niedziela, 27 kwietnia 2014

ЎЎЎ 2-4. Нэрчана Індзігірская. Цярністы шлях Сяргея Новіка ды Якутыя. Ч. 2. Сш. 4. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    “У чэрвені 1928 года ў горадзе Сьвеце над Віслай да Сяргея прыехалі: тадышні беларускі пасол у польскі Сейм Альбін Стэповіч і Уладзіслаў Казлоўскі. “Адчынілі дзверы і кажуць: - Ці тут амбасада Беларусі? На таксі мы паехалі праз Віслу ў Хелмна да Наталлі Арсенневай і Францішка Кушаля. Ф. Кушаль быў там камандзірам кулямётнай роты. Яны на наш прыезд зрабілі банкет. Мы з Альбінам заначавалі. Н. Арсеннева падарыла нам сваю кнігу “Пад сінім небам”. Назаўтра мы з Альбінам пайшлі ў парк і доўга гутарылі пра Беларусь. Пасля вярнуліся ў Сьвеце”. /Глагоўская Л.  Сяргей Новік-Пяюн і “Песні з-за кратаў” // Ніва. Беласток. 2 кастрычніка 1994. С. 8./
    Першая ссылка доўжылася каля пяці гадоў (1926-1931 гг.). Пісьменнік быў на вольным пасяленні пад наглядам паліцыі... Вершы С. Новіка-Пеюна, створаныя ў выгнанні на Кракаўшчыне [Памор’і], фактычна уяўляюць сабой цыкл, стрыжнявой думкай якога з’яўляецца туга па радзіме. Для ўсіх іх характэрны элегічны настрой, арыентацыя на тыя народныя песні, у аснове якіх разлука героя з родным краем і сям’ёй. Менавіта гэтыя фальклорныя творы акрэсліваюць і паэтыку вершаў С. Новіка-Пеюна, напісаных у польскім Свеце... Лірычны суб’ект паэта належыць да тых натур, хто ня можа бяздумна жыць. Ён, выгнаннік з роднай зямлі, выразна ўсведамляе хуткаплыннасць жыцця, бясплоднасць гадоў, якія праходзяць на чужыне. Герою прыходзіцца канстатаваць, што сам нічога не зрабіў, хай і не па сваёй волі. Гэта надзвычай суровая самаацэнка, якая сведчыць пра здольнасць лірычнага суб’екта да самакрытыкі. Гэтая безвыніковасць пражытых гадоў на чужыне часам спараджае ў яго абыякавасць да жыцця”. /Зарэцкая В.  Заходнебеларуская творчасць Сяргея Новіка-Пяюна. // Канцэптуальныя падыходы да рэалізацыі зместу філалагічнай адукацыі ў школе і ВНУ: гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. 21-22 кастрычніка 2004 г. Брэст 2005. С. 76-79./
    “Я пазнаёміўся з Мікалаем Аляксеевічам Гуцькам у 1928 годзе, налі прыязджаў у сваю родную вёску Лявонавічы да бацькоў. Прыйшоў да мяне з Цякалаўшчыны малады прыгожы юнак. Ведаючы, што я ўжо друкую свае вершы ў віленскіх прагрэсіўных часопісах і газетах, прызнаўся, што сам піша вершы, і прасіў мяне ўзяць яго з сабою ў Вільню, каб сустрэцца там з рэдактарамі газет і часопісаў... У маім альбоме захаваліся тры вершы Гуцькі, якія ён напісаў мне на памяць 27 жніўня 1928 года. /Сяргей Новік-Пяюн.  Ой, што за хлопец, што за дзяўчына... // Голас Радзімы. Мінск. Ліпень. № 30. 1968. С. 4./
    Як адзначаюць дасьледчыкі Сяргей Новік апублікаваў у1928. Хрыстус і дзеці: (Паводле Канапніцкай): [Верш] // Календарык “Хрысціянскай думкі” для беларускай моладзі на 1929 год. Вільня / Пад псеўд. С. Пяюн; Андрэйка: [Апавяданне]  // Заранка. № 1-2 / Пад псеўд. Малады Дзядок; Гэй, моладзь, наперад!: [Верш] // Бел. крыніца. 22 сак. / Пад псеўд. С. Пяюн; “Анафэма” // Слова працы. 5 кастр. / Пад крыпт. Н.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./
                                  ЗА РОДНЫ БАЦЬКАЎСКІ КУТОК
                                          За родны бацькаўскі куток,
                                          Што лёг ў краіне беларускай,
                                          Зямліцы роднае шнурок
                                          3 мяжой зялёненькаю вузкай,
                                          За гоман родных мне гаёў,
                                          За шопат родных ніў-палёў,
                                          За клёкат роднае крыніцы, -
                                          За ўсё, што з роднае зямліцы,
                                          Чужое я аддаць гатоў.
                                              Сады, палацы, камяніцы,
                                              Выбрукаваныя вуліцы,
                                              Гароды красак ў чужыне
                                              Зусім, зусім не для мяне!
                                              Хоць гэта надта ўсе прыгожа,
                                              Ды замяніць свайго не можа.
                                          Ляці ж стралою, думка, смелай
                                          Да маёй маці Русі Белай,
                                          Яна збудзілася ад сну,
                                          Распачала сваю вясну,
                                          Жыццём жыць хоча яна новым,
                                          Чакае толькі, каб аковы
                                          Сыны ёй верныя знялі.
                                              Айчына-Маці! На зямлі
                                              Ўзрастаюць волатныя раці,
                                              Ідуць, ідуць аковы рваці
                                              З рук сваёй маці - Русі Белай,
                                              Каб роўнай і яна засела
                                              У міжнародную сям’ю.
                                          Пачуй жа песню ты маю,
                                          О, Беларусь мая святая,
                                          Наступіць, вер, часіна тая, -
                                          З тваіх рук скінем мы аковы,
                                          Спаткаем дзень шчаслівы, новы
                                          Й табе узложым, наканец,
                                          Свабоды-вольнасці вянец!
                                  [г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 2-І-1928 г.]
          /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 13-14./

 

 

                                                                   АНДРЭЙКА

     У шырокай лагчыне, паміж ня вельмі высокіх узгоркаў, пакрытых густа ялаўцовымі кустамі, расьселася вельмі прыгожая вёска Ц * * *. 3 двух бакоў да яе прылягае сасновы лес, як-бы хаваючы яе ад ветру. За некалькі сажняў ад канца вёскі, быццам сяребраная йстужка, ўецца вузенькая рэчка, якая, здаецца, хацела-б абвіць вёску наўкола сваім бліскучым паясом. Калі зірнеш здалёк на гэную вёску, дык здаецца, што гэта ёсьць вялізны зялёны сад, паміж якога можна ўбачыць толькі стрэхі хатак, якія тонуць у хвалях густое зелені. Калі-ж увойдзем у сярэдзіну вёскі, дык тады сапраўды можна сказаць, што гэта сад, бо кожны, хоць найбяднейшы гаспадар, мае некалькі фруктовых
дрэвак. Прыгожыя хаткі, у большым ліку новыя, уселіся па бакох няроўнае вуліцы, мейсцамі папсутай патокамі дажджовае вады. Калі праходзіш уздоўж вуліцы, асабліва ў сьвяточны дзень, дык угледзіш, як у рознакалёрных вопратках дзе-нядзе ўселіся грамадкамі людцы каля хатак, хто на лаўцы, а хто проста на зямлі. Не’к жыцьцерадасна гамоняць аб усім: аб гаспадарцы, аб надвор’і. Угледзіўшы новапрыбыўшага чалавека, яны заўсёды весела яго прывітаюць, хоць будзе гэта багаты, ці бедны, - розніцы ў іх няма. Вельмі добрыя пачцівыя людцы ў вёсцы Ц * * *. Ня толькі на адну воласьць, але на цэлы павет, слыве гэтая вёска вельмі добрымі музыкамі. І сапраўды музыкі ў ёй ёсьць вельмі добрыя! Там на’т можна ўгледзіць, як шасьцігадовы хлопчык, які ледзь-ледзь можа ўтрымаць йскрыпку, рэжа на ёй даўгім смыком “Лявоніху”. Вось у гэтай вёсцы Ц * * * некалькі гадоў назад нарадзіўся ў небагатых бацькоў хлопчык, якому падчас хрэсьбінаў далі імя Андрэй. Рос гэты хлопчык у сваёй сям’і, якая апрача бацькі й маці складалася яшчэ з трох старэйшых братоў, як расьце кожнае дзіця беларускае вёскі. Жыў на вольным прасторы, сярод родных палёў, лагоў ды лясоў, пазнаючы ад раньня свайго жыцьця долю й нядолю беларускага селяніна. Быў вельмі спакойны, часам вясёлы, худзенькі хлапчук, з дробнымі рыскамі твару, які быў пакрыты вяснушкамі. Усе звалі яго Андрэйкам. Вось калі мінула Андрэйку сем гадкоў, пашоў ён вучыцца ў школку, якая была ў тэй самай вёсцы. Любіў ён навуку ў школе, але яшчэ больш любіў граць на йскрыпачцы. У вольныя хвіліны ад заняткаў ці работы Андрэйка браў у свае цененькія ручкі йскрыпку, ды выводзіў смыком розныя мэлёдыі, вельмі прыгожыя, тулячы да сябе йскрыпачку, як жывую істоту. Гэты хлапец зварочваў на сябе ўвагу ўсіх сваей здольнасьцяй да музыкі і шмат можна было ад яго спадзявацца.
    Борзда мінаюць дні за днямі, гады за гадамі. Андрэйка кончыў урэшце вясковую школу і хацеў вучыцца далей. Але як тут вучыцца, калі грошай на навуку няма?... Аднак ня гледзячы на ўсе перашкоды, ён пачаў прасіць у сваіх бацькоў дазволу, каб ісьці ў Нясьвіж, шукаць там веды ў вышэйшых школах. Не’к бацькі, хоць ведалі, што цяжка яму прыдзецца вучыцца ў такіх варунках, згадзіліся на ягоную просьбу, і завязьлі яго ў места. Тутка ён прыстроіўся ў меставай школе і праз цэлы год вучыўся вельмі старанна. Д як-жаж беднаму цяжка было жыць, калі на якую кніжачку, ці сшыток трэба было зарабіць самому грошы! А ратавала яго з бяды ягоная прыяцелька - скрыпачка: там на вечарынцы паграе, таго павучыць трошкі - глядзіш, а ўжо й мае якую залатоўку, ужо ёсьць алавік, ці сшыток.
    Ня гледзячы на такія жыцьцёвыя абставіны Андрэйка нелякаўся будучыні; заўсёды на ягоным твары была мілая ўсьмешка, а шэрыя вочы, выглядаючыя з пад рэдкіх броваў, гарэлі гарачай надзеяй, што не заўсёды будзе гэтак кепска, як цяпер. Але вось, як пярун з неба, звалілася на Андрэйку сумная вестка: дома згарэла хата й хлявы! Увесь дабытак мазольнае працы ягоных бацькоў ды братоў стаўся ахвярай бязлітаснага вагню. Ізноў удар!.. Але затрымліваючы ў грудзёх горкі, пякучы боль, ён змагаўся з яшчэ цяжэйшым жыцьцём, а навукі не пакідаў, ідучы пэўным крокам упярод з цьвёрдаю верай у тое, што дойдзе ўрэшце да сьветлае зары новага, лепшага жыцьця.
     Мінула вясна, лета і прышла залацістая беларуская восень. Людзі цешачыся зьбіралі з палёў пажатае збожжа да сваіх гумён. Дзякуючы добраму надвор’ю ўхадзіліся са збожжам у палёх рана, і асталася там толькі бульба. Як-жаж прыгожа выглядае вёска Ц***, калі зраньня або ўвечары пасылае сонейка да яе свае бліскучыя коскі! Кожнае дрэўка абсыпана грушкамі, ці сьліўкамі, ці жоўта-чырвонымі яблыкамі гэтак, што цяжка распазнаць, дзе ёсьць галінкі, ці лісткі, бо пачуўшы восень, яны пажоўклі ды пачырванелі. Нейкая прыемная цішыня пануе ў вёсцы і ў полі. Ня чуваць вясёлага пяяньня птушак, якія скрыліся за небасхілам, шукаючы прытулку ад надыходзячых халадоў на паўдні...
    Нейкая цененькая хвігурка йдзе шпарка па вузенькай сьцежцы, што бяжыць удаль разам з шырокім гасьцінцам. Старыя высокія бярозы згорбіўшы свае шэрыя станы, выстраіліся быццам вечныя вартаўнікі паабодвух бакох гасьцінцу й, здаецца, нешта гавораць лапочучы сваімі каравымі галінамі, на якіх яшчэ можна ўбачыць жоўтыя лісткі. Але што-ж гэта за чалавечак? Чаму ён так спяшаецца? Што яго гэтак гоніць упярод?... Калі прыгледзімся да яго, дык адразу пазнаём Андрэйку. Апранёны ён у пацёрты сівенькі халацік, на галаве ўзложана маленькая сіненькая шапачка, на нагах шэрыя порткі; за сьпіною ён прычапіў торбачку з хлебам ды кніжкамі; у левай руцэ трымае латаныя вялізарныя чаравікі (не з ягонай нагі), а ў правай – сукаватую ялаўцовую палку. Босымі нагамі ён ступае па пяску ды каменьнях, не зважаючы, як часам жорсткі пясок рэжа яму пальцы. Празрыстыя каплі поту выступілі ў яго на лобе; шчокі ягоныя зарумяніліся як дзьве чырвоныя рожы; на цэлым твары намалявана ні то радасьць, ні то хлопат. Кончыўшы дома неабходную работу, ён сабраўся і скіраваўся ў места - вучыцца. Вось чаму ён так спяшаецца - навука цягне яго да сябе, як магніт.
    З-за ўзгорку зірнула ўрэшце высокая вежа радзівілаўскага замку, а вось ужо глянуў і касьцёл з чырвонай вежай, вось відаць ужо й сумрачны магільнік, вось ужо й Бэрка - гандляр збожжам - сядзіць пры сваей хаце, якая, здаецца, гатова ад старасьці разваліцца на дробненькія часьцінкі й задушыць сваіх гаспадароў, і - Андрэйка ў Нясьвіжы.
    З добрым вынікам злажыў Андрэйка экзамен у польскую вучыцельскую сэмінарыю (бо іншае ня было), і пачаў у ёй вучыцца. Цешыўся ён з таго, што навучыцца граць з нотаў і гэтым “нотам” ён пасьвячаў шмат шчырае працы. Ніхто ня мог зрабіць закідаў Андрэйку - бо вучыўся старанна, як мае быць. Але наляцеў аднак ён на перашкоду ў асобе пана Н., прафэсара музыкі, які гневаўся на яго за тое, што Андрэйка “хам” з вёскі, удадатак Беларус, ды гэтак добра йграе на скрыпачцы, маючы відавочны талент. І пачаў ён, гэты “прафэсар” Н., на кожным кроку “падкладаць шпількі” Андрэйку, але той, ведаючы, што “прафэсар” несправядліва паступае, маўчаў, ды вучыўся далей.
    У вольныя часіны Андрэйка зарабляў трохі грошай. У сьвяты ён пачаў хадзіць да дому і там разам з усею капеляй граў вечарынкі, ці вясельлі. Вось на адным з гэткіх вясельляў мне прышлося пабачыцца з Андрэйкам ў апошні раз, бо балей яго не спаткаў. Але-ж і любіў я яго, ды ня толькі я, а ўсе, хто толькі яго ведаў і чуў ягоную прыгожую музыку. Убачыўшы мяне, ён вельмі усьцешыўся й праз цэлы дзень не хацеў са мною разлучыцца, і я быў пры ім. З якою захопленасьцяй ён апавядаў мне, што ўжо умее “ноты” й грае па іх! Якія пляны ён раіў у сваей галаве! Вось, нібы ён кончыўшы сэмінарыю, дабраўся да парога музычнае кансэрваторыі; вось ужо ён артыст-музыка.
Казаў ён, што каб пляны ягоныя зьдзейсьніліся, дык прыехаў-бы ў сваю вёску, ды ўсіх музыкаў панавучыў-бы йграць “па нотах”. Хочучы паказаць, што ён умее ўжо “па нотах” Андрэйка пачаў граць нешта прыгожае, але сумнае, аж у мяне зашчымела на’т сэрца. Ён граў нешта аб... сьмерці...
    - Чаму гэта ты, Андрэйка, уздумаў граць гэткую плаклівую мэлёдыю, цяпер-жа-ж тутка вясельле? Няўжо-ж ты нічога іншага не патрапіш? - запытаўся я ў яго. Але адказу ён адразу мне ня даў. Здавалася, што ён углыбіўся ўсею душою ў цяжка-сумныя, далікатныя гукі йскрыпкі і нічога ня чуў... Здавалася, што ён перанёсся нейдзе далёка, далёка, дзе ня можа сягнуць чалавечае вока. Але раптам ён уздрыгануўся, выпрастаўся, апусьціў скрыпку і спытаўся: аб чым я яму гаварыў. Я паўтарыў сваё пытаньне. Андрэйка адразу зьмяніўся. Каб забавіць мяне і усіх, хто ад ягонае музыкі на’т пачаў плакаць, ён нейкім мяккым вясёлым голасам сказаў: “Зараз будзе весяла! Хто хоча са мной скакаць “Казака”?... Ну, калі ніхто не згаджаецца, дык пайду я сам! Глядзеце-ж адно”!.. І пачаў Андрэйка скакаць, дый як-жаж добра, а музыкі не патрабаваў, бо скачучы сам сабе падыграваў на скрыпачцы. Усе сені напоўніліся людцамі; пачалі ўсе весяліцца, сьмяяцца. “Вось, як я зрабіў адразу весяла”! - крычаў Андрэйка. Да яго далучыліся шмат жадаючых паскакаць “Казака”. Былі тутака і жанчыны і мужчыны, якія добра сабе падпілі ў хаце маладой; і ў дзяўчатах ды хлапцох недахопу ня было.
    Добры быў гэты Андрэйка!... Колькі гадоў ужо мінула, а ў маіх вачох стаіць ён такім, якога я бачыў у той апошні дзень. Сьветлыя валасы ягоныя разьвейваліся на ўсе бакі ад шчырага скаканьня; вочы нейк бліскуча палалі ў ягоным лабе; вяснушкі на твары не’к зьмяшаліся з загнетам, што выступіў на ягоныя шчокі; на губах была добрая ўсьмешка. Апранёны ён быў у сьвяточную вопратку: зялёная кашуля з хвабрычнае матэрыі з дзьвумя кішанямі па бакох, з пазалачанымі гузікамі, была падперазана шырокім паясом з жоўтае скуры; сінія, куплёныя порткі і старыя вялізныя чаравікі на нагах.
    Ужо сонца схавалася за высокім хвайняком, ужо ясныя зорачкі пачалі трапятацца на аграмадным абшары пацямнелага неба, ужо падзьмуў ветрык вясеньнім холадам, калі мне прышлося разлучыцца з Андрэйкам. Маладыя, разам з усім вясельлям, сабраліся ехаць да маладога, трэ было і музыкам ехаць з імі. На пажагнаньне яшчэ крыху паскакалі, і паехалі. Доўга яшчэ я прыслухваўся да гукаў прыгожага маршу, пакуль зусім усё навакол ня сьціхла.
    Была зіма... З самае раніцы неба быццам злавала на некага, бо была пакрыта чорна-сінімі хмарамі. Пад нагамі трашчэў лёд, вецер злосна дзьмуў, здавалася, з усіх бакоў. Вось у гэткае надвор’е выбраўся Андрэйка пехотаю ў Нясьвіж, у сэмінарыю. Бацька чамусьці яго не падвёз?... Павольна йшоў ён упярод, бо вецер няміласэрна біў яго па твары і па ўсім ягоным худзенькім целе. Старэнькі халацік, ды цененькія порткі, ды старыя чаравікі ня маглі ўберагчы Андрэйку ад сярдзітага ветру, ды той і рад быў пазьдзекавацца над безбароннай істотай... Аднак - ён ішоў у упярод.
    Праз цэлую ноч ня згасла лямпа ў хаце дзядзькі Вінцеся, у якога знашоўся Андрэйка на кватэры. Ня спаў добры дзядзка Вінцэсь, ня спала й ягонага жонка Настуля, добрая жанчына. Яны хадзілі каля Андрэйкі, які ляжаў у ложку, увесь калаціўся, як асінавы лісточак; часамі яго кідала ў гарачку, ён нешта нявыразнае казаў. Не адну сьлязінку ўцёрла хвартухом цётка Настуля; у дзядзкі Вінцэся таксама вярцеліся ў вачох сьлёзы. Цётка Настуля клала Андрэйку да ног бутэлькі з гарачай вадой, дзядзька Вінцэсь накрываў яго сваім новым кажухом. Яны вельмі ўжо любілі Андрэйку. Яны былі да яго, як родныя. Дзядзька Вінцэсь, здаецца-б, гатоў ляцець Бог ведае куды, каб толькі Андрэйку было лягчэй, але што-ж рабіць, калі яны небагатыя?... Добра-б доктара... але ці-ж пойдзе доктар уначы да беднага ? - Ніколі! Не такі наш павятовы доктар! Яшчэ-б мо’ сказаў, што: трэба заяву напісаць, ды на тры залатоўкі марак наляпіць, тады-б мо’ за тыдзень даў адказ. Гэтак праз  цалюсенькую ночку прасядзелі міласэрныя людзі. Дзядзька Вінцэсь сядзеў на покуці, падпёр сваю галаву рукамі і знуранымі вачыма сачыў кожны рух хворага. Цётка Настуля сядзела ля ложка на даўгай дубовай лаўцы. У гарнушачках стаялі розныя дамовыя лякарствы ад прастуды: быў тут і маліньнік, і ліповыя краскі з мёдам, і мацярдушка й яшчэ нешта, словам, усё, што магла раздабыць запасьлівая гаспадыня. Андрэйка трошкі супакоіўся.
    Заслона доўгае зімовае ночы пачала паволі злазіць з шэрага неба і праз вокны Вінцэсявай хаты пачало пралазіць сьвятло. Газа ў лямпе ўся выпалілася і яна пачала ўжо дыміць, і ўрэшце пагасла. Сонны Андрэйка раптам схапіўся з ложка, і пакуль дзядзька Вінцэсь з сваёй Настуляю апамятаўся, ён борзда ўлажыў на сябе порткі і кашулю.
    - Куды-ж ты?!.. - з жахам крыкнулі яны.
    - Лажыся, Андрэйка, ты хворы! Лажыся любенькі! - лапаталі яны захлапатаныя. Але Андрэйка ледзь адказаў, бо зубы ў яго пачалі ляскаць.
    - Трэ-б-ба й-сь-ці ў сэ-эмі-нар... - далей ён ня мог гаварыць, бо жаль сьціснуў горла.
    “Ня йдзі, любенькі, ня йдзі” - шчабятала добрая жанчына, цётка Настуля.
    - “Баюся, баюся... Пан прафэсар Н. споўніць сваю пагрозу... выкіне мяне з сэ-мі-на-рыі... як прапушчу хоць адну ягоную лекцыю... - набраўшы сілы выгаварыў ён.
    Ніякія просьбы не памаглі,і Андрэйка нічога ня еўшы пашоў у сэмінарыю. Каб скараціць сабе дарогу, ён скіраваўся праз замёрзлае возера да радзівілаўскага замку, дзе мясьцілася сэмінарыя. Спаткаўшыя яго сябры па школе адразу ўцямілі, што ён хворы і радзілі вярнуцца дамоў. На’т адзін, Міколка па іменьні, цягнуў яго за руку, каб вярнуўся, але Андрэйка не паслухаў і такі пашоў.
    Сумная вестка абляцела ўсю вёску Ц * * * і ваколіцу. Андрэйку, ледзь жывога, прывязлі з Нясьвіжа. На саламяным сяньніку, накрыты коўдрай і кажухамі, ляжаў ён бяз памяці. На ягоным блядым, збалелым твары малявалася вялікая цярпеньне. Часамі Андрэйка ўвесь уздрыгіваўся, відаць знасіў цяжкія мукі, паўтараў прозьвішча таго праклятага “прафэсара”, які без дай прычыны чапіўся да яго і рабіў розныя крыўды.
    - “Пане прафэсару!.. я ня вінават!.. Пане прафэсару!.. я ня вінны”!.. - паўтараў няшчасьны Андрэйка балючым, дрыжачым голасам, а цяжкі жаль відавочна душыў ягоныя грудзі. Плакаў бацька, плакала маці, плакалі браты, гледзячы на свайго Андрэйку, які ўжо не адзін пуд збожжа зарабіў сваёй музыкай. Пасходзіліся суседзі... - а ўсе плачуць, а ўсе шкадуюць. Раптам цішыня запанавала ў хаце. Усе з жалем глядзелі на Андрэйку... А ён - расчыніў вочы, зірнуў мутным поглядам і... пачалося кананьне. Усе кінуліся з крыкам да яго. Бацька схапіў яго на рукі і пачаў адкалыхіваць, і на агульную ўцеху, Андрэйка пачаў ізноў дыхаць, але... не надоўга... Калі кончыўся кароткі зімовы дзень, - тагды кончылася кароткае жыцьцё Андрэйкі! Ягоныя грудзі падняліся высака, высака. Андрэйка сканаў...
    З неба падаў дробны дожджык. Здавалася, што і неба ліло сьлёзы, шкадуючы беднага Андрэйку... Вецер не’к аслабеў, быццам прызнаўся, што ён шмат вінен у яго сьмерці. Ён гэтак сьцёбаў Андрэйку ў той дзень, калі хвароба зваліла яго ў ложак. Аднекуль прыляцеў крумкач, ды ўсеўшыся на бярэзіне, пачаў не’к жудасна крумкаць.
    Прывязьлі бацюшку з дзяком з парыхвіяльнае царквы. Сабралася шмат людзёў, а кожны плакаў і стары і малы. А як-жаж было не плакаць, калі адыходзіў ад іх гэткі добры хлапец! Хто-ж гэтак цяпер пайграе на йскрыпачцы? Хто паскача гэтак “Казака”, як калісь ён скакаў?...
    Пад гукі жалобных малітваў, пад балюча-жудасны енк маці, пад агульны плач, вынесьлі апошні раз з хаты даражэнькага Андрэйку ў хваёвай дамавіне.
    Запяяў поп з дзяком “Вечную памяць”, яшчэ мацней загаласілі ўсе прысутныя, завыў не’к страшна вецер, калі жоўтая дамавіна сьпусьцілася на дно могілкі. Родная зямелька ветліва прыняла свайго каханага сына пад сваю вечную апеку. Дробныя грудкі мерзлае зямлі стукалі аб дамавіну і борзда закрывалі яе сабой.
    З сумным настроем сабраліся ўсе сваякі і знаёмыя на жалобную вячэру ў хаце Андрэйкавых бацькоў... А вецер праз усенькую ночку, лётаў над сьвежаю магілкаю, не’к жаласна выў, быццам прасіў Андрэйку выбачэньня за ўчыненую крыўду.
    Цёплыя хвалі вясеньнага ветрыку сагналі з неба апошнія шэрыя хмаркі зімы і забліскала залатое сонейка на блакітным, вялікім яго абшары. Уся магілка Андрэйкі пакрылася маладзенькаю зялёнаю траўкай; белы крыжык спакойна прытуліўся да яе й сьцеражэ супакой нябожчыка.
    Андрэйкава йскрыпка дасталася ў рукі ягонага брата. Але ці-ж гэтак сама грае яна, як у Андрэйкі?.. - Не! куды-ж там! Замест далікатных, чароўных гукаў, яна выдае нейкія балючыя енкі, жудасныя стогны быццам жывая яна гэтак плача па сваім памёршым уталентаванным гаспадары.
    Адзін стаю я над Андрэйкавай магілкай...   Нешта цяжкое душыць мне горла! Нейкая крыўда чуецца ў маёй душы. Мімаволі вырываюцца з грудзёў цяжкія ўздыхі, а ў вачох круцяцца пякучыя сьлёзы!
    [Малады Дзядок.] /Заранка. Вільня. Кніжка 1-2. 1928. С. 3-12./
                                                        USIOROŬNA!..
                                              Ŭsioroŭna mnie, ci žyć, ci ŭmierci
                                              Ciapier žyćcia nia škoda mnie!
                                              Hatoŭ iści ŭ abojmy śmierci,
                                              Čym harewać tut ŭ čužynie!
                                                  Zdaroŭ byŭ, hrudzi nie stahnali,
                                                  Jak žyŭ ja ŭ rodnaj Staranie! –
                                                  Kawałak serca mnie zabrali:
                                                  Zabrali Baćkaŭščynu mnie!
                                              I ciešycca moj wirah luty,
                                              Što swajoj mety ŭsiož dapiaŭ,
                                              U čužyń daloki na pakuty
                                              Za Biełaruś mianie sasłaŭ...
                                                  Daremna ciešyśsia niahodny,
                                                  Što mie zdaroŭje ŭśpieŭ zabrać! –
                                                  Zatoje Baćkaŭščynu rodnu
                                                  Ja ŭmieju bolš jašče kachać!
                                              Nia dumaj, Biełaruś nia zhinie!
                                              Nia jak nie starajsia ŭražy synie,
                                              Jana žyła i budzie žyć!
                                              [Siarhiej Рiajun.]
                                 /Biełaruski klič. Wilnia. 7 Listapada. 1930. B. 3./
                  [Усё роўна... г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 19-2-1928 г.]
         /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 15./
                                            HEJ, MOŁADŹ, NAPIERAD
                                          Hej, moładź, ŭstawaj, zwaruchnisia!
                                          Pračnisia, jakaja jšče śpić!
                                          Jak wolny sakoł paniasisia,
                                          Dzie ščaścia zara ŭžo haryć!
                                              Chaj zahrymić wam himn narodny,
                                              Jak uzajdzieš na nowy šlach!
                                              Uźwijecca chaj ŭ niebie swabodna
                                              Bieła-čyrwowy-bieły ściah!
                                          Idzi napierad družnym krokam
                                          Da nieba, sonca i da zor!
                                          Swabodu šukaj ty swietłym wokam,
                                          Hrudźmi prałažy ty nowy tor!
                                              Złami ty kajdany niadoli
                                             Swajoj mahutnaju rukoj!
                                              Zaćwiŭ kab ščaśliwa na woli.
                                              Na soncy Krywicki Kraj twoj!
                                          Z prywietam pradziadaj spatkaje
                                          Ciabie naš biazdolny Narod! –
                                          Dyk družna zara dzie łunaje,
                                          Da sonca, da ščaścia, upiarod!
                                              O, moładź ustawaj, spać ŭžo hodzie!
                                              Prabudzicca daŭno ŭžo para!
                                              Kab zaświtała wam kraskaj na ŭschodzie
                                              Čakanaj swabody zara!
                                             [S. Piajun.]
                                /Biełaruskaja krynica. Wilnia. 22 sakawika 1928. S. 3./
                                                   НОЧКА
                                             Сонца палючае,
                                             Сонца жывучае
                                                 Скончыла дзённы абход.
                                             Зорачкі ясныя,
                                             Зоркі бліскучыя
                                                 Ў небе вядуць карагод.
                                             Месячык беленькі,
                                             Месячык чысты
                                                 З хмарак свой твар паказаў.
                                             З рэчкі спакойнай,
                                             З рэчкі празрыстай
                                                 Ветрык у клёнах пяяў.
                                             Летняя ночка,
                                             Як маці, калыша
                                                 Стомлены працай народ.
                                             Зорачкі ясныя,
                                             Зоркі бліскучыя
                                                 Свой павялі карагод.
                                             [1928 г.]
    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 12./                                                      КАЗКА
                                             У небе серабранай касой
                                             Прарэзаў месяц цёмны хмары,
                                             І паліліся паласой
                                             На землю казачныя чары...
                                                 Бліснула ў возеры вада,
                                                 Як шкло, пры месячкавым зьянні...
                                                 Зялёных жабаў чарада
                                                 Распачала свае пяяньні.
                                             Крычыць Лясун ў глухім бары,
                                             Туруюць соваў ў тахт чароды;
                                             Да самай ранічнай зары
                                             Русалкі водзяць карагоды.
                                                 Як зьмеі ўюцца да зары
                                                 Свабодна, вольна духі леса,
                                                 Аж, прыйдзе дзеннай час пары,
                                                 І спадзе ночы запавеса...-
                                             .......................................................
                                             У небе серабранай касой
                                             Усьцяж рэжа месяц цёмны хмары...
                                             І льлюцца сіняй паласой
                                             На землю казачныя чары...
                                              [10. ХІ. 1928 г.  Малады Дзядок.]
                                           /Заранка. Вільня. Кніжка 1. 1929. С. 7./
                                                             НА ВЫГНАНЬНІ
                                                                                              Прысьвячаю сваім Бацькам
                                              Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
                                              Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль плывуць.
                                              Трэці год ўжо на выгнаньні ў чужыне
                                              Трэба мучыцца душой і сэрцам мне.
                                              Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат,
                                              Не працягне рук зычліва родны брат,
                                              Не падзеліш навет думак з нікім тут,
                                              Ня прыгорне ў адзіноцтве родны кут.
                                              У ночы зорачкі прыветліва мігцяць,
                                              Быццам з неба на мяне яны глядзяць.
                                              Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне
                                              У маёй роднай ды далёкай старане.
                                              Ці татулька мой і матанька ўжо сьпяць,
                                              Ці, таксама на іх зорачкі глядзяць?
                                              Мо й яны пытаюць зорак аба мне,
                                              Што раблю цяпер ў далёкай чужыне?
                                              Калі толькі яны, родныя, ня сьпяць,
                                              Калі йшчэ цяпер на зорачкі глядзяць,
                                              Занясеце вы, пакуль ня бліснуў сьвет,
                                              Зоркі мілыя, бацькам мой прывет!
                                              І скажэце, каб ня плакаў ні адзін,
                                              Што ў выгнаньні мусіць мучыцца іх сын, -
                                              Бог магутны мо’ пашле нам ясны Май,
                                              Прыляту тагды, як птушка ў родны Край.
                                              З новай верай, з новай сілай зажывём,
                                              Беларускі гімн свой родны запяём.
                                              З неба сонца будзе Край наш саграваць,
                                              Беларусаў ўсіх да працы прабуджаць,
                                              Беларускай песьні роднае пад тон,
                                              Загаром мы і абсеем свой загон.
                                              Уночы будзем мы на зоркі паглядаць,
                                              Што, як сяньня, будуць ў небе зіхатаць...
                                              Занясеце-ж вы, пакуль ня бліснуў сьвет,
                                              Зоркі мілыя, бацькам маім прывет!
                                              [Сяргей Пяюн]
                                                    /Zorka. Wilnia. № 9. 1939. S. 3./
                                    [Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 29 сакавіка 1929 г.]
              /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 16-17./
    “Песьню «Зорачкі» стварыў 28 сакавіка 1929 г. у ссылцы ў г. Сьвеце над Віслай. У песьні туга па Бацькаўшчыне, па маіх родных, па родным краі. Упершыню “Зорачкі” былі надрукаваны ў газэце “Беларуская крыніца» (№ 33, 25 сьнежня 1930), якую рэдагаваў Янка Пазьняк (дзед Зянона Станіслававіча Пазьняка, старшыні БНФ)... Што да песьні «Зорачкі», то яна стала даволі папулярнай: перакладзена на ўкраінскую, рускую, польскую, татарскую, таджыкскую мовы і мову эсперанта” /Сяргей Новік-Пяюн.  Мае песьні. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 7-8. Мінск. 1991. С. 153./
    “Видите, под этим стихотворением стоит подпись: “Город Сьвеце, 1926 год”. Там много лет пробыл я в ссылке, - говорит Сергей Михайлович и, начинает тихонько напевать свою любимую песню “Зорачкі”. написанную на чужбине.
    Неподдельная грусть, щемящая тоска по родине, которую мог передать лишь человек, сам много переживший, передумавший. Впоследствии - эта песня стала народной в Западной Белоруссии. В годы Великой Отечественной войны ее пели наши земляки-белорусы, вывезенные фашистами на каторгу в Германию”. /Рылко М.  Его песни – в народе. // Гродненская правда. 2 октября 1976. С. 4./
    Дарэчы, дзе былі створаны тыя “Зорачкі”? У ваколіцах Гданьска, на выгнанні. А чаму ён туды трапіў? А таму што збіраў подпісы сваіх землякоў за беларускую школу”. Калістра З.  “Зорачкі ІІ”. (Імпрэза да 90-годдзя Сяргея Новіка-Пеюна). // Голас Радзімы. Мінск. 12 верасня 1996. С. 5, 7./
    У далёкім 1938 годзе Новік-Пяюн напісаў верш “Зорачкі”. Склаўся ён у турме, у ім - туга па роднай старане, балючая любоў да радзімы”. /Дзелянкоўскі М.  Сяргей Новік-Пяюн: “Ды я і цяпер нібы ў камеры-адзіночцы, толькі што на вокнах няма кратаў...” // Народная воля. № 65. Ліпень. Мінск. 1996. С. 6./
    Пра гісторыю стварэння гэтае песні Сяргей Новік успамінае так:
     “Ішоў 1929 год, трэці год маёй высылкі. Шпацыравалі мы аднойчы па Свеце над Віслай. Мы – гэта я, паляк Фелікс Балінскі, сам скрыпач, і украінка Галя Парадкіўна, піяністка. Яны былі закаханыя, таму, вядома, я ніякавата адчуваў сябе сярод іх. А тут яны яшчэ пачалі запрашаць мяне з сабой: пайшлі з намі – і ўсё! Ну, я ім даў зразумець, што трэці – лішні, ды і дадому, маўляў, трэба ісці. А Галя пытаецца:
    - А шчо вы будэтэ робыты вдома?
    - Ліст пісаць дахаты.
    - А можа і віршы?
    - А можа і вершы, - падладжваўся я пад яе настрой.
    - А пра шчо?
    Ноч была надзіва зорная. Я паглядзеў на неба і жартам адказаў:
    - А хаця б пра зорачкі!..
    Кватараваў я ў старэнькай бабулькі. Да яе хаты трэба было ісці хвілін пяць. І пакуль я ішоў, мяне ўсё больш і больш паланіла музыка, якую вы зараз ведаеце, як музыку песні “Зорачкі”. Адначасова з музыкай прыдумваліся вершы. Але, напэўна не ўсе ведаюць, што надрукаваў я іх упершыню пад назвай “На выгнанні” у заходнебеларускай газеце “Беларуская крыніца”. Але калі народ назваў “Зорачкі”, дык няхай так і будзе, я не супраць такога рэдактара...”
    “Не абмінуў яе сваёй увагай і Генадзь Іванавіч Цітовіч, народны артыст СССР, заснавальнік Дзяржаўнага народнага хору БССР: “...У 1929 годзе ён (Новік-Пяюн) даслаў з выгнання ў родныя Лявонавічы сваю песню з нотамі да яе. Спачатку яе заспявалі ўдзельнікі мясцовага хору. Распаўсюджвалася песня шляхам вуснай перадачы, таму і зведала значныя змены. У 30-я гады песня “На выгнанні” распаўсюджвалася сярод рэвалюцыйнай моладзі, выконвалася ў турмах палітзняволенымі” (з кнігі “Аб беларускім песенным фальклоры”, Мн., 1976 г.).
Самотныя, пяшчотныя “Зорачкі”. Не маючы ніводнай рэзкай ноты, ніводнага лозунга або закліку, тым не менш гэта песня стала сапраўднай песняй-барацьбітом, Гэта яна дапамагала вязням выжыць ва ўсіх “остаўскіх” лагерах у нямеччыне, гэта пад яе на халодных нарах маці закалыхвалі сваіх дзяцей, гэта яе спявалі на сваіх родных мовах украінцы, палякі, рускія, таджыкі, шчыра верачы, што гэта толькі іхнія “Зорачкі”. /Сыс А.  Дні лятуць... // Чырвоная змена. Мінск. 15 кастрычніка 1986. С. 4./
    Туга па радзіме аднойчы вылілася ў радкі, поўныя смутку, жальбы і, здавалася, безвыходнасці:
                                              Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
                                              Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль бягуць.
                                              Трэці год як на выгнанні ў чужыне
                                              Трэба мучыцца душой і сэрцам мне...
    Адначасова намацвалася мелодыя.
    У хуткім часе Лявонавіцкі хор (аўтар даслаў яму сваю песню з нотамі да яе) спяваў:
                                              Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат,
                                              Не працягне рук зычліва родны брат,
                                              Не падзеліш нават думак з нікім тут,
                                              Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут...
    Не спадзяваўся, што песню падхопіць палітычны зняволены самай вядомай турмы тагачаснай Польшчы - Лукішкі:
                                              Уночы зорачкі прыветліва мігцяць,
                                              Быццам з неба на мяне яны глядзяць.
                                              Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне
                                              У маёй роднай ды далёкай старане...
                                                                С. 449
    Не думаў нават, што яе пачуе ад вязня Калдычэўскага лагера смерці:
                                              Калі толькі мае родныя не спяць,
                                              Калі йшчэ цяпер на зорачкі глядзяць,
                                              Занясіце ім, пакуль не бліснуў свет,
                                              Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет!..
    І ўжо зусім не спадзяваўся, што сам будзе не раз спяваць яе ў далёкім Калымскім краі:
                                              І скажыце, каб не плакаў ні адзін,
                                              Што ў выгнанні мусіць мучыцца іх сын!
                                              Прыйдзе, прыйдзе да нас хутка ясны май,
                                              Прыляту тады, як птушка, ў родны край...
    Так. Гэта здзейсніцца. Потым. А тады, у тым Свеце над Віслай, чалавек змушаны быў кантавацца ажно да сярэдзіны 1931 года”. /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 449-450./
    Асабліва яна набыла папулярнасць ў час вайны: у фашыстоўскіх і камуністычных лагерах. Гэтую песню беларускі фалькларыст Рыгор Шырма, які называў Сяргея Новіка ласкава Пяюнок, ды ведаў што ён “на Калыме”, змушана падаў пад назовам “На чужыне (Народная песня)” ў часопісе “Беларусь” [Мінск. № 4. 1946. С. 17], з адзнакай: “(Песня беларускіх нявольнікаў, прынесеная з нямецкай катаргі. Запісаў Рыгор Шырма ў 1944 г.).” Песня “Зорачкі” з часам была перакладзеная на польскую украінскую ды рускую мовы. Яе выконвалі як свае народныя французы, немцы, чэхі, украінцы. Цяпер зорачкі гучаць: “На ўкраінскай, рускай, польскай, таджыкскай, татарскай і на мове эсперанта”. /Давыдоўскі У.  Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 53./ “Я нават чуў, што ўкраінцы ніяк не хочуць прызнаць, што песня была напісана беларусам.
   - А Данчык паказаў ім кніжачку маю, якая адкрываецца “Зорачкамі”. Тады заткнуў іх... “Зорка” друкавала – толькі тады без “Новік”, проста “Пяюн”. Гэта мой псеўданім. А чаму пішу цяпер Новік-Пяюн? Гэта мне Янка Купала параіў...” /Давыдоўскі Ул.  Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 52-53./
    Будучы ў аддаленні ад мілых Лявонавіч, С. Новік-Пяюн стварае журботны верш-песню “Зорачкі”, дзе чуецца настальгія па страчанаму дому, волі, небу. Сталі яе пець шырока: у полі за плугам, на будоўлі, за кратамі. нават забыліся на аўтарства [А хто ведаў не казаў]. Тады пра гэта не вельмі рупіліся. Значна пазней вярнуліся да факта аўтарства, і ўсё шчасліва вырашылася пры жывым паэце”. /Каханоўскі Г.  Праз навальніцы. Сяргею Новіку-Пяюну – 80 год. // Голас Радзімы. Мінск. 21 жніўня 1986. С. 7./
    “Песняю “Зорачкі” ён, праўда, перамагаў паноў. Але не без перамогі над ім у выніку аказваліся і паны, пазбавіўшы маладога паэта і кампазітара роднага грунту, адарваўшы яго ад перадавых сіл грамадска-палітычнага руху, ад школы палітычнага выхавання як першай з перадумоў развіцця дараванняў, грамадзянскага мужнення, арыентацыі ў складаным свеце бурных падзей. У гэтым быў пачатак будучых драматычных перыпетый жыцця С. М. Новіка-Пеюна. Гэтым жа няхай чытач вытлумачыць сабе і мастацкую няроўнасць твораў...” /Лойка А. Песня клікала ў свет. // Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 3-4./
    Як адзначаюць дасьледчыкі Сяргей Новік апублікаваў у1929. Скарга птушкі: [Верш] // Беларускі народны каляндар. Вільня / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; Казка; [Верш] // Заранка. № 1 / Пад псеўд. Малады Дзядок; Да беларускае моладзі: [Верш] // Шлях моладзі. № 3 / Пад псеўд. Сяргей Пяюн.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./
                                                           НАША ПОШТА
    “Маладому Дзядку”. Рэдакцыя “Заранкі” ад сябе і ад імяні сваіх чытачоў просіць Вас аб далейшае ласкавае супрацоўніцтва. Чакаем чаго-небудзь у наступны №”. /Заранка. Вільня. Кніжка 1. 1929. Адварот тытульнай вокладкі./
                                                                 ДА ПРАЦЫ!
    Радасная вестка раскацілася па ўсёй Беларусі, што Моладзь наша надумалася выдаваць часопісь п. наз. “Шлях Моладзі”. Дакацілася гэтая вестка і да мяне ў далёкую чужыну і я з радасьцяй чакаў, калі выйдзе першы нумар.
    О, якая радасьць панавала ў маёй душы, калі я атрымаў першы нумар “Шляху Моладзі”! Вялікае дзякуй Паважанай Рэдакцыйнай Калегіі, што й аба мне памятала. Аб вартасьці “Ш. М.” - гаварыць ня трэба шмат: ад Яго вее шчырым беларускім патрыётызмам! А чаго-ж трэ’ балей? Гэта ўжо сьведчыць аб вартасьці “Шляху Моладзі”
    Дарагая Моладзь! Самі бачым, у якіх цяжкіх варунках пачала сваё жыцьцё, наша родная часопісь. Ці-ж дамо ёй загінуць? Ніколі! Нам трэ’ добра разьдзьмухнуць ліхтар асьветы, культуры ў нашай Бацькаўшчыне, а ўсё пад родным сьцягам “Шляху Моладзі”. Толькі дарогаю пляновае арганізацыі мы дойдзем да сьветлага, лепшага заўтра!
    Зірнём на польскую моладзь: яна мае свае гурткі, аркестры, бібліятэкі, народныя дамы; яна робіць зьезды, абзнаёмліваецца паміж сабой, будуе сабе лепшае заўтра. Праўда - ёй памагае ўрад, а хто-ж нам паможа?... Ніхто, Браточкі родныя! Ніхто! Нам трэ’ самым узяцца да працы над самаўзгадаваньнем у беларускім народным духу. Хай нам прыкладам служыць, наша Паважаная Рэдакцыйная Калегія, якая ў імя ўсяго добрага для нас, Беларусаў, безынтэрэсоўна пачала працу.
    З нотай магутнага Народнага Беларускага Гімну на вуснах пойдем-жа разам, Браточкі, цеснымі радамі, нашым правільным “Шляхам Моладзі”, узнёсшы высока наш бел-чырвона-белы сьцяг, станем дружна да працы, каваць лепшае заўтра. Дык да працы, Браточкі. да працы!
[Сяргей Пяюн.] /Шлях моладзі. Вільня. № 3. 1929. С. 4-5./
                                          MUZYKAJ  VIAŚNIANAJU
                                              Muzykaj viaśnianaju
                                              Razhudzieŭsia bor,
                                              Pieśniaju žadanaju
                                              Hrymnuŭ ptušak chor.
                                                  Sonka uśmichajecca
                                                  Z vyšyni niabios, -
                                                  koski rassypajucca
                                                  Na łuhi, na les.
                                              Ŭ nizie rečka pleščycca,
                                              Chvalaju šumić, -
                                              Rybka ŭ joj trapiečycca,
                                              Srebram zihacić.
                                                  Kraski, jak aniołački,
                                                  Kružać karahod,
                                                  Załatyja pčołački
                                                  Nosiać ŭ vulej miod.
                                              Usie stvareńni Božyja
                                              Pa zimovzm śnie
                                              Piajuć pieśni hožyja
                                              Kniazioŭnie-Viaśnie.
                                                  A vy, dzietki rodnyja,
                                                  Ŭ cudny miesiac Maj
                                                  Pieśniaju čaroŭnaju
                                                  Słaŭcie rodny Kraj!
                                                   [S. Piajun]
                                       /Zorka. Wilnia. № 5. 1939. S. 3./
                                                   [1929 г.]
    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 14-15./
    Як адзначаюць дасьледчыкі Сяргей Новік ў 1930 апублікаваў у “1930. Аб календарах Ул. Знамяроўскага // Бел. крыніца. 12 сак. / Пад крыпт. N.; Ніва: [Верш] // Там жа. 20 ліп. / Пад псеўд. С. Пяюн; На выгнанні: [Верш] // Там жа. 25 снеж. / Пад псеўд. С. Пяюн; Усё роўна: [Верш] // Бел. кліч. 7 ліст. / Пад псеўд. С. Пяюн”. /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ Таксама супрацоўнічаў і з мясцовым польскамоўным друкам: “Krasnoludek = Новік Сяргей М. “Głos Świecki”. (Świecie nad Wisłą), 1927-1930). Кр.: інф. аўтара. /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 149./ Дарэчы, дасьледчыкі пішуць, што Сяргей Новік карыстаўся псэўданімамі:Od naszego morza; Dziecko Pomorza; Głos Świecki; Krasnoludek; Krasnoludek z Borów Tucholskich” /Гарэлік Л. М.  Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 397./, якія ў інтэрнэтаўскіх выданьнях Лёніка Маракова ператварыліся ў: “Gіos Њwiecki; Krasnoludek; Krasnoludek z Borуw Tucholskich”. /НОВІК-ПЯЮН Сяргей - Leanid Marakou www.marakou.org/.../to../ [звычайны збой распазнавальніка сканэра і няўважлівасьці аўтара], што трапіла ў Вікіпедыю ды Вікіпэдыю. Між тым “Od naszego morza; Dziecko Pomorza ды Głos Świecki – перыядычныя выданьні ў Паморскім ваяводзтве Польшчы.
    Паштоўка з высылкі. Пісаная і маляваная Сяргеем Новікам-Пеюном. Паэт адказваў на запрашэньне сяброў Беларускага студэнцкага саюзу, якія хацелі бачыць яго на дзесяцігодзьдзі гэтай кузьні інтэлектуальных кадраў Заходняй Беларусі. “Прыбыць асабіста” Пяюн ня мог, бо якраз тады быў у высылцы ў Сьвеце”. /Содаль Ўл.  Я за ўсімі ўладамі сядзеў. // Наша ніва. Менск. 1 верасня 2006. С. 38./
    Як адзначаюць дасьледчыкі Сяргей Новік ў 1931 годзе апублікаваў у1931. Няхай жыве “Заранка”: [Верш]; Ліст Маладога Дзядка да беларускіх дзетак // Заранка. № 1 / Пад псеўд. Малады Дзядок; Засмяецца вясна!..: [Верш] // Там жа. № 2; Магіла нязнанага жаўнера: [Верш] // Бел. крыніца. 6 сак. / Пад псеўд. С. Пяюн; Засмяецца вясна: [Верш] // Там жа. 20 сак. / Пад псеўд. С. Пяюн; Калыханка: [Верш] // Там жа. 23 крас. / Пад псеўд. С. Пяюн.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./


                                         НЯХАЙ ЖЫВЕ “ЗАРАНКА”!
                                              Праняслась па небе
                                              Над загонам родным
                                              Цудная навіна
                                              Сокалам свабодным.
                                                  Родная “Заранка”,
                                                  Што так доўга спала,
                                                  На пацеху дзеткам
                                                  Сяньня йзноў устала,
                                              Краскаю чароўнай
                                              На блакіце зьяе,
                                              Яе, як Князёўну,
                                             Дзеткі спатыкаюць.
                                                  Малады Дзядочак
                                                  З радасьці, аж скача!
                                                  Бо-ж і ён “Заранку”
                                                  Даўненька ня бачыў.
                                              На слабенькай ліры
                                              Ён, як можа, грае,
                                              Родную “Заранку”
                                              Песьняю вітаю.
                                                  Хай нясецца песьня
                                                  Сокалам свабодным!
                                                  Хай жыве “3аранка”
                                                  Над загонам родным!
                                                  [29. І. 1931 г.    Малады Дзядок]
                                          /Заранка. Вільня. Кніжка 1. 1931. С. 1./
                           ЛІСТ МАЛАДОГА ДЗЯДКА ДА БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК
    Мілыя Дзеткі!
    Бязьмежнаю радасьцю напоўнілася маё сэрца, калі даляцела да мяне вестка, што наша дарагая “Заранка” прачнулася ад сна. Так, ня ўмёрла “Заранка”! Яна толькі спала, каб цяпер прабудзіцца ў поўнай красе і сіле!
    “Заранка” ведала й ведае, што на Яе з тугою чакаюць нашыя дзеткі, дык вось, як тая зачараваная Князёўна з казкі, устае Яна чароўнаю краскай на кругазоры беларускае зямлі. “Заранка” йдзе да Вас, родненькія дзеткі, з запасам хлеба духовага, каб асьвятляць Вашыя галоўкі і вучыць кахаць родную Бацькаўшчыну. І калі толькі часу “3аранка” спала, то гэта ня была Яе віна. Яна заўсёды Вас кахала і кахаць будзе! Нясе Вам шмат прыгожых казак, апавяданьняў, вершыкаў, жартаў і інш.
    Дык-жа шчыра спаткайце “Заранку”, дзетачкі любыя, прымеце пад сваю родную стрэшку, бо й Яна-ж Ваша родная і сэрцу блізкая.
    Я, ад сябе, пастараюся, таксама, зьмяшчаць у “3аранцы” свае лісты да Вас, баяць казачкі, апавяданьні, жарты й вершыкі, маляваць малюнкі, так, як гэта рабіў ад самага пачатку “Заранкі” ў 1927 г. і ў 1928, 1929 г.
    Было-б міла мне спаткаць між іншымі маладзенькімі супрацоўнікамі і чытачамі “Заранкі” маіх даўнейшых прыяцеляў: Марусю з Антокалю, Аксану, Янку Патаповіча, Сярожу Пастушка, Мікалая Дылька, Зоню і Стэфуся Войцікавых, Покаўку, Марысю Ласька, Андрэя Начуя, Аляксея
Патаповіча, Сяргея Атрахімовіча, Еўстафа Ваховіча і шмат, шмат іншых.
    Пішыце да “Заранкі”, а калі хочаце, дык і да мяне. Я быў Вашым прыяцелям і, верце, што й цяпер гэткім астаўся і для Вас гатоў ахвотна працаваць.
    Няхай жыве “Заранка”!
    Да пабачэньня ў вялізарным гурце прыяцеляў “Заранкі”!
    Бывайце здаровенькія, мілыя дзеткі!
                                                                 Кахаючы Вас
                                                                                      Малады Дзядок.
    [29. 1. 1931 г.] /Заранка. Вільня. Кніжка 1. 1931. С. 3./
                                  
                                        /КУТОК СЬМЕХУ/
                                                    ШТО ТАКОЕ “АСЁЛ” ?
    - Ці ты бачыла асла? – пытаецца вучыцель аднае дзяўчынкі.
    - Бачыла.
    - А што гэта такое асёл?
    - Асёл - гэта такі вучань ці вучаніца, якія ня хочуць вучыцца, - адказывае дзяўчынка.
                                                                ПРАЎДА.
    Бацька: Сынку, кажы праўду!
    Сын: Я баюся.
    Бацька: Чаго-ж ты баішся?
    Сын: Бо тата няраз казаў, што праўда ў вочы коліць.
                                                               ПРЫ КАВЕ.
    5-ці гадовы Янка: - Мамка, кава гаркая!
    Маці: - Салоджаная, толькі мяшай!
    Янка мяшае ды мяшае, каштуе, нарэшце кажа: Мяшай цяпер ты, мамка, бо я нічага вымяшаць не магу!
    [Падаў Малады Дзядок.] /Заранка. Вільня. Кніжка1. 1931. С. 15./
                                              MAHIŁA NIAZNANAHA ŽAŬNIERA
                                              U samym kutku wiaskowaha ćwintaru
                                              Staraja biarozka staić;
                                              Pad joju ŭ piasočku, miž došak chwajowych,
                                              Niaznany žaŭnieryk lažyć.
                                                  Išoj jon, išoj z čužyni u Kraj radzimy,
                                                  Kab dzietak pabačyć, žanu... –
                                                  Praz hory, lasy i pali i sumioty
                                                  Iści prychadziłaś jamu.
                                              Zima. Chaładzieča. Śniahowyja hory!
                                              Maroz ruki i nohi skawaŭ.
                                              I na dalej iśći ŭžo siły nia maje...
                                              Iašče krok... – i biedny upaŭ!
                                                  Pamior... pachawali... i pamiać zabyłaś
                                                  Ab tym, chto ŭ mahilcy tut śpić,
                                                  Ab tym ŭ kaho serce niadaŭna jašče biłaś,
                                                  Chto hetak chacieŭ jašče žyć!
                                              A ŭ domu j dahetul karmilca čakaje
                                              Z dziaćmi maładaja žana...
                                              Daremna! Šmat hora niaščasna spaznaje,
                                              A muža nia ŭbačyć jana! –
                                             ------------------------------------------------------
                                                  Lublu ja pad šopat płakučych biarozaŭ
                                                  Siudy na mahiłku pryjści
                                                  Dzie kryžyk dubowy z baćkami pastawiŭ,
                                                  Wianok z wasilkoŭ pryniaści.
                                              Spakojna śpi ŭ hrobie žaŭnieryk niaznany
                                              Nia zhinieš Ty ŭ dumcy majoj!
                                              Ci tutka ja budu, ci ŭ dal dzieś wyhnany, -
                                              Skužu tabie: “Wiečny spakoj!”
                                              [Siarhiej Piajun.]
                                        /Biełaruskaja krynica. Wilnia. 6 sakawika 1931. S. 3./
    “Раней Зоська Верас мне прыслала даведку:
    “Самы руплівы супрацоўнік “Заранкі”.
    Праз усе гады рэдагавання “Заранкі” – дзіцячай часапісі, якая выходзіла ў Вільні ад 1927 года па 1931 – (з перарывамі...), вялікую дапамогу аказываў Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн. Пісаў ён пад псеўданімам Малады Дзядок.
    Увесь час, пачынаючы ад 3 нумару, працаваў шчыра і аддана, дасылаючы вершы. апавяданні, вершаваныя казкі. сцэнічныя творы. харты ды лісты да дзяцей. а таксама малюнкі.
    Малыя чытачы “Заранкі” вельмі любілі творы Маладога Дзядка. Трэба зазначыць, што С. М. Новік-Пяюн, як і усе супрацоўнікі “Заранкі” – працаваў на грамадскіх пачатках – бясплатна.
    Былая рэдактарка “Заранкі”
    Людвіка Войцік (Зоська Верас)
    19-3/VII-82.
    Вільня.” /Сяргей Новік-Пяюн  Зоська Верас. [Успаміны] // Першацвет. № 12. Мінск. 1993. С. 95./


                                                      ZAŚMIAJECCA WIASNA
                                              Zaśmiajecca wiasna, i z błakitnych niabios
                                              Bliśnie koskami, - sołatam sonca;
                                              U mih prahonić zimu, što dakučyła nam,
                                              I zahlanie u naša wakonca.
                                                  Iz daliokich krajoŭ, iz-za sinich maroŭ
                                                  Da nas śpieŭnyja ptuški prymčacca,
                                                  Z pieśniaj zwonkaj swajoj u staroncy luboj,
                                                  Ŭ koskach soniejka buduć kupacca.
                                              Ad zary da zary nad zahonam swaim
                                              Žaŭruk śpiewami hoža zaljecca...
                                              Woś i ŭ našych hrudzioch, pad napiewam wiasny
                                               Moža radasna serca zabjecca!..
                                                  Pačakajma ž jašče: prydzie, prydzie wiasna,
                                                  Adpačyniem pa hroznych zawiejach:
                                                  Les, luhi saćwituć, zakrasujuć pali,
                                                  Z poudnia ciopleńki wietryk pawieje...
                                                                          Bo – nia wiek ža zima!
                                                  [Siarhiej Piajun.]
                                           /Biełaruskaja krynica. Wilnia. 20 sakawika 1931. S. 2./
                                                                    Na Vialikdzień
                                                  Hołasam mahutnym zahrymieli zvony. -
                                                  Pa błakitnym niebie ŭ blesku sonca kos
                                                  Paliliś ŭračysta radasnyja tony,
                                                  Bo Chrystos pamioršy ŭ treci dzień ŭvaskros.
                                                      Vieciarok viaśniany z radaści śpiavaje,
                                                      Ptušak pieralivy jmknucca ŭ vyšyniu,
                                                      A viasna na liry himn Chrystu ihraje,
                                                      Hoža prybiraje kraskami ziamlu.
                                                  I ty, ludzki rodzie, ranami Chrystusa
                                                  Zbaŭleny ad hrechu, zrok ŭźniasi uvyś!
                                                  Ŭdziačnaju malitvaj dobramu Jezusu,
                                                  Sercam i dušoju, horača maliś!
                                                      Hołasam mahutnym hrymiać siańnia zvony,
                                                      Pa błakitnym niebie, ŭ blesku sonca kos,
                                                      Ljucca uračysta radasnyja tony,
                                                      Bo Chrystos, naš Zbaŭca, ŭ treci dzień ŭvaskros!
                                                   [Siarhiej Piajun]
                                                                      /Zorka. Wilnia. № 4. 1939. S. 5./
                                                      [1931 г.]
                                /Праваслаўе ў Беларусі і ў Сьвеце. Мінск – Białystok. № 3. 1995. С. 81./
                                                               КАЛЫХАНКА
                                                                       Роднаму Дзімачцы замест
                                                                             Вялікоднае пісанкі
                                                                        Прысвячае Дзядзька Сяргей.
                                              За лесам сонейка касулі
                                              Схавалісь, каб назаўтра устаць.
                                              Сьпі, мой сыночак! – люлі, люлі!
                                              Я цябе буду калыхаць!
                                                  Прачнесься заўтра ты й з матуляй,
                                                  І зноў будзеш весела гуляць.
                                                  Засьні ж, анёлак – люлі, люлі!
                                                  Я буду усьцяж табе пяяць!
                                              У лесе птушачкі паснулі,
                                              Сваіх больш песьняў не пяюць.
                                              Сьпі-ж, Дзімачка мой! – люлі, люлі!
                                              Пара й табе ужо заснуць!
                                                  Бач – ў небе зорачкі бліснулі,
                                                  Адтуль на цябе яны глядзяць.
                                                  Сьпі-ж, Дзімачка мой! – люлі, люлі!
                                                  Пара табе, сыночак, спаць!
                                              Пільнуе сон твой ўраз з матуляй
                                              Анёлак Божы, Стораж твой!
                                              Сьпі ж сьмела, сынку – люлі, люлі!
                                              Сьпі, Дзімачка, маленькі мой!
                                              [Сяргей Пяюн.]
                                  /Беларуская крыніца. Вільня. 23 красавіка 1931. S. 3./
     У наступнай публікацыі гэтага верша Kałychanka ў часопісе “Zorka” /Wilnia. № 1. 1939. S. 11./ імя Дзімачка было змененае на Юрачка, ды адсутнічае прысвячэнне.
                                                             КАЛІ  Б  Я  МОГ...
                                              Калі б я мог быць вольнай птушкай,
                                              У край родны б мігам паляцеў,
                                              Дзе рэчка ўецца срэбнай стужкай,
                                              Я песню б родную запеў.
                                                  І над зямлі загонам родным
                                                  Крылом адважным я б кружыў,
                                                  Будзіў у сэрцах дух народны,
                                                  Да працы б клікаў ўсіх, хто жыў.
                                              І голас мой з нябёс блакіту
                                              Пад стрэшкі б хатак заляцеў,
                                              Устаў бы край, на крыж прыбіты,
                                              Бо з гробу ўстаць даўно хацеў.
                                                  Ён маёй песні б роднай гукі
                                                  Бадзёрым духам падхваціў,
                                                  Наш край пакуты, край прынукі
                                                  Касою б згоды залаціў.
                                              I пад вясняныя напевы
                                              Мой брат крывіч да працы б стаў,
                                              Спакойна б ён араў і сеяў
                                              Зямлю, што вольнай мець жадаў.
                                                  О, дай мне крылля, вечны Божа,
                                                  У край радзімы каб ляцець,
                                                  Братам гаротным каб прыгожа
                                                  Я песню вольнасці мог пець!
                             [Запэндова, Хойніцкі павет, у польскай ссылцы. 15-3-1931 г.]
        /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 18-19./
    Хойніцкі павет таксама знаходзіўся ў Паморскім ваяводзтве тагачаснай Польшчы.
    Пэўна яшчэ на Памор’і Сяргей Новік наладзіў сувязі з выданнемDziecko Pomorza” (Toruń), куды працягваў дасылаць свае творы з Лявонавічаў пад псеўданім Krasnoludek z Borów Tucholskich (1931-1933). /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 149./ Праўда іншыя дасьледчыкі лічыць што Сяргей НовікУ польскіх часопісах карыстаўся псеўд. Od naszego morza, Dziecko Pomorza, Głos Świecki, творы для дзяцей падпісваў Krasnoludek і Krasnoludek z Borów Tucholskich, Stary Dziadok і інш.”. /Гарэлік Л. М.  Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 397./ Адзначым, што Торунь (Toruń) – горад на рацэ Вісла, які раней уваходзіў у Паморскае ваяводства, а цяпер знаходзіцца ў Куяўска-Паморскім ваяводстве. Цэнтрам Тухольскіх бароў, якія на Памор’і займаюць плошчу ў 250 тыс. гектараў з’яўляецца г. Тухоля.





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz