niedziela, 9 listopada 2014

ЎЎЎ Язэпія Навайка. Беларускі біскуп Усходняй Сыбіры Кірыла Клімовіч ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Кірыла [Караль (Карл) Леапольдавіч] Клімовіч – нар. 5 лістапада 1952 году ў вёсцы Амангельды Алма-Атынскай вобласьці Казахскай ССР (СССР). У год ягонага зьяўленьня на сьвет сям’ю Клімовічаў выслалі з Браслаўскага раёну Полацкай вобласьці БССР у Казахстан.

    “У бацькоў была зямля, лес, сажалкі. Іх абвясьцілі кулакамі. Прыйшлі ўначы, прыкладамі вінтовак выбілі акно: “Зьбірайцеся!”. Так я пад сэрцам маці і ехаў у Казахстан, яна ўжо была цяжарнай. З ёй бацька, старэйшыя браты Ян і Леапольд. Я памятаю, мама да самага свайго сыходу пры слове “Казахстан” уздрыгвала, душэўна ёй было вельмі цяжка. Шматлікае прыйшлося перажыць”.
    У 1955 году маці дазволілі наведаць у Беларусі хворых бацькоў і яна забрала з сабой трох сыноў. Бацька застаўся ў Казахстане са сваімі бацькамі.

    “Мяне ж хрысьцілі ў Казахстане толькі з вады і далі імя Караль. А калі ўжо маці вярнулася ў Беларусь, то павезла мяне ў Латвію, дзе ў Даўгаўпілсе маё вадохрышча было дапоўнена ялеем. Сьледам маці зайшла ў ЗАГС - аформіць мае дакумэнты. А там заявілі: “Які такі Караль Леапольдавіч? Каралёў у нас даўно няма. Кірыла пішы!”. Вось так у паперах і засталося - Кірыла. У Польшчы шматлікія дзівяцца. У бо ў іменьніку 4 лістапада - Караль, а я нарадзіўся пятага. А Кірыла і Мятодый - у студзені-лютым”.

    У Беларусі маці з дзецьмі пражыла да 1965 гады і зьехала з імі ў Польшчу. Бацька пакінуў СССР яшчэ раней - у 1957 году.
    У 1974 г. Кірыла (Караль) скончыў школу, у 1980 г. скончыў вышэйшую духоўную сэмінарыю Hosianum  ў Ольштыне. Быў высьвечаны на сьвятара 8 чэрвеня 1980 г. Прымасам Польшчы кардыналам Юзафам Глемпам. Служыў вікарыем у гарадах Відміны, Пасьленк і Дзяўбкі пад Ольштынам, прымаў удзел у будаўніцтве новай духоўнай сэмінарыі ў Ольштыне. Ад 1990 г. зьдзяйсьняў сьвятарскую паслугу ў Беларусі, служыў плябанам і дэканам у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласьці.
    “Я калі ў перабудову прыехаў у Беларусь, мяне спыталі, дзе я жадаю працаваць. Я сказаў, тут. Так аўтаматычна і атрымаў беларускае грамадзянства. І цяпер я грамадзянін Беларусі”.

 

 

    Ад 1999 г. Клімовіч — тытулярны біскуп Арбы й дапаможны біскуп пры Менска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі. У 2003 г. 13 кастрычніка 1999 г. Папеж Ян Павал ІІ прызначыў яго тытулярным біскупам Арбы і дапаможным біскупам Менска-Магілёўскае арцыдыяцэзіі. 4 сьнежня таго ж году Кірыл Клімовіч быў рукаўскладзены ў біскупа ў менскім катэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі кардыналам Казімерам Сьвёнткам. У 1999 — 2003 гг. — генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і плябан катэдральнага сабору ў Менску.

    17 красавіка 2003 г. загадам Яна Паўла ІІ біскуп Клімовіч быў вызвалены ад абавязкаў дапаможнага біскупа Менска-Магілёўскае арцыдыяцэзіі і пераведзены з тытулярнай катэдры Арбы на катэдру дыяцэзіі сьв. Язэпа ў Іркуцку (Расейская Фэдэрацыя), замест Ежы Мазура, якому расейскія улады забаранілі служыць каталікам у Расеі

    15 чэрвеня 2003 г. у іркуцкім катэдральным саборы Беззаганнага Сэрца Панны Марыі адбылося кананічны і літургічны ўступ у пасаду кіравальнага біскупа. Ад 18 студзеня 2005 г. віцэ-старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Расеі. Кіраўнік Катэхітычнай камісіі і Камісіі па міжхрысьціянскім ды міжрэлігійным дыялёгу і дыялёгу зь нявернікамі.

    Вольна валодае беларускай, расейскай, польскай ды лацінскай мовамі.

    Літаратура:

*    Беларускі біскуп Сібіры. // Беларусы ў Свеце. № 5. Травень. Мінск. 2013. С. 1, 6.

    Язэпіня Навайка,
    Койданава
 



 

                                                    БЕЛАРУСКІ БІСКУП СЫБІРЫ

     Кірыла Клімовіч ужо дзесяць гадоў як біскуп каталіцкай дыяцэзіі святога Язэпа. Мы патэлефанавалі ў Іркуцк, каб задаць колькі пытанняў айцу Кірылу.

    “Наша Ніва”: Вы ўжо дзесяць гадоў у Сыбіры. Цяжка было прызвычаіцца да мясцовага калярыту?

    Кірыла Клімовіч: Вядома ж! У Беларусі я быў дапаможным біскупам пры Казіміру Сьвёнтку, валадарства яму нябеснае. А тут стаў ардынарыем. Гэта самая вялікая эпархія — больш за 10 мільёнаў квадратных кілямэтраў. Шмат нацыянальнасьцяў, не толькі расейцы, палякі ці беларусы. Але і якуты, бураты, эвенкі, хакасцы… І за ўсю гэтую тэрыторыю адказны я. Праблем хапае, сьвятароў не надта шмат. У нас тут толькі тры святары-расейцы. Астатнія са Славакіі, Амэрыкі, Індыі, Інданэзіі… З Беларусі, на жаль, няма нікога.

    “НН”: Як пераадольваеце такія адлегласці?

    КК: 4-5 тысяч кілямэтраў — гэта звычайная адлегласьць. Калі менш за 1200 кілямэтраў, то яшчэ еду на машыне. Далей — ужо на самалётах. Нядаўна быў у Петрапаўлаўску-Камчацкім — гэта самая далёкая кропка. Яшчэ ёсьць Хабараўск, Сахалін. Шмат часу даводзіцца быць у ад’ездах. Па тэлефоне і інтэрнэце ўсіх праблем не вырашыш. На 15 чэрвеня, дзесяцігодзьдзе майго ўступленьня на пасаду, пляную правесьці вялікую сустрэчу для сьвятароў, манахаў, сясьцёр парафіі.

    “НН”: Ці ёсьць нейкая спэцыфіка службы ў аддаленых раёнах?

    КК: У кожнай парафіі ёсьць. Шмат каталікоў сярод якутаў і буратаў.

    “НН”: Там моцныя мясцовыя традыцыі, вераваньні?

    КК: Канечне! Але нават з шаманамі мы маем добрыя адносіны. Мы ж усе людзі. Жывём у адной краіне. Без дыялёгу ніяк.

    “НН”: У Іркуцку, мабыць, прасьцей.

    КК: Яшчэ ў Краснаярску, Уладзівастоку. Тут большыя парафіі. Але ёсьць і такія сьвятары, што езьдзяць у вёскі, дзе 13-15 парафіянаў. Гэта ж не Беларусь, што ўзяў паехаў у Гомель, на Нарач, куды хочаш. У Іркуцку і Краснаярску па два касьцёлы. Старыя яшчэ будаваліся тымі людзьмі, якіх сюды адпраўлялі ў высылку.

    “НН”: Якраз хацеў сказаць. Раней каталіцкіх сьвятароў адпраўлялі ў Сыбір толькі на катаргу, пасьля паўстаньняў ХІХ ст., падчас сталінскіх рэпрэсій…

    КК: Мне ў менскай дыяцэзіі людзі так і казалі: “Куды цябе саслалі”. А я казаў, што паслалі, а не саслалі. Цяпер ужо не тое, што было раней. Зрэшты, куды б ні паехаў — у Нарыльск, яшчэ куды, — бачу там беларусаў. У Іркуцку таксама суполка беларусаў ёсьць, але яны не надта ходзяць да касьцёла. Сілай жа нікога не прывядзеш. Яны там розныя: нехта ў мэрыі працуе, нехта праваслаўны. Калядкі ладзяць беларускія, але да касьцельнага жыцьця гэта не мае дачыненьня.

    “НН”: З праваслаўнымі вернікамі ў Вас няма канфліктаў? Раней у Расіі яны былі даволі частымі.

    КК: Дзякуй Богу, што ёсьць дыялёг. Асабліва калі патрыярхам стаў Кірыл, стала лягчэй. На мясцовым узроўні вельмі добрыя адносіны, дай Бог, каб так працягвалася далей.

    “НН”: У Благавешчанску праваслаўныя не хочуць аддаваць каталікам стары будынак касьцёла. Неяк удаецца вырашыць гэтае пытанне?

    КК: Думаю, што праз год ужо вернуць. Там цяпер новы эпіскап — Лукіян. Самы малады ў Расеі — 48 гадоў. Вельмі разумны чалавек. У Іркуцку таксама не можам вярнуць стары касьцёл, арганную залю. Там цяпер філярмонія.

    “НН”: А якія праблемы Вас хвалююць найбольш?

    КК: Праблемы аднолькавыя як у Беларусі, так і ва ўсім былым СССР. Праблема ў моладзі з успрыманьнем сямейных каштоўнасьцяў, з п’янствам. У нас яшчэ не так. А вось у закінутых мясьцінах гэта вялікая праблема. Ці ёсьць у карэнных народаў Расеі праблемы з алькаголем? Ва Улан-Удэ ў Бураціі, у якуцкім Алдане калі ідзеш да людзей з добрым сэрцам, то яны адказваюць тым жа. Людзі бачаць гэта і пераходзяць да нас у касьцёл.

    “НН”: А служыце для якутаў і буратаў па-расейску?

    КК: Так, па-расейску. Быў у нас адзін клірык якут, але, мабыць, вырашыў, што служэньне — не ягоны шлях. Хутка прыедзе адзін славак, дык ён яшчэ ў сябе дома пачаў вывучаць якуцкую мову. Пэўна, будзе практыкаваць.

    “НН”: У Вас цікавы лёс. Нарадзіліся ў Казахстане, жылі ў Беларусі і Польшчы. Цяпер вось у Сыбіры. А кім сябе лічыце?

    КК: Чалавекам. Як казаў апостал Павел, для Хрыста няма ні грэка, ні юдэю. Заўсёды кажу, што я Божы цыган. Я там, куды пасылае мяне Бог. Але грамадзянства ў мяне беларускае.

    “НН”: Як у Казахстане апынулася ваша сям’я?

    КК: Прызналі кулакамі. Сям’я з Браслаўскага раёна. У нас была зямля, лес… Мама была цяжарная мной, калі яе высылалі ў Казахстан. Там я і правёў некалькі першых гадоў жыцьця.

    “НН”: А як удалося зьехаць у 1960-я ў Польшчу?

    КК: Гэта быў цуд. Канечне, не такі цуд, як адраджэньне Касьцёла ў Беларусі, але ўсё адно. Бацька зьехаў у Польшчу яшчэ ў канцы 1950-х. Потым прыехаў да нас у годзе 1962 ці 1963. Яны з маці паехалі ў Маскву да пасла. Доўга зьбіралі дакумэнты, яшчэ некалькі гадоў прабылі ў Беларусі. У Польшчы я стаў сьвятаром. Там жывуць мае браты. Бацькоў, на жаль, ужо няма.

    “НН”: Чаму тады вярнуліся ў Беларусь у 1990-м?

    КК: Адчуў патрэбу. Я ж тут з маладых гадоў выхоўваўся, жыў. Засьпеў цяжкія гады для вернікаў, калі не давалі маліцца, нават білі школьнікаў за тое, што хадзілі да касьцёла. Мне падалося, што той час [1990 год — “НН”] быў зручны, каб пачаць перадаваць людзям дабро і шчырасьць. Дый сьвятароў было мала.

    “НН”: Мітрапаліта Кандрусевіча пасьля працы ў Маскве перавялі назад у Беларусь. Можа, і вас так?

    КК: Ой, не ведаю (сьмяецца). Не ад мяне гэта залежыць.

    “НН”: Як Вам новы Папа Францішак? Здаецца, ён спрабуе крыху рэфармаваць Касьцёл.

    КК: У Касьцёле мы заўсёды паслухмяныя. Дай Бог, каб Папа рабіў тое, што робіць. Адкрыта і проста ішоў да людзей. Для мяне гэта супэр. Аднойчы сустракаўся з Папам Бенедыктам XVI, дык ад спатканьня з ім як добрая маланка прабегла. Цяпер вось Францішак. Па тым, што я чытаю, мне вельмі падабаецца ягоны падыход. Ён мне блізкі. Так што няхай ідзе да людзей.

    “НН”: Вам амаль 61 год, а застаяцеся вельмі бадзёрым чалавекам.

    КК: Бог дае ўсё. Калі з Богам жывеш у душы, то лягчэй. Як можна па-іншаму? Мяне мітрапаліт Кандрусевіч кліча на Будслаўскі фэст сёлета, я б з радасьцю паехаў, але якраз у гэтыя дні адкрываю драўляны касьцёл у вёсцы Вяршына (140 км ад Іркуцка). Потым ехаць у Абакан. А так я падтрымліваю сувязь з тымі людзьмі, з кім працаваў у Менску, званю ім.

    “НН”: Бачу, што беларускую мову таксама не забываецеся.

    КК: Калі прыяжджаю ў Беларусь, то імшу служу толькі па-беларуску. Мне гэта вельмі прыемна. Я ж на ёй вучыўся з малых гадоў. Хацелася б, канечне, ведаць лепш. Як прыеду ў Беларусь, скажу па-вясковаму, дык так папрэ па-беларуску, што ўжо і не спыніць!

                                                                               * * *

                                                                     Кірыла Клімовіч

    Каталіцкі біскуп. Нарадзіўся ў 1952 у вёсцы Амангельды, каля Алма-Аты (Казахстан). Ад 1956 да 1965 жыў у Беларусі. Ад 1965 у Польшчы. Скончыў духоўную семінарыю ў Ольштыне. У 1990-1999 — пробашч касцёла ў Глыбокім. Ад 1999 — дапаможны біскуп пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 2003 Папа Ян Павел ІІ прызначыў Клімовіча ардынарыем расійскай епархіі святога Язэпа. Віцэ-старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Расіі.

    Гутарыў Зьміцер Панкавец





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz