wtorek, 28 października 2014

ЎЎЎ Салямонія Ліска. Ігнась Зайчэня ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Ігнат Мікалаевіч Зайчэня – нар. у 1888 г. у в. Семярэнкі Гудзевіцкай воласьці Гарадзенскага вуезда Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі.
                                                                 Аўтабіяграфія
    Зайчэня Ігнат Мікалаевіч, парт. стаж з 1918 году, № п/б 2506567, 1888 гада нараджэньня, беларус, ведаю ўкраінскую мову.
    Нарадзіўся ў Беларусі, у той частцы, якая адышла да Польшчы пасьля імпэрыялістычнай вайны, у Гарадзенскай губэрні, таго ж павета, Гудзеўскай воласьці, вёска Семярэнка. Бацька і маці парабкі. Бацька памёр калі мне было 3 месяцы ад роду. Пасьля сьмерці бацькі маці зрабілася самастойнай парабчанкай. Я пры маці жыў да сямігадовага ўзросту, а з сямі гадоў быў аддадзены ў парабкі да вясковага кулака, дзе праслужыў сем гадоў.
    У 1902 годзе я зьехаў у места Беласток і паступіў працаваць пуцерам, дзе і працаваў да 1909 году.
    У 1909 годзе я зьехаў у Данбас і паступіў працаваць у шахту станочнікам, але неўзабаве пачаў працаваць забойшчыкам на шахце “Прэзыдэнт” № 10 Макееўскага р-на, станцыя Хінзенкава, дзе і працаваў да 1918 году.
    У 1918 годзе зьехаў у Харкаў і паступіў працаваць грузчыкам на Паўднёвай чыгунцы. У 1918 годзе ў кастрычніку месяцы ўступіў у партыю. Напачатку 1919 году я быў камандзіраваны партарганізацыяй на васьмімесячныя артылерыйскія курсы ў Харкаве, але пасьля дзесяцідзённай вучобы не курсах захварэў тыфам і прахварэў два месяцы. Пасьля хваробы з курсамі зьвязацца не змог, з прычыны таго, што адбыліся ўскладненьні на Юдзенічскім фронце і яны былі расфарміраваныя па розных частках. У чэрвені 1919 гады перад эвакуацыяй Харкава я быў уключаны ў Другі Харкаўскі Камуністычны чыгуначны батальён.
    На фронце мы былі нядоўга. Па пастанове Дарпалітуправленьня са згоды Рэўваенсавета, абодва нашых батальёны ў жніўні 1919 году былі накіраваны ў Маскву.
    У Маскве частку людзей разьмеркавалі ў розные вайсковыя часткі, а другіх на заводы, якія працавалі на абарону. Я ў ліку іншых патрапіў у атрад, які быў накіраваны на чыг. станцыю Савелава па ахове і парадкаваньню чыгуначных грузаў, эвакуяваных з Украіны, бо там была галоўная база.
    У студзені 1920 году мы ўсе былі накіраваны ў Харкаў. Па прыбыцьці ў Харкаў я быў прызначаны раённым камісарам па нарыхтоўцы лесаматэрыялаў і паліва для чыгунак; раён ад Харкава да станцыі Ямна Данецкай чыг. На гэтай працы я прапрацаваў да траўня 1921 году, калі Жалезкам быў скасаваны, а ягоныя функцыі былі перададзены Гублескаму. Мяне накіравалі ў сыстэму Наркамхарчу і я атрымаў прызначэньне, у Новую Вадалагу ў якасьці валаснога падатковага інспэктара. Тут я прапрацаваў да красавіка 1922 году.
    У красавіку 1922 году я па ўласным жаданьні паехаў у Данбас і паступіў працаваць забойшчыкам на шахту імя Ільліча ў Макееўскім раёне. Тут я працаваў да жніўня 1925 году.
    У 1925 годзе я быў камандзіраваны ў двугадовую Саўпартшколу. У 1927 годзе скончыў школу і ў ліпені быў пасланы сакратаром партячэйкі з 80 чалавек Гарканалізаціі места Харкава. Мне было дадзена заданьне вылечыць партарганізацыю ад шляпнікаўска-трацкісцкай заразы, а гэту заразу ячэйцы прышчапіў, прымацаваны шляпнікавец-трацкіст Лабаноў. Я гэта заданьне выканаў, што дало магчымасьць выканаць дырэктыву ЦК пра здыманьне платных сакратароў з бюджэту Гаспворганаў. У траўні 1928 году ячэйка была рэарганізаваная ў тры самастойныя яцэйкі, і я застаўся ў гэтай жа арганізацыі на гаспадарчай працы, у якасьці памагатага загадчыка Біялагічнай станцыі. Памагатым загадчыка я працаваў з траўня 1928 году па красавік 1930 году. З гэтай працы кожны год я быў камандзіраваны на сяло па правядзеньні гаспадарча-палітычных кампаній. У красавіку 1930 году я быў прызначаны дырэктарам саўгаса “Чырвоны кастрычнік” у Мерэфанскім раёне, дзе і працаваў да жніўня 1933 году, калі быў камандзіраваны на вучобу ў Харкаўскі сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт. Тэрмін навучаньня доўжыўся тры гады.
    У 1936 годзе я скончыў унівэрсытэт і, пры разьмеркаваньні выпускнікоў, быў накіраваны ў распараджэньне ЦК УКП(б). У ЦК атрымаў накірунак у сыстэму Наркамсаўгасаў, у Наркамаце атрымаў прызначэньне дырэктарам Амгінскага зернесаўгаса ў Якутыі. У 1936 годзе 19 ліпеня я прыняў саўгас, дзе і працаваў да 4 сьнежня 1937 году.
    Стаўшы ахвярай варожай правакацыі, я 4 сьнежня 1937 году быў арыштаваны і праседзеў пад вартавых да 4 траўня 1939 гаду.
    [Арыштаваны 4 сьнежня 1937 г. і зьняволены ў Якуцкую турму. 30 студзеня 1938 г. ВС ЯАССР асуджаны па арт. 58-7 да 20 г. п/в. 23 лістапада 1938 г. ВС РСФСР быў амніставаны. 29 жніўня 1938 г. вызвалены з Паўнчыгундарлягу НКУС СССР.]
    23 лістапада 1938 году Вярхоўным судом РСФСР я быў амніставаны, а 27 ліпеня 1939 году я быў рэабілітаваны па партыйнай лініі. Але з-за тога, што пры аднаўленьні мяне ў партыі, бралі ўдзел і тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў рабленьні з мяне ворага народа, то прагаласавалі за выключэньне з партыі. Гэта другі сакратар Райпарткаму Федзькумаў, які дамогся таго, што б мне далі вымову за тое што ў працы нібыта была халатнасьць.
    Вымова, лічу не правільнай і апэлюю перад Абкамам.
    8 жніўня 1939 году   /подпіс/.
    На паседжаньні Бюро Якуцкага Гаркама УКП(б) [Пратакол № 23, г. Якуцк ад 21 жніўня 1939 года], па прапанове “т. Сяргеева” Ігнат Мікалаевіч Зайчэня быў зацьверджаны Загадчыкам Якуцкай гарадзкой камунальнай гаспадаркай.
    На паседжаньні Бюро Якуцкага Камітэта УКП(б) ад 7 красавіка 1940 году Ігнат Мікалаевіч Зайчэня быў зацьверджаны дырэктарам Якуцкага мукамольнага заводу.
    Літаратура:
    Партийный архив Якутского ОК КПСС. Ф 4. Оп. 39. Д. 479.
    Картатэка архіву УФСБ па РС (Я).
    Саламонія Ліска,
    Койданава



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz