Выдатны якуцкі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў
якуцкай літаратуры — Анэмпадыст Іванавіч Сафронаў нарадзіўся ў кастрычніку 1886
г. у сям’і непісьменнага селяніна-якута. Закончыў чатырохклясную
царкоўнапрыходзкую школу. З 1907 г. працаваў наборшчыкам у друкарні ў Якуцку,
пазьней — табэльшчыкам у рыбапрамыслоўцаў. У грамадзянскую вайну (1921-1922 гг.)
быў намесьнікам камандуючага па палітчастцы Якуцкага народнага рэвалюцыйнага
добраахвотніцкага атрада па барацьбе з бандытызмам. Вядомы палітычны дзеяч, А.
І. Сафронаў зьяўляўся членам ЦВК Якуцкай АССР, удзельнікам І Усесаюзнага
цюркалягічнага зьезда ў Баку (1926 г.), дырэктарам першага Якуцкага
нацыянальнага тэатра, адным з рэдактараў грамадзка-літаратурнага часопіса “Чолбан» (“Ранішняя Зорка”).
Друкавацца пачаў з 1912 г. На яго творчасьць
вялікі ўплыў аказала руская клясычная літаратура (А. Пушкін, М. Лермантаў, А.
Астроўскі і інш.). Сафронаў быў драматургам, празаікам і паэтам. Ён пакінуў па
сабе багатую спадчыну: каля 20 драматычных твораў, больш 200 паэтычных, кнігі
прозы. Памёр пісьменьнік у 1935 годзе.
Паэма “Радзіма” зьявілася ў друку ў 1912 г.
у часопісе “Саха сацата” (“Якуцкі голас”). У
сваім творы, прасякнутым яркімі сацыяльнымі матывамі, аўтар, па зразумелых
прычынах, шырока карыстаецца паэтычным прыёмам алегорыі, гаворыць аб “сумётах сьнегу”
і “змрочнай цішыні”, у якой, нібы “труп акарчанелы ў мёрзлай глебе”, застыла
яго радзіма — Якуція. У гэтай паэме Сафронаў выступае як прыхільнік
рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху і заклікае да зьвяржэньня царска-тойёнскага
ладу, да вызваленьня нізоў прыгнечанага грамадзтва ад сацыяльнага і нацыянальнага
ўціску, да прагрэсу і сьвятла.
Ва ўмовах змрочнай рэакцыі, якая наступіла
пасьля паражэньня рэвалюцыі 1905-1907 гг., паэт выказваў палымяную веру ў
вызваленьне свайго народа з-пад каляніяльнага ярма царызму.
Язэп Семяжон
*****
Анэмпадыст Сафронаў
(Якуція)
РАДЗІМА
Мая вялікая краіна-маці,
Адубянелая ў сумётах сьнегу,
Як труп акарчанелы ў мёрзлай глебе,
Застыла ў змрочнай цішыні...
І рэкі,
Гульлівыя і бурныя вясною,
У ковах лёду.
Пульхнай белізною,
Як
шапкай аблавухай,
Па шыю ўхутана тайга жывая.
І ў гэту непагоду
Па ярангах
—
Прадзьмутых, чадных, сьцяты галадухай,
Гібее бедны люд...
Больш не трывае
Ні сіла розуму, ні сіла духа,
І горыч сьлёз, як хмара, наплывае
І засьціць сьвет.
Запеў бы ты,
паэт!
Ды хто ж сьпяе, калі кругом туга?
Пачнеш — і стогнам
Загудзе тайга!..
Узьняты марай, я лунаў, як птах
Над краем сонечнай красы,— над царствам
Неабмяжованай свабоды — зьведаў
Чароўнейшы куток красы сусьвету.
Я захапляўся росквітам краіны,
Дзе просты люд, пазбыўшыся галечы,
Купаецца і плавае ў дабротах
Дастатку і прывольнага жыцьця,
Як рыба ў ізумрудных хвалях.
Там,
У той краіне, сонечнае шчасьце,
Як малако ўскіпеўшае, нястрымна
Пераліваецца,
бурліць, і пеніць,
І падымаецца імкліва ўгору.
Там,
Як
гімнам услаўляючы свабоду,
Грыміць рознагалосым хорам радасьць
І дзень, і ноч.
І ўсё ж такі
адтуль
Я зьбег дамоў. Засумаваўшы ў шчасьці,
Душа здаволілася да адвалу
І зьнебылася.
Скажаце — хлушу?
Сьвятая праўда! Нестрыманым болем
Туга па шматпакутным родным краі
Тачыла дзень пры дні і мозг, і сэрца.
І вось яна — Якуція, радзіма,
Зарабацелася ўваччу наплывам,
Пранеслася іскрой з кастра начнога,
Як вокліч да цяпла з вандровак дальніх;
Уробленыя пасекі пры рэках,
Утаймаваных
у кайданах лёду,
Глухой тайгі зялёнае бязьмежжа,
Заінелае сьнежнаю імглою,
І ў той імгле —
мурашнікамі ў лесе —
Запалыя якуцкія палаты —
Дзіравыя і чадныя ярангі,
І жыхары мурашнікаў — якуты,
Асуджаныя лёсам на гібеньне
І сьмерць галодную.
Краіна — маці!
Ты — велікан вялікасьцю сваёю,
Але як волат той высакародны,
Абдзелены спагаднай ласкай неба,
І прыкавана
путамі стальнымі
Да вечнай мерзлаты і скал пустынных,
Край мора Ледавітага — ў дрымоце
Душой панікла.
Край мой, ты прачнесься —
Я ў гэта цьвёрда веру і чакаю —
Прабудзісься да барацьбы, устанеш
І, валатоўскімі грудзьмі налёгшы
На прыгнятальнікаў сваіх, што сонца
Век засьцілі табе, магутнай сілай
Адолееш, асілак!
І тады
З-пад гурбаў, з-пад сьнягоў зашарашэлых
Сыны твае, зьнябытыя ў галечы,
Уздымуцца на бой.
Над гэтым сьветам
Разьвеецца застойлівы
і ўдушны
Той беспрасьветны морак, што вякамі
Нявечыў і душыў усё жывое.
Краіна родная. не падай духам!
Тваё збавеньне у тваім народзе —
У моладзі, сягоньня непісьменнай,
Не паспытаўшай слодычы дабротаў,
Не знаўшай ад хвароб ніякіх лекаў,
Апроч пакутных стогнаў.
Барацьбой
Здабудзеш волю і сябе ўзьвялічыш!
Няхай пакуль што над табою змрок,
Цяжкі і непраглядны, —
Я прадбачу:
Як сонца праз густую навісь хмар,
Прагляне воля над табой.
І песьняй
Я слаўлю тыя стоеныя сілы
Ў табе, народ мой, што нічым не зьмераць,
Вітаю ясны дзень жаданай волі...
Разбуджаныя першым весьнім
громам,
З магіл забытых выйдуць з намі
раці
Тваёй
сівой гісторыі — і зьнікне
Навала змроку над табой.
Паслухай,
Стаіўшы ўздых: пад шарпакамі
рэк
Ужо віруе бурная паводка,
Журчыць, пяе.
І, чуючы канчыну
Свайго ўладаньня, чорны змрок начы,
Каб закаваць усё ў табе, радзіма,
Кідае ў бой апошні завірухі.
Хто першы ўстаў,
няхай на поўны
голас
Склікае ўсіх і ўголас
праслаўляе
Шчасьлівы лёс — жыцьцё у
барацьбе.
Ім, першым у страі, наканавана
Нізрынуць векавечны ўціск з
краіны,
Як ненасытную бяду-навалу!
1912
З якуцкай
пераклаў
Язэп Семяжон
/Далягляды 1978.
Літаратурны зборнік. Мінск. 1978. С. 262-265./
ДАВЕДКА
Анэмпадыст Іванавіч Сафронаў (Алямпа) –
нар. 2 (14) лістапада 1886 г. у 1-м Жахсагонскім насьлезе Батурускага ўлусу
Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці Расійскай імпэрыі. У 16 год паступіў у
чатырохгадовую царкоўнапрыходзкую школу, дзе вучыўся два гады. Увосень 1907 г.
пачаў працаваць наборшчыкам друкарні газэты “Якутский край”. Супрацоўнічаў
затым у часопісе “Саха саҥата” (1912-1913). Быў рэдактарам першай савецкай
газэты на якуцкай мове “Манчары” (1921-1922), актыўным чальцом шэрагу
культурна-асветных грамадстваў, кіраўніком тэатральнай справы ў рэспубліцы,
першым дырэктарам Саха тэатра.
У 1927 г. быў арыштаваны па “справе
канфэдэралістаў” ды прысуджаны пастановай Калегіі АДПУ да 5 гадоў ППЛ, але прысуд быў заменены ссылкай
у Архангельскую вобласьць на той жа тэрмін. Частку ссылкі Алямпа адбываў на
Салоўках. На радзіму вярнуўся хворым на сухоты.
Памёр 24 кастрычніка 1935 году і быў
пахаваны на Цэнтральных могілках г. Якуцка. 15 жніўня 2012 г. ён быў перапахаваны
на радзіме ў мясцовасці Хадайы на тэрыторыі музэя-запаведніка “Татта” (с.
Ытык-Кюель).
Быў жанаты на акторцы Саха тэатра Еўдакіі
Канстанцінаўне Якаўлевай-Гогалевай (1891-1971), з якой пражыў 14 гадоў.
Першы верш “Төрөөбүт дойду” (Родны край)
надрукаваны ў 1912 г. Паэтам напісана больш 150 вершаў. Песьня “Саха ырыата”
(Песьня якута) выкарыстоўвалася паўстанцамі супраць савецкай улады ў
Грамадзянскую вайну ў Якуціі ў якасьці гімна, што пасьля было ўказана яму ў
віну.
Імя Анэмпадыста Іванавіча Сафронава
нададзенае: Ытык-Кюельской сярэдняй школе Татцінскага ўлусу; вуліцам сяла
Барабул Татцінскага ўлусу, п. Ытык-Кюель, г. Якуцка.
Тамэрыляньня
Лямпачка,
Койданава
Язэп Ігнатавіч Семяжонаў (Семяжон, Сяміжон) – нар. 16
лістапада 1914 г. у в. Пятровічы Ігуменскага павету Менскае губэрні Расейская
імпэрыі, ў сям’і лесьніка. Там жа, у фальварку Пятровічы, нарадзіўся і
складальнік фундамэнтальнага слоўніку якуцкай мовы Эдуард Карлавіч Пякарскі.
Пасьля заканчэньня Сьмілавіцкай
сярэдняй школы ў 1930 г. працаваў у пятровіцкім калгасе “Перамога”
рахункаводам, вучыўся на драматычных курсах у Менску. У 1932—1934 гг. актор
Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру (БДТ-3). Скончыў факультэт замежных
моваў Менскага пэдагагічнага інстытуту у
1938 г.
Затым курсант афіцэрскай школы ў
Маскве, у 1938-1940 гг. камандзір узводу разьведвальнага палку. Удзельнічаў у
паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінляндзкай вайне, быў паранены.
Настаўнічаў у роднай вёсцы. Затым ізноў да сакавіка 1942 г. у шэрагах РСЧА - СА,
удзельнічаў у баявых дзеяньнях Другой сусьветнай вайны на заходнім фронце. У
1942-1953 гг. ваенны перакладчык. Дэмабілізаваўся ў 1959 годзе.
Выкладаў замежныя мовы ў Менскай
сувораўскай вучэльні (1953-1960), у БДУ (1961-1975), адначасова працаваў у
рэдакцыі часопіса “Беларусь” (1962-1967). Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з
1954.
Быў чальцом Беларускага таварыства
дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, чальцом Беларускага
Рэспубліканскага Камітэту “За вяртаньне на Радзіму”.
Памёр 16 жніўня 1990 году ў Менску
і пахаваны на Паўночных могілках.
Перакладамі пачаў займацца з 1938
г. Перакладаў з ангельскай, францускай, нямецкай, італьянскай, польскай,
чэскай, славацкай, расейскай, летувіскай, якуцкай і іншых моваў. Выступаў з
артыкуламі па пытаньнях мастацкага перакладу.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага
Чырвонага Сьцяга, Дружбы народаў, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі
Чырвонай Зоркі, польскім ордэнам Залатой Зоркі Заслугі і мэдалямі. Ляўрэат
Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982). Заслужаны работнік культуры Беларусі
(1989).
Эра Перадаўсім
*********
Літаратура:
Якуцкая
літаратура. Сафронаў А. 4603. Радзіма: [Верш] / Уступ. слова і пер. Я. Семяжона
// Далягляды, 1978. – Мн., 1978. – С. 263-265. // Мастацкая літаратура народаў
СССР у перакладзе на беларускую мову 1976-1991. [Складальнікі: Фарасцяная Л. К.; Цітова Л. А.] Мінск. 1997. С. 155, 175.
Гарэлік Л. М. Семяжон (Сяміжон) Язэп. // Беларускія
пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1995. С. 288.
Смольская В. У. Семяжон (Сяміжон) Язэп. Бібліяграфія. [1978. Сафронаў А. Радзіма: Паэма / З рус. // Далягляды. Мн.] // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6
тамах. Т. 5. Мінск. 1995. С. 293.
Ірадкусься Незамужняя,
Койданава
ЗНАЁМСТВА З ПЯТРОВІЦКАЙ ЗЯМЛЁЙ
Вёска Пятровічы размешчаная прыкладна за 25
км ад Мінска на рацэ Волма. Працягласць вёскі амаль 1,5 км, раздзеленая ракой
на дзве часткі: на адным беразе Пятровічы, на другім - Зарэчча. Для большасці
жыхароў і прыезджых дзве гэтыя часткі лічацца як адна вёска.
Зарэчча
з’явілася на пачатку XX ст. Раней там знаходзіўся
хутар Пякарскіх. Паэт-перакладчык, ураджэнец
Пятровічаў Язэп Семяжон пісаў: «Мне памятаецца, нашы дзяды і бацькі
па-мясцоваму называлі Дворным полем. Месца, дзе ў той далёкі час стаяў
фальварковы двор Караля Пякарскага (так звалі
мясцовыя сяляне бацьку вучонага). Я гэта памятаю па ўспамінах майго бацькі,
які, будучы яшчэ хлапчуком, часта хадзіў на заработкі ў гэты двор». У біяграфіі
даследчыка Э. Пякарскага значыцца, што ён нарадзіўся менавіта ў Пятровічах.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэтая палова пачала актыўна засяляцца жыхарамі з
Пятровічаў і суседніх вёсак. А ў 1970 - 1980 гг. сюды перанеслі ўсе
адміністрацыйныя і культурныя аб’екты, пачалося будаўніцтва шматпавярховых
дамоў. І на картах Смалявіцкага БТІ Зарэчча стала значыцца асобным населеным
пунктам. У метрычных запісах многіх пазначана, што нарадзіліся ў в. Зарэчча. Сёння
ж на многіх картах яна падаецца як Пятровічы.
Паколькі Пятровічы ў другой палове XX ст.
значна пашырылі свае межы, то злучыліся Зарэчча, Узбарогі, Слабада, перанесеная
Бароўка, зніклі Уборкі. 3 адной
вуліцы ўтварылася некалькі - Цэнтральная, Зарэчанская, Узбарожская, Садовая,
завулак Клубны, Слабадская, Набярэжная, Школьная. Паходзяць назвы ад аб’ектаў,
што знаходзяцца побач, ці ад вёсак, што былі тут раней: Узбарожская – ад назвы
вёскі Узбарогі, Набярэжная знаходзіцца насупраць вадасховішча Пятровічы.
Найбольш распаўсюджаныя прозвішчы - Семяжон, Бакуновіч, Ерахавец, Сітнік,
Латушка, Сарока, Халадзінскі, Процька.
Побач знаходзяцца вёскі Быкачанава,
Бярозавая Гара, Волма, Дзяхань, Загор’е, Задвор’е, Заямнае, Зялёны Лужок,
Каліта, Куляшоўка, Лазовы Куст, Лукава, Першамайскае, Плюшчай, Чырвоны Лужок,
Хутар Самсонаўка. У сувязі з будаўніцтвам вадасховішча зніклі Бароўка, Слабада,
Смыкі, Чырвоны Бераг (1975), Заямнае 1-е, 2-е, 3-е зліліся ў 1973 г. у адно
паселішча, Уборкі (1939), Яскі (1945). Гэтыя вёскі складалі Пятровіцкі
сельсавет (адміністрацыйны цэнтр знаходзіцца цяпер у в. Драчкава).
Вялікія валуны і легенды аб узгорках,
тапаніміка ў акрузе даюць падставу меркаваць, што першыя пасяленні тут былі да
прыняцця хрысціянства. Помнікамі даўніны з’яўляюцца камяні-валуны, якія авеяныя
народнымі паданнямі і носяць назвы кшталту «Божы Камень». Адзін знаходзіўся на
ўскраіне Пятровічаў на беразе Волмы. Гэта вялізны валун, на якім было
паглыбленне ў выглядзе следу ад нагі. Непадалёк яго біла крынічка з гаючай
вадой па якую прыязджалі людзі з розных месцаў. Аднак пасля меліярацыйных работ
праведзеных некалькі гадоў таму, каменя не стала.
Мяркуецца, што
Пятровічы маюць такую назву, бо тут стаялі войскі Пятра I пад час Паўночнай
вайны. Гэта адна з версіяў мясцовага насельніцтва аб паходжанні назвы вёскі.
Аднак яшчэ да вайны са шведамі яна ўзгадваецца ў інвентарах 1621, 1623 і 1643
гг. Так, у 1621 г. тут ужо было 20 валок, 41 двор жылы, у 1623-м - 20 валок і
80 двароў. Згодна са звесткамі 1621 г., сяло Пятровічы далучанае да
Смалявіцкага маёнтка яшчэ ў 1612 г.
У 1558 г. уладальнікам прылеглых зямель быў
Пётр Андрэевіч Кадышэвіч, 1559 г. - Пётр Мінбулатовіч (дакумент рэвізіі 1559
г.) Магчыма, у гонар іх і было названае сяло Пятровічы. Паводле таго ж інвентара
1623 г. у Пятровічах на двор прыпадала ў сярэднім па чвэрці валок (прыкладна
5,5 га), што, відавочна, было недастаткова для сям’і ў 7-9 едакоў. З’яўленні
вёскі і яе росту спрыяла тое, што яна, як і мястэчка Волма, знаходзілася на
шляху з Менска ў Магілёў.
У вёсцы нарадзіліся людзі, якія праславілі
сябе і нашую краіну за яе межамі. XIX ст. падаравала вядомага этнографа,
лінгвіста-географа, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, ганаровага
акадэміка Акадэміі навук СССР Эдуарда Карлавіча Пякарскага, а таксама
падзвіжніка, каргапольскага манаха-беларуса Цімафея Рыгоравіча Пілюгу, які стаў
схіархімандрытам Кірылам. У XX ст. нарадзіліся і сталі вядомымі далёка за
межамі Беларусі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўна прэміі БССР імя Янкі Купалы
(1982), узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў,
Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, польскімі ордэнамі,
медалямі, паэт перакладчык, разведчык, настаўнік, Язэп Ігнатавіч Семяжон і
контр-адмірал Герой Савецкага Саюза, узнагароджаны ордэнам Леніна і медалём
«Залатая Зорка» Віталь Васільевіч Холад.
Таццяна Апацкая,
Вольга Латушка, Алена Процька
/Краязнаўчая газета. Мінск. № 12. Сакавік 2019. С. 4./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz