Ларыса Геніюш
Перапіска Ларысы Геніюш з Міколам Прашковічам
Ларыса Геніюш любіла пісаць лісты. Жывучы ў Зэльве з пазнакай у пашпарце “без грамадзянства”, яна ня мела права паехаць да сяброў у Чэхію ці да брата ў Вялікабрытанію. Ёй, засумавалай у лягеры па людзкіх кантактах, заставалася толькі права пісаць – вершы, успаміны, лісты. Эпісталярная спадчына паэткі велізарная: у будучым зборы твораў яна зойме тамоў з пяць, як найменей. У драўляны дамок на вуліцы Савецкай (былой Царкоўнай) у Зэльве цягнуліся невідочныя нітачкі ад беларусаў з усяго сьвету. Духоўнай падтрымкі ад паэткі чакалі суайчыньнікі ў Мэльбурне, Рыме, Лёндане, Нью-Ёрку, Празе, Вільні, Вроцлаве, Львове... Сотні лістоў з розных краінаў і кантынэнтаў сьпяшаліся ў звычайнае заходнебеларускае мястэчка, сотні лістоў з Зэльвы адляталі ў далёкія выраі. Калі ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” у 2000 годзе пабачылі сьвет “Выбраныя творы” Л. Геніюш, дзе былі зьмешчаныя 42 лісты паэткі, чытачы і рэцэнзэнты дружна зьвярнулі ўвагу на геніюшаўскі эпісталяр як на своеасаблівы працяг “Споведзі”. Ад аднаго з выдаўцоў нават паступіла прапанова выдаць лісты Геніюш асобнай кнігай. Праца па яе складаньні пачалася, аднак незабаўнага выніку чакаць не даводзіцца. Лістоў вельмі шмат, выяўленьне іх, а таксама пошук доступу да іх, вымагаюць часу. Асобнае месца ў эпісталярнай спадчыне Л. Геніюш займаюць лісты да Міколы Прашковіча – па ступені адкрытасьці яны ня маюць сабе роўні. Паэтка дзялілася з маладзейшым сябрам усімі сваімі жыцьцёвымі клопатамі і трывогамі. У яго асобе мела яна і дасьведчанага крытыка – Прашковіч працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі, сур’ёзна займаўся старажытным пісьменствам. Пасьля адзінаццаці гадоў працы яго звольнілі, зьвінаваціўшы ў “беларускім нацыяналізме”. Жыцьцё пад наглядам сьпецслужбаў – і гэта яднала іх, шчырых патрыётаў.
Праз два месяцы пасьля трагічнай сьмерці М. Прашковіча (загінуў пры пажары ў роднай вёсцы), у тым жа 1983 годзе адышла ў лепшы сьвет і Л. Геніюш. Прапанаваныя чытачам “Дзеяслова” 13 лістоў паэткі да сябра, якога яна называла “чалавекам вялікай шчырасьці, скромнасьці і эрудыцыі, што дзейна кахаў Бацькаўшчыну і праўду”, друкуюцца з ласкавай згоды сп. Алены Гайко – дырэктаркі гарадзенскага Дому-музею Максіма Багдановіча, дзе яны і зьберагаюцца.
* * *
Зэльва, 31 студзеня 1966 г.
Добры дзень, сябра Мікола!
Ужо з гэтых нэрваў рука мне дрыжыць, калі пішу, ня слухаецца… У суботу ізноў была “атака” на мужа1, сяньня пакуль спакойна. Дарагі дружа, калі папрашу Вас зьвярнуцца да М. Т.2, зьвернецеся. Пакуль пачакайце. Прашу Івана Пятровіча аб адным: каб лячыў і як мага найлепей. Ён стараецца і маўчыць. Устыд турбаваць М. Т. Мой ліст да яго быў крыкам роспачы і мне сорамна, што лішні раз не хапіла сілаў закусіць вусны… Так нельга. Трэба ўсё на сьвеце стрываць, бо боль наш – толькі на пацеху злым людзям. Буду ўсё пісаць Вам, бо сэрца маё ня вытрымае, калі ізноў нешта.
А цяпер давайце пасварымся. За колькасьць цукеркаў, за кошты! Дазваляецца толькі 100 грам! Ці ж можна гэтак? Усе вы на свой лад мяне злуеце…
Была ізноў сястра. Не падабаўся ёй мой муж: “Милая, да ты его брось, ты еще хорошо выглядишь, вот мужика найдешь – сама помолодеешь…”. Безумоўна, з гэтай гутаркі пішу Вам толькі самае прызваітае. Ну і ну, сколькі пражыла, ня чула нічога падобнага! І сьмех, і гора. Хацела, каб я ехала зь ёю ў Якуцію, на Алдан… Хіба там мне ўжо быў бы канец. Юра3 яе бачыў, нішто сабе, высокая, тоўстая, намалёваная. Здаецца-такі сястра, бо ўжо вельмі падобная на дзядзіну. Аб іх многа трэба было б гутарыць. Баюся, што яшчэ вернецца, але можа не, бо са мною здарылася пагана, быццам нехта прытравіў. Усю ноч былі рвоты і болі, і каб не бутэлька кефіру і пачка лекавага вугля, дык было б пагана… Гэта другі раз у жыцьці. Першы раз прытравіў мяне так у сябе за сталом Ермачэнка4. Паласкалі жалудак і ледзьве выратавалі. Ён хацеў, каб я ехала туды, гдзе ён выслаў майго мужа, а я – не! Кажа: напішэце верш для мяне. А я: пашквіль хіба, бо лепшага вы ня варты. І пачалося… Мне тады трэба было паслаць праз яго мужу крыху ежы і лякарстваў і ліста, бо пошта з Прагі туды не хадзіла… І цяпер гэта сталася ноччу, муж быў на дзяжурстве. Сястра спалохалася і ўцякла рана, паехала… Яшчэ чуюся не зусім добра. Ня бачыла Юркі ад таго часу, бо і ён з намі абедаў, але болей нікому нічога ня сталася! Усё гэта дзіўна… Учора прыяжджалі зь сяла каля нас клікаць на вясельле. Не забываюць! Вось калі б хто прыехаў з вас на нядзелю, 6 лютага, паехалі б па фальклёр гродзенскі. А наша мясьціна, тыя вёскі – амаль яшчэ запаведнік! Знайшлі б яшчэ цудоўныя андаракі і многа цікавага! Сама не паеду, баюся, а Івана Пятровіча той нехрыст ня пусьціць. Пытаюся ў маладое, ці будуць добрыя музыкі? Кажа: найлепей грае на вясельлях арганіст са сваёй капэляй, але да “рускіх” ні за што ня езьдзіць, адно да “палякаў”… Ах, каб ты прапаў, з чалавекам такім! І вось з гэтакай чмутою да камунізму… І гэта, бачыце, можна, а быць беларусам – амаль ужо гвалт! Пытаюся: колькі гарэлкі, літраў 10-20? “Што вы, у нас род вялікі, трэба 100 літраў!” Жывуць няблага, апранутыя і абутыя ды, як бачыце, і пагуляць маюць за што. Загневаюцца насьмерць, калі не прыеду, але баюся, лепш – не. Цешыць мяне толькі сардэчнасьць, зь якою зьвяртаюцца, лічаць за родных паводле сваіх меркавань. Цукеркамі ўсіх пачаставала, а рэшту схавала для гасьцей, якіх усё ж вельмі чакаем, хаця няпэўныя, ці прыедуць, трэба Юры выстарацца працу. Кнігі ад Вас атрымалі, пісала аб гэтым нявестачка. Міхаська5 на здымачках – як націначка, худзенькі, як кноцік, каб хоць крышачку яго адкарміць. Я ім напісала, што калі цяжка прыехаць, дык няхай мяркуюць па-свойму, а бацька чакае – не дачакаецца…
У больніцы была праверка і пасьля сабраньне. Быў аблздраў і дама з абкома і др. Бацька выступаў і сказаў: “Жыў я доўга, быў усюды, і ў лягеры, але нават надзірацелі нада мною так ня зьдзекаваліся…” […]
Вы кажаце, сябра Мікола, каб друкавацца, так? А вы падумалі, мой сябра, як пісаць у такіх варунках? Які ўзровень такое працы, непрадуманае, злоснае, інстынктыўнае толькі? Лепш не! Прыйдзе вясна, можа спакойней стане, — тагды. За ўсё, за ўсё Вам дзякую! Найболей за добрае слова! Хочацца ўрэшце напісаць сонечнага, харошага ліста, а я ўсё ныю. Яшчэ напішу. Цешуся, што маеце многа працы, усё напісанае Вамі люба і радасна чытаць! Жадаю посьпеху ў працы, у друкаваньні.
Бывайце здаровыя.
Ваша Л. Г.
Муж кажа: каб быў бліжэй сябра Мікола, то хоць душу зь ім адвёў бы. Вітае Вас.
Камэнтар
1. Маецца на ўвазе ўціск на лекара Янку Геніюша з боку адміністрацыі Зэльвенскай раённай больніцы.
2. Максім Танк.
3. Геніюш Юрка (1935-1985) – сын паэткі, мэдык па адукацыі. Жыў у Беластоку.
4. Ермачэнка Іван (1894-1970) – дзеяч беларускага палітычнага руху і эміграцыі. Быў генэральным консулам БНР на Балканах, намесьнікам міністра замежных справаў БНР. З 1940 г. узначальваў Беларускі камітэт самапомачы ў Празе, з 1941- Беларускую народную самапомач. З 1940 г.жыў на эміграцыі.
5. Унук паэткі, сын Юркі Геніюша.
Прадмова, публікацыя і камэнтары
Міхася Скоблы.
/Дзеяслоў. Менск. № 2. Студзень. 2003. С. 123-124./
*
“Нам ня страшны сыбірскі больш холад,
нам ня страшны маскаль альбо лях,
чужы серп не патрэбны, ні молат
мы разгорнем крывіцкі наш сьцяг!”
56. Міколу Прашковічу
Зэльва, 31 студзеня 1966 г.
/Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі. З эпісталярнай спадчыны (1945-1983). Мінск. 2005. С. 77-78, 409./
МІКОЛА ПРАШКОВІЧ: РАСКРЫЖАВАНЫ ЛЁС
30 гадоў таму ў пажары ў роднай хаце ў вёсцы Гарадзішча Бярэзінскага раёна трагічна загінуў наш зямляк Мікола Іванавіч Прашковіч. Памяці ўраджэнца Бярэзіншчыны, крытыка, літаратуразнаўцы, перакладчыка, кандыдата філялягічных навук будзе прысьвечаны адзін з разьдзелаў будучай экспазыцыі гісторыка-краязнаўчага музэю, Тут будуць прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі, кнігі з аўтографамі знакамітых беларускіх пісьменьнікаў з уласнай калекцыі сям’і Прашковічаў, падораныя родным братам Пятром Іванавічам.
Сярод гісторыкаў беларускай літаратуры М. І. Прашковіч вядомы як аўтар дасьледаваньняў пра Ф. Скарыну, С. Полацкага, адзін з аўтараў калектыўных кніг “450 год беларускага кнігадрукавання”, “Нарыс гісторыі філасофскай i сацыяльнай думкі Беларусі (да 1917 года)”, “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры” i інш. На малой радзіме М. Прашковіча вяскоўцы і цяпер добра памятаюць “вучонага”, што ўвесь час размаўляў па-беларуску, ніколі не шкадаваў малым кніг з уласнай багатай бібліятэкі, увечары садзіўся на лаву перад сваёй хатай і, разгарнуўшы сшытак, чытаў вершы. У роднай вёсцы Гарадзішча жанчыны лагодна і цёпла называлі яго “беларус”.
З фотаздымкаў былых часоў Мікола Іванавіч паўстае наскрозь інтэлігентным, з тонкімі, далікатнымі рысамі твару, светлым позіркам і чулым сэрцам. Ва ўспамінах розных людзей – пісьменьнікаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў – М. Прашковіч узгадваецца як чалавек вялікай шчырасьці, сьціпласьці і эрудыцыі, які любіў Бацькаўшчыну і праўду, сумленны, заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу, не касьмічны, не эўрапейскі, а зямны, сялянскі, даверлівы беларускі максымаліст. На адной з кніг з уласнай бібліятэкі М. Прашковіча – аўтографы клясыкаў Р. Барадуліна, У. Караткевіча з прысьвячэньнем “Геніяльнаму сыну зямлі беларускай”.
Мікола Прашковіч нарадзіўся 4 мая 1932 года ў вёсцы Гарадзішча ў сялянскай сям’і. Бацька Іван Пятровіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, працаваў на лесасплаве. Маці — Матруна Арцёмаўна працавала ў калгасе, выхоўвала дзяцей. У 1939 годзе ён пайшоў у першы кляс Гарадзішчанскай пачатковай школы. Пасьля заканчэньня Перавозкай сямігодкі, затым Сялібзкай сярэдняй школы з 1952 года вучыўся на філялягічным факультэце БДУ. Затым працаваў настаўнікам беларускай i нямецкай моў у адной са школ на Смаргоншчыне, у Сялібзкай сярэдняй школе нашага раёна. Вучыўся ў асьпірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР (1960–1963). З кастрычніка 1963 года быў малодшым навуковым, пазьней – старшым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута.
У застойныя часы разам з некалькімі іншымі навукоўцамі быў звольнены з Інстытута літаратуры па абвінавачваньні ў “беларускім нацыяналізьме”. Яго раскрыжавалі за любоў да Беларусі, за імкненьне праз свае дасьледчыя працы раскрыць суайчыньнікам багацьце і высокі эўрапейскі ўзровень культурна-гістарычнай і пісьмовай спадчыны беларускага народа, узьняць іх нацыянальную самасьвядомасьць і годнасьць, за сяброўскія адносіны з апальнай, некалі рэпрэсіраванай паэткай і патрыёткай Ларысай Геніюш, за падтрымку ўкраінскіх “нацыяналістаў”, не далі магчымасьці займацца пісьменьніцкай і навуковай дзейнасьцю, прыгаварылі да адзіноты і ізаляванасьці, маральна і фізычна спустошылі. Мікола Прашковіч вымушаны быў працаваць грузчыкам у гастраноме, загадчыкам бібліятэкі пры інтэрнаце пладова-агародніннага камбіната Мінска, карэктарам рэдакцыі часопіса “Родная прырода”, карэспандэнтам газэты “Вячэрні Мінск”. Па стане здароўя мужчына пакінуў працу, вярнуўся на малую радзіму, дзе яго напаткала трагічная сьмерць. Увесь час ён вельмі спадзяваўся на перагляд справы, якога пры жыцьці так i не дачакаўся. Пахаваны на могілках у вёсцы Асмолаўка.
Лёс роду Прашковічаў склаўся драматычна: па мужчынскай лініі так і не засталося нашчадкаў, і ўсё ж такі ў нечым зайздросна: у сям’і звычайных вяскоўцаў адразу два кандыдаты навук. Сястра Лідзія Іванаўна Прашковіч таксама абараніла кандыдацкую дысэртацыю, была выкладчыкам у Мазырскім пэдунівэрсытэце.
Зараз цяжка сказаць, ці кіраваўся Мікола Іванавіч якім-небудзь дэвізам па жыцці. Але ягоную дзейнасьць яскрава ахарактарызавалі б вершаваныя радкі “Як жыць, дык жыць для Беларусі, а без яе, дык лепш не жыць…”. Для ўсіх нас, хто і жыве, і працуе на гэтай зямлі, М. І. Прашковіч — яркі прыклад высокага служэньня, шчырай адданасьці радзіме і яе духоўным скарбам.
Алена Ждановіч,
дырэктар рабочай групы па стварэньні гісторыка-краязнаўчага музэю.
5 лістапада 2013.
Ларыса Антонаўна Геніюш, у дзявоцтве Міклашэвіч, - нар. 27 ліпеня /9 жніўня/ 1910 г. у маёнтку Жлобаўцы Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі, у шматдзетнай сям’і заможнага землеўласьніка.
У 1928 г. скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію, дзе пачынае пісаць вершы.
3 лютага 1935 г. пабралася шлюбам са студэнтам-мэдыкам Янкам Геніюшам, які навучаўся ў Карлавым унівэрсытэце ў Чэхаславаччыне і, пасьля нараджэньня сына Юркі, пераехала да яго ў Прагу.
Першыя свае вершы паэтка апублікавала ў 1939 г. у бэрлінскай газэце “Раніца”. У 1941 г. пабачыў сьвет яе першы зборнік паэзіі “Ад родных ніў”.
Калі СССР ў 1939 г. напаў на Польшчу з мэтай “вызваліць Заходнюю Беларусь”, яе бацьку расстралялі, а маці і дзьвюх сясьцёр выслалі ў Казахстан.
У сакавіку 1943 г. Ларыса Геніюш прызначаецца Генэральным сакратаром Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі.
Пасьля таго як РСЧА прагнала Вэрмахт з Чэхаславаччыны 5 сакавіка 1948 г. Савецкія ворганы МДБ арыштоўваюць Геніюшаў. Ларысу прывозяць у Мінск, дзе асабіста яе дапытвае сам міністар дзяржбясьпекі Лаўрэн Цанава, патрабуючы паказаць месца, дзе яна схавала Архіў БНР. 25-гадовы тэрмін паэтка адбывае ў лягерах Комі АССР.
Пасьля вызваленьня з лягераў у 1956 г. прыехала ў мяст. Зэльва Гарадзенскай вобласьці БССР, так і ня прыняўшы СССРаўскага грамадзянства.
7 красавіка 1983 г. памерла так і нерэбілітаванай.
Між іншым, калі меркаваць з яе лістоў, то яна магла пажыць і ў Якутыі.
Літаратура:
* Гарэлік Л. М. Геніюш Ларыса. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 173.
* Махнач Т. М. Геніюш Ларыса. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 174-175.
Мілаша Пыхаўка,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz