niedziela, 27 kwietnia 2014

ЎЎЎ 4-3. Нэрчана Індзігірская. Цярністы шлях Сяргея Новіка ды Якутыя. Ч. 4. Сш. 3. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    І зноў пасля слонімскага астрога паэт у 1944 годзе трапляе ў Баранавічы ў тую ж турму, у якой сядзеў і пры паляках /дарэчы. Тут, у камеры № 10 ён піша верш “Хмарачкі”. Маліноўскі М.  Баранавіцкі пакутнік. // Настаўніцкая газета. Мінск. 28 жніўня 1996. С. 4./
                                                         ХМАРАЧКІ
                                          Ў новым “доме” між дроту калючага
                                          Цэлы тыдзень я, вязень, “жыву”.
                                          За акном ў косах сонца бліскучага,
                                          Быццам лебедзі, хмаркі плывуць.
                                              Паляцеце, о, белыя хмарачкі,
                                              Ў край, дзе кінуў я шчасце сваё,
                                              Да каханае, роднае Лялечкі
                                              Занясеце вітанне маё!
                                          Ды скажэце, што шчыра за кратамі
                                          Я кахаю, галубку, яе,
                                          Развітаюся з доляй праклятаю
                                          І вярнуся ізноў да яе.
                                              Быццам лебедзі, белыя хмарачкі
                                              Паплылі на маю Беларусь.
                                              Веру я, што да роднае Лялечкі
                                              Я з выгнання напэўна вярнусь.
                                       [г. Баранавічы, гітлераўскі астрог, камера № 10. 1944 г.]
                         /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 92./
     Некалькі слоў пра турму ў Баранавічах у гэты час. Тут, на яе тэрыторыі, быў створаны філіял Ляснянскага лагера пакут і смерці, у якім адначасова ўтрымлівалася каля 20 тысяч зняволеных. Прылюдна іх тут расстрэльвалі, збівалі, нявечылі, марылі голадам і холадам. Нават узімку тут трымалі людзей пад адкрытым небам. Ад усяго гэтага і ад іншых пакут тут загінула больш 30 тысяч чалавек – і ваеннапалонных, і мірных жыхароў. Як найболей небяспечнага для нямецкага рэжыму Сяргея Новіка-Пеюна трымалі ў асабліва жорсткіх умовах, а знішчыць яго вырашылі ў Калдычэўскім канцлагеры, які знаходзіцца на ўскрайку вёскі, у кіламетры ад дарогі Баранавічы-Навагрудак”. /Маліноўскі М.  Баранавіцкі пакутнік. // Настаўніцкая газета. Мінск. 28 жніўня 1996. С. 4./
    Новік быў вельмі ўлюбчывы, кахаў шмат дзяўчат. Як толькі пабачыў, што немцы адыходзяць на Захад, пакінуў жонку з дзецьмі і зьвязаўся з актыўнай камсамолкай. Гэтую камсамолку немцы хутка злавілі з лістоўкамі і расстралялі.” А Новіка арыштавалі...” [З лісту Сяргея Хмары (сапраўднае прозвішча Сіняк) ад 17 сакавіка 1991 года з г. Таронта (Канада) да Сяргея Чыгрына ў г. Слонім РБ /Хмара С.  Рабінавы хмель. Выбраныя творы. Мінск. 2009. С. 200.]
    Сын памёр зусім маленькім у Слоніме. /Калістра З.  “Зорачкі ІІ”. (Імпрэза да 90-годдзя Сяргея Новіка-Пеюна). // Голас Радзімы. Мінск. 12 верасня 1996. С. 5./
    Хворага паэта немцы кінулі ў канцлагер Калдычэва, дзе крыху раней загінула яго жонка. А цешча з дзвюма ягонымі дочкамі ўцякла ў Польшчу, пасля чаго дзяцей больш ніколі ў жыцці не бачыў”. /Чыгрын С.  Паэт, які заўсёды жыў песняй. // Ніва. Беласток. 27 жніўня 2006. С. 9./
    Там расстралялі яго жонку і маленькага сына...” /Жуковіч В  Пакутнік з ХХ стагоддзя. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 15 верасня 2006. С. 14./
    Ён быў жанаты, жонку звалі Людміла. У іх было дзве дачкі. «Але жонка з адною дачкою выехала ў Польшчу і больш сувязей з Сяргеем Міхайлавічам яны не мелі. Другая дачка нібыта засталася ў Беларусі, але таксама не кантактавала з ім. Іншыя распавядаюць, што жонка Людміла Новік з дзвюма дочкамі выехала ў Польшчу і там жыла. Адно я ведаю, што жонка і дочкі ніколі пасля лагераў з Сяргеем Міхайлавічам не сустракаліся. Ён толькі ў добрых адносінах быў са сваімі сёстрамі, якіх любіў і якія яго моцна любілі і шанавалі. А яшчэ Сяргей Міхайлавіч вельмі любіў Беларусь”, — расказала Аляксандра Пышко.”. /Чыгрын С.  Сяргей Новік-Пяюн любіл Беларусь. // Новы час. Мінск. 17 лютага 2013./
    Женщины содержались в отдельном бараке, там находилась и моя жена. /З паказання С. М. Новіка-Пяюна на судовым працэсе па справе катаў Калдычэўскага канцлагера. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Баранавіцкага раёна. Мінск. 2000. С. 245. [Друкуецца паводле публікацыі А. Валахановіча і Г. Сенюкова ў газеце “Рэспубліка” за 14 верасня 1993 г.]/
    “9 чэрвеня мяне і маю жонку Людмілу (арыштаваную 8 чэрвеня)” /Карлюкевіч А.  Вязень трох рэжымаў. // Голас Радзімы. Мінск. 7 верасня 1995. С. 6./
     А Новіка арыштавалі і пасадзілі ў канцлагер Калдычава. Ашалелая з роспачы і даўно пакінутая жонка, з’явілася да немцаў з дзецьмі і зрабіла авантуру: “Калі забралі мужа, дык бярыце і мяне з дзецьмі, бо ня маю з чаго жыць”. Немцы і яе пасадзілі ў лагер”. [З лісту Сяргея Хмары (сапраўднае прозвішча Сіняк) ад 17 сакавіка 1991 года з г. Таронта (Канада) да Сяргея Чыгрына ў г. Слонім РБ /Хмара С.  Рабінавы хмель. Выбраныя творы. Мінск. 2009. С. 200.]
    “Я быў асуджаны на растрэл. Прысуд адразу ня быў выкананы, таму што я захварэў у вязьніцы плямістым тыфам і ледзь не памёр. Людка ня вытрымала і прабіралася ў шпіталь з дзеткамі, ратавала, лячыла мяне. А шпікі няўсыпна сачылі за ёю. Аднойчы “сястра міласэрная”, полька, данясла, што Людка пры мне з маёю сястрою Марусяй. Іх абедзьвух забралі, але не’к выпусьцілі. Калі мяне падлячылі і скіравалі ўзноў у вязьніцу,  каб выканаць прысуд. Людка ня вытрывала, пайшла да Жултэк прасіць, каб дапамог мяне вызваліць. А як жа ён будзе вызваляць, калі ён сам пасадзіў са сваімі калегамі? “Няхай гіне!” – сказаў Жултэк. Людка яму тады: “Ну, добра! Сёньня мы сядзім, а заўтра вы будзеце сядзець! - А совецкая Армія ўжо падыходзіла, - Жултэк схваціў Людку і пасадзіў у вязьніцу”. /Личное дело ссыльного поселенца Новик Сергея Михайловича. Койданава. 2010. С. 20./

 
     Напачатку гэта быў працоўны лагер, дзе зняволеныя працавалі на торфараспрацоўках ды вырабе цэглы... Ахову лагера неслі падраздзяленні карнага /беларускага/ батальёна. Ён быў сфармаваны акупацыйнымі ўладамі ў студзені 1943 года ў Менску. Дыслацыраваўся ў Пушкінскіх кашарах. На службу ў батальён мабілізавалі моладзь ў асноўным з Баранавіцкай, Бабруйскай, Брэсцкай, Маладзечанскай і Полацкай абласцей. Камандныя пасады, аж да камандзіра займалі беларусы. Але батальён цалкам падпарадкоўваўся немцам, без каманды якіх беларускія афіцэры не маглі прыняць самастойнага рашэння. Камандзірам батальёну быў лейтэнант Юнкерс. Да ліпеня 1944 года батальён складаўся з 7 рот прыкладна 500-600 чалавек. Сёмая рота непасрэдна несла ахову Калдычэўскага лагера смерці... Асабісты склад быў абмундзіраваны ў форму пяхотных войск нямецкай арміі з адпаведнымі знакамі адрознення, якія былі ўстаноўленыя нямецкім камандаваннем для нацыянальных воінскіх фарміраванняў войскаў СД. Для падрыхтоўкі карнікаў пры 13-м батальёне ў траўні 1943 года ў Менску была створаная вучэбная рота /да 100-чалавек/, якая пазней атрымала назоў школы СД... Асабісты склад батальёну прымаў прысягу на вернасць фашысцкай Нямеччыне. Начальнікам школы быў беларус, маёр СС, у мінулым настаўнік геаграфіі, былы афіцэр польскай арміі Ф. Кушаль. У 1939 годзе ён трапіў ў Беларусь. У пачатку 1940 года яго з жонкай паэтэсай Наталляй Арсенневай і двума сынамі выслалі ў Казахстан. У траўні 1941 года вярнуўся ў Беларусь. Актыўна супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі акупантамі. У чэрвені 1944 года разам з сям’ёй выехаў ў Нямеччыну, дзе нейкі час знаходзіўся ў лагерах перамешчаных асобаў. З 1950 года жыў ў ЗША”. /Валаханович А., Сенюков Г.  Яма смерти. // Рэспубліка. Мінск. 11 верасня 1993. С. 7./
                                                      “У  КАЛДЫЧОЎСКІМ  ПЕКЛЕ
    “ 9-га чэрвеня 1944 года мяне і маю жонку Людмілу (арыштаваную 8-га чэрвеня 1944 года) у ліку 92 чалавек (мужчын і жанчын) з Слонімскай турмы праз Баранавічы адправілі ў лагер смерці Калдычова.
    У шаснаццаці кіламетрах на паўночны-ўсход ад горада Баранавічы, не даязджаючы да мястэчка Гарадзішча знаходзіўся былы маёнтак памешчыка Шалевіча Калдычова. Прыгожыя дрэвы раскінулі свае кучаравыя кроны і схавалі пад імі будынкі, якія былі ў маёнтку. Толькі стайні над возерам і новы белы мураваны гмах (турма) за садам былі відны тым. хто праязджаў міма. Красуе бэз, бестурботна шчабечуць птушкі.
    Але вось перад вамі вырастае пяціметровай вышыні агарожа з калючага дроту. Мітусяцца чалавечыя постаці, апранутыя ў шэра-зялёную вайсковую нямецкую уніформу. На брылях з чырвонымі аколышамі і ў пятліцах знак чэрапа са скрыжаванымі касцьмі. Гэта эздоўцы.
    За струнамі густа нацягнутага калючага дроту, як цені, ходзяць схуднелыя людзі з белымі палоскамі на грудзях, на спіне і на правым сцягне. Гэта асуджаныя фашыстамі на смерць савецкія грамадзяне.
    З лета 1942 года гітлераўцы арганізавалі ў Калдычове лагер смерці, і гэты цудоўны куток Беларусі стаўся месцам жахаў і гора.
    Прывезлі нас з Баранавіч на дзвух грузавых аўтамашынах у поўдзень. Перад домам камендатуры нас выстраілі ў тры рады – мужчын асобна ад жанчын - і пратрымалі так да вечара.
    Выйшаў высокі таўстапузы эсэсавец з цыгарай у зубах. Гэта быў шэф лагера Іоган Іорн. Зірнуў ён на нас, сеў у машыну і паехаў.
    Потым арыштаваных пачалі выклікаць па чарзе ў камендатуру. Першай была выклікана маладая настаўніца. Бегчы трэба было хутка. Праз мінуту да нашага слыху данесліся з камендатуры раздзіраючыя душу крыкі, а праз некалькі мінут настаўніцу выштурхнулі два п’яныя раз’юшаныя бандыты-эсдоўцы. Настаўніца была ўся пабітая, акрываўленая, сукенка на ёй падзёртая. За ёй паследавалі і іншыя, і, нарэшце, дайшла чарга да мяне. Выйшаў з камендатуры Павел Чайкоўскі і назваў маё прозвішча. Ён быў апрануты ў форму фашысцкай арганізацыі СБМ (саюз беларускай моладзі).
    Мяне ўштурхнулі ў маленькі белы пакойчык, у якім сядзела дзевяць эсдоўцаў: два немцы, іншыя ў нямецкай уніформе СД здраднікі беларускага народа.
    На сцяне, як каўбаса ў мясным магазіне, віселі гумавыя дубінкі рознай велічыні. Адзін дзяцюк спытаў маё прозвішча, імя, год нараджэння, веравызнанне, нацыянальнасць і спецыяльнасць.
    Калі ён даведаўся, што я беларускі паэт, зусім раз’юшыўся.
    - Га! Беларускі паэт! У сваіх вершах бальшавікоў выхваляў! – закрычаў эсдовец.
    Прыйшоў немец-перакладчык Німэн і, пагражаючы кулаком, сычэў па-руску:
    - Што вы тумаетэ, што прытут польшэвікі? Мошэт быт оні і прытут, но мі вас тут ні отнофо не остафім!
    Пасля прыйшоў ва уніформе лейтэнанта СД камендант лагера Мікалай Калько.
    Немец Варэнбург, намеснік шэфа Слонімскага СД, сказаў яму па-руску:
    - Палюбуйцеся, пан лейтэнант: беларускі паэт!
    - Беларускі паэт? Як прозвішча? - спытаў Калько.
    - Новік-Пяюн! - адказаў я.
    - Як імя? - зноў спытаў Калько.
    - Сяргей.
    Тады Калько маланкава ўдарыў мяне кулаком у ніжнюю сківіцу і разбіў яе.
    Я паваліўся ад неспадзяванага моцнага ўдару і стукнуўся патыліцай аб дзверы. Дзверы адчыніліся і я упаў. Адтуль, з калідора, пасыпаліся на мяне ўдары гумавымі кручанымі дубінкамі, якія па галаве наносілі мне два аграмадныя бамбізы. Затым прыступілі да “працы” два немцы: Варэнбург і белабрысы малады эсэсавец з бясколернымі вачыма і дзвюма ордэнскімі стужкамі на мундзіры.
    Белабрысы немец паказаў рукой на гумавыя дубінкі, а Варэнбург сказаў яму:
    - Цу швэр! (Цяжэйшыя!)
    Як гаспадары малоцяць на таку жыта ў два цапы, так малацілі мяне дубінкамі фашысты. Я не вымавіў ні гуку [і цярпеў, сціснуўшы зубы, хаця разбітая сківіца моцна балела]. Яны падымалі мяне і зноў білі і так пяць разоў. Толькі пад канец міжвольна вырваўся з грудзей нечалавечы крык.
    - Ага! Заспяваў! – са здзекам усклікнулі вылюдкі
     Нарэшце мяне, збітага, выштурхнулі на калідор, дзе стаялі два п’яныя бандыты з вялізнымі гумавымі дубінкамі. Яны таксама накінуліся на мяне. На ганку адзін чубаты эсдовец зрабіў у мяне вобыск. Ён біў мяне кулакамі ў грудзі, жывот і плечы. Не адшукаўшы нічога, эсдовец спрабаваў падсунуць мне ў кішэню пяро, а я заўважыў і сказаў:
    - Я такім пяром не пішу!
    - А, прыкмеціў! – злосна закрычаў бандыт.
                                                      ПРЫСЯГА
                                          Беларусь, мая родная Маці!
                                          Я не здраджу ніколі табе,
                                          За ніякія ў свеце багацці -
                                          Лепш злажу галаву ў барацьбе.
                                              Ты ж мяне ад маленства карміла
                                              Хлебам з роднай каханай зямлі,
                                              З крышталёвых крыніцаў паіла,
                                              Што з-пад сэрца твайго паплылі.
                                          У вясняныя дзіўныя ранкі
                                          Палюбіў я вітаць тут зару,
                                          А матулі маёй калыханкі
                                          Навучылі кахаць Беларусь.
                                              Ў роднай вёсцы я рос-гадаваўся,
                                              Дзе сінеў нада мною блакіт;
                                             Ў косах роднага сонца купаўся
                                              За сялом ля зялёных ракіт.
                                          Тут я рос на вясковым раздоллі,
                                          Ад бацькоў прыклад браў працаваць,
                                          І ад птушак у лесе і полі
                                          Я вучыўся тут песні спяваць.
                                              Тут вучыў мяне бацька мой родны
                                              Сваю мову любіць, шанаваць,
                                              Сцерагчы гэты скарб наш народны,
                                              Яго ў крыўду нідзе не даваць.
                                          Тут за родныя школы змагаўся,
                                          За свой край беларускі цярпеў,
                                          Безупынку да волі я рваўся,
                                          Скінуць путы з народу хацеў.
                                              Беларусь, мая родная Маці!
                                              Я не здраджу ніколі табе
                                              За ніякія ў свеце багацці -
                                              Лепш злажу галаву ў барацьбе.
                              [Калдычэва, гітлераўскі лагер смерці. Чэрвень 1944 г.]
        /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 94-95./
    Артыст эстраднага тэатру Павел Карасевіч не вытрымаў катаванняў і застаўся ляжаць на падлозе мёртвым. Яго загадалі вынесці на панадворак, а нас прымусілі глядзець на акрываўлены труп на працягу паўгадзіны.
    Калі “прыём” усім асуджаным быў закончаны, перад намі адчыніліся вароты з калючага дроту і нас ўсіх - дзевяноста аднаго чалавека - загналі ў лагер.
    Тут камендант лагера Калько даў нам загад нашыць па дзве палоскі з белага палатна (2 сантыметры на 10 сантыметраў) на спіну, грудзі і правае сцягно.
    Тэрыторыя лагера была засыпана пяском так, што аніводная траўка не расла на панадворку.
    Жанчын загналі ў барак, а мужчын выстраілі адзін за адным удоўж агароджы з калючага дроту, праз які быў праведзены ток высокага напружання.
    Сонца хілілася к захаду.
    Вось з жаночага бараку выйшла прыгожая жанчына з доўгімі. каштанавымі валасамі. Яна была апранута ў сінюю. як васількі, сукенку з белым каўнерыкам. На грудзях і спіне былі белыя палоскі. На нагах былі чорныя аксамітныя туфлі. У руках жанчына трымала парожнюю кансервавую бляшанку. Праходзячы міма мяне, жанчына азірнулася і сказала:
    - Добры дзень, Сярожа!
    Я не пазнаў яе. Жанчына падыйшла да мяне.
   - Добры дзень, Сярожа!.. Не пазнаў? Я - Ліда!
    - Добры дзень, Лідачка! - адказаў я. - Вось дзе лёс судзіў нам сустрэцца!
   Гэта была Лідзія Аляксандраўна Хільтова, з якою ў дзяцінстве я вучыўся і сябраваў. Ёй нехта сказаў, што мяне прывезлі, паказалі, дзе я стаю. Ліда сказала, што яна ў лагеры з мужам - свяшчэннікам Георгіем Хільтовым.
    Больш пагаварыць не ўдалося, бо набліжаўся кат Юзэф Прончак, агідны тып са шрамам на звярынай мордзе. Падчас белапольскай акупацыі Прончак быў наглядчыкам у Слонімскай турме. У руках ён заўсёды меў нагайку “казіную ножку” з зашытым на раменным канцы свінцом.
    Потым Лідзія і Георгій Хільтовы мне расказалі наступнае.
      Свяшчэнніка Георгія Хільтова схапілі ў Клецку каля царквы, да якой ён ішоў на маленне. Лідзію арыштавалі пасля мужа.
    За два тыдні да майго прыбыцця ў Калдычова свяшчэнніка Блячынскай праваслаўнай царквы Клецкага раёна Мінскай вобласці Мікалая Хільтова прывязалі да жалезнага ложка, расклалі пад ім агонь і спалілі жыўцом. Яго жонку Хільтову Надзежду Іванаўну расстралялі. Расстралялі каваля Бенку Васіля з вёскі Лявонавічы, Нясвіжскага раёна.
    У лагеры былі вязні розных нацыянальнасцей: рускія, украінцы, палякі, яўрэі, татары, а найбольш было беларусаў. Сярод іх я сустрэў знаёмых настаўнікаў са Слоніма: Сенчыка Леаніда, Сенчык Ядвігу і Куніцу Ядвігу. Тут былі ўрачы, свяшчэннікі, ксяндзы, настаўнікі, рабочыя, сяляне, рамеснікі, старыя, маладыя і дзеці.
    [Кармілі” тры разы надзень: раніцай – бурда-вада, прыпраўленая тухлай мукой, без солі, семдзесят пяць грамаў хлеба, у абед тая ж бурда і семдзесят грамаў хлеба. Увечары вада або бурда без хлеба.
    Хлеб чорны з рознай дамешкай, цвілы, абгрызены пацукамі, якіх ў бараках было такое мноства, а яны такія нахабныя, што і ў дзень адважна лазілі па бараках, кусалі людзей.]
    Душагубы-эсдоўцы закатавалі доктара Навіцкага за тое. што ён аказваў медыцынскую дапамогу хворым вязням, [магчымую ў тых страшных умовах]. 
    28 чэрвеня 1944 года расстралялі агранома Нікалаева з жонкай і дзеткамі-малюткамі – сынам і дачкой; урача Шварца з мястэчка Гарадзішча з жонкай і двума сынамі-малюткамі; дваццацігадовую настаўніцу, якую ў лагеры называлі “цыганачкай” за яе надзвычайную прыгажосць, разам з яе шасцімесячнай дачушкай. Калі каты вырывалі дзіця, а “цыганачка” абараняла і не давала, дык адарвалі ручку няшчаснай малюткі.
    Аднаго хлопчыка – [Пакроўскага], - які намагаўся ўцячы з лагера, эсдоўцы злавілі, прывязалі да слупа каля варот, білі палкамі па галаве і загадвалі крычаць:
    - “Уцякаў, ды злавілі!” - і брахаць па-сабачаму. Затым, пасля катаванняў, хлопчыка павесілі на варотах лагера, а ўсім вязням загадалі хадзіць навакол трупа.
    Кожны ахоўнік, як правіла, меў пры сабе апрача зброі доўгую палку, якою збіваў вязняў за абы-што.
        У лагеры былі дзве дрэсіраваныя сабакі-аўчаркі, якіх нацкоўвалі на ахвяры.
        Калі толькі з боку Баранавіч з’яўлялася чорная легкавая аўтамашына, мы ведалі, што зараз пачуецца раз’юшаны брэх сабак, што пачалося катаванне чарговай ахвяры.
    Марозіў ў жылах кроў від маладой дзяўчыны-настаўніцы, якая вярнулася з гэткага “допыту”. Яна ледзь-ледзь ішла, у падзёртай сукенцы, пакусаная сабакамі, акрываўленая. Дзяўчыну падганяў “казінай ножкай” азвярэлы Юзэф Прончак.
    Ды ці ў сілах чалавек апісаць усе нечалавечыя жахі, якія давялося бачыць і пераносіць у гэтым апраметным калдычоўскім пекле! І ці, ёсць на свеце гэткія фарбы, каб намаляваць жудасныя карціны калдычоўскай трагедыі!
    Па некалькі разоў на дзень нас выганялі на лінейку. Юзэф Прончык, гэты варвар-садыст, цешыўся, збіваючы нагайкай няшчасных вязняў. Ён ганяў па лагерным панадворку мучанікаў, прымушаў то падаць ніцма ўсіх, то падымацца, то зноў падаць і падымацца і г.д.
    - Падній! Поўстань! Падній! Поўстань! – крычаў на польскай мове Юзэф Прончык.
    Хто знемагаў, таго ён збіваў да паўсмерці.
    Я мушу адзначыць, што хоць эсдоўцы насілі на мундзірах значкі з “пагоняй”, аднак уся каманда ў Калдычоўскім лагеры падавалася на польскай мове.
    Аднойчы пад вечар у другой палове чэрвеня нас выгналі з бараку на лінейку.
    Юзэф Прончык, памахваючы нагайкай, звярнуўся да 72-гадовай сівой бабулькі Плюцінскай:
    - Ідзі, глянь! Там у кустах ляжыць дохлы сабака, мо’ пазнаеш!
    Бабулька пазнала свайго сына, які не схіліў галавы перад акупантамі. Яго забілі эсдоўцы.
    - Гэта мой сын! – прамовіла бабулька горда і прыйшла назад на лінейку, але сілы ёй адмовілі і яна ўпала б на зямлю, каб яе не падтрымалі жанчыны.
    Назаўтра раніцай зноў нас выгналі на лінейку. а на насілках два вязні прынеслі з камендатуры труп нейкага старога.
    72–гадовая бабулька пазнала ў ім свайго мужа і з крыкам кінулася да яго. Але Прончык падбег і, скамандаваўшы: “На месца!” – з усяе сілы сцебануў сваёй нагайкай “казінай ножкай” па сівой галаве бабулькі, і чырвоная паласа акрывавіла яе белыя валасы
    За калючым дротам каля камендатуры лагеру быў сад і гарод. Там квітнелі краскі, раслі агуркі, памідоры, клубніка і іншая гародніна. Адзін вязень дарэмна спрабаваў праз дрот дастаць зялёны памідор. Яго за гэту спробу расстралялі.
    У бараках (былыя стайні) з трохпавярховымі нарамі было многа пацукоў.
    У другой палове чэрвеня 1944 года ў лагер прыйшоў шэф, немец Іоган Іорн з камендантам Калько. Іорн даў каманду біць пацукоў і сам пайшоў.
    [Вязні былі накіраваныя на гарышча стайні-барака для біцця пацукоў]. Забілі дзевяноста два пацукі і скінулі іх на панадворак у кучу. Прыехаў асенізатар з бочкай і адвёз пацукоў разам з нечыстотамі на сметнік.
    Пасля паўдня прыйшоў зноў Іорн і спытаў, колькі забіта пацукоў. Яму сказалі.
    - Дзе яны? – працягваў Іорн.
    Калі ён даведаўся, што пацукі вывезены на звалку, то разлютаваўся і загадаў зараз жа расстраляць няшчаснага асенізатара.
    Аказалася, што Іорн хацеў паздымаць з пацукоў шкуркі!
    Любіў забаўляцца камендант Калько.
    Ён прыходзіў уночы ў барак, крыкам будзіў вязняў, загадваў кідаць у кучу ўвесь абутак, а пасля неадкладна адшукваць свой абутак і абувацца. Хто не паспяваў, таго Калько збіваў палкай, а найбольш кулаком. Або загадваў вязням класціся на земляную падлогу барака тварам угору, а пасля хадзіў па целах, як па падлозе і таптаў нагамі.
    Ні адзін выклік на расстрэл не абыходзіўся без Калько. Гэта ён выклікаў і ўдзень і ўночы няшчасныя ахвяры на смерць.
    І ўдзень і ўночы ганялі вязняў на катаржныя работы. Кожны мужчына абавязаны быў штодзённа вынесці з балота 1.550 пліт мокрага торфу, а кожная жанчына – 1.150 пліт торфу. Нікога не цікавіла, здаровы ты ці хворы. Галодныя, няшчасныя вязні вымушаны былі працаваць, бо іх падганялі эсдоўцы палкамі, гумавымі дубінкамі, прыкладамі вінтовак, нацкоўваннем сабак.
    Некаторыя вязні паміралі з голаду, ад катаванняў, хвароб, іншых праз пэўны час расстрэльвалі групамі па 12, 20, 200 чалавек.
    Набліжаўся фронт. Усё бліжэй і бліжэй чутны былі выбухіі савецкіх снарадаў. 27 чэрвеня 1944 года ўначы быў моцны налёт савецкай авіяцыі на горад Баранавічы. Цёмна-сіняе летняе неба праразалі чырвоныя ракеты. Яно гуло ад матораў савецкіх бамбавозаў.
    Намеснік каменданта лагера эсдовец Сянкевіч Леанід даў каманду пазавешваць вокны барака мяшкамі.
    Вязні захваляваліся і зашумелі.
    - Што рабіць? Што рабіць? – У роспачы пыталіся яны адзін у аднаго.
    Я ўбачыў праз дзірку ў мяшку, як да Сянкевіча падышоў камендант Калько, якому ён казаў:
    - Цо робіць, пане лейтэнанце? Оні шумён!
    І Калько адказаў:
    - Не веш, цо робіць? Жуцай гранат!
    У бараку сціхлі, і Сянкевіч з Кальком нас не ўзарвалі.
    Назаўтра 28 чэрвеня 1944 года, пасля бяссоннай ночы, прыйшоў Калько з іншымі катамі і выгнаў нас на панадворак. Ён ганяў нас то ў барак, то на панадворак, то зноў у барак, то зноў на панадворак.
    - Бегем! – крычаў азвярэлы Калько. Людзі спяшаліся хутчэй убегчы ў барак, каб пазбегнуць палачных удараў, якія наносіў Калько і яго памочнікі-эсдоўцы. Аднаму вязню пры такой таўкатні зламалі руку.
    Наглядчыкі загадвалі называць сябе камендантамі, а Калько лічыўся галоўным. Нам не далі нават вады. Сярод выгнаных вязняў мы не далічыліся ў час праверкі 400 нашых таварышаў - іх расстралялі ўначы.
    Машына за машынай прыбывалі новыя “папаўненні” ў наш лагер з баранавіцкай і іншых турмаў. Сярод іх я сустрэў свайго стрыечнага брата Васіля Канстанцінавіча Якімовіча з вёскі Дзямідавічы, Клецкага раёна Мінскай вобласці. Яго расстралялі праз дзве гадзіны пасля прыбыцця ў лагер.
    Нас выстройвалі ў рады, выклікалі па дваццаць чалавек. Гэта ўсё рабіў Калько. У выкліканых тры разы пыталі прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, веравызнанне, нацыянальнасць і хатні адрас, а потым адводзілі да камендатуры. Тых жа, што засталіся, заганялі ў барак, зачынялі на замок і загадвалі завешваць вокны.
    Але я ўсё ж глядзеў праз дзірачку ў мяшку, якім было завешана вакно, і бачыў, як жанчын распраналі дагала, прымушалі акуратна складваць вопратку і абутак. Жанчынам і дзецям выкручвалі назад рукі і вязалі дротам. потым іх кідалі, як дровы, на грузавыя аўтамашыны. На іх зверху садзіліся эсдоўцы і з дзікімі, п’янымі песнямі, крыкам і улюлюканнем адвозілі ў лес.
    Чорным слупом стаяў дым над лесам, стогны і нечалавечыя ляманты несліся да неба.
    Дзядок, якога злавілі каля лесу і загналі ў лагер, расказваў, што бачыў, як фашысты складвалі няшчасных людзей штабелямі і аблівалі бензінам, а пасля запальвалі.
    Пасля пачалі проста расстрэльваць, бо фашыстам трэба было перад прыходам Савецкай Арміі скончыць са смяротнікамі і замесці сляды сваіх злачынстваў.
    Ніколі не забуду, як бралі аднойчы жанчын. Іх было дваццаць, а з імі дзевятнаццаць дзяцей. Самаму старэйшаму хлопчыку было 6 гадоў, самай малодшай дзяўчынцы тры дні! Гэтая дзяўчынка нарадзілася ў лагеры. Сярод жанчын была і 72-гадовая бабулька, маці забітага фашыстамі беларускага хлопца.
    [Калдычево не забыть никогда, - продолжает страшную исповедь Сергей Михайлович, - вот только несколько фактов той страшной хроники. Калько ударил дубинной по голове девочку-малютку, которая плакала на руках у матери, и таким образом заставил ее замолчать навечно. Одного маленького ребенка эсдовцы схватили за ножки и голову разбили о ствол березы... Некоторые узники умирали от голода, издевательств, бболезней. Других расстреливали группами по 12, 20, 200 человек... Крематорную печь взорвали, ибо пропускная способность ее была маленькая и не удовлетворяла потребностей выродков... Девушку, которая пыталась убежать, поймали и посадили на кол. Во время допроса одному узнику прикололи ногу «финкой» к полу... Разорвали ребенка – девочку надвое на глазах у обезумевшей матери.
    Не было в Калдычевском лагере, в Барановичской тюрьме у Сергея Новика-Пеюна ни бумаги, ни острого пера, все ужасы пережитого занесла в свой дневник память. Она, память, сохранила рожденные в лагере, в фашистской тюрьме поэтические строки. /Карлюкевич А.  Узник трех режимов. // Во славу Родины. Минск. 28 января 1992. С. 4./]
                                                   У КАЛДЫЧЭВЕ
                                          Зноў,стогн і крык! І знаў бізун
                                          Па нейчай спіне злосна свішча -
                                          Гэта кат Фрончак распачаў
                                          Сваё штодзённае “ігрышча”.
                                              Сівая бабка на нагах
                                              Ледзь-ледзь трымацца патрапляе.
                                               “Ідзі ды глянь! Вунь у кустах
                                              Сабака дохлы, мо пазнаеш!”
                                          Яна пайшла і ў юнаку
                                          Там сына роднага пазнала.
                                           “То сын мой!” - кату Франчаку,
                                          Не баючыся, адказала.
                                              А да бараку, не дайшла,
                                              Самлела, ледзь не ўпала,
                                              Але суседчына рука
                                              Ў пару старую падтрымала...
                                          А на другі дзень бабкі той
                                          Мы, вязні, больш не сустракалі:
                                          Як маці сына-партызана
                                          Старую ўночы расстралялі.
                                [Калдычэва, 1944 г., гітлераўскі лагер смерці.]
    /Сяргей Новік-Пяюн. Спадчына. [Укл. Л. Шчэрба] // Першацвет. № 10. Мінск. 1997. С. 88./
    [Калько і Прончак вырывалі з рук маці дзяцей і перадавалі ў рукі жанчын, якія дзяцей не мелі, каб тыя неслі іх. Яны, гэтыя вылюдкі, вырывалі з рук маці кансервавыя бляшанкі і лыжкі, з якіх яны кармілі дзяцей бурдой.
    Прончак Юзэф, пасміхаючыся, казаў:
    - Яны вам больш не патрэбныя! На новай каменнай кватэры вам дадуць сярэбраны посуд!]
    3 кожным днём нас заставалася ўсё менш і менш. І вось настаў дзень 29 чэрвеня [1-га ліпеня /Сяргей Новік-Пяюн.  Калдычэва. // Ніва.Беласток. 27 жніўня 1967. С. 4./] 1944 года.
    Прыйшлі ў лагер Іорн, Калько, два немцы-эсэсаўцы і 19 эсдоўцаў.
    Усіх нас падзялілі на чатыры групы. У першую трапіў я, у другую – мая жонка Людміла і Лідзія Хільтова, у чацвёртую - Георгій Хільтоў і Сенчык Леанід з цяжарнай жонкай Ядвігай.

                                       НЕ ГУДЗЕ ЗЯЛЁНАЯ ДУБРОВА
                                                                        Памяці сяброў-вязняў, закатаваных
                                                                         у лагеры смерці Калдычэва,
                                                                                                                    прысвячаю
                                          Не гудзе зялёная дуброва
                                          Над старонкай роднаю маёй,
                                          Толькі вецер жаласна йсурова
                                          Паніхіды правіць тут па ёй.
                                              Сном магільным спяць дубы-асілкі,
                                              Сцяла іх варожая рука,
                                              Толькі пні, як помнікі-магілкі,
                                              Раняць душу й сэрца земляка.
                                          Ды навокал сумныя бярозы,
                                          Пахіліўшы голавы свае,
                                          Па дубах сірочыя льюць слёзы,
                                          Клятву помсціць злыдням лес дае.
                                              Прыйдзе час шчаслівы, лепшы, новы,
                                              Вольна уздыхнем, сябры, мы ўсе.
                                              Загудзе нам новая дуброва
                                              Ў новай славе, велічы, красе!
                               [Калдычэва, гітлераўскі лагер смерці. 1944 г.]
              /Сяргей Новік-Пяюн.  Песні з-за кратаў. Вершы, песні, паэмы. Мінск. 1993. С. 93./
    Нас выстраілі пяцёркамі, загадалі ўзяцца пад рукі і першую групу пагналі пешшу пад аховай конных эсдоўцаў і сабак у Баранавіцкую турму, у якой мы правялі трывожную ноч, бо нас меліся ўзарваць.
    Раніцай 2-га ліпеня 1944 года нас у ліку 600 чалавек выгналі на турэмны панадворак ўжо ўласаўцы і салдаты-немцы.
    Фронт набліжаўся. Усё бліжэй і бліжэй чутна была артылерыйская кананада. Нас пагналі па Баранавіцкай шашы. Хто з вязняў знемагаў, таго прыстрэльвалі. Нам не давалі ні ежы, ні вады. Адзін вязень кінуўся да рэчкі, каб напіцца вады, там яго і забілі.
    Міма нас на грузавых машынах праімчаліся на Захад усе Калдычоўскія каты-эсдоўцы са сваімі каханкамі. Дзеўкі нахабна крыкнулі нам, што лагера ўжо няма, усіх пусцілі... на той свет.
    [У ноч на 30. 6. 1944 перад надыходам Чырв. Арміі гітлераўцы расстралялі вязняў, узарвалі асн. памяшканні, магілы зраўнавалі з зямлёй, засеялі травою. У лагеры закатавана больш за 22 тыс. чал. /Калдычэўскі лагер смерці. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 17.]
    Такім чынам мы даведаліся, што лагер смерці Калдычова ліквідаваны ноччу з 29-га на 30 чэрвеня [з 1-га на 2-е ліпеня /Сяргей Новік-Пяюн.  Калдычэва. // Ніва.Беласток. 27 жніўня 1967. С. 4./] 1944 года. Там сярод іншых вязняў смерцю мучанікаў загінулі: мая жонка Людміла, свяшчэннік Георгій Хільтоў, Лідзія Хільтова, Сенчык Леанід і яго жонка Ядвіга, друкар Ян Валаховіч, інжынер Валасевіч, 92-гадовы свяшчэннік Алякандр Валасовіч з вёскіЁдчыцы Клецкага раёна Мінскай вобласці [магчыма сваяк выбітнага даследчыка арктычных раёнаў Якуціі Канстанціна Адамавіча Валасовіча (1869-1919 гг.).]. Ці ўсіх пералічыш!..
    Пасля начоўкі ў лесе, нас 3-га ліпеня 1944 года пад вечар прыгналі ў горад Слонім на яўрэйскія могілкі і паклалі адзін ля аднаго тварамі да гары і забаранілі падымаць галовы.
    Раніца 4-га ліпеня 1944 года прадвяшчала гарачы дзень. Гітлераўцы спехам ўцякалі.
    Нас паднялі і пагналі па Зельвенскай шашы ў лес.
    На дзевятым кіламетры за горадам Слонімам уласаўцы здрадзілі гітлераўцам і ўцяклі ў лес, дзе далучыліся да партызан. якіх загадзя папярэдзілі, што будуць нас весці на расстрэл.
    Партызаны, што былі ў засадзе, адкрылі агонь па гітлераўцах.
    Убачыўшы такое становішча. мы кінуліся бегчы ў лес. Адкуль толькі і сіла ўзялася!
    многіх выратавалі партызаны, сярод выратаваных быў і я.
    12-га ліпеня 1944 года разам з партызанамі прыйшоў у Слонім, вызвалены Савецкай Арміяй.
    Сяргей Новік-Пяюн. Мінск, 1962 г. /У Калдычоўскім пекле. // Голас Радзімы. Мінск. Жнівень. № 62. 1962. С. 4, № 63. 1962. С. 3-4; Сяргей Новік-Пяюн.  Калдычэва. // Ніва.Беласток. 20 жніўня 1967. С. 3-4; 27 жніўня 1967. С. 3-4./
    “9 чэрвеня 1944 г. я сустрэўся з Людкай на вастрожным падворку, адкуль нас павезьлі за Баранавічы ў Колдычэво – лагер сьмерці. Там камэндантам быў немец, ягоны памочнік – немец й тлумач (перакладчык) немец, а рэшта ахоўнікаў – даўнейшыя ахвіцэры і падахвіцэры б. польскае арміі Мацкевіч, Юзэф Фрончак і іншыя. Юзэф Фрончак у даўнейшай Польшчы служыў ахоўнікам (надзірацелям) у Слонімскай турме. Вось гэтыя паны растралялі Людку ў ноч з 1 на 2 ліпеня 1944 г. проста ў лагеры. А мяне пагналі ў лес і на дзевятым кіламэтры за Слонімам пачалі страляць. Нас было 600 чалавек. Партызанскае “саединеніе” брыгады імя Маршала Ракасоўскага з гэтае групы катаваных адбіла 140 чалавек і ў ліку тым апынуўся я”. /Личное дело ссыльного поселенца Новик Сергея Михайловича. Койданава. 2010. С. 21./
      Аднаго дня пастроілі іх у адну калону. пагналі ў бок Слоніма. Ішлі не людзі, а здані валакліся. С. Новік-Пяюн таксама быў гэтак знясілены, што ў думках ужо развітваўся з жыцём, гадаючы. якая яго вярста будзе апошняй Відаць, усё ж гэтая. Ля могілак скамандавалі спыніцца, загадалі класціся між магіл. Звычайна ў такіх выпадках раздаюцца аўтаматныя чэргі і... Не,зноў скамандавалі, на гэты раз падымацца, зноў строіцца. Накіравалі калону ў бок Зэльвы.
    Сяргей Міхайлавіч ужо сам ня мог ісці, яго падтрымлівалі пад рукі сябры Нешта гаварылі, спрабавалі супакойваць... І тут, як гром сярод яснага неба: “Партызаны! Застрачылі кулямёты і аўтаматы, зняволеныя сыпанулі ў розныя бакі, ведаючы, што толькі тут, сярод кустоў адзін паратунак. Пасрабаваў бегчы і ён, але адчуў востры боль, які, здаецца крануўся саміх мазгоў... Уцалеў, выжыў Сяргей Міхайлавіч. Зняможаны, знясілены паклыпаў у Слонім, дзе жыла маці. засталіся сябры. А яшчэ яму карцела як мага хутчэй даведацца, ці захавалася тыя 16 тысяч тамоў з гарадской бібліятэкі, якія выратаваў ён у пачатку акупацыі”. /Марціновіч А.  “Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне...” // Літаратура і мастацтва. Мінск. 8 снежня 1989. С. 14-15./
    Куля прашыла толькі патыліцу... “ /Кляшчук А.  Песні з-за кратаў. // Рэспубліка. Мінск. 15 красавіка 1992. С. 5. [Фота аўтара]/
    Аднак тады, як ніколі, было невыносна крыўдна. Блізілася вызваленне! Фронт ужо чуцён, і фашысты спяшаліся замесці сляды - знішчалі людзей то на тэрыторыі лагера, то за калючым дротам, у суседніх лясках, то адганялі калоны асуджаных на смерць нават далекавата ад Калдычэва.
    У адну з такіх калон трапіў і ён.
    Пагналі іх, знясіленых, па шашы на Слонім. Хто ісці не мог, таго прыстрэльвалі. Вось і старыя слонімскія могілкі. Пачулася каманда класціся. Сярод магіл. Але фашысты чамусьці змянілі свой намер. Падалі новую каманду. На гэты раз - падымацца. І зноў пагналі. Ужо ў напрамку Зэльвы.
    Ледзь перастаўляў ногі. Але ж побач былі таварышы! Нехта бярэ пад рукі. Нехта просіць, каб, крый Божа, не спатыкнуўся, не ўпаў... На дзевятым кіламетры, калі ўвайшлі ў лес, як гром з яснага неба, пачулася:
    - Парты-за-ны-ы!..
    Людзі кінуліся хто куды. Заракаталі кулямёты. Застрачылі аўтаматы. Адчуў: нешта ўдарыла ў патыліцу, апякло, кінула вобзем...
    ...Праз сорак тры гады яму пазванілі на кватэру. Пытаўся мужчынскі голас:
    - Ці можна Сяргея Міхайлавіча?
    - Я слухаю, - прамовіў ён.
    - Гаворыць былы камандзір партызанскага атрада Рыгор Шавяла. Справа ў наступным. У маім атрадзе быў юны разведчык - Міша Еўшаль. Я лічыў, што хлопец загінуў. А ён нядаўна прыехаў да мяне ў Менск і, між іншым, расказаў наступнае.
    Мішу схапілі фашысты і кінулі ў Калдычэўскі лагер смерці. Аднойчы ён у бараку напаўголаса стаў чытаць беларускія вершы.
У іх была такая туга па волі!.. Дык вось. Якраз тады падыходзіць да Мішы адзін з вязняў і пытаецца:
    - А ці ведаеш, чые вершы чытаеш?
    - Ведаю, - адказаў Міша, - Маладога Дзядка! Вывучыў іх з часопіса “Заранка”, які некалі выдавала ў Вільні Зоська Верас.
    Вязень сказаў:
    - Малады Дзядок - гэта я.
    Далей Міша расказаў:
    - Калі на зэльвенскай шашы мы кінуліся ратавацца, я бачыў, як Малады Дзядок упаў, скошаны кулямётнай чаргой. Шкада. Гэтакія
вершы пісаў!..
    - Жыву я, - чулася ў трубцы, - у адным доме з пісьменнікам Янкам Брылём. Неяк расказаў яму, што пачуў ад Мішы. Брыль, ускрыкнуў: “Не загінуў Малады Дзядок! Ён жыве ў Менску!..” 1 даў нумар вашага тэлефона... Абавязкова паведамлю Мішу! Ён цяпер на Украіне, у горадзе Херсоне.
    Аднак вернемся да падзей сорак чацвёртага.
    У дзень расстрэлу на шашы Слонім - Зэльва ён цудам уцалеў. Рана была не смяротная. Пачаў дабірацца да Слоніма. 3 гэтым горадам столькі звязана! Да таго ж там жыла маці. Ішоў, а вакол бачылася адно: трупы, трупы, трупы...” /Пархута Я.  Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў. Мінск. 1992. С. 452-454./
    Расказаў, як яго ў ліку шасцісот вязняў канцлагера гітлераўцы прывялі на расстрэл. Куля чыркнула яму па патыліцы.
    - Вось і яшчэ ёсць ямка. Я ўпаў, прыкінуўся мёртвым, тым і ўратаваўся”. /Дзелянкоўскі М.  Сяргей Новік-Пяюн: “Ды я і цяпер нібы ў камеры-адзіночцы, толькі што на вокнах няма кратаў...” // Народная воля. № 65. Ліпень. Мінск. 1996. С. 6./
     Яго расстрэльвалі, але куля толькі слізнула па яго патыліцы. Навучаны ўсім жыццём, ён адразу ўпаў, чым і выратаваўся”. /Маліноўскі М.  Баранавіцкі пакутнік. // Настаўніцкая газета. Мінск. 28 жніўня 1996. С. 4./4 ліпеня 1944 года нас гналі ад Баранавіч на Слонім. На дзевятым кіламетры слонімскай шашы нам загадалі: “Па пяць чалавек пад рукі!” і мы бачым, што ў канвоі на аднаго немца прыпадае двое рускіх (чырвонаармейцы, якія пайшлі да Уласава, ваенныя злачынцы). Яны папярэдзілі партызан, што будуць весці вялікую групу – шэсцьсот чалавек. Тут немцы шнапціць гарэлку пачалі. Адзін з арыштантаў кажа: “Во паразіты, здзекуюцца з нашага народа, - і крыкнуў: - Партызаны!” А партызаны ўжо засаду зрабілі. І ўсе ўласаўцы перабеглі да іх і давай біць немцаў. Тады я скамандаваў: “Хлопцы, альбо цяпер, альбо ніколі! Родны айцец не выдасць!” Усе пабеглі, а я стаю. Насупраць, метрах у пяцідзесяці, стары немец трасецца. Ён адгарнуўся, а я – у кювет. Мне трапіла касацельнай. Немцы пачалі крычаць: “Ляжысь! Ляжысь!” Хто лёг, таго прыстрэлілі, а я не варушыўся - прыкінуўся мерцвяком...” /Давыдоўскі Ул.  Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. // Абажур. № 7-8. Мінск. 2006. С. 54./ У час расстрэлу яго паранілі. Прыкінуўся мёртвым, а пасля схаваўся ў бліжэйшым лесе. Так застаўся жыць”. /Чыгрын С.  Паэт, які заўсёды жыў песняй. // Ніва. Беласток. 27 жніўня 2006. С. 9./ У лагеры Новіка апекаваў усё той жа Пяткевіч (немцы яго туды перавялі на працу ахоўніка). Пры падыходзе савецкіх войскаў, немцы ўсё кінулі і пачалі ўцякаць, загадаўшы вартаўнікам пад камандаю Пяткевіча, гнаць палонных пехатой да Слоніму. Перад горадам Пяткевіч Новіка і ўсіх іншых вызваліў з-пад канвою і адпусціў. А жонка Новіка-Пеюна магчыма загінула ў лагеры. Ня ведаю. А Міско вярнуўся з партызанаў у Слонім...” [З лісту Сяргея Хмары (сапраўднае прозвішча Сіняк) ад 17 сакавіка 1991 года з г. Таронта (Канада) да Сяргея Чыгрына ў г. Слонім РБ /Хмара С.  Рабінавы хмель. Выбраныя творы. Мінск. 2009. С. 200.]
    В годы Великой Отечественной войны фашисты томили его в слонимской тюрьме, затем бросили в Колдычевский лагерь смерти под Барановичами. Оттуда его чудом спасли партизаны.
    - Годы, проведенные в заточении, приучили меня сочинять стихи в уме. Вот ходишь так по камере и нашептываешь сам себе. Стихи этих лет писались преимущественно как песни. Мелодию тут же сочинял сам. Песня передавалась из уст в уста среди узников. Как только надзиратели отходили подальше от нас, мы начинали петь вполголоса, - вспоминает Сергей Михайлович.    ...Неподдельная грусть, тоска по Родине и светлая надежда на освобождение - вот основная тема песен военных лет, написанных человеком, испытавшим на себе жестокость фашизма. Такие песни, несомненно, принадлежат истории. /Рылко М.  Песни, принадлежащие истории. // Гродненская правда. Гродно. 9 апреля 1970. С. 4./
             Сяргей Законнікаў
                                          У КАЛДЫЧАВЕ
                                                                          Сяргею Новіку-Пяюну.
                                          Тупат. Каменны тупат.
                                          Памяць, не ліся з вачэй!
                                          Слёзы позірк прытупяць,
                                           А мне трэба бачыць ямчэй.
                                              Вецер бярозы песціць,
                                              Іскрамі лісці ляцяць...
                                              Як ты выжыла, песня,
                                              Мне і цяпер няўцям.
                                          Іду пад сінія высі,
                                          На камень, як на касцёр.
                                          Дыхае дзвесце тысяч
                                          Маіх братоў і сясцёр.
                                              Зямля, нібы панцыр,трэсне,
                                              І вочы успыхнуць, як снег...
                                              Як ты выжыла, песня.
                                              Мне і цяпер няўцям.
                                          Чуеш, выходзяць да сонца,
                                           Ступаючы след у след,
                                          Людзі, што вышай за сосны,
                                          Яны хочуць бачыць свет.
                                              Нікому не перакрэсліць
                                              Вечнага іх жыцця...
                                              Як ты выжыла, песня,
                                              Мне і цяпер няўцям.
                                     /Маладосць. № 6. Мінск. 1969. С. 4-5./
    Але эсперанта ў Слонімскай турме, куды кінулі Новіка-Пеюна фашысты, было мёртвай мовай. На ёй не перагаворваліся і вязні Калдычэўскага канцлагера, куды трапіў Сяргей Міхайлавіч затым...” /Лойка А.  Душа рвалася да песень. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 9 кастрычніка 1981. С. 12./
 



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz