спасается, временами, зверь целыми косяками, от злого лешего, проигравшего, напр всех зайцев другому лешему и перегоняющему их без толку на новые места, почему зверь является и исчезает годом без видимой причины”. Як бачым, тут таксама гутарка ідзе пра масавае высяленьне, “выраеньне”.
    У беларускай мове вырай — і “цёплы край, куды вылятаюць на зіму пералётныя птушкі”, і “чарада пералётных птушак”.
    “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ставіць на першае месца значэньне “цёплы край”. Але з такім жа правам можна  было б паставіць на яго і “чарада птушак” — значэньне, блізкае да “рой”, г. зн. “цёплы край” лічыць вытворным.
    Калі ж дапусьціць, што першым значэньнем зьяўляецца ўсё ж “цёплы край”, то можна прапанаваць такую цікавую этымалёгію. Па-эстонску uôôras (чытаецца “выырас”) — “чужы”. У складаныя словы uôôras уваходзіць асновай uôôr- (выыр-) Другою часткай складанага слова вырай можа быць эстонскае raja — “мяжа”. Вядома, што “мяжа” адначасова можа азначаць і “краіна” (бо ўсякая краіна мае нейкія межы) — напрыклад, агульнаславянскае край. У рускай мове гэта тычыцца і слова предел (таксама “мяжа”!) — прыгадайце Пушкіна: “И с ними гибель разослал к соседям в чуждые пределы”. Такое пераасэнсаваньне магло адбыцца і з rаjа. Такім чынам, слова вырай, калі лічыць яго зыходнай формай uôôr-rаjа, можа дэшыфроўвацца як “чужая краіна” (“чуждые пределы”). Дадам, што ў эстонскай мове націск падае заўсёды на першы склад, так што выыр-рая ў беларускіх гаворках непазьбежна павінна было перайсьці ў вырай.
    Параўноўваючы этымалёгіі ад выраіцца і выыр-рая з той, якую адстойвае В. Мартынаў, прыходзіцца прызнаць, што яна недасканалая, у першую чаргу фанэтычна. Цяжка уявіць, каб у нашай мове запазычанае націскное у перайшло ў ы, бо у ў ёй такое ж натуральнае, як і ы, ужываецца без абмежаваньняў.
    Іван Ласкоў,
    г. Якуцк.
    /Звязда. Мінск. 28 лютага 1992. С. 2./

                                                              УДАКЛАДНЕНЬНЕ
    На вялікі жаль, у публікацыю майго допісу “Гэта слова загадкавае «вырай»” (28 лютага)  пракралася прыкрая памылка. Маю на ўвазе напісаньне эстонскага слова võõras, якое двойчы пададзена ў выглядзе uôôras. На погляд газэты, безумоўна, гэта дробязь, бо газэтны нумар жыве нядоўга. Але са сваіх назіраньняў над этымалягічнымі працамі я заўважыў, што падобныя памылкі, дапушчаныя пры першай публікацыі апэлятыву, потым пераходзяць з дасьледаваньня ў дасьледаваньне. Можа, вы знойдзеце спосаб указаць, што ў слове võõras дапушчана такая памылка.
    Іван Ласкоў,
    г. Якуцк.
    /Звязда. Мінск. 20 сакавіка 1992. С. 2./

                                                                        ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz