Салжаніцын заклікаў рускіх: давайце выпусьцім
з Саюза Прыбалтыку, Малдову, Закаўказьзе, Сярэднюю Азію, я разам з Украінай і
Беларусьсю ўтворым Расійскі Саюз.
Украінцы жаданьня ствараць Расійскі Саюз не
выказваюць. У нас жа хто-ніхто не супраць...
Скажам, той жа калектыў Ваўкавыскага завода
дахавых і будаўніча-аддзелачных машын выказаў гатоўнасьць хоць сёньня ўвайсьці
ў Расійскую Фэдэрацыю. (Гл. газ. “Праца” ад 8 лістапада 1990 г., “Літаратура і
мастацтва” ад 16 лістапада).
Гэта прымусіла мяне яшчэ раз задумацца над
тым, што чакае Беларусь у такім Саюзе, калі ён сапраўды будзе ўтвораны.
“Трэба даць прастору здаровай прыватнай
ініцыятыве», — выказваецца Салжаніцын. І хоць пасьля гэтага ён робіць нейкія
папрокі капіталізму, ясна: будучая Расія бачыцца яму капіталістычнай. За такую
ж Расію змагаюцца сёньня шматлікія расійскія партыі. Вярхоўны Савет РСФСР на чале
з Б. Ельцыным таксама не супраць “даць прастору здаровай прыватнай ініцыятыве”.
На гэтым наша
дружба з Расіяй скончыцца, бо пачнецца канкурэнтная барацьба. Але ж Беларусь і
Расія — “барцы” розных вагавых катэгорый. Перш за ўсё, Расія мае золата,
алмазы, вугаль, нафту, жалезную і іншыя руды, лес. З усяго гэтага ў Беларусі ёсьць
толькі лес, у значнай меры забруджаны Чарнобылем.
Пералічанае — не толькі стратэгічная
сыравіна, без якой сучасная эканоміка не можа існаваць. Гэта яшчэ і тавар, які
на сусьветным рынку дае валютныя сродкі. Такім чынам, Расія будзе іх мець,
Беларусь — не. Я не кажу ужо, што Расія зможа ўстанавіць на гэтую сыравіну
манапольныя цэны ў самім Саюзе, цэны, якія Беларусі будуць не па кішэні.
Яшчэ адна наша слабасьць — ускраіннае
геаграфічнае становішча (адносна Расіі). У любой капіталістычнай краіне
ўскраіны адсталыя, калі не зьяўляюцца манапалістамі нейкай прадукцыі (выключэньне
складаюць ускраіны марскія, але ж Беларусь да мора не выходзіць). Гэта зьвязана
з тым, што за дастаўку купленага тавару плаціць не той, хто прадае, а той. хто
купляе. А чым далей везьці, тым болей плаціш.
Становішча пагаршаецца яшчэ і тым, што
Беларусь вымушана везьці для сваіх патрэб вельмі здалёк аб’ёыныя грузы: вугаль,
мэталь Таму памеры выдаткаў на перавоз тут вельмі адчувальныя Калі. дапусьцім,
тона вугалю прадаецца па 50 рублёў, а за перавоз яе на адлегласьць у тысячу
кілямэтраў бяруць 5 рублёў, то для пакупніка, які жыве за пяць тысяч кілямэтраў
(ад Кузбаса ці КАТЭКа), цана за перавоз можа зраўняцца з цаной купленага
вугалю. Для цэнтральных жа раёнаў Расіі той вугаль будзе таньней, не гаворачы
ўжо прэ Урал.
Такім чынам, перадумовы канкурэнтнай
барацьбы ў нас неспрыяльныя. (Іх зазнала на сабе і дарэвалюцыйная Беларусь.
Невыпадкова нам невядома аніводнага беларускага мільянэра.) З узьнікненьнем жа
расійскіх канцэрнаў, у якія адначасова з перапрацоўчымі ўвойдуць прадпрыемствы
горназдабываючыя, становішча беларускай эканомікі стане невыносным: цэны на мэталь,
вугаль, нафту, на камплектуючыя вырабы для нас стануць рабаўнічымі. Беларускія
прадпрыемствы пойдуць з малатка, прычым расійскія мільярдэры будуць скупляць іх
не для таго, каб даць ім новае жыцьцё, а каб назаўсёды спляжыць. За вароты
заводаў і фабрык будуць выкінуты сотні тысяч людзей. Пойдзе масавая скупка
расійскімі багацеямі беларускіх земляў. Галеча, голад, жабрацтва, мільёны
мігрантаў, што ў пошуках заробку пацягнуцца як у Расію, так і ў сьвет, — вось
што чакае нашу старонку ўсьлед за гэтым.
Выратаваньне наша — толькі ў незалежнасьці.
Незалежнасьць дасьць галоўнае —
самастойнасьць у вырашэньні ўсіх пытаньняў, якія тычацца рэспублікі. І сярод
найважнейшых — аб сацыялына-эканамічным ладзе. Мне асабіста думаецца. што пераход
да клясычных капіталістычных адносін быў бы для нас заўчасным. Беларусь.
сплямленая Чарнобылем, мае патрэбу ў дзяржаўным разьмеркаваньні даброт, у
дзяржаўным клопаце пра нашу няшчасную культуру, нашу няшчасную прыроду.
Незалежнасьць не прынясе нам ні вугалю, ні
рудаў. якіх не маем. Але ж, будучы незалежнымі, мы, хутчэй за ўсё, будзем
купляць іх у той жа Расіі за сельскагаспадарчую прадукцыю, якой у Расіі ніколі
не будзе даволі. Выгада незалежнага існаваньня тая, што Беларусь пазбудзецца
бязьлітаснай канкурэнцыі з боку расійскіх канцэрнаў і манаполій, нашэсьця на
беларускі рынак нізкаякасных, але больш танных, чым беларускія, тавараў.
Дзякуючы таму, што беларускі рынак будзе абаронены ад чужога ціску ўласнай
грашовай сыстэмай, пратэкцыянісцкім заканадаўствам, мытнымі бар’ерамі,
эканоміка будзе працаваць стабільна, задавальняючы попыт насельніцтва. Калі ж
нейкае прадпрыемства і збанкрутуе, то яно пяройдзе ва ўласнасьць ізноў жа
сваіх, а не расійскіх акцыянэрных таварыстваў, што для рэспублікі ў цэлым
стратай не будзе.
У сьвеце шмат краін, якія саступаюць
Беларусі і па тэрыторыі, і па насельніцтве, і па прыродных рэсурсах, але, на
наша дзіва. жывуць не горш, чым Злучаныя Штаты. Возьмем, напрыклад, маленькую
Данію (45 тыс. кв. км. 5 мільёнаў чалавек). На тэрыторыі яе маюцца толькі
невялікія запасы цэмэнтнай сыравіны, каменнай і калійнай солі, бурага вугалю
Але яна, дзякуючы сваёй незалежнасьці і рупнай працы людзей, квітнее (цікавая
дэталь: яйкі ў Даніі лічаць не штукамі, як мы прывыклі, а на вагу, кіляграмамі
і тонамі). Беларусь жа мае такія запасы каменнай і калійнай солі, што можа
заваліць тым і другім усю Эўропу. Есьць рэзэрвовыя запасы нафты, буры вугаль,
процьма торфу Перакананы, што ёсьць і жалезная руда. Яе проста не знайшлі, бо
па-сапраўднаму не шукалі, не маючы ў тым пільнай патрэбы.
Беларусы не бяднейшыя за іншых на разумных
людзей, ёсьць у нас і армія эканамістаў, фінансістаў і г. д. Імі і будзе
распрацавана праграма самастойнага разьвіцьця з улікам спэцыфічных асаблівасьцяў.
Геаграфічнае становішча Беларусі вельмі выгаднае. Беларусь ляжыць паміж Расіяй
і Польшчай, Украінай і Прыбалтыкай. За чужыя грузы, якія будуць перавозіцца
праз нашу тэрыторыю, нам будуць плаціць, як гэта робяць ва ўсім сьвеце.
Безумоўны плюс і наша невялікая, паводле эўрапейскіх мерак, шчыльнасьць
насельніцтва.
Цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі верыць,
або робіць выгляд, што верыць, быццам Масква кампэнсуе хоць частку нашых
чарнобыльскіх стратаў. Але пакуль Беларусь падпарадкоўваецца Маскве, гэтыя
надзеі марныя.
Мабыць, ніводная з савецкіх рэспублік не
мае такіх гарманічных суадносін прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, як
Беларусь. Незалежнай Беларусі прыйдзецца толькі скарэкціраваць гаспадарчыя
сувязі, пераарыентаваць іх галоўным чынам на ўнутрырэспубліканскія, як мага
зьмякчаючы залежнасьць ад замежных пастаўшчыкоў.
Незалежнасьць дазволіць нам нарэшце пазбыцца
жахлівых атамных складаў, разьмешчаных на нашай зямлі, чужога войска, што і ў
мірны час дратуе нашы палеткі манэўрамі, карыстаецца нашым жыльлёвым фондам,
паглынае харчовыя запасы.
І, нарэшце, самае важнае: незалежнасьць
захавае беларусаў як этнас, спыніць размываньне нацыі. Рушыць уперад свабодная
культура, усе мастацтвы, Беларусь перастане губляць таленты і розумы, якія сёньня
для сваіх патрэб высмоктвае Расія.
Няўжо іншыя рэспублікі скарыстаюць шанц
стаць вольнымі, а беларусы пагрэбуюць ім?
Іван Ласкоў,
г. Якуцк.
/Літаратура і
Мастацтва. Мінск. № 6. 8 лютага 1991. С. 12./
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе
Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч,
украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад
галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941
году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая
нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі,
неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі
Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў
1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае
допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў
выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з
залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў
Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з
чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым
загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам
аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977).
З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993
г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай
Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры
загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz