sobota, 28 listopada 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Імя тваё - Ранішняя Русь. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Іван  Ласков
                                                        ІМЯ  ТВАЁ - РАНІШНЯЯ  РУСЬ
    Імя тваё Белая Русь”. Так названы зборнік артыкулаў, што ў 1991 годзе выдала “Полымя”. З гэтай кнігі добра бачна, што над такім, здавалася б, просьценькім словам, як “белая”, дасьледчыкі мазгуюць ужо сотні гадоў. Чаго яны толькі не прыдумлялі! Чым толькі не тлумачылі гэта “Белая”! І колерам нашых валасоў - нібыта мы нарвэжцы або швэды, і бельлю нашых сьвітак, і тым, што абараніліся ад мангольскай навалы /маўляў, белы - вольны/ і праваслаўем, хрысьціянствам увогуле нашым... Але кожная новая вэрсія лічылася слушнай толькі да таго, як прыходзіў новы інтэрпрэтатар. Засталося толькі дзьве. Першая - нібыта Белай Русьсю яшчэ да мангольскага нашэсьця звалася не наша зямелька, а растова-суздальская - так засьведчыў расейскі гісторык Тацішчаў. А прыйшлі татары, захапілі яе - і назва паступова стала ссоўвацца на захад, на больш вольныя ад захопнікаў землі. Так паступова і даклыпала да нас, дзе замацавалася. другая - што Белай Русьсю нас назвалі татары, бо ў татар “белая” - адначасова і “заходняя”, а Беларусь - самая заходняя з Русяў...
    Але першая вельмі слушна аспрэчваецца Г. Сагановічам. Рэч у тым што зьвестак, нібыта Растова-Суздальская зямля называлася Белай Русьсю, не зафіксавана ў аніводным вядомым летапісе. Яны ўтрымліваліся нібыта толькі ў тых летапісах, якія згарэлі разам з бібліятэкай Тацішчава. А Тацішчаў быў схільны да містыфікацый. Дык можа, тых, што “згарэлі”, не было зусім? Тым болей, што Карамзін, вялікі знаўца летапісаў, “ідучы ледзь не па сьлядах В. Л. Тацішчава, не знайшоў прычын называць Растова-Суздальскую зямлю Белай Русьсю. Наадварот, ён шматкроць зазначаў: “...Суздаль и Ростов никогда не назывались Белой Русью” /гл. Г. Сагановіч. “Белая Русь” паводле Тацішчава. - Імя тваё Белая Русь, с. 169/.
    Другая ж вэрсія - што Беларусь названая татарамі, ад “белы – заходні” - абвяргаецца тым вядомым фактам, што ў часы Сярэдневечча Белай называлася не самая заходняя Русь. Як піша Я. Юхо, тэрмін “Беларусь” пачынае набываць сучаснае значэньне толькі з 60-х гадоў XIX стагодзьдзя /Імя тваё Белая Русь, с. 101/. А да таго, апрача Белай, была ў нас яшчэ і Чорная Русь, з гарадамі Горадня, Новагарадок, Слонім і інш., г.зн. яшчэ больш заходняя, чым Белая - Полацак, Віцебск, Орша, Магілёў. Дык з татарскага пункту гледжаньня Белай павінна была б называцца тая, што называлася Чорнай.
    Ох, гэтая Чорная Русь! Колькі крыві яна папсавала дасьледчыкам. Пішуць: “Белая” азначае “вольная ад татараў” - але ж і Чорная была ад іх вольнай. І наконт валасоў: няўжо на Гародзеншчыне яны ў людзей чарнейшыя, чым на Магілёўшчыне?
    Чорная Русь псавала настрой інтэрпрэтатарам Белай. Яе існаваньне не ўкладвалася ў аніводную схему. Таму адны стараліся не згадваць яе зусім. Другія выказваліся так: “Найменьне “Чорная Русь”... было выдумана іншаземцамі і ўжывалася да розных тэрыторый, як абразьлівая мянушка” /Я. Юхо. Гл.: Імя тваё Белая Русь, с. 96/; “Чорная Русь - назва, нададзеная гэтай тэрыторыі крыжакамі ў апраўданьне сваіх крывавых “місіянэрскіх” паходаў” /К.Тарасаў. Гл.: Імя тваё Белая Русь, с. 112/. Але чаму іншаземцы імкнуліся абразіць менавіта гарадзенцаў, а не палачан ды віцяблян? Чаму крыжакі называлі Белую Русь, супроць якой таксама ладзілі “місіянэрскія” паходы, Белай?
    Дзіўнае ўражаньне пакідае гэтая, увогуле карысная кніжка: нагаворана шмат пра Белую Русь, а да згоды далёка. Ці не таму, што кожны дасьледчык, апрача навуковай, трымае за пазухай, як камень, яшчэ і нейкую ідэалягічную мэту, што супроцьпаказана навуцы?
    Мне б хацелася ўвязацца ў гэтую спрэчку без аніякай задняй думкі, жаданьня кагосьці ўзвысіць або прынізіць - хоць асоб, хоць народы.
    Вырашаючы, чаму Белая Русь атрымала найменьне Белай, мы, вядома ж, не маем права ўхіліцца ад факту, што нароўні з ёю была яшчэ і Чорная Русь.
    Не трэба быць вялікім географам, каб зірнуўшы на карту Вялікага Княства ЛІтоўскага, убачыць, што Белая Русь знаходзілася на ўсходзе гэтага гаспадарства, а Чорная - на захадзе. Такім чынам, ледзь не першае, што прыходзіць пры гэтым у галаву: Чорная Русь - Заходняя, а Белая - Усходняя. Нельга сказаць, што гэта анікім не заўважаецца. К. Тарасаў, адзначыўшы, што “ва ўсходнеславянскай каляровай сымболіцы белы колер асацыіраваўся з Усходам”, дадае: “Усё было б зразумелым, калі б замест Чорнай была Сіняя /ці Зялёная/ Русь” бо з Захадам, кажа ён, ва ўсходніх славянаў асацыіруецца сіні або зялёны колер /Імя тваё Белая Русь, с. 108/. Такім чынам, К.Тарасаў добра бачыць, што Чорная Русь - заходняя, а Белая - усходняя, але чаму заходняя называецца Чорнай, зразумець не можа, бо на месцы “Чорная”, на яго думку, павінна было б стаяць “Сіняя” або “Зялёная”. І нечакана заключае: “Таму бліжэй да ісьціны думка, што супрацьлегласьць назваў мае ў аснове розьніцу рэлігійнага стану насельніцтва”. Але ж само слова Русь, што ўваходзіць у абодва найменьні, гаворыць пра аднолькавасьць рэлігійнага стану насельніцтва, бо для сярэднявечча, як ужо няраз пісалася, паняцьце “русь” было хутчэй рэлігійным, чым этнічным!
    Адкуль узялося, што для ўсходніх славянаў з захадам асацыіруецца сіні або зялёны колер? Вось я - усходні славянін. Чаму не маю адчуваньня, што захад - сіні або зялёны? Хутчэй ён барвова-чорны /пад колер сонца, якое заходзіць/. Захад - гэта там, дзе пачынаецца ноч. І ўжо ў гэтым есьць намёк, чаму Чорная Русь – “Чорная”.
    Ёсьць у К. Тарасава і такая заўвага: “Захад і Ўсход існуюць толькі для тых, хто знаходзіцца ў цэнтры”. А раз у цэнтры, між Белай і Чорнай Русьсю, жыве той сама народ, што і зьлева-справа, то, значыць, даць назвы Усходняя Русь і Заходняя Русь тут не было каму.
    Пад артыкулам К. Тарасава пазначана, што ўпершыню ён быў надрукаваны ў 1986 годзе, але для кнігі “Імя тваё Белая Русь” спэцыяльна перапрацаваны. Як жа аўтар мог забыцца на найважнейшае адкрыцьцё М. Ермаловіча - што амаль у цэнтры Беларусі, г.зн. якраз паміж Белай і Чорнай Русьсю, месьцілася летапісная літва - тое племя, што дало назву і князёў Вялікаму Княству Літоўскаму?
    На падставе летапісных крыніц і тапанімічных дадзеных М. Ермаловічам літва лакалізаваная ў Стаўбцоўскім, Валожынскім, Маладзечанскім і некаторых суседніх раёнах. А Чорная Русь - уся - знаходзілася на захад ад іх, Белая Русь - уся - на ўсход.
    Адсюль выходзіць, што Белая Русь і Чорная Русь - найменьні, дадзеныя літвой. І азначалі яны Усходняя Русь і Заходняя Русь. Зьяўленьне такіх назваў, з пункту гледжаньня народа, што знаходзіўся паміж русьсю, цалкам заканамернае: трэба ж было адрозьніваць адзін хрысьціянскі рэгіён ад другога, тым болей, што яны месьціліся ад літвы ў розныя бакі.
    Але ці можна давесьці, што “белы” ў ліцьвінаў азначала “усходні”, а “чорны” – “заходні”?
    Паспрабуем, хаця мовы летапіснай літвы, на жаль, не маем ані ў якіх занатаваньнях.
    Летапісная літва для шматлікіх дасьледчыкаў неаддзельная ад сёньняшняга летувіскага народу. Таму есьць сэнс зазірнуць у слоўнікі: ці ёсьць у летувіскай мове сувязь паміж “усходні” і “белы”, “заходні” і “чорны”?
    “Белы” па-летувіску baltas, “чорны” - juodas, “усходні” - rytinis, “заходні” - vakarinis. Як бачым, каранёвай сувязі няма.
    Ды вось якая цікавая рэч: “усход” па-летувіску rytai, а – rytas “раніца”, “захад” - vakarai, а vakaras - “вечар”. -Аі - паказчык множнага ліку. Такім чынам, “усход” - літаральна “раніцы”, “захад” – “вечары”. Адпаведна rytinis - “усходні” і “ранішні”, vakarinis - “заходні” і “вячэрні”.
    Раніца - пачатак сьветлага часу сутак, вечар - цёмнага. “Ранішні” – “белы”, “вячэрні” – “чорны”. Значыць, зыходзячы з гэтага, усходні – “белы”, заходні – “чорны”. Белая Русь - Чорная Русь. Можна паставіць кропку?
    Не сьпяшаймася... Вось у зборніку “Імя тваё Белая Русь” артыкул В. Вячоркі “Што суседзі кажуць”. Што, паводле В. Вячоркі, кажуць пра назву Белая Русь суседзі-летувісы?
    “Слушна разважае літоўскі гісторык і бібліёграф Лявас Уладзіміровас. У зборніку “Гісторыя” за 1982 год ён піша, што /.../ Белая Русь названа гэтак не паводле асаблівасьцяў краіны ці яе жыхароў, а згодна з геаграфічным становішчам”, - паведамляе В. Вячорка. “Згодна з геаграфічным становішчам”! Значыць, разумее Л. Уладзіміровас, што Белая Русь, як супрацьлеглая Чорнай, Усходняя? Не! “Белы ў славянскай тапанімічнай традыцыі часьцей за ўсё азначае “заходні”. Інакш кажучы, Беларусь - гэта Заходняя Русь” /Імя твае Белая Русь, с. 144/.
    Вось табе маеш! Не кажу ўжо пра тое, што іншыя аўтары, наадварот, сьцьвярджаюць, што ў славянскай традыцыі называць усходняе “белым” /К.Тарасаў/ - чаму ў “Белая Русь” і “Чорная Русь” летувіс Л. Уладзіміровас не чуе свайго ранішні-ўсходні, вячэрні-заходні?
    Дый не толькі ён. Мабыць, ніхто з летувісаў не чуе. Бо не чуваць з летувы голаса, зьвернутага да беларусаў: “Ваша краіна на нашай мове азначае Усходняя Русь”. А людзей жа, якія займаюцца тапанімікай, у Летуве дастаткова.
    Значыць, ёсьць нейкая прычына, з якой летувіс не ўспрымае “белы” як “усходні”. Якая ж? Давайце прыгледзімся да летувіскай сыстэмы напрамкаў сьвету.
    “Усход” па-летувіску – “раніцы”, “захад” – “вечары”. Згодна з такім падыходам, напрамак “поўдзень” павінен быў бы абазначацца словам “дні”, а напрамак “поўнач” – “ночы”. Але знаходзім зусім іншае. Напрамак “поўдзень” па-летувіску pietus, што аніяк не зьвязана з “дзень” - diena /першым значэньнем pietus зьяўляецца “абед”/, а напрамак “поўнач” - šiaure - аніяк не зьвязана з “ноч” - naktis. Прычым šiaure - невядома адкуль, чужое, мусібыць, з той жа крыніцы, што і славянскае север /гл. М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. М., 1986, т. ІV, Север/.
    Адсюль бачна, што летувіская сыстэма напрамкаў сьвету - не спаконвечная свая, а эклектычная, з розных моваў. Калі б усход-раніцы і захад-вечары былі сваімі, то не зьмяніліся б поўдзень-дні на “абед”, а поўнач-ночы - на незразумелае šiaure. Так што, трэба думаць, усход-раніцы і захад-вечары - гэта палова нейчай чужой сыстэмы, запазычаная летувісамі ў нейкіх суседзяў.
    Славянскія продкі беларусаў такімі суседзямі быць не маглі, бо ў нас сыстэма, хаця і блізкая, але іншая. Мы вызначаем напрамкі сьвету не часам сутак /раніца-дзень-вечар-ноч/, а знаходжаньнем сонца: усход - гэта там, дзе сонца узыходзіць; захад - там, дзе яно заходзіць; поўдзень - там, дзе сонца ў палове дня; у палове начы сонца няма, але ясна, што гэты напрамак “поўнач”, супрацьлеглы поўдню.
    Вядома, адрэзкі сутак таксама вызначаюцца месцам сонца. Але сказаць, што сыстэмы раніца-дзень-вечар-ноч і усход-поўдзень-захад-поўнач  супадаюць, нельга. Наша сыстэма, на першы погляд, больш дакладная: не “дзень” увогуле, а “поўдзень” г.зн. адзіны пункт гарызонту; не “раніца” увогуле, а “усход”, дакладнае месца, дзе ўзыходзіць сонца. Але ж узыходзіць і заходзіць яно кожны дзень у новым месцы. Так што большая дакладнасьць нашай сыстэмы - уяўная і нічога не дае. Але па-свойму наша сыстэма таксама лягічная і закончаная.
    Гэтая сыстэма не толькі наша. Аналягічную маюць палякі /wschód-poludnie-zachód-pólnoc/, мелі славакі /východ-poludnie-zapad-polnoc/ і чэхі /vусhоd-polednie-západ-půlnoc/. Але цяпер у чэхаў і славакаў словы “поўдзень” і “поўнач” чамусьці састарэлі і замяніліся на juh i sever у славацкай мове і jih i sever у чэскай. Чаму? Зразумець вельмі цяжка!
    У расейцаў тая ж самая, напалову разбураная, як у чэхаў і славакаў: восток-юг-запад-север. Толькі яна яшчэ больш штучная. КалІ ў славацкай východ i zapad утвораны ад уласных východit’ i zapadat’ /аналягічна і ў чэскай/, г.зн. ад “узыходзіць” і “заходзіць”, то ў расейскай “востекать” і “западать” у сэнсе “ўзыходзіць” і “заходзіць” няма. І не дзіва: расейская сыстэма кніжная. Яна ўзятая цалкам з царкоўнаславянскай мовы. У той жа час у народных расейскіх гаворках маюцца полдень і полночь, якія адпавядаюць югу і северу літаратурнай мовы.
    Такім чынам, можна дапусьціць, што сыстэма усход-поўдзень-захад-поўнач першапачаткова была агульнаславянскай, але ў асобных славянскіх мовах на яе паўплывалі нейкія чужыя сыстэмы, з-за чаго зьявіліся незразумелыя юг і север.
    Славуты М. Фасмер у сваім “Этимологическом словаре русского языка" /т. I, с. 356/ піша, што польскае wschód /а гэта значыць, і наша усход/ зьяўляецца калькай з лацінскага orient. Дык можа, акурат у лаціне і хаваецца разгадка славянскіх сыстэм? Вядома ж, што напачатку славяне “сядзелі па Дунаі” /“Повесть временных лет”/, а Падунайе было ў сфэры “ўплыву Рымскай імпэрыі.
    Сапраўды, лацінскія orient /“усход”/ i occidens /“захад”/ азначаюць фактычна “усход сонца” і “заход сонца”. І адно з двух словаў, якія азначаюць напрамак “поўдзень”, супадае з meridies - “палова дня”. Але для напрамку “поўдзень” у лаціне маецца і auster, першым значэньнем якога зьяўляецца “паўднёвы вецер”. А для азначэньня напрамку “поўнач” рымляне ўжывалі septemtrio - “сем зорак” /сузор’е Вялікай і малой Мядзьведзіцы/ і axis boreus, дзе першае слова – “бок сьвету”, а другое - Барэй, паўночны вецер.
    Такім чынам, можна заключыць, што рымляне закончанай сыстэмы напрамкаў сьвету не мелі і элемэнты “усход”, “захад”, “поўдзень” запазычылі самі. Гэта тым болей верагодна, што для азначэньня захаду ў лаціне мелася не толькі occidens, але і hesperus, ад Геспер /назва вячэрняй зоркі/. І вельмі падобна, што першапачаткова рымляне мелі сыстэму напрамкаў сьвету, якая палягала на напрамках ветру і зорак, а асобныя элемэнты, якія абапіраюцца на рух сонца, успрынялі ад нейкіх суседзяў.
    Я пішу “ад нейкіх суседзяў”, а не “ад славянаў” таму, што менавіта тыя славяне, што жылі найбліжэй да рымлянаў - паўднёвыя - самі не без “граху”, нахапаліся такіх неславянскіх слоў, як юг і север, - іх і сам Фасмер не змог адшыфраваць з поўнай упэўненасьцю. Север ён зьвязвае з лацінскім caurus “паўночна-усходні вецер” /т. III,  с. 588/, і мяне, прызнацца, зьдзіўляе, чаму ён не згадвае severus “строгі, суровы, няўмольны”. Наконт жа юг Фасмер увогуле робіць толькі кволыя дапушчэньні.
    Славуты этымоляг праводзіў паралелі практычна з усімі індаэўрапейскімі мовамі. А вось на фіна-вугорскія зьвяртаў увагі мала. Як, дарэчы, і мноства яго калегаў. Памятаючы, што расейская мова - з індаэўрапейскіх, яны і не думаюць разгадку цёмных расейскіх словаў шукаць у фінавугоршчыне, заплюшчваючы вочы на тое, што расейцы здавён жылі сярод фіна-вуграў і што ў іх склад увайшлі цэлыя фіна-вугорскія этнасы /чудзь, весь, мера, мурама і іншыя/.
    Гартаючы слоўнік У. Даля, часта натыкаесься на дзівосныя рэчы. “Утро, - піша Даль /т. 4, с. 522/, - ...начало, первая пора дня, от восхода солнца; все время дня, до полудня”. Бачыце, якое адчуваньне ў расейца: утро - гэта да паўдня! У нас жа такога няма, бо па-нашаму “утро” - раніца, ранак, раньне, усе тры словы ад “раньні”, поўдзень жа для нас - час ужо даволі позьні. І гэта, безумоўна, зьвязана з тым, што напрамак усход для нас - месца узыходу сонца, у гэты момант і бывае раньне. У расейцаў жа утро быццам бы зьвязанае з не вельмі канкрэтным напрамкам усход – “раніца”. І сапраўды, “утро, - піша далей Даль, - страна света: восток, где восходит солнце”. А “вечер – “запад, страна света, где солнце закатывается” /т. I, с. 169/. Гэтае апошняе ён пазначае заўвагаю Црк., што азначае “царкоўнаславянскае”, утру ж у значэньні “восток” Црк. не дае. Такім чынам, узьнікае незразумеласьць: ці Даль забыўся да утро-восток дадаць Црк., ці так яно і ёсьць - вечер у значэньні запад узятая з Бібліі, а утро-восток існуе ў народных расейскіх гаворках, без уплыву царкоўнаславянскай мовы. Ясна толькі адно: што з летувіскай мовы ў расескую гэта прыйсьці не магло, як і з расейскай у летувіскую. І там, і там мы маем адбітак нейкай трэцяй.
    У макшанскай мове /адна з мардоўскіх/ “захад” - запад, “поўдзень” - юг, “поўнач” - север. Тут уласная сыстэма бакоў сьвету ўжо цалкам зруйнаваная і, зразумела, не магла паўплываць на суседнюю, расейскую. У марыйскай “усход” - восток, кечӹ лӱлтмӹ вел; “захад” - запад, вады вел; “поўнач” - север, йыдвел; “поўдзень” - юг, кечӹвäл вел. І яна на мяжы разбурэньня, бо ўсе ўласныя словы ўжо замяняюцца чужымі, узятымі з расейскай мовы. Калі ж перакласьці літаральна ўласныя марыйскія словы, то атрымаецца, што ўсход –“бок усходу сонца”, захад – “бок вечара”, поўдзень – “бок сярэдзіны дня”, поўнач – “бок начы”, бязладнае зьмяшаньне суткавай і сонечнай сыстэм: усход і поўдзень - як у сонечнай, захад і поўнач - як у суткавай.
    Як той казаў, цёпла, але не горача. Затое ва ўдмурцкай мове - поўная сонечная сыстэма: усход – “бок узыходу сонца” /шунды ӝужан пал/, захад – “бок заходу сонца” /шунды пуксён пал/, поўдзень – “бок сярэдзіны дня” /лымшор пал/, поўнач – “бок сярэдзіны начы” /уйшор пал/. Я думаю, чытач пераканаецца ў гэтым, калі ў прыведзеныя выразы падставіць адпаведнікі: шунды – “сонца”, ӝужан – “узыход” /аддзеяслоўны назоўнік/, пуксён – “заход” /таксама аддзеяслоўны назоўнік/, лым – “дзень”, уй – “ноч”, шор – “сярэдзіна”, нарэшце, пал – “бок, напрамак”.
    А ў комі-зыранскай і комі-пярмяцкай мовах ва ўсёй ейнай закончанасьці і дасканаласьці знаходзім суткавую сыстэму: асыв – “раніца” і “усход”, рыт – “вечар” і “захад”, лун – “дзень” і напрамак “поўдзень”, вой /у комі-пярмяцкай ой/ - “ноч” і напрамак “поўнач”!
    Як бачым, тая сыстэма, якою карыстаемся мы і палякі, якую мелі не так даўно славакі і чэхі, супадае з удмурцкай цалкам, а рэштка славянскіх і лацінская - часткова. Што гэта: тыпалёгія? Я думаю, не.
    Пачнём з выдатна вядомага слова - назвы ракі Дунай, на якой пачаткова “сядзелі” славяне. З аніводнай мясцовай мовы /славянскіх, нямецкай, венгерскай/ яна не раскрываецца. Вельмі няўпэўнена ўзводзяць яе да “рэканструяванага”, г.зн. прыдуманага “кельцка-лацінскага” слова. А тым часам з удмурцкай мовы Дунай адшыфроўваецца вельмі лёгка: дун – “чысты, празрысты”. Цяпер пакажам, як з дун атрымалася Дунай. У пермскіх мовах /а ўдмурцкая - адна з пермскіх/ маецца такая асаблівасьць: тут назоўнікі адначасова зьяўляюцца і прыметнікамі: - лун /лым/ - адначасова і “дзень”, і “дзённы”. Таму можна дапусьціць, што ў старажытнасьці сёньняшнія прыметнікі, такія, як дун, былі адначасова і назоўнікамі: дун - і “чысты”, і “чысьціня”. А каб падкрэсьліць, што слова азначае менавіта прыкмету, да яго і сёньня дадаецца суфікс -а ў комі мовах, -о ва ўдмурцкай. Такім чынам, каб дун “чысты” не блытаць з дун “чысьціня”, дадаўся суфікс -а: дун-а. А адкуль узяўся -й? Гэта - скарачэньне ад пермскага ю – “рака”. Дунаю не магло застацца нязьменным у славянскіх гаворках, і перайшло ў Дунай . Падобны шлях праходзяць назвы і на нядаўніх пермскіх тэрыторыях: Вежа-ю /“сьвятая рака”/ - Вежай /гл. А. С. Кривощекова-Гантман. Географические названия Верхнего Прикамья. Пермь, 1983, Вежай/. Сымптаматычна, што па-баўгарску і сэрбску Дунай гучыць як Дунав - тут угадваецца другі пермскі гідранімічны тэрмін, ва /“рака”/: Дуна-ва - Дунав.
    Дарэчы, рачныя назвы на -ва ў басэйне Дунаю не рэдкасьць: у Чэхаславаччыне - Морава, Ондава, Міява, Рымава, Йіглава; у Вэнгрыі - Бодва, Задзьва; у былой Югаславіі - яшчэ адна Морава, Моравіца, Драва, Неретва, Сава, Піва, Нішава /згодна з атлясам “Западная Европа”. М., 1981/. Тапанімістамі гэтыя назвы ўспрымаюцца як славянскія прыметнікі жаночага роду /тыпу “бялявая”/. Але ж у каранях гэтых гідронімаў славянскага не чуваць. Для кантролю я ўзяў сербска-харвацкі слоўнік - няма там слоў “морава”, “драва”, “неретва”, “сава”, “піва”, “нішава”. Затое з пермскіх словаў пэўныя з гэтых назваў раскрываюцца казачна проста: Сава - ад комі са “сажа” /сэнс назвы – “Чорная рака”/; Піва - ад комі-зыранскага пив “хмара, воблака” /“хмарная рака” – “чорная рака”. У Падмаскоўі маецца рэчка Кимерша, якая несумненна таксама ідзе ад комі кымöр “хмара, воблака”/; Нішава - ад комі нитш “мох”; Морава - ад удмурцкага мур “глыбокі” /вядома, што славянскае “о” у старажытнасьці было дыфтонгам оу/; у Неретвы некалькі варыянтаў адшыфроўкі, але найболей верагодны - ад комі ньöр “лаза” з пераводам яго ў прыметнік ньöрыд. Адзіны цяжкі выпадак - Драва, бо тут мы маем, відавочна, скажэньне пачатковай формы назвы, страту галоснага гуку пасьля Д-. Калі так, то ўзьнікае таксама некалькі варыянтаў, найболей прыдатны з якіх - комі дор “край чаго-небудзь”, бо Драва цячэ па мяжы Сэрбіі і Вэнгрыі і, магчыма, у даўнія часы была таксама краем /мяжой/ расьсяленьня этнасу.
    Маюцца ў басэйне Дунаю і гідронімы, якія не канчаюцца на -ва, але ўсё адно вельмі нагадваюць пермскія. Так, у сэрбскую Мораву ўпадае Мура; як ужо казалася вышэй, мур па-ўдмурцку “глыбокі”. Ёсьць у Югаславіі рака Тара, а ў Комі рэспубліцы Тарью - у комі мовах тар – “цецярук”. А ў Вэнгрыі рака Керка, што па-комі азначае “дом”, “хата” /кер – “бервяно”/; у КомІ рэспубліцы цячэ Керкавож, што ў літаральным перакладзе – “доплыў з хатай” /вож – “доплыў”/.
    Неверагодная, здавалася б, этымалёгія гэтых гідронімаў пацьвярджаецца моўнымі фактамі. Трохі вышэй казалася, што па-ўдмурцку пал – “бок”, “напрамак”. І вось, аказваецца, што такое значэньне мае альбанскае слова palё. У альбанскай мове маецца нават va, якое тут азначае “брод”, што, пагодзімся, блізка да пермскага “рака”. Ёсьць перазовы і паміж пермшчынай і лацінай. У комі мовах сёр – “позьні”, а па-лацінску “позьні” – serus. У лаціне vadum азначае “мелкае месца, мель”, а па-комі-зыранску вад – “лясное возера”, “забалочанае месца”. Па-лацінску аrtis – “мастацтва”, па-комі-зыранску арт – “лад” /“порядок”/, артавны – “разьлічваць, улічваць, лічыць”; а што ж такое мастацтва, як не ўменьне штучна даводзіць да ладу, разьлічваючы і ўлічваючы пры гэтым?
    Цяпер зразумела, што oriens i occidens у лаціне ідуць ад адной з пермскіх /удмурцкай/ сыстэм напрамкаў сьвету: рымляне запазычылі яе ад суседзяў - носьбітаў удмурцкіх гаворак, што жылі ў Дунайскім басэйне. Што ж да нашых продкаў, то яны скалькавалі сонечную сыстэму цалкам.
    Той, хто чытаў мой артыкул “Адкуль пайшла беларуская мова” /“ЛіМ”, 1992, 27 сакавіка/, можа, памятае маё дапушчэньне, што першапачаткова усходнеславянскай групы моваў увогуле не існавала, што было іх толькі дзьве: паўднёваславянская і заходнеславянская, усходнія ж славяне атрымаліся з заходніх праз шмат стагоддзяў дзякуючы ўплыву царкоўнаславянскай мовы. Дык вось, сонечную сыстэму цалкам узялі ад пярмянаў - дунайскіх удмуртаў - славяне заходнія: продкі славакаў, чэхаў, палякаў, беларусаў, украінцаў. А паўднёвыя ўзялі з яе толькі палову. На месца “поўначы” падставілі север, на месца “поўдня” - юг; апошняе, як вынікае з распрацовак Фасмера, невядома якога паходжаньня.
    Але ці вельмі ўжо невядомага? Ва ўсіх трох пермскіх мовах - комі-зыранскай, комі-пярмяцкай і ўдмурцкай - корань юг - азначае “сьвятло, бляск, зьзяньне” /В. И. Лыткин, Е. С. Гуляев. Краткий этимологический словарь коми языка. М., 1970, Югöр/. З гэтым коранем у комі-пярмяцкай мове 52 словы: югöр – “прамень, сьвятло, зара”, югыт – “сьветлы”, югыттор – “сьвяціла” і гэтак далей. ДзесяткІ слоў з коранем юг- і ў дзьвюх іншых пермскіх мовах. У комі-пярмяцкай і ўдмурцкай юг азначае і напрамак “поўдзень”, нароўні з лун і лымшор пал /наконт комі-зыранскай у гэтым сэнсе не маю зьвестак, мабыць, таксама/.
    Слова юг у тым ці іншым сэнсе /“поўдзень”, “паўднёвы вецер” і інш./ маецца амаль ва ўсіх славянскіх мовах. А ў расейскай яно толькі літаратурнае, народным гаворкам не ўласьцівае. У Расею, як піша Фасмер, яно прыйшло разам з Бібліяй. Значыць, юг не магло трапіць у розныя славянскія мовы з уральска-пермскіх праз расейскую. Яно было ўзятае славянамі ад пярмянаў у самым першым славянскім асяродку - на Дунаі.
    А куды, дарэчы, падзеліся тыя дунайскія пярмяне? Зьнішчыў іх хтось ці сышлі кудысьці? Думаю, што калі б было так ці гэтак, у гісторыі яно б азвалася. А гісторыя маўчыць. Значыць, было інакш, Яны зьліліся са славянамі, прынялі пачатковую славянскую мову, як цюркі-баўгары, і ўжо пасьля гэтага разышліся па сьвеце, славянізуючы сваёй новай мовай фіна-вуграў Лабы, Одры, Віслы, а потым і Беларусі, Украіны. Тое, што яны даўней былі пярмянамі, г.зн. фіна-вуграмі, вельмі спрашчала асыміляцыю мясцовых фіна-вугорскіх плямёнаў.
    Што славяне ў значнай меры - былыя пярмяне, сьведчыць не толькі скалькаваная сонечная сыстэма напрамкаў сьвету і слова юг, але і мноства іншых моўных фактаў, зусім нечаканых. Этымалёгія славяншчыны часта канчаецца на вывядзеньні так званага праславянскага слова, бо адкуль яно ўзялося само, ад якога кораня - тут у дасьледчыкаў пачынаецца варажба на кававай гушчы. Узяць такое простае слова, як мілы. “Этымалягічны слоўнік беларускай мовы” /т. 7/, паказаўшы, што яно маецца ва ўсіх славянскіх мовах, і вывеўшы праславянскае милъ, дадае: “Утворана пры дапамозе суфікса -ло ад індаэўрапейскага *меі- сябраваць /зорачка паказвае, што слова ў рэальнасьці не існуе, яно “рэканструяванае”/. Але дзе ж у нашай мове і ў астатніх славянскіх тое меі-? Загадка! А тым часам у комі-зыранскай мове мыла – “мэлядычны, напеўны”, “прыемны”, што цалкам адпавядае сэнсу мілы.
    Прызнаюся, вельмі мяне зьдзівіла, калі агледзеў, што пермскім зьяўляецца і гара. У комі-зыранскай мове гöра – “гара, узвышша”, горув – “падножжа гары”. Гэта магло б здацца запазычаньнем з расейскай мовы, каб не ўдмурцкае гурезь – “гара, горка”: пра яго ўжо аніяк не скажаш, што запазычанае з расейскай, яно хутчэй бліжэйшае да польскага góra /гура/. “Краткий этимологический словарь коми языка” не кваліфікуе корань гор- /гур-/ як запазычаны /гл. Горув/.
    Пермскае з паходжаньня і агульнаславянскае “палова”, якое ў комі мовах пішацца пöв /пры зьмяненьні слова, калі “в” аказваецца перад галосным гукам, яно пераходзіць у “л”/. Такім чынам, у словах поўдзень, поўнач не толькі скалькаваны сэнс, але і першая частка слоў - пермская.
    Агульнаславянскае луна /месяц/ - аднакарэннае з пермскім лун – “дзень”. У комі мовах луна – “з днём”, г.зн. “з бляскам дня”. Luna азначае месяц і ў лаціне, куды таксама трапіла з гаворак дунайскіх пярмянаў.
    Падобных прыкладаў я мог бы прывесьці нямала, але вернемся да галоўнай тэмы гэтага артыкула. Як мільганула ў слоўніку Даля, паўднёвыя славяне выкарыстоўвалі часткова і суткавую сыстэму напрамкаў сьвету, бо вечер-запад у расейскую мову прыйшло з царкоўнаславянскай, мовы грэцкіх славянаў. Але тут суткавая сыстэма не ўкаранілася, можа, з-за пэўнай яе першабытнасьці, архаічнасьці. І яна не цалкам, а толькі напалову замацавалася, апрача комі, адно ў летувіскай мове.
    Што запазычаньне паняцьцяў раніца-усход і вечар-захад адбылося ў летувіскую мову, а не наадварот, з летувіскай у комі мовы, гавораць два меркаваньні. Першае: у комі мовах суткавая сыстэма мае закончаны выгляд, у летувіскай - напалову разбураны. Другое: гісторыя не ведае перасовак ні летувісаў у бок Урала, ні комі-зыранаў і комі-пермякоў у бок Балтыі. Адсюль ясна, што летувісы мелі кантакты з пермянамі іншымі - г.зн. людзьмі, якія гаварылі на мове блізкай да комі, але комі не былі.
    Хто-небудзь можа спытаць: а чаму не дапусьціць, што суткавая сыстэма перадалася ад пярмянаў балтам праз нейкіх іншых людзей? Тэарэтычна гэта магчыма, але праз каго? Ніхто ў Эўропе болей суткавай сыстэмы не мае. У германцаў іх ост, вест, норд і зюд  увогуле невядома з чым зьвязаныя. Тое ж сама можна сказаць і пра сыстэмы напрамкаў сьвету ў фінаў-суомі і эстонцаў. У апошніх напрамак “поўдзень” гучыць lõuna /лыуна/, што, несумненна, крыху пераробленае пермскае лун – “дзень, напрамак “поўдзень”. “Дзень” у эстонскай мове – paev, паміж гэтым словам і lõuna сувязі няма. Пермскае лун, такім чынам, запазычанае ў эстонскую мову чыста мэханічна. У летувіскай жа мове палова суткавай пермскай сыстэмы скалькаваная г.зн. запазычвалася з усьведамленьнем сутнасьці. Гэта кажа аб больш цесным і працяглым суседзтве продкаў летувісаў з пярмянамі.
    Лінгвісты-індаэўрапеісты ўжо даўно дамовіліся, што летувіская мова – “самая архаічная з усіх жывых індаэўрапейскіх моваў” /гл.: Литва. Краткая энциклопедия. Вильнюс, 1989, с. 384/. Але ж найстарэйшыя пісьмовыя крыніцы яе прымяркоўваюцца да сярэдзіны ХVІ стагодзьдзя. Як жа можна такое сьцьвярджаць, калі ўся папярэдняя гісторыя мовы абсалютна невядомая?
    І не толькі “самая архаічная”. Летувіская мова абвешчаная яшчэ і найчысьцейшай з усіх індаэўрапэйскіх, чымсьці накшталт эталёну індаэўрапейскасьці. Самаўпэўненасьць летувіскіх лінгвістаў у гэтым пытаньні такая вялікая, што сувязі летувіскай мовы з суседнімі фіна-вугорскімі не вывучаюцца зусім /гл.: Языки народов СССР, т. І, с 520/. Кали ж агледжваюцца нейкія летувіска-фіна-вугорскія паралелі, то іх амаль заўсёды тлумачаць запазычаньнямі ў фіна-вугорскія з летувіскай.
    Зразумела, такі падыход, калі ўзаемныя моўныя сувязі разглядваюцца як дарога з рухам у адзін бок, не толькі ненавуковы, але і абразьлівы для носьбітаў тых моваў, якія нібыта толькі запазычваюць, самі ж суседзям нічога не даюць. Такою моваю, дарэчы, усімі суседзямі абвяшчаецца і наша. Дый не толькі суседзямі, а часам і ўласнымі навукоўцамі: пагартайце “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” і пераканаецеся ў гэтым. У летувісаў пазыцыя - наадварот: што б яны ні бачылі ў чужых мовах падобнага да свайго, абвяшчаюць сваім /прыкладам можна прывесьці кнігу Ю. Лаўчутэ “Словарь балтизмов в славянских языках”. Л., 1982/.
    Але вось паралелі /першым словам даю летувіскае, а скарачэньні такія: кз. – “комі-зыранскае”, кп. – “комі-пярмяцкае”, у. – “удмурцкае/: alkas “ахвярная гара” - кз. алькöс “спадзісты”; gižys “станок для віцьця вяровак” - кз. гез “вяроўка”; jega “сіла” - у. егыт “малады” /цікава, што славянскае юны мае таксама пермскую крыніцу: па-ўдмурцку юн – “моцны, трывалы”/; ilgis “даўжыня” - кз. ылі “даль”; juodas “чорны” - агульнапермскае сьöд “чорны”; juokas “сьмех, жарты” - кз. йöктыны “ісьці ў скокі”; kad “што” - кз. код “хто”; kaita “зьмена, зьмяненьне” - у. кайта “зноў”, кз. кайтны “паўтараць” /запазычаньне з адваротным сэнсам/; kalenti “шчоўкаць”, “бразгаць” - кз. колс “шчоўк!”, “стук!”; kaltas “вінаваты” - у. калтак “бедалажка, няшчасны”; kalti “каваць” - у. кал “сіла, моц”; kartis “жэрдка”, gardas “загон, стойла” - кз. карта “хлеў, двор”; kekulas “камяк” - кп. коколь “камяк”; keras “куст” - кз., кп. кер “бервяно”; kurda “сажалка”, “лес на балоце” - у. куд “балота”; kukis “крук” - у. кукро “крук”; kuka “молат” /з даўгім дзяржаньнем/ - у. кукчо “матыка”; kumpti “выгінацца” - кз. комбыля “выгінаны”; kupra “горб” - у. купырес “гарбаты”; lėnas “ціхі, спакойны” - кз., кп. лöнь “ціхі, спакойны”. Ад гэтага лöнь агульнаславянскае лень, але поўнае супадзеньне значэньняў комі і летувіскага словаў паказвае, што ў летувіскую мову лöнь трапіла не праз беларускую або расейскую, а непасрэдна з пермскіх гаворак; lupa “губа” - кз. льöб “губа”; mėlynas “блакітны” - кз. мелі “ласкавы”; miknotі “заікацца” - кз. мыктавны   “заікацца”; namas “дом” - кп. ньöм “баба для забіваньня паляў?” Вядома, што ў балоцістых мясцовасьцях дамы будаваліся на палях; nartus “упарты” - кз. нарт “упарты”; noras “жаданьне” - кп. нор “скарга”; ramus “рахманы” - кз. рам “рахманы”. Дарэчы, наша рахманы ўяўляе з сябе быццам гібрыд пермскага рам і эстонскага rahu “спакой”; strakseti “скакаць, падскокваць” - кп. трок “скок-падскок”. Пачатковае s- у летувіскім слове, трэба думаць, пратэтычнае, прыстаўное. Пратэтычнае с- уласьцівае пермскім гаворкам; svidus “бліскучы” - кп. свиттявны “блішчэць”. З гэтым словам, думаецца, зьвязанае агульнаславянскае сьвятло; vagis “злодзей” - у. вог “упарты, сваявольны”; valas “чысты” - кп. воль “ачышчаны ад лесу”, вольк керны “мыць чыста” /керны – “рабіць”/; vampla “рот” - кз. вом “рот”; vargas “бяда” - кз. варкавны “быць вельмі скалечаным”, кз. варгос “непаслухмяны, лянівы”, у. варгас “адзінокі чалавек”; važis “сані” - кз. вож “аглабля”; žabalis насякомае, якое па-расейску завецца “дождевка” - у. жоб “дажджысты”; žaras “сухі прут, палка” - кп. зор “жэрдка”.
    Усё гэта знойдзена мной - г.зн. чалавекам, які летувіскай мовы не ведае. І я думаю, што калі б такія пошукі распачаў падрыхтаваны лінгвіст-летувіс, то знайшоў бы шмат болей, асабліва каб пакапаўся ва ўсходнелетувіскіх дыялектах. На жаль, пакуль што я ведаю толькі аднаго такога энтузіяста. Гэта перакладчык ангельскай тэхнічнай літаратуры Вацлавас Валанцеюс /цікава, што ягонае прозьвішча, якое і ў нас сустракаецца ў форме Валента, Валанцей, можна вывесьці ад удмурцкага валантэм – “якога цяжка зразумець”/. Яго нідзе не друкуюць, таму пра ягоныя распрацоўкі ў летувіскай анамастыцы я ведаю толькі з яго лістоў /ён знайшоў мяне сам дзякуючы адной маёй публікацыі ў сыктыўкарскай газэце/. I вось што ён мне піша /цытую без перакладу, як ёсьць/: «Я заметил несколько слов, которые заслуживают внимания. В коми яз. имеется слово верс – «муж». Сравните его с литовским vyras – «муж, мужчина» и латинским virus «мужчина» /яшчэ адзін пермска-лацінскі перазоў!. - І. Л./. В коми аттьö «спасибо»; ср. лит. ačiu «спасибо» /древняя форма была atiu/ Ср. коми така /сев. удм. тяка/ - «баран» и лит. tekis «баран». Коми гас «лампа» и литовское gaselis - примитивная лампа без стекла; коми турас и лит. turis «обьем». Лит. ubas - «поле определенного размера» и коми-перм. ыб «поле». Говоря о цвете коров, слово šėmas означает «черный». Сравни его с марийским шеме «черный». Интересное сходство наблюдается и с другими языками. Ср. коми видз и немецкое wiese - оба «луг»; удм. буй «цвет» и сербскохорватское boja «цвет?».
    Такім чынам, Валанцеюс дае яшчэ шэсьць пермска-летувіскіх паралеляў. /Дзьве з іх я і не мог бы здабыць, бо ў маіх, дастаткова падрабязных летувіскіх слоўніках няма слоў gaselis i ubas/. Ці будзе хто спрачацца, што такая маса слоў магла быць запазычанай толькі пры непасрэдным кантакце?
    Вернемся да летувіскай сыстэмы напрамкаў сьвету. Памятаеце, “захад” і “усход” ідуць у ёй ад “вечары” і “раніцы”, а напрамак “поўдзень” ад... “абед” /petus/. Праўда, дзіўна? Гэтая дзіўнасьць праясьняецца, калі зазірнуць у комі-пярмяцкі слоўнік. У гэтай мове петны – “узыходзіць”, “паказвацца”, так кажуць пра сонца і месяц. Петас па комі-пярмяцку – “усходы” /расьлін/. У тых жа пермскіх гаворках, што межавалі з балтамі Летувы, петны магло азначаць і “падняцца”. Сонца паднялося - абед. Адсюль і слова, утворанае ад петны, petus – “абед”. Потым “абед” займеў сэнс “палова дня”, а з гэтага стаўся поўдзень - напрамак сьвету. Такім чынам, летувіская сыстэма бакоў сьвету часткова скалькаваная з пермскай, а часткова карыстаецца пермскім лексычным матэрыялам. Нагадаю, што па-летувіску “усход” - rуtаі , а ў комі мовах рыт – “захад”. Як бачым, тут таксама запазычаньне ў летувіскую мову, толькі з супрацьлеглым знакам: было “захад”, стала “усход”. Такое, мусібыць, магло адбыцца толькі ў тым выпадку, калі пярмяне жылі на ўсход ад носьбітаў летувіскай мовы.
    Але калі лічыць, што летапісная літва гаварыла на летувіскай мове, тады для пярмянаў і месца няма, бо на ўсход ад яе жылі нашы славянскія продкі. Ні аб якіх плямёнах, якія б месьціліся на ўсход ад літвы паміж ёю і славянамі, у летапісах згадак няма.
    Таму прыгадаем тое, што ведаем з гісторыі. Добра вядома, што неславянскае насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага падзялялася на літву і жмудзь. Ва ўяўленьнях сёньняшніх гістарыёграфаў літва і жмудзь былі адзіным этнасам, з адной мовай, але гэта не так. У сярэднявеччы літва і жмудзь падзяляліся вельмі рэзка. Узяць, напрыклад, афіцыйную назву гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае: тут, як бачым, жмудзь не толькі не ўваходзіць у літву, але яшчэ і аддзяляецца ад яе “рускімі” /славянскім насельніцтвам краіны/. А ў тытуле Жыгімонта Трэцяга – “великий князь литовский, руский, пруский, жомоитьский, мазовецкий, инфляньтский» літва і жмудзь падзяляюцца ўжо двума суб’ектамі гаспадарства /Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. 1989, с. 42/. Важна адзначыць і тое, што жмудзь карысталася ў ВКЛ аўтаноміяй: існавала Жмудзкае староства, якое з пачатку 40-х гадоў ХV стагодзьдзя звалася і Жмудзкім княствам /Литва. Краткая энциклопедия, с 256-257/. А славянскія землі Вялікага Княства аўтаноміі не мелі. Безумоўна, гэта гаворыць аб тым, што, да прыкладу, Полаччына ўжо не адрозьнівалася ад літвы, славянізаванай, па мове, у той час як жмудзь адрозьнівалася, і вельмі рэзка.
    і вось такая рэч. Мала каму у Беларусі ў нас вядома, што сучасная летувіская мова - жмудзкая, а завецца яна ў сьвеце “літоўскай” толькі з недарэчнасьці. Гэта так сталася. Першая кніга на ёй у 1547 годзе выйшла зусім не ў Вялікім Княстве, а ва Усходняй Прусіі, куды ўцякала ад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску шмат жмудзінаў. Гэтых людзей у Прусіі звалі “летувіньнікамі”, бо яны былі ўцеекачамі з дзяржавы Літва. Таму і мову іх немцы сталі зваць літоўскаю /у Расеі нярэдка з той жа прычыны “літоўскай” мовай звалі беларускую/.
    У складзе Рэчы Паспалітай жмудзь актыўна паланізавалася, потым далучаная да Расеі, русіфікавалася. Карацей кажучы, умовы для яе разьвіцьця на працягу стагоддзяў былі неспрыяльныя. А ва Ўсходняй Прусіі працягвалася выданьне кніг на “літоўскай” мове, ішло яе вывучэньне і ўдасканаленьне. Да той мовы, якой карысталася асноўная жмудзь, яна была вельмі блізкай, але не супадала цалкам з-за рознага падыходу да яе розных аўтараў. У прыватнасьці, калі другая спальшчалася, то першая анямечвалася. Так узьніклі дзьве жмудзкія мовы, адна з якіх называлася “літоўскай”. Вось тады, мабыць, і склаўся міт, быццам на тэрыторыі Летувы здавён існавалі два вялікія балцкія племені - жмудзь і літва, і мова, апрацаваная ў Прусіі - гэта мова літвы. У XIX стагодзьдзі пачалося адраджэньне жмудзкага народа, вярхі якога ўзялі на ўзбраеньне “літоўскую” мову і імя “літва”. Сапраўднай жа літоўскай мовы даўно не было на сьвеце, бо сапраўдныя ліцьвіны жылі галоўным чынам не ў Летуве, а ў Беларусі, на тэрыторыі, акрэсьленай М. Ермаловічам, дзе склаўся вядучы беларускі дыялект - мова Купалы і Коласа.
    Паўторым сказанае: сёньняшняя летувіская мова - гэта былая жмудзкая, якая зьмяніла найменьне, а пярмяне, як мы дапусьцілі па словах рыт “захад” – rytai “усход”, жылі на ўсход ад жмудзі. А на ўсход ад жмудзі жыла летапісная літва. Выходзіць, літва і была пермскім племем. Але ці можна пацьвердзіць гэта іншым спосабам?
    Там, дзе гісторыя не пакінула дакумэнтаў, такія пытаньні вырашаюцца з дапамогай тапанімікі. І перш за ўсё той часткі яе, што вывучае гідронімы - назвы рэк і азёраў. Ясна, як божы дзень: калі пярмяне жылі ў Беларусі, то мусілі пакінуць на карце свае сьляды.
    Гідранімія Беларусі вывучана, здавалася б, грунтоўна. Шмат дасьледчыкаў, шмат прац. Але ніхто з тапанімістаў пермскіх назваў тут не бачыць. Болей за тое, сёй-той нават катэгарычна адмаўляе саму магчымасьць такіх знаходак: “Пры дасьледаваньні Верхняга Падняпроўя /а ў Верхняе Падняпроўе ўключаюцца і Бярэзіна і Прыпяць з усімі доплывамі. - І. Л./ практычна бескарысна аказваецца прыцягненьне дадзеных пермскай... гідраніміі” /В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. М., 1962, с. 27/.
    Сказаць, што ўсе тапанімісты прыйшлі да згоды па кожнаму гідроніму, нельга. Наадварот - пра пэўныя назвы існуе безьліч вэрсій. Але аб чым спрэчкі? Адны, як У. Тапароў і А. Трубачоў, лічуць Беларусь полем суцэльнай балцкай гідраніміі. Другія напіраюць на тое, што яна ўсе ж такі край славянскі, таму славянскія назваў мусіць быць болей, чым прызнаюць балтафілы. Да такіх прыхільнікаў славяншчыны можна залічваць нашага В. Жучкевіча.
    Кажуць, закон, што дышаль, куды павярнуў, туды і выйшаў. Так здаецца і шмат якім тапамімістам. Маўляў, што захачу, тое і выйдзе. Але гідраніміка - не дышаль. Калі пайшоў па вернай сьцяжынцы, зрабіў сапраўдную знаходку, з табою згодзяцца, а згвалтаваў назву - гвалт хто-небудзь ды заўважыць.
    Як прайсьці, напрыклад, міма такога. Вось узяліся У. Тапароў і А. Трубачоў за Случ. І пішуць /падаю у арыгінале, каб лепей адчуўся смак напісанага/: «Несмотря на установившуюся традицию считать это название славянским /.../ полезно поставить вопрос о возможности балтийского происхождения названия Случь в ряду других гидронимов на -ь по Днепру» /с. 208/. Такім чынам, глыбокадумныя аўтары залічваюць гідронім у балтыйскія таму, што згодна з расейскай артаграфіяй ён пішацца з мяккім знакам на канцы!
    У. Тапароў і А. Трубачоў склалі сваю кнігу, калі абодвум было каля трыццаці гадоў. Цяпер яны - акадэмікі. Але поглядаў сваіх не мяняюць. Зазірніце ў “Этимологический словарь русского языка” М. Фасмера, выдадзены на расейскай мове ў 1986 годзе. Перакладчык яго А. Трубачоў у трэцім томе да артыкула Случь /Фасмер тлумачыць гэты гідронім праз слукий “кривой, изогнутый”/ дадае: “Не исключено балтийское происхождение; см. Топоров - Трубачев, Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья, стр. 208”.
    А В. Жучкевіч назьве Свіцязь усьлед за Сабалеўскім дае такое фантастычнае “тлумачэньне”: паколькі возера Сьвіцязь маецца яшчэ ў Валынскай вобласьці, то “беларуская назва, верагодна, мігрант ад украінскай, якая ўзыходзіць да асабовага імя Hviting германскага паходжаньня”.
    Тое, што тапанімістам даводзіцца адважвацца на такія выбрыкі, сьведчыць адно: што яны ідуць няправільным шляхам. Таму давайце пойдзем новай дарогай, не пабаяўшыся, што нехта нас тузане назад, на ранейшую, здрадную.
    Вёскі з назвай Літва М. Ермаловіч агледзеў у пяці раёнах: Слонімскім, Ляхавіцкім, Узьдзенскім, Стаўбцоўскім і Маладзечанскім. Гэтымі айконімамі, лічыць ён, і вызначаюцца межы летапіснай літвы. Думка слушная і спрачацца з ёю не будзем.
    Але да прыходу славянаў межы літвы маглі быць шырэйшымі, бо не на пустое ж месца прыйшлі нашы славянскія продкі. Таму акрэсьлім арэал літвы крыху большы і да пяці названых далучым яшчэ 9 раёнаў: Ашмянскі, ВаложынскІ, Вілейскі, Зэльвенскі, Карэліцкі, Мядзельскі, Наваградзкі, Нясьвіскі і Смаргонскі.
    На тэрыторыі гэтых 14 раёнаў цячэ, згодна з “Энцыклапедыяй прыроды Беларусі”, 70-80 рэк даўжынёй большых за 10 кілямэтраў /меншых ЭПБ не называе/. Вось яны /згодна з алфабэтам/: Альхоўка, Альшанка, Ашмянка /2 ракі/; Блюшка, Бобрык 1-ы, Бяроза, Бярэзіна; Валожынка, Валоўка, Ведзьма, Вілія, Волка /2/, Волма, Вузьлянка; Гавязьнянка, Гадзея, Гальшанка, Гаружанка, Грыўда; Жацераўка; Зальвянка; Ізва, Ізьледзь, Ілія, Іса, Іслач; Клява, Крамушэўка, Кроманка; Лань, Лахазва, Ліпнянка, Лоша /2/, Луконіца; Ментынь, Міранка, Моўчадзь, Мышанка, Мядзелка, Мяркіс; Наква, Нарач, Нёман, Нёўда; Перакоп /Вялікі/, Ператуць, Перакуль, Пліса; Рута, Рыбчанка; Самароўка /Крамяніца/, Сасва, Сваротва, Сіпа, Спорня, Страча, Сула, Сэрвач /2/, Сярмяжка; Тонва, Тур’я; Узьдзенка, Уса /2/, Уша; Цапра, Цна; Шаць, Шура, Шчара - і некалькі буйных азёр: Кромань, Нарач, Сьвір, Сьвіцязь.
    Ці есьць сярод гэтых гідронімаў па мове паходжаньня летувіскія? В. Валанцеюс піша: “В литовском языке слово merkti – «смачивать» /одежду/, однако я не думаю, что это слово объясняет этимологию названия Мяркис”. Для яго, летувіса, гэты гідронім незразумелы. І, мабыць, невыпадкова, бо ў Карэліі маецца возера Мерк-ярви /ярви – “возера”/, а па-эстонску märg – “мокры”, па-фінску “мокры” - märkä, і летувіскае merkti аказваецца запазычаным. Такім чынам, Мяркіс не летувіскае “рака, якая змочвае вопратку” /?/, а фіна-вугорскае “мокрая рака”, г.зн. з забалочанымі берагамі. Што такая назва магчымая, паказвае Макранка /рака ў Быхаўскім раёне/.
    З летувіскімі словамі блізка супадаюць: Блюшка /blusa – “блыха”/, Клява /klevas - “клён”/, Рута /ruta – “рута”/, Сула /sula – “дрэўны сок”/, Шчара šaras - “вузкі”. Даўней Шчара звалася Шара/. Страча нагадвае strakseti “скакаць, падскокваць”. Вось, па сутнасьці, і ўсё.
    Але і з гэтых адна Блюшка адпавядае летувіскаму апэлятыву. Гэтая рэчка даўжынёй 16 кілямэтраў мае даволі вялікі нахіл воднай па верхні - 2,9 прамільле /ЭПВ, т. 1, с. 313/. Падобна, скакала, “як блыха”, пакуль не каналізавалі. Страча, наадварот, рака павольная /нахіл - 1,0 прамільле/, таму “скакаць, падскокваць” ёй не выпадае. Клява з klevas гукава амаль ідэнтычная, але ж у летувіскай мове не так, як у пермскіх: тут назоўнік адначасова прыметнікам не бывае, г.зн. “клён” адначасова “кляновы” не азначае. “Клён” - такой назвы рака мець не можа, калі гэта не пераклад з фіна-вугорскай мовы. А “кляновы” па-летувіску - klevinis , што ў беларускіх гаворках дало б не Клява, а Клявіна. “Рута” - такое слова маецца і ў нашай мове, і ў расейскай, дый увогуле яно, мабыць, агульнаэўрапейскае, бо паходзіць з лаціны і лацінская назва расьліны руты - Ruta. Так што калі і зьвязваць Руту з рутай, то гэта яшчэ не засьведчыць летувіскае паходжаньне. У дадатак рака Рутка ёсьць у Марыйскай рэспубліцы. А ў басэйне Акі дзьве Руты, прычым абедзьве адначасова завуцца Руть, тры Руткі і Малая Рутка /Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. М., 1976, сс. 41, 95, 33, 49, 104/. У Летуве ж сярод 250 найбольшых рэк Руты няма /Устаноўлена па падрабязнай карце, выдадзенай у Вільні ў 1989 годзе/.
    Няма ў Летуве і рэк з назвамі Сула і Шара. А ў басэйне Акі маюцца Сулема і Сулоть /Г. П. Смолицкая, сс. 135, 202/ - несумненна з асновай Сула, але паводле формы далёкія ад летувіскай мовы /зыходы -ма і -адз/. Там жа, у басэйне Мокшы - бясспрэчна, фіна-вугорскім гідранімічным раёне - Шарачка /Г. П. Смолицкая, с. 261/ - першапачаткова Шар-адз /наконт -ма і -адз будзе далей/.
    Праверыць, ці адпавядае вада Сулы вызначэньню “дрэўны сок” цяжка, бо ў кожнага свой густ, а вось наконт “вузкая” або не, здабыць зьвесткі можна. “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” /т. 5/ піша, што Шчара вузкая ў вярхоўях, але ж у вярхоўях рэкі вузкія ўсе. А пасьля ўпадзеньня Ведзьмы /гэта першы буйны правы доплыў Шчары/ шырыня ракі павялічваецца да 15-30 мэтраў, месцамі да 50-60, а ў ніжнія цячэньні да 40-60, месцамі да 100 /для параўнаньня, Нёман да ўпадзеньня Шчары не перабольшвае 90 мэтраў /ЭПБ, т. 4, с. 17/.
    Тапанімісты, на жаль, не грэбуюць і зусім недакладнымі летувіскімі адпаведнікамі, каб давесьці “балцкасьць” назваў. Напрыклад, Сэрвач В. Жучкевіч усьлед за Качубінскім выводзіць з serga – “хвароба”. Але якім чынам “г” ператварылася ў “в”? Незразумела... У Летуве рэк з назвай Сэрвач няма, у той час як у Беларусі тры ракі і возера Сэрвач. І калі Сэрвач – “хвароба”, то чаму людзі не абмінаюць такія рэкі? Вось у Мядзельскім раёне на Сэрвачы стаяць Будслаў, Камарова, Матыкі, Крывічы...
    Назву Тур’я У.Тапароў і А. Трубачоў выводзяць з летувіскага tauras, што азначае “тур” /лясны бык/. Але які ў гэтым сэнс, калі беларускае “тур” бліжэйшае?
    Вакол назвы Нёман /у летапісах Немон/ спрэчкі гудуць ужо шмат дзесяцігодзьдзяў. У. Тапароў і А.Трубачоў, “аналізуючы” гідронім Нёманка /ёсьць такі доплыў Сажа/, пішуць: «Из балт. /ср. лит. Nemunas/” .Выходзіць, дастаткова напісаць па-летувіску, каб давесьці летувіскасьць назвы?
    А тым часам, Нёман-Неман-Nemunas з летувіскай мовы аніяк не выводзіцца! Адзін з найбольшых летувіскіх тапанімістаў так спрабаваў схітраваць: гэта, маўляў, гібрыдная назва, дзе балтыйская аснова –мун- спалучаецца са славянскім адмоўем не /гл. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии, Неман/. Тым не меней, В. Жучкевіч згаджаецца менавіта з гэтай вэрсіяй /“найболей прыймальным уяўляецца меркаваньне К. Бугі”, толькі ўносіць папраўку: “аснова ж -мун-. відавочна, фінская”.
    Ну што ж, у комі мовах /а комі мовы - фінскія/ мунны – “рухацца”, “ісьці” /-ны - канчатак інфінітыва/. Але ці азначае Нёман “не-мун”, г.зн. “які не рухаецца”? Думаецца, што не. Нёман, вядома, не самая хуткая рака, але ж сказаць, што ён не рухаецца зусім было б яўным перабольшаньнем.
    Раз усе прапанаваныя шляхі вядуць у тупік, паспрабуем пайсьці зусім новым. Ужо казалася, што ў Сож упадае Нёманка. Гэта таксама Нёман, толькі ў памяншальнай форме. У басэйне Дзясны маецца Немда, Яшчэ ў Верхнім Падняпроўі ёсьць Немедзь, а ў басэйне Акі - Немовка. Гэта памяншальнае ад Немва, а зыход -ва - пермскі /комі “рака”/. То можа, трэба рухацца ў бок Урала? У Кіраўскай вобласьці - аж тры Немды: адна ўпадае ў Вятку зьлева, другая - справа, трэцяя -у Піжму. У гэтую трэцюю ўпадае Немдеж, яшчэ адзін Немдеж – у раку Ярань.
    У Пермскай вобласьці сустракаем Немыль. І, нарэшце, у Комі рэспубліцы тое, чаго шукалі: Нем і Немын.
    Такім чынам, гідронімы з коранем нем цягнуцца ад Цэнтральнай Беларусі аж да Комі рэспублікі, прычым на абодвух канцах арэала адзін і той жа: Нёман - Немын.
    Назвы гэтыя аформленыя па-рознаму. Немва /Немовка/ - па-пермскаму, Немедь - таксама, бо тут у зыходзе комі адз /чытаецца адзь/ - “даліна ракі”, “пойма”, фактычна - такі ж гідранімічны тэрмін, як і ва, толькі радзейшы. Немда - гэта ўжо на нейкай зьнікшай гаворцы, блізкай да пермскіх, дзе ва адпавядала да /гідронімаў з да шмат: Вологда, Вычегда, Тигода, Чагода і інш./. Кажу – “блізкай да пермскіх, бо да нярэдка спалучаецца з пермскімі асновам. Немдеж - гэта назва з двума гідранімічнымі тэрмінамі: Нем-да-іж, дзе іж - неадшыфраваная назва адной з рэк Удмурціі. На маю думку, яна азначае тое сама, што і пермскае юг – “бляск, зьзяньне” /у Беларусі іж у формах іж, уж, яж таксама маецца: Веліж /Веліжжэ, возера/, Палуж /рака/, Бусяж (рака).
    Ну, а Немын - тут якое афармленьне? КомІ-пярмяцкае. У гэтай мове суфікс -ын утварае прыметнікі: пыдын – “глыбокі”, вылын – “высокі”. Нёман жа да Немын - гранічна блізка. “Ё” узнікла з “е”, як у шматлікіх іншых беларускіх словах, “ы” перайшло ў “а”, таму што ў нас за націскам усе галосныя гукі маюць схільнасьць пераходзіць у “а”. Што гэтае “а” утварылася з “ы”, паказвае і летувіская форма Нёмана - Нямунас. У летувіскай мове “ы” няма, таму запазычанае “ы”, як паведаміў мне Валанцеюс, тут нярэдка пераходзіць у гук “у”: сын – sunus, ыбubas і да т.п.
    Але што азначае аснова нем? Сёньня з комі моваў нем перакладаецца як “нічога”, “нішто”. Такая аснова наўрад ці стасуецца да вялікай ракі. Дый увогуле ці можа быць гэтулькі рэк, якім людзі далі б пагардлівае імя “нішто”? Таму пашукаем нем у роднасных фіна-вугорскіх мовах. Па-эстонску neem – “каса” /рачная, марская/. Гэта, думаецца, і ёсьць аснова ўсіх пералічаных гідронімаў. А што яны аформленыя не па-эстонску, сьведчыць, што нем “каса” даўней было ў шмат якіх фінскіх гаворках, у тым ліку пермскіх. Да нашага Нёмна “каса” вельмі стасуецца, бо на ім жа і парогі былі, цяпер затопленыя вадасховішчам. /Дарэчы, славянскае каса, на маю думку, ідзе ад пермскага кöс - у комі мовах “сухі, абмялелы”/.
    Нагадаю, што пісалі У. Тапароў і А. Трубачоў: “Пры дасьледаваньні Верхняга Падняпроўя практычна бескарысным аказваецца прыцягненьне дадзеных пермскай... гідраніміі”. Але ці зазіралі яны ў тую пермскую гідранімію?
    Вось глядзіце. Другая па велічыні рака летапіснай літвы - Вілія /500 кілямэтраў/. У. Тапароў і А. Трубачоў залічваюць ейную назву ў балтыйскія практычна без доказаў, хаця зазначаюць і самі, што “случай затруднителен ввиду колебаний вокализма /маецца на ўвазе, што ёсьць яшчэ рака Велейка і сама Вілія даўней мела варыянт Велья. -І. Л./, а также в связи с распространением этого корня на старой славянской территорим - к югу от Припяти” /с. 179/, г.зн. ёсьць Вілія ва Ўкраіне, у верхняй частцы басэйна Прыпяці. В. Жучкевіч жа актыўна скарыстоўвае варыянт Велья: “Найболей верагоднае паходжаньне назвы ад славянскага велья – вялікая”. Але Велья ў тапаніміцы зусім неабавязкова азначае “вялікая”. Ёсьць у Расонскім раёне возера Вельле. Яго плошча - усяго 0,55 кв. кілямэтра /ЭПБ, т. 1/. Яно не ўваходзіць нават у першую дзесятку азёраў раёна /гл. ЭПБ, т. 4, с. 367/. Ясна, што такія, як гэтае Вельле, вялікімі не называюць. Тут, падобна, мардоўскі апэлятыў веле – “вёска”, г. зн. Вельле – “вясковае”, Не можа быць “вялікай” і Вілія. Хаця гэта рака і немалая, але ж яна ўпадае ў Нёман, яшчэ большы. Вось калі б Нёман зваўся Велья, то можна было б падумаць, што гэта “вялІкая”.
    І яшчэ. Недарэчна думаць, што Велья - правільная, а Вілія -сапсаваная назва. Раўнапраўныя варыянты назваў маюць шматлікія рэкі, нават і значна меншыя, чым Вілія, бо на іх берагах у розных мясьцінах жылі розныя людзі, якія звалі раку па-свойму. У адной вёсцы, дзе пераважала мардоўская гаворка, маглі гаварыць Велья, а ў другой, з інакшай мовай – Вілія.
    З якой жа мовы Вілія? У. Тапароў і А. Трубачоў заўважылі Вілію “на поўдзень ад Прыпяці”. А што ў басэйне Акі цякуць Вила /дзьве/, Вилейка і маецца возера Вилема /Г. П. Смолицкая, сс. 79, 165, 267, 262/ - не. А між іншым, окская Вилейка - аж у Горкаўскай вобласьці, Вилема - у Тамбоўскай, дзе балтаў быць не магло.
    У Пермскай жа вобласьці - аж 6 рэк з назваю Вильва! А. Крывашчокава-Гантман перакладае яе “Новая рака”, як, дарэчы, і я Вілію ў артыкуле “Племя пяці родаў” /“ЛіМ”, 18 жніўня 1989 г./. І ў Комі рэспубліцы ёсьць рака Виль.
    Дадам, што назва Неріс, якою карыстаюцца летувісы для азначэньня Віліі, таксама мае пару ў Комі рэспубліцы - раку Нэрис. Слова нэрис у комі-зыранскай мове – “узвышша, пагорак”. А з летувіскай мовы Неріс надзейна не раскрываецца.
    На трэцім месцы сярод рэк летапіснай літвы Шчара. Як тлумачаць ейную назву /ад šaras/, мы ўжо казалі. А цяпер паведамлю, што ў Комі рэспубліцы маецца рака Шаръю. Шар па-комі-зыранску – “праліў” /адсюль вядомыя паўночныя пралівы Маточкин Шар, Югорский Шар/. Зразумела, Шаръю , як і Шчара /Шара/ - не праліў-рака, а “рака з пралівам, пралівамі”. Што гэта такое? Думаю, маецца на ўвазе здольнасьць ракі часта прабіваць новыя рэчышчы, “пралівы”.
    Такім чынам, “прызавая тройка” рэк летапіснай літвы - Нёман, Вілія, Шчара - маюць дакладныя адпаведнікі на пермскіх тэрыторыях і гэтыя адпаведнікі адшыфроўваюцца або з чыста пермскага моўнага матэрыялу, або з дапамогай іншага фіна-вугорскага /Нёман/.
    Вось яшчэ рэкі, назвы якіх “гукаюцца” у Комі рэспубліцы і Пермскай вобласьці:
    Валожынка - Лолог /Пермская вобласьць/. “В” у комі-пярмяцкай мове чаргуецца з “л” у самых розных пазыцыях. Лолог А. Крывашчокава-Гантман выводзіць з лола – “лось”. Яшчэ адзін адпаведнік Валожынкі - рака Вологда /Валагодзкая вобласьць/.
    Валоўка - Вольва /Пермская вобласьць/. Што Валоўка - паменшанае Вольва, думаю, відавочна. У комі мовах воль - ачышчанае ад лесу месца.
    Волка /2 ракі/ - у Комі рэспубліцы Воль /3 ракі/. Волка - паменшанае ад Воль.
    Волма - Большая Вольма, Малая Вольма, Вольма-Шар. Ма, як даўно даведзена, тое сама, што ва, бо спалучаецца з тымі сама асновамі.
    Гадзея - Гадья /Пермская вобласьць/. У комі-зыранскай мове гадь – “плавальны пухір у рыбы”. Але гэта кепска стасуецца да гідроніма. Таму лепш выбраць комі кад, - “дрыгва”. Для Гадзеі адпавядае і другое значэньне кад – “час”, “тэрмін”: гэтая рачулка /12 кілямэтраў/ мае вельмі вялікі нахіл воднай паверхні -: 5,2 прамільле /ЭПБ, т. 1/. Таму веснавая вада з яе павінна сьцякаць вельмі хутка, з-за чаго рэчка ператвараецца ў ланцуг калдобін: атрымліваецца, што яна “часовая”,
    Зальвянка - Зельва /вёска ў Пермскай вобласьці/. У рэгіёнах фіна-вугорскай тапаніміі населеныя пункты звычайна завуцца па рэках таму можна дапусьціць, што Зельва названая па аднанайменнай рэчцы. А. Крывашчокава-Гантман выводзіць Зельву ад комі-пярмяцкага дзель – “ягня”.
    Ізва - Изьва, Изъёль, Изъяю /Комі рэспубліка/. Из у комі мовах – “камень, каменны”, изья – “з камянямі”, ёль – “рэчка”.
    Ізледзь. У такой форме гідроніма на пермскіх тэрыторыях няма. Але ў Комі рэспубліцы маюцца Изьва, Изъёль, Изъяю і Виледь. У Комі-пярмяцкай мове öслядь азначае “лес, высечаны вясною і спушчаны на ваду”. Гэтае слова вельмі падобнае да Ізледзь. Виледь можна было б падзяліць на комі ви “сіла” і мардоўскае ведь “вада”, але болей правільна бачыць у Виледь комі вил “новы” і адз “даліна, пойма”, г. зн. назву, аналягічную Віліі. Адз бачыцца і ў Ізледзь: Із-адз/ь/ - “каменная даліна” /далейшы шлях назвы: Із-адзь - Із-ядзь - Із-лядзь - Ізледзь. Пераход й у л характэрны для ўдмурцкай мовы: Егор - Лöгöр/.
    Сасва - Сосьва /Сьвярдлоўская вобласьць/, Сосья /Комі рэспубліка/. У комі мовах сос – “рукаў”. У фіна-вугорскіх гідраніміях “рукаў” нярэдка ўжываецца для назову рэк. Так, па-марыйску “рукаў” - шокш; у басэйне Акі маюцца рэкі Шокша, Большая Шокша, Малая Шокша. Па-макшанску “рукаў” - ожа; рэчка Гожа ў Гродзенскім раёне, паводле В. Жучкевіча, даўней называлася Ожа. Верагодна, ад ожа і Сож /даўняя назва - Сожа/. С- тут можна разглядаць як пратэтычнае. У Комі рэспубліцы маюцца дзьве ракі Соль. Гэтай назьве даецца такое тлумачэньне: “комі оль согра - мяшаны бярозава-яловы лес на купінаватых нізінах. На пачатку слова оль разьвіўся прыстаўны /пратэтычны/ зычны с” /А. И. Туркин. Топонимический словарь Коми АССР. Сыктывкар, 1986, с. 106/. Вяртаючыся да пачатку, дадам, што і мы называем рэчышчы рукавамі.
    Сула - Сула /Комі рэспубліка/. Су па-комі-зыранску – “плот, якім адгароджваецца луг ад выгану”; ла - тое ж сама, што ва. Такім чынам, Сула – “рака-агароджа”, у сэнсе “рака-мяжа”. Што Сула Стаўбцоўскага раена мае менавіта такое значэньне, сьведчыць сяло Рубяжэвічы. якое здавён стаіць на ёй. Непадалёк ад Рубяжэвічаў - вёска Літва, адзначаная М. Ермаловічам як прыкмета мяжы летапіснай літвы. У беларускай мове корань су- захаваўся ў слове шула ./“вялікі слуп у агароджы”/.
    “Рэкі-агароджы” сустракаюцца на карце і ў іншых мясьцінах. У Бярэзіну дняпроўскую ўпадае Жэрдзь. Гэта пераклад падобнай назвы. Па-макшанску “жэрдка” - олга, апэлятыў вядомага гідроніма Волга. Па-марыйску “жэрдка” - равы. Рава - марыйская і мардоўская назва Волгі.
    Сэрвач - Серва /Пермская вобласьць/. А. Крывашчокава-Гантман тлумачыць Серву праз сер – “доплыў, лясная рэчка”. Ёсьць яшчэ комі-пярмяцкае сёрва – “разьведзенае дамашняе піва”. У гідраніміі Комі рэспублікі прыкметная такая зьява: калі комі гідронім канчаецца на дз, то ў расейскім гучаньні гэтая афрыката пераходзіць у ч /Ылыдз - Илыч, Вылыдз - Вылыч, Зöридз - Зорич /гл. А. И. Туркин, с. 40; Географические названия Коми АССР. Словарь-справочник. Сыктывкар, 1990/. У нашай мове гук дз маецца, таму захоўваецца ў шэрагу гідронімаў /Ізьледзь, Моўчадзь/, а ў іншых таксама перайшоў у ч /Морач, Нарач, Ненач/. Такім чынам, за канчаткам ач у Сэрвач стаіць адз - пермскі гідранімічны тэрмін. Сэрвач - Сёрва-адз або Сер-ва-адз.
    Тур’я - Турья /Сьвярдлоўская вобласьць/, Туръя /два населеныя пункты Комі рэспублікі/. Па-мансійску тур – “возера”, я – “рака”, тур-я - літаральна “азёрная рака”. Але і ў комі мовах маецца тури – “жораў”, ю – “рака”, а “ю” ў асяродзьдзі славянскі гаворак пераходзіць у “я”. Па дадзеных У. Тапарова і А. Трубачова /с. 210/, чатыры ракі Верхняга Падняпроўя маюць назву Турия, што бліжэй да тури. У той жа час у Беларусі маюцца рэкі Возера /Бабруйскі раён/ і Тур /Мазырскі раён/, і можна дапусьціць, што Возера - пераклад мансійскай назвы Тур. Такім чынам, Тур’я можа быць гідронімам і пермскім, і вугорскім. Але іншых вугорскіх на тэрыторыі летапіснай літвы не агледжваецца, таму Узьдзенскую Тур’ю можна прызнаць з паходжаньня пермскай.
    Выводзіць назвы Тур’я, Турыя, Тур ад славянскага тур – “бык”, як гэта робіць В. Жучкевіч, няварта. Тур - жывёліна пушчаў, а не балотных рэчак.
    Уса - у КомІ рэспубліцы дзьве ракі Уса, а таксама Большая Уса і Малая Уса.
    З сучасных пермскіх моваў Уса не адшыфроўваецца. Але гэта назва калі не старажытнапермская, то старажытнафінавугорская. Яна пабудаваная па мадэлі ю ва - у комі мовах “рачная вада”, па якой створаны не толькі шэраг блізкіх назваў /Юва, Юла, Ува, Ула, Юза, Южа і інш./, але і слова “рака” ў пэўных уральскіх мовах: йоккі /суомі/, йыгі /эстонскае/, йогі /старажытнамарыйскае/, яха /ненецкае/, юга /старажытнапермскае/.
    Уса сустракаецца па ўсёй Усходняй Эўропе і як самастойная назва /у Смаленскай вобласьці, у Самарскай і інш./, і на канцы гідронімаў у якасьці гідранімічнага тэрміна: Рапуса /доплыў Усы ў Дзяржынскім раёне/, Варануса /доплыў Іпуці/, Неруса /доплыў Дзясны/, Таруса /басэйн Акі/. У Рапуса аснова раб - комі “барда”, у Неруса ньöр - комі “лаза”, у Таруса тар - комі “цецярук”, у Варануса аснова перакладзеная /параўн. гідронім Ворона – рака ў Варонескай вобласьці/. Спроба вытлумачыць назвы Уса і Уша праз летувіскае uosis “ясень” неправамоцныя, з тых жа меркаваньняў, што і Клява   праз klevas /“ясеневы” па-летувіску uosinis/.
    Шаць - Шадью /Комі рэспубліка/. У комі мовах шать – “хлуд” шаття ў комі-пярмяцкай – “чарот”.
    Сярод рэк летапіснай літвы нямала і такіх, якія на пермскай тэрыторыі “пары” не маюць, але адшыфроўваюцца з пермскіх моваў.
    Бярэзіна. Назва ідзе нібыта ад “бяроза”, але гучыць не па-славянску. Таму лепш выводзіць з удмурцкага беризь – “ліпа”. -На - канчатак шматлікіх фіна-вугорскіх гідронімаў, аналягічны -ва /параўнай: у Комі рэспубліцы рака Вымь - у нас два возеры Вымна, рака Вымніца, у Архангельскай вобласьці рака Лим - у нас рака Лімна/. На тэрыторыі летапіснай літвы маецца рака Ліпнянка, што, магчыма, зьяўляецца перакладам. У Сеньненскім і Ушацкім раёнах па возеру Ліпна. Тут таксама, падобна, аснова перакладзеная, а -на захавалася.
    Гавязьнянка. Вёску з назваю Гавезна ўжо даўно перанайменавалі, Але яна да непрыстойнага слова не мае дачыненьня. Гов па-комі-пярмяцку - рыба “галавень”, -öсь - суфікс прыналежнасьці: Гов-öсь-на – “рака з галаўнямі”.
    Жацераўка. Першапачатковая форма - Жацерва, дзе Жаць- комі шать /гл. Шаць/, -ва – “рака”, а -ер- - пермскае öр “рэчышча”, таксама гідранімічны тэрмін. Цікава адзначыць, што ў комі-пярмяцкай мове öр адначасова і “карыта” - як у польскай мове, дзе koryto адначасова і “рэчышча”.
    Ілія. Па-макшанску или – “лаза”. Але назва не можа быць мардоўскай, бо “лазовая” ў макшанскай мове - илинь. Таму лепш дапусьціць, і што ў аснове Іліі комі ылі – “даль”: Ылі-ю – “дальняя рака” /дальняя для тых, хто называў/.
    Магчымы і другі пермскі варыянт. У комі мовах йыв – “верх, вярхоўе” /ракі/. Калі пасьля гэтага слова ставіцца галосны, в пераходзіць у л: “з верхам” - йыла. Йыла-ю - Ілія. Ад слова йыв - Іўе.
    Іслач. В. Жучкевіч узводзіць да слова віслач, якое сустракалася ў былым Плешчаніцкім раёне і азначае “плывун, насычаны вадою пясок, дрыгва”. Але яно не можа быць з паходжаньня славянскім, бо не ад “вісець” жа ўтворана.
    У комі мовах вис – “пратока”, лöч – “сіло”. Такім чынам, віслач – “пратокавае сіло /пастка/”.
    У Пермскай вобласьці маецца рака Лочь. Гэтую назву А. Крывашчокава -Гантман тлумачыць праз лöч. У нас маецца возера Лучай з характэрным пермскім зыходам -й і дзьве ракі Лучайка.
    Пераход ад віслач да Іслач В.Жучкевіч тлумачыць стратай першага гуку пры запазычаньні ў летувіскую мову. Але для гэтага трэба дапусьціць, што на Іслачы адбылася падвойная зьмена гаворак /пермскія-летувіскія- беларускія/, што не магло быць.
    Вядома, што ў беларускай мове маецца прыстаўны “в” /вокны, вольха/. Ён, падобна, у нас ад пермскіх продкаў, бо пратэтычны “в” ёсьць і ў комі-зыранскай мове. А вось у комі-пярмяцкай яго няма: калі па-комі-зыранску “ноч” - вой, то па-комі-пярмяцку - ой. Таму можна дапусьціць, што ў частцы пермскіх гаворак Беларусі вис “пратока” гучала як ис і віслач у іх вымаўлялася як Іслач /у былым Плешчаніцкім раёне, дзе адзначана слова віслач, рака Іслач не цячэ/. Ад гэтага ис, магчыма, рака Іса /“з пратокай, пратокамі”/ і зыход назвы Мяркіс. У нейкіх жа трэціх гаворках, наадварот, на пачатку слова віслач узьнікла пратэтычнае с-, дзякуючы чаму маем Сьвіслач.
    Клява. Апрача Клявы, у Беларусі ёсьць Клевель /верх ракі Сарачанкі, АстравецкІ раён/; у басэйне Акі - Клевеченка /Г. П. Смолицкая, с 157/. Як бачым, ва ўсіх трох назвах аснова спалучаецца з пермскімі гідранімічнымі тэрмінамі: Клява - з -ва /“рака”/, Клевель - з -ёль /“рэчка”/, Клевеченка - з -ач /адз/. Адсюль ясна, што аснова клев- пермская, хаця яе ў сучасных пермскіх мовах няма.
    Лань. Даўней называлася Лана /В.Жучкевіч/. Па-комі-пярмяцку лана – “расамаха”. Па-комі-зыранску “расамаха” - сан. Рака Сан ёсьць у Польшчы, Сана - у Сербіі. Такія ж цякуць і ў басэйне Акі.
    Лахазва. Як у Жацераўцы, тут два гідранімічныя тэрміны: адз і ва. У аснове можа быць мансійскае лох “заліў” або хутчэй комі лёк – “нетры”, “непраходны лес”: Лёк-адз-ва - Лахазва.
    Лоша - /2 ракі/. Балтафілы выводзяць ад летувіскага lašiša “ласось”, В. Жучкевіч ад беларускай назвы той сама рыбы - лох. Але ва ўшацкае возера Лош, зразумела, ласось аніяк не мог заходзіць. Апрача таго, ласось - рыба балтыйская, а дзьве ракі з назвай Лошыца маюцца ў сыстэме Бярэзіны Дняпроўскай. Таму лепш абраць за аснову комі-зыранскае лос – “вільготная нізіна”. Гэтае слова пры зьмяненьнях пераходзіць у лоск=. На тэрыторыі літвы маюцца дзьве вёскі з назвай Лоск: адна ў Валожынскім раёне, другая ў Маладзечанскім.
    Моўчадзь. Назва здаецца славянскай, але зыход яе - пермскі /адз/. Таму прыходзіцца дапусьціць, што аснова яе перакладзеная. У Верхнім Падняпроўі, згодна з У. Тапаровым і А. Трубачовым, маюцца гідронімы Молч, Молча, Молчья. Молч і Молча - чыстыя пераклады, у Молчья - пермскі зыход ю, “рака”. Па-комі-зыранску “маўчаць” - ланьтны; -т- у гэтым слове суфікс, -ны - канчатак інфінітыву, з чаго відаць, што аснова яго - лань. Як вядома, у Беларусі ёсьць рака Лань, другім варыянтам назвы якой было Лана /гл. вышэй/.
    Мядзелка /рака/, Мядзел /возера/. Выводзяць ад летувіскага medis – “дрэва”, “лес”. Але гэтыя значэньні для ляснога краю занадта неканкрэтныя, дый пераход ад medis да Мядзел незразумелы. Цалкам супадае з Мядзел комі-зыранскае мöдзöл – “ельнік з імшыстай глебай”.
    Наква. Назва канчаецца на -ва, таму павінна быць пермскай. У якасьці асновы можна прапанаваць комі нöк “сьмятана” або няк “сасок, грудзі /жаночыя/”. Другое здаецца занадта прыгожым і штучным. Але ў Пермскай вобласьці маецца рака Нёнь. Гэтую назву А. Крывашчокава-Гантман выводзіць з другога комі слова нёнь, якое таксама азначае “сасок, жаночыя грудзі”. У Калінкавіцкім раёне ў Прыпяць упадае Ненач. Тут з асновай нёнь спалучаецца адз, што ў славянскай гаворцы перайшло ў -ач /Нень-адз - Ненач/.
    У разанскіх гаворках маецца “накавка - рукав кодмана” /У.Даль/. “Рукаў” - слова гідранімічнае, як мы ўжо казалі. З якой фіна-вугорскай мовы “накавка” перайшло ў расейскую мову, невядома. У басэйне Акі, у Разанскай вобласьці цячэ рака Наковка /Г. П. Смолицкая, с.140/. Але наша Наква ўпадае ў раку з бясспрэчна пермскай назвай /Сэрвач/, таму, хутчэй за ўсё, пермская і да разанскай Наковки не мае дачыненьня.
    Нарач. Назва безпадстаўна лічыцца балтыйскай. Ва Уладзімірскай вобласьці маюцца возера Нарош, рака Нарошма /варыянт Нарачмар/. Па-мардоўску нар – “луг”. Але Нарач, на маю думку, назва пермская і ідзе ад нар – “нары” /у сэнсе “сонная”, “спакойная”/. Аб гэтым сьведчыць зыход -ач, які адпавядае пермскаму адз.
    Нёўда. В. Жучкевіч лічыць фінскім /суомі/, ад nevo – “балота”. Але пермскі адпаведнік больш дакладны: у комі мовах нявда - расьліна “макрыца”.
    Ператуць. У Цьвярской вобласьці маецца рака Молодой Туд. Такія спалучэньні зразумелага і незразумелага часта кажуць аб тым, што адно слова ў назьве - пераклад другога. Менавіта такі дублет уяўляе сабой вядомая з апавяданьня Тургенева Красивая Меча: па-комі мича – “прыгожы”. Так і з Туд: па-ўдмурцку тудву – “паводка”, ву – “вада”, адкуль ясна, што туд – “малады” /тудву – “маладая, веснавая вада”/. Гэтае туд і ўваходзіць другою часткай у Ператуць. Першая ж частка - аснова комі-зыранскага перыд “хуткі, жвавы” /-ыд - суфікс прыметніка/. У комі-зыранаў галоўны эпічны герой мае імя Пера. Такім чынам, Ператуць перакладаецца як “жвавая маладая /рака/” - мабыць, у сэнсе “жвавая, пакуль маладая”, г.зн. пакуль ідзе паводка.
    Перакуль. У ракі хуткая плынь /нахіл воднай паверхні - 4,9 прамільле/. Але наўрад рака такой даўжыні /24 кілямэтры/, малаводная можа штось перакуліць. Таму, здаецца, лепш тлумачыць з пермшчыны як Пера-куль, дзе Пера-, як у Ператуць, а куль у комі мовах – “чорт”.
    Сваротва. Назва канчаецца на -ва, што сьведчыць аб яе пермскім паходжаньні. Аснова - перакладзеная.
    Сьвіцязь. Па-комі-пярмяцку свиттявны – “блішчэць”, -яв- суфікс, -ны - канчатак інфінітыву. Выходзіць, свит – “бляск”. Свит-öсь – прыметнік “з бляскам” /бліскучы/. Ад таго ж кораня гідронімы Сьвіта і Сьвітка /азёры ў басэйне Мядзелкі/, Сьвідна /возера ў Пастаўскім раёне/, Сьвідоўка /рака ў басэйне Прыпяці/. Лічыць, што Сьвідна і Свідоўка /першапачаткова Сьвідва/ ідуць ад летувіскага svidas “бліскучы”, не даюць фіна-вугорскія зыходы -на і -ва. Яшчэ дадам, што ў Ноўгарадзкай вобласьці, дзе летувісаў быць не магло, цячэ рака Свидь, ва Уладзімірскай вобласьці маецца возера Свитец /Г. П. Смолицкая, с. 225/.
    Сіпа. Па-ўдмурцку шып – “ціхі, маўклівы”.
    Тонва. Назва бясспрэчна пермская, бо канчаецца на -ва, апэлятываў у летувіскай і беларускай мовах не мае. Можа ісці ад комі тöн – “учора”. “Учорашняя рака” - мабыць, якая занепадае. У Гарадоцкім раёне ёсьць возера Танай. У гэтай назвы зыход таксама пермскі - трансфармаванае ю “рака” /як у Дунай/.
    Шура. Па-ўдмурцку шур – “рака”.
    Сярод гідронімаў тэрыторыі летапіснай літвы сустракаюцца і іншыя фіна-вугорскія: мардоўскія /Ведзьма – ад вядьме “повад”, Цна – ад шна “рэмень”/; марыйская /Ашмянка - ад ошма “пясок”/. Чытачу, магчыма, здасца, што апэлятывы “повад”, “рэмень” - негідранімічныя. Але ў Пскоўскай вобласьці маецца рака Воо. Непаўторную гэтую назву іначай, чым эстонскім vöö “пас”, не растлумачыш. У такіх гідронімах, як “повад”, “рэмень”, “пас” /сустракаюцца таксама “хвост”, “шарсьцінка”, “валасінка”/, праявілася выключная вобразнасьць фіна-вугорскага мысьленьня. Сапраўды, якія яны, усе пералічаныя прадметы? Доўгія, вузкія /тонкія/ і гнуткія. Тое сама можна сказаць і пра любую раку. Перакладам слова тыпу вядьме зьяўляецца Узьдзянка.
    Ёсьць і такія назвы, якія з наскоку не возьмеш: Кромань, Ментынь, Пліса, Самароўка, Спорня, Страча. Не хачу сказаць, што яны не рашаюцца зусім, але рашэньні атрымліваюцца такія грувасткія, што лепш адкласьці іх да іншага разу. Скажу толькі, што яны не летувіскія, бо не маюць летувіскіх апэлятываў і такіх рэк няма ў Летуве. У той жа час у басэйне Акі маюцца Кром і Кроменка, Плішка, Самаровка і Самара /а яшчэ, як вядома, ёсьць Самара - доплыў Волгі, пры ўпадзеньні якога стаіць аднанайменны горад/. І яшчэ такая акалічнасьць. У Летуве гідронімы нярэдка канчаюцца на –упэ, -упіс /па-летувіску uрė – “рака”/: Йонупіс, Мішупэ, Алкупіс, Лянупіс, Йуодупэ. А ў 14 раёнах, якія мы дасьледуем, няма аніводнай назвы з такім зыходам. Затое пермскія гідранімічныя тэрміны: ва /Зэльва, Ізва, Клява, Лахазва, Сасва, Сваротва, Тонва/, ю ў мадыфікацыі я /Вілія, Гадзея, Ілія, Тур’я/, адз і ач /Ізледзь, Іслач, Моўчадзь, Сэрвач/ так і кідаюцца ў вочы. І ў той час, як надзейна летувіскай можна назваць адну Блюшку, пермская гідранімія на тэрыторыі – вядучая, бо складае добрую палову назваў. Вось чаму, агледзеўшы гэта, аніяк не магу згадзіцца з тымі, хто ўпарта абвяшчае летапісную літву балцкім племем, родным па мове сёньняшнім летувісам.
    Як паказвае гідраніміка, у незапомныя часы пярмяне жылі па ўсёй усходняй палове Эўропы: на Доне, Дняпры, Дунаі, Бугу, Вісле, бо ўсё гэта - пермскія назвы. І паўсюль, апрача Урала, растварыліся, зьніклі. Чаму? Ёсьць у іх такая рыса: занадта цягнуцца да чужой мовы, хоць свае - кажу гэта шчыра - сапраўдны цуд па ўнутранай вобразнасьці слова. /Толькі адзін прыклад: па-комі “канюшына” - сизюр. У літаральным перакладзе гэта – “галава дзятла”. Мы таксама канюшыну завём “дзятлікам”, узяўшы палову сизюр ад сваіх пермскіх продкаў, зусім не разумеючы, адкуль той “дзятлік” узяўся/. Напрыканцы XIX стагодзьдзя дасьледчык П. Мацьвееў пісаў: “Варта зьявіцца аднаму расейскаму двару ў вацяцкай /г.зн. удмурцкай. - І. Л./ вёсцы - і яна праз дзесяць, шмат праз дваццаць год прыкметна прымае расейскую фізіяномію: чуецца расейская гаворка, зьяўляецца расейская вопратка” /Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона, т. 13, с. 326/.
    Таму и літва, што, мабыць, была апошнім цэнтральнаэўрапейскім пермскім племем, не магла не зьнікнуць, бо яшчэ да пачатку другога тысячагодзьдзя апынулася паміж славянамі. Славяне былі з усходу, славяне былі і з захаду; дый і на поўдзень таксама былі славяне. І ўсе яны ўрэшце сталі звацца русьсю. Дык трэба ж было іх неяк адрозьніваць, каб не блытацца ў размовах аб іх.
    Калі ўзьніклі назвы Белая Русь, Чорная Русь, Чырвоная /Паўднёвая/ Русь? Ужо выяўлена, што Белая Русь існавала і пры Міндоўгу. Але я думаю, што гэтая назва мае яшчэ болей старажытную гісторыю. Белая Русь, Чорная Русь, Чырвоная Русь нарадзіліся тады, калі ўсе пляменныя назвы праваслаўных славянаў сталі замяняцца на русь. А гэта, мусібыць, ці не пачатак другога тысячагодзьдзя.
    Зразумела, чаму “Белая Русь” захавалася і нават пашырылася на новыя тэрыторыі, а “Чорная Русь” не прыжылася: бо для славянаў “чорны” гучала не як “заходні”, а як “нядобры”, “змрочны”, “нячысты”. А вось “Чырвоная Русь” фактычна жывая і цяпер, бо, як і “Белая”, не выклікае благіх асацыяцый.
    У Вялікім Княстве ЛітоўскІм князі былі з паходжаньня ліцьвіны, канцылярысты розныя - таксама. Усе яны карысталіся тэрмінамі Белая Русь, Чорная Русь, Чырвоная Русь як цалкам зразумелымі. Тэрміны ўключаліся ў дакумэнтацыю і рассылаліся па сьвеце. Замежныя вандроўнікі свой шлях па Літве звычайна пачыналі са сталіцы, з размоў пра край у ёй. Дасьведчаныя людзі, характарызуючы ім склад гаспадарства, таксама ўжывалі гэтыя назвы для азначэньня асобных частак. Белая Русь, Чорная Русь, Чырвоная Русь пераходзілі ў сьвядомасьць іншаземцаў. Але пры гэтым тыя штось не дачувалі, штось блыталі, штось забывалі. Таму ў сьведчаньнях такіх падарожнікаў і няма дакладнага адказу, дзе ж канкрэтна былі межы Белай Русі, Чорнай і Чырвонай.
    Ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што мы як былі, так і засталіся Белай, Ранішняй Русьсю - маладым народам, які толькі пачынае свой дзень. Можа, гэта і цудоўна? Раніца - час бадзёрасьці, сьвежасьці, надзей. Да нашага вечара так яшчэ далёка!
 
 
    Ганарар за гэты артыкул аўтар просіць пакінуць у рэдакцыі, на патрэбы “ЛіМа”.
    677007 Россия - Саха гор. Якутск, 7 ул. Октябрьская, д. 5, кв.7 Ласкову Ивану Антоновичу
    /Машынапіс/

                                                                       ДАВЕДКА
 
    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz