niedziela, 27 kwietnia 2014

ЎЎЎ 2-2. Нэрчана Індзігірская. Цярністы шлях Сяргея Новіка ды Якутыя. Ч. 2. Сш. 2. Койданава. "Кальвіна". 2014.


 

                                                          ЁЛКА ДЗЕДА МАРОЗА

                                                         Калядны абразок у 1-эй дзеі

                                                          напісаў “Малады Дзядок”.

                                   Выданьне Галоўнае Управы Т-ва Беларускае Школы

                                          Друкарня Я. Левіна. Нямецкая вул. 22.

                                                                    Вільня. 1927.

 

 

                                                           ДЗЕЯ ПЕРШАЯ.

    Небагатая, але чысьценькая хатка бацькоў Яначкі й Наталкі. На покуці абразы, абвешаныя белымі рушнікамі. Стол, лавы, услончыкі. Два ці тры вакны, дзьверы, печ. Шэрая гадзіна).

 

                                                                 ЗЬЯВА 1-я.

                                                    Маці, Яначка і Наталка.

    (Заслона падымаецца. Маці апранае й зашпільвае кажушок. Наталка канчае замятаць падлогу. Яначка кладзе ў шупляду ад стала нейкія паперкі).

    МАЦІ: Ну й маладзец мая Наталка! Гэтак хораша прыбрала ў хаце! Цяпер спакойна можам спатыкаць першую зорку на небе!

    НАТАЛКА: А куды, мамка, гэта наш тата паехаў?

    МАЦІ: А ён, бач’, пана павёз у места!

    ЯНАЧКА: А ці-ж пан сам-бы ня трапіў у места?

    МАЦІ: Дзе-ж ты бачыў, дзетка, каб пан сам у места езьдзіў!

    НАТАЛКА: А ці-ж пан дасьць тату што-небудзь за гэта?

    МАЦІ: А памятаеце, як пан улетку даў нам на часткі касіць сена на балоце?

    ЯНАЧКА: Ну, дык што?

    МАЦІ: Ну, дык за тую ласку, што даў нам касіць, татка й павёз яго ў места!

    ЯНАЧКА: Дык жа-ж ён ня дарма даў нам сена! Нятолькі татка, але й мамка, і я й Наталка рабілі каля сена; і пану дзьве часткі завезьлі, а сабе ўсяго адну!

    НАТАЛКА: Але, мамачка!

    МАЦІ: Што-ж рабіць, дзеткі, гэткая воля панская!

    ЯНАЧКА: Вось дык воля!.. Ну, пачакайце-ж, калі-небудзь ня будзе гэтае волі!

    НАТАЛКА: Мамка! А ці татка на вячэру прыедзе?

    МАЦІ: Павінен прыехаць!.. Гэта-ж праўда, амаль ня забылася вам сказаць: цётка Лявоніха дала нам пірага, сырчык і масла! – “Вазьмі! - кажа - галубка! Хоць што-небудзь сабе на сьвята! Гэта-ж твой Яначка пасьвіў маю кароўку, дык яму належыцца!”

    НАТАЛКА: Добрая гэта цётачка!.. Мамка! Дык у нас і сырчык і пірог будзе на Коляды?

    МАЦІ: Але-ж!.. Ну, дзеткі, ужо цёмна, запалеце лямпу, ды будзьце ціханька! Я пайду. Ты, Яначка, прынясі жменьку сена, ды палажы на покуці.

    ЯНАЧКА: Добра, мамка!

    НАТАЛКА: А ці мамка хутка вернецца?

    МАЦІ: Чаму?

    НАТАЛКА: Калі-ж бо ня весяла будзе!

    МАЦІ: Дык мо’ сказаць Юрачцы ды Парасцы, каб прыйшлі да вас? Любыя гэта дзеткі!

    ЯНКА й ПАРАСКА (разам): Пакліч, мамка, пакліч!

    ЯНКА: Вельмі-ж прыгожыя казкі ўмее апавядаць Юрачка.

    НАТАЛКА: А якія-ж песенькі ўмее пяяць Параска!

    МАЦІ: Ну, дык добра! Сьпявайце сабе, апавядайце, пакуль я ня прыду. Толькі ня ўсьніце, бо да паўночы ня можна лажыцца спаць. .Трэба бадзёрымі спаткаць нарадзіўшагася Хрыста! (Запальвае ліхтар і бярэ яго з сабою): Ну, дык я йду! (Выходзіць).

 

                                                                    ЗЬЯВА 2-я.

                                                               Янка й Наталка

    ЯНКА: Наталка! Пабудзеш адна у хаце? Ня будзеш баяцца, пакуль я прынясу сена з гумна?

    НАТАЛКА: А чаго-ж баяцца? Ніхто-ж мяне ня скрыўдзіць!

    ЯНКА: Ну, добра! (Выходзіць).

 

                                                                     ЗЬЯВА 3-я.

                                                                      Наталка

    НАТАЛКА: (адна): Гэта-ж яшчэ пытаецца: “ці ня буду баяцца?” - Гэта-ж гэтулькі анёлачкаў зыйходзіць на зямлю ў сяньняшні вечар, каб хваліць маленькага Хрыста! Чаго-ж баяцца?.. (Падыходзіць да вакна й глядзіць праз яго, сядаючы на лаўцы): Як-жа-ж прыгожа размаляваў Дзед Мароз шыбы нашых вокнаў! Во, якія бліскучыя зорачкі! Як яны сьвецяцца! Як золота, срэбра! Вось тутака маленькія, а тут вялікшыя, а тут спляліся шнурочкамі, як пацяркі! Ну, і штукар-жа гэты Мароз! А заляпіў гэтак шыбы, што нават ня відаць, што робіцца на панадворку. (Дзьмухае на шыбу; лёд тае). - [Гэта можна зрабіць такім чынам: з-за куліс шыбу з папяроснае паперы нашмараваць маслам ці алеем, вось і будзе празрыстая пляшка.] - (Наталка прыкладае рукі па баках галавы, каб было лепш відаць.): Вух, якая цёмная ночка! Як гэта татка наш прыедзе дамоў? Мамка хаця ўзяла з сабою ліхтар!.. - А вунь, вунь, і зорачка заміргала на небе! Якая-ж прыгожая! А бліскае сьветла-сінім агоньчыкам! Пэўне зараз і Дзіцятка сьвятае прыйдзе да нас на зямлю?.

 

                                                                    ЗЬЯВА 4-я.

                                                                Наталка й Янка.

    ЯНКА: (ўваходзіць, нясучы невялічкую жменю сена): Чаго

ты так углядаешся, Наталка?

    НАТАЛКА: Глянь, Яначка, ужо зорачка зышла на неба!

    ЯНКА: (кладзе сена на покуці й прыглядаецца): Ай праўда!.. Што-ж гэта Юрачкі з Параскаю няма?

    НАТАЛКА: Ціха! Здаецца, што нехта йдзе?! (стук удзьверы).

    ЯНКА: Нехта стукае! Запалі лямпу!

    ГОЛАС З-ЗА ДЗЬВЯРЭЙ: Чаго замкнуліся? Адчынеце!

    НАТАЛКА: Яны! Юрка й Параска! Адчыняй, Янка! (Становіцца на ўслончык і запальвае лямпу).

    ЯНКА: Мігам! (Ідзе ў сені й адчыняе дзьверы).

 

                                                                    ЗЬЯВА 5-я.

                    Наталка; у кажушкох, абсыпаныя сьнегам (з ваты), Юрка й Параска; за імі Янка.

    ПАРАСКА: (да Наталкі): Добры вечар. золатка! (цалуюцца).

    ЮРКА: Як маешся, Наталачка? (вітаецца).

    НАТАЛКА: Дзякую! Вось добра, што вы прышлі! Скідайце-ж кажушкі!

    ЮРКА: Трэба кажухі над печкаю павесіць, каб сьнег абтаяў!

    ЯНКА: Добра! Зараз усё ўпарадкую? (Бярэ кажухі й вешае на жэрдцы над печкаю): Чаму-ж вы адразу ня прыйшлі”?

    ПАРАСКА: Бо ня было Юркі ў доме!.. Але-ж як вы хораша прыбралі сваю хатку і чысьценка ўсюды!

    НАТАЛКА: А як-жа-ж! Трэба ў чыстаце праймаць маленькага Хрыста!

    ПАРАСКА: Пэўне!

    ЮРКА: Ведаеце, даражэнькія, што?. Гэта-ж я ня устрымаўся, і бегаў у двор. Ах, каб вы ведалі, як пекна прыбралі панічы ды паненкі ёлачку! Хоць было вельмі мне холадна, але стаяў я ля вакна ды пазіраў:

    НАТАЛКА: Зараз, раскажаш, міленькі, але перад тым сядайце, калі ласка! (Сядаюць ля стала грамадкаю: Янка, Параска, Наталка й Юрка, так, каб усе былі відны глядзельнікам. Усе з цікавасьцю слухаюць).

    ЮРКА (гаворыць з запалам): Уся панская заля аж зігаціць ад тых бліскучых цацак, якія паразьвешалі паны на ёлцы. Там і анёлачкі, і хаткі, і рыбкі і конікі, і шмат іншых гэткіх рэчаў, якіх я нават ніколі ня бачыў і ў сьне! А сьвечачкі, дык, каб вы бачылі: ня толькі белыя, але й ружовыя й сінія й зялёныя!.. Ах, Божухна, Бацюхна! Аж вочы мае вылазілі на лоб, - гэтак цікава там у іх! А под сподам ёлкі, дык вось штука! Маленькая хатка, быццам сапраўдная: і страха, і комін, і вокны, і сьцены з бярвёнаў жоўтых, і вагоньчкі бліскаюць у вокнах; і дзьверы! - ўсё, як мае быць! На страсе-ж, ці паверыце, як на сапраўднай, бліскае сьнег, вось гэткі самы сьнег, які на нашых хатках цяпер ляжыць, адно, што хоць і ў пакоі, але ня тае. Ля хаткі чорненькі сабачка стаіцб!.. Зірнуў я глыбей пад ёлку, дык угледзіў... Як думаеце што я ўгледзіў?

    НАТАЛКА: Можа вавёрку?

    ЮРКА: Не!

    ЯНКА: Ваўка, пэўне!

    ЮРКА: Не!

    ПАРАСКА: Ну, дык мусіць або зайца, або лісу!

    ЮРКА: Эх! Ніхто ня згадаў! Дык скажу я вам! Угледзіў я там Дзеда!

    УСЕ (з цікавасьцёй): Што? Якога дзеда?

    ЮРКА: А такога, што ў кніжках малююць, ды аб якім казкі пішуць,  Дзеда Мароза!

    УСЕ: А-а-а!.. Жывога?

    ЮРКА: Ну, гэтага я вам не скажу, бо й сам ня ведаю! Стаіць ён гэта ў вялізнай шапцы, у кажусе, у вайлакох, у рукавіцах; барада й вусы белыя, белыя, як сьнег! За плячыма нясе торбу з цацкамі й ёлачку. Стаіць ён гэта, як жывы, толькі што ня варушыцца.

    НАТАЛКА: Вось цікава!

    ЯНКА: Што-ж далей?

    ЮРКА: Пасьля я бачыў, як прышла ў гэтую залю нейкая паня. Уселася яна на крэсьле, каля нейкага вялізнага чорнага куфра, ды давай пальцамі стукаць па ім. Ажно чую я, дык грае музыка. Панічы і паненкі пачалі сьмяяцца ды скакаць на глянцаванай падлозе. А адзін гэтак даказваў, круціўся, што пасьгізнуўся, ды - бэнц!.. Паваліўся на падлогу й пачаў плакаць. Усе кінуліся да яго. А мне гэтак сьмешна зрабілася, што ня устрымаўся ды засьмяяўся. Усе зірнулі на вокны. Я схаваўся. Ажно калі выйшаў нехта, ды калі пачаў клікаць і цкаваць сабак, дык я ледзь, ледзь, ногі ўнёс да дому!

    ПАРАСКА: Во шчасьлівыя паны! Чаму гэта нам нельга мець гэткае прыгожае ёлачкі?

    НАТАЛКА: Бо паны багатая, а мы бедныя!

    ЯНКА: Не гаруйце, дзяўчаткі, можа мы таксама некалі будзем мець яшчэ лепшую ёлку. Можа й нам бедным засьвеціць сьветлая зорачка.

    ЮРКА: А вы думаеце, што бедныя зусім ня маюць шчасьця?

    НАТАЛКА: А хто яго ведае!

    ЮРКА: Калі хочаце, дык я раскажу вам казку аб адным хлопчыку, круглай сіраце, які хацеў пацешыць сваю хворую таварышку ў вялікае сьвята Каляд?

    Усе: Кажы, Юрачка! Будзем слухаць!

    ЯНКА: Ты-ж вельмі добра апавядаеш!

    Юрка (здаволены): Ну, добра! Слухайце!... Жыў на сьвеце невялічкі хлапец, якога клікалі Васільком!..

    ПАРАСКА: А гэта аб тым Васільку хочаш казаць, якога зьелі ваўкі?...

    ЮРКА: Але-ж не! Зусім аб іншым!

    ПАРАСКА: А, ну, дык кажы, братка, кажы!

    ЮРКА: Памёрлі Васільковыя бацькі, гэта значыць: тата і мама, і пакінулі Васілька аднаго на ўсенькім сьвеце. Добрыя суседзі выхавалі іх, а малога Васілька ўзялі да сябе. Прыгожы быў гэта хлапчук! Суседзі вельмі любілі яго дык ня дзіва, што узялі да сябе. Мелі яны прыгожую дзяўчынку, што звалася Люська. Вельмі-ж палюбіліся гэтыя дзеткі. Усюды былі разам. Аднойчы, гэта была ўзімку, бацькі Люські выйшлі недзе ўходжвацца па гаспадарцы, а Люська прыцікавіла ў вядры з вадою лядзяныя сасулькі, ды як цукерак пачала смактаць іх. Ажно ў вечары пачула холад і лягла ў ложак, - захварэла! Вельмі-ж бацькі трывожыліся, каб ня ўмерла іхняя дачка. Надыйшлі Каляды. А дзяўчынка ня ўставала. Васілёк у самы конадзень сьвята, нічога нікому не сказаўшы, пайшоў з сякеркаю ў лес, каб прынясьці Люсьцы ёлачку. Ён думаў, што яна будзе цешыцца й лягчэй ёй будзе, бачучы зялёную бёлачку на Каляды. Меў Васілёк трошкі паперы, дык хацеў тую ёлачку прыбраць паперкамі... Хадзіў, хадзіў гэта Васілёк па лесе, а ніяк ня мог выбраць маленкае ёлачкі. Ажно сьцямнела. Праняла Васілька дрыжака ад страху, угледзіў ён, што заблудзіўся. Раптам бачыць, сунецца да яго...

    УСЕ (з жахам): Воўк?!..

    ЮРКА: Але-ж не! Чакайце! Сунецца да яго нейкі белы чалавек з даўгою белаю барадою, увесь аблепляны сьнегам і пачаў пытацца грубым голасам: “Хто тут?” - А гэта я, Васілёк! - з страхам адказаў той. - А вы-ж хто такі, дзядочак даражэнькі? – “Ах, які ты ветлівы! Малайчына! Я - Дзед Мароз, чырвоны нос! Усіх няветлівых, злых марожу, але цябе ня крану, бо вельмі-ж ты мне спадабаўся! Ну, кажы, па што сюды прыйшоў ты, Васілёк?” - Той расказаў усю праўду. Дзед Мароз пахваліў Васілька за шчырасьць і добрае сэрца! – “Ну, нічога” - сказаў ён – “Будзе табе ёлка, пачакай!”кляснуў гэта Дзед Мароз у далоні, аж тут з-пад дрэваў пачалі вылазіць малыя чалавечкі ў чырвоных і зялёных вопратках і ў высокіх шапках з белымі бародамі. – “Прынясеце сюды ёлачку!” - сказаў Дзед Мароз, - “А хораша яе ўбярэце! Зорак і сьняжынак сыпце пабольш, каб зігацела яна лепш чым у панскіх палацах!”

    - Хто-ж гэта? - спытаўся Васілёк. - Гэта мае добрыя служкі-красналюдкі!” - Ураз прымчалі яны ёлачку, а такую прыгожую, што Васільковыя вочы аж сьлеплі ад блеску. – “Цяпер” - сказаў Мароз – “Запражэце ў санкі пяць пар зайцоў, ды завязеце Васілька дамоў!” Бягом пайшлі слугі спаўняць загад Мароза. А ён, тымчасам, казаў Васільку:

    - Калі табе штоколечы будзе патрэбна, дык ты крыкні моцна гэтак:

    “Дзед Марозка, прыбяжы,

    Майму гору памажы!

    Што рабіць мне - сам ня знаю,

    Тваёй рады я чакаю!”

    Калі крыкнеш ты гэтак, дык я зараз і прыду. Але мусіш ведаць, што ўлада мая толькі ўзімку, а на вясну й лета, ты ўжо мусіш абыходзіцца бяз мяне. Ну, тымчасам, бывай здароў!”

    - Бывайце, Дзедка! Бывайце! - крыкнуў Васілёк, але ўжо Мароза ня бачыў, бо ляцеў на прыгожых санках, запрэжаных у пяць пар зайцаў. Вельмі ўсьцешылася Васільковая прыяцелька Люська, калі красналюдкі прынясьлі ў хату зьзіяючую ёлку, ды й шмат грошаў і ўсялякага дабра. І ад вялікае радасьці яна адразу паздаравела. Бацькі Люськіны, яшчэ больш пакахалі Васілька, і ўжо ня зналі бяды, бо мелі досыць і грошаў і ўсялякага дабра! Ну, вось і канец! Ну, як, ці падабалася вам мая казка?

    УСЕ: Ах, вельмі-ж падабалася!

    НАТАЛКА: Вось, каб здарылася гэтак з намі! Я-б ужо ня ведала, што рабіць ад радасьці!

    ЯНКА: А добра было-б! Тагды-б і мамка, і татка былі-б рады! Ня трэ’ было-б і пана вазіць у места ў той час, калі людзі сьвяткаваць зьбіраюцца! Во, каб гэта татку нашаму грошы трошкі дастаць! Зусім інакш пайшло-б нашае жыцьцё!

    ЮРКА: А, што-б ты, Янка, тагды рабіў?

    ЯНКА; Я б накупляў шмат, шмат кніжачак, ды вучыўся-б!

    НАТАЛКА: А я-б на Каляды купіла сабе прыгожую сукенку!

    ПАРАСКА: Я-б таксама!

    ЯНКА: Вось радасьці было-б.

    ЮРКА: Тагды было-б баляваньне, лепшае чым у паноў. А ўсіх-бы мы паклікалі да сябе пагуляці.

    УСЕ: Пэўне!

    ЮРКА: Ведаеце, што ? Каб хутчэй нам ішоў час, дык засьпявайма песянку аб Дзеду Марозе! Параска яе добра ведае, я нягорш! Мо’ а выйдзе ў нас сякі-такі квартэт!

    ПАРАСКА: Добра, добра!

    ЯНКА: А хто-ж пачне?

    НАТАЛКА: Хай Параска пачынае! Яна лепшы голас мае!

    ПАРАСКА: Ведаеце, што? Распачнём мы ўсе разам!

    УСЕ: Разам, дык разам!

    ЮРКА: Ну, дык гайда!

                       (За, сьцэнаю, калі ёсьць, дык падчас пяяньня можа падыграваць музыка).

    УСЕ (пяюць):

                                                   1) 3 белай зімнае паўночы

                                                       Прыкаціў к нам Дзед Мароз,

                                                       3 тае дальнае старонкі

                                                       Дзіваў шмат да нас прывёз.

 

                                                   2) Працаваў Мароз нямала:

                                                       Шаць на дрэўцы кінуў ён,

                                                       Залатых прыгоршчы зорак

                                                       Прыляпіў да шыб вакон.

 

                                                   3) І вісяць яны шнуркамі,

                                                       Як брыльлянты зігацяць,

                                                       Быццам зорачкі на небе

                                                       У нашых вокнах тут блішчаць!

 

                                                   4) Падышоў мароз да рэчкі:

                                                       Уміг спыніла бег рака!

                                                       У кайданы з лядоў скавала

                                                       Яе Дзедава рука!

 

                                                   5) У люстра рэчкі ледзяное

                                                       Глядзіць сонейка з нябёс,

                                                       І лятае ў санках сьнежных

                                                       Па ім з сьвістам Дзед Мароз!

 

                                                   6) Белай коўдраю пакрыты

                                                       Пазірае сонна бор;

                                                       Ужо спыніў сваё пяяньне

                                                       У ім вясёлы птушак хор.

 

                                                   7) Людзі паляць у хатах печы, -

                                                       Усіх пастрашыў Дзед Мароз!

                                                       3 хаты на’т ніхто ня хоча

                                                       Паказаць на двор свой нос!

 

                                                   8) Чэсьць табе, пашана й слава,

                                                       Усемагутны Дзед Мароз!

                                                       За чароўныя ўсе дзівы,

                                                       Што з сабой да нас прынёс.

 

                                                   9) Дзед Мароз! На санках сьнежных

                                                       Да нас сяньня прыбяжы!

                                                       Елку мо’ ў сябе ты маеш? -

                                                       Калі ласка, пакажы!

 

                                                 10) Прыбяжы ты у нашу хатку,

                                                       На нас бедных паглядзі!

                                                       Мы цябе кахаем шчыра!

                                                       Дзед-Мароз! Прыдзі! Прыдзі!..

                                                                (Стук у дзьверы).

    УСЕ (пытаюцца): Хто там?..

    ГОЛАС З-ЗА ДЗЬВЯРЭЙ: Адчынеце!

    НАТАЛКА: Гэта ня татаў голас!

    ПАРАСКА: Нехта незнаёмы!

                                                               (Стук у дзьверы).

    ГОЛАС З-ЗА ДЗЬВЯРЭЙ: Што-ж гэта вы сьпярша мяне клікалі, а цяпер маўчыцё й не адчыняеце?..

    УСЕ: Хто-ж гэта?.. (пераглядаюцца)

                                                              (стук ізноў у дзьверы).

    НАТАЛКА: Янка! Ідзі, адчыні!

    ЯНКА: Хто яго ведае, хто там? Не’ як мне жудасна аднаму.

    ЮРКА: Але-ж мы тутака.

    ЯНКА: Ну, зараз (Ідзе да даьвярей. Усе дзеці таксама пасоўваюцца бліжэй да двьвярэй. Янка адчыняе дзьверы. Адтуль выходзіць прыбраны у белую вопратку, з даўгою белай барадою, Дзед Мароз, абсыпаны бліскучым сьнегам і зоркамі).

 

                                                                    ЗЬЯВА 6-я.

                                                             Тыя-ж і Дзед Мароз.

    ЯНКА (з жахам кідаецца проч ад дзьверы): Ай-яй!..

    УСЕ: Ай!..

    ДЗЕД МАРОЗ: Чаго-ж вы крычыцё? Сьпярша мяне клікалі, а цяпер дык уцякаеце? Я - Дзед Мароз, чырвоны нос!

    УСЕ (з цікавасьцёй): А-а-а?!..

    ДЗЕД МАРОЗ: Хадзіў гэта я па вашай вёсцы. Усюды ціханька. Ажно чую ў вашай хатцы нехта пяе, ды як раз аба мне. Мне вельмі спадабалася вашая песенька! Ну, я й паслухаў вас, прышоў сюды. Ну, прызнайцеся, - гэта-ж ніхто іншы, але вы пяялі?

    УСЕ: Але, гэта мы!

    ДЗЕД МАРОЗ: Ну, вось гэтак люблю! Ну, а гдзе-ж гэта ваш тата ды мама?

    ЯНКА: Тата павёз у места пана!

    НАТАЛКА: А мама пайшла недзе.

    ЮРКА: А я з Параскаю (паказвае на Параску) ня з гэтае хаты!

    ДЗЕД МАРОЗ: Ага! Разумею!.. А хто гэта з вас апавядаў казку аб Васільку-сіраце й аба мне? Ну, сьмела!.. Я й казку падслухаў!

    ЯНКА: Гэта Юрка! Ён, дужа добра можа расказваць!

    ДЗЕД МАРОЗ: Чакайце! Хто з вас ды й як завецца, мушу я ведаць!

    ЯНКА: Я завуся Янка!

    НАТАЛКА: А я - Наталка!

    ЮРКА: Я - Юрка!

    ПАРАСКА: А я - Параска!

    ДЗЕД МАРОЗ: Цяпер я ўжо ведаю. (Да Юркі): Дык гэта ты так прыгожа апавядаць умееш? Малайчына! Ну, дзеткі, за тое, што вы гэткія добрыя й мяне Старога Мароза любіце, я вас пацешу на Каляды! Хочаце мець гэткую ёлку, якую я даў Васільку? Кажэце!

    УСЕ (радасна): Ах, мілы Дзедка! Хочам! Хочам!

    ДЗЕД МАРОЗ: Ну, добра! Зараз! (Падыходзіць да дзьверы, адчыняе яе і кляскае тры разы ў далоні. Прыбягаюць ў хату чатыры красналюдкі - малыя чалавечкі - у калёрных вопратках, высокіх шапках, з даўгімі белымі вусамі й бародамі. Красналюдкі кланяюцца Дзеду Марозу).

 

                                                                      ЗЬЯВА 7-я.

                                                               Тыя-ж і красналюдкі.

    КРАСНАЛЮДАК (адзін): Што прыкажаш нам, магутны Дзед Мароз? Я з братамі ўраз споўню твае жаданьні!

    ДЗЕД МАРОЗ: Зараз-жа прымчэце сюды ёлку, гэткую прыгожую, як калісь далі Васільку!

    КРАСНАЛЮДАК: Зараз усё будзе ў парадку! За мною браточкі! (Красналюдкі кланяюцца Дзеду Марозу й выбягаюць. Дзеці зьдзіўлена пазіраюць на ўсю гатую сцэну).

    ЮРКА: Дзедка! Гэта твае служкі, красналюдкі?

 

 

    ДЗЕД МАРОЗ: Але, але! Пабачыце, якія яны паслушныя й верныя мне! (Красналюдкі ўносяць (хораша прыбраную ёлку з прылеплянымі да галінак сьвечкамі й стаўляюць на сярэдзіне хаты, бліжэй покуці, каб было больш мейсца для ігральнікаў).

    КРАСНАЛЮДАК: Споуўнілі твой прыказ, Дзед Мароз! Чаго яшчэ жадаеш?

    ДЗЕД МАРОЗ: А цяпер прынясеце сюды гасьцінцаў гэтым добрым дзеткам, а захапеце з сабою й грошаў і ежы, і піцьця, каб тут было ўсяго даволі!

    КРАСНАЛЮДАК: Зараз усё будзе ў парадку! (Кланяюцца й выбягаюць).

    ПАРАСКА: Якая-ж прыгожая ёлачка!

    ЮРКА: Сапраўды лепшая, чым у паноў!

    НАТАЛКА: А ўсялякія-ж цацачкі на ёй!

    (Стук у дзьверы. Янка бяжыць адчыняць. Уваходзяць чатыры красналюдкі, нясучы вялізны цяжкі мех.)

    ДЗЕД МАРОЗ (сядае на лаўцы ля стала): Сюды нясеце, сюды!

    (Красналюдкі стаўляюць мех перад ім).

    ДЗЕД МАРОЗ: А цяпер зрабеце ў хаце гэтак відна, каб уся зігацела!

    КРАСНАЛЮДАКІ (разам: кланяюцца): Зараз усё зробім! (Запальваюць на ёлцы сьвечкі і, калі ёсьць у запасе, дык лямпы: у гары дзьве каля заслоны, і ўнізу дзьве. А можна й больш, каб было на сцэне як найвідней. Прыбіраюць усю хату, каб аж блішчэла).

    ДЗЕД МАРОЗ (раздае дзяцём цукеркі, пернікі. Стаўляе на стол булкі, мяшочкі, нібыта з грашыма, скрыначкі): У гэтым мяху шмат чаго яшчэ вы знойдзеце, пасьля разгледзіце! А цяпер трэба трошкі пагуляць! Каб Дзіцятка Божае весялілася разам з вамі!

    ДЗЕЦІ (радасна крычаць, скачучы): Добра Дзедка! Добра!

    ДЗЕД МАРОЗ: Але, каб было весялей, дык я йшчэ нейкага хачу паклікаць! Згода?

    ДЗЕЦІ (хорам): Ах! Пакліч! Пакліч!

    ДЗЕД МАРОЗ (падыходзіць да дзьвярэй, кляскае тры разы ў далоні й кліча):

                                                      „Гэй, хутчэй сюды дзяўчынкі,

                                                       Зімы-матанькі красулі,

                                                       Брыльлянтовыя сьняжынкі.

                                                       Што к’ нам з неба заглянулі!

                                                       Цёмна, страшна ў лесе; у полі

                                                       Вые жудасна віхор!

                                                       Тут пабавіцесь даволі!

                                                       Хай грымне ваш дзіўны хор!”

    (Сьняжынак павінна быць найменш чатыры. Калі пазваляюць варункі, дык лепш, каб іх было больш. Сьняжынкі яшчэ за кулісамі пачынаюць гожа пяяць. Калі ёсьць, падыйгрывае музыка. Усе слухаюць. Пасьля другое звароткі Сьняжынкі ўваходзяць плоймай, трымаючыся за рукі; тварам да глядзельнікаў і канчаюць песьню).

 

                                                                         ЗЬЯВА 8-я.

 

 

    СЬНЯЖЫНКІ (пяюць):

                                                      „Уёмся белым карагодам

                                                       3 дальніх сініх мы нябёс,

                                                       Паглядзець, як гэтым годам

                                                       Людзей усьцешыць усіх Хрыстос!

                                                       У небе доўга мы круцілісь:

                                                       Ветрык песьні нам пяяў,

                                                       На зямлю цяпер спусьцілісь,

                                                       Бо нас Дзед Мароз прызваў!

    СЬНЯЖЫНКІ (хорам): Добры вечар! Дзед Мароз!

    ДЗЕД МАРОЗ: Добры вечар, мілыя!

    АДНА СЬНЯЖЫНКА: Гэта ты сюды нас клікаў, Дзедка?

    ДЗЕД МАРОЗ: Сюды! сюды! Гляньце, якія тут прыгожыя дзеткі. Яны й мяне й вас, Сьняжынак, любяць!

    СЬНЯЖЫНКІ (падбягаюць да дзяцей): Добры вечар, мілыя дзеткі (вітаюцца).

    ДЗЕЦІ (радасна): Добры вечар! Сьняжыначкі!

    ДЗЕД МАРОЗ: Цяпер я буду падаваць каманду, а вы усе рабіце, што вам скажу!

    УСЕ: Разам! разам!

(Дзеці ўперамешку з сьняжынкамі й красналюдкамі бяруцца за рукі, і ходзячы навакол ёлкі радасна пяюць з прыскокамі на ноту “Лявоніхі” песьні. Дзед Мароз сьмяючыся прыклясківае ў далоні. І тут, калі ёсьць, за сцэнай можа падыйграваць музыка, але не заголасна).

 

 

    ДЗЕЦІ (пяюць):

                                                   1) Трэба нам усім ў згодзе жыць, ў згодзе жыць,

                                                       І ў няшчасьці ня тужыць, ня тужыць!

                                                       Нас пацешыў сяньня Дзедка Мароз,

                                                       Ён прыгожую нам ёлку прынёс!

                                                   2) Яму слава, яму чэсьць, яму чэсьць!

                                                       Хай жыве ён у нас гадоў тысяч шэсьць!

                                                       Мы балей цябе яшчэ будзем любіць,

                                                       Нам ніколі аб табе не забыць!

                                                   3) Адагнаў ты ад мас ў гэтую ноч

                                                       Цяжкі смутак, і нуду і жаль проч!

                                                       Мы Марозу будзем песьні пяяць,

                                                       Дабрадзея яго усьцяж ўспамінаць!

                                                   4) Пэўне цешыцца й маленькі Хрыстос,

                                                       Што пацешыў бедных дзетак Мароз!

                                                       У Бэтлееме ў жалабочку Ён ляжыць,

                                                       Над ягоным домам зарачка блішчыць!

    ДЗЕД МАРОЗ (пяе):

                                                   1) Калі гэтак, дык на будучы год,

                                                       Яшчэ лепшы тут заскача карагод!

                                                       Будзе ёлка ізноў тут’ка ў вас,

                                                       Пагуляемо ў вясёлы ў той час!

                                                   2) За вялікую любоў да мяне

                                                       Атрымаеце гасьцінцаў ад мяне!

                                                       Красналюдкі і сьняжынкі да вас

                                                       Прылятуць сюды ў шчаслівы ў той час!

    КРАСНАЛЮДКІ (пяюць): Яшчэ лепшую мы ёлку прынясём!

    СЬНЯЖЫНКІ (пяюць): Прыгажэйшую мы песьню запяём!

    УСЕ (прыпяваюць): Ля, ля, ля, ля, ля, ля, ля, ля, ля!

                                                              (і гэтак далей).

    (Падчас пяяньня адчыняюцца дзьверы й ўваходазіць: Маці, Янкі й Наталкі з ліхтаром. Бацька іх у кажусе, аблепляным сьнегам, з пугаю ў руцэ й шапкаю (ў сьнягу) на галаве. Яны зьдзіўленымі вачыма, расставіўшы рукі, пазіраюць на вясёлую забаву й, раскрыўшы губы, прамаўляюць):

 

                                                                    ЗЬЯВА 9-я.

                                                                  Тыя- ж і бацькі.

 

    БАЦЬКІ: А - а - а?!..

                                         (3 сяней яшчэ ўглядаюцца цікавыя людзі).

                                  (Дзеці, красналюдкі й сьняжынкі скачуць й пяюць).

 

                                                             ЗАСЛОНА.

    УВАГА: Пасьля яшчэ раз можна падняць заслону й паказаць глядзельнікам жывы абраз: Бацькі дзяцей стаяць у той самай паставе; Дзеці. Красналюдкі і Сьняжынкі скачуць й пяюць “ля-ля-ля! і г. д., Мароз здаволены кляскае ў далоні.

                                                               ЗАСЛОНА.

 

                                                 УВАГІ ДЛЯ ІГРАЛЬНІКАЎ.

                                                                   АСОБЫ:

    ЯНАЧКА      Прыгожыя вясковыя дзеці, апраненыя у чысьценькія“нашываныя”

    НАТАЛКА    кашулькі й портачкі, і сукенкі; на нагах хадачкі, ці чаравічкі.

    ЮРАЧКА      Юрачцы і Парасцы патрэбны кажушкі; шапка - Юрку,

    ПАРАСКА     і хустка - Парасцы.

    МАЦІ Яначкі й Наталкі - маладая вясковая жанчына, з адбіткай на твары штодзенных клопатаў аб кавалак хлеба. Апранена па сьвяточнаму: у коптку, у даўгую спадніцу; на галаве хустка; на нагах хадакі. Патрэбны ёй кажух.

    БАЦЬКА Яначкі й Наталкі - таксама нястары чалавек, але на ягоным твару таксама, як і ў маці, пакінулі свае сляды барацьба за кавалак хлеба для ўсяе сям’і. Русыя вусы. У белай кашулі, камізэльцы; у шырокіх нагавіцах і ў лапцёх. Патрэбна яму шапка, кажух і пуга.

    ДЗЕД МАРОЗ - У белым даўгім кажусе й белай шапцы, - можна сшыць ці з палатна, ці з белае паперы; з белаю барадою; у вялізных вайлакох ці ботах, у рукавіцах; увесь блішчыць ад сьнегу, абсыпаць яго штучным сьнегам з ваты, ці чаго іншага. Гаворыць грубым голасам.

    КРАСНАЛЮДКІ - Маленькія чалавечкі з даўгімі белымі бародамі й вусамі; апраненыя у чырвоныя ці зялёныя кашулькі і портачкі й высокія шапкі.

    СЬНЯЖЫНКІ - дзяўчаткі, апраненыя ў белыя сукенкі, у белых панчошках на нагах; абсыпаныя сьнегам. На галоўках над валоскамі на дроціках прышпілены кавалачкі ваты - сьнег. Дзяўчатак падбіраць з прыгожымі тварыкамі й добрымі галасамі.

 

                                                                       РЭКВІЗЫТ.

    Стол, лавы, услончыкі, дровы ля печы, ліхтар для маці, лямпа вісячая, абразы з рушнікамі, венік для Наталкі, папера й жменя сена для Янкі, сернікі для Наталкі, вата - імітуецца сьнег на кажушках (калі сьнег, быццам, тае, страхнуць - вата й спадзе), прыбраная хораша ёлка з сьвечкамі, з падстаўкаю, на якой можна ёлку добра ўставіць на падлозе, мех са скрыначкамі й торбачкамі, - напханымі нібыта грашыма, - з цукеркамі, булкамі і іншым - для красналюдкаў, пуга ў рукі Янкаваму бацьку.

    Некалькі лямпаў на сцэну, каб было ясна.

    Вельмі добра асьветліць можна сцэну там, дзе ёсьць элэктрычнае асьвятленьне.

    ***********************************************************************

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz