niedziela, 27 kwietnia 2014

ЎЎЎ 1. Нэрчана Індзігірская. Цярністы шлях Сяргея Новіка ды Якутыя. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 

    У І-ю Усясьветную вайну (1914-1918) Нясьвіжчына патрапіла ў зону баявых дзеяньняў паміж нямецкімі і расейскімі войскамі. У лютым – сьнежні 1918 г. яна была акупаваная нямецкімі войскамі. 21 лютага 1918 г. выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьціў сябе часовай уладай, а 9 сакавіка 1918 г аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі. У ноч на 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР абвясьціла аб аддзяленьні Беларусі от Расіі і аб стварэньні незалежнай дзяржавы. 10 сьнежня 1918 г. Заходняя армія РСФСР захапіла Менск і разагнала Раду БНР. 1 студзеня 1919 г. у Смаленску была абвешчаная марыянэтачная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у склад якой увайшлі Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская і Менская губэрні ды беларускія паветы Віленскай (без м. Вільні), Ковенскай і Смаленскай (акрамя Вяземскага, Гжацкага, Сычоўскага і Юхноўскага паветаў) губэрняў. У лютым 1919 г. у Вільні, замест БССР, паўстала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая праіснавала вельмі нязначны адрэзак часу. У жніўні 1919 г. Нясьвіжчына была занятая польскімі войскамі, а ў ліпені 1920 г. РСЧА. 31 ліпеня 1920 г. РСФСР была абвешчаная буфэрная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, у межах былой Менскай губэрні (без Рэчыцкага павету, які застаўся ў Гомельскай губерні РСФСР) і беларускіх паветаў Гродзенскай і Віленскай губэрняў. Нясьвіскі павет апынуўся ў складзе Менскай губэрні БССР. У кастрычніку 1920 г. Нясьвіжчына ізноў была захопленая палякамі. 8 кастрычніка 1920 г. Люцыян Жалігоўскі па загаду Ю. Пілсудскага ўзьняў г. зв. “бунт” 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі супраць перадачы Віленскага краю Літве і захапіў Вільню. 12 кастрычніка 1920 г. ім была створаная дзяржава Сярэдняя Літва. У лістападзе 1920 г. у Мазыры генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч абвясьціў “скінутымі” урады ССРБ ды БНР а сябе “начальнікам” незалежнай дзяржавы Беларусь, але 20 лістапада 1920 г. Мазыр захапілі аддзелы Чырвонай Арміі. 18 сакавіка 1921 г. паміж РСФСР, УССР і Польшчай была падпісаная Рыская мірная дамова, згодна якой у складзе Польшчы засталася г. зв. Заходняя Украіна ды Заходняя Беларусь або Крэсы Усходнія. 18 сакавіка 1921 г. быў заснаваны Нясьвіскі павет ў Навагрудзкім ваяводзтве Рэчыпаспалітай Польскі. Дзяржаўная мяжа прайшла побач з вёскаю Лявонавічы. 20 лютага 1922 г. Сярэдняя Літва далучылася да Польшчы.

 


 

    Сяргей Новік нарадзіўся 14 (27) жніўня 1906 года ў вёсцы Лявонавічы Слуцкага павета Менскай губэрні Расійскай імпэрыі /цяпер Нясьвіскі раён Менскай вобласьці Рэспублікі Беларусь/ у сялянскай сям’і.Бацька, Міхаіл Сцяпанавіч, і маці, Еўдакія Пятроўна, былі парабкамі”. /Гарэлік Л. М.  Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 397-398./ “Паходзіць С. М. Новік-Пяюн з сям’і народнага настаўніка з-пад Нясвіжа, з той народнай інтэлігенцыі пачатку нашага стагоддзя, якая несла простым людзям асвету ў вельмі шырокім значэнні, бо мусіла спаўняць абавязкі лекара, агранома, адваката і каго толькі яшчэ”. /Гайдук М.  З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2./ “Ведаеце, я нарадзіўся пад музыку. Маці казала – якраз у храме званілі званы”. /Сыс А.  Дні лятуць... // Чырвоная змена. Мінск. 15 кастрычніка 1986. С. 4./ “Я заўсёды быў чалавекам веруючым. Наша сям’я з уніятаў. У нас і царква ўніяцкая была. Аж з XVII стагоддзя. Потым у 60-я гады яе зруйнавалі апантаныя атэісты”. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./ “Ён і нарадзіўся, калі ў краі нашым беларуса не лічылі за чалавека. З дзяцінства зведаў і холад, і голад. Адзінай уцехай у сям’і была песня. Спявалі і маці, і бацька, і сёстры, і сам ён. Іхняя хата, што на ўскрайку Лявонавічаў, лічылася надзвычай прыветнай. Прыходзілі суседзі, нават людзі з таго канца. І доўгія зімовыя вечары здаваліся не такімі доўгімі, а доля сялянская не такой горкай. Песня абнадзейвала, абуджала ў людскіх сэрцах чалавечую годнасць. Потым - імперыялістычная, за ёю – рэвалюцыя, інтэрвенцыя”. /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я.  Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 446-447./ “У збяднелай сялянскай сям’і”. /Саюз пісьменнікаў Беларусі.  Сяргей Новік–Пяюн. [некралог] // Літаратура і мастацтва. Мінск. 2 верасня. 1994. С. 15./ “Сяргей Новік нарадзіўся ў вельмі таленавітай сям’і. Маці, бацька і сёстры - усе выдатна спявалі, аднавяскоўцы звалі іх “пяюнкамі” /Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2./

 

 

                                                       “ЯК Я СУСТРАКАЎ НОВЫ ГОД

    Штораз танчэйшым рабіўся каляндар. Скончыўся стары год і надышоў новы. Міжвольна ўспамінаюцца дзіцячыя гады, як я калісь сустракаў новы год.

    Вокны вашае хаты Дзед Мароз размаляваў дзівоснымі малюнкамі. Я хукаў на шыбу, каб лёд растаў, і прыглядаўся, ці не ўбачу, яе будзе адыходзіць стары год і прыходзіць Новы год. Я сядзеў ля вакна і ў такім чаканні... засынаў.

    Будзіла мяне маці, кажучы:

    - Уставай, сынок! Ужо Новы год прыйшоў!

    Сяргей Новік-Пяюн”. /Ніва. Беласток. 8 студзеня 1984. С. 10./

    “Слухайце, я ж помню 1918 год: абвяшчэнне БНР... Мы гэтым жылі, мы марылі пра сваю Баларусь. І не толькі ў нашай хаце ўсё было прасякнута беларукім духам”. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./ “Памятаю Беларускую Народную Рэспубліку, пры мне ўсё гэта рабілася. Памятаю, як мой стрыечны брат, настаўнік, скончыўшы вучобу і прыехаўшы ў 1920 г. дадому, ганарыўся: “Я жыву ў Менску!”. Падзеі, якія ў той час адбыліся, дапамаглі сфармаваць беларускую свядомасць цэламу пакаленню, бо тады, у дваццатым годзе, мы ўжо вызваліліся з-пад царскага прыгнёту і яшчэ не былі пад Польшчай. Пакуль ішла вайна паміж пілсудчыкамі ды бальшавікамі, беларусы пачалі будаваць свой дом... Нічога дзіўнага ў тым няма: яшчэ на пачатку дваццатых гадоў у нашай хаце вісеў бел-чырвона-белы сцяг, фотаздымкі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Хай мы былі і звычайныя вяскоўцы, але памятаю з дзяцінства, як мой бацька, з кім бы ён ні гаварыў – з палякам украінцам ці нават эстонцам. заўсёды падкрэсліваў: мы – беларусы.”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Мой шчаслівы дзень. //Спадчына. Менск. 1992. С. 2-4./

    Пачула я аповяд і пра Балаховіча, які ў беларускай рубашцы хадзіў па Нясвіжы і заахвочваў уступаць у беларускае войска, і пра іншых беларускіх дзеячаў. Жывое апавяданне прыблізіла тады мне многіх беларусаў і іх цяжкае жыццё толькі таму, што былі яны вернымі сынамі бацькаўшчыны”. /Глагоўская Л.  Сяргей Новік-Пяюн і “Песні з-за кратаў” // Ніва. Беласток. 2 кастрычніка 1994. С. 8./ “У Нясвіжы быў на выступленні Булан-Балаховіча. Ён прыязджаў пад час Слуцкага паўстання. На Рыначнай плошчы, хаця і не ў базарны дзень, сабралася нямала народу. Булан быў апрануты пад Каліноўскага: у світцы, падперазаны поясам, у ботах, у халявы якіх запраўлены штаны, у папасе. Гаварыў звонкім голасам, азартна. У яго армію запісаліся многія, у тым ліку і вучні настаўніцкай семінарыі”. /Дзелянкоўскі М.  Сяргей Новік-Пяюн: “Ды я і цяпер нібы ў камеры-адзіночцы, толькі што на вокнах няма кратаў...” // Народная воля. № 65. Ліпень. Мінск. 1996. С. 6./ Давялося Сяргею Новіку бачыць і Пілсудскага.

   Неўзабавепадлетак падаецца ў Нясвіж - у настаўніцкую гімназію (1918-1924)”. /Жуковіч В.  Жывая легенда. // Пралеска. № 8. Мінск. 1996. С. 40./

    Зараз, праз многія дзесяцігоддзі, цяжка рэканструіраваць усю атмасферу тых гадоў, у якія вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн, ці тады яшчэ - юны Сяргей Новік (Пяюн ужо як псеўданім прыйдзе да маладога чалавека пазней). Па-першае, давайце ўзгадаем, якім быў для Беларусі і, вядома ж, для Нясвіжчыны, для старажытнага беларускага горада гэты няўрымслівы, неспакойны час. Ішла грамадзянская вайна. Услед за першым усплескам Савецкай улады прыйшла нямецкая акупацыя. Пасля - ізноў Савецкая ўлада. Былі і спробы стварэння беларускай дзяржавы. Прыйшла і белапольская акупацыя. І хаця Чырвоная Армія адкінула белапалякаў далёка на захад, усё ж воляю палітыкаў Беларусь падзялілі на дзве часткі. Адна (у тым ліку і Нясвіж) аказалася, як часта гавораць у народзе, “за Польшчай”. Польскія улады інтэлектуальны патэнцыял жыхароў “усходніх крэсаў” не цікавіў, Тым болей зусім не цікавіла польскую ўладу нацыянальнае самавызначэнне беларусаў. І яшчэ пашчасціла Новіку, ягоным равеснікам, што палякі з шавіністычных перакананняў не паспелі зачыніць рускую гімназію. І можна толькі здзіўляцца, як яе вучнем удалося стаць хлапчуку з беднай сялянскай сям’і. Бацькі - Міхаіл Сцяпанавіч і Еўдакія Пятроўна - не мелі ўласнай зямлі, працавалі парабкамі. І ўсё ж прыклалі ўсе намаганні, каб хлопчык патрапіў у гімназію. Яе педагагічную, выхаваўчую прастору можна сфарміраваць па наступных фактах-параўнаннях. Як правіла, у рускай гімназіі выкладаліся наступныя прадметы агульна-адукацыйнага цыкла: руская мова і літаратура, матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія. Акрамя іх - гігіена, заканадаўства, гімнастыка, французская і нямецкая мовы. Класічныя гімназіі складаліся з васьмі класаў. У некаторых з гімназій асаблівае месца займалі лацінская і грэцкая мовы (часам іх выкладанне адымала да 41 працэнта вучэбнага часу) (Гродна.Мн., 1989. - С. 133). Нечым падобнай да Нясвіжскай рускай гімназіі ўстановай можна лічыць Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Сярод адметнасцяў навучання ў ёй - ведамасная і казённая стыпендыі. Першая складала 80, другая, казённая - 110 рублёў у год. Былі і імянныя, напрыклад, ламаносаўская – 120 рублёў у год (Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. - С. 135). Па тым часе велізарныя, пэўна, грошы”. Якраз настаўнікі, на мой погляд, і развілі творчыя здольнасці, далі выразны штуршок прыродным задаткам Сяргея Новіка. Хто ж гэтыя людзі, што ўводзілі маладога чалавека ў вялІкі свет? Так атрымалася, што ў першую чаргу настаўнікамі-рухавікамі будучага літаратара сталіся выкладчыкі як быццам не галоўных прадметаў. Музычную адукацыю гімназіст атрымаў у прафесара Кацярыны Плішка-Банасевіч, майстэрству ігры на скрыпцы Сяргея вучыў Тадэвуш Тадроўскі. Малюнку вучыў мастак Мікалай Літвіненка. Зярняты прафесіяналізму траплялі на ўрадлівую, калі можна так сказаць, глебу. Ужо ў гімназічныя гады Сяргей Новік стварае цікавыя мастацкія, маляўнічыя работы – “Нясвіжскі замак”, “Млын-вятрак у Лявонавічах”, “Маёнтак у Смалічах”, якія “маюць як этнаграфічную, так і мастацкую каштоўнасць”. (Шишигина К.Я. Музы Несвижа. Мн., 1986. - С. 61). Сярод вучняў-паплечнікаў Сяргея Новіка па Нясвіжскай гімназіі - і славуты беларускі мастак Міхаіл Сяўрук (ён вучыўся ў гімназіі з 1919 па 1926 гады). Дарэчы, гэта ён у 1936 годзе выканаў вокладку зборніка вершаў Максіма Танка “На этапах”. З Нясвіжам, з гімназіяй у тыя дваццатыя гады звязаны лёсы і многіх іншых цікавых асоб. На жаль, у межах гэтага артыкула наўрад ці пад сілу ахапіць і багацце імёнаў, і шэраг фактаў... 1924 год - год заканчэння Сяргеем Новікам вучобы ў Нясвіжскай рускай гімназіі”. /Карлюкевіч А., Карлюкевіч В.  Ёсць такая выключная планета. Гімназічнае выхаванне на прыкладзе лёсу выпускніка Нясвіжскай рускай гімназіі, беларускага паэта, кампазітара, мастака, краязнаўца Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. // Настаўніцкая газета. Мінск. 20 сакавіка 1999. С. 4./

    Сяргей быў здольны да навукі. У Нясвіжскай гімназіі “скакаў” праз клас, здаючы экстэрнам экзамены”. /Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2./  У 1918–1924 гг. Сяргей Новік вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі. Сяргей быў здольны да навукі і ў гімназіі “скакаў” праз клас, здаючы экстэрнам экзамены.”. /Карлюкевіч А., Карлюкевіч В.  Трываласць гімназічнага выхавання. Лёс выпускніка Нясвіжскай рускай гімназіі, беларускага паэта, кампазітара, мастака, краязнаўцы Сяргея Новіка-Пяюна. // Роднае слова. № 8. Мінск. 2001. С. 103./ Дарэчы, існавала і Нясьвіская беларуская гімназія, якая была ўтвораная летам 1921 г. на базе былой жаночай рускамоўнай гімназіі. Яна цярпела ўціск ад польскіх афіцыйных улад. У 1923-924 навучальных гадах польская школьная адміністрацыя адмовіла сп. Я. Шнаркевічу ў канцэсіі на дзейнасьць, але гімназія працавала нелегальна. Летам 1924 г. Шнаркевіч атрымаў канцэсію на арганізацыю беларускай гімназіі ў Клецку, куды былі пераведзеныя 1-4 клясы. Навучэнцы старэйшых клясаў былі ўладкаваны ў беларускія гімназіі ў Вільні, Наваградку і Радашковічах. /Ляхоўскі Ул.  Нясвіжская беларуская гімназія. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1999. С. 343-344./

    Малюнку яго вучыў мастак Мікалай Літвіненка. А вучнем ён быў здольным. Няцяжка гэта сцвердзіць па дзесятках захаваных замалёвак з роднай вёскі Лявонавічы і яе ваколіц. Яго работы “Нясвіжскі замак”, “Млын-вятрак у Лявонавічах”, “Маентак у Смолічах” і шэраг іншых маюць значную этнаграфічную і мастацкую каштоўнасць. Музычную адукацыю атрымаў у прафесара Кацярыны Плішка-Банасевіч, яна, між іншым, выкладала музыку і спевы на курсах для настаўнікаў беларускай мовы ў дваццатыя гады. Майстэрству іграць на скрыпцы вучыў яго Тадэуш Тадроўскі. Захапленне паэзіяй прыйшло натуральна, яшчэ ў гімназіі. Папісваў сатырычныя вершы на знаёмых, выказваў уласныя перажыванні і пачуцці. І ў той жа час грунтоўна авалодваў французскую, нямецкую мовы. Але найбольш захапіўся мовай, створанай беластаччанінам Заменгофам, - эсперанта. І да такой ступені, што склаў словы і музыку “Песні юных эсперантыстаў”, якую ў 1966 г. апублікаваў часопіс балгарскага эсперанцкага таварыства. Нельга таксама абмінуць, што надта цікавіць яго беларуская вусная народная творчасць, яе ён збірае з гімназіяльных гадоў па сённяшні дзень. Гэтае яго заангажаванне, усебаковая падрыхтоўка нацэльвалася на адно - стаць праўдзівым педагогам і культурна-асветньм дзеячом у сваім родным асяроддзі. І некалькі год ён быў такім”. /Гайдук М.  З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2. 5./

    З маленства далучыўся да народнай песні - хораша спявалі яго маці, бацька, сёстры. Калі вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, захапіўся маляваннем. Адну са сваіх карцін абмяняў на балалайку”. /Марціновіч А.  “Ды праз шыбы разбітыя з волі мне вітанне пахучы шле бэз”. // Народная газета. Мінск. 4 верасня 1994. С. 3./

    Было это почти полвека назад. Белорусскому мальчонке из деревни Леоновичи посчастливилось заниматься в Несвижской гимназии. Родителям его, крестьянам, учеба сына стойла много пота, а самому гимназисту не раз приходилось сжимать кулаки от обиды. Те, что побогаче были, сынки панов и подпанков, не давали прохода: мол, куда ты, мужик, в науку лезешь? Лапти плести - гимназии не надо.

    - Особенно насмехались над языком нашим белорусским, - вспоминает Сергей Михайлович.

    Но Сергей Михайлович всегда верил в то, что наступит время, когда язык перестанет быть поводом для отчуждения. Именно в те годы будущий поэт и заинтересовался работами польского ученого-лингвиста Заменгофа [габрэй Лейзер /Лазар; Лю́дзвік/ Маркавіч Заменгоф нар. 15 снежня 1859 г. у г. Беласток Гродзенскай губ. Расейскай імперыі, памёр 17 красавіка 1917 г. у Варшаве.], открытие которого - интернациональный язык “Эсперанто” - расширяло границы общения между людьми различных стран и континентов, во многом способствовало уничтожению расовой дискриминации. С тех пор Сергей Михайлавич и является обладателем “Зеленой звезды на белом фоне” - значка-эмблемы эсперантистов”. /Рылко М.  Зелёная звездочка поэта. // Гродненская правда. Гродно. 20 июня 1970. С. 4./

                                                             “ПАМЯТНАЯ  СУСТРЭЧА

    Была летняя раніца 1920 года. Сонца глянула з-за верхавін сосен Крыжацкага лесу, і ў яго праменнях дыяментамі заззялі кропелькі расы на лісцях дрэў і траве.

    Я ішоў з Нясвіжа ў родную вёску Лявонавічы. У той час я быў вучнем Нясвіжскай рускай гімназіі. У палатнянай белай кашулі, зрэбных нагавіцах і ў сінім з белымі кантамі форменным брылі на галаве, я нёс за плячыма на ядлаўцовым кійку чаравікі. Раптам я пачуў за сабой грукат колаў і азірнуўся. Да мяне набліжалася брычка.

    - Тпрру! - крыкнуў рамізнік.

    Конь спыніўся.:

    На брычцы сядзелі Іван Навіцкі з сяла Блячына са сваёй жонкай і нейкі барадаты чалавек у капелюшы.

    - Сядай, гімназіст! Падвязём! – прамовіў чалавек з чорнай барадой.

    Я падзякаваў і сеў насупраць яго. Мы паехалі.

    - Куды ідзеш?

    - Дахаты, у Лявонавічы.

    - Гэта наш беларус! – з усмешкай сказаў Навіцкі.

    - Я таксама беларус і кнігі пішу аб беларусах. Маё прозвішча Карскі Яўфімій Фёдаравіч. Мо’ чуў?

    Да самам павароткі ў вёску Лань (гэта кіламетраў сем) Карскі распытваў мяне аб маёй вёсцы, ці многа песень спяваюць у нас дзяўчаты і аб іншым.

    І такім простым і шчырым выдаўся мне акадэмік Карскі.

    Я падзякаваў за тое, што мяне падвезлі, развітаўся і павярнуў на лявонаўскую дарогу.

    Карскі зняў капялюш і, ветліва ўсміхнуўшыся сказаў:

    - Да пабачэння, беларус! Вучыся добра!

    Сёння, калі мы адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння нашага славутага земляка, мне ўспомнілася гэтая сустрэча з акадэмікам Я. Ф. Карскім”.

    Сяргей Новік (Пяюн). /Голас Радзімы. Мінск. Студзень. № 3. 1961. С. 4./

                                                          “НЕЗАБЫУНАЯ СУСТРЭЧА

    Імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы для нас, жыхароў былой Заходняй Беларусі, было сцягам у барацьбе за вызваленне з-пад белапольскай акупацыі і ўз’яднанне ў адзіную Савецкую дзяржаву.

    Нягледзячы на забарону польскай паліцыі, мы, беларусы, чыталі і пашыралі творы сваіх пісьменнікаў, перш за ўсе Янкі Купалы і Якуба Коласа; іх партрэты можна было бачыць не толькі ў гуртках Таварыства беларускай школы, але і ў прыватных памяшканнях. У мяне таксама віселі партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча і Цёткі.

    На вечарах, спектаклях, якія наладжваліся вясковай і гарадской моладдзю, дзяўчаты і хлопцы з захапленнем дэкламавалі палымяныя вершы нашых любімых песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, спявалі песні на іх словы. З іх песнямі на вуснах ішлі беларускія патрыёты ў польскія турмы, ссылку, на здзекі і катаванні; гэтыя песні дапамагалі нам зносіць пакуты бязрадаснага жыцця. Мы памяталі заклік Янкі Купалы:

                                              Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,

                                              Над крыжамі бацькоў, над нягодамі!

                                              Занімай, Беларусь маладая мая,

                                              Свой пачэсны пасад між народамі!

    І мы ўзнімаліся на барацьбу з ворагам за вызваленне роднай зямлі ад захопнікаў і верылі ў перамогу.

    Першай кніжкай Янкі Купалы, якую мне давялося ўбачыць увосень 1920 года, была яго “Жалейка”, выдадзеная ў 1908 годзе ў Пецярбургу суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца”.

    Я вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі. Неяк я ішоў з Нясвіжа ў родную вёску Лявонавічы разам з школьным таварышам Янкам Ляхам і яго братам Якубам. Якуб і кажа:

    - Хлопцы! Як увойдзем у лес, я вам пакажу нешта! Мы зацікавіліся і шпарчэй пайшлі да лесу. Якуб дастаў з-за пазухі тоненькую кніжачку з надпісам “Жалейка” і ўсю дарогу чытаў Купалавы вершы. Гэта была мая першая “сустрэча” з Янкам Купалам, з якім я не разлучаўся ў далейшым сваім жыцці.

    У роднай маёй вёсцы цётка Стэфа Шынгель падаравала мне 4 кніжкі на беларускай мове (ў тым ліку і “Жалейку”), якія прынесла ад свайго брата з Слуцка”. С. Новік-Пяюн. /С. Новік-Пяюн.  Незабыўная сустрэча. // Народны паэт Беларусі. Мінск. 1962. С. 185-186./

    “Пакуль ішла вайна паміж пілсудчыкамі ды бальшавікамі, беларусы пачалі будаваць свой дом.  З таго часу я захаваў дакумент: паведамленне польскага школьнага інспектара ўладам пра тое што ў 1920/21 навучальным годзе настаўніцай прыватнае школы ў вёсцы Левановічы была мая сястра Марыя, а ў годзе 1923-24 у вёсцы нелегальна існавала публічная агульная школа, у якой выкладаў я сам. ... Нічога дзіўнага ў тым няма: яшчэ на пачатку дваццатых гадоў у нашай хаце вісеў бел-чырвона-белы сцяг, фотаздымкі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Хай мы былі звычайнымі вяскоўцамі, але памятаю з дзяцінства, як мой бацька, з кім бы ён ні гаварыў – з палякам, украінцам ці нават з эстонцам, заўсёды падкрэсліваў: мы - беларусы”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Мой шчаслівы дзень. [запісаў Ул. Панада] // Спадчына. № 2. Мінск. С. 1992. С. 2./ “Дзяўчаты вышывалі “Пагоню”, а хлопцы хадзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. І ў іх шэрагах – ці не ўся Вашая шматлікая радзіна, высакалобых, з зыркім блакітам вачэй, шляхетнымі манерамі хлопцаў і дзяўчат. І ўсіх Новікаў вылучае зайздроснае ўменне любіць жыццё. Скаргі на долю – ніколі. Толькі ўсмешак святло. І жартаў дасціпнасць. І ззянне азерцаў вачніцаў. І россып бліскучых ідэй. І згадкі далёкай даўнасці. І стройнасць прыгадаў да самых нязначных драбніцаў і дат”. /Аксак В.  Песні з-за траістых кратаў, альбо Дзе жыла Муза Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 30 жніўня 1991. С. 7./

    У 1918-1924 гадах Сяргей Новік вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі. Ён быў летуценным, уражлівым юнаком таго ўзросту, у якім мала хто раз не паспрабуе скласці верш. І вось прызнанне самога паэта: “З маленства я прывык быць адзінокім. Гэта адзінота развіла ва мне назіральнасць і летуценнасць. І вось, падпарадкоўваючыся першым уражанням, у маім розуме міжволі прамільгнула думка намаляваць карыкатуру на аднаго з выкладчыкаў... Намаляваўшы карыкатуру, я пачаў сёе-тое прыдумляць да яе. Калі я напісаў адну страфу, то міжволі заўважыў. што ў мяне атрымалася хоць няважная, але ўсё ж – рыфма... Разахвочаны, я стаў пісаць далей...” А далей былі не толькі эпіграмы, але і яшчэ наіўныя, недасканалыя, аднак прывабныя сваёй эмацыянальнасцю ды шчырасцю лірычныя вершы. Усё гэта запісвалася ў сшытак і аздаблялася, дарэчы, выдатнымі малюнкамі”. /Якавенка Н. [навуковы супрацоўнік музея] “Мяне шчасцем не парадавала доля” [Артыкул падрыхтаваны на аснове архіўных матэрыялаў Сяргея Новіка-Пеюна, перададзеных Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры спадкаемцай Вольгай Міхайлаўнай Сугойдзь-Зубовіч.]. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 24 студзеня 1997. С. 6./

    “Пад уздзеяннем цудоўных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа я сам у верасні 1921 года пачаў пісаць вершы спачатку па-руску, а пасля па-беларуску і з 1926 года пачаў друкавацца ў віленскіх прагрэсіўных беларускіх часопісах пад псеўданімамі “Сяргей Пяюн” і “Малады Дзядок”. /С. Новік-Пяюн.  Незабыўная сустрэча. // Народны паэт Беларусі. Мінск. 1962. С. 185-186./ “Начал писать под воздействием поэзии Янки Купалы, в 1921 году”. /Брыль В.  “Чужой” среди своих. // Советская Белоруссия. Минск. 23 декабря 1993. С. 2./

    Сяргей Новік-Пяюн заявіў пра сябе як творца ў 1921 годзе перакладам апавядання невядомага аўтара “Запіскі салаўя” ў часопісе “Зоркі”. Арыгінальныя творы пісьменніка з’явіліся пазней у заходнебеларускім друку. Як адзначаў сам аўтар зборніку “Песні з-за кратаў”, першым надрукаваным вершам быў “Ой, чаму, званы?..”/Зарэцкая В.  Заходнебеларуская творчасць Сяргея Новіка-Пяюна. // Канцэптуальныя падыходы да рэалізацыі зместу філалагічнай адукацыі ў школе і ВНУ: гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. 21-22 кастрычніка 2004 г. Брэст 2005. С. 76./ В. Зарэцкая гэтае вырашыла, пэўна, паводле адзначэння: “1921. Запіскі салаўя: [Апавяданне] (мова невяд.) // Зоркі. № 2 / Пер. пад крыпт. С. Н.” /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 399./ Дзіцячы часопіс “Зоркі” выдаваўся ў Менску ў 1921 годзе, але згаданы твор у № 2 гэтага часопіса адсутнічае. Пэўна тут адбылася блытаніна з віленскім выданнем “Zorka”, што выдаваўся як дадатак да часопіса“Chryścijanskaja Dumka” у 1928-1939 гадах. Але праверыць гэтую згадку пакуль што ня выпадае. Дададзім, што апавяданне “Записки соловья” друкавалася ў часопісе для дзяцей “Золотое детство”. [Петраград, ліпень, 1914 г. Рэдактар-выдавец М. П. Чэхаў.] Міхаіл Паўлавіч Чэхаў (1865 - 1936), брат выбітнага расейскага пісьменніка, выдаваў і рэдактаваў “Золотое детство” з 1907 па 1917 г. У шмат якіх нумарах ён адзіны аўтар, таму ўсе творы падпісваліся размаітымі псеўданімамі.

    Паэтка Валянціна Аксак звярнула ўвагу на тое, што на гэты год прыпадае некалькі датаў жыцця і творчасці Новіка-Пеюна: 90-годдзе з дня нараджэння, 75 год ад пачатку літаратурнай творчасці (1921 год), 70 год з дня з’яўлення ў віленскай газеце першага друкаванага верша (1926 год)”. /Калістра З.  “Зорачкі ІІ”. (Імпрэза да 90-годдзя Сяргея Новіка-Пеюна). // Голас Радзімы. Мінск. 12 верасня 1996. С. 7./

    Як мяркуюць у 1924 годзе Сяргейю Новіку належыць допіс:Езуіты працуюць // Сын беларуса. 13 ліп. / Пад крыпт. N”. /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ Адзначым, што газета “Сын беларуса” выдавалася ў Вільні ў 1924 годзе.

    У 1925-1926 гадах Сяргей Міхайлавіч вучыўся на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. І вось тады, відаць, стала зразумелым, што паэзія для яго не застанецца проста юнацкім захапленнем... Адно трэба адзначыць: разам з заклікальнасцю, уласцівай творчасці ўдзельнікаў той заходнебеларускай агульнай паэтычнай плыні, у вершах Новіка-Пеюна з’яўляюцца лірызм і настраёвасць, характэрныя для яго паэзіі ўвогуле...” /Якавенка Н. [навуковы супрацоўнік музея] “Мяне шчасцем не парадавала доля” [Артыкул падрыхтаваны на аснове архіўных матэрыялаў Сяргея Новіка-Пеюна, перададзеных Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры спадкаемцай Вольгай Міхайлаўнай Сугойдзь-Зубовіч.]. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 24 студзеня 1997. С. 6./ “У Вільню - на беларускія метадычна-педагагічныя курсы, каб вярнуцца ў родныя Лявонавічы настаўнікам”. /Жуковіч В.  Жывая легенда. // Пралеска. № 8. Мінск. 1996. С. 40./

 

 

    Вучыўся на беларускіх настаўніцкіх метадычна-педагагічных курсах у Вільні (1925-26), дзе атрымаў званне беларускага настаўніка”. /Гарэлік Л. М.  Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 397./ “А ў час вучобы на Беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні браў дадаткова ўрокі жывапісу, займаўся ў прафесара Віленскай кансерваторыі... Разам з іншымі студэнтамі, апантанымі ідэяй служэння сваёй Бацькаўшчыне і яе адраджэнню, сур’ёзна рыхтуецца да будучай працы”. /Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2./ пані Катажыны Плішка-Банасевіч. Граць на скрыпцы ён навучыўся ў прафесара Тадэвуша Тадроўскага.

    Малады чалавек едзе ў Вільню на настаўніцкія курсы. Пачынае актыўна займацца літаратурнай справай. У 1925 годзе ў часопісеСтудэнцкая думка” -  першая публікацыя Новіка-Пеюна: верш “Не бядуй”. Пасля ён пачынае актыўна друкавацца ў часопісе Маланка”, у газеце “Славянская ніва” [Сялянская ніва]... /Карлюкевіч А., Карлюкевіч В.  Ёсць такая выключная планета. Гімназічнае выхаванне на прыкладзе лёсу выпускніка Нясвіжскай рускай гімназіі, беларускага паэта, кампазітара, мастака, краязнаўца Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. // Настаўніцкая газета. Мінск. 20 сакавіка 1999. С. 4./ “Захапляцца паэзіяй ён пачаў у 19-гадовым узросце. З 1925-га друкаваўся ў віленскіх беларускіх газетах і часопісах”. /Марціновіч А.  “Ды праз шыбы разбітыя з волі мне вітанне пахучы шле бэз”. // Народная газета. Мінск. 4 верасня 1994. С. 3./Друкаваць вершы пачаў у 1925 годзе ў віленскіх прагрэсіўных беларускіх газетах і часопісах...” /Саюз пісьменнікаў Беларусі.  Сяргей Новік–Пяюн. [некралог] // Літаратура і мастацтва. Мінск. 2 верасня. 1994. С. 15./ “Першы яго верш з’явіўся ў друку ў 1926 годзе ў газеце “Сялянская ніва”./Чыгрын С.  За кратамі песні пісаў. // Гродзенская праўда. Гродна. 7 кастрычніка 1993. С. 3./

 

 

    “Першы верш С. Новіка-Пеюна “Не бядуй” надрукаваны ў 1925 у часопісе Студэнцкая думка”. /Гарэлік Л. М.  Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ “1925. Не бядуй: [Верш] // Студэнцкая думка. № 4 / Пад крыпт. N. /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ Ён напісаны ў манеры Гальяша Леўчыка, і больш, у адрозьненьне ад іншых вершаў, Сяргеем Новікам нікуды не падаваўся да друку. Мо’ гэты верш не яго? “Грамадзка-навуковы і літаратурны месячнік беларускага студэнства” “Студенская думка” выдаваўся ў Вільні ў 1924 гадзе.

                                                   “НЯ БЯДУЙ

                                              Ня ўздыхай, не бядуй,

                                              Сьлёз дарма ты ня лі,

                                              І жыцьця не кляні –

                                              Долю працаю куй

                                              Сам уласнай рукой!

                                              Ты над доляй сваёй

                                              Сам і пан, сам і цар -

                                              Сам і шчасьця ўладар!

                                              Дапамогі з людзёў

                                              Мець дарма ты ня жджы!

                                              У рукі сьветач вазьмі,

                                              Цемру хмар разгані,

                                              Сьвецячы ў начы!

                                              Песьню шчасьця сьпявай,

                                              Каб пачуў родны край

                                              Што дрыжыць ужо зямля!

                                              Каб з магіл, курганоў

                                              Усталі цені дзядоў

                                              І прышлі паглядзець,

                                              Што народ лепш жывець!”

                                              [N.] /Студэнская Думка. Вільня. № 4. 1925. С. 27./

 

                                          “Хто адрокся сваіх,

                                          Хто стыдацца нас стаў

                                          І прыліп да чужых.

                                              Каб ён сьвету не знаў!

                                          Мову родную хто

                                          Пазабыў, асьмяяў,

                                          Загубіў за нішто,

                                              Каб ён сьвету не знаў!

                                          Сваю родну зямлю

                                          Хто чужынцу прадаў -

                                          Скрыўдзіў вёску сваю,

                                              Каб ён сьвету не знаў!

                                          Хто з народам не жыў

                                          І карысьці не даў,

                                          Хто сваіх не любіў -

                                          Каб ён сьвету не знаў!

    Гэты верш з кнігі паэта-нашаніўца Гальяша Леўчыка “Čyžyk białaruski”, выдадзенай у Вільні ў 1912 годзе, мы, беларуская моладзь вёскі Лявонавічы... дэкламавалі на вечарынах-канцэртах. Лявонавічы ў дваццатыя гады знаходзіліся ў прыгранічнай паласе, якая дзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю. Верш Гальяша Леўчыка ўздымаў у нас моц духу ў змаганні супраць паланізацыі беларусаў”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Беларускі паэт-лірык. нашанівец Дзядзька Гальяш (Да 100-годдзя з дня нараджэння Гальяша Леўчыка). // Голас Радзімы. Мінск. 24 ліпеня 1980. С. 7./

    Пасля вучобы, у 1926 годзе, вярнуўся ў Лявонавічы. Вырашыў стварыць тут хор... Пасля хору быў створаны драматычны гурток, з’явілася бібліятэка... А Сяргей глядзеў далей. разумеў: дзеці павінны вучыцца па-беларуску. Пачаў распаўсюджваць адозвы Таварыства беларускіх школ для народа, заклікаючы шанаваць і любіць роднае слова: “Беларусы! Наш ратунак – гэта наша родная беларуская школа. Гэта наш фундамент. на якім мы павінны будаваць новае. лепшае жыццё. цяжка нам сваёй школы дабіцца. але усё ж такі мы маем святы абавязак усімі сіламі дамагацца, каб закон, які прызнае беларускую школу. быў праведзены ў жыццё”. /Марціновіч А.  “Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне..” // Марціновіч А.  Сувязь. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск. 1994. С. 117./.

    Урэшце зусім побач, за вёскай, граніца пралегла. Лявонавічы апынуліся на самым усходзе “Крэсаў усходніх”. Сям’і лягчэй не стала. Жыла з мазаля. Бацька і маці батрачылі. Каб мець кавалак хлеба, сёстры зараблялі жнівом, а маці яшчэ і вышываннем, вязаннем. О, яна была цудоўнай майстрыхай! Хіба забудзецца такое: зімовым днём сядзіць ля замёрзлага акна і “здымае” на вязальны кручок з шыбіны тыя дзівосныя карункі...” /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я.  Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 447./ “Я на самай мяжы арганізаваў хор, тэатр, гурток Таварыства беларускай школы, аркестр, ансамбль танца”. /Давыдоўскі Ул.  Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 53./

    Вярнуўшыся дамоў, у свае Лявонавічы, арганізуе тут народны хор, тайны гурток таварыства беларускай школы, танцавальны гурт, тэатр, дзе сіламі мясцовай моладзі паставілі купалаўскую “Паўлінку”. Каб было дзе збірацца, пабудавалі Народны дом”. /Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2./ “Падумаў-паразважаў і пачаў ствараць у Лявонавічах хор”. /Марціновіч А.  “Ды праз шыбы разбітыя з волі мне вітанне пахучы шле бэз”. // Народная газета. Мінск. 4 верасня 1994. С. 3./

    Яшчэ калі вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, пачаў маляваць карціны. Адну з іх абмяняў з суседам на балалайку. Цяпер ужо да песен далучылася музыка...

    Бацька сказаў:

    - У людзі з гэтым пайсці б...

    Бацькавы словы ўспомніліся пазней, і ён падумаў: “А чаму б і не?” Абабег вёску і на табе: з’явіўся свой хор!

    - Пяюць лявонаўцы! - казалі неўзабаве ажно ў Нясвіжы.

    - Песня жыве - значыць, і народ жыве! - радаваліся ў суседніх Лазавічах, Цякалаўшчыне, Габрунах, Смалічах ды Ляхах.

    У бацькавай хаце станавілася цесна. Перайшлі ў так званы “магазын”, дзе некалі сяляне ссыпалі збожжа на выпадак няўроду. Але і там было не вельмі. Бо да хору далучыліся ўжо і драматычны гурток, і бібліятэка.

    І вырашыла сяло перарабіць “магазын” пад Народны дом. Сяргей хадзіў па наваколь-ных вёсках з падпісным лістом, і людзі ахвяравалі тыя колькі грошаў на добрую справу. Кожнаму ж хацелася пачуць са сцэны роднае слова, родную песню, пачытаць кніжку на роднай мове. Талакою за два тыдні дом пабудавалі. Імя далі яму: “Святліца”. Бо Народным домам назваць паліцыя забараніла.

    Наогул, урад буржуазнай Польшчы як мог пашыраў і сацыяльны, і нацыянальны ўціск паланізацыю краю. “Крэсы ўсходнія” ён лічыў сваёй калоніяй. Замест колішняга “инородца” селянін атрымаў новую мянушку – “быдла”. І ні заспявай па-беларуску, ні загавары... Адзін шавінізм змяніўся другім.

    - Дакуль трываць! - усё часцей і часцей чулася на Нясвіжчыне.

    - Трэба дамагацца беларускіх школ! - не маўчалі і ў Лявонавічах.

    Сяргей зноў абыходзіць навакольныя вёскі, знаёміць сялян з адозвай Таварыства беларускай школы да народа, збірае дэкларацыі на беларускія школы.

    “Беларусы! - гаварылася ў той адозве. - Наш ратунак - гэта наша родная беларуская школа. Гэта наш фундамент, на якім мы павінны будаваць новае лепшае жыццё! Цяжка нам сваёй школы дабіцца, але ўсё ж такі мы маем сьвяты абавязак усімі сіламі дамагацца, каб закон, які прызнае беларускую школу, быў праведзены ў жыццё”.

    - Чаго захацеў! - абураліся прадстаўнікі ўлады. - Бунтаўшчык! Палітыкан!..” /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я.  Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 447-448./

    Апынуўшыся. як многія яго калегі, у пачатку 20-х гадоў без працы, арганізуе прыватныя беларускія школы, вядзе культурна-асветную работу...” /Калеснік Ул.  Іскры з вогнішча. // Сцягі і паходні. Творы паэтаў з былой Заходняй Беларусі. Мінск. 1965. С. 21./

 


 

    “З давён-даўна Лявонавічы ... славяцца добрымі спевакамі і спявачкамі. Там любяць спяваць не толькі моладзь, але і старэйшыя. Пачнуць спяваць у адным канцы вёскі, песню падхоплівае моладзь сярэдзіны вёскі, а за ёю другі канец – і палілася песня! Я слухаў з любасцю сваіх аднавяскоўцаў, і мне прышла думка арганізаваць сапраўдны хор. Ноты песень прывёз з Вільні, дзе вучыўся на беларускіх настаўніцкіх курсах. Сваёй думкай я падзяліўся з моладдзю. Першую рэпетыцыю прызначылі на 18 ліпеня 1926 года. У хаце майго бацькі сабралася каля 50 чалавек і не толькі моладзі, але і старэйшых. Вокны мы шчыльна пазавешвалі гунькамі. /Сяргей Новік-Пяюн С.  Песня пачыналася так... Да 35-годдзя Лявонавіцкага хору. // Голас Радзімы. Мінск. Жнівень. № 61. 1961. С. 2./ “Маці мая і яшчэ некалькі кабет сачылі, каб не наскочылі паліцыянты. /Сяргей Новік-Пяюн.  Песня ляціць праз гады. // Беларусь. Мінск. № 7. 1966. С. 28./ “Шчыра ўзяліся за працу, і ўжо праз месяц чатырохгалосы хор выступаў перад сялянамі вёскі Лявонавічы і суседніх вёсак. Сцэна была зроблена ў так званым “магазіне”, дзе некалі сяляне ссыпалі збожжа на выпадак засухі. Усе харысткі і харысты выступалі ў беларускіх нацыянальных вопратках. Слухачы горача дзякавалі воплескамі выканаўцам. Вельмі ім спадабаліся песні: “А ў бары. ў бары, тры дарожанькі...”, “Сіротанька”, “Рабіначка”, “Чаму ж мне не пець?”, “Рэве та стогне Дніпр шырокі”, “Па-над белым пухам вішняў” і іншыя. Нашай любімай была рэвалюцыйная песня “Смело, товарищи в ногу!” З кожным разам узбагачаўся рэпертуар хору, штораз лепш гучалі песні ў добра зладжаным калектыве...” /Сяргей Новік-Пяюн С.  Песня пачыналася так... Да 35-годдзя Лявонавіцкага хору. // Голас Радзімы. Мінск. Жнівень. № 61. 1961. С. 2./

    “Усе беларускія арганізацыі ў нас тады былі забаронены. Але каб ашукаць пільнасць белапольскай паліцыі, свой хор мы назвалі хорам пры пажарнай ахове вёскі Лявонавічы, пры якой адначасова быў створаны і драматычны гурток” /С. Новік-Пяюн, першы кіраўнік Лявонавіцкага хору.  Першамайскаму хору - 35 год. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 1 жніўня 1961. С. 4./, які праіснаваў да 1936 г. і “які ставіў беларускія і рускія п’есы – “Мікітаў лапаць”, “Мядзведзь” і іншыя. Лявонавіцкі хор спяваў беларускія, рускія, украінскія і польскія песні. Зацікавіліся хорам і паны, запрасілі нас увосень 1926 года на конкурс у Нясвіж. Мы занялі першае месца, але ніякай прэміі не атрымалі, бо спявалі беларускія песні, якія не спадабаліся панам з журы”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Песня ляціць праз гады. // Беларусь. Мінск. № 7. 1966. С. 28./

    Драўляны будынак яе ён пабудаваў разам з братам; яны і навакольны люд хацелі, каб школа гэтая была беларускаю. Яго арыштавалі і выслалі з крэсаў усходніх у землі паўночныя, каб набраўся пальшчызны. Гэта 30-я гады. Цяпер іншы час, няма быццам крэсаў. Але ёсць праблема беларускае школы, мо’ нават і большая, чым была тады”. /Калістра З.  “Зорачкі ІІ”. (Імпрэза да 90-годдзя Сяргея Новіка-Пеюна). // Голас Радзімы. Мінск. 12 верасня 1996. С. 5, 7./

    Але ж у асяроддзі свядомых беларусаў у Заходняй Беларусі ведалі пра гэтага чалавека. Яшчэ ў 1926 годзе ён надрукаваў свой першы верш “Туга па Бацькаўшчыне” ў “Сялянскай ніве” пад псеўданімам Пяюн”. /Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2./ Пэўна “Думкі ў чужыне? Газета “Сялянская ніва” выдавалася ў Вільні ў 1925-1930 гг.

                                             “ПТУШКА ШЧАСЬЦЯ” НА ВЁСЦЫ.

                                             (Вёска Лявонавічы,Нясьвіскага павету).

    Беларуская моладзь пры лявонаўскай Ахвотніцкай Пажарнай камандзе сёлета ў нядзелю 8 жніўня ладзіла ў вёсцы Лявонавічах, у Пажарніцкім будынку спэктакль.

    Адгуляна была п’еса ў 3-х актах Францішка Аляхновіча пад наз. “Птушка шчасьця”. Ужо ад поўдня пачалі зьбірацца каля будынку людзі. Усе: і малыя й старыя сьпяшаліся падзівіцца п’есай, якая спаўнялася першы раз тутака ў вельмі ўсім зразумелай мове. Заля, у якой ладзіўся спэктакль. была надта хораша прыбрана зельлем ды калёрнымі йстужкамі. У гадз. 8 увечары распачаўся спэктакль. Надта добрае ўражаньне на гледзячых зрабілі маладыя вясковыя артысты-аматары. Пры слабых матэрыяльных варунках, ды малой лічбе асобаў, здольных да гэткае працы, яны патрапілі хораша збудаваць сцэну, дастаць усё патрэбнае, каб здаволіць усім вымаганьням аўтаравым. Ролю Янкі выканаў грамадз. Сяргей Новік, ролю Маланкі – Аляксандра Новік, ролю Лясуна - Міхась Шынгель, Лясных Духаў – вясковыя дзяўчаты. Музыкі з в. Цякалаўшчыны падыгравалі на йскрыпках. Уся публіка была зацікаўлена гульней артыстаў-аматараў, што можна было заўважыць гледзячы з боку. Старанна прыслухоўваліся ўсе да кожнага слова, пільна ўглядаліся ў кожны рух артыстаў. Надта ўжо добра выглядала дэкорацыя 2-га акту (“Рай”). Трудна было сваім вачам даць веры, што гэта робіцца на вёсцы і ў звычайным будынку. Заканчэньне п’есы было павітана гарачымі воплескамі. Пасьля п’есы хор адпяяў колькі беларускіх песьняў. Пасьля-ж гэтага распачаліся скокі. Музыка была добрая. Настрой панаваў як найлепшы. Кожны з прысутных чуўся на гэтым спэктаклі як ў сваёй хаце. Паміж іншым зь вялікай бодрасьцяй некулькі разоў адскакалі “Лявоніху”. Пазваленьне на спэктакль і на скокі было дастана толькі ў 4 гадзін на раніцы.

    На спэктаклі ўсім здалося, што ўжо-ж вельмі борзда мігануў час і ўсе надта шкадавалі, што трэба разыходзіцца па хатах. Зусім ужо развіднелася, калі змоўклі апошнія гукі аркестры ды вясёлыя гутаркі моладзі. Жадаю ад шчырага сэрца, каб лявонаўскія артысты-аматары і ў будычыні мелі добрую ўдачу у тварэньні спэктакляў, якую мелі ў першым, пры ўспаміне аб якіх радасна робіцца на душы. Хай і ў нашым кутку, у якім ужо колькі гадоў ня было ніякае культурнае працы, блісьне коска асьветы.

    [N.] /Сялянская ніва. Вільня. № 30. 23 верасьня 1926. С. 2./

    Дарэчы Ф. Аляхновіч, пад час свайго знаходжання ў Салавецкіх лагерах, сустракаўся з якутамі. /Соловки не Капри. О двух разных встречах Максима Горького с якутянами. //  Молодежь Якутии. Якутск. 23 июня 1992. С. 4; Аляхнович Ф.  Соловкалар Капри буолбатахтар. (Саха сирин дьонноро Максим Горькайы кытта икки арааhынай көрсүүлэрэ). // Саха сирэ, сахалар таабырыннах уонна кэрэхсэбиллэх былыргылара. Дьокуускай. С. 239-244./

                                          БЕЛАРУСКІЯ СПЭКТАКЛІ НА ВЁСЦЫ

                                           (Вёска Лявонавічы, Нясьвіскага павету)

    Сёлета ў суботу 28-га жніўня у вёсцы Лявонавічах ізноў быў зладжаны другі спэктакль. Ня гледзячы на благое дажджлівае надвор’е, добрых людцоў назбіралася з усіх куткоў шмат. Адгуляны былі дзьве п’есы Л. Родзевіча: 1) “Зьбянтэжаны Саўка” і 2) “Пасланец”. У першай п’есе: ролю Саўкі выпаўніў грам. Сяргей Новік, Магрэты – Аляксандра Новік, жабрака – Вінцэсь Невяровіч. У другой п’есе: ролю пасланца выпаўніў Лукаш Мароз, ролю кухаркі – Аляксандра Новік, ролю пана – Міхась Шынгель,. ролю лёкая – Вінцэсь Невяровіч. Пасьля п’есаў былі дэклямацыі, каторыя вельмі прыемнае уражаньне зрабілі на публіку. Пяяў беларускі хор. Лявонаўскія артысты-аматары й на гэты раз патранілі зацікавіць сваёю гульнёю ўсіх. Уся заля грымела воплескамі, калі прадстаўленьне было закончана. Пасьля распачаліся скокі. У першую чаргу адскакалі “Лявоніху”. Усе прысутныя былі ў вельмі добрым настрою: ахвотна бавіліся ў нас на спэктаклі. На заканчэньне яшчэ раз адскакалі “Лявоніху”, а ўрэшце, пад гукі маршу, усе разышліся па вёсках ды й па хатах, выносячы добрае ўражаньне з лявонаўскага спэктаклю. Маю надзею, што лявонаўскія артысты-аматары ў будучыні таксама будуць шчыра працаваць на полі роднае асьветы.

    [N.] /Сялянская ніва. Вільня. № 31. 30 верасьня 1926. С. 2./

                                                         ЗІМА

                                          Зіма сярдзітая з марозам,

                                          З завеяй белаю прыйшла,

                                          Дыван прыгожанькі сняжысты

                                          Да нас з паўночы прынясла.

 

                                              З-за хмарак выпаўз ціха месяц,

                                              Збірае зоркі ў карагод,

                                              І заблішчэлі як брыльянты,

                                              На дрэвах іней, снег і лёд.

 

                                          Ці то ад іх, ці то ад зорак,

                                          Ды відна стала, як удзень,

                                          А шэранькія хаткі вёскі

                                          На белым снезе, нібы цень.

                                          1926 г.

    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 9./

                                                         ВЯЧОРКІ

                                          Схапіўшы прасніцу пад паху,

                                          На плечы ўздзеўшы кажушок,

                                          Спяшае дзеўча на вячоркі –

                                          Свой прасці беленькі лянок.

                                              Хоць твар мароз шчыпае злосна,

                                              Ёй і не холадна зусім!

                                              Адна ў ёй думка: на вячорках

                                              Хутчэй сустрэцца са “сваім”.

                                          Ў кутку ля печы лапці з лыка

                                          Пляце старанна гаспадар, -

                                          Для ўсёй сям’і ён мусіць сёння

                                          Зрабіць на заўтра колькі пар.

                                              Каб весялей было дзяўчаткам,

                                              Да іх ўжо хлапцы прыйшлі,

                                              Вясёлу песню зацягнулі

                                              Ды байкі правіць пачалі.

                                          Пяюць, жартуюць. весяляцца!..

                                          Мацней гудзе верацяно! –

                                          Пачуўшы гоман гэткі ў хаце,

                                          Падплыў і месяц пад акно.

                                              Глядзеў, дзівіўся ды смяяўся...

                                              Аднак запелі петухі!

                                              Дзяўчаты, хлопцы выйшлі з хаты,

                                              На плечы ўздзеўшы кажухі.

                                          Пасля хлапец сваю дзяўчыну

                                          Завёў да самых да дзвярэй,

                                          І на расстанні кожны моцна

                                          Гарнуў да цёплых да грудзей...

                                          1926 г.

    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 9-10./

    “У 25-м годзе мяне адзін хлопец прадаў, свой, аднавясковец, ён быў правакатарам. выдаў нашу тайную беларускую школу. У мяне захавалася яго фатаграфія. Тады мне палякі пяць гадоў ссылкі далі”. /Мацкевіч В.  Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6./

   У дадатак з’явіўся і данос. У ім гаварылася (падаю ў перакладзе з польскай): “...існавала ў Лявонавічах публічная пачатковая школа, і калі ж навучанне вялося п. Новікам Сяргеем.дык яно мела тайны характар”. Гэтага было дастаткова. Прыімчаў камендант Салтанаўшчынскага пастарунка паліцыі і загадаў неадкладна пакінуць вёску і ехаць на польскае Памор’е - у гарадок Свеце над Віслай. На пяць гадоў, у высылку”. /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 448-449./

    За что же вы попали в опалу к пилсудчикам? - спрашиваю.

    - За любовь к родному краю, - отвечает. - Ведь в те времена даже говорить на белорусском языке запрещалось, а, я в родных Леоновичах народным хором руководил.

    Помню, вызывает меня в “постэрунэк” несвижский комендант. “Брось, Новик, свои репетиции! От этих “песэнэк” навозом тянет!”

    Не вытерпел я да и в ответ ему: “А пану хлеб и сало наши навозом не отдают?” Перекосило полицейского от моих слов, и приказал он тут же: “Взять красного пропагандиста под стражу!”    /Рылко М.  Его песни – в народе. // Гродненская правда. 2 октября 1976. С. 4./

    “В журналистском блокноте за 1991 год я нашел и другие записи об этом человеке. Гонениям и преследованиям “при Польше” подвергали его “за нацыянальную свядомасць, за тое, што арганізаваў бібліятэку, музей, хор, беларускі драматычны тэатр, 11 беларускіх школ”. /Брыль В.  “Чужой” среди своих. // Советская Белоруссия. Минск. 23 декабря 1993. С. 2./

    Па-свойму зрэагавалі на гэта тыя, хто не лічыў беларусаў за людзей. Данос на С. Новіка-Пяюна не дазволіў сябе чакаць: “Існавала ў Лявонавічах публічная пачатковая школа, а калі ж навучанне вялося панам Новікам Сяргеем, дык яно мела тайны характар”. Камендант адразу прымяніў уладу – высылка на пяць гадоў”. /Марціновіч А.  “Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне...” // Літаратура і мастацтва. Мінск. 8 снежня 1989. С. 14./

     1 верасня 1926 года за беларуска-рэвалюцыйны рэпертуар хору і за асабістыя дамаганні адкрыцця беларускай школы Пяюна (так называлі яго ў народзе, а Шырма пры сустрэчах называў Пяюнком) панская ўлада адпраляе ў першае выгнанне на польскае Памор’еў ў гарадок Свеце над Віслай”. /Сыс А.  Дні лятуць... // Чырвоная змена. Мінск. 15 кастрычніка 1986. С. 4./ Пяюном заўсёды называў сябе і сам Сяргей Новік, але ж шмат якія “звышмасьцістыя моваведы” спрабуюць зрусыфікаваць гэты псэўданім на Пеюна.С 20 и до 52 лет мучили этого несгибаемого, твердого человека. Все выдержал; все перенес. Еще и псевдоним ободряющий придумал себе – Пяюн”. /Брыль В.  “Чужой” среди своих. // Советская Белоруссия. Минск. 23 декабря 1993. С. 2./ “Да роднае песні цягнулася душа народа –да песні бунтарнае, грамадаўскае і да песні народнае, якую спаконвеку спявалі ў Лявонавічах. Спявалі там яе дзяўчаты – у паасобку, жанкі – у паасобку, хлопцы ды мужчыны – у паасобку. А тут раптам заспявалі яны ўсе разам, аб’яднаныя ў адзіным Лявонавіцкім хоры... Заснавальнікам жа яго, першым кіраўніком гэтага хору быў ... юнак з пяючай душой, які выбраў сабе псеўданімам слова “Пяюн”- слова песенналявонавіцкае, слова ад песеннай душы сваіх землякоў”. /Лойка А. Песня клікала ў свет. // Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 3-4./

    Але гэта было не на руку санацыйньм уладам, яны пазбавілі яго права навучання і саслалі ў 1926 годзе пад паліцэйскі нагляд у горад Свеце над Віслай”. /Гайдук М.  З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2. 5./

    За актыўную беларускую дзейнасць польскія ўлады “ўпяклі” маладога энтузіяста на пяць гадоў у турму”. /Антонава Т.  “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 2./

    А разам з літаратурным лёсам пачынаецца і лёс вязня. Стварыўшы ў роднай вёсцы Лявонавічы, паблізу Нясвіжа, у 1926 годзе беларускі народны хор (ён існуе і зараз) і беларускі народны тэатр, Сяргей Новік становіцца небяспечным для польскіх улад чалавекам. трапляе за гэта і за арганізацыю ў суседніх вёсках беларускіх школ у высылку ў горад Сьвеце над Віслай...” /Карлюкевіч А., Карлюкевіч В.  Ёсць такая выключная планета. Гімназічнае выхаванне на прыкладзе лёсу выпускніка Нясвіжскай рускай гімназіі, беларускага паэта, кампазітара, мастака, краязнаўца Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. // Настаўніцкая газета. Мінск. 20 сакавіка 1999. С. 4./

                                        ЦЯРНІСТЫ ШЛЯХ

                                                    Паэма

                                          Да цябе пішу я,

                                          Беларусе родны,

                                          Шчыры Якуб Колас,

                                          Наш Паэт Народны!

                                             Твой партрэцік шэры,

                                              Выцяты з газеты,

                                              Беражна хаваю

                                              Пры сабе дагэтуль.

                                                   ------------     

                                          А за полем-лугам

                                          Срэбнаю істужкай

                                          Цапра праплывае -

                                          Дробная рачушка.

                                              Калі паны-ляхі

                                              Край наш зваявалі,

                                              Волю-долю нашу

                                              І зямлю забралі,

                                          Я тады яшчэ быў

                                          Хлопчыкам маленькім,

                                          Але памятаю

                                          Добра, добра ўсенька.

                                              Як гарэлі вёскі,

                                              Як стагналі людзі

                                              Пад пятою панскай,

                                              Думалі:

                                                           “Што будзе?”

                                          Бацькаўшчына наша

                                          У агні палала,

                                          Акупантаў банда

                                          Край наш руйнавала.

                                              Запалалі вёскі,

                                              Запалалі травы,

                                              Запалаў злавесна

                                              Лес наш кучаравы.

                                          Запалалі гумны

                                          Случчыны багатай,

                                          Запалалі хаты

                                          Ад паноў заклятых.

                                              Ўсё паны забралі,

                                              Цэрквы зачынілі,

                                              Родну мову ў школе

                                              Нам забаранілі.

                                          А на нашу вёску,

                                          Дзе жылі мы ціха,

                                          Наляцела гора,

                                          Наляцела ліха.

                                              Панская нагайка

                                              Страшна засвістала,

                                              Смеху і вяселля

                                              У нас больш не стала.

                                          Раз да нас уланы

                                          З крыкам прыскакалі

                                          І кудысьці дзядзьку

                                          Тамаша забралі.

                                              З вёскі паўцякалі

                                              Жыхары ў дуброву

                                              І з сабой забралі

                                              Коней ды кароваў.

                                          Я быў сын бядняцкі:

                                          Не было скацінкі,

                                          Ні гумна, ні свірна,

                                          Ні свае хацінкі.

                                              Ў торбу ўзяў кавалак

                                              Чорнага я хлеба,

                                              Ў рукі кій сукаты,

                                              Ножык для патрэбы

                                          І паклаў на грудзі

                                          Ля шытой манішкі

                                          То, што сэрцу люба -

                                          Родныя мне кніжкі.

                                              Цётка Стэфка ў Слуцак

                                              Некалі хадзіла

                                              І з сабой ад брата

                                              Кніжак захапіла.

                                           “На табе, Сярожык!” -

                                          Цётка так сказала

                                          I чатыры кніжкі

                                          Мне падаравала.

                                               “Іх чытай, саколік,

                                              Хлопцам і дзяўчатам

                                              Ды нясі асвету

                                              Нашым родным хатам!”

                                          Прытуліў да сэрца

                                          Моцна скарб свой новы,

                                          Басанож пайшоў я

                                          Да свае дубровы.

                                              І было, было ў нас

                                              Радасці ці мала:

                                              Цётка, Багушэвіч,

                                              Колас і Купала!

                                          3 намі яны разам.

                                          Час да працы ўзяцца,

                                          За зямлю, за волю,

                                          За народ змагацца!

                                              Цётка, Багушэвіч

                                              Мяне захапілі,

                                              Колас і Купала

                                              Сэрца паланілі.

                                          Сказаць мушу шчыра -

                                          Праўда сэрцу люба -

                                          Палюбіў я вершы

                                          Коласа Якуба.

                                              Пад зялёным дубам,

                                              Велічным, магутным,

                                              Ўселіся сяляне -

                                              Мой народ пакутны.

                                          Слухаюць уважна

                                          Аб тым, што чытаю,

                                          Што паэты кажуць

                                          Праўду, што світае.

                                              Што зямлю здабудзем,

                                              Што здабудзем волю,

                                              Служкамі не будзем

                                              Панскімі ніколі!

                                          Слухаюць уважна

                                          Пэрлы - вершы-песні,

                                          Што на мове роднай

                                          Нам паэты весцяць.

                                              Страсянуў чупрынай

                                              Дуб мой кучаравы,

                                              На расе зайгралі

                                              Дыяментам травы.

                                          Стайкай пралятаюць

                                          Хмаркі ў небе сінім,

                                          Лісцейка трапеча

                                          На сівой асіне.

                                              Сонца з неба песціць

                                              Мяне ветлай ласкай,

                                              Мне шапочуць дрэвы

                                              Ў лесе песні-казкі.

                                          Вогнішча пажараў

                                          Яшчэ не астыла.

                                          Многа перадчасных

                                          Вырасла магілаў.

                                              А у нашым лесе,

                                              А у нашым полі

                                              Згінула вяселле,

                                              Згінула і доля.

                                          І мяжой расцялі

                                          Нашыя палоскі,

                                          Родныя ад родных

                                          Аддзялілі вёскі.

                                              Ворагі зрабілі

                                              Жудасную справу -

                                              Беларусь расцялі

                                              Межаю крывавай.

                                          Слёзы горла душаць.

                                          Стаў я ды дзіўлюся:

                                          Зранілі ўсе грудзі

                                          Маці Беларусі.

                                             Па маім народзе,

                                             Па спіне сялянскай

                                             З посвістам гуляе

                                             Біч крывавы панскі.

                                          І ў грудзях юнацкіх

                                          Помста закіпела,

                                          Прысягнуў змагацца

                                          Я за волю смела.

                                              Згінулі пасевы,

                                              Лісце вецер вее,

                                              Ды не можа згінуць

                                              Нашая надзея.

                                          Што прыжджэм мы шчасця,

                                          Прычакаем долі,

                                          Загуляем смела,

                                          Радасна на волі.

                                              На зямлі пакутнай

                                              Бітва адгрымела,

                                              Заліта крывёю

                                              Беларусі цела.

                                          Верасень імглісты

                                          Быў у дваццаць першым.

                                          У той год пісаць я

                                          Пачаў свае вершы.

                                              Назбіраў на лузе

                                              Я бярэмя кветак,

                                              З іх сплятаю песні

                                              Для старых і дзетак.

                                          Я наладзіў ліру,

                                          Па струнах ударыў,

                                          З той пары па свеце

                                          Крочу з песняй ў пары.

                                              Цяжка жыць сялянам

                                              Ў панскай паняверцы,

                                              Ім складаю песні

                                              Так, як кажа сэрца.

                                          Паляцела песня

                                          І жыве ў народзе.

                                          Не падрэжа крылляў

                                          Вораг ёй ўжо! Годзе!

                                              Паплыла да сонца,

                                              Паплыла над борам,

                                              Маю песню людзі

                                              Падхапілі хорам.

                                          Не пайшла ў палацы,

                                          А пайшла пад стрэхі

                                          Бедных хат сялянскіх

                                          Людзям для пацехі.

                                              Дзед Іван старэнькі

                                              Даланёй шырокай

                                              Выцер з твару слёзы,

                                              Уздыхнуў глыбока.

                                          Пацяшаў мой бацька

                                          Так мяне, хлапчышку:

                                           “Мы зямлі не маем,

                                          Брацца трэ за кніжку.

                                              І сам навучайся,

                                              І братам паможаш

                                              Вырвацца з няволі

                                             Лютае варожай!”

                                          Адзвінелі косы

                                          На лугах зялёных,

                                          Пазжыналі збожжа

                                          На вузкіх загонах.

                                              У садах паспелі

                                              Яблыкі ды йгрушы,

                                              Залатое лісце

                                              Вецер расцярушыў.

                                          Апусцілі вецце

                                          Белыя бярозы,

                                          Праліваюць хмары

                                          3 неба дожджык-слёзы.

                                              Па гасцінцы Слуцкім

                                              Шпарка конік мчыцца:

                                              Вязе мяне бацька

                                              У Нясвіж вучыцца.

                                          А за мной няспынна

                                          Мчацца скрыпкі зыкі,

                                          І мне усцяж здаецца -

                                           “Сымона-музыкі”.

                                              Закружыў сняжынкі

                                              Вецер матылькамі,

                                              Кінуў іх на дрэвы,

                                              Кінуў пад кустамі.

                                          Белаю пярынкай

                                          Ўкрылася зямелька

                                          І лягла на зіму

                                          Ў снежную пасцельку...

                                     .....................................................

                                              Скончылася ўчэнне.

                                              Я у роднай хаце.

                                              Ды не давялося

                                              Мне адпачываці.

                                          Ўлетку мая мама

                                          З сястрой жыта жала

                                          І бяды ліхое

                                          Нат не прадчувала.

                                              А паліцыянты

                                              Да мяне прысталі,

                                              Бунтаром назвалі

                                              I арыштавалі.

                                          Бачыла усе гэта

                                          Цётачка Тахвіля,

                                          Ўпала на калені

                                          І загаласіла:

                                               “А мой ты Сярожык,

                                              Без віны ніякай,

                                              Што з табою робяць

                                              Лютыя палякі?!”

                 Адзіночная камера на паліцэйскім пастарунку ў Салтанаўшчыне

               [цяпер ў Лявонавіцкім с/с Нясьвіскага раёна Менскай вобласьці РБ].

            Пасля польскі суд “гродзкі” ў Нясвіжы асудзіў мяне на пяць гадоў ссылкі

                             ў глыб Польшчы ў Паморскае ваяводства.

              [Якуція, пасёлак Усць-Нера, у ссылцы НКУС. 26 - 8 - 1954 г.]”

      /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 135-145./

    “За арганізацыю тайных беларускіх школ, за арганізацыю і кіраўніцтва Лявонавіцкім народным хорам і тэатральным гуртком я быў асуджаны белапольскай уладай на пяць гадоў высылкі з Беларусі ў глыб Польшчы, на Памор’е, куды мяне накіравалі 1 верасня 1926 года.” /Сяргей Новік-Пяюн  Дзядзька Гальяш. // Наша Слова. Мінск. 27 студзеня 1993. С. 4./ “За нелегальнае настаўніцтва я адбыў пяць год ссылкі”. /Сяргей Новік-Пяюн.  Мой шчаслівы дзень. //Спадчына. Менск. 1992. С. 2./

    “Апынуўшыся пад белапольскай акупацыяй і адчуваючы ўвесь прыгнёт панскага рэжыму, дарослыя і асабліва моладзь, якой быў зачынен доступ у вышэйшыя школы і да працы, пачала змаганне з ворагам шляхам самаадукацыі, арганізацыі тайных беларускіх школ, бібліятэк, вечарын-спектакляў, харавых калектываў. У 1926 годзе за арганізацыю беларускіх тайных школ, за пастаноўкі беларускіх спектакляў, за стварэнне і кіраўніцтва беларускім хорам у роднай вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ... я быў асуджаны польскімі ўладамі на 5 год ссылкі на Паможа, дзе прабыў да канца чэрвеня 1931 года”. І там партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа былі са мною”. /С. Новік-Пяюн.  Незабыўная сустрэча. // Народны паэт Беларусі. Мінск. 1962. С. 186./

 

 

    Хотя и свирепствует в “восточных кресах” польская реакция, никто из издателей, редакторов не требует от молодого писателя выполнения условия, дающего права вести диалог с читателем, - политической реабилитации. Никто не отбирает у поэта бумагу и перо. Главный лейтмотив творчества Сергея Новика-Пеюна - свобода”. /Карлюкевич А.  Узник трех режимов. // Во славу Родины. Минск. 28 января 1992. С. 4./

    У Сяргея Новіка, як мяркуецца, выйшлі ў друку: 1926. “Добры” прыклад; Прызнанне перад смерцяй: [Жарты] // Маланка. № 3 / Пад крыпт. Н. Аўт. спрэчнае; Птушка шчасця на вёсцы // Сялян. ніва. 23 вер. / Пад крыпт. N; Беларускія спектаклі на вёсцы // Там жа. 30 вер. / пад крыпт. N.; “Ой чаму званы?..”: [Верш] // Там жа. 21 кастр. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн; Скарга птушкі: [Верш] // Там жа. 8 снеж. / Пад псеўд. Сяргей Пяюн.”. /Драздова З. У.  Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 398./ Добры” прыклад; Прызнанне перад смерцяй: [Жарты] // Маланка. № 3. / П”/ Меў таксама псэўданімБярозка Алесь = Новік Сяргей М. “Бел. крыніца”, 1926. Кр.: інф. аўтара”. /Саламевіч Я.  Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў /XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 68, 152./

                                               “ОЙ, ЧАМУ, ЗВАНЫ?..

                                          Ой, чаму, званы вы медныя,

                                          Так маркотна званіцё?

                                          Чаму сэрцу майму беднаму

                                          Супакой не даіцё?..

                                              Я сумую, я гарую

                                              У чужынскай старане,

                                              Як ваш сумны звон пачую,

                                              Цяжка робіцца ўраз мне.

                                          Я пакінуў у мілым краю

                                          Родных, блізкіх, дарагіх,

                                          Аб іх часта ўспамінаю

                                          Ў думках шчырых я сваіх.

                                              Жыва, радасна гамоняць

                                              Нашы родныя званы:

                                              Быццам голасам гавораць

                                              І пяюць людскім яны.

                                          Дадаюць яны моц, сілу,

                                          Радасць добрым людцам ўсім,

                                          Пацяшаюць край наш мілы

                                          Звонам радасным сваім.

                                              Чуў я звон у краі родным,

                                              Чуў вясёлы я той звон!

                                              Мне ўскрасаў ён дух народны,

                                              Беларускі, родны ён.

                                          А цяпер званы чужыя

                                          Ўсцяж так жаласна званяць...

                                          Пэўна, хочуць мне радныя

                                          Гукі звонаў ўспамінаць.

                                              Сумна, цяжка праплываюць

                                              Дні за днямі ў чужыне,

                                              У мяне ж думкі не знікаюць

                                              Ўсе аб роднай старане.

                                          Гэй, ударце моцна, звоны,

                                          Каб аж рэха ўсцяж пайшло

                                          Да бацькоў і браццяў мілых,

                                          Што нядолі церпяць зло.

                                              Каб ляцела ў край радзімы,

                                              Да вясковых родных хат,

                                              Каб ўсе зналі, як нудзіцца

                                              Ў чужыне іх родны брат.

                                          Ой, званы ж вы, званы медныя,

                                          Кіньце сумны голас свой!

                                          Дайце сэрцу майму беднаму

                                          Адпачынак, супакой!

                [г. Сьвеце над Віслай, у польскай ссылцы. 26.ІХ.1926 г.

                Мой першы надрукаваны верш у газеце “Сялянская ніва”,

                               № 34, Вільня, чацвер, 21. Х. 1926 года.]

       /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 3-5./

                                                                  НАША ПОШТА

    “Дасталі: Ад: ... Сяргея Новіка 2 зал. ...” /Сялянская ніва. Вільня. 21 кастрычніка 1926. С. 4./

                                                                   НАША ПОШТА

    “...Сяргей Пяюн: № 30 й 31 Вам пасланы. ...” /Сялянская ніва. Вільня. 18 лістапада 1926. С. 2./

                                                                 НАША ПОШТА

    “Сяргею Пяюну, Францішку Малецкаму, Э. Крэчку: Грошы дасталі, Беларускі Народны Каляндар паслалі”. /Сялянская ніва. Вільня. 4 сьнежня 1926. С. 2./

                                            СКАРГА ПТУШКІ

                                          Зырка сонейка бліскае

                                          Цёплы ветрык ціха вее,

                                          Ў небе бела хмарка тае,

                                          Траўка ў полі зелянее.

                                              А ў клетцы, ля ваконца,

                                              Сядзіць птушачка малая,

                                              Залатым касулям сонца

                                             Яна скаргу пасылае:

                                          Ой, касулі залатыя,

                                          Вы скажыце Пану Богу

                                          Цяжка так за што карае

                                          Ён мяне, малу нябогу?

                                               “То-ж жыла сабе на волі

                                              У зялёным мілым гаю,

                                              Ня чыніла крыўд ніколі –

                                              Усе-ж аб гэтым добра знаюць!

                                          Як цяпер той дзень я помню:

                                          У лесе гожа я пяяла,

                                          Й невядома якім чынам

                                          У клетку ў той-жа дзень папала.

                                              І хоць сьвеціць цяпер сонца,

                                              Ветрык цёплы ціха вее,

                                              Мяне сум грызе бясконца,

                                              Мае сэрца камянее!

                                          Чую, як пяюць сястрыцы

                                          У далёкім родным гаю, -

                                          Пяяць разам, бедна птушка,

                                          Зь імі права я ня маю!

                                              Сум-нуда аб родным гаю

                                              Мае сэрца разрывае!..

                                              Ой, за што наш Бог вялікі

                                              Мяне цяжка так карае?!

                                          Занясеце-ж, сонца коскі,

                                          Маю скаргу Пану Богу,

                                          На Яго прыказ, хай Боскі,

                                          З клеткі выпусцяць нябогу!

                                              Каб магла ў зялёным гаю

                                              Йзноў я лётаць і пяяці,

                                              Віць гняздо для сваіх дзетак,

                                              З усімі разам працаваці!..”

                                          Панясьлі з сабой касулі

                                          Скаргу птушкі пану Богу... -

                                          Невядома чым прыцешыць

                                          Госпад птушачку, нябогу?!

                                          [24. ХІ. 1926.          Сяргей Пяюн.]

                                /Сялянская ніва. Вільня. 8 сьнежня 1926. С. 3./

                                                         ЗІМА

                                          Зіма сярдзітая з марозам,

                                          З завеяй белай ўжо прышла,

                                          Дыван прыгожанькі сьняжысты,

                                          Да нас з паўночы прынясла.

                                              З-за хмарак выпаўз ціха месяц,

                                              За ім ўсьлед зорак каравод; -

                                              І заблішчэлі як брыльлянты:

                                              На дрэвах віней, сьнег і лёд.

                                          Сьвятло разьліў наўкола месяц;

                                         Зрабілась відна, як у дзень, -

                                         І хаткі, шэранькія вёскі

                                         Ў сьнягу зьявілісь, нібы сьцень!

                                             Пануе ціша ў чорных хатках;

                                             Супачывае народ ўвесь... -

                                             Мароз скрыпіць, трашчыць, злуецца!..

                                             Сабака гаўкне. часам дзесь...

                                         Ад сну прачнулась ўрэшце вёска,

                                         Бліснулі ў вокнах ваганькі

                                         І замігталі сярод ночы,

                                         Як воўкаў вочы-вугалькі.

                                             Затупаў ў хатах люд працоўны:

                                              “Гадзіна шэрая” прайшла!

                                             І заскрыпелі ў сенях дзьверы... -

                                             Нанова вёска аджыла!

                                         Схапіўшы прасніцу пад паху,

                                         На плечы ўзьдзеўшы кажушок,

                                         Сьпяшае дзеўча на вячоркі

                                         Прасьці свой беленькі лянок.

                                              Хоць твар шчыпае мароз злосна, -

                                              Ёй на’т ня холадна зусім!

                                              Адна ў ёй думка: на вячорках

                                              Яна угледзіцца з “сваім”!

                                          Ў кутку ля печы лапці з лыка

                                          Пляце старанна гаспадар, -

                                          Для ўсёй сям’і ён мусіць сёння

                                          Зрабіць назаўтра колькі пар.

                                              Каб весялей было дзяўчаткам,

                                              Да іх хлапцы ужо прыйшлі,

                                              Вясёлу песню зацягнулі

                                              Ды байкі правіць пачалі.

                                          Пяюць, жартуюць, весяляцца!..

                                          Мацней гудзе верацяно!.. –

                                          Пачуўшы гоман гэткі ў хаце,

                                          Заглянуў месячык ў вакно.

                                              Глядзеў, дзівіўся ды сьмяяўся... -

                                              Аднак запелі пятухі! -

                                              Дзяўчаты й хлопцы выйшлі з хаты,

                                              На плечы ўзьдзеўшы кажухі.

                                          Кожны хлапец сваю дзяўчыну

                                          Завёў да самых хат дзвярэй,

                                          І на растаньні моцна кожны

                                          Гарнуў дзяўчыну да грудзей...

                                              Ізноў заснула ўрэшце вёска,

                                               Пагасьлі ў вокнах ваганькі;

                                              Ужо ня мігтаюць сярод ночы

                                              Як воўкаў вочы-вугалькі.

                                          Сьпяць ў шэрых хатках моцна,

                                          Дзіўныя зьявы бачаць ў сьне...

                                          Забылі клопат нуднай працы,

                                          Ня помняцьаб верацяне.

                                              Ўжо не сьмяецца болей месяц, -

                                              Пільнуе шчыра свой абвод,

                                              Льле галубовае блісканьне

                                              На белы віней.сьнег і лёд...

                                          Пануе ціша ў чорных хатках;

                                          Супачывае люд ўвесь... -

                                          Мароз скрыпіць, трашчыць, злуецца!..

                                          Сабака гаўкне, часам дзесь.

                                         [ 31 сьнежня 1926. Сяргей Пяюн.]

                                /Сялянская ніва. Вільня. 5 лютага 1927. С. 3./

                         {Потым гэты верш быў падзелены на два: “Зіма” і “Вячоркі”.}

    /Сяргей Новік-Пяюн.  Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 9-10./

 

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz