sobota, 28 listopada 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Пішу з далёкай Якутыі. Койданава. "Кальвіна". 2015.





    Іван  Ласкоў
                                                      ПІШУ З ДАЛЁКАЙ ЯКУТЫІ
    Вось ужо семнаццаць гадоў я жыву ў Якуцку, прыгледзеўся да якутаў, іх стаўленьня да роднай мовы і культуры. І думаю, што не шкодзіла б нам шмат у чым павучыцца ў гэтага невялікага народа.
    Якуцкая мова. як лінгвісты кажуць — младапісьменная. Літаратурная мова склалася толькі ў пасьлярэвалюцыйныя гады. Першы верш на якуцкай мове быў напісаны ў 1900 годзе.
    Лексычны склад якуцкай мовы не надта шырокі. Найбагацейшы слоўнік, складзены нашым земляком Э. Пякарскім, налічвае каля трыццаці тысяч слоў. Шмат запазычаньняў з рускай мовы. Яшчэ на пачатку 1920-х гадоў пачынальнік якуцкай літаратуры Аляксей Кулакоўскі налічыў у якуцкай мове болей за 2300 запазычаных рускіх слоў. Сярод іх і такія простыя, як “стол”, “вилка”, “ложка”, “здорово”, “пока” (у сэнсе “да пабачэньня”), “спасибо”, “пожалуйста”. Але ніводзін якут не лічыць з гэтай прычыны сваю мову горшай, чым руская.
    Якуцкая мова гучыць на вуліцах Якуцка гэтак жа часта, як і руская. Можна сказаць болей: якуты, якія валодаюць роднай мовай, між сабой размаўляюць выключна па-якуцку, не зважаючы на тое, колькі побач іншамоўцаў: адзін або дваццаць.
    Не ведаю ніводнага якута з кіраўнікоў рэспублікі, які б не валодаў роднай мовай. Пры сустрэчах гэтых кіраўнікоў з пісьменьнікамі гутарка вядзецца звычайна па-якуцку.
    Непакой за лёс мовы (часам нават празьмерны) тут уласьцівы не толькі кожнаму пісьменьніку ці журналісту, але і шырокім масам. Да якутаў, якія ў выніку нейкіх прычын не валодаюць роднай мовай, стаўленьне падкрэсьлена адмоўнае. Ведаю такі выпадак, калі аднаго маладога якута, супрацоўніка рускай газэты, прымаючы ў партыю, абавязалі за час праходжаньня ім кандыдацкага стажу авалодаць якуцкай мовай. Не сумняваюся, што авалодае, бо іначай у члены партыі не перавядуць.
    Нацыянальнай мовай карыстаюцца не толькі літаратура, тэатар, журналістыка. Нешматлікія прафэсійныя і шматлікія самадзейныя кампазытары пішуць песьні выключна на якуцкія тэксты. На якуцкія тэксты традыцыйна пішуць музыку і спэцыяльна запрошаныя кампазытары з Масквы і іншых мясьцін, ствараючы опэры, кантаты і г. д. Свой даробак уносіць у разьвіцьцё нацыянальнай культуры і выяўленчае мастацтва. У яго творах пераважаюць сюжэты з нацыянальнай літаратуры, гісторыі і фальклёру. На графічных лістах або жывапісных палотнах амаль не ўбачыш неякуцкіх твараў (у якутаў мангалоідны тып твару). Мастацкая самадзейнасьць выконвае амаль выключна якуцкія песьні, скокі. На роднай мове разьвіваецца і эстрада.
    Як гэта ўсё ўплывае на культурны ўзровень народа?
    Жывучы ў Якуцку, мне ўдаецца час ад часу друкавацца ў Мінску, выдаваць кніжкі. Гэтыя кніжкі і часопісы мне проста сорам паказваць маім якуцкім калегам. Сорам — з-за тыражоў. Да чаго ж мы дайшлі, дзевяцімільённы народ! Тыражы “Полымя” і “Маладосці” — вакол дзесяці тысяч, кніжак мастацкай прозы — таксама. Якутаў — трыста тысяч, у трыццаць разоў меней, чым нас. Колькі ж яны чытаюць? Вось тыражы сапраўды адукаванага народа: літаратурна-мастацкі часопіс “Хотугу сулус” — 33 тысячы (“Полымя”, “Маладосць” і “Беларусь” разам — каля 40 тысяч). Орган абкаму КПСС газэта “Кыым” — 58 тысяч (відаць, не нашмат меней, чым “Звязда”). Маладзёжная газэта “Бэлэм буол” — 33 тысячы, дзіцячы часопіс “Чуоранчыык” — 35 тысяч. Можна з упэўненасьцю сказаць, што партыйную газэту чытае амаль што кожная якуцкая сям’я, літаратурна-мастацкі часопіс — больш за палову, дзіцячую газэту і часопіс выпісвае кожная сям’я, дзе ёсьць дзеці адпаведнага ўзросту. Тыраж мастацкай прозы — строга 15 тысяч. Мог бы быць і большым, ды справа ў тым, што асноўны выдавецкі тыраж на якуцкай мове такі ж, як і на рускай — гэтыя пятнаццаць тысяч (на беларускай — шэсьць!). Калі тыраж перавышае 15 тысяч хоць бы на адну, выдавецтва вымушана плаціць другі ганарар. На гэта яно не ідзе, таму і абмяжоўвае тыражы. Калі ж ганарар плаціць не трэба (пісьменьнікам, якія даўно памерлі), тыражы сягаюць і да 25 тысяч, нават зборнікаў вершаў.
    У Якуціі якутаў удвая меней, чым неякутаў. Але якуцкай мове і нацыянальнай культуры нішто не пагражае. Гэтую маладую культуру — адметную, своеасаблівую — няблага ведаюць не толькі па краіне, але і за мяжой. І спароджана гэта перш за ўсё шанаваньнем роднай мовы.
    Ну, а якія адносіны да ўласнай мовы ў нас?
    Памятаецца, яшчэ гадоў дваццаць назад спытаў я аднаго карэспандэнта “Піянера Беларусі”, чаму яны ўжываюць на старонках газэты слова “рабяты”. У беларускай мове ж няма слова “ребенок”, множным лікам якога зьяўляецца “ребята”. Таму па-беларуску “рабяты” перш-наперш выклікае асацыяцыю са словам “рабы”: “рабяты” — “рабыя”. Трэба пісаць замест гэтага “рабяты” “хлопцы”, “дзяўчаты”, калі стасуецца па сэнсе, нарэшце, “дзеці”... “Што зробіш, — уздыхнуў журналіст, — так начальства сказала!”
    Яшчэ падобнае слова — “буквар”. Адкуль яно ў нас узялося? У беларускай жа мове няма слова “буква”. Хто зьнішчыў сваё “лемантар”, замяніўшы чужым словам?
    Такіх “буквароў” ды “рабят” у нас аж занадта.
    Летась Якуцкі дзяржаўны рускі драматычны тэатар выяжджаў на гастролі ў Бабруйск і Мінск. Гастролі прайшлі з посьпехам, што мяне, па шчырасьці, зьдзівіла: тэатар гэты я ведаю няблага. Зрэшты, два-тры выдатныя акторы ў ім есьць. З адным мы нават сябруем. І вось, вярнуўшыся з Беларусі, гэты актор папрасіў мяне перакласьці, што напісала пра яго газэта “Рабочы” аб’яднаньня “Бабруйскдрэўпрам”.
    Божухна, што гэта быў за жах! Не кажу ўжо пра тое, што добрая палова слоў у палосным артыкуле аказалася рускай. Рускай была ўся ГРАМАТЫКА! З перапісанымі быццам бы па-беларуску “причастными оборотами”. Хочаце верце, хочаце не, але мяне дагэтуль трасе, як прыгадаю гэтыя неверагодныя “мятушчыйся”. “найшоўшыйся”, “суюшчыйся”.
    Адкуль узяўся чалавек, з беларускім прозьвішчам, што пісаў гэты артыкул, дзе ён вучыўся? Навошта піша на мове, якой не ведае ані на кроплю?
    Калі зьбярэш разам такія факты, міжволі высноўваеш, што да сваёй мовы мы ставімся не як да сваёй, а як да варожай, як зьнішчальнікі ўласнага народа, саміх сябе.
    Выгадаваны цэлыя пакаленьні беларусаў, што не ведаюць нацыянальнай мовы. Дык вось давайце падумаем: ці прынесла карысьць гэтым пакаленьням рускае аднамоўе, ці павысіла іх культуру, іх прыстасаванасьць да жыцьця?
    На гэтыя пытаньні можна даць толькі адмоўны адказ. Няўжо хто-небудзь будзе аспрэчваць, што веданьне дзьвюх моў робіць чалавека ўдвая культурнейшым? Веданьне моў узбагачае чалавека, робіць яго мысьленьне болей прыстасаваным, гнуткім, дае магчымасьць рабіць болей нечаканыя і абгрунтаваныя заключэньні. Я, напрыклад, німала не шкадую, што ў жыцьці давялося хоць нейкім чынам даткнуцца такіх моў, як нямецкая, іспанская, французская, польская, якуцкая. Хай я мала што памятаю з нямецкай і іспанскай, якія вучыў у пятым клясе. Але і тое невялікае веданьне дапамагае арыентавацца ў мовах наогул. Асабліва ж я ўдзячны памяці чалавека, які вучыў мяне польскай мове. Веданьне польскай адначасова з беларускай і рускай дазваляе мне, напрыклад, зусім свабодна чытаць па-ўкраінску, хоць украінскай мовы я ніколі не вывучаў. А яшчэ дапамагае лепш ведаць месца ўласнай мовы. З радасьцю ўпэўніўся ў абсалютнай лухце мяшчанскага сьцьвярджэньня, нібыта ў беларускай мове ўсё, што не рускае, — польскае. Зразумела, запазычаньні з польскай у нашай мове ёсьць, але, аказваецца, не меней іх і ў польскай мове з нашай. Гэта, пры жаданьні, не цяжка прасачыць.
    Але вернемся да рускамоўнага беларуса. Ён нават не падазрае, што гаворыць не зусім па-руску. Ягоная руская мова — сурагат сапраўднай рускай. Ён заўважае гэта толькі тады, як едзе куды-небудзь у Пскоў або Іркуцк, дзе з яго вымаўленьня і лексыкі сьмяюцца.
    Іншая справа — беларус двухмоўны, які ўсюды прама абвяшчае, што ён беларус і пацьвярджае гэта. З такога беларуса ніхто не сьмяецца. Наадварот, ён мае нават перавагу перад аднамоўным рускім, бо багацейшы на цэлую культуру: можа беларускую прымаўку ўставіць, песеньку прасьпяваць, задавальняе цікавасьць тых, хто побач, да беларушчыны. Такіх людзей у рускім асяродзьдзі паважаюць як прадстаўнікоў іншага народа. Аднамоўны ж беларус падобны да рускага ў горшым варыянце, гэта нібыта рускі ніжэйшага гатунку.
    Якое ўвогуле адчуваньне ў рускамоўнага беларуса? Што ён — чалавек, за плячамі якога няма нічога: ні гісторыі, ні культуры. Усяго, што зрабіў ягоны народ да яго зьяўленьня на сьвет, ён не ведае (ні верша, ні байкі, ні песьні, ні прымаўкі). Зразумела, ён карыстаецца рускай культурай, але гэтая культура ідзе каранямі не праз яго продкаў, і ў ім узьнікае комплекс непаўнацэннасьці: мова ў яго чужая, культура чужая, гісторыя — чужая. А адкуль жа ён сам ўзяўся? Не ведае. Ён адчувае сябе прыблізна так, як адчуваюць людзі, кінутыя немаўлятамі і выгадаваныя ў дзіцячым доме. Вырастаючы, яны спрабуюць знайсьці хаця б маці, шукаюць, бывае, дзесяткі гадоў, але як яе знойдзеш, калі, можа, яе ўжо і на сьвеце няма! У такіх вось падкідкаў і ператвараюць беларусаў хвацкія функцыянэры...
    Беларуска-рускае двухмоўе, пакуль яно існавала, давала нярэдка адукаваных людзей і рускай культуры. З галіны літаратуры, якая мне бліжэйшая за іншыя, нагадаю хоць бы імёны паэтаў Д. Кавалёва, Н. Кісьліка, І. Бурсава, І. Шклярэўскага. А каго дало рускай літаратуры новае, рускамоўнае пакаленьне беларусаў? Нешта не чуваць... Сёньня “на экспарт” даём футбалістаў ды хакеістаў. Маладых рускамоўных беларусаў, можа, у тры-чатыры-пяць разоў больш, як двухмоўных, а маладая беларуская літаратура па-ранейшаму на галаву вышэйшая за маладую рускую, што ствараюць беларусы. Але і беларускай літаратуры, без карысьці для рускай, нанесены страшныя страты. Звужэньне сфэры карыстаньня беларускай мовай прывяло да таго, што нешматлікія літаратары, якія валодаюць мовай, хай сабе і графаманы, не сустракаюць канкурэнцыі і без перашкод займаюць крэслы ў выдавецтвах, часопісах, газэтах. Родную мову графаманы ведаюць слабавата, няма ў іх і моўнага густу, але з-за таго, што і ў такіх ёсьць патрэба (лепшых жа няма!), гэта даруецца. Дыялёгі мастацкай прозы ў іх напалову рускія (маўляў, так народ гаворыць). І зусім такім аўтарам не у галаве, што на іх публікацыях, можа, хтосьці наважыцца вывучаць мову, будзе вучыцца размаўляць па-беларуску.
    Рускамоўныя беларусы не толькі не прыносяць ніякай карысьці рускай культуры, але і прычыняюць ёй вялікую шкоду. Я ўжо казаў, што руская мова, якой яны карыстаюцца, — на самай справе сурагат. Рускую мову яны псуюць. Умяшаньне такіх людзей у працэс разьвіцьця рускай культуры выклікае ў яе дзеячаў законнае раздражненьне. “Предположим, — казала Мая Ганіна 1 сакавіка 1988 года на пленуме СП СССР, — что грузинский язык либо литовский, узбекский стали вместо русского государственным, главным языком (тут М. Ганіна памыляецца. Руская мова зьяўляецца дзяржаўнай толькі для РСФСР, для іншых яна — агульная мова. — I. Л.). Мое великорусское самолюбие от этого нимало не пострадало бы. Напротив. Старательно изучив пятьсот слов и необходимую грамматику, я много утешилась бы мыслью, что зато мой родной русский язык сделался бы наконец заповедной зоной и стал бы первозданно чистым, как чисты, допустим, и ныне грузинский, армянский языки. Никто более не посягнул бы тогда на сложность русского языка, на присутствие в нем древних слов, непонятных тому, кто из двухсот тысяч знает пятьсот и считает, что остальные не нужны”.
    Сярод тых, хто сваё веданьне пяцісот рускіх слоў лічыць дастатковым, каб “посягать” на ўдзел у рускамоўным будаўніцтве, немалую нядобрую ролю адыгрываюць і рускамоўныя беларусы. Памятаецца, яшчэ гадоў пятнаццаць назад вельмі ж рэзка і, я сказаў бы, ядавіта крытыкавала “Литературная газета” наш рускі часопіс “Нёман” за псаваньне рускай мовы. А вось і болей сьвежы прыклад — з артыкула “Что защищаем?” (“Известия”, 1988, 5 чэрвеня), напісанага ў адказ на ліст некалькіх кандыдатаў навук з Мінска. Паважаныя вучоныя ўжылі ў лісьце, надрукаваным у часопісе “Наш современник”, слова «шильда». «К сожалению, — з сарказмам заўважыла газэта, — ни у Даля, ни у Ожегова, ни в Советском Энциклопедическом Словаре этого слова мы не нашли”.
    Зразумела, вынішчаючы беларускую мову яшчэ больш пасьлядоўна, праз тры-чатыры пакаленьні можна будзе дасягнуць і такога становішча, калі і грузчыкі ў крамах не ўжывуць “шыльду” замест “вывески”. Але якая і каму будзе з гэтага карысьць?

                                                            (Працяг на стар. 12).

    [С. 5.]

                                                     ПІШУ З ДАЛЁКАЙ ЯКУТЫІ...

                                                            (Пачатак на стар. 5).

    На месца зьнішчанай беларускай культуры новая культура не прыйдзе. Прыйдзе малакультур’е, касмапалітычны сурагат культуры. Паспрабую абгрунтаваць сваё сьцьвярджэньне.
    Асновай любой культуры зьяўляецца мова. Мова — не толькі сродак зносін і мысьленьня. Гэта яшчэ і будаўнічы матэрыял мастацкай літаратуры. Літаратура ж, у сваю чаргу, апладняе ўсё астатняе мастацтва: тэатар, кіно, размоўныя жанры эстрады — праз драматургію; музыку — праз тэксты песень, опэр, апэрэт, араторый, кантат; выяўленчае мастацтва абапіраецца на літаратурныя сюжэты, тое ж самае — балет і пантаміма, у аснове якіх ляжаць яшчэ і літаратурныя лібрэта. Мастацкая літаратура, можна сказаць, стварае кола нацыянальных сюжэтаў і тэм, якім карыстаецца ўсё мастацтва. Такім чынам, мастацтва немагчыма без высокаразьвітой, высакаякаснай нацыянальнай літаратурнай мовы. Але літаратурная мова ўвесь час жывіцца народнай мовай і гістарычнай. Мова, пазбаўленая дыялектызмаў, народных выразаў і гістарызмаў — гэта стэрылізаваная, спакладзеная мова.
    Якой жа мовай карыстаюцца творцы — рускамоўныя беларусы? Менавіта такой, спакладзенай. Яны ж не могуць карыстацца ні народнымі, ні гістарычнымі скарбамі беларускай мовы, бо гэта багацце зусім іншай моўнай сыстэмы, да таго ж, усе гэтыя словы рускамоўнаму чытачу прыйдзецца тлумачыць. Перад літаратарам устае невырашальная праблема: стаць чалавекам з арлоўскімі, курскімі, цьвярскімі каранямі ён не ў стане, а карыстацца сваім, карэнным не дазваляе чужая, хоць і ўспрынятая ім як свая, мова.
    Перад такой праблемай апынуўся ў свой час і я. Я з дзяцінства пісаў на дзьвюх мовах. Першы рускі верш надрукаваў у 12 год, беларускі — у 15. Потым паступіў у БДУ — на хімічны факультэт, згодна з тагачаснай модай. Пісаць працягваў на дзьвюх мовах. Друкаваўся ў “Чырвонай змене”, “Знамени юности”, “Маладосці”, “Нёмане». Але ў сувязі з тым, што вучыўся на хімфаку — на рускай мове, ды яшчэ пісаў на хімічныя тэмы, з цягам часу мне пачало здавацца, што я проста не здолею выказваць па-беларуску ўсё, што ў маёй галаве. І пачаў пісаць пераважна па-руску.
    Нельга сказаць, што гэта на прынесла плёну. Маю першую кнігу вершаў заўважылі амаль што ўсе літаратурныя выданьні Мінска, была рэцэнзійка нават у Маскве. У 1964 годзе ў часопісе “Юность” была надрукавана паэма “Живые голоса”. Друкаваўся і ў іншых усесаюзных часопісах. Але з цягам часу прыйшло расчараваньне.
    Я адчуў раптам, што далейшага росту майго як творцы не будзе, і што віной таму — мая руская мова. Чыста літаратурная. залізаная. Узбагачаць яе тым вясковым матэрыялам. які ведаю з маленства? Але хто будзе друкаваць рускія вершы, перасыпаныя беларускімі словамі? Дый як гэта будзе выглядаць? Каму будзе патрэбна такая паэзія? Ні сабе, ні куме, ні  рускаму, ні беларусу...
    Дадам дарэчы, што адчуваньне гэтае ўзьнікла зусім не ў Беларусі, а ў Горкаўскай вобласьці, куды я трапіў згодна з разьмеркаваньнем як хімік. Менавіта тут, сярод прыродных рускіх, я зразумеў, што я — не рускі, а хтось іншы, а РУСКАЯ МОВА — ЯНА ПЕРШ-НАПЕРШ НЕ УСЕАГУЛЬНАЯ, А МОВА РУСКАГА НАРОДА, ЯКІ І НЯСЕ ЗА ЯЕ ГАЛОЎНУЮ АДКАЗНАСЬЦЬ. А мы — навошта мы рускай мове? Яна ў беларусах патрэбы не мае. Яна і без нас вялікая, праўдзівая і свабодная, як казаў Тургенеў. І нікому з рускіх не трэба. каб я пісаў свае вершы па-руску. Сваіх стае.
    Пасьля Горкаўскай вобласьці была Масква. Літінстытут. Тут і высьпела канчаткова маё рашэньне вярнуцца да роднай мовы. Выпусьціўшы другі рускі зборнік (1969), трэці я напісаў па-беларуску. А выйшаў ён у той час (1973), калі я жыў ужо ў Якуціі.
    З 1965 года я жыву за межамі Беларусі. Прыяжджаю самае большае на два тыдні, спыняюся ў гасьцініцах. Да нядаўняга часу ў Якуцку не меў аніводнага знаёмага, з якім мог бы перакінуцца словам па-беларуску. Але роднай мове болей не здраджваю і ўпарта пішу на ёй, хаця мае творы друкуюцца на ёй і рэдка, і далёка не ўсе. Гэта нічога. Толькі б не быць далакопам роднай мовы.
    Што ж нам рабіць далей, каб абсягі нашай рэспублікі не сталі Курапатамі нацыянальнай мовы?
    У апошні час дастаткова часта даводзіцца чуць катэгарычнае патрабаваньне строга сьледаваць прынцыпу добраахвотнага вывучэньня нацыянальных моў. Выглядае на першы погляд гэты прынцып прывабна: яшчэ б, добраахвотнасьць! Дэмакратыя! Але гэтую “дэмакратыю» мы ведаем добра. Яна руйнуе нашу мову вось ужо дзесяткі гадоў.
    Ходзяць добрыя хлопцы і дзяўчаты з нефармальных суполак па кватэрах, угаворваюць аддаваць дзетак у беларускія клясы... Якую цяжкую місію яны ўзялі на сябе! Ну як давесьці, што гэтая мова патрэбна дзіцяці, калі на ёй немагчыма атрымаць ні вышэйшую, ні нават сярэднюю спэцыяльную адукацыю?
    Наш суродзец не дурань, ён бачыць, што ў рускую ВНУ лягчэй паступаюць тыя, хто лепш валодае рускай мовай. Дык навошта яго золатка будзе сушыць галаву беларушчынай, калі яна ў рускім сачыненьні толькі павялічыць колькасць памылак? Каб застацца на падсобных работах?
    Сьветам правіць практычны інтарэс, і Беларусь у гэтым не выключэньне. Сталіністы, бюракраты ведалі, што рабілі, калі зьнішчалі беларускую вышэйшую і сярэднюю спэцыяльную адукацыю У спалучэньні з прынцыпам добраахвотнасьці гэта якраз тое, што патрабуецца, каб у наша адукаванае стагодзьдзе адпрэчыць народ ад мовы, якая не дае практычнага шанцу.
    Стварылі ненармальныя ўмовы, ды яшчэ балбочуць, што беларусы лічаць сваю мову горшай!
    Лічу, што трэба перш-наперш, пакуль не позна, пакуль яшчэ ёсьць настаўнікі, перавесьці на беларускую мову да 80 працэнтаў школ, згодна з нацыянальнай доляй беларусаў у рэспубліцы. У рэштцы ўвесьці беларускую мову ў якасьці абавязковага прадмета. Не павінна быць несправядлівага становішча, калі адзін школьнік вывучае дзьве мовы, а другі — адну. Веданьне мовы — багацьце, якое насіць не на карку. І прыйдзе час, калі і рускія жыхары Беларусі скажуць “дзякуй” за тое, што іх не пазбавілі ўдачы ведаць дзве мовы. Няўжо рускі штосьці страціць, калі зможа прачытаць у арыгінале цікавую беларускую кнігу, паглядзець у тэатры выдатны беларускі спэктакль, чэрпаць навіны са “Звязды” і “ЛіМа”, сам пісаць у гэтыя выданьні, нарэшце, вучыцца ў беларускіх ВНУ? Так-так, у беларускіх ВНУ, г. зн. у ВНУ з беларускай мовай навучаньня. Веру, што іх уваскрашэньне не за гарамі.
    Лічу, што трэба перавесьці на беларускую мову ўсе пэдінстытуты, прычым неадкладна. Новай беларускай школе спатрэбіцца шмат беларускамоўных настаўнікаў. На беларускай мове ў пэдінстытутах павінны выкладацца ўсе прадметы, а не толькі беларуская мова. Насьпеў час, каб прыняць тэрміновыя захады і для стварэньня беларускіх унівэрсытэтаў — беларускіх па сутнасьці, а не па назьве. Унівэрсытэты ў Мінску, Гомелі, Гродне павінны стаць сапраўднымі храмамі роднай мовы і культуры.
    На беларускую мову павінен перайсьці і тэатральна-мастацкі інстытут, асабліва яго тэатральная палова. Тады акторы не будуць давіцца словамі ні на сцэне, ні на экране.
    З цягам часу трэба падумаць і аб пераходзе на беларускую мову і тэхнічных ВНУ, падрыхтаваўшы падручнікі і кадры.
    Вяртаючыся да Якуціі, павінен зазначыць, што тут шмат хто з прыежджых цікавіцца якуцкай мовай. І гэтая цікавасьць часткова задавальняецца: выдаюцца самавучыцелі, размоўнікі. Рускі часопіс для дзяцей “Колокольчик” друкуе “Словарик дружбы” — якуцкія словы і выразы з перакладам. У друку выказваецца прапанова аб увядзеньні якуцкай мовы як прадмета ва ўсіх рускіх школах Якуцка. Сям-там ужо наладжваюцца курсы якуцкай мовы для дарослых.
    Наогул, што датычыць якутаў, то ў іх, мне здаецца, усё ў парадку. Распрацавана праграма навучаньня ўсіх якуцкіх дзяцей якуцкай мове, і праграма гэта выконваецца. У Якуцку адчыняюцца клясы дзе якуцкую мову нароўні з дзецьмі-якутамі вывучаюць іншыя. Павялічваецца час гучаньня якуцкай мовы па радыі і тэлебачаньні. На якуцкую мову дубліруюцца фільмы. На ўсіх крамах горада і нават кіёсках вывешаны шыльды, дзе адначасова з рускай і на якуцкай паведамляецца, калі гэтыя крамы працуюць і калі ў іх перапынак. Газэты, у тым ліку і рускія, ахвотна друкуюць лісты з прапановамі наданьні якуцкай мове статуса дзяржаўнай, пашырэньня правоў аўтаномнай рэспублікі да правоў саюзнай.
    Разьвіваецца, сталее культура. Сэнсацыяй стала запрашэньне якуцкага тэатральнага рэжысёра Андрэя Барысава ў МХАТ, дзе ім з вялікім посьпехам пастаўлена “Разьвітаньне з Мацёрай”.
    Дык не будзем жа меней разумнымі, чым якуты. Захаваем свае карані і вытокі, саміх сябе.
    г. Якуцк.

    [С. 12.]

    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 38. 22 верасьня 1989. С. 5, 12./



    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz