niedziela, 27 kwietnia 2014

ЎЎЎ 3-1. Нэрчана Індзігірская. Цярністы шлях Сяргея Новіка ды Якутыя. Ч. 3. Сш. 1. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 
 
    “Пасля адбыцця пяцігадовай высылкі я вярнуўся ў родныя Лявонавічы, але паліцыя праз чатыры гадзіны пасля прыезду мяне арыштавала, а нясвіжскі “гродзкі” суд аддаў пад нагляд паліцыі і выслаў ад граніцы за сто кіламетраў”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Беларускі паэт-лірык. нашанівец Дзядзька Гальяш (Да 100-годдзя з дня нараджэння Гальяша Леўчыка). // Голас Радзімы. Мінск. 24 ліпеня 1980. С. 7./
    “31 ліпеня 1931 года прыехаў дадому. Паспаў толькі чатыры гадзіны, і мяне зноў забралі - бунтаўшчык прыехаў. І вось сядзеў я ў адзіночцы”. /Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 53./
    Калі прадстаўнік акупацыйнай улады параіў Сяргею запісацца палякам, юнак адказаў: “Я нацыянальнасцю не гандлюю”. Якое ні гучнае слова патрыёт, але тут яно дарэчы... Чужынцы, што пачуваліся ў нас гаспадарамі, адмовілі хлопцу ў праве называцца беларусам і ў графе нацыянальнасць зрабілі прочырк... /Жуковіч В  Пакутнік з ХХ стагоддзя. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 15 верасня 2006. С. 14./
   “Перадусім нам забаранялі называцца беларусамі, а называлі тутэйшымі.
    - А чаму забаранялі?
    - Ну, няма беларусаў, няма такога народа... Як трэба было пашпарт атрымаць, дык у анкеце напісаў: нацыянальнасць - беларус, родная мова - беларуская. Тады мяне выклікаюць: “Такі малады кавалер... Запішыся палякам - пашлюць у акадэмію”. Я гавару: “Я сваёй нацыяй не гандлюю!” І ведаеце, што зрабілі? Ніякай нацыянальнасці не паставілі. Прочырк. Да 39-га года - ніхто. Я на ўсё жыццё запомніў прозвішча таго начальніка дзяржбяспекі - Тадэвуш Юрэнтзайц...” /Давыдоўскі Ул.  Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 53./
    У сярэдзіне 1931 г. Сяргей Новік вярнуўся да хаты, пад нагляд паліцыі. Калі прадстаўнік белапольскай улады афармляў яго пашпарт, то прапанаваў Сяргею запісацца палякам, а ён адказаў: Пішыце беларусам. Я нацыянальнасцю не гандлюю”. Яму адмовілі і ў графе “нацыянальнасць” зрабілі прочырк”. /Барыс С.  Малады дзядок. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 7-8. Мінск. 1991. С. 154./
    І хоць ссылка скончылася, але С. М. Новіку-Пяюну не толькі не дазваляюць вярнуцца да працы ў школе, але нават жыць у роднай мясцовасці”. /Гайдук М.  З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2. 5./
    “У жніўні 1931 года белапольская паліцыя двойчы арыштоўвала мяне, як “бунтаўшчыка”, а Нясвіжскі “гродзкі” суд аддаў пад нагляд паліцыі. Але хор наш жыў, як жыла песня ў нашым народзе. Калі мяне не было, хорам кіраваў Уладзімір Міхайлавіч Кудрук”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Песня ляціць праз гады. // Беларусь. Мінск. № 7. 1966. С. 28./ Мо’ у 1933?
    Чалавек, які меў дыплом каталіцкай навучальнай установы горада Парыжа, што давала яму права стаць святаром, ён з асабліваю пяшчотаю й трымценнем ставіўся да Найсвяцейшай Маці Божай”. /Калістра З.  “Зорачкі ІІ”. (Імпрэза да 90-годдзя Сяргея Новіка-Пеюна). // Голас Радзімы. Мінск. 12 верасня 1996. С. 5./
    Магчыма напрыканцы 1931 года, Сяргей Новік здзейсніў падарожжа ва Францыю, пра што сведчыць наступны допіс:
                                                      LISTY Z PAŬNOČNAJ FRANCYI
                                                                                 II
                                               CIАŽKA ZACHWAREŬ KS. FR. ČARNIAŬSKI
    Nia radasnaju wiestkaj chaču ja padzialiccf z čytačami Chr. Dumki.
    Prypadkowa dawiedaŭšysia ad swaich siabroŭ-studentaŭ, što ŭ wadnym z tutejšych špitalaŭ lažyć chwory Ksiondz Francišak Čarniaŭski,
ja pastanawiŭ pajści Jaho pierawiedać. 13 studzienia 1932 hodu ja z inšymi dwama siabrami pajsoŭ u toj špital. Wielmi ŭściešyŭsia Jon, ubačyŭšy nas. A da mianie - kazaŭ - nichto jašče nia prychodziŭ...- Ks. Francišak Čarniaŭski duža clažka zachwareŭ, budučy ŭ swajoj parachwii ŭ Montigny (paŭnočnaja Francyja).
    U aŭtorak, uwiečary, 26 studnia 1932 hodu Ks. Fr. Čarniaŭskaha prywieźll ŭ Lille da špitala, dzie adrazu zrabili aperacyju ślapoje kiški (apendicit). Paśla aperacyi Jon čujecca wielmi słaba. Šwy, woś užo katory dzień, niezašyty. Praz uwieś čas nia moža Ks. F. Č. dobra zasnuć; kazaŭ, što tolki časam zdramnie. Haračka pierawyšaje 390. Jeści jašče ničoha nie dajuć, tolki pić, dziela padtrymańnia siłaŭ.
    Lažyć Ks. Fr. Č. adzin u wasobnym prastornym i čystym pakojčyku. Wakno adčyniena, a praz jaho dalataje ciopły wieciarok. Dobraja
siańnia pahodka, - skazaŭ jon - i nieba takoje jasnaje! - Nasuproć łožka, na čornym kaminku, staić Raśpiaćcie. Ukryžawany Chrystus pramaŭlajliae wyrazam Swajho Światoha Abličča da Ks. Fr. Čarniaŭskaha i bahasławić Jaho da chutkaha wyzdaraŭleńnia. Za waknom čujecca čyrykańnie wierabiejčykaŭ.
    Mianie Ks. Fr. Čarniaŭski pieršy raz ubačyŭ, a ja Jaho taksama. Dawiedaŭšysia, chto ja, jon źwiarnuŭ da mianie swaje wyrazistyja, dobryja wočy i skazaŭ: napišecie Ksiandzu Ad. Stankiewiču ŭ Wilniu, što ja chwory, a to Jany i wiedać nia buduć...
    Chacia-b ja i sam napisaŭ, ale spaŭniajučy prośbu dastojnaha Biełarusa, tym chutčej wysyłaju hety list. Dadaŭšy Ks. Fr. Č. nadziei na chutkaie wyzdaraŭleńnie, my raźwitalisia z Im.
    A ŭ dušy my twaryli cichija molby da Stwaryciela, kab pasłaŭ zdaroŭje dobramu Ajcu Francišku.
    Siańnia, 1 lutaha 1932 hodu. ja pastaŭ piśmo da Ks. Fr. Č., pawiedamlajučy Jaho, što wysyłaju da Was hety list. Siabry mnie kazali, što Jon čujecca nadalej słaba: unočy harački było 40o. Ks. Fr. Č. prasiŭ, kab malilisia za Jaho wyzdaraŭleńnie.
    My nia chočam nawiet i dumki dapuścić ab tym, što jon nie paprawicca! My chočam, kab Jon žyŭ! I my molim Zbaŭcu Chrystusa, kab wybawiŭ darahoha Pastyra ad ciaipieńnaŭ.
    Nadrukujcie, Pawažany Redaktar, hety list moj u Chryścijanskaj Dumcy, kali łaska. Chaj usie sercy blełaruskija złučacca ŭ haračaj malbie prad Tronam Usiawyšniaha za chutki pawarot da zdaroŭja našaha darahoha Ksiandza Franciška Čarniaŭskaha.
    [Siarhiej Piajun.
    Lille 1 lutaha 1932 h. Paŭnočnaja Francyja.]
    PRYPISKA REDAKCYI. Pawodle apoŭšnich wiestak, chwory čujecca lepš i choć pawoli, ale stała papraŭlajecca. Adwiedwajuć jaho biełarusy studenty, jakija ŭ tymža horadzie wučacca na ŭniwersytecie. Dobra, što choć jość kamu adwiedać! Niachaj ža Boh daje našamu darahomu Ks. Fr. Č., wiernamu synu Kaścioła i Narodu, chutčej wiarnucca da zdaroŭja! /Chryścianskaja dumka. Wilnia. № 2. 1932. S. 7./
    Нагадаем, што Францішак Чарняўскі нарадзіўся з лістапада 1893 г. у в. Чухны Ашмянскага павету Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі. Ад 1916 г. ён клерык Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Пасьвячоны ў сьвятары 30 траўня 1920 г. і служыў на пасадзе вікарыя ў парафіі Сухаволя ды таксама ў Саколцы ды ў Кузьніцы. Чытаў казаньні на беларускай мове і распаўсюджваў сярод вернікаў беларускія выданьні. У 1924-1927 гг. вучыўся ў Рыме, спачатку ў папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце, пазьней у папскім Усходнім інстытуце, які закончыў, абараніўшы магістэрскую дысэртацыю. У 1927 г. вярнуўся на бацькаўшчыну. Пэўны час жыў у кляштары айцоў марыянаў у Друі. Сябра беларускай дэлегацыі на 5-м Вуніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславаччына, 20-24 ліпеня 1927.). Пазьней быў прызначаны вікарыем пры касьцёле сьв. Яна ў Вільні. У 1929 г. накіраваны місіянэрам у Францыю з мэтай весьці душпастырскую дзейнасьць сярод польскіх і беларускіх вуглякопаў. У кастрычніку 1933 г. выехаў у Бэльгію, дзе некалькі гадоў правёў у кляштары айцоў бенядзіктынцаў (1953-1955). Акрамя душпастырскай дзейнасьці выдаваў і рэдагаваў бюлетэнь “Божае слова”. Ад красавіка 1957 г. стала жыў у ЗША. Працаваў у шэрагу амэрыканскіх каталіцкіх парафій на пасадзе вікарыя. Выдаваў беларускі рэлігійны часопіс “Siaŭbit”. Выступаў з малітвамі ў Кангрэсе ЗША. Апошнія гады душпастырства правёў у мясцовасьці Форт-Эдвард. Памёр 31 траўня 1979 г. у мясцовасьці Амстэрдам (штат Нью-Ёрк) ЗША.
    Як адзначаюць даследчыкі Сяргей Новік апублікаваў у “1932. Музыкай вяснянаю... [Верш] // Хрысціянская думка. № 4 / Пад псеўд. С. Пяюн.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ “Piajun, S.; Рiajun, Siarhiej = Новік Сяргей М. “Chryścijanskaja dumka”, 1929-1932. Кр.: інф. аўтара. /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 149./
    Вершаваную драму А. С. Пушкіна “Русалка”, “Сяргей Новік пераклаў у 1932 годзе для лявонавіцкага драматычнага гуртка. /Тэатральная Беларусь. Мінск. № 3. 1994. С. 10./ Лічыцца ж, штоА. Звонак з’явіўся першым перакладчыкам драмы “Русалка”, урывак з якой быў апублікаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” (1936. 26 жн.). Але завяршыць пераклад паэту не давялося ў сувязі з арыштам у 1936 г. [Пётра Барысавіч /Алесь/ Звонак у 1937 г. быў арыштаваны і адправіўся на 10 гадоў у лагеры Дальбуду, куды трохі пазней трапіць і Сяргей Новік. Рэабілітаваны Звонак быў у 1954 г. і ў 1955 вярнуўся ў Беларусь.]Толькі ў 1994 г. Сяргей Новік-Пяюн цалкам апублікаваў свой пераклад “Русалкі”. /Махнач Т.  А. С. Пушкін у друку Беларусі. // Пушкін – Беларуская культура – Сучаснасць. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 26-27 мая 1999 г.) [Беларусіка: Albaruthenica 12]. Мінск. 1999. С. 182./



                              А. С. Пушкін
                                                                  РУСАЛКА

                                                       БЕРАГ ДНЯПРА. МЛЫН.
                                                          Млынар і яго дачка.

                                                                  Млынар
                                          Вох, якія ж, дзеўкі маладыя,
                                          Дурныя вы. Калі ўжо падвярнуўся
                                          Вам чалавек багаты і не просты,
                                          Дык вам яго патрэбна прыняволіць.
                                          А чым? Сумленнем, розумам сваім.
                                          Завабліваць то строгасцю, то ласкай,
                                          А часам спадцішка, адным намёкам
                                          І пра вяселле гаманіць, перш-наперш
                                          Свой гонар трэба берагчы дзявочы -
                                          Каштоўны скарб, бо ён - як слова тое:
                                          Ледзь выпусціш яго - назад не вернеш.
                                          Як на вяселле ўжо няма надзеі,
                                          Дык можна выгадаць, ва ўсякім разе,
                                          Сабе прыбытак нейкі і карысць
                                          Ці сваякам сваім; падумаць трэба:
                                           “Не вечна ж будзе ён мяне кахаць
                                          І песціць гэтак”. Але ж не, куды там
                                          Вам разважаць пра ўсё? Ці ж выпадае?
                                          Адразу ж вы здурэеце: вы рады
                                          Усе капрызы выканаць яго.
                                          Гатовы цэлы дзень вісець на шыі
                                          У сябра любага; а любы ваш -
                                          Глядзіш - прапаў ужо, знік нават след, і вас
                                          Ні з чым пакінуў... Вох, вы ўсе дурныя!
                                          Ці не казаў табе я сто разоў:
                                           “Гэй, глянь, дачка, не будзь такой дурніцай,
                                          Не праваронь жа шчасця ты свайго,
                                          Не выпусці ты князя, ды папросту
                                          Не загубі сябе дарма. Што ж выйшла?
                                          Сядзі цяпер ды плач аб тым.

                                                        Дачка
                                                                                       Чаму ж
                                          Ты думаеш, што ён мяне пакінуў?

                                                        Млынар
                                          А хіба ж не? Не раз, не два, бывала,
                                          Ён да млына на тыдзень заязджаў?
                                          Усякі Божы дзень, а часам, можа,
                                          І двойчы ў дзень; а там усё радзей
                                          Стаў прыязджаць - і вось дзевяты дзень
                                          Як мы не бачылі яго. Што скажаш?

                                                        Дачка
                                          Заняты ён, ці мала ёсць турботаў?
                                          Ён не млынар, і за яго не будзе
                                          Штодзённа працаваць вада! Ён кажа,
                                          Што праца найцяжэйшая ў яго.

                                                        Млынар
                                          Але, ты вер! Калі князі працуюць?
                                          І што іх праца, га? Страляць зайцоў,
                                          Банкетаваць, ды абіраць суседзяў,
                                          Ды падгаворваць вас, дурніцаў бедных.
                                          Ён сам працуе - паглядзець балюча.
                                          А за мяне вада!.. Няма ж спакою
                                          Ні ўдзень, ні ўночы; а зірнеш - убачыш:
                                          То тут, то там рабіць папраўкі трэба,
                                          Дзе гніль, дзе цеча. Вось калі б у князя
                                          На адбудову выпрасіць змагла ты
                                          Хоць трошкі грошыкаў, дык лепш было б.

                                                        Дачка
                                          Ах!

                                                        Млынар
                                          Што такое?

                                                        Дачка
                                          Тс-с. Я чую тупат
                                          Яго каня... Ён! Ён!

                                                        Млынар
                                                                      Глядзі ж, дачка,
                                          Не забывай маёй парады, згода?

                                                        Дачка
                                          Вось ён, вось ён!

                        /Уваходзіць князь. Стайнік адводзіць яго каня./

                                                        Князь
                                                            Дзень добры, любы друг!
                                          Млынар, добры дзень!

                                                        Млынар
                                                                     Міласцівы князь,
                                          Дык просім, калі ласка! ВІо даўно
                                          Тваіх вачэй не бачылі мы светлых.
                                          Пайду табе прыбраць я пачастунак.
                                                             (Адыходзіць.)

                                                        Дачка
                                          Ах, ты нарэшце ўспомніў пра мяне!
                                          Ну, ці не сорамна так доўга мучыць
                                          Мяне пустым, такім цяжкім чаканнем?
                                          Чаго мне ні прыходзіла ўжо ў голаў?
                                          Якім сябе ні пудзіла я страхам?
                                          То думала, што конь цябе занёс
                                          У прорву ці ў балота; што мядзведзь
                                          Цябе ў лясной гушчэчы паваліў;
                                          Што хворы ты; што разлюбіў мяне -
                                          Ды, дзякуй Богу, ты жывы і цэлы.
                                          І ўсё мяне кахаеш, як даўней,
                                          Што, ці ж няпраўда?

                                                        Князь
                                                                          Як даўней, анёл мой!
                                          Не, больш даўнейшага.

                                                        Каханка
                                                                            Аднак жа ты
                                          Журботны; што з табой?

                                                        Князь
                                                                          Журботны я?
                                          Табе здалося так. Не, я вясёлы,
                                          Калі цябе я толькі бачу.

                                                        Яна
                                                                Не,
                                          Калі вясёлы ты, дык да мяне спяшаеш
                                          Здалёк і клічаш: дзе мая галубка?
                                          Што робіць там яна? Пасля цалуеш,
                                          Пытаешся: ці рада я табе,
                                          Ці я цябе чакала гэтак рана?
                                          А сёння - слухаеш мяне ты моўчкі,
                                          Не абдымаеш, не цалуеш, зараз
                                          Ты нечым устрывожаны, напэўна?
                                                                                         Чым жа?
                                          Ці не злуеш ты часам на мяне?

                                                        Князь
                                          Не буду я прыкідвацца дарэмна
                                          І адмаўляць усё. Я ў сэрцы смутак
                                          Нашу цяжкі - і ты яго не можаш
                                          Ні ласкамі кахання разагнаць,
                                          Ні раздзяліць са мною, ні аблегчыць.

                                                        Яна
                                          Але балюча мне не сумаваць
                                          Адным з табою сумам. Есць тут тайна?
                                          Дазволіш - буду плакаць, не дазволіш -
                                          Ні слёзкай я табе не надакучу.

                                                        Князь
                                          Нашто марудзіць? Чым хутчэй, тым лепей.
                                          Мой любы сябар, ведаеш, на свеце
                                          Няма дабра ў нас: н1 славуты род,
                                          Ні прыгажосць, ні сіла, ні багацце -
                                         Нішто бяды не можа мінаваць.
                                          І мы - не праўда ж, га, мая галубка? -
                                          Былі шчаслівыя з табой. Прынамсі,
                                          Шчаслівы я табой, тваім каханнем;
                                          І што са мной наперадзе ні будзе,
                                          Дзе б я ні быў, а памятаць я буду
                                          Цябе, мой сябар, і таго, што трачу,
                                          Нішто на свеце не заменіць мне!

                                                        Яна
                                          Я слоў тваіх яшчэ не разумею,
                                          Але мне страшна. Лёс нам пагражае,
                                          Рыхтуе ён нязнанае няшчасце -
                                          Расстанне, пэўна.

                                                        Князь
                                                      Так, ты адгадала:
                                          Расстанне лёсам суджана ўжо нам.

                                                        Яна
                                          Хто нас разлучыць? Хіба за табою
                                          Усюды ўслед ісці я ўжо не згодна?
                                          Я хлопцам апрануся; верна буду
                                          Табе служыць дарогай, у паходзе
                                          Ці на вайне, - не страшна мне яна -
                                          Абы цябе мне бачыць. Не, не веру!
                                          Мо выведаць мае ты думкі хочаш,
                                          Мо жарт пусты ты тут са мною строіш?..

                                                        Князь
                                          Не, жартаваць я сёння не ахвочы.
                                          Распазнаваць цябе не трэба мне;
                                          І не сабраўся я ані ў дарогу,
                                          Ні на вайну - лепш дома буду я,
                                          Але з табой павінен развітацца.

                                                        Яна
                                          Чакай, цяпер я разумею ўсё:
                                          Ты жэнішся?

                                          /Князь маўчыць./

                                          Ты жэнішся?

                                                        Князь
                                                              Што зробіш?
                                          Сама ты памяркуй. Князі не могуць...
                                          I, як дзяўчаты, не па сэрцы ўсе
                                          Сабе бяруць сябровак - па разліку,
                                          А не, дык і дзеля выгады чужой.
                                          А Бог і час твой смутак супакоіць.
                                          Не забывай мяне! Вазьмі на памяць
                                          Павязку - дай, табе я сам надзену.
                                          Яшчэ прывёз з сабою я каралі.
                                          Ты іх вазьмі. А гэта... гэта бацьку
                                         Твайму я абяцаў - аддай яму.
                                           (Дае ёй у рукі мяшок з золатам.)
                                          Бывай!

                                                        Яна
                                                    Чакай, табе сказаць я мушу -
                                          Не памятаю што...

                                                        Князь
                                          Прыпомні.

                                                        Яна
                                                                Я табе
                                          Гатовая... Не тое... Пачакай...
                                          Не, нельга, каб мяне на самай справе
                                          Ты мог пакінуць... Не, усё не тое...
                                          Ага, успомніла: дзіця тваё...
                                          Дзіця тваё пад сэрцам я адчула.

                                                        Князь
                                          Няшчасная! Хоць ты дзеля яго
                                          Паберажы сябе! Я не пакіну
                                          Ані твайго дзіцяці, ні цябе.
                                          Магчыма, з часам я і сам прыеду
                                          Праведаць вас. Дык не бядуй, суцешся.
                                          Дай абдыму цябе апошні раз.
                                                     (Адыходзячы.)
                                          Вох, скончана! Душы лягчэй як быццам.
                                          Я думаў, бура будзе, але ўсё
                                          Нейк абышлося.
                                                      (Адыходзіць.)

                                          /Яна застаецца нерухомая./

                                                        Млынар
                                                      (уваходзіць)
                                                               Можа, вы хацелі б
                                          У млын наведацца. Ды толькі дзе ж ён?
                                          Скажы, дзе князь наш? Ба-ба-ба! Якая
                                          Павязка! Дык яна ж - у камянях...
                                          Так і гарыць! І пацеркі!.. Ну, ну!
                                          Вось царскі падарунак! Дабрадзей наш!
                                          А гэта што? Мяшочак? Ці не грошы?..
                                          Ды што ж ты так стаіш і - ані слова?
                                          Не вымавіш ні слоўца? Можа, ты
                                          Ад нечаканай радасці здурнела,
                                          Ці на цябе слупняк напаў?

                                                        Дачка
                                                                  Не веру,
                                          Не можа быць. Я так яго кахала...
                                          Ды ці ж ён звер? Ці сэрца мо ў яго
                                          Касматае?

                                                        Млынар
                                           Пра што, пра што ты кажаш?

                                                        Дачка
                                          Скажы, мой родны, як магла яго
                                          Так угнявіць я? І няўжо за тыдзень
                                          Краса мая прапала? Ці яго
                                          Атрутай апаілі?

                                                        Млынар
                                                     Што з табою?

                                                        Дачка
                                          Мой родны, ён паехаў! Вунь ён скача!
                                          І я яго, вар’ятка, пусціла!
                                          І не змагла я за крысо ўхапіцца,
                                          І на аброці не павісла я.
                                          Няхай бы ён ад злосці мне адсек
                                          Па локаць рукі і няхай бы тут жа
                                          Ён растаптаў мяне сваім канём!

                                                        Млынар
                                          Ты трызніш?

                                                        Дачка
                                                          Ведаеш, князі не могуць,
                                          Нібы дзяўчаты, выбіраць сабе
                                          Па сэрцы сябра... Але ж нельга ім
                                          Падманваць нас вось гэтак і бажыцца
                                          Або казаць: “Цябе я павязу
                                          У харом свой, таемную святліцу,
                                          І прыбяру ў парчу і аксаміты”.
                                          Дзяўчатак бедных могуць навучаць
                                          3 апоўначы на свіст іх падымацца
                                          І да світання за млыном сядзець!
                                          Ім люба сэрца князеўскае цешыць
                                          Няшчасцем нашым! А пасля - бывай:
                                          Ідзі галубанька, куды захочаш;
                                          Кахай, каго надумаеш!

                                                        Млынар
                                                               Дык вось што!

                                                        Дачка
                                          Ды хто ж яго нявеста? На каго
                                          Ён прамяняў мяне? Я дабяруся!
                                          Дазнаюся! Скажу ёй, ліхадзейцы:
                                          Адстань ад князя,— бачыш, дзве ваўчыцы
                                          Не водзяцца ў адным яры...

                                                        Млынар
                                                                   Дурніца!
                                          Калі ўжо князь бярэ сабе нявесту,
                                          Хто можа перашкодзіць? Вось што? Бачыш.
                                          Хіба я не казаў табе...

                                                        Дачка
                                                               І мог ён,
                                          Як добры чалавек, са мной расстацца,
                                          Даваць мне падарункі? Як жа так?
                                          І грошы! Выкупіць сябе ён думаў!
                                          Ён мне хацеў язык засерабрыць,
                                          Каб не пайшла аб ім ліхая слава
                                          І не дайшла да жонкі маладой!..
                                          Ды вось забыла я - табе аддаць,
                                          Казаў ён, срэбра гэта... А за што?
                                          Што добры быў ты, што сваю дачку
                                          Пускаў за ім цягацца, што яе
                                          Трымаў не строга... Будзе на карысць
                                          Табе мая пагібель!
                                           (Аддае яму мяшок.)

                                                        Бацька
                                                      (у слёзах)
                                                                Да чаго дажыў!
                                          Дажыў я! Што пачуў! Не грэх табе
                                          Так горка дакараць за гэта бацьку?
                                          І ты адно дзіця ў мяне на свеце,
                                          Адна ты ўцеха ў старасці маёй:
                                          І як не песціць мне было цябе?
                                          Бог пакараў мяне... за што? Што слаба
                                          Бацькоўскі абавязак споўніў я.

                                                        Дачка
                                                                  Вох, душна!
                                          Халодная змяя мне шыю душыць...
                                          Змяёй, змяёю аблытаў ён мяне -
                                          Не перламі...
                                           (Рве з сябе перлы.)

                                                        Млынар
                                          Апамятайся.

                                                        Дачка
                                                                     Як
                                          Раздзерла б я цябе, змяю-зладзейку,
                                          Праклятую разлучніцу маю!

                                                        Млынар
                                          Ты трызніш, трызніш.

                                                        Дачка
                                           (здымае з сябе павязку)
                                                             Бачыш, вось вянок мой,
                                          Вянок ганебны! Вось чым павянчаў
                                          Нас хітры вораг, як я адраклася
                                          Ад усяго, чым гэтак даражыла!
                                          Мы развянчаліся. Згінь, мой вянок!
                                                    (Кідае павязку ў Дняпро.)
                                          Усё, цяпер канец!
                                                      (Кідаецца ў раку.)

                                                        Стары
                                                      (падаючы)
                                         Вох, гора, гора!

                                               КНЯЗЁЎСКІ ПАЛАЦ.
                              Вясеяле. Маладыя сядзяць за сталом. Госці,
                                                   Хор дзяўчат.

                                                        Сват
                                          Вясёлае вяселле мы згулялі.
                                          Дзень добры, князь з княгіняй маладой!
                                          Дай Бог вам у каханні жыць ды ў згодзе,
                                          А нам у вас каб часта баляваць.
                                          Што ж вы, дзяўчаткі-прыгажуні, змоўклі?
                                          Што ж, белыя лябёдачкі, прыціхлі?
                                          Няўжо і песні ўсе вы праспявалі?
                                          Няўжо ў вас горлачкі ад спеваў перасохлі?

                                                        Хор
                                              Свацейка, свацейка,
                                              Весталковы свацейка!
                                              Па нявесту ехалі,
                                              У гару заехалі!
                                              Піва бочку пралілі
                                              І капусту палілі,
                                              Тыну пакланіліся,
                                              Шулу памаліліся:
                                              Шула маё, шулейка,
                                              Пакажы дарожаньку
                                              Па нявесту ехаці.
                                              Свацейка, здагадайся,
                                              За кашалёк свой трымайся:
                                              Шамацець у ім сталі грошыкі,
                                             Да дзяўчат-красунь прыстасоўвацца.

                                                        Сват
                                          Насмешніцы, і выбралі ж вы песню!
                                          Вазьміце і не дакарайце свата.
                                                   (Адорвае дзяўчат.)

                                                        Адзін голас
                                          Па каменьчыках, па жоўценькім пясочку
                                          Прабягала хуткая рэчка,
                                          А ў той рэчцы гуляюць дзве рыбкі;
                                          Дзве рыбкі малыя, дзве плотачкі.
                                          А ці чула ты, рыбка-сястрыца,
                                          Ды пра нашы рачныя навіны?
                                          Як тапілася дзяўчына ўчора вечарам,
                                          Свайго сябра праклінала любага.

                                                        Сват
                                          Красуні! Гэта што яшчэ?
                                          Яна і не вясельная зусім.
                                          Хто выбраў песню гэтую?

                                                        Дзяўчаты
                                                                    Не я -
                                          Не я - не мы...

                                                        Сват
                                          Ды хто ж спяваў яе?
                                          Шэпт і збянтэжанасць сярод дзяўчат.

                                                        Князь
                                          Я знаю хто.
                                           (Устае з-зо стала і кажа ціха стайніку.)
                                         Яна сюды прыйшла:
                                          Хутчэй выводзь яе. 1 хто, спытай,
                                          Адважыўся яе пусціць?

                                          /Стайнік падыходзіць да дзяўчат./

                                                        Князь
                                              (сядае, сам да сябе)
                                                                            Яна, магчыма,
                                          Гатова нарабіць тут столькі шуму,
                                          Што я ад сораму не буду знаць, куды
                                          Схавацца мне.

                                                        Стайнік
                                          Я не знайшоў яе.

                                                        Князь
                                          Шукай! Яна, я знаю, тут. Яна
                                          Спявала песню гэту.

                                                        Госць
                                            Вось дык мёд!
                                          І ў галаву, і ў ногі так і б’е,
                                          Ды горкі ўсё ж: падсаладзіць патрэбна.

                                    /Маладыя цалуюцца. Чуцен слабы крык./

                                                        Князь
                                          Яна! Вось крык яе раўнівы!
                                                    (Стайніку.)
                                                                     Што?

                                                        Стайнік
                                          Я не знайшоў яе нідзе.

                                                        Князь
                      Вось дурань.

                                                        Дружка
                                                       (устаючы)
                                          Ці нам не час княгіню выдаць мужу
                                          Ды ў дзвярах маладых абсыпаць хмелем?

                                                   /Усе ўстаюць./

                                                        Свацця
                                          Вядома, час. Ну, дайце ж пеўня мне.
             Маладых кормяць смажаным пеўнем, потым абсыпаюць хмелем - і вядуць у спальню.

                                                        Свацця
                                          Княгіня, душачка, не плач, не бойся.
                                          І паслухмянай будзь.

             Маладыя ідуць у спальню, госці ўсе разыходзяцца, апрача свацці і дружкі.

                                                        Дружка
                                                               Дзе чарка? Усю ноч
                                          Пад вокнамі я буду раз’язджаць,
                                          Падмацавацца мне віном не дрэнна б.

                                                        Свацця
                                               (налівае яму чарку)
                                          На, выпі на здароўе.

                                                        Дружка
                                                   Дзякуй, дзякуй!
                                          І добра ўсё, папраўдзе, абышлося.
                                          Вяселле хоць куды!

                                                        Свацця
                                                                     Ды дзякуй Богу,
                                          Што добра, вось адно нядобра...

                                                        Дружка
                                          Што?

                                                        Свацця
                                          Ды не на добрае прапелі гэту песню,
                                          І не вясельную, Бог ведае якую.

                                                        Дружка
                                          Ох, гэтыя дзяўчаты! Ну, не могуць,
                                          Каб нейк не пасваволіць. Хіба ж можна
                                          Вяселле князеўскае каламуціць?
                                          Пайду. Сядаць мне трэба на каня.
                                          Бывай, кума.
                                                          (Адыходзіць.)

                                                        Свацця
                                          Ох, сэрца не на месцы!
                                          Не ў час мы зладзілі вяселле гэта.

                                                        СВЯТЛІЦА
                                                    Княгіня і мамка

                                                        Княгіня
                                          Здаецца, трубяць. Ну, а ён не едзе.
                                          Ах, мамачка! Як быў ён жаніхом,
                                          Ён ад мяне на крок не адыходзіў,
                                          З мяне вачэй, бывала, не спускаў.
                                          Пасля вяселля ўсё пайшло не гэтак!
                                          Цяпер мяне ранюсенька разбудзіць
                                          І ўжо загадвае сабе каня сядлаць,
                                          Да ночы ён Бог ведае дзе ездзіць.
                                          А вернецца - ледзь ветлівае слова
                                          Прамовіць да мяне, пасля рукою
                                          Па твары правядзе, і ўсё на гэтым.

                                                        Мамка
                                          Княгінечкаі Мужчына, нібы певень:
                                          Кіры-куку! Мах-мах крылом - і прэч!
                                          Жанчына, нібы бедная квактуха.
                                          Сядзі сабе ды куранят выводзь.
                                          Пакуль жаніх - ніяк не наглядзіцца,
                                          Не п’е, не есць, глядзіць не наглядзіцца;
                                          Як ажаніўся - настаюць турботы.
                                          Пачнецца то наведванне суседзяў,
                                          То паляванне, то яшчэ што-небудзь.
                                         То на вайну нячыстая нясе;
                                          Туды, сюды - а ў хаце не сядзіцца.

                                                        Княгіня
                                          Як думаеш? А ці не мае ён
                                          Каханкі тайнай?

                                                        Мамка
                                                                 Годзе, не грашы.
                                          Ну на каго цябе ён прамяняе?
                                          Ты ўсім, княгіня, узяла: і прыгажосцю,
                                          І звычаем, і розумам. Падумай,
                                          У кім, у кім яшчэ, як не ў табе,
                                          Ён знойдзе скарб такі, такі... каштоўны?

                                                        Княгіня
                                          О, каб жа Бог пачуў мае малітвы
                                          І мне паслаў дзяцей, дык да сябе
                                          Ізноў змагла б я мужа прывязаць...
                                          Двор поўны паляўнічых... Гэта муж
                                          Дамоў прыехаў. Так, ды толькі дзе ён?
                                                     /Уваходзіць лоўчы./
                                          Што князь, дзе ён?

                                                        Лоўчы
                                                      Князь загадаў дамоў
                                          Ад’ехаць нам.

                                                        Княгіня
                                                   А дзе ж ён сам?

                                                        Лоўчы
                                                                  Застаўся
                                          Адзін у лесе ён, на беразе Дняпра.

                                                        Княгіня
                                          Адважыліся князя вы пакінуць
                                          Там аднаго? Адданыя ж вы слугі!
                                          Хутчэй назад, назад хутчэй скачэце
                                          Сказаць яму, што я прыслала вас!
                                                        /Лоўчы адыходзіць./
                                          Ах, Божа мой! Начной парою ў лесе
                                          І дзікі звер, і люты чалавек.
                                          Там і Лясун... Ці доўга да бяды!
                                          Запальвай свечку лепш перад іконай.

                                                        Мамка
                                          Бягу, ужо бягу.

                                              ДНЯПРО. НОЧ.

                                                        Русалкі
                                              Вясёлым натоўпам
                                              З глыбокага дна
                                              Мы ноччу ўсплываем
                                              Усе як адна.
                                          Люба нам парой начною
                                          Дно рачное пакідаць,
                                          Люба вольнай галавою
                                          Глыб рачную праразаць,
                                          З крыкам плёскацца на плёсе
                                          І паветра раздражняць,
                                          Ды зялёнае валоссе
                                          І сушыць, і абтрасаць.

                                                        Адна
                                          Ціха, ціха пад кустамі
                                          Цені ў змрочку ажылі.

                                                        Другая
                                          Паміж месяцам і намі
                                          Нехта ходзіць па зямлі.
                                                 /Хаваюцца./

                                                        Князь
                                          Знаёмыя, журботныя мясціны.
                                          Я пазнаю вакольныя прадметы...
                                          Вось млын! Ён разваліўся ўвесь.
                                          І колаў шум вясёлы ўжо заціхнуў.
                                          І жорны сталі. Ці жыве стары?
                                          Дачку сваю аплакваў ён нядоўга.
                                          Вілася сцежка тут - яна заглухла...
                                          Тут садзік з плотам быў, няўжо разросся
                                          Ён гэтым кучаравым пералескам?
                                          Ах, вось і дуб той самы, тут яна,
                                          Мяне абняўшы, нечакана змоўкла -
                                          Няўжо ўсё так?..
                                           (Ідзе да дрэў, лісце сыплецца.)
                                                           Што гэта значыць? Лісце,
                                          Паблякнуўшы, скруцілася і з шумам,
                                          Як дождж, пасыпалася на мяне!
                                          Перада мной стаіць ён голы, чорны,
                                          Як дрэва, што праклята.

                                     /Уваходзіць стары ў лахманах і напаўголы./

                                                        Стары
                                                                 Ну, здарова,
                                          Здарова!

                                                        Князь
                                                 Хто ты?

                                                        Стары
                                                   Я крумкач тутэйшы.

                                                        Князь
                                          Няўжо? Млынар?!

                                                        Стары
                                                          Які яшчэ млынар?
                                          Я млын даўно прадаў запечным чэрцям!
                                          А грошыкі аддаў на захаванне
                                          Дачцэ маёй, маёй русалцы вешчай.
                                          Яны ў пяску Дняпра-ракі схаваны,
                                          Іх рыбка-аднавочка сцеражэ.

                                                        Князь
                                         Ён звар’яцеў, няшчасны. Думкі ў ім
                                         Рассеяны, як хмары пасля буры.

                                                        Стары
                                          Чаму да нас ты ўчора не прыехаў?
                                          У нас быў баль, мы ўсе цябе чакалі.

                                                        Князь
                                          А хто чакаў?

                                                        Стары
                                                           Як хто? Вядома.
                                          Ты знаеш, я на ўсё гляджу скрозь пальцы
                                          І волю вам даю: няхай яна
                                          Хоць ноч усю цяпер сядзіць з табою,
                                          Ні слова не скажу я.

                                                       Князь
                                          Млынар мой бедны!

                                                        Стары
                                          Які, кажу табе, я ўжо млынар?
                                          Крумкач я, не млынар. Выпадак дзіўны:
                                          Калі яна ўжо кінулася ў рэчку
                                           (Ты памятаеш?), я пабег услед.
                                          І скочыць з той скалы хацеў, як раптам
                                          Адчуў я крылы дужыя ў сябе.
                                          Яны знячэўку выраслі з-пад пахаў,
                                          Трымаючы мяне. і я з тых дзён
                                          То тут, то там лятаю, то дзяўбу
                                          Карову здохлую, то на магілцы
                                          Сяджу ды крумкаю.

                                                        Князь
                                                                    Шкада цябе.
                                          Хто ж даглядае?

                                                        Стары
                                                               Хто? Было б нядрэнна,
                                          Каб хтосьці даглядаў. Я ўжо стары,
                                          Сваволю. Дзякую, глядзіць мяне
                                          Русалачка.

                                                        Князь
                                          Хто, хто?

                                                        Стары
                                                    Унучка.

                                                        Князь
                                                                  Мне
                                         Не зразумець яго! Стары, у лесе ты
                                         Ці з голаду памрэш, ці звер цябе
                                          Тут з’есць. Мо пойдзеш у мой хорам
                                          Са мною жыць?

                                                        Стары
                                          У хорам твой? Не, дзякуй!
                                          Завабіш, а пасля мяне, магчыма,
                                          Каралямі задушыш. Тут я вольны,
                                          Жывы і сыты. Не хачу ў твой хорам.
                                                            (Адыходзіць.)

                                                        Князь
                                          І ў гэтым вінаваты я. Баюся,
                                          Што звар’яцею. Лепей мне памерці.
                                          На мерцвяка мы ўсе глядзім з павагай
                                          Ды молімся. Бо смерць раўняе
                                          З ім кожнага. А чалавек, якога
                                          Пазбавяць розуму, ужо не чалавек.
                                          Дарэмна мова дадзена яму.
                                          Ён не кіруе словамі, у ім
                                          Звер брата бачыць. Ён людзям на здзек.
                                         Усе смяяцца могуць. Бог не судзіць...
                                          Яго, няшчаснага, чый выгляд раптам
                                          Прымусіў так раскаяцца мяне.

                                                        Лоўчы
                                          Вось ён. Нарэшце адшукалі.

                                                        Князь
                                          Чаго вы тут?

                                                        Лоўчы
                                                            Княгіня нас паслала:
                                          Яна баіцца за цябе.

                                                        Князь
                                                              Хіба дзіця я?
                                          Мне не стрываць такую клапатлівасць.
                                          Ці нельга кроку мне ступіць без нянькі?
                                                      (Адыходзіць.)

                                          /Русалкі паказваюцца над вадой./

                                                        Русалкі
                                              Сёстры, эх у полі чыстым
                                              Нам хутчэй бы іх дагнаць?
                                              Рогатам, усплёскам, свістам
                                              Іхніх коней напужаць!
                                              Позна. Цені змрокам сталі.
                                              Пад вадою водбліск знік.
                                              Пеўні ў вёсцы праспявалі,
                                              Закаціўся маладзік.

                                                        Адна
                                          Трэба пачакаць, сястрыца.

                                                        Другая
                                          Не, пара, пара, пара!
                                          Нас чакае ўжо царыца,
                                          Наша строгая сястра.

                                                    /Хаваюцца./

                                           ДНЯПРОЎСКАЕ ДНО.
                                                 Хорам русалак.
                                    Русалкі прадуць каля сваёй царыцы.

                                                        Старэйшая русалка
                                          Пакіньце пражу, сёстры. Сонца села,
                                          Слупом блішчыць над намі месяц. Годзе.
                                          Плывіце ўверх пад небам пагуляць,
                                          Але нікога сёння не чапайце.
                                          Ні пешага вам казытаць не трэба.
                                          Ні невад абцяжарваць рыбакам
                                          Травой і цінай, ні дзіцё ў ваду
                                          Завабліваць расказамі пра рыбак.
                                                   /Уваходзіць русалачка./
                                          Дзе ты была?

                                                        Дачка
                                                               Выходзіла на бераг
                                          Я да свайго дзядулі. Просіць ён
                                          Сабраць яму са дна ўсе тыя грошы,
                                         Якія некалі ў ваду да нас
                                          Пакідаў ён. Я доўга іх шукала:
                                         Ды што такое грошы, я не знаю.
                                          Аднак з вады я вынесла яму
                                          Са жменю ракавінак самацветных.
                                          Ён вельмі быў ім рад.

                                                       Русалка
                                                                    Шалёны скнара!
                                          Дачка, паслухай: сёння на цябе
                                          Я спадзяюся. Да нас на бераг сёння
                                          Мужчына прыйдзе. Сцеражы яго.
                                          І выйдзі, каб сустрэць. Ён блізкі нам.
                                          Ён бацька твой.

                                                        Дачка
                                          Той самы, што цябе
                                          Пакінуў і з жанчынай ажаніўся?

                                                        Русалка
                                          Так. Да яго пяшчотна прыгалубся
                                          І раскажы пра ўсё, што ад мяне
                                          Пра нараджэнне ведаеш сваё ты.
                                          І пра мяне. Калі ж ён запытае,
                                          Ці пра яго забыла я, - скажы,
                                          Што я яго і помню, і кахаю,
                                          I што чакаю. Зразумела ты?

                                                       Дачка
                                          О, зразумела.

                                                        Русалка
                                                     Дык ідзі ж.
                                                        (Адна.)
                                                                        3 тых дзён,
                                          Як у ваду я кінулася скрушна
                                          Дзяўчом, і пагарджаным, і адчайным,
                                          Я апынулася ў глыбі ракі
                                          Русалкаю халоднай і магутнай.
                                          Мінула сем гадоў - і кожны дзень
                                          Я думаю пра помсту...
                                          І сёння, пэўна, гэты час настаў.

                                                       БЕРАГ.

                                                        Князь
                                          Да гэтых сумных берагоў міжволі
                                          Прыцягвае мяне якаясь сіла!
                                          Усё мне тут нагадвае былое
                                          І вольнага шчаслівага юнацтва
                                          Хоць любую, ды горкую аповесць.
                                          Мяне каханне сустракала тут,
                                          Кіпучае і вольнае каханне.
                                          Я быў шчаслівы. Як, шаленец, мог
                                          Так лёгка я адмовіцца ад шчасця!..
                                          Журботныя, журботныя ўспаміны
                                          Мая сустрэча ўчора ажывіла.
                                          Няшчасны бацька! Жудасна глядзець!
                                          Магчыма, сёння зноў яго сустрэну.
                                          Ён, можа, згодзіцца пакінуць лес
                                          І ў хорам перабрацца.
                                               /Русалачка выходзіць на бераг./
                                                                                    Што я бачу!
                                          Адкуль жа ты, чароўнае дзіця?..
                                         1832
                     [Пераклад Сергея Новіка-Пяюна. Рэдакцыя Яўгена Міклашэўскага.]
                                  /Тэатральная Беларусь. Мінск. № 3. 1994. С. 10-17./
    Як адзначаюць даследчыкі Сяргей Новік апублікаваў у1933. Скарга птушкі: [Верш] // Беларускі народна-гаспадарскі каляндар на 1934 год. Вільня / Пад псеўд. С. Пяюн; Музыкай вяснянаю...: [Верш] // Шлях моладзі. № 5 / Пад псеўд. Малады Дзядок.” ... Воўк, Змітрук, Кабыла і баран: (Народная казка) // Шлях моладзі. 1933. № 2 / Зап. пад псеўд. Малады Дзядок”. /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398,400./
                                         VOŬK, ŹMITRUK, KABYŁA I BARAN
                                                           (Narodnaja kazka).
    Išou voŭk z-pad Mira. Sustreu Źmitruka. Toj Źmitruk byu kraviec. Išoŭ jon z pałkaju, što daŭniej mierali. Voŭk kaža:
    “Źmitruk, Źmitruk! Ja ciabie źjem!
    A Źmitruk adkazvaje:
    - Źjasi, dyk źjasi! flie pierad śmierciu daj ja tabie śmieraju kamizelku! -
    Voŭk zhadziŭsia.
    Źmitruk i pačaŭ jamu pałkaju pa bakoch mieryć. Mieryŭ, mieryŭ, pakul vaŭka čysta źbiŭ. Tady kaža: - Pačakaj-ža! Kamizelku ja źmieryŭ, ale jašče laž da hary, jašče panaznačyvaju, dzie huziki ŭšyvać! -
    Voŭk jašče loh da hary, a Źmitruk jaho nastorč teju pałkaju čysta skałoŭ, što nie zachacieu i jeści voŭk Źmitruka.
    Źmitruk astaŭsia žyvy i pajšou sabie dalej.
    A voŭk lažyć dy dumaje: Hm! Nia źjeŭ, dyk nia źjeŭ! Ale našto mnie była heta kamizelka, dy jašče ŭ dva rady huziki? Ci ja pan? Ci ja sšlachcic?...
   I pajšoŭ voŭk dalej pamaleńku.
    Idzie, dy jdzie. Až bačyć - chodzić kabyła. Voŭk i kaža:
    Kabyła, kabyła! Ja ciabie źjem!. A kabyіa adkazvaje:
    - Źjasi, dyk źjasi, ale našto ty budzieš mianie jeści? Ty voś lepš pačytaj u mianie pad kapytom hazetu! -
    Voŭk pačaŭ hiadzieć, a kabyła, jak lapnie jamu ŭ chrapu nahami, až voŭk adlacieŭsia i lažyć. A kabyła ŭciakła.
    Lažyć voŭk dy dumaje:
    Nif źjeŭ, dyk nia źjeŭ! Ale našto jašče było mnie hazetu čytać? Ci ja hramaciej? Ci ja vučyciel?...
    Ačomkaŭsia voŭk i pajsoŭ dalej. Idzie, dy jdzie. Sustreŭ barana dy kaža:
    Baran, baran! Ja ciabie źjem! Baran adkazvaje:
    - Našto ty mianie budzieš jeści? Ty voś lepš zaplušč vočy, adčyni huby, a ja tabie sam uskoču! -
    Sieŭ voŭk, zapluščyŭ vočy i adčyniŭ huby.
    Baran jak razahnaŭsia dy jak daŭ jamu rahami ŭ łabacinu, dyk voŭk samleŭ.
    Baran uciok, a voŭk ačomkaŭsia, dyj kaža:
    Nia viedaju: ci ja jaho hłynuŭ, ci minuŭ?...
    [Zapisaŭ Małady Dziadok.] /Шлях моладзі. Вільня. № 2. 1933. С. 10./
    “Вясной 1933 года лявонаўцы пастанавілі перарабіць “магазін” на народны дом. Я хадзіў па вёсках нясвіжскага павета з падпісным лістом і збіраў грошы на пабудову свайго народнага дома. бо кожны быў рад пачуць са сцэны роднае беларускае слова. Закіпела праца. Працавалі не толькі дарослыя. але і дзеці. Кіраваў пабудовай каваль Васіль Бенька усёю душою адданы роднай культуры. (Васіля Беньку расстралялі фашысты ў 1944 годзе ў лагеры смерці Калдычэва). За два тыдні народны дом быў пабудаваны, але называць яго гэтак было забаронена, а дазволена называць “святліцай”. У гэтай “святліцы” рэгулярна адбываліся выступленні хору і драматычнага гуртка Лявонавіч”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Песня пачыналася так... Да 35-годдзя Лявонавіцкага хору. // Голас Радзімы. Мінск. Жнівень. № 61. 1961. С. 2./ “Калі грошы сабралі. закіпела работа! Працавалі не толькі дарослыя, але і дзеці. Кіраваў пабудовай каваль Васіль Бенька, таленавіты майстар (Васіля Бенку расстралялі фашысты ў 1944 годзе ў лагеры смерці Калдычова за тое, што рамантаваў зброю партызанам). 6 мая 1933 года новы народны дом быў адкрыты. мы самі намалявалі дэкарацыі, дзяўчаты далі па тры метры палатна на занавес, які хораша пафарбавалі. Увечары на канцэрт сыйшліся людзі зблізку і здалёк”. /Сяргей Новік–Пяюн.  Спяваюць лявонаўцы. Да 40-годдзя з дня заснавання хору. // Голас Радзімы. Мінск. № 29. Ліпень 1966. С. 6./ “Пасля драматычнага гуртка выступіў хор з 60 чалавек. Усе дзяўчаты былі ў аднолькавых чырвоных хустачках. Многія песні выклікаліся на “біс”. Актыўнымі удзельнікамі хору тады былі Гэля Матус, Міла Вендрык, Маруся Новік, Каця, Шура і Гэля Новікі, Гэля Кавальчук, Надзея і Галя Верамейчык, Надзея Лурка, Оля і Валя Шынгель, Юлік Непаканчыцкі, Віктар Новік, Пятрусь Шчарбач, Адам Гурка, Віктар Ждановіч, Адам Шынгель-Холад, Іван Адамовіч, Ігнат Фёдаровіч, Янка Лаўрынчык, Віктар Кавальчук, Іван і Ігнат Чарняўскія і многія іншыя. /С. Новік-Пяюн /арганізатар і першы кіраўнік Лявонавіцкага народнага хору/.  Лявонавіцкі народны. // Чырвоная змена. Мінск. 14 красавіка 1963. С. 4./ “На ўспамін першага выступлення хору вакол народнага дому пасадзілі маладыя дубкі – сімвал народнай магутнасці. У час акупацыі гітлераўцы павысякалі іх. застаўся толькі адзінокі дуб”. /Сяргей Новік–Пяюн.  Спяваюць лявонаўцы. Да 40-годдзя з дня заснавання хору. // Голас Радзімы. Мінск. № 29. Ліпень 1966. С. 6./
    “Народны дом, пад назвай “Святліца”, які і зараз стаіць на ўездзе ў Лявонавічы, толькі абкладзены цэглай. Тры гады хадзіў мальдавацца ў пастарунак. Пачаў ізноў актыўна займацца культурна асветніцкай справай. Але, як зазначае С. Новік “Праз чатыры гадзіны [гады] пасля прыезду мяне арыштавала, а Нясвіжскі “гродзкі” суд аддаў пад нагляд паліцыі і выслаў ад граніцы за сто кіламетраў”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Дзядзька Гальяш. // Наша слова. Мінск. 27 студзеня 1993. С. 4./
    Як адзначаюць дасьледчыкі Сяргей Новік апублікаваў у“1934. Вайна лісы з ваўком // Пралескі. № 1. / Пад псеўд. Малады Дзядок; 30-годдзе грамадскай працы Цёткі // Шлях моладзі. № 12 / Пад крыпт. Н. Аўт. спрэчнае; Зіма: [Верш] // Там жа. № 13 / Пад псеўд. Малады Дзядок.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ “Małady Dziadok = Новік Сяргей М. “Рraleski – Пралескі(Wilnia), 1934-1935; Кр.: інф. аўтара.” /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 151./
    “У “Пралесках” я змясціў народную казку, якую запісаў ў родных Лявонавічах” /Сяргей Новік-Пяюн  Зоська Верас. [Успаміны] // Першацвет. № 12. Мінск. 1993. С. 93./
                                                    VAJNA  LISY  Z  VAŬKOM
                                                             Narodnaja kazka.
    Jeść lisa miasa. Prychodzić voŭk dy kaža: Kumka-hałubka, daj mnie, bo kali nie dasi, dyk pajdu na ciabie vajnoju!“ - Lisa na złosć i nie dała. Tady voŭk sa złościu pajšoŭ šukać sabie bolš tavaryšaŭ. Jakraz na darozie napatkaŭ miedźviadzia i pajšli ŭdvaich. Dy jašče padhavaryli sabie kabana-dzika. Hetak astalisia čakać, pakul lisa prydzie vajavac.
    Lisa taksama pajšla šukać sabie kumpanii. Pryjšła ŭ chatu i ŭhledziła pad pałom sabaku, nu j stała jaho prasić, kab jon pamoh joj vajavać. Jašče na piečy siadzieŭ kot. I jaho taksama paprasiła. Pieŭnia prasiła doŭha, ale toj nie zhadžaŭsia, bo bajaŭsia, kab samoha lisa nia źjeła. Ale sabaka z katom uhavaryli jaho nie adstavać. ad ich kumpanii i pievień zhadziŭsia.
    Pad viečar sabralisia ŭsie i pajšli vajavać. Iści im było cełuju viarstu. Tam, dzie znachodziŭsia voŭk, było mnoha drevaŭ. Miadźviedź zalez na dub i hladzieŭ na łisu, jak jana išła z tavaryšami. Ubačyŭ kulhavaha sabaku; jamu zdavałasia, što jon źbiraje kamiani. Miadźviedź kaza vaŭku: Iduć! Adzin źbiraje kamiani, druhi z pikaju, (heta byŭ katoŭ chvost), i achvicer z čyrvonymi jstužkami pad baradoju - hetak jon kazaŭ ab pieŭni.
    Nadumalisia tavaryšy vaŭka schavacca. Jak niepryjacieli bližej padojduć, tady ich zabrać u svaje kapciury: kaban zaryŭsia ŭ ziamlu, a voŭk ulez u kuču halla, miadźviedź byŭ na dubie.
    Pryšła lisa na toje miesca, dzie byli schavanyja hetyja vajaki.
    Kaban urycca - uryŭsia, ale chvost byŭ na viersie. Kot, heta niaprykmieciŭšy, padumaŭ, što myš, dy jak skočyć na jaho! Kahan, jak zakryčyć, dy - chodu! A kot sa strachu na dub. Miadźviedź dumaŭ što kot lezie pa jaho, dy z usiaje siły hop! z duba na karani, kab trochi, dyk na pieŭnia. Pievień skočyŭ na kuču halla dy kryčyć: Kudach! Kudach! - a voŭk dumaŭ, što: Chłopcy, siuda! - dy j paŭciakali ŭsie vialikija źviary-vajaki.
    Hetak małyja źviarki zvajavali vialikich.
    Zapisau Małady Dziadok. /Пралескі : Praleski. Wilnia. № 1. 1934- S. 3./
    “Пасля ссылкі я быў зноў арыштаваны і польскім Нясвіжскім судом падданы пад паліцэйскі нагляд, пад якім прабыў тры гады.
    У час вобыску ў хаце майго бацькі, у сувязі з маім арыштам, паліцыянты крычалі, паказваючы на партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа:
    - Пся крэў! Бунтаўшчык! Панавешваў у хаце партрэты камуністаў!” /С. Новік-Пяюн.  Незабыўная сустрэча. // Народны паэт Беларусі. Мінск. 1962. С. 186./
    Вярнуўся дамоў, але спакою не меў. Тры гады, кожны тыдзень, хадзіў мальдавацца (нашай моваю кажучы, адзначацца) у пастарунак. На чацвёрты год - арыштавалі, вынеслі новы прысуд: дазваляецца жыць не бліжэй як за сто кіламетраў ад граніцы!.. Так і трапіў у Слонім. А затым - чарговы арышт, Баранавіцкая турма...” /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 450./
     “ А пасля турмы загадалі мне ад’ехаць ад мяжы на 100-ы кіламетр. Слонім на 105-м. Як палітычна ненадзейны, кожны месяц на працягу трох гадоў павінен быў адзначацца ў пастарунку паліцыі. Стараста, які выдаваў пашпарт, прымушаў запісацца палякам, казаў. што паеду тады вучыцца ў Кракаў, у акадэмію. Адказаў я яму, што сваёй нацыянальнасцю не гандлюю. Палякам мяне не запісалі, а ў графе “нацыянальнасць” паставілі прочырк. Да самага 1939 года быў я ніхто”. [Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2.]
    “Гэтак я апынуўся ў горадзе Слоніме, які знаходзіўся на 105-м кіламетры ад граніцы”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Беларускі паэт-лірык. нашанівец Дзядзька Гальяш (Да 100-годдзя з дня нараджэння Гальяша Леўчыка). // Голас Радзімы. Мінск. 24 ліпеня 1980. С. 7./
    “Пазнаёміўся я з Антонам Карніцкім выпадкова ўлетку 1934 года ў Слоніме, калі ён ішоў некуды з эцюднікам. З таго часу і да канца жыцця Толіка (гэтак я называў сябра) нас аб’ядноўвала сардэчная прыхільнасць і любоў да мастацтва. Мы любілі маляваць, любілі паэзію і музыку. Толік добра іграў на скрыпцы, я - на мандаліне. Мы не раз ігралі разам. Ён меў прыгожы голас, я таксама спяваў. Часта нам даводзілася галадаць, але духам мы не падалі.
    Паны не куплялі нашых карцін. Як вядома, тагачасны польскі ўрад Заходнюю Беларусь лічыў крэсамі ўсходнімі, не прызнаваў беларусаў як нацыю. Нас называлі “тутэйшымі”, а беларускую мову – “простай”, “мужыцкай”. Але мы з Толікам ганарыліся, што мы беларусы, ганарыліся нашай слаўнай гісторыяй, культурай; мы ўсёй душой любілі сваю Бацькаўшчыну - Беларусь.
    Антон Паўлавіч Карніцкі нарадзіўся 30 снежня 1912 года (17 снежня па старому стылю). [Нарадзіўся ў Адэсе, куды ў пошуках заробку выехалі бацькі. Сям’я вярнулася ў родныя мясціны ў 1922 годзе.] Ягоны бацька, бедны, беззямельны селянін вёскі Любанічы воласці Цырын Навагрудскага павета Павел Фёдаравіч Карніцкі, быў вымушаны брацца за розныя выпадковыя работы. Маці, Кацярына Антонаўна Карніцкая (з дому Серафімская), памерла рана, пакінуўшы сіротамі малых Антона і Леаніда. Бацька прывёў мачаху, Ганну Аляксандраўну, якая мела дачку. Антон заўсёды з пашанай і ўдзячнасцю казаў пра сваю мачаху, якая гадавала яго, як роднае дзіця, Жыла сям’я ў Слоніме ў Рышчыцах у доме № 5”. /Сяргей Новік-Пяюн.  “Жыў не дарэмна...” // Мастацтва Беларусі. Мінск. №12. 1987. С. 64./
    Асабіста я пазнаёміўся з Гальяшом Леўчыкам у 1934 годзе ў Слоніме. Ён сам прыйшоў да мяне на вуліцу Агародную (зараз імя Францішка Багушэвіча), дом № 8. Часта наведваў і яго ў маленькім доміку над Шчарай (вуліца 3 Мая № 73, зараз - Чырвонаармейская), які ён пабудаваў замест старой хаты, якая развалілася.
    Пакойчык Гальяша Леўчыка нагадваў маленькі зал нейкага музея. Усе сцены былі пазавешваны малюнкамі ў пазалочаных рамачках яго работы, фатаграфіямі, сярод якіх быў вялізны алейны партрэт самога Гальяша работы варшаўскага мастака. Шмат было тут розных беларускіх кніжак рукапісаў, здымкаў. Паэт цікавіўся гісторыяй роднага беларускага краю, збіраў народную творчасць, любіў музыку і сам добра іграў на скрыпцы і акарыне...
    Сяргей Новік-Пяюн /Ніва. Беласток. 20 ліпеня 1980. С. 3./
    У Слоніме Сяргей Новік пазнаёміўся і са сваёй будучай жонкай.

 
 
 
    Ён вымушаны пасяліцца ў Слоніме і жыць пад сталым наглядам паліцыі. Зноў без работы, без сродкаў да жыцця”. /Гайдук М.  З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2. 5./
    Туга па Лявонавічах сціхла, калі знаходзіў занятак па душы. Нямала было і ў Слоніме тых, хто не хацеў сядзець склаўшы рукі, чакаючы, як кажуць, з неба манны нябеснай. Яны сталі для Сяргея аднадумцамі. І тут яшчэ сустрэча, якая - без перабольшвання – надала яшчэ большай упэўненасці, што падзвіжніцкая, адраджэнская праца не прападзе марна, прынясе неўзабаве карысць. С. Новік асабіста пазнаёміўся з Гальяшам Леўчыкам”./Марціновіч А.  “Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне..” // Марціновіч А.  Сувязь. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск. 1994. С. 118./.
    “Ліпень 1936-га года выдаўся сонечны, цёплы. Я жыў на ўскраіне Слоніма на вуліцы Агароднай (зараз - Францішка Багушэвіча). Аднойчы ў сярэдзіне дня на панадворку забрахаў сабака Бой. Я выйшаў з хаты і ўбачыў каля брамы невысокага чалавека ў вышыванай беларускай кашулі з кучаравай сівой чупрынай. Вочы чалавека гарэзліва пазіралі на мяне.
    - Добры дзень, Пяюн! - звярнуўся прыбылы і назваўся: - Я - Гальяш Леўчык!
    Ён моцна паціснуў мне руку.
    Радасць мая была бязмежнай! Нарэшце я ўбачыў жывога Гальяша Леўчыка! Я запрасіў дарагога госця ў хату.
    Паэт, нягледзячы на свае 56 гадоў, аказаўся рухавым чалавекам, цікавым і вясёлым субяседнікам.
    Шмат цікавага расказаў мне дзядзька Гальяш (гэтак у нас, беларусаў, прынята звяртацца да старэйшых людзей). Сказаў ён, што ад Людвікі Войцікавай даведаўся, што “ў Слоніме жыве супрацоўнік “Заранкі” “Малады Дзядок” - ён жа паэт Сяргей Новік-Пяюн”.
    Успамінаў дзядзька Гальяш пра Янку Купалу і Якуба Коласа, з якімі супрацоўнічаў у газеце “Наша ніва”.
    - А ці ведаеш, Сяргей,- спытаў дзядзька Гальяш, - што ў Слоніме жыве Ядвіся - тая Ядвіся, аб якой піша Якуб Колас “У палескай глушы”? Прозвішча яе Бараноўская, а жыве яна ў доме на ўзгорку насупраць Ражанскага магільніка. У “Нашай ніве” яна друкавала свае вершы, падпісваючы псеўданімам “Юстына”,
    Амаль да самага вечара быў у мяне дзядзька Гальяш і запрасіў да сябе на вуліцу 3-га Мая (пазней - Чырвонаармейская) дом № 73-ці. Часта наведваў мяне дзядзька Гальяш, часта я наведваў яго. І так на працягу часу ад 1936 да 1939 года.
    Жыў дзядзька Гальяш у маленькім дамочку, які нагадваў будку чыгуначніка-стрэлачніка. На сцяне калідорчыка віселі музычныя інструменты: скрыпка, гітара, трыкутнік і дзве італьянскія окарыны. Пакойчык Дзядзькі Гальяша нагадваў зал музея. Усе сцены былі пазавешаваны ягонымі малюнкамі ў пазалочаных рамачках, фотаздымкамі, сярод якіх быў вялізны алейны партрэт самога Гальяша работы варшаўскага мастака. Шмат было тут розных беларускіх кніжак, рукапісаў, здымкаў. Дзядзька Гальяш быў не толькі паэтам, але і спеваком, і мастаком, і музыкам.
    Аднойчы, калі я сабраўся ісці дадому, дзядзька Гальяш спыніў мяне:
    - Пачакай, Сяргей, паслухай, як я граю!
    Ён зняў са сцяны окарыну і, калі мы выйшлі на панадворак, зайграў, як на флейце, вельмі прыгожа.
    Я падзякаваў і развітаўся.
    Я быў чалавек “паднаглядны”, і таму мне даводзілася наведвацца ў Слонімскі магістрат на рэгістрацыю. І неяк у тым жа ліпені 1936 года да мяне там падышла высокая, стройная кабета ў чорным паліто і капелюшы, з-пад якога спадалі пасмы сівых валасоў. Адчувалася, што яна была некалі прыгожай.
    Кабета з ветлівай усмешкай сказала:
    - Добры дзень! Я Ядвіся!
    Я пытальна глядзеў на яе.
    - Але, але! Я тая Ядвіся, аб якой напісаў Якуб Колас у сваёй аповесці “У палескай глушы”. Мы сябравалі. Якуб Колас і я друкавалі вершы ў “Нашай ніве”, я свае падпісвала псеўданімам “Юстына”. Мне пра вас Гальяш Леўчык. Маё прозвішча па мужу Ьараноўская. – І яна паціснула маю руку.
    Да яе падышла маладая настаўніца.
    - Гэта мая дачка, - пазнаёміла мяне Бараноўская.
    Месца для гутарак; было неадпаведнае. На развітанне яна сказала:
    - Калі ласка, заходзьце да нас! Гальяш казаў, што даў вам наш адрас.
    Праз некалькі дзён я наведаўся да “Ядвісі”. Яна паказала гадавік Нашай нівы” з сваімі вершамі. /Сяргей Новік-Пяюн.  Дзядзька Гальяш. // Леўчык Г.  Доля і хлеб. Выбраныя творы. Мінск. 1980. С. 165-168./
    “Тут Сяргей Новік пасябраваў са старым археолагам Іосіфам Стаброўскім, дапамог яму арганізаваць у горадзе краязнаўчы музей (1939), а ў 1940 годзе стаў дырэктарам гэтага музея, узбагаціў яго каштоўнымі калекцыямі... /Якавенка Н. [навуковы супрацоўнік музея] “Мяне шчасцем не парадавала доля” [Артыкул падрыхтаваны на аснове архіўных матэрыялаў Сяргея Новіка-Пеюна, перададзеных Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры спадкаемцай Вольгай Міхайлаўнай Сугойдзь-Зубовіч.]. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 24 студзеня 1997. С. 7./
    Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі (1869-1968) – нарадзіўся ў Слоніме, скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскае Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, Маскоўскі археалягічны інстытут, Вышэйшыя археалягічныя курсы пры Самарскім унівэрсытэце. Удзельнічаў у І усясьветнай вайне ў званьні палкоўніка, пасьля кастрычніцкага перавароту служыў у Чырвонай Арміі. З 1921 г. жыў у Слоніме, дзе цалкам прысьвяціў сябе музэйна-краязнаўчай працы. Быў членам-карэспандэнтам Маскоўскага археалягічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалягічнага таварыства, аўтар 16 навуковых прац і 2 вынаходніцтваў.]
   Адкрыццю краязнаўчага музея ў Слоніме папярэднічала правядзенне ў 1924 г. выстаўкі старажытных дакументаў і кніг арганізаванай І.І. Стаброўскім Але толькі праз чатыры гады пасля правядзення арганізацыйнага збору мясцовых краязнаўцаў і ўтварэння Слонімскага аддзела ПКТ пачаліся падрыхтоўчыя работы па адкрыцці музея. Было знойдзена памяшканне ў будынку павятовай адміністрацыі, закуплена экспазіцыйнае абсталяванне, прызначаны дырэктар новай установы - І.І. Стаброўскі. У верасні 1929 г. у прысутнасці прэзідэнта Польшчы І. Масціцкага адбылося ўрачыстае адкрыццё музея, які меў яскрава акрэслены гістарычны профіль. Уся экспазіцыя была пабудавана на аснове калекцый, якія на працягу жыцця збіраў і ахвяраваў гораду І. І. Стаброўскі. Сярод іх можна было ўбачыць экспанаты, якія маглі б упрыгожыць залы лепшых музеяў Еўропы... Цяжка меркаваць, наколькі вытрыманай у навуковых адносінах была экспазіцыя. Напэўна, калекцыйны прынцып размеркавання матэрыялаў сумяшчаўся ў ёй з тэматычным, што тлумачылася выключна густам Стаброўскага - ён быў адзіным супрацоўнікам музея... /Гужалоўскі А. А.  Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). Мінск. 2002. С. 135-136./
    “Іосіф Стаброўскі, заснавальнік Слонімскага краязнаўчага музея. Ён навучыў мяне ніколі нікому не помсціць. І я нікому не помшчу. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./

                                       НА ПАРОЗЕ НОВАГА ГОДА
                                          І зноў стары мінае год,
                                          На змену год прыходзіць новы, -
                                          А цяжкіх думкаў і клапот
                                          Дасюль не скінуты аковы.
                                              Чаго ж ад жыцця прагну я,
                                              Сам не зрабіўшы йшчэ нічога?!
                                              Ляжыць адлогам ўся зямля, -
                                              Я нават не вастрыў нарога!
                                          А нешта ж хочацца рабіць
                                          Для шчасця роднага народу, -
                                          Ды пут не ў сілах я разбіць,
                                          Каб мець жаданую свабоду.
                                              Маім братам я многа год
                                              Пяю аб Беларусі мілай
                                              І песняй клічу свой народ
                                              Здабыць святло супольнай сілай.
                                          Айчыне я сваёй пясняр,
                                          Як перша птушка напрадвесні,
                                          На новы год прыношу дар:
                                          Аб вызваленні хуткім песні.
                      [г. Слонім, у другой польскай ссылцы. 31. 12. 1936 г.]
    /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 20-21./
    Дасылаў свае творы і ў Вільню: “Sen = Новік Сяргей М. “Kurjer Wileński”, 1935-1937; Кр.: інф. аўтара. /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 157./


                                                  6. СЯРГЕЮ НОВІКУ-ПЕЮНУ
    14 лютага 1936 г., Калёнія.
                                                     Паважаны Грамадзянін.
    Выбачайце, што так няхутка адказваю на Вашу пісульку. Перадусім атрымала я яе не вельмі даўно, бо я ўжо “Пралесак” не рэдагую, значыцца, не хутка мне яе пераслалі. Рэдагаваць “Пралесак” не пазваляюць мне вельмі благія і неспрыяючыя такой працы варункі, у якіх я жыву, хаця вельмі шкадую, бо цяперашнія рэдактары зусім іх папсавалі; няма там, каму пісаць для дзяцей, няма каму зразумець дзіцяці і даць адпаведны для яго корм. Адныя казкі ды бяздарныя вершы гэта не страва для дзіцячай душы. Я думаю, што рэд. «Пралесак» ужо сама зьвярнулася да Вас з просьбай аб супрацоўніцтве? А я з свайго боку вельмі Вас прашу: падсылайце якія-небудзь стасоўныя для “Пралесак” матэрыялы, каб іх падтрымаць і ажывіць.
    Яшчэ адной прычынай маўчаньня зьяўляецца Ваша пытаньне аб намеры «Заранкі». Вось я старалася даведацца аб іх лёсе, але, на жаль, не ведаю, ці ўдасца іх знайсьці. Справа ў тым, што калі “Заранка” перастала ўжо выходзіць, я ўсе астаўшыеся экзэмпляры і ўсе клішэ спакавала ў скрыню і паставіла ў складзе Бел. выдавецкага т-ва, не маючы наразе лепшага месца. Тым часам склад пераносілі ў іншае памяшканьне, ды гэтак без дагляду, што шмат чаго прапала і шмат што пазакідалі. Паміж іншымі рэчамі няведама дзе дзелася скрыня “Заранкі”. Казалі мне, што, можа, у Музэі, ды абяцалі пашукаць. І вось ужо амаль не 2 гады чакаю. Цяпер ізноў пасылала я сына ўжо з Вашай пісулькай у Музэй. Ізноў абяцалі шукаць. Калі што даведаюся, зараз Вас паведамлю.
    Не ведаю, ці цікавяць Вас пытаньні гаспадарчыя, але пасылаю пробны № свайго часопіса “Беларуская борць”. Мо знойдзеце для яе падпісчыкаў. Хоць трудна мне працаваць, але “Борці” кінуць не магу, бо ў нас няма рахоўцаў і не было б каму яе ўтрымліваць.
    Рада буду мець ад Вас некалькі слоў. Як Вам жывецца, што
парабляеце. Муж мой і Тонюсь шлюць прывет.
    Шчыра зычлівая
    Л. Войцік.
    [Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які захоўваецца ў БДАМЛМ. Ф. 55. Воп. 1. Адз. зах. 141. С. 1.]

                                                        7. СЯРГЕЮ НОВІКУ-ПЕЮНУ
    14 верасьня 1937 г.
                                                               Паважаны Грамадзянін.
    Шчыра дзякую за памяць. У хуткім часе напішу ліст, а сягоньня вельмі сьпяшаюся, каб выслаць флянсы. Флянсы з вялікім лісьцем, гэта — велікаягадныя позьнія, з дробным лісьцем — самыя раньнія (сьпеюць 11-12 чэрвеня). А зьверху (сьветлае лісьце з ягадамі) — гэта белыя ананасныя, родзяць два разы ў год. Апошнія — пасылаю Вам як прэмію.
    Укладаю № Б. Борці, са сваім артыкулам аб гадоўлі трускавак, там знойдзеце ўсе дэталі.
    Курс зелярскі і № № Борці вышлем на днях, у лісьце падам рахунак. За трускаўкі лічу па 1 зл. 50 гр. за сотню.
    4 с. х 1 зл. 50 гр. = 6 зл.
    упакоўка = 1 зл.
    разам = 7 зл.
    Сколькі будзе каштаваць перасылка, не ведаю, падам кошт у лісьце. Страшэнна сьпяшаюся, дык мушу канчаці.
    Бывайце! з паш.
    Л. Войцікава
    Жычу, каб добра прыжылі флянсы.
    Р. S. Вельмі была б Вам удзячнай, каб Вы зарэкамэндавалі мае флянсы паміж знаёмымі. Можна садзіць іх яшчэ да канца верасьня, а як будзе цёпла, то і пазьней.
    Л. В.
    [Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які захоўваецца ў ВДАМЛМ. Ф. 55. Воп. 1. Адз. зах. 141. С. 2-3.]

                                                   8. СЯРГЕЮ НОВІКУ-ПЕЮНУ
    4 лістапада 1937 г., Калёнія.
                                                        Паважаны Грамадзянін.
    Дзівіць Вас пэўна маё маўчаньне, прычын на гэта было многа, а найважнейшая — гэта дрэнны стан майго здароўя. Гэта ўжо не першы год, што цяжкая праца падчас вясны і лета ўвосені з ног мяне зьбівае.
    Я, бачыце, вяду на сваёй “дзялцы” (1/4 гектара) гадоўлю насеньня кветак і расьлін медадайных, бо муж мой мае працу вельмі мала аплатную і трэба бюджэт нечым папоўніць. Працу агародніцкую я вельмі люблю, але бяда, што сілы не хапае.
    Вельмі я рада, што Вы здаволеныя з флянсаў трускавак; жадаю Вам добрага ўраджаю! У будучыні буду мець яшчэ іншыя адмены трускавак і маю белыя паземкі. Можа, ёсьць у Вас знаёмыя пчаляры, то будзьце ласкавы рэкамэндуйце (цяпер можна якраз садзіць) белыя акацыі, ізоп (апісаньне было ў Борці) і ватачнік, які цяпер ў № 6 Б. Борці апісваю. Усе гэтыя расьліны вельмі дэкарацыйныя і медадайныя. Заводжу і дасьледую штораз новыя медадаі; вясною прышлю Вам цэньнік.
    Хацелася б мне ведаць, як Вам падабаецца Б. Борць, ці знаходзіце ў ёй што-небудзь для сябе карыснае? Добра было б, каб Вы падалі нам свае ўвагі, калі якія маеце. Бяда толькі, што не можам выдаваць Борці акуратна, бо паміма таго, што ўсе працуем ганарова, не хапае нам прысыланых складак на паперу і друк. А нашы непрыяцелі называюць Борць “кульгавай”...
    Вы пішаце, што маеце надзею даведацца ад мяне шмат навін? На жаль, нічога цікавага не магу Вам напісаць. Апрача Борці і Т-ва Пчалы, не прымаю ўдзелу ў ніякім грамадзкім жыцьці, бо прадстаўляецца яно, прынамсі для мяне, вельмі несімпатычна: падзел на партыі, варожыя сабе групы і групкі, а нават «касты» зусім не заахвочваюць.
    Я маю адну думку, як-небудзь ажывіць і ўтрымаць каапэратыўнае Т-ва “Пчала” — Т-ва пчалярскае з зялярскім аддзелам, адзінае, якога яшчэ ўлады не зачынілі і каля якога можна было б групавацца. Але што ж наша віленская інтэлігенцыя падтрымаць і не думае, бо “вялікіх дзеячаў” гэта не цікавіць! Праца ў Пчале славы не дасьць... Вось у гэтую мінуту прыйшло мне ў галаву, што, можа, Вы, як будучы пчаляр і наогул сьвядомы грамадзянін і Беларус, запісаліся б у сябры «Пчалы». Калі згода, то вышлю Вам статут і дэклярацыю. Пай невялікі 10 зл. (можна ратамі), 2 зл. упісныя і 1 зл. сяброўская кніжка разам са статутам. Жывучы ў Слоніме, Вы бы шмат маглі нам памагчы ў працы. Дадаю, што “Пчала” праектуе выдаць рад завочных курсаў, як: пашыраныя зялярскія, садоўніцтва і агародніцтва, дробных гадоўляў і г. д.
    Цяпер падам Вам рахунак:
   Курс зялярскі 2 зл.
    Борць за 1934 год 1 зл. (не хапае аднаго №)
    1935 2 зл.
    1936 2 зл.
    1937 2 зл.
    Арыентацыйная табліца 1 зл.
    Кніжка “Пчолы” — 2 зл. 70 гр.
    разам 12 зл. 70 гр.
    Мне за перасылку труск. 1 зл. 30 гр.
    14 зл. 00
    Мушу на гэты раз канчаць, бо ўжо вельмі позна. Муж мой і Тонюсь дзякуюць за памяць і шлюць Вам прывет. Тонюсь скончыў 6 кл. бел. гімназіі, а цяпер вучыцца ў тэхнічнай школе, на электрычным аддзеле. Перадайце, калі ласка, прывет Вашай жонцы. Пішыце. А мо прышлеце што да дзіцячага аддзела Б. Борці? Бывайце з пашанай.
    Л. Войцікава.
    [Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які захоўваецца ў БДАМЛМ. Ф. 55. Воп. 1. Адз. зах. 141. С. 5.]

                                          9. СЯРГЕЮ НОВІКУ-ПЕЮНУ
    11 сакавіка 1938 г., Калёнія
                                                 Паважаны Грамадзянін.
    Увосені, адсылаючы грошы, Вы пісалі на адрэзку пару слоў, паміж іншым абяцалі даўжэйшы ліст. Вось я яго і чакала, ды надарма.
    Цяпер, калі ўжо надыходзіць вясна, я асьмелюся патрывожыць Вас маленькай просьбай. Як ведаеце, я вяду гадоўлю насеньня медадаяў. Выгадаваць не штука, але прадаць — трудней. Сёлета я адбіла крыху афэртаў і рассылаю да розных пчалярскіх арганізацый. У Слоніме, падобна, ёсьць таксама пчалярская арганізацыя, але я не ведаю адраса. Дзеля гэтага вельмі прашу Вас далучаную “афэрту” пераслаць у Пч. арган[ізацыю].
    А можа, хто з Вашых знаёмых пчаляроў скарыстае з гэтага цэньнічка. Медадаі, зьмешчаныя ў ім, усе добрыя, выпрабаваныя, насеньне сьвежае і чыстае. На жаданьне даю апісаньне гадоўлі.
    Будзьце ласкавы, выберыце сабе з цэньніка, што Вам падабаецца, бо хачу зрабіць Вам падарунак на новую гаспадарку.
    Маю надзею, што дасьцё мне адказ. Чакаю. Напішыце, што парабляеце, чым цяпер займаецеся і г. д.
    У мяне нічога новага, тым больш добрага; маці мая і Тонюсь напераменку ўсю зіму хварэюць, муж без працы, вось гэтак і мучымся.
    У справах грамадзкіх таксама бяда: Бел. Борць ужо ад лістапада не выходзіць, няма сродкаў; яшчэ за апошні № ёсьць доўг у друкарні. Думаем выслаць адозву да грамадзянства, каб памагло; гэта ж сорам, каб у цяперашні час тэрору мы самі, дабравольна зачынялі свае пляцоўкі... Ці не маю рацыі?
    Мушу канчаць, бо позна. Маю прывет Вам і Вашай жонцы, хоць незнаёмай.
    З пашанай
    Л. Войцікава.
    [Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які захоўваецца ў ВДАМЛМ. Ф. 55. Воп. 1. Адз. зах. 441. С. 8.]
    /Зоська Верас. Выбраныя творы. Мінск. 2015. С. 238-242, 540-541./
    “І ўжо ў 1938 г., пад час другой сваёй ссылкі, купіў у Слоніме плакат з надрукаванай на ім выяваю Пагоні – такія плакаты выдавалі і распаўсюджвалі літоўцы, якія жылі ў Польшчы. Паводле гэтага ўзору мая сястра вышыла на чырвонай тканіне сваю Пагоню, якая доўгія гады вісела ў нашай сялянскай хаце”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Мой шчаслівы дзень. // Спадчына. Мінск. № 2. 1992. С. 2-3./ “Гэта мая сястра вышывала, - ад успамінаў цяплеюць вочы паэта. – дома ў нас вісела ў Лявонавічах...”. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./]
                                          ДАЙЦЕ ЛІРУ МАЮ!
                                          Дайце ліру маю,
                                          Бо даўно я не йграў!
                                          Дайце думкам прастор,
                                          Каб я волю пазнаў!
                                              Даўней лепей я жыў, -
                                              Думкі мелі прастор,
                                              Вольным быў, хоць тужыў
                                              Сярод “Чортавых гор”*.
                                          Кайданоў не насіў,
                                          Хоць на ссылцы цярпеў,
                                          Вольнай песняю ў край
                                          Родны часта ляцеў.
                                              Думкі-песні складаў
                                              Ў чэсць Айчыны маёй,
                                              Хоць слабенька іграў
                                              Я на ліры сваёй.
                                          Надышоў іншы час,
                                          Ў роднай я старане
                                          Цяпер зноў я жыву,
                                          Але цяжка жыць мне!
                                              Думкаў вольных няма,
                                              Сцялі іх абцугі,
                                              А на песнях маіх
                                              Абвілісь ланцугі.
                                          Цяжка дыхаць мне нат,
                                          Пяяць рады няма,
                                          Не пяе песняў брат,
                                          Ні мая старана.
                                              Сонца грэе, ды нас
                                              Нейк не грэе зусім,
                                              Месяц свеціць ўначы,
                                              А нам цёмна пры ім.
                                          Родных кніжак няма,
                                          Няма родных газет, -
                                          Для мяне і братоў
                                          Ўвесь зачынены свет.
                                              Дык вось ліру вазьму,
                                              На ёй буду зноў граць,
                                              Зноў братоў разбуджу,
                                              Буду песні пяяць.
                                          Годзе спаць, бяры плуг,
                                          Ідзі ніўку гараць!
                                          Бяры збожжа, ідзі
                                          Свой загон засяваць!
                                              Закалышацца зноў
                                              Буйнай рунню загон, -
                                              Загудзе над табой
                                              Залатой волі звон!
                                          А як будзеш пасля
                                          Залаты колас жаць,
                                          Ў ім зярняты тады,
                                          Як званкі, зазвіняць.
                                      ------------------------------
                    * “Тойфельсбэргэ” – “Чортавы горы” (Гуры д’ябэльске) –
                        крэйдавыя горы ў г. Сьвеце над Віслай (Памор’е).
                       [г. Слонім, у другой польскай ссылцы. 9-8-1938 г.]
    /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 23-24./
    Але ягоная творчая інтэнсіўнасць знізілася. “Заходнебеларуская рэчаіснасць аказалася не такой прывабнай, якой бачылася з польскага горада Свеце. Трэба мець на ўвазе, што С. Новік-Пяюн пакінуў радзіму у час уздыму нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, звязанага з дзейнасцю стотысячнай Грамады. На час вяртання паэта на радзіму прыпадае наступ уладаў на нацыянальныя асяродкі беларусаў, арыентацыя на рэпрэсіўныя меры супраць сваіх палітычных апанентаў, пагаршэнне жыцця народа, звязанага з эканамічным крызісам. Нельга не ўлічваць таго, што вы высылка ў Слонім аказалася больш жорсткай за Свецкую. Паэт быў пазбаўлены магчымасці пісаць... Параўноўваючы дзве ссылкі, аўтар аддае перавагу першай. У Свеце творца быў у знешнім выгнанні, заставаўся духоўна вольным. Апынуўшыся на радзіме, трапіў у духоўную эміграцыю, бо быў не вольны публічна выказваць свае патрыятычныя памкненні, пазбаўлены права жыць паўнавартасным нацыянальным жыццём. Пісьменнік раскрывае пакуты чалавека ад такога жыцця. /Зарэцкая В.  Заходнебеларуская творчасць Сяргея Новіка-Пяюна. // Канцэптуальныя падыходы да рэалізацыі зместу філалагічнай адукацыі ў школе і ВНУ: гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. 21-22 кастрычніка 2004 г. Брэст 2005. С. 76-77./
     Тады, як быў у ссылцы, я мяняў імёны. Я і Алесь Бярозка, і іншыя... Каб ніхто не ведаў, я адсылаў свае творы не з горада, а адносіў на вакзал у цягнік. Нехта нават напісаў: “У Слоніме жывуць паэты Сяргей Пяюн і Малады Дзядок...” /Давыдоўскі Ул.  Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 52/
    Як адзначаюць дасьледчыкі Сяргей Новік апублікаваў у “1939. Новаму году; Бура; Зімовы вечар: [Верш] // Зорка. № 1 / Пад крыпт. С. П. Калыханка: [Верш] // Там жа. № 3 / Пад псеўд. С. Пяюн; На Вялікдзень; “Засмяецца вясна!..”; На спатканне вясны: [Вершы] // Там жа. № 4 / Пад псеўд. С. Пяюн; Музыкай вяснянаю... / Пад псеўд. С. Пяюн; Пастушка / Пад псеўд. Малады Дзядок: [Вершы] //Там жа. № 5; Хрыстос і дзеці; Чалавек і птушкі; Скарга птушкі: [Вершы] // Там жа. № 6 / Пад. псеўд. С. Пяюн; Ніва; Казка: [Вершы| // Там жа. № 7 / Пад псеўд. С. Пяюн; “Ой, чаму звоны...”: [Верш] // Там жа. № 8 / Пад псеўд. С. Пяюн; На выгнанні: [Верш] / Пад псеўд. С. Пяюн; Юрачка; Што Бог дае, усё добра!: [Апавяданні] / Пад псеўд. Малады Дзядок // Там жа. № 9; Песенька: [Верш] // Шлях моладзі. № 15 / Пад псеўд. С. Пяюн; Мая песня: [Верш] // ЛіМ. 23 кастр. / Пад псеўд. С. Пяюн; Елачка: (Нямецкая казка) // Зорка. № 2 / Пер. пад псеўд. С. Пяюн; Аманькоўская Ф. Прадка пад крыжом: (Народная казка ў 3 абразах) / З пол. // Там жа. № 3, 5, 7, 9; Як Божая маці выратавала свет ад патопу // Там жа. № 3./ Пер. пад псеўд. С. Пяюн; Краска шчасця: (Народная казка) / З укр. // Там жа. № 4; Маленькі хлябок: [Казка] / З ням. // Там жа. № 8 / Пер. пад псеўд. С. Пяюн; Дзеці ў гаі: [Апавяданне] / З рус. // Там жа. № 9 / Пер. пад псеўд. Малады Дзядок”./Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398-399./S. D. = Новік Сяргей М. “Zorka” (Wilnia), 1939, № 4 (15). Кр. : інф. аўтара.” /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 149./

                                        



                                                                   

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz