poniedziałek, 7 kwietnia 2014

ЎЎЎ 1. Урсуля Джакуская. Адам Рыгор Каменскі Длужык у Сецеве. Вып.1. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                               Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў.
                                                                   Першакрыніцы
    Коршунаў А.Ф. "Дыярыуш" Адама Каменскага Длужыка // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Міжвузаўскі зборнік. Вып. 2. Мн., 1974. С. 183-207.
    Сто год таму назад, а іменна ў 1874 годзе ў пазнанскім зборніку "Warta", прысвечаным 50-гадоваму юбілею капланства Францішка Бажынскага, ксёндз А. Марыянскі ўпершыню апублікаваў на польскай мове цікавыя ўспаміны Адама Каменскага Длужыка аб сваім палоне ў Расіі, які яму прыйшлося правесці ў далёкай Усходняй Сібіры з 1658 па 1663 год. У кароткай прадмове да публікацыі А. Марыянскі зазначаў, што тэкст гэтых успамінаў А. Каменскага ім быу знойдзены ў Гембіцах у рукапіснай кнізе "Silwa rerum" з прыватнай бібліятэкі кс. Пятра Кушынскага. Кніга гэта была складзена якімсьці шляхціцам Понінскім у часы кіравання польскага караля Аўгуста III (1733—1763). Крыніца змешчанай у ёй копіі ўспамінаў А. Каменскага не зазначана. А таму застаецца невядомым, дзе па тых часах знаходзіўся сам арыгінал успамінаў, калі, дзе, кім, пры якіх абставінах і ў якой колькасці было зроблена копій з яго. Копію, знятую Понінскім, аддзяляе ад арыгінала адрэзак часу прыкладна каля сто год і столькі ж да публікацыі яе кс. А. Марыянскім. Рыхтуючы тэкст помніка да друку, А. Марыянскі палічыў патрэбным зазначыць, што "копія, з якой падрыхтавана цяперашняе выданне, поўна памылак і скажэнняў, з прычыны якіх яе сэнс часам цяжка зразумець. Аднак мы не сумняваемся, што гэта рэч, нават у такім выглядзе, як яна захавалася, будзе цікавай для чытачоў"[1].
    I сапраўды, у апублікаваным тэксце дзе-нідзе сустракаюцца апіскі, недарэчныя выразы, назіраюцца яўныя пераскокі, а часам і пропускі, якія вядуць да скажэння самаго сэнсу. Відаць, перапісчык няпільна ўглядаўся ў тэкст арыгінала, а многія рускія словы і сібірскія назвы, якіх багата ў тэксце "Дыярыуша", былі яму незнаёмы, і ў гэтых месцах, як правіла, ён дапускаў памылкі, або скажэнні. I тады замест "архангельскага" порта пісаў "ангельскага", замест "Жыганы" пісаў "Зыганы", "Іртыш" ператваралася ў "Іртышч", "Цюмень" у "Туміень", "волжскі" разбойнік у "Вольскага", "Об" ў р. "Опп", сібірская лодка "кочы" ў "коцы" і інш. У апісанні маршруту па еўрапейскай частцы Расіі недарэчным па копіі Понінскага выглядае пераезд з Яраслаўля спачатку ў Тоцьму, а потым па р. Боўда ў Волагду, а з яе па р. Сухоні ў Вялікі Усцюг, што пярэчыць самой логіцы маршруту, бо лагічней было б ехаць з Яраслаўля на Волагду, потым у Тоцьму, а адтуль у Вялікі Усцюг. Або аналагічная недарэчнасць, калі з Вялікага Усцюга спачатку едуць у Кайгарадок, а потым у Салікамск, а не наадварот — спачатку ў Салікамск і толькі потым ужо ў Кайгарадок. Відаць, у гэтых месцах перапісчык дапусціў адвольныя, але бяссэнсавыя перастаноўкі тэксту апавядання.
    Не маючы арыгінала, зараз цяжка сказаць, па чыёй віне — самаго аўтара ўспамінаў ці яго пазнейшага перапісчыка,— але апісанне маршруту паездак А. Каменскага па землях Далёкага Усходу, калі ён, як і шэраг яго паплечнікаў па палону, быў выкарыстан якуцкім ваяводам у якасці землепраходца і зборшчыкі ясака, надзвычай заблытана. Тут, як нідзе ў іншым месцы "Дыярыуша" А. Каменскага, цяжка разабрацца, дзе канчаецца апісанне запалярнай мясцовасці Якуцкай АССР і дзе пачынаецца апісанне пабярэжжа Ахоцкага мора. Несумненна, што аўтару ўспамінаў даводзілася быць і там і там, асабіста назіраць, як свецяць сонца і месяц у час палярнага дня і палярнай ночы ў Запаляр'і, калі яму даводзілася быць у Жыганску, быць відавочцам марскіх прыліваў і адліваў на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, дзе яны бываюць найбольш працяглыя па часе і найбольш моцныя па сваёй сіле. Але размежаваць гэтыя малюнкі, як і апісанні быту і звычаяў абарыгенаў тых земляў, па дайшоўшай копіі "Дыярыуша" А. Каменскага надзвычай цяжка.
    А. Марыянскі не памыляўся, калі зазначаў, што "Дыярыуш" А. Каменскага зацікавіць чытача сваім зместам. Сапраўды, гэта надзвычай цікавы ў многіх адносінах твор. Перш за ўсё ён з'яўляецца самым старэйшым з усіх вядомых зараз нам пісьмовых помнікаў пра Сібір, калі не лічыць апісання Сібіры, зробленага трапіўшым туды яшчэ ў 1655 годзе навагрудскім езуітам Кавячынскім. пра якое ўспамінаў ксёндз Іеранім Кайсевіч у сваім жыцці Андрэя Баболя (Парыж, 1854, стар. 29), спасылаючыся на звесткі езуіта Станіслава Растоўскага, але якое не захавалася, відаць, да нашага часу і невядома, ці было яно калі, дзе і кім надрукавана.
     Адам Каменскі пачаў сваё падарожжа па Сібіры на 17 год раней, чым перакладчык рускага пасольства ў Кітай Н. Г. Спафарый. I хоць яго "Дыярыуш" не такі вялікі па памеру і не такі падрабязны, як славутыя запісы Н. Г. Спафарыя пра сваю паездку цераз Сібір у 1675—1677 гадах[2], тым не менш ён у параўнанні з апошнімі мае такое, чаго няма там. А іменна ў "Дыярыушы" А. Каменскага пададзена апісанне тых месц, дзе не быў Н. Г. Спафарый, а разам з тым у ім пытанням этнаграфіі абарыгенаў удзелена больш увагі, чым у запісах Н. Г. Спафарыя. Але самае галоўнае заключаецца ў тым, што гэтыя ўспаміны А Каченскага напісаны з пэўным мастацкім густам, што надае ім характар літаратурнага твора.
    Расказваючы аб сваім падарожжы, А. Каменскі вельмі часта выкарыстоўвае пейзажныя замалёўкі рэк, горных перавалаў, парогаў, тайгі, некаторых гарадоў. У адных выпадках яны падаюцца мазаічна, а ў другіх — у шырокім разгорнутым плане. I тады такія малюнкі, як Скокскі парог на Лене, відовішча марскога прыліву і адліву на р. Лама, выгляд г. Табольска, мансійскіх качэўяў, р. Об, палярнага дня і ночы і некаторыя інш., перарастаюць у яркія мастацкія палотны, напісаныя рукою аўтара.
    Для апавядальнага стылю А. .Каменскага характэрны лаканічнасць фразы, сцісласць апавядання, дынамічнасць выкладу думкі і жывая вобразнасць мовы, якая дасягаецца мемуарыстам праз шэраг выяўленча-мастацкіх сродкаў, асабліва праз трапную бытавую дэталь і частае выкарыстанне самых разнастайных параўнанняў. Параўнанні ў яго "Дыярыушы", апрача таго, ужываюцца яшчэ і ў ролі своеасаблівых тлумачэнняў менавіта тады, калі гутарка ідзе пра незнаёмыя чытачу істоты або рэчы (напрыклад, пра палтуса, грыбы бэдлікі, расамаху, нарты, кочы і інш.).
    Напісан "Дыярыуш" польскаю моваю, але яна не вылучаецца ў А. Каменскага сваёю чысцінёй. У ёй досыць выразна даюць сябе адчуваць як русізмы, што само па сабе зразумела, так і шматлікія беларусізмы, ужывання якіх ніколі б не дапусціў карэнны паляк. А з гэтага вынікае, што сам А. Каменскі паходзіў не з польскай этнічнай тэрыторыі, а з карэннай, відаць заходняй, Беларусі, з асяроддзя мясцовай паланізаванай шляхты, для мовы якой была натуральна такая лексічная мешаніна. Прымаючы каталіцкае веравызнанне і лічачы сябе па гэтаму прызнаку палякамі, яна далучалася да пануючай культуры, але незалежна ад гэтага мова яе ў такіх выпадках выдавала сваіх носьбітаў, што называецца, з ног да галавы. Сам Адам Каменскі не называе месца свайго нараджэння нават тады, калі для гэтага яму быў зручны выпадак у канцы "Дыярыуша". Ён толькі зазначае, што "быў рэпатрыяваны з Масквы і дастаўлен на сваю пажаданую атчызну", значыць у Беларусь, бо пасля звароту з палону ён у хуткім часе, а дакладней 27 студзеня 1667 года, памёр, і пахаваны ў Нясвіжы. Іншыя біяграфічныя звесткі аб ім, апрача тых, што пададзены ім самім у сваіх успамінах, нам невядомы. Што датычыцца яго прозвішча, дык тут, здаецца, справа зразумелая. Першая частка яго, паводле тагачаснай традыцыі, з'яўляециа паказчыкам таго, што аўтар "Дыярыуша" быў ураджэнцам якойсьці Каменкі, а другая частка — паланізаванай формай родавага прозвішча Доўжык, формы на -ык (-ік), характэрнай для карэнных беларусаў.
    Мы нічога не ведаем аб тым, дзе, калі і якую адукацыю атрымаў Адам Каменскі, як і пра характар яго даваеннай дзейнасці. Але, мяркуючы па тэксту яго "Дыярыуша", можна з упэўненасцю сказаць, што А. Каменскі быў добра адукаваным чалавекам і вопытным апавядальнікам. Яму былі ўласцівы вострая і тонкая назіральнасць, рамантычная ўзнёсласць і цвярозы гаспадарчы погляд на жыццё, пра якое ён мог ярка і вобразна расказаць. Яго не пакідалі дасціпнасць і гумар, які часам перарастаў у сарказм, як гэта назіраецца, напрыклад, у пададзенай ім характарыстыцы кайгародскага ваяводы.
    У час падарожжа А. Каменскага цікавіла літаральна ўсё: адлегласці паміж гарадамі і населенымі пунктамі, навакольная флора і фаўна, заняткі мясцовага насельніцтва, быт і звычаі абарыгенаў, эканамічнае становішча і геаграфічнае размяшчэнне гарадоў і мястэчак, здабыча солі і яе кошт, багацце рэк і лясоў, што і дзе сеюць са злакавых культур, хто, чым і як корміцца. Да ўсяго гэтага ён пільна прыглядаецца і па-рознаму ставіцца. Адно яго здзіўляе, другое захапляе, трэцяе выклікае сум і спачуванне, а чацвёртае абурае.
    Сутыкаючыся на доўгім шляху свайго вымушанага падарожжа з многімі малымі карэннымі народамі Сібіры, А. Каменскі пастаянна падкрэслівае іх нізкі культурны ўзровень. Але ні да аднаго з іх ён не паставіўся з такой прадузятасцю, як да якутаў, якія невядома чым не дагадзілі яму і якіх ён надзяляе пагардлівымі эпітэтамі. А вось у адрас ангарскіх эвенкаў, спагадліва аднёсшыхся да цяжкага лёсу ваеннапалонных, А. Каменскі, наадварот, прапеў цэлы гімн. Ён аддаў належнае іх гасціннасці, смеласці і вынослівасці, спрыту і вынаходлівасці і досыць падрабязна апісаў іх вобраз жыцця.
    "Дыярыуш" А. Каменскага заключае ў сабе нямала цікавых звестак і аб вобразе жыцця рускіх пасяленцаў Заходняй і Усходняй Сібіры, не менш цікавых характарыстык многіх сібірскіх гарадоў і апорных пунктаў, так званых астрогаў. У ім пададзены досыць цікавыя паведамленні пра выраб якутамі высокай якасці жалеза, пра паляванне на белых мядзведзяў, пра гіганцкіх калуг у вярхоўях рр. Алдана і Учура, пра пабудову славутых рускіх кочаў, пра татэмістычныя ўяўленні хантаў, пра шаманскія прадстаўленні эвенкаў і інш.
    Усё гэта разам узятае робіць "Дыярыуш" Адама Каменскага Длужыка каштоўным помнікам мемуарнай літаратуры XVII стагоддзя, у якім упершыню пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры сталі прадметам мастацкага апавядання і знайшлі ў ім сваё надзвычай яркае адлюстраванне. Вось чаму не будзе перавелічэннем, калі скажам ад сябе, што азнаямленне з гэтым унікальным у сваім родзе творам старажытнай пісьменнасці прынясе карысць для прадстаўнікоў розных галін навукі гуманітарнага профілю.
    Зыходзячы з такіх меркаванняў і ўлічваючы тую акалічнасць, што першая публікацыя тэксту "Дыярыуша" А. Каменскага ўжо даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю, а таму і выпала з поля зроку даследчыкаў гісторыі нацыянальнай культуры, мы вырашылі перавыдаць гэту цікавую старонку з нашай літаратурнай спадчыны і ўвесці яе ў навуковы ўжытак. Прапануемы ўвазе чытача тэкст "Дыярыуша" Адама Каменскага Длужыка падаецца ў перакладзе на беларускую мову, упершыню зробленым аўтарам данай публікацыі з польскай копіі, выдадзенай 100 год таму назад ксяндзом А. Марыянскім. Разам з тым тэкст помніка суправаджаецца падрадковымі заўвагамі перакладчыка да асобных яго месц.

                             Дыярыуш Маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей

    Захоплен быў 20 кастрычніка 1657 г. у цяжкім становішчы, калі вялі бітву супраць кн. Юрыя Даўгарукага паміж Басяю[3] і Ухламі[4]. I прыкаваны да гарматы прасядзеў там на холадзе ад серады да нядзелі ў вялікім голадзе, пакуль войска яго каралеўскаи міласці не адступіла за Басю да Чарэі[5].
    Потым, нас раздалі стралецкім начальнікам. Некалькі чалавек з кампаніі п. Станіслава Чыжа і іншых аддалі Кукавінскаму, паноў Здановічаў, п. Выдаўскага, Вадзяніхта і іншых — Шапелю. Мяне і 5 чалавек чэлядзі з дарожнай харугвы аддалі Андрэю Ануфрыевічу. Галодныя і ў вялікай нэндзы сядзелі мы там тыдняў 9, і, калі б не літасць магілёўскіх мяшчан, якія падкармлівалі нас, мы перамерлі б.
    У студзені нас павезлі ў Маскву, 400 чалавек і 200 гармат. Калі пад'яжджалі да Масквы, насустрач нам выйшла некалькі стралецкіх прыказаў і некалькі палкоў райтараў. Сустрэлі нас у Драгамілавай Слабадзе[6] і далі нам па 2 чаркі гарэлкі і па кубку піва, а потым, пасля прывітання і пачастунку, загадана было стральцам разабраць нас паміж сабою: стральцоў 2, а наш трэці, павязаны фіцілямі, ішоў паміж стральцамі.
    Правялі нас міма царскіх палацаў па двару прыказа, а разам з намі тыя гарматы, 3 харугвы[7] і 7 карнетаў[8]. У прыказе нас адрэкамендавалі і кожнага запісалі пайменна. Потым суправадзілі на двор царэвіча Грузінскага (?)[9]. А там з нас сабралі групу ў 12 чалавек: п. Чыжа з-пад харугвы гетманскай[10], п. Выдаўскага, сына сястры п. Чарнецкага[11], п. Астроўскага, п. Бабраніцкага, п. Стрыжэўскага, двух паноў Здановічаў — Яна і Міхала, п. Чыжа, падкаморыя віленскага, п. Лазоўскага, п. Качаноўскага, ротмістра, п. Бусму, п. Яхевіча і мяне, трынаццатага. Там мы прабылі 2 тыдні, а чэлядзь па іншых будынках размясцілі, і бачыцца з імі нам было забаронена.
    Потым 9 лютага за намі траімі, за мною і панамі Здановічамі, прыйшлі 3 стральцы і 2 прыставы. Яны паведамілі нам прыемную навіну, што гасудар цар пажалаваў нас на абмен. Мы вельмі ўзрадаваліся і паверылі гэтаму. Аднак радасць была заўчаснай, бо яны, узяўшы нас, перавялі ў Сібірскі прыказ і пасадзілі там, так што мы на працягу тыдня і свету не бачылі. Аж толькі раніцай 17 лютага нам было загадана як мага хутчэй падрыхтавацца ў дарогу да Літвы. Мы ўзрадаваліся і, пабраўшы свае ўбогія манаткі, пайшлі да фурманак па аднаму ў суправаджэнні 4 стральцоў за кожным. Паведамілі, што на абмен вас вязем. Папрыкрывалі нас рагожамі, а потым паехалі ў Троіцкі манастыр, які знаходзіцца міль[12] за 12 ад Масквы. Там нас закавалі ў кайданы, паноў Здановічаў двух, а мяне трэцяга. Замест радасці і абмену там было шмат слёз і наракання на вялікую нэндзу і няволю.
    З Троіцкага манастыра ехалі да Пераяслава[13] міль 8, з Пераяслава да Растова міль 20, а з Растова да Яраслаўля міль 40. У Яраслаўлі пераяжджалі Волгу, якая там у шырыню ад берага да берага будзе 12000 сажняў[14]. У тым Яраслаўлі шмат самых розных купцоў і рамеснікаў. Там вырабляюць самую найлепшую і недарагую чырвоную юхту[15], а таксама мноства прыгожых і тонкіх палотнаў і лямцу, якія досыць танна каштуюць. Там многа хлеба, рыбы, мяса і наогул усякага харчавання, апрача садавіны, якой няма.
    Адтуль нас павезлі да Тоцьмы[16] міль 20 па р. Чыра, якая ўпадае ў Брод. У Тоцьме ёсць замак і там сядзіць ваявода[17]. Горад той стаіць абапал ракі і расцягнуўся ў даўжыню на чвэрць мілі.
    З Тоцьмы ехалі па р. Боўдзе да Волагды міль 40. Гэта вялікі горад, размешчаны паміж балотамі і рэчкаю, які мае вялікія кірмашы і багатыя манастыры і цэрквы, бо там знаходзіцца склад розных тавараў ад архангельскага[18] порта,— амаль усёй Масквы прыстанішча. Адтуль у Маскву адпраўляюць віны, розныя сукны, сялёдку, усялякае карэнне, разнастайныя заморскія рэчы. А з Масквы вязуць пяньку, паташ, коламазь, дошкі, воск, тлушч, рагожу, якіх там так багата каля таго горада. У Волагдзе пастаянна жыве рэвізор, а па-маскоўску сышчык, пры якім знаходзіцца некалькі сотняў конных стральцоў; ён ловіць там разбойнікаў і па рознаму карае іх, адных вешае, а другім адсякае рукі і ногі, або адразае нос, вушы, губы, аднак там яшчэ досыць много свавольства.
    З Волагды ехалі днём і ноччу міль 40 па пустыні да царскай паштовай станцыі. Там, прыехаўшы да яму, нам памянялі фурманкі. Потым мы ехалі па р. Сухоне міль 60 днём і ноччу. Людзей каля той ракі мала жыве, бо глеба там пясчаная, балоты ды азёры. На адлёгласці 2 або 3 міль спаткаеш адну або некалькі халупак і тыя адно ўбоства. Людзі кормяцца адною мякінаю, як свінні. Хлеба чыстага там не ўбачыш. Вось дзе вялікая беднасць!
    Потым прыехалі ў Вялікі Усцюг[19]. Там стаялі 3 дні. Засталі там казацкага палкоўніка Крэсу, якога збіраліся пакараць смерцю, але прыйшла царская грамата аб памілаванні. Пакаранне смерцю было заменена ссылкаю ў Сібір. Там нам далі фурманкі і 24 стральцоў.
    Да Кайгарадка[20] мы ехалі міль 20. Гэта невялічкае мястэчка і маленькі лядашчы замак. Аднак там знаходзіцца ваявода і няблага сябе адчувае, бо мае такое права: хто б сюды ні прыяжджаў з Сібіры, хай сабе ваявода, князь, баярын, думны саветнік, ці нават сам царскі брат, кожнага яму дазволена трэсці і рэвізаваць вазы. А ўсё, што знойдзе зверх царскай граматы, тое забірае на імя цара і царыцы. Абшукае кожнага да самай кашулі. Але, калі яму заткнуць губы, то прапусціць без рэвізіі і выдасць квіткі. Той Кайгарадок — найвялікшы біч для сібірскіх ваявод. I сам ваявода нямнога адсюль меў бы пажытку, калі б толькі пільнаваў адзін замак.
    Адтуль пачынаецца Пермія, а Масква яе называе Зыряны, людзі якой карыстаюцца дзівоснай моваю. Вера ў іх руская (г. зн. праваслаўная.— А. К.), кажуць, што іх хрысціў святы Стафан[21]. Народ спрытны, менавіта ў лясах і на вадзе, да таго ж выдатныя стралкі з лука. Мова іх крыху падобная на жмудзьскую[22]. Зямля камяністая, скалы ды горы высокія. Адны лясы, чыстага поля мала. Люд злы, бязлітасны, пераначаваць ніколі не пусце, а на іншаземцаў дзівіцца як на вялікае цуда. Калі збіраюцца на падзіўленне, то даюць ім міласціну, хто што можа, а больш за ўсё рыбы, бо хлеба самі мала маюць.
    З Кайгарадка ехалі да Солі Вычагодскай[23] міль 69 і ўсё Перміяй, а па-маскоўску Зырянамі. Той горад прыгожы і багаты. А трымае яго Строган, царскі купец і паўнаўладца, які мае прывілей на ўсю воласць яшчэ ад даўнейшых цароў. Строганавы — людзі багатыя. Іх зараз там жыве тры браты, а раней гаспадарыў адзін іх бацька, які даваў толькі ў царскі скарб 140000 руб., апрача іншых падарункаў і на расходы баярам.
    Тая Вычагда ляжыць над возерам і рэчкаю. Яна мае 300, а можа і больш варніц, калі там вараць соль. Там знаходзіцца шмат нашых нявольнікаў, але бачыцца з імі забаронена. Горад драўляны; апрача царквы, камяніц мала. Тавары тут усе прывазныя, за выключэннем рыбы палтус, накшталт нашых мянтузоў, але такіх вялізных, што 3 рыбін на 2 вазах нё павезці; ды яшчэ траскі, якую ў нас называюць штокфішам, але яна там салёная, а не сухая, бо ядуць яе звараную з квасам або з пацёртымі ягадамі замест квасу. Хлеба ў Солі Вычагодскай мала. Для судоў там знаходзіцца царскі ваявода, але ён мала што мае для пажытку ад гэтай пасады.
    Адтуль мы ехалі міль 120 пушчамі да Солі Камскай[24]. Той мнагалюдны горад размешчан на беразе Камы і салёнага возера. Тут выдаўбленыя або з цэлага кедравага дрэва, або з ясакару, падобнага на таполю, калоды ўкладваюць да той ракі, і вада цячэ па іх да вялізных жалезных катлоў, якія змяшчаюць вады цэбраў па 100 і больш. Соль там каштуе 20 кап. за пуд[25]. Саляварняў налічваецца 500. Другую соль здабываюць мілі за паўтары. Там знаходзіцца невялічкае салёнае возера, а каля яго 3 саляварні, але надзвычай вялікія. Соль на цара (г. зн. для дзяржавы.— А. К.) выварваюць нашы нявольнікі, сярод якіх найбольш украінскіх казакаў. Яны церпяць вялікае гора.
    З Солі Камскай нас павезлі праз пушчы па суровых і высокіх каменных горах да Верхняй Туры[26]. Міль 120 ехалі днём і ноччу. У хатах не бывалі. Спыняліся толькі ў станах, спецыяльна пабудаваных для начлегу і харчавання — так будкі якіясьці. А скалы там такія высокія, што, здаецца, пад самыя нябёсы. Па адной гары ехалі міль 5. Вазніцы там наймалі нас, хто мог ісці пешкам, таму плацілі за дзень па 30 кап. і больш.
    У сярэдзіне пушчы мы напаткалі людзей, якіх называюць вагуламі[27]. Гэта язычнікі, яны бога не ведаюць, бо ў патаемных месцах у лесе пакланяюцца сваім шайтанам[28], як яны іх самі называюць. Туды яны збіраюцца і там адпраўляюць сваё набажэнства. Тых шайтанаў яны багата аздабляюць, вешаюць на іх сабалёў, срэбра і ўсялякую пасуду, якую купляюць у маскоўскіх людзей. А потым тыя людзі абдзіраюць іх шайтанаў і з таго багацеюць. Але ім гэта здабыча рэдка калі прыносіць карысць, бо вагулы наводзяць на іх такія чары, ад якіх яны вар'яцеюць і гінуць.
    У лесе вагулы будуюць і сваё качэўе[29], зробленае з дрэва. Яно нізкае, з адным толькі акенцам. У ім яны дзень і ноч паляць камін[30]. Печак у качэўі няма, дзвярэй таксама. Замест дзвярэй ім служыць дзірка. Няма і ўслонаў. Сядзяць толькі на зямлі. Жывуць з палявання, але харчуюцца і хлебам, які купляюць у маскоўскіх людзей за аленнія і ласіныя скуры.
    Калі вагулы ўпалююць мадзведзя, то плачуць над ім і прыгаварваюць, што не мы твае смерці прычына, а наш лук. Потым яго з'ядаюць і моляцца галаве мядзведзя, якая заўсёды стаіць у куту іх качэўя, накрытая пасудзінай, а вакол яе навешана рознай вопраткі. Збожжа гэтыя людзі не сеюць. Яны задавальняюцца толькі лесам. Рыбы ў іх мала, або зусім няма, бо ў іх няма вялікіх рэк.
    Прыехалі мы ў Верхнюю Туру. Горад гэты мнагалюдны, харчаў і розных тавараў мае ўдоваль. Вёскі там вялікія, і збажына там родзіцца, апрача грэчкі, якой няма. Рака Тура каля горада камяністая і шпаркая. У горадзе бяруць вялікае царскае мыта[31] з купцоў, а таксама трасуць і ваявод, якія едуць з Сібіры. Там нам далі фурманкі да Апонціна. 100 міль ехалі дзень і ноч цераз пушчы і вёскі, але яны там рэдка сустракаюцца, бо размешчаны на адлегласці дзесяткаў міль адна ад другой, аднак хлеба маюць многа.
    Апонцін — першы сібірскі горад, размешчаны ў хлебным і рыбным месцы. Ва ўсіх адносінах тут добра, кепска толькі тое, што калмыкі[32] надзвычай часта робяць на яго свае набегі і тады спапяляюць усе навакольныя вёскі.
    З Апонціна ехалі да Цюмені міль 127. Горад гэты надзвычай прыгожы і знаходзіцца ў вельмі багатым месцы. Хлеба, рыбы і разнастайных птушак там шмат. Азёрамі р. Тура падыходзе да яго, але ўжо не камяністая, а па цудоўнай раўніне. Горад абнесен сцяною з двумя брамамі. Сам замак драўляны і маленькі. Вёскі і сялібы навокал досыць багатыя. У Цюмені сядзіць ваявода.
    З Цюмені ехалі мы да Табольска[33] і прыехалі туды ў вербную нядзелю[34]. Горад той ляжыць над рэчкамі Іртыш і Табол, рэчкамі надзвычай вялікімі і страшнымі, якіх няма ў нас у Польшчы. Зліваюцца яны пад тым Табольскам, р. Табол з левага боку ад Швецыі, а Іртыш з правага боку ад Калмыкіі. Па тым Іртышу ходзяць міль за 100 уверх па соль да аднаго возера[35], у якім яна асядае ў выглядзе льда, і там яе набіраюць. Ходзяць туды па паўтары тысячы казакаў з гарматамі і пушкамі для абароны ад калмыкаў, якія не даюць ім браць той солі. Лодак бывае па 50 і 60, а на лодку бяруць больш чым па 2000 пудоў солі. Гэта соль ідзе на продаж па ўсёй Сібіры. З казны прадаецца па 25 кап. за пуд.
    Далей за тым салёным возерам знаходзіцца г. Тара[36]. У ім шмат нашых палонных. Яны там пастаянна вымушаны абараняцца ад белых калмыкаў і цярпець вялікае ліха. Сам я там не быў, але сустракаўся з нашымі, якія прыязджалі ў Табольск за грашыма і хлебным падмацаваннем. Яны і паведамілі нам пра сваё гора.
    Табольск раздзелены на 2 часткі, адна з іх на высокай гары, а другая ў даліне. Хлеба там многа і каштуе ён не дорага. А рыбы безліч: за 1 кап. даюць 100 язей. Надзвычай багата тут жывуць татары. У іх свае вёскі. Яны з тавамі вялікімі караванамі вярблюдаў ездзяць гандляваць у Даурыю[37] і ў Бухару[38]. Сам горад Табольск ва ўсім падобен на Маскву, толькі што камяніц мала. Цэркваў і манастыроў больш 10. Там жыве мітрапаліт і архімандрыт.
    Калісьці Табольск быў асобым самастойным Касімаўскім (?) царствам, якім кіраваў татарын Касімор (?). А заваяваў яго якійсьці волжскі разбойнік Ярмак[39], які разграміў гэта царства і выгнаў адтуль царскіх купцоў, а сам сеў на трон. Патонуў Ярмак у Іртышы. Калі на яго напалі татары, ён кінуўся ў ваду.
    Табольскія татары карыстаюцца вялікімі свабодамі. Яны сеюць для сябе збожжа, а больш за ўсё аркіш[40], пшаніцу і авёс. Жыта сеюць мала, яго засяваюць толькі рускія пасяленцы. Разам з тым татары займаюцца ,паляваннем, трымаюць крэчатаў і белазораў[41], якіх кормяць рыбаю, а таксама касматых хартоў[42]. Коні ў іх выдатныя, на якіх яны ганяюць лісіц і забіваюць іх арапнікам. Футру чорнабурых лісіц павінны здаваць у казну, гандляваць ёю забаронена. Татары носяць панцыры, надзвычай прыгожа аздобленыя форменнаю лускаю, а таксама пер'я фазанаў і агнястрэльную зброю. У мэтах запалохвання і папярэджання магчымых нашых бунтаў яны кожны месяц павінны быць гатовымі да парадаў.
    У Табольску трымаюць на сталай службе больш чым 300 баярскіх сыноў, 1200 служылых казакаў, 1000 райтараў, 2000 вольных казакаў і 3000 наёмнай пяхоты.
    У Табольску мы знаходзіліся ад вербнай нядзелі аж да св. Івана[43]. Потым на св. Івана нас разаслалі на 15 лодках да розных месц: у Сургут[44], Бярозава[45], Нарым[46] і Кецк[47]. А нас чалавек 30 на р. Лену ў Якуцію. Селі мы ў лодкі ў дзень рускага свята св. Івана. Развіталіся паміж сабою, і было там шмат наракання. Плылі па Іртышу да зямлі Яўскага яму[48] цэлы тыдзень. Сеюць там толькі ярыну, бо жыта не родзіцца.
    З Яўскага яму плылі да Самасовак[49]. Там спаткаліся з дзіўнымі людзьмі, якія завуць сябе асцякамі[50]. Гэтыя ні аруць, ні сеюць, харчуюцца толькі рыбаю ды птушкамі, якіх там надзвычай многа, асабліва лебядзяў, гусей, качак, а ў нас тут няма.
    Самі тыя асцякі ходзяць у рыб'іх скурах і абутак з яе носяць, а кажухі на гусіным і лебядзіным пуху. Жывуць качэўямі па астравах. На зіму яны вэндзяць розную рыбу, а тлушч з яе збіраюць у пасуду з бярозавай кары. Нарыхтоўваюць яго цэбры па два. П’юць яны гэты тлушч толькі цёплым і па цэлай кварце, што для нас было вялікім дзівам. Рыбалоўныя сеці асцякі плятуць з крапівы, а некаторыя з іх нават і кашулі вырабляюць з яе. Ядуць яны якіясьці ядавітыя грыбы бэдлікі, накшталт нашых мухамораў, і так упіваюцца імі, горш чым гарэлкаю. Гэта ў іх самы найлепшы банкет. Харчуюцца хлебам. Яго яны абменьваюць на рыбу, якой там надзвычай багата, бо за любую, але толькі белую анучку, альбо за іголку даюць такога асятра, якога селянін панесці не зможа. I самі нам давалі рыбы як нявольнікам.
    З Самасовак мы ехалі да Абі, ракі надзвычай вялікай, бо вясною на ёй, як на шырокім моры, ня відна берагоў. I той, хто не ведае дарогі па ёй, можа заблудзіцца сярод шматлікіх астравоў. Пад парусам вецер занясе лодку паміж астравамі на мілю ад ракі, і мусіш там сохнуць. А тым часам прыйдуць асцякі і заб'юць. Гэта рака цячэ ў мора ў бок Швецыі, а мы накіраваліся ў Сургут.
    Сургут — невялічкая крэпасць. Там нічога не родзіцца, апрача гародніны. Хлеб тут прывазны. Яго возяць з Табольска для казакаў, бо там жыве толькі служылы люд. У крэпасці ёсць царква, а з начальства жыве ваявода ды стралецкі галава. Сургут багаты на лісіц і асабліва на прыгожых чорнабурак, якіх няма ў іншых месцах, але там вялікая нэндза, бо няма хлеба.
    Адтуль мы ішлі да Нарыма. Гэта невялікае мястэчка-крэпасць. Люд у ім служылы, які засявае сабе збожжа, і яно патроху ім родзіцца.
    З Нарыма да Кецка плылі па Абі, а другія па р. Том пайшлі ў Томск. Плывучы ў Кецк, з левага боку ў нас засталася вялікая і шырокая р. Вах. Казалі нам прыставы, што абедзьве рэчкі цякуць у Швецыю. Гэта рака ўпадае ў Об. Там навокал жывуць адны толькі асцякі. Яны язычнікі, бо веруюць у лебядзей, у качак і жураўлёў, называючы іх сваімі багамі. А тых птушак, якім яны пакланяюцца, у ежу не ўжываюць. Зняўшы з іх скуру, яны прымацоўваюць яе да дрэва, і гэтаму знаку яны пакланяюцца і моляцца.
    З Кецка мы паплылі па р. Кець[51], якая надзвычай пакручана. Плылі тыдняў 10. Нічога не бачылі, апрача неба ды пушчы. Падыйшлі да другой такой жа вялікай ракі, як і Кець, да Лісіцы. Там нам вады ўбавілася, а работы прыбавілася, бо рака яшчэ больш запятляла. Гэтай рэчкай мы плылі дзён 5. А калі падыйшлі да таго месца, дзе чалавек ледзь-ледзь прыцісне камень, дык ужо не так папрацавалі.
    У тыдзень пасля Пакрава[52] прыплылі ў Макоўскае[53]. Ледзь даплылі, бо ўжо пачалі замярзаць берагі. Там прабылі 3 дні. Пасля адпачынку мы пайшлі потым пушчаю міль 25 да Енісейска[54]. Цярпелі вялікае гора, бо ні купіць, ні несці на сабе мы ўжо нічога не маглі.
    Калі дабраліся да Енісейска, засталіся там на зімоўку. Горад той мнагалюдны і багата купцоў. Тавараў у ім шмат. Вёскі жывуць у дастатку. На збожжа там ураджаі вялікія і хлеб не дорага каштуе, нават надзвычай танна, бо за пуд жыта плацяць па 2 кап., а за пуд мукі па 3 кап. Рыбы там надзвычай многа, не менш звяроў і птушак.
    Праз тыдзень пасля свята Вялікдня мы выйшлі з Енісейска да Стрэлкі (так называецца месца) і Енісеем да р. Ілім, рэчкі надзвычай камяністай, быстрай і страшнай. Голыя скалы там высяцца пад воблакі. На адлегласці 2 міль раздаецца страшэннае рэха ад вадаспада. Падыйшлі да парога, які называюць Шаманскім.
    Вось тут мы спаткаліся з голымі людзьмі, твары якіх былі так расфарбаваны ў розныя колеры, што немагчыма было адрозніць мужчын ад жанчын. Называюць яны сябе тунгусамі[55]. Размова пайшла па-тунгуску[56]. Там яны дапамагалі нам пераправіцца цераз парог. Сотнік адрэкамендаваў нашых тунгусам як нявольнікаў, захопленных на вайне, якіх цар загадаў развезці па розных месцах. Далей ён сказаў, што цар захапіў нашы землі і нават самога караля. Вельмі ўжо яны дзівіліся на нас, а мы на іх яшчэ больш. Жанчыны, гледзячы на нас, плакалі. Яны ўспаміналі сваіх дзяцей, якія, падобна нам, сядзелі ў Маскве ў няволі за собалей. Потым прынеслі сотніку некалькі дзесяткаў собалей, рыбы і аленіны. Мы ўсяго не змаглі паесці аж да самага Іліма[57].
    Тунгусы — народ лёгкі, спрытны, стралкі з лука нечуваныя. Зімою і летам блукаюць ад ракі да ракі ў пошуках ежы, а ядуць яны яе напалову сырую. З забітага звера смокчуць цёплую кроў. У забітай лані яны выпатрашваюць цялё і паядаюць яго. Нічога, нават самага дробнага не пакідаюць. Жонак тунгусы маюць па 9, а страляюць яны з лука не горш за мужчын. Аленяў трымаюць вялікія стады, па 1000 і больш галоў. У іх ёсць і 5 абучаныя алені, якімі яны ашукваюць дзікіх аленяў такім чынам.
    Паколькі той хатні алень добра выдрэсіраваны, яму на рогі чапляюць раменны повад даўжынёю каля 10 локцяў[58]. Здараецца, што да статку аленяў прыб'ецца дзікі алень. Тады гэты надрэсіраваны хатні алень пачынае з ім забаўляцца ігрою і так апантае дзікага аленя сваім повадам, што той мусіць ісці за ім. А тым часам гаспадар ці пастух, які даглядае статак, забівае з лука яго, а таму хатняму аленю дае напіцца крыві дзікага аленя, разбаўленай вадою.
    Тунгусы яшчэ язычнікі, народ дзікі. Яны не ведаюць ні бога, ні веры, ні пісьменнасці, ні нават дзён...
    Пацяшаюцца яны так: некалькі чалавек становяцца ў круг, а адзін з іх лажыцца пасярэдзіне круга на зямлю з прывязаным да рамня камнем або косткай. Тыя — босыя і голыя, што стаяць вакол яго. Лежачы на зямлі, тунгус пачынае выкрыкваць па-тунгуску: "Мультах муцінэ!"[59] — і адначасова раскручвае над галавою свой рамень так шпарка, што цяжка вокам злавіць. Стаячыя ў коле тым часам падскокваюць у такт выкрыкам. А хто ляніва падскоквае, таму дастаецца рамнём па каленях, і таго яны ўжо лічаць за самага гнюснага дурня.
    Птушак тунгусы страляюць з лука на ляту. Яны смела ідуць на звера і асабліва лёгка на мядзведзя, не патрабуючы дапамогі. Тых жа, хто заб'е мядзведзя не адзін, а ў кампаніі з іншымі, яны лічаць баязліўцамі і з імі не размаўляюць.
    Памёршых тунгусы не закопваюць у зямлю, бо яна, па іх уяўленнях, іх не прымае, а ставяць на дрэвах і толькі па пэўных месцах, калі ім трапляе такі востраў, дзе ёсць кедры або сосны, якія ў такіх выпадках служаць нябожчыкам у якасці аховы ад звера. Але іх адтуль скідвае расамаха — чорны, кудлаты, падобны на сабаку і мядзведзя смярдзючы драпежнік.
    Тунгусы мужна пераносяць і холад і голад, бо зімою з прычыны вялікіх маразоў ім рэдка калі трапляецца пажывіцца зверам. Тады, будучы галодным, тунгус, каб супакоіць прагу, так падціскае сябе прывязанай да жывата дошкай, што, калі ўпалюе звера, сядзіць над ім да таго часу, пакуль не з'есць яго цалкам, адперазаўшы дошку ад жывата.
    З Енісейска тунгусы ездзяць па рэчцы на нартах, накшталт нашых саней, толькі вузейшых прыкладна на паўлокця, а ў даўжыню на 12 локцеў. На іх можна павезці 25 камняў[60] грузу ў запрэжцы 4 сабак. А калі вецер, нарты бягуць пад ветразем. Тады сабак укладваюць на нарты, а сам тунгус становіцца каля дышла і распраўляе парус. На лыжнях нарты ляцяць, як страла. Калі ж сабакі адстануць, а вецер добры, то дагоняць свайго гаспадара толькі праз тры дні. Тую адлегласць, якую па льду звычайна праходзяць за 12 або 13 тыдняў, тунгусы ў добры вецер на нартах прабягаюць за 6 тыдняў, бо выяжджаючы з Енісейска ў пост, прыяжджаюць у Ілім перад вербнай нядзеляй. Мы таксама ішлі тыдняў 14, бо не прывыклі да вады. Але няволя ўсяму навуча.
    Потым мы ішлі да Іліма па такой вялікай пустыні, што мусілі харчавацца толькі шчаўем ды барацом, якога там досыць многа выкідвае р. Тунгуска на правы бок. А мы павярнулі на р. Ілім, прабіраючыся з адной скалы на другую, ад аднаго цуда да другога, цераз каменныя парогі, перажываючы неймаверныя цяжкасці.
    На адным з парогаў стаялі з тыдзень, пераносячы на сабе усе рэчы з лодкі. Не шкада было б, каб свае, а то царскія і прыставаў. Там мы зноў набраліся бяды і голаду ў час работы.
    Потым мы прыйшлі ў слабаду. Трапілі туды на маскоўскае свята. Там нас мужыкі разабралі па хатах да сябе, каб мы паразмаўлялі з ілімскім ваяводаю. Вучылі нас хрысціцца па-маскоўску, а хто лепей умеў хрысціцца, той быў у большай пашане. Ваявода ж Ціхан Андрэевіч для таго, каб мы ва ўсім добра сябе адчувалі, прыслаў да нас якогасьці паляка Бжазоўскага, які там даўно ўжо жыў. Тады, хоць бы і скарга якая была, дарэмна, казаў, пачаць дзейнічаць па польскаму звычаю[61]. Нашым гэта парада не вельмі спатрэбілася, самі здагадаліся. Ударылі па баранах, курах, парасятах, пачалі дабірацца і да піўніц. Убачыўшы такое, гаспадары пачалі было бунтаваць, і справа дайшла б да бойкі, калі б ваявода ў мэтах перасцярогі не прыслаў да нас 100 казакаў, каб мы не аказаліся ў цяжкім становішчы ад мужыкоў. У выніку чаго мы не панеслі ніякага пакарання за тую залішне нанесеную сялянам шкоду, а што стала, тое прапала.
    У Ілім мы прыйшлі на ўзнясенне маткі боскай[62]. Гэта мястэчка стаіць над аднаіменнаю ракою. Хлеба ў Іліме хапае, а рыбы і звера малавата. Чужаземцы далёка жывуць, а таму там з тавараў амаль кожная рэч дорага каштуе. Так, за локаць палатна плоцяць ад 2,5 да 3 злотых, а за іголку па 9 грошаў. Увогуле месца беднае, а камароў і машкары там процьма, таму цела шмаруюць дзёгцем, нават коней мажуць і быдла. У тым Іліме нас надзвычай хораша прыняў і частаваў сам ваявода. Тры дні мы хадзілі да яго на абеды, а потым ён даў нам фурманкі, і мы зноў ішлі пушчаю міль 26 па агідных каменных скалах і высокіх гарах. Яшчэ ваявода даў кожнаму з нас па сетцы ад машкары, а яго жонка па белай хустачцы і па шалі накшталт ручніка. Даў нам на дарогу па 2 пуды мукі і сухароў і некалькі кускоў сала. Вельмі ўжо ласкава паставіўся да нас ваявода, бо сам быў палонным некалькі год у Польшчы ў ягамосці п. Палубінскага.
    Калі мы прайшлі ўпамянутую пушчу, то выйшлі да ракі, якая называецца Мака[63]. Там мы засталі гатовыя судны, селі ў іх і панесліся па рацэ, шпарчэй чым выпушчаная з лука страла, як кінуты ў студню камень, і нам здалося, быццам бы ўжо лодка разам з намі правалілася пад зямлю.
    Потым прыплылі на Куту. Тая рэчка вясёлая і не такая ўжо быстрая, бо яна ўпіраецца ў Лену. Там па астравах сеюць збожжа, і на іх стаіць па некалькі халупак.
    Хлеба над той Кутай шмат. З правага боку ракі ёсць салёнае возерца ў акружнасці сажняў 30, а ў глыбіню на сажняў 10, але такое празрыстае, што на яго дне можна іголку ўбачыць. Там з яго здабываюць соль для казны, але яе дорага прадаюць.
    З Куты мы выплылі на Лену, раку вельмі вялікую, з надзвычай прыгожымі берагамі, глыбокаводную, пампезную, ціхую. Не дарма яе масквіцяні завуць матушкай. Каля той ракі сустракаюцца вельмі прыгожыя астравы, горы, кедравыя гаі і процьма звяроў. Па берагах гэтай ракі жыве многа казакаў, якія трымаюць быдла, коней і ў жыўнасці маюць дастатак.
    Потым, плывучы па Лене, з правага боку ў нас засталася р. Орсінга, а з левага Ілга, рэкі вельмі вялікія, як Вісла. Потым р. Вулкан (?), а з правага боку р. Кірынга, таксама вялікая, лютая і быстрая. У тых месцах хлеб родзіцца. Потым р. Чучны[64], тым рэкам падобная, потым страшная р. Віцім, якая ўпадае ў Лену трыма рукавамі. Горы тут надзвычай высокія, іх вяршыні дасягаюць воблак.
    Ёсць там адно месца, вартае захаплення, якое называецца Скокі. Лена ў тым месцы глыбокая і ў шырыню мілі паўтары, Яна падперта высокім парогам, цераз які вада, падаючы з вышыні, выварочвае і руйнуе ўсё на сваім шляху. Вось чаму людзі там просяць бога, каб Лена стаяла замерзлаю да таго часу, пакуль лёд не струхнее на месцы, бо калі рака нечаканна пачне разлівацца, дык жыхары вымушаны ўсё пакідаць і ўцякаць за горы. Яна тады так закідае і парые лёдам ніву, што пасля яго ўжо не будзе чаго і жаць, а людзі на той год застануцца без хлеба. У саміх жа Скоках рака вузкая і надзвычай пакручаная, прыкладна сажняў на 40, аднак яна тут заўсёды аднолькавая як вясною, так і ўвосень па сваім узрощню вады і плыве паміж гладкіх і вельмі высокіх скал. Там рэдка калі бывае без шкоды. Так і ў нас у тым месцы патонуў п. Павел Хмялеўскі, таварыш з-пад харугвы ягамосці п. Чарнецкага ваяводы рускага, а таму вымушаны былі абзаводзіцца лінамі і прабірацца з дапамогаю іх. Там вялікае мноства сокалаў, арлоў і іншых птушак, якія падобна рыбакам ловяць рыбу і кормяцца ёю. Арол, стоячы каля берага адною нагою на камні, а другою ў вадзе, як асцямі, хапае рыбу. Сокалы ж жывяцца драбнейшымі птушкамі. Але цікава, калі сокал мае вывадак, то паблізу ад яго гнязда птушак жыве больш, бо ён іх там не знішчае, а за жыўнасцю лятае далёка ўбок ад гнязда.
    Потым была р. Путома, вельмі вялікая, і другая р. Алокма, таксама страшная. Там усюды жывуць тунгусы.
    Ад Алокмы пачынаюцца якуты. Вера ў іх язычаская, а выгляд незвычайны. Коней у іх вялікія табуны і больш за ўсё белых. Быдла таксама маюць шмат. Быкоў трымаюць надзвычай вялікіх, а насы ў быкоў і кароў праколаты, як у мядзведзяў. На іх усе ездзяць, а каніну ядуць сырую. Яны нічога не брыдзяцца ... ходзяць з лукам голыя, а на галаве носяць каптуры з жураўлінымі пер'ямі, як страшыдлы, граха ні ў чым не ведаюць. Няма ў іх ні бога, ні веры, адным словам, ва ўсім падобны да язычнікаў. Гэтыя людзі абселі Лену і яе берагі.
    У Якуціі нічога не родзіцца, бо зямля там не адтае больш як на локаць. Звяроў жа і птушак невымоўнае мноства, але язычнікі не ўмеюць іх ужываць: ядуць так... Тыя, хто мае кацёл, з большага пер'я абскубшы, вараць, а ў каго няма катла, тыя параць гарачым каменнем у дзежках або ў карытах без солі...
    Жанчыны ў якутаў ездзяць на конях, на вушах носяць вялізныя, як сярэбраныя талеркі, завушніцы, на галаве кольцы, а на шыі сярэбраныя і медныя абручы. Мужчыны ходзяць у аленніх і валовых скурах шэрсцю да цела, а другою навыварат. Лукі ў іх доўгія, вышэй чалавека, а цеціва на іх раменная. Жалеза збіраюць па берагах Лены і такое добрае, як сталь, але паколькі ў іх цяжка з рамеснікамі, то самі яны ледзь-ледзь спраўляюциа з ім.
    У якуцкую крэпасць мы прыплылі на куццю перад пакравом. Ляжыць гэты горад над самаю Ленаю ў вельмі прыгожым і вясёлым, але галодным месцы, бо там нічога не родзіцца, апрача капусты, і тая без галовак, а рэпа рэдка калі ўдаецца.
    У Якуцку пастаянна пражывае 700 служылых казакаў, якіх рассылаюць па лясах, па рэчках і розных урочышчах. Там яны збіраюць для цара собалей, адбіраючы іх у якутаў, і гэтыя скуры пасылаюць з Якуцка цару на некалькі тысяч; лісіц чырвоных 9000, не лічачы чорнабурых, тых нямнога; гарнастаяў, сонь, рысі; баброў і выдры там не чутна. Але таго, вышэйпамянутага пушнога звера, процьма.
    Ваявода якуцкі таксама мае даходы, пра якія цяжка сказаць што-небудзь пэўнае, але яны не прыносяць яму карысці: або памрэ, або звар'яцее. На ваяводства туды пасылаюць тых, у каго ўжо няма носа[65]. Нічога добрага, гінуць і душою і целам.
    У Якуцку, за выключэннем футры, усе рэчы каштуюць дорага, але яе адтуль цяжка вывезці. Жанчыны там, замест кашуль носяць тонкія аленнія скуры. На галаве ў іх каптуры з собалей. Яны ходзяць у атласных сукенках, падшытых сабалямі, але таксама, як і мужчыны, без кашуль. Кашулі надзяваюць хіба толькі па ўрачыстых святах. Таксама і хлебам якуты лакомяцца толькі па ўрачыстасцях. Яны ядуць, як хлеб, мяса, рыбу з ягадамі і птушак, што там жывуць, а іх у Якуціі процьма незлічоная. П’юць кабылляе малако.
    Пачынаючы ад мая і да верасня ў тых якутаў амаль не бывае ночы, бо відна заўсёды, як днём, і невядома, калі там світае, а калі змяркаецца.
    Потым былі ў Жыганах[66], плывучы да мора[67] 4 тыдні, мінуючы Алдан[68], раку вельмі вялікую, з правага боку вышла другая — Тана[69], трэцяя — Мая[70], рэкі надзвычай магутныя, якіх у нас Польшча няма. Зноў жа[71] Учур[72] з левага боку, рака вельмі магутная і вялікая. Там ловяць рыбу, якая называецца кулускай[73], даўжыня яе дасягае сажняў[74] 16, а большая бывае бліжэй да мора[75], але вышэй Учура яна не падымаецца[76]. Насольваюць яе бочак па 50 або 60. Калі ж да калускі падплывае іншая рыба, дык яна абаб'ецца аб яе і параненай адплывае.
    Там, у тых Жыганах, сонца ніколі не заходзіць. Яно стаіць чырвонае на адным месцы, як самая вялікая кадушка па акружнасці, а праменні ад яго не свецяцца. Пасля некалькіх гадзін стаянкі яно пачынае падымацца ўверх, і толькі тады яго праменні зіхацяць. Але ўсё гэта бывае толькі ад канца мая і да канца кастрычніка. Потым сонца знікае. Тады яго ні днём, ні ноччу не бачна, бо заўсёды пахмурна. Затое палярнай ноччу месяц свеціць больш, чым сонца.
    Там над морам[77] вялікія горы і дзікія людзі, якія надзвычай любяць сабак і трымаюць іх па некалькі дзесяткаў і соцен. У іх той самы вялікі пан, у каго найбольш сабак. На сабаках яны ездзяць, сабак ядуць, у сабаччых скурах ходзяць і сабак у пасаг дачкам даруюць. Адзенне робяць з сабаччай футры, і сабак яны цэняць даражэй за собалей або іншых цудоўных звяркоў. Народ бедны, нічога іншага не мае, апрача сабак.
    (Наступнымі былі ламуты.— А. К.)[78]. Яны язычнікі і ідалапаклоннікі. Іх вялікія чараўнікі[79] размаўляюць з д'ябламі з вуснаў у вусны, якія з'яўляюцца да іх у выглядзе розных жывёл — птушак, гадзюк і крумкачоў; хто ў што веруе, у тым выглядзе гэтыя чараўнікі і паказваюць іх народу. Бога яны не ведаюць. Жывуць гэтыя людзі над р. Лама[80], якая ўпадае ў халоднае мора[81].
    Астрожак[82] стаіць за тры чвэрці ад берагу мора. Звяроў там безліч, і рыба заплывае з мора. А больш за ўсё там рыбы боткі[83], якая далей 5 міль уверх па р. Лама (на нераст.— А. К.) не ідзе. Там яе набіраюць на ўсю зіму. Памерам яна з локаць, але надзвычай тлустая. Калі гэта рыба пражыве ў той рэчцы месяц, дык яна схудзее і ў яе вырастуць па пальцу зубы. Тады б'ецца аб каменне, аж жабры відны з вады, і так падыхае[84]. Ёю пасуцца белыя лісіцы, птушкі і белыя мядзведзі, якіх там надзвычай многа.
    У гэту р. Ламу 12 гадзін прыбывае марская вада і 12 гадзін спадае з яе. У час прыліву яна залівае ўсе астравы, а ў час адліву мора не ўсю ваду забірае з сабою. Вада застаецца па нізінах і рыцвінах, а ў ёй мноства марской рыбы і надзіва вялікіх ракаў[85], якіх дастаткова 6 або 7, каб накарміць аднаго чалавека. Мы іх самі варылі і пяклі. На тых ракаў больш за ўсё нападаюць белыя мядзведзі і, забаўляючыся імі, тым часам забіваюць іх. Але самае дзіўнае тое, што калі белы мядзведзь галодны, дык шукае сабе ежы толькі на ўзбярэжжы мора, і што яно яму выкіне, тое ён і паядае. А калі насыціцца, тады скруціцца ў клубок і плыве па мору, як п'яўка. На сушу выплывае толькі ў выпадку неабходнасці, калі марская вада раз'ядае яму раны[86]. Тады яго там дабіваюць жыхары, хто чым можа.
   З Ламы мы пайшлі па мору кочамі на р. Індзігірку[87]. Кочы там робяць накшталт караблей толькі без жалеза; лазою зашываюць бакі з грубашэрснага матэрыялу, а прыбіваюць драўлянымі цвікамі. Жалеза там не знойдзеш ні за якія грошы. Усё гэта адбывалася ў 1659 годзе[88].
    Калі мы накіраваліся на Індзігірку, нам 3 тыдні служылі спадарожныя вятры, але потым ударыў сустрэчны вецер, які нагнаў столькі лёду, што мы ледзь не загінулі паміж крыгамі. Было нас 5 кочаў. У 2 кочах крыгі прабілі бакі, а тры кочы ветрам павыкідала на лёд. Там мы сядзелі 13 дзён, чакаючы смерці. Але потым даў пан бог вецер, вады прыбавілася, і нас зноў ветрам несла на мора. А тыя два кочы мы адрамантавалі.
    Спаткаліся з людзьмі, якія называюцца гілякамі[89]. Яны ездзяць на мядзведзях і так імі кіруюць, як у нас конямі. Але гілякі ім абразаюць кіпцюры і выбіваюць зубы, кормяць іх на стайні, як валоў, і самі кормяцца імі. Народ гэты таксама дзікі. Жанчыны ў іх вельмі гладкія і высокія. Яны носяць кольцы ў ніжняй губе, а мужчыны ў насу з медзі і срэбра. Хлеба там няма, толькі звярына ды рыба, аднак дань цару даюць надзвычай вялікую.
    Адтуль мы пайшлі на Амур. Рака тая вялікая і край вельмі багаты, бо там мы знайшлі некалькі паруснікаў з такімі тоўстымі бамбуковымі[90] мачтамі, як самыя найтаўсцейшыя буксы ў катку. Казалі нам, што на вялікіх караблях ставяць яшчэ таўсцейшыя, якія можна абхваціць толькі двума рукамі. Мы ж такой мачты не бачылі, бо ледзь самі адтуль уцяклі.
    Людзі, што жывуць там, называюцца чукчы[91]. Яны высокія, барадатыя, ходзяць, як бернардыны[92], у каптурах. У кожнага з іх пацеркі на руках, шаблі носяць збоку, накшталт старых палашоў[93], крыху даўжэйшыя за локаць. Але народ ваяўнічы.
    Край той надзвычай багаты, прыгожы і цёплы, але нам там не далі доўга пажывіцца.
    Загінула там нашых чалавек 35, людзей розных і знатных такіх, як п. Гарошка, п. Тамаш Сталкоўскі, п. Крыштоф Солтан, п. Манеўскі і г. д. і хрышчоны татарын з-пад харугвы п. Чарнецкага. I так не далі нам у тым месцы распаўсюдзіцца, бо мусілі мы ўсё пакідаць і пехтурою ўцякаць цераз горы ў цяжкім становішчы, галодныя і занепакоеныя. Толькі з душою і целам мы вярнуліся на Ламу.
    Было той бяды тры гады з палавінаю, пакуль мы валачыліся па пушчах, па рэчках і мору, мала калі карыстаючыся хлебам, харчуючыся толькі звярыною ды рыбаю. А бялізны і знаку не мелі на сабе, апрача аленніх скур. Апрача неба ды зямлі, нічога не бачылі.
    Потым прыехалі на сабаках у Жыганы. Там нам прыйшло паведамленне ад ваяводы, каб мы рыхтавалі кочы і вясною ішлі морам на р. Амур. У гэтых мэтах нам прыслалі падмацаванне ў некалькі соцен людзей з правізіяй, а мне царскую грамату з назначэннем на пасаду сотніка і плату, а п. Хоцімскаму грамату на пасаду атамана. Усё гэта нам было не вельмі прыемна, але няволя , ўсё можа зрабіць. I мусілі мы, як мілыя, прыняць гэта прызначэнне напалавіну з плачам.
    Аднак літасцівы бог ператварыў наш смутак у радаць, бо праз тыдні 4 да нас прыйшла новая царская грамата, паводле якой нам нарэшце было загадана вярнуцца ў Маскву. Падзякавалі мы за гэта бога і вярнуліся ў Якуцк, дзе нас хораша прыняў ваявода і ўзяў ад нас рэляцыю за нашымі подпісамі з інфармацыяй аб тым, дзе мы былі і што рабілі, якія месцы наведалі і якіх людзей там сустракалі.
    Дзякаваў нам за службу ваявода і пісаў аб усім гэтым цару, а нам казаў уласнаручна падпісацца пад яго тым пісьмом. Потым нас адпусціў.
    I так мы прыехалі ў Табольск, калі там быў ваяводаю Пётр Іванавіч Гадуноў. Гэты нас затрымаў і ні ў якім выпадку не хацеў адпускаць у Маскву. У Табольску мы пражылі тыдняў 6. З прычыны вялікага гора і голаду мусілі тут некаторыя іншыя застацца на царскае імя і перахрысціцца, бо там прынята лічыць за вялікую паслугу цару, калі ваявода перахрысціць каго ў сваю веру, або прыняволіць застацца на царскай службе. Так некаторыя і падаліся на службу да яго.
    А я, хоць і быў у цяжкім становішчы, вырашыў, аднак, не паддавацца на спакусу і чакаць больш шчаслівай аказіі, каб вырвацца ў Маскву. I дачакаўся.
    Прыбыў я ў Маскву, калі туды прыехала вялікае пасольства да цара, ў складзе якога былі іх міласці: яснавяльможны п. Ян Глінскі, ваявода хелмінскі, стараста кавалеўскі, гарадзецкі, радзінскі; ягамосць п. Цыпрыян Павел Берастоўскі, рэферэнт і пісар Вялікага княства Літоўскага, стараста мядзельскі і даўгінаўскі, адміністратар Сокальскай аканоміі; вяльможны ягамосць ксёндз Аляксандр Катовіч, схаластык віленскі, рэгент галоўнай канцэлярыі Вялікага княства Літоўскага. Тады я быў рэпатрыяваны з Масквы і дастаўлен на сваю пажаданую айчызну, а больш за ўсё дзякуючы старанням яснавяльможнага ягамосці пана ваяводы хелмінскага, якога няхай бог узнагародзіць 100 разоў.
    Гэты мой "Дыярыуш" напісан непасрэдна мною самім і нічога фальшывага ў ім няма, бо я пісаў толькі тое, што бачыў сваімі вачыма. Пад якім і падпісваюся ўласнаю рукою. Адам Каменскі Длужык.
-------------------------------------------
    [1] Warta. Książka zbiorowa ofiarowana księdzu Franciszkowi Bażyńskiemu… od jego przyjacioł i wielbicieli. Poznań, 1874. (Тэкст “Дыярыуша” тут займае стар. 378-388).
    [2] Апублікаваны яны ў кн. "Записки Русского Географического общества по отделению этнографии", т. 10, вып. 1. СПб., 1882, стар 30—150.
    [3] Бася — правы прыток р. Проні, працякае па тэрыторыі Горацкага, Шклоўскага і Чаускага р-наў Магілёўскай вобл.
    [4] Па тэксту невядома, пра што ідзе гутарка – раку ці населены пункт.
    [5] Чарэя - населены пункт Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.
    [6] Драгамілава Слабада - зараз тэрыторыя г. Масквы.
    [7] Харугва - вайсковы сцяг.
    [8] Карнет - медны духавы інструмент.
    [9] У публікацыі кс. А. Марыянскага "Гродзінскага" (!?).
    [10] Гетманам Вялікага княства Літоўскага ў той час быў Павел Сапега.
    [11] Чарнецкі быў ваяводаю галіцкім.
    [12] Міля - старая мера даўжыні шляху, розная ў розных дзяржавах. Геаграфічная міля раўнялася 7420 м.
    [13] Пераяслаў-Залескі - горад Яраслаўскай вобл.
    [14] Сажань - лінейная мера, роўная 3 аршынам, або 2,134 м.
    [15] Юхта - краснадубленая кожа для абутку і шорных вырабаў.
    [16] Тоцьма - горад на р. Сухона ў Валагодскан вобл.
    [17] Ваявода - начальнік горада і гарадской акругі ў старажытнай Русі.
    [18] У публікацыі кс. А. Марыянскага "ангельскага".
    [19] Усцюг - горад Валагодскай вобл. на Паўночнай Дзвіне.
    [20] Кайгарадок - населены пункт на р. Сысола (левы прыток Вычагды) у Комі АССР.
    [21] Гутарка ідзе пра епіскапа Стафана Пермскага, з імем якога звязана хрышчэнне комі-зыран яшчэ ў XIV стагоддзі.
    [22] Г. зн. адзін з літоўскіх дыялектаў.
    [23] Сольвычагодск - горад на р. Вычагда (правы прыток Паўночнай Дзвіны) у Архангельскай вобл.
    [24] Салікамск - горад на р. Кама ў Пермскай вобл.
    [25] Пуд - руская мера вагі, раўнялася 16,38 кг. Існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы.
    [26] Верхняя Тура - горад на р. Тура (левы прыток Іртыша) у Свярдлоўскай вобл.
    [27] Вагуламі называлі продкаў сучасных мансі.
    [28] Шайтан (цюрск.)- чорт, д'ябал.
    [29] Качэўе - месца стаянак.
    [30] Камін тут ужываецца ў сэнсе "дымаход".
    [31] Мыта - пошліна за правоз тавараў цераз заставу; падарожны падатак.
    [32] Невядома, які народ канкрэтна падразумяваециа пад гэтай пазвай "калмыкі", ды яшчэ і белыя.
    [33] Табольск - горад Цюменскай вобл.
    [34] Вербная нядзеля - гэта апошняя нядзеля вялікага паста перад царкоўным вясеннім святам вялікадня, бывае ў канцы красавіка.
    [35] Тут, відаць, маецца на ўвазе возера Вялікі Уват, якое знаходзіцца з левага боку паміж рр. Ішым і Табол.
    [36] Тара - горад на Іртышы ў Омскай вобл.
    [37] Даурыяй цазываліся ўсходне-сібірскія землі за воз. Байкал.
    [38] Бухара - горад Узбекскай ССР, колісь быў (з канца XVI да пачатку XX стагоддзя) сталіцай самастойнага феадальнага ханства.
    [39] Ярмак (Васілій Цімафеевіч Аленін) - загінуў ноччу 5 жніўня 1584 года ў баі з ханам Кучумам.
    [40] Аркіш - голасемянны ячмень, які рускія называлі полбай.
    [41] Белазор - асобы від крэчатаў.
    [42] Хорт - паляўнічая гончая гладкашэрсная сабака.
    [43] Па царкоўнаму календару гэта свята бывае 7 ліпеня.
    [44] Сургут - гарадок на р. Об у Цюменскай вобл.
    [45] Бярозава - населены пункт на р. Паўночная Сосьва ў нізоўях Абі.
    [46] Нарым - гарадок на Абі ў Томскай вобл.
    [47] Кецк - населены пункт на р. Кець (правы прыток Абі) у Томскай вобл.
    [48] Да зямлі Яўскага яму - г. зн. да земляў Ханты-Мансійскай нацыянальнай акругі ў Цюменскай вобл.
    [49] Самасоўкі - зараз г. Ханты-Мансійск на р. Іртыш непадалёк ад упадзення яго ў Об.
    [50] Асцякі - так называлі продкаў сучасных хантаў.
    [51] Кець - правы прыток Абі.
    [52] Па царкоўнаму календару гэта свята прыпадае на 14 кастрычніка.
    [53] Населены пункт на р. Лісіцы (левы прыток Енісея).
    [54] Енісейск - горад на левым беразе Енісея ў Краснаярскім краі.
    [55] Тунгусы - так называліся продкі сучасных эвенкаў.
    [56] У публікацыі кс. А. Марыянскага дапушчана памылка і замест "па-тунгуску" надрукавана "па-французску".
    [57] Ілім - па тых часах ілімскі астрог. г. зн. умацаваны адміністрацыйны цэнтр Усходняй Сібіры; заснаваны быў у 1631 годзе на правым беразе р. Ілім, правага прытока Ангары (Іркуцкая вобл.). Адсюль пачынаўся волак на р. Купу, якая ўпадае ў р. Куту, левы прыток Лены.
    [58] Локаць - старажытная мера даўжыні ад 370 мм да 555 мм (сібірская локаць), у Расіі яна хісталася ад 455 да 475 мм.
    [59] Відаць, гэты выраз азначаў "Алені нашы" ці "Мы алені", бо слова "мульта" па-тунгуску азначае "алень", а "мут", "муцінгі"- займеннік "мы", "наш".
    [60] Камень - старадаўняя польская мера вагі, раўняўся 10,14 кг.
    [61] Так в публикации. Смысл предложения довольно неясен. – О.Л.
    [62] Па царкоўнаму календару гэта рэлігійнае свята адзначаецца 14 мая
    [63] Мака - прыток Куты, левага прытока Лены.
    [64] Відаць, гутарка ідзе пра правы прыток Лены, пра р. Вялікая Чуя.
    [65] У якіх ужо няма носа - г. зн. хворыя на венерычную хваробу сіфіліс.
    [66] Жыганск - умацаваны пункт на левым беразе Лены за палярным кругам, заснаваны ў 1632 годзе рускімі землепраходцамі.
    [67] Відаць, гутарка ідзе пра мора Лапцевых у Ледавітым акіяне.
    [68] Алдан - правы прыток Лены.
    [69] Тана - ракі пад такой назвай зараз няма. Мяркуючы па тэксту апавядання, тут гутарка вядзецца пра якійсьці прыток Алдана.
    [70] Мая - правы прыток Алдана.
    [71] Па сэнсу вынікае, што ў даным выпадку яны плылі ўверх па Алдану.
    [72] Учур - правы прыток Алдана.
    [73] Гутарка ідзе пра калугу, рыбу рода бялуг сямейства асятровых.
    [74] Тут, відаць, маецца на ўвазе польскі сажань, які раўняўся 1,9 м, але і ў такім выпадку аўтар яўна перабольшвае, бо калуга больш 6 м не бывае.
    [75] Бліжэйшым морам да р. Учур з'яўляецца Ахоцкае, але тады атрымліваецца бяссэнсіца.
    [76] Тут гутарка ідзе пра нераст калугі, які бывае ў яе ў канцы мая або пачатку чэрвеня. Але ў гэтым месцы апавядання аўтар штосьці зблытаў, бо асятровая рыба жыве ў моры, адкуль яна заплывае ў прэсныя рэкі для нерасту. Як калуга магла трапіць з Ахоцкага мора цераз горы ў Учур, невядома.
    [77] Аб якім моры ідзе гутарка, невядома. Але хутчэй за ўсё аўтар мае на ўвазе ўзбярэжжа Ахоцкага мора.
    [78] Тут у публікацыі польскага тэксту, відаць, было штосьці прапушчана.
    [79] Гутарка ідзе пра шаманаў, якія былі вярхоўнымі жрацамі ў язычнікаў.
    [80] Р. Лама - так у XVII стагоддзі называлі р. Ахоту, адсюль яе жыхароў эвенаў якуты называлі ламутамі, а Ахоцкае мора Ламуцкім.
    [81] Г. зн. Ахоцкае мора.
    [82] Астрожак - так называўся ўмацаваны апорны пункт. На беразе Ахоцкага мора ён узнік у 1649 годзе і называўся Касым астрожкам, які пазней быў перайменаваны ў Ахоцк.
    [83] Відаць, гутарка ідзе пра гарбушу.
    [84] З гэтага малюнка вынікае, што Каменскі наглядаў яе пасля нерасту, калі яна знясіленая гіне.
    [85] Вялікія ракі – г. зн. марскія крабы.
    [86] У Ахоцкім моры вада дасягае 34% салёнасці, натуральна, што такі раствор будзе раз'ядаць нават самую нязначную рану.
    [87] Рака Індзігірка цячэ на поўнач у Усходнесібірскае мора Ледавітага акіяна. Трапіць у яе па мору можна толькі абгінаючы Камчатку і Чукотку, пра якія Каменскі не ўпамінае. Адсюль вынікае, што Каменскі добра не ўяўляе сабе, дзе знаходзіцца гэта рака, бо курс іх з Ахоцка ляжаў на поўдзень у нізоўе Амура.
    [88] Дата, як вынікае з папярэдняга тэксту, яўна памылковая.
    [89] Гілякамі называлі продкаў сучасных ніўхаў, якія сапраўды трымалі ў клетках мядзвежанят, але Каменскі не зразумеў, для чаго. Галоўным жа і адзіным транспартным сродкам ніўхам служылі сабакі, а не мядзведзі.
    [90] У арыгінале бамбукавыя мачты названы "трысняговымі", г. зн. чаротавымі, па прызнаку падабенства чароту да бамбуку.
    [91] Чукчы ніколі ў нізоўях Амура не жылі. Тут Каменскі памыляецца і называе чукчамі кагосьці з прыамурскіх народнасцей, магчыма айнаў, у якіх таксама існаваў культ мядзведзяў і яны выхоўвалі мядзвежанят у клетках, магчыма арочы, нанайцы або ўдэгэйцы.
    [92] Бернардзіны - каталіцкія манахі ордэна св. Бернарда.
    [93] Палаш - халодная зброя з доўгім прамым двухбаковавострым клінком, які насілі ў ножнах.
    [starbel.narod.rudluzyk.htm]



                                                         Сайт пра наваколлi Вiцебска
                                                                Славутыя людзі
                                                        Дзеячы Віцебшчыны К - Л
                                                          Каменскі Адам Рыгор
                                 (Каменскі-Длужык, Длужык-Каменскі; ?-27.1.1667)
    Каменскі Адам Рыгор (Каменскі-Длужык, Длужык-Каменскі; ?-27.1.1667) Пісьменнік-мемуарыст. З аршанскай шляхты. Аўтар унікальнага па змесце “Дыярыуша”, апублікаванага ў 1874 А. Марыянскім па копіі, зробленай у Гембіцах (Польшча) у прыватнай бібліятэцы ксяндза П. Кушынскага нейкім шляхціцам Панінскім. Тэкст “Дыярыуша” выяўляе ў Каменскага добра адукаванага чалавека, здольнага апавядальніка з вострай і тонкай назіральнасцю, рамантычнай узнёсласцю і адначасова з цвярозым, гаспадарскім поглядам на жыццё. Як відаць з мемуараў, у час руска-польскай вайны 1654-67 у канцы 1657 Каменскі трапіў у рускі палон. 3-пад Шклова Магілёўскага ваяводства ён адпраўлены пад канвоем у Якуцк, адтуль у Запаляр'е і Прымор’е. Быў там зборшчыкам ясака (падатку) сярод мясцовага насельніцтва. 3 павагай ставіўся да тамашніх народаў, асабліва да прыангарскіх тунгусаў.
    “Дыярыуш” - самы ранні з усіх вядомых пісьмовых помнікаў пра Сібір (калі не лічыць, відаць, ужо страчанага апісання гэ тага рэгіёна, зробленага ў 1655 навагрудскім езуітам Кавячынскім). Каменскі пачаў сваё вымушанае падарожжа па сібірскіх землях на 17 гадоў раней, чым перакладчык рускага пасольства ў Кітаі Н. Спафарый. “Дыярыуш” адрозніваецца ад апісання Спафарыя не толькі ў геаграфічным і этнаграфічным плане, але і большай вобразнасцю, глыбінёй асэнсавання рэчаіснасці, што надае яму характар мастацкага твора. “Дыярыуш” з поўным правам можна назваць энцыклапедыяй ведаў пра Сібір 17 ст. Аўтара цікавіла ўсё: адлегласць паміж населенымі пунктамі, навакольная фауна і флора, заняткі мясцовага насельніцтва, яго побыт і звычаі, эканамічны стан, размяшчэнне гарадоў і мястэчак, здабыча солі і яе кошт, багацці рэк і лясоў. Побач з апісаннем побыту сібірскіх абарыгенаў твор змяшчае і цікавыя звесткі пра лад жыцця рускіх пасяленцаў Заходняй і Усходняй Сібіры, цікавыя характарыстыкі многіх сібірскіх гарадоў і апорных абарончых пунктаў, так званых астрогаў. Усё гэта робіць “Дыярыуш” каштоўным помнікам мемуарнай літарату ры 2-й паловы 17 ст., у якім упершыню пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры сталі прадметам мастацкага апавядання.



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz