piątek, 21 listopada 2014

ЎЎЎ Андрэй Крывашапкін. Апока. Пер. з якуцкай мовы Анатоль Бутэвіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.


 



 
    Андрэй  Крывашапкін
                                                                          АПОКА
    З кожным днём усё хутчэй набліжаецца вясна. Вецер аціх. Спалі маразы. Сонца прыгравае мацней і мацней. Бялюткі і крыштальна яркі сьнег стаў шэрым, наздраватым.
    Для аленяводаў надышлі гарачыя дні. У гуртах аленяў пачаліся ацёлы.
    Брыгада Чыктыкана не забывае словы брыгадзіра: “Мы павінны захаваць увесь маладняк. За жыцьцё кожнага цяляці адказваем перад сваім сумленьнем”.
    Аленяводы круглыя суткі па чарзе дзяжураць ля статка, бо вакол бадзяецца шмат драпежных зьвяроў. Многа шкоды яны могуць нарабіць.
    Апока — сын брыгадзіра — таксама не адстае ад дарослых. Цэлыя дні ён — на алені. Езьдзіць па пашах, па схілах гор, па лесе. Вось і сёньня з самага ранку ля статка. “Каб хаця алені не адбіліся”, — як дарослы непакоіцца хлапчук, паволі едучы па беразе ракі. Адусюль чуваць мілы покліч аленянят. Важанкі, аленіхі, якія хутка стануць маці, здаецца, усе на месцы. Апока задаволена ўсьміхаецца і зацягвае знаёмую песьню:
                                                          Пусть всегда будет солнце,
                                                          Пусть всегда будет небо...
    Раптам песьня сьціхае. Ездавы алень Апокі ледзь не наступіў на шэры камячок, які ляжыць на сьнезе.
    — Кірэ-э! — зьдзіўлена ўсклікнуў хлапчук.
    Далёка за кручай ён прыкмеціў маладую важанку. Яна падбірала ягель, час ад часу, паднімаючы галаву, чуйна прыслухоўвалася. Апока зразумеў, што здарылася. Маладая важанка пакінула цялятка, якое толькі што нарадзілася, і ўцякла. Напэўна, нечага спалохалася. Бацька расказваў, што такія маткі назад да сваіх дзяцей не вяртаюцца.
    Хіба можна пакінуць гэткага маленькага! Яно ж загіне!
    Цяжка ўздыхаючы, Апока нахіліўся над цяляткам. Што рабіць? Трэба ратаваць! Хлапчук хуценька скінуў сваю футравую тужурку і асьцярожна захінуў аленяня. Пасьля ўзяў яго на рукі і панёс. Малое дрыжала, цяжка дыхала. Хлапчук адчуваў, як моцна стукае сэрца знайдыша.
    З такім грузам Апока не змог сесьці на аленя і павёў яго за сабой.
    Спачатку ноша была зусім лёгкай. Але паступова хлапчуку станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Ледзь не падаючы, ён доўга ішоў па вадзяністым сьнезе, зрэдку правальваўся ў ваду.
    Рукі здранцьвелі. Пот каціўся градам, заліваў вочы. “Трэба данесьці да палаткі, а то загіне, — думаў Апока. — Данясу вунь да таго дрэва з дуплом, адпачну і пайду далей”.
    Ля дрэва Апока спыніўся, асьцярожна апусьціў сваю ношу на зямлю, уздыхнуў на поўныя грудзі. Пасьля падняў аленяня і зноў рушыў наперад. Цялятка нельга пакінуць ні на хвіліну. Яно і так моцна зьмерзла, напэўна, прастудзілася.
    Ён не памятае, колькі прайшло часу, пакуль, зьнясілены, дабраўся да палаткі. Бацька толькі што вярнуўся са свайго ўчастка. Апока расказаў, дзе знайшоў аленяня.
    — Ты правільна зрабіў, Апока, — пахваліў Чыктыкан сына. — Мы твайго знайдыша хутка паставім на ногі. Ён абавязкова вырасьце аленем!
    Пераклад з якуцкай мовы.
    /Вясёлка. № 4. Мінск. 1984. С.10-11./

 
    Андрэй Васільевіч Крывашапкін - нар. 17 кастрычніка 1940 г. у с. Себян-Кюёль Кабяйскага раёна Якуцкай АССР, у сям’і эвенаў.
    У 1970 г. з адзнакай скончыў Ленінградзкі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя А. І. Герцэна. Ад 1970 г. па 1977 г.- дырэктар Себян-Кюёльскай сярэдняй школы. Ад 1975 г. па 1977 г. - малодшы навуковы супрацоўнік Якуцкага філіяла НДІ нацыянальных школ Міністэрства асьветы РСФСР. Ад 1977 г. па 1979 г. - сакратар парткама саўгаса “Кіраўскі”. Ад 1979 г. па 1980 г. - кіраўнік Себянскім аддзяленьнем саўгаса. Ад 1980 г. па 1981 г. - інструктар Савета міністраў Якуцкай АССР. Ад 1981 г. па 1990 г. - інструктар, намесьнік загадчыка аддзелам Якуцкага абкама КПСС. Ад 1990 г. па 1993 г. - народны дэпутат РСФСР, народны дэпутат Якуцкай АССР, чалец Вярхоўнага Савета РСФСР на сталай аснове, старшыня падкамітэта па пытаньнях карэнных малалікіх народаў Поўначы, Сыбіры і Далёкага Ўсходу РФ. Ад 1994 г. - народны дэпутат Рэспублікі Саха (Якутыя), працаваў сталым прадстаўніком Дзяржаўнага Сходу (Іл Тумэн) Рэспублікі Саха (Якутыя) у Фэдэральным Сходзе Расійскай Фэдэрацыі. Ад 2008 г. - намесьнік Старшыні Дзяржаўнага Сходу (Іл Тумэн) Рэспублікі Саха (Якутыя).
    Чалец Саюзу пісьменьнікаў СССР ад 1982 г. Піша на эвенскай, якуцкай і рускай мовах. Яго творы друкуюцца з 1962 году. Першая кніга – “Опо” - на эвенскай мове выйшла ў 1969 годзе. Вялікай папулярнасьцю карыстаюцца яго аповесьці “Алені майго дзяцінства”, “Уйамкане ідуць на Поўнач”, раманы “Бераг лёсу”, “Залаты алень”, апавяданьні “Сын Чыктыкана”, галоўны герой якіх Апока, сын Чыктыкана.
     Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Эрыліка Эрысціна, Ляўрэат Вялікай літаратурнай прэміі Расіі, Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Саха (Якутыя), Ганаровы грамадзянін Рэспублікі Саха (Якутыя) (2010)
    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. Крывашапкін А. 4601. Апока: [Апавяданне] / Мал. В. Тарасава. // Вясёлка. – 1984. – № 4. – С. 8. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1976-1991. Мінск. 1997. С. 155.
    Моня Пыжык,
    Койданава.


    Анатоль Іванавіч Бутэвіч (Максім Валошка) - нар. 15 чэрвеня 1948 г. на хутары Язавец Нясьвіскага раёна Мінская вобласьці БССР (СССР), у сялянскай сям’і.
    У 1956 годзе разам з бацькамі перасяліўся ў в. Баяры Нясьвіскага раёна Мінская вобласьці. Вучыўся ў Вялікаліпскай васьмігадовай школе. Скончыў Сноўскую сярэднюю школу Нясьвіскага раёна (1966). Скончыў аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971-1973), намесьнікам рэдактара газэты “Чырвоная змена” (1975-1979), загадчыкам аддзела прапаганды і культурна-масавай работы ЦК ЛКСМБ (1973-1975, - пабываў на Якуцкім участку БАМа - 1979-1980), інструктарам сэктара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ (1980-1986, 1987-1990). Дырэктар рэспубліканскага выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1986-1987). Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990-1992), міністар інфармацыі (1992-1994), міністар культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996). У 1996-1998 гг. — Генэральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998-2000 гг. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. У 2001-2009 гг. — саветнік старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвэстыцый. У студзені-траўні 2009 г. — галоўны спэцыяліст упраўленьня мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мае дыпляматычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Кандыдат навук у галіне інфармацыйных тэхналёгій. Жыве ў Мінску, мае траіх дзяцей.
    Працуе ў сфэры дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу. Друкавацца пачаў у 1969 годзе. Ад 1972 г. чалец Саюза журналістаў, ад 1994 г. чалец Саюза пісьменьнікаў Беларусі.
    Пад псэўданімам Максім Валошка чытачы ведаюць яго найперш як перакладчыка. А. Бутэвіч перакладае з рускай, польскай, украінскай, якуцкай, англійскай моў, а таксама з беларускай мовы на рускую”. /portal.nlb.by/portal/page/portal/index/detailed_news?param0...13. 6. 2008/
    Літаратура:
    Смольская В. У.  Валошка Максім. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 553-554.
    Барташэвіч М. П.  Валошка Максім. Бібліяграфія. [1984. Крывашапкін А. Апока: Апавяданне / З якуцк. // Вясёлка. № 4.] // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 555.
    Людка Казючыц,
    Койданава
 






 




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz