środa, 26 listopada 2014

ЎЎЎ Ізяслаў Катляроў. Сустрэчы на Якуцкім БАМе. Койданава. "Кальвіна". 2014.





                                                             СУСТРЭЧЫ НА БАМе
    Мне разам з дружным калектывам клюба аматараў мастацтваў “Арфей” Палаца культуры сьветлагорскіх хімікаў давялося пабываць у мясьцінах, што зрабіліся сымбалям камсамольскай і ўсенароднай працоўнай славы. Радасным, канкрэтным сэнсам поўняцца цяпер для мяне назвы бамаўскіх станцый, гарадоў і пасёлкаў: Тында, Магот, Беркакіт, Залацінка, Беленькая...
    Ўражвала усё: і аскетычная, небагатая фарбамі тайга, і парожыстыя рэкі, змрочныя сопкі, на якіх часам нечакана, быццам кастры, успыхвалі кусты квітнеючага багуну.
    Але больш за ўсё памятныя сустрэчы з бамаўцамі. Сярод іх нямала нашых землякоў.
    БАМ сёньня — гэта не толькі шпалы і рэйкі, масты і тунэлі. Ідзе нялёгкае асваеньне таго, што ўжо зроблена, пабудавана.
    Зноў і зноў перагортваю пасьпешлівыя запісы ў дарожным блякноце.
    Некалькі гадзін сну. Раніца ледзь угадваецца ў туманнай смузе. Пасьпешліва прымаем душ і замест зарадкі цягаем да аэравакзала масіўныя акустычныя калёнкі. Гукаапэратар Пётр Смаляр заклапочана пазірае на нас: каб чаго не ўпусьцілі, не стукнулі. Нічога, хутка прывыкне — колькі яшчэ гэтых пагрузак ды разгрузак наперадзе!
    І вось ТУ-134, стрымліваючы рокат матораў, разварочваецца і плаўна адрываецца ад зямлі. Ляцім насустрач сонцу. Воблакі, воблакі — шчыльныя, як сьнежны шарпак. На іх выразна бачны нават цень нашага самалёта. Але вось зноў вынырнулі разьлівы зеляніны, зьвівы шашы. Зьніжаемся. Масква... І адразу ж аўтобусам да Дамадзедава. Радасна ўсьміхаюцца танцоўшчыцы рытм-балета “Эўрыдзіка”: інструктар Палаца культуры хімікаў Людміла Бараноўская, супрацоўніца раённага спажывецкага таварыства Людміла Галубовіч, сакратар-машыністка гарадзкога аддзела народнай асьветы Тацьцяна Сямак, рабочая завода штучнага валакна імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка Тацьцяна Саларава, тэхнік праектна-канструктарскага бюро Дзіна Ярашава і вучаніца дзевятага кляса школы № 6 Вольга Луцэвіч. Некаторыя з іх упершыню ляцелі самалётам. Зрэшты, і Маскву той-сёй таксама бачыць упершыню.
    Не пасьпелі як належыць агледзецца ў Дамадзедаўскім аэрапорце, — аб’явілі пасадку на самалёт ТУ-154, які ляціць на Чыту. Сьпяшаемся, жмурымся ад разарванага прапэлерамі паветра. І зноў — неба. Ляцім высока над воблакамі. Толькі зрэдку мільгануць блакітныя, нібыта азёры, прасьветы. Сьлепіць сонца. Калі б не дрыготкае пагойдваньне крыла, здаецца, лунаем на адным месцы. Але адчуваньне зманлівае. Пераадолелі ўжо 2940 кілямэтраў, якія аддзяляюць Маскву ад Новасыбірска. І для гэтага спатрэбілася крыху больш як тры гадзіны.
    Выходзім у густы імжысты змрок. Розьніца ў часе вялікая: у Маскве пачынаецца вечар, а тут пачынаецца ноч. 2082 кілямэтры да Чыты. Цемра шчыльна засланіла сабой ілюмінатары самалёта, у які мы вяртаемся пасьля кароткага прыпынку. І ўжо звыклае адчуваньне палёту. Абганяем ноч. Зноў ляцім насустрач сонцу.
    Чыта сустракае нас птушыным ранішнім перакрыкам. Нібыта і не было гэтай ночы. На гадзіньніку — маскоўскі час: нуль гадзін 5 мінут. Але сябе не падманеш. Спаць хочацца. Аблюбавалі кут каля таварных кас, абставілі яго сваім грузам і ўлегліся — хто на чамаданах, хто на акустычных калёнках. Табар — ды і толькі! А калі кіраўнік Гомельскага клюба самадзейнай песьні Віктар Мацькуноў, які далучыўся да нас, узяў у рукі гітару, многія пасажыры зусім забыліся на свае дарожныя засмучэньні. А засмучэньні чакалі і нас. Білеты на самалёты да Тынды даўно прададзены. Давядзецца дабірацца цягніком. Але, як гаворыцца, няма ліха без дабра: паглядзім зямлю бамаўскую!
    Раніца наступнага дня застала нас у дарозе. Ссунуў фіранку, зірнуў у акно вагона. Сопкі. Дрызіна. Вагоны. Плятформы... Пасёлак Зілава. Драўляныя з белымі і чырвонымі дахамі дамы. Мэмарыяльная дошка ля прыстанцыйнай агароджы нагадвае, што тут у чэрвені 1918 года выступаў Сяргей Лазо, а ў 1920 разьмяшчаўся штаб Забайкальскай арміі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Шылава. Запісваю ў блякноце аб гэтым і прыгадваю гутаркі з дачкой Лазо — Адай Сяргееўнай у нас, у Сьветлагорску.
    Але вось міжволі прыслухоўваюся да размовы сваіх суседзяў — двух хлопцаў з пасёлка Ульякан. “Дзяўчаты больш ад’язжджаюць”. — “Ну, гэта зразумела. Нас тут трымаюць надбаўкі: колавыя, паўночныя...” — “Не толькі грошы трымаюць. Добра тут! Зімой тайга — заглядзісься! Летам — піянэрскі лягер. Настаўніц прысылаюць. Ніводная без мужа не застаецца”.— “А памятаеш, зімой ваду пітную шукалі. Прабурылі тры сьвідравіны, а пайшла мінэральная...” Потым далятаюць толькі асобныя фразы: “Камары — гэта камары. А вось маньчжурскі павук — куды горш”.
    З-за сопак неяк непрыкметна выглянулі ярка-зялёныя сьцены домікаў і сьветла-цагляны будынак станцыі.
    Пасёлак Ульякан.
    І зноў паплылі краны, што ўзвышаліся над штабялямі бярвеньня і дошак.
    Рака Чорны Урум. Дрэвы раптам нібы спусьціліся з сопак прама да поезда. А цяпер і зусім едзем над імі — па насыпе.
    Замільгалі станцыі з нязвыклымі для нас назвамі: Магоча, Амазар, Ерафей Паўлавіч, Уруша, Мадалан, Тахтамыгда...
    Асабліва чамусьці запомнілася станцыя Амазар — чырвоны, старадаўні драўляны будынак, на даху якога парос зялёнымі плямамі мох. А побач — і справа і зьлева — двухпавярховыя аднолькава пунсовыя домікі.
    Дзьве жанчыны, якія ўвайшлі ў вагон, працягвалі, відаць, раней пачатую гаворку. “Печку я навучылася паліць на рабоце ў брыгадзе... Холадна было. Нязвыкла. Матрацамі накрываліся...”
    Слухаю іх і дапытліва ўглядаюся ў бамаўскую зямлю, над якой стаяць белыя воблакі. Перагукваюцца галасы дыспэтчараў.
    Поезд ідзе па грымотным мосьце. Рака. Сопкі. Лістоўніцы. Бярозавы гай. Высьветы багуну. Пунсовае сьвятло раніцы ў рэдкалесьсі. Дык вось якая яна, бамаўская зямля! Стромкія камяністыя адгор’і. Плямы рыжа-зялёнага моху. А на роўным абкатаным палатне радуюць вока новенькія рэйкі Байкала-Амурскай магістралі.
    Менш гадзіны шляху да Тынды.
    Сустракаюць нас другі сакратар Тындзінскага гаркома камсамола Барыс Паўлавіч Кладкавы, старшыня райкаму прафсаюза Тындзінскага аддзяленьня Байкала-Амурскай чыгункі Уладзімір Віктаравіч Чанцоў. Першыя сяброўскія поціскі рук, першыя ўсьмешкі.
    — А вось і ваш часовы дом на колах, — гасьцінна расчыніў дзьверцы вагона Уладзімер Віктаравіч, — разьмяшчайцеся.
    Вагон як вагон. Са звычайнымі паліцамі і купэ.
    — Халаднавата, але зараз запалім печку — і пацяплее... А пакуль давайце абмяркуем маршрут вашых выступленьняў, — прапануе Уладзімер Віктаравіч. — Малы БАМ — гэта шэсьць асноўных станцый. Сёньня ў нуль гадзін 20 мінут мы падчэпім ваш вагончык да поезда Тында — Беркакіт. Затым завязём вас у Магот, у Залацінку, у Беленькую... А пакуль адпачывайце!
    І хаця стомленасьць напамінае аб сабе, але як утрымацца ад знаёмства з Тындай — сталіцай БАМа!
    — Запомніць, наш вагон 49-07. А то могуць запіхнуць яго ў іншае месца — і не знойдзеце,— прадбачліва папярэджвае ўсіх Пётр Голасаў.
    На светлагорскім цэлюлозна-папяровым заводзе імя 60-годдзя Кампартыі Беларусі ён працуе фатографам. І цяпер таксама не разьвітваецца з фотаапаратам. Ускочыў на цеплатрасу, ловіць у аб’ектыў нібыта патанулыя ў сопках беласьценныя панэльныя дамы. А мы дружна грукочам па жалезным мосьце праз раку Тынду. Вада ў ёй чырванаватая, нібы ў час заходу сонца.
    — Глядзіце, глядзіце — зусім як у Сьветлагорску, — уськліквае Людміла Бараноўская.
    І праўда, кінатэатар “Юнацтва”, а побач — танцпляцоўка “Арфей” — цёзка нашага клюба. Голасаў просіць нас спыніцца і пасьпешліва пстрыкае фотаапаратам...
    Ідзём на цэнтральную плошчу горада. Цагляная трыбуна. Галерэя перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва. Драўляная лесьвіца з дрыготкімі прыступкамі вядзе туды, дзе нібыта па дну катлавана пралёг брук. Узьвіваецца дымок над сінім домікам шашлычнай. Двухпавярховы Дом бытавых паслуг. Драўляны будынак унівэрмага... Зноў па прыступках ідзём да сквэрыка. Яшчэ здалёк бачым, як узвышаецца над брацкай магілай строгі абэліск з абрысамі байцоў і вялізным ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. Кошыкі кветак. Вянкі, акаймаваныя чырвонымі стужкамі. “Тут замураваны сьпіс воінаў-землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і пісьмо нашчадкам. Ускрыць у дзень 50-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй —9 мая 1995 года”, — услых чытае Пётр Смаляр, і голас яго ўсхвалявана дрыжыць.
    Вярталіся ў сінім паўзмроку. Ішлі па пясчанаму, быццам скаванаму марозам берагу ракі. Хлапчукі з вудамі на плячах засмучона прызналіся: “Не клюе харыюс”. Паджылы рыбак таксама панаракаў: “Усё ж трапляе мазута з чыгуначных пуцей у раку. Горш стала рыбе. Але думаю ноччу палавіць мянёў донкамі...” Было ціха і неяк таямніча ад сопак, якія раптоўна наблізіліся і па якіх сьцякалі ў ваду барвовыя водбліскі.
    ...Раніцой прачнуліся ад патрабавальнага стуку жоўтага сьцяжка ў акно вагона. Аказваецца, ужо ў Беркакіце! Пётр Вяжэвіч пасьпешліва накінуў куртку і выбег. Па шкле расплываліся дажджавыя рагі. Цьмяна праступаў абрыс шматпавярховага дома. Вярнуўся Вяжэвіч, весела аб’яўляючы на хаду: “Тут усе нашы землякі! У дзяжурнай, якая ў акно стукала, муж з Парыч. І дыспэтчар — беларус...”
    Праз некалькі мінут я ўжо гутарыў з гэтым маняўровым дыспэтчарам — Валерыем Міхайлавічам Лапуновым. Прывёў мяне да яго сакратар парткома вузлавой станцыі Уладзімер Пятровіч Пуцінцаў. Ад яго і даведаўся, пакуль мы ішлі, што ёсьць толькі дарога да Нерунгры. Потым — у вугальны разрэз яшчэ кілямэтры чатыры. І ўсё. А наогул станцыя Беркакіт — гэта 200 кілямэтраў пуцей, вагоннае і лякаматыўнае дэпо, дыстанцыя сыгналізацыі сувязі і 585-ы будаўніча-мантажны поезд. У пасёлку 11 тысяч жыхароў.
    Дыспэтчарская. Вялізны — на ўсю сьцяну — пульт-табло. Успыхваюць і гаснуць сыгнальныя лямпачкі. У дынаміках амаль няспынна гучаць галасы машыністаў. “На сёмы пуць цеплавоз пад састаў пададзены”. Валерый Міхайлавіч Лапуноў крыху наблізіў да вуснаў мікрафон: “Добра, няхай злучаецца...” І тут жа адказвае на другое запытаньне: “Няма зараз нічога. Вугальныя плятформы да канца зьмены будуць. Да гадзін 12-13 па маскоўскаму часу”. І зноў: “Слухаю, маняўровы! 57-ы, вы гатовы? Паехалі на чацьвёрты пуць. 25 вагонаў...”
    Валерый Міхайлавіч расказваў аб роднай вёсцы Насовічы, што на Гомельшчыне, аб сабе. Усё было звычайным: закончыў школу, працаваў на абутковай фабрыцы, затым у лякаматыўным дэпо акумулятаршчыкам, служыў у радах Савецкай Арміі, паступіў у Гомельскі інстытут чыгуначнага транспарту. На БАМ прыехаў па разьмеркаваньню разам з Уладзімерам Праўлоцкім — зараз інструктарам гаркома партыі, з Уладзімерам Курыліным — маняўровым дыспэтчарам, Аляксандрам Запольскім — дзяжурным па станцыі, з Валерыем Грыгарэнкам — інжынэрам службы руху...
    Ён прыгадвае, і твар яго радасна сьвятлее. “Ехалі мы на БАМ восеньню, поездам. Многае, вядома, убачылі ўпершыню... У Тындзе жылі ўсе ў адным вагончыку. Самі яго і ацяплялі. Цеснавата было. Раніцой нават апраналіся па чарзе, каб не перашкаджаць адзін аднаму... Працаваў я тады дзяжурным па станцыі. Але гэта толькі два месяцы, пакуль не здалі ўчастак Тында — Беркакіт. Тут даводзілася сумяшчаць абавязкі стрэлачніка, саставіцеля паяздоў, дзяжурнага па станцыі. А зараз усё, здаецца, у норме”,— усьміхаецца Валерый Міхайлавіч.
    Даведваюся, што нядаўна Лапунова прынялі кандыдатам у члены КПСС, што адну з рэкамэндацый даў яму беларус Уладзімер Мінавіч Пуцькоў — начальнік участка мэханізаванай дыстанцыі пагрузачна-разгрузачных работ. Працуе тут старшым апэратарам тэхнічнай канторы і жонка Лапунова — Натальля Аляксееўна. Яна, як і ён, таксама з Насовіч.
    “Не, не шкадую, што прыехаў сюды... Ведаеце, даўно звыклымі сталі словы: “Якутыя — кладоўка багацьцяў”, “БАМ — Усесаюзная ўдарная будоўля”. Але цяпер — гэта нават не словы, а тваё асабістае адчуваньне... Падабаецца і тайга. Зімой хаджу з сямігадовым сынам на лыжах... А летам — па ягады, па масьлюкі. Наогул, думаем і далей асвойваць дарогу — да Тамота, а там — і на Якуцк...”
    У дыспэтчарскую ўрываліся галасы машыністаў і саставіцеляў паяздоў. На пульце загараліся і гасьлі сыгнальныя лямпачкі...
    Потым была сустрэча з Пятром Усьцінавічам Сівым — саставіцелем паяздоў. Родам ён з вёскі Канашы Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласьці. А прыехаў на БАМ яшчэ ў сьнежні 1979 года ў саставе першага Усесаюзнага камсамольскага атрада эксплуатацыйнікаў Байкала-Амурскай чыгункі. Вось і зараз нібыта бачу яго, усьмешлівага, сьветлатварага. Пышныя каштанавыя валасы, пшанічныя бровы... Стаім ля ўваходу ў будынак вакзала. Вецер надзьмувае яго расшпілены жаўтаваты плашч. А я слухаю расказ аб рабоце саставіцеля паяздоў. І раптам прызнаньне: “Ужо і не ведаю сам, як бы жыў цяпер, калі б аднойчы начальнік станцыі Віцьба (ёсьць у нас такая на Віцебшчыне) не сказаў: “Слухай, Пятро, ёсьць магчымасьць папрацаваць на БАМе. А ты — камсамолец. Наогул, парайся, пагавары дома...”
    І была яшчэ сустрэча з машыністам цеплавоза Валерыем Паўлавічам Цыбулем. Ён быў у новенькай шапцы чыгуначніка, у цёмна-сіняй, падобнай на марскую форменку рубашцы, з-пад якой выглядала паласатая цяльняшка. Гаварылі пра Ваўкавыск, горад яго дзяцінства і школьнага юнацтва, пра першы самастойны рэйс, які ён правёў тут усяго паўгода таму назад. Да чарговай паездкі заставалася яшчэ некалькі мінут, і Валерый Паўлавіч запрасіў мяне ў кабіну цеплавоза: “Новенькі, трохсэкцыйны. Магутнасьць — 9 тысяч конскіх сіл! А камфартабэльны які — глядзіце!” — не без гонару гаварыў ён, калі мы ўзьняліся па крутой жалезнай лесьвіцы. Рабрысты паўавал руля. Пераключальнікі тумблераў. Радыёдынамік. Пульт кіраваньня з рознакаляровымі кнопкамі і лямпачкамі... А за шклом кабіны дыміліся зеленьню сопкі. Гэта вецер кудлачыў лістоўніцы, бярозкі ды падобны на маленькія елачкі кедравы сланец.
    І вечарам у пасялковай школе, дзе мы давалі першае прадстаўленьне, аказалася нямала нашых землякоў. Але прэм’ера ёсьць прэм’ера. Клопатаў і хваляваньняў хапае ўсім. Асабліва крыўдна Пятру Смаляру. Трэба манціраваць гукавую і сьветлавую апаратуру. А тут, у суседнім горадзе Нерунгры, — стрыечны брат, родная цётка. Пераадолець такую адлегласьць і не сустрэцца! Аднак дапамог Віктар Мацькуноў. Зьезьдзіў, папярэдзіў. і вось яны абдымаюцца ў калідорчыку школы, па якому сьпяшаюцца на гукі музыкі беркакітаўцы. Маленькая заля перапоўнена. Людзі цесна сядзяць і стаяць уздоўж сьцен. Шмат старшаклясьнікаў. Сьвяточнае сьвятло рознакаляровых пражэктараў. І ціхі, па-хатняму спакойны голас Пятра Вяжэвіча. Але вось па зале паплылі, нібыта рассоўваючы цесныя сьцены, родныя беларускія мэлёдыі. І на экране прывольна зашумеў наш лес, асьляпляльна засьвяціўся бярозавы гай.
                                                 “Вобразы мілыя роднага краю,
                                                 смутак і радасьць мая!
                                                 Што маё сэрца да вас парывае?
                                                 Чым так прыкованы я
                                                 к вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
                                                 рэчкі, курганы, лясы?” —
   пранікнёна чытае супрацоўніца Палаца культуры хімікаў Людміла Федарцова. Бачым ахінуты ранішняй смугою Сьветлагорск. Гэта Пётр Голасаў паказвае каляровыя слайды. А горад наш па асабліваму прыгожы і дарагі цяпер, калі любуесься ім на адлегласьці многіх тысяч кілямэтраў. І, нібыта пацьвярджаючы нашы думкі, даносіцца задушэўны голас: “Ніколі не пытайцеся ў каханых, за што яны любяць: ніхто не ведае, ніхто не адкажа. Ёсьць любоў да блізкага чалавека, ёсьць любоў да роднай зямлі, да сьцежак маленства, да матчынай песьні. І ёсьць любоў да горада, складаная і нявыказаная, як радасьць і боль”.
    Кожны кадар дакумэнтальнага фільма вяртае нас у думках у Сьветлагорск. Вось дзевяціпавярховыя дамы трэцяга мікрараёна ў акружэньні беражліва захаванага сасновага лесу. Сьвяточная шматлюднасьць вуліц. Аб’ектыў спыняецца на чалавеку, пінжак якога ўпрыгожаны шматлікімі ордэнамі і мэдалямі. Гэта былы камісар партызанскай брыгады Сяргей Міхайлавіч Падута. 56 гадоў з гонарам апраўдвае ён званьне камуніста. Яго вачыма бачым мы на экране мінулае роднай Беларусі. А гэта і дымныя, крытыя саломай хаткі, і першы трактар на калгасным полі... Алея Герояў. Партрэты Пятра Мірашнічэнкі, Сярго Чыгладзе, Клычніяза Азалава... Вуліцы, праспэкт, мікрараёны. Знаёмы, усьмешлівы твар Аляксандра Мікалаевіча Завадзкага, аднаго з заснавальнікаў горада. А вось і Герой Сацыялістычнай Працы Іван Фёдаравіч Хмарун. Углядаемся ў расквечаны шчодрым россыпам агнёў вячэрні Сьветлагорск, а па зале праносіцца захоплены шэпт: “Як прыгожа!”, “Вось гэта горад!”, “I дзе такі?”, “У Беларусі, на Гомельшчыне. Я сам з тых мясьцін...”
    Наогул, прэм’ера ўдалася. І калі зайграла танцавальная музыка, да мяне са словамі ўдзячнасьці падышоў інструктар гаркома партыі Уладзімер Іванавіч Праўлоцкі. Невысокі, сьветлатвары, у расшпіленай скураной куртцы, ён доўга ціснуў руку: “Перадайце ўсім дзякуй. Чэснае слова, быццам у родных мясьцінах пабываў. І паказаў іх іншым...”
    Устаём раніцай. Сьпяшаемся. Паглядваю на гадзіньнік, які так і не перавёў на мясцовы час. Цікава адчуваць розьніцу. Вось і зараз —тры гадзіны ночы, а тут —9 гадзін раніцы. А ў дзесяць у вагончык па маёй просьбе абяцаў зазірнуць яшчэ адзін наш зямляк — начальнік дыстанцыі пуці Беркакіцкай чыгункі Яўген Севасцьянавіч Гоман. Пра яго мне з захапленьнем гаварыў яшчэ ў дзень нашага прыезду ў Тынду старшыня райкома прафсаюза тындзінскага аддзяленьня БАМа Уладзімер Віктаравіч Чанцоў.
    І калі Яўген Севасьцьянавіч зьявіўся ў вузенькім калідорчыку ўздоўж дзьвярэй купэ — высокі, сьветлатвары, у новенькім форменным кіцелі, на якім зьзялі пятліцы і “шпалы” ды па два зялёныя прасьветы на рукавах з трыма зорачкамі, — усе мы міжволі падцягнуліся. Адразу відаць — начальства! А Яўген Севасьцьянавіч неяк, проста ўсьміхнуўся, сеў насупраць мяне ля адкіднога століка і загаварыў так, нібыта мы працягвалі пачатую напярэдадні размову.
    Есьць у Столінскім раёне Брэсцкай вобласьці вёска Дубянец. Там і прайшло дзяцінства Яўгена Севасьцьянавіча. Там ён закончыў сямігодку. А затым паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. Потым працаваў і брыгадзірам, і майстрам. Яго заўважылі і накіравалі на вучобу ў Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту, пасьля заканчэньня якога стаў намесьнікам начальніка, а праз некаторы час і начальнікам Стараканстанцінаўскай дыстанцыі пуці... На БАМ спачатку прыехаў проста наведаць сябра. Было гэта ў 1979 годзе. А праз некалькі месяцаў, у кастрычніку, у Тынду прыбыў першы Усесаюзны атрад маладых чыгуначнікаў-эксплуатацыйнікаў. Быў сярод іх і Яўген Севасьцьянавіч.
    Так, субяседнікам Гоман аказаўся цудоўным. Многае я даведаўся пра яго. Але яшчэ больш хацелася даведацца аб складанасьцях работы чыгуначнікаў Байкала-Амурскай магістралі.
    — Ведаеце, мне да гэтага даводзілася абслугоўваць пуці з драўлянымі і жалезабэтоннымі шпаламі, бесстыкавыя і са стыкамі. Здавалася, вопыт быў. Але тут давялося сустрэцца з тым, чаго я не ведаў і ведаць не мог. Перш за ўсё — наледзь. Падземная вада замярзае, і вакол чыгуначных пуцей утвараюцца горы лёду. А гэта вельмі небясьпечна. Лёд можа запоўніць сабой водапрапускныя трубы і адтуліны мастоў, можа прыўзьняць пралёты... Тут упершыню зразумеў, як гэта складана — забясьпечыць нармальны рух паяздоў праз тунэлі. Але ж, скажам, Нагорнінскі тунэль — вялікі! Была пагроза, што яго можа закрыць лёдам. Давялося адводзіць ваду па жалезабэтонных латках, у якія ўкладваўся падаграваючы кабэль. Наогул, умовы кліматычныя — не з лёгкіх: летам — 30 градусаў цяпла, зімой — больш як 60 градусаў марозу.
    ...Залацінка! Колькі разоў уяўляў яе, але не такой. Шмат’ярусныя сопкі. І сьветлыя панэльныя дамы, якія нібыта лёгка ўзьляцелі на іх. І цішыня — глыбокая, бяздонная. Яна здавалася нейкай старажытнай. Асабліва ля сьветлай раздольнай ракі Халоднікам, якая з такой шчодрасьцю паказвала рознакаляровы россып каменьчыкаў на сваім дне.
    Потым я доўга любаваўся незвычайным гадзіньнікам на фасадзе будынка станцыі. На цыфэрбляце гэтага вялізнага гадзіньніка выразна праступалі абрысы мядзьведзяў, аленяў...
    — Гэта ўсё па якуцкай сымболіцы: кожны час заклікае да таго ці іншага паляваньня,— растлумачыў мне начальнік станцыі Мікалай Якаўлевіч Дземчанка.
    Ад яго я даведаўся шмат цікавага. Пасёлак Залацінка пачынаўся з прасекі. А вёў яе праз тайгу беларускі камсамольска-маладзёжны будаўнічы атрад імя Кедышкі. Добрую памяць пакінуў тут пра сябе калектыў будаўніча-мантажнага поезда № 578, перш чым пайсьці на Чару. Застаўся гандлёвы цэнтар, магазыны, будынак пошты і тэлеграфа, клюб...
     У будынку чыгуначнай станцыі Магот я сустрэў яе начальніка Мікалая Андрэевіча Навуменку.
    — Станцыя наша — прамежкавая. Грузім лес, выгружаем будаўнічыя матэрыялы. Пасёлак — гэта пяць 36-кватэрных дамоў, гандлёвы цэнтар, бібліятэка, пошта, ашчадная каса. Ёсьць і сваё, вельмі прыгожае памяшканьне ЗАГСа. Дарэчы, многія з тых, хто 5 лістапада 1979 года прыбыў да нас у саставе першага Усесаюзнага камсамольскага атрада чыгуначнікаў, пасьпелі тут пажаніцца.
    З адным маладажонам — памочнікам саставіцеля паяздоў Камілам Мелканянам — я пазнаёміўся ў кабінэце начальніка станцыі. Невысокі, смуглатвары і настолькі рухавы, што, здавалася, ён з цяжкасьцю прымушаў сябе сядзець у гэтым застаўленым сталамі, крэсламі і пультамі кіраваньня пакоі.
    — Прыехаў я з Ерэвана — адразу ж пасьля службы ў арміі. Больш як 500 чалавек нас было. А з Армэніі —10. А з Ірынкай я пазнаёміўся ў першы дзень яе прыезду. Мы разам з Тынды сюды аўтобусам дабіраліся. Яна з Беларусі, з Навагрудка Гродзенскай вобласьці. Ехала па накіраваньню ў калектыў будаўніча-мантажнага поезда № 576.
    На вясельле Каміл Мелканян запрасіў азэрбайджанца, грузчыка Ферудзіна Ібатава, беларуса, майстра пуці перасоўнай мэханізаванай станцыі № 249 Генадзя Валюкевіча, рускага, аглядчыка вагонаў Міхаіла Косагава... Ну, а самым галоўным — тамадой быў украінец Вячаслаў Нарыкаў з Данбаса. Запрасіў, вядома, і земляка брыгадзіра Роберта Маргарана. Ды не аднаго, а з маці — Сырануш Маргаран. “Яна і мне на вясельлі маці замяніла”, — шчыра прызнаўся Каміл.
    У Тындзе Пётр Вяжэвіч выйшаў усяго на некалькі мінут і вярнуўся з навіной: “Едзем у Беленькую! Там афіша аб нашым выступленьні на 19 гадзін”. Па акне вагона пацягнуліся струменьчыкі дажджу. Схаваліся ў тумане спадзістыя сопкі. Мільгануў слуп з чорнымі лічбамі “133-і кілямэтар”, і вось яна, станцыя Беленькая. Але асабліва любавацца няма часу. Сьпяшаемся ў клюб. Побач з ім — беленькі будынак фэльчарска-акушэрскага пункта, у які мне спатрэбілася зайсьці. Загадчыца яго Таіса Кузьмінічна Салаўёва аказалася нашай зямлячкай. Мы разгаварыліся, і я неўзабаве амаль забыўся аб прычыне, якая прымусіла мяне да гэтага візыту.
    — Вось пісьмо атрымала, — падзялілася радасьцю Таіса Кузьмінічна, — ад сястры Марыі. Яна пасьля заканчэньня Мінскага інстытута народнай гаспадаркі ў асьпірантуры займаецца. І ведаеце, што піша? Хутка ўбачымся! Едзе да нас, у Нерунгры, камісарам студэнцкага атрада. Так хочацца хутчэй убачыцца — я ж яе няньчыла, маці рана памерла...
    Напэўна, у кожным з нас жыве патрэба іншы раз расказаць пра сябе, пра сваіх блізкіх, каб яшчэ лепш усьвядоміць усё. Так было і з Таісай Кузьмінічнай. І мы гаварылі аб усім. Аб роднай яе вёсцы Дражэнічы, што ў Крычаўскім раёне на Магілёўшчыне. Пра яе бацьку — вартаўніка калгаснага саду. Аб 6-кілямэтровай дарозе ў суседнюю вёску Паланіца, дзе была іх школа...
    — А цяпер і тут быццам абжылася. Праўда, зямля не такая, як у Беларусі,— каменьні. Градку пад акном зрабіла. Пасеяла кветкі ды кроп. Ці вырастуць?
    У Тындзе, у будынку вагоннага дэпо, я доўга гутарыў з эканамістам Людмілай Іванаўнай Кладкавой. З мужам яе — другім сакратаром Тындзінскага гаркома камсамола Барысам Паўлавічам Кладкавым — пазнаёміўся  яшчэ ў першы дзень прыезду на БАМ. Тады даведаўся, што абодва яны тут пасьля заканчэньня БІІЧТа. І вось слухаю: “Спачатку была рамантыка. І прыйшла яна да мяне з песьні пра багульнік, памятаеце? А прыехала сюды — і рамантыка крыху адступіла. Самі разумееце: пляны, штатны расклад, дагаворы, калькуляцыі... Але зусім забыць пра яе немагчыма. Сама прырода не дазваляе. Маразы такія, што рака Тында наскрозь прамярзае. Люстраной робіцца. А вясной узьнімесься на схіл сопкі — і зьнямееш: багун цьвіце! Куды больш прыгожа, чым у песьні. Ярка-пунсовыя кветкі — і ніводнага лісточка. Усім кустом цьвіце. Гэта я ўбачыла ля ракі Гімой, на нашай базе адпачынку... А жывём мы цяпер на Чырвонай Прэсьні. Уяўляеце? Зусім як у Маскве. Гэта наша вуліца так называецца. Масквічы будавалі. Маці, вядома, непакоіцца. Піша, каб унука, Ігарка нашага, да яе адвезьлі. Але навошта? Няхай прывыкае. Зіму ён добра перанёс. У садзік хадзіў. Дома таксама цёпла. У нас нават падлога абаграецца. А з якімі людзьмі пазнаёмілася! Коля Піліпенка — сакратар камсамольскай арганізацыі лякаматыўнага дэпо, Жэня Шаламеева — разам з мужам працуе — сакратар гаркома камсамола, Толя Макараў — наш парторг...
    Расказ у Людмілы Іванаўны атрымліваўся нейкі ўжо вельмі захоплены, але ўсё ў ёй было шчырае— у поглядзе, у голасе, у словах.
    Потым пра яе і пра Барыса Паўлавіча я многае чуў ад начальніка тэхнічнага аддзела лякаматыўнага дэпо, былога гамяльчаніна Сяргея Фёдаравіча Кудраўца. Запомніўся яго расказ аб тым, як летам мінулага года ён, Кладкавы, Цюцюноў і Башкірцаў — усе выпускнікі БІІЧТа — пускаліся ў падарожжа на плытах па Тындзе.
     Сябруюць на БАМе былыя студэнты БІІЧТа. Паступова жэняцца, абзаводзяцца сем’ямі. Лейкін прывёз жонку з Гомеля, Цюцюноў — у Тындзе вясельле адсьвяткаваў. Ды і сам Сяргей Фёдаравіч свой першы водпуск адзначыў вясельлем.
    ...У вагончыку заканчвалася рэпэтыцыя. Танцоўшчыцы рытм-балета дарэмна часу не гублялі. І ў вузенькім калідорчыку рыхтаваліся да вячэрняга разьвітальнага выступленьня. А атрымалася яно па-сапраўднаму сьвяточнае. Мабыць, яшчэ і таму, што праходзіла ў прывычнай для “рфееўскіх” прадстаўленьняў абстаноўцы. Вялізная актавая заля Тындзінскай чыгуначнай бальніцы была застаўлена столікамі, на якіх дыміліся парай філіжанкі кавы. I ўсё было нясьпешлівае, задушэўнае. Потым мы ўсе стаялі на сцэне, слухалі словы ўдзячнасьці. У кожнага ў руках — плястмасавыя футлярчыкі з сувэнірнымі падкоўкамі. А ў Пятра Вяжэвіча — яшчэ і ганаровая грамата, якой клюб аматараў мастацтваў «Арфей» узнагароджваўся за вялікую работу па эстэтычнаму выхаваньню камсамольцаў Тындзінскага аддзяленьня БАМ за высокае выканаўчае майстэрства, за радасьць, падораную людзям Цэнтральнага ўчастка БАМа.
...Раніцой наступнага дня я з Віктарам Мацькуновым, журналістам Валерыем Хадановічам, Людмілай Бараноўскай, Людмілай Федарцовай адлятаў у Маскву самалётам. Астатнія ад’яжджалі поездам.
    Ізяслаў Катляроў
    /Маладосць. № 10. Мінск. 1983. С. 118-124./


    Ізяслаў Іванавіч Катляроў нар. у месьце Чавусы Магілёўскай вобласьці БССР, у рабочай сям’і.
     Дзяцінства і юнацтва правёў у Магілёве. Пасьля заканчэньня сямі клясаў працаваў на Магілёўскай абутковай фабрыцы (1955-1960), адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. Ад 1960 г. - рабочы геадэзічнай канторы Мінгарвыканкама. Скончыў вячэрняе аддзяленьне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Ў. І. Леніна (1966). У 1962-1966 гг. - літсупрацоўнік газэты лётчыкаў грамадзянскай авіяцыі “Западная трасса” (Мінск). Ад 1966 г. жыве у раённым месьце Сьветлагорск Гомельскай вобласьці.
    Ад 1966 г. - карэспандэнт, адказны сакратар, з 1979 г. - намесьнік рэдактара сьветлагорскай раённай газэты “Агні камунізму”. Потым дырэктар карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.
     Друкуецца з 1957 г. Сябра СП СССР з 1990 г. Першы твор апублікаваў у 1956 г. Піша на расейскай мове. Зьяўляецца чальцом Саюза беларускіх і расейскіх пісьменьнікаў.

    Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры РБ “За асабісты ўнёсак у развіцьцё культуры Беларусі”, Ганаровымі граматамі Рэспубліканскага камітэта па друку, Міністэрства культуры РБ, Гомельскага аблвыканкаму і іншымі. У 2001 году прысвоена званьне Ганаровага грамадзяніна места Сьветлагорск.

    Рагнедзь Руськая,
    Койданава.
 





 



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz