niedziela, 27 kwietnia 2014

ЎЎЎ 2-1. Нэрчана Індзігірская. Цярністы шлях Сяргея Новіка ды Якутыя. Ч. 2. Сш. 1. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 
    Адбываць сваё выгнанне патрапіў Сяргей Новік ў Паморскае ваяводства ў маляўнічы павятовы горад Сьвеце над Віслай /Świecie nad Wisłą/, які цяпер знаходзіцца ў складзе Куяўска-Паморскага ваяводзтва на Тухальскай раўніне побач з Тухальскімі барамі Рэспублікі Польшча.
    “Першы мой сябра быў яшчэ ў польскай ссылцы - прафесар Будых. Ён навучыў мяне, як весці сябе на допытах”. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./
    Далёка ад роднай зямлі, матчынай хаты, свайго народа нялёгка пачувалася маладому выгнанніку. Дапамогі аніякай ніадкуль. Заробкі выпадковыя. Выручалі карціны, якія пісаў на продаж тамтэйшаму не вельмі патрабавальнаму абывацелю. Адным словам, жыў як жылося”. /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 449./
    У тым жа часе ён інтэнсіўна вывучае міжнародную мову эсперанта, каб у пазнейшыя гады стаць яе прапагандыстам і нават аўтарам агульнапрызнанага на свеце гімна эсперантыстаў”. /Гайдук М.  Гады і творы. // Ніва. Беласток. 29 ліпеня 1984. С. 4./Ён шукаў на далёкай Пазнаньшчыне сябе, ён не хацеў заставацца адзінокім. Ён шукаў шырокага, вялікага свету і захапіўся эсперанта, захапіўся ім не толькі як модай міжваенных дзесяцігоддзяў, але як міжнароднай мовай, якую вывучалі вязні Лукішак, на якой перастукваліся ахвяры фашысцкіх засценкаў не толькі ў Польшчы. Ён аднак вывучаў яе застаючыся песенным лявонцам, бо вывучаў дзеля таго, каб зноў жа скласці і словы і напісаць музыку песні, што стала прызнаным гімнам эсперантыстаў. Гэта быў яшчэ адзін узлёт юнака з Лявонавіч”. /Лойка А.  Душа рвалася да песень. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 9 кастрычніка 1981. С. 12./
 

 
    “А 18 сакавіка 1927 года ў Вільні Людвіка Войцікава (Зоська Верас) пачала выдаваць часопіс для беларускіх дзяцей пад назвай “Заранка”. У гэтым часопісе я супрацоўнічаў з 1927 па 1931 гады, дасылаючы з высылкі лісты да чытачоў, вершы, апавяданні, п’ескі, малюнкі, падпісваючы свае творы псеўданімам “Малады дзядок”. У “Заранцы” з’яўляліся вершы і Гальяша Леўчыка, з якім я раней не сустракаўся. (Яго сапраўднае імя - Ілья Міхайлач Ляўковіч)”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Беларускі паэт-лірык. нашанівец Дзядзька Гальяш (Да 100-годдзя з дня нараджэння Гальяша Леўчыка). // Голас Радзімы. Мінск. 24 ліпеня 1980. С. 7./
 

 
    “Я вельмі люблю дзяцей, і, калі ў Вільні ў 1927 годзе пачаў выходзіць дзіцячы часопіс “Заранка”, супрацоўнічаў у ім ад першых нумароў да закрыцця часопіса ў 1931 годзе. У “Заранцы” я змяшчаў свае вершы, апавяданні, казкі, жарты. п’есы, малюнкі, песні - да якіх сам ствараю музыку, - вёў перапіску з юнымі чытачамі”. /Паэт-песеннік. // Голас Радзімы. Мінск. Верасень. № 35. 1966. С. 6./
    “Сакавік 1927 год. Я атрымаў з Вільні бандэроль, у якой быў пробны першы нумар часопіса для беларускіх дзяцей “Заранка”. Яго рэдагавала і выдавала беларуская пісьменніца Людвіка Войцікава (Зоська Верас). Гэта яна прыслала мне “Заранку”.
    З трэцяга нумару я пачаў супрацоўнічаць у “Заранцы”: пасылаў ў рэакцыю свае вершы, апавяданні, п’ескі, жарты, малюнкі, лісты да чытачоў. Падпісваў свае творы псеўданімам “Малады Дзядок”.
    З рэдактарам “Заранкі” наладзілася сталая перапіска, хоць асабіста з ёю я не быў знаёмы.
    24–га ліпеня 1927 года я нелегальна прыехаў у Вільню. Быў сонечны ліпеньскі дзень. Свае крокі я накіраваў на вуліцу Віленскую, 12, кв. 6, дзе месцілася рэдакцыя “Заранкі”.
    Я пастукаў у дзверы. Жаночы
галас адказаў: “Калі ласка!” Я ўвайшоў у маленькі пакойчык. За сталом сядзела жанчына, а насупраць - мужчына, які складаў газеты. Я здагадаўся, што жанчына гэта і есць рэдактар-выдавец “Заранкі” – Людвіка Антонаўна Войцік (Зоська Верас).
    - Добры дзень! – прывітаўся я.
    - Добры дзень! – адказалі жанчына і прыўзнялася з крэсла.
    - Я - Новік! - назваўся я.
    Жанчына маўчала.
    Тады я дадаў:
    - Я - Малады Дзядок!
    - А я думала - зноў шпік! Бо толькі што арыштавалі майго мужа і забралі разам са сканфіскаванай газетай.
    Мы прывіталіся.
    Людвіка Антонаўна сказала:
    - Я вас замкну, а сама панясу мужу ў астрог на Лукішкі падушку і паесці. А вы пакуль што пачытайце лісты ад дзяцей.
    І жартам дадала:
    - Мне нават крыўдна, што чытачы ўжо пішуць лісты не да мяне, а да “Маладога Дзядка”.
    Людвіка Антонаўна завяла мяне ў суседні, яшчэ меншы, пакойчык і паклала на стол цэлы стус лістоў і малюнкаў. а сама разам з мужчынам выйшла і замкнула на ключ уваходныя дзверы.
    Я стаў чытаць лісты да мяне ад Сярожы Пастушка (Сяргея Крыўца) і ягоныя вершы, ад Марусі з Антакаля, Аксаны, Янкі Патаповіча, Мікалая Дылька, Марыі Ласько, Еўстафа Ваховіча і іншых.
    Праз нейкі час вярнулася Людвіка Антонаўна і запрапанавала мне пайсці ў друкарню Я. Левіна на вуліцу Нямецкую 22, дзе друкавалася “Заранка”.
    - Выходзіць 6 - 7-я кніжка, амаль уся ваша, дык вы самі зрабіце карэктуру, - сказала рэдактар.
    Мы прыйшлі ў друкарню, там нас сустрэў гаспадар друкарні Я. Левін.
    - Людвіка Антонаўна прадставіла мяне:
    - Гэта наш супрацоўнік – “Малады Дзядок”
    - Вельмі прыемна! – сказаў Я. Левін. - Вось 6 - 7-я кніжка, амаль уся ваша: малюнак вокладкі, ліст да дзяцей, вершы, апавяданні, малюнкі, жарты. І падаў мне гранкі “Заранкі”.
    Я з прыемнасцю ўзяў часопіс у ружовай вокладцы, прагледзеў, вярнуў гаспадару друкарні, развітаўся з ім і з рэдактарам “Заранкі”.
    Мне трэба было вяртацца на Памор’е, месца маёй ссылкі. Увечары таго ж 24-га ліпеня 1927 года я пакінуў Вільню.
    Супрацоўнічаў я з “Заранкай” увесь час, калі яна выходзіла, ад 3-е да апошняе кніжкі, г. зн. з 1927 па 1931 год. І ўвесь час працягвалася мая перапіска з Людвікай Антонаўнай”. /Сяргей Новік-Пяюн (Малады Дзядок).  Мае сустрэчы з рэдактарам “Заранкі”. // Ніва. Беласток. 8 красавіка 1984. С. 8; Сяргей Новік-Пяюн.  Зоська Верас. // Першацвет. № 12. Мінск. 1993. С. 86./
    Як успамінае рэдактар “Заранкі” Зоська Верас /Людвіка Антонаўна Войцікава/Праз усе гады рэдагавання “Заранкі” ... вялікую падмогу аказваў Сяргей Міхайлавіч Новік –Пяюн. Пісаў ён тады пад псеўданімам “Малады Дзядок”. Увесь час. пачынаючы ад трэцяга нумара, працаваў шчыра і аддана, дасылаючы вершы, апавяданні, вершаваныя казкі, сцэнічныя творы, жарты ды лісты для дзяцей, а таксама малюнкі. Малыя чытачы “Заранкі” вельмі любілі творы “Маладога дзядка. Трэба адзначыць. што Новік-Пяюн, як і ўсе супрацоўнікі “Заранкі”, працаваў на грамадскіх пачатках...”. /Карлюкевіч А.  Вязень гісторыі. // Зрок. № 9-10. Мінск. 1991. С. 37./
    Сустракаўся на выгнаньні Сяргей Новік і з паэткай Натальляй Арсеньневай. “Лёс падарыў Вам гэтае сяброўства, заслаўшы яе мужа-вайскоўца ў тыя ж мясціны, куды і вас, далёка ад любага роднага краю”. /Аксак В.  Песні з-за траістых кратаў, альбо Дзе жыла Муза Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 30 жніўня 1991. С. 7./ / “Яна падаравала яму сваю кнігу “Пад сінім небам” (Вільня, 1927) з надпісам – “На шчырую памятку пану Новіку ад аўтара Натальлі Арсеньевай. Хэлмна 15-га лютага 1928 г.”. [Барыс С.  Малады дзядок. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 7-8. Мінск. 1991. С. 154.]Трапіў у Свеце на Віслай. На левым баку жыў я, а на правым – Наталля Арсеньева”. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./
    Нагадаем, што Натальля Арсеньнева нарадзілася 20 верасьня 1903 года ў губэрнскім месьце Баку Расійскай імпэрыі. Яе бацька паходзіў з роду Арсеньневых, які па жаночай лініі даў сьвету паэта Міхаіла Лермантава. Неўзабаве пасьля нараджэньня Натальля разам з бацькамі пераехалі ў Вільню, якая была запісаная месцам яе нараджэння. У 1921 г. яна скончыла Віленскія беларускую гімназію і курсы настаўнікаў беларускай народнай школы. Настаўнічала ў Вільні, паступіла ў Віленскі ўнівэрсытэт. У 1924 годзе выйшла замуж за Францішка Кушаля, які нарадзіўся 16 лютага 1895 г. у в. Першаі Менскага павету Менскай губэрні. У 1916 г. Ф. Кушаль скочыў Віленскае пяхотнае вучылішча, ваяваў на Заходнім фронце камандзірам узвода, роты, штабс-капітан. За распаўсюджваньне беларукіх улётак у 1919 г. арыштоўваўся польскімі уладам. У 1919-1921 гг. уваходзіў у Беларускую вайсковую камісію, кіраўніком якой быў Алесь Прушынскі (Алесь Гарун).З 1914 года Алесь Гарун быў на Лене вадалівам, даплываў ажна да Якуцка. На баржы № 18 подготавливал ён да друку свой зборнік “Матчын дар”, посланный восенню 1914 г. у Вільню”. /Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Вільня. 1920. С. 188./ Дарэчы, ужо у ЗША ім быў адшуканы сувыгнаннік Алеся Прушынскага і ад яго былі запісаныя ўспаміны: /Эссон А.  Мае ўспаміны аб Алесю Прушынскім. // Конадні. № 7. New York-München. 1963./ З 1922 г. Францішак Кушаль на службе ў Войску польскім і таму быў накіраваны на Польскае памор’е. Наталля Арсеньнева (Кушаль) і там не парывала сувязі з Вільняй.
                                                 3АРАНКА
                                          Яшчэ сьпіць уся Краіна
                                          І туманаў палатніна
                                          Над нізінамі вісіць, -
                                              А высока, над зямлёю,
                                              Кветкай яснай, агнявою,
                                              Ужо Заранка зіхаціць.
                                          Як лясных птушачак песьні
                                          Спатыкаюць на прадвесьні
                                          Маладзенькую вясну, -
                                              Так Заранка ўсцяж, нязменна
                                              Спатыкае дзень праменны,
                                              Ледзьве збуджаны са сну.
                                          І так сьветла, так вясёла
                                          Разглядаецца наўкола
                                          Праз хмурынак палатно.
                                              Яна шлях гатуе сонку
                                              І заспаную старонку
                                              Будзіць, будзіць, як яно!
                             [Натальля Арсеньева Хэлмна 7-га Марца 1927 г.]
                                       /Заранка. Вільня. Кніжка 1. 1927. С. 2./
    Як лічаць дасьледчыкі, Сяргей Новік надрукаваў у: “1927. Табе, табе, Айчына-Маці: [Верш] // Заранка. № 4. / Пад псеўд. Малады Дзядок; Ніва: [Верш]; Байка // Там жа. № 5-6 / Пад псеўд. Малады Дзядок; На начлезе; Юрачка: [Апавяданні]; Пастушка: [Верш] // Там жа. № 7 / Пад псеўд. Малады Дзядок; Ёлка Дзеда Мароза: (Калядны абразок у 1-ой дзеі для дзіцячага тэатру); “Хацеў ажаніцца бурак з пятрушкай...”: [Верш] // Там жа. № 8-9 / Пад псеўд. Малады Дзядок; Хрыстус і дзеці: (па Канапніцкай): [Верш] // Бел. крыніца. 25 жн. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; Лістапад: [Верш] // Там жа. 25 ліст. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; Думкі ў чужыне: [Верш] // Там жа. 25 снеж. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; Зіма: [Верш] / Сялян. ніва. 5 лют. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; Пад бел-чырвона-белы сцяг!: [Верш] // Там жа. 16 сак. / Пад крыпт. С. П.; Для каго?: [Верш] // Там жа. 5 ліп. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; ... Салаўёва П. (Алегра). Цудоўная ноч: Сцэнічны твор для дзіцячага тэатра ў 1-ой дзеі / З рус. Вільня, 1927 / Пер. пад псеўд. С. Пяюн; ... Галянскі А., Паплаўскі А.  Пакой у наймы: Жарт у 1 акце / 3 пол. // Сцэнічныя творы. Вільня. / Пер. пад псеўд. С. Пяюн; Дзеці ў гаі: [Апавяданне] / З рус. // Заранка. № 4 / Пер. пад псеўд. Малады Дзядок; Салаўёва П. (Алегра) Цудоўная ноч: П’еса вершам / З рус. // Бел. крыніца. 28 студз., 4, 14, 18, 25 лют., 4. 11 сак.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398-199./ “С. Н. = Новік Сяргей М. “Заранка”, 1927, кн. 4-7: подпісы пад малюнкам вокладак. Кр.: інф. аўтара”. /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 108./
                                                        НАША ПОШТА
    Гр. Сярг. Новіку: Газэту пасылаем Вам акуратна, нумары, якія не атрымалі, пасылаем ізноў.
    Дасталі:
    ... Новіка Сяргея – 2 зл. і 2 зл. 50 гр.
    /Сялянская ніва. Вільня. 1 студзеня 1927. С. 6./
                                                            ДЛЯ КАГО?
                                          Хочаш ведаць, браток, для каго я пачаў
                                          Пяяць песенькі сэрцу радзімыя? -
                                          Дык жа слухай уважна, спяваці я стаў
                                          Для забытае вёскі адзінае.
                                              Ведаў я, што не прымуць мяне чужакі,
                                              Не захочуць чуць песні радзімае,
                                              Ведаў я, што сустрэнуць мяне бедакі,
                                              Стрэне вёска, у сэрцы адзіная.
                                          Прабаваці спярша голас свой я пачаў,
                                          Чуў, што выйдзе мо нейкая песня,
                                          Нібы птушка у кустах, песню пеці я стаў,
                                          Нібы птушка ў кустах напрадвесні.
                                              І спаткалі-сустрэлі браточкі мяне,
                                              Дадалі мне ахвоты і сілы,
                                              Пачаў родную песню пяяці званчэй
                                              Роднай вёсцы, братам маім мілым.
                                          Вось і ты гэтак, браце, як я, заспявай
                                          Браццям родненькім песню радзімую,
                                          І сустрэнуць і прымуць цябе, як мяне,
                                          Ў беларусаў сямейку адзіную.
                              [г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 13-2-1927 г.]
              /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 6-7./
                                      ПАД БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ!
                                           Пад бел-чырвона-белы сьцяг
                                           Лучыцеся, сяляне!
                                           Тагды для усіх гародных нас
                                           Час вольнасьці настане!
                                               Даволі ўжо цярпелі мы
                                               Усіх зьдзекаў і прымусаў,
                                               Даволі мучыў вораг нас,
                                               Гаротных Беларусаў!
                                           Прачнісь магутны наш Народ
                                           Пратры як сьлед Ты вочы,
                                           Сам выйдзі ў сьвет і Беларусь
                                           Вызваль Ты з цемры ночы!
                                               Пад бел-чырвона-белы сьцяг
                                               Лучыцеся, сяляне,
                                               Тагды для усіх гародтных нас
                                               Час вольнасьці настане!
                                                 [ С. П.]
                                /Сялянская ніва. Вільня. 16 сакавіка 1927. С. 2./
                                                                           ЛІСТ
                                       МАЛАДОГА ДЗЯДКА ДА БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК
    Мілыя дзеткі!
    Надта мне хочацца пазнаёміцца з вамі бліжэй і вось на гэтым мейсцы я пішу да ўсіх вас гэтыя некалькі слоў. Завуся я Малады Дзядок. Малады таму, што яшчэ ня стары; а Дзядок таму, што старэйшы за вас. Аднак скажу: дзетак я вельмі кахаю і хачу з імі часта гутарыць. Дзеля таго, што мы маем пекную кніжачку “Заранка”, дык я пастараюся вам апавядаць сякія-такія баечкі, вершыкі, казачкі, рысаваць малюначкі ў “Заранцы”. Калі хто з вас мо’ захоча мне штось напісаць, дык пішэце ў паштовую скрынку “Заранкі”. Буду вельмі рады. Спадзяюся, што нашая Паважаная Рэдактарка не адмовіць мейсца ў скрынцы. Жыву я ад вас надта далёка, далёка, аднак ня забываюся аб вас і люблю. Палюбеце-ж і вы мяне й залічыце ў свае добрыя прыяцелі Маладога Дзядка. Чакаю адказу на мой ліст.
    А пакуль што бывайце здаровенькія!
    Кахаючы Вас
                            Малады Дзядок.
    2 траўня 1927 г.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 3. 1927. Адварот тытульнай вокладкі./
                              ЛІСТ МАЛАДОГА ДЗЯДКА ДА БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК.
    Мілыя дзеткі!
    Дачакаўся-ткі я тае хвілінкі, калі ізноў магу да Вас прамовіць некалькі слоў. Вельмі я ўсьцешыўся, што некаторыя з Вас, як Зоня, Стэфусь і іншыя, Войцікавы, ужо падалі свае нрацы ў .Заравву". Тыя апавяданьні, якія ўжо надрукаваны, вельмі мне спадабаліся. Спадзяюся, што любыя дзеткі і далей будуць добра працаваць. Працуйце, вучыцеся, а калі небудзь за гэта Вам усім лепш будзе жыць. У гэтай кніжцы я падаў штоколечы Вам да чытаньня. Вось, калі хто мае ахвоту, дык хай напіша мне: ці спадабалася, ці не? Я буду дзякаваць і таму, які напіша да мяне, таксама дам адказ у паштовай скрынцы “3аранкі”.
    Паважаная Рэдактарка згадзілася прымаць лісты да мяне ў скрынку, за што Ёй складаю на гэтым мейсцы падзяку.
    Дык чакаю, мо’ часам, хто і чыркне да мяне колькі слоўцаў.
    Бывайце здаровенькія! Да пабачаньня ў наступнай кніжцы.
    Кахаючы Вас Малады Дзядок.
    29 траўня 1927 г.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 4. 1927. Адварот тытульнай вокладкі./
 

    Двое дзяцей, брат і сястра пашлі у школу. Яны мусілі перахадзіць каля вельмі прыгожага, сьцяністага гаю. На дарозе было горача і пылка, а ў гаі прахалодна і весела.
    “Ці ведаеш, што?” - сказаў брат сястры: “у школу яшчэ рана. У школе цяпер і душна, і сумна, а ў гаі пэўна вельмі весела. Паслухай, як пяюць там птушкі; а вавёрак, вавёрак колькі скача па галінах! Ці не пайсьці нам туды, сястрыца?”
    Сястры падабалася прапанова брата. Дзеці кінулі лемантары ў траву, узяліся за рукі і зьніклі паміж зялёных кустоў, пад кучаравымі бярозкамі. У гаі, сапраўды, было весела і шумна. Птушкі перапырхвалі бязупынна, пяялі на розныя лады; .вавёркі скакалі па галінках; казюлькі сумяціліся ў траве.
    Перадусім дзеці ўбачылі залатога жучка. “Пагуляй з намі”, сказалі дзеці жучку.
    “3 прыемнасьцяй-бы”, - адказаў жук: “але я ня маю часу: - я мушу дастаць сабе полудзень”.
    - “Пагуляй з нам!”, - сказалі дзеці жоўтай калматай пчолцы.
    - Няма калі мне гуляць з вамі”, - адказвала пчолка: мне трэба зьбіраць мёд”.
    “А ці ты не пагуляеш з намі? спыталіся дзеці ў мурашкі. Але мурашцы ня было часу іх слухаць: яна цягнула саломку ў тры разы большую за сябе і сьпяшалася будаваць свой цікавы дамок.
    Дзеці зьвярнуліся - былі  да вавёркі, прапануючы ёй, таксама,пагуляць з імі; але вавёрка махнула пушыстым хвастом і адказала, што яна мусіць зрабіць запас гарэхаў на зіму. Галуб сказаў: “я раблю гняздо для сваіх маленькіх дзетак”. Шэранькі зайчык бег да ручая памыць сваю мордачку. Белай красцы пазёмкі таксама ня было часу займацца дзяцьмі; яна карысталася пекнай пагодай і сьпяшалася прыгатаваць на час сваю сочную, смашную
ягаду.
    Дзяцём зрабілася сумна, што ўсе заняты сваёю працаю і ніхто ня хоча гуляць з імі. Яны падбеглі да ручая. Булькаючы па камянёх, бег ручай праз гай.
    “Табе пэўна ўжо няма чаго рабіць?” – сказалі яму дзеці: “пагуляйжа з намі”.
    - “Як! Мне няма чаго рабіць?” - працурчэў злосна ручай: “ах, вы лянівыя дзеці! Паглядзіце на мяне: я працую ўдзень і ўначы, і ня маю нават мінуты спакою. Ці-ж ня я паю людзей і жывёлу? Хто-ж апрача мяне, мые бялізну, кручыць колёсы млыноў, носіць чаўны і гасіць пажары? О, ў мяне столькі працы, што галава круціцца” - дадаў ручай і пачаў цурчэць па каменьнях..
    Дзяцём зрабілася яшчэ сумней, і яны падумалі, што ім ляпей было-б сьпярша пайсці ў школу, а пасьля ўжо, ідучы з школы, зайсьці ў гай. Але ў гэты самы час хлопчык прыкмеціў на зялёнай галінцы невялічкую, прыгожую малінаўку. Яна сядзела, здавалася, вельмі спакойна і ад няма чаго рабіць пасьвіставала вясёлую песянку.
    “Гэй, ты, вясёлы пяюн!” – крыкнуў хлопчык малінаўцы: “табе ўжо. здаецца, дык зусім няма чаго рабіць; пагуляй-жа з намі”.
    “Як", прасьвішчэла пакрыўжаная малінаўка “мне няма чаго рабіць? Ды ці ж я праз цэлы дзень не лавіла мушак, каб накарміць маіх маленькіх! Я так змарылася, што не магу падняць скрыльляў; ды й цяпер укалыхваю песенькаю сваіх дзетак. А вы што рабілі сёньня, маленькія гультаі? У школу не пашлі, нічога не навучыліся, бегаеце па гаі, ды яшчэ перашкаджаеце другім працаваць. Ідзеце вось ляпей, куды вас выправілі, і памятайце, што толькі таму прыемна супачыць і пагуляць, хто напрацаваўся і зрабіў усё, што мусіў зрабіць”.
    Дзеці засароміліся: яны пашлі ў школу, і хоць прышлі позна, але вучыліся старанна.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 4. 1927. С. 1-3./
                                                          ***
                                          Табе, табе, Айчына-маці.
                                          Нясу я дар нямудры свой.
                                          Прымі яго ў свае абняцьці
                                          Бо-ж то нясе сын верны Твой.
                                              Узяўся я адважна, сьмела,
                                              Без намысьленьняў ніякіх,
                                              За сэрцу мілае мне дзела
                                              У “Заранцы” прасьвячаць малых.
                                          Як ня балюча й сумна гэта,
                                          Аднак сказаць тут мушу я:
                                          Ніхто глядзець ня хоча дзетак...
                                          Адна Рэдактарка мая!
                                              І вось цяпер, хоць добра знаю -
                                              Слабы мой верш, пяро дрыжыць,
                                              Аднак надзею шчыру маю
                                              “Заранцы” сьцежку пралажыць.
                                          Да вас зьвяртаюсь дарагія
                                          Вы маладыя чытары!
                                          Працуйце шчыра і прыждзэце
                                          Вы новай лепшае зары.
                                              “Заранка” будзе ўсьцяж прад Вамі
                                              Начную цемру разганяць,
                                              Галоўкі Вашы праменямі
                                              Сваімі будзе прасьвятляць.
                                              [22 траўня 1927     Малады Дзядок.]
                                          /Заранка. Вільня. Кніжка 4. 1927. С. 13./
                                                    КУТОК СЬМЕХУ
                                                       І. У ШКОЛЕ
    Вучыцель... Дзеці і рыбы ня маюць голасу – гэтак кажа прыказка...
    А ты, Янка, чаго хочаш?
    Янка: Я ведаю пане вучыцялю, чаму рыбы ня маюць голасу, бо каб яны мелі голас, дык падчас гутаркі ім лілася-б вада ў горла.
                                                                 ІІ. МАЛЫ ЛАСУН
    Падчас вячэры малы Юзік пытаецца бабкі, навошта яна носіць акуляры.
    - Бо яны павялічваюць прадметы.
    - Ой, бабулька, як будзеце мне крояць пірага дык, калі ласка, зьніміце іх.
                                                                ІІІ. ДЗЕ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ?
    - За што, дзедка, атрымаў гэты крыж?
    - Бо добра біўся, мой унучак.
    - І дзе тут справядлівасьць? А як я б’юся з сябрамі, дык мяне за гэта караюць.
    (Падаў Малады Дзядок).
                                          /Заранка. Вільня. Кніжка 4. 1927. С. 14./
                           ЛІСТ МАЛАДОГА ДЗЯДКА ДА БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК
    Мілыя дзеткі!
    Ужо мінае месяц, калі я апошні раз з Вамі гаманіў.
З вялікаю радасьцяй пішу да вас гэтыя словы, бо, праўду кажучы, засумаваўся за месяц па Вас! Вельмі мяне цешыць радаснае зьявішча, што вы, дзеткі, узяліся за працу. Як жа-ж прыгожа ўклаў Покаўка свой вельмі добры вершык! А якія прыгожыя думкі ўлажыў ён у гэты верш. Дайжа, Божа табе, Покаўка, здароўя, каб ты мог здзейсьніць свае лятуценьні і каб за табой пашлі плоймамі моцныя целам і душою беларускія дзеткі. Праўду кажаш, што “Маладыя і поўныя веры” ўсё могуць зрабіць. Малайчына Стэфусь Войцік, - працуе старана! Дык працуйце, дзетачкі любыя! Працуйце, каб у хуткім часе быць вольнымі. У гэтай кніжцы я ізноў падаю Вам штоколечы да чытаньня. Ці спадабаецца Вам?.. Мо хто напіша аб гэтым мне ў скрынку “Заранкі”.
    Тымчасам бывайце здаровенькія! Пастараюся ўбачыцца з Вамі ў наступнай кніжцы.
                          Кахаючы Вас
                                                      Малады Дзядок.
    3 ліпеня 1927 году.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 5-6. 1927. Адварот тытульнай вокладкі./


                                                      НІВА
                                          Быццам мора шуміць,
                                          Быццам гай шапаціць
                                              Ніва каласістая;
                                          Быццам срэбра блішчыць,
                                          Быццам шкло зіхаціць
                                              Ніва залацістая.
                                          Жаці прыйдзе ўраз час,
                                          Хлябок будзе у нас:
                                              Каласы жыта ўжо наліваюцца.
                                          Сэрца чую я стук...
                                          Ў небе ўецца жаўрук
                                              І пяе ён сабе, заліваецца.
                                          У жыце шмат васількоў,
                                          А над ім мятлікоў
                                              Цэлы рой зігаціць, увіваецца...
                                          Як зірнеш, паглядзіш, -
                                          Усюды мілая ціш!...
                                              Бяда-гора уміг забываецца.
                                          Жаці прыйдзе ўраз час,
                                          Хлябок будзе у нас:
                                              Каласы жыта ўжо наліваюцца.
                                          Сэрца чую я стук...
                                          У небе ўецца жаўрук
                                              І пяе ён сабе, заліваецца.
                                    [26 чэрвеня 1927 г.       Малады Дзядок.]
                                          /Заранка. Вільня. Кніжка 5-6. 1927. С. 1./


                                                        БАЙКА
                                          Было гэта перад сьвятам,
                                          У конадзень купальля,
                                          Як плялі вянкі дзяўчаты,
                                          Й агні раскладалі.
                                              Сонца села за гарою...
                                              Малады Дзядочак
                                              Узяў дубовы кій а сабою
                                              І пашоў у лясочак.
                                          Ведаць трэ’ што а паўночы
                                          Дзіваў шмат ў лясочку
                                          Настаром, бач, пільна вочы
                                          Ды сядзі ў куточку.
                                              Там, дзе дрэўцы штось шапочуць
                                              Й бяжыць ручаёчак,
                                              На мураўцы сеў ахвоча
                                              Малады Дзядочак.
                                          Ажно чуе: гоман нейкі
                                          Да яго нясецца;
                                          Раскрыў Дзед шырэй павекі.
                                          Згледзіў штось, здаецца.
                                              Птушка вось ляціць да Дзеда
                                              Й жаласна крычыць:
                                              „Ах, Дзядок мой, я аб нечым
                                              „Буду Вас прасіць.
                                          „Працавала шмат я часу,
                                          „Гнёздка я пляла,
                                          „I маленькіх птушанятак
                                          „У ім я прывяла.
                                              „Аж нядаўна хлапец дрэнны
                                              „Гвёздка мне украў,
                                              „Даражэнькіх дзіцянятак
                                              „Разам з ім забраў.
                                          „3 тэй пары мне сьвет нямілы,
                                          „Плачу і сумую...
                                          „Хоць лажысь жывой ў магілу,
                                          „У зямельку сырую.
                                              „Папрасі-ж хлапца Ты, Дзедка
                                              „Мне дзяцей аддаці,
                                              „Каб ізноў магла я ў лесе
                                              „Весела пяяці!...
                                          Птушка скончыла. У паветры
                                          Узьвіўся матылёчак,
                                          І прамовіў з сумам, з жалям:
                                          „Малады Дзядочак!
                                              „Сам Ты пэўна добра бачыш:
                                              „Цяженька мне жыці!
                                              „Хлапець змяў мяне ўчора скрыльля,
                                              „Як я лётаў ў жыце.
                                          „Шчэзлі з вопраткі узоры,
                                          „Хаджу як калека!
                                          „Няўжо ж мне трэ памерці
                                          „Ад жалю навекі?..
                                              „Як зьверне мне Бог здароўе,
                                              „Дзедка, папрасіце
                                              „Дзетак, каб ужо не лавілі
                                              „Мяне ў жоўтым жыце”.
                                          Далей к Дзеду падыходзіць
                                          Сіненькі цьвяточак,
                                          І, такозма з жалям просіць:
                                          „Малады Дзядочак!
                                              „Нейка дзяўчына сарвала
                                              „Мяне ў лесе зрана,
                                              „У ножцы ў маёй зялёнай
                                              „Цяпер зьзяе рана.
                                          „Мне ўсёроўна трэ’ памёрці,
                                          „Ужо слабеюць сілы...
                                          „Ня дай зьгінуць у паняверцы
                                          „Сёстрам, брацьцям мілым!
                                              „Папрасі ўсіх Ты дзетак
                                              „Красачак ня рваці
                                              „Для таго, каб потым злосна
                                              „Пад нагой таптаці”.
                                          Усьлед за красачкай дыбае
                                          Шэранькі грыбочак
                                          І, як краска, пачынае:
                                          „Малады Дзядочак!
                                              „І мяне сарвалі дзеці
                                              „Для таго, каб кінуць!...
                                              „Пачынаю з болю млеці!..
                                              „Пачынаю гінуць!..
                                          „А прад сьмерцяй, мой Дзядочак,
                                          „Буду Вас прасіці
                                          „Сказаць дзеткам: дарма брацьцяў
                                          Маіх ня губіці”.
                                              Далей чуе, мімаволі,
                                              Малады Дзядочак,
                                              3 ручайка йдзе паволі
                                              Слабы галасочак.
                                          Ускалыхнулась вада ў рэчцы
                                          Бліснула, як шыбка,
                                          І ўгару з яе выходзіць
                                          Срэбраная рыбка.
                                              „Дзякуй, Дзедка!” - пачынае, -
                                              „Што прышоў Ты ўпору!
                                              „Да Цябе я просьбу маю,
                                              „Парай майму гору!
                                          „Былі ўчора тутка дзеці,
                                          „Рыбак, нас, лавілі.
                                          „Запускалі ў ваду сеці,
                                          „Білі нас, душылі.
                                              „Але мне дык ўжо найгорай
                                              „Ад усіх дасталась:
                                              „У губе маёй ад ўчора
                                              „Жалеза засталась.
                                          „І хоць зноў жыву я у рэчцы,
                                          „Радасьці ня знаю;
                                          „Есьці, добра размауляці,
                                          „Спосабу ня маю”.
                                              Чакаць доўга ня прышлося:
                                              Малады Дзядочак
                                              Ворзда выцягнуў у рыбкі
                                              3 губанькі кручочак.
                                          „Дзякуй, Дзедка, за ратунак!”-
                                          Рыбанька сказала, -
                                          „Ізноў, усё-ж такі, на сьвеце
                                          „Шчасьця я дазнала!
                                              „Добры будзь, скажы Ты дзеткам,
                                              „Малады Дзядочак,
                                              „Хай ужо ловяць яны ў сетку
                                              „Нас, - не на кручочак!”...
                                          Ускалынулась вада ў рэчцы,
                                          Бліснула, як шыбка,
                                          І на дно ўміг спусьцілась
                                          Срэбраная рыбка.
                                              Шмат йшчэ з просьбамі стаяла,
                                              Аж крыкнуў хтось: „Годзе!
                                              „Ці ня бачыце, што зьзяе
                                              „Золачак на сходзе ?!”..
                                          Сьціхла, згінула усё мігам...
                                          Падзьмуў вецярочак... -
                                          Падыбаў паволі з лесу
                                          Малады Дзядочак.
                                              Дык зрабіце, дзеткі, ласку:
                                              Птушак не лавіце,
                                              Грыбкоў, красачак дарэмна
                                              Й рыбак не губіце!
                                          Мятліку ня рвіце крылкі,
                                          Вопратку ня псуйце!
                                          Усіх у няшчасьці, дарагія
                                          Дзетачкі, ратуйце!                                                          

                                       [Малады Дзядок. 3 ліпня 1927 г.]

                              /Заранка. Вільня. Кніжка 5-6. 1927. С. 9-13./

                                                 НА КУПАЛЛЕ

    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 52-54./

                                                    КУТОК СЬМЕХУ

                                                                    І

    Вучань: Вецер, пане вучыцелю, вецер – гэта паветра, якое вельмі сьпяшаецца.
                                                                    ІІ
    Вучыцель: Пятрук, хто стварыў гэтыя горы, што відаць праз вокны?
    Пятрук: Гэтага я ня ведаю, бо мы ўсяго два тыдні як сюда прыехалі.
                                                                    ІІІ
    Вучыцель: Юзік! Колькі будзе: ад двух адняць два?
    Вучань: Адзін, пане вучыцелю!
    Вучыцель: Не, мой хлопчык! Слухай: калі ты маеш у кішані дзьве булкі, вымеш сьпярша адну, а пасьля другую, што астанецца?
    Вучань: Крошкі.
    (Падаў “Малады Дзядок”).
    /Заранка. Вільня. Кніжка 5-6. 1927. С. 28./
                                                      НАША ПОШТА
    Мікалаю Дылька.  Твой ліст да “Маладога Дзядка” зьмесьцім у наступнай кніжцы, бо ў гэтай няма мейсца. Напішы ў “Заранку” што небудзь другое; гэтая казка, што ты прыслаў зусім ня цікавыя дык і ня зьмесьцім.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 5-6. 1927. Унутраная старонка апошняе вокладкі./
                                              DUMKI Ŭ ČUŽYNIE
                                          Dumki ŭsciaž byccam mhła
                                          Što nad Wislaj lahła,
                                              Ŭ haławie u majoj uwiwajucca.
                                          Miły čas, prošły čas
                                          U maim sercy niaraz
                                              Ad tych dumak umih ŭspaminajecca.
                                          Duša nyje balić,
                                          Serca płača, dryžyć,
                                              I ślaza sierabryć majo woka...
                                          Dzie Wialla zichacić,
                                          Miesta Wilnia lažyć, -
                                              Ŭ rodny kraj mčyś ja dumkaj daloka.
                                          U čužoj staranie
                                          Wielmi ciažańka mnie:
                                              Ja za rodnym sumuju tut krajem!..
                                          Ŭsio sdajecca tam mnie
                                          Lepš čym tut ŭ čyžynie,
                                              Ziamla rodna zdajecca mnie rajem!
                                          Baču dreŭcy, pali,
                                          Što šnurami lahli,
                                              Kala ich maładyja biarozki,
                                          Baču reki, sady,
                                          Sioły, les, harady,
                                              Baču rodnyja, šeryja wioski!
                                          O, pačuj, Biełaruś!
                                          K Tabie z prośbaj imčuś
                                              Adradžeńnia Twajho na świtańni
                                          Daj mnie času pryždać,
                                          Kab ciabie ahladać
                                              Slaŭnaj ščasnaj i mocnaj ŭ zmahańni!
                                          [S. Piajun.]
                                      / Biełaruskaja krynica. Wilnia. 25 sniežnia 1927. S. 5./
                                 [г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 25-7-1927 г.]
             /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 8-9./
                                                                НА НАЧЛЕЗЕ
    Сонейка даўно ўжо схавалася за лесам. Ужо летняя ноч паволі спусьцілася на зямельку. На цёмнасінім небе прыветліва заміргалі ясныя зорачкі. Навакол ціха, спакойна. Часам перарве гэтую цішу гаўканьне сабак, ці аддалены крык савы. Змучаныя дзенай працай, сяляне улягліся на кароткі супачынак. Уся вёска сьпіць... Нават дрэўцы ня хочуць парушыць лісткамі... У паветры чуецца цяплыня ды прыемны пах, што ляціць з гародаў, садоў і палёў...
    Раптам гэтую мілую цішу перарваў тупат конскіх ног. Гэтая цэлая грамадка хлапцоў, а таксама і дзяўчатак верхам на конях выежджае на начлег у лес, каб накарміць іх смашной лясной травой.
    Хто жыў, ці прынамсі быў, улетку ў вёсцы, ды сам вадзіў коняў на пасьвішча ўначы, дык пэўна добра ведае, як прыемна часам быць на начлезе паміж сваіх сяброў ды знаёмых.
    Вось ужо дзеці на мейсцы. Спутаўшы коням ногі, тыя з  дзяцей, што мелі варту, разышліся і паляглі пад дрэўцамі, а рэшта ўселася ў кола і пачала гутарку.
    Міхалка, што прыехаў з места, дзе праз цэлу зіму вучыўся ў гімназіі, мае тут вялікую пашану. Бо і хто-ж можа з іх расказаць гэткія цікавыя казкі, ці праўдзівыя падзеі, як ён?! Ён-жа больш за іх вучыўся і больш усяго мог угледзіць ў месьце. 3 хцівасьцяй прыслухоўваюцца дзеткі да Міхалкавых апавяданьняў, а ён, цешачыся з іх увагі, расказвае аб месьце, аб сваіх вучыцялёх, калегах, аб вялізных дамох ды сьвятынях; урэшце аб кніжках, з якіх ён вычытаў шмат цікавага.
    Але найбольш зацікавіла дзяцей апавяданьне Міхалкі аб нашай Бацькаўшчыне Беларусі. Як калісь яна цьвіла і красавала; як была вольная, белая бо нявінная, нікому крыўды ня рабіла; урэшце. як наляцелі варожыя раці, і, як пачалі зьдзеквацца над нашай старонкай; як аблілася яна крывёю нашых дзядоў; як закулі Яе, бедненькую, ў кайданы і стогне Яна дагэтуль, пакуль ня вызваляць Яе, пакуль не разаб’юць жалезных кайданоў няволі лепшыя сыны Яе.
    З запалам гаворыць Міхалка... Ён гатоў хоць-бы зараз ісьці ратаваць сваю Матку-Беларусь. Стоячы на каленах, ён бязупынна гаворыць, а вочы ягоныя блішчуць сярод ночы, як дзьве вагнявыя зоркі. Дзеці бачуць, разумеюць яго... Кожнае з іх набірае адвагі, хоча быць падобным да Міхалкі. Яно, здаецца, таксама гатова хаця-б зараз ійсьці і стаць у рады тых магутных волатаў, якія пойдуць разьбіваць векавыя путы няволі нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны. Іх маладыя сэрцы пылаюць зыркім агнём; іхныя грудзі моцна ўздымаюцца! Яны з маленькіх, слабых - робяцца моцнымі, сільнымі! Яны патрапяць паказаць усяму сьвету, што яны жывыя і не дазволяць зьдзекавацца над сваеёю Маткаю - Беларусяй!
...............................................................................................................................................................
    Сьціх урэшцэ Міхалка. Змоўклі дзеці. Часам чуецца пырсканьне коняў, якія з радасьцяй ядуць сочную траву. Падзьмуў лёгкі халодны ветрык. Быццам мурашкі прабеглі на целе ў дзяцей і, некаторыя з іх, каб сагрэцца, распалілі груд.
    Весела заскакалі сярод начное цемры вагнявыя языкі, затрашчэлі сухія галінкі, заблішчэлі хутка чырвоныя вуглі Прыпомнілася дзяцём, што ўзялі з сабой трошкі бульбы, дык усунулі ў попел, каб сьпяклася.
                                                                                                                              ...........               
    Праз нейкі час, сон перамог змучаныя галоўкі маладых начлежнікау і яны, укруціўшыся ў шэрыя сярмяжачкі, пазасыпалі. Сьветлыя думкі аб лепшай будучыне сваёй бацькаўшчыны – Беларусі навеялі на іх сон ціхі, радасны...
    Калі-ні-калі фыркалі спутаныя коні, трашчэлі дагараўшыя на грудзе галінкі ды, быццам сьцерагучы сон дзетак, у небе міргалі сьветлыя зорачкі.
     31 ліпня 1927 г.                                                           Малады Дзядок.
     /Заранка. Вільня. Кніжка 7. 1927. С. 2-3./ 
                                
  
                                                     ПАСТУШКА
                                          Сонца ледзь блісне на ўсходзе,
                                          Ганячка малая
                                          Мігам з хатанькі выходзе
                                          Й Гускі выганяе.
                                              Гоніць іх на сьвежу росу,
                                              Песянку сьпявае
                                              І сваёю ножкай босай
                                              Па траве ступае.
                                          “Гэй, вы, гускі мае белы!
                                          Гэй, ідзіце ў поле!
                                          Рвіце траўку сабе сьмела!
                                          Баўцеся на волі!”
                                              Белы гусанькі васёла
                                              Разам усе  гіргочуць,
                                              Нібы: “Добра, міла Ганька!”
                                              Ёй сказаці хочуць.
                                          Ужо на полі Ганя борзда
                                          Пад кустом сядае
                                          І, таксама борзда, з торбы
                                          Кніжачку вымае.
                                              Статак гусачак залёну
                                              Траваньку зьядае, –
                                              Ганя з хцівасьцяй вялікай
                                              Кніжачку чытае.
                                          Ды ня дзіва! Шмат карысьці
                                          Ад яе ўраз стане.
                                          Ганя дзяўчынкай разумнай
                                          Ад яе ўраз стане.
                                              А, як прыйдзе час на поўдзень,
                                              Кніжачку хавае
                                              І галінкаю даўгою
                                              Гусак заганяе.
                                          Гоніць іх да дому з поля,
                                          Песяньку сьпявае,
                                          І сваёю ножкай босай
                                          Па траве ступае.
                                               “Гэй, вы, гускі мае белы!
                                              Гэй, хутчэй, крылаткі!
                                              Ужо наелісь вы траўкі!
                                              Гэй, хутчэй да хаткі!”
                                             [31 ліпня 1927 г.]
                                 /Заранка. Вільня. Кніжка 7. 1927. С. 7-8./
                                                    ЖЫЦЦЁ
                                          Ў чужую даль нязнану
                                          Жыццё маё бяжыць,
                                          Удзень, увечар, зрана
                                          Кудысь спяшыць, спяшыць...
                                              Шкада мне дзён дзяціных тых,
                                              Юнацкіх жаль мне дзён,
                                              Якія гінуць ў прошласці,
                                              Як сон, як сон, як сон.
                                          Калі сярод кос сонечных,
                                          Без думак і клапот,
                                          Шчасліва дні і месяцы
                                          Плылі ўпярод, ўпярод.
                                              Нішто не верне прошласці! -
                                              За днямі дні бягуць,
                                              Як мора хвалі бурныя
                                              Удаль плывуць, плывуць.
                                          Ах, сумна, адзінока
                                          Жыццё маё бяжыць,
                                          Удзень, увечар, зрана
                                          Кудысь спяшыць, спяшыць...
                             [г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 14-8-1927 г.]
           /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 10./
                                               CHRYSTUS I DZIECI
                                                  (pa Kanapnickaj)
                                          Staŭ ŭ čystym poli Chrystus Pan,
                                              Pry im hramadka bosa
                                          Dzietak što ź miesta jšli źbirać
                                              Na jržaniščy kałośsia.
                                          Tulacca hubki da Jaho
                                              Noh drobnaj tej čaladzi,
                                          Chrystus spuściŭ swaju dałoń,
                                              Hałoŭki dzietak hładzić.
                                          Raściecie – kaža – wy baćkam
                                              I matkam na uciechu...
                                          I byccam sonca swaich chat
                                              Pazałaciecie strechi!
                                          A jak pahładzić wałasy,
                                              Dyk zorački naŭkoła
                                          Syplucca kroplami rasy
                                              Na schilenyja čoły.
                                          Adna sirotka tam była
                                              Siarod maleńkich dzietak
                                          Pačuŭšy, što Chrystus skazaŭ,
                                              Skazała Jamu hetak:
                                          - “Raści nia budu, Panie ja,
                                              Nia treba bo nikonu,
                                          Nia maju baćki, matki ŭžo
                                              Nia maju-ž ja i domu.” –
                                          Syn božy łaskawa skazaŭ:
                                              - “Niachaj z was kožny znaje:
                                          Nichto, tut z was nie sirata
                                              Baćkoŭ choć chto nia maje.
                                          Jahony baćka – z nieba Pan,
                                              Matkaj – ziamielka miła”
                                          Što zbožžam sa swaich paloŭ,
                                              Jak małakom ŭskarmita.
                                          Jahonaj chataj – ceły świet
                                              Biaz miežaŭ i biaz konca,
                                          Siahnie dzie tolki jaho myśl
                                              Jak załaty streł sonca. –
                                          [S. Piajun.]
                           /Biełaruskaja krynica. Wilnia. 26 žniŭnia 1927. S. 4./
                                                      ЮРАЧКА
    Прышла восень, пекная захацістая восень. Схапілі дзеткі кніжкі ды сшыткі ў торбы ды гай-да! у школу. Малога Юрачку першы раз прывёў ягоны татка ў школу.
    Юрачка – прыгожанькі хлапчучок з мілымі рыскамі твару, з шэрымі вочкамі і залацістымі доўгенькімі валоскамі на галоўцы, – апранёны быў у сінюю кашульку і гэткія-ж портачкі.
    Вельмі-ж ён спудзіўся тых крыкаў, якімі была напоўнена ўся школа. Татка пасадзіў Юрачку на першай лаўцы ў першай клясе, дзе было шмат дзяўчатак і гэткіх як ён хлапцоў, і хацеў ужо ісьці дадому, Юрачка ў плач.
    Пачаў татка яго ўгаварываць, каб не плакаў, ды - куды-ж там! Абцірае Юрачка беленькай хустачкай серабрыстыя сьлёзкі, ды праз іх гаворыць гэтыя слоўцы:
    Татка, і я з табою пайду!
    - Ня можна, Юрачка! Ты мусіш вучыцца!
    - Ну, ды хай татка будзе пры мне!
    - I гэтак ня можна!
    - Чаму, - пытае праз сьлёзы Юрачка.
    - Пан вучыцель не дазволіць!
    - Ну, дык няхай матулья прыдзе!
    - Матулі таксама ня можна!
    - Та-ту-ля!.. – плача ізноў Юрачка. – Да матулі хачу! Да матулі на абед!.. Татулька!..
    - Ну, дык пойдзем дамоў і ты не будзеш зусім хадзіць у школу! Добра? - прамовіў татка.
    - Не, я буду хадзіць у школу!..
    - Ну, дык сядзі і ня плач! А я мушу ісьці!
    - Татачка! А ў мяне няма кніжачкі?..
    - Ты тут пачакай, а я табе пайду ды куплю! добра?.. – ізноў казаў татачка.
    - Татачка!.. – прамовіў праз слёзкі юрачка, але ня скончыў, бо празваніў званок і прышоў маладзенькі вучыцель.
    Юрачка пазіраў, пазіраў на яго, ды пэўне ўгледзіў, што вучыцель зусім ня страшны і няма чаго баяцца яго. Абцёр хустачкай слёзкі і ўсеўся просьценька ў лаўцы. Вучыцель падыйшоў да яго, пагладзіў па залацістай галоўцы і пачаў угаварываць Юрачку, каб ня плакаў. Паказаў на ўсіх дзяцей, як яны ня плачуць, а весела сядзяць у школе.
    Вучыцель абяцаў навучыць яго чытаць, пісаць, рысаваць і шмат іншых рэчаў.
    Павесялеў Юрачка! Татка пайшоў дамоў, а ён астаўся ў школе і слухаў як вучыцель апавядаў прыгожыя казачкі.
    Ад таго часу бегае Юрачка ў школы ахвотна, палюбіў яе, пакахаў свайго добрага вучыцеля, а вучыцель таксама любіў свайго малога вучня Юрачку.
     8 верасьня 1927 г.                                                                            Малады Дзядок.
                                     /Заранка. Вільня. Кніжка 7. 1927. С. 9 10./
                                   ЛІСТ МАЛАДОГА ДЗЯДКА ДА БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК
    Мілыя дзеткі!
    Вельмі цешуся, што магу ізноў з вамі пагамяніць. Вось прайшло і лета! Вось завітала ўжо да нас пекная беларуская восень. Дрэўцы ў садох абвешаны смашнымі яблыкамі ды грушкамі. Распачаліся заняткі ў школах, у якіх? Ох, шчасьлівыя з вас дзетачкі тыя, што вучацца у сваіх родных школах беларускіх! Бедненькія, што калечацца ў польскіх школах! Але пайшчасьлівейшыя гэта тыя, што хоць вучацца ў польскіх школах а не забываюцца аб сваёй роднай старонцы Беларускай. Аб гэтым даведаўся я з каханай нашай “Заранні”. Нават чытаў тых мілых дзетак казкі ды апавяданьні. Цешуся, што вы працуеце шчыра, і што вы, дзеткі, штораз шчыльнейшым ды вялікшым колам, гуртуецеся ля “Заранкі”. Добра робіце. Пільнуйце і пашырайце “Заранку”, каб яна ўсім нясла карысьць, каб яна не пагасла а сваімі серабрыстым коскамі асьвячала шлях вашага маладога жыцьця. Сэрца маё цешыцца, што сярод вашае грамадкі зьявіліся гэткія, што адразу пачалі ня толькі чытаць, але і пісаць у “Заранку”, як напрыклад “Марыся з Антокалю”, або Марыся Ласька, Патаповічы, Нагуй, Войцікавы, і іншыя. Я таксама пішу вам у “Заранцы” вершыкі, апавяданьні, баячкі, рысую малюначкі, але вельмі шкада, што ня гледзячы на маю просьбу ніхто нічагуткі не напісаў да мяне дагатуль у “Заранцы”. Але спадзяюся, што знойдзецца хоць адзін сярод вас і чыркне Маладому Дзядку некалькі слоўцаў. Падаў я вам да чытаньня “Пастушку”, “На начлезе”, “Юрачку” і інш. Можа здаралася і вам калі пасьвіць гусак, ці коні? А мо’ таксама, як і мой “Юрачка” хтосьці з вас плакаў першы раз, у школе. А тымчасам не забывайце нашае дарагое “Заранкі”, ну і мяне, Маладога Дзядка, які для вас, дзеткі, гатоў шмат папрацаваць. Да пабачаньня, даражэнькія дзеткі!
    Кахаючы Вас Малады Дзядок.
    9 верасьня 1927 г.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 7. 1927. Адварот тытульнай вокладкі./
                                                               /КУТОК СЬМЕХУ/
                                                                 ДОБРА ВЕДАЕ
    Вучыцель: У адным кошыку ёсьць пяць яблыкаў. Калі мы даложым яшчэ два, колькі будзе разам?
    Уладзік: (падымае руку ў гары). Я ўжо ведаю.
    Вучыцель: Ну, кажы!
    Уладзік: Разам будзе сем!
    Вучыцель: Як ты гэта даведаўся?
    Уладзік: Гэля падказала.
    (Падаў “Малады Дзядок”).
    /Заранка. Вільня. Кніжка 7. 1927. С. 14./
                                               ЛІСТЫ ДА МАЛАДОГА ДЗЯДКА
    Даражэнькі наш Дзядок!
    Я надта рад, што Вы, будучы ўжо, пэўна, не малады, так стараецеся для нас, за што мы Вам ад усяго нашаго маладога сэрца дзякуем. Я надта абурыўся, як прыехаў ў Віленскую нашу гімназію, на некаторых вучняў, якія, як прынясьлі да іх “Заранку”, пасьмелі нават некалькі кніжак парваць. Пачалі яны гаварыць, што гэта ўсё дзеціннае, што гэта ўсё “пусьцяк”. Я надта доўга бараніў “Заранку” і гаварыў ім, што, як мы будзем гэтак глядзець на яе, то як жа будуць гадавацца нашы малыя калегі і калежанкі. Гэта-ж адзіная на Заходнюю Беларусь, нашу Бацькаўшчыну, дзяцінная часапісь, і яе трэ’ ўсімі сіламі старацца падтрымаць. Але я іх ня мог пярамагчы - адзін.
    Дык ганьба вам, браты мае, што вы так глядзіце на нашу “Заранку”. Адумайцеся і прымеце гарачы ўдзел у ёй, каб яна нам красавала на ўсю нашу старонку, каб яна весяліла маладыя душачкі.
    Вам, даражэнькі Дзядок, вялікае дзякуй за Вашы творы.
    Кахаючы Вас, шчыры супрацоўнік “Заранкі”,
                                                                                   Янка Патаповіч.
    Даражэнькі Малады Дзядок.
    Як прачытаў я “Заранку”, дык вельмі яна мяне зацікавіла. Панёс я яе ў польскую школу, дзе вучуся і паказаў яе хлапцом. Яны таксама сказалі; што гэта вельмі цікавая кніжка. Як я сказаў, што хачу яе выпісаць, то адзін хлапец запрапанаваў, каб выпісаць яе ў складчыну. Вось мы злажыліся па 50 гр. і паслалі ў рэдакцыю “Заранкі”.
    Цяпер “Заранку” атрымоўваем і з ахвотай чытаем.
                                                                                     Мікалай Дылька.
    Паважаны Малады Дзядок!
    Ужо некалькі разоў я зьбіралася напісаць Вам адказ на Вашыя лісты ў “Заранцы”.
    Я вельмі удзячна Вам за Вашыя добрыя словы за заахвочваньне да працы. Вашыя вершы і апавяданьні мне вельмі падабаюцца, асабліва: “Ніва”. Чытаючы яго здаецца, што знаходзішся недзе ў полі, сярод мора шумлівага жыта. Таксама вельмі пекны верш “Байка”.
    У гэтым вершы я спаткала незразумелае для мяне слова “Настаром”, агулам у Вашых вершах і апавяданьнях вельмі шмат новых слоў, якіх я неспатыкала ў іншых кніжках. 3 апавяданьняў мне спадабалася “На начлезе”, а асабліва “Юрачка”. Апошняе жыва напомніла мне мае першыя дні ў школе. Пакуль што гэта ўсё, што я хацела б сказаць Вам. Пішэце нам больш цікавых вершаў і апавяданьняў.
-                З пашанай “Маруся з Антакалю”.
    /Заранка. Вільня. Кніжка 8-9. 1927. Адварот тытульнай вокладкі./
                                                              ***
                                          Хацеў ажаніцца бурак з пятрушкай,
                                          Падыбаў да яе простай, дарожкай,
                                          Падыбаў да яе ў нядзелю.
                                          - Справім мы гожа вясельле!
                                          Будуць іграць й скрыпкі, дуды,
                                          Я з табой скакаць буду! -
                                          - Мой бурачок, ты чырвоны!
                                           Хай ужо цяпер грымяць звоны!
                                           Я рада мець мужанёчка,
                                           Што чырвоны і тоўсты, як бочка!
                                                         (Па “Пломычку”)
                                                           Малады Дзядок.
                                     /Заранка. Вільня. Кніжка 8-9. 1927. С. 23./
                                              ЧАЛАВЕК І ПТУШКІ
                                             (Паводле А. Плешчэева)
                                          Дарэмна, птушачкі, мая
                                              Прысутнасьць вас трывожыць:
                                          Пяіце сьмела ўсё, што Бог
                                              На сэрца вам паложыць.
                                          Я не пастаўлю клеткі вам
                                              Ні ў садзе, ні у полі:
                                          Бо вельмі добра знаю сам,
                                              Што значыць жыць на волі.
                                          [Сяргей Пяюн]
                                               /Zorka. Wilnia. № 6. 1939. S. 5./
                                          [1927 г.]
    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 10./
                                                     LISTAPAD
                                          Siarod wietra złych pawiewaŭ
                                          Prykaciŭ k nam listapad,
                                          Ŭjucca, ŭjucca liścia z drewaŭ,
                                          Skačuć ŭpierad i nazad!
                                              Sonka ŭ chmarki twar chawaje:
                                              Žal hladzieci na ziamlu!
                                              Jak pryroda ŭsia skidaje
                                              Hožu wopratku swaju...
                                          Z nieba ślozy ŭściaž lijucca,
                                          Wyje žudasna wichor...
                                          Z drewaŭ hurbaj liścia ŭjucca, -
                                          Adzinoki ciomny bor.
                                        .....................................................
                                              Ŭ maim sercy dumki ŭjucca,
                                              Byccam letam pčołaŭ roj!
                                              U Biełaruski kraj niasucca,
                                              Dzie Narod haruje moj!
                                          Ale-ž ja nadzieju maju:
                                          Wosień projdzie i tahdy, -
                                          Moj narod hurboj spatkaje
                                          Žyccia ščasnyja hady!
                                              Sonca z chmarak twar pakaža,
                                              Nieba končyć ślozy lić, -
                                              I paznaje siła ŭraža,
                                              Što my zmožam wolna žyć!
                                          Chaj-ža sumu liść daloka
                                          Adlacić ad nas nazad! –
                                          Ŭ Wolu wierym my hłyboka! –
                                          Choč kruhom jšče Listapad.
                                          [S. Piajun.]
                         /Biełaruskaja krynica. Wilnia. 25 listapada 1927. S. 2./
                  [г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. Лістапад 1927 г.]
    /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 11-12./
                                         ДА БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ
                                          Наперад ідзі дружным крокам
                                          Да неба, да сонца, да зор!
                                          Свабоды шукай сьмелым вокам,
                                          Грудзьмі пралажы новы тор!
                                              Зламі кайданы, ты няволі
                                              Сваёю магутнай рукой,
                                              Зацьвіў каб шчасьліва на волі
                                              Каханы Крывіцкі Край Твой!
                                          З прыветам, з падзякай спаткае
                                          Цябе, Моладзь, Крыўскі Народ!
                                          Дык дружна, зара дзе лунае,
                                          Да сонца. да шчасьця ўпярод!
                                              О, Моладзь, уставай, спаць ўжо годзі!
                                              Прачнуцца даўно ўжо пара!
                                              Чароўнаю краскай на ўсходзе
                                              Пылае свабоды зара!
                                          [9. 11. 1927.   Сяргей Пяюн.]
                                       /Шлях моладзі. Вільня. № 3. 1929. С. 13-15./
    Таксама ў Вільні ў 1927 годзе асобнымі выданнямі выйшлі ягоная п’еса: Ёлка Дзеда Мароза. Калядны абразок у 1-эй дзеі напісаў “Малады Дзядок”. Вільня. Выданне Галоўнае Управы ТБШ. (Дзіцячы тэатр). Гэтаксама выйшлі перакладныя творы: А. Паплаўскі, А. Голянскі.  Пакой у наймы. Жарт у 1 акце. Пераклаў з польскай мовы Сяргей Пяюн. // Сцэнічныя творы. Боты, Мікітаў лапаць, Пакой у наймы, Чорт і баба. Кніжка першая. (Беларускі народны тэатр). Выдавецтва т-ва “Пагоня”. [Нагадаем, што Jan Antoni Golański (1844-1896) i А. Popławski напісалі п’есу Pokój do wynajęcia, Komedia w І akcіe. 3 k., 5 m., якая першапачаткова была надрукаваная ў Bibliotecy Teatrów Amatorskich nr. 66. Lwów, 1844.] P. Sałaŭjowa (Allegro). Cudoŭnaja noč. Sceničny twor u 1-ej dziei dla dziciačaha teatru. Pierakłaŭ z rasiejskaj mowy S. Piajun. Wydańnie “Biełaruskaj Krynicy”. Bieł. Druk. Im. Fr. Skaryny. [Нагадаем, што Паліксэна Салаўёва (1867-1924), якая карысталася псеўданімам Allegro, была дачкой вядомага расійскага гісторыка Сяргея Салаўёва. /Соловьева П. (Allegro). Чудесная ночь. Пьеса в стихах. С.-Петербург. 1910./]
    Сярген Новік-Пяюн - асоба, значная для беларускай культуры ў цэлым: педагог, арганізатар, пісьменнік, перакладчык...
   На 1920 – 1930-я гг. прыпадае адзін з пікаў яго актыўнасці ў галіне драматургіі. Менавіта тады ён стварыў адну аўтарскую п’есу і тры пераклады, што ўзбагацілі беларускі тэатральны рэпертуар, у першую чаргу - дзіцячы.
    1920-1930-я гады адзначаны актыўным супрацоўніцтвам Сяргея Новіка-Пеюна з віленскім дзіцячым часопісам “Заранка” (1927 - 1931), які выдавала Зоська Верас. Часопіс, у нашаніўскіх традыцыях, меў асветніцкі ўхіл, яго аўтары імкнуліся пашырыць кругагляд кола чытання дзіцяці. На яго старонках знаходзілі месца апавяданні, вершы, паэмы, п’есы пісьменнікаў-беларусаў (часам нават саміх дзяцей), спазнавальвыя матэрыялы і, апрача таго, перакладныя творы з украінскай (асабліва з часопісаў “Світ дитины” і “Пчолка”), рускай, польскай, заходнееўрапейскіх моваў. Культурніцкія памкненні С. Новіка-Пеюна добра стасаваліся са стратэгіяй выдаўцоў “Заранкі”, і ён, знаходзячыся ў высылцы ў горадзе Свеце над Віслай (Польшча), актыўна супрацоўнічаў з гэтым часопісам, дасылаў у “Заранку” свае творы (апавяданне “Андрэйка”, вершы) за подпісам “Малады Дзядок”, водгукі на творчасць чытачоў “Заравкі” і такім чынам дасягаў і літаратурных, і педагагічных мэтаў. П’есы 1927 г., якія таксама былі выдадзены ў Вільні, цалкам лагічна разглядаць як частку гэтай дзейнасці. Пераклад “Прадкі пад крыжам” Ф. Аманькоўскай прыпадае на пазнейшыя гады супрацоўніцтва С. Новіка-Пеюна з часопісам “Хрысціянская думка” і быў апублікаваны ў дадатку да яго.
    Увогуле ж у канцы 1920-х - 1930-я гг. С. Новік-Пяюн стварыў арыгінальную п’есу-аднаактоўку “Ёлка Дзеда Мароза” (Вільня, 1927) і пераклаў п’есы “Чароўная ноч” Паліксены Салаўёвай (Вільня, 1927), “Пакой у наймы”А. Паплаўскага і А. Галянскага (Вільня, 1927) і згаданую “Прадку пад крыжам” Ф. Аманькоўскай (Вільня. 1939). За выняткам аднаактавага жарту “Пакой у наймы”, змешчанага ў зборніку “Сцэнічныя творы. Кніжка першая” з серыі “Беларускі народны тэатр”, ўсе п’есы адрасаваны дзецям: “Ёлка Дзеда Мароза” - малодшага ўзросту, “Чароўная ноч” і “Прадка пад крыжам” - сярэдняга і старэйшага.
    Дзіцячая драматургія ў Заходняй Беларусі, паводле слушнай заўвагі Анатоля Трафімчыка, знаходзілася ў 1920 - 1930-я гг. у зародкавым стане. Таму спробы Сяргея Новіка-Пеюна ўзбагаціць рэпертуар беларускіх тэатраў, першую чаргу дзіцячых (а дзеці - будучыня!), сталіся істотнай культурнай з’явай.
    Беларускі тэатр на сваім пачатку амаль цалкам абапіраўся на фальклор... Сяргей Новік-Пяюн, таксама з’вярнуўся да. народнага жыцця і творчасці, інтэрпрэтаваў іх па-свойму. “Ёлка Дзеда Мароза” – не ўласна казка, а фантастычная сцэнка з вясковага жыцця, якая можа быць аднесена да так званай святочнай літаратуры. Дзеянне п’есы адбываецца на Куццю. Вызначаны аўтарам жанр твора - “Калядны абразок у 1-эй дзеі для дзіцячага тэатра” - можа быць удакладнены: па сутнасці, гэта сцэнар дзіцячага свята, арыентаваны на пастаноўку сіламі вучняў беларускай школы. Папрокі ў тым, што дзеянне п’есы не развіваецца на першы погляд здаюцца справядлівымі. Мы нават не можам вылучыць канфлікту абразка. П’еса складаецца з трох частак: 1) экспазіцыі (уводзіны ў становішча, збор слухачоў), 2) расповеду пра здарэнне ў лесе з хлопчыкам Васем і 3) паўтарэння Васевай гісторыі з героямі абразка. Адзіны напружаны момант – з’яўленне Дзеда Мароза, якога дзеці спачатку палохаюцца (як і Вася ў расповедзе), але потым атрымліваюць ад яго падарункі. Не перарастае ў канфлікт і сацыяльная няроўнасць, якая ў п’есе абмяркоўваецца; Наталька іранізуе з нагоды панскай ляноты і сквапнасці, а Юрка распавядае, якая прыгожая ёлка ў панскіх дзетак. Але гэтае становішча стабілізуе deus ех mасhinа ў асобе Дзеда Мароза: ён дае сялянскім дзеткам і прыгожую ёлку, і грошы, што вызваляць бедныя сем’і ад вечных пазык у пана. У кантэксце п’есы гэтага дастаткова.
    Што ж можна назваць рухавіком твора? На маю думку, яго “містэрыйны” сэнс - аднаўленне прэцэдэнтнай міфалагічнай сітуацыі і выпрабаванне героя. Гаворка ў п’есе вядзецца пра свята гадавога кола: нараджэнне Хрыста (які, як вядома, прыйшоў у свет у беднасці, і гэта дадатковая неназваная паралель для абставінаў п’есы). Аўтар абмежаваўся ўказаннем, на традыцыйнасць свята і стварэннем адпаведнай абстаноўкі (найперш – падрабязна апісанае аздабленне стала). Але паўтараецца не толькі свята. Дзеці ўвідавочкі робяцца сведкамі “казкі пра Дзеда Мароза”, якая ўжо адбылася з іх знаёмцам і цяпер разгортваецца ў рэальным часе. Страшны выгляд Дзеда Мароза відавочна звязаны з яго дваістай казачнай функцыяй: ён можа і пакараць, і ўзнагародзіць. Вася быў узнагароджаны – за прывабны выгляд, ветлівасць (“Усіх няветлівых, злых марожу, але цябе не крану, бо вельмі ты мне спадабаўся”), а таксама “за шчырасць і добрае сэрца”. Вясковыя дзеці да якіх завітаў Дзед Мароз, спалоханыя, бо не ведаюць. як ён паставіцца да іх, але Дзед Мароз усцешаны добрай Юркавай казачкай і песняй пра самога сябе, і небяспека знікае.так і не з’явіўшыся. Тут відавочны і маральны сэнс;. ветлівасць, шчырасць і талент заўсёды прывабныя і маюць быць перанятымі гледачамі. А “бесканфліктнасць” казкі добра тлумачыцца малым узростам адрасатаў, якіх не варта моцна палохаць і для якіх “грубага голасу” Дзеда Мароза болей чым дастаткова.
    Сюжэтна “Ёлка Дзеда Мароза” перагукаецца з драматургічнай казкай Паліксены Салаўёвай “цудоўная ноч”, якую Сяргей Новік-Пяюн пераклаў у той самы год. Твор П. Салаўёвай таксама належыць да “святочнай” літаратуры. І ў расейскай пісьменніцы дзеці (хлопчык і дзяўчынка) узнагароджаны за выдатныя маральныя якасці (любоў адно да аднаго), а дзеянне адбываецца на Новы год ля незвычайнай лясной елкі. Аднак ў П. Салаўёвай паэтычная структура ўскладняецца за кошт асаблівай насычанасці вобраза елкі – адпаведніка Хрыста ў свеце дрэваў (яна ўвасабляе самаахвярнасць, любоў да бліжняга і да ўсяго свету). Навагодняя ёлка ў п’есе ператвараецца ў падвядзенне вынікаў сусветнай дабрачыннасці казачных персанажаў, якія складаюць культурны далягляд чытача-дзіцяці. Нездарма акрамя педагагічнай высновы (сапраўдная любоў непадуладная ліхім чарам; неабходна рабіць дабро) ў творы відавочны і яшчэ адзін урок: трэба чытаць казкі, любіць іх і верыць ім. Казка П. Салаўёвай заслугоўвае асаблівай увагі і таму, што гэта адзіны з усіх твораў, напісаны цалкам у вершаванай форме, і яе пераклад дэманструе магчымасці перадачы паэтычных асаблівасцяў арыгінала сродкамі беларускай мовы, а таксама - Найбольш яскрава - перакладніцкае майстэрства С. Новіка-Пеюна.
    Мова перакладу не заўсёды бездакорная: часам трапляюцца русізмы, пераважна лексічныя (“Тайніцы знаю лясныя / Дняўныя, начныя”, “хор нявідзімых ангелаў”, спешка, кудравы, сатвару і некаторыя іншыя), і шурпатасці, відавочна выкліканыя міжмоўнымі несупадзеннямі (рыфмы кшталту сваей - хутчэй, гарэшкі - Беласнежцы), Тут спрычыніліся і цяжкасці перакладу вершаванага тэксту, і адносная неўнармаванасць тагачаснай беларускай мовы. Але Сяргей Новік-Пяюн здолеў зрабіць галоўнае: перадаць дух і настрой арыгінальнага твора, а акрамя таго – захаваць яго багаты фанетычны строй, часам нават узбагаціць яго. У п’есе шмат прыватных перакладніцкіх знаходак...
    Мова перакладу п’есы “Прадка пад крыжам” Ф. Аманькоўскай больш чыстая (тэкст не вершаваны), і ў ёй сустракаюцца толькі паасобныя паланізмы (напрыклад, сардэчны палец - безыменны). У цэлым узровень перакладаў С. Новіка-Пеюна можна вызначыць як досыць высокі, асабліва з улікам часу, у які яны рабіліся.
    Звяртае на сябе ўвагу агульнасць зместу ўсіх трох п’ес, якія перакладчык вырашыў прапанаваць дзецям. Рэч нават не ў тым, што ўсе гэтыя творы так ці інакш звязаныя са святамі (“Ёлка Дзеда Мароза” і “Цудоўная ноч” - з Калядамі і Новым годам, а “Прадка пад крыжам” - з, Купаллем). Сяргей Новік-Пяюн відавочна падыходзіў да выбару п’ес найперш як педагог, выхаваўца сэрцаў. Бо ў кожнай з п’ес перамогу над небяспекай (уяўнай або сапраўднай) атрымаюць не сіла і не чары, а дабрыня, любоў. спагадлівасць, самаадданасць. Здольнасць герояў ахвяраваць вельмі многім дзеля любімых - агульная рыса п’ес П. Салаўёвай і Ф. Аманькоўскай. У п’есе П. Салаўёвай брат і сястра наперабой прапануюць уласнае жыццё, калі ёсць пагроза для іншага, а дапушчанымі да ёлкі могуць быць толькі тыя, хто ў старым годзе рабіў добрыя ўчынкі; атрымліваецца своёасаблівая апалогія казачных герояў - нават воўка і Бабы Ягі, у якіх падкрэслены станоўчыя функцыі чароўных памагатых. У п’есе Ф. Аманькойскай з яскравым рэлігійным складнікам задзейнічаны матыў продажу душы д’яблу, і толькі непахісная вера і самаахвярнасць гераіні ратуе яе брата, які патрапіў у пастку да нячысціка.Такім чынам, С. Новік-Пяюн імкнуўся перш за ўсё выхоўваць у дзіцячых душах дабрыню. а таксама – веру ў дабрыню свету, у справядлівасць, у цуд.
    Адбор п’ес Сяргеем Новікам-Пеюном адменны і тым, што гэта творы, дастаткова складаныя паводле формы і зместу. І, уводзячы іх у беларускі кантэкст, перакладчык узбагаціў і ўласна беларускую дзіцячую драматургію, якая тады яшчэ не дасягнула такога узроўню развіцця, як руская ці польская, выдатнымі прыкладамі з іх”. /Жыбуль В.  Сяргей Новік-Пяюн і дзіцячая драматургія 1920-1930 гг. [Пісьменнік і тэатр] // Роднае слова. № 8. Мінск. 2006. С. 125-127./
    Увагу звяртае на сябе “Ёлка Дзеда Мароза”. Аўтар сціпла назваў гэты твор абразком. А гэта – цудоўная інсцэніраваная казка. Яна - чароўная; сярод дзеючых асобаў - не толькі дзеці, іх мама і тата, сябры, а яшчэ і Дзед Мароз, Сняжынкі і Красналюдкі - малыя чалавечкі з  доўгімі белымі вусамі і бародамі, у рознакаляровых вопратках і высокіх шапках. Казка пра багатых паноў і бедных сялян, добрыя ўчынкі сялянскіх дзяцей, казачнага хлопчыка-сірату Васілька, які, каб усцешыць перад навагоднім святам хворую дзяўчынку Люсю, пайшоў у лес па ялінку, і пра тое, як Дзед Мароз падараваў яму прыбраную калядную ёлачку. А самае галоўнае - у канцы: Дзед Мароз, ідучы па сяле, пачуў, як у адной хаце Янка і Наталка з суседскімі дзецьмі Юрачкам і Параскай хораша спяваюць, апавядаюць казку і мараць пра святочную ёлачку, - і завітаў да іх, Пахваліў іх, пазнаёміўся з імі, падараваў ім ёлачку, а яшчэ шмат гасцінцаў. Весяліліся разам. Святкавалі тут, вядома, і служкі Дзеда Мароза - Красналюдкі ды Сняжынкі”. /Жуковіч В.  Жывая легенда. // Пралеска. № 8. Мінск. 1996. С. 40./
    “Яго п’есу “Ёлка дзеда Мароза” выдае ў 1927 г. Таварыства беларускай школы, і яна ставіцца ў многіх гуртках. Перакладае на беларускую мову некалькі п’ес польскіх аўтараў: “Пакой у наймы” А. Паплаўскага і А. Галянскага і іншыя і гэтым выдатна ўзбагачае рэпертуар беларускіх аматарскіх тэатральных гурткоў. Займаецца перакладамі рускай паэзіі, многа піша ў беларускія газеты і часопісы”. /Гайдук М.  З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2. 5./
 
 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz