środa, 22 października 2014

ЎЎЎ Віцюлія Баюра. Сяргей Лінкевіч ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2014.






    ЛІНКЕВІЧ Сяргей Савіч – нар 11 красавіка 1900 г. у в. Казяны Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, беларус. Начальнік забесьпячэньня Нельканскай базы трэста “Золоторазведка”. Да арышту пражываў у г. Якуцку. Арыштаваны 5 лістапада 1937 г. НКУС ЯАССР па арт. 58-6 КК РСФСР. Пастановай Асобай нарады пры НКУС СССР ад 22 лютага 1938 г. асуджаны да 10 гадоў у ППЛ. Вызначэньнем Пракуратуры ЯАССР ад 21 лютага 1990 г. рэабілітаваны па Указу ПСВ СССР ад 16 студня 1989 г. Справа № 3521 -р.
    /Линкевич Сергей Саввич. // Книга Памяти. Книга – мемориал о реабилитированных жертвах политических репрессий 1920 - 1950-х годов. Том второй. Якутск. 2005. С. 196-197./
                                                                         * * *
                                                          ЗА ПЕРАХОД  МЯЖЫ
    4 лістапада 1937 года начальніку забесьпячэньня трэста “Золатаразьведка” у Нэлькане і ўпаўнаважанаму рыбанарыхтоўчага пункту ў Ахоцку Далёка-Ўсходняга Краю Сяргею Савічу Лінкевічу, як таго патрабаваў закон, у Якуцку ў адпаведных органах быў пастаўлены штамп у пашпарце аб прапісцы. Гэтага моманту, гэта значыць ягонага прыбыцьця ў Якуцк, з нецярплівасьцю чакалі нкусаўцы.
    3 лістапада 1937 г. малодшы лейтэнант дзяржбясьпекі Медлеў “знайшоў: што Лінкевіч у мінулым пражываў у Польшчы, будучы там завэрбаваны, а затым у 1925 годзе перакінуты на тэрыторыю СССР, дзеля вядзеньня шпіёнска-дывэрсійнай працы на карысьць адной з замежных разьведак… У дадзены час Лінкевіч прыбыў з Нэльканскага раёна ДУК, праз Алах-Юньскую капальню… і пражывае ў горадзе Якуцку, Глухі завулак. дом № 4”.. і “пастанавіў: Лінкевічу… прад’явіць абвінавачваньне па арт. 58-6 КК РСФСР. Меру стрыманьня спосабаў ухіленьня ад сьледзтва і суду – абраць утрыманьнем пад ватай пры Якуцкай турме…” Сваё “дабро” адразу ж даў і намесьнік Наркама МУС ЯАССР капітан дзярж. бясьпекі І. А. Дарафееў, які між іншым у 1920 г. ваяваў на Заходнім фронце ў Беларусі камісарам палка ў Тухачэўскага.
    5 лістапада 1937 г. сяржанту дзяржбясьпекі Замліннаму быў выдадзены ордэр № 207 на арышт Лінкевіча. Пры вобыску прысутнічаў як сьведка гаспадар хаты саматужнік-адзіночка Хведар Якаўлевіч Дубовік, ураджэнец в. Пясочная Слуцкага вуезду Менскай губэрні. Дарэчы, Хведар Дубовік быў сам арыштаваны 30 красавіка 1938 г. УДБ НКУС ЯАССР па арт. 58-10 КК РСФСР ды рашэньнем Асобай нарады пры НКУС ЯАССР ад 5 студзеня 1940 г. асуджаны да 3 гадоў ППЛ.
    Пад час ператрусу ў Лінкевіча быў выяўлены толькі партфэль ды палявая сумка з дакумэнтамі, якія датычыліся працы Лінкевіча ў ДУК, пашпарт, выдадзены ў Якуцку 4 траўня 1935 года, 2 акрэдытыва па 2000 р., 13 аблігацыяў па 430 р., ды 2 лісты ад маці, з допісамі бацькі і пляменьнікаў, дасланыя з Лужкоў ды Друі. У лістах былі фотаздымкі ягонай маці і пляменьнікаў, якія “хадзілі ў польскую школу” і крэмзалі дзядзьку па-польску. Маці пісала аб хатніх справах, зьдзіўлялася ягонай зарплаце “800 р.”, паведамляла, што бацька “зрабіўся стары”, што ён працуе ў брата Сьцяпана “пастухом”, атрымлівае “амэрыты цэлых 12 злотых”. Таксама з вясковай непасрэднасьцю пісала: “Сярожа ты мабыць вельмі жартуеш, калі гаворыш што цюленевае сала смачнае, а ў нас кажуць што ім шмаруюць коней у летні час дзеля таго каб не кусалі авадні…” Таксама прасіла даслаць здымак ягонай дзяўчыны. Як бачым аніякага кампрамату ня было.
    Першы допыт правёў 7 лістапада 1937 г., у гадавіну Вялікай Кастрычніцкай Рэвалюцыі, той жа Замлінны. Затрыманы паказаў:
    “Нарадзіўся я ў вёсцы Казяны Віленскай губэрні ў 1900 годзе 11 красавіка. Бацька мой быў псаломшчыкам у гэтай жа вёсцы. У 8 гадоў я пайшоў вучыцца ў царкоўную школу ў вёсцы Казяны. Па заканчэньні царкоўнай школы бацька аддаў мяне вучыцца ў Віленскае духоўнае вучылішча. У сям’і нас было трое дзяцей, брат Васіль з 1901 г. нараджэньня, і сястра Зоя з 1905 г. нар. У 1916 годзе, калі я быў у апошнім клясе духоўнага вучылішча, наша сям’я ўцякла са свайго месца жыхарства з-за ваенных дзеяньняў і перабралася ў Тамбоў, да месца радзімы маёй маці Анастасіі Васільеўны. Я сьпярша паступіў у духоўную сэмінарыю, брат таксама вучыўся ў духоўнай сэмінарыі. Рэвалюцыя 17 года застала мяне ў апошнім клясе духоўнай сэмінарыі. У 17 годзе духоўная сэмінарыя была зьліквідаваная і я перайшоў у школу 2-й ступені, там жа ў Тамбове. Паступіў на 3 курс і з 4 курса ў 18 годзе ўступіў у камсамол. Знаходзячыся ў камсамоле ў тым жа годзе я папрасіў каб мяне камандзіравалі на захад для працы. Блізкасьць грамадзянскай вайны мы не адчувалі ў Тамбове. Я пераехаў у Менск ў 18-м годзе і ўступіў адразу ў партыю РКП(б). Абставінаў уступленьня ў партыю не памятаю. Менскім партыйным камітэтам я быў накіраваны на працу ў Гарадзенскі Губ. Ваен-Рэўкам. Гэта было зімой 18 года. Губ-Рэўкам быў у горадзе Слонім, недалёка ад Баранавічаў і там я працаваў. Непадалёк ад Слоніма знаходзіліся ў гэты час немцы і палякі. Праз некалькі месяцаў у ліпені 19 г. наш Рэўкам быў пераведзены ў мяст. Лунінец. У Лунінцы мы прабылі вельмі мала часу і нас адправілі ў Менск. У Менску мяне цэнтральнае бюро партыі па маёй просьбе накіравала працаваць у Вільню сакратаром пры Рэўкаме Савета Літвы і Беларусі.
    [На допыце 2 сьнежня 1937 г. Лінкевічам было зроблена ўдакладненьне:
    “Пасьля ліквідацыі камэнданцкага ўпраўленьня ў пасадзе Лунінец у сьнежні месяцы 1918 г. я прыбыў у г. Менск і зьявіўся ў ЦК партыі, дзе атрымаў пісьмовае распараджэньне аб адкамандзіроўцы мяне ў распараджэньне Віленскага камітэта партыі, куды я зьявіўся ў сьнежні 1918 года. Ён накіраваў мяне на працу ў Рэўваенсавет Літвы і Беларусі дзе ў сьнежні 1918 г. я атрымаў прызначэньне на пасаду сакратара апэратыўнага аддзела Рэўваенсавета Літвы і Беларусі”.]
    Не памятаю дакладна час, прыкладна вясной 19 года, у Вільню прыйшлі палякі і без аніякага, прычым, супраціву захапілі места. Мы ўцяклі з Вільні і я прыбыў у Менск. Зьявіўся ў Савет Горада і Абароны да старшыні Капсукас-Міцкевіча. Ён распытаўшы мяне аб стане ў Вільні прапанаваў мне працаваць у Савеце Працы і Абароны ў якасьці справавода.
    [На допыце 2 сьнежня 1937 г. Лінкевічу было загадана пералічыць усіх асобаў з якімі ён працаваў у Савеце Працы і Абароны,  што ён і зрабіў:
    “1). Старшыня СПА Капсукас-Міцкевіч, імя і імя па бацьку не памятаю. 2). Кіраўнік справамі СПА Шутко. 3) Сакратар СПА Антанікоўскі – дзе яны знаходзяцца зараз не ведаю, бо я апасьля з імі аніякай сувязі ня меў і больш нікога на працы ў СПА ня ведаю”.]
    Прапрацаваў я ў СПА некалькі месяцаў і атрымаў тэлеграму ад родных пра тое, што маці знаходзіцца пры сьмерці. Я папрасіў водпуск у Тамбоў. Мне яго далі і я ўехаў у Тамбоў. Прыехаўшы ў Тамбоў і правёўшы там водпуск я назад не паехаў а застаўся працаваць там жа ў Тамбове. У гэты ж час я, які не ўстаў на партыйны ўлік, мэханічна выбыў з партыі. У Тамбове я пачаў працаваць у чыгуначным крымінальным вышуку ў якасьці агента. Працуючы агентам я шмат спраў рабіў сам, не даносячы вышэйстаячай інстанцыі, за што ў 20-м ці 21 годзе, дакладна ня памятаю, быў асуджаны Тамбоўскай ЧК на 5 гадоў канцэнтрацыйных лягераў. Быў пасаджаны ў Тамбоўскі Канц. лягер і сядзеў у ім каля году, пасьля чаго быў адпушчаны з канцлягера на ўсе чатыры бакі ў сувязі з голадам… Я, як выйшаў з турмы-канцлягера, вырашыў уцякаць за мяжу. У той час у Тамбове жылі маці і сястра, якія знаходзіліся ў хворым стане, у асаблівасьці маці, якая ад недаяданьня, моцна хварэла. Бацька зьехаў да месца сваёй радзімы на Віленшчыну яшчэ да акупацыі яе белапалякамі. Я, як вызваліўся, то ўзяў сястру і паехаў з ёй у Польшчу да свайго бацькі. Брат сышоў туды яшчэ раней. Сястру я сам пасьпяхова даставіў да бацькі і паехаў праз мяжу, перайшоўшы яе ізноў нелегальна, назад да маці. Забраўшы маці, я паехаў з ёй і там жа пасьпяхова з ёю перабраліся праз мяжу да бацькі. Бацька служыў тады там жа псаломшчыкам, толькі ў іншай царкве, у вёсцы Лужкі. Прабыўшы некалькі дзён дома, я па парадзе бацькі, як былы прадстаўнік Рэўкаму па Вільні, вырашыў зьехаць у Сав. Расею, але пры гэтай 3-й спробе пераходу быў затрыманы белапалякамі. Гэта адбылося, наколькі я памятаю, у верасьні 21 году. Мяне затрымалі і этапам адправілі ў г. Вільню, у турму на Лукішках. Палякі мяне шукалі яшчэ за былую працу ў Рэкаме. Мне прад’явілі абвінавачваньне, што я прыехаў арганізоўваць камуністычныя ячэйкі і што я, які па бацьку зьяўляюся палякам, зьдзейсьніў здраду Айчыне. Мяне судзіў акруговы суд у Вільне і асудзіў на 6 гадоў цяжкага турэмнага зьняволеньня. Да суда я год і 8 месяцаў сядзеў у адзіночцы, а сам суд быў праз 2 гады пасьля майго арышту. Як я ўжо адзначыў я быў асуджаны на 6 гадоў і зьняволеньне пачаў адбываць там жа ў Вільні.
    [На допыце 20 лістапада 1937 г. у 3 гадз. 5 хвіл. Сяргею Лінкевічу былі зададзены дадатковыя пытаньні пра брата і сястру, на што той паказаў:
    “Мой брат сапраўды служыў у Польскім войску ў 1921 г. у якасьці бубнача, а потым абслугоўваў аднаго польскага афіцэра, у падначаленьні якога ён у той час знаходзіўся. У якой часьці і падразьдзяленьні ня ведаю… я знаходзіўся ў Лукішках… У 1924 годзе мая сястра Лінкевіч-Тамаровіч сапраўды апавядала аб тым што яна ў 1924 годзе пад чужым прозьвішчам нелегальна выяжджала з Польшчы ў СССР, у горад Полацк, за золатам, пасьля чаго тут жа неўзабаве, гэтак жа нелегальна, перайшла мяжу з СССР у Польшчу…”]
    Потым мяне перавезьлі ў Беластоцкую крэпасьць. У 1925 годзе я быў абменены, ў ліку іншых 50 чалавек, як паліт. зьняволены. Прыехаўшы ў СССР я ў Менску адразу ж пайшоў у ДПУ і заявіў, як я трапіў у Польшчу.
    [На допыце 20 лістапада 1937 г. у 1 гадз. 15 хвіл. Сяргей Лінкевіч удакладніў:
    “Я пражываў у Менску ў інтэрнаце палітэмігрантаў... Прыблізна на працягу аднаго месяца я ад грамадзкай арганізацыі, у прыватнасьці МАДРа [МОПРа] БССР выкарыстоўваўся на працы ў якасьці дакладчыка, як паліт. абмен., які прыбыў з Польшчы ў СССР. Я выяжджаў і воінскія часьці Беларускай ваеннай акругі, якія разьмяшчаліся на тэрыторыі памежнага раёну БССР, дзе я рабіў даклады, па чыёй просьбе, я ў дадзены час не памятаю. Рабіў даклады аб эканамічным стане працоўнага клясу Польшчы, аб тых зьверствах, якія палякі ўчыняюць над працоўнымі, аб тым як працоўны кляс Польшчы вядзе барацьбу з памешчыкамі і фабрыкантамі ў сваёй краіне і г. д.”]
    Гэта было ў лютым або ў сакавіку 25 г. ДПУ разгледзела маю справу і мяне асудзілі на 3 гады Салаўкоў. У Салаўкаў я прабыў 3 гады і 3 месяцы, пасьля чаго мне далі высылку ў г. Кірэнск Іркуцкай вобласьці. Па адбыцьці ссылкі я выехаў у ліпені 31 года ў Якуцк. У Якуцку я працаваў на розных работах… у туб. бальніцы… і г. д.
    [У газеце “Ленский водник” за 1931 г. пачалі са жніўня месяца зьяўляцца допісы і вершы за подпісам “Грузчик Линкевич”, Можна зрабіць выснову, што яны належаць пяру Сяргея Лінкевіча. Вершы не вызначаліся паэтычнасьцю і былі вытрыманы ў духу часу. Прыкладам:
                                                                    “БУКСИР
                                                                  Буксир –
                                                                  Хорошая вещица
                                                                  И для всех
                                                                  Она годиться
                                                                            Бе-р-е-гись!
                                                                            Бухи. Бамбухи
                                                                            И резолюций писатели
                                                                            - Буксиром навернём!
                                                                  Товарищи!
                                                                  Ведь все мы
                                                                  Сыны Союза СССР
                                                                  Задачи и пути
                                                                  У нас одни…
                                                                            - А где-же вы?
                                                                            Мы, грузчики
                                                                            Вас всех зовём:
                                                                            Подпишитесь на заём!
                                                                                        Линкевич*
    *Стхотворение грузчика т. Линкевича обращено к сотрудникам Як. райуправления, отставшим в подписке на заём». /Ленский водник. Якутск. 7 октября 1931 г./ На жаль у Якуцкай рэспубліканскай бібліятэцы адсутнічае падшыўка газэты за 1932 г. і немагчыма пакуль высьветліць, ці друкаваўся Лінкевіч ў 1932 г.]
    У ліпені 35 г. я выехаў у Алах-Юнь. У Алах-Юньскім капальніцкім упраўленьні і ягонай сыстэме я працую да сёньняшняга часу. Сувязь з роднымі меў пісьмовую да 1935 года, пасьля якога аніякай сувязі ня меў. Брат, сястра і бацькі да апошняга часу жылі ў Польшчы”.
    Вось і ўсё, што сьледчыя, сяржант дзяржбясьпекі Замлінны ды лейтэнант дзяржбясьпекі Дабраклонскі, даведаліся па справе Лінкевіча. Але 2 сьнежня 1937 года яны склалі абвінаваўчае заключэньне, у якім казалася, што “…дапытаны ў якасьці абвінавачваемага Лінкевіч Сяргей Савіч прызнаў сябе вінаватым толькі ў тым, што неаднаразова нелегальна пераходзіў дзяржмяжу з боку СССР у Польшчу і з Польшчы ў СССР… Праведзеным расьсьледаваньнем віна Лінкевіча ў злачынстве прадугледжаным арт. 58-6 КК РСФСР не вызначаная, але прымаючы пад увагу, што Лінкевіч у 1921 годзе неаднаразова і нелегальна вяртаўся з Польшчы ў СССР і назад у Польшчу, дзе таксама неаднаразова быў дапытаны з боку Польскай дэфэнзывы. На пачатку 1925 года, як палітабменны быў накіраваны ў Савецкі Саюз. Будучы ў г. Менску ў 1925 годзе выяжджаў у вайсковыя часткі Беларускай ваеннай акругі, дзе па даручэньні МОПРаўскай арганізацыі БССР рабіў даклады і адначасова з гэтым атрымліваў зьвесткі аб палітыка-маральным стане часьцей БВА, на працягу шэрагу гадоў Лінкевіч меў пісьмовую сувязь са сваімі сваякамі. якія жывуць у Польшчы, што мелі блізкія адносіны да Польскай дэфэнзывы, брат, Лінкевіч Васіль Савіч раней служыў у Польскім войску і быў у блізкіх адносінах з афіцэрамі Польскага войску, усё гэтае зьяўляецца падазроным на шпіянаж і тым самым характарызуе яго як сацыяльна-небясьпечны элемэнт. На выснове вышэйвыкладзенага і кіруючыся апэратыўным загадам НКУС за № 00485 – 1937 года, прапаноўваем накіраваць справу на разгляд Асобай Нарады НКУС СССР”. Таксама было адзначана “што рэчавых доказаў па справе няма”. 4 сьнежня 1937 г. сваю візу на заключэньне наклаў Дарафееў, а 9 сьнежня 1937 г. пракурор ЯАССР Іваноў.
    Мэдычная даведка ад 14 студзеня 1938 г. засьведчыла што ў Лінкевіча “… працаздольнасьць па І групе. Здаровы”, а пратакол Асобай нарады ў Маскве ад 22 лютага 1938 г. запатрабаваў яго “… зьняволіць у папраўпрацлягер тэрмінам на 10 гадоў…” 16 сакавіка 1938 года ў Якуцк прыйшло распараджэньне: “Належыць накіраваць з першым адыходзячым этапам на ст. Яр-Фасфарытная Горкаўскай чыгункі ў распараджэньне аховы НКУС”.
    З лягеру Лінкевіч напісаў два лісты Наркаму МУС СССР, дзе сябе прадстаўляе савецкім разьведчыкам, спадзеючыся на асабістую сустрэчу з наркамам. Гэтыя лісты паказваюць усю безвыходнасьць чалавека, які трапіў у лягер, ягоную прагу да жыцьця і марнасьць надзеяў.
                                                                                                                                         “Сакрэтна.
                                  Народнаму Камісару Унутраных Спраў СССР
                                                                       Лінкевіча Сяргея Савіча
                                 з/к. Вятлагу НКУС на тэрмін 10 гадоў – (Кр)
                                                        Грамадзянін Наркам!
    Я, рашэньнем Асобай Нарады НКУС СССР (1938 г.) зьняволены ў Вятлаг на тэрмін 10 гадоў
    12 ХІІ-38 г. рашэньне Асобай Нарады зацьвердзіў Прэзыдыюм Вярхоўнага Суду СССР.
    Я ажна чацьвёрты раз за адну і тую ж справу пакараны, у той момант калі аніякіх злачынстваў за мною няма і не было, акрамя добрай сумленнай працы.
    Я працую Вашым супрацоўнікам, супрацоўнікам слаўнай Савецкай разьведкі з 1932 года (здаецца) з верасьня пад псэўданімам дадзеным мне Якуцкім НКУС “Мілюкоў”. З тых пор пад кіраўніцтвам НКУС я сумленна, з вялікай ахвотаю і гонарам выконваў і выконваю маю ганаровую працу па сёньняшні дзень. За гэты час з нашым НКУС раскрыў не адну арганізаваную крымінальную справу, а таксама і к-р асоб. Будучы ў Якуцкай турме пад сьледзтвам, і тут, у Вятлагу трымаю сувязь з НКУС і раскрыў ужо не адну асобу, варожую Сав. уладзе.
    Я бясконца атрымліваю тэрміны пакараньня, мяне судзяць, судзяць і судзяць, і судзяць толькі за даўняе мінулае – за пераход мяжы ў 1921 годзе ў Польшчу і назад. За гэты пераход мяжы, у 1925 годзе меў пакараньне тры гады Салаўкоў – па рашэньні калегіі АДПУ Масквы, адбыўшы якія ізноў атрымаў другое пакараньне – ссылку ў Кірэнск на тры гады, пасьля адбыцьця якой атрымаў ізноў тры гады высылкі ў Якуцк і зараз у чацьверты раз, праз 4 гады вольнага грамадзянства, 10 гадоў Вятлягу НКУС.
    Няўжо гэтыя тэрміны будуць бясконцыя?
    Злачынстваў я не рабіў, працуючы сумленна ўвесь час на вачах НКУС і ўсё ж тэрміны і тэрміны.
    Грамадзянін Наркам, прашу пазбавіць мяне ад гэтых 10 гадоў, я празьмерна ўжо быў пакараны за свой пераход мяжы. Ніколькі не крыўдую за тэрмін – Салаўкі атрыманы па заслугах, за нелегальны пераход мяжы.
    Якуцкі НКУС у сваёй пастанове трактуе: “у 1921 годзе ўцёк з СССР у Польшчу, адкуль пад выглядам палітэмігранта засланы для вядзеньня падрыўной, дывэрсійнай працы”, але гэта абсалютна голая гіпотэза.
    Што прымусіла мяне сысьці ў Польшчу, да бацькі?
    Знаходзячыся ў Тамбове, як бежанцы імпэрыялістычнай вайны, у 1921 годзе мы (бежанцы) на выснове дырэктываў Сав. ураду павінны былі выехаць на сваё месца ў Лужкі Віленскай губ., дзе знаходзіўся бацька, але так як 1921 год быў годам голаду ў Тамбоўскім раёне і далей, то нам – сям’е не выпадала чакаць афіцыйныя дакумэнты на выезд, то вырашылі хутчэй выехаць з Тамбову. Я тады быў асуджаны на 5 гадоў Тамбоўскім ЧК за слабую барацьбу са спэкуляцыяй, будучы агентам 1-га разраду тамбоўскага крымінальнага чыгуначнага вышуку, канцэнтрацыйны лягер па прычыне голаду мне даў водпуск у Друю Віленскай губ., з гэтым дакумэнтам я і зьехаў да бацькі ў Віленскую губ., перайшоўшы нелегальна Сав. мяжу з сястрой, а пазьней з маці.
    У Польшчы я не жыў, бацька мяне перасьцярог, што палякі могуць мяне арыштаваць за маю службу ў 1918 годзе ў Вільне супрацоўнікам Рэўваенсавета Літвы і Беларусі. У бацькі, адпачыўшы дзень ці два і нікуды не паказваючыся, я накіраваўся ў СССР і, надышоўшы некалькі мэтраў да самой мяжы, белапалякамі быў затрыманы і этапаваны ў г. Вільню. Віленскі акруговы суд асудзіў мяне да 6 гадоў катаржнай турмы, за тое, што я будучы польскім паддадзеным уступіў у камуністычную партыю і выступаў са зброяй у руках супраць панства польскага. Седзячы ў адзіночцы Лукішскай турмы я ледзь не загінуў ад жахлівых умоваў у ёй. Дзякуй прыезду прадстаўніка Сав. улады і Чырвонага крыжу тав. Сімпалоўскай, якая ў турме “Лукішкі” апытала мяне за што і колькі сяджу і ці жадаю выехаць у СССР, і я ёй адказаў: “Калі буду гэткім шчасьлівым, ахвотна паеду”. Праз некалькі месяцаў я быў Сав. урадам абменены (2 лютага 1925 г.) і ўрачыста сустрэты тысячамі працоўных дэманстрантаў г. Менску. У мне няма слоў удзячнасьці Савецкай Уладзе. Сталінскі Урад, Савецкая Улада выратавала мяне ад сьмерці ў польскіх казематах. Я ўдзячны, мільёны разоў казаў і кажу: пакуль я жывы да апошняй кроплі крыві буду старацца за слаўную Савецкую Уладу, якая выратавала мяне, усяляк буду старацца весьці непрымірымую барацьбу з яе ворагамі ўсіх колераў. Я гэта раблю. Я чуйны і бязьлітасны да найменшага варожага выяўленьня, аб усіх ворагах адразу даводжу да ведама сваю дарагую Савецкую разьведку – НКУС, якое люблю і ахвотна ў ім працую. Мой бацька белапалякамі рэпрэсаваны (не памятаю даты), у яго польскія войскі, калі адступалі ад Чырвонай Арміі адабралі ўсё што было, пакінуўшы толькі тое што было на ім. Да 1932 года бацька быў псаломшчыкам у мястэчку Лужкі Віленскай губ. У тым жа годзе ён кінуў службу і зараз жыве ў вялікай нэндзы. У лістах, якія адабраў Якуцкі НКУС, ён піша “дапамажы калі можаш, засталіся без усялякіх сродкаў да жыцьця”. Бацька паходзіў з сялян мястэчка Друі Віленскай губ. Маці з сялян Тамбоўскай губ., вёска Саланцоўская, да замужжа была ўвесь час у прыслугах. Брат жыве ў мястэчку Лужках Віленскай губ., жанаты, жыве ў цесьця, дзякуючы слюсарнай працы. Сястра замужам, шлюбам не задаволеная, жыве з дзецьмі ў маці – у Друі.
    Грамадзянін Наркам! Я бязконца адданы Савецкай Уладзе чалавек, ніколі не ўцякаў у Польшчу з СССР, з якойсьці кепскаю мэтай Польшчы ў СССР ніхто мяне не засылаў. Я прыбыў з чыстай душой, абменены Савецкай ўладай. У Польшчу трапіў праз сям’ю па прычыне голаду ў акрузе. У Польшчы ніколі не жыў, а сядзеў у казематах турмы г. Вільні і Беластоку. Працую ў Савецкіх органах сумленна і аддана дзе б я ня быў, у тайзе, улусах – сярод нацменаў, усюды казаў за Савецкую Уладу, за Ленінска-Сталінскую справу, заклікаў мацаваць абароназдольнасьць, моц нашай краіны, быць стаханаўцамі на сваіх прадпрыемствах. Гэта ня голыя словы. Дакумэнты, людзі – жывыя сьведкі, бо на Алах-Юне, парту Аян, г. Ахоцку, Якуцку і Вятлягу ёсьць мае вельмі прыкметныя сьляды, сьляды Савецкага разьведчыка. Ніхто ў падрыўной працы нічым ня можа папракнуць мяне, яе ніколі не было і ніколі ня будзе. Я супрацоўнік і асуджаны ў Вятляг выпадкова, трапіў у ссылку падстрыжаны пад адзін грабенчык са злачынцамі з якімі вёў барацьбу як на волі, гэтак і тт, аддаючы іх у рукі НКУС. Мне вельмі балюча і крыўдна сядзець у лягеры пры думцы што я не савецкі чалавек, засланы Польшчай.
    Грамадзянін Наркам! Прашу Вас, праверце мяне на жывой справе, я сапраўдны Савецкі чалавек. Я павінен быць на волі. Я павінен працаваць і сумленна рабіць. Я гэтае заслужыў. Я хачу жыць. Я ўпэўнены, што Вы пакладзёце канец маім пакараньням і вызваліце мяне з Вятлягу. Я маю 39 гадоў, халасты, жадаў ажаніцца і жыць Савецкім, жывым сямейным жыцьцём, але арышт абарваў усё.
    Я рыбапрамысловец, жадаю працаваць у гэтай галіне, замацоўваць і падвышаць свае веды, у лягеры выкарыстоўваюся не па спэцыяльнасьці.
    Прашу мяне вызваліць, я буду працаваць ізноў у галіне рыбнай прамысловасьці, разам з гэтым з дзесяцярной энэргіяй, як Савецкі разьведчык, буду выкарчоўваць усіх трацкісцка-бухарынскіх, усіх варожых Савецкай Уладзе жывёлін, з якімі я непрымірымы, з якімі вёў, вяду і буду весьці барацьбу кіруемы слаўнымі органамі НКУС.
    Чакаю Вашай санкцыі, чакаю працы па спэцыяльнасьці, чакаю новай, яшчэ большай працы Савецкага разьведчыка.
    14 ХІІ 38 г. Вятляг НКУС
    3-і лягпункт. Брыгада цесьляроў 3 62.
    Р. S. Скончыўшы свае дамовы ў залатой прамысловасьці, дзе я прапрацаваў начальнікам забесьпячэньня (Нэлькан ДУК) і ўпаўнаважаным рыбанарыхтовак на Ахоцкім моры (ДУК), па лініі НКУС (меў сувязі з Аянскім НКУС, якому здаў цэлую сэрыю зьвестак), я хацеў і ехаў у Маскву на прадмет атрыманьня парад ды ўказаньняў асабіста ад Наркама Ўнутраных Спраў. Па шляху руху, з Нэлькану ў лісьце разам са зьвесткамі Аянскаму НКУС (начальніку Марозаву) я пісаў: еду ў Маскву да сваіх і нашых г. зн. да НКУС і трэст “Золатаразьведка”, але Якуцкі арышт мяне затрымаў. З турмы Якуцка я на імя Наркама Ўнутраных Спраў СССР Яжова пісаў тэлеграму ў якой прасіў адклікаць мяне з турмы ў Маскву па справах НКУС. Напэўна гэтай тэлеграмы не атрымаў. Праўда з прычыны тэлеграмы я быў выкліканы лейтэнантам Якуцкага НКУС Медлевым, які мне сказаў: “Вы хіба ў яго (Яжова- НКУС) працуеце”. да гэтых пор не магу расшыфраваць я гэтых слоў. Я ўпэўнены, калі б тэлеграма пайшла ў Наркамат, то ў Вятлягу я ня быў бы”.
    Не дачакаўшыся адказу Сяргей Лінкевіч піша другі ліст, дзе працягае назваць сябе разьведчыкам.
                     “Народнаму Камісару
                                                          Унутраных Спраў СССР
                                                                                                    з/н Лінкевіча Сяргея Савіча.
    Глыбока прашу Вас прыняць самыя рашучыя меры да майго вызваленьня з Вятлягу… Будучы праездам у порту Аян, як Сав. разьведчык, я зьявіўся да начальніка НКУС Марозава і здаў патрэбныя для НКУС зьвесткі ды атрымаўшы ад яго шэраг карысных парад і указаньняў па частцы маёй далейшай працы, я выбыў з Аяну да месца службы ў Нэлькан, дзе атрымаў частковы разьлік і выехаў праз Алах-Юнь, Якуцк у Маскву. Пры ад’ездзе з Нэлькану я з адным работнікам Нэльканскага НКУС паслаў зьвесткі і фальшывы ліст у якім указаў: “еду ў Маскву, буду ў сваіх і нашых, дзякуй за газэту – аб распазнаваньні трацкістаў (даклад Сталіна)”. Пад сваімі падразумяваў НУС СССР, нашымі – трэст “Золатаразьведка”.
    Яўка ў Нкус для мяне была і застаецца надзвычай неабходнай па шэрагу важных гаспадарча-дяржаўных патаньняў і мерапрыемстваў.
    Жывучы ў Якуцку і маючы сувязь з НКУС, мяне апошняя ў 1933 годзе дала свой псэўданім “Мілюкоў”, які захаваўся за мной па сёньняшні дзень.
    Я надзвычай абураны тым, што зьяўляючыся сумленным савецкім разьведчыкам і Сав. служачым, стаўся арыштаваным і атрымаў 10 гадоў Вятлягу, як к.-р.
    Ініцыятарам майго арышту быў начальнік 3-га аддзяленьня Якуцкага НКУС Дабраклонскі, які не маючы супраць мяне якіхсьці кампрамэнтуючых доказаў, сфабрыкаваў яўна паклёпніцкую пастанову, інкрымініраваўшы мне падрыўную, дывэрсыённую працу ў СССР дзеля Польшчы…
    Толькі мая сумленная праца ў Савецкай разьведцы і дзярж. установе ёсьць і будзе закладам падзякі Савецкаму Ураду за тое што ён вырваў мяне з белапольскай турмы, выратаваў мяне ад сьмерці ў ёй, аказаў мне вялікі гонар ды давер і я, як сумленны сын Савецкай Радзімы (беларус) ганаруся сваім Сталінскім Урадам, люблю яго і пакуль жывы вёў, вяду і буду весьці барацьбу са усялякімі ворагамі. караючы і выкрываючы іх.
    Грамадзянін Наркам УС СССР, я ўпэўнены Вы спусьціце Вашае распараджэньне аб адкліканьні мяне з Вятлягу з абавязковай, асабіста да Вас яўка надзвычай важная і канфідэнцыяльная.
    28 V 39       Сяргей Лінкевіч”.
    Ліст быў неадкладна перапраўлены ў Наркамат МУС і там зарэгістраваны. Быў зроблены запыт у Якуцк. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ:
    “Я мал сьледчы сьледчай часткі НКУС ЯАССР Шэін разгледзеў скаргу… і праверкай выяўлена што:
    1), Матывы, выкладзеныя ў скарзе асуджанага ў тым, што ён зьяўляецца сакрэтным супрацоўнікам ворганаў НКУС ЯАССР праверкай не пацьверджанае.
    2). Атрымаць дакумэнты аб асуджэньні Лінкевіча за нелегальны пераход мяжы з Польшчы ў СССР не магчыма, таму што апошні быў асуджаны калегіяй АДПУ гор Масквы.
    3). Правесьці праверку шэрагу асобаў, якія ведалі асуджанага па лініі былой працы не магчыма ў сілу іхняй адсутнасьці ў межах Якуцкай АССР і таму асноўваючыся вышэй выкладзеным меркаваў бы… у хадайніцтве аб вызваленьні і спыненьні справы… адмовіць… Шэін”.
    Гэтую дакладную 28 сакавіка 1940 г. зацьвердзіў нач. сьледчай часткі НКУС ЯАССР л-т дзяржбясьпекі Вішнякоў. Згодна гэтага адказу з Якуцка адрэагавала і Масква. “ Я нам. опэр. упаўнаважанага 3 адзьдз. сакратарыяту Асобай Нарады НКУС СССР сяржант дзярж. бясьпекі Гразноў разгледзеўшы архіўна-сьледчую справу № 659/675830 па абвінавачваньню Лінкевіч С. С. у сувязі са скарай, якая паступіла ад асуджанага… даводжу што… праведзенай на выснове праверкі ягоных довадаў у частцы таго што ён супрацоўнічаў з органамі НКУС не пацьвярджаюцца, разам з тым ніякіх дадзеных для перагляду справы дадатковаю праверкаю не здабыты… Таму ўлічваючы пажаданьне Якуцкага НКУС… скаргі Лінкевіча пакінуць без задавальненьня, аб чым праз 1 спэцаддзел НКУС паведаміць скардніку.
    След. Гразноў.
    Л-т Пінюгін
    Капітан Іваноў
                                Гор. Масква 8 V 1940 г.”.
    Дакумэнт зацьвердзіў нам Наркама камісар 3 рангу дзяржбясьпекі Меркулаў.
    Прасіла аб памілаваньні свайго сына і маці з “Друі Віленскай вобл. Мёрскага павету, вул. Валадарскага № 18”, якая зьвярнулася да М. І. Калініна.
    “Скарга Старшыні Вярхоўнага Савета СССР.
    Дарагі Міхаіл Іванавіч.
    ….Слаўная Чырвоная армія вызваліла нашу Зах. Беларусь ад польскіх паноў. Мы атрымалі поўную магчымасьць жыць шчасьлівым жыцьцём Савецкіх грамадзянаў… Я састарэла, жыву ў вялікай нэндзы. Са мною на ўтрыманьні двое дзяцей школьнікаў маёй дачкі-ўдавы, якая настаўнічае ў школе Малыя Сьцепанішкі Гарадзенскага павету, сын Васіль настаўнічае ў Лужках Віленскай вобл., ягоная маёмасьць згарэла і дапамогі мне няма ні ад каго… муж Сава памёр ад голаду…”.
    Неўзабаве ёй даслалі паперу, у якой казалася што “у пераглядзе справы сына… адмоўлена”, а копію даслалі нач. упр. Вятлягу НКУС у п. Руднічны Кіраўскай вобл.
    Больш ніякіх скаргаў ад Лінкевіча ў ягонай асабістай справе не знаходзіцца, але адзначана, што ў лягерны лязарэт № 1 “22 красавіка 44 г. прыбыў з калёны № 41… з крупозным запаленьнем лёгкіх” зьняволены Сяргей Лінкевіч. А неўзабаве. 24 красавіка 1944 г. зьявіўся “Акт аб пахаваньні” з/н асабістай справы № 667886, які памёр 23 красавіка 1944 г., якога “ пахавалі на могілках лязарэта № 1 у 25 км. да Паўднёвага Захаду з біркаю і подпісам са ўсімі ўстановачнымі дадзенымі” з парадкавым нумарам К-38.
    Гэтак скончылася пакутлівае жыцьцё чалавека, які пасьля 1917 года займаўся толькі тым, што ўвесь час сядзеў.
    І толькі 21 лютага 1990 г. “за адсутнасьцю складу злачынства” Сяргей Савіч Лінкевіч быў рэабілітаваны пасьмяротна.
    Літаратура:
*    Баркоўскі А.  За пераход мяжы. // Наша ніва. Менск. № 24. 28 сьнежня 1998. С. 1, 6.
*    Барковский А.  Переход границы. Беспроигрышное дело. // Якутск вечерний. Якутск. № 3. 25 января 2002. С. 29.
    Віцюлія Баюра,
     Койданава

 


 



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz