Адам Мартынавіч Дзьмітрыеў - нар. у 1902 г.
у в. Ніканавічы Быхаўскага павету Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі.
У
1912 г. Дзьмітрыевы пераехалі на жыхарства ў Сыбір. Пасьля ўсталяваньня
Савецкай улады Адам працаваў у валасным выканкаме. У пачатку 1920-х гадоў скончыў
камвуз, працаваў у вуездным рэўкаме, у губкаме партыі, упаўнаважаным па збору
харчовага падатку.
У
канцы 1922 г. ён чырванафлётца, потым палітработнік на Далёкаўсходнім флёце,
удзельнічаў у дэсанце ў Ахоцкім моры пры ліквідацыі рэшткаў “хэўраў” генэрала
Пепяляева, якія ўцякалі з Якутыі.
Ад
1925 г. Дзьмітрыеў на Балтыйскім флёце: памочнік камісара крэйсэра “Прафінтэрн”,
сакратар партыйнага камітэту брыгады эсьмінцаў ды інструктар палітупраўленьня
марскіх сілаў Балтыйскага мора.
У
1926 г. у часопісе “Красный Флот” было надрукавана ягонае першае апавяданьне
“За хищниками” - пра барацьбу Далёкаўсходняй флятыліі супраць японскіх
інтэрвэнтаў. У пачатку 1930-х гадоў Дзьмітрыеў быў сярод стваральнікаў
літаратурнага аб’яднаньня Чырвонай Арміі і Флёту ЛАЧАФ. Напісаў раман „Адмирал
Макаров“» (кн 1, 1934) аб барацьбе за Савецкую уладу на Далёкім Усходзе.
Памёр Адам Дзьмітрыеў пасьля цяжкай хваробы
15 студзеня 1936 г. у Ялце, дзе і пахаваны.
Творы:
Есть - вести корабль. Роман. Ленинград. 1931. 152 с.
Есть - вести корабль. Роман. 2-е изд. Ленинград
- Москва. 1932. 148 с.
Есть - вести корабль. Роман. 3-е изд. Ленинград.
1934. 177 с.
“Адмирал Макаров”. Роман. Кн. 1. Ленинград.
1934. 303 с.
“Адмирал Макаров” Роман. Кн. 1. Ленинград. 1935. 508 с.
“Адмирал Макаров”. Роман. Кн. 1. 3-е изд. Ленинград.
1935. 244 с.
Есть - вести корабль. Повесть. «Адмирал
Макаров». Роман. Ленинград. 1934. 403 с.
Літаратура:
* Калашников В. А. Дмитриев Адам Мартынович. // Краткая
литературная энциклопедия. Т. 2. Москва. 1964. Стлб. 704.
* Белакузаў В. Адам Дзмітрыеў – пісьменнік з Ніканавіч. //
Маяк Прыдняпроўя. Быхаў. 22 студзеня 1987. С. 3-4.
* Адам Мартынавіч Дзмітрыеў. // Памяць.
Гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна. Мінск. 1990. С. 150.
* Леўчанка
М. Ёсць весці карабель! // Літаратура і
Мастацтва. Мінск. 13 мая 2011. С. 14.
* Спрынчан
А. Дзмітрыеў Адам Мартынавіч. // Сузор’е
беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах.
Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 2014. С. 158-159.
Раманія Марыніст,
Койданава
ДМИТРИЕВ, Адам Мартынович (6. XI. 1902, Могилев. губ. — 15. I.
1936, Ялта) — рус. сов. писатель. Чл. Коммунистич. партии с 1920. Начал
печататься в 1926: рассказы о моряках «За хищниками» (1926), «Крейсер „Ниппо“»
(1929). Роман «Есть — вести корабль» (1931) — о расслоении в среде старых
специалистов флота; роман «„Адмирал Макаров“». (кн 1, 1934) — о борьбе за Сов.
власть на Д. Востоке. Д. был одним
из руководителей ЛОКАФ,
редактором журн. «Залп».
Соч.: Есть — вести корабль. «Адмирал
Макаров». [Вступ. ст. Н. Свирина], Л., 1936.
Лит.:
Эвентов
И., «Проклятый вопрос», «Знамя», 1935, № 3; Большая утрата сов. лит-ры
[Некролог], «Лит. Ленинград», 1936, 20 янв., № 4; Майзель М., Памяти Адама
Дмитриева, «Резец», 1936, № 3.
В. А. Калашников
/Краткая
литературная энциклопедия. Т. 2. Москва. 1964. Стлб. 704./
АДАМ
ДЗМІТРЫЕЎ — ПІСЬМЕННІК З НІКАНАВІЧ
На адрас клуба
чырвоных следапытаў Быхаўскага раённага Дома піянераў “Пошук” прыйшло пісьмо з
Ленінграда. Даслаў яго аматар-краязнаўца Васіль Андрзевіч Белакузаў, які трымае
з клубам цесную сувязь і працуе над зборам матэрыялаў для ствараемага музея
гісторыі народнай асветы і піянерскай арганізацыі раёна. На гэты раз ён даслаў
фотаздымкі і артыкул аб пісьменніку Адаму Мартынавічу Дзмітрыеву, ураджэнцу
вёскі Ніканавічы. Гэты артыкул прапануем увазе нашых чытачоў. Адкрыта яшчэ адна
раней невядомая старонка гісторыі нашага Прыдняпроўскага краю.
*
Яшчэ ў дзяцінстве мне даводзілася чуць, што
адным з буйных палітработнікаў нашай краіны пасля рэвалюцыі быў наш зямляк —
жыхар вёскі Ніканавічы. Пазней, знаходзячыся ў вёсцы ў водпуску, рашыў
даведацца аб дакладнасці гэтых чутак у аднаго са старэйшых жыхароў вёскі Івана
Дзямідавіча Новікава.
Вось што ён расказаў:
— Але, быў. Дзмітрыеў Адам Мартынавіч,
добра памятаю нават яго братоў. Адам — мой аднагодка, нарадзіўся ён у 1902
годзе. Жылі па-суседску, і ўсё наша ранняе дзяцінства з Адамам прайшло разам.
Адначасова пайшлі ў школу. Пасля другога класа, гэта было ў 1912 годзе, Адам з
бацькамі паехаў на жыхарства ў Сібір. Крыху назней стала вядома, што Адам
Мартынавіч жыве ў Ленінградзе, займае вялікую пасаду.
Пасля доўгіх пошукаў мне ўдалося трапіць на
след нашага земляка.
У пачатку 30-х гадоў было створана
літаратурнае аб’яднанне Чырвонай Арміі і Флоту, якое з’явілася застрэльшчыкам
стварэння твораў, прысвечаных абароне нашай краіны. Адным з арганізагараў і
кіраўніком аб’яднання быў наш зямляк — таленавіты ваенны пісьменнік-марыніст
Адам Мартынавіч Дзмітрыеў.
“...Адам Мартынавіч Дзмітрыеў прайшоў параўнаўча
кароткі, але яркі, насычаны падзеямі, барацьбой і працай жыццёвы шлях, — пісаў
аб Дзмітрыеву літаратурны крытык Н. Свірын. — У дзяцінстве нескладаная
адукацыя, атрыманая ў сельскай школе і ўжо ў 12 год — самастойная работа,
спачатку рассыльным і пісарам ў валасным праўленні, затым — рабочым на масларобным
заводзе. Калі ў Сібір прыйшоў Калчак, Дзмітрыеву доўга прыйшлося жыць у лесе,
хавацца ад белых карных атрадаў”.
З устанаўленнем Савецкай улады Дзмітрыеў
працуе ў валасным выканкоме, уступае ў партыю, арганізуе ў сваёй вёсцы ячэйку
спачуваючых РКП(б).
У 1920 годзе павятовы камітэт партыі
пасылае яго ў г. Омск у камвуз, па заканчэнні якога Дзмітрыеў працуе ў газеце,
у павятовым рэўкоме. у губкоме партыі і, нарэшце, упаўнаважаным па збору
харчовага падатку. Гэта была цяжкая, адказная і ганаровая работа. Не раз харчатрад,
узначальваемы Дзмітрыевым, пападаў у крытычнае становішча, не раз яго жыццю пагражала
небяспека з боку азвярэлых кулакоў, нежадаўшых здаваць хлеб галадаючым.
У канцы 1922 года ў жыцці Дзмітрыева
наступае рэзкі пералом. Разам з першым камсамольскім папаўненнем ён ідзе
добраахвотнікам у Далёкаўсходні флот, ходзіць на ваенных караблях ад
Уладзівастока да Чукоцкага паўвострава, выконваючы абавязкі радавога
чырвонафлотца, а затым — палітработніка, удзельнічае ў дэсанце на пабярэжжы
Ахоцкага мора для ліквідацыі рэшткаў банд генерала Пепяляева і г. д.
Гэта было ў цяжкую пару, калі ў
далёкаўсходніх марскіх базах ледзь-ледзь тлела жыццё. Японскія інтэрвенты
пакінулі крававыя сляды. Адам Дзмітрыеў быў у ліку першых будаўнікоў новага
Чырвонага флоту. Актыўны, упарты, таленавіты малады палітработнік, ён унёс у
чырвонафлоцкае асяроддзе шмат новага, перадавога.
У 1925 годзе Дзмітрыева пераводзяць на
Балтыйскі флот, дзе ён працуе да 1930 года памочнікам камісара крэйсера
“Прафінтэрн”, сакратаром партыйнага камітэта брыгады эсмінцаў, нарэшце,
інструктарам палітупраўлення марскіх сіл Балтыйскага мора. Тут, на Балтфлоце
упершыню пачалася літаратурная работа Адама Дзмітрыева. Ён належыў той цудоўнай
чырвонафлоцкай літаратурнай групе, якая выдзеліла са свайго асяроддзя такіх
таленавітых пісьменнікаў, як Усевалад Вішнеўскі, Леанід Собалеў і іншых.
Рабоце па стварэнню абароннай мастацкай
літаратуры Дзмітрыеў аддаваў усю душу, усю сваю бальшавіцкую энергію і
напорыстасць. Тут жа, у радах літаратурнага аб’яднання А. Дзмітрыеў і сам вырас
як таленавіты пісьменнік, які прыйшоў у літаратуру з вялікім жыццёвым вопытам,
са сваім новым. арыгінальным словам.
Біяграфія А Дзмітрыева вызначыла ў значнай
меры і тэматыку яго творчасці. Першае апавяданне А. Дзмітрыева надрукавана было
ў 1926 годзе ў часопісе “Чырвоны Флот”. У гэтым апавяданні (“3а драпежнікамі”)
апісваецца эпізод барацьбы Далёкаўсходняй флатыліі з японцамі, якія незаконна
займаліся лоўляй рыбы ў нашых водах. У тым жа годзе было надрукавана вялікае
апавяданне “Крэйсер Ніппа”. У 1931 годзе выйшла першая яго значная сур’ёзная
кніга-аповесць “Ёсць — весці карабель”. Эпіграфам да яе ён выбраў радкі Маякоўскага:
Не тешься,
Товарищ,
Мирными
днями.
Сдавай
Добродушие
в брак.
Товарищи,
Помните:
Между нами
Орудует
Классовый
враг.
Жыццё, быт і баявая
падрыхтоўка маракоў Балтыйскага флота малюецца ў гэтай кнізе на фоне
інтэрвенцыі, якая рыхтуецца супраць Савецкага Саюза.
У 1934 годзе выйшла другая кніга “Адмірал
Макараў», гэта быў больш сталы твор. Раман “Адмірал Макараў” прысвечаны
грамадзянскай вайне на Далёкім Усходзе. Кніга вызначаецца вострым сюжэтам, у
аснове якога ляжыць эпізод, які сапраўды меў месца ў час грамадзянскай вайны на
Далёкім Усходзе. Кніга сустрэла аднадушную станоўчую ацэнку крытыкі і праклала
сабе дарогу да шырокіх мас чытачоў.
Цяжкая хвароба надоўга прыкавала Дзмітрыева
да ложка. Калі гэта здарылася, Дзмітрыева больш за ўсё трывожыла думка аб тым,
што ён не зможа працаваць у літаратуры, што другая частка “Адмірала Макарава”
не будзе напісана. У пісьмах да сваіх блізкіх сяброў ён пісаў: “Дваццаць пяць
год біцца з жыццём, два дзесяткі год заваёўваць (з вялікім напружаннем сіл)
магчымасць пакінуць пасля сябе след у жывым свеце і раптам зваліцца, абяссілець
і стаць няздольным рабіць справу...” Ён доўга змагаўся з хваробай, праявіўшы
здзіўляючую стойкасць і мужнасць...”.
13 студзеня 1936 года пісьменніка не стала.
“...Адам Дзмітрыеў да апошняга дыхання жыў агульным жыццём партыі, жыццём нашай
Чырвонай Арміі, жыццём савецкай літаратуры — пісала “Літаратурная газета” 20
студзеня 1936 г. — Адам Дзмітрыеў загінуў на пасту. Ён з гонарам пранёс скрозь
сваё жыццё званне камуніста-пісьменніка, чырвонага марака. Мы бяром яго
рукапісы, дзе аслабеўшая рука ў апошні раз напісала апошнюю літару... І гэта
літара, родны Адам, аддадзнена табой нашай краіне, Кастрычніку.
Бывай, верны, добры тааарыш! Пісьменнікі і
абяроннікі схіляюць галовы над целам таварыша. Яшчэ гарачэй. яшчэ мацней будзем
працаваць — вось простыя нашы словы!
Шчарбакоў А., Вішнеўскі У., Ціханаў Н.,
Федзін К., Собалеў Л., Новікаў-Прыбой, Матэ Залка, Святлоў М...»
Леанід Собалеў любоўна-паважліва называў
Адама Дзмітрыева сваім “камісарам”.
“Слово «сябра» — вялікае і значнае слова, —
пісаў у 1936 г. Л Собалеў. — Адам быў для мяне самым блізкім сябрам... Адам
займае ў маім жыці — і ў творчым і ў ясабістым — значнае месца. Ён быў першым
камуністам, з якім я адчуваў сябе, як з саміх сабой...”.
Вось, уласна кяжучы і ўсё, што мне ўдалося
даведацца аб нашым земляку Адаму Мартынавічу Дзмітрыеву.
В. Белакузаў,
гор. Ленінград.
/Маяк Прыдняпроўя.
Быхаў. 22 студзеня 1987. С. 3-4./
АДАМ МАРТЫНАВІЧ ДЗМІТРЫЕЎ
Савецкі пісьменнік, нарадзіўся ў 1902 г. ў в. Ніканавічы Быхаўскага
р-на. Член КПСС з 1920. У 1912 г. сям’я А. М. Дзмітрыева пераехала на жыхарства
ў Сібір. Пасля ўстанаўлення Савецкай улады працаваў у валасным выканкоме. У
пачатку 1920-х гадоў скончыў камвуз, працаваў у павятовым рэўкоме, у губкоме
партыі, упаўнаважаным па збору харчовага падатку. У канцы 1922 г. ён —
чырванафлоцец, потым палітработнік на Далёкаўсходнім флоце, удзельнічаў у
дэсанце ў Ахоцкім моры пры ліквідацыі рэшткаў бандаў генерала Пепяляева. З 1925
г. на Балтыйскім флоце: памочнік камісара крэйсера “Прафінтэрн”, сакратар
партыйнага камітэта брыгады эсмінцаў і інструктар палітупраўлення марскіх сіл
Балтыйскага мора. Тут пачалася літаратурная дзейнасць А. М. Дзмітрыева. У 1926
г. ў часопісе “Красный Флот” было надрукавана першае апавяданне пісьменніка “За
драпежнікамі” (пра барацьбу Далёкаўсходняй флатыліі супраць японскіх
інтэрвентаў). У пачатку 1930-х гадоў было створана літаратурнае аб’яднанне
Чырвонай Арміі і Флоту, і адным з арганізатараў і кіраўнікоў яго стаў ваенны
пісьменнік-марыніст А. М. Дзмітрыеў. У 1931 г. выйшла першая яго кніга-аповесць
“Ёсць — весці карабель”, у 1934 г. — раман “Адмірал Макараў”, прысвечаны
грамадзянскай вайне на Далёкім Усходзе. Цяжкая хвороба надоўга прыкавала
Дзмітрыева да ложка. У студзені 1936 г. пісьменніка не стала. “Литературная
газета» 20. 1. 1936 г. змясціла некралог, падпісаны пісьменнікамі А.
Шчарбаковым, У. Вішнеўскім, К. Федзіным, Л. Собалевым, Новікавым-Прыбоем, Матэ Залкам,
М. Святловым і іншымі, у якім гаварылася: “Адам Дзмітрыеў да апошняга дыхання
жыў агульным жыццём партыі, жыццём нашай Чырвонай Арміі, жыццём савецкай
літаратуры... Адам Дзмітрыеў загінуў на пасту. Ён з гонарам пранёс праз сваё
жыццё званне камуніста-пісьменніка, чырвонага марака. Мы бяром яго рукапісы,
дзе аслабелая рука апошні раз напісала апошнюю літару... I гэта літара, родны
Адам, аддадзена табой нашай краіне, Кастрычніку...
Бывай, верны, добры таварыш!..”
Пісьменнік
Леанід Собалеў любоўна-паважліва называў Адама Дзмітрыева сваім “камісарам”,
“самым блізкім сябрам”, які займаў у яго жыцці — і ў творчым, і ў асабістым —
значнае месца. “Ён быў першым камуністам, з якім я адчуваў сябе, як з самім
сабой...”, —успамінаў Л. Собалеў.
/Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна.
Мінск. 1990. С. 150./
ЁСЦЬ ВЕСЦІ КАРАБЕЛЬ!
Неяк у Каляды наведаў гісторыка-краязнаўчы музей быхаўскай вёскі
Ніканавічы. I ў які раз, знаёмячыся з ягонымі матэрыяламі, адзначыў для сябе іх
разнастайнасць, багацце. Але калі я ўбачыў альбом, прысвечаны гісторыі мясцовай
школы, вырашыў узяцца за пяро, напісаць у “ЛіМ”. Аказваецца, у Ніканавіцкай
школе, заснаванай у 1884 годзе, вучыўся амаль нікому не вядомы рускі
пісьменнік-марыніст Адам Дзмітрыеў. У 1912 годзе ён скончыў два класы гэтай
школы і разам з бацькамі выехаў у Сібір. Праз некалькі год адтуль з’ехалі ў
Ленінград.
Працаваць
пачаў у 12-гадовым узросце. Спачатку так званым рассыльным, потым пісарам,
рабочым на масларобчым заводзе. Прыняў Савецкую ўладу. У 1922 годзе павятовы
камітэт паслаў хлопца вучыцца у Омск, у тамтэйшы камвуз. Пасля яго паспяховага
заканчэння працаваў у газеце, потым у рэўкаме, губкаме партыі, упаўнаважаным па
зборы харчовых падаткаў.
Пасля
Дзмітрыеў добраахвотна пайшоў служыць мараком Далёкаўсходняга флоту. Служыў
добра, бо ў 1925 годзе яго перавялі на Балтыку памочнікам камісара крэйсера
“Профинтерн”. На
Балтфлоце і пачалася літаратурная дзейнасць Адама Марцінавіча. Першае сваё
апавяданне ён надрукаваў у 1926 годзе ў часопісе “Красный Флот”, некалькі
пазней — вялікае апавяданне “Крейсер Ниппа”.
У
1931 годзе асобнаю кнігаю выйшла ягоная аповесць “Ёсць весці карабель!” а ў
1934 годзе — кніга “Адмірал Макараў”. Другую яе частку Адам Дзмітрыеў напісаць
не паспеў, бо цяжка захварэў, а 15 студзеня 1936 года пісьменніка не стала.
Мікола Леўчанка
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. 13 мая 2011. С. 14./
ДЗМІТРІЕЎ АДАМ МАРТЫНАВІЧ
[1902,
в. Ніканавічы Быхаўскага пав., цяпер р-на, Магілёўскай губ., цяпер вобл. - 15. 1.
1936 г. Ялта]
Расійскі
пісьменнік.
У
дзяцінстве А. Дзмітрыеў пераехаў разам з сям’ёй на жыхарства ў Сібір. Пасля
ўстанаўлення Савецкай улады працаваў у валасным выканкаме. Напачатку 1920-х гг.
скончыў камвуз, працаваў у павятовым рэўкаме, губкаме партыі, упаўнаважаным па
зборы харчовага падатку. З канца 1922 г. — чырванафлоцец, потым палітработнік
на Далёкаўсходнім флоце; удзельнічаў у дэсанце ў Ахоцкім моры пры ліквідацыі
рэшткау бандаў генерала Пепяляева. З 1925 г. на Балтыйскім флоце: памочнік камісара
крэйсера “Прафінтэрн”, сакратар партыйнага камітэта брыгады эсмінцаў і
інструктар палітупраўлення марскіх сіл Балтыйскага мора.
У
1926 г. у часопісе “Красный Флот" надрукавана першае апавяданне А.
Дзмітрыева “За драпежнікамі” пра барацьбу Далёкаўсходняй флатыліі супраць
японскіх інтэрвентаў. Напачатку 1930-х гг. стаў адным з арганізатараў і
кіраўнікоў літаратурнага аб’яднання Чырвонай Арміі і Флоту. У 1931 г. выйшла
першая кніга — аповесць “Ёсць — весці карабель” пра жыццё старых спецыялістаў
флоту. Раман “Адмірал Макараў” (1934) — пра грамадзянскую вайну на Далёкім
Усходзе. У апошнія гады жыцця з-за цяжкой хваробы быў прыкаваны да ложка.
Аксана Спрынчан
/Сузор’е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў
Беларусі ў суседніх краінах. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 2014. С. 158-159./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz