piątek, 25 kwietnia 2014

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Эпілёг. Паўстаньне 1863 году. Раман. Койданава. "Кальвіна". 2010.



    Кампутарны набор рамана Івана Ласкова “Эпілёг”, які апавядае пра выгнаньніцкі лёс паўстанца 1863 году, зьдзейсьнены з рукапісу аўтара, што захавала ўдава пісьменьніка Валянціна. Бачна, што твор ня скончаны, але, пэўна і ў такім выглядзе, ён зацікавіць чытача.
    Іван Ласкоў спэцыяльна вывучаў у Рэспубліканскім архіве ЯАССР справы паўстанцаў 1863-1864 гг. дзеля напісаньня рамана. Занатаваў некалькі агульных сшыткаў (якія страчаныя) выпісамі з архіўных спраў. Але невядома ці скончыў ён гэты раман?..
     Юстына Ленская,
    Койданава
                                                             **********************
                  Іван Ласкоў
                                                                           ЭПІЛЁГ
    31 сакавіка 1984 год.
    Паводле афіцыйных зьвестак па паўстаньні 1863 года з Беларусі і Літвы выслана 12 483 чалавекі, у тым ліку на пасяленьне ў Сыбір 504.
                                                  /Беларуская Савецкая Энцыклапедыя/
    Лік асоб, асуджаных у шасьці губэрнях Паўночна-Заходняга краю і высланых у Сыбір у выніку палітычных абвінавачваньняў, разгледжаных як судовым і сьледчым парадкам. так і адміністрацыйным, вызначаецца наступнымі лічбамі:
    Сасланых у катаржную працу /з далейшым пасяленьнем у Сыбіры/ .................................853
    Сасланых на пасяленьне ў болей ці меней аддаленыя мясьціны Сыбіры...........................504
    Сасланых у меней аддаленыя мясьціны Сыбіры................................................................... 828
    Сасланых у арыштанцкія роты грамадзянскага ведамства, з якіх яны будуць высланы на пасяленьне ў Сыбір.......................................................................................................................757
    А ў выніку.................................................................................................................................2939
              /Са справаздачы в.а. палявога обер-аўдытара 1 П. Няелава ад 13 лютага 1865 года/
----------------------------------
    1 Аўдытар - чыноўнік ваеннага судаводзтва.

                                                                 КНІГА ПЕРШАЯ
                                                            КІРМАШОВЫ БЕРАГ

        ПОШУК
    У тайзе прасьпяваў певень.
    Я не паверыў.
    Я не паверыў не толькі таму, што гэты сьпеў да мяне данёсься там, дзе за шмат кілямэтраў вакол не магло быць ні двара, ні седала. Я не паверыў яшчэ і таму, што якраз у тую хвіліну чамусь прыгадаліся мне Беразякі мае трыццаціпяцігадовай даўнасьці, плот перад нашай халупай і агністы певень на гэтым плоце. Я і падумаў, што сьцішанае “кукарэку” даляцела з майго, цяпер такога ўжо далёкага, дзяцінства.
    Я пасьміхнуўся дзіўнай галюцынацыі і зноў схіліўся да бліскучых, нібыта лякіраваных галінак брусьніц: у вядры маім было яшчэ далёка да рубчыка, а ўжо трэба было гэтую справу канчаць, бо я занадта далёка адышоўся ў пошуку ягад ад прыстані і мог спазьніцца на апошні трамвай. Ноч без даху над галавой у якуцкім верасьні - не надта вялікая асалода... Лета выдалася сьпякотнае, брусьнічнікі папаліла, таму і знайшоў я непапалены ледзь не пад вечар...
    Без асаблівай асьцярогі зноў запусьціў я руку ў малахітавую чупрыну брусьнічніку: ягады гэтай парою налітыя, крамяныя, і не давяцца ў жмені. Але загадкавы таежны певень азваўся другі раз.
    Я не стаў чакаць трэцяга разу, устаў з каленяў, падхапіў лягуткае сваё вядро і рушыў на голас таямніцы , што здавалася, клікала менавіта мяне. Час ад часу зноў і зноў падавала яна свой хрыпаты голас, каб я не зьбіўся з напрамку, і я ішоў, не зважаючы на тое, што напрамак гэты быў зусім не мой, што ён вядзе ўсё далей і далей ад прыстані. То ныраючы ў густы непралазны лістоўнічнік, то перасякаючы пустыя, бясплодныя, ледзь зацягнутыя каранямі травы паляны, то звычайным для гэтых мясьцін каржакаватым сасоньнікам я ішоў і ішоў, а далёкі сьпеў чамусь не набліжаўся.
    І наплыла думка, што таямніцы ніякай няма, бо ўвогуле ў сьвеце таямніцы такая рэдкасьць, што ў ягадах на іх не натрапіш. Я падумаў, паразважаў, адкуль бы мог узяцца певень, і прыгадаў, што недзе тут - расказвалі мне - павінен жыць адзін дзівак, а можа, і мудрэц. Ён мастак і пісьменьнік, артыст - шмат гадоў аддаў сцэне, а пайшоўшы на пэнсію, не застаўся ў пыльным, брудным Якуцку, а перабраўся на другі бераг Лены, збудаваў хату і з таго часу жыве адзін узімку і ўлетку пасярод тайгі. Гаварылі, што ён па-ранейшаму піша аповесьці і карціны, зьбірае старадаўнія якуцкія рэчы, майструе пад старадаўшчыну і ўсё, абсалютна ўсё, робіць для сябе ўласнымі рукамі: гадуе быдла, саджае бульбу, нават, здаецца, меле зерне... Але няўжо ён трымае яшчэ курэй? Быў жа час, і зусім нядаўні, калі якуты, для якіх ласунак - каніна, грэбавалі курацінай. Ці мо’ ў яго адзіны певень, для прыгажосьці?
    Мне даўно хацелася пабачыць гэтага пустэльніка, мне чагосьці здавалася – абавязкова знойдзем з ім агульную мову, але мне было сказана, што жыве ён далёка, далёка, у такой глухамані – пешкі не дойдзеш. Якімі ж лянівымі стала большасьць з нас! Ужо і тая адлегласьць, на якой чуваць крык пеўня, без тэхнічнага сродку мроіцца неадольнай...
    Я задумаўся і, як заўжды, задумаўшыся прысьпешыў крок. З прывычкі гэтай сьмяяліся яшчэ на хімфаку ў Мінску; тут сьмяяцца не было каму - глядзіш, і пеўня б мінуў не заўважыўшы, ды раптам, падняўшы нагу, своечасова убачыў, што занёс яе над прадоньнем. Высачэзная строма, на якой я апынуўся, цягнулася ўлева і ўправа - гэта быў карэнны бераг Лены, тут, пада мной, пачыналася яе даліна. Самой ракі не было відаць - так далёка цякла яна за бясконцым лазовым кустоўем; толькі пратокі - дзе скразныя, дзе сьляпыя вужамі віліся па лузе; сям і там між імі блішчэлі азёры. Невялікае возера, падобнае на коску, зьзяла зусім блізка, а за ім тырчала нейкае дзіўнае дрэва, з масай сучча, але без жывога вецьця, без шыпулек - без шыпулек, а не лісьця, я мог сьцьвярджаць нават і адсюль, бо ні бяроза, ні асіна такія ў Якуціі не вырастаюць, а дубы не растуць зусім. Гэта была лістоўніца, апрацаваная рукой чалавека, ачышчаная ад кары і вецьця, гэта быў кэрэх – сьвяшчэннае дрэва якутаў. Побач стаяў невялікі драўляны дом. Я здагадаўся, што гэта дом мудраца. На высокім суку, што з іншых, напалову абсечаных, тырчаў, як шпіль, распасьцёршы крылы, арлом глядзеўся певень.
    У хмызьняку, проста пада мной, пачуўся гучны мужчынскі голас рыканьне каровы. Ні чалавека, ні жывёлы я не бачыў і толькі па голасе мог зразумець, што гаспадар угаворвае карову ісьці дадому, а тая ўпіраецца. Сапраўды, сонца біла ў вочы амаль што з захаду, час быў не толькі карове, але і мне. Я пашкадаваў, што так позна наткнуўся на прытулак гэтага цікавага чалавека, і даў сабе слова ў наступную суботу абавязкова, без усякіх брусьніц, прыйсьці з самой раніцы, цяпер жа няварта было і спускацца для знаёмства, такой кароткай выйшла б размова.
    Я абвёў вачмі і керэх, і дом, і возера перад імі, каб лепей запамятаць, сьлізгануў позіркам управа - і замёр. Там на пачатку бясконцых лугоў я ўбачыў руіны нейкага паселішча, пра якое ніколі не чуў. Выцягнутыя ў адну лінію прысадзістыя хаціны зеўралі чорнымі плямамі пустых вокнаў, замест дахаў шчэрыліся кроквы. Шмат было і будынін да таго зьнявечаных, што ўжо немагчыма было ўразумець, што там зьнявечана: хата ці пуня. Гэта была, несумненна, вёска двароў на трыццаць ці болей, вёска старая, вельмі старая, можа, нават царскіх часоў, а тады ж якуты жылі не вёскамі - па аласах: як сказалі б мы , хутарамі. Ад адной да другой сялібы магла быць і вярста, і дзьве, і больш; тут жа людзі некалі, як і ў нас, ляпіліся хата да хаты. Чаму? Мо, пустэльнік ведае пра гэта? Ён жа цікавіцца даўніной... Закарцела скаціцца неадкладна ў хмызьняк, дзе ўсё яшчэ цягнулася гутарка з каровай. Сонца, кальнуўшы вочы астудзіла гэта няўчаснае жаданьне.
    І я пайшоў па краі, ведаючы, што так не зблуджу - як бы ні выгінаўся, карэнны бераг абавязкова прывядзе мяне туды, дзе ён ушчыльную падыходзіць да Лены, а там і прыстань. Ды праз сотню крокаў абрыў так рэзка крутнуў улева, што стала ясна: тут ён разрэзаны ярам - той борт яго шарэў пяском праз вершаліны ярных хвой. Абыходзіць яр было куды даўжэй, чым спусьціцца ў яго і зноў падняцца.
    У яры аказалася ціха і цёмна. Вецер застаўся наверсе, сюды ён не залятаў. Часта ў ленскіх ярах сочыцца ручаінка; ёй, і ўласна кажучы, абавязан яр сваім зьяўленьнем; гэты быў сухі - яго за тысячы год вымыла сьнегавою вадой, вясновай. Таму і расьлі ў ім хвоі, а не лістоўніцы, як у вільготных ярах.
    Амаль адразу пасярод соснаў я убачыў будаўнічае сьмецьце - быццам хтосьці ляпаў, ляпаў, сякерай капрызна, перабіраючы бёрны, а зруб, так і не зьвёз, не зьбіў нават. Пясок між дрэвамі быў увесь завалены трухлявым бярвеньнем, пазелянелым ад моху і плесьні, са сьлядамі сякеры каля тарцоў. Сям-там бярвеньні гэтыя былі складзены ў невысокія, недаўгія і вузкія зрубкі, што і на пограб не прыдаліся б; мне здалося, што недзе ўжо я бачыў такія, дзе - не мог прыгадаць... І толькі ступіўшы на друзлы брус, што пад ботам маім праціснуўся, як гумавы, да зямлі, я ўбачыў з жахам, што гэта крыж, што я на руінах якуцкіх кладоў, а бёрны - рэшткі намагільнікаў, што будаваліся ў выглядзе хаткі без вокнаў.
    Клянучы сябе, пайшоў далей - вяртацца назад ужо не было сэнсу. Абмінаючы грудкі, большай часткай ледзь прыкметныя, я з прыкрасьцю думаў пра тое, колькі касьцей пасьпеў патрывожыць, пакуль не дапяў, па чым іду. Але праклятая звычка назіраць і разважаць пра ўбачанае не пакінула мяне і ў гэты шчымлівы момант. То адзначаў, што крыжоў намнога меней, чым магіл - значыць, могілкі вельмі даўнія, першых нябожчыкаў тут хавалі яшчэ да хрышчэньня якутаў - можа, год пад трыста назад; то спыняў сапраўдны, ледзь не сучасны, каменны намагільнік: на адным удалося нават прачытаць дзіўнае для мужчыны імя “Параскевій”... Што кладаўе вельмі, вельмі даўняе, гаварылі хвоі. Іх карані зьмяіліся па паверхні, працінаючы грудкі; дзе-нідзе яны расьлі проста з разбураных намагільнікаў, а хвоям гэтым у абхват і болей была ці не сотня год.
    Я нарэшце выбраўся з гэтых руін, азірнуўся – і ў канцы прагаліны ўбачыў іншыя руіны вёскі, на якія глядзеў зьверху. Прагал жа быў, несумненна, калісьці дарогай; гэта быў апошні шлях тых, чый спакой я толькі што парушыў.
    Я ўздыхнуў з палёгкай, што гэта ўжо скончылася, і рушыў да абрыву, каб зноў падняцца наверх, аж раптам наскочыў яшчэ на адну магілу.
    Яна тулілася прыкметна ў баку ад рэшткі, і не было на ёй ні каменя, ні хаткі без вокнаў, не было і вакол бярвеньня, а толькі тырчаў над ёю высокі, чатырохкутны, без дадатковых верхняй і ніжняй папярочак крыж - крыж каталіцкі, просты і ляканічны і ўзвышаны ў гэтай сваёй прастаце. На перакладзіне цямнелі глыбока ўрэзаныя літары.
    Я падняўся на дыбачкі, каб разгледзець іх, але не дацягнуўся, стаць жа на магілу... Я выцягнуў руку і пачаў чытаць, дапамагаючы пальцамі вачам. Радок літар дзяліўся на два адрэзкі - імя і прозьвішча; яны былі аднолькавай даўжыні; дзе тое, дзе іншае - я не мог зразумець доўга, бо на пачатку не разьбіраў ніводнай літары. Гэта зусім зьнецярплівіла мяне: што за лухта? Няўжо я не ўмею чытаць? Я матнуў галавой ад злосьці на сябе, і тут, пад касым вуглом, сярод астатніх зыгзагам маланкі мільганула лацінскае “S”. Дык вось яно што!.. Значыць, палачка, якую я палічыў клічнікам, “I”? “S”, “K”, “I”... “СКІ”. Гэта канец прозьвішча. Раз лацінка і “СКІ”, значыць, прозьвішча польскае, падумаў я. А ну, цікава, як яно чытаецца цалкам?
    Першая літара выкрышылася ад часу, яе не было зусім. Другая была няўдала выразана: тут магло быць і “O”, і “A”, і “P” - гэта значыць, па-нашаму “П”... Далей стаялі дзьве палачкі. Паразважаўшы, я прыйшоў да высновы, што гэта “LI” - па-нашаму “ЛІ”. Яшчэ: “N”, “О”... Літару, што ішла за “О”, я не разгледзеў як сьлед, але ўзнавіў яе: гэта магло быць толькі “W” - прозьвішча канчалася на “ЛІНОЎСКІ”.
    “Галіноўскі”? “Маліноўскі”? “Палівоўскі”? Усё можа быць... Пад прозьвішчам і імем другім радком стаялі лічбы: ясная справа, даты, гады нараджэньня і сьмерці. Тут мне пашанцавала: добра чыталіся дзьве апошнія лічбы ў кожным ліку, з першымі ж дзьвюма было проста: ясна было, 18 – першая лічба не магла быць іншай, чым адзінкай; на месцы другой круглілася ямка – тут не магло быць нічога, акрамя “8”: “7” не выкрышылася б такім чынам, а трыста год драўляны крыж не прастаіць. 1840 - 1867, Дваццаць сем год... Як гэта мала! Чаму паміралі так рана ў тыя часы? Зрэшты, з тут пахаваным болей-меней ясна. Ёй паляк, а палякі рэдка траплялі ў Якуцію па сваім жаданьні. Ён выгнаньнік, а што такое жыцьцё выгнаньніка, чым бараніцца ў такім жыцьці ад сьмерці? 1840 - 1867... Завошта? Завошта асуджаны быў на сьмерць і магілу ў гэтым яры дваццацісямігадовы хлопец?
    Завошта... Завошта ж яшчэ, калі не за 1863-ці. Тысяча восемсот шэсьцьдзесят трэці... Ён не толькі польскі, ён і наш, беларускі год. Год змаганьня за чалавечую годнасьць, за беларускасьць. Год Каліноўскага.
    Каліноўскі! Мяне як апякло. Хто сказаў, што ...ліноўскі, закапаны тут, Галіноўскі ці Паліноўскі? Чаму не Каліноўскі? Зразумела, не Кастусь, не Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч, што знайшоў сваё бясьсьмерце на шыбеніцы вешальніка Мураўёва. Але ж Каліноўскі ж быў не адзін; хай сярод Каліноўскіх не ўсе былі беларусы - нават і продак Канстанціна Вікенція на Беларусь перабраўся з Польшчы, - хай! Усё адно слова само Каліноўскі, было для мяне, ёсьць і будзе сымбалям Беларусі, мужнасьці і высакароднасьці яе пакут.
    Можа, паспрабаваць яшчэ? Зноў прыдзірліва перамацаў я і позіркам, і пальцамі кожную літару, кожную рыску. Першыя літары не атрымліваліся, аднак - што страчана, тое страчана. Затое раптам я адчуў, што няправільна прачытаў чацьвёртую літару з канца. Палічыў, што “W” – а здаецца, не “W”. Можа, "V"? Але ж у польскім алфавіце такой літары няма. Значыць, “U”? Але чаму яно тут?
    І ізноў здрыганулася сэрца. “...ліноўскі”, не “... ліновскі” - гэта не па-польску. Гэта лацінкай, але беларускай лацінкай! Той жа, якою набрана “Мужыцкая праўда” Яські, гаспадара з-пад Вільні.
    Можа, ён і не быў беларусам, “...ліноўскі”. Але тады беларусам быў той, хто ўразаў у сырую лістоўнічную драўніну яго прозьвішча. Выразаў, як вымаўляў, цьвёрда не ведаючы, як яно пішацца там па-польску.
    А імя? Якое яно, у якім напісаньні? Гэта таксама можа штось падказаць... “Т”, “А”, далей незразумела, апошнія літары – “SZ”... “Тадэуш”? Падобна, вельмі падобна... Але чаму літар восем? Несумненна восем. а павінна быць сем... Значыць, не “Тадэуш”, а “Тадэвуш”? Зноў па-нашаму, па-беларуску?
    На жаль, сярэднія літары загінулі, а я не так ужо і добра ведаю польскія імёны, каб катэгарычна сьцьвярджаць, што сярод іх не бывае іншага, што пачынаецца таксама з “Т”, а канчаецца на “SZ”.
    Як жа хочацца ўведаць, хто тут пахаваны і хто выразаў на крыжы!
    Але адкуль? Сьведкаў не засталося. Легенд пра выгнаньнікаў не даводзілася ні чуць, ні чытаць. І ўвогуле нічагусенькі мне невядома пра іх, ссыльных шэсьцьдзесят трэцяга года: шмат было іх тут ці мала, колькі памерла, колькі вярнулася, і за што менавіта гналі ў Якуцію - самую страшную ссылку з усіх вядомых...
    Але адразу ж прыйшла і падказка. Прыгадалася, як год сем ці восем назад мне пазваніла жанчына, відавочна, немалога веку, назвала сябе і запытала: ці праўду кажуць, што я паляк? Не, не паляк, адказаў я, але з палякамі знаўся, крыху ведаю польскую мову. Калі ёй трэба нешта перакласьці з польскай, то з дапамогай слоўніка магу, толькі каб не занадта шмат. У мяне справа іншая, сказала яна. Я зьбіраю зьвесткі пра свайго прадзеда. Ён быў ссыльным з 1863 года. Такія зьвесткі ёсьць у мясцовым архіве, але мне ўжо позна капацца ў тысячах дакумэнтаў. Можа вы, з надзеяй спытала яна, як паляк, займаецеся гэтым?.. Можа, што сустракалі пра майго прадзеда? Яго прозьвішча Крыжаноўскі. Каб не засмучаць старую жанчыну, я сказаў, што пакуль што ў архіве я не працаваў, але зьбіраюся, бо ссыльныя палякі мяне цікавяць, і калі натраплю на прозьвішча яе прадзеда, абавязкова паведамлю ёй. Пасьля гэтага яна званіла мне з прамежкам у год ці болей, і кожны раз я адказваў, што не, у архіў яшчэ не хадзіў, але пайду, вось толькі скончу адну сур’ёзную працу... На самой справе палякі мяне цікавілі мала, я абяцаў з аднае ветлівасьці. Урэшце, яна перастала званіць, ці разгадала мяне, ці з самой здарылася што – шмат у жыцьці здараецца сумнага, асабліва са старымі людзьмі...
    Шчыра кажучы, я і злаваў крыху, калі яна настойвала, каб я ішоў у архіў, і не хацела зразумець, што я не паляк, што для мяне гэта чужая справа. Ну што мне да твайго прадзеда? Быў бы мой!..
    Ад тых размоў застаўся надтрэснуты голас увушшу ды прозьвішча: Крыжаноўскі. Крыжаноўскі... А ці быў палякам і ён, прадзед маёй тэлефоннай знаёмай?
    “Крыж”, “крыжан” - такіх слоў у польскай мове няма. Ёсьць “кшыж” - па-нашаму “крыж”. Прозьвішча, утворанае ад “кшыж”, па-польску, вядома, чытаецца “Кшыжаноўскі”, “ш” у “кшыж” пішацца праз “rz” звычайна ж “rz” – гэта – ж. Таму Кшыжаноўскія – мо, для лепшага гучаньня, мо, хутчэй, памылкова - па-руску прозьвішча сваё пісалі як “Кжижановский” і нават “Кржижановский”, але пры любых памылках яны не маглі адмовіцца ад свайго фірмовага шыпячага і замяніць яго на “р”. “Крыжаноўскі” - гэта ад нашага “крыж”...
    Чаму не прыйшло мне гэта ў галаву раней, чаму спатрэбіўся пеўневы крык пасярод тайгі, каб тая чужая справа стала маёй і, можа, маёй галоўнай у жыцьці справай? Не ведаю. Я стаяў пад лістоўнічным крыжам, шэрым ад часу, і думаў: вось, нарэшце, я і зразумеў, навошта я тут, навошта дыхаю сьляпым туманам у пяцідзесяціградусны мароз узімку і смуродным пылам у трыццаціградусную сьпёку ўлетку, жыву без чарніц і баравікоў, з надакучлівым танзілітам. Ды што там чарніц, не ў чарніцах, урэшце, шчасьце: жыву без даўніх сваіх сяброў, без матчынай мовы, працую хай і на брацкую, ды не сваю культуру...
    Вось навошта ўсё гэта: дзеля забытага сьветам шэрага лістоўнічнага крыжа і таго, што стаіць за ім у бездані год.

                                                                РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ
    Ноч дайшла да сярэдзіны, і Зямлі, як заўсёды апошнім часам сасьніўся жудасны сон. На стале, без труны, як у празектарскай, да грудзей прыкрыты жоўтай ад бясконцага мыцьця прасьціной, ляжаў голы Шалевіч. Так, ён, ляжаў у празектарскай, і Зямля павінен быў яго рэзаць. Сотні трупаў прайшлі праз рукі Зямлі, але адно - капацца ў вантробах невядома чыіх і зусім іншае - занесьці скальпэль над целам таварыша, на чужыне.
    Не гледзячы ў твар, ён памацаў дрыготкімі пальцамі, каб закрыць вочы Шалевічу, але адчуў пад імі штосьці нязвычна халоднае і, хочаш не хочаш, зірнуў. Вочы Шалевіча, як вокны хацін у гэтым страшным краі, па якім з Шалевічам ехалі ўжо некалькі тыдняў, былі зашклёныя зеленаватымі квадратамі ільду.
    Ён кінуў скальпэль і закрыў рукамі твар уласны , і іх ударыла як гальванічнай сілай: тыя ж квадраты лёду былі і на ягоных вачах. Ён схапіўся за іх, спрабуючы адляпіць, але дарэмна: лёд прырос намёртва, яго можна было ададраць толькі са скурай, а то і з касьцямі.
    Ён упаў на канапку, заплюшчыў вочы, але тут жа працяла думка, што гэтага нельга рабіць, нельга заплюшчваць, бо лёд замарозіць павекі, і болей іх не падымеш. Міргнуў - позна! Павекі не рухаліся. А холад няўмольна ішоў углыб вачэй. Левы і правы крышталікі сталі кавалкамі лёду. Вось ад чаго памёр Шалевіч!
    Холад ішоў углыб, ланцужкі ільдзінак зьмяіліся ўжо да сятчаткі. Няўжо няма ратунку? Ёсьць ратунак, ёсьць - цяпло ратунак супроць ільду, Але дзе яго ўзяць, цяпло? Пячэй у празектарскіх не бывае... А сваё цяпло? Няўжо зусім не засталося яго? Здранцьвелыя рукі не слухаліся, не згіналіся. Раптам у локцях трэснула. Болю Зямля не адчуў, але зразумеў, што зламаў суставы. Затое нарэшце ён дастаў да ільдзін на вачах; паспрабаваў падлезьці пальцамі пад іх - так звычайна ён праціраў акуляры. Не ўдалося: паміж ільдзінамі і вачмі не засталося і самай вузкай шчыліны. Тады ён даткнуўся льдзін знадворку - і тут жа пальцы прыліплі, прысталі, прымерзьлі. Ірвануў - адарваў рукі, але без пальцаў; кроў не цякла - замерзла ў жылах...
    Жах скалануў ад галавы да пят, і Зямля прачнуўся. Заледзянелыя рукі яго сапраўды ляжалі на твары. Ён адняў далоні і разадраў павекі, каб хутчэй адступіла ад зрэнак бачанае ў сьне. Разадраў павекі і не паверыў, што разадраў, бо нічога не ўбачыў. Ні абрысаў, ні плямы, ні іскры хаця б - нічога не мітусілася, не мільгала, не сьвяцілася перад замарожанымі ў сьне вачмі. Адна непраглядная цемра, нічога болей.
    Заплюшчыў вочы, расплюшчыў зноў - але і з другой спробы нічога не выйшла. Цемра, бязвокая цемра, як у труне. У труне... Няўжо ў труне?! Калі і як? Ён сутаргава таргануў руку ўверх, кожнай жылкай чакаючы, што яна вось-вось даткнецца века. Рука ўпала, і ён не змог зразумець, няма века або ў яго нехапіла моцы падняць да яго руку.
    Правы локаць цяпер датыкаўся чагосьці цьвёрдага, падобна дрэва - няўжо, няўжо труна? Дрыжучы пасунуў убок левы - там не было нічога. Тады Зямля абмацаў тое, што меў справа - сьцяна! Касая сьцяна з гладкіх жардзін, пастаўленых старчма. Такія ў трунах не бываюць. Радаснае хрыпеньне вырвалася з грудзей Зямлі.
    Але чаму ён нічога не бачыць? Няўжо здарылася тое, чаго баяўся даўно, ледзь не ўсё жыцьцё, баяўся болей, чым сьмерці? Ён заплюшчыў вочы, расплюшчыў, зноў і зноў, ліхаманкава стрыгучы павекамі, можа, дзесяткі разоў, аж нарэшце замільгацеў сноп іскраў .У вачах закалола, і ён зьнясілена заплюшчыў іх.
    Не можа быць. Ён жа бачыў сон. Бачыў! Падумаеш, бачыў... Сны не вачмі глядзім. Сны, напэўна, сьняцца і сьляпым ад нараджэньня.
    - Зямля! Зямля!
    Хто гэта кліча? Адкуль?
    - Цо з панэм? Для чэго пан енчы?
    Голас Шалевіча... І па-польску... Значыць, Шалевіч? Ён жа памёр. Ён жа ляжаў у празектарскай на шчарбатым стале, ад якога нічога не схаваеш.
    - Пане Зямля! Нех пан мне не страшны! Без тэго страшне ест!
    Божа літасьцівы. Гэта ж было ўва сьне, мёртвы Шалевіч. А ява - яна лепшая за той сон?
    - Я асьлеп, пан ІПалевіч, - цяжка варухнуўшы сківіцамі, выдыхнуў Зямля.
    - Я тэж! Ніц не відзэн. Огень згас! Цемно, як в дупе, і хлодно, як в гробовцу... Пшэкленты край!
    Проста згас агонь на камінку. Якое шчасьце! Варта зноў раздзьмухаць яго, і можна будзе ўбачыць хаця б руку перад вачмі, хаця б касую тую сьцяну пад галавой. Зямля з палёгкай выцягнуўся на мулкім драўляным ложы, зьбітым з такіх жа жардзін, што і сьцяна.
    - Што вы сказалі? - страпянуўся ён, са спазьненьнем пачуўшы нейкія словы.
    - Прабачце! Я ўвесь час забываюся, што вы не ведаеце польскай, - перайшоў на рускую мову Шалевіч.
    - Гаварыце, як хочаце! Я вас разумею. Я адно гаварыць па-польску не ўмею, а разумею амаль што ўсе.
    - Навошта такая размова? Каб я рускай не ведаў, тады іншая рэч... Вы ж усё-такі не на сто працэнтаў разумееце, а перапытаць і пасаромеецеся часам... І як гэта вы, не паляк, увязаліся ў польскую справу?
    - Я не ў польскую, пан Шалевіч. Я ўжо пра гэта казаў, - суха кінуў Зямля. – Я ў сваю, пан Шалевіч. І не ўвязаўся, а ўступіў...
    - Ну-ну, не трэба крыўдзіцца. Сапраўды! Вы ўжо казалі гэта. Прабачце. Такі холад, такая цемра. Памяць адмярзае, як пальцы. Прыйдзецца ўсё ж распаліць. Пшэкленты край? Пшэкленці людзе? Кінулі ў нежылую халупу, быццам трупы... Бр-р!
    Было чуваць, як Шалевіч недзе паблізу ўстаў з такога ж, на якім спаў і Зямля, лежака, прашоргаў некалькі крокаў. Выходзіць, праўда нічога не бачыў і ён, іначай ішоў бы сьмялей. Шорганьне перапынілася, потым Шалевевіч рушыў далей; так паўтаралася некалькі разоў - у прамежках ён, мусіць, шукаў камінак рукамі.
    - Так усю ноч блукаць можна. Зямля! Давайце разам. Возьмемся за рукі, як дзеці... Так мы яго хутчэй зловім!
    Зямля спусьціў ногі. Спаў ён усе апошнія ночы ў ботах: без іх ногі пад раніцу як пруцянелі ў холадзе тых халуп, дзе яны начавалі. Асьцярожна зрабіў на голас Шалевіча два крокі. Тут Шалевіч радасна ўскрыкнуў:
    - Знашэдлэм! Ест!
    Зямля спыніўся, не ведаючы, што рабіць. Шалевічу цяпер ён не быў патрэбен, назад жа, на лаўку, вярнуцца не мог, бо не ўяўляў, дзе яна.
    - Знашэдлэм... Знашэдлэм... - радасна мармытаў Шалевіч. Пачуліся гукі, якія Зямля і не бачучы, што робіць Шалевіч, мог зразумець: вось ён ляпае па камінку, шукаючы той яго бок, дзе распальваецца агонь; вось падымае з падлогі палена, варушыць вугольле... Шчыльную цемру разанула іскра, другая - зусім не там, дзе чакаў Зямля. Шалевіч зарухаўся энэргічней, затаптаўся, але болей пад яго рукамі нічога не бліснула, і ён супыніў сваю мітусьню:
    - Ніц не бэндзе. Пузьно! Зямля! Вы чуеце? Няма жару. Не распаліць! А які холад! Асабліва тут, ля камінка. Пальцы не згінаюцца?
    - Можа, я паспрабую? - няўпэўнена прамовіў Зямля.
    - Спрабуйце! А я пайшоў у свой закутак. Там, здаецца, цяплей.
    - Пачакайце, пакуль дайду да вас. Я яго сам не знайду, камінак.
    - Толькі хутчэй! А то ўжо зубы ляскаць пачынаюць.
    Зямля ступіў да яго крокі тры і, зачапіўшыся за штосьці, упаў. Пад выцягнутыя ўперад рукі трапіла калючае, усё ў скабках, палена. Зямля войкнуў. Адштурхнуўся ад убітай глінянай падлогі, выпрастаўся, пераступіў з нагі на нагу і зноў  ледзьве не ўпаў - пад ботам крутануўся круглы ўцінак.
    - Асьцярожней! - пачуўся трывожны голас Шалевіча і ў той жа момант яго ледзяная рука падхапіла Зямлю пад локаць.
    - Дровы ёсьць, - сказаў Зямля. - Толькі б адзін вугольчык.
    - Няўжо вы - Гефэст? Чалавек з аднаго вугольчыка без цэры ці хаця б шматка паперы агню не здабудзе.
    Зьлёгку скавычучы, Шалевіч кінуў локаць Зямлі і патупаў кудысьці. Зямля стаў на ягонае месца, абмацаў камінак. З коміна, што пачынаўся на ўзроўні пляча, валілася знадворнае паветра - Зямля ведаў, што ў такіх комінах не бывае юшкі: захочацца - праз яго і на зоры зірнуць зможаш... Зямлі сапраўды захацелася глянуць праз гэтае жэрала, каб яшчэ раз упэўніцца, што ён бачыць, але стрымаўся: і без таго калаціць пачынае.
    Ён сеў на кукішкі, пакратаў попел: той астыў, але бадай што не так даўно. Разварушваць яго, нічога не маючы ў руках, няварта, бо той вугольчык, што ўжо і так паменшаў на дзьве іскры, можа згаснуць зусім. Ён пасунуў рукамі сюды і туды па падлозе, шукаючы палена, аб якое заскабіў далоні, а знайшоўшы, заціснуў яго пад пахай і стаў абіраць стрэмкі адной рукой, кладучы іх у другую. “Неблагое практыкаваньне для будучага сьляпога”, - горка ўсьміхнуўся ён. Ён адчуў пальцамі, што палена расчэпленае амаль напалову: варта было як сьлед ірвануць абедзьвюма рукамі, і яно расколецца да канца. Гэта было вельмі важна: Тоўстыя дровы ад кволага агеньчыка не загарацца. Скабкі ўспыхнуць і патухнуць, а разам з імі патухне і апошняя надзея на агонь, на цяпло, на спакойную рэштку начы.
    Хто ведае, можа, у дровах валяецца дзесь і сякера? Тады было б прасьцей. Але як яе знойдзеш, у гэтай мярзотнай цемры? Нарыхтаваныя трэсачкі не пакласьці, нават на край камінка: будзеш потым браць - і рассыплеш. З паленам пад пахай і пукам скабак у левай руцэ правай рукой Зямля палез у кучу ачахлага вугольля, палез асьцярожна. Не, ён баяўся не апякчыся, пальцы яго стрымлівала трывога за тую адзіную, выратавальную жарынку, што ўжо паменшала на дзьве іскры.
    - Кіньце вы гэта, Зямля! – гаварыў тым часам Шалевіч. – Вяртайцеся на нары. Паляжым крыху ды пойдзем шукаць жывадзёраў гэтых, што ўладкавалі нам такі раскошны начлег. Мне здаецца, бліжэйшая хата не так далёка. Быць не можа, каб нас нехапіла на трыццаць-сорак сажняў.
    - Можа, пойдзем у цемры не ў той бок.
    - Цемра тут, у гробовцу з ледзянымі шыбамі. На двары - месяц.
    - Няма месяца. Каб ён быў, праз комін хоць бы адзін прамень, ды падаў.
    - А што, калі ён нізка? Усходзіць або заходзіць.
    - Першая квадра, пан Шалевіч. Маладзік.
    - Няўжо вы сочыце яшчэ за гэтым? Я ўжо і сонца не заўважаю. Пшэкленты край! Пшэкленці людзе!
    - Вы ж самі прасілі зьмясьціць там, дзе меней клапоў і прусакоў... Вось яны і зьмясьцілі.
    - А чаму яны жывуць так па-сьвінску? Разам з быдлам...
    - Так жывуць сяляне па ўсёй Расеі, пан Шалевіч. Думаю, што і Польшча - не выключэньне.
    - У нас хоць войт жыве па-людзку. А тут?
    - Тут поўнач. Вінаваты не гэтыя людзі, а тыя, якія нас сюды загналі...
    Шалевіч нешта прабурчэў, але Зямля не пачуў, што: ён нарэшце намацаў не проста цёплы - гарачы, пякучы камячок. Не зважаючы на боль, паднёс да вуснаў, ціха дзьмухнуў - камячок засьвяціўся, кісяя лезь бачнага полымя пабегла па ім. Зямля пасьпешліва паклаў вугельчык, прыставіў некалькі скабак, дзьмухнуў крыху мацней – попел шухнуў у твар, у рот, які не пасьпеў закрыць, у вочы, якія не пасьпеў заплюшчыць. Але праціраць іх, адплёўвацца не было калі – пыхнуў агеньчык, абхапіў канцы скабак, і тыя заняліся. Цяпер галоўнае было захаваць агонь, бо другой жарынкі магло і не знайсьціся. Скабка да скабкі, і вось рука апусьцела, а агонь быў яшчэ не такі, каб на яго пакласьці цэлае палена. Разарваў, як зьбіраўся, рукамі - палавінкі аказаліся затоўстымі, але нічога іншага пад рукамі не было, і Зямля прыставіў тарцы. На шчасьце, палена аказалася смольным. Агонь, як залатая сараканожка, маруднымі штуршкамі папоўз па драўніне. Зямля прыставіў верхнія канцы паленцаў да задняй сьценкі камінка і сагнуўся да падлогі. Цяпер ён мог сёе-тое бачыць на ёй!.. Не, ён не стаў шукаць сякеру; ліхаманкава выхапіў з сутоньня некалькі болей тонкіх паленаў. Адно было бярозавае. Садраў, ламаючы пазногці, бяросту і сунуў у агонь.
    - А ў вас, бадай што, болей спрыту, Зямля! - лагаднейшым голасам прамовіў Шалевіч.
    - Хутчэй цярпеньня, пан Шалевіч, - усьміхнуўся Зямля.
    Выратавальнік-агонь разгараўся. З цемры памалу выходзіла ўсё, што мелася ў халупе: спачатку сам камінак, у ніжняй частцы сваёй падобны да начовак, пастаўленых старчма – вышэй начоўкі пераходзілі ў комін; потым слупы, на якіх трымалася столь, што адначасова была і дахам; у апошнюю чаргу скупа высьвеціліся лежакі, якія цягнуліся ўздоўж сьцен, і на адным з іх - захутаны ў шынель Шалевіч, рудыя вусы і валасы якога ў дрыготкім сьвятле здаваліся чорнымі.
    - А ведаеце, Зямля, я, бадай што, саграшыў супроць гэтых людзей: дроў яны нанасілі нам дастаткова. Уласны промах наш: праспалі! - сказаў Шалевіч, нібы прасіў прабачыць.
    - Як мала трэба, каб зноў адчуць да людзей чалавечае пачуцьцё! - пажартаваў Зямля, набіваючы камінак дровамі.
    - Не... Не згодзен з вамі! Цяпло на поўначы... на гэтых клятых бязьмежжах... не мала! Хоць цяпло камінка, хоць чалавечае... вельмі шмат!
    Апошнія словы ён прамовіў з такім запалам, што Зямля не ўтрымаўся ад усьмешкі. Такі быў яго спадарожнік, якога выбіраў не сам, а Часовае ўпраўленьне для наглядаў за палітычнымі ссыльнымі: і гневаючыся, і перапрошваючы, перабіраў меру. Перапрошваў жа ледзь не адразу за гневам.
    - Колькі вам год, пан Шалевіч? - кладучыся на нары, спытаў Зямля.
    - Дваццаць дзевяць. А што?
    - Я думаў, вы маладзейшы.
    - Дзіўна. Мае здавалася, што за апошнія гады я пастарэў на трыццаць.
    - Усе мы пастарэлі. Гэта я ўлічваў, і вашы гады вызначаў не лікам маршчын...
    - Дзяцінюся, хочаце вы сказаць? Розуму не хапае? Гэта праўда. Сёньня, мусіць. толькі з-за гэтага мы апынуліся з вамі ў лядоўні Болей гэтага не будзе. Буду слухацца вас. Вы здаяцеся мне куды старэйшым і мудрэйшым чым я. Што вы скажаце, калі я прапаную не спаць да раніцы? Агонь патухне зноў, і мы, глядзіш, не зможам устаць, каб яго распаліць.
    - Навошта ж не спаць абодвум адразу? Можна не спаць па чарзе,
    - Я не вытрымаю, засну, калі будзем маўчаць.
    - Тады сьпіце. Я павартую. Мне, прызнацца, засынаць страшна.
    - Што вам сьнілася. дарэчы? Вы так стагналі? Я аж прачнуўся.
    - Што мне сьнілася?..
    Зямля напружыў памяць. Але пачварныя малюнкі што ў сьне і цемры былі такімі выразнымі, цяпер, пасьля цяжкой барацьбы за агонь, у мітусьлівым сьвятле ачага, аніяк не вярталіся ў мозг. Тады Зямля заплюшчыў вочы, і зноў перад ім на шчарбатым празектарскім стале ўзьнікла выпручанае голае цела. Ён скалануўся.
    - Няварта, пан Шалевіч, расказваць дрэнныя сны.
    - Раскажыце! Страшны сон не заўсёды страшнае прарочыць. Я, быў час, соньнікамі захапляўся. Штук дзесяць меў. Кожны сон па ўсіх правяраў... пакуль сну не пазбыўся. Павыкідаў усё чарнакніжжа тое і стаў спаць спакойна. Але сёе-тое памятаю... Раскажыце!
    - Ну што ж... Тлумачце. Уваходжу ў празектарскую, перада мной труп майго добрага знаёмага, і я павінен яго анатаміраваць. Што вашы соньнікі скажуць на гэта?
    Шалевіч азваўся не адразу. За дашчанай сьценкай, што падзяляла нары, Зямля не бачыў ні ягонага твару, ні яго самога і не мог здагадацца, уражаны Шалевіч, ці не. Нарэшце, той прамовіў:
    - Ваш сон у соньніках не прадугледжаны. Адзінае, што магу - вы, відавочна, доктар... А чаму маўчалі пра гэта?
    - Вы ж не хварэлі
   - Значыць, я ўгадаў?
    - Быў бы доктарам. Вучыўся, - з горыччу выціснуў з сябе Зямля. - Цяпер гэта ў мінулым. Цяпер між нас - ні дактароў, ні студэнтаў. Усе мы выгнаньнікі, асуджаныя на марудную сьмерць.
    - Кіньце, Зямля! Вы як раз уладкуецеся няблага. Дактары ўсюды патрэбны, асабліва там, дзе іх мала. А тут жа, думаю, іх і зусім няма. Займееце практыку. Будзеце яшчэ карміць такіх няшчасных няўмек, як я.
    - Я ж без дыплёма. Не вывучыўся.
    - Якое мае гэта значэньне там, дзе дактароў зусім няма! Усё ж такі ведаеце вы болей, чым які-небудзь тутэйшы фэльчар. А ну, праэкзамэную вас. Як на лаціне галава?
    - Капут або кэфале. Зрэшты, кафале - гэта ўжо па-грэчаску.
    - А грудзі?
    - Пэктус.
    - Жывот?
    - Вэнтэр.
    - А...
    - Нешта вас, пан Шалевіч, цягне ўсё ніжэй і ніжэй, - засьмяяўся Зямля. - Баюся, дойдзеце да непрыстойных мясьцін цела.
    - А чаго нам саромецца? Не на бале. Дзіўна неяк: чортведама дзе - і лаціна... Мне дык сур’ёзна займацца лацінаю не выпадала. А чамусьці цікава стала. Вось вы кажаце, грудзі - як там?
    - Пэктус.
    - Усё роўна чые? Жаночыя грудзі - таксама?
    - Не. Тое, пра што вы пытаеце - мамма.
    - Мамма... Падобна да “мама”. Ці няма тут сувязі нейкай, га? Мама ж на ўсіх мовах - мама.
    - Цяжка сказаць. Я ж не лінгвіст.
    - А ўрач вы, здаецца, добры. Столькі чорных вёрстаў трымаць у мазгах лаціну!
    - Вы ж самае простае пыталі. Гэта яшчэ не мэдыцына.
    - Лаціна заўжды лаціна. Мёртвая мова. На ёй жа не пагаворыш. Раз вы памятаеце яе - значыць, добра вучылі.
    - Мне яна дорага дасталася. Гімназію не канчаў. А ў акадэмію без яе не прымаюць. Урокі прыйшлося браць, самавукам дзяўбці. Ды яшчэ нямецкую мову...
    - Нямецкую? Навошта?
    - Без нямецкай мову ўрачу нельга. Палова мэдыцынскай літаратуры - нямецкая.
    Зямля міжволі ўздыхнуў, памаўчаў і дадаў:
    - Шкада, што гэта ўсё - кату пад хвост...
    - Не кажыце так! - горача ўсклікнуў Шалевіч. - Будзе практыка ў вас, будзе!
    - Ну і што? Ці ж гэта тое, да чаго я рыхтаваўся? Я ж у Боткіна вучыўся. Чулі, мабыць?
    - Хто ж пра яго ў Расіі не чуў!
    - Вось так.
    Нічога, Зямля! Што карысьці шкадаваць аб тым, чаго не вернеш. Ганіце змрочныя думкі. Падкінем дроў, сагрэемся, і стане цяплей на душы.
    Шалевіч рухава сабраў ахапку, уладкаваў паленьне на камінку і хуценька вярнуўся назад. Дровы ўспыхнулі, затрашчалі, на ўсе бакі паваліў смольны дым. Цемра зноў адступіла ў глухія куты, і стала выразьней двухстволка пары, што выходзіла з ноздраў Зямлі.
    - А вы - кім да паўстаньня былі?- спытаў Зямля.
    - Тым жа, кім у паўстаньні, ды і нейкі час пасьля. Вайскоўцам! Толькі чыны мае мяняліся: да паўстаньня - паручнік, у паўстаньні, як сказана ў артыкульным сьпісе – “удзельнік мяцежніцкай хэўры”, па паўстаньні - разжалаваны радавы... Потым - уцёкі, злоў, і вось я - прад вамі.
    - Значыць, вы служылі рускаму цару, які душыў Польшчу?
    - Серакоўскага маці да дзесяці год апранала, як дзяўчынку, каб не забралі ў кадэцкі корпус. Але ж потым сам Серакоўскі стаў афіцэрам генэральнага штаба... Дзе маглі мы прайсьці навуку ваяваць? Ваяваць за айчыну! А ў выніку ніякай іншай навукі не прайшлі і не валодаем ніякім умельствам, апрача ўменьня памерці.
    - Чым жа зьбіраецеся заняць рукі?
    - Я тут не затрымаюся. Ногі ж ёсьць!
    - Думаеце ўцячы?
    - Ніправошта іншае не магу думаць.
    Зямля апусьціў павекі, прыгадваючы той шлях, які яны праехалі і які яшчэ не быў скончаны. Ад Іркуцка - на калёсах праз жоўтую восеньскую тайгу: дзікая бездараж, ні сьцяжынкі ўбок ад крывой, у адну каляіну дарогі... У Верхаленску прыйшлося чакаць, пакуль не стане Лена. Гэта значыла, несумненна што іншага “тракту”, апрача самой ракі, да Якуцка няма. Лена, Лена... Непадлічанай даўжыні цясьніна, па якой - аж надакучыла - цягнуліся столькі дзён. Ці магчыма прасьці тое пешшу? Зьлева і справа – стромы. Не ўзьбіцца на іх, не схавацца на іх. А “тракт” для бязьлюдзьдзя тутэйшага людны. Колькі троек абганяла іх марудныя сані, колькі ляцела насустрач... Дваццаць-трыццаць вёрст - станок: вёска ці вёсачка з дзікабародымі, вузкавокімі ад тубыльскай крыві “гасударавымі ямшчыкамі”, вернымі паслугачамі цара, якім начальства давярае нават дастаўку ссыльных...
    - Вы зьвярнулі ўвагу, - асьцярожна пачаў Зямля, - што мы з вамі едзем без жандараў, без казакоў, што нас вязуць звычайныя ямшчыкі, перадаючы з рук у рукі, як паштовыя пакі?
    - Зразумела. Як не заўважыць!
    І вас не наводзіць гэта ні на якія думкі?
    - Не!
    - А чым вы вытлумачыце гэта? Палітычных злачынцаў вязуць у пажыцьцёвую ссылку без аніякай аховы!
    - Дзе набяруцца яны аховы той на ўсіх палякаў? Вось і выкручваюцца, як удасца. Пераклалі жандарскую справу на цёмных, забітых людзей. Настрашылі іх, як сьлед, каб пільнавалі...
    - А вы заўважылі, як мала турбуе іх, што мы ўцячом? Вось і сёньня. Пакінулі адных, халупу не замкнулі... Выходзь, уцякай!
    - А вы заўважылі, як яны апранутыя? На плячах - кажухі, на нагах - тарбосы... А мы з вамі? На мне шынель, на вас зіпун. Боты ледзь не на босую нагу... Вось вам і адказ. Яны выдатна ведаюць, што далёка ў такой вопратцы не пойдзеш. А пойдзеш - у сьнезе загразьнеш, а не загразьнеш - па сьлядах дагоняць, бо зіма.
    - Бачыце, як добра ўсё разумееце! А марыце пра ўцёкі...
    Зіма не вечная, Зямля! Прыйдзе і тут лета! Вось тады і паглядзім, ці дагоняць яны ўцекача, калі яму не патрэбны тарбосы і не пакідае сьлядоў.
    - Баюся, што лета прыносіць тут і свае сюрпрызы.
    - Калі ўжо і на лета не спадзявацца, дык як тады жыць? У вас хоць нейкая зачэпка ёсьць, мэдыцына ваша, будзеце мець і занятак, і хлеб, а я? Куды мне? У пятлю?
    - Не гаварыце так, - у Зямлі перахапіла горла – страшна стала яму і за Шалевіча, і за сябе.
    - Тады і вы не гаварыце. Не сячыце пад корань мару, - сур’ёзна сказаў Шалевіч.
    Ноч здавалася бясконцай. Камінак, што шырачэзным комінам сваім выходзіў проста ў неба, жор лістоўнічныя палены, як трэскі, аж Зямля стаміўся ўставаць. Шалевіч і праўда, сагрэўшыся, хутка заснуў, а Зямля думаў і думаў. Да Якуцка, сказалі ім увечары, засталося ўсяго дваццаць вёрст; можа, заўтра вызначыцца жыцьцё на доўгія гады, а то і да канца, і час быў рашаць пытаньне, пра якое і не падазраваў прастадушны Шалевіч, калі прадракаў Зямлі сытае існаваньне.
    Для таго, каб заняць пасаду ўрача або займацца прыватнай практыкай, трэба мець дыплём. Дыплёма акадэміі ў Зямлі не было, бо недавучыўся некалі месяцаў, а пасьведчаньне аб сканчэньні фэльчарскай школы згубіў. Узнавіць яго, відавочна, можна, як можна атрымаць і даведку, што скончыў чатыры курсы акадэміі - і з такой адукацыяй знойдзецца практыка ў гэтым глухім, дрымучым краі. Але больш за тры апошнія гады Зямля жыў пад чужым імем; гэта было імя яго стрыечнага брата, які загінуў у баі пад Лядамі. Па ўсіх турмах і катаргах ён ішоў як Вінцук Зямля, селянін Мінскай губэрні, і яшчэ невядома, якое пакараньне б панёс, калі б улады ведалі, што ён студэнт Мэдыка-хірургічнай акадэміі, што лічылася па вайсковым ведамстве. Памятаў добра Зямля, як яшчэ да паўстаньня западозраных у чым-небудзь палякаў, студэнтаў акадэміі, кідалі ў Шлісэльбург, судзілі ваенным судом і заганялі невядома куды.
    Што ж, на катаргу зноў яго не пашлюць, наўрад, але дарма дэзэрцірства з ваеннага ведамства і ўкрывальніцтва пад чужым імем не пройдзе. Расплаціцца прыйдзецца. Але чым? Ці акупіцца тая расплата правам вярнуцца да мэдыцыны?
    Акупіцца, што б ні пагражала. Акупіцца... Бо чым жа яшчэ займацца? Калі адабраць у яго мэдыцыну, ён апынецца ў такім жа становішча, як і Шалевіч. І застанецца, як Шалевічу, адно з двух: уцёкі або пятля. Ды і колькі аддадзена ім, навуцы лячыць! Колькі працы! Як шкада ведаў, што так акуратна ўлягліся ў галаве!
    Ні стрэлы ва ўпор , ні разрывы бомбаў за нейкі дзесятак крокаў, ні пачварная праца на солі, на камянях Байкальскага тракту – нішто не выбіла з галавы ніводнай назвы найдрабнейшых драбніц чалавечага цела, ніводнага слова, пачутага з катэдраў акадэміі. Памяць была з дзяцінства адзіным багацьцем Зямлі: усё, што здаралася з ім і вакол ён памятаў з трох гадоў. Іншы раз яму здавалася, што памятае нават і тое, што было раней, ледзь не ў чэраве маці. Разумеў, што немагчыма гэта, і ўсё ж не мог пазбыцца пачуцьця што памятае момант, калі ўпершыню ўбачыў сьвятло і пачуў свой першы ўласны крык...
    Цяжка гэта - вырашаць, не ведаючы нічога. Не ведаючы ні краю, куды едзеш, ні людзей, якія будуць табой распараджацца там. Трэба, відаць, не сьпяшацца, прыгледзецца, разабрацца. А колькі часу пойдзе на гэта? Чым жыць той час, чым, як сам казаў Шалевічу, заняць рукі?..
    На двары пачулася рыпеньне сьнегу, пырханьне, каня. Сані не спыняючыся, праехалі міма. выходзіць, раніца ўжо, хутка па іх прыйдзе чарговы ямшчык, а яны з Шалевічам дагэтуль не мытыя нават. На лаўцы каля ўваходу ён знайшоў чайнік. Паспрабаваў паліць на рукі, але вада не палілася: замерзла. Паставіў на прыпек, дадаў у камінак дроў. Пачуўшы бразганьне чайніка, Шалевіч падняўся і зьвесіў з нараў ногі.
    - Адпачніце, - лагодна сказаў ён. - Цэлую ноч не спалі. А я вылежаўся як мае быць.
    Зямля не пасьпеў адгукнуцца. Зноў за сьцяной зарыпела, цяпер ужо зусім блізка. Пачуліся чалавечыя крокі, галасы. Заледзянелыя дзьверы каўкнулі, і ў халупу ўварвалася хмара марознага паветра. Памарудзіўшы за гэтай хмарай, двое людзей унесьлі трэцяга і паклалі яго на нары каля дзьвярэй. Сьледам увайшоў яшчэ адзін і, не адразу злавіўшы рэмень, нарэшце залпяснуў дзьверы.
    - Добрай раніцы, гаспада, - сказаў ён. - Спадзяюся, мы вам не надта яе сапсуём... Вы людзі прывычныя да ўсяго, ды вам і хутка ехаць... Га?
    - Хто вы і чаго прыйшлі? - задзірліва кінуў Шалевіч, нібыта яны былі гаспадарамі ў гэтай хаціне.
    - Акруговы ўрач Сакольскі, - адрэкамэндаваўся той, што паздароўкаўся. – Па справах службы... Гэй, вы куды?
    Двое, што ўнесьлі трэцяга, ужо былі на парозе. Пачуўшы грозны голас урача, яны спыніліся, бы спатыкнуліся, і ўцягнулі галовы ў плечы.
    - Прынясіце стол!
    Не сказаўшы ні слова, двое выскачылі вон. Урач зарагатаў:
    - Бач ты, як мёртвага цела баяцца! Бы і не бачылі павек. А што ў ім страшнага такога? Ні воспы, ні адзёру - гэта я гарантую... Жывых баяцца трэба!
    Шалевіч таргануўся і замёр, гледзячы на таго трэцяга, якога паклалі ля парога. Той не рухаўся, гледзячы ў касую сьцяну, што навісала над ім, белымі ад шэрані вачмі. І Зямля, уражаны, ступіў крок назад. Урач тым часам зьняў вялізную рысіную шапку і ваўчынае футра, кінуў іх на вольныя нары, вывалак з-пад лаўкі зэдлік, сплецены з пруцьця і сеў бліжэй да камінка.
    - А вы, гаспада, палякі? - глянуў ён на аднаго і другога.
    - Палякі, - з выклікам адказаў Шалевіч. Відаць, уварваньне ўрача, асабліва трупа не прыйшлося яму да спадобы нават і як прыгода.
    - Значыць, надоўга? То я вам раю, гаспада: беражыцеся ад прастуды. Як доктар раю... Гэта насланьне наша... Холад! Ад холаду – прастуда, а ад прастуды - тысяча хвароб. Апранайцеся цяплей, ешце болей, галодныя і без вопраткі з хаты не выходзьце...
    - Мы ў Сыбіры зімавалі, - перапыніў яго Шалевіч.
    - Дзе? Сыбір вялікая.
    - Ваш пакорны слуга ў Табольску, а таварыш мой... дзе вы, Зямля, апошні раз зімавалі?
    - Што там Табольск! – не стаў чакаць адказу Зямлі Сакольскі. – Якуція, гаспада – гэта Сыбір Сыбіры... Ведаеце, якая сёньня тэмпэратура паветра?
    Ён шкадуючы зноў пазірнуў на таго і другога:
    - Сорак градусаў Рэамюра, або пяцьдзесят па Цэльсію! Такое паказвае толькі сьпіртавы тэрмомэтар. Іртуць замярзае! Каньяк робіцца смалой... Трупы ператвараюцца ў камень! А вы ў такім не тутэйшым адзеньні.
    - Дарэчы, - не стрымаўся Шалевіч, - навошта вы завалаклі сюды сваё мёртвае цела?
    - Не сваё, паважаны. На шчасьце, чужое... А завалок я яго менавіта таму, што на пяцідзесяціградусным марозе яно ператвараецца ў камень. Воўк не ўкусіць, не тое што скальпэль. А мне загадана высьветліць, чаму гэтае цела стала мёртвым.
    Ён дастаў з кішэні грабеньчык і крануў бакенбарды. Тыя, падсохлыя ўжо ля агню, закучаравіліся.
    - Бачыце, Зямля? Ваш сон спраўдзіўся! Вось што ён азначаў! - нэрвова ўсклікнуў Шалевіч.
    “Як дзіўна... Толькі што пакутаваў не ведаючы, каго распытаць... лёс сам паслаў мне гэтага чалавека. Калі ён чалавек...” - падумаў Зямля. Ён крадком зірнуў у твар Сакольскаму. У паўзмроку хаціны, асьветленай адным дрыготкім агнём камінка, ён убачыў толькі тое, што асабліва кідалася ў вочы: чырвоны, моркаўкаю, нос.
    - А чаму вы завалаклі яго менавіта сюды? - не сунімаўся Шалевіч.
    - Таму што вы хутка паедзеце далей. Ён яшчэ і адтаць не пасьпее. І юрта апусьцее... Я, вядома, і ў жылую хату мог бы, як вы кажаце, завалакчы, ды жыхароў шкада. Разьбягуцца хто куды, а на двары - сорак Рэамюра...
    Усё гэта Сакольскі вымаўляў, як здалося Зямлі, не зусім сур’ёзна, з лёгкай іроніяй.
    - Народ тут ведаеце які, - тым жа тонам працягваў урач. - Ставок паштовы... Ямшчыкоў на Лене яшчэ Кацярына Вялікая пасяліла. Былі людзі як людзі: мужыкі звычайныя, рускія... Ну а потым з якутамі перамяшаліся. Лічацца рускімі - а мордаю хто? Паспрабуй уцям... Гавораць - таксама не зразумееш: па-руску ці па-якуцку... І разам з бабамі якуцкімі ўсе іх прымхі ды забабоны праглынулі. Вось, калі ласка: ледзь не кожны тыдзень каго-небудзь хаваюць, а пры разьняцьці трупа прысутнічаць нічым не прымусіш...
    - Можаце лічыць мяне якуцкай бабай, але пакуль я тут, рэзаць вы не будзеце! - з грымасай агіды ўзвысіў голас Шалевіч.
    - Добра, добра, не хвалюйцеся, Мне сказалі, што хутка вас павядуць сьнедаць, і болей вы сюды не вернецеся... Ну, узялі б іх чэрці! Колькі я буду чакаць? Мне яшчэ ў суседні насьлег. Там якут удавіўся, трэба засьведчыць, што сам... Глядзіш, не здолею сёньня дадому вярнуцца. І так з дня ў дзень... Сабачае жыцьцё?
    Ён з асалодай пазяхнуў. Засіпеў чайнік. Зямля ўзяў яго з камінка і пайшоў да дзьвярэй мыцца. “Трэба папрасіць паціху Шалевіча, каб не дражніў Сакольскага. Але як? Такая цесната ...” - думаў ён па дарозе. Штосьці тузанула яго за крысо - Зямля азірнуўся і ўздрыгнуў: гэта ён зачапіўся за каменную руку трупа, што зьвісала з лаўкі.
    - Пан Шалевіч, паліце мне, будзьце ласкавы - азарыла яго. Шалевіч падклыпаў, касавурачыся на труп, узяў чайнік. Толькі Зямля хацеў шапнуць, як зноў закаўкалі дзьверы, і ў клюбах пары паказаліся тыя двое, што прыходзілі з Сакольскім. Цяпер яны ўнесьлі стол - даўгі, негабляваны, нібыта толькі што зьбіты з пакарабачаных дошак. Стараючыся не глядзець на труп, які не так даўно паклалі ва лаву ўласнымі рукамі, яны затапталіся ля парога, не ведаючы, куды паставіць.
    - Сюды, сюды! Да агню! – гукнуў Сакольскі.
    Барадатыя насільшчыкі грукнулі стол да камінка і кінуліся на ўцёкі, гэтым разам так хутка, што Сакольскі не пасьпеў іх спыніць.
    - Вось спрытнюгі! - разьвёў ён рукі. - Ну, не гнацца ж за імі... Дапамажыце хто-небудзь, гаспада!
    Ён падышоў да трупа і ўзяў яго пад пахі, нецярпліва прытупваючы нагой. Шалевіч чмыхнуў і бачком, бачком зачасаў у супрацьлеглы кут хаціны. Зямля падвёў рукі пад боты з адарванымі падэшвамі і разам з Сакольскім падняў мёртвага, не адчуўшы яго вагі. Труп на стол лёг без стуку, як пусты мех.
    - Дзякую, - сказаў Сакольскі. - Ну-с, распранем. Не хвалюйцеся, паважаны, - павярнуўся ён да Шалевіча. - Рэзаць рана. Але без адзеньня ён адтане хутчэй.
    І зноў Зямлю агарнула хваляваньне, як заўсёды, калі ён падступаў са скальпэлем да трупа. Гэта быў не страх сьмерці, не - ён даўно прытупіўся, не марна прымушаў студэнтаў чортаў Грубер есьці ў празектарскай. Гэтага Грубера выпісаў з ПрагІ яшчэ Пірагоў, калі загадваў катэдрай у акадэміі. Першы час, расказвалі пра яго, не ведаючы па-руску, герр Грубер нудзіўся і рваўся дадому, але застаўся з-за багацьця трупаў, пра якое і марыць не мог у сваёй Эўропе. Так, у Расіі трупаў хапала, і Грубер рэзаў і рэзаў іх, не выходзячы з празектарскай з васьмі раніцы да ночы. Ён пісаў па сто пяцьдзесят артыкулаў у год, аж Вірхаў у Бэрліне перастаў яго друкаваць, тады Венцаслаў Леапольдавіч стаў выдаваць іх асобнымі адбіткамі.
    У празектарскай Грубер лічыў сябе царом і богам. На экзамэнах “выбаргскі імпэратар” /так студэнты празвалі яго таму, што анатамічны тэатар знаходзіўся на Выбаргскай Старане/ лютаваў. Рэдкі шчасьліўчык здаваў яму з першага заходу. Іншым даводзілася хадзіць да Грубера па пяць-шэсьць разоў... З Зямлёй такога не было: ратавала памяць. Варта было Груберу высунуць з-пад стала малюнак тканкі, як Зямля называў яе. Грубер нават прасякнуўся сымпатыяй да нешматслоўнага, але заўжды падрыхтаванага студэнта, неяк прапанаваў ісьці да яго ў памочнікі. Зямля і сам няблага ставіўся да прафэсара, якім усе яго аднакурсьнікі грэбавалі, але ён ужо сур’ёзна працаваў у Боткіна, і гэта было куды цікавейшым...
    Не, хваляваньне тое, з якім Зямля падступаў да мёртвага цела, не было страхам. Гэта было ўзрушэньне, што апаноўвае чалавека пры дакрананьні да таямніцы жыцьця, таямніцы сьмерці. Сакольскі зьняў з трупа драны каптан, павярнуўшы яго раз і другі на бок. Няўжо ён будзе анатаміраваць пры агні камінка? Што можна ўбачыць у такім сьвятле? Гэта ж прафанацыя! Кашуля на мерцьвяку аказалася такой старой, што ўжо сьвіцілася. Сакольскі ўзяўся пад каўняром абедзьвюма рукамі, ірвануў – кашуля без трэску паехала ў бакі, агаляючы грудзі і цёмны правал жывата. Рэбры, пачынаючы ад восьмага, здаваліся, праціналі шэрую скуру.
    - Гэтае цела не патрабуе анатамаваньня. І так ясна. Дыстрафія ў апошняй стадыі, - падумаў уголас Зямля і спахапіўся; выдаў сябе! Зрэшты, а як жа, не выдаўшы, прасіць парады? Сакольскі пільна зірнуў на яго:
    - Бадай што, вы маеце рацыю. Але каб закрыць справу, трэба скончыць вонкавы агляд.
    - Што тут яшчэ аглядаць?
    - Ёсьць што.
    Сакольскі хуткім рухам спусьціў з трупа штаны і споднікі. Тыцнуў, не дакранаючыся, пальцам:
    - Бачыце? Скапец. Гэта па твары, тым болей нябожчыка, не адразу зразумееш. Без барады - ну і што? Малады, можа... Ды й кучаравіцца трохі на падбародзьдзі. І яшчэ. Шмат хто лічыць: калі скапец - абавязкова тлусты. Старыя тлустыя ў іх, гэта значыць, тыя, хто ўжо не працуе. Той, хто за плугам ходзіць - з чаго растлусьцее?
    - Першы раз бачу скапца, - сказаў Зямля, пераводзячы погляд з таго, на што паказваў Сакольскі, на твар трупа, чаго ніколі ў празектарскай не рабіў. Для анатама няма асобы, поле дзейнасьці яго - цела, часткі яго, пашкоджаньні і хваробы. Варта глянуць у твар, на якім, нават і мёртвым, застаюцца сьляды таго, чым чалавек жыў, пра што ён думаў і марыў - і запавольваецца рука, што павінна ісьці без дрыготкі ў спляценьне сасудаў і нэрваў. Бясстрашны Грубер, што рэзаў па дваццаць трупаў на дзень, і той накідваў ім на твары палатно. Але Зямлі не трэба было анатаміраваць гэтага скапца, і ён дапытліва зазірнуў у белыя мерзлыя вочы. Няшчасны! Чым не задаволіла цябе тваё цела? Чаму вырашыў ты паправіць прыроду? Ці не за гэта расплаціўся сьмерцю?
    Сакольскі сеў на зэдлік, дастаў партабак і закурыў папяросу.
    - Дзе ж вы бачылі б іх! Гэта раней, пры Аляксандру Паўлавічу, кажуць, іх па Расіі, як парсюкоў было. Нават сярод камэргераў... Сам імпэратар на паклон да Хрыста іхняга езьдзіў. Ды тое даўно прайшло. Цяпер, як абвясьціцца ў Расіі скапец – так яго адразу сюды. Каб іншых не спакушаў.
    - І навошта ім гэта? - прамармытаў Зямля.
    - Тое і дзіўна, гаспада. Каб чалавек вызваляў сябе ад сямейных абавязкаў дзеля работы думкі: вучоны... мастак... вынаходца... А то ж звычайныя мужыкі. Пазбаўляюць сябе адзінай уцехі ў жыцьці. Для чаго? Д’бал іх ведае. Не баяцца ні болю, ні сораму. Вось пацікаўцеся, судар: павярнуўся ён да Шалевіча, што зыркаў з кута, як зацкаваны воўк. Раней яны пагалоўна паленым жалезам спакладаліся, а гэты вось - нажом.
    - До д’ябла. Нех пан сам, хоць в дупэ му патшы, - агрызнуўся Шалевіч.
    - Што вы сказалі? Зрэшты, і без перакладу ясна, - засьмяяўся Сакольскі. - Дарэмна вы баіцёся трупаў. Тут, у Якуціі, вам іх часьцей прыйдзецца бачыць, чым на полі бою. Трэба вас прывучваць. Гэтага скопчыка я адпраўлю ў Якуцк разам з вамі. Рэзаць яго сапраўды няварта.
    - До д’ябяла! - з жахам усклікнуў Шалевіч.
    - Не хвалюйцеся: у кібітку з вамі яго не пасодзяць,
    - Навошта яго ў Якуцк? - не схаваў незадавальненьня і Зямля.
    - Гэта скапец уцёклы. Летам уцёк. Абвясьцілі росшук па ўсёй акрузе – няма! Як пад зямлю праваліўся. Перакрылі ўсе дарогі... А ён, бачыце без дарогі пайшоў. І, зразумела, заблудзіў. Якуцкая тайга - такая: будзеш тыдзень вакол юрты хадзіць і не знойдзеш. У дождж асабліва...
    - Калі, вы сказалі, уцёк? - хрыпла спытаў Шалевіч.
    - Улетку. У ліпені ці хутчэй у жніўні. Навастрыўся далёка бегчы, а ўсяго і прабег, што дваццаць вёрст ад Якуцка. Пратрымаўся да сьнегу на ягадах, а там і зьнясіліў.
    - Як жа яго знайшлі? Калі?
    - Паляўнічыя якуты за сахатым пагналіся ды й напароліся. Недзе з месяц назад. Пакуль данесьлі спраўніку, пакуль чыталася данясеньне тое, пакуль загад выдаваўся, пакуль часіна ва ўрача знайшлася... месяц і праімчаўся! Так і ляжаў нябожычак. І яшчэ ляжаць будзе - пакуль з Мархі скапцоў не выклічуць, каб апазналі... Доўгая гісторыя, гаспада! Добра, што зіма.
    - Бр-р! - скалануўся Шалевіч. - Але ж, чэрці б іх узялі... Калі нарэшце будзем сьнедаць?
    Ён раз’юшана закрочыў па хаціне, не гледзячы ў бок трупа.
    - Не хвалюйцеся! – зарагатаў Сакольскі. - Тое, што здарылася з гэтым скапцом, вам не пагражае, ва ўсякім разе сёньня з голаду вы не памрэце.
    На двары, відаць разьвіднела, бо ледзяныя нашлёпкі на вакенцах асьвяціліся знадворку. Твар нябожчыка завастрыўся, выразьней у ім праступіла мёртвае, зеленавата-бурае, колеру жабы. Зямля пракаўтнуў раптоўную млосьць і адвярнуўся. Шалевіч, як воўк па клетцы, насіўся з кута ў кут на сваёй палове хаціны і Зямля разумеў, што Шалевіч ашалеў не з голаду, а з-за праклятага скапца, што зьбег улетку і тым не меней прабег усяго дваццаць вёрст. Нешта блізкае да адчаю агарнула і душу Зямлі, хаця ў яго і не было яшчэ цьвёрдага намеру ўцякаць. Па скуры прабеглі дрыжыкі. Зямля схамянуўся: пакуль яны важдаліся з трупам, агонь на камінку амаль патух. Ён паставіў некалькі пален, нахіліўся да жару, даткнуўшыся скапца, і дзьмухнуў, пакутліва ўзважваючы, як пачаць гаворку. Але Сакольскі пачаў яе сам:
    - А вы, калега, - сказаў ён праз стол, - я ж не памыліўся? Калега? Урач?
    - Не памыліліся, - адважыўся Зямля.
    - Дзе вучыліся? Служылі? Практыку мелі?
    - Недавучыўся, - дзе менавіта недавучыўся, Зямля да пары вырашыў не гаварыць.
    - Шмат?
    - Пакінуў апошні курс.
    - Вас і трэба мне! - раптам з уздымам усклікнуў Сакольскі. - Ведаеце, як тут бедна? Я, акруговы ўрач, адначасова выконваю абавязкі турэмнага, вечныя камандзіроўкі... Дыхнуць няма калі. Бывае, тыднямі жонкі не бачу... І так сем год! Прапаную пасаду турэмнага ўрача. Жалаваньне сьціплае, але ў вашым становішчы і гэта кавалак хлеба. Для пачатку. Потым знойдзецца і лепшае месца... Ну як, згода? Згаджайцеся, прашу вас!
    - Турэмным? Добра. Хай будзе так... для пачатку... - ашаломлены Зямля сам не чуў, што гаворыць.
    - Я, пра польскі мяцеж пачуўшы, адразу скеміў: будзе мне дапамога! Палякі - народ адукаваны. Аж ідзе год за годам, а да нас – нікога. Так, чалавек трох-чатырох, а ўрача між іх няма. А не так даўно ад спраўніка чую: вязуць у вобласьць мяцежнікаў. Вязуць!.. Не трох-чатырох. Трыццаць-сорак! А можа, і трыста-чатырыста... Ну, думаю, будзе мне дапамога! І вось - вы.
    Сакольскі працягнуў руку над трупам і яшчэ раз назваў сябе:
    - Сакольскі.
    Зямля зірнуў на сваю, чорную ад прысаку, у якім шукаў вугольчыкі ноччу, і вінавата паказаў яе Сакольскаму:
    - Даруйце. А прозьвішча маё Зямля.
    - Шкада, што не еду з вамі. Трэба яшчэ ў насьлег. Вярнуся ўночы, а можа, і заўтра. Вы перадайце спраўніку нашу размову, А то ён вас яшчэ адашле куды-небудзь з Якуцка...
    - Езус-Мар’я, кеды ж бэндземы едлі! - прамовіў са стогнам Шалевіч. Пшэкленты край! Пшэкленці людзе!

        ПОШУК

    Часовае Упраўленьне
                  пры
    генэрал-губэрнатары
    Усходняй Сыбіры
    для нагляду
    за палітычнымі ссыльнымі
    Кастрычніка 16 дня 1866 г.
               г. Іркуцк
                                                                                                                                   Сакрэтна
                                                         У Якуцкае Абласное Праўленьне
    Адпраўляючы звычайным парадкам пад нагляд Абласнога Праўленьня палітычных злачынцаў Германа Шалевіча і Вікенція Зямлю, зьвяртаю ўвагу Праўленьня на асабліва небясьпечны характар злачынстваў памянёных Шалевіча і Зямлі, зьвязаны з уцёкамі з месцаў пакараньня і ўдзелам у апошнім польскім мяцяжы на Кругабайкальскім тракце, і настойваю ў дачыненьні да памянёных Шалевіча і Зямлі строга прытрымлівацца Правіл па наладжваньні быту палітычных ссыльных сасланых з Царства Польскага і Заходніх губэрняў. Аб паводзінах і занятках названых палітычных злачынцаў, роўна як і ўсіх астатніх ссыльных з Царства Польскага і Заходніх губэрняў праз акруговыя Земскія суды даносіць сакрэтна штомесяц.
    Артыкульныя сьпісы палітычных злачынцаў Шалевіча і Зямлі дадаю.
    Загадчык Часовага Упраўленьня падпалкоўнік Купенка.

                                       Артыкульны сьпіс
        палітычным злачынцам, што накіроўваюцца на пасяленьне
                      ў  Якуцкую акругу Якуцкай вобласьці
    1. Імя і прозьвішча -                                    Шалевіч Герман
        Гадоў –                                                      28
        Веравызнаньне –                                      рымска-каталіцкае
        Сямейнае становішча –                            халасты
    Ранейшы стан, віна і пакараньне - з дваран Петракоўскай губэрні, радавы 7 пяхотнага палка, куды быў прызначаны з пазбаўленьнем правоў стану за ўдзел у мяцежніцкіх хэўрах; за першыя са службы ўцёкі і знос казённага адзеньня быў вытрыманы ў цёмным карцэры 8 дзён; за другія са службы ўцёкі і знос казённага адзеньня быў вытрыманы месяц на хлебе і вадзе; па канфірмацыі Камандуючага Войскамі Паўночна-Заходняга Краю згодна з Найвялікшым павяленьнем, абвешчаным у прадпісаньні ваеннага Міністра ад 7 студзеня 1865 года выключаны з вайсковага званьня і ссылаецца ў найболей аддаленыя мясьціны Ўсходняй Сыбіры; Табольскім Прыказам аб ссыльных прызначаны ў Якуцкую вобласьць.
    Прыкметы: росту 2 аршыны 43/4 вяршка, валасы і вусы рудыя, вочы сінія, нос гарбаты, рот вузкі, асаблівыя прыкметы: шнар ад кулі на левым сьцягне.
    2. Імя і прозьвішча –                               Зямля Вікенцій
        Гадоў –                                                  26
        Веравызнаньне –                                  рымска-каталіцкае
        Сямейнае становішча –                       удавец. Бязьдзетны
    Ранейшы стан, віна і пакараньне - з сялян Менскай губэрні. За ўдзел у мяцежніцкіх хэўрах Часовым палявым аўдытарыятам Менскай губэрні аддадзены ў катаржную работу на пяць год з далейшым пасяленьнем у Сыбіры; згодна з Усяміласьцівейшым маніфэстам ад 16 красавіка 1866 года тэрмін катаржным работам быў скарочаны ўдвая; за ўдзел у польскім мяцяжу на Кругабайкальскім тракце вытрыманы 45 дзён у цёмным карцэры на хлебе і вадзе і па канфірмацыі Генэрал-Губэрнатара Ўсходняй Сыбіры ссылаецца ў Якуцкую вобласьць.
    Прыкметы: рост 2 аршыны 61/2 вяршка, валасы і бровы русыя, вусы і бараду голіць, вочы шэрыя, нос і рот умераныя, асаблівыя прыкметы: на правым баку сьлед ад кулі, на правым плячы рубец ад шаблі.
    Копію з артыкульных сьпісаў выбраў і зьняў обер-сакратар Часовага Упраўленьня Завалішын.

                                                                   РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ
    У вазку без вокан, крытым шкурамі, стаяў паўзмрок, бо падымаць фартух апранутыя не па-мясцоваму выгнаньнікі не адважваліся. Зямля стараўся не рухацца, каб не парушыць скрутак такой жа шкуры, як і на верху і вазка: толькі незразумелага паходжаньня поўсьць і ратавала яго азяблыя ногі. Не так трымаўся Шалевіч. Ён то ляжаў на дне вазка, як Зямля, то ўскокваў і нэрвова рассоўваў шкуры, там, дзе яны налягалі адна на другую. Сквапна прынікнуўшы вокам да шчыліны, ён хвілін пяць ехаў у нязручнай позе, пакуль чарговая ўхабіна не кідала яго зноў на дно.
    - Што вы так нэрвуецеся? – зьлёгку пасьмейваючыся, спытаў яго Зямля.
    - Я не нэрвуюся, я вывучаю вакольле.
    - Навошта вам?
    - Трэба ж ведаць дарогу.
    - Няўжо вы зьбіраецеся ўцякаць заўтра?
    - Заўтра не заўтра, але чаму б не пакарыстацца выпадкам?
    - І што ж вы бачыце там?
    - Нічога асаблівага. Амаль пустая раўніна. Там-сям пералескі. Зьлева удалечыні падобна горы... Імжа не дае разгледзець.
    - Значыць, мы едзем не па рацэ?
    - Не. Ад самага начлегу.
    - Вось чаму так трасе. Не на роўным лёдзе.
    - Толькі цяпер здагадаліся?
    - Я і не думаў неяк пра гэта.
    - Вы думаеце толькі пра тое, як слушна ўладкаваліся. Як будзеце лячыць арыштантаў... за неблагое жалаваньне... пад крылцам у Сакольскага...
    - Не магу не думаць, - прызнаўся Зямля.
    - Ну і думайце... Ці сьпіце... А я буду глядзець...
    Зямля разумеў, што Шалевічу не ляжыцца не столькі ад блізкага канца даўгой дарогі, а ад таго страшнага, што ехала ўсьлед за імі. Гэта былі адкрытыя лёгкія сані з прывязаным да іх тварам уверх скапцом. Пасылаць з-за трупа асобную запрэжку коней наглядчык станцыі адмовіўся наадрэз, і хаця Шалевіч пратэставаў з пенай на губах, сані з нябожчыкам прычапілі да вазка, у якім везьлі ссыльных. Цяпер яны на пад’ёмах цягнулі назад - ямшчык у такія хвіліны гучней крычаў на коней, дадаючы салёную лаянку, а на спусках даганялі і біліся перадком у вазок. Добра ведаючы, што гэта за ўдары, Шалевіч аж торгаўся ад бясьсільнага гневу і сьціскаў кулакі.
    Ды і Зямля штуршкі ў вазок непадалёк ад ягонай галавы не мог не заўважаць. Яны ніяк не давалі супакоіцца думкам, што самае жудаснае ў яго жыцьці - катарга - ужо адзаду, што цяпер, хай і зусім не там, дзе марылася калісьці, ён будзе ўсё ж займацца сваёю справай, падрыхтоўцы да якой аддаў гэтулькі год. Што турэмны шпіталь - толькі пачатак, а там глядзіш, ён зьбярэ грошай на добрую бібліятэку, будзе выпісваць усё, што выходзіць у Пецярбурзе і Маскве; можа, хто-небудзь з даўніх знаёмых, дабразычліўцаў не паглядзіць на тое, што лічыцца злачынцам і дапаможа замежнай літаратурай. Тады можна будзе расьці прафэсійна і тут, у белай пляме мэдыцыны. Можа, удасца нават сказаць і сваё слова. Людзі не ўсюды аднолькавыя, не усюды аднолькавыя хваробы. Гэта, зрэшты, толькі здагадка, якую трэба яшчэ правяраць. Вось што галоўнае: праца розуму. Для яе чалавек жыве, без яе чалавек гіне...
    Зноў з разгону ўдарыла, абарваўшы думкі. Зямля міжволі ўбачыў гэты малюнак быццам збоку: сунецца вазок праз марозную імжу, а за ім, то адстаючы на даўжыню вяроўчыны, то нецярпліва даганяючы, едзе абсыпаны шэраньню мярцьвяк з закінутымі да калючага неба вачмі. Не адстае ад жывых і нават ірвецца наперад, патрабуючы дарогі. І сярод жывых – ён, Зямля, яго, трыццацігадовага, падганяе труп, што месяц ужо бадзяецца без магілы. Куды падганяе? Куды?
    Да д’ябла труп, хай сьпяшаецца на кладаўе, гэта яго справа... Жывым – жывое, праца думкі. Гэта сэнс існаваньня, і адзіны лек не толькі ад іпахондрыі ці звычайнага суму. Гэта адзіны надзейны лек ад шмат якіх хвароб, якія чалавек нават і не заўважае, пакуль працуе думка. Яна працуе, а арганізм сам змагаецца з заразай. Варта ж толькі спыніць гэтую працу, прыслухацца да болю, паверыць, што ён сур’ёзны – і цябе не ўратуе ўжо ні хінін, ні опій, ні корань мандрагоры.
    Нідзе пра гета Зямля не чытаў, не чуў ад прафэсараў. Гэта таксама была здагадка, якую трэба выпрабоўваць і выпрабоўваць на статыстычным матэрыяле, на экспэрымэнтах. А ўзьнікла яна даўно, вельмі даўно, калі яшчэ служыў фэльчарам і заўважыў, як па-рознаму ставіцца адна і тая ж хвароба да розных духам людзей. Забясьпечаны ўсім, пусты здаравяк згараў за тыдзень, а, здавалася б, хілы, слабы, трымаўся гадамі, калі ў яго штосьці было за душой, сур’ёзная мэта: напрыклад, паставіць на ногі дзяцей... Але гэта дробязь у параўнаньні з тою працай думкі, якую выконвае геній дзеля высокай мэты, на шчасьце ўсяго чалавецтва: такі чалавек, калі яму з самога пачатку дадзена надзейнае здароўе, мае шанс на фізычнае бясьсьмерце. Хочаш жыць - штодзённа працуй галавой, не давай спаць мозгу. Так вырашыў Зямля ў юнацкія гады, так і рабіў з таго часу.
    Ён не даваў ленавацца мозгу нават і там, дзе меў поўнае права даць яму адпачынак - там, дзе ад іншай працы круціла і ламала ўсё абрыдлае цела: на катарзе. Перамешваючы даўжэзным вяслом у варніцы соль, думаў аб уласьцівасьцях раствораў, б’ючы кайлом па каменьні, унікаў у будовы горных парод. І паўсюдна прыглядваўся да людзей, целаскладу іх, звычак, парываньняў і потым начмі суадносіў усё гэта з іх здароўем ці нездароўем. І іншы раз яму здавалася, што ў нейкай ступені яму нават пашанцавала, бо каб не здарылася тое, што здарылася, ніколі не давялося б жыць сярод такой масы самых розных людзей: дваран, сялян, ксяндзоў, купцоў, рабочых, а то і самых сапраўдных бандытаў. І кожны з іх набліжаў Зямлю да разуменьня, што ёсьць чалавек. Праўда, да ісьціны было далёка, вельмі далёка – гэта Зямля адчуваў добра...
    У кібітцы было цёмна і, калі не варушыўся Шалевіч, не так холадна. Але варта было яму расхінуць шкуры, каб выглянуць з вазка, як на месца надыханага імі паветра ўрывалася ледзяное дыханьне поўначы, і цёплая пара падала шэраньню ўніз. Зноў прыходзілася сьціскацца ў сваім зіпуне, і чакаць, пакуль знадворны холад не зьменіцца паўхоладам вазка.
    “Чаму ў розных краях людзі схільныя да розных хвароб? - стараўся не паддавацца стыні Зямля. - У адных мясьцінах пакутуюць ах трасцы, другіх - ад каўтуна. На поўначы, пішуць, пашыраная цынга. Найсьвятлейшыя галовы лічуць, што ўсё гэта - клімат. Або - вада. Або – харчаваньне. Адным словам, зьнешнія ўмовы. А сам чалавек? Што перадае ён з перажытага патомству? Прыстасаванасьць да клімату ці, наадварот, урон, які наносіць клімат арганізму? Вось Сакольскі кажа, што няшчасьце тутэйшага краю – прастуды. Гэта можна зразумець: такія нялюдзкія маразы... А ўсё ж: каму яны дапякаюць болей – тым, хто толькі што прыехаў сюды, або тым, і забытыя продкі чые нарадзіліся тут? Хто хварэе часьцей: прыежджыя ці тубыльцы? Ц выпрацавалася ў тубыльцах за безьліч пакаленьняў такая выносьлівасьць, каб яны і ўвагі не зьвярталі на свой мароз, як мы на свой? Жывуць жа, не выміраюць, значыць, выпрацавалася? Ці проста прыстасаваліся: жытлом, адзеньнем. ядой? Цікава...”
    Ён перастаў зважаць на сьцюжу, бязладныя рухі Шалевіча, што раз-пораз штурхаў яго то ў бок. то ў клюб, і нават на злавесныя штуршкі ў задок кібіткі.
    “Гэта ўсё можна высьветліць. Матэрыял ёсьць... Па-першае, я сам, іншыя ссыльныя - першы пласт: тыя, ж хто нарадзіўся і вырас у цёплых мясьцінах; па-другое - мясцовыя ямшчыкі, казакі - тыя, чые продкі заявіліся два-тры пакаленьні назад; па-трэцяе - карэнныя жыхары. Усе яны даступныя для дасьледаваньня і роспыту, апрача тубыльцаў: гэтых як урач можаш і агледзець, а вось распытаць? Трэба вучыць мясцовую мову. Дарэчы, а ці трапляюць тубыльцы ў турму? У першабытных народаў, даводзілася чытаць, злачынства - надзвычай рэдкая рэч. Прастадушныя дзеці прыроды не ведаюць, што такое хцівасьць, подласьць, здрада, гвалт. Чаго ж ім трапляць у турму?”
    Шалевіч, відаць, так вымардаваўся і замерз з-за няўрымсьлівасьці сваёй і перастаў ускокваць. Ён цяпер ляжаў нерухома, прыціснуўшыся да Зямлі. Зямля выразна чуў пошчак ягоных зубоў.
    “А я... а ён... ці ж мы з-за хцівасьці, подласьці, гвалту над кімсьці: церпім тое, што церпім? Ці ж у Расіі абавязкова быць рабаўніком, гвалтаўнікам, забойцам, каб трапіць у турму? Не турбуйся, дасьледчык: будуць табе, відаць, і тубыльцы. Прастадушша ад турмы не ратуе”.
    Ззаду ляснула ямчэй за ранейшае. Сьнег замаўчаў пад палазамі: вазок спыніўся. Фартух адкінуўся, і ў кібітку сунуўся безбароды твар ямшчыка з пабялелымі ад інею бровамі:
    - Гаспадзіна злачынца добрая! Гара улахан, коні слабенка... Мал-мал вылязай, багалыста!
    Не вярнуўшы на месца фартух, ямшчык саскочыў з козлаў. Праз шырокую шчыліну былі відаць засьнежаныя хвасты і крыжы коней.
    - Цо такего поведзяў? – варухнуў вусамі Шалевіч.
    - Цяжка сказаць. Думаю. аднак, што просіць сысьці. Коні слабенька”.
    - Чэрці б яго ўзялі! Два кані на двух чалавек – і “слабенька”. Апошняе цяпло растрасем.
    - Нічога не зробіш. Гаспадар - ён.
    Зямля вызваліў ногі і першы выбраўся з вазка. Праз хвіліну, выблытаўшыся са шкуры, зьлез і Шалевіч. Зямля зірнуў вакол прыжмуранымі вачмі, баючыся ад стыні расплюшчыць іх шырэй. Яны стаялі перад вузкім напаўразбураным мостам праз даволі глыбокі роў, а можа, і рэчку з высокімі берагамі.
    - Гаспадзіна – так! - паказаў на мост ямшчык. - Мая - так! - тыцнуў у роў.
    Не перапытваючы, Зямля рушыў да моста. Ногі яго слухаліся дрэнна. Застылі, а ён, задумаўшыся, і не заўважыў. Трэба час ад часу расьціраць, а то можна застацца без ног. Мост быў дзіравы і ўвогуле было дзіва, што ён трымаецца - як жа па гэтай дарозе езьдзяць улетку? Зямлі раптам стала страшна, што ён не дабярэцца да другога берага: або абшахнецца сам, або абваліцца мост. “Як недарэчна: дабрацца да краю сьвету, перасекчы дзесяткі рэк, каб загінуць пад такім мостам”, - без усьмешкі падумаў ён.
    - Глядзіце, - сказаў за плячмі Шалевіч. – Мусіць, Якуцк.
    - Дзе?
    - Ды вунь, наперадзе. Глядзіце ўздоўж дарогі. Дзьве царквы, яшчэ штосьці, Накшталт вежы...
    - Не бачу.
    - Гэта з-за туману. Ніколі не думаў, што ўзімку можа быць туман. Прычым у полі яго няма, а горад - адны купалы тырчаць...
    - Не бачу, - са скрухай паўтарыў Зямля.
    - Пайшлі, - крануў яго за плячо Шалевіч. - А то ногі дранцьвеюць. Чым чакаць, хай лепш даганяе...
    Зямля ступіў на шчылінаваты, з дзесятка кладак мост. Парэнчаў на ім не было; бярвеньні часткай раз’ехаліся, часткай зусім упалі адным канцом. Балянсуючы на драўляных нагах, Зямля дайшоў да сярэдзіны моста, а потым рынуўся ўперад, як мог імкліва, каб толькі хутчэй скончылася гэтае выпрабаваньне.Тое ж самае зрабіў і Шалевіч. Дасягнуўшы другога берага, абодва азірнуліся назад – што робіць возьнік. Той паціху зводзіў коней па схіле наўкос на дно рову. Сані з нябожчыкам ён адчапіў, пакінуўшы іх наверсе. Гэта было разумна, бо на крутым адхоне яны маглі перавярнуцца, пакаціцца і пацягнуць за сабой кібітку.
    - Хадземце. Песьня доўгая. Пакуль адны сані вывалачыць, другія... - Шалевіч, не чакаючы згоды, закрочыў па каляіне. Зямля за ім не пайшоў. Не таму, што паленаваўся: яму падумалася, што ямшчыку можа спатрэбіцца дапамога.
     Вывеўшы коней з кібіткай зноў наверх, тым жа шляхам нябожчыка возьнік спускаць не стаў, а ўпрогшыся ў сані, пацягнуў па мосьце. Зямля кінуўся насустрач яму, забыўшыся на нядаўнюю апаску, і, абагнаўшы сані /усяго і заставалася на гэты манэўр, што адно сьлізкае бервяно!/, упёрся ў задок, сочачы, каб ён не з’ехаў з насьцілу. Праз хвіліну ямшчык ужо прывязваў засьнежаны “катафалк” да кібіткі. Зьняўшы шапку, ён выцер спацелы лоб і з прыязнасьцю зірнуў на Зямлю.
    - Чортава моста, - паказаў зубы. - Дзесяць года не папраўляецца.
    - А як жа летам?
    - Летам тама езьдзім, - ямшчык паказаў пугаўём на далёкія горы. - Там дарога таксама ёсьць. Тута летам дарогі няма. Лена залівае!
    Зямля паглядзеў вакол. Да ракі было, несумненна, далёка, яна нідзе не праглядалася праз рэдкае кустоўе. І яшчэ зьдзівіла Зямлю: пад нагамі, нягледзячы на сьнежань, амаль не было сьнегу. У праціснутай шматлікімі санямі каляіне сівеў пясок, перамешаны з шэраньню. Паўсюдна, куды ні кінь вокам, тырчала сухая пажоўклая трава.
    “Чаму так? –думаў  Зямля, забіраючыся ў вазок. – Тут жа адліг не бывае, гэта ясна. Сьнег, як упадзе, так і ляжыць... Чаму ж яго няма?”
    Праз некалькі хвілін кібітка спынілася, і ўваліўся Шалевіч - недалёка ж ён зайшоў. Нат у суцеме было відаць, як пабялелі ягоныя шчокі і востры кончык носа, якім, здавалася, цяпер можна было б кляваць.
    - Ведаеце, што ён сказаў мне, гэты лайдак? - сярдзіта кінуў Шалевіч. – “Можа, гаспадзіна сама да горада дойдзе?” Ну, не нахабства?
    - Па-мойму, звычайны жарт.
    - За такія б жарты...
    - Садзіцеся бліжэй ды ногі захутайце. Разам з цяплом да вас вернецца і пачуцьцё гумару.
    - Ах, Зямля. І праўда: я перастаў успрыймаць жарты! Толькі і думаю: як перажыць зіму?
    Зямля змоўчаў. Сам ён стараўся пра гэта не думаць. “Пакуль мы ехалі ад Верхаленска амаль да Кіранска... праз усе вярхоўі Лены... ледзь не ў кожнага другога возьніка меўся вальляк. Іншы раз вельмі вялікі ледзь не заўжды з прыкметамі крэтынізму. А з нейкай станцыі... як жа яна называецца? - вальлекаватасьць зусім зьнікла. Вось і ў сёньняшняга ямшчыка... ні званьня. У чым прычына? Чым увогуле тлумачаць вальлекаватасьць? У Расіі хвароба гэтая рэдкая, а немцы лічуць, - эндэмічная.: Значыць, прыродныя ўмовы? Вада, напрыклад? Але ж і тут вада ленская, тая ж самая, што і ў Верхаленску. Чаму ж не відно вальляка тут? І потым: ці бывае вальляк у тубыльцаў? Чым ніжэй па Лене, тым болей прыкметны ў ямшчыках тубыльскі элемэнт. Мо, таму і сыходзіць вальляк на нішто?”
    1 мая    А нябожчык усё стукаўся і стукаўся ў задок кібіткі.
    2 мая    Сані заскакалі, як на бруку, і Зямля зразумеў: горад! Яго агарнула раптам хваляваньне, і ён, як раней Шалевіч, ускочыў, прасунуў руку між шкурамі і расьцягнуў іх. У вока кінулася маставая, але не каменная – гэта была вельмі нязвычная маставая, з цурбаноў, забітых у зямлю да тарца. Была яна няроўнай: не прысыпаныя сьнегам як сьлед, цурбаны дзе больш, дзе менш вытыркаліся пад палазы; і на праніку, відаць, не трэсла б так, як на гэтай арыгінальнай маставой. Дамы ўдоўж яе скрозь стаялі драўляныя, ніклыя; ад вуліцы іх адгароджвалі глухія платы з грубых тоўстых плах - гэтыя плахі чамусьці былі ўсеяны круглымі дзюрамі, як ад куль. Але ж якая страляніна павінна была надарыцца тут, каб нарабіць гэтулькі адтулін! Хто ў каго страляў? І чаму пра пабоішча тое нічога не дакацілася да Расеі?
    Вазок павярнуў налева, потым направа - і тут цягнуліся платы, але ці былі ў іх дзюры, таго Зямля не бачыў – можа была шырэйшай вуліца, можа ямшчык пагнаў коней на левым яе баку. І ўвогуле нат і самі платы Зямля ўгадваў ледзь: не толькі з-за слабых сваіх вачэй, здагадаўся ён, - туман... У вокнах цьмяным агнём сям-там запальваліся знутры абмёрзлыя шыбы.
    Кібітка спынілася. Над высокім ганкам можна было яшчэ прачытаць: “Якуцкая гарадзкая ўправа”. Ямшчык, не сказаўшы ні слова седакам, няўклюдна ўзадраўся па крутых прыступках да абшытых лямцам дзьвярэй - відаць, закалелі ногі і ў ягоных тарбосах - і зьнік.
    - Куды ён? - спытаў Шалевіч, пачуўшы, як гайдануліся сані і з натугай усхліпнулі дзьверы. Кібітка стаяла да ганку тым бакам, дзе сядзеў Зямля.
    - Відаць, скончылася падарожжа наша. Гарадавая ўправа.
    - Якога ж д’ябла ён нас тут пакінуў?
    Зямля націснуў плячмі. Курчыцца на марозе побач з цёплай, хай сабе і паліцэйскай будынінай, было асабліва прыкра, але што зробіш. На шчасьце ямшчык затрымаўся ненадоўга. Зноў ні слова не гаворачы, сеў на козлы, нокнуў; вазок прагоўдаўся сажняў дзьвесьце, спыніўся; зноў возьнік затупаў кудысь; куды - Зямля не бачыў, бо гэтым разам ганак, да якога падрыпелі, аказаўся з боку Шалевіча.
    - Якуцкае абласное праўленьне, - уголас прачытаў Шалевіч, гледзячы ў шчыліну адным левым вокам.
    І сюды бедакоў не запрасілі. Ужо ў Зямлі міжволі пачала дрыжаць сківіца, а ямшчык не вяртаўся. Нарэшце, дзьверы вохнулі, возьнік, як жытні мех, чмякнуўся ў перадок - мусіць, адмяк у цяпле. Зноў закалываліся сані.
    - Якуцкі земскі суд, - паведаміў Шалевіч, калі кібітка спынілася зноў. - Колькі начальства на такое мізэрнае мястэчка! Няўжо ён павязе нас куды-небудзь яшчэ?
    - Тады ўжо хай адразу на могілкі, - пажартаваў Зямля. Вусны ледзь слухаліся яго.
    - Не, я не згодзен... – сур’ёзна адгукнуўся Шалевіч. - Лепш у карчму!
    Прайшло, як здалося Зямлі, з паўгадзіны... Шалевіч кінуў глядзець у прарэху, скурчыўся. Зямля, каб не паддацца стыні, сам выглянуў з кібіткі, але на двары было ўжо так цёмна, што гэта не мела ніякага сэнсу, і ён прыціснуўся да таварыша. Раптам фартух падняўся зусім, на верх кібіткі: ямшчык паказаў жэстам, на ганак. Калені зусім не гнуліся. Зямля сяк-так даскакаў да парэнчаў і схапіўся за іх. Усьлед за ссыльнымі ямшчык выставіў з вазка іх рэчы і, не разьвітаўшыся, гікнуў, Схаладнелыя коні пайшлі крокам; ямшчык хвастануў іх бізуном, і вазок, а за ім і нябожчык, зьнік за рогам.
   - Ну вось. Ад апекі ямшчыкоў вызваліліся, пад нагляд паліцыі яшчэ не трапілі. Можаце ўцякаць пан Шалевіч.
    Шалевіч здзіўлена лыпнуў вачмі на Зямлю – як, маўляў, яшчэ хапае цябе на жарты – падхапіў свой скураны сакваяж і ірвануў дзьверы. Зямля непаслухмянай рукой злавіў куфэрак, што нейкі час коўзаўся сюд-туд па сьнезе, і сьледам за Шалевічам ўваліўся ў сенцы.
    - Сюды, панове, сюды! - пачуўся гучны голас, і да ног Зямлі і Шалевіча па падлозе працягнулася паласа сьвятла: гэта з пакояў насьцеж расчынілі дзьверы. Да іх было крокаў дзесяць. Пераадолеўшы з вялікімі намаганьнямі гэтую адлегласьць, Зямля праз высокі парог кульнуўся ў пакой, застаўлены сталамі. У твар ударыла цяжкім, вільготным паветрам; Зямля ўдыхнуў яго і закашляўся.
    - Сюды прашу, сюды! У мой кабінэт! - як скрозь туман, данёсься той жа голас з другога пакою. Зямля паклыпаў за Шалевічам, які, відаць, хутчэй асвойтваўся ў гэтых канцылярскіх лябірынтах. З-за сталоў, адарваўшы ад папер мутныя твары, на іх пазіралі з цікаўнасьцю чыноўнікі ў мундзірах. “Значыць, не так і позна, раз яны яшчэ тут”, мільганула ў галаве Зямлі.
    - Распранайцеся, панове! Стаўце рэчы! Аверынскі, пакажыце вешалку!
    Да Зямлі падскочыў вёрткі суб’ект і, выскаліўшы рэдкія зубы, схапіў яго за локаць, другой рукой паказваючы на не бачаную яшчэ Зямлёю дзіўную вешалку – з нейчых рагоў: можа, ласіных, а можа, і аленіх – у гэтым Зямля не разьбіраўся. Ён зьняў зіпун, што ўжо пасьпеў набрыняць, як вадой, паветрам канцылярыі, павесіў. Тут на яго зноў наваліўся кашаль, да таго дзікі, што, здавалася, ірваў трахеі. Пот заліў вочы. Ён выхапіў насоўку. Рука трэслася і ніяк не жадала падняцца да твару, каб заткнуць рот.
    - Нічога, нічога! Гэта зараз пройдзе. Наглыталіся марозу, а тут у нас лазьня... Не можам іначай! Просім прабачыць! - з ноткаю спачуваньня гаварыў гаспадар кабінэта. - Аверынскі, падайце вады!
    Вёрткі паднёс шклянку. Ледзь утрымаўшы яе ў руках, Зямля нахіліўся да шкла, адчуваючы, што падняць яе не удасца, і праз сілу глытнуў. У вачах пасьвятлела, і ён болей спакойна дапіў рэштку. Толькі цяпер ён змог, нарэшце, выцерці твар. Скамячыўшы пасьля гэтага насоўку, ён са зьдзіўленьнем убачыў, што з яе капае.
    - Нічога, нічога! Зараз прывыкніце... Чаю нап’емся... Аверынскі, самавар!
    Але Аверынскі – з-за кашлю Зямля толькі з трэцяга разу запамятаў яго прозьвішча – таропка бразнуў на стол не самавар а агромісты медны чайнік. Замільгалі кубкі і сподкі.
    - Ну-с, панове, прашу. Сядайце, пагаворым па-сямейнаму - прапанаваў з-за чайніка ўсё той жа гучны начальніцкі голас.
    Шалевіч сеў першы насупроць гаспадара кабінэта, Зямлі дасталося крэсла збоку. Кашаль тузаў яго яшчэ, але ўжо перайшоў у ікаўку, якая паступова сьціхала. Нарэшце, ён змог падняць вочы на начальніка. Галава таго, з лысым цеменем курганком і шырокая ўнізе ад бакенбардаў і двайнога падбародзьдзя, з вострым носікам, узьбітым угору, нагадвала той самы чайнік, побач з якім блішчала.
    - Згодна з тутэйшым звычаем, панове, спачатку частуюць, а потым ужо гутараць... Прашу! Чаёк-с, цяляцінка, масла... Хлеб, я думаю, дастанеце. А вось печань марожаная, сырая-с. Рэкамэндую з марозу спачатку яе, а за ёй, чаёк... Тут асятрынка маласольная... Мясцовая наша ежа... Чым багаты, як кажуць...
    Шалевіч грэбліва адсунуў печань, што стаяла бліжэй да яго, і схапіўся за кубак. Глынуў, папярхнуўся - вочы палезьлі на лоб: не адразу, мусіць, адчуў прамерзлымі пальцамі і губамі, да чаго пякучы чай яму налілі, падманула яго, што ў гарачай вільгаці канцылярыі ні над кубкамі, ні над чайнікам не курэла пара. “Трэба паасьцярожней. Так і страўнік апарыць нядоўга. “Чайнік” ведае, што радзіць”, - падумаў Зямля. Упершыню ў гэтым краі іх частавалі: ямшчыкі проста прадавалі ім тое, чаго яны прасілі самі. А прасілі яны спачатку адзін хлеб, пакуль выпадкова не высьветлілася, што мяса тут таньнейшае; пасьля гэтага харчаваліся большай часткай мясам – эканомілі “кармавыя” грошы, што выдалі ім у Іркуцку на гэтую даўгую дарогу. Зямля асьцярожна паклаў ў рот кавалак печані і стаў паціху жаваць. На пачатку ён не адчуў нічога: ні холаду яды, ні яе смаку. У роце ляжала штосьці цьвёрдае, што абавязкова трэба было перажаваць, бо іначай праглынуць яго было немагчыма. “Мерзлае. Нават ніякага смаку. Чаму ж тады не адчуваю холаду? Чаму не заходзяцца зубы?” - разважаў ён па заўсёднай звычцы сваёй разважаць аба ўсім, з чым сутыкаўся ўпершыню. І здагадаўся: “Яны ж і так у мяне зайшліся, даўно, у дарозе... А я гэтага і не заўважыў”. Не паўтараючы памылку Шалевіча, ён, як і гасьціны начальнік, лінуў ў сподак, падзьмуў і толькі пасьля гэтага выпіў.
    - Вось гэта па-нашаму, - адобрыў яго “чайнік”. - Прывыкайце, панове. Тут вам жыць доўга, а жыцьцё асаблівае... незвычайнае... Сам не ўмомант прызвычаіўся, шчыра сказаць.
    Ён памаўчаў, быццам чакаючы непазьбежных натуральных пытаньняў: “Вось як? І даўно вы тут? А адкуль прыехалі і чаму?” Але Зямля і Шалевіч яшчэ былі занадта занятыя сабой, каб іх задаваць. Дый, зразумела, не ведаючы, хто іх прымае, не ведалі і таго, як трымацца з ім. “Чайнік” маўчаньне іх вытлумачыў, мусібыць, па-свойму, бо працяг яго прамовы быў такі:
    - Не саромейцеся, панове! Я хоць і спраўнік, такі ж начальнік для вас, як і вы для мяне... Усе мы тут адна сям’я, усе ссыльныя... Хто пад прымусам едзе, хто нібыта добраахвотна, а ўсё ж - ссылка! Тут чыноўнікаў больш за палову - прысланыя. Губэрнатар, столаначальнікі, спраўнікі... Плачаш, а едзеш. А што пераваг? Пэнсіён звыш, жалаваньне ды адстаўка раней. А ў адстаўцы той яшчэ пажыві пасьля ўсяго, што на службе перацерпіш. А то і зусім да яе, бывае, не дажывеш. Вось каб жыць і вам, і нам не год, і не два, а прызначаны богам век, давайце жыць па-сямейнаму, не псуючы жыцьця адно аднаму...
    - Чым жа можам мы вам сапсаваць жыцьцё, гаспадзін спраўнік? – першым азваўся Шалевіч. - У вас, па-мойму, для гэтага магчымасьцяў куды болей. Вось, напрыклад, толькі што вы пратрымалі нас каля ганку суда на пяцідзесяціградусным марозе з гадзіну...
    - Што вы, што вы, пан Шалевіч! - замахаў рукамі спраўнік. - Здалося вам! Не больш, як пятнаццаць мінут... Ды і тыя з-за ямшчыка. Сказаў, што вы апрануты як мае быць, што кібітка ваўчыная. А сам пайшоў спрачацца тут. Не хацеў мёртвае цела ў трупярню везьці. Маўляў, не яго справа. Бачыце, што тут робіцца! Ямшчык спраўніку пярэчыць! Проста ў карак гнаць прыйшлося. Мне цяпер, панове, здаецца, што ён наўмысна адсюль вымятацца не сьпяшаўся: каб вам дапячы. Вы яго дарогаю не падганялі, каб хутчэй ехаў, ці што яшчэ?
    - Не ўступалі ўвогуле ў размовы, - адрэзаў Шалевіч.
    - Тады, значыць, ямшчыцкая салідарнасьць... Падсілкаваліся ўжо, панове? Га, адкуль жа. Адарваў вас сваёй балбатнёй ад яды. Ешце, а я папрацую пакуль. Калі скончыце, прашу да таго стала...
    Спраўнік паказаў на стол ля акна, завалены паперамі, і хутка пайшоў туды. Росту ён быў з Шалевіча і не такі тоўсты, як чакалася з-за падбародзьдзя. “Мусіць, ніжняя сківіца кароткая, тлушчавы валік не зьмяшчаецца. А чалавек, здаецца, прыстойны. Не пазбаўлены чуласьці чалавек”.
    Нізка схіліўшыся, Аверынскі наліў абодвум чаю. Зямля зірнуў у яго жаўтлявы твар. Аверынскі салодка ўсьміхнуўся: бліснулі шчарбатыя зубы. “Пры такіх зубах непазьбежны катар страўніка, - падумаў Зямля. – А звыш таго бедалага хварэе і на падхалімства. Ці гэта дабрыня такая?”
    Шалевіч выжлукціў чай і адсунуў кубак - задаволіўся, мусіць. Але Аверынскі тут жа падскочыў, і зноў наліў.
    - Вельмі дзякую! - з грымасай кінуў Шалевіч. - Мне ўжо досыць. Я і кубак адставіў...
    - У нас, - усьміхнуўся шчарбата Аверынскі, - звычай такі: калі ўжо даволі, кубак пераварочваюць, а зьверху кавалачак цукру кладуць...
    - Вось не ведаў. Што ж, давядзецца ўліць і гэты, - зарагатаў сыты Шалевіч. Зямля, як вучыў Аверынскі, перакуліў кубак і паставіў на сподак.
    - Ну-с, панове, прашу пакорна! - паклікаў спраўнік. Зямля ўстаў хістаючыся - так яму захацелася раптам спаць. Добра, што да стала, за якім сядзеў спраўнік, усяго і было, што крокаў пяць. Добра і тое, што крэсла, на якое кіўнуў яму спраўнік, аказалася з такою нізкай і жорсткай сьпінкай, што дазваляла адкінуцца на сябе хвіліны на дзьве, не болей, пасьля чаго яна неміласэрна пачынала рэзаць пад лапаткі
    - Я б хацеў, панове, - пачаў спраўнік, - каб вы ў маёй асобе бачылі не наглядчыка і тым болей не ворага, а проста старэйшага па ўзросьце чалавека, які спачувае вам і імкнецца зрабіць усё, каб палегчыць ваш побыт на гэтай сьцюдзёнай зямлі... Праўда, праўда, - заўважыў ён недаверлівы позірк Шалевіча. - Як слуга гасудара, я, зразумела, не магу спачуваць польскай справе, але палякам як ахвярам іх неразумных паводзін спачуваю...
    - Нездарма, значыць, маеце польскі ордэн, - паіранізаваў Шалевіч.
    - Польскі? Чаму польскі? - зьдзівіўся спраўнік, хапаючыся за крыж, напалову закрыты другім падбародзьдзем.
    - Ну а як жа? Гэты ордэн устаноўлены апошнім польскім каралём, Станіславам-Аўгустам... Таму і літары нашыя на ім: “SS”. Сьвентэго Станіслава...
    - Калі ж гэта?
    - У тысяча семсот шэсьцьдзесят пятым годзе.
    - Э-э, пан Шалевіч... Жартуеце...
    - Калі ордэн польскі, то чаму ж на ім расійскія арлы? Польскі ж арол аднагаловы?
    - Гэта ўжо дадатак расійскіх цароў, што, захапіўшы Польшчу, прысвоілі і ордэны нашы. Не толькі гэты: Белага Арла, Віртуті Мілітары...
    - Пан Шалевіч, выбірайце выразы. “Захапілі”, “прысвоілі”, - строга сказаў спраўнік, са значэньнем кінуўшы на сваіх падначаленых, што выглядалі з агульнага пакоя.
    - Вінаваты, ваша высокаблагародзьдзе. Калі імпэратарскі расійскі дом ашчасьлівіў Польшчу, узяўшы яе пад сваю шчодрую руку, то ён зрабіў ласку і польскім ордэнам, злучыўшы іх з ордэнамі Імпэрыі...
    - Ве-во! Так лепш. Умееце ж! А я, панове, таго і не ведаў,- прызнаўся спраўнік. – Хоць і прозьвішча польскае маю... Дарэчы, дазвольце адрэкамэндавацца: Паўлоўскі, Аляксандр Пятровіч...
    - А скуль яно ў вас, прозьвішча польскае, дазвольце спытаць? – падаўся ўперад Шалевіч.
    - Дзядулю выслалі пад Табольск за нейкі мяцеж. Там ён з казачкаю ажаніўся.
    - Дзядуля... - усхваляваўся Шалевіч. - Дзядуля... Калі ж ён сасланы быў?
    - Сямейныя паданьні пра тое маўчаць. Дзядуля памёр маладым, недзе на пачатку стагодзьдзя.
    - То ж паўстаньне Касьцюшкоўскае! - загарлапаніў Шалевіч. – А пан кажа – мяцеж!
    - Спакойней, спакойней, панове! – усьміхнуўся спраўнік. - Паўстаньне, мяцеж ці бунт - гэта адно і тое ж... Карысьці яно не прыносіць, калі спрабуе адолець моцнага. Самі вы ўпэўніліся ў гэтым. І цяпер, як я казаў ужо, каб не псаваць сваё далейшае жыцьцё, старайцеся не псаваць наша. Строга выконвайце распараджэньні начальства... не пераступайце адведзеных меж... а асабліва, крый божа - папераджаю наконт уцёкаў. Я вас, палякаў, ведаю. Народ гарачы і, прабачце, не заўжды разважлівы. А ўцёкі ў Якуціі бескарысныя. Нікому яшчэ не ўдалося вырвацца адсюль жывым.
    Паўлоўскі пры гэтых словах падняў руку і пстрыкнуў у паветра. Зямля перавёў позірк на Шалевіча. Той змрочна глядзеў у стол перад сабой.
    - А будзеце сьціпла паводзіць сябе... бог літасьцівы а гасудар імпэратар адходлівы. Былі ўжо палёгкі палякам... І яшчэ будуць. Трэба цярпліва чакаць. Цярпліва. Мы ж, начальства абласное і акруговае, будзем, як можам, пра вас клапаціцца. Вось прыехалі вы ў такім непрыдатным адзеньні... Ёсьць у вас грошы купіць што-небудзь цяплейшае? Добрае футра тут да трыццаці рублёў...
    - Да трыццаці? - усклікнуў Шалевіч. - Адкуль, гаспадзін спраўнік! Усяго і засталося, што рублёў па пяць з кармавых... Ці ў вас болей, Зямля?- павярнуўся ён. Зямля адмоўна паматаў галавой.
    - Дарэчы, пра кармавыя і дарожныя. Скажыце, панове, як атрымалася, што апошнія трыста вёрст вы не плацілі ямшчыкам за прагоны?
    Спраўнік выцягнуў з папер васьмушку, сьпісаную такім бляклым чарнілам, што Зямлі спачатку здалося што дурыць спраўнік: чытае пустую старонку.
    - Вось паслухайце, то даносіць стараста сялян Іркуцкага тракту: “Ссыльныя Герасім Шалевіч і Вікенцій Зямля, што едуць па блянкавых білетах з Іркуцка... не задаволілі прагоннымі грашмі ўтрымальнікаў станцый сялян ведамства майго на шляху ад Ялоўскай станцыі да Якуцка за трыста дзевяноста сем і чвэрць вярсты на два кані”. Гэта значыць, засталіся віннымі... колькі ж гэта? Па тры капейкі за вярсту...
    Паўлоўскі схапіў аловак і, мармычучы, стаў падлічваць на данясеньні ямшчыцкага старасты.
    - Адзінаццаць рублёў дзевяноста адна і тры чвэрці капейкі. Як жа гэта так выйшла? Вам жа давалі ў Іркуцку прагонныя грошы?
    - Давалі! - узарваўся, аж ускочыў Шалевіч - гэта было тое, што нэрвавала абодвух палову дарогі да Якуцка. – Давалі! Ды ямшчыкі забралі. Згубіце, кажуць. Мы іх самі будзем захоўваць, на станцыях адзін аднаму перадаваць.
     І - перадавалі як быццам. Да Кіранска! А ў Кіранску кажуць. далей самі плаціце, бярыце грошы вашы. Я лічу – нехапае рублёў шаснаццаць! Ідзем да спраўніка Кіранскага, а ён: грошы гэтыя знойдуцца. а пакуль што едзьце так, без іх, запісвайце на станцыях доўг...Добра хоць кармавыя ў нас на руках былі, а то б з голаду здохлі, не даехаўшы да васпана.
    - Значыць, не ад Ялоўскай - ад Кіранска нават ехалі без прагонаў?
    - Не. Прагоны скончыліся ў нас у Алёкмінску. Што ж нам рабіць было? Не ехаць? Але х мы не самі ехалі Нас везьлі!..
    - Ясна, - пажаваў губамі Паўлоўскі. - Прыйдзе яшчэ данясеньне на вас ад ямшчыкоў Алёкмінскай акругі. Вось чаму на вас яны ўз’еліся, ямшчыкі.
    - Не мы ж прапілі тыя прагоны, не мы ж згубілі!
    - Я б, панове, раіў вам усё ж заплаціць ямшчыкам нашым. Алёкмінскія не скардзяцца пакуль, пачакаюць, а нашым трэба аддаць. Бо пачнуць пісаць Апалёну Давыдавічу, а потым, глядзіш і ў Іркуцк... Непрыемнасьці губэрнатару, мне, а ў выніку і вам. А як спагоняцца грошы з кіранскіх ямшчыкоў, вам яны вернуцца. У нас капейка не губляецца, не хвалюйцеся-с...
    - Паўтараю, ваша высокаблагародзьдзе: мы не згубілі тыя шаснаццаць рублёў!
    - А дакумэнты на гэта дзе? Даў вам кіранскі спраўнік пасьведчаньне?
    Шалевіч панура замаўчаў.
    - Вось так... Ізноў жа ўлічыце і інтарэсы ямшчыцкія... Гэта людзі бедныя, на прагоны адны і жывуць. Ральлі ў іх, лічы, няма, паляваць гонка паштовая не дае... Бедных людзей шкадаваць трэба, панове...
    - А мы? Мы - не бедныя людзі? - аж узьвіўся Шалевіч. – Хто мы, адпраўленыя сюды з канфіскацыяй маёмасьці? За што я куплю сабе хоць анучыну нейкую, што пакладу ў рот, калі апошнюю пяцічніцу аддам?
    - За пяцічніцу - я казаў - футра вы не здабудзеце, панове...  А Апалён Давыдавіч распарадзіўся нарыхтаваць праз казну спэцыяльна для палітычных ссыльных таксама цёплае, але таньнейшае, салдацкае адзеньне: кажухі па васьмі рублёў, тарбосы па рублю за пару, каптаны... Гэтае ўсё ляжыць ужо ў магазыне судовым нашым. Прытым указана грошы са ссыльных браць не цяпер, а калі змогуць... Скажу вам шчыра, панове, што нарыхтавана мала, а палякаў вязуць і вязуць, і кожны – распрануты, разуты... Таму, калі Апалён Давыдавіч даведаецца, што я адзеньне выдаў тым, хто ямшчыкам не заплаціў, не мінуць прачуханкі мне, а рэчы, глядзіш, і адабраць загадае. А калі не пацьвердзіцца, што віна не ваша, дык і маёмасьць уласную вашу ўкажа апісаць, з аўкцыёну прадаць і выручаныя грошы пераслаць... Бо для вобласьці пошта – усё адно як пупавіна, што нас з Расеяй-матухнай вяжа. Абласное начальства не дапусьціць, каб ямшчыкі крыўдавалі!
    Пад канец прамовы спраўніка ахапіла сапраўднае натхненьне, нават валаскі на скронях, як ветрам падняліся. У дзьвярах кабінэта, пачціва схіліўшы галовы, стоўпіліся канцылярысты. Спраўнік заўважыў нарэшце іх:
    - Ці прысутныя гадзіны не скончыліся яшчэ?
    - З паўгадзіны назад-с, Аляксандар Пятровіч, - адказаў больш салідны.
    - Дык ідзіце дадому.
    - Як можна, ваша высокаблагародзьдзе! Калі вы-с яшчэ працуеце...
    - Нічога, нічога. Начальства заўжды працуе болей. Так ад бога...
    - Да пабачэння-с, ваша высокаблагародзьдзе! Да пабачэння-с! - пачуліся галасы, шамаценьне футраў і кажухоў, таропкія крокі. Праз некалькі хвілін за дзьвярыма кабінэта аціхла. Спраўнік працягваў:
    - Ды яшчэ. І вы, вядома, не багацеі, а ўсё-такі ў вас пакуль ні жанок, ні, галоўнае, дзяцей... Самі як-небудзь пражывяце. А ямшчыкам дзятву карміць. У кожнага ў хаце, як камароў. Пішчаць...
    - Яго Высокаблагародзьдзе мае рацыю, пане Шалевіч, - сказаў Зямля, хоць і да сьлёз было шкада мізэрных рублёвак, што каштавалі столькі напаўгалодных дзён і начэй.
    - Лёгка вам згаджацца! У вас, можна сказаць, месца ў кішэні, а ў мяне што?
    - Месца? – зьдзівіўся спраўнік. – Якое месца пасьпелі вы знайсьці, Зямля?
    Такое калена размовы засьпела Зямлю зьнянацку. Ён усё і адцягваў тую хвіліну, калі загаворыць са спраўнікам пра сваё, балазе Шалевіч з яго імпэтам заняў перад Паўлоўскім усю прастору, і той, здавалася, на Зямлю зусім не зьвяртаў увагі. Ён адцягваў таму, што вагаўся: можа, варта яшчэ раз параіцца з Сакольскім, можа, удасца заняць тое месца ў бальніцы, і не раскрываючы сябе? Можа, прыме Сакольскі яго для пачатку не доктарам, а санітарам? Для Сакольскага ж гэта ж выгадна: лічыўся б, як і раней, доктарам, атрымліваў доктарскае жалаваньне, а яго абавязкі выконваў фактычна Зямля. Зямля з дакорам зірнуў на Шалевіча і тут жа схамянуўся: сам вінаваты, не папярэдзіў, каб маўчаў.
    - На апошняй станцыі, - ціха сказаў ён, - мы мелі выпадак сустрэцца з акруговым урачом Сакольскім, і гаспадзін Сакольскі прапанаваў мне вакантнае месца ў турэмнай бальніцы. Санітарам, - дадаў ён, з націскам – для Шалевіча.
    - Вось як! - працягнуў спраўнік. – І вы абнадзеіліся, бачу?
    - Гаспадзін Сакольскі не ставіў ніякіх умоў, ваша высокаблагародзьдзе.
    Паўлоўскі ўскочыў і між сталоў забегаў па кабінэце, як нечым надзвычай усхваляваны. Потым махнуў рукой, спыніўся, сагнуўся і з шуфляды свайго стала дастаў паўштоф:
    - Проста шкада мне вас, панове... Пасьля такой дарогі – і без кроплі нэктару... Але. прабачце, пры канцылярыстах сваіх не мог.
    У Шалевіча бровы радасна папаўзьлі ўверх. Спраўнік рухава здабыў яшчэ і чаркі, паставіў на стол з рэшткамі ежы, наліў строга пароўну, у чым адчуваўся навык. Зямля назіраў за ўсім гэтым з прадчуваньнем чагосьці вельмі нядобрага, што хацеў аблегчыць Паўлоўскі сваім патайным паўштофам.
    - Толькі вы, панове, пра гэта нікому, - падміргнуў спраўнік. Бярыце самі, у нас без палавых, ці як у сталіцах кажуць, афіцыянтаў. У нас проста.
    Ён лыкнуў, крэкнуў, зноў сеў за стол, застаўлены паперамі. Шалевіч схапіў чарку, выпіў яе пад адзін удых і заеў асятрынай. Вочы яго заблішчэлі, вусы сталі старчма. Зямля адпіў крыху – як і заўсёды, без ахвоты, выцер вусны і вярнуўся на тое нязручнае крэсла, што не давала заснуць.
    - Пакорна дзякуем, ваша высокаблагародзьдзе, - сыта жмурачыся, ад душы прамовіў Шалевіч.
    - Ат! Якое я вам высокаблагародзьдзе. Вы ж дваранін, пан Шалевіч, хай і пазбаўлены правоў. Прытым дваранін патомны... А я – выслужаны.
    - За што?
     Дваццаць год бездакорнай службы. Удзел у Крымскай кампаніі. Кроў за Айчыну... Давялося ў шпіталях паваляцца. Дык вось, пра турэмны шпіталь... Дарэмна, Зямля, ён вас абнадзеіў. Немагчыма гэта.
    - Чаму? Санітарам можна без адукацыі... - чужым голасам сказаў Зямля.
    - Казе зразумела, можна. Ды гэта, Зямля, не наша эпархія. Вы абодва прызначаны ў Якуцкую акругу, якою камандуе ваш пакорна слуга. А горад Якуцк у акругу Якуцкую не ўваходзіць, там сваё начальства, управа.
    - Значыць, мы зусім у горадзе не застанемся? - усклікнуў Шалевіч.
    - Дзякуйце богу, панове, за тое, што прыбылі не апошнімі. Ёсьць яшчэ вакол Якуцка незанятыя насьлегі! Так што вы будзеце ад яго зусім недалёка: пан Шалевіч вёрст за пяцьдзесят, а Зямля і таго бліжэй... Тым, хто прыбудзе пазьней, прыйдзецца ой як далёка ад горада ехаць!
    - А што такое насьлег?
    - О, панове, вам і тут пашанцавала. Бо ў правілах па наладжваньні побыту вашага што сказана? Вось, калі ласка... - спраўнік дастаў з пад папер вялікага фармату зашмальцаваны ад частага карыстаньня сшытак, і пачаў гартаць: - Дзе яно тут? Ат! Шмат напісана, ды і цёмна. Я вам сваімі словамі. Адлучацца з месца пасяленьня палітычнаму злачынцы дазваляецца толькі з дазволу начальства. Толькі па асаблівых прычынах! Напрыклад, выгадаваў збожжа або гародніну і хочаш прадаць у горадзе. Тады спраўнік мае права дазволіць такую адлучку на пяць дзён... Вось і сядзі ў вёсцы сваёй, год ажно чакай ураджаю. За ваколіцу выйшаў – лічыцца: адлучка... А якуты жывуць не вёскамі: як гаворыцца тут, па аласах. Насьлег, панове, хоць і лічыцца афіцыйна паселішчам, а велічынёй бывае з добрае каралеўства. Вось і хадзі сабе па сваім каралеўстве. Гэта вам не Іркуцкія, не забайкальскія сёлы...
    - Значыць, нам жыць між якутаў? - роспачна крыкнуў Шалевіч.
    - А чаго вы, панове, палохаецеся? Людзі як людзі, не малпы. Народ мірны, Кароў гадуюць, коней, палююць, рыбаляць. Ёсьць і мяса, і малако... Не загінеце, панове!
    - Чым займацца там? Кароў гадаваць, коней? Ніколі гэтага не рабіў.
    - Раю, панове, вам земляробства. Вы не думайце: раз зіма такая, значыць, нічога і не расьце. Не! Лета ў нас гарачае. І якуты ячмень сеюць, а пра рускіх ды казакоў і казаць няма чаго: пшаніцу, буракі, агуркі, бульбу, кавуны нават спрабуюць. Улічыце: захочаце сельскую гаспадарку весьці – начальства дае на абзавядзеньне пяцьдзесят пяць рублёў. Незваротна! Можна каня купіць, плуг і ўсё іншае. Вас жа, Зямля, наконт гэтага пераконваць не трэба? Вы ж селянін?
    - Падумаю, - прамармытаў Зямля.
    - Што думаць! Пра шпіталь турэмны кіньце і марыць. З такою просьбай да Апалёна Давыдавіча трэба ісьці... А як ісьці без падстаў? Чым дакажаце вы, што не можаце абысьціся без шпіталю, а ён - без вас?
    - Якія ж яшчэ патрэбны падставы! - усклікнуў Шалевіч.
    Зямля, нібыта незнарок, змахнуў локцем са спраўніцкага стала стос папер і кінуўся іх зьбіраць.
    - Дапамажыце, пане Шалевіч! - жаласна папрасіў ён. Праз імгненьне пад сталом аказаўся і той. - Маўчыце, пане... ні слова пра мяне... - прашаптаў Зямля ледзь не на вуха Шалевічу.
    - Не розумем, леч мільчен, - адказаў Шалевіч.
    - Даруйце, ваша высокаблагародзьдзе, - нізка схіліўся Зямля, кладучы паперы. - Мужык, няўклюда... Пераблытаў усё вам, мусіць. Даруйце...
    Паўлоўскі ўважліва глянуў яму ў вочы і раптам хехекнуў:
    - Гэта яскравы знак, што мы заседзеліся за гэтым сталом. Час ізноў наведаць іншы.
    І наліў ізноў. Усё паўтарылася: Шалевіч і спраўнік выпілі нагбом, Зямля прыгубіў.
    - Не, - прамовіў Шалевіч, - у земляробы, бадай што, я не пайду. Лепш дзяцей вучыць.
    - А вось гэта, - паківаўся сюд-туд на стамлёных ужо, відавочна, нагах спраўнік, - вам, панове, і забараняецца.
    - Забараняецца? Чаму?
    - А раптам навучыце не таму? Вам, як ворагам гасудара і айчыны, увогуле шмат што забараняецца. Параграф дзесяты Правіл: вучыць, друкаваць, трымаць аптэкі і гэтак далей.
    “Забараняецца вучыць дзяцей... трымаць аптэкі... І гэтак далей... Што там, за гэтым “далей”? Што, калі...”
    - Ваша высокаблагародзьдзе! Не маглі б вы нам прачытаць гэты параграф? Раптам учынім што-небудзь незаконнае! - выдыхнуў Зямля.
    - Ці варта? - паціснуў плячмі Паўлоўскі. - Сёньня? Калі мы, хе-хе, балюем? Заўтра вас усё роўна азнаёміць з гэтымі правіламі цалкам наш старшы пісар. Нават расьпіску даць патрабуе. Паспрабуйце потым сказаць, што не чулі, хе-хе!
    - Сапраўды, Зямля. Да д’ябла правілы! Будзем жыць без правіл! Запэўняю вас, шаноўны Аляксандр Пятровіч, што буду іх парушаць не радзей, чым раз на тыдзень! - Шалевіч быў ужо п’янаваты.
    - Но-но... Гэта занадта! - пагразіў пальцам спраўнік. - Раз у год яшчэ магу дазволіць, а болей - каб ані-ні!
    Зямля пахмурна апусьціў галаву, паліцэйскія жарты яго не весялілі. Жарт Шалевіча ён аднёс таксама да паліцэйскіх - надта ж у тон спраўніку жартаваў той.
    - Вы, пан Шалевіч, не выклікаеце ў мяне даверу, - сказаў спраўнік. - Вось Зямля - зусім іншая справа. Гэта, можна сказаць, той самы пасяленец, пра якога марыць начальства. Гляньце: не п’е, са спраўнікам не спрачаецца, як вы, правілы гатовы вывучыць хоць зараз... Чытайце іх самі, Зямля, калі ахвота! А мы з панам Шалевічам дакончым нэктар. Трымайце!
    І ён падаў праз стол сшытак.
    - Мне адно дзесяты параграф, - вырвалася ў Зямлі. Ён сеў бліжэй да адзінай сьвечкі, - рэштка іх ўжо дагарэла, паднёс Правілы да вачэй. “Друк... тыпаграфскі...”, узрадаваўся ён, што не трэба разьбіраць пры такім сьвятле чужы почырк. Параграф дзесяты адразу кінуўся ў вочы, бо быў адзначаны чырвоным алоўкам:
    “Палітычным ссыльным забараняецца:
    а) Займацца выхаваньнем дзяцей і выкладаньнем ім навук.
    б) Займацца навучаньнем дзяцей мастацтвам і майстэрствам.
    в) Мець аптэкі, тыпаграфіі, літаграфіі, аднолькава і займацца ў гэтых і падобных да іх прадпрыемствах; гэтак жа забараняецца ім і жыць у тых дамах, дзе знаходзяцца паштовыя і тэлеграфныя станцыі.
    г) Мець якія б там ні было заняткі ва ўсіх урадавых установах і прымаць на сябе нават часова такія абавязкі, якія маюць якое-небудзь афіцыйнае значэньне.
    д) Займацца гандлем віна і быць сядзельнікамі ў піцейных дамах.
    е) Займацца мэдыцынскаю практыкаю нават дактарам, не пазбаўленым дыплёмаў...”
    Зашмальцаваны сшытак выпаў з рук Зямлі.
                                                                                *
    Грошы са ссыльных - па пяць рублёў дзевяноста з паловай капеек за прагоны (“чвэрць капейкі, так таму і быць – дакладу ад сябе”) – спраўнік у рэшце рэшт узяў, выдаўшы замест гэтых такіх дарагіх грошаў па расьпісцы /“не адчайвайся, панове: не вінаваты - вернецца ваш капітал”/, а абяцаных кажухоў і тарбосаў не даў: ключ ад склада ў Аверынскага, а па яго далёка ісьці, заўтра ўжо, панове. атрымаеце, пацярпіце. На начлег у турму (“самы лепшы атэль у Якуцку, панове: і накормяць, і абагрэюць, і спаць пакладуць - і ўсё бясплатна” (прыйшлося ісьці ўсё ў тым жа: Шалевічу - у шынялі, Зямлі - у зіпуне. Сакваяж Шалевіч пакінуў у судзе (“не бярыце рэчаў з сабой, панове: усё ж турма - у турму не анёлаў содзяць”/, а Зямля куфэрак не пакінуў - пабаяўся; зробяць вобыск, знойдуць інструмэнты – і глядзі, канфіскуюць. Бо калі забаронена практыкаваць, то ёсьць прычына забараніць і валоданьне тым, чым можаш практыкаваць. А яны немалых грошай каштуюць. Можна сказаць, адзіная каштоўнасьць, якую меў цяпер Зямля.
    У адной руцэ несучы куфэрак, Зямля другую грэў у кішэні. Мяняць іх даводзілася так часта, што рукі не пасьпявалі сагрэцца і хутка закалянелі так, што пальцы ледзь адчувалі ручку. Мерзьлі і грудзі, на якіх не хапала аднаго гузіка. Шалевіч сябе пачуваў куды лепш: рукі ў кішэнях, шынель зашпілены да горла, ды яшчэ гарэлка ў жываце. Не зважаючы на казака, што вёў іх, ён тарабаніў - добра яшчэ, па-польску:
    - А пан спраўнік - хітрая бестыя! Калі што трэба хаваць - хавайце, Зямля, ад яго, не верце! Бач, паляка строіць: “панове”, “панове”... Ведаем мы такіх палякаў. Баіцца, па службе з-за нас зубоў недалічыцца, вось і ўся яго дабрата.
    “А карысьці па-польску? Калі казак слухае, то чуе. Ці вялікі розум патрэбен, каб здагадацца, што “спраўнік” – “исправник”, "бест’я” – “бестия”, “хытры” – “хитрый”?
    - Якое сёньня чысло? - спытаў Зямля, каб зьбіць Шалевіча з тэмы.
    - Аднаго не разумею, - не зьвярнуў увагі на яго пытаньне Шалевіч, - якім чынам ён без роспытаў даведаўся, што я Шалевіч, а вы Зямля?
    - Відаць, артыкульныя сьпісы нашы прачытаў... Там жа прыкметы пералічаны. А ў нас з вамі яны даволі-такі розныя...
    - От д’ябал! А я не зрозумялэ. Які праніклівы вы, Зямля! Веру, што пан Паўлоўскі не абвядзе вас вакол пальца. А мяне абвядзе.
    - Дык якое сёньня чысло?
    - Навошта вам яно? Для нас каляндар скончаны. Пятае ці дваццатае, пятніца ці панядзелак - якое гэта цяпер мае значэньне? Будзем жыць сярод першабытных людзей, лічачы час па-першабытнаму - порамі году: зіма. Якое шчасьце - вясна... вось яно, лета... Восень! Зноў зіма... Дый не толькі каляндар. Аповесьць жыцьця нашага скончана, вось што пагана, Зямля. Застаецца нудны эпілёг.
    - Вы дарэмна так шмат гаворыце на такім марозе! Прастудзіце міндаліны!
    - Вы чыталі раманы, Зямля? - не слухаючы, працягваў Шалевіч. - Прыгадайце, як яны пішуцца. Пра што-небудзь цікавае з жыцьця героя расказваецца на сотняў старонак, хаця цікавае тое, можа, пачалося і скончылася за месяц. А пра ўсе астатнія доўгія гады яго пішацца сьціпленькі эпілёг: “Пасьля гэтага ёй пражыў яшчэ трыццаць год, памёр і быў з пашанай пахаваны на мясцовых кладах...” Вось так і з намі. Усё, што адбудзецца з намі тут, укладзецца ў два-тры радкі паліцэйскага данясеньня ад нашых сьвежых магіл.
    Зямля спрачацца не стаў. Ён цяпер думаў гэтак сама. Усе яго надзеі рухнулі ў той страшны момант, калі ён дачытаў дзесяты параграф да пункта “е”. Горад скончыўся, скончыліся рэдкія плямкі вокнаў; цяпер з усіх бакоў акаляла аднастайная туманная муць, скрозь якую не прабівалася з неба ніводнай зоркі. Такою ўявілася Зямлі і ўся рэштка яго жыцьця, якое павінна было завяршыцца ў гэтым краі.
    Туман стаяў такі, што праз яго ледзь праглядалася сьпіна казака, які трымаўся ўсяго на такой адлегласьці, каб тыя, каго ён вёў, не стапталі яму пяты. Калі б вароты былі адчыненыя, то Зямля, мусіць, і не заўважыў бы, як апынуўся ў турме. Але каля гэтых варот прыйшлося доўга таптацца: за імі нікога ўжо не чакалі. Аж Шалевіч узяўся дапамагаць; яго ўдары, ботамі, абудзілі б і мёртвага, не тое што кухталі казака, - кулакамі ў футравых рукавіцах. “Нешта не памятаю, каб дзе-небудзь раней хто-небудзь з нас так ірваўся ў астрог”, - невясёла ўсьміхнуўся Зямля. Зрэшты, усьмешкі не атрымалася - вусны закалянелі, занерухомелі, як і пальцы.
    Вароты ўрэшце прачыніліся на аднаго чалавека. Першы ўскочыў Шалевіч, выперадзіўшы казака; Зямля ўвайшоў трэці. Па двары ўсьлед за казаком беглі падскокваючы. Уламаліся ў нейкія дзьверы, яшчэ адны. Зноў абрасяніўся твар пакаёвай вільгацьцю, і выціраючы твар, Зямля не адразу ўбачыў вялізнага пана ў адной расхрыстанай кашулі, з-пад якой выбівалася багатая расьліннасьць.
    - Гэтае ваша высокаблагародзьдзе хутка мне астрог у гасьцініцу ператворыць! - раздражнёна кінуў пан, шпурляючы пададзеную казаком паперу на стол з рэшткамі вячэры.
    - Не магу ведаць-с, - сказаў казак.
    - Дзе я ім вазьму асобны каземат? Падумаеш, важныя злачынцы. Адвядзі ў чацьвёрты.
    - Я, ваша благародзьдзе, не каравульны сёньня. Я іх з суда вёў.
    - Гм... То будзеш ісьці міма гаўбвахты, пашлі сюды каго-небудзь.
    - Каго іменна, ваша благародзьдзе? Я ж не магу загадваць...
    - Першага сустрэчнага! - узроў начальнік турмы - ясна, што гэта быў ён. - Лайдакі, маць вашу... Параспускаліся! Што за астрог без уласнага пэрсаналу... Калі гэта скончыцца!
    Апошнія словы былі сказаны ім ужо не казаку, што выскачыў адразу, як толькі пачуўмаць”, і не начлежнікам, а самому сабе. Грозна варушачы натапуранымі вусамі, ён наліў з самавара чаю, сербануў і скрывіўся:
    - Халодны!
     Але усё ж такі выпіў. Толькі пасьля гэтага ён падняў вочы на Шалевіча і Зямлю:
    - Дзе ж яшчэ так вядзецца, каб начальнік турмы сваёй каманды не меў? Над кім я тады начальнік? Над арыштантамі? Але як за імі наглядаць без пастаянных наглядчыкаў? Сёньня дзяжураць, а заўтра іх у Амгу ці Намцы па якой патрэбе, і на месца іх ідуць чарговыя... Апрыкла, шаноўныя важныя злачынцы! Апрыкла! Кіну ўсё, на Калыму паеду!
    Зямля маўчаў, грэючыся. Маўчаў і Шалевіч - пакуль не адтаў, падумаў Зямля.
    - Мяняецца варта кожныя суткі, - працягваў начальнік /“Няўжо яму і паскардзіцца не бывае каму?” - падумаў Зямля/, - сьпіць ды гарэлку смокча, а арыштанты тым часам не сьпяць! Гэта ж трэба – год дзесяць назад нават падкоп пракапалі! У горад! Хадзілі, калі хацелі! З таго каземата, дзе будзеце начаваць. Там Манчары праславуты яшчэ на ланцугу сядзеў. Крук ягоны яшчэ у сьцяне, паглядзіце... Выдатнасьць нашага замка.
    Уваліўся новы казак, росту ніжэй сярэдняга, плячысты, тварам - сапраўдны туземец /“Якут, - удакладніў для сябе Зямля. - Тут туземцы завуцца якутамі - так гаварыў спраўнік”/.
    - Ты, Гуляеў? У чацьвёрты іх. Чакай! Арыштанты вячэралі ўжо?
    - Так точна, ваша благародзьдзе! - зухавата выцягнуўся казак-якут.
    - Тады завядзі па дарозе на кухню... Хай пакорміць, калі засталося што.
    - Так точна!
    - Ну, вядзі... Хоць адзін казак як казак... Хоць і морда азіяцкая... - задаволена мармытнуў начальнік
    У кухні, куды ісьці прыйшлося зноў праз двор, праз мароз, што з кожным разам здаваўся ўсё люцейшым, аказаўся даўгі і тонкі, як гліст, кухар. Ён Зямлі не спадабаўся з першага позірку. Але Зямля даўно ўпэўніўся: што ў чалавека ўнутры - угадаць па носе яго ці ілбе немагчыма. Нават і вочы могуць увесьці ў зман, хоць і гаворыцца, што яны - люстра душы. Таму Зямля пастараўся адагнаць непрыемныя згадкі, якія сталі выплываць, як толькі ён убачыў гэтага чалавека.
    - Хто такія? Чаму так позна? - раздражнёна спытаў кухар.
    - Начальнік карміць загадала, - паведаміў Гуляеў.
    - Я пытаю, хто такія? Палякі? Зноў?
    - А што табе да таго? - пагардліва кінуў Шалевіч. - Твая справа, галубок, выконваць распараджэньні начальства. А каго яны тычацца...
    - А тое, што водзяць вас, водзяць ... кватарантаў... А на вас нічога не дадзена. Мы тут працуй, зарабляй на хлеб, а вы яго жэрці? Заплоціце - дам пад’есці, а не - бывайце здаровы.
    - Колькі ж бярэш? - ссунуў бровы Шалевіч. Зямля здагадаўся, што ён ускіпае.
    Шаноўны, - сказаў Зямля. – Колькі б вы ні прасілі, плаціць нам. Таму, калі вам не шкада галодных, дайце вару сагрэцца –спадзяюся, ён у вас бясплатны - і не зьдзеквайцеся. А вы, пане Шалевіч, не давайце волі гневу. Мы тут чужыя.
    - Яму начальствам загадана! - пабялеў Шалевіч. - Сам жа сказаў, казак! Чаму не патрабуеш?
    - Будзе ён яшчэ патрабаваць! - выскаліўся кухар. - Яны ж таксама на нашай шыі сядзяць.
    - Маўчаць! - па-певеневу крыкнуў Гуляеў. - А то гаспадзіна начальніка данясу...
    - Данось хоць губэрнатару. Катлы пустыя, усё зжэрлі.
    - Дайце вару... - настойліва паўтарыў Зямля.
    Кухар зірнуў яму ў твар - зразумеў, відаць, як яны змучыліся, і буркнуў:
    - Добра. Вару я дам.
    Узяўшы гарачую конаўку, Зямля апусьціўся на зэдлік і прываліўся плячмі да печы. Вар аказаўся проста варам, чаю кухар не дадаў, але і гэта было палёгкай. Так нядаўна, здавалася, елі ў судзе, а ў страўніку як нічога і не было. “Мароз... Гэта мароз прымушае траціць цяпло цела. Ператвараць у цяпло не толькі тое, што з’ясі, а можа, і тканкі. Трэба есьці і есьці, каб не скалець на такім марозе, - думаў ён. - А чаму не так адчуваўся холад, калі ехалі? Бо не рухаліся. Рух таксама патрабуе цяпла. Асабліва рух на марозе. Мароз...”
    - Ведаеш, чаму ты такі цвікападабны? – Шалевіч сядаць не стаў - прыціснуўся да печы задам. - Ад сквапнасьці і злосьці. Гэта ж бяссэнсіца - выпетраны кухар!
    - Не ад сквапнасьці, а ад сумленьня, - адбрыкнуўся кухар. - Не магу арыштантаў, таварышаў аб’ядаць...
    - Саліцёра вам трэба выгнаць, шаноўны. І чым хутчэй, тым лепей. Раю зьвярнуцца да доктара заўтра ж. Ваша сумленьне скажа вам дзякуй.
    - Чаму? - таргануўся здзіўлена кухар.
    - Бо цяпер, ядучы, вы корміце не сябе, а дзесяціаршынную глісту. Як толькі вам яе выганяць, вам спатрэбіцца меней ежы...
    Шалевіч зарагатаў:
    - Вось яно, сумленьне кухароў! У выглядзе глісты!
    Кухар кінуў на яго змрочны, пагрозьлівы позірк і павярнуўся да Зямлі:
    - Вы што, доктар?
    - Для таго, каб гэта зразумець, не трэба быць доктарам, - асьцярогся Зямля перад казаком, што з цікавасьцю наставіў вуха.
    - А-а... - расчаравана працягнуў кухар. - Ну, - раз’юшыўся раптам ён, - папілі – вымятайцеся! Дармаеды... Болей вам я нічога не дам!
    - Такая чалавек, - зьбянтэжана сказаў Гуляеў, калі зноў апынуліся на двары. Зямля і Шалевіч змоўчалі. - Вы пастой тут. Мая на гаўбвахту заскочыла, можа што знайшла...
    І зьнік у тумане. Пачулася рыпеньне дзьвярэй.
    - Куды ён? – з лёгкай трывогай сказаў Шалевіч.
    Зямля паціснуў плячмі. Яны стаялі невядома дзе – вакол не угадвалася ні агеньчыкаў, ні ценяў. Ад кухні, здавалася, адышліся на два крокі, а вярнуцца ў яе самастойна Зямля б не змог.
    - Вось... Трошкі... - Гуляеў сунуў таму і другому ў руку акраец хлеба. І пайшоў наперадзе.
    - Дзікус, а чловекем ест, - здзівіўся Шалевіч. - Не тое, што тая гліста...
    Венц не дзікус. І прошэ, пана: не тшэба мувіць такего в обецносці...
    - Ат, цо розуме, - перабіў Шалевіч. – Врэшцэ, ніц кшывднэго не поведзялэм. Чловекем назвалэм...
    Зямля не пасьпеў нічога сказаць на гэта. Па коўзкіх прыступках падняліся ў даволі даўгі калідор, ледзь асьветлены; чым - Зямля не прыглядаўся: яго пачало калаціць. Бразнула засаўка, і тут Зямля не вытрымаў: сутаргава адштурхнуў Шалевіча, ступіў першы.
    У каземаце панавала тое ж самае, што і ў калідоры, напаўсвятло. Людзі ляжалі ўпокат на падлозе; частка мясьцілася на лаўках, што ішлі ўдоўж сьцен. Адна лаўка пуставала; пераступаючы праз нерухомых і тых, што варушыліся, Зямля рушыў туды; не адстаў ад яго і Шалевіч. Зямля лёг да сьцяны, Шалевіч побач.
    Чалавечы мурашнік хутка заціх. Напаўсвятла не тушылі; дзе была яго крыніца, Зямля доўга не мог зразумець, пакуль не здагадаўся, што сьвечка гарэла за слупам, што падпіраў столь пасярод каземата. Гарэла роўна – цьмяны цень ад слупа на столі не хістаўся. “Значыць, няма скразьняку”, - падумаў Зямля і не зразумеў, радавацца ці не: водар турмы пачаў ужо казытаць ноздры.
    Яго ўсё яшчэ біла, як прыпадачнага. Гэта, відаць, не давала ляжаць Шалевічу, і той сеў. Зямля пачуў, што Шалевіч жуе; тут і сам агледзеў у руцэ акраец, пра які пасьпеў забыць, але трымаў моцна, намёртва. Адкусіў сквапна; хлеб аказаўся з пяском. Зямля абадзьмуў лусту, зноў адхапіў кавалак, і зноў хлеб затрашчаў на зубах. Тут толькі адчуў ён, што пясок сеецца зьверху, сеецца на твар. Глянуў у столь над сабой - стальнічына адышла ад сьцяны, адтуль і сыпалася труха. Дык вось чаму лаўка вольная, хаця і на падлозе сьпяць! Зямля павярнуўся на жывот, каб засланіць сабой хлеб, і толькі з’еўшы яго, лёг на бок, тварам да бёрнаў, пабеленых вапнай. Хлеб яго не насыціў, адно раздражніў, але крыху сагрэў, і самі сабой заплюшчыліся вочы.
    Колькі начэй ужо за апошнія тры гады пракульгала для Зямлі ў турэмным брудзе, пасярод сьмярдзючых арыштанцкіх целаў! Зямля з жахам прыгадваў момант, калі аднойчы не адчуў у турме смуроду. У момант той ён спачатку падумаў, што вось яно - прыцярпеўся, звыкся, а потым зразумеў, што сам стаў такім жа смуродным, як усе вакол. З таго вечара ён лавіў кожную магчымасьць памыцца з галавы да ног - з ручая ці з лужыны нават, ці хоць абцерціся мокрай тканінай. Болей астрожны смурод не катаваў яго, а радаваў: пакуль адчуваю яго, я чалавек, думаў Зямля.
    Зрэшты, у гэтай турме задуха была не такая ўжо і страшэнная, як у Маскве, Калузе, Табольску, Іркуцку. Скразьняк па каземаце хадзіў, ды і як яму не хадзіць, калі такія шчыліны ў столі. А сьвечку ці каганец бараніў слуп. Гэтулькі люду, як дроў, дыхае, сагравае катух, трасучка не сунімаецца, б’е і б’е. Сон не бярэ, падрамаў з гадзіну, можа, і ўсё, далей - пакуты бяссоньня, чорныя думкі. Хочаш іх адагнаць - расплюшчвай вочы, насустрач пяску, што цярушыцца ў зрэнкі.
    Шалевіч зьнік - знайшоў, відаць, іншае месца. Ад пяску адплёўвацца надакучыла ці Зямля не даваў спаць? За слупам чулася ціхая адрывістая гамана. З патоку слоў, большай часткай незразумелых - гаварылі як быццам не па-руску - вырываліся знаёмыя: “туз”, “дама”, “пас”. Відавочна пад кволым агеньчыкам ішла картачная гульня. Карты Зямлю не вабілі ніколі: выйграваць – гэта значыць браць незаробленыя грошы ён лічыў амаральным, прайграваць – аддаваць нізавошта не жадаў і не меў; практыкаваньнем жа для яго памяці карты былі занадта слабым. Ён адвярнуўся зноў да сьцяны і тут у вочы яму кінулася тое, чаго раней чамусьці не прыкмячаў: тоўстае жалезнае кальцо на такім жа штыру, забітым у бервяно амаль да канца.
    “Там праславуты Манчары на ланцугу сядзеў. Крук ягоны яшчэ ў сьцяне, паглядзіце”, - прагучалі ў вушах словы начальніка турмы. Значыць, гэта той самы крук, да якога быў прыкаваны, і можа, нямала год чалавек з нярускім імем. Тут пачынаўся ланцуг, пад цяжкое бразганьне якога чалавек засынаў на гэтай лаўцы, прачынаўся, ішоў да парашы, мыўся, еў, думаў. Думаў увесь той час, калі не спаў і не еў. Толькі думаў, бо што яшчэ ён мог рабіць, седзячы на ланцугу ў жылым каземаце? Ці яму прыносілі справу сюды? Наўрад... у яго адабралі не волю адну - адабралі і працу, якою жывы чалавек. Гэта яшчэ страшнейшае, чым ланцуг... За што? Забіў каго? Не аднаго? Але такое караецца іначай: катаргай, калі забіў простага сьмертнага, і шыбеніцай, калі забіў прадстаўніка ўлады. Не... Не тое. Сабаку саджаюць на ланцуг, каб не зьбег са двара; для таго ж саджаюць і чалавека, калі турма не ў стане яго ўтрымаць. “Праславуты Манчары”, відаць, быў вялікім свабодалюбам, раз яго прыкавалі да гэтага тоўстага кальца!
    А Зямлю - ці ж не прыкавалі яго да нябачнай сьцяны, не вырвалі з рук любімай справы? За тое, што волю хацеў здабыць, не самому – народу свайму, прыніжанаму, растаптанаму. І усё-такі: нябачны ланцуг - ён мазоліць адну душу, а жалезны - яшчэ і цела. Колькі год цягаў яго за сабой няшчасны вязень гэтага каземата, і куды ланцуг яго адпусьціў: на волю або ў магілу?
    “Вось табе і адказ, - падумаў Зямля, - ці можна сустрэць у турме якутаў. Аднаго трымалі на ланцугу, іншыя за слупом цешацца астрожнай забаўкай...”
    Гамана за слупом тым часам стала меней асьцярожнай. Хтосьці з карцёжнікаў, відавочна, парушыў правілы ці падтасаваў. Узаемныя папрокі рабіліся ўсё гучнейшымі. Зямлі здалося раптам, што ён чуе голас Шалевіча. Так, несумненна, Шалевіч быў там і нешта даводзіў.
    - Ды зразумей ты ўрэшце: даўгі бываюць у любой картачнай гульні! Чаму ў доўг не верыш? - ужо ледзь не крыкнуў Шалевіч. - Можа, я заўтра вазьму рэванш! Ведаеш, колькі я прайграваў? Тысячы рублёў і мне заўсёды верылі.
    “Ясна, - з жалем падумаў Зямля, - прайграў апошнія капейкі”.
    - Ты, гаспадзіна, няправільна гаворыш, - загарачыўся хтосьці. - Доўг бывае рублямі, чырвонцамі... Пстрычкамі не бывала... Такая парадак.
    - Скуль узяўся такі парадак?
    - Турэмны замак - свой парадак... Гаспадзіна на пстрычкі не гуляла.
    - Ды разумееш ты, азіяцкая морда, каго зьбіраешся пстрыкаць? Я дваранін!
    - Дваранін на пстрычка не гуляе... Пра морда нядобра гаворыш...
    “Сапраўды. Якая нявытрыманасьць. Гэта ж, можа, і небясьпечна – Турма ж!” Зямля сеў на лаўцы. Трэба было неяк вывалакчы Шалевіча з-за праклятага слупа, з недарэчных пстрычак - хто ведае, да чаго яны маглі давесьці.
    - Ты іншых хацела пстрыкацца, свая лоб беражэш... Гэта як? Сумленна? Га? Па-дваранску?
    Па каземаце прайшоў рух. Тыя, хто спаў на падлозе і не баяўся страціць лаўку, пачалі, пазяхаючы, уставаць і чорнымі ценямі сьцягвацца да месца спрэчкі. Нібыта хмара наплыла на слуп.
    - Ведаю я такіх дваран! - пачуўся насьмешлівы бас. - Гэта ж паляк! А ў іх у Польшчы, куды ні плюнь, усюды шляхціц. Наш гасудар за дваран іх і не лічыць.
    - Мільч, пся маць! - узьвіўся Шалевіч.
    - Што ўжо там мільч, - памяркоўна сказаў той самы бас. – Ты ў турме і мы ў турме... Такі ў нас, братка, ва ўсіх двор. Усе мы двараны. Так што не рыпайся, ваша шляхецтва, і падстаўляй лоб... А не падставіш сам – дапаможам.
    Апошнія словы былі вымаўлены быццам бы жартам, але Зямля не сумняваўся што такіх жартаў Шалевіч не даруе. Ён пайшоў да слупа. Позна! Пад каганцом завіхурылася сумятня. Глухія ўдары, лаянка, праклёны і незразумелыя крыкі гайданулі агеньчык на слупе, і той аж лёг, ледзь трымаючыся за верх кнота. Мільгануў перакошаны твар Шалевіча. Зямля кінуўся да яго, наткнуўся ілбом на штосьці бязьлітаснае, і каганец для яго згас.
    Прытомнасьць яму вярнуў нашатырны сьпірт, што, здалося, дастаў да сэрца. У бухматай пляме, што нахілілася над ім, Зямля не адразу пазнаў Сакольскага... Галава кружылася; ён быццам плыў на сьпіне, не адчуваючы пад ёй нічога цьвёрдага, а хваля гойдала, гойдала, і нічога прыемнага ў гойданцы той не было - адна млоснасьць. “Страсеньне мазгоў”, - вяла падумаў Зямля. Праз сілу падняў руку - на ілбе ляжала павязка.
    - Ну, дзякуй богу, ачуліся! - сказаў Сакольскі. - Добра, што я налучыўся як раз. З Табагінскай вярнуўся, зьмёрз, як цуцык, а дома - ні кроплі спірытусу. Пабег сюды, балазе жыву не так далёка. А тут замак увесь ходарам ходзіць... Аднаго забілі, кажуць. Гэта пра вас.
    - Дзе я? - ці то сказаў, ці то прамычэў Зямля.
    - Там, дзе зьбіраецеся прыносіць карысьць грамадзтву: у турэмным шпіталі. Бачыце, што за харомы: гэта мужчынскае аддзяленьне, на шэсьць ложкаў, за сьцяной жаночае - на тры. Зрэшты, месцаў рэдка не хапае, бо начальства не любіць, калі арыштантаў кладзеш у пасьцель. Так што каб вас уладкаваць, зганяць не прыйшлося нікога, хай вас сумленьне не катуе. Можаце ляжаць, колькі душа пажадае, але не раю: вунь у тым куце два хворых на рожу. А ў вас на ілбе рана, і даволі глыбокая. Хаця крыві мала... Чаму яна ў вас не цячэ?
    - Усю катарга выпіла, - пасьміхнуўся Зямля.
    - Перавязваў вас, не здымаючы футра... Першая справа, па-мойму, ізаляваць рану. А вы - што рабілі б у першую чаргу? Схапіліся за нашатырны сьпірт?
    - Я вайну прайшоў, гаспадзін Сакольскі. Страта крыві – страшная рэч... Ды і непрытомнага перавязаць лягчэй, я зрабіў бы , як і вы.
    - Завіце мяне Паўлам Васільевічам. А ваша імя?
    - У мяне яно такое, што вымавіць не зможаце. Таму завіце па прозьвішчы, - прывычна сказаў Зямля. Так ён казаў усім, з кім знаёміўся, з таго часу, як узяў імя Вінцука: адгукацца на чужое не мог, а назваць сваё, сапраўднае было нельга.
    - Хм... Гэта праўда. Сярод польскіх імёнаў сустракаюцца такія, што язык зломіш... Вось, калі ласка: Ваўржэнец... Ёсьць тут адзін ссыльны. Што за імя?
    - Можна лягчэй: Ваўжэнц. Яно і сярод палякаў даволі рэдкае. А з рускіх імёнаў бліжэй да яго, здаецца, Лаўрэнцій.
    - Вось не чакаў!
    - Можа, і памыляюся.
    - Так, - не даслухаў Сакольскі. - Па што я сюды ішоў? Па спірытус. Віні, а не той, ад якога ў вас і непрытомнага вочы палезьлі на лоб. А дзе ён? Вось ён! Вам наліць, калега?
    Ён дастаў з расчыненай шафы бутлю.
    - Мне нельга, - без шкадаваньня прамовіў Зямля. - Сьвежае страсеньне мазгоў. А яшчэ жыць ахвота, хаця і не ведаю, для чаго...
    - Лічаце сьпірт атрутай? Што ж, у такой паставе вы не адзіны. Але запэўняю вас, гэта пазыцыя не тых, хто жыве ў Якуціі. Вы таксама праз год-другі зоймеце іншую...
    Акруговы лінуў у мэнзурку, асушыў, не паморшчыўшыся, паставіў бутлю назад, і замкнуў шафу. Некалькі галоў, што зацікаўлена ўзьняліся з падушак падчас гэтай апэрацыі, расчаравана ўпалі. Сакольскі пагразіў пальцам:
    - Глядзіце мне, шэльмы! Узламаеце шафу - усіх на катаргу ўпяку!
    - Скажыце, - заміраючы, сказаў Зямля, - што з Шалевічам? Я маю на ўвазе майго таварыша, якога вы бачылі разам са мной ва апошняй станцыі. Я кінуўся яму на дапамогу, і...
    - Болей трупаў, акрамя вашага, не было, так што не хвалюйцеся! Ваш таварыш жывейшы, чым вы, і цяпер разам са сваімі партнёрамі расплачваецца карцэрам за карцёж і бойку. Вам не здаецца, што ён увогуле задзірака? Чалавек з вечна сьцятымі кулакамі?
    Зямля падумаў.
    - Я яго ведаю не нашмат лепш за вас, але мне здаецца, што вы памыляецеся. Калі кулакі яго вечна і сьцяты, дык гэта больш з-за даўгіх рукавоў.
    - Як гэта?
    - Калі рукавы сурдута даўгія, але не занадта шырокія, міжволі сьціскаеш рукі ў кулакі каб рукавы трымаліся вышэй. Так робіць той, у каго рукі кароткія. А збоку можна падумаць, што кулакі чэшуцца.
    - Але ж кожны выбірае сурдут па сваім гусьце.
    - Мы даўно нічога не выбіраем. І астрог у якасьці начлежкі не выбіралі...
    Сакольскі схіліў галаву – разумею, маўляў:
    - Даруйце. А па вашай справе я сёньня ж пайду да губэрнатара. Вы паставілі спраўніка ў вядомасьць наконт нашай размовы?
    - Не.
    - Чаму?
    Зямля прыўзьняўся на локцях і азірнуўся вакол. Хто з хворых спаў, а хто, узрушаны начным здарэньнем, яшчэ варочаўся на пасьцелі.
    - Дазвольце паведаміць на лаціне.
    - Ну што вы! Я вас, глядзіш, і не зразумею. Гаварыце прама. Гэтых людцоў баяцца... Яны і па-руску не разумеюць.
    - У “Правілах па наладжваньні быту ссыльных” сказана, што нам доктарская практыка забараняецца.
    - Няма правілаў без выключэньняў! І ў гэтых “Правілах” ёсьць, што ў асобных выпадках, пры хадайніцтве начальніка вобласьці доктар можа быць дапушчаны да практыкі... Я іх чытаў! Сёньня ж іду да губэрнатара, пакуль вас не адаслалі ў насьлег!
    - Не трэба, Павел Васільевіч.
    Сакольскі крутануўся на пятах, упёрся рукамі ў клюбы пад футрам, утаропіўся ў Зямлю:
    - Га, вось як! Вам не спадабалася месца вашай службы, гэтая вось бальнічка на дзевяць ложкаў... Куды там ёй да тых клінік, дзе вас вучылі! А хто тут будзе людзей ратаваць? Вы пра гэта падумалі? Хоць палёгку даць перад сьмерцю... ці ж гэта мэдыка не годна? А самі як будзеце жыць у насьлегу, чым займацца - пра гэта падумалі?
    - Павел Васільевіч! Дарагі! Вы зусім не так зразумелі. І я вас вельмі прашу: калі вы прыстойны чалавек... а я веру, што вы прыстойны чалавек... не толькі не хадзіце да губэрнатара, але і ўвогуле нікому не гаварыце, хто я такі. Усё адно выключэньні не для мяне.
    - Што ж вы такога зрабілі? Забілі шмат?
    - Я ўсё паўстаньне толькі лячыў. Іншым разам і ворагаў.
    - Дык чаго ж?
    -  Я не магу растлумачыць вам зараз, але пры першай жа новай сустрэчы абавязкова растлумачу.
    - Ну што ж, - змрочна кінуў Сакольскі, - паглядзім, ці сустрэнемся...

        ПОШУК
                                                                        Расьпіска.
    Дадзена селяніну Іркуцкага тракту Прыпузаву Якуцкім земскім судом у тым, што ён сёньняшняга чысла даставіў у земскі суд палітычных злачынцаў Шалевіча Германа і Зямлю Вікенція. Для старасты сялян Іркуцкага тракту і перадачы па інстанцыі.
    Спраўнік Паўлоўскі.
    1866 года, сьнежня 25 дня.

                                                                                                                                                 Сакрэтна
    Якуцкага Земскага суда данясеньне.
    1866 года 25 дня сьнежня.
                       Яго Правасхадзіцельству Якуцкаму Грамадзянскаму Губэрнатару
                                      Гаспадзіну Лахвіцкаму Апалёну Давыдавічу
    Маю гонар данесьці Вашаму Правасхадзіцельству, што палітычныя злачынцы Шалевіч Герман і Зямля Вікенцій дастаўлены ў Земскі суд сёньняшняга дня і разьмеркаваны згодна волі Вашага Правасхадзіцельства, Шалевіч Герман у Харанскі насьлег Усходне-Кангаласкага ўлуса, Зямля Вікенцій у Нерукцейскі насьлег таго ж улуса.
    Спраўнік Паўлоўскі.

                                                                                                                                                Сакрэтна
      Якуцкага Земскага суда
                  Данясеньне.
           Студзеня 1 дня 1867 года.
                       Яго высокаблагародзьдзю Г. Загадчыку Часовым Упраўленьнем
                                 пры Генэрал-Губэрнатары Ўсходняй Сыбіры
                                      для нагляду за палітычнымі ссыльнымі
    Пасылаючы Ведамасьць аб зьменах у складзе палітычных ссыльных па Якуцкай акрузе за снежань месяц м. г., маю гонар вельмі пакорна прасіць Ваша Высокаблагародзьдзе аб дасылцы копій з ведамасьцяў аб зьменах у складзе палітычных ссыльных Якуцкай акругі за папярэднія месяцы м. г., бо на пажары, што надарыўся ў будынку Якуцкага земскага суда 25 дня сьнежня м. г., усе справы і паперы, у тым ліку сьпісы аб палітычных ссыльных згарэлі.
      Спраўнік Якуцкага земскага суда Паўлоўскі.

                                                                  Ведамасьць
                          аб зьменах, што адбыліся ў складзе палітычных ссыльных
                               па Якуцкай акрузе за сьнежань месяц 1866 года
    На 1 сьнежня было на прылічэньні.....................................29
    На працягу сьнежня месяца прыбыло..................................3
    На 1 студзеня знаходзіцца у прылічэньні...........................32
                                               Прыбылі:
    Імя і прозьвішча - Юзэф Паплаўскі
    Адкуль прыбыў - з Енісейска
    Куды прылічаны - у Скараўльскі насьлег Батурускага ўлуса
    Дзе знаходзіцца - на месцы прылічэньня
    Чым займаецца – зьвестак не атрымана
    Імя і прозьвішча - Герман Шалевіч
    Адкуль прыбыў - з Табольска
    Куды прылічаны - у Харанскі насьлег Усходне-Кангаласкага ўлуса
    Дзе знаходзіцца - адбывае месяц арышту ў Якуцкім турэмным замку
    Чым займаецца -
    Імя і прозвішча - Вікенцій Зямля
    Адкуль прыбыў - з Іркуцка
    Куды прылічаны – у Нерукцейскі насьлег Усходне-Кангаласкага ўлуса
    Дзе знаходзіцца - на месцы прылічэньня
    Чым займаецца - зьвестак не атрымана

                                                                РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ
    Сяньнік шамацеў ад кожнага руху, нават, здавалася, і ад дыханьня; шамацела і падушка, мусібыць, таксама напханая сенам. Але ўсё ж бальнічная пасьцель была мякчэйшая за лаўку ў каземаце і труха не сыпалася. І Зямля заснуў, хоць назольны шэпат падушкі на самае вуха і пудзіў сон.
    Прынесьлі кацёл са сьнеданьнем. Зямля з‘еў без ахвоты нейкага сёрбава з лустай калючага ячменнага хлеба і зноў лёг: галава яшчэ балела, ногі не трымалі. Але па хуткім часе прыйшоў Гуляеў і сказаў апранацца.
    На двары яшчэ стаяла цемра. Ды штосьці зьмянілася ў ёй у параўнаньні з учорашнім: угадваліся абрысы астрожных будынін, далёка ў небе мігцеў танюткі сярпок.
    - Радуйся, чалавека! - Туман сох. Цёпла паедзеш...
    “Што ён хацеў сказаць гэтым “сох”? “Усох”? Гм. можа, і недакладна, але зразумела. Туман паменеў прыкметна... І сапраўды, здаецца, стала цяплей”.
    За варотамі іх чакалі запрэжка і асобны конь. Гуляеў паказаў Зямлі на сані, сам гоцнуў у сядло. Зямля паставіў куфэрак, няўклюдна кульнуўся ў круглы задок, закапаў ногі ў сена. Фурман нокнуў, і сані панесьліся ад “найлепшага ў Якуцку гатэля”.
    Памятаючы, якім доўгім быў ад суда шлях да турмы, Зямля падрыхтаваўся цярпець мерзнуць: не улічыў, што ўчора ішлі на драўляных ад холаду нагах, а сёньня яго везла пара коней. Не пасьпеў азірнуцца, як запрэжка спынілася. Саскочыў са свайго верхавога Гуляеў, працягнуў моцную руку – дапамог выбрацца з саней. Пайшлі да ганку. Тут Зямлі здалося, што будынак значна менш, чым учорашні, ды і шыльды на ім не было. Іншым, ніжэйшым быў і ганак.
    - Куды гэта мяне прывезьлі? - падумаў ён уголас.
    Гуляеў, усьміхнуўшыся шырока, растлумачыў:
    - Да гаспадзіна спраўніка дадому! Земска суд згарэла!
    - Як згарэла?
    - Агнём згарэла!
    - Калі?
    - Ноччу! “Вось гэта навіна” - з нейкай трывогай падумаў Зямля, падымаючыся па прыступках. Праз тамбур, завалены дровамі, увайшлі ў пакой, беспарадкава і цесна застаўлены сталамі. Частка іх была прыкметна абгарэлаю; у пакоі стаяў пах паленага дрэва. У канцы праходу Зямля ўбачыў Паўлоўскага; за сьпінай таго кірпаты хлапчук выглядваў з прачыненых дзьвярэй.
    - Падыдзіце сюды, Зямля! - паклікаў пакутніцкім голасам спраўнік. Зямля, як скрозь строй, прайшоў пад позіркамі канцылярыстаў, што змрочна глядзелі на яго справа і зьлева.
    - Не будзем траціць часу. Дзень кароткі, а ехаць вам усё ж такі не вярсту. Вы накіроўваецеся ў Нерукцейскі насьлег Усходне-Кангаласкага ўлуса. Сам ён не так далёка, але спачатку вас даставяць ва ўлус, а ўправа далей за ваш насьлег. Зразумела?
    - Зразумела.
    - Ну што ж, у дарогу. Далей вас павязуць бясплатна. Калі хто і запатрабуе грошай, адказвайце, што едзеце за кошт насьлега. Ну, бывайце здаровы. Паводзьце сябе сьціпла і думайце пра занятак. Падшукаць занятак - гэта цяпер галоўнае для ўсіх вас.
    - Ваша высокаблагародзьдзе...
    Спраўнік ускінуў ужо апушчаную галаву, быццам бы іскра надзеі бліснула ў ягоных бясколерных вачах:
    - Вы хочаце зрабіць нейкую заяву?
    - Не тое каб заяву, - замяўся Зямля. Яму было няёмка нагадваць Паўлоўскаму абяцаньне, пра якое той, як прыстойны чалавек, павінен бы памятаць і сам.
    - Ну-ну... Не саромейцеся! Вы, відавочна, зноў наконт турэмнай бальніцы? Вы хочаце прад’явіць больш важкія падставы служыць там, чым простае ваша жаданьне?
    “Ён мяне западозрыў, - маланкава зразумеў Зямля. - Ён западозрыў, што я не той, кім лічуся, і вельмі хоча, каб я выдаў сябе яшчэ больш. Навошта гэта яму? Якая радасьць?”
    - Няма ў мяне важкіх падстаў, ваша высокаблагародзьдзе. Я пра гэта ўжо і думаць забыўся.
    - То што ж тады? - расчаравана адкінуўся на сьпінку крэсла Паўлоўскі.
    - Я наконт адзеньня... Цёплага, ваша высокаблагародзьдзе.
    - А! На жаль. Згарэла. Усё згарэла. На чатырыста восемдзесят рублёў. На жаль! Нічым не магу дапамагчы.
    - Як жа я буду...
    - Нічога! Даберацеся. Даехалі ж вы да Якуцка. А тут зусім недалёка. А ў насьлегу купіце што-небудзь.
    - Грошай не маю, ваша высокаблагародзьдзе. Учора вам апошняе аддаў.
    - Заробіце. Абы дабрацца - там жыць можна... А па дарозе вас будзе грэць вось гэтая асоба.
    Паўлоўскі са значэньнем хехекнуў. Зямля пазірнуў туды, куды ён паказваў. Ля акна, схіліўшы галаву, і ўгнуўшы плечы, сядзела маладая жанчына ў расшпіленым футры. Твару яе Зямля разгледзець не мог, бо сьвятло сьвечак, што гарэлі на стале Паўлоўскага, яе амаль не дасягала, і што маладая, Зямля вывеў толькі з той сарамяжлівасьці, з якой трымалася “асоба”.
    - Але не вельмі да яе прыціскайцеся, - прадоўжыў свой “жарт” спраўнік. - Гэта асоба можа вам і настрой сапсаваць. Дачка Манчары - не парыская грызэтка. Майце на ўвазе: аднаго яна ўжо забіла. Глядзіце, каб не стаць вам другім...
    Канцылярысты ўгодліва зарагаталі. Дзяўчына яшчэ ніжэй схіліла галаву, хаваючы твар. У Зямлі спачувальна сьціснулася сэрца. “Забіла? - мільганула ў яго галаве. - Што гэта: дурны жарт? ці праўда? Ці палова праўды? Проста так, без віны у суд не трапляюць. А калі і трапляюць, трымаюцца хоць крыху смялей...”
    - Як жа вы з ёй дамаўляцца будзеце? Вы ж па-якуцку яшчэ ніводнага слова? Хочаце ведаць, як гучыць “я вас кахаю”?
    Рогат вакол мацнеў.
    - Навошта, ваша высокаблагародзьдзе? - абрэзаць спраўніка, скончыць зьдзек Зямля не мог.
    - А што ж, вы думаеце, калі якутка, то ёй і ласкавае слова не патрэбна? Вось, калі ласка: “Мін эйгін тыптыбын”.
    - “Мін эйгін тыптыбын”? Што гэта? - паўтарыў Зямля, гледзячы на дзяўчыну.
    Пры гуках роднай мовы тая ўздрыгнула і кінула хуткі позірк на Зямлю.
    - Гэта ваша прызнаньне... А дарэчы. Наш вядомы знаўца якуцкай мовы, пісар Аверанскі спэцыяльна для пісьменных ссыльных падрыхтаваў кішэнны слоўнічак. На жаль, застаўся толькі адзін экзэмпляр: рэштка згарэла ў тыпаграфіі. Тыпаграфія ж у нас была пад адным дахам з судом. Дык вось, Зямля: калі чытаць умееце, я вам, бадай што, дам гэты апошні экзэмпляр. Пісьменны вы?
    “Ён мяне ловіць... - зразумеў Зямля. - Ён жа ўчора бачыў, што я чытаў “Правілы”, а робіць выгляд, што не памятае таго. Правярае, ці скарыстаю яго “дрэнную памяць”, каб замясьці сьляды...”
    - Чытаю я дрэнна, ваша высокаблагародзьдзе, - сказаў ён, - але друкаваны тэкст зразумею. Дайце мне слоўнічак, прашу пакорна, з ім мне будзе лягчэй сярод людзей, якія не ведаюць па-руску.
    - У тым і справа, галубок, што экзэмпляр гэты не друкаваны. Ці разьбераце?
    - Хацелася б зазірнуць, ваша высокаблагародзьдзе. Будзе шкада, калі вазьму, ды не змагу карыстацца.
    - Калі ласка.
    Паўлоўскі падаў невялічкую кніжачку ў кардонным пераплёце. Зямля адгарнуў вокладку і на першай старонцы прачытаў:
                                                                      СЛОВЫ
                                                                     Дай - агал
                                                                     Ежа - сіэ
                                                                     Вада - уу.
                                                                     Хацець - багар.
                                                                     Спаць – утуй.
                                                                       ВЫРАЗЫ
                                                          Дай паесьці - сіэнэ агал.
                                                          Дай вады - ууну агал.
                                                          Хачу спаць - утуёхпун багарабын
    “Якая чужая мова, - з адчаем падумаў Зямля. - Такую без аніякага дапаможніка, нават без гэткага слоўнічка не адолееш... А почырк такі мудрагелісты, сапраўдны пісарскі. Што ж рабіць? Выдаць сябе з галавой дзеля гэтай сотні слоў? А можа, я перабольшваю і ў спраўніка зусім няма намеру падлавіць?”
    - Цяжка чытаць, ваша высокаблагародзьдзе, - нарэшце сказаў ён. – Але здаецца мне, без падарунка гаспадзіна Аверынскага будзе яшчэ цяжэй.
    - Ну што ж! Пакіньце сабе, - неяк пасьвятлеў твар спраўніка. А дзе вы навучыліся чытаць? І па-руску добра гаворыце. Без аніякіх хібаў. Пану Шалевічу, хоць ён і дваранін і чалавек, мусібыць, адукаваны, далёка ў гэтым сэнсе да вас.
    - Турма навучыла, ваша высокаблагародзьдзе.
    - Ну-ну... Тады скажыце ёй дзякуй. А ссылка навучыць вас яшчэ адной мове. Пашанцавала вам, Зямля... Так і былі б непісьменным, каб вас не сцапалі.
    У апошніх словах Паўлоўскага прагучала несумненная іронія.
    - З богам!
    Спраўнік кіўнуў галавой Зямлі і дзяўчыне, даючы зразумець, што болей не затрымлівае. Гуляеў, што адразу ж, як з’явіўся, сьмірна адышоўся да акна, ад спраўніцкіх воч, штосьці напаўголаса сказаў па-якуцку; дзяўчына ўстала, гледзячы ў падлогу, зашпіліла футра, нацягнула на хустку шапку і завязала шалікам рот, так што ад яе твару засталіся адны вочы, і асьцярожна сунулася між сталоў да выйсьця. Пакуль сядзела, згорбіўшыся, яна здавалася Зямлі маленькай, як падлетак, Але вось яна нячутна прайшла міма, і вочы яе праплылі бадай што на вышыні вачэй Зямлі - а Зямля бы ў не з недаросткаў.
                                                                                 *
    Зямля, рушыў за ёю, не сказаўшы ні слова на разьвітаньне Паўлоўскаму і нават не азірнуўшыся на яго. Шапку і то апрануў ужо на ганку, нібы баяўся, што за той час, які спатрэбіцца на гэта, яна зьнікне, і болей яе не пабачыць. Гэта было, як удар, памутненьне розуму, а што выклікала яго - Зямля не разумеў, бо не мог жа такое зрабіць з ім рост гэтай дзяўчыны.
    Ён не зьбіраўся яе выпярэджваць, але падскочыў Гуляеў і першага падсадзіў яго, і накрыў ногі шкурай. Дзяўчына нясьмела апусьцілася побач, адвярнуўшыся ад Зямлі. Ногі свае ў абутку з футра яна паклала паўзьверх шкуры. Гуляеў сьвіснуў і паімчаўся на сваім, даволі жвавым коніку; фурман крыкнуў штось па-якуцку - відаць, коням - і скочыў на козлы. Пачаўся апошні, як думаў Зямля, этап на яго бясконцым шляху ў нябыт.
    Сані беглі ўздоўж выбеленых шэраньню, як вапнай, платоў са сьлядамі нечуванай страляніны. Пачалося пахмурнае раньне, але на вуліцах прахожых было мала; зрэдку рыпелі дзьверы, без ахвоты гаўкалі сабакі. Потым платы скончыліся, перад запрэжкай распасьцерлася шырокая нізіна з рэдкімі ланцугамі кустоў на ёй. Фурман саскочыў і, прытрымліваючы перадок, асьцярожна зьвёў коней з адхону. Зямля, каб не ссунуцца, ўперад, моцна схапіўся за край правай рукой. Тое ж самае ён зрабіў бы і левай, каб не дзяўчына, якую пры гэтым прыйшлося б абняць.
    Дзіўна: цяпер, калі яна сядзела так блізка, толькі што адвярнуўшыся, яна ўжо не працінала яго наскрозь, як тады, калі ўсяго прайшла міма. Яго раздражняла нават, што яна вось так цураецца яго, глядзіць убок, мерзьне, але не кладзе ногі пад шкуру, каб не сустрэцца там з яго нагамі. Ён разумеў, што раздражненьне яго несправядлівае, што гэта не грэблівасьць, а сарамлівасьць, але нічога не мог зрабіць з сабой. Адзіны сродак быў вярнуць спакой: заняць галаву, думаць, пра іншае.
    Вось; напрыклад, пра коней. Якія яны непадобныя да тых, што ў Расеі і нават ў Сыбіры - болей паўднёвай Нізенькія, каратканогія, але цягавітыя. А галоўнае - поўсьць. Сапраўднае футра! Вось яна, прыстасаванасьць жывога да любых умоў. Дарэчы, а шкура, што на нагах - ці не конская яна? Здаецца, так. Шкада, да коней далекавата - не памацаеш. Такімі ж шкурамі быў абкладзены і вазок, у якім з Шалевічам ехалі ад апошняй станцыі. Спраўнік потым: ямшчык сказаў - кібітка ў вас ваўчыная, таму нібыта Паўлоўскі і не турбаваўся, што яны на марозе сядзяць... Выходзіць, ваўчыная шкура ўсё-ж цяплейшая. Воўк спрадвек тут жыве, прыстасаваўся цалкам, а коней людзі, можа, прыгналі...
    Але разважаньні пра конскія шкуры не дапамаглі Зямлі забыць пра загадкавую спадарожніцу, што сядзела побач. Ява сядзела, як верабей, што за зярняткам падлятае да самых ног чалавека, але ў кожнае імгненьне гатовы пырхнуць. А тым часам ногі яе, безумоўна, мерзьлі, бо якім бы цёплым ні быў абутак, яны, не захутаны ў нішто, нерухомыя, не маглі не мерзнуць.
    “Гэта Паўлоўскі, - упэўніўся Зямля. - Ягоны язык. Нішто сабе жарты пры дзяўчыне! Выходзіць, калі яна якутка, то з ёю можна абыходзіцца без цырымоніі? Так лічыць і так рабіць - сапраўднае хамства”.
    Ён пастараўся меней рухацца, каб не назаляць спадарожніцы і ўрэшце забыў пра яе. Цяпер ён думаў пра Паўлоўскага.
    “Незразумелы чалавек! Параўнаць хаця б, як паводзіў сябе учора і сёньня. Учора - проста як бацька родны: і карміў, і паіў, і раздаваў парады... А сёньня? Чаму так хацелася яму злавіць мяне? І адносіны. Сухія, казённыя... Сапраўдныя спраўніцкія. А дурныя, зьневажальныя жарты! Быццам за ноч здарылася нешта такое, што чалавека, яр сурдут, вывернула левым бокам.”
    Тут Зямля ўспомніў, што для спраўніка і на самой справе адбылося вельмі непрыемнае здарэньне: згарэў суд. Згарэў, магчыма, і па яго віне, бо калі Зямлю і Шалевіча павялі ў астрог, у судзе, апрача Паўлоўскага, не заставалася нікога. Нездарма, відаць, спраўнік разьмясьціў на час свой суд ва ўласным доме, а не дзе-небудзь: не без граху! Трэба неяк апраўдвацца перад начальствам... Чым жа? А вось чым: добра было б сярод ссыльных, што прыбываюць, выкрыць такога злачынцу, за якога б яму даравалі і гэты пажар, і будучыя, ды і ці мала якія яшчэ правінкі...
    Да пажару, учора, Паўлоўскі і не спытаў, ці ўмее чытаць Зямля, калі працягнуў яму “Правілы”. А Зямля ж у сялянскім зіпуне, ды і ў артыкульным сьпісе: з сялян. Тое спраўнік памятаў добра, нагадаў нат калі радзіў араць.
    Сёньня ж... Ну што ж, падазрэньні яго так і застануцца падазрэньнямі, калі не выдаць сябе нічым болей. Сядзець, як мыш, у насьлегу, каб да спраўніцкіх вушэй не дакончвалася ніякіх чутак. Сядзець, як мыш... Ніякім чынам не паказваць, што маеш адносіны да мэдыцыны. А Сакольскі? Скажа спраўніку ці не скажа? Скажа - задача сьледзтва спрасьціцца, вельмі спрасьціцца. Хаця Зямля і не сказаў, дзе вучыўся, хаця ў акадэміі значыўся і пад іншым прозьвішчам - мала, занадта мала ў Расіі вышэйшых навучальных устаноў, дзе робяцца дактарамі.
    Сядзець, як мыш. Не варушыцца... Як гэта халодна - не варушыцца на марозе.
    Няўжо ён такі страшны, што побач я ім нельга сядзець іначай, як напяўшыся, бы струна? Зямля паспрабаваў уявіць свой твар, які не бачыў у люстэрку з тыдзень. Галіцца ў дарозе ўдавалася рэдка, а акрамя галеньня, люстэркам Зямля не карыстаўся. Ён зьняў пашарпаную рукавіцу, пакратаў падбародзьдзе - шчэць была як быццам не тыднёвая, а значна большая – няўжо і ў яго, як у якуцкіх коней, узмацніўся рост валасоў? Выпадкова даткнуўшыся марлі, што спаўзала з-пад шапкі ва вочы, Зямля ўспомніў, што на ілбе яго павязка - можа, нат, у крывавых плямах, і ўсьміхнуўся: “Відовішча, трэба прызнаць, не надта прыемнае. Так што крыўдзіцца не выпадае”.
    Раптам сані рэзка нахіліліся. Зямля схамянуўся і ўбачыў, што яны зьяжджаюць наўкос па даволі крутым і няроўным схіле. Сані перакульваліся, гэта было ясна. Яшчэ імгненьне, і дзяўчына, што сядзіць так нязручна, амаль зваліцца на абледзянелы адхон. Тады, адкінуўшы далікатнасьць, Зямля абхапіў яе левай рукой, прыціснуў да сябе, і правым локцем утрымаўшыся на санях, перакінуў цяжар свайго цела на самы край. Сані некалькі сажняў ехалі на адным полазе; коні заіржалі, фурман саскочыў і таксама ўчапіўся ў правы край перадка. Добра, што дзеўчына не баранілася: неверагодным высілкам, адной левай рукой Зямля здолеў падняць яе на сябе. Толькі тады, пад цяжарам двух целаў правы край саней апусьціўся і полаз паткнуўся адхону. Тут адхон скончыўся, сані выраўнаваліся, палазы засьлізгацелі па лёдзе некуды ўбок. Фурман з крыкам спыніў коней, спыніліся і сані. Зямля адпусьціў спадарожніцу і асьцярожна выцягнуў з-пад яе замлелую ад напружаньня руку.
    Вярнуўся Гуляеў, перамовіўся з фурманам, зноў паскакаў наперад. Відаць, не стаялася яму на месцы. Рушылі і сані. Цяпер перад імі слалася адна белая роўнядзь без аніякіх плям. Зямля зразумеў, што гэта выбраліся ва галоўнае рэчышча Лены.
    “Якая пачварная рака! - падумаў ён. - Колькі ехалі з Шалевічам па ёй, а да канца далёка. І шырыня... Колькі разоў здавалася - не можа быць шырэйшага месца, а вось - глядзі... Ці гэта падман зроку? Чым вышэйшыя берагі, тым рака вузейшай здаецца. Яшчэ тры дні назад рака ішла праз сапраўдныя горы. А тут - раўніна. Берагоў і не бачна – нізкія...”
    Уладкаваўшыся ямчэй, ён не ўтрымаўся і выцягнуў шкуру з-пад ног спадарожніцы, і накрыў іх. Яна не зрабіла ніводнага руху. Потым глянуў на я - і зноў працяла яго, як у спраўніка, калі яна прайшла міма, і ён зразумеў, што яго працяла тады і цяпер: вочы.
    Яна сядзела, як і раней, не датыкаючыся яго, але не адвярнуўшыся - наадварот, не міргаючы белымі ад шэрані вейкамі, яна ўважліва, з насьцярогай глядзела на яго. Зямля адвёў позірк, але невытлумачальная сіла прымусіла яго павярнуць галаву назад.
    Ён глядзеў у вочы і разглядваў іх, нібыта гэта былі не вузкія проразі ў скуры твару, а бяскрайнія лугі, палі ці горныя даліны. Зрэшты, не такімі і вузкімі былі яны: калі ўладальніца іх міжволі іх пашырала, вакол райкоў, як вакол сонца падчас зацьменьня, успыхвалі белыя кольцы, не тое, што ў буратаў, на якіх Зямля пасьпеў нагледзецца, калі яго хапалі, вязалі і везьлі ў Іркуцк. Ды і ў Гуляева з вачэй выглядвала толькі, магчыма, палова райкоў - рэштка хавалася пад павекамі.
    Радужная абалонка - так па-вучонаму завецца раёк. Радужная – гэта значыць рознакаляровая, як вясёлка. Радужныя - так сказаць пра райкі дзяўчыны было б неверагоднай недарэчнасьцю. Яны былі такія чорныя, што чарната зрэнкаў зьлівалася з імі, мяжы між зрэнкамі і райкамі немагчыма было ўгадаць, і здавалася, што гэтыя кругі-калодзежы - толькі зрэнкі, суцэльныя зрэнкі, таму і цягнулі яны да сябе незвычайнай сваёю агромістасьцю, не адпускалі вочы Зямлі.
    Белая шапка, глыбока насунутая на лоб; белы футровы шалік, што закрываў твар зьнізу ледзь не да ніжніх веек; сьнег за тварам аж да гарызонту - нічога, нічога не бачыў Зямля, апрача гэтых неверагодных зрэнкаў. Яны то аддаляліся на шмат вёрст, да берагавога асьнежанага кустоўя, то набліжаліся зноў, на адлегласьць выцягнутай рукі. Што гэта было: аптычны падман ці можа сама яна то набліжалася ў думках да яго ці адчуджана вярталася ў сваё жыцьцё, такое далёкае для Зямлі? Але вось загадка: у якую далечыню яны ні адступалі, не рабіліся меней і тая сіла, з якой трымалі Зямлю, не слабла.
    Так між іх вачмі мацавалася сувязь, нібыта нябачны чаўнок снаваў між імі, ткучы непарыўную срэбную тканіну. І Зямлі пачало здавацца, што ён разумее кожны выраз яе твару, хоць і самога твару і не бачыў і нават не уяўляў, вузкі ён, ці шырокі, бледны або ружовы, урэшце, прыгожы ці не. Ні вуснаў не бачыў, ні лба, а трэба ж - бачыў: яна ўсьміхаецца; бачыў: моршчыць чало... Вось яна ссунула роўныя бровы /правую разрывала белая плямка, нібыта сьлед ад ранкі/, запытальна зірнула ў душу: хто ты, чалавек? Чаго ад цябе чакаць? Вось вялізныя зрэнкі пайшлі ўгору - з сумам падумала пра сваё... Рэзка міргнула раз і другі, адганяючы непрыемныя згадкі...
    Колькі цягнулася гэта - гадзіну ці болей - потым Зямля не змог бы сказаць, увесь гэты час праляцеў для яго як адна мінута. Іначай і быць не магло, бо Зямля, як прыстойны чалавек, не стаў бы глядзець у вочы незнаёмай дзяўчыне больш за мінуту.
    - Дзе начавала? У турме? Не бачыла там цябе, - пачулася аднекуль зьверху і збоку.
    Зямля ўздрыгануў, глянуў туды - гэта Гуляеў, можа, засумаваўшы ў адзіноце, даў саням дагнаць сябе.
    - Сох, - тоненька адказала дзяўчына, не павярнуўшыся да казака, што ехаў з яе боку саней.
    “Сох”? Зноў “сох”! Але тут не “усох”. Як гаварыў Гуляеў? “Туман сох”. “Няма туману”. “Не начавала ў турме”, - здагадаўся Зямля, з вялікай палёгкаю ад таго, што чуў гэту чужую мову і нават сам, самастойна можа яе зразумець.
    - Дзе ж начаваў? - працягваў роспыт Гуляеў.
    Што адказала двума словамі дзяўчына - Зямля не зразумеў.
    - Колькі год цябе цягаюць? Дзесяць? -
    Дзяўчына кіўнула ледзь прыкметна і сказала з уздыхам:
    - Уон.
    “Уон - Дзесяць? Падобна... А можа і што-небудзь іншае. Напрыклад, так...” – адзначыў Зямля, напружана прыслухоўваючыся да размовы.
    - А гэты раз... Чаго яшчэ? Справа ж вырашана? Даўно?
    Дзяўчына адказала болей працяглым сказам, чым раней, і трохі сярдзіта.
    - Бачыла, як яна, - засьмяяўся казак, падміргнуўшы Зямлі. - Кажа, так заганарылася, што ўжо па-якуцку талкуй развучылася... - Ды калі я з кожным якутам па-якуцку талкуй буду, па-руску ніколі не навучылася! Не разумее.
    Тым не менш, наступнае свае пытаньне ён задаў па-якуцку. Але дзяўчына мусібыць, помсьцячы, гэтым разам азвалася па-руску:
    - А што ёй зробіцца? Піліп Парадзін не Багылайка Гуляеў, мае і кароў і коней... Жывуць, перакідваючыся кавалкамі сала...
    Усю гэтую, дастаткова доўгую фразу яна сказала без адзінай памылкі, што ашаломіла Зямлю. А ў яго зацеплілася было надзея, што яна не магла зразумець спраўніцкіх “жартаў”!
    Адказ дзяўчыны, відаць, не спадабаўся казаку: ён ударыў каня па баках нагамі і паімчаўся. Але кароткая гутарка з ім, відаць, азмрочыла спадарожніцу Зямлі. Яна не адвярнулася, не, яна толькі заплюшчыла вочы, як стамілася; гэта вызваліла Зямлю, цяпер ён мог глядзець, куды хацеў, ды чамусьці тое не ўзрадавала Зямлю, не. Ён абыякава зірнуў на густое кустоўе, што імкліва набліжалася, і зноў упіўся вачмі ў яе апушчаныя павекі, з трывожнай асалодай чакаючы, калі яны падымуцца. Раптам сані спыніліся, побач вырас Гуляеў.
    - Ну, даехала, - раздражнёна кінуў дзяўчыне. - Недалёка, дойдзеш. Сем вярста ўсяго. Да ўправа трэба. Сьпяшацца трэба.
    Яна без слова паднялася, зьвесіла ногі з саней, устала. Фурман хвастануў коней - тыя ірванулі, і спадарожніца Зямлі перастала быць спадарожніцай, яна зьнікла. А Зямля занадта позна зразумеў, што адбываецца: пакуль выблытаў ногі са шкуры, падхапіўся, пакуль павярнуўся назад - ява была ўжо сажняў за дзесяць, на такой адлегласьці Зямля вочы ўбачыць не мог, хай яны нават былі б большымі ўтрая.
                                                                               *
    Яе не стала побач, і Зямлю агарнуў холад, быццам і праўда грэла яна як насьміхаўся спраўнік. Насьміхаўся - а выходзіць, і праўда грэла, не целам сваім, а позіркам грэла, хаця калела сама. Бацьку яе трымалі на ланцугу; саму цягаюць дзесяць год, кінулі пасярод сьнягоў, не давёзшы да дому аж сем вёрст - за што? Што хаваецца за гэтым? Мог ён спытаць ці не? Не - ён жа не ведаў, што яна гаворыць па-руску... А каб ведаў? І тады б не змог... Бо адняло мову - і ўвогуле не патрабавалася слоў, калі размаўлялі вочы.
    Як раптоўна усё ж скончылася гэта размова! Ці надарыцца шчасьце дзе-небудзь прадоўжыць яе? Наўрад... Ён жа едзе не туды, куды хоча. А прыедзе - з “насьлегу” нейкага не выходзіць, сядзі... Хто яму дасьць шукаць? Ды і дзе яе шукаць? Ды і знойдзеш - не пазнаеш, бо не згадаеш ніводнай рысы. Адны вочы... Але і іх пазнаеш толькі тады, калі яна на цябе пазірне, калі захоча зірнуць.
    Холад, холад! Як у пачварным сьне на апошняй станцыі. Холад, Холад! Цяплей не рабілася і тады, калі спынілася на абед у нейкай прыдарожнай халупе, калі яго паклалі ў іншай начаваць. Назаўтра яго паказалі нейкаму тоўстаму якуту з мэдалямі на шыі і корцікам на пасе; потым павезьлі далей. Гуляеў некуды зьнік. Потым яго паказвалі яшчэ аднаму тоўстаму якуту і пасьля гэтага зьнік чалавек, які суправаджаў яго ад першага тоўстага да другога. Нічога ён ужо не заўважаў, нічога не заставалася ў памяці; ён ведаў толькі адно - курчыцца ў санях, зьвязвацца ў вузел, каб не так хутка трацілася цяпло, што здабывалася з яго тканак. Яму здавалася, што ён выпараецца, ён зьнікае, а яго везьлі і везьлі, і гэтаму не было канца...

        ПОШУК
    Якуцкае Абласное праўленьне
                Аддзяленьне І
                      Стол І
         1866 года сьнежня 26 дня
                                                                 У Якуцкі Земскі Суд
                                                               Г. Земскаму Спраўніку
    З нагоды пажару, што меў месца ў будынку даручанага Вашаму Высокаблагародзьдзю Суда прашу данесьці, з якой менавіта прычыны адбыўся памянёны пажар і які ўрон быў нанесены казённаму адзеньню, што было перададзена ў Суд для раздачы палітычным злачынцам.
    Грамадзянскі губэрнатар Лахвіцкі.

     Якуцкага Земскага Спраўніка
                Данясеньне.
        1866 года сьнежня 26 дня
                                                    Яго Правасхадзіцельству Апалёну Давыдавічу
    Маю гонар данесьці на справядлівы разгляд Вашага Правасхадзіцельства, што пажар у Земскім Судзе, што адбыўся 25 дня сьнежня г. г., адбыўся з невядомых прычын і пайшоў з абласной тыпаграфіі, што разьмяшчалася з Судом пад адным дахам і таксама згарэла; а ўрон казённаму адзеньню, нарыхтаванаму для палітычных злачынцаў, нанесены на суму 390 рублёў 48 капеек, г. зн. згарэла цалкам.
    Прашу найпакорна Ваша Высокаблагародзьдзе прыняць меры да спагнаньня кошту казённага адзеньня з Абласной Тыпаграфіі, якая адна вінавата ў прычыне пажару.
    Спраўнік Паўлоўскі.

    Якуцкае абласное праўленьне
        1866 года сьнежня 26 дня
                                                            Г. Якуцкаму Земскаму Спраўніку
     На сьцьвярджэньне Вашага Высокаблагародзьдзя, што прычыны пажару ў даручаным Вам Судзе невядомы, і пажар нібыта пайшоў з абласной тыпаграфіі, павінен Вашаму Высокаблагародзьдзю нагадаць той несумненны факт, што абласная тыпаграфія была зачынена ўжо тыдзень з-за нястачы паперы, а ў памяшканьні Суда вечарам 25 сьнежня Ваша Высокаблагародзьдзе да познага вялі фамільярную гутарку з палітычнымі злачынцамі Шалевічам і Зямлёю. Таму, зьвяртаючы Вашу ўвагу на недапушчальнасьць падобных гутарак, настойліва прашу паведаміць пра сапраўдныя прычыны пажару, а таксама і пра тое, хто менавіта адказны за зьнішчэньне казённага адзеньня на суму 390 рублёў 48 капеек.
    Грамадзянскі губэрнатар Лахвіцкі.

                                                                                                                                               Сакрэтна
    Якуцкага Земскага Спраўніка
                 Данясеньне
    1866 года сьнежня 26 дня
                                                  Яго Правасхадзіцельству Апалёну Давыдавічу
    На сумненьні, выказаныя Вашым Правасхадзіцельствам адносна пажару ў Судзе павінен засьведчыць, што хоць і не было паперы ў абласной тыпаграфіі, але штосьці там рабілася, бо з майго кабінэта праз сьцяну добра была чуваць нейкая дзейнасьць. Што ж датычыць маёй, як заўважана Вашым Правасхадзіцельствам, фамільярнай гутаркі з палітычнымі злачынцамі Шалевічам і Зямлёю, то такія гутаркі рэкамэндуюцца цыркулярам Часовага Упраўленьня пры Генэрал-Губэрнатары Ўсходняй Сыбіры для нагляду за палітычнымі ссыльнымі ад 15 верасьня г. г. для выкрыцьця думак і шкодных намераў названых ссыльных, у выніку гутаркі 25 сьнежня з Шалевічам і Зямлёю закралася падазрэньне, што Зямля не той, за каго сябе выдае і, магчыма, зьяўляецца больш важным злачынцам, чым пазначана ў артыкульным сьпісе. Для праверкі сказанага падазрэньня Ўсходне-Кангаласкай іншароднай управе даручана весьці за палітычным злачынцам Зямлёю пільны нагляд.
    Спраўнік Паўлоўскі.

                                                                                                                                  Строга сакрэтна
                  Якуцкі Земскі Суд
             1866 года сьнежня 26 дня
    Усходне-Кангаласкай Інароднай Управе
                                                                         Галаве Лепчыкаву
    Адпраўляючы ў ведамства названай Управы прызначанага на пражыцьцё ў Нерукцейскім наслегу Ўсходне-Кангаласкага ўлуса палітычнага злачынцу Зямлю, даю ведаць табе, галава Лепчыкаў, што за гэтым палітычным злачынцам ты абавязан, за межы насьлега без ведама Суда строга не выпускаючы, наладзіць самы пільны нагляд і апрача агульных сьпісаў на ссыльных, што штомесяц у Суд падаюцца, аб гэтым злачынцы данасіць усё, што будзе заўважана падазронага, а асабліва, калі паспрабуе вучыць дзяцей або лячыць ад хвароб, што палітычным злачынцам безумоўна забараняецца, і пра падобныя выпадкі даносіць тут жа. За невыкананьне ж распараджэньня гэтага адказваць будзеш ты ў парадку судовым.
    Спраўнік Паўлоўскі.

                                                                                                                            Абсалютна сакрэтна
    Усходне-Кангалаская Іншародная Управа
                  1866 года сьнежня 27 дня
         Нерукцейскаму радавому ўпраўленьню
                                                        Старасьце насьлежнаму Пятрову
    Перасылаючы ў ведамства тваё важнага палітычнага злачынцу Зямлю, паведамляю, што па словах Якуцкага Земскага Спраўніка і Кавалера Аляксандра Пятровіча, павінен ты, стараста Пятроў, за гэтым Зямлёю, за межы насьлега без ведама Суда і Управы строга не выпускаючы, наладзіць самы пільны нагляд і апрача штомесячных зьвестак, даносіць пра ўсё выпадкі спробы ім вучыць дзяцей і лячыць хваробы, што палітычным злачынцам безумоўна забараняецца, і пра тое даносіць тут жа.
    За невыкананьне распараджэньня гэтага Якуцкага Земскага Спраўніка і Кавалера адказваць будзеш у парадку судовым.
    Галава Піліп Іванаў Лепчыкаў.

                                                                                                                         Надзвычай сакрэтна
    Нерукцейскае радавое упраўленьне
          1866 года сьнежня 27 дня
                                                              Старшыне Дардыйскага роду,
                                                                   малому князю Нікіфараву
    Перасылаючы ў ведамства тваё надзвычай важнага палітычнага злачынцу, Зямлёю званага, даводжу да ведама твайго словы Спраўніка і Кавалера, пераказаныя Галавою, што сачыць за ім, за межы насьлега без ведама Суда строга не выпускаючы, павінен ты пільна і апрача штомесячных данясеньняў пра паводзіны яго, сачыць і за тым, каб злачынца Зямля не вучыў дзяцей і не лячыў хваробы, што палітычным злачынцам безумоўна забараняецца, а пра такія паводзіны даносіць тут жа, іначай адказваць ты будзеш у парадку судовым.
    Стараста Нерукцейскага роду,
    вялікі князь Пятроў Петр Пятровіч.

                                                               РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЁРТЫ
    І калі Зямля хацеў ужо сказаць, што далей нікуды не паедзе бо не можа, яму сказалі раптам, што далей яго не павязуць, ён застанецца тут. Але холад не адпусьціў Зямлю, як ні гарнуўся ён да камінка, што палаў пасярод хаты. І Зямля зразумеў: не, не проста перамёрз, ён хворы.

                                                                              Расьпіска
    14. VII
    Даю расьпіску гэтую ў тым, што мною, старшыной іншародным, старшыной Дардыйскага роду Нікіфаравым Ванем Іванавічам, пад нагляд і адказнасьць прыняты асабліва важны злачынца, Зямлёю званы, і абавязваюся даваць аб ім штомесячна зьвесткі штомесячныя і неадкладна надзвычайныя, як толькі будуць.
    За непісьменнага Ваню Нікіфарава па яго асабістай просьбе расьпісаўся і пячаць яго апісаў нерукцейскі пісар насьлежны Ягор Ягораў.
    1866 года сьнежня 28 дня.

    Так, ён быў хворы, вельмі хворы, што яго зусім не цікавіла, куды трапіў і што за людзі мітусяцца вакол. Не хацелася ні есьці, ні піць; прагнулася аднаго – легчы, легчы, куды трапіцца, і падумаць як сьлед, на што хворы.
    - Утуёхпун быгарабын, - прыгадаў ён і сказаў патрэбныя словы.
    Гучна ён сказаць не мог – не хапала дыханьня, але яго пачулі адразу. Іначай, мусіць, і быць не магло, бо ўсе, здаецца, вочы і вушы ў хаце былі скірованы на яго. Тое, што першыя ж словы, пачутыя ад яго, аказаліся якуцкімі, відавочна уразіла ўсіх. Падскочыў гаспадар – невысокі, але мажны, гадоў пад сорак. Умільна рассунуўшы вусны ў шырачэзнай усьмешцы – як кажуць, ад вуха да вуха – ён нешта залапатаў, паказваючы на кацёл, што вісеў над агнём камінка. Трэба думаць, ён прапаноўваў Зямлі пачакаць, пакуль не згатуецца вячэра.
    - Утуёхпун быгарабын! – з пакутай паўтарыў Зямля, бо кожны міг, што аддаляў яго ад пасьцелі, здавалася яму, набліжаў да сьмерці. Гаспадар заўсьміхаўся яшчэ шырэй, хоць гэта і было неверагодна. Пры гэтым, штосьці хутка гаворачы, ён энэргічна паказваў на стол, дзе хвіліну назад не было, а цяпер зьявілася пляшка з цёмнага шкла.
    - Утуёхпун быгарабын! –
    “А можа, памяць здраджвае мне і я кажу зусім не тое, што хачу сказаць? Ці кажу ўвогуле бяссэнсіцу? Як жа тады паразумецца з імі?” – з роспаччу думаў Зямля.
    - Спаць, - ціха сказаў ён па-руску, ужо ні навошта не спадзеючыся. Гаспадар пасур’ёзнеў раптам, заківаў – зразумеў, значыць, падумаў Зямля. А чаму б ім і не разумець найпрасьцейшыя рускія словы? Не трэба перабольшваць далёкасьць гэтых людзей, не варта бомкаць на мове, якой не ведаеш, бо незнарок і пакрыўдзіць можаш. Ці ж мала слоў у кожнай мове што гучаць амаль аднолькава, а азначаюць... Замяні ў звычайным “панёс” адно толькі “ё” на “о”, і выйдзе не надта прыстойнае слова. А такія блізкія гукі! Зямля думаў і зьдзіўляўся, як ён можа яшчэ думаць пра гэта, калі так баліць галава.
    Гаспадар адрывіста крыкнуў хатнім, паказваючы ў кут; туды настолькі пасьпешліва, як дазваляў ёй высокі жывот цяжарнай, адправілася жанчына, чымсьці няўлоўна падобная на гаспадара, не тварам – яго ў прыцемку хаты Зямля і не пасьпеў разгледзець, калі яна сьлізганула міма.
    У куце пачулася шамаценьне; потым гаспадар узяў Зямлю пад локаць і з нязьменнай сваёй невымернай усьмешкай павёў яго туды. Аказалася –не ў кут, той быў далей, а гэтае месца здавалася кутом з-за таго, што агонь з камінка яго ўжо амаль не асьвятляў.


                                                                         ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz