niedziela, 23 listopada 2014

ЎЎЎ Жураўлінае пяро. Якуцкая казка. Пераклаў Сяргей Міхальчук. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 





    храбрага паляўнічага Юджыяна, кажуць-расказваюць пра яго і маленькага брата Хаджугура — як яны жылі ды што з імі здарылася.
    Жылі два браты без маці, без бацькі. Старэйшы для малодшага і за бацьку і за маці быў. Так і жылі: сонца толькі бачком над зямлёю паказваецца, а старэйшы брат Юджыян ужо ў густым лесе на паляваньні, малодшы яшчэ сьпіць. Сонца вышэй падымецца, малодшы брат Хаджугур устае, двор падмятае, коням і каровам корм дае. Пад вечар агонь у ачагу распальвае, тут і Юджыян з паляваньня вяртаецца.
    Шмат здабычы прыносіў дадому Юджыян. Яшчэ да першага сьнегу пушных зьвяроў з нор выганяў. На самым золку за трохгадовым ласём гнаўся. Пад вечар з мядзьведзем накрыжкі дужаўся. А ваўкоў — тых, як толькі згледзіць, без промаху біў. У юрце [Юрта — жыльлё, часьцей за ўсё круглай або авальнай формы, з каркасам з жэрдак або кітовых касьцей, абцягнутых шкурамі альбо бяростай] ў братоў мяккіх шкур уволю, сала, мяса ўдосталь.
    Аднойчы, як заўсёды, пайшоў Юджыян на паляваньне, а малалетка Хаджугур, як заўсёды, дома застаўся. Выйшаў з юрты падворак падмятаць-прыбіраць, над галавою крык пачуў. Ён угору паглядзеў, бачыць — у небе сем стэрхаў, сем белых жураўлёў-журавак кружацца. З-пад сонца белыя крылы іх ружовымі здаюцца, у цяні блакітным адсьвечваюць. Хаджугур жураўкам рукою памахаў, яны трохі ніжэй спусьціліся.
    — Хто ў вас дома-дома? — пытаюцца.
    — Адзін-адзін дома я! — адказвае Хаджугур. — Старэйшы брат на паляваньне пайшоў.
    Жураўлі-жураўкі адна ў адной пытаюцца:
    — Пагуляем-пабавімся, сястрыцы, з малалеткам? Яму весела будзе, і нам не сумна.
    Апусьціліся пасярод шырокага двара. На доўгіх нагах абышлі падворак, потым шкуркі з белым пер’ем скінулі — дзяўчатамі прыгожымі парабіліся, вясёлыя гульні распачалі. У хованкі гулялі, навыперадкі з Хаджугурам бегалі, скакалі-танцавалі. Пабылі і ў юрце, там усё дагары нагамі перавярнулі. Цэлы дзень гулялі-сьмяяліся, а сонца на захад схілілася — засьпяшаліся. Шкуркі з белым пер’ем пахапалі, на сябе надзелі, зноў у стэрхаў-жураўлёў перакінуліся. Замахалі крыламі, паляцелі.
    Тут і старэйшы брат, паляўнічы Юджыян, са здабычай вярнуўся.
    Глядзіць — двор не падмецены, някормленыя каровы ў хляве рыкаюць, няпоеныя коні ржуць у стайні. Дровы не пасечаны, вада не прынесена, у юрце агонь не запалены.
    — Ты чаму сваю работу не зрабіў? — пытаецца Юджыян у Хаджугура.
    — Даруй-прабач, старэйшы брат! — адказвае Хаджугур. — Дзень я праспаў, пра вечар падумаў — раніца.
    Засьмяяўся старэйшы брат, не раззлаваўся. Разам усю работу як бачыш зрабілі. Кароў накармілі, коней напаілі, сабе есьці прыгатавалі. Паелі, спаць леглі.
    Назаўтра раніцай, толькі брат са двара, Хаджугур падхапіўся. На мяккіх шкурах не песьціўся, на пушыстых не разьлежваўся, выбег з юрты, угору паглядзеў. А вышэй падворка, ніжэй неба жураўлі ўжо кружацца.
    — Пайшоў, пайшоў мой брат! — крычыць ім Хаджугур-малалетка. — Апускайцеся хутчэй!


    Жураўкі апусьціліся, дзяўчатамі парабіліся. Тыя ж гульні, што і ўчора, распачалі. Зноў Хаджугур не прыкмеціў, як дзень мінуў. На разьвітаньне жураўкі сказалі:
    — Брату пра нас не кажы, не расказвай. Хоць слова скажаш — болей не прыляцім!
    Паляцелі жураўкі, нібы камячкі сьнегу ў небе расталі. Хаджугур за работу схапіўся. Ды дзе ж ты пасьпееш? Брат ужо вяртаецца, дадому лася за ноздры вядзе.
    Паглядзеў Юджыян наўкол — нічога не прыбрана, не дагледжана. Раззлаваўся.
    — Сёньня зноў гаварыць будзеш: праспаў?!
    — Буду! — Хаджугур адказвае.
    Не са злосьці, а для навукі адкалашмаціў трохі Юджыян Хаджугура. Сам падумаў: нешта тут не так, відаць, ёсьць прычына. Раней не ленаваўся брат, што трэба было рабіць, рабіў з ахвотай.
    Раніцай Юджыян устаў, як заўсёды, на досьвітку. Лук са стрэламі прыхапіў, з юрты выйшаў, а ў лес не пайшоў. Стукнуўся вобзем і перакінуўся ў блыху. Блыха скокнула і схавалася ў шчыліне агароджы. Прытаілася, чакае.
    Э-э, не сьпіць, не песьціцца ў пасьцелі Хаджугур. Выбег з юрты, пасярод двара каля канавязі стаў, галаву ўгору задзёр. І блыха са шчыліны высунулася, уверх паглядзела. Кружаць-кружацца там жураўкі, жураўліным крыкам чалавечыя словы вымаўляюць:
    — Гэй, малалетка Хаджугур, ці пайшоў твой брат?
    — Пайшоў, пайшоў! — Хаджугур крычыць, радасна рукамі махае. — Апускайцеся, апускайцеся хутчэй!
    Жураўкі не апускаюцца.
    — Чаму гэта ваш падворак ценем зацяніўся? Чаму дом ваш, агонь ваш цёмным туманам затуманіўся?
    — Здалося вам гэта,— адказвае Хаджугур. — Сонца яшчэ невысока паднялося, вам яно відаць, а сюды пакуль што не прыйшло.
    — Дык няма дома брата? — зноў пытаюцца жураўкі.
    — Няма, няма! Ён ужо ў лес зайшоў, зьвера высачыў, за ім гоніцца.
    Сем стэрхаў, сем белых журавак пасярод шырокага двара апусьціліся. Шкуркі з пер’ем на канавязь кінулі, дзяўчатамі парабіліся.
    Залюбаваўся на іх Юджыян. Усе дзяўчаты прыгожыя, а адна — тая, што шкурку з краю канавязі павесіла, — за ўсіх астатніх прыгажэйшая. Дурэюць-весяляцца, бегаюць дзяўчаты-жураўкі, яна хутчэй за ўсіх бяжыць. Скачуць-танцуюць, яна лягчэй за ўсіх нагамі пераступае, быццам і да зямлі не дакранаецца. І малалетка Хаджугур усё бліжэй да яе трымаецца, усё з ёю стараецца пагуляць.
    Пачаў дзень да вечара хіліцца, дзяўчаты Хаджугуру кажуць:
    — Хутка твой брат вернецца, пара нам ляцець!
    А Юджыян у шчыліне сядзіць, думае-разважае: “Аднак праўду казаў брат-малалетка. Я і сам не прыкмеціў, як дзень да вечара пражыў — нібыта дзівосны сон убачыў!”
    Дзяўчаты да канавязі падыходзяць, рукі да шкурак-апратак працягваюць. А Юджыян раней за іх блыхой прыскакаў. Каля самай канавязі ў самога сябе перакінуўся, схапіў шкурку, што з краю вісела.
    Шэсьць стэрхаў, шэсьць белых жураўлёў да неба ўзьнімаюцца. Адна дзяўчына на зямлю кідаецца, просіць-моліць паляўнічага аддаць ёй шкурку. Не аддае ёй Юджыян шкурку, гэтак кажа:
    — Я на цябе ўвесь дзень глядзеў, табою любаваўся. Цяпер ты на мяне паглядзі. Калі не падабаюся табе, бяры шкурку, ляці куды хочаш. Калі падабаюся, заставайся, будзеш маёю жонкаю.
    Скрозь сьлёзы паглядзела на паляўнічага дзяўчына. Высахлі ў яе сьлёзы, усьміхнулася яму.
    — Застануся,— ціха сказала.
    Юджыян пытаецца:
    — А што са шкуркай зрабіць? У юрце на жэрдку павесіць ці ў агонь укінуць?
    Зьбялела дзяўчына.
    — У агонь не кідай! Кепска мне будзе. І ў юрце не вешай — вясновым днём пацягне мяне ў неба, пра ўсё забудуся, цябе не пашкадую, сябе не пашкадую. Палячу прэч адсюль! Схавай яе так, каб нічые рукі яе не чапалі, нічыё вока не бачыла.
    Юджыян шкурку з белым пер’ем у акаваны жалезам куфар схаваў. Куфар на тры замкі замкнуў. Ключы на калок каля дзьвярэй павесіў.
    Добра зажылі Юджыян з красуняю. Раніцай прачынаюцца — добрым словам вітаюцца. Жонка мужа на паляваньне зьбірае, плача, быццам на век тыя праводзіны. Увечары Юджыян дадому бяжыць, нібыта год з жонкаю не бачыўся.
    У юрце заўсёды чыста прыбрана, прыветлівы агонь гарыць — не згасае, жывёла накормлена, двор падмецены.
    Адно кепска — Хаджугур-хлапчук зусім ад рук адбіўся. Раней дамашняя работа ўся на ім ляжала, цяпер маладая яго нявестка ўсё робіць. Цэлы дзень бегае Хаджугур, забаўкі сабе прыдумляе. Восень так мінула, і зіма скончылася.
    Аднойчы пайшла красуня па ваду. Падышла да ракі і забылася, чаго прыйшла. Ад яснага неба і вада засінела, пеўчыя птушкі гнёзды віць пачынаюць. Цьвіце ўсё. Доўга гэтак яна прастаяла, нарэшце спахапілася, вады набрала, дадому панесла.
    А без яе вось што здарылася. Хлопчык Хаджугур даўно ўжо задумаў паляўнічым стаць, брату памочнікам. А Юджыян усё адгаворвае: малы яшчэ, з лука страляць не ўмееш. Памятае Хаджугур: быў дзесьці ў брата стары лук са стрэламі, а куды падзеўся, не ведае. Вось каб знайсьці ды ўпотай страляць навучыцца! От бы Юджыян зьдзівіўся!
    Усю юрту Хаджугур перавярнуў, ва ўсе куткі заглянуў — няма нідзе лука.
    “Ці не ў куфры хавае?” — падумаў.
    Зьняў з калка тры ключы, адамкнуў тры замкі, падняў цяжкае века. Лука не знайшоў, стрэлаў не знайшоў, а ўбачыў жураўліную шкурку з белым пер’ем. Дастаў яе, пачаў разглядаць — якія прыгожыя пёркі!
    Тут нявестка ўвайшла. Спынілася, глядзіць.
    — Дай мне шкурку! — сказала.
    Голас у яе быццам не свой зрабіўся, быццам журавель далёка-далёка ў небе затрубіў. Хаджугур шкурку за сьпіну схаваў.
    — Не дам,— кажа. — Юджыян нездарма яе ў куфар замкнуў. Гэта я незнарок яе ўзяў, зараз назад пакладу.
    — Дай хоць патрымаць, — просіць красуня.— Я табе свае залатыя падвескі падару.
    — Я не дзяўчынка! Навошта мне залатыя падвескі?
    — Я табе пояс падару, серабром вышываны.
    — Не патрэбен мужчыну жаночы пояс.
    — Я табе нож за шкурку аддам. Са ўзорным дзяржаньнем нож, у аздобленых ножнах.
    Заблішчалі ў Хаджугура вочы.
    — Нож паляўнічаму самы раз! — сказаў хлопчык.— Давай! — Схапіў нож, шпурнуў нявестцы шкурку.
    Накінула яна шкурку сабе на плечы, белай жураўкай зрабілася. Выйшла на двор, доўгімі нагамі асьцярожна пераступае. Крыламі ўзмахнуць баіцца: хаця б не адарвалі яе ад зямлі, не панесьлі ў неба. Юджыян па ёй сумаваць будзе, і яна без яго з тугі змарнее.
    Хацела ўжо шкурку скінуць, ды пачула жураўліны кліч. Шэсьць стэрхаў кругамі над юртай кружаць, клічуць яе з сабою. Падскочыла яна, з тужлівым крыкам шырокія крылы распасьцерла.
    Выбег на крык Хаджугур, спужаўся. Кінуўся да яе, хацеў за крыло схапіць, ды не пасьпеў. Узьляцела жураўка, адно толькі пяро ў руках у яго пакінула.


    Сем цяпер жураўлёў над юртай разьвітальны круг робяць. Гэтак, кругамі, і вышыню пачалі набіраць. Усё вышэй і вышэй ляцяць... Вось і за воблакам схаваліся.
    Паглядзеў ім усьлед Хаджугур, махнуў рукою, сказаў:
    — А прасіла ж толькі ў руках шкурку патрымаць! Ніколі больш гэтым жанчынам верыць не буду!
    Сеў ён тут жа пасярод двара, пяро побач паклаў, пачаў з нажом забаўляцца.
    Так і застаў яго старэйшы брат, калі трохі раней часу з паляваньня вярнуўся.
    — Адкуль у цябе нож? — спытаў.
    — Жонка твая падарыла.
    — А гэтае пяро адкуль?
    Маўчыць Хаджугур. Брат яго за плечы трасе, сьцяміў, што нешта нядобрае здарылася.
    Тут заплакаў Хаджугур:
    — Я незнарок шкурку знайшоў. Жонка твая папрасіла: дай толькі ў руках патрымаць. А сама надзела шкурку і паляцела. Стэрхі яе з сабою паклікалі.
    Ніколі Юджыян не біў брата ад злосьці, а зараз Хаджугур упершыню ўведаў, які той у гневе страшны. Цяжкім бізуном біў, сабакам абзываў. Нарэшце спагнаў першую злосьць, апамятаўся. Адпіхнуў Хаджугура, кінуўся ў стайню, вывеў з праварыны каня, ускочыў на яго. Залаціста-рыжы конь, хвост і грыва сьветлыя, буланай масьці конь пад ім аж танцуе. Юджыян са двара паехаў, на брата не глянуў, толькі белае пяро з зямлі падняў.
    Імчыцца Юджыян на буланым кані, у адной руцэ ў яго павады, у другой — жураўлінае пяро. Пяро само паварочваецца, паказвае, куды ехаць трэба.


    Доўга ехаў Юджыян. Рэкі на кані пераплываў, азёры абмінаў, праз густы лес прадзіраўся, па раўніне імчаўся. Начаваў пад голым небам, ад ветру за шырокай сьпінай каня хаваўся. Колькі начлегаў было — і лік страціў.
    Нарэшце пад’ехаў да падножжа высокай гары. Паднялося пяро, вострым канцом угору паказала. Юджыян пакінуў каня на зялёным лузе пасьвіцца, пачаў падымацца. Стромкія схілы гары. Юджыян за першы дзень толькі чвэрць вышыні адолеў. На другі дзень да палавіны яе дабраўся. А там у яго і сілы прыбавілася — убачыў белую юрту на вяршыні. Ды скалы ўсё больш стромкія, расколіны ўсё шырэйшыя, камяні ўсё вастрэйшыя. Колькі яшчэ лез-караскаўся, а ўсё-такі да вяршыні дабраўся. Зайшоў  у юрту.
    Юрта прыгожа прыбраная, у ачагу вясёлы агонь палае. Пасярэдзіне залатая калыска стаіць, птушка чычах яе калыша. Убачыла птушка, што чалавек зайшоў, страпянулася і крыкнула: “Чып-чычып!” Потым чалавечым голасам загаварыла:
    — Ці не Юджыянам цябе завуць? Ці не жонку сваю шукаеш?
    — Юджыянам завуць. Жонку шукаю, — адказвае, а сам з калыскі вачэй не зводзіць.
    — Што ж, — кажа птушка, — паглядзі на свайго сына.
    Нагнуўся Юджыян над калыскай. Прыгожае дзіця там ляжыць. Убачыла Юджыяна, пухленькімі ручанятамі да яго пацягнулася.
    — Чы-чып! — птушка сказала. — Часцінка да цэлага хінецца, маленькая крывінка да роднай крыві цягнецца. Пазабаўляй сына, Юджыян, стамілася я калыску калыхаць.
    Юджыян у белага гарнастая перакінуўся, уверх-уніз у калысцы забегаў, скача, куляецца. Засьмяяўся хлопчык.
    Тут лёгкія крокі пачуліся, дзьверы рыпнулі. Птушка сказала:
    — Захоча ці не захоча бачыць цябе жонка? Хавайся хутчэй!
    Юджыян-гарнастай за шкурамі прытаіўся. А дзіця моцна заплакала, бо забаўку сваю страціла.
    Убегла ў юрту белая жураўка, шкурку хуценька скінула, засьпяшалася да дзіцяці, на рукі ўзяла. Адчула дзіця матчына цяпло і сьціхла.
    Тады гарнастай з-пад шкур вылез і зноў Юджыянам зрабіўся. Шкурку схапіў і ў агонь укінуў. Крыкнула красуня, азірнулася. Мужу з дакорам прашаптала:
    — Ах, навошта ты гэтак зрабіў?! І павалілася нежывая.
    Юджыян яе на рукі падхапіў, туліць да грудзей, сваім дыханьнем сагравае — хоча да жыцьця вярнуць. Але не зварухнецца красуня, сьмяротны сон яе скаваў. Юджыян яе на шкуры паклаў, галаву зьвесіў.
    — Чорны дзень мой настаў! Пара жалобы надышла! Усё яна наперад ведала, прадказвала: “Шкурку ў агонь укінеш — бяда будзе!” А я гарачаму сэрцу, няўрымсьлівай руцэ волю даў. Вось яна, бяда, і грымнула! Сам вінаваты, сам і адказваць буду. Слабасьць сілаю, прастадушнасьць хітрасьцю адолею, гарачнасьць цярплівасьцю загладжу.


    Выбег Юджыян з юрты. Убачыў лёгкае воблачка, што каля гары затрымалася, разагнаўся, скочыў на яго. Паплыло воблачка, гайдаецца, пакалыхваецца. Ужо і сонца зайшло, неба пацямнела. Воблачка ўздоўж вялікага зорнага шляху плыве. Падплыло да Сузор’я, спынілася. Юджыян з воблака на верхнюю зямлю [Верхняя зямля (тундра) —паводле ўяўленьняў многіх паўночных народаў — сьвет, які разьмешчаны на небе, дзе жывуць багі, часьцей за ўсё заступнікі людзей.] пераступіў. Агледзеўся. Гэткія ж тут мясьціны, як і там, унізе, — зямля, дом і агонь гарыць.
    На медным васьміногім лабазе [Лабаз — (тут) сьвіран для захоўваньня запасаў харчоў і дамашніх рэчаў. Ставіцца на палях, слупах, каб у яго не залезьлі зьвяры. Гэтак жа называецца высокі памост.] дзяўчына сядзіць. Васьмісажнёвыя ярка-чырвоныя шаўковыя валасы распусьціла, на сярэбраны кол накруціла, залатым грабянцом расчэсвае. Сказаў ёй Юджыян:
    — Дачка Сузор’я, дачка пана Юргяля! Пужлівая шаманка [Шаман — вядзьмар, чараўнік, знахар.] Юргюк-удаган! Прыйшоў я, каб узяць цябе за жонку. Ці пойдзеш за мяне замуж?
    Паглядзела на яго дачка Сузор'я — стройны, прыгожы той, хто сватаць яе прыйшоў. Ціха яму адказала:
    — Пайду за цябе.
    — Тады зьбірай свае ўборы, у дарогу рыхтуйся. Буду цябе чакаць на вяршыні самай высокай гары.
    Замітусілася Пужлівая шаманка, зьбірае свае ўборы-строі, склікае сваю пасажную жывёлу. А Юджыян далей пайшоў.


    Прыйшоў да юрты пана Месяца. На медным васьміногім лабазе дзяўчына сядзіць. Васьмісажнёвыя серабрыста-шаўковыя валасы распусьціла, на сярэбраны кол іх накруціла, залатым грабянцом чэша. Юджыян ёй сказаў:
    — Дачка пана Месяца, Месячнага сьвятла шаманка! Прыйшоў я цябе ўзяць за жонку. Ці пойдзеш за мяне замуж?
    Паглядзела на яго дачка Месяца — твар сьмелы, вочы розумам сьвецяцца ў таго, хто сватаць яе прыйшоў. Адказала:
    — Пайду за цябе. Дай толькі час пасаг сабраць.
    — Не маю я часу, — Юджыян кажа.— Усё рабі, як сама ведаеш. Потым прыяжджай на вяршыню самай высокай гары. Там чакаць буду.
    Дачка пана Месяца, Месячнага сьвятла шаманка замітусілася, адзежу-ўборы зьбірае, пасажную жывёлу склікае. А Юджыян далей падаўся.
    Пакуль ішоў, ноч скончылася. Зазьзяла ўдалечыні юрта пана Сонца. Юджыян проста не яе кіруецца.
    Каля зіхоткай юрты на медным васьміногім лабазе дзяўчына сядзіць. Васьмісажнёвыя сонечна-шаўковыя валасы на сярэбраны кол накруціла, залатым грабянцом расчэсвае. Юджыян ёй сказаў:
    — Дачка пана Сонца! Кюёгяль-удаган шаманка! Вось я да цябе прыйшоў. За жонку цябе вазьму, калі захочаш, калі пойдзеш!
    Кюёгяль-удаган шаманка на свайго бацьку, пана Сонца, не міргаючы глядзела, а тут зажмурылася. Асьляпіла яе любоў да таго, хто сватаць прыйшоў. Так яна Юджыяну адказала:
    — Пайду за цябе замуж. Чаму ж не пайсьці?
    Юджыян і ёй загадаў, як зьбярэцца, на вяршыню самай высокай гары ехаць.
    Засталася Кюёгяль-удаган шаманка пасаг рыхтаваць, а Юджыян наперад засьпяшаўся.
    Дабег да краю верхняй зямлі, скокнуў на тое самае воблачка, на ім у дарогу назад падаўся. Да гары падплыў, на яе вяршыні апынуўся.
    У юрце птушка чычах Юджыянава дзіця калыша, а на шкурах нежывая жонка ляжыць. Юджыян яе ў сваю адзежу пераапрануў, доўгія валасы яе пад шапку падабраў. Потым вынес з юрты, паклаў перад уваходам. Сам за юртай схаваўся.
    Толькі пасьпеў усё зрабіць, з трох бакоў на трох конях нявесты яго пад’ехалі. У кожнай з сабою багаты пасаг. У тароках [Тарока — уючны мех.] сукенкі, дарагія футры. У кожнай восемдзесят табуноў коней, у кожнай дзевяноста чарод кароў. Усе схілы гары статкамі ўкрыліся.


    Зьлезьлі  нявесты з коней. Адна адну ўбачылі.
    — Сябровачкі-сястрыцы, — гамоняць між сабою, — выходзіць, мы ўсе тры — жонкі аднаго мужа. Што ж, не сумна нам будзе на Зямлі жыць. А дзе ж наш муж, чаму нас не страчае? Зойдзем у юрту, можа, сьпіць ён.
    Пайшлі лёгкімі нябеснымі крокамі да юрты. Раптам усе тры спыніліся. Адна кажа:
    — Ох, сястрыцы, няйначай мёртвы ляжыць!
    Другая кажа:
    — Ці не наш гэта муж?
    Трэцяя паглядзела.
    — Ён, ён! У гэтай адзежы і сватацца да мяне прыходзіў.
    Дачка пана Сонца Кюёгяль-удаган шаманка пытаецца:
    — Дачка пана Юргяля, Пужлівая шаманка, ці ўмееш ты мёртвага ажывіць?
    — Сказаць умею — няпраўда і сказаць не ўмею — няпраўда, — Пужлівая шаманка адказвае. — Магу мёртвага так ажывіць, што будзе ён — нібы без памяці чалавек ляжыць.
    — Што ж, не многа гэта і не мала, — кажа дачка пана Сонца.
    Потым спытала ў дачкі пана Месяца:
    — А ці вялікае тваё ўменьне, Месячнага сьвятла шаманка?
    — Умею зрабіць мёртвага чалавека такім, нібыта ён моцна сьпіць, — адказала тая.
    — А я,— кажа Кюёгяль-удаган шаманка, дачка пана Сонца, — магу мёртвага да памяці вярнуць, ад сьмяротнага сну разбудзіць.
    — Ну, дык што ж, сябровачкі-сёстры! — сказалі ўсе трое. — Возьмемся за работу. Ажывім нашага мужа.
    Першай Пужлівая шаманка, дачка Сузор’я, цераз мёртвае цела пераскочыла. Трошкі прыўзьняліся грудзі ў мёртвага, ледзь прыкметна пара ад дыханьня з рота вылятае.
    Другою пераскочыла Месячнага сьвятла шаманка. Тут бледны твар паружавеў, вейкі зварухнуліся.
    Цяпер выйшла наперад дачка пана Сонца, Кюёгяль-удаган шаманка. Пераскочыла, а ўсьлед за ёю і той мёртвы з зямлі падняўся. Шапка з галавы ў яго звалілася, рассыпаліся па плячах доўгія валасы.


    — Ох, сябровачкі-сястрыцы, мусіць, не таго мы ажывілі! Не муж гэта наш, а чужая жанчына.
    А Юджыян за юртай хаваўся і ўсё чуў, усё бачыў. Выбег цяпер, любую жонку сваю моцна абняў. Яна твар на яго шырокіх грудзях схавала, ад радасьці ўся зачырванелася.
    Пазіраюць шаманкі, паміж сабой пераглядваюцца. Раптам у юрце дзіця заплакала. Пачула гэта красуня, ад мужа адарвалася, кінулася ў юрту. І Юджыян за ёю пабег.


     — Няма нам тут чаго рабіць, сястрыцы, — сказала дачка пана Сонца. — Ёсьць у нашага жаніха жонка і дзіця. Не будзем жа мы, нябесныя шаманкі, малодшымі жонкамі?! Давайце дадому вернемся.
    Села яна на свайго каня, скокнуў конь, проста ў неба памчаўся. І дзьве другія за ёю памчаліся. Пасярод дарогі дачка пана Юргяля, Пужлівая шаманка, раптам закрычала:
    — Ох, сястрыцы, што мы нарабілі! Забыліся на Зямлі ўвесь наш пасаг.
    Ганарыста засьмяялася дачка пана Сонца, Кюёгяль-удаган шаманка.
    — У майго бацькі багацьця паболей, чым нейкая нікчэмная жывёла, што я ўнізе пакінула, — сказала яна. — Бацька мне падорыць, колькі я захачу.
    — І мой бацька ні слова ў дакор мне не скажа! — прамовіла дачка пана Месяца, Месячнага сьвятла шаманка.
    Зачырванелася Юргюк-удаган, дачка Сузор’я, дачка пана Юргяля.
    — Дык няхай і маё дабро прападае. Не такі мой бацька багаты, як вашы, але ж і ён для мяне нічога не пашкадуе.
    І не вярнуліся. Усё багацьце, усе пасагі Юджыяну засталіся. А ён у дарогу сабраўся, у родныя мясьціны ехаць. Сьвіснуў маладзецкім посьвістам, прымчаўся з зялёнай даліны яго буланы конь.
    Так вось і едуць: Юджыян на сваім буланым едзе, жонку перад сабою пасадзіў, калыска каля левага калена моцна прывязана — у ёй сына вязе. На калысцы верная нянька птушка чычах сядзіць, малому песьні сьпявае.
    Тры разы па восемдзесят табуноў коней перад імі бягуць. Тры разы па дзевяноста чарод кароў ззаду ідуць.
    Так ехалі, так і даехалі. Выбег ім насустрач прыгожы юнак, рослы, плечы шырокія.
    — Ці ты гэта, Хаджугур, брат мой малодшы? — пытаецца Юджыян.
    — Няўжо гэтак вырас, што і не пазнаць? — Хаджугур сьмяецца.— Бачу, ты жонку сваю, дарагую маю нявестку, здабыў, назад прывёз. Даруйце, што кепскае ад мяне было!
    Разам яны зажылі, добра жылі. Так яно, кажуць, было, такое вось, расказваюць, здарылася.


                                                 /Жураўлінае пяро. Якуцкая казка.
                           Пераклаў С. Міхальчук. [Казка за казкай] Мінск. 1988. 32 с./

                                                           САҤА  КИНИГЭЛЭР
    1988 с. Белоруссияҕа, Минскэй куоракка “Юнацство” издательство “Кыталык кыната” диэн саха остуоруйатын туспа кинигэнэн оскуолаҕа киириэн иннинээҕи саастаах оҕолорго анаан, белорусс тылынан таһаарда. Кинигэ тахсыбыт ахсаана — 200 тыһыынча экземпляр.
    “Кыталык кыната” диэн аатынан саха “Үчүгэй Үөдүйээн” остуоруйата бэчээттэммит. Остуоруйаны белорустуу тылга С. Михальчук тылбаастаабыт,  ойууларын Я. Земельская оҥорбут.
    /Хотугу Сулус. № 1. Якутскай. 1989. С. 109./

                                                                           НІВА
                                       Беларускі грамадзка-культурны тыднёвік
                                                                        Беласток.
                                                                        Польшча



                                                              Жураўлінае пяро
                                                              (Якуцкая  казка)
                                                      У перакладзе С. Міхальчука
    /Ніва. Беласток. 13 жніўня; 20 жніўня, 27 жніўня, 3 верасня, 10 верасня 1989./

                                                                        ДАВЕДКА

    Сяргей Апанасавіч Міхальчук - нар. 14 жніўня 1925 г. у в. Скабін, Капыльскага р-ну, Мінскай вобласьці БССР (СССР), у шматдзетнай сялянскай сям’і.
    У 1933-1935 гг. вучыўся ў Скабінскай пачатковай школе, з 1935-1941 г. у сярэдняй школе № 1 ў Капылі.Скончыў сярэднюю школу ў Капылі.
    У 1944 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі. 7 сакавіка 1945 г. быў цяжка паранены.
    Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 г. паступіў на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1951 г. і быў накіраваны на працу рэдактарам (потым зрабілі старшым рэдактарам) у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, пазьней пераназванае ў “Беларусь”.
    У 1972—1980 гг. — загадчык рэдакцыі літаратуры для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
    Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1972). Ад 1980 г. пэнсіянэр рэспубліканскага значэньня. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені,  мэдалямі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
    Памёр 20 ліпеня 1995 года і пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
    Пачаў друкавацца ад 1952 г. (псеўданім С. Скабінскі). сябра СП Беларусі з 1972 г. З-пад пяра Сяргея Апанасавіча выйшлі зборнікі апавяданьняў і аповесьцей для дзяцей “Сто прыгод за адзін дзень” (1963), “Паштальён, шырэй крок!” (1968), “Зялёны лісток” (1974), “Першы след” (1985).
    Перакладаў, гэткі паліглёт, з армянскай, кітайскай, чэскай, нарвэскай, славацкай, кіргіскай, нямецкай, украінскай, эстонскай, віетнамскай, ангельскай, мангольскай, аўганскай, баўгарскай, узбэцкай ды шмат якіх іншых моў, якіх ён ня ведаў. Далучыўся таксама і да якуцкай літаратуры.
    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. 4595. Жураўлінае пяро: Якуц. казка: [Для дашк. узросту] / Пер. С. Міхальчук; Маст. Я. Зельская. - Мн.: Юнацтва, 1988. – 31 с. : каляр. іл. – (Казка за казкай). – ISBN 5-7880-0031-9: 15 к., 200000. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1976-1991. [Складальнікі: Фарасцяная Л. К.; Цітова Л. А.] Мінск. 1997. С. 155.
    Дульсінея Хатон,
    Койданава





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz