sobota, 14 listopada 2015

ЎЎЎ 1. Я - Іван Ласкоў. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2015.






    Іван Ласкоў
                                                                    ПАМЯЦЬ  ЗЯМЛІ
                               (Разьдзел з рукапісу кнігі “Летапісная літва. Сваяцтва і лёс”)
    Мы ўжо гаварылі: вызначаць старажытныя этнічныя межы па чарапках гаршчкоў, на якіх няма аніякіх моўных адзнак, рызыкоўна. Што цяпер, пасьля адкрыцьця вэнгерска-летувіскіх моўных паралеляў, рабіцьмуць тыя, хто дзесяцігодзьдзямі сьцьвярджаў, што культура штрыхаванай керамікі (I тыс. да н.э. - 1 палова I тыс. н.э.) належыць балтам? Але адмаўляць якое б там ні было значэньне археалёгіі для высьвятленьня этнічных працэсаў мінулага няварта. Важна толькі, каб разгляд археалягічных знаходак рабіўся аб’ектыўна, з улікам не толькі блізкага, але і далёкага, а іншы раз і вельмі далёкага матэрыялу - гэта значыць, каб кругагляд археоляга-аналітыка быў як мага шырэйшы.
    Вернемся да старажытнасьцяў, што абвешчаныя балцкімі. Ці параўноўваліся яны з матэрыялам нябалцкіх тэрыторый? Па-мойму, не. Усё “балцкае” лічыцца балцкім аксіяматычна, згодна з прынцыпам: гэта так, бо іначай быць не можа. А давайце прыгледзімся да такой важнай праявы чалавечага, як пахаваньні.
    У 1987 годзе ў Маскве археолягі выдалі вялікую і прыгожую кнігу на глянцавай паперы “Фннно-угры и балты в эпоху средневековья” (адказны рэдактар і адзін з аўтараў - доктар гістарычных навук В. В. Сядоў). Яна не проста апісвае знаходкі на балцкіх і фіна-вугорскіх тэрыторыях, а яшчэ і робіць спробы хоць неяк паказаць гісторыю этнасаў. Першая частка яе называецца “Фннно-угры”, другая – “Балты” (аўтар усёй другой часткі - В. Сядоў).
    Што ж цікавага маецца ў гэтай кнізе адносна старажытнасьцяў Летувы? А вось што. Аказваецца, паводле пахавальнага абраду тэрыторыя ейная выразна падзяляецца на тры часткі: адна - ад Балтыйскага мора да ракі Дубіса, другая – ад Дубісы да ракі Швянтойі, трэцяя - на ўсход ад Швянтойі, да мяжы з Беларусьсю. І аўтар лічыць, што заходняя частка ў мінулым належала племю жамойтаў, сярэдняя - аўкштотаў, а ўсходняя - племю літва, якое ён з аўкштотай не зьмешвае.
    У археалягічным сэнсе гэтыя землі характарызуюцца наступным чынам: “Магільнікі жамойтаў у другой палове I - пачатку II тысячагоддзяў зьяўляюцца грунтавымі і цяпер не маюць аніякіх наземных прыкметаў. <...> У V-IX стагоддзях непадзельна панаваў абрад целапакладаньня» (ФУБ, с. 383), г. зн. над магіламі не рабілася насыпаў, а нябожчыка клалі ў яму некранутым. “У ІХ-Х стст. у выглядзе рэдкага выключэньня на жамойцкіх магільніках зьяўляюцца трупаспальваньні. З XII стагодзьдзя яны практыкуюцца часьцей, але пераважна на ўскраінах арэалу жамойтаў. Пахаваньні па абраду крэмацыі выконваліся ў прадаўгаватых ямах... глыбінёй 0,35-0,70 м. Спальваньне нябожчыкаў рабілася ўбаку”, г. зн. не ў самой магіле, дзе рэшткі спаленых касьцей складваліся купкай (ФУБ, с. 384). “У X-XII стст. у рэдкіх выпадках разам з нябожчыкам хавалі і каня” (ФУБ, с. 383).
    На ўсход і паўднёвы захад ад “арэала жамойтаў”, у басэйне ракі Нявежыс, у нізоўях правабярэжжа ракі Нярыс і ў парэччы Нёмана ад вусьця Нярыс да горада Смалінінкай (на думку В. Сядова, землі аўкштоты) “вылучаецца своеасаблівая група магільнікаў. Яны зьмяшчаюць захаваньні паводле абраду трупаспальваньня, які часта суправаджаецца трупапакладаньнем коней” (ФУБ, с. 387). Пахаваньні такія ўжываліся тут не спрадвечна. Першапачаткова ў “Аўкштоце” былі такія ж, як і надалей у “Жамойці”: грунтавыя, без насыпаў, з целапакладаньнем. У стагоддзях зьяўляецца і трупаспальваньне, нароўні з целапакладаньнем. А пачынаючы з VII стагодзьдзя, “у магільніках аўкштоцкага рэгіёну пануе трупаспальваньне. Крэмацыя нябожчыкаў рабілася ўбаку. Для захаваньня выкопваліся круглыя або авальныя ямы... Кальцынаваныя косткі складваліся на дно невялікай купкай. Усе захаваньні бязвурнавыя” (ФУБ, с. 387). “У Х-ХІІ стст. на магільніках аўкштотаў... побач з захаваньнямі чалавека сталі хаваць коней. Абрад пахаваньня людзей заставаўся ранейшым (трупаспальваньне). <...> У аўкштоцкім рэгіёне даследавана болей за 1 тысячу конскіх захаваньняў” (ФУБ, с. 389).
    “Пахавальнымі помнікамі плямённай групоўкі літва, - працягвае В. Сядоў, - былі курганы, што атрымалі ў навуковай літаратуры найменьне ўсходнелітоўскіх”. Тэрыторыя літвы ў сувязі з гэтым вылучаецца сярод суседніх балтыйскіх плямёнаў выразна” (ФУБ, с. 390). Усяго вядома каля 7 000 усходнелітоўскіх курганоў, вышынёй да паўтара і болей мэтраў.
    У самых раньніх курганах (ІV-V стст.) сустракаюцца трупапакладаньні ў падкурганных ямах. Часам побач з мужчынам у адной падкурганнай яме хаваўся конь. У V стагодзьдзі ў курганах зьяўляюцца рэшткі крэмацыі, а ў VI ст. яны ўжо дамінуюць. Найболей позьнія трупапакладаньні адносяцца да сярэдзіны VI стагодзьдзя. Спаленыя косьці клаліся або пад курган, або ў сам курган на рознай вышыні, іншым разам пад ягонай вяршыняй (ФУБ, с. 392).
    Але гэта яшчэ не ўсё. “На працягу ўсяго пэрыяду бытаваньня трупаспальвання ва ўсходнелітоўскіх курганах захоўваўся звычай хаваць каня. Найбольшага распаўсюджаньня ён дасягае напрыканцы першага і на пачатку другога тысячагодзьдзя н. э. Няспаленага або спаленага каня звычайна хавалі асобна ад чалавека, насыпаючы яму спэцыяльны курган. <...> Заўважана, што для паўднёвай часткі арэалу ўсходнелітоўскіх курганоў характэрныя былі захаваньні спаленых коней” (ФУБ, с. 393).
    Арэал усходнелітоўскіх курганоў заходзіць і ў Беларусь. “У канцы I - на пачатку II тысячагодзьдзя ў басэйне Верхняй Віліі, як і ва ўсходняй Летуве, шырокае распаўсюджаньне атрымалі захаваньні коней, што зьявіліся ў сярэдзіне I тысячагодзьдзя. Спаленага або няспаленага каня хавалі звычайна асобна ад чалавека” (Я. Г. Зверуго, с. 27). Спаконвечным курганны абрад у Летуве В. Сядоў не лічыць: “Цалкам відавочна, што курганны абрад ва ўсходнія раёны сучаснай Летувіскай ССР прыйшоў з сярэдзінных паўночных раёнаў Летувы, а таксама сумежных з імі раёнаў Латвіі, дзе курганныя пахаваньні вядомыя з першых стагоддзяў нашай эры” (ФУБ, с. 395).
    Што ж вынікае з пераказанага і працытаванага? Што да IV-V стагоддзяў н. э. па ўсёй тэрыторыі Летувы, відавочна, панаваў адзін пахавальны абрад: трупапакладаньне ў ямах без аніякіх насыпаў. У IV стагодзьдзі над імі ва ўсходняй Летуве пачынаюць насыпаць курганы. У V стагодзьдзі ва ўсходнелітоўскіх курганах зьяўляюцца рэшткі крэмацыі, а да сярэдзіны VI стагодзьдзя трупаспальваньне робіцца тут пануючым. У “Аўкштоце” курганоў над магіламі па-ранейшаму не насыпаюць, але з VII стагодзьдзя і тут спальваюць трупы. У “Жамойці” ж трупаспальваньне зьяўляецца толькі ў IX стагодзьдзі, і то “ў выглядзе рэдкага выключэньня”. Ва ўсходняй Летуве яшчэ ў часы падкурганнага трупапакладаньня пачынаюць хаваць разам з чалавекам каня. Гэты звычай у пэрыяд курганнага трупаспальваньня робіцца пануючым. У “Аўкштоце” хаваць з чалавекам каня пачынаюць толькі ў X стагодзьдзі. Захаваньні з канём асаблівага размаху дасягаюць тут у Х-ХІІ стагоддзях. У “Жамойці” ж вельмі рэдкія, прычым толькі на мяжы з “Аўкштотай”, захаваньні з канём зьяўляюцца ў X-XII стагоддзях. Тут пануючым застаецца аж да канца дахрысьціянскага часу пахаваньне няспаленага цела ў яме без насыпу, без каня.
    Трупапакладаньне і трупаспальваньне, захаваньне без каня і з канём - гэта вельмі розныя звычаі, можна сказаць, супрацьлеглыя. Гэтаксама і насыпаньне курганоў - вельмі сур’ёзнае адрозьненьне ад простага закопваньня нябожчыкаў. За ўсімі гэтымі звычаямі стаіць зусім рознае сьветасузіраньне, зусім розныя рэлігійныя ўяўленьні. Чым жа выклікалася іх зьмена? На такое пытаньне В. Сядоў адказу не дае. Адзінае, што ён сьцьвярджае, - гэта што курганны абрад ва ўсходнюю Летуву прыйшоў з Латвіі, дзе зьявіўся раней. А ў Латвіі адкуль ён узяўся? Над гэтым аўтар не задумваецца зусім. Трупаспальваньне, лічыць ён, на тэрыторыі Летувы было спаконвечным, бо ішло ад носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі (ФУБ, с. 395). Але чаму яно па ўсёй Летуве на доўгі час замянілася на трупапакладаньне, а потым ва ўсходняй Летуве і ў “Аўкштоце” вярнулася зноў, у “Жамойці” ж зьнікла назусім? І на гэтым аўтар не спыняецца...
    Чаму не спыняецца - зразумела. Бо ўсе гэтыя зьмены, зыходзячы з адвечнага жыцьця-быцьця балтаў у Летуве, не вытлумачыш. Або вытлумачыш так, што самому няёмка будзе. Дык лепш зрабіць выгляд, што праблемы не існуе. Але ж ці можа навука, хай і такая прыблізная, як археалягічная этналёгія, абмяжоўвацца канстатацыяй фактаў?
    Думаецца, не трэба быць вельмі здагадлівымі, каб зразумець, што пералічаныя зьмены пахавальнага абраду не маглі адбыцца без вонкавага штуршка. Рэлігійныя ўяўленьні, асабліва зьвязаныя з “тым сьветам”, - рэч вельмі кансэрватыўная. Вось характэрны прыклад. Да прыходу расейцаў (XVII ст.) якуты хавалі сваіх нябожчыкаў... на дрэвах, ставячы труну-калоду з нябожчыкам на памост-арангас. Расейскай адміністрацыі давялося прыкласьці нямала намаганьняў, перш чым якуты сталі хаваць сваіх нябожчыкаў у зямлі. Зразумела, што ў Прыбалтыцы першага тысячагодзьдзя, дзе ў той час не было дзяржавы, ніхто нікому не мог загадаць хаваць так, а не іначай. Значыць, зьмены пахавальнага абраду маглі выклікацца толькі прыходам этнічных груп з іншымі звычаямі і звычкамі.
    А цяпер падумаем, адкуль жа прыйшлі тыя этнічныя групы, з якіх ляндшафтаў? Можа, пачнем з курганоў. Навошта яны ў лясным краі? Тут не бывае моцных вятроў. Невялікі грудок, насыпаны над магілай, трымаецца да двух дзесяцігодзьдзяў і не дае хаваць на тым самым месцы новага нябожчыка. Іншая рэч - стэп, дзе вецер дзьме і дзьме безупынку, узмацняючыся да ўраганаў. Тут, каб магіла захавалася, грудка мала. Тут патрэбны вялікі курган, цяжкі і трывалы. Апрача памяці пра нябожчыка, курганы, бачныя ў стэпах здалёк, выконваюць і арыентыровачную функцыю, што пры дагістарычным бездаражы было выключна важным. Вось і думаецца, што курганы ў Латвіі, а потым і ў Летуве зьявіліся не самі па сабе, а з прыходам нейкіх людзей, што мелі дачыненьне да стэпу. Зразумела, курганам Латвіі і Летувы далёка да стэпавых па вышыні. Але пасярод лясоў насыпаць высокія курганы і не было патрэбы. Тут захоўваліся (і захаваліся да нашых дзён) і значна ніжэйшыя. Можна было іх і ўвогуле не насыпаць. Але адмовіцца ад курганоў адразу не даваў звычай, што, можа, трымаўся тысячы гадоў.
    Цяпер пра захаваньні коней, што ўзьнікаюць ва ўсходняй Летуве (і на прылеглых мясьцінах Беларусі) адначасова з курганамі. Ці маглі людзі, якія жылі тут спрадвечна, - раптам, без дай прычыны ўвесці такі своеасаблівы звычай? Давайце разьбірацца. Летува, як і Беларусь, край лясны і сёньня, а паўтары тысячы гадоў назад, мусібыць, уяўляў з сябе амаль непраходныя нетры. Чым жа займаўся ейны жыхар у тыя часы? “На жаль, - піша В. Сядоў, - ворыўных прыладаў працы (плуга, сахі. - І. Л.) у помніках другой паловы I тысячагодзьдзя н. э. (у Летуве. - І. Л.) пакуль не знойдзена” (ФУБ, с. 395). Ворыўнае земляробства тут узьнікла толькі ў XIII стагодзьдзі. Значыць, у ІV-V стагоддзях было толькі прымітыўнае, матычнае земляробства, якое амаль не прыносіла плёну і для якога конь не быў патрэбны. Чым жа тады карміўся чалавек? Зразумела, тым, чым да ўзьнікненьня земляробства ўвогуле - паляўнічай ды рыбацкай здабычай. А ці вялікую карысьць мог прынесьці на паляваньні або рыбацтве конь? Гнацца за дзічынай па пушчанскіх нетрах на кані немагчыма; на ім можна толькі даехаць да месца паляваньня ды адвезьці дадому здобыч, але ж у краі, парэзаным рэкамі і рачулкамі, гэта зручней было рабіць на лодцы. Што ж да рыбацтва, то ў ім лодка мае перад канём такія ўражальныя перавагі, што іх і даводзіць не трэба. Лодка была і галоўным транспартным сродкам. Што ж заставалася на долю каня? Імчаць коньніка ў бітву? Але ці былі тады ў Летуве конныя войскі? Вельмі сумніўна.
    Трэба дадаць яшчэ і такую акалічнасьць. У лясах Летувы, як і Беларусі, доўгі час (аж да канца XVIII стагодзьдзя) захоўваліся дзікія лясныя коні. Людзі на іх палявалі, іхняе мяса ўжывалася ў ежу. Зразумела, аднак, што галоўным аб’ектам паляваньня лясны конь быць не мог: на гэтую ролю прыдаваліся алені, дзікі, зубры і інш., з больш смачным мясам.
    Ужывалася ў ежу і малако кабыл. Але, ізноў-такі, ці магло тое малако канкурыраваць з малаком каровы? Таму ў гаспадарках утрымлівалася значна больш рагатага быдла, чым коней. І, як паказвае астэалягічны матэрыял тагачасных паселішчаў, на першым месцы ў ім ідуць косткі кароў, на другім - сьвіней, на трэцім - козаў ды авечак (ФУБ, с. 396).
    Што ж атрымліваецца: у гаспадарцы больш карыснай, чым конь, была карова, як аб’ект паляваньня важнейшым быў алень і дзік, у ваеннай справе конь яшчэ не ўжываўся... Чаму ж менавіта каня сталі хаваць разам з людзьмі?
    Сакрэт, несумненна, у тым, што гэта рабілі зусім не тыя людзі, якія жылі ў Летуве спрадвеку. Гэта падкрэсьліваецца яшчэ і тым, што не ўсе жыхары Летувы ўзялі звычай на ўзбраеньне: “жамойты” ж хаваць коней не сталі! Гэта рабілі толькі “літва” ды “аўкштота”. Значыць, яны і прынесьлі аднекуль звычай. Адкуль? Адтуль жа, што і курганны абрад: са стэпаў або з тэрыторый, памежных са стэпам.
    Для таго, каб паверыць у гэта, давайце падумаем, чым быў конь для стэпавіка. Чалавек стэпаў земляробствам, як і лоўляй рыбы, не займаўся зусім. Яго галоўнай крыніцай жыцьця была качавая жывёлагадоўля - выпасваньне статкаў. Ад іх качэўнік атрымліваў мяса і малако, скуры для сваёй вопраткі, воўну для лямцавых юртаў. Зразумела, што для таго, каб забясьпечыць усім гэтым сем’і, што харчаваліся без хлеба, без гародніны, статкі мусілі быць вельмі вялікімі - у сотні і тысячы авечак, кароў і іншага быдла.
    Адкуль жа ўзялося ў чалавека гэтулькі жывёлы? Розныя дасьледчыкі, у тым ліку і нашы сучасьнікі, выказваюцца ў тым сэнсе, што качавая жывёлагадоўля вырасла з аселай, г. зн. спачатку чалавек прыручыў у адзінкавай колькасьці маладняк розных дзікіх жывёлаў, а потым, размножыўшы вялікія статкі, пусьціўся з імі ў бясконцую вандроўку па стэпах (гл. В. А. Шнирельман. Происхождение скотоводства. М., 1980, с. 237 і далей). Мабыць, аўтары падобных выказваньняў не разумеюць самі, што пішуць. Можа, качэўніку ягонае жыцьцё і здаецца нармальным, чымсьці прывабным, але ж зусім іншы погляд на качэўніцтва ў аселых земляробаў. Аселы мае трывалы, надзейны дом, участак зямлі, на якім ён можа рабіць усё, што яму трэба; усё, што зробіць, застаецца пры ім; ён мае пастаянную і надзейную крыніцу ежы - свае палеткі. Калі ж у яго яшчэ і шмат быдла, дык ягонае жыцьцё ўвогуле робіцца сытым і заможным. Качэўнік вымушаны пастаянна цягацца за сваімі статкамі, жыць у шатры, што мала засланяе ад сьцюжы, круглыя суткі пасьвіць ды ахоўваць ад драпежнікаў сваё быдла, мець рэчаў не болей, чым можна вазіць з сабой. Таму ў гісторыі невядомыя выпадкі, калі б аселыя земляробы сталі качэўнікамі-жывёлаводамі. А калі ў каго зьяўляўся лішак быдла, то яго ж можна было або зьесьці, або прадаць. Такім чынам, такая схема ўзьнікненьня качавой жывёлагадоўлі выключаецца.
    А якой яна была ў сапраўднасьці? Геніяльную думку на гэты конт яшчэ ў 1900 годзе выказаў польскі пісьменьнік, дасьледчык этнаграфіі якутаў ВацлаўСерашэўскі. Незьлічоныя статкі капытных - авечак, кароў, коней і іншых - існавалі ў стэпах спрадвечна, і чалавек тут абсалютна ні пры чым. Ён на зары свайго існаваньня паляваў у пушчах, дзе заўсёды можна высачыць здобыч, паставіць пастку, выкапаць яму і гэтак далей. Але зьвяры ў лясах рэдка ходзяць вялікімі чародамі. Каб падтрымліваць сваё жыцьцё, паляўнічы мусіў увесь час шукаць і шукаць здабычу. Таму ён з зайздрасьцю глядзеў на вялікія статкі жывёлаў, што насіліся сюд-туд па стэпах і тундрах. І вось аднойчы ён адважыўся выбрацца ў стэп, каб болей у лес не вяртацца. З гэтага часу людзі, што сталі стэпавікамі (або тундравікамі), ужо не адставалі ад статкаў, да якіх прымацаваліся, як абцугамі. Жывучы гэтымі статкамі, яны адначасова і ахоўвалі іх ад ваўкоў, чым зьберагалі для сябе болей мяса. Ішлі стагодзьдзі. Паступова жывёлы сталі прывыкаць да таго, што ўсьлед за імі нястомна ідзе двухногае стварэньне, рэжа іх і доіць, а калі трэба, і ратуе.
    Я тут не цытую Серашэўскага, а хутчэй разьвіваю ягоную думку, выказаную даволі скупа. (гл. W. Sіеrоszеwskкі. Dzіełа. Кrаków, 1961, t. ХVІІ(І), s. 161-162). Як усё геніяльнае, яна надзвычай простая і відавочная. Чаму ж да яе не прыйшоў аніхто іншы? Мусіць, таму, што эўрапейская навука мае вельмі цьмянае ўяўленьне пра прыроду стэпаў і жыцьцё качэўнікаў. У прыватнасьці, дасьледчыкі не ведаюць, што яшчэ да нядаўняга часу ў стэпах меліся вялікія статкі не толькі свойскія, але і дзікія, а ў тундрах і сёньня дзікіх аленяў амаль гэтулькі ж, як і свойскіх; што стэпавае і тундравае свойскае быдла і да гэтага часу напалову дзікае і як толькі апека чалавека над ім прыпыняецца, вельмі хутка зусім дзічэе. У прыватнасьці, свойскае аленяводзтва штогод губляе шмат пагалоўя з-за таго, што свойскія алені ўцякаюць да дзікіх. Таму немагчыма не пагадзіцца з Серашэўскім, калі ён піша, што прыручэньне статкаў цягнулася стагодзьдзі. Чалавек жа не прыносіў статкам вялікай карысьці. Ён іх нічым не карміў, сена ім не касіў: стэпавыя капытныя пасьвяцца круглы год, і зімой здабываюць сухую траву з-пад сьнегу, якога тут вельмі мала. Чалавек у стэпе прападзе без статку, а статак без чалавека можа жыць. Безумоўна, са стэпавага быдла першай была асвоеная авечка, - за авечкамі чалавеку цікаваць было лягчэй. І няма аніякага сумніву, што апошнімі былі прыручаныя табуны коней - самай хуткаходнай жывёліны стэпу. Але, вядома, асобныя коні, выгадаваныя са злоўленых жарабятаў, паявіліся ў качэўнікаў задоўга да конскіх табуноў. Вось гэта і стала пераломным момантам у гісторыі стэпу. Сеўшы на каня, чалавек стаў гаспадаром бязьмежных прастораў. Цяпер ён мог без цяжкасьці дагнаць свой статак і накіраваць яго ў патрэбным кірунку. Коньнік мог адначасова сачыць і за некалькімі статкамі, што без каня аніяк не ўдавалася. Такую вялізную ролю адыграў конь ва ўмацаваньні стэпавага ладу жыцьця. І ўжо за адно гэта стэпавік павінен быў абагаўляць каня. А гэта ж яшчэ не ўсё. Едучы на кані, чалавек ужо не трапляў пад капыты і рогі быкоў; болей пасьпяхова змагаўся з ваўкамі. Далей: стэпавік карміўся не толькі свойскімі статкамі. Важнае месца ў ягоным жыцьці займала і паляваньне на яшчэ дзікіх капытных. А стэп “прастрэльваецца” вачмі на шмат кілямэтраў. Падкрасьціся да дзікага быдла, калі яно пасьвіцца на адкрытай прасторы, немагчыма. На кані ж яго можна проста дагнаць. Калі ж у стэпе, дзе фактычна няма дзе схавацца, пачаліся ўзброеныя сутычкі паміж людзьмі, а потым і войны, дык і цяпер чалавек на кані меў перад пешым каласальную перавагу, бо мог імкліва напасьці і гэтак жа імкліва ўцячы, а чалавек без каня аказваўся цалкам безабаронны. Дый увогуле: што такое чалавек без каня ў стэпе? Ён асуджаны на гібель, на сьмерць, бо не ў стане здабыць сабе ежу. Дык, можа, той першабытны паляўнічы, што ўпершыню выйшаў з лесу ў стэп, ужо меў каня? Мы ж ведаем, што, апрача стэпавага, быў яшчэ і лясны конь, жарабятаў якога мог прыручыць пушчанскі паляўнічы. Бо вельмі цяжка ўявіць сабе, як мог чалавек пешкі рухацца хаця б за статкам авечак. Тыя статкі ж прывыклі ўцякаць ад ваўкоў, дык мусілі бегаць дастаткова хутка.
    У качэўнікаў дзіця - хоць хлопца, хоць дзяўчынку - саджалі на каня, калі яно яшчэ і хадзіць не ўмела. І не злазіў з сядла чалавек аж да сьмяротнай хваробы, бо яно праз усё жыцьцё было ягоным рабочым месцам. А колькі разнастайных абрадаў ды гульняў зьвязана ў стэпавікоў з канём! Колькі аб ім складзена казак, песьняў, легенд!
    Такім чынам, пры жыцьці стэпавік быў непадзельны з канём. Натуральна, што, паводле рэлігійных уяўленьняў, конь мусіў служыць чалавеку і пасьля сьмерці.
    Этнаграфія стэпавікоў вывучаная слаба, працы па ёй рэдкія і скупыя. Але ці варта сумнявацца, што звычай хаваць чалавека з канём ідзе ад стэпавікоў, для якіх, па-першае, конь так шмат значыў і, па-другое, якія мелі коней дастаткова, каб іх нават хаваць. Прынамсі, качэўнікі-вэнгры такі звычай мелі. І іх дахрысьціянскія могільнікі якраз такія - тут пераважалі захаваньні з канём (ФУБ, с. 327).
    Такім чынам, звычай хаваць нябожчыкаў у курганах ды яшчэ з канём - безумоўна аніяк не мог скласьціся сам сабой у лясной Летуве. Хто ж яго прынёс сюды? Летапісная літва? Але ж мы назву “літва” пераклалі ўжо як “балотнае племя”, а не “стэпавае”.
    Праўда, мы не ведаем, колькі часу літва жыла на Олце і адкуль яна туды прыйшла. А што пермскія плямёны займалі Дунайскі басэйн не спрадвечна - гэта ясна: тыя рэкі, што ў ім носяць цяпер пермскія імёны, у часы Герадота называліся іначай. А вось што піша БСЭ (выд. 2-е, т. 37, с. 337): “У 6 ст. да н. э. на тэрыторыю Румыніі пранікаюць з усходу качэўнікі-скіфы». Скіфаў мы прывыклі лічыць іранамоўнымі. Але гэта агульная грэцкая назва вялікай колькасьці розных плямёнаў. І хто сказаў, што ўсе яны былі іранскімі? У пермскіх мовах шмат іранскіх словаў. Ці не ад іранамоўных скіфаў часткова запазычваліся яны? У сваю чаргу, і скіфы мелі пермскія словы. “Греческо-русский словарь” 1899 года (складальнік А. Вейсман) з паказчыкам “скіфскае” падае ЕNАRЕЕС (энарээс) “жанчынападобны мужчына”. А ў комі мовах энь – “самка”.
    Адсюль вынікае, што пярмяне, у тым ліку і продкі літвы, цалкам маглі быць сярод скіфаў і разам з імі “пранікнуць” у Румынію. Тут, у новых умовах жыцьця, яны маглі і асесьці на балотах, страціўшы большую частку быдла, што прыгналі са стэпаў, але захаваўшы стэпавы пахавальны абрад. Рэлігійныя ўяўленьні паганаў - рэч выключна трывалая, у чым пераканалася не адно пакаленьне місіянэраў, што спрабавалі хрысьціянізаваць літву.
    Стэпавыя звычаі маглі трымацца ў “абалотненай” олцкай літвы яшчэ і таму, што побач безупынку праносіліся ўсё новыя качэўнікі: сарматы, гуны ды іншыя. І ўсё ж: разважаньні - не факты. Вось калі б мы цьвёрда ведалі, што на Олце маюцца курганныя захаваньні з канём, то можна было б прама зьвязаць іх з усходнелітоўскімі курганамі. Ды, на жаль, літаратуру па археалёгіі Румыніі адшукаць не ўдалося.
    Таму паспрабуем пайсьці іншым шляхам. На працягу ўсёй гэтай кнігі даводзілася, што літва была этнасам пермскім. А што пішуць пра пахавальныя звычаі прыўральскіх пермскіх тэрыторый?
    З працы “Финно-угры и балты в эпоху средневековья” вынікае, што ў Комі рэспубліцы і Пермскай вобласьці ў першым тысячагодзьдзі нашай эры было шырока распаўсюджанае як трупапакладаньне, так і трупаспальваньне. Большасьць захаваньняў - грунтавыя (без насыпаў). Але ў Верхнім Прыкам’і маецца вялікая група курганных магільнікаў. Захаваньні ў іх - бірытуальныя, г. зн. як па спосабу трупапакладаньня, так і трупаспальваньня. “Карпатлівы аналіз пахавальнага інвэнтару паказаў, што ён датуецца часам ад IV да VII стагоддзяў” (ФУБ, с. 146). Нагадаю, што і ва ўсходняй Летуве курганы, напачатку з трупапакладаньнямі, зьявіліся ўпершыню ў IV стагодзьдзі. Такім чынам, паміж верхняпермскімі і ўсходнелітоўскімі курганамі можна праводзіць паралель. Але вось якая рэч: у Комі рэспубліцы і Пермскай вобласьці пакуль што не знойдзена захаваньняў з канём, якія зьяўляюцца галоўнай адзнакай археалягічнага гарызонту ўсходняй Летувы. А коней старажытныя пярмяне мелі, прычым нават болей, чым іншай жывёлы: “У складзе статку былі конь, карова, авечкі. Сярод астэалягічнага матэрыялу на першым месцы стаяць косткі каня» (ФУБ, с. 126); «у гаспадарцы харынска-ламаватаўскіх плямёнаў галоўную ролю адыгрывала конегадоўля. Сярод косткаў свойскіх жывёлаў косткі каня ўсюды пераважаюць” (ФУБ, с. 150). Як паказваюць археалягічныя знаходкі, коней прыносілі на могілках у ахвяру; відавочна, іх елі на памінках. Але пахаваньняў каня не адкрыта. Тым часам, пахаваньне з канём - звычай настолькі характаралягічны, што не прыняць яго пад увагу нельга. Дык што, усходнелітоўскія курганы з конскімі захаваньнямі наўрад ці належаць пярмянам?
    Але давайце вернемся да пытаньня, дзе жыла летапісная літва. М. Ермаловіч на падставе летапісных крыніцаў ды тапанімічных дадзеных сьцьвярджае, што ейны арэал не выходзіў за межы сёньняшняй Беларусі. А пахаваньні з канём амаль не выходзяць за межы Летувы. У Беларусі яны агледжваюцца толькі па верхняй Віліі, што геаграфічна непасрэдна зьвязаная з усходняй Летувой гэтай ракою (гл. Я. Зверуго, с. 27,8). А на Наваградчыне, Слонімшчыне ды Ваўкавышчыне неславянскіх курганоў вельмі шмат (гл. Я. Зверуго, карта на с. 8), аднак захаваньняў з канём няма. А характар захаваньняў у тутэйшых курганах прыблізна такі ж, як і ў верхнякамскіх - з трупапакладаньнем або трупаспальваньнем. Розьніца толькі тая, што ў могільніках на поўначы рэшткі крэмацыі хаваліся ў падкурганных ямах, а ў тутэйшых - на зямлі пад курганом або ў самім кургане. Але і ў Беларусі сустракаецца попел у падкурганных ямах (Я. Зверуго, с. 23).
    Значыць, неславянскія курганы Наваградчыны ды вакольных мясьцінаў Беларусі супадаюць з пермскімі, што лішні раз паказвае пермскасьць летапіснай літвы, якая жыла тут. А ўсходнелітоўскія курганы з канём? Яны, верагодна, належаць блізкаму (бо курганы іх з чалавечымі рэшткамі такія ж самыя, што і ліцьвінскія), але іншаму этнасу. Якому?
    Энцыкляпэдыя “Литва” паказвае (гл. с. 135, карта), Што на поўначы літва межавала з дзялтувай, а на ўсходзе - з нальшай. І дарэчы сказаць, на тэрыторыях гэтых плямёнаў усходнелітоўскіх курганоў з конскімі захаваньнямі шмат, што паказвае карта 45 у кнізе “Фмнно-угры и балты в эпоху средневековья”. У прыватнасьці, тыя адзінкавыя захаваньні з канём, што знойдзеныя у Беларусі (верхняя Вілія), разьмяшчаюцца, згодна з энцыкляпэдыяй “Литва”, на тэрыторыі не літвы, а нальшы. Дык ці не лягічна дапусьціць, што і ўсе астатнія захаваньні з канём належаць дзялтуве ды нальшы?
    Энцыкляпэдыя “Литва” (гл. с. 135, карта) адводзіць летапіснай літве вельмі вялікі абсяг: ад Наваградка да ўпадзеньня Віліі ў Нёман. А на поўначы гэты абсяг, паводле карты, яшчэ і прыкметна пераходзіць Вілію. І калі параўнаць гэта з картай 45 (ФУБ), а таксама дадзенымі Я. Зверугі, то атрымліваецца такая дзіўная рэч: прыблізна на палове “літоўскай” тэрыторыі распаўсюджаныя захаваньні з канём, а на другой палове, паўднёвай, іх няма. Так у невялікага племя не бывае, не можа быць.
    Таму натуральна ўзьнікае думка, што мяжа паміж літвой ды дзялтувой, літвой ды нальшай у энцыкляпэдыі “Литва” : праведзеная няправільна, і што прыблізна на сучаснай беларуска-летувіскай мяжы летапісная літва канчалася, далей пачыналася або дзялтува, або нальша, або і тая, і другая.
    Мы практычна нічога не маем ад моваў дзялтувы і нальшы. Затое назвы гэтых плямёнаў вельмі красамоўныя. Перш за ўсё, яны цікавыя тым, што рашуча адрозьніваюцца ад тых формаў, якія дае Іпацьеўскі летапіс - амаль адзіная крыніца па раньняй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага: дзялтува ў ім – “дяволтва” (або “дявельтва”), нальша –“нальшаны”. Чаму ж энцыкляпэдыя “Литва” адмовілася ад гэтых формаў, аддаўшы перавагу “дзялтуве” і “нальшы”? Лічыць іх скажонымі? Але калі скажэньне ішло ў бок ускладненьня назвы? Чалавечы язык мае такую ўласьцівасьць, што любое незразумелае слова схільны ператварыць у штось прасьцейшае, а не наадварот. Так, падобна, і адбылося ў летувіскай гутарковай мове, дзе з дяволтвы за стагодзьдзі атрымалася дзялтува, а з нальшаны - нальша. Бо па-летувіску і дзялтува і нальша нічога не азначаюць!
    Прыслухаемся да слова дзяволтва. Нічога не чуеш, чытач? Або ўсё-такі чуеш у сярэдзіне гэтай назвы знаёмае Олт? Дзяволтва - гэта ж дзяв-олтва, дзяв-олітва, наша літва з папярэднім дзяв-. Дяв- - гэта нібы азначэньне літвы. І азначэньне гэтае таксама пермскае: па-комі дав - “лісцёвы лес, гай на сухім месцы”, “лясная паша”, “сухадол” (КЭСКЯ), “пагорак, дзе сосны” (К. Жаков. Под шум северного ветра, с. 316). Ва ўсіх значэньнях дав - нейкая сухая мясьціна, з соснамі, гаем або лясною пашай. Выходзіць, дзяволтва - гэта олітва, літва сухіх мясьцінаў.
    Цяпер нальшаны. Гэтае слова яўна складаецца з двух. І што ж? Абодва раскрываюцца з пермскага матэрыялу: па-комі нальк – “пастка на дробнага зьвера”, чань – “жарабя”. Налькчань - нальшчаны - гэта такія людзі, якія ловяць у пасткі жарабят, коннае племя. “Коннае племя” - гэта вельмі стасуецца да захаваньня з канём, якое ўжывалі нальшчаны.
    Такім чынам, калі меркаваць па назвах дзяволтва ды нальшаны, то яны таксама былі пермскія або блізкія да пермскіх, асабліва дзяволтва, якая, мажліва, была адломкам літвы (невыпадкова галоўная рака гэтых плямёнаў носіць пермскія назвы: на нальшчанскай тэрыторыі яна Вілія, на дзяволтаўскай - Нярыс). Толькі на сваёй папярэдняй зямлі, у басэйне Дунаю, яны жылі на сушэйшых мясьцінах, бліжэй да качэўнікаў-стэпавікоў, таму і ўжывалі і конскія захаваньні.
    А ці былі захаваньні з канём яшчэ ў каго-небудзь з фінаў? Так, былі. Жыў у ніжнім цячэньні Акі народ мурома, што згадваецца на старонках “Аповесьці мінулых гадоў”. Зьліўся ён з будучымі расейцамі яшчэ ў XI стагодзьдзі. Ад яго засталася назва горада Мурам, былінны асілак Ільля Мурамец ды шэраг археалягічных помнікаў, дасьледаваных толькі часткова. І вось што піша ў ФУБ Л. А. Голубева: “Выдатнай рысай пахавальнага абраду мурамы зьяўляюцца конскія захаваньні. Яны вядомыя з VІ-VІІ стагоддзяў (акурат як ва ўсходняй Летуве! - І. Л.), але большасьць адносіцца да болей позняга часу (і ў гэтым супадзеньне! - І. Л.). Агледжана 96 такіх захаваньняў у 11 магільніках» (с. 85).
    Супадаюць і асобныя рысы захаваньняў. Так, ва ўсходнелітоўскіх курганах “інвянтар конскіх захаваньняў сьціплы. Гэта двухчленныя або трохчленныя цуглі, іншы раз са псаліямі, і жалезныя спражкі” (ФУБ, с. 393); мурама ж нярэдка хавала коней зусім без рыштунку (ФУБ, с. 85). “У выглядзе рэдкага выключэньня, - піша В. Сядоў, - сустракаюцца захаваньні людзей у адным (усходнелітоўскім - І. Л.) кургане з канём” (ФУБ, с. 393). Мурама ж хавала чалавека з канём у адной магіле даволі часта (ФУБ, с. 85).
    Паміж конскімі захаваньнямі ва ўсходняй Летуве і мурамы ёсьць і адрозьненьні. Хаця ўвогуле захаваньні мурамы бірытуальныя. Л. А. Голубева не піша, ці спальвалася пры захаваньнях хаця б частка коней. Нічога не піша і пра курганы: захаваньні мурамы - грунтавыя. Зразумела, што дзяволтва з нальшчанамі і мурама - розныя этнасы. Але, адчуваецца, мелі і шмат агульнага. Як маецца агульнае і ў пахаваньнях мурамы ды прыўральскіх пермскіх. Так, у могільніках вымскай культуры (Комі рэспубліка) сустракаюцца такія захаваньні, калі цела чалавека аказваецца спаленым без галавы, якая папярэдне аддзялялася і пасьля клалася ў магілу разам з рэшткамі спаленых костак (ФУБ, с. 125). Такі самы спосаб захаваньня адзначаны і ў магільніках мурамы (ФУБ, с. 84). У магільніках мурамы і пермскіх знаходзяцца вельмі падобныя рэчы - напрыклад, упрыгожаньні ў выглядзе вісячых на круглай аснове “качыных лапак” (гл. ФУБ, табліцы ХХХL, З - LXV, 26). Немалаважна і тое, што ў комі-пярмяцкай мове маецца слова мурома са значэннем “буры”, “цёмна-карычневы”. “Шматлікія тапанімічныя ды гідранімічныя дадзеныя дазваляюць залічыць мураму да паволжска-фінскага племя, паводле мовы блізкага да мардвы, але якое адрозьніваецца значнай своеасаблівасьцю, - піша Л. А. Голубева. - У IX-XI стст. мурама паводле сумы этнаграфічных прыкметаў, якія могуць быць устаноўленыя археолягамі, выступае як самастойная этнічная супольнасьць» (ФУБ, с. 82). Ці не тыя гэта прыкметы, што набліжаюць мураму да пярмянаў?
    Але вернемся да Летувы. Як павінен памятаць чытач, В. Сядоў паводле захаваньняў I тысячагодзьдзя падзяляе яе на тры часткі: тэрыторыя жамойтаў - на захад ад Дубісы; тэрыторыя аўкштоты - паміж Дубісаю і Швянтойі; на ўсход ад Швянтойі - тэрыторыя племя літва. На першай усё тысячагодзьдзе пануюць звычайныя грунтавыя магільнікі з трупапакладаньнем; на другой - грунтавыя магільнікі з крэмацыяй людзей і трупапакладаннем коней; на трэцяй - усходнелітоўскія курганы са спальваньнем як людзей, так і коней. Прычым у ІV-V стагоддзях пад курганамі хавалі няспаленыя целы, а захаваньняў з коньмі тады не было зусім. Захаваньні з канём зьяўляюцца разам з абрадам і крэмацыі ў V стагодзьдзі.
    З гэтага ясна, што стваральнікі курганоў прыйшлі ва ўсходнюю Летуву дзьвюма хвалямі: спачатку тыя, хто целы не спальваў і коней не хаваў, а праз стагодзьдзе-паўтара - носьбіты абраду хаваньня коней. І тыя, і другія прыйшлі ад нейкіх прыстэпавых прастораў або мелі стэпавае мінулае. І магчыма, у мінулым кантактавалі між сабой яшчэ на сваіх ранейшых землях. Таму іх новая сустрэча адбылася без аніякіх канфліктаў, плямёны сталі жыць і мірна, у выніку чаго першыя перайшлі да абраду крэмацыі.
    Паколькі ў летувіскай мове бачны сьляды суседзтва з вэнграмі, а такое суседзтва не магло мець месца раней за канец IX стагодзьдзя, то трэба думаць, што носьбіты курганнага абраду, якія прыйшлі ў IV-VI стагоддзях, не былі носьбітамі балцкіх гаворак. І мяркуючы па іх назвах (дяволтва, нальшаны), яны належалі да фіна-вугорскіх плямёнаў.
    Тэрыторыя на захад ад Дубісы ў сэнсе пахавальнага абраду практычна не мянялася. Тут панавала аж да хросту трупапакладаньне ў грунтавых ямах без насыпаў. Значыць, і гэтае насельніцтва не было балцкім, бо прыйшло сюды задоўга да перасяленьня “балтаў” з Дунаю.
    А вось “аўкштоты” В. Сядова “балтам” адпавядаюць. На тэрыторыі іх, паміж Дубісай ды Швянтойі, захаваньні а коней, прычым масавыя (“у аўкштоцкім рэгіёне даследавана болей за 1000 конскіх захаваньняў”. - ФУБ, с. 388), зьяўляюцца тут якраз у X стагодзьдзі (гл. тамсама). Гэта не мог быць прыход носьбітаў абраду пахаваньня з канём з усходняй Летувы, бо тут коней, як і людзей, хавалі ў курганах, а “аўкштоты” над магіламі людзей і коней насыпаў не рабілі. Акрамя таго, спальваючы нябожчыкаў, коней яны закопвалі няспаленымі - у адрозненьне ад насельнікаў усходняй Летувы. У міжрэчча Дубісы і Швянтойі ў Х стагодзьдзі відавочна прыйшло новае жыхарства, даволі шматлікае, бо магільнікамі, якія яно пакінула, міжрэчча ўсеяна густа. Яно змагло паўплываць нават на насельніцтва ўсходняй Летувы, што жыло тут ужо каля 400 гадоў: курганы з рэшткамі коней сустракаюцца тут з VI стагодзьдзя, але “найбольшага распаўсюджаньня” гэты звычай “дасягае напрыканцы першага і на пачатку другога тысячагодзьдзя”, г. зн. са зьяўленьнем пахаваньняў з канём у “Аўкштоце”.
    Я бяру тэрміны В. Сядова “Аўкштота”, “аўкштоты” ў двукосьсе таму, што не магу згадзіцца, быццам паміж Дубісай ды Швянтойі ў часы захаваньняў з канём жыла адна аўкштота. Не. Тут прыбышы з Вэнгрыі, што ўзялі ад вэнграў (а можа, яшчэ і раней - ад авараў) абрад пахаваньня з канём, першапачаткова разьмясьціліся ўсе: і аўкштота, і жамойць. На захад жа ад Дубісы жамойці тады не было. Тут жылі галоўным чынам куршы, якія ў наступныя часы перайшлі на мову жамойці, у выніку чаго стварыўся сёньняшні жамойцкі дыялект летувіскай мовы (гл. З. Зинкявичюс. К вопросу о происхождении жемайтского диалекта. - БСН-1982, с. 114-115).
    У далейшым як жамойць, так і аўкштота расьсяліліся з цеснага для сябе ўчастка, балазе мясцовае насельніцтва было рэдкае, і з цягам часу асымілявалі дзякуючы больш высокай культуры, прынесенай з сярэдзіны Эўропы. Дапамагала асыміляцыі, трэба думаць, і тое, што мясцовае жыхарства падзялялася на мноства дробных плямёнаў, што размаўлялі на самых розных дыялектах, не маючы агульнай мовы, а таксама паспрыяла нямецкая агрэсія, супраць якой паганскія плямёны кансалідаваліся вакол жамойці.
    Так памяць зямлі папраўляе няўважлівых дасьледчыкаў, што гатовыя пад папярэднія ўяўленьні падагнаць увесь знойдзены матэрыял.
                                                               ПАДРАХУНАК
    Затрымаемся на гэтым месцы ды азірнёмся назад, наладзім агледзіны: што мы знайшлі на нашай доўгай дарозе?
    Нагадаю, што пачалася яна са сьцьвярджэньня М. І. Ермаловіча, што аніводнае імя літоўскіх князёў не адшыфроўваецца з летувіскай мовы. Гэты тэзіс намі правераны са слоўнікамі ў руках. Сапраўды, большасьць імёнаў летапіснай літвы не мае этымалёгій у летувіскай мове. А адсутнасьць канцовага -с гаворыць за тое, што яны і ўвогуле не балцкія.
    Якое ж паходжаньне гэтых імёнаў? Аніводная з трох вэрсій, прапанаваных іншымі дасьледчыкамі: што яны скажоныя хрысьціянскія, нехрысьціянскія славянскія, скандынаўскія - выпрабаваньня фактамі не прайшла.
    Яшчэ ў 1989 годзе ў артыкуле “Племя пяці родаў” (“Літаратура і мастацтва”, 18 жніўня), абапіраючыся на тое, што назва літва канчаецца на -ва, як дзесяткі розных назваў Беларусі, а гэта канчатак пермскі (-ва ў комі мовах – “рака”), аўтар выказаў здагадку, што літва была племем пермскім, і паспрабаваў адшыфраваць каля дзесятка ліцьвінскіх імёнаў з дапамогай комі-пярмяцкай мовы. У далейшым, па-першае, быў значна пашыраны кантынгент ліцвінскіх імёнаў, па-другое, аўтар зьвярнуўся і да матэрыялу іншых пермскіх моваў - комі-зыранскай ды удмурцкай. У выніку высьветлілася, што кірунак выбраны правільна і імёны летапіснай літвы сапраўды раскрываюцца з пермшчыны.
    Для пацьвярджэньня або абвяржэньня таго, што летапісная літва была па мове блізкай да сучасных пермскіх народаў, аўтар разгледзеў гідранімію раёнаў Беларусі, на якіх, як даведзена М. І. Ермаловічам, разьмяшчалася летапісная літва. Высьветлілася, што ранейшае ўяўленьне аб гэтай тэрыторыі як суцэльна балцкай не вытрымлівае крытыкі. Больш за палову тутэйшых гідронімаў - пермскія. Яны не толькі паўтараюцца на сучасных пермскіх тэрыторыях (Нёман, Шчара, Зэльва ды інш.), але і без цяжкасьцяў адшыфроўваюцца з пермскіх моваў. Большасьць такіх гідронімаў мае пермскія гідранімічныя канчаткі-тэрміны (ва, адз ды інш.). Летувіскіх жа гідронімаў на разгледжанай тэрыторыі практычна няма, а тыя летувіскія этымалёгіі, якія прапаноўваліся раней, пры аб’ектыўным аналізе адхіляюцца.
    На цеснае суседзтва продкаў сёньняшніх летувісаў і нейкага пермскага этнасу паказваюць шматлікія летувіска-пермскія лексычныя паралелі, адкрытыя рознымі дасьледчыкамі, у тым ліку аўтарам гэтых радкоў (усяго ў болей за 100).
    Дасьледуючы пытаньне, якім чынам пермскае племя магло апынуцца ў Беларусі, аўтар разгледзеў гідранімію Усходняй і Цэнтральнай Эўропы і напаткаў цэлы россып пермскіх рачных назваў у басэйне Дунаю. А ўдакладняючы магчымасьць гэтага нечаканага факту, адкрыў і яшчэ большую неспадзеўку. Аказалася, што ў пермскіх мовах да 140 словаў супадае з лацінскімі, да 80 - з грэцкімі, да 60 - з румынскімі, да 40 - з нямецкімі. Такім чынам, абсалютна бясспрэчна, што на пачатку нашай эры эўрапеоідныя па расе пермскія плямёны разьмяшчаліся ў басэйне Дунаю, адкуль і рушылі, згодна з гідраніміяй, на Днестр, Днепр, Дон, дзе частка іх засталася і пасьля асымілявалася славянамі, а частка дайшла да Урала, дзе сама асымілявала паўночных мангалоідаў, у выніку чаго ўтварыўся ўральскі, пераходны расавы тып.
    Як сьведчаць гістарычныя дакумэнты, што згадваюцца ў кнізе М. І. Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, яшчэ ў XII стагодзьдзі на дунайскім доплыве Олце была мясцовасць Літва. Аўтар дасьледаваў гідранімію паміж Олтам і Беларусьсю і ўстанавіў, што на гэтай прасторы шмат пермскіх гідронімаў. Такім чынам, трэба згадзіцца, што літва прыйшла ў Беларусь з Олта.
    У сваю чаргу, балты таксама не займалі адвечна тыя тэрыторыі, на якіх жывуць сёньня. Аб гэтым сьведчаць адкрытыя аўтарам летувіска-вэнгерскія лексычныя паралелі (усяго каля 70). Вядома, што вэнгры прыйшлі на сваю сёньняшнюю зямлю толькі ў 896 годзе, а да таго качавалі ў стэпах Прычарнамор’я і Дона, куды прыйшлі з Азіі. Адсюль бачна, што найбліжэйшы да Летувы пункт вэнгерскага гістарычнага шляху - Вэнгрыя. І сапраўды, на венгерскім правабярэжжы Дунаю (т. зв. Панонія) захоўваюцца яўна балтыйскія гідронімы. У летувіскай мове агледжваюцца паралелі з лацінскай, ілірыйскай, дака-фракійскай, румынскай мовамі. Такім чынам, продкі летувісаў да прыходу вэнграў жылі ў Паноніі, адкуль рушылі ў Прыбалтыку не раней за X стагодзьдзе. І якраз у гэты час у Летуве зьяўляюцца новага тыпу грунтавыя захаваньні крэміраваных рэшткаў чалавека з адначасовым захаваньнем няспаленага каня.
    Што яшчэ, якія дзівосы прынясе нам гэтае падарожжа ў мінулае? Будзем ісьці далей.
    1989-1993, Якуцк.
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 3-21./

    Іван Ласкоў
                                                             ЧЭРВЕНЬ
                                                      (Да паэмы “Кульга”)

                                          Адсьвяткаваўшы май вячысты наш,
                                          Да дна сагрэўшыся вячыстым маем,
                                          Мы у сьцюдзёны чэрвень зазіраем
                                          Гурмою, несьвяточнаю наўсьцяж.

                                          Глядзім з пакрытай шэраньню душой,
                                          З напружанасьцю яраснай і злою:
                                          Чаму, чаму усё ж не на чужой?
                                          Чаму, чаму такою не малою?

                                          Глядзім праз часу ўзьдзірванелы пласт,
                                          Што кожны год ажно на год таўсьцее,
                                          І пакідае спадзяваньне нас,
                                          На праўду-матку меншая надзея.

                                          Бывае, здасца воку мудраца:
                                          Крышталь магічны — вось ён! Ёкне сэрца,
                                          Ды у аблокі сонца дасьць нырца,
                                          І патухае на далоні шкельца.

                                          А іншы сам - і не мудрэц зусім –
                                          Сьляпое шкельца за крышталь магічны
                                          Як выдасьць - ды і цацкаецца з ім,
                                          Нібыта з мікраскопам загранічным.

                                          О, каб ён быў, няўлоўны той крышталь,
                                          Мы б ад яго дабіліся адказу,
                                          Чаму праслаўленая наша сталь
                                          Праслаўленая стала не адразу.

                                          Калі адзін паслаў, другі павёў,
                                          Чаму машыны не загрукаталі,
                                          Чаму не рынуліся на зьвяроў,
                                          Гремя огнём, сверкая блеском стали?
                                          Ці ж тую сталь пад лёскат гучных слоў
                                          Тры пяцігодкі мы не гартавалі?

                                          Ужо засьнеш нібы - як страсяне,
                                          Як скалане сярод дрымотнай ночы:
                                          Чаму, чаму? - пытаем і у сьне,
                                          Але не йдзе да нас і сон прарочы.

                                          І я прарочым сном не засынаў
                                          І крышталя не маю пахваліцца,
                                          Ды бог ці д’ябал мне наканаваў
                                          У чэрвені тым самым нарадзіцца.

                                          І я без вешчых сноў, без крышталя,
                                          Ох, як не раптам, ох, як спакваля,
                                          Ох, да чаго і доўга і здаля
                                          Ішоў — то прама крочыў, то ў абход,
                                          Без нічые падказкі і парады,
                                          Але дайшоў-такі да гэтай праўды —
                                          Сам не скажу вам, на каторы год.

                                          Прыйшоў, прыйшоў - хоць за руку не вёў,
                                          Ніхто не вёў - а ўсё-такі прыйшоў.

                                          Спасьцігнуў я, у чым быў горкі лёс,
                                          У чым было няшчасьце нашай сталі —
                                          Яго з сабою той няўхільна нёс,
                                          Каго мы з ёй так шчодра рыфмавалі.
                                          -----------------------------------------------

                                          Прыглядваючыся праз часу дым
                                          Да, прама скажам, вельмі дзіўных фактаў,
                                          Адны гатовы іх тлумачыць тым,
                                          Што ён занадта давяраўся пакту.
                                          Які даверлівы! Аж хоць бы хны,
                                          І не сьвярбюча, значыць, і не мулка,
                                          Што першай кінутай у печ вайны
                                          Была такая ж самая цыдулка1?

                                          Другія лупяць ува ўсе званы,
                                          Абы каторы да званоў дарваўся:
                                          Баяўся, хлопцы, наш Аплот вайны,
                                          Не даць прычэпкі зьверу завіхаўся!

                                          Што ж, прыгадаем, як было яно:
                                          Ва ўпор зьвяруга зырыць, точыць зубы,
                                          А мы — хай зырыць! — мы сабе ў кіно,
                                          А мы - хай точыць! - мы сабе у клюбы.

                                          Ужо за рэчкаю то у клубок
                                          Свой скруціць хвост, то б’е ім па сьвірэпцы -
                                          Мы ж вочы плюшчым і насы убок:
                                          Каб, гэта значыцца, не быць прычэпцы...

                                          Няўжо і праўда думаў наш “Аплот”,
                                          Што гэтым неяк перашкодзім зьверу?
                                          Не геній хай, але ж не ідыёт!
                                          Як Станіслаўскі паўтараў: не веру!
                                          ---------------------------------------------

                                          Грашыць не трэба: дурнем ён не быў,
                                          Прынамсі, шмат каго перадурыў.
                                          І страхам вочы не яму муціла –
                                          Зусім не гэта ў чэрвень нас каціла.

                                          Сядзеў, нібы у крэпасьці, ў Крамлі
                                          Той, хто лічыў сябе пупом зямлі:
                                          Не бог, не геній — партфункцыянер
                                          З злавеснай тамерланаўскай закваскай,
                                          Такі ж падступны і няўмольны зьвер
                                          Пад бальшавіцкай, чалавечай маскай.

                                          Ужо не помніў, колькі год сядзіць,
                                          І верыў, што сядзець да скону будзе:
                                          Хто б мог яго адгэтуль папрасіць —
                                          Адны ў зямлі, другія у “Дальбудзе”.

                                          Прывычна ласку раздаваў і зьдзек,
                                          Даўно ўвайшоўшы ў смак абранай ролі;
                                          Каму на волі жыць, каму ў няволі,
                                          Каму і жыць увогуле даволі –
                                          Сам вырашаў, не раіўся генсек.

                                          Што там народ — у партыі і то
                                          Ён не пытаў дазволу ні на што,
                                          І нат пасада тая, што дала
                                          Генсеку партыя, пад пошчак маршаў
                                          У рэшце рэшт здавацца пачала
                                          Арыгінальным тытулам манаршым.

                                          Гэй, каралі, цары і іншы хлам!
                                          Цяжкой ступой ідзе на зьмену вам
                                          Генсек — манарх дваццатага стагодзьдзя!
                                          ------------------------------------------------------

                                          Ад беспадстаўнай сьціпласьці не прах
                                          Наш гэта, тыпу новага, манарх:
                                          Як і вядзецца скрозь у самадзержца,
                                          Усебаковай славай цешыў сэрца.

                                          Сам архітэктар, сам і будаўнік
                                          Зайздроснага грамадзтва без памаркі,
                                          Усё ён вызнаў, ува ўсё пранік –
                                          Ад лёсу моў да сельскай гаспадаркі.

                                          І хто паэт найлепшы, і артыст,
                                          І чым, дапусьцім, шкодны вейсманіст –
                                          Усюды адчуваў сябе, як дома,
                                          Наш геніяльны энцыкляпэдыст,
                                          Хоць з сэмінарыі не ўзяў дыплёма.

                                          Пасьпеў ён славы паспытаць любой,
                                          Збанамі піў — любой было уволю.
                                          Адной фатальна не ставала — той,
                                          Што імпэратараў хмяліць найболей.

                                          І памагатых — тлумная гурма,
                                          Ды спадзявацца на яе — дарма:
                                          Хоць вызалочвай іх рукамі ногі —
                                          Не можа быць стратэг без перамогі,
                                          А перамог дзе ўзяць, калі няма?

                                          Ну, памаглі, панарабіўшы звону,
                                          Удалую прысвоіць абарону.
                                          Ды гэтай кропляй прагу не суняць:
                                          Браць гарады, а не абараняць
                                          Стратэг павінен, каб стратэгам стаць.
                                          -------------------------------------------------

                                          Чорт пабірай, як проста ім было,
                                          Хвалёным Македонскім Аляксандрам!
                                          Ішоў туды, куды яго вяло,
                                          І браў сваё назло сваім Касандрам.

                                          Ці Тамерлан. Ужо сярэднявечча,
                                          А ці трымаў сябе ён, як авечка?
                                          Якія вогнішчы за ім палалі!
                                          І ні на грош ніякае маралі.

                                          І нават Банапарт, Напалеон,2
                                          Калі яму сьвяціла перамога —
                                          І ні задумваўся ніколі ён,
                                          І ні аглядваўся на анікога.

                                          А ты ў душы хоць тройчы будзь стратэг —
                                          Ты і не маеш права на набег.
                                          Ты не эмір. Ты ўсё-такі генсек
                                          Той самай партыі, што абвясьціла —
                                          І сьвет пачуў яе праз роў траціла! –
                                           “Вайна — вайне! Народы! Мір навек!”

                                          Ды што рабіць, калі бунтуе кроў
                                          Выслоўе нечаканае вось гэта,
                                          Наконт - падумаць! - усяго Сусвету:
                                           “Малы, каб мець аж двух гаспадароў”.3

                                          Які усё-ткі дзёрзкі чалавек!
                                          З адной нагою і адной рукою
                                          Дый непісьменны шчэ, як чаравік –
                                          І не збаяўся выракчы такое!

                                          Ох ганарысты Чынгісханаў зяць!
                                          Ну што ён меў з таго, што браўся ўзяць?

                                          Ці мо ягоны трон ужо стаяў
                                          На неабдымнай шостай частцы сушы?
                                          Ці у яго па аксаміту траў
                                          Не коні тупалі, а танкаў тушы?

                                          Ці у яго не бэркуты з рукі —
                                          Бамбардзіроўшчыкаў арда ўзьлятала,
                                          Каб прасаваць разьюшаным мэталям,
                                          Таптаць здранцьвелыя мацерыкі?

                                          А можа, ён зусім не пра сябе?
                                          Не мог жа ён, з мазгамі, як у зьмея,
                                          Не разумець, што пры сваёй сяўбе
                                          Увесь Сусьвет касьцямі не засее!

                                          Не, верыў ён, што грымне лёсу ўдар,
                                          І ён на гэты ўдар не будзе ў крыўдзе, -
                                          Калі сталёвы, новы гаспадар
                                          Яму, жалезнаму,4 на зьмену прыйдзе.

                                          І ён прыйшоў, ужо прыйшоў, і моц
                                          Страшную мае, страшны розум мае,
                                          Ён мог бы зерне гэтае змалоць —
                                           “Дэкрэт аб міры” чортаў замінае.

                                          Напаў бы хто! Глядзіш на ўсе бакі:
                                          Ну хто, паны суседзі? Вам жа можна!..
                                          Зацята кіснуць масаю тварожнай,
                                          Ніхто не рыпаецца, слабакі.
                                          ------------------------------------

                                          І зноў даносіцца знаёмы звон:
                                           “Баяўся! Чуеце? Баяўся ён!”

                                          Што ж ён, галовы нашы забіваў
                                          Чужою тою і малою тою,
                                          А сам нагамі коўдру узьбіваў,
                                          Начамі курчыўся ад непакою?

                                          Ды і чаго было яму баяцца?
                                          Бразготак ашалелага паяца?

                                          За ім стаяла верная, як раб,
                                          Як кантынэнт гіганцкая краіна,
                                          А ў ёй усё - ахвота браць была б:
                                          Любое золата, любая гліна.

                                          Яна “стаяла”? Ён стаяў за ёй,
                                          Стаяў за ён, як за сьцяной якой.

                                          І за сьцяною гэтай — ведаў ён —
                                          На ўсеагульным калашматным полі
                                          Двухсотмільённая чарга на скон, -
                                          Яна не дойдзе да яго ніколі.

                                          А колькі ўбіў на сталь і на дзюраль,
                                          Каб авалодаць і зямлёй, і небам!
                                          Дарма, ці што, пятнаццаць год амаль
                                          Марыў народ хранічным недаедам.

                                          Самаздаволена глядзеў наўкол:
                                          Хто мае столькі гусеніц і крылаў?
                                          А як прыемна ўспомніць Халхін-Гол:
                                          Вось дзе салому ламанула сіла.

                                          Баяўся? То гаршчкі навошта біў
                                          З саюзьнікамі у трыццаць дзевятым,
                                          А потым іх, як цуцыкаў, дражніў,
                                          З Фінляндыяй улезшы у дэбаты?5

                                          Адседзіліся! Чывікнулі штось
                                          Ды і маўчаць, як вераб’і у просе.
                                          Нічога! Ёсьць яшчэ пад бокам вось.
                                          І завадатар ёсьць у гэтай восі.

                                          Маньяк, шаленец мюнхенскі, п’яны
                                          Ад таннай славы пакарэньня слабых —
                                          І ён у сьне Сусьвет трымае ў лапах,
                                          І ён сябе не мысьліць без вайны.

                                          Ён мог бы, мог! Але, відаць, і ў ім,
                                          У нейкім месцы цёмным, патайным,
                                          У пятках, можа, хоць ён і храбрыцца,
                                          Хапаецца душонка баязьліўца.

                                          Так несумненна, несумненна так —
                                          Хоць аб сусьветным панаваньні марыць:
                                          Нашто іначай прапаноўваў пакт –
                                          Нібыта браў дазвол па Польшчы ўдарыць?

                                          Такі, бадай, ніколі і нідзе
                                          На болей моцнага не нападзе.
                                          Каб ён палез у заваруху першым,
                                          Ты абавязан выглядаць слабейшым!
                                          -----------------------------------------------

                                          І ноч прыйшла, і позьні час агні
                                          За вокнамі прарэджваў і прарэджваў,
                                          А ён вачэй не закрываў ані:
                                          Аб гэтай ночы Зорге папярэджваў.

                                          Дый ці адзіны Зорге! Колькі іх
                                          Галовы аддало за дату тую...
                                          І кожны, мусіць, верыў, што ратуе.
                                          Як іх не скора ўспомняць і не ўсіх!

                                          Які працяў бы іх, бясстрашных, жах,
                                          Калі б маглі як-небудзь здагадацца,
                                          Як своеасабліва наш манарх
                                          Да гэтай ночы будзе рыхтавацца!

                                          Так-так, ён склаўшы рукі не сядзеў
                                          І вось цяпер глядзеў, ці ўсё пасьпеў.

                                          Пасьпеў трубнуць на ўвесь шырокі сьвет:
                                          Раз абяцаў не нападаць сусед,
                                          То і няма падстаў чакаць нападу;
                                          А хто суседа будзе абражаць —
                                          Як правакатараў усіх саджаць.
                                          Вось рагатаў паяц, відаць — да ўпаду...

                                          Хай парагоча! І з таго, што ў час,
                                          Калі ён разварочвае армады —
                                          І броневойскі без саляру ў нас,
                                          І без снарадаў - на мяжы! - гарматы,
                                          І што сьцярвятнікам яго даём
                                          На палявыя нашыя садзіцца,6
                                          І што віжы яго ужо і днём
                                          Ідуць пасьвістваючы праз граніцу,
                                          Што на пагранзаставах камсастаў
                                          Ідзе у адпачынак бесклапотна...

                                          Хай паіржэ. Абы не засьвістаў
                                          Адбою саранчы сваёй балотнай.
                                          Абы рвануўся праз кусты-пасты,
                                          Як выхваляецца, у тэмпе марша!
                                          Там паглядзім, як зарагочаш ты,
                                          Калі цябе пагонім да Ла-Манша.

                                          Там паглядзім, каму быў суджан крах,
                                          Каму купацца ў бесьсьмяротнай славе,
                                          Хто на гліняных высіцца нагах
                                          І хто калос аж да нябёс на справе.

                                          Ну а пакуль - скаль зубы, блазен, скаль!
                                          ...Задураная песьнямі пра сталь,
                                          Не насьцярожвала вушэй Расія.
                                          Насоўвалася на бясьсільле сіла.

                                          І крэматорыем смуродзіў бэз,
                                          І быццам попел, сыпаліся зоркі,
                                          А ён па люльку у кішэню лез
                                          І мімаходзь рашаў, што зробіць з Зорге.

                                          І спалі мы апошні раз усмак,
                                          Ён усыпіў народ, і спаў прасьцяк.
                                          Ніхто не ўскочыў, каб шаленца спудзіць,
                                          Ніхто не ведаў з нас, што нас абудзіць.

                                          І ён не ведаў, “геніяльны” Ён,
                                          Што нат і думаць кіне пра Ла-Маншы
                                          І будзе доўгіх, доўгіх дзесяць дзён
                                          Маўчаць, нібы вады у рот набраўшы,

                                          І зразумеўшы, што ніхто, нідзе,
                                          Апроч як мы, яго не прыме SOSы,
                                          Да мікрафона ледзьве дабрыдзе
                                          І скажа “Бацька” наш: “Браты і сёстры!..”
                                          -----------------------------------------------------

                                          І сорак год прайшло, як грукат сьціх,
                                          І раны быццам бы мы залячылі,
                                          А колькі нас тады палегла ўсіх —
                                          Аж і да гэтага не падлічылі.

                                          Хто кажа дваццаць, хто і дваццаць пяць
                                          Адкуль жа ведаць нам той лік гаротны,
                                          Калі дагэтуль у гразі балотнай
                                          Непахаваныя яшчэ ляжаць.

                                          Па ўсіх мая бясконцая туга,
                                          Па ўсіх, па ўсіх, кім балявалі чэрві,
                                          Але асобны боль за тых, хто чэрвень
                                          Абраў сабе для першага “куга”.

                                          Усё зрабіў, каб чырваньню заліўся
                                          Вясёлы чэрвень, што абралі мы,
                                          Той, хто у самы чорны дзень зімы
                                          На гора нашае на сьвет зьявіўся.

                                          Над ім віселі авіяпалкі,
                                          Над ім дзяжурылі аэрастаты —
                                          Нас засланялі толькі мацяркі
                                          Сабой і ад гранаты, і гарматы.
                                          Ніхто не скажа, колькі нас было,
                                          Бо большасьць нас і не была на ўліку.
                                          Дарэмна захлыналіся ад крыку:
                                          Лісьцём занесла, сьнегам замяло.

                                          Я, можа, з тысячы адзін жывы.
                                          Тырчу, як колас на стаптаным полі.
                                          Таму аб даўняй чэрвеньскай крыві
                                          Я не павінен забываць ніколі.

                                          Таму даўно дзень нараджэньня свой,
                                          Як сьвята нейкае, не адзначаю –
                                          І з сёньняшняга чэрвеня у той,
                                          Бы ў брацкую магілу, зазіраю.

    ********************
    1 У Польшчы з гітлераўскай Германіяй быў заключаны аналягічны пакт аб ненападзе.
    2 У ваенных акадэміях трыццатых гадоў вывучалася ваеннае майстэрства Аляксандра Македонскага як найвялікшага стратэга старажытнасьці, Тамерлана - як найвялікшага стратэга сярэднявечча, Напалеона - як найвялікшага буржуазнага стратэга.
    3 Вядомае выказваньне Тамерлана: “Сусьвет занадта малы, каб мець двух уладароў”.
    4 Імя Цімур у перакладзе азначае “жалеза”, у сувязі з чым мянушку “Тамерлан” (Цімур-Кульга) і перакладаюць як “Жалезны Кульга”.
    5 На момант абвяшчэньня вайны Савецкім Саюзам Фінляндыі апошнюю падтрымлівалі Англія і Францыя. У далейшым, не атрымаўшы ад іх істотнай дапамогі, Фінляндыя далучылася да фашысцкай Германіі.
    6 Былі выпадкі, калі германскія самалёты, што выконвалі рэйсы Бэрлін-Масква, Масква-Бэрлін, садзіліся на палявыя аэрадромы ў Беларусі.
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 22-32./

    ПРА  МЯНЕ

                                                                  ЯГО  ГОЛАС
                                                                                “Я - мамонт, шерсть моя рыжа,
                                                                                              Иду от холода дрожа...”
    Калі Ваня Ласкоў, тады яшчэ студэнт Літінстытута, урачыстым басам абвяшчаў гэта са сцэны ў далёкім сыбірскім горадзе Салехардзе, народ у зале сьціхаў, перапыняліся размовы, людзі пачыналі ўглядацца ў шчуплаватага, невысокага хлопца ў акулярах, якому, здавалася, так не адпавядаў такі гучны, упэўнены, магутны голас. Ды і што гэта ён такое там гаворыць? Здаецца, і сапраўды нешта незвычайнае?
    Тым летам мы, студэнты 4 курса, вандравалі з агітбрыгадай па прасьцягах нашай Былой Вялікай Дзяржавы, па Запаляр’і, - і каб сьвет паглядзець, і каб на выступленьнях крыху грошай зарабіць.
    Ванечка - а інакш мы яго і не звалі - быў нашай, што называецца, “ударнай сілай” на ўсіх канцэртах. І калі ў зале было шумна, і калі мы не маглі справіцца з аўдыторыяй, і калі нас прымалі не надта добра, і калі трэба было перакрычаць шум парахода, - выручаў Ванечкін голас. Ды і не толькі голас - яго вершы: яркія, арыгінальныя...
    У канікулы Ванечка звычайна не езьдзіў, як іншыя, дадому, - ён быў дзетдомаўскі, дому ў яго не было, і таму такія вандроўкі ўлетку былі яму звыклымі.
    Ён быў крыху старэйшы за сваіх аднакурсьнікаў, - да гэтага ўжо скончыў хімфак, папрацаваў на вытворчасьці, меў нейкі жыцьцёвы вопыт.
    А чаго не меў Іван - дык гэта комплексаў. Хаця на супэрмэна ён не выглядаў, - ростам не выйшаў, - усё ж, калі закахаўся ў прыгажуню Валю Гаўрылеву з Якуціі, - ён “здабыў” яе, апярэдзіўшы ў гэтым рыцарскім турніры многіх сваіх сапернікаў.
    На апошнім курсе ў іх з Валяй нарадзіўся сын, і яны неўзабаве апынуліся аж у Якуцку. Там ім далі прытулак і работу. На жаль, не ў Мінску, як марылася Івану Ласкову. Бо калі ён прыехаў пасьля сканчэньня інстытута ў Мінск у пошуках работы і кватэры і зьвярнуўся ў Саюз пісьменьнікаў, там яму адказалі: у нас тут і “члены” не маюць кватэры і работы, а вы хочаце, каб мы ўсякім пачаткоўцам дапамагалі.
    Так павісла маладая сям’я ў паветры. Невядома, што з імі было б, калі б не Якуцк, што сустрэў іх больш гасьцінна.
    Іван, калі яшчэ вучыўся на апошніх курсах, ужо лічыўся прызнаным паэтам, выпусьціў кнігу вершаў на рускай мове, - у той час, калі многія з нас толькі марылі аб кнізе. Ды, мабыць, прадчуваў ён доўгае расстаньне з радзімай, і пачаў ужо тады, у Маскве, пісаць па-беларуску. І там, у Якуцку, што б ён ні пісаў - ці вершы, ці прозу, ці то свае неверагодныя тэарэтычныя працы ды артыкулы, - ён марыў аб адным: перабрацца дадому, вярнуцца...
    Помніцца, пару гадоў назад прыехаў Іван Ласкоў на адзін з пісьменьніцкіх зьездаў. І падчас традыцыйных спрэчак, “разборак” у буфэтных кулюарах, калі адны групы ў запале абвінавачвалі другія бог ведае ў якіх грахах, ён, слухаючы нас, раптам мройліва заплюшчыў вочы і прамовіў: “Кожны раз, калі прыяжджаю сюды, да сваіх, - нібы прыпадаю да чыстай крыніцы...”
    Усе вакол замоўклі, з недаверам паглядаючы на Івана: ці не зьдзекуецца?.. А ён глядзеў на нас сур’ёзна і паблажліва. Тады адзін з нашых аксакалаў крыху няўпэўнена, з сумненьнем у голасе, прагаварыў: “Трэба ж, няўжо ён і сапраўды недзе тут крыніцу разгледзеў?..”
    ... Аб адным увесь час марыў Іван Ласкоў, - няхай, калі не ён, - то хоць яго сыны, што нарадзіліся ў далёкім Якуцку, вернуцца на Беларусь вучыцца, працаваць, жыць.
    Яму заўсёды здавалася - тут адзінае месца, дзе дыхаецца лягчэй, дзе сонца ясьнейшае, дзе жыцьцё прыгажэйшае, дзе збываюцца ўсе твае мары, і ўсё навокал - самае адзінае, самае роднае...
    Любоў Філімонава
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 3-5./

                                                                    ПРА СЯБЕ
    Ва ўсялякіх праявах наступнага жыцьця дзяцінства зьяўляецца фундамэнтальным энэрганосьбітам. І для Івана Ласкова — таксама. Памятаю яго ў пярэдадзень пяцідзесяцігодзьдзя. Першага і адзінага юбілею нашага суродзіча. У Якуцку дату ўрачыста... не заўважылі. У Беларусі — не ўспомнілі, калі не лічыць артыкулаў у “Чырвонай зьмене” і “Гомельскай праўдзе”. Не дзіўна. Добра, што хоць заўважылі сьмерць... Ды ўсё ж пра Івана Ласкова ў пярэдадзень, за год, лічы, да паўвекавога яго юбілею. Тры кароткія сустрэчы, тры доўгія размовы, пастаянная прысутнасьць пачуцьця недагаворанасьці. І заўжды — развагі сам-насам пра магутную, руплівую, духоуна-стваральную энэргію гэтага маленькага, падобнага на падлетка, чалавека. Відавочна па ўсім, Іван Антонавіч не дужа зьвяртаў увагу і на сваю зьнешнасьць. Танныя акуляры з тоўстым шклом. Сьціплы касьцюмчык. Даўно не новая кашуля. Мо дзесяцігадовага ўзросту балёневая куртка. Тады, позьняй восеньню 1990-га года, мне падалося, што яму ўсё роўна - ці то дождж на вуліцы, ці то жорсткі пранізьлівы вецер, халадрыга. Яму ў адрозьненьне ад нас цёпла.
    Пры тых сустрэчах было зусім не да роспытаў. І шкада. Іншых сустрэч ужо не было. А тады ўвосень гаварылі пра гістарычныя, мовазнаўчыя росшукі Івана Ласкова. Памятаю, як пры жыцьці пісьменьніка заакадэмізаваныя навукоўцы пасьмейваліся з нацягнутых, як яны меркавалі, высноў літаратара. Што ж, і Мікола Ермаловіч усё яшчэ па вялікім рахунку не прызнаны і не ўшанаваны. Як не зразумеюць тыя навукоўцы, што найгалоўнае ў жыцьці - пошук, імкненьне да адкрыцьцяў. Ісьціны не друкуюць па загадзя выпрацаваных адміністрацыйных пастановах...
    Дзяцінства яго пачалося з вайны. У апошнім выданьні даведніка “Беларускія пісьменнікі” пра нараджэньне зусім сьціпла: “Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19. 6. 1941 г. у горадзе Гомелі ў сям’і рабочага”. А ўсё наступнае - дзяцінства, юнацтва - уклалася ў яшчэ адзін радок: “У 1953-1958 гг. выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме”. Што за радком?..
    ... Вы пытаецеся, што мяне зьвязвае з Краснапольшчынай? Гэта фактычна мая радзіма. Сюды мас продкі пераехалі з Міншчыны ў 1914 годзе. Адсюль мая маці ў канцы 20-х гадоў паехала ў Гомель на пошукі долі. Тут яна двойчы выхадзіла замуж. Другі раз за майго бацьку. Ён быў з Украіны, уцёк ад голаду 1933 года. (Бібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі” ўдакладняе: “Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, земляроб... Працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”. - А. К.) Я нарадзіўся ў Гомелі, але вясной 1942 года маці разам са мной зьбегла ад немцаў назад, на Краснапольшчыну, дзе жыла яе маці, мая бабка, сёстры, браты ж былі на вайне. У вайну мой бацька прапаў без зьвестак, а дом у Гомлі згарэў. Таму маці пасьля вайны вяртацца ў Гомель пабаялася: там было голадна і не было дзе жыць”.
    (З ліста I. Ласкова аўтару. 10 лістапада 1990 г.)
    Дзяцінства настроіла на выпрабаваньні. Вайна таму прычынай. Ласкоў, бязбацькавіч, не задаволіўся тым, што выжыў. Пачаў жыць, змагацца насуперак абставінам. Ці адны тут гены — найгалоўнейшыя заканадаўцы? Пытаньне як загадка. Дзейсная асоба — заўжды таямніца. Іван Ласкоў хіба што толькі зразумелы ў адным: у неспатольным жаданьні працаваць.
    “... Я ў тры гады пачаў чытаць, у сем пісаць вершы. У школу ж пайшоў у 8 год, бо не было ў што апранацца. Вершы я дасылаў у газэту “Зорька”, бо чамусьці пісаў па-руску, хаця і гаварылі ў нашых Беразяках па-беларуску, і школа была беларуская. Мабыць, было болей рускіх кніг, чым беларускіх. Калі мяне пыталіся, кім я буду, я адказваў: “Пушкіным”. Задаваліся мне і болей складаныя пытаньні: напрыклад, ці будзе вайна? Я адказваў - не будзе. Яшчэ памятаю, што чытаў на нейкія сьвяты ці на хаўтурах Біблію на царкоўнаславянскай мове. Слава пра разумнага хлопчыка разьляталася па ўсім раёне. Нават калі мне было больш за дваццаць год, я ехаў у Беразякі <...> праз Краснапольле і ў чаканьні аўтобуса сеў у сквэры на лаўку. Ішла міма нейкая жанчына, уважліва паглядзела на мяне і запытала, ці я не той разумны хлопчык з Беразяк. Я зьбянтэжыўся і сказаў: “Не”. Але яна мне не паверыла, усё азіралася”.
    (З ліста I. Ласкова аўтару. 10 лістапада, 1990 г.)
    Паэта заўважыў лёс. І прымусіў рупіцца яго душу. Сьпярша - проста працаваць дзеля ісьціны. З гэтага і першыя вершы запісваліся на рускай мове. Матчына ж, родная, аднавяскоўцаў мова, - беларуская. З часам адбудзецца вяртаньне... Чаму ж тады руская мова напачатку? Думаю, што не толькі таму, што “было болей рускіх кніг, чым беларускіх”. А яшчэ вось што...
    Правучыўшыся тры клясы, я агледзеў, што, такі разумны, вучуся з дзецьмі маладзейшымі за мяне на год. Пайшоў да дырэктара і сказаў, што хачу здаць за чацьвёрты кляс экстэрнам. Тады ў чацьвёртым клясе здавалі іспыты па рускай, беларускай мовах і матэматыцы. Мне сказалі, што да іспытаў мяне дапусьцяць, але перавядуць у пяты, калі я здам таксама іспыты па геаграфіі, гісторыі і прыродазнаўстве, г. зн. па ўсіх прадметах. Усе іспыты я здаў на “5” і быў перавезены. А калі я яшчэ абмазгоўваў гэтую акцыю, напісаў у “Зорьку”, просячы парады: ці варта мне пераходзіць адразу з трэцяга ў пяты. Мне адказалі, што мой намер дарэмны, бо вучачыся ў чацьвёртым клясе, я атрымаю болей трывалыя веды. Атрымаўшы гэтую параду, я напісаў: “Дорогая “Зорька”! За совет спасибо, но я уже перешел в пятый класс...” У рэдакцыі узрушыліся і прыслалі карэспандэнта паглядзець на такога дзівака. Карэспандэнт убачыла, што жылі мы з маці і братам вельмі бедна, што сам я быў малы і змучаны голадам. Вынікам гэтага візыту, які нарабіў шмат размоў у Беразяках, была мая адпраўка ў “Артэк” на дзьве зьмены. На гэтым рэдакцыя не спынілася і ўгаварыла маю маці аддаць мяне ў дзіцячы дом, каб я змог скончыць школу. І ў канцы сакавіка 1953 года я апынуўся ў магілёўскім дзіцячым доме № 1...
    (З ліста І. Ласкова аўтару. 10 лістапада 1990 г.)
    Дзіцячы дом - вось школа... Дзіцячыя дамы - і пачатак дарогі Віктара Казько, які ж таксама сьпярша пісаў па-руску. Прыклады можна доўжыць... Адзін з іх з глебы чужаземнай - з туркмэнскай, але з той жа, савецкай, рэчаіснасьці. Дык вось у Туркмэніі набралі дзетак з шматдзетных сем’яў і павезьлі ў дзіцячы дом у Расію. Наўмысна. Мелі за мэту выхаваць савецкіх кіраўнікоў з туркмэнскімі тварамі. Выхавалі... Тыя дзетдомаўцы пайшлі ў літаратуру, у кіно, у выяўленчае мастацтва, у армію. І як бы таго хто ні хацеў - сталіся большымі нацыяналістамі, чым іх браты, якія засталіся ў самых далёкіх аулах.
    Першыя літаратурныя крокі Івана Ласкова зьвязаны з рускай паэзіяй. У 1966 годзе ў Мінску выйшла кніга вершаў “Стихия”. Яшчэ праз тры гады – “Белое небо”. Каб чытач зразумеў, што гэта зусім не кніжкі “местачковай” літаратуры па-руску, варта згадаць, дзе, у якім з пэрыядычных выданьняў знайшлося месца і вершам беларускага хлопца - у “Новом мире”. Былі і іншыя публікацыі - у Маскве, Ленінградзе.
    ... Першая беларуская кніжка вершаў “Кружное лета”. Я на яе вельмі разьлічваў у прапагандысцкім сэнсе. Яна павінна была прагучаць заклікам да беларусаў павярнуцца тварам да беларускасьці. Усё ж такі я быў не апошні хлопец на вёсцы, выдаў дзьве кнігі на рускай мове, друкаваўся ў Маскве, Ленінградзе. Вяртаньне да роднай мовы павінна было прагучаць. Але гэта разумелі і ворагі беларускасьці. Былі прыняты меры. На кніжцы ўказалі тыраж 5.000. На самой жа справе выпусьцілі толькі палову -2.500. Увесь гэты тыраж быў накіраваны ва ўскраінныя вобласьці Беларусі, г. зн. ва ўсе, апрача Мінскай. У Мінску кніжка не прадавалася - г. зн., там, дзе найбольш сьвядомага беларускага чытача. Я ўжо жыў тады ў Якуцку і нічога пра гэта не ведаў, а мой сябра, якога я прасіў <...> купіць “Кружное лета” для мяне, проста зьбіўся з ног, шукаючы зборнік. Спэцыяльна езьдзіў у Магілёў і яшчэ некуды.
    Такім чынам, 90 працэнтаў беларускіх пісьменьнікаў “Кружнога лета” не бачылі ў вочы. У друку былі тры рэцэнзіі: адна з Гомеля (не памятаю, чыя), адна з Магілёва (А. Пысіна), адна з Брэста (А. Разанава). Прытым адчувалася, што рэцэнзіі “стрыглі”.
    Адкрыўшы для сябе Беларусь, Іван Ласкоў патрапіў у ... Якуцію. На Поўнач завяла яго жонка - Валянціна Гаўрылева, аднакашніца па вучобе ў Літаратурным інстытуце імя Горкага. Дарэчы, для Ласкова гэта была ўжо другая вышэйшая адукацыя. Да Літінстытута паэт пасьпеў закончыць хімічны факультэт Белдзяржунівэрсытэта.
    У Якуціі Ласкоў працягвае пісаць па-беларуску. Таму за час яго якуцкага адрыву (на жаль, ужо вечнага) у Мінску выйшла кніжка апавяданьняў “Чароўны камень”, зборнік аповесьцяў “На падводных крылах”, і асобным выданьнем паэма “Кульга”. А яшчэ ж артыкулы, што друкаваліся ў “Літаратуры і мастацтве”, часопісе “Полымя”. А яшчэ ж процьма ненадрукаванага. Але жыцьцёвыя акалічнасьці прымушалі Івана Ласкова працаваць і на рускай мове. Пісьменьнік шмат перакладае. У Маскве выходзяць перакладзеныя ім кнігі якуцкіх празаікаў. Займаецца Іван Ласкоў і крытыкай, публіцыстыкай. Зьбірае матэрыял для рамана пра лёсы беларускіх паўстанцаў-каліноўцаў пасьля іх высылкі ў Сыбір...
    У 1974 годзе на рускай мове выйшла паэма “Хромец”. А ў 1985 годзе ў Мінску – “Кульга”... Жывучы ў Туркмэніі, недзе ў 1987 (ці напачатку 1988 г.) я прапанаваў вялікую рэцэнзію на “Кульгу” ў газэту “Эдебйят ве сунгат”. Размова ў творы - пра Сярэднюю Азію, пра Тамерлана. Як быццам туркмэнскую пісьменьніцкую газэту павінна было б зацікавіць. Ды дарэмным быў мой клопат. Антытамерланаўскі, антыдыктатурны твор насьцярожыў...
    “... Праўда ж <...> у тым, што паэма скіравана не столькі супраць Тамерлана і яго абаронцаў, і тым болей не супраць Гітлера, які ў паэме зьяўляецца фігурай, што адцягвае ўвагу цэнзараў, а супраць Сталіна і сталінізму. Гэта добра адчулі тыя з маіх чытачоў, якія самі антысталіністы - рускія паэты Прэлоўскі, Еўтушэнка і інш. Была такая старэнькая - Неўская. У трыццатыя гады яна была пасаджана ў калымскі лягер, дзе праседзела 18 год... Прачытаўшы “Хромца”, яна адразу стала называць Сталіна “Тамерланам”. “Хромца” Берта Аляксандраўна распаўсюджвала сярод сваіх таварышаў па рэпрэсіях. Мабыць, яны былі такой жа думкі. У кнізе Валкагонава “Триумф и трагедия” ёсьць ліст аднаго з такіх масквічоў да Валкагонава, дзе стары піша пра сябе і сваю сям’ю. “Проклятый Тамерлан всё истребил, всё истоптал”. Не магу праверыць, ці гэтае “проклятый Тамерлан” (маецца на ўвазе Сталін) ідзе ад маёй паэмы або ў нас з ім такая роднасьць душ і поглядаў”.
    (З ліста Івана Ласкова аўтару. 19 сьнежня 1990 г.)
    Як для мяне асабіста, дык “Кульга” ёсьць адна з найцікавейшых, найярчэйшых паэм у беларускай паэзіі апошніх дзесяцігодзьдзяў. І можна толькі падзівіцца, што крытыка не піша пра гэта. Як быццам з дыктатурай змагаўся ва ўсе мінулыя гады кожны другі беларускі пісьменьнік. Іван Ласкоў словам сваім змагаўся. І гэта відавочна. “Кульга” - яркае выяўленьне яго барацьбы.
    “... Антысталінская накіраванасьць паэмы зусім не схаваная, трэба толькі быць уважлівым чытачом. Паглядзіце: Тамерлан рэдагуе сваю біяграфію, як Сталін. Тамерлана ўсхваляюць прыдворныя паэты, як Сталіна. Тамерлан ухваляе ў сваёй дзяржаве практыку даносаў і рэпрэсій (“Вочы і вушы”, “Баляда пра данос”), Тамерлан марыць пра бясьсьмерце - як Сталін. Сьмерць Тамерлана аплаквае народ - як сьмерць Сталіна. Нарэшце, Тамерлана перакладаюць з труны ў труну - як Сталіна.
    Усё, што напісана пра Тамерлана, не (тут і далей падкрэсьлена І. Ласковым. - А.К.) выдумана мной, каб падагнаць пад Сталіна. Гэта - тыпалёгія тыранава. Кожны тыран зьнішчае праціўнікаў і невінаватых людзей, кожны тыран стварае ў дзяржаве лад даносаў і рэпрэсій, кожны тыран марыць аб вечнай славе, і кожнага тырана разьвенчваюць. І ў той самы час у кожнага тырана застаюцца прыхільнікі, што дамагаюцца і праз вякі маральнай рэабілітацыі злачынцы. Адсюль і неагітлерызм, і неатамерланізм, што мае месца ва Узбэкістане, і неасталінізм - да яго мы, можа, яшчэ дажывем. Я лічу, што мая паэма яшчэ не раз спатрэбіцца людзям у барацьбе супраць тыранаў”.
    (З ліста I. Ласкова аўтару. 13 сьнежня 1990 г.)
    Пасьля 1991 года Ласкоў ў Беларусь ужо не прыяжджаў. Быў вельмі загружаны працай. Займаўся кнігай (“... у кожнага свая дзялянка. Апошнім часам, напрыклад, я вельмі шмат працую над тым, каб давесьці справядлівасьць сваёй гіпотэзы, выказанай у артыкуле “Племя пяці родаў” (угра-фінскае паходжаньне летапіснай Літвы). Матэрыялу назапашана ўжо шмат, але праца яшчэ далёка не скончана”.) І яшчэ згадка: “Мая кніга пра беларускую фінавугоршчыну ў чарнавіку напісана. Недзе 700 старонак на машынцы...” Можа здарыцца, што чытач усё ж атрымае гэтую кнігу... Можа здарыцца...
    Напрыканцы жыцьця пісьменьніка чакала новае выпрабаваньне. Наш зямляк, зьбіраючы матэрыялы пра рэпрэсаваных беларусаў, прабіўся ў архіў КДБ Якуцкай АССР. Там і пазнаёміўся з справай Платона Айунскага, пачынальніка якуцкай савецкай літаратуры, які таксама стаўся ахвярай. Праўда, як высьветлілася, “герой” працаваў на КДБ ды “здаў” шмат каго з відных дзеячоў Якуціі. Пра гэта Ласкоў і напісаў дакумэнтальную праўду (артыкул “Драма паэта” ў газэце “Молодежь Якутии”, 9 ліпеня 1993 года). Што тут пачалося!.. Мусіць, не было газэты, якая б не друкавала гнеўных лістоў з месцаў. З пісьма ў газэту “Молодежь Якутии”: “27 июля состоялось заседание правления Союза писателей Якутии, на котором была всесторонне обсуждена опубликованная в вашей газете серия статей И. Ласкова «Драма поэта», посвященная последним дням П. А. Ойунского... Автор издевательски пишет, что он в тюрьме сочинял свои показания, «словно бы трудился над последним томом своих сочинений». Какое кощунство! И это пишет средней руки литератор о выдающемся писателе, большом общественном и государственном деятеле... Мы с данной статьей Ласкова знакомы давно: года два тому назад под видом рецензии на книгу Н. Николаева, Н. Ушницкого «Центральное» дело» он в журнале «Полярная звезда», без ведома редколлегии, тайком пытался протащить ее. Тогда эта акция у него не прошла - члены редколлегии единодушно отвергли ее как явно клеветническую и приостановили публикацию. Но как показывает время, не остудил свой «разоблачительный» пыл И. Ласков, давно и систематически занимающийся очернительством лучших представителей якутского народа (когда-то за подобные попытки он был осужден на секретариате правления СП РСФСР).
    ... Мы, участники расширенного заседания правления Союза писателей Якутии, основанного П. А. Ойунским, настоящим письмом заявляем решительный протест проискам хулиганствующего хулителя Ласкова и требуем: прочь руки от Ойунского! Выражаем надежду, что творческий союз, членом которого является вышеупомянутый господин, если тот не солидарен с ним, скажет свое веское слово и сделает соответствующие выводы...
    Чым не 37 год?.. Засталося толькі апэляваць да КДБ...
    Неўзабаве пасьля гэтых падзей Іван Ласкоў памёр (28 чэрвеня 1994 года ад інсульту). Няма сумненьня, што да яго раптоўнай сьмерці прычыніліся спадчыньнікі Тамерлана - калі не фізычна, то маральна.
    Алесь Карлюкевіч
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 3-13./

                                                                          МЫТВА
    Гэта быў першы аўтар, артыкул якога – “Нашчадкі таямнічае літвы” - мне давялося рэдагаваць у часопісе “Полымя” на пасадзе загадчыка аддзела навукі і культуры. “Рэдагаваць” гучна сказана, артыкул быў напісаны выдатнай мовай, чытаўся на адным дыханьні, таму ўся падрыхтоўка яго да друку зьвялася да наклейваньня “шапкі”. Я адаслаў аўтару звычайнае рэдакцыйнае паведамленьне - на які нумар артыкул заплянаваны. Неўзабаве і нечакана для мяне ў адказ прыйшоў вялікі ліст. Так пачалася наша перапіска, якая доўжылася каля двух гадоў.
    З самім Іванам Антонавічам я бачыўся разы два ці тры, і ўсё неяк на хаду: то ён, то я некуды сьпяшаліся і так толкам і не пагаварылі. Запомніўся эпізод з апошняй сустрэчы. Іван Антонавіч, ужо разьвітаўшыся, нейкі час яшчэ таптаўся ў дзьвярах кабінэта, быццам зьбіраўся з духам, потым неяк сарамліва, ціхім голасам папытаў: “Ці ёсьць... якія водгукі на мой артыкул?” (Гэты момант я выкарыстоўваю ў сваёй аповесьці “Такое кароткае лета”.) Адзін водгук быў - злое, нават абразьлівае пісьмо (пра яго яшчэ будзе гаворка). Вядома, я не паказаў яго Ласкову. І цяпер думаю, што зрабіў правільна.
    Большую частку жыцьця Ласкоў, як вядома, правёў у Якуцку, таму, бадай, адзінай трывалай сувязьзю яго з радзімаю было ліставаньне. Я ўпэўнены, што менавіта шматлікія пісьмы ў значнай ступені ўдасканальвалі яго мову, дапамагалі шліфаваць стыль, дысцыплінавалі думкі, - словам, духоўна фармавалі гэтага выдатнага публіцыста, навукоўца, празаіка і паэта. Паглядзіце, як пачынаецца адно з яго пісем:
    Шаноўны Андрэй Міхайлавіч! Дзякуй за добрую вестку (што артыкул прыняты да друку. - А. Ф.). У чацьвёрты нумар або восьмы - вялікага значэньня ня мае (Ласкоў карыстаўся дарэфармовым правапісам. -А. Ф.). Працуем для вечнасьці...
    Вас цікавіць, адкуль паходзіць назва Вашай рэчкі Мытва. А ў Ельскім раёне, пішаце Вы, на гэтай самай рэчцы ёсьць вёсачка Мытва. І пытаецеся: “Як Вы лічыце, што гэтая назва абазначае? Ці ёсьць нейкая сувязь Мыт - мытня - таможня (мяжа) з Украінай?”
    В. Жучкевіч (гл. ягоны “Краткий топонимический словарь Белоруссии”) на гэтае пытаньне Вам адказвае так: “Мытва - река, пр. Припяти. Название считается балтийским по происхождению (Кочубинский; Топоров и Трубачев; Погодин) при условии, что первоначальной формой названия была Митава (сопоставимо с латышским Митава). Возможно, современная форма появилась в результате сближения непонятной балтийской со славянской основой мыть, хотя допустимо и славянское происхождение от Мытовь (сравн. мыто, мытище) со смысловым значением “пошлина, таможенный сбор”. Последнее вполне вероятно, исходя из географического положения реки, представляющей типичный рубеж на историческом пути вдоль Припяти”. Як бачыце, маеце саюзьніка (праўда, ён ужо на тым сьвеце). Але піша ён лухту. Рэкі на Беларусі, нават і такія невялікія, як Мытва, атрымалі назвы задоўга да зьяўленьня мытняў...”
    Лісты (пісьмы) раней лічыліся жанрам, такім як і аповесьць, раман, і яны, лісты, патрабавалі пэўных правілаў напісаньня: так, напрыклад, адказваючы адрасату, перш неабходна было слова ў слова паўтарыць яго пытаньне, і толькі потым даваць адказ. Лісты Ласкова я назваў бы клясычнымі ў гэтым пляне.
    Вы, шаноўныя чытачы, відаць, звярнулі ўвагу на цьвёрдыя, безапэляцыйныя словы Івана Антонавіча: «Але піша ён (В. Жучкевіч. -А. Ф.) лухту». Мушу ў гэтым месцы вярнуцца да таго злога ліста-водгуку, пра які ўжо згадвалася вышэй. Вядома, што людзі, моцна апантаныя якойсьці адной ідэяй, якія змушаны гадамі вусна і публічна адстойваць свае погляды, паступова, з часам, набываюць своеасаблівую зацятасьць, нават хваравітасьць, робяцца бязьлітаснымі да апанэнтаў, асабліва калі гэтыя апанэнты ў сваю чаргу таксама гатовы біцца на сьмерць, не выбіраючы сродкаў. Працытую пачатак таго водгуку, які не адважыўся паказаць Ласкову:
    Паважаны спадар Законьнікаў!
    Зьвярнуцца да вас прымусіла публікацыя артыкула I. Ласкова ў № 8, а таксама вестка аб прысуджэньні прэміі вашага часопіса гэтаму аўтару. Каюся, што не напісала гэтае пісьмо раней, хаця парывы такія былі. Але цяпер я хварэю і маю колькі свабоднага часу. Хаця прызнаюся, мне шкада траціць астаткі свайго здароўя на маланавуковыя домыслы таварыша Ласкова.
    Аднаго разу я ўжо мела гонар выступіць з крытыкай тэорый Ласкова ў “ЛіМе”. Але, пэўна, сэнс крытыкі так і не дайшоў да аўтара...” і г. д.
    Таксама зьвярніце ўвагу: “шкада траціць астаткі свайго здароўя”... Успомніце: “але піша ён лухту”... Чытаю гэта і лаўлю сябе на думцы: зразумела, мне цікава, адкуль пайшла назва маёй рэчкі Мытвы, і дзякуй Богу, што ёсьць людзі, якія з  гэтым пытаньнем разьбіраюцца... Але калі я, скажам, налавіў у той жа Мытве рыбы, зьбіраюся на беразе ладзіць юшку, шчасьлівы, задаволены сабою і жыцьцём, разгортваю газэту, у якой цыбуля, кроп, баначкі з прыправамі, і раптам чытаю ў гэтай разгорнутай газэце, што адукаваныя людзі недзе далёка-далёка “трацяць астаткі свайго здароўя”, злуюць, абражаюць адзін аднога выключна з-за таго, як лепш расшыфраваць назву вось гэтай ціхай, з туманам і камарэчай над вадою, рачулкі, - мне гэта здасца незразумелым, далёкім, скажу нават - не вельмі важным, я нават буду пачуваць сябе вінаватым - бо робіцца ж гэтае тлумачэньне і вядзецца вайна паміж людзьмі нібыта і для мяне таксама, з-за мяне... I я падумаю тады: Мытва з тлумачэньнем свае назвы - балтыйскага ці комі-угорскага яна паходжаньня - шмат чакала і яшчэ можа пачакаць, а жыцьцё чалавечае - адно, і страчанага здароўя ніхто не верне...
    Некалі Чэхаў прызнаваўся: “Я не ведаю, не магу сказаць, чаму мне падабаецца Шэксьпір і не падабаецца Златаўрацкі”, і тлумачыў сваю любоў да Шэкспіра (як і да Талстога) “магнэтызмам іхняга стылю”. І. А. Ласкоў, можа, як ніводзін беларускі публіцыст, дасьледчык, навуковец валодаў менавіта гэтай якасьцю - магнэтызмам стылю. Ён не абганяў чытача, не стараўся “аглушыць” яго навуковасьцю і туманнымі абстрактнымі тэзісамі, а прапаноўваў ісьці побач з ім, часам нават знарок ствараючы ілюзію, што чытач абганяе яго, і тады здавалася, не ён, Ласкоў, а ты, чытач, робіш адкрыцьці, яны твае.
    Таму, думаю, заслуга І. А. Ласкова перад беларускай літаратурай і навукаю не столькі ў яго, сапраўды, даволі спрэчных гіпотэзах, колькі ў ідэальным прыкладзе падачы матэрыялу для навуковых прац. Яго творы, нават выключна дакумэнтальнага пляну, вядуць за сабою, “запальваюць”, будзяць розум, прымушаюць шукаць - і знаходзіць! - там, дзе, здавалася б, усё даўно ўтрамбавана, даўно забрукавана каменьнямі-глыбамі ранейшых тэорый.
    Андрэй Федарэнка
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 6-9./

                                                    НІКОЛІ  НЕ  ДАРУЮЦЬ  НАМ
                                                (Не зусім фантастычныя разважаньні)
    Сустракацца з паэтам і вучоным Іванам Ласковым (так рана пайшоўшым ад нас) ці то ў яго таленавітай паэзіі, ці то ў яго дасьціпнай навуковай публіцыстыцы, ці то ў самім жыцьці было і радасна, і карысна. Застанецца гэта ў памяці назаўжды. І заўсёды ён заклікаў, запрашаў, больш таго - нават “правакаваў” да творчасьці, сьведкам чаму хай будзе і гэты мой невялікі артыкул.
    Ад падарожжаў разам з І. Ласковым па сьлядах нашых далёкіх продкаў і іх суседзяў заўсёды атрымліваеш інтэлектуальную асалоду. Куды б часам мы ні траплялі з глыбокапаважаным гідам, чытаць яго без захапленьня і зацікаўленасьці, скажам шчыра, немагчыма. І заўсёды на публікацыі І. Ласкова хочацца адгукнуцца. Гэта тычыцца і яго матэрыялу “Дагістарычныя блуканьні: літва і жамойць” (ЛіМ, № 18-19 за 1993 г.). Праўда, аўтар тут, прадчуваючы закіды-пытаньні: “якім жа было паходжаньне сапраўднай літвы?, якой магла быць ейная мова?, чаму літва апынулася там, дзе бліснула і зьнікла?”, як бы хоча прадухіліць, папярэдзіць іх заявай, што “пра ўсё гэта гаворка будзе іншым разам”. Гэта значыць, трэба, маўляў, пачакаць. Але ж іншаму чытачу дай сёньня ўвязацца ў гаворку. Тым больш, калі канкрэтна такая гаворка нагадвае разглядваньне фотакартак, дзе мы знаходзімся ў далёкіх ад сёньняшніх нас прасторы і часе. І таму вельмі цяжка адарвацца ад такога непераадольнага жаданьня, захапляючага занятку. Часам на тых фотаздымках не пазнаеш сам сябе, часам іншых прызнаеш за сябе, а часам і не памятаеш, пры якіх абставінах быў сфатаграфаваны, і г.д.
    Дык вось, калі мы нейкім чынам робім спробу параўнаць звычайную фотакартку з картай этнаграфічнай (у дынаміцы), дык давайце падумаем над амаль непазнавальнымі таямніцамі гісторыі. Пачнём здалёку, з прыкладу. Здавалася б, ляжыць на паверхні блізкасьць, нават роднаснасьць нейкай часткі насельніцтва сучасных Іспаніі і Грузіі. Хіба ж амаль не супадаюць старажытная саманазва краіны Дон-Кіхота (Ібэрыя; ад назвы племя ібэраў) і антычная і бізантыйская назвы Усходняй Грузіі (Картлі) - Іверыя? Больш таго, назву “ібэры” мелі і ўсходнегрузінскія плямёны, якія зьявіліся асновай пры фармаваньні грузінскага народа, і старажытныя плямёны Іспаніі: турдзетаны, турдулы і іншыя, якія ў 3-2 стст. да н. э. былі заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Але ж мы ведаем, што назвы тыпу “Нікарагуа”, “Манагуа” ў былых іспанскіх калёніях сустракаюцца і ў сучаснай Грузіі. Так, прозьвішча былога прэм’ера грузінскага ўрада - Сігуа. Хай назвы на “уа” - нават індзейскага паходжаньня, але ж будзем мець на ўвазе, што яны не рэдкасьць ні ў Іспаніі, ні ў Грузіі. Дарэчы, паміж сёньняшнімі грузінамі і іспанскімі баскамі назіраюцца тоесныя рысы характару. А да чаго гэта мы? А да таго, што ў такіх выпадках пры вызначэньні, хто адкуль і куды прыйшоў і як яму ўдалося захавацца, варта браць пад увагу і сёньняшні стан (духоўны, маральны, гаспадарчы, культурны і г. д.) тых “прыходзькаў”. Думаецца, не варта ўспрымаць некаторую частку балтаў (жамойць - у прыватнасьці) як не вельмі самадзейную, як пасіўную і г. д. Шматлікія крыніцы сьведчаць, што балты былі не менш ваяўнічымі, чымся ўсе астатнія насельнікі ўсіх рэгіёнаў зямлі ў тыя часы. Жамойты былі своеасаблівым шчытом-поясам паміж Ордэнам і славянствам. Ды і не выпадкова іх саманазва трапіла ў тытул дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Ды і на сёньняшні дзень, не асыміляваныя ні немцамі, ні беларусамі, ні палякамі, ні рускімі, яны могуць паслужыць прыкладам для нас, як трэба ратавацца. І таму, зыходзячы і з гэтага пункту гледжаньня, мы таксама супраць погляду, што балты як этнас склаліся ў Прыбалтыцы і, нікуды не выходзячы пяць тысяч год, жылі там. Балты, як і ўсе этнічныя субстанцыі, таксама былі ў паходзе. А вось адкуль і як - пытаньне, думаецца, поруч з тымі, што вырашаліся, вырашаюцца і пры гэтым заўсёды будуць заставацца адкрытымі.
    Але разгледзім шляхі балтаў як часткі арыяў паводле малазнаёмых аўтараў. Так, сярод іх амэрыканец Р. Аткінсан (ёг Рамачарака - яго новае імя) у сваёй кнізе “Религии и тайные учения Востока” (СПб, 1914 г.), абагульняючы вопыт прадстаўнікоў эзатэрычных ведаў, паведамляе наступнае. Шмат стагоддзяў назад арыйскае племя спусьцілася на раўніны Індыі, перамагаючы першабытных жыхароў гэтай краіны. Адкуль арыйцы прыйшлі, гісторыкі не могуць вырашыць канчаткова, але паданьні ўказваюць, што прыйшлі яны з нейкай невядомай краіны. Некаторыя мяркуюць, што арыі прыйшлі з краіны, дзе раней былі зусім другія, іншыя кліматычныя ўмовы, чым цяпер; другія ж думаюць, што гэта былі рэшткі вялікага народа, родны край якога быў зьнішчаны ў выніку геалягічных пераваротаў.
    Сапраўды, некаторыя старажытныя паданьні паведамляюць, што арыйцы былі нашчадкамі жыхароў былога кантынэнта Лемурыі (як не нагадаць плятонаўскі міт аб Атлянтыдзе?), які, паводле гэтых паданьняў, быў разьмешчаны на прасторах Ціхага і часткова Індыйскага акіянаў і ўключаў у сябе землі і астравы, што цяпер прыналежаць Аўстраліі і Палінэзіі. Гэтыя землі і астравы зьяўляюцца рэшткамі былога кантынэнта (як самыя высокія яго пункты); больш нізкія месцы - загінулі пад вадой. Паданьні сьцьвярджаюць, што перад гэтым вялікім пераваротам, што разбурыў краіну і зьнішчыў жыхароў Лемурыі, адбылося перасяленьне вялікіх мас лемурыйцаў пад кіраўніцтвам іх рэлігійных правадыроў, якія прадказалі катастрофу. Гэтыя перасяленцы і іх нашчадкі выратаваліся на некаторых вышэйшых пунктах аддаленых паўночных частак краіны, якая падчас катастрофы ператварылася ў астравы. Застаючыся на гэтых астравах на працягу стагоддзяў, яны затым імігравалі на мацярык, у новую краіну, якая цяпер вядома пад імем Індыя. Апошняя была занятая цёмнаскурымі жыхарамі, загнанымі ў яе з іншых краёў зьмяненьнямі клімату і геалягічнымі катастрофамі. Нашчадкі арыйцаў адолелі іх з прычыны значнай перавагі свайго інтэлектуальнага разьвіцьця. Праўда, арыйцы дазволілі заваяваным жыць у спакоі, і апошнія засталіся вернымі рэлігіі сваіх прабацькоў: пераможцы, паважаючы чужыя веравызнаньні, не навязвалі ім сваіх.
    Арыйцы ў новых краях квітнелі, і ад іх пайшлі арыйскія плямёны Індыі. Частка іх, аднак, перайшла ў краіны, што складаюць сёньняшнюю Эўропу, а нашчадкі іх вядомы нам пад назвай германскіх, раманскіх, кельцкіх, грэчаскіх, славянскіх, балцкіх і іншых плямёнаў. Факт агульнага паходжаньня гэтых плямёнаў да ўсяго пацьвярджаецца іх моўнай роднасьцю. І сапраўды, возьмем для прыкладу слова падзякі ў нас і ў нашых блізкіх і далёкіх суседзяў: па-беларуску – “дзякуй”, па-польску – “дзенькуе”, па-нямецку – “данке”, па-англійску – “сэнк’ю”. У літоўцаў побач са словам “ачу” ёсьць слова “дзекуй”. А ў санскрыце - мове старажытных арыяў - і ў сучаснай мове хіндзі гэта гучыць як “дханакат”. Ці вось прыклад: “вавёрка” (беларуск.), “ваверайтэ” (літоўск.), “вэверыс” (латышск.), на санскрыце і хіндзі – “вавера”. Рады гэтыя можна было б доўжыць аж да некалькіх соцень. Пра роднасьць санскрыту і хіндзі з беларускай мовай і іншымі індаэўрапейскімі мовамі вельмі многа і падрабязна гаварылася ў красавіцкім (1993 г.) тэлечасопісе “Роднае слова”. У гэтай сувязі варта прыгадаць-супаставіць “Джатаку” (на санскрыце – “Аповесьць аб былых нараджэньнях”) - помнік старажытнага індыйскага фальклёру - і “Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях” - твор аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. У “Шляхціцу Завальні” аўтар выкарыстаў беларускія легенды і казкі, якія тэматычна, сюжэтна і, галоўнае, па духу набліжаюцца да паданьняў старажытнай Індыі. А яшчэ ўспамінаецца мне такі момант у маім жыцьці. Заходжу неяк я ў рэдакцыю літаратурнай крытыкі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а там купка людзей, сярод якіх былі В. С. Палтаран і А. С. Разанаў, сядзіць і слухае музычны запіс. На іх пытаньне, што нагадвае мне сьпеў, які гучаў у той час, я адказаў: “Гэта штосьці нібыта з нашага, беларускага, Палесься”. Яны, задаволена ўсьміхнуўшыся і ўхваліўшы маю здагадку, адказалі: “Гэта песьня з Індыі... старажытная... на санскрыце... днямі прыехала да нас”. Прыклады, якімі насычана і эсэ І. Ласкова, таксама сьведчаць аб гэтым, толькі, вядома, там размова ідзе пра больш аддаленыя ад нас у часе і прасторы плямёны. Цяпер паўстае пытаньне, якім шляхам і ў якім парадку ішлі арыйцы ў Эўропу і якія яны пакідалі там сьляды. Што да славян, дык большасьць навукоўцаў вядуць іх то з Ірана праз Каўказ, то зводзяць з Карпат, то ўвогуле знаходзяць іх у басэйне Прыпяці. А вось выдатны гісторык расейскага замежжа С. Лясны ў сваёй кнізе “Откуда есть пошла земля русская” (Таронта, 1956, 1962 гг.) вядзе славян (рускіх) з Блізкага Усходу; гару Сіён ён называе па-руску “Сиян-гора” (сияющая). Назвалі ж яе русы, калі яшчэ знаходзіліся ад яе далёка на поўдні. Яна ім зьзяла, яна іх клікала да сябе і далей - у Эўропу. Так што, як кажуць, усе дарогі вядуць у Рым. Дарэчы, калі аб Рыме. Спадарожна заўважым, што захапленьне рымскага паэта Гарацыя - сына вольнаадпушчаніка ў яго “Одах”: “Оrus!”, якое эпіграфам да другога разьдзела свайго “Яўгенія Анегіна” ўзяў А. С. Пушкін, - ёсьць захапленьне вёскай. Вось пушкінскі пераклад: “Оrus!” “О деревня!”. Прыгадаем: у сваіх апошніх публікацыях І. Ласкоў гаворыць аб нейкай вялікай папуляцыі русаў (славян) і аб тым, як яна была адбіта рымлянамі ў пэрсаў (таксама - арыйцаў). Ці не зьяўляюцца тыя “вяскоўцы”, як і тая “папуляцыя”, продкамі позьняй Русі - русаў, русічамі і г. д.? А ці не пра адно з плямёнаў той rusі - нэўраў (пратаславян) - адных з насельнікаў будучай Беларусі - у свой час у сваёй “Гісторыі” пісаў бацька гісторыі - старажытнагрэчаскі гісторык Герадот? І ці не яны прынесьлі на гэтую зямлю полісную дзяржаўнасьць? Заўважым, нэўры прыйшлі не на голае месца. Тут ужо гаспадарылі кельцкія плямёны, у прыватнасьці - будзіны (відаць, ад іх ідуць назвы паселішчаў тыпу “Буда” і прозьвішчы “Будны”, “Буднік”, “Будзінас” і г. д.). Хутчэй за ўсё ад зьмяшэньня (сынтэзу) названых плямёнаў зьявіліся крывічы, дрыгавічы, радзімічы, драўляне - адны з продкаў сучасных беларусаў.
    І як цяпер не ўспомніць, што навокал амаль усе гісторыкі старых, новых і найноўшых часоў цьвердзілі і цьвердзяць, што “русь” - гэта варажскае племя, якое захапіла славянскія землі, вядома, не без дапамогі-запрашэньня з боку тых жа славян, нягеглых і аблудных, навесьці ў іх парадак і кіраваць імі?! А можа, тая варажская русь была лепшай часткай славянскай русі, той часткай, якая з прычыны неўспрыманьня ўтробна-прымітыўнага існаваньня сваіх супляменьнікаў і дэспатызму мясцовай улады сталася тут незапатрабаванай, нават маргінальнай, больш таго - дысыдэнцкай, а калі па-сучаснаму - апазыцыйнай і таму вымушанай пакінуць свае абсягі і накіравацца далей на поўнач - у Скандынавію, дзе не было рабства. А ўжо адтуль у пэўны зручны момант па запрашэньні некаторай часткі даўнейшых сваіх суграмадзян вярнулася назад дамоў і таму так лёгка “заваявала” славян. Праўда, як цьвердзіць гісторыя, адбылося гэта амаль дарэмна, амаль без станоўчых вынікаў. Нездарма, відаць, кажуць, што гісторыя нас нічому не вучыць. Дарэчы, пра скандынаўскі адыход і вяртаньне як бы намёкам піша і вышэй памянёны гісторык С. Лясны.
    Ёсьць меркаваньні (і гэта пацьвярджаецца дадзенымі археалёгіі, тапанімікі і інш.), што першы арыйскі паток ва Ўсходнюю Эўропу ў асноўным складалі балты. Папярэднія насельнікі гэтага рэгіёну - уграфіны, падобна астатнім, ці асыміляваліся, ці адступілі ў паўночна-ўсходнім напрамку. Некаторыя, як літва, заставаліся надоўга ўстойлівымі з прычыны сваёй магутнасьці і непераможнасьці. Трэба мець на ўвазе, што уграфіны былі ва ўсіх адносінах дастаткова разьвітым жыхарствам Усходняй Эўропы. Узяць, напрыклад, тых жа вэнграў. Ім было з чым прабіцца ў самы цэнтар Эўропы. А, можа, і некаторая частка літвы апынулася там дзесьці ў глыбіні эўрапейскага кантынэнта, бліжэй, вядома, да захаду, пакінуўшы сваю назву спачатку балтам, потым - славянам і, вядома, сваім суродзічам, што былі асыміляваны. А можа, літва ўлілася ў мадзьярскае мора? Трэба думаць, не выпадкова пераклікаюцца такія імёны ды прозьвішчы ў сучасных вэнграў, беларусаў і літоўцаў, як Барташ, Кукрыш, Кунтыш, Міклаш, Понтыш, Понтус і г.д. З гэтага пункту гледжаньня наша антрапаніміка заслугоўвае асаблівай увагі. Тут, думаецца, можна знаходзіць празрыстыя пераходы з вэнгерскай на беларускую, як, скажам, пераходы ў сучаснай літоўскай і беларускай мовах: Петрэне - Пятрэня; Кіене - Кіеня, Макарэне - Макарэня і г. д. І яшчэ. Ці не патаемная этнічная памяць Сьцяпана Баторыя (Батуры), які паходзіў з мадзьяр, не давала згаснуць яго цёплым пачуцьцям да Беларусі-Літвы? Успомнім, што ён увесь час імкнуўся жыць у Беларусі. Аб гэтым сьведчыць і замак у Гародні - замак Сьцяпана Баторыя (Батуры). і яшчэ прыгадаем, што комі-пярмяцкае “батора” - гэта той, хто гаворыць хутка і манатонна. Ці не адсюль у нас гэта слова значыць “балака”. А ад яго і да “балагурыць” - недалёка. Тут жа дададзім, што комі і пермякі - гэта народы фіна-угорскай групы.
    За балцка-арыйскім патокам ішоў славянска-арыйскі паток. Вядома, адбываліся тыя ж самыя этнічныя працэсы: асыміляцыя, адступленьне, захоўваньне сябе. Гэтыя складаныя працэсы, безумоўна, знаходзілі адбітак і ў мове. Вось прыклады, як ад угра-фінаў праз балтаў даходзілі да славян (тут маецца на ўвазе - да беларусаў) назвы тых ці іншых прадметаў, аб’ектаў, зьяў. Скажам, угра-фіна-балцкі рад, які дае сам І. Ласкоў: “сьляза” па-вэнгерску “сірас”, па-летувіску “ашара”. А мы дададзім, што ў беларусаў гэтая канкрэтная назва пашыралася і ўтварыла паняцьце – “сірата”. А вось назву населенага пункта ў Беларусі - Обаль У. М. Топараў і А. М. Трубачоў у сваёй кнізе “Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья” (М., 1962 г.) выводзяць з фінскай мовы (угра-фінск. - Я. Г.). З угра-фінскай, трэба меркаваць, гэтая назва трапіла да балтаў, а ад іх - да беларусаў. Зазірнём у кнігу В. А. Жучкевіча. Обаль - рака, прыток Заходняй Дзвіны, таксама возера і гарадзкі пасёлак Шумілінскага раёна, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск - Полацк, сяло Гарадоцкага раёна, Абалянка - рака, даплыў (прыток) Лучасы, сыстэма Заход-няй Дзвіны; Абольцы - сяло Талачынскага раёна; Абаляны - сяло Браслаўскага раёна. У 1505 г. згадваецца сяло Абольцы (М. К. Любавский. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. М., 1892, стар. 123), тое ж у 1593 г. (Археологический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, т. 4, стар. 299 і інш.). Назвы, вытворныя ад літоўскай асновы “абеліс” - яблыня, яблыновы, што пацьвярджаецца не толькі блізкасьцю назваў да ўказанай асновы, але і прыстасаванасьцю іх да паўночна-заходняй часткі Беларусі, дзе добра выяўлены балтыйскі тапанімічны пласт і ёсьць славянскія калькі. (Паводле В. А. Жучкевіча. - Краткий топонимический словарь Белоруссии., Мн., 1974.) Але ж “обаль” па-фінску - яблык. Такім чынам, мы бачым балцка-славянскае запазычаньне ў угра-фінаў. І яно, запазычаньне гэта, пасьля было зафіксавана нават у літаратуры (рускай). Успомнім В. К. Трэдзьякоўскага з яго “Тэлемахідай”, дзе сказана: “...чудище обло [кругло - Я. Г.], огромно, стозевно и лайяй...”. А. А. Радзішчаў гэтыя словы ўзяў эпіграфам да свайго “Путешествия из Петербурга в Москву”.
    Мы маем падставы сьцьвярджаць, што шукаць у мове літвы (і сучаснай, і летапіснай) вэнгерскага (угра-фінскага) сьледу неяк ніякавата з той прычыны, што (і гэтаму не супярэчыць сам І. Ласкоў у сваіх публікацыях “Племя пяці родаў” і “Нашчадкі таямнічае Літвы”) у пэўнай ступені гэтыя этнічныя суб’екты ёсьць адно цэлае; што напрамак балцка-угра-фінскіх запазычаньняў, - безумоўна, яўна абодвабаковы, - адбываўся ў часы балцка-арыйскай калянізацыі новых земляў. Адначасова зьвяртаем увагу на тое, што мы не блытаем літву з ліцьвінамі. Літва - гэта адзін з субстратаў будучых беларусаў, як і жамойтаў, а ліцьвіны - гэта ўжо амаль беларусы.
    А возьмем назвы ракі і горада Віцьба і Віцебск, а таксама левага даплыву Прыпяці - Віць, мужчынскія імёны Віцень, Вітаўт. Здавалася б, тут і славянскі корань (віць) і дапушчальная лацінская аснова (віта - жыцьцё) вырашаюць пытаньне не на карысьць іх угра-фінскага паходжаньня. Але ж у мове хансі паняцьце “вада” мае слоўнае абазначэньне-выяўленьне “віт” (гл.: Э. М. Мурзаев “Словарь народных географических терминов”, М., 1984 г.). Мова ж мансі належыць да фіна-угорскай групы ўральскай сям’і. Ды і як жа мы не ўспомнім рэчку Віцім - правы даплыў Лены. Дарэчы, зусім блізка ад Румыніі, куды нас апошнім часам кліча І. Ласкоў, ёсьць рэчка Віт - правы даплыў Дуная. Праўда, знаходзіцца яна на баўгарскай тэрыторыі. Але ж не так далёка там і Вэнгрыя - краіна фіна-угорскай мэнтальнасьці. Да ўсяго - у Югаславіі ёсьць невялікі горад з назвай Віцезь. Усё гэта дае нам падставу заключыць, што Віцень і Вітаўт - ці не проста гэта сыны вады? А Віцязь? Ён зафіксаваўся і ў назьве возера Сьвіцязь. Сын вады, як сын агню і г.д.? Гэта ж недзе на амэрыканскім кантынэнце ў часы індзейцаў былі такія імёны. Цікава, а як яны ўзьніклі ў іх? А можа, да індзейцаў там ужо нехта іх насіў, а індзейцам яны дасталіся потым? (Але аб гэтым крышку ніжэй.) Дарэчы, таму, хто займаецца дасьледаваньнямі наяўнасьці ў беларускай тапаніміцы, як і ў беларускай мове ўвогуле, фіна-угорскага моўнага падсубстрату, цікава і карысна будзе зьвярнуцца да мэмуараў бацькі Максыма Багдановіча - Адама Ягоравіча Багдановіча “Мои воспоминания” (часопіс “Нёман”, № 5-8, 1994 г.).
    Нельга пагадзіцца з І. Ласковым, што сярод іншых назваў назва “Дунай” прынесена ў Беларусь з Румыніі летувісамі. Дарэчы, рэчка Дунай у нас ёсьць не толькі ў Іўлеўскім раёне, але і ў зьмененым выглядзе - у Лагойскім, Клецкім, Быхаўскім і іншых раёнах нашай краіны. Дунай - яго сьляды можна знайсьці і пад Мінскам. Старажытны Менск стаяў якраз пры ўпадзеньні Дуная ў Менку. (Жадаючыя могуць пабываць там хоць сёньня.) А назву сваю гэтая рака, як і многія іншыя водныя сыстэмы, да якіх была прыстасавана гаспадарчая дзейнасьць чалавека, атрымала, відаць, ад іранскай групы моў, у якіх “дон” - гэта агульная назва ракі. Для прыкладу возьмем: Ардон, Гізельдон, Дон, Донау (Дунай), Данапрыс (Днепр), Днестр і інш. Іранамоўныя ж назвы занесены былі і на нашы землі, па ўсёй верагоднасьці, сарматамі. Адзначым, што “Дунаеў” у Беларусі ў старажытнасьці было шмат. І таму не дзіва, калі ў многіх народных песьнях сьпявалася аб тым, як “...за Дунаем мой мілы гуляе”. Такое паходжаньне назвы “дунай” знаходзім у Я. М. Паспелава ў яго “Школьном топонимическом словаре” (М., 1988 г.), у работах Э. М. Мурзаева, Т. Тэр-Сплавіньскага і ў некаторай ступені ў В.А. Жучкевіча.
    Любыя (вялікія і малыя) перасяленьні народаў, зразумела, былі выкліканы самымі рознымі прычынамі, сярод якіх не апошняе месца, трэба думаць, займаў этнічны, а калі гэта разумець пашырана - расавы мэнталітэт. Таму, адпраўляючыся ў падарожжа ў краіну ведаў, не будзем забывацца на тое, што кожны народ хацеў заняць лепшае месца пад сонцам, хаця, праўда, гэта не заўсёды яму ўдавалася, і ніколі ні адзін народ (калі ён сапраўды - народ) добраахвотна сам не лез у балота ці ў хмызьнякі. Зразумела, у жыцьці ёсьць і выключэньні і іншыя правілы. І гэта таксама дасьледчыку трэба мець на ўвазе. І, безумоўна, ні ў якім разе яму не трэба пазьбягаць нетрадыцыйных крыніц. У дадзеным выпадку маюцца на ўвазе эзатэрычныя веды. Колькі гістарычнага матэрыялу пра іншых далёкіх продкаў утрымліваецца на старонках твораў Ч. У. Гекерторна, Дж. Фрэзера, Эд. Шурэ, Д. Штрауса і многіх іншых! Хто нам сёньня падкажа, што гэта за людзі (беласкурыя, блакітнавокія, русавалосыя) жылі на амэрыканскім кантынэнце да адкрыцьця яго індзейцамі (мангалоідамі). Апошнія, перагрэтыя жоўтым сонцам, амаль поўнасьцю першых і зьнішчылі. Некаторыя этнографы сьцьвярджаюць, што і сёньня на прасторах Амэрыкі сустракаюцца рэлікты тых далёкіх “бледнолицых” – “бледнатварых”. Невыпадкова таму зьяўленьне эўрапейцаў, у прыватнасьці іспанцаў, было ўспрынятае мангалоідамі Амэрыкі як божая кара за зьнішчэньне сваіх папярэднікаў. Выходзіць, што тыя белыя адкрылі Амэрыку нашмат раней за індзейцаў, не кажучы ўжо пра Калюмба; і можа, яны ўжо даўно ваявалі з жоўтай расай і ў рэшце рэшт зьніклі. Хай бы на тым і скончыліся расавыя войны, тым больш у плянэтарным маштабе! Але некаторыя высокія аўтарытэты (у прыватнасьці С. С. Макараў (1848-1904 гг.) - рускі флётаводзец, акіянограф, віцэ-адмірал) сьцьвярджалі і сьцьвярджаюць, што яшчэ будзе вялікая хваля жоўтай расы на Зямлі. Чырвоная і чорная расы ўжо панавалі, белая пануе, жоўтая - на чарзе.
    І ўсё ж такі, хто яны былі, тыя белыя? Не выключана, што гэта маглі быць і угра-фіны - частка і нашага этнічнага субстрату, якія, калісьці трапіўшы праз Чукотку ў Амэрыку, спарадзілі там сваю цывілізацыю. А можа, яны там, у паўночным паўшар’і, і жылі, як жылі па ўсім Эўразійскім кантынэнце, таксама бліжэй да Поўначы? Так, такое магло быць у тыя далёкія часы, калі суша была амаль суцэльнай, калі мацерыкі яшчэ так не дрэйфавалі. Але прыйшлі заваёўнікі, якіх таксама пасьля заваявалі, і разбурылі ўшчэнт усё жыцьцё і, прагнаўшы з усяго амэрыканскага кантынэнту сваіх папярэднікаў, сьцерлі ўсе іх сьляды. Толькі як ні сьцірай - а сёе-тое заўсёды ды застанецца. Ці не перагукваецца назва возера Маракайба (Вэнэсуэла) з сыбірскай назвай Бадайба або назва рэчкі Каўка (Калюмбія) з назвай птушкі ў нас у Беларусі? А як не прыгадаць тут вялікага патрыёта нашай зямлі Аляксея Каўку? І тут жа давайце ўспомнім у Янкі Купалы: “Закаўкалі каўкі на ўзвышшы...” Дарэчы, слова “каўкаць” – “крычаць” запазычана з літоўскай мовы (“Этымалягічны слоўнік беларускай мовы”, т. 4, Мн., 1988 г.). Не выключана, што ў літоўскую мову яно трапіла з фіна-угорскай стыхіі. А ці не чуем мы хаця б зьнешняй сугучнасьці ў мангольскім “Чэйбалсан” і індзейскім “Чэйбаябас”? І, безумоўна, знаходзім падабенства ў мэлёдыях мангалоідаў Поўначы (і эўрапейскай таксама) і індзейцаў - супляменьнікаў Гаяваты, а таксама ў характары і фактуры строяў таймырскіх шаманаў і тых жа індзейцаў. Прыклады гэтыя неверагодныя. І, відавочна, іх можна доўжыць, калі добра ўгледзецца ў карту адпаведнага маштабу, культуру і побыт названых этнічных груп. А хіба не так успрымаецца людзьмі, у чыёй сьвядомасьці гістарычна замацавалася, што Мажайск - гэта ва ўсе вякі спрэс рускі горад, калі ты ім паведамляеш аб тым, што горад гэты быў калісь і беларускім, і літоўскім, і што назва яго балцкая, як і назва рэчкі Мажа ў Капыльскім раёне, як і беларускае прозьвішча Мажэйка? Па-літоўску ў сучасным варыянце “мажэйка” - гэта маленькі, самы меншы хлопчык у сям’і. І варта высьветліць, як яно трапіла да балтаў і адкуль. А рэчка Мажа сапраўды невялікая, як невялікім у свой час быў і Мажайск.
    А цяпер, вяртаючыся да І. Ласкова, выказваючы сваё захапленьне яго росшукамі, шчодрасьцю, з якой ён падае мноства прыкладаў, здабытых, вядома, у велізарнай працы, хочам зьвярнуць увагу на тое, пра што ён і сам, безумоўна, думаў: кожны народ, кожны этнас, кожны чалавек, апроч сваёй сёньняшняй Радзімы, належыць усёй зямлі, і што ўсе мы людзі, хочам мы таго ці не, ёсьць дзеці адной маткі-гісторыі і аднаго бацькі-Творцы, якія ніколі не даруюць нам, калі мы будзем забывацца на сваё паходжаньне.
    Яўген Гучок
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 11-25./

                                                        З  ЛІСТОЎ  ІВАНА ЛАСКОВА
    Закінуты лёсам у Якуцію, Ласкоў даваў прыклад такога шчырага служэньня беларускай ідэі, якім мала хто можа пахваліцца і жывучы тут. Паэт, празаік, крытык, ён у апошнія гады найбольш часу і сіл аддаваў гістарычным досьледам. Яго гіпотэза аб фіна-угорскім паходжаньні летапіснай літвы — сапраўднае навуковае адкрыцьцё, плён арыгінальнага, нестандартнага мысьленьня.
    З дакладам на гэтую тэму Ласкоў павінен быў ехаць у Хэльсынкі, на міжнародны кангрэс фіна-угорскіх народаў. Не пасьпеў... Не пасьпеў ён закончыць два раманы і п’есу; сабраць у архівах КДБ зьвесткі пра ўсіх беларусаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Якуціі. Але пасьпеў закончыць і перадаць у Беларусь, у выдавецтва “Мастацкая літаратура”, галоўную працу свайго жыцьця — кнігу пра летапісную літву.
    Ласкоў рабіў вялікую справу, — лічыць Адам Мальдзіс. — Ён практычна адзін распрацоўваў фіна-угорскі пласт у стварэньні беларускага этнасу. Не хачу сказаць, што яго высновы зьяўляюцца ісьцінай у апошняй інстанцыі (такога нельга сказаць ні аб адным дасьледчыку), але мне асабіста яго доказы здаюцца лягічнымі і пераканаўчымі”.
    У гіпотэзы Ласкова ёсьць і прыхільнікі, і праціўнікі. Аднак пакуль што аспрэчваньне яе ідзе толькі ў прыватных размовах. Няма ніводнай публікацыі, якая б гэтую гіпотэзу абгрунтавана абвяргала. Ласкоў чакаў навуковай дыскусіі. Яна не адбылася. “У кожнага нашага вучонага - свая дзялянка”, — сумна жартаваў ён.
    Тым больш прыемная прыхільнасьць да Ласкова такіх выдатных нашых вучоных, як Адам Мальдзіс і Мікола Ермаловіч. “Ласкоў знайшоў залатую жылу, хай распрацоўвае яе далей, — не раз пры сустрэчах са мной гаварыў Ермаловіч. — Напішыце, каб хутчэй вяртаўся ў Беларусь. Такія людзі патрэбны тут”.
    Вярнуцца ў Беларусь — гэта была запаветная мара Івана Антонавіча. Але як? Тут не абяцалі яму ні працы, ні кватэры. Напэўна, былі праблемы сямейнага пляну: жонка — якуцкая пісьменьніца, у Якуцку нарадзіліся і вырасьлі дзеці. Дадаліся і непераадольныя фінансавыя цяжкасьці. “Прашу прабачэньня за доўгае маўчаньне, — пісаў мне Ласкоў. — Я са студзеня   беспрацоўны, а беспрацоўны, аказваецца, мас значна меней часу, чым той, хто працуе. Хапаесься за тое і за сёе. Чытаю амаль што задарма лекцыі ў мясцовым унівэрсытэце па расейскай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя: Блёк, Бунін, Гумілёў, Ахматава, Пастарнак і г. д. Пішу штотыдзень для газэты...”
    Пісаў ён літаратурныя агляды, прынцыповыя і вострыя, нажываючы сабе ворагаў у мясцовым пісьменьніцкім асяродзьдзі.
    Вось так, занадта напружана, прайшлі апошнія чатыры гады жыцьця Ласкова. Гавару — чатыры гады, бо столькі доўжылася маё знаёмства з Іванам Ласковым. Пачалося з перапіскі (ліставаньня, як гаварыў Ласкоў) па праблемах яго артыкула “Племя пяці родаў”. Потым мы некалькі разоў бачыліся ў час яго апошняга прыезду ў Мінск увосень 1991 года. Я ўспрымала гэтае знаёмства як падарунак лёсу. У наш час, калі найчасьцей сутыкаесься з раўнадушшам, цынізмам, мэркантыльнасьцю, радасна сустрэць чалавека адукаванага, цікаўнага, самаахвярнага і бескарысьліва адданага сваёй справе.
    У Ласкова быў своеасаблівы розум, востры і абсалютна непадуладны штампам і догмам. Яму не заміналі агульнапрынятыя меркаваньні, ён заўсёды думаў сам. Так, уласна, і адбылося з летапіснай літвой. Каму магла прыйсьці ў галаву думка, што літва можа быць не балцкім народам? Сама назва вымушала да такой высновы. Але ж назва той, нашай літвы - адно, а назва Літвы сучаснай не гістарычная, яна ўзятая самімі летувісамі. Зрэшты, пра ўсё гэта было шмат публікацый Ласкова ў “ЛіМе” і ў “Полымі”. Неўзабаве, спадзяюся, мы ўбачым і яго кнігу.
    Кожнага ліста ад Івана Антонавіча я чакала з нецярплівасьцю, нібы гэта быў працяг цікавага прыгодніцкага рамана. Толькі дзеяньне ў тым рамане ішло не наперад, а назад, у далёкую дагістарычную пару.
    І вось апошняе пісьмо, ад 12 чэрвеня (памер Ласкоў 28 чэрвеня ад інсульту), якое заканчваецца словамі:
    Больш падрабязна пасьля...
    Як горка, што гэтага пасьля не будзе!
    Сьвятлана Клімковіч
    Мне вядома, што ёсьць не толькі прыхільнікі мае гіпотэзы, але і праціўнікі. Напрыклад, вядомы В. П. Грыцкевіч, не называючы майго прозьвішча, на ўстаноўчай канфэрэнцыі “Бацькаўшчыны” заклікаў даць адпрэчку такім, як я, шкодным дылетантам у гістарычнай навуцы. А за некалькі дзён да таго, калі я ў яго прысутнасьці стаў дзяліцца сваімі думкамі, сказаў, каб я “не вешаў лапшу на вушы”. Чуў я, што варожа да мае гіпотэзы ставіцца і В. Вячорка. Ён нібыта ведае летувіскую мову і запэўнівае, што ўсе княскія імёны з яе адшыфроўваюцца. Гэта няпраўда. Не ўдаючыся ў падрабязнасьці, укажу толькі на адну, але вельмі важную: нідзе ў летапісах княскія імёны ня маюць характэрнага канчатку -с. А гэта ж былі імёны князёў, у тым ліку вялікіх. Дык хто ж пасьмеў бы ператварыць імя Вітаўтас у Витовт, Жігімантас у Жигимонт? Ці, можа, мовы, на якой гаварылі нашы продкі, не дазваляла канчатку -с у імёнах? Дазваляла, і яшчэ як. І сёньня маем імёны Тарас, Панас, Пратас, дык чаму Альгірдас ператварыўся ў Ольгерд? Ясна, што такіх ператварэньняў не было”.
    15 студзеня 1991 г.
    Я ўжо не першы раз чую закід, што, маўляў, трэба маю гіпотэзу правяраць археалёгіяй, як раіць Мальдзіс. Але рэч у тым, што археалягічныя здабыткі не маюць нацыянальнага кляйма. Асабліва гэта датычыць найболей старажытных пластоў. Вядомы тапаніміст У. Ніканаў прыводзіць у адным сваім артыкуле выказваньне археоляга Монгайта: “Археологи, открыв ту или иную культуру, далеко не всегда могут связать ее с каким-либо народом, известным по ранним письменным источникам или современным. Очень редко мы можем определить название того племени, которое нам стало известным по археологическим признакам... Археологи должны очень осторожно делать заключение об этнической принадлежности той или иной «культуры», так как важнейшим признаком племени, народа является язык, на котором он говорил”. На жаль, апошнім часам археолягі не карыстаюцца гэтай парадай-папярэджаньнем. Усё, што знойдзена імі на тэрыторыі Беларусі, адносяць або да балцкага, або да славянскага, не даўшы сабе працы супаставіць знойдзены матэрыял са здабыткамі іншых мясьцін”.
    8 лютага 1991 г.
    “Гэтымі днямі я шмат працую са сьледчымі справамі КДБ. карыстаюся ласкай раней недаступных дзядзькоў. Хачу напісаць для беларускага друку пра рэпрэсаваных у Якуціі землякоў. Але хутка мяне з КДБ выпруць, бо чалавек, які мне дапамагае, ідзе на пэнсію. Тады я буду працаваць над заключным разьдзелам кнігі пра беларускую фіна-вугорыю, разьдзелам пра імёны літоўскіх князёў. Буду разглядаць тры вэрсіі: 1) ці летувіскія гэта імёны; 2) ці славянскія; 3) ці пермскія. Вы вельмі слушна напісалі ў апошнім лісьце, што “будынку” М. I. Ермаловіча нестае менавіта разуменьня, што літва не была балтыйскай, а мая гіпотэза гэты будынак давяршае. Я пісаў яму пра гэта яшчэ ў 1989 годзе, пасьля таго. як ён даслаў мне сюды кароткі водгук на “Племя пяці родаў”. І ведаеце, ён адразу зразумеў. што мая гіпотэза робіць яго сыстэму неабвержнай, і блаславіў мяне на пошук. Але пакуль гэты пошук не скончаны. дакладней, вынікі не надрукаваныя, ён не можа на іх спасылацца і таму працягвае выкладаць балцкую вэрсію літвы, але гэтай вэрсіі сам супярэчыць, называючы Гэдымінавічаў славянамі. “Славянскасьць” літоўскіх імёнаў ідзе ў яго ад дарэвалюцыйнай (1885 ) працы нейкага Юргевіча, дзе той даводзіць, нібыта Вітаўт - скажонае Віктар, Альгерд - Аляксандр, Мінгайла - Міхайла і г. д. Менавіта адсюль і ідзе сьцьвярджэньне Ермаловіча, штоаніводнае імя так званых літоўскіх князёў не адшыфроўваецца з летувіскай мовы”, якое і штурхнула мяне ў вір пошукаў. Добра яшчэ, што гэта сапраўды так, бо праца Юргевіча зусім ненавуковая, тэндэнцыйна-вялікадзяржаўная. Ну а што да Ермаловіча, то Вы разумееце, што калі Вітаўт - Віктар. то чаму Даліл - не Давід?!
    1 мая 1991 г.
    Мы ж павінны мець на ўвазе такі важны факт: у Беларусі невядомыя творы тыпу “Слова аб паходзе Ігаравым” у дачыненьні да XI-XIV стст., г. зн. напісаных у мясцовай славянскай мове. Што мы маем? Толькі творы Кірылы Тураўскага,  напісаныя па царкоўнаславянску, г. зн. на мове, прынесенай разам з пісьменнасьцю. Кірыла - гэта XII стагодзьдзе. І надалей доўга яшчэ пісьмовыя помнікі Беларусі пісаліся на царкоўнаславянскай мове. А чаму ж не трапляла на старонкі кнігі жывая народная мова? Ці не таму, што яна не была славянскай і таму не магла мець пісьменнасьці? І вядомыя першыя імёны - Рогвольд, Рогнедь яўна не славянскія... А ў той сама час назвы плямёнаў: крывічы, радзімічы, дрыгавічы - паводле формы (ічы) славянскія. Значыцца,. славяне былі, дый без іх не было б славянскай мовы. Беларусь не стала б славянскай. Але колькі іх, славянаў, было?
    Я так думаю. Тое, што вышэй было сказана пра яцьвягаў, можна распаўсюдзіць на ўсю Беларусь. Гэта значыцца, да зьяўленьня славянаў тут жылі вельмі перамешана шматлікія і ў той сама час невялікія колькасна плямёны, якія не мелі агульнай мовы. Зразумела, яны неяк сумаўляліся, але не так, як аднамоўцы. Потым прыйшлі славяне, некалькі плямёнаў (згодна з Ермаловічам, ледзь не з дзесятак). Яны гаварылі на блізкіх, зразумелых для ўсіх гэтых плямёнаў мовах. А фіна-вугры - на мовах вельмі розных, ніводная з якіх агульнай быць не магла. Таму агульнай для ўсіх плямёнаў, як славянскіх, так і неславянскіх (а славяне расьсяліліся на вольных мясьцінах пасярод фіна-вуграў) сталі славянскія гаворкі. А фіна-вугры сталі пераходзіць на іх, як болей зручныя ў зносінах паміж плямёнамі. Гэты працэс паскорыла зьяўленьне пісьмовай, царкоўнаславянскай мовы. Вялікую ролю ў славянізацыі адыграла і царква. дзе на царкоўнаславянскай мове ішла богаслужба кожны дзень. Там жа, дзе хрысьціянізацыя адразу не ўдалася, як на землях літвы, фіна-вугорскія гаворкі захоўваліся дастаткова доўга.
    Вядома, што літва хрысьцілася ў каталіцызм, г. зн. можна было чакаць. што літва спольшчыцца. Але каталіцкі касьцёл працаваў на лаціне. Каталіцкія ксяндзы большай часткай былі, відавочна, палякамі або выхоўваліся ў польскай мове і традыцыях. Па-за касьцёлам яны гаварылі па-польску. Таму з цягам часу ў мове каталіцкага насельніцтва сталі ўжывацца польскія словы, а шляхта і наогул паланізавалася. Але большае значэньне для літвы мела цеснае, шматстагодняе суседзтва з праваслаўным насельніцтвам, якое ўжо цалкам славянізавалася, перайшоўшы на моўны канглямэрат з крывіцкіх, радзіміцкіх, дрыгавіцкіх гаворак ды царкоўнаславянскай мовы”.
    1 траўня 1991 г.
    Шчыры дзякуй Вам за выразку з “Народнай газеты”, а таксама за ўсе папярэднія лісты, на якія я не пасьпеў адказаць. Праўду кажучы, мяне вельмі зьдзівіла, што маю такіх прыхільнікаў, як аўтар артыкула “Які знак твой?” В. Кошалеў (лекар тэрапэўт!). Я ж яшчэ не надрукаваў кнігу. Але, мабыць, на людзей дзейнічаюць не столькі мае доказы, колькі немагчымасьць паверыць, што летувісы сапраўды маглі падпарадкаваць Беларусь. стварыць такую вялізную дзяржаву і пры гэтым не ўжывалі ўласнай мовы ў дзяржаўных актах, а пісьмовасьць атрымалі толькі ў XVI стагодзьдзі, дзякуючы Рэфармацыі. Мая здагадка ўсё ставіць на месца, таму так лёгка ўспрымаецца.
    “Полымя” з маім артыкулам я яшчэ не бачыў і не ведаю, у якім нумары ён зьмешчаны. Але я выпісваю “Полымя”, так што хутка атрымаю.
    Мая кніга ў чарнавіку скончаная. Атрымалася 700 старонак. Цяпер усё гэта трэба перачытваць, рэдагаваць і перадрукоўваць. Працы на паўгода. Але буду выконваць яе са спакойнай душою, бо, здаецца, знайшоў выдаўца. Тут у нас, у Якуцку, гасьцяваў ансамбаль “Рунь” (БТІ), а прывёз яго лідэр “Бацькаўшчыны”Я. Лецка. Дык вось, не ведаючы, што ён выдавецкі работнік, я разгарнуў перад ім свае пошукі і вельмі зацікавіў. А калі паказаў толькі што дасланую з Сыктыўкара газэту з фотаздымкам комі жанчын у нацыянальных строях, ён ажно ўзрушыўся, усклікнуўшы: “Дык гэта ж нашы жанчыны!”. І сапраўды, касьцюмы ў іх, апрача галаўных убораў. - літаральна беларускія, з андаракамі, а на андараках - нашы ўзоры... На жаль, здымак чорна-белы. Але, здаецца, тыя ўзоры - чырвоныя, на белым полі. Дарэчы, і ў мардвы ўлюбёныя колеры - белы і чырвоны.
    Адным словам, Лецка прымусіў мяне напісаць заяўку ў “Мастацкую літаратуру”.
    2 кастрычніка 1991 г.
    Нарэшце магу Вам надзякаваць за “Старонкі гісторыі Беларусі”. Атрымаў я гэтую кнігу ад Вас прыблізна з месяц таму, але напісаць не было часу. Пісаў два важныя артыкулы, а таксама два доўгія лісты сваім летувісам. “Лісты” - гэта толькі так называецца, на справе ж таксама артыкулы. Я апошнім часам нарваўся на тое, на што і не спадзяваўся. Аказалася, мой прагноз, што летувіская мова магла зазнаць не меншы пермскі ўплыў, чым беларуская, апраўдваецца. Знайшоў болей за 100 летувіскіх слоў пермскага паходжаньня. А карыстаўся слоўнікам літаратурнай мовы. Калі ж узяцца за паўднёва-усходнія летувіскія дыялекты. дык, думаю. малюнак будзе яшчэ болей выразны. Гэтыя знаходкі, можна сказаць, ставяць кропку ў пытаньні, ці была летапісная літва пермскім племем. Таму я пошук (дастаткова складаны, бо я ж не ведаю летувіскай мовы) працягваю і імкнуся знайсьці ўсе летувіскія пярмізмы, якія толькі змагу”.
    3 жніўня 1992 г.
    Вы, мабыць, надумалі, што я здрадзіў фіна-вугорскай ідэі, выводжу цяпер літву ад румынаў. Паверце, усё, што было, застаецца. Толькі шлях літвы мяняецца. Ранеіі я думаў(усьлед за фіназнаўцамі), што крыніцай распаўсюджваньня пярмянаў зьяўляецца Прыўральле. Новыя дадзеныя паказваюць, што такой крыніцай... быў басэйн Дунаю. Якія дадзеныя - я пісаў Вам у верасьні, цяпер жа не буду, каб Вам цікавей было чытаць працяг “Дагістарычных блуканьняў”.
    19 сьнежня 1992 г.
    Прашу прабачыць за доўгае маўчаньне. Я практычна нікому не пісаў апошнія месяцы. Так атрымліваецца. Я са студзеня беспрацоўны, а беспрацоўны, аказваецца, мае значна меней часу, чым той, хто працуе. Хапаесься за тое і за сёе. Чытаю амаль што задарма лекцыі ў мясцовым унівэрсытэце па расейскай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя: Блёк, Бунін, Гумілёў, Ахматава, Пастарнак і г.д. Пішу штотыдзень для штотыднёвай газэты. Плоцяць яны па ранейшых мерках астранамічна - 20 руб. за газэтны радок (23 знакі), амаль па рублю за літару. 3 траўня за актыўнасьць стаўку маю павысілі да 25 руб. за радок, г.зн. ужо больш за рубель літара. Каб выходзіла газэта штодзень. то, можа, і разбагацеў бы. А так усё роўна атрымліваецца сьціпла.
    Ды ўсё гэта дробязі. Галоўнае - я ўсё ж такі скончыў першую кнігу. “Летапісная літва: сваяцтва і лёс”. Засталося толькі перадрукаваць”.
    15 траўня 1991 г.
    Я агледзеў, чаго не чакаў і пра што зусім не думаў, калі рабіў першыя крокі: па першае, да 150 комі-лацінскіх і удмурцка-лацінскіх лексычных супадзеньняў, па-другое, каля 70 пермска-старажытна-грэцкіх, па-трэцяе, каля 70 пермска-румынскіх, па-чацьвёртае, каля 40 пермска-нямецкіх; маецца і жменька пермска-альбанскіх. Гэтыя супадзеньні неабвержна гавораць, што ў часы Рымскай імпэрыі старажытныя пярмяне жылі ў басэйне Дунаю. Адсюль яны, мяркуючы па гідронімах (дарэчы, у басэйне Дунаю больш за 30 вядомых гідронімаў - пермскія), пайшлі на поўнач і паўночны ўсход: Польшча, Беларусь, Падмаскоўе, басэйн Дона - паўсюдна яны заставаліся і зьліваліся з іншымі плямёнамі. страчваючы мову, якая захавалася толькі на сучасных пермскіх тэрыторыях. Тут яны, будучы самі эўрапэоідамі (бо рымскія аўтары нічога не гавораць пра наяўнасьць мангалоідаў на межах імпэрыі), зьліліся з мясцовымі мангалоідамі накшталт ненцаў, хантаў, мансі, у выніку чаго ўтварыўся ўральскі расавы тып”.
    15 траўня 1993 г.
    Я ўжо цалкам перакананы ў правільнасьці свае гіпотэзы. Тым і жыву пасярод нягод апошняга часу. Есьць адчуваньне, што нездарма жыву.
    Днямі на Лене адбудзецца крыгаход, зноў вазьмуся за карасёў. Цяпер ужо не столькі для забавы, колькі для эканоміі сродкаў (у крамах мінтай каштуе 527 р. кг.)”.
    15 траўня 1993 г.
    Галоўнае ж, я нарэшце скончыў перадрук “Летапіснай літвы” і нават склаў для яе паказальнікі (на жаль, не ўсе, якія патрабуюцца для навуковай кнігі). Рукапіс пасылаю Лецку з Алесем Баркоўскім, у якога якраз скончылася навігацыя. Лецка, спадзяюся, па-ранейшаму працуе ў “Мастацкай літаратуры” і па-ранейшаму зацікаўлены ў выданьні гэтай кнігі. Зразумела, я хацеў бы, каб Вы прачыталі рукапіс, але Алесю я даю заданьне без вялікай затрымкі аддаць яго Лецку. Можа, папросіце ў Лецкі на рэцэнзаваньне? Каму-небудзь жа будуць даваць, можа. і не аднаму рэцэнзэнту. Не падумайце, што мною кіруе жаданьне, каб рукапіс трапіў да свайго чалавека, я амаль перакананы, што ў “Летапіснай літвы” праціўнікаў у Беларусі не знойдзецца. Хай нават чалавек спавядае і іншыя погляды, пазнаёміўшыся з матэрыялам, сабраным мною, хочаш не хочаш мусіць прызнаць, што гэты матэрыял трэба ўводзіць у навуковы ўжытак”.
    1 лістапада 1993 г.
    Мабыць, Алесь Баркоўскі перадаў Вам мой ліст? Ён вылецеў з Якуцка 4 лістапада. узяўшы рукапіс мае кнігі. Зьвестак ад яго пакуль не маю. Затое адзін чалавек мне напісаў. што Алесь па радыё на ўсю Беларусь распавядаў, як мне тут блага жывецца. Не ведаю, ці варта было. Не люблю скардзіцца. бо ці нам, хто перажыў пасьляваенны час, падаць у роспач? Дарэчы, справы мае палепшыліся. Знайшоў месца ў дзіцячым часопісе. Рэдактар - мой даўні знаёмы, у нас з ім поўнае разуменьне. Заробак у месяц 150 тысяч. Яшчэ атрымліваю ва унівэрсытэце 50 тысяч. Праўда. сёньняшняя тысяча - як ранейшы рубель. Ну, то на 200 рублёў можна было жыць. Паціху вылезем з ямы. Тым болей, у адрозьненьне ад Вас, даўгоў у мяне няма (не люблю пазычаць).
    Вось толькі зусім не стала часу на творчую працу. Трэба рыхтаваць другую частку беларускай пермшчыны, а мяча калі. Бачыце, я ўзяўся за высьвятленьне пытаньня, ці сапраўды паміж індаэўрапейскімі мовамі маецца генэтычная сувязь, ці сапраўды яны паходзяць ад нейкай адной? А можа, агульны пласт іх лексыкі тлумачыцца ўзаемадзеяньнем носьбітаў гэтых мовай? Мэтадалёгія мая такая. Вылучаю “ядро мовы”, г. зн. такія словы, якія павінны былі б у кожнай мове існаваць спаконвечна: назвы найболей важных акаляючых зьяваў (сонца, зямля, неба, вецер, агонь і г. д.), частак цела (галава. вочы. нос, рот, рукі, ногі. і г. д.), найважнейшыя дзеясловы (сядзець, стаяць, хадзіць, есьці, спаць і г. д.), найважнейшыя якасьці (вялікі, малы, высокі, нізкі, шырокі, вузкі і г. д.). Выбраўшы да 150 такіх словаў, хачу выпісаць іх з усіх эўрапейскіх моўных групаў: славянскія, лацінскія, грэцкія. нямецкія. летувіскія, а потым параўнаць. Ці ж няясна, што калі ўсе гэтыя мовы паходзяць ад адной, то ядро іх павінна супадаць? А ўжо першыя назіраньні паказваюць, што такіх выпадкаў, каб слова з ядра мелася ва ўсіх гэтых мовах, выключна мала”.
    15 сьнежня 1993 г.
    Што ж далей? Крыху адпачну і - за другую частку свайго дасьледаваньня, назву якой яшчэ не прыдумаў (“Нашы пермскія карані”? Або штось зусім іншае?). Яна фактычна ўжо ёсьць, але яе трэба перапісваць. Тут будуць разьдзелы на гідраніміі Беларусі. беларускіх прозьвішчах, этымалёгіі беларускай мовы, нарэшце, аб назьве Беларусь. А спадарожна - філязофія дагістарычнага мінулага людзей, этнасаў і моваў. Нейкую ж трэцюю, спэцыяльную частку па гісторыі славянства наўрад ці варта пісаць, тое, што маю, укладу ў другую. А то жыцьця на ўсё гэта не хопіць. А я ўсё ж пісьменьнік, павінен скончыць хоць бы два пачатыя раманы.
    Вось такія клопаты. Што ж датычыць штодзённага, то ў ім мала цікавага. Каб карміць сям’ю, даводзіцца займацца рознай лухтой. Кажучы напышліва, змагацца за існаваньне. Такі стан Вам добра вядомы, як я разумею. Час ад часу згадваю студэнцкія гады — дапамагае. Я не аптыміст у дачыненьні да Расеі і шчасьлівай будучыні ёй не прадказваю. 3-4 кастрычніка - гэта толькі пачатак, бо ў эканоміцы ніякага пробліску, аніякага зруху да лепшага. Што ж да Беларусі, то тут я аптыміст, бо чым горш для Расеі, тым болей шанцаў для Беларусі вырвацца з імпэрскага пекла. Тым, па шчырасьці. і жыву”.
    1 лістапада 1903 г.
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 14-25./

                                                     ЭНЭРГІЯ  ПАДМАНЛІВАСЬЦІ

    Неяк увосень 1989 года ў інстытуце мовазнаўства, дзе я тады працаваў, мелася адбыцца пасяджэньне. Звычайна ў такіх выпадках супрацоўнікі наперад ведалі парадак дня будучай зборкі і мелі магчымасьць да яе падрыхтавацца. Гэтым разам тэма гаворкі была агучана непасрэдна на пасяджэньні: “Аб публікацыі ў газэце “Літаратура і мастацтва” артыкула Івана Ласкова “Племя пяці родаў”. Кіраўнік сэктара агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філялягічных навук В. М. коратка ахарактарызаваў лімаўскую публікацыю як выключна ненавуковую і прапанаваў даслаць у газэту вельмі рэзкі водгук.
    Мяркую, што пасьпешлівасьць, з якой было падрыхтавана тое пасяджэньне, адыграла не лепшую ролю.
    У сувязі з “аварыйнай сытуацыяй” на пасяджэньне сабралася, пераважна, навуковая моладзь. Сёй-той не чытаў лімаўскай публікацыі, а частка прысутных не валодала праблемай зусім. Тым не менш: калі з навуковым бокам усё было збольшага зразумела (ніхто не падтрымаў поглядаў І. Ласкова), то як трэба было вырашаць праблему маральную? Бо ж у асобе аўтара артыкула мы мелі апанэнта-дылетанта, не спэцыяліста. Мы былі ў розных вагавых катэгорыях, І. Ласкоў быў для нас своеасаблівым “братам меншым”. Ці канечне трэ было ў такім выпадку даваць катэгарычны “адлуп”? Для мяне істотным было і тое, што з-за нас магла пацярпець славутая газэта “эпохі Анатоля Вярцінскага”. У непрыхаванай раздражнёнасьці загадчыка сэктара я быў схільны бачыць адбітак ягонай незадаволенасьці “ЛіМам”, пазыцыяй газэты.
    Здаецца, мы вырашылі напісаць у “Літаратуру і мастацтва”, але пастанавілі зьмякчыць акцэнты. Я на пасяджэньні казаў пра тое, што публікацыю “Племя пяці родаў” трэба ацэньваць паводле крытэрыяў мастацкага твора, а не навуковага артыкула. (Ну, з якой навуковай працы можна даведацца, напрыклад, пра тое, што канкрэтная ідэя прыйшла аўтару ў галаву позна вечарам, ці пра тое, што з бібліятэкі, дзе ён працуе, відаць вокны ягонай кватэры?) Хто ведае, здавалася мне тады, можа, публікацыя аматара І. Лас-кова зможа прыцягнуць да мовазнаўчай праблематыкі моладзь, якая, атрымаўшы пэўную падрыхтоўку, пазьней здолее адсеяць зерне ад кукольля.
    Не хачу сказаць, што сёньня мне сорамна за сваю тагачасную пазыцыю. Я, аднак, не ўпэўнены, што мой уплыў тады быў карысны... (Відаць-такі, мы так і не напісалі ў “ЛіМ”, прынамсі, у надрукаваным 20 кастрычніка 1989 года аглядзе пошты з нагоды артыкула І. Ласкова Інстытут мовазнаўства не згадваўся.)
    Пазьней I. Ласкоў надрукаваў яшчэ некалькі артыкулаў (у тым ліку нават у “чыста навуковым” выданьні - другой кнізе “Беларусікі”). Ён ужо крыўдаваў на лінгвістаў, якія, знаходзячыся “пад мохам акадэмічных забабонаў”, не зьвярталі ўвагі на ягоныя публікацыі, сьмела крытыкаваў “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” і прапаноўваў свае шматлікія вэрсіі. У І. Ласкова зьявіліся прыхільнікі, якія “са значэньнем” пыталіся са старонак таго ж “ЛіМа”: а чаму гэта маўчыць “афіцыйнае” мовазнаўства?
    Раскрытыкаваць “канцэпцыю” (даруй мне, Божа, гэтае двукосьсе, як і ўвогуле тое, што я ўзяўся пісаць гэты тэкст) фіна-вугорскай арыентацыі беларускай мовы лінгвістам было вельмі проста. Але ніхто не хацеў займацца “біцьцём маладзенца”...
    У 20-я - першай палове 30-х гадоў у Савецкім Саюзе шмат займаўся этымалёгіяй сумнавядомы акадэмік Мікалай Якаўлевіч Мар. Ён адмаўляў славянскі характар украінскай мовы, выяўляў яе “асаблівыя” сувязі з магрэльскай, чанскай, грузінскай. На думку М. Мара,нельзя без яфетических языков Кавказа (акадэмік сам прыдумаў “яфетычную” сям’ю моў, ад якой нібыта пайшлі ўсе мовы сьвету. - С. З.) ...понять ни русского, вообще славянских, ни германских языков, ни, более того, турецких, ни китайского”. Продкамі рускай мовы акадэмік абвяшчаў скіфскую, кімэрскую, абхазскую, этрускую, баскскую і іншыя, вельмі адрозныя ад славянскіх, мовы. “В ошеломляющем количестве” ён знаходзіў у рускай мове “подлинные чувашизмы”. Слова лапоть, напрыклад, Н. Мар дзяліў на lа - ро - te, пры гэтым першы склад lа выяўляў у выглядзе nа ў розных абхазскіх словах: гэты ж элемэнт (але ў выглядзе sа) знаходзіў і ў слове сапог. Слова пирог Н. Мар разглядаў як складанае - з груз. рur (хлеб) і баск. оgі (хлеб). Знаёмая мэтода, ці не праўда?
    Пасьля разгрому марызму на пачатку 50-х (яго, папраўдзе, даводзілася “граміць”, бо апалягеты “новага вучэньня аб мове” займалі ў савецкай лінгвістыцы кіраўнічыя пасады) трэба было вярнуць “раскалыханую” этымалёгію ў яе выйсьцёвы стан. Лінгвісты ў тую пару нястомна нагадвалі, што наяўнасьць у розных мовах падобных або тоесных гукавых спалучэньняў яшчэ не дае падстаў гаварыць пра генэтычную сувязь гэтых моў. Мовазнаўцы пісалі, што ў Мара “ўсе гукі пераходзяць ва ўсе гукі”. Яны справядліва сьцьвярджалі, што адной з найгрубейшых хібаў канцэпцыі М. Мара было “ігнараваньне канкрэтнай гісторыі моў”, што этымалёгіям акадэміка ўласьцівы “выключная бяссэнсавасьць і сваволя”. Мараўскі пэрыяд у мовазнаўстве нанёс навуцы вялікую шкоду, і сёньня лінгвісты успамінаюць яго як “кепскі сон”...
    Давайце зробім немагчымае і паверым у тое, што існавала роднасная комі-пярмяцкай “лацінская мова”. (Гэтым самым мы, праўда, абразім спэцыялістаў па фіна-вугразнаўству, якія гэткай “мовы” не ведаюць. Але што зробіш, такія правілы гульні нам прапанаваны.) Давайце паверым і ў тое, што комі-пярмяцкім з паходжаньня зьяўляецца, напрыклад, беларускае слова багна. Але як тады растлумачыць наяўнасьць гэтага слова ў іншых славянскіх мовах - украінскай, польскай, чэскай, славацкай, верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай? (Адпаведныя словы пададзены ў “Этымалагічным слоўніку беларускай мовы” ў артыкуле “багна”, і гэты артыкул І. Ласкоў чытаў і нават цытаваў.) Тут таксама фіна-вугорскія запазычаньні? Здаецца, ёсьць нагода выставіць прэтэнзіі не толькі беларускім этымолягам, але і польскім, чэскім, славацкім... Ці не занадта будзе?
    Беларускае прозьвішча Поздзер і польскае слова раździerz (кастрыца) тлумачыцца пры дапамозе комі-пярмяцкага паздер (верхні пласт кары). А як тады трэба разумець наяўнасьць слова поздер, напрыклад, у сэрбскай мове? А славенскае “раzdеr” (асколак, трэска, сучок)? І ці не лепшай тут была б уласная, славянская этымалёгія - ад дзерці, драць?
    Выключна адважнай выглядае спроба этымалягізаваць на аснове комі імя Жыгімонт. Тады гэткім жа спосабам трэба тлумачыць і імёны Сігізмунд, Зігмунд. Але ці не ўжываюцца яны ў немцаў? Тое самае можна сказаць пра “этымалёгію” слоў гумно, бадыль і шматлікіх іншых. Славянскія адпаведнікі гэтым словам ёсьць ва ўсіх або амаль ва ўсіх славянскіх мовах, у тым ліку, напрыклад, у славенскай, харвацкай, македонскай.
    І. Ласкоў сам згадвае, што “ў гісторыі не адзначана ніякага кантакту паміж Беларусьсю і Перм’ю”. Навуцы вядома, што продкі пермскіх народаў спачатку жылі ў басэйне ракі Вяткі і па сярэднім і ніжнім цячэньні Камы. (Нагадваю, што гэтыя тэрыторыі знаходзяцца на ўсход ад Ніжняга Ноўгарада.) Пазьней комі перасяліліся на тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Комі (якая, зноў нагадваю, знаходзіцца паміж Архангельскай і Цюменскай абласьцямі, на паўночна-ўсходнім ускрайку Эўропы). Было таксама, што комі расьсяляліся за межы сваёй этнічнай тэрыторыі - на Ўрал і ў Сыбір, гэта значыць рухаліся на ўсход. Ці маглі быць у тых краях продкі беларусаў? Якія ёсьць падставы гаварыць пра асаблівыя і інтэнсіўныя комі-беларускія кантакты? “Перш, чым параўноўваць у розных мовах якія-небудзь зьявы, трэба ведаць іх гісторыю”. Напісана гэта было ў сувязі з практыкаваньнямі М. Мара. Але ці не варта было б ведаць гэта кожнаму, хто хоча займацца этымалёгіяй не па-дылетанцку?
    ...Бяру ў рукі даведнік “Беларускія пісьменнікі” і бачу, што ў ім раскрыта “загадка І. Ласкова”: аказваецца, у творчасьці пісьменьніка “паяднаны рэальнасьць і фантазія, сур’ёзнасьць, разважлівасьць і ўсьмешка”. Стваральнікам “фантастычнага жанру” І. Ласкоў быў і ў этымалёгіі. Можна толькі шкадаваць, што ён не змог ставіцца да гэтага боку сваёй дзейнасьці ўсьмешліва і іранічна.
    Сяргей Запрудзкі
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 26-31./

                                                          ЗАПОЗЬНЕНЫ  ЛІСТ
    Ваня... Калі ж гэта было? У тваім і маім дыплёме аб вышэйшай адукацыі значыцца: Масква, Літаратурны інстытут, 1966-1971 гады. Цэлых пяць гадоў мы хадзілі аднымі і тымі ж шляхамі-дарожкамі, заходзілі ў адны і тыя ж аўдыторыі. Прыблізна мы амаль аднагодкі, але гэты ліст, на жаль, ужо запозьнены... Не ведаю, ці ўспаміналася табе час ад часу тая раніца, калі мы прыйшлі пісаць сачыненьне на сваім першым уступным экзамэне. Мне яна запомнілася адным момантам, над якім пасьля часта сьмяяўся і ты. За мною сядзеў пачынаючы празаік Жэня Шміт (сьляды яго недзе згубіліся ў Маскве, а, можа, у Парыжы ці Нью-Ёрку), ён пісаў вольную тэму і чамусьці вырашыў запытацца ў мяне, як пішацца: Экзюперы ці Экзепюры... А я ўвогуле ўпершыню пачула гэтае прозьвішча, якое для мяне нічога не гаварыла. Пасьля экзамэну пабегла ў інстытуцкую бібліятэку і пачала адкрываць для сябе французскага пісьменьніка: “...Спазнаць можна толькі тыя рэчы, якія прыручыш, - сказаў Ліс. - У людзей ужо не хапае часу што-небудзь спазнаць. Яны купляюць рэчы гатовымі ў магазынах. Але ж няма такіх магазынаў, дзе гандлявалі б сябрамі, і таму людзі больш не маюць сяброў. Калі хочаш, каб у цябе быў сябар, прыручы мяне...” З гэтага і пачаўся для мяне літаратурны інстытут...
    А для цябе? Экзюперы табе не трэба было адкрываць. Ты быў ужо вельмі сталы ў сваіх літаратурных ведах, ва ўсялякім разе, так мне здавалася. У цябе ўжо была адна нейкая хімічная вышэйшая адукацыя, можа, нават і няпоўная, але гэта ўжо і не мела значэньня, таму што перавагу ты аддаў літаратуры. У цябе ўжо быў пэўны запас вершаў, і даволі добрых.
    У нашым творчым сэмінары, якім кіраваў вядомы паэт і перакладчык Леў Адольфавіч Озераў, ты адразу ж стаў пачынаючым творцам нумар адзін, і мы трошкі цябе раўнавалі да Озерава, таму што ён вельмі далікатна, але ва ўсім вылучаў цябе і ставіўся да цябе як да асобы, якая ўжо склалася. Ну, вядома ж, ты тады ўжо не быў пачынаючым. Так, ты быў ужо асобай. Мы не надта гэта разумелі і даволі часта пасьмейваліся з тваёй нейкай празьмернай аскетычнай сур’ёзнасьці, а ты ў сваю чаргу пасьмейваўся з ветру, які, магчыма, яшчэ залішне шумеў у нашых галовах. Мы цябе раздражнялі сваім невуцтвам, сваімі свавольнымі ўчынкамі і няўменьнем пісаць добрыя вершы. Ды што раздражнялі, нярэдка твайму абурэньню не было межаў! Ну, хаця б узяць такі эпізод... Ён, напэўна ж, заставаўся і ў тваёй памяці. Леў Адольфавіч заўсёды імкнуўся як мага болей пашырыць нашыя літаратурныя веды і нярэдка арганізоўваў нам сустрэчы з жывымі клясыкамі рускай паэзіі. І вось аднойчы мы пачулі ад яго, што замест творчага сэмінара паедзем у Перадзелкіна на дачу да Ільлі Сяльвінскага. Ты рыхтаваўся да гэтай сустрэчы, ты падрыхтаваў шмат пытаньняў і, як пасьля сам сказаў, мы ўсё табе і сабе сапсавалі. Прыехалі, расьселіся на вэрандзе, частаваліся нейкай садавінай, і для пачатку Ільля Львовіч папрасіў нас прачытаць па вершы. І адразу ж вызвалася свой верш прачытаць Сьвета Басуматрава (яна на той час пісала вершы на рускай мове). Чытала па-жаночы дзёрзка і распаволена:
                                                 ...И уведу в леса, дразня коленями,
                                                 хранителя священного огня,
                                                 чтоб он забыл о времени, о племени,
                                                 и женах, не похожих на меня!
    Ты быў праціўнікам усялякіх “каленяў”, але, як ні дзіўна, пасьля Сьвятланінага верша гаворка стала вельмі жывой. Праз колькі часу Сяльвінскі ўжо сам чытаў нешта з Ганны Ахматавай. І тое, як табе ўяўлялася гэтая сустрэча, міжволі парушылася. І ты вінаваціў у гэтым нашу, як табе здавалася, несур’ёзнасьць. А гэта, напэўна, проста была маладосьць... Гарачая і эгаістычная. Мы тады, разьяжджаючыся на канікулы, неяк і не задумваліся, чаму ж ты нікуды не зьбіраесься? А табе проста не было куды ехаць. У цябе не было бацькоў, толькі нейкія далёкія сваякі на Гомельшчыне. І, напэўна, нярэдка большую частку лета ты праводзіў у Маскве, але не марна. Невядома, дзе, з якімі архівамі ты працаваў, але ўжо тады пачалі зьяўляцца часткі твайго “Тамерлана”. Цябе вельмі падахвочваў Леў Адольфавіч, у вас ужо былі з ім нейкія свае размовы, ён бачыў у табе вельмі таленавітага сталага паэта. Пабачыла аднойчы і я...
    Озераў запрасіў цябе і мяне паўдзельнічаць у літаратурнай вечарыне, якая наладжвалася ў славутым Політэхнічным музэі і якую ён вёў. З усіх тых удзельнікаў мне запомнілася Сільва Капуцікян, табе, напэўна, запала нейкае іншае імя. Але справа не ў гэтым. Заля была паўнюткая. У Маскве яшчэ быў пік цікавасьці да ўсялякай паэзіі. Вось Леў Адольфавіч аб’яўляе тваё імя, гаворыць, што ты яго вучань і студэнт, ты выходзіш да трыбуны і ў поўным сэнсе хаваесься за ёй, усё роўна як хлапчук-падлетак. Заля адпаведна рэагуе, але тут пачуўся твой зычны, добра пастаўлены бас: “Я - мамонт...” І заля прыціхла, падпала пад уладу твайго голасу і радкоў... Потым былі доўгія воплескі. Ты быў шчасьлівы і ўсхваляваны. Радаваўся і Леў Адольфавіч. Яму вельмі хацелася зрабіць з нас паэтаў, і на гэта ён не шкадаваў ні часу, ні душы.
    А час бег... І штосьці ў табе пачало мяняцца. Ты стаў больш мяккім, больш усьмешлівым. Але неяк ці не ў шэсьць раніцы пастукаўся да мяне ў пакой. На табе не было твару. “Што здарылася, Ваня?” – “Раскажу потым, апранайся, паедзем у інстытут...” – “Дык вельмі ж рана?” Ты сам разумеў, што рана, але табе трэба было выказацца, ты чакаў ад некага суцяшэньня. І вось мы едзем ранішняй Масквой, потым прагульваемся па Цьвярскім бульвары, залатая восень дыхае ва ўсім... Аказваецца, ты амаль страціў галаву з-за таго, што ў Маскве Дні якуцкай літаратуры, што наша аднакурсьніца малады празаік з Якуціі Валя Гаўрылева гэтай ноччу дзесьці затрымалася з сябрамі, якія прыехалі на гэтыя Дні. І ты не ведаеш, што думаць, што рабіць, як да гэтага ставіцца. Вось яно што!.. Ваня, Ваня... Да цябе прыйшло каханьне... Ты быў бездапаможным, неспакушаным у гэтых пачуцьцях, як дзіцёнак. Я пачала ўсяляк супакойваць цябе, я ўхваляла твой выбар, у Валі была проста незямная прыгажосьць і добрае, мудрае сэрца. У нейкі момант на тваіх вачах заблішчэлі сьлёзы ад вышыні, ад глыбіні твайго пачуцьця... А неўзабаве вы сталі мужам і жонкай. І ў цябе зьявілася яшчэ адна радзіма - Якуція. Ты палюбіў той паўночны край, ты з такой любоўю заўсёды гаварыў пра якутаў і, калі да Валі прыяжджалі сваякі, сьпяшаўся пазнаёміць іх з намі. У вас нарадзіўся сын Андрэй. Пакуль ты з Валяй заканчваў інстытут, ён выхоўваўся ў Валіных бацькоў у Якуціі. Але ты вельмі любіў гаварыць пра тое, што твой маленькі сын адчувае сябе беларусам. Помню, як ты расказваў мне, што калі Андрэю паказалі на трактар і сказалі, маўляў, вунь трактар “Беларусь”, ён закрычаў: “Не! Не! Беларус - гэта я!” Увогуле, ты сам заўсёды вельмі ганарыўся сваім беларускім паходжаньнем. І што тычыцца Беларусі, беларускай літаратуры, да цябе можна было зьвяртацца, як да энцыкляпэдыі. Ты насіў у сабе шмат ведаў і там, у Маскве, пры любой магчымасьці заводзіў гаворку пра нашу радзіму, мову, паэзію...
    Перад тым, як пачаць пісаць гэты запозьнены ліст да цябе, я доўга ўглядалася ў фотаздымак нашага выпуску. Вось Люба Філімонава, за ёю Ала Кабаковіч, потым я і тут жа праз некага (на жаль, прозьвішча ўжо выпала з памяці) твая Валя. А дзе ж ты? - мільганула думка. Цябе я знайшла ў другім радзе побач з выкладчыкам сучаснай рускай літаратуры Аляксандрам Мікітавічам Уласенкам. Ён беларус, наш зямляк, і гэтаксама, як Леў Адольфавіч Озераў, ва ўсім вылучаў цябе. Вось і перад здымкамі ты пра нешта загаварыўся з ім, ды так і застаўся побач. Потым мы ўсе раз’ехаліся, хто куды. Вядома, ты з сям’ёй мог бы вярнуцца ў Мінск, але, відаць, настаяла Валя. Вы паехалі ў Якуцію. Цябе не палохаў гэты выбар. Таленавіты, з агромністай эрудыцыяй, ты мог брацца за любую літаратурную справу: рэдактарскую, перакладчыцкую. І ты рэдагаваў, перакладаў у Якуцку, пісаў вершы, дзіцячыя кніжкі і, як паказаў час, займаўся навуковымі росшукамі. Ты вельмі лёгка авалодваў рознымі мовамі. Ці не табе ў інстытуце прыйшла думка, каб мы, беларусы, вывучалі факультатыўна польскую мову? Мы ўсе цябе падтрымалі і нам пайшлі насустрач. У нас зьявілася настаўніца, польская пісьменьніца і перакладчыца пані Мар’я Даліньска. Мне здавалася, што я ў самым лёгкім становішчы. Тое ж самае, напэўна, думала і Ала Кабаковіч. Мы былі родам з Заходняй Беларусі, нашы маці заканчвалі пачатковую польскую школу, і асобныя польскія словы чуліся намі з дзяцінства. А ты, што называецца, пачынаў з азоў, але спатрэбілася вельмі мала часу, каб ты, што называецца, “улез” у польскую мову, а заадно і ў гісторыю, цалкам. І, калі нам выпала паехаць на міжнародныя курсы паляністаў, што наладжваліся тады пры варшаўскім унівэрсытэце, ты зьдзіўляў настаўнікаў сваімі глыбокімі ведамі. Запомнілася твая звычка час ад часу папраўляць акуляры, ты любіў трапны жарт, і ўсе твае эмоцыі заўсёды былі на твары. Хочацца зноў успомніць Экзюперы. Не ведаю, што нас прыручала, але ты быў сябрам цяпер ужо далёкай маладосьці. І як не ўспомніць адзін з тваіх прыездаў у Мінск, калі я табе сказала: “Ваня, ужо няма Алы Кабаковіч...” Ты здрыгануўся, памаўчаў, потым выдыхнуў: “Няўжо?.. Якая бязьлітаснасьць... Навошта так рана?” А ў мінулым, дзевяноста чацьвёртым годзе дзесьці ў самым канцы чэрвеня праз Маскву я ляцела ў Амэрыку. З Шарамецьцева пазваніла нашай аднакурсьніцы маскоўскай паэтцы Раі Раманавай. “А як Ваня Ласкоў? - запыталася яна ў мяне. - Дзе яны цяпер з Валяй?” “Усё там жа, - адказала я, - у Якуцку. Была ў іх думка пераехаць у Мінск, але, як і ўсюды цяпер, вельмі цяжка з кватэрамі, ды, можа, калі-небудзь і пераедуць!” Мне думалася пра тваё жыцьцё... А праз месяц, калі вярнулася ў Мінск, у думках я вымавіла амаль твае ж словы: “Няўжо?.. Якая бязьлітаснасьць... Навошта так рана, Ваня?..”
    “... Бачыш, вунь там, у палях, сьпее пшаніца? Я не ем хлеба. Каласы мне непатрэбны. Пшанічныя палі ні пра што мне не гавораць. І гэта сумна! Але у цябе залатыя валасы. І як цудоўна будзе, калі ты мяне прыручыш! Залатая пшаніца стане нагадваць мне цябе. І я палюблю шолах каласоў на ветры...” (Антуан дэ Сент-Экзюперы).
    Раіса Баравікова
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 32-33./

                                                     АБ  КАРЫСЬЦІ  АМАТАРСТВА
    Настае век прафэсіяналаў, і ўсякае аматарства сёньня ўспрымаецца з недаверам. Але пакаленьне Івана Ласкова жыло ў час, калі паміж афіцыйнымі літаратарамі і свабоднымі творцамі, паміж акадэмічнай навукай і самавукамі-вынаходнікамі ляжала прорва. Колькі геніяльных адкрыцьцяў легла “пад сукно” толькі таму, што аўтары гэтых адкрыцьцяў не належалі да касты навукоўцаў, дзе панаваў клянавы інтарэс! А колькі цудоўных творчых задум згінула не разьвіўшыся ва ўдушлівай атмасфэры афіцыёзу! Закліканыя абараняць свабоду творчага самавыяўленьня асобы, прафэсійныя саюзы паступова ператвараліся ў закрытыя і самадастатковыя сыстэмы, якія з цягам часу дэградавалі і дэпрафэсіяналізаваліся. Злавесны міг гэтага працэсу адзначыў яшчэ Кузьма Чорны. 5 кастрычніка 1944 года, незадоўга да скону, ён са смуткам у душы падводзіў вынікі масавага прыходу ў літаратуру “ўдарнікаў ад станка і ад сахі”: “У Беларусі асталося сем пісьменьнікаў беларускіх, а членаў Саюза пісьменьнікаў у Беларусі звыш сотні (у наш час звыш чатырох сотняў. - М. Т.)... Каб усе яны пакінулі пісаць сваю халтуру, а сталі будаўнікамі, краўцамі, кавалямі, земляробамі або падвучыліся і сталі настаўнікамі, яны маглі б даць карысьць рэспубліцы. Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе імя і сьціраюць з нашага жыцьця беларускі характар”.
    Іван Ласкоў і іншыя “сямідзесятнікі”, якія ішлі ў літаратуру паасобку і гуртам, выяўлялі велізарныя творчыя патэнцыі пакаленьня, што нарадзілася ў саракавыя - ваенныя і пасьляваенныя - гады. Яны, у адрозьненьне ад папярэднікаў, не помнілі вайны, але жылі і вайною. Лепш сказаць, што вайна жыла ў кожным, і не толькі ў памяці, але і ў самой істоце, аслабленай вечным недаяданьнем, галечай і нэндзай. Век многіх з гэтага неваяваўшага пакаленьня быў дужа кароткім. Іван Ласкоў пасьпеў адзначыць толькі свой першы “круглы”, ён жа і апошні, юбілей. Колькасна гэта пакаленьне ад самага пачатку было нешматлікім, і страта кожнага ўспрымаецца як асабістая драма, нагадваючы пра вялікія творчыя магчымасьці і нязьдзейсьненыя задумы. Ласкоў рана адчуў, якія варункі рыхтуе яму жыцьцёвы лёс:
                                                     І я жывы - жывенькі я, хаця
                                                     Была карычневая сьмерць так блізка,
                                                     Так абдзімала на зары жыцьця, -
                                                     Аж калацілася аб столь калыска.
    І ў гэтым таўталягічным паўторы “я жывы - жывенькі я”, і ў вынесеным у канец радка і выдзеленым рыфмаю верагодным “хаця”, і ў апакаліптычным во-бразе калыскі, якую шпурляла выбуховай хваляй ажно пад столь, прарываецца востры боль душы чалавека, які ўвогуле не меў звычкі скардзіцца. Пачуцьці шукалі выйсьця, і Ласкоў досыць доўга і пакутліва ішоў мэтадам “спроб і памылак” па шляху да самога сябе сапраўднага. Будучы прыроджаным гуманітарыем па натуры, скончыў хімфак Белдзяржунівэрсытэта і, толькі папрацаваўшы па спэцыяльнасьці колькі год, адчуў патрэбу ў прафэсійнай літаратурнай адукацыі. Што ж, Літінстытут у Маскве быў якраз той навучальнай установай, дзе маладыя літаратары мелі магчымасьць папоўніць свае веды, пераправерыць свой выбар, паспаборнічаць з іншымі ў сфэры мастацкай творчасьці! Іван Ласкоў, паводле ўспамінаў аднакурсьнікаў, а сярод іх Ала Кабаковіч, Раіса Баравікова, Алена Папова, Любоў Філімонава, вылучаўся няўрымсьлівай энэргіяй, зьвернутай, як здавалася, на дзіўныя аб’екты. Напрыклад, захапіўся жыцьцяпісам Тамерлана: прайшоў і праехаў мясьціны, дзе некалі адбываліся падзеі, грунтоўна вывучыў усе даступныя першакрыніцы і аддаў ажно 17 гадоў працы над паэмай, якая перакідвалася з выдавецкага пляна ў плян і выйшла ў рускамоўным варыянце толькі ў 1975 годзе ў далёкім Якуцку, дзе ўрэшце атабарыўся аўтар. У беларускамоўным варыянце паэма “Кульга” выйшла ў сьвет у 1985 годзе. А датуль даводзілася чуць хіба толькі рэха вясёлых плётак пра дзівака-паэта, што невядома чаму напісаў вялізны, на тры тысячы радкоў, твор не пра нейкага сучаснага тырана, а пра паўмітычнага і малавядомага ў славянстве вампіра Цімура, па мянушцы “Тамерлан”, што азначае “Цімур-ланг”, “Цімур-кульга”. У мясцовых рэдакцыях, выдавецтвах, Саюзе пісьменьнікаў цікаўна слухалі развагі І. Ласкова пра таямнічую сувязь Усходу і Захаду, пра адлюстраваньне даўніх падзей у самой беларускай мове, пра лёс “сыбірскіх беларусаў”, ахвотна спачувалі, згаджаліся і не згаджаліся, але не друкавалі вынікаў яго досьледаў. Паэт працяглы час перабіваўся неабавязковымі літзаказамі, выдаючы час ад часу то ў Якуцку, то радзей у Мінску кніжкі на рускай мове. Так яго ўспрымаў тады і аўтар гэтых радкоў, сам ураджэнец якуцкага краю, дзе ў ролі спэцперасяленцаў, як называлі афіцыйна сасланых беларускіх сялян-кулакоў, апынуліся мае бацькі. І калі мне прапанавалі на рэцэнзію рукапіс апавяданьняў І. Ласкова, я ахвотна ўзяўся за чытаньне: хацелася мець уласную думку пра “дзівака-адзіночку” і памагчы яму - у 1983 годзе апавяданьні выйшлі асобнай кніжкай пад назвай “Чароўны камень”. Найбольш цікавымі мне падаліся апісаньні паўночнай экзотыкі, наравістай якуцкай прыроды, нораваў яе насельнікаў, якутаў, беларусаў, рускіх. У гэтым напрамку, здавалася, і трэба шукаць аўтару.
    Аднак у Івана Ласкова была свая, і палымяная, жарсьць - ён з сэйсмаграфічнай чуйнасьцю ўспрымаў падземныя штуршкі далёкіх падзей і рабіў спробу за спробай, каб агучыць пачутае ў слове. Паэма “Кульга” задумвалася рыхтык тады, калі ў нашым грамадзтве пачынаў маячыць злавесны цень крывавага куміра мільёнаў адураных прапагандай людзей, савецкага, паводле тропа Ларысы Геніюш, “вусатага сонца”. Падспудна рыхтавалася рэабілітацыя ката, што азначала толькі адно - вяртаньне краіны ў цемрашальства 30-х гадоў. Мусіць, менавіта гэта змусіла паэта зьвярнуцца да гісторыі, актуальнасьць якой была відавочнай: “І, пэўна, сёньняшняму жывадзёру Над подзьвігам Кульгі памазгаваць Хацелася б у пошуках узору”. Узнаўленьне “подзьвігаў” Цімура складае асноўны сюжэт паэмы. Гэтыя “подзьвігі” апісаны з вялікай паэтычнай сілай у разьдзеле “Мячэць”. Пабудова мячэці ў гонар адной з жонак Жалезнага Кульгі вылілася ў яшчэ адно злачынства перад чалавечнасьцю: “Жывых людзей шырокія пласты Перакладаліся пластамі вапны”. Паэт, разумеючы, што вышэйшаю мэтаю літаратурнай творчасьці зьяўляецца мастацкі вобраз, сьвядома дазваляе сабе “зрывацца” час ад часу ў голую публіцыстыку: “Які ўжо там, да д’ябла, з катам такт!” Ён называе свайго Кутлуг-Цімура антыгероем, разбойнікам, жывадзёрам, зладзюжкам, які яшчэ падлеткам, паводле летапіснага сьведчаньня, “украде овцю у человека”. І ён жа зьдзіўляецца, якая магутная энэргія была змарнавана на нялюдзкія справы: “О, што зрабіў бы гэты чалавек, Каб нарадзіла маці чалавекам! Мо голаў злу б сусьветнаму адсек...” У разьдзеле “Трактат аб вайне і міры” І. Ласкоў праводзіць прамыя паралелі паміж падзеямі мінулага і сучаснасьці, пачынаючы з антрапагенэзу і канчаючы эпохай, калі разгарэлася “аж на мільён ці болей год вайна”. Урэшце ён абвяргае “прыгожа” пададзеную клясыкам бесчалавечную ісьціну: “Дело прочно, когда под ним струится кровь”. Яго формула: “Недаўгавечна ўсё, што на крыві, І асабліва, як яна бруіцца...” На гэта ў паэта ёсьць сваё права, права сына той зямлі, якая “ні цара свайго, ні караля не спарадзіла”. Выразныя гістарычныя аналёгіі падвёрстваюцца ў апавяданьні паэта пра рэспубліку простых людзей, себзяварцаў, што год жылі “без цара, без хана, без эміра”.
    Поруч з цэнтральным пэрсанажам паэмы І. Ласкова ўвесь час ідзе гісторык Ібн-Арабшах, які быў адзіным сярод шматлікіх летапісцаў, хто насуперак патоку хваласьпеваў назваў ката катам, Гвалтаўніком Сусьвету, не дыстанцыіруючыся пры гэтым ад аб’екта нянавісьці: “Мой боль, мой сорам...” Ён выносіць Цімуру свой прысуд – прысуд вякоў - і пераклікаецца тым самым з нашчадкам, беларускім паэтам, які, бачачы, што “людзей-гігантаў - яўны недабор, затое вылюдкаў-гігантаў... божа!”, адважна бярэ на сябе ролю судзьдзі: “Я - суд стагоддзяў, я - вякоў адплата За ўсё і ўсіх, каго замучыў ты”. Як сапраўдны творца, ён прадбачыць многія будучыя падзеі, калі нагадвае сучасьнікам: “Глядзі - сьвяткуюць людзі. Ды строгі ў матухны-прыроды лад: Год сорак набяжыць - і іх не будзе”. У чэрвені 1941 года астанкі Цімура-Кульгі ўскрылі і паклалі ў сталёвы куфар, а гады тры назад сусьветную прэсу абышлі фотаздымкі пашчэнкаў і чэрапа, па якіх ідэнтыфікавалі крывавага фюрэра. Паэт завяршае свой прысуд, але спакою ў яго сэрцы няма: “Адно і тое ж бачу я у сьне: Што па часах, магчыма, і не скорых, Ды зноў устане мой сьмяротны вораг”. Прагрэс не спыніць, і некалі, вельмі можа быць, людзі навучацца ўваскрашаць мінулае:
                                                     Забудзецца ў вяках сівых мой боль.
                                                     Нянавісьць паглыне стагоддзяў замець,
                                                     І нехта зноў на стол перад сабой
                                                     Цімураў чэрап памятны паставіць.
    У паэта нічога іншага не застаецца, як заклікаць нашчадкаў да розуму і заклінаць памяцьцю забітых. “Мільён разоў забіты чалавек”, ён мае на гэта гістарычнае і маральнае права. У пошуках выхаду ён прапануе свой варыянт вывучэньня мінулага, і лепшых, і горшых яго старонак. Гэты шлях можна назваць рэканструкцыяй усяго пазытыўнага, што было ў гісторыі беларусаў і што робіць іх менавіта беларусамі, самастойным этнасам. У выніку ў друку з явілася сэрыя артыкулаў, якія не маглі застацца незаўважанымі прыхільнікамі нацыянальна-духоўнага Адраджэньня: “Племя пяці родаў”, “Нашчадкі таямнічае Літвы”, “Зямляк. А можа, аднапляменнік?”, “З маўклівых прадонняў” і інш. Відавочна, што пісьменьнік, на гэты раз ужо ў ролі дасьледчыка, гісторыка, этнографа, мовазнаўцы, пакрысе выбіраўся на паўзабытую сьцяжыну менавіта беларускага мысьлення, якое ацэньвае ўсё, што было і што ёсьць, з беларускага пункту погляду, маючы на ўвазе перш за ўсё “нацыянальныя інтарэсы” беларусаў. На жаль, яго пошук абарваўся на самым узьлёце...
    Вось некалькі важных высноў, да якіх цалкам самастойна прыйшоў Іван Ласкоў, уважліва чытаючы многія дасьледаваньні слынных папярэднікаў і сучасьнікаў. Ставячыся з безумоўнай павагай, скажам, да працы Валянціна Грыцкевіча “Путешествия наших земляков”, ён тым не менш робіць істотныя карэктывы да аўтарскай канцэпцыі, зважаючы на тое, што ў кожным з нас, нават самым стопрацэнтным патрыёце, сядзіць моцная няўпэўненасьць у тым, што Беларусь мела дастаткова гістарычных дзеячаў, якімі можна было б ганарыцца перад усім цывілізаваным сьветам, а ў выніку мы занадта доўга ўзважваем, ці можам аднесьці да беларусаў знакамітых продкаў з “каталіцкімі” прозьвішчамі, баімся вокрыку збоку, робімся празьмерна абачлівымі. У выніку пільнага вывучэньня жыцьцяпісу Эдуарда Пякарскага, героя кнігі В. Грыцкевіча, І. Ласкоў прыходзіць да адназначнага заключэньня, што славуты дасьледчык якуцкай культуры, аўтар першага слоўніка якуцкай мовы быў паводле сваёй нацыянальнай самасьвядомасьці беларусам: нездарма яго сусед па ссылцы Вацлаў Серашэўскі, па паходжаньні і поглядах несумненны паляк, лічыў Э. Пякарскага “зруселым”, бо ў тыя часы сярэдзіна, а яе займалі менавіта беларусы, не прызнавалася ні адным, ні другім бокам: ні палякамі, ні рускімі. І гэта толькі адзін з важкіх доказаў беларускасьці вучонага. Многія іншыя аргумэнты, на думку І. Ласкова, наогул не ляжаць на паверхні, і іх унутраны сэнс можа разгадаць толькі чалавек, пазбаўлены звыклай псэўданавуковай зашоранасьці ў поглядах на рэчы. Інакш кажучы, аматар, здольны ўлічваць і ўжо адкінутыя аднойчы вучонымі-прафэсыяналамі гістарычныя зьвесткі. Але, дадамо пры гэтым, аматар, які любіць ісьціну, а не сябе ў ісьціне.  Мовазнаўчыя экзэрсісы пісьменьніка, што ўразілі многіх адраджэнцаў-сучасьнікаў, прыхільніку акадэмізму ў навуцы могуць здацца аматарскімі, несур’ёзнымі, неабгрунтаванымі, і ўсё ж...
    Калі 33 працэнта беларускіх прозьвішчаў, сабраных такім выдатным знаўцам этымалёгіі, анамастыкі, як акадэмік М. В. Бірыла, зьяўляюцца “цёмнымі” паводле свайго сэнсавага паходжаньня, то гэта, несумненна, павінна было выклікаць натуральнае жаданьне разабрацца. Пачынаць трэба было, і гэта хутка зразумеў І. Ласкоў, з вывучэньня геаграфічнай прасторы ў яе сувязі з гісторыяй, інакш кажучы, з лінгвістычнага арэалу, бо адказы на пытаньні дасьледчыкі часта шукалі, зыходзячы з сучасных уяўленьняў аб нашых суседзях, у той час, як у мінулым суседзтва наша магло быць іншым. Што магло быць агульнага ў беларусаў з комі-пермякамі? Адказ відавочны: нічога. А I. Ласкоў, як аматар і чалавек мала дасьведчаны ў анамасіялёгіі, проста зазірнуў у слоўнік і зьдзівіўся, як шмат агульнага выявілася паміж гэтымі этнасамі, разьдзеленымі велізарнымі прасторамі. Тое, што слынным навукоўцам здавалася адступленьнем, выключэньнем з агульнай упарадкаванасьці, рэгулярнасьці, аднастайнасьці ў пабудове і функцыянаваньні моўных адзінак, выяўляла дзіўным чынам моўныя заканамернасьці. Многія дасьледаваныя пісьменьнікам прыклады сьведчаць, што яны знаходзяцца не на пэрыфэрыі, а ў цэнтры (ядры) беларускай лексыкі, а значыць складаюць фундамэнт мовы. Гэта датычыцца і сэнсу, і гучаньня слоў, якія нявопытнаму воку здаюцца спэцыфічна беларускімі. Тысячы і тысячы спалучэньняў слоў, марфэм, фанэм у выніку ўтварылі своеасаблівую духоўную атмасфэру, у якой і жыве сама беларускасьць, няўлоўная, цяжка вытлумачальная, але рэальная, як сама беларуская прырода, гісторыя, мова. Каб адчуць гэта, трэба быць, як Іван Ласкоў, чалавекам са сьвежым, таленавітым позіркам на сьвет, надта шматстайным, каб аддаваць яго на навуковыя экспэрымэнты вузкім спэцыялістам.
    Міхась Тычына
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 34-36./



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz