piątek, 7 listopada 2014

ЎЎЎ 2. Халерха Ханідовіч. Вялікі маленькі юкагір Тэкі Адулок. Ч. 2. Жыцьцё Імтэургіна старэйшага. Койданава. "Кальвіна". 2014.






                                                                     АД  АЎТАРА
    На самай поўначы Далёкаўсходняга краю есьць рака Ясачная, цёмнаводная, зьвілістая рака. Яна ўліваецца ў вялікую раку Калыму, якая цячэ ў Паўночнае палярнае мора.
    Ад Ленінграда да ракі Ясачнай каля 11 тысяч кілямэтраў. Туды можна даехаць, прыкладам, праз тры месяцы бесьперапыннай язды. Ехаць трэба спачатку поездам да Владывастока, потым на вялікім параходзе; з парахода трэба перасесьці на рачны катэр, з катэра на човен, з чоўна на каня, з каня на аленяў, з аленяў на сабачую запрэжку.
    На рацэ Ясачнай, сярод вербалозавых зарасьнікаў, у шалашы з аленевай скуры нарадзіўся я — аўтар гэтай кнігі.
    Бацьку майго звалі Атыляхан Іполун, ён быў юкагір з роду Чолгародых, гэта значыць заячых людзей.
    У дзяцінстве я бадзяўся разам з сям’ёй па лясных далінах ракі Ясачнай і яе прытоках у пошуках паляўнічай здабычы. Але як бацька мой не меў агнястрэльнай зброі, дык паляваньне нас слаба карміла, і мы часта галадалі.
    У часе адной з такіх галадовак мяне адвезьлі на выдзеўбаным чоўне ў горад Сярэдне-Калымск. Там я жыў у чужых людзей — спачатку ў рускіх, а потым у якуцкіх купцоў.
    Кожны дзень я вазіў з лесу для гаспадароў дровы на сабаках і насіў ім ваду з ракі. Я паліў печы, чысьціў хатон — хлеў, карміў сабак, ладзіў сабачую збрую, апрацоўваў каровіны скуры на падэшвы і сабачыя — на адзежу. Працаваў ад раньня да ночы, спаў на падлозе ў кухні, без пасьцелі і коўдры, ніколі не мыўся і зусім не ведаў бялізны. Аблезлая аленевая кашуля і штаны, надзетыя на голае цела, былі адзінай маёй адзежай на працягу многіх гадоў.
    Першыя гаспадары мае, рускія купцы, пасьля парады папа, падалі мяне ў царкоўна-прыходзкую школу.
    Поп хацеў з мяне, тубыльца, выхаваць дзяка для мясцовай царквы, каб потым прыцягнуць і іншых паляўнікоў майго племені да праваслаўнай веры.
    У школе я атрымаў мала ведаў, бо дрэнна разумеў рускую мову ды быў заняты і перад школай і пасьля школы сваёй звычайнай работай на гаспадароў. На лекцыі і прыходзіў схаладалы і змораны пасьля таго, як ганяў на раку кароў і вазіў на санках ваду гаспадарам.
    У Сярэдне-Калымску я добра азнаёміўся, як жывуць рускія пасяленцы і якуты. Тамака ж я ўпершыню пазнаёміўся і з чукчамі.
    Аленевыя чукчы прыяжджалі ў наш горад два разы у год: адзін раз на сьвята ў госьці, другі раз прыганялі табуны аленяў для рускага насельніцтва горада. Кожны раз гарадзкія начальнікі і купцы наладжвалі чукчам папойку і вялі з імі гандаль. У горадзе, дзе жыло ўсяго каля 300 чалавек, лічачы старых, малых і жанчын, — прыезд чукчаў быў заўсёды вялікай падзеяй.
    Кожнаму гарадзкому жыхару, купцу, чыноўніку, казаку, дзяку даставалася ад чукчаў не менш як па аднаму аленю на ежу, аленевай скуры на адзеньне і пясцовыя скуры для гандлю.
    Потым, калі я падрос, я пачаў езьдзіць да чукчаў з маімі гаспадарамі — купцамі рускімі і якуцкімі. У дарозе я быў у іх каюрам — сабачым кучарам, раскладваў для іх касьцёр на сьнезе, кіпяціў ваду, ставіў палатку.
    Пра рэвалюцыю ў нашых краях даведаліся позна — у 1919-1920 годзе.
    Потым пачалася грамадзянская вайна. Прышлі белыя, пабылі ў нас гады два-тры. Яны адбіралі ад тубыльцаў скуры і вазілі іх у Японію і Амэрыку, калолі нашых аленяў, забіралі хлапцоў — якутаў, чукчаў, тунгусаў — у сваё войска.
    Мой гаспадар, купец, зрабіўся ў белых харунжым — афіцэрам у “сабачых войсках”.
    Кавалерыя ў нашых месцах складалася з якуцкіх конных атрадаў і рускіх атрадаў, якія езьдзілі на сабачых нартах.
    Пра грамадзянскую вайну на Поўначы я раскажу ў другой частцы маёй кнігі.
    Калі чырвоныя выгналі белых з тундры і лясоў, я паехаў у Якуцк. Там я вучыўся ў саўпартшколе. А потым, пасьля школы, мяне паслалі вучыцца ў Ленінград.
    Ад Сярэдне-Калымска да Якуцка ехаў я год (праз Індзігірку, дзе адзінаццаць месяцаў прасядзеў у палоне ў паўстаўшых якуцкіх таёнаў (1) А з Якуцка ў Ленінград ехаў месяцы два ўверх па рацэ Лене, на параходзе, на лодках, на конях і, нарэшце, ад Іркуцка на поезьдзе.
    У Ленінградзе я паступіў ва ўнівэрсытэт.
    Вучоба здалася мне справай цяжкай, — здаецца, — цяжэйшай за ўсю працу, якой мне даводзілася займацца ў дзяцінстве.
    Прайшоўшы першы і другі курсы, я захацеў пабываць дома, на Калыме.
    Я паехаў на радзіму ў 1927 годзе. Па дарозе на Калыму я зноў сустрэўся з чукчамі. Каля месяца жыў я ў чукоцкіх паселішчах Дзяжнёве і Уэльлене потым я сеў на амэрыканскую шхуну Свэнсана і разам з экспэдыцыяй “Дальгосторга” пабываў ва ўсіх чукоцкіх паселішчах паўночнага ўзьбярэжжа, пачынаючы ад Уэльлена і канчаючы Чаўнскай губой і вусьцем ракі Калымы.
    На Калыме я прабыў каля году і вывез адтуль у 1928 годзе чукчу Імтэургіна на вучобу ў Ленінград.
    У 1931 годзе, пасьля сканчэньня унівэрсытэта, я зрабіўся асьпірантам інстытута народаў Поўначы і паехаў у Чукотку ў складзе аргкамітэта Далёкаўсходняга крайвыканкаму для арганізацыі Чукоцкай нацыянальнай акругі. Прабыў я там на гэты раз сем месяцаў: спачатку жыў у Анадыры, потым выехаў у бухту Крыжа, у бухту Наканаваньня, у бухту Лаўрэнція, заяжджаў і ў іншыя чукоцкія паселішчы. Потым я пабываў у чукчаў, што жывуць па берагу Анадырскай затокі і на берагу Берынгава мора на поўнач ад Анадыра. Такім чынам я пабываў бадай ва ўсіх важнейшых пунктах Чукоціі, азнаёміўся з жыцьцём чукчаў як берагавых, таксама і тундравых.
    Першая частка маёй кнігі расказвае пра жыцьцё тундравых людзей — чукчаў Калымскай акругі — гадоў за пятнаццаць-дваццаць перад рэвалюцыяй. Я апісваю жыцьцё аленяводу і паляўніка Імтэургіна старэйшага — бацькі галоўнага героя далейшых частак аповесьці.
    Другая частка кнігі расказвае пра тое, як Імтэургін малодшы жыве парабкам у “сабачых людзей” — рускіх пасяленцаў.
    Трэцяя частка — жыцьцё Імтэургіна ў “конных людзей” — у якутаў.
    У апошніх частках я раскажу пра рэвалюцыю на поўначы, аб тым, як малодшы Імтэургін трапіў у Ленінград, як ён там вучыўся, як нарэшце, зрабіўся адным з будаўнікоў савецкай Поўначы.
                                                                        ---

                                                     I. МЕСЯЦ У КАШУЛЮ ЎБРАЎСЯ
    Навакол сьнег ляжыць. Па сьнегу Імтэургін ходзіць у штанах з аленевых камусоў (2), у аленевай кашулі, у аленевай шапцы. Вартуе аленевы статак. Чорныя, буланыя, белыя алені капаюць сьнег капытамі, скубуць мох. Вялікія рогі над сьнегам калышацца.
    Імтэургін захацеў палічыць сваіх аленяў. Ён зьняў рукавіцы і пачаў загінаць пальцы. На аднаго аленя паказаў і загнуў вялікі палец. Потым на другога паказаў і загнуў другі палец. Усе пальцы загнуў. Аднак аленяў у статку было больш, як пальцаў у яго на руках.
    Імтэургін сеў на сьнег, падцягнуў да сябе нагу ў лахматым абутку і пералічыў пальцы на назе. Калі пералічыў пальцы на абодвух нагах, ён правёў па сьнегу палкай і сказаў: “Адзін чалавек”. Але зноў жа аленяў было больш, як пальцаў на руках і на нагах у аднаго чалавека. Імтэургін зноў пералічыў па пальцах рук і ног, зноў правёў палкай па сьнегу і сказаў: “Два чалавекі”. Але і цяпер яшчэ не ўсе алені былі пералічаныя. Імтэургін зрабіў палкай яшчэ адну рысу, потым яшчэ рысу, потым яшчэ, потым кароткую рыску, потым рысу поперак і сказаў:
    — Тры чалавекі, зьверху адзін чалавек, яшчэ паўчалавека ды яшчэ лоб, два вока і нос. Во колькі ў мяне аленяў!
    У гэты час маленькі пярэсты алень лёг і палажыў галаву на сьнег. За ім сагнуў калены другі, тонкабрухі, і таксама ўлёгся на сьнезе Вось леглі дзьве маладыя важанкі (маткі) і стары сівагруды алень. Імтэургін падбег да іх, штурхануў старога нагой у бок і сказаў:
    — Нельга спаць! Замерзьнеце ўсе. Трэба сьнег капаць, мох трэба есьці.
    Алені адзін ва адным усталі і неахвотна пачалі раскідаць капытамі сьнег.
    Імтэургін абышоў статак навакол, пакалупаў палкамі лёд пад сьнегам і сказаў:
    — Моцны лёд. Як вы сабе ногці не зломіце? Сказаў і сам спалохаўся. Дрэннае слова — як вострае кап’ё, можа на аленяў бяду навесьці. Імтэургін сеў на зямлю і таксама пачаў капаць сьнег.
    Ён разграбаў сьнег рукамі і крычаў:
    — Я алень! Я важак! Я сьнегу не баюся, абязножжа-хваробы (3) не баюся. Во які я алень!
    Потым паглядзеў на аленяў і гучна сказаў:
    — Алені мае лёду не баяцца. У іх ногці жалезныя, рогі — медзяныя, вочы — агнёвыя. Абязножжа-хвароба іх баіцца, блізка не падыходзіць, далёка бяжыць. Во! Яккаем!
    Ён выцягнуў з-за пояса даўгі нож, падняў яго над галавой і закрычаў яшчэ мацней:
    — Заб’ю! Забаду! Ваўка закалю, абязножжа зарэжу, каростцы бруха распару! Во! Лепш абыходзьце, маіх аленяў не чапайце!
    Потым ціха, сам сабе сказаў:
    — Цяпер я ўсіх духаў прагнаў.
    Імтэургін выняў з-за каўняра касьцяную люльку і закурыў тытун, каб мацней было, зьмешаны з сушаным грыбам-мухаморам. Закашляўся. Плюнуў. Паглядзеў угару на неба — вялікі чырвоны агонь убачыў.
    — Гэта верхнія людзі кастры паляць, — сказаў ён. — Пэўна, грэюцца.
    Зацягнуўся тытуном, пусьціў уверх дым. Цяпер уверсе гарэў зялёны агонь.
    — Як вясновы лёд, — сказаў Імтэургін. — Мусіць, тыя людзі з чырвоным агнём прэч павандравалі.
    Раптам зялёны агонь шпарка пабег па небу. Зрабіўся рудым, як старая мядзьведзіха, потым зноў зеленаватым.
    — Акурат як аленевая пячонка, — падумаў Імтэургін і раптам спалохаўся. Мусіць, па небу келе (4) бегаюць, розныя кашулі надзяюць.
    Калі апошні агонь згас, на неба ўзьлез месяц. Ён асьвятліў рогі і капыты аленяў.
    — Добра, — сказаў Імтэургін, выняў а рота люльку і засунуў яе зноў за каўнер скураной кашулі.—Вось і сонцаў брат выйшаў, яго баяцца келе, пахаваліся. А куды схаваліся? Пэўна, на зямлю скаціліся.
    Ён азірнуўся, паглядзеў у адзін бок, паглядзеў у другі. Няма нікога. Навакол сьнег ляжыць. Далёка навакол. Нават вочы не могуць дайсьці да краю. Месяц у белае кола ўвайшоў.
    — У кашулю апрануўся, — сказаў Імтэургін.
    І раптам сьнег зарыпаў, затрускаў. Нехта ідзе, лёгка ступае па сьнегу. Гэта сын, Кутуўя, ідзе.
    — Бацька, — сказаў Кутуўя, — мяса блізка ходзіць. Ылвылу!
    Бацька матнуў галавой.
    — Адкуль ідуць?
    — Ад Пуп-возера.
    — Гані туды статак хутчэй! — сказаў Імтэургін. Яны пагналі статак па тундры ў другі бок ад дома.
    Алені ішлі павольна, спыняліся, рылі сьнег, потым зноў ішлі, зноў спыняліся. Побач з імі беглі па сьнегу іх чорныя цені. Раптам важак выйшаў наперад, пацягнуў носам паветра і паставіў хвост старчма. Іншыя алені таксама паднялі галовы і шпарка паскакалі наперад.
    Уперадзе стаялі на сьнезе пяць вялікіх дзікіх аленяў. Ногі ў іх былі даўгія і тонкія, поўсьць сьветлая, а рогі белыя і вострыя. Дзікі алень вострыць рогі аб дрэвы, аб каменьні, аб лёд.
    Статак атачыў дзікіх. Самы вялікі самец захроп і нізка нагнуў чорную рагатую галаву. Самы буйны з дзікіх таксама нагнуў галаву і ўперся нагамі ў сьнег.
    Тут Імтэургін ціхенька падкраўся да яго з-за сваіх аленяў і накінуў яму на рогі чаут — даўгую плеценую вяроўку з аленевай скуры.
     Алень пачаў кідацца то ў адзін, то ў другі бок і паскакаў проста на чалавека, які трымаў аркан. Дрэнна было б Імтэургіну: алень падкінуў бы яго ўверх і затаптаў бы ў сьнег капытамі.
    Але сын Кугуўя пасьпеў накінуць другі аркан і пацягнуў аленя да сябе. Алень устаў на дыбкі і перакуліўся на сьпіну. Потым ускочыў і кінуўся на Кутуўю. Той адступіў назад, але пасьлізнуўся і паваліўся на сьнег пад капыты аленя.
    — Бацька, цягні! — закрычаў Кутуўя.
    Імтэургін моцна абкруціў руку арканам і таргануў з усёй сілы. Галава аленя павярнулася ў бок, а ногі закоўзалі па сьнегу. Імтэургін прысеў, выставіў наперад адну нагу і яшчэ больш пацягнуў аркан. Алень так і паехаў да яго задам. А Кутуўя ўжо ўскочыў, адбег далей і таксама пацягнуў свой аркан. Алень цяпер стаяў на месцы, як прывязаны, і толькі раскідваў сьнег заднімі нагамі. А Імтэургін і Кутуўя паволі дабіраліся да яго, змотваючы арканы. І раптам Імтэургін кінуў аленю ў бок кап’ё. Алень падскочыў і паволі пачаў валіцца на зямлю. Ён паваліўся на бок, ранай угару, і задрыгаў нагамі. Абодва чалавекі падбеглі да аленя і апусьціліся на сьнег.
    — Добра паваліўся, — сказаў Імтэургін. — Удача будзе! Ён выцягнуў з аленевага бока кап’ё, засунуў у рану пальцы і страсянуў на сьнег некалькі капель крыві. Потым прыціснуўся губамі да раны і пачаў піць сьвежую, яшчэ вадкую кроў. Пасьля яго піў Кутуўя.
    Калі абодва напіліся, яны заткнулі дзіру пучком моху, каб кроў дарма не лілася. Потым адцягнулі забітага аленя далей ад статка і пачалі красьціся да другіх. Чатыры дзікіх аленя яшчэ заставаліся ў статку, то абнюхваючыся са свойскімі, то стукаючыся з імі рагамі.
    Імтэургін і Кутуўя зноў схаваліся за сваімі аленямі і закінулі арканы. Бацька злавіў аленя за рогі, сын злавіў за ногі. Павалілі аленя, кальнулі ў сэрца нажом.
    Так забілі ўсіх чатырох. На нартах павезьлі дадому. А перад нартамі пагналі статак.
                                                                                ---
    З-пад шатра вылез рослы, чорна-шэры сабака. Заскакаў вакол нарт, пачаў абнюхваць мяса, лізаць з яго кроў.
    Падняўшы аблезлую заслону шатра, вышлі, схіліўшыся, дзьве жанчыны, адна старэйшая, другая маладзейшая, а за імі выскачыла маленькая дзяўчынка.
    Усе разам, мужчыны і жанчыны, павалаклі аленевыя тушы ў шацёр (5). У шатры было цёмна. Старэйшая жанчына палезла ў спальны полаг (6), у самым далёкім і нізкім куце шатра, і вынесла адтуль сьвяцільню (7), драўляную міску, поўную аленевага тлушчу, з якога вытыркаўся запалены пучок моху. Сьвяцільню паставілі на перавернуты кацёл і пачалі разьбіраць аленяў. Мужчыны здымалі скуру, а жанчыны рэзалі мяса. Яны рэзалі на суставах, каб не сячы касьцей.
    Потым усе ўзяліся есьці. Пячонкі паелі, крыві папілі, косьці ног раскалолі, мозг з’елі.
    — Добра, — сказаў Імтэургін і засьмяяўся. Увесь твар яго быў у крыві, толькі зубы бялеліся.
    — Ваырган-дух (8) мяса даў. Тлустае. Паеш, Ваырган-дух!
    Бацька палажыў у сьвяцільню кавалачак мазгоў, потым дастаў з-за каўняра кашулі альховы сучок, раздвоены з аднаго канца.
    Гэта і быў Ваырган.
    У Ваыргана было дзьве нагі, як у чалавека, а рук і галавы не было.
    — Жонка, пакармі яго!
    Ваыргана намазалі салам, потым крывёю і пагрэлі Над агнём. Тады Імтэургін аперазаў яго раменьчыкам і апусьціў назад сабе за каўнер.
    — Сьпі, — сказаў ён. — У мяне бруха цяпер цёплае. Людзі разьдзеліся, залезьлі ў футравы полаг і паляглі спаць.
    Толькі Кутуўя не лёг. Ён зноў узяў аркан, кап’ё, начапіў на ногі кароткія лыжы і пайшоў вартаваць аленяў. Усю ноч вартаваў. Калі месяц зышоў і неба зрабілася шэрае, Кутуўя вярнуўся дахаты. Рукі ў яго дрыжалі.
    — Ваўкі, — сказаў ён. — Вакол нас ваўкі ходзяць, на аленяў глядзяць. Дрэнна!
    — Дрэнна, — згадзіўся бацька. — Забіць іх трэба. Ідзі хутчэй. Запражы быка (самец-алень).
    Імтэургін адзеў скураную кашулю, штаны і пояс з нажом. Узяў кап’ё, палку, пакурыў і выйшаў. Ля шатра ўжо тупаў бегавы алень, запрэжаны ў лёгкія нарты.
    Імтэургін сеў у нарты і замахнуўся дубцом. Алень выцягнуў шыю і паскакаў. Ад капытоў яго ў сьнезе заставаліся рэдкія глыбокія яміны. На заваротах побач з аленевымі сьлядамі цягнуліся сьляды ног Імтэургіна.
    Раптам алень заматаў рагамі і захроп.
    Далёка наперадзе на белым сьнезе паказаліся дзьве цёмных купінкі. Імтэургін устаў на нартах.
    Два ваўкі беглі па сьнежнаму шарону сьлед-у-сьлед, ушчаміўшы хвасты. Яны азіраліся, натапырыўшы поўсьць і коратка, глуха рыкалі.
    Імтэургін пагнаў аленя на ваўкоў, але перапуджаны алень кідаўся ў бакі. Імтэургін закрычаў, сабраў у руцэ лейцы і выцяў аленя па вуху.
    Алень так і панёсься напярэймы ваўкам. Сьвіснуў аркан. Пятля ляснула ў задняга ваўка па галаве.

    Воўк нахіліўся, ляснуў зубамі і скокнуў у бок. Але пятля моцна сьціснулася у яго на шыі і павалакла яго за нартамі. Другі воўк выгнуў сьпіну дугой і паскакаў прэч.
    Імтэургін спыніў аленя і сабраў аркан. Крануў ваўка — мёртвы. Галава ва ўсе бакі круціцца. Імтэургін патрымаў воўчую галаву ў руках і на кожны выпадак стукнуў па галаве палкай: так, мёртвы. Тады Імтэургін усьцягнуў ваўка на нарты і пагнаў аленя наперад — за другім ваўком. Але алень толькі рот разявіў ды зачмыхаў. Змарыўся, відаць. Дадому хоча.
    — Ну, ідзі дахаты, — сказаў Імтэургін. — Ноч адпачні, а заўтра зноў паедзем. Арканам не злавілі, — уткучыны (9) паставім.
                                                                                ---
    На другі дзень раніцою, калі пашарэла неба, зноў сабраўся Імтэургін на паляваньне.
    Паехаў не сьпяшаючыся.
    Едзе і бачыць на сьнезе сьляды. Гэта нехта маленькі хадзіў — сьнег нібы пальцам калупаў. Прайшоў зьвярок крыху, памачыўся і далей пайшоў. Зноў памачыўся. Каля кожнай купінкі заднюю нагу падымаў.
    — Пясец, — сказаў паляўнік, спыніў аленя і памацаў сьлед мяккі, памацаў жоўты сьнег — мокры яшчэ, не замерз.
    Імтэургін ускочыў на нарты і пагнаў аленя шпарчэй.
    Во ён, маленькі зьвярок — пясец. Белы ўвесь, — на сьнезе ледзь бачны, а хвост як палена цягнецца. Імтэургін хацеў яго стукнуць палкай, але прамінуўся Пясец хутка пабег назад. Імтэургін завярнуў аленя і зноў пагнаўся за спрытным зьвярком. Пясец толькі зубы паказаў і нырнуў у сьнег.
    Імтэургін паглядзеў навакол — няма пясца нідзе.
    І раптам тры чорных кропкі са сьнегу паказаліся: два вока і нос. Выскачыў пясец з гурбы, выцягнуўся ўвесь і як страла паляцеў у тундру.
    — Га-ка-ка! — закрычаў паляўнік злосна і кінуў шапку вобземлю, потым падняў шапку і пайшоў назад к аленю.
    Няма аленя. Уцёк і алень.
    — Раззлаваўся Ваырган, — сказаў паляўнік, — пясца не даў і аленя ўгнаў.
    Імтэургін пайшоў дадому пехатою, правальваючыся ў сьнег да пояса. Цяжка хадзіць без лыжаў па пухкаму сьнегу. Горача зрабілася Імтэургіну. Ён зачарпнуў жменю сьнегу, пасмактаў яго, выцер сьнегам твар. А ўсё яшчэ горача — поўсьць адзеньня да цела прыстае, коле, кусаецца. Імтэургін зьняў пояс і павесіў яго праз плячо. Пад кашулю забраўся халадок, — лягчэй зрабілася.
    Так ішоў Імтэургін доўга-доўга. Месяц узышоў і спусьціўся, а ён усё ішоў ды ішоў.
    — Хоць пясца не прынёс, затое сам дадому дабраўся, — сказаў Імтэургін, калі ўбачыў свой шацёр.
    Ён залез у полаг, сьцягнуў з сябе зьледзянелае адзеньне і лёг на скуры. Праспаў да другога мсяцу. А калі прачнуўся, спытаўся:
    — Прыйшоў алень з пустымі нартамі?
    — Адразу прыйшоў, як ты паехаў, — адказала жонка.
    — Гэта добра, сёньня зноў паеду — уткучыны ставіць.
                                                                                ---
    Алень за ноч адпачыў. Ён хадзіў з другімі аленямі, матаў цёмнымі рагамі і скубаў мох. Імтэургін злавіў яго арканам і паторгаў мяккае вуха. Цяпер не ўцячэш, — сказаў ён.
    Алень заматаў галавой.
    — Сабаку трэба ўзяць, — сказаў Імтэургін жонцы. — Той раз добрага пясца выпусьціў. Сшый сабаку лалаквыт (10), а то ён замерзьне.
    Жонка ўзяла скуру выпаратка (11) і пачала шыць яе тоўстай іголкай. Пакуль паляўнік дакурыў люльку, жанчына скончыла шыць. Яна паклікала сабаку. Сабака быў вялікі, падобны да ваўка. На жываце ў яго павылазіла шэрая поўсьць і чырванелі пупышкі. Гэта была сучка, якая хутка мелася прывесьці шчанят.
    Жанчына адзела сабаку пашыты набрушнік і завязала на сьпіне раменьчыкамі. Сабака пайшоў па сьнегу клыпаючы. Паляўнік падняў яго, пасадзіў побач з сабой на нарты і прывязаў, каб ён не вываліўся.
    Алень шпарка пабег па цьвёрдаму сьнегу. Месяц стаяў невысока над шатром.
    — Сьветла сёньня, хмараў няма,—сказаў паляўнік, зьвяртаючыся да сабакі. — Добра сьляды ўбачым.
    Сабака сядзеў, моцна ўпіраючыся пярэднімі нагамі ў нарты, і дыхаў Імтэургіну ў патыліцу.
    Каля першай пасткі паляўнік спыніў аленя. Спружына пасткі, скручаная з аленевых сухажыльляў, аслабла. Пясцы зьелі ўсю прынаду і пайшлі сабе.
    У другой пастцы касьцяныя зубцы былі выпэцканыя ў крыві, а зьвера таксама не было. Паляўнік агледзеў сьляды: вялікія воўчыя. Зубцы, відаць, ударылі ваўка па галаве. Воўк пачаў круціцца і ўсё ў адзін бок.
    “Пэўна, яму правае вока выбіла, бо ён усё направа круціўся”, падумаў Імтэургін і паехаў па сьлядах.
    Вось тут воўк скокнуў у бок, вось ён пабег наперад, вярнуўся і зноў закруціўся на месцы. Імтэургін заблытаўся ў сьлядах.
    Раптам сабака ірвануўся і забрахаў, а алень таргануўся ў бок. Імтэургін паглядзеў навакол — нешта цёмнае па сьнегу круціцца.
    Ён крыкнуў і пагнаў аленя.
    Цёмнае пабегла хутчэй. Воўк. Не надта бяжыць, галаву крыва трымае, усё ўбок заварочвае. Вось ужо ён зусім блізка скача, блытаецца між ног ашалелага ад жаху аленя. Алень яго пярэдняй нагой ударыў, перакуліў. Проста па ваўку нарты праехалі, уціснулі яго ў сьнег.
    Азірнуўся Імтэургін назад, а воўк яшчэ варушыцца. Другі раз праехалі нарты па ваўку, зноў прыціснулі. Імтэургін яго яшчэ палкай па галаве стукнуў. Задрыгаў воўк нагамі, выцягнуўся. Паляўнік падняў яго і палажыў на нарты. Сабака спачатку адсунуўся, забурчэў, а потым учапіўся воўку ў лахматае вуха.
    Паехалі дадому. На гурбах нарты кідала, калыхала. Мёртвы воўк боўтаўся ва ўсе бакі і валачыўся хвастом і лапамі па сьнегу.
    Раптам Імтэургін спыніў аленя і схіліўся над сьвежым сьледам.
    — Толькі што прабег, — сказаў Імтэургін. Ён ухапіў сабаку і скінуў яго з нартаў. Сабака паскакаў па сьнегу, але падвязаны пад бруха лолоквыт перашкаджаў яму бегчы, і ён утыркнуўся носам у гурбу сьнегу. А з гурбы выскачыў пясец, доўгахвосты, кудлаты. Пясец прыціснуўся да зямлі і раптам скокнуў на нарты. Імтэургін не пасьпеў працягнуць руку, як пясец ускочыў яму на плячо і ўчапіўся зубамі за каўнер кашулі.
    Паляўнік закрычаў, ухапіў пясца за хвост і адарваў ад каўняра. Але пясец крутнуўся і запусьціў зубы ў руку паляўніка. Вострыя маленькія зубы захрасьлі ў тоўстай рукавіцы.
    — Шалёны, — сказаў Імтэургін і ўдарыў пясца аб нарты. Пясец адарваўся ад рукавіцы і паляцеў на сьнег. Тут яго падхапіў сабака і адразу задушыў.
    — Пачакай, скуру не дзяры,—сказаў Імтэургін. — За такога зьвера нам новы чайнік дадуць.
    Ён адабраў пясца ад сабакі і палажыў яго на нарты каля сябе, потым прывязаў сабаку, сеў сам і паехаў дадому.
    На тундры лёгкімі хмаркамі лётаў сьнег. Месяц у круг увайшоў, белы крыж адзеў.
    У кашулю ўбраўся, — сказаў паляўнік, — значыцца, мяцеліца будзе. Добра, што дом ужо блізка. Вунь мае алені ходзяць, а во і мой сын Кутуўя стаіць.
    І нібы ў адказ на яго словы пачуўся шолах сьнегу, а потым сьвіст.
                                                        II. ШАМАН РОБІЦЬ ВЕЦЕР
    — Шаман (12) вецер робіць, — сказаў Імтэургін сыну. Ён спыніў аленя і крыкнуў: — Кутуўя, каб хоць шаман на нас не падзьмуў, сьнегам не засыпаў. Давай аленяў дадому пагонім.
    Яны ўдвух абышлі статак і, махаючы арканамі, пагналі да свайго шатра.
    — Хай, хай! — крычалі яны. Алені беглі спакойна, покуль не ўбачылі на сьнезе нешта вялікае, цёмнае, унізе шырокае, уверсе вострае. Алені палажылі рогі на сьпіну, паставілі хвасты сучком і шарахнуліся ў тундру.
    Ад вялікага і цёмнага пахла дымам. Гэта быў шацёр. За ноч алені забыліся яго.
    З вялікім клопатам Імтэургін і Кутуўя зноў павярнулі статак на шацёр. Цяпер алені ступалі асьцярожна, скоса пазіраючы на шацёр.
     Наперадзе ішоў бык — вялікі чорны алень. Рогі ў яго на галаве стаялі як сухі куст альшаніку. Раптам вочы яго наліліся крывёю, ён засоп і нацэліўся даўгімі рагамі прама ў шацёр.
    — Мей! — закрычала з шатра жанчына. —Не сярдуй, стары!
    Яна выскачыла са скураным вядром у руцэ. На ёй было скураное адзеньне — кашуля са штанамі разам.
    — На, пі! — крыкнула яна і плюхнула ў аленя з вядра. У вядры была мача, якую вельмі любяць алені.
    Бык пачаў прагна аблізвацца. Другія алені падбеглі да яго, зьбіліся ў гурт і пачалі лізаць то быка, то жоўты парны сьнег.
    Пакуль яны тупаліся на месцы, Імтэургін і Кутуўя схапілі тонкабрухага аленя і закалолі яго. Потым злавілі і забілі яшчэ два алені.

    — Бацька, — сказаў Кутуўя, — можа хопіць ужо мяса на гэты вецер?
    — Хто яго ведае, — адказаў бацька і задумаўся. — Цяпер месяц “Упартага Старога Быка”. Потым будзе месяц “Вузкага Мяса”. Доўга будзе гэты вецер.
    Ён яшчэ падумаў і сказаў:
    — У мінулы сьнег (13) забілі пяць аленяў. Мала было. Галадалі. Давай яшчэ. Забілі яшчэ аднаго аленя.
    — Досыць?—спытаў сын.
    Бацька паглядзеў на аленяў, на іхнія рогі, якія трэсьліся, калі яны скублі мох, на кароткія калматыя хвасты. Яму стала шкада аленяў, і ён кіўнуў галавой.
    — Але, досыць.
    У гэты момант падзьмуў страшэнны вецер з боку ночы, сарваў скураную страху шатра, закруціў яе, закашмаціў і кінуў на сьнег. Жанчыны пагналіся за ёю, злавілі і, закінуўшы назад на касую перакладзіну шатра, абкруцілі рамянямі. Канцы рамянёў прывязалі да аленевых рагоў, якія вытыркаліся са сьнегу вакол шатра.
    — Цяпер не сарве, — сказаў Імтэургін, калі жанчыны скончылі работу.
    Вецер насіў хмары сьнегу па ўсёй тундры. абсыпаў ледзяным пылам людзей і аленяў, заляпляў ім вочы, сьціскаў духі. Людзі запаўзьлі ў шацёр і прыціснулі бакі яго яшчэ важкімі тушамі забітых аленяў, каб вецер не выпіраў скураныя сьцены шатра.
    У сярэдзіне была ёранга — скураны спальны полаг. Людзі скінулі з сябе адзежу і ўвайшлі туды.
    Пяць чалавек залезьлі ў ёрангу: бацька, маці, маленькая дачка і сын з жонкай. Яны селі вакол сьвяцільні на пасьцелях з аленевых шкур.
    Над сьвяцільняй вісеў медны чайнік з пакамечанымі бакамі і з бляшанай латай на месцы, дзе быў носік. Чайнік даверху быў напакаваны сьнегам, і людзі чакалі, покуль сьнег растане, каб можна было піць.
    Галовамі яны ўпіраліся ў скураную столь і сядзелі колам, голыя, шчыльна прыціскаючыся адзін да аднаго. Пасярэдзіне іх стаяла драўляная міска. Яны запускалі ў яе касьцяныя лыжкі і сёрбалі аленевую кроў з дробна парэзанай сырой пячонкай і ныркамі.
    У сьценкі і ў страху стукаў сьнег. Мерзлая скура шатра трэслася і грукала ад ветру.
    — А сабака? — спыталася дзяўчынка.
    — Пусьці, — сказаў Імтэургін.
    Дзяўчынка падняла край полага. Сабака зараз жа прыпоўз і лёг побач з людзьмі.
    У-у, увесь у сьнезе, — сказала дзяўчынка і лыжкай, якой сёрбала аленевую кроў, саскрэбла з калматага сабакі сьнег. Потым аблізала лыжку і зноў пачала есьці.

    Покуль грэўся чайнік, Імтэургін лёг на аленевую скуру і заснуў. Раптам ён заварочаўся на пасьцелі, замахаў рукамі, замармытаў нешта. Дзяўчынка ціха сказала:
    — Бацьку трэба памагчы. Ён з ветрам змагаецца. Яна ахапіла рукамі шыю сабакі і пхнула яго носам у самыя ногі Імтэургіну.
    — Памажы бацьку! Ён з ветрам б’ецца. Сабака панюхаў ногі і адарваў зубамі ад пяткі сухі кавалак бруду.
    Імтэургін таргануў нагой і сеў.
    — Ха! — уздыхнуў ён. — Страшны сон я ўбачыў.
    Дзяўчынка паглядзела на яго збоку і прытулілася да маткі. Бацька закурыў люльку, адкашляўся і пачаў расказваць:
    — Пайшоў я ў лес, хацеў знайсьці жэрдак, каб сушыць на іх мяса. Выбраў тонкае дрэва, без сукоў. Акурат такое для трыногі падыходзіць. Прыгнуў дрэва, а рэзаць няма чым — нож і сякеру дома пакінуў. Забыўся. Пачаў я цягнуць рукамі, каб адарваць дрэва ад зямлі. Дрэва моцна стаіць, не хоча адрывацца ад зямлі. Я ўсю сілу скончыў, змарыўся. Сеў на зямлю. Гляджу, ці няма другога тонкага дрэва. Няма тонкіх — усё тоўстыя навакол. А за адным — бачу — стары сядзіць, лапу смокча — мядзьведзь. Спалохаўся я. На зямлю брухам лёг. Кусты стаяць, мне рукі і твар драпаюць, я між кустоў паўзу.
    “Купінкі сядзяць на вадзе, я між купінак паўзу. Ніжэй іх нагінаюся, увесь у вадзе, толькі галава наверсе. Мядзьведзь не пазнае, купінка ці галава”, — думаю.
     А сам усё далей паўзу.
    Ну, значыцца, адышоў ад старога.
    Устаў я і назад паглядзеў, а сам за дрэвамі хаваюся. Раптам храснула наперадзе галінка. У, бяда! Мядзьведзь на мяне сьпераду ідзе. Руды ўвесь, ну, як агонь гарыць. Сам худы, кішкі высахлі, бруха да сьпіны прыліпла.
    “Ой, зьесьць!”
    Я за дрэва, мядзьведзь на мяне. Лапай ударыў, пад сябе паваліў. Добра, што я прачнуўся.
    — Ой, страшна! — сказаў Кутуўя. — Каб я ведаў, я б табе кап’ё ці сякеру ў рукі падаў.
    — Шкада, што не даў, — сказаў Імтэургін і краем далоні саскроб з твару пот.
    — Ты кап’ё з сабой лажы, калі спаць будзеш, — параіла дзяўчынка.
    — Ты праўду кажаш, Тынатваль. Так і буду рабіць.
    Гаспадыня разаслала на падлозе нерпаву скуру, на яе палажыла дошку, а на дошцы паставіла пасуду — пяць драўляных місак. Потым наліла ў міскі цеплаватую ваду. На закуску падала замарожаныя кавалкі мяса. Людзі елі яго і запівалі цёплай вадой. Тынатваль узяла вялікі кавалак мяса і павярнулася, каб даць яго сабаку, які ляжаў за яе сьпіной. Раптам яна закрычала:
    — Маці, бацька! Маленькія сабачкі прышлі!
    Дзяўчынка ўзяла шчаня абодвума рукамі і перадала бацьку.
    — Каккумэ! — зьдзівіўся бацька. — Зусім як сабака.
    Ён пагладзіў рукою толькі што “народжанае шчаня, потым выцер яго аб скураную падушку і перадаў жонцы.
    — Пакармі госьця!
    Але шчанё нічога не ела, а толькі пішчала. Гаспадыня палажыла яго да маткі.
                                                                                  ---
    Мінула ноч. Людзі выспаліся і ўсталі. У сабакі было ўжо чатыры шчаняці.
    — Цяпер, — сказаў бацька, — трэба даведацца, хто з іх жыць будзе.
    Імтэургін з сынам выпаўзьлі з полага, адзелі халодныя і калючыя скураныя штаны і кашулі і паспрабавалі выйсьці вон. Але сьценкі шатра не падымаліся. Сьнег засыпаў шацёр да самага верху — шчыльна наваліўся на яго з усіх бакоў.
    — О-о! — сказаў сын. — Цяжка прыціснуў. Многа сьнегу нанёс вецер.
    — Але, многа, — сказаў бацька. — Давай сюды сьнегу награбем.
    Калі ў шатры вырасла сьнегавая гурба, бацька прынёс з полага ўсіх чатырох шчанят і аднаго за адным сунуў глыбока ў сьнег. Шчаняты толькі піснулі і зьніклі ў мяккай кучы.
    З полага вылезьлі жанчыны і, схіліўшыся, глядзелі на сьнег.
    Чаму яны не вылазяць? — спыталася Тынатваль.
    I раптам, разграбаючы сьнег носам і пярэднімі лапкамі, паказалася спачатку адно, потым другое шчанё. Дзяўчынка падхапіла абодвух і, каб сагрэць, сунула сабе за каўнер кашулі.
    — В-ві —задрыжала яна. — Халодныя! Людзі сталі чакаць астатніх двух шчанят і сядзелі, покуль кашулі ля падбародка не пакрыліся марозам ад дыханьня.
    — Відаць, пайшлі, — сказаў бацька.
    — Але, — сказаў сын. — памерлі.
    Яны разгрэблі сьнег і выцягнулі два белых камякі. Кутуўя выцер з іх рукавом сьнег і сказаў:
    — Ногі як палкі зрабіліся і хвост таксама як палка; а нос пабялеў. Замерзьлі.
    Гаспадыня вынесла з полага мяса, разрэзала яго на тоненькія лустачкі і загарнула ў іх галовы мёртвых шчанят.
    — Назад дахаты ідзіце, па дарозе мяса пад’ешце, — сказаў Імтэургін, схіліўшыся над мёртвымі шчанятамі. — А калі вялікія вырасьцеце, зноў прыходзьце да нас, жыць дапамагайце. Во!
    Потым бацька з сынам прасунулі шчанят за сьценку шатра, а самі зноў палезьлі ў полаг.
                                                             ІІІ. ЛЮДЗІ Ў СЬНЕЗЕ
    — Кух! — сказаў Імгэургін жонцы. — Нам рамяні патрэбны, хутка вандраваць будзем, трэба пасьцель вязаць.
    Жанчына дастала вялікі і шырокі кавалак лахматковай (14) скуры.
    — Можа гэта парэжам на рамяні?
    Гаспадар пакруціў скуру ў руках і сказаў:
    — Добрыя рамяні выйдуць. Толькі вось поўсьць трэба зьняць.
    Ён паспрабаваў скубсьці поўсьць рукамі і нават зубамі, але шчаціна сядзела моцна. Тады ён сказа, жонцы:
    — У вядро трэба палажыць.
    Жанчына апусьціла скрутак у скураное вядро з мачой, што стаяла ў куце полага.
    Трое сутак мокла скура ў вядры. Кожны дзень Імтэургін прабаваў, ці не вылазіць поўсьць. На чацьвёртыя суткі скура разьмякла і шчаціна пачала вылазіць.
    — Лезе! — радасна сказаў Імтэургін. Ён разаслаў скуру на пасьцелі і пачаў разам з сынам рэзаць з яе рамяні шырынёю ў палец. Абедзьве жанчыны падселі да іх і пачалі скубсьці са скуры гнілую шчаціну. Яны доўга церлі рамяні рукамі, а калі нацерлі на руках мазалі, то пачалі жаваць і выскубаць валасы зубамі.
    Калі работа была скончана, усе паляглі спаць, старэйшая жанчына, Кух, села ў куце полагу і, падсунуўшы да сябе сьвяцільню, пачала шыць са скуры адзеньне для дзіцяці (15). Яна шыла ніткамі, скручанымі з аленевых сухажыльляў. Шыла і пела песьню:
                                                      Галава мядзьведжая,
                                                      Зубы воўчыя,
                                                      Скура аленевая,
                                                      Ногі сабачыя.
    Гэта яна пела пра дзіця, якога чакала. Раптам жанчына занепакоілася, кінула шыць. Цяжка дыхаючы, яна лягла на скуру і сказала Імтэургіну:
    — Трэба агонь пагасіць. Новы чалавек у нас хутка будзе.
    Імтэургін загасіў агонь, каб злыя духі не ўбачылі дзіця, як яно родзіцца, а сам выскачыў з полага. На сьцяне шатра вісела вязка касьцей, пер’яў, воўны і скуры. Ён ухапіў яе і пачаў трэсьці над галавой, круціцца на месцы і крычаць:
    Маё сэрца скокнула! Біцца хоча! Забіваць хоча! Мы дужэйшыя за ўсіх! Ідзіце прэч, усе злыя духі, усе келе-духі! У мяне сэрца стукнула, забіваць хоча.
    Імтэургін высока скакаў і крычаў ва ўсё горла роў па-мядзьведжаму, выў па-воўчаму, брахаў па-лісінаму і каркаў як крумкач. Гэта ён пудзіў злых духаў, адганяў іх ад шатра, каб яны не сапсавалі дзіця, якое нараджаецца там, у цёмным полагу.
    Сын яго, Кутуўя, таксама выйшаў у шацёр і застукаў скавародкай. Ён памагаў бацьку выганяць злых духаў з шатра.
    Яны абодва так гучна крычалі, што не адразу пачулі, як запішчала дзіця.
    — Сын ці дачка? — спытаў Імтэургін, нахіляючыся да полага.
    — Сын, — пачуўся адтуль голас Кух.
    Бацька зноў заскакаў, патрасаючы пер’ямі і касьцямі. Разам з ім закружыўся і Кутуўя.
    Потым Імтэургін усеўся перад полагам і пачаў перабіраць вязку: воўчыя зубы, мядзьведжае вуха, нос расамахі, хвост пясца, кіпці ворана (16). Ён высоўваў наперад то зуб, то нос, каб духі не адважыліся нават падыйсьці да шатра.
    Над шатром шумеў вецер, перасыпаючы сьнег, а Імтэургін думаў, што гэта натоўп духаў драпаецца ў скураныя сьценкі.
    У гэты момант жанчына высунулася з полага і падала бацьку дзіця. Бацька ўзяў хлопчыка абодвума рукамі, ткнуў яго ў адзін бок, у другі, трэці і зноў закрычаў:
    — Вось маё кап’ё! Во мая сякера! Вось мой нож! Усіх заб’ю! Выходзьце, келе!
    Кух таксама выйшла ў шацёр і адзела скураную кашулю, сшытую разам са штанамі. Яна вынула са скураной торбы драўлянае сьвярдзёлка і пачала сьвідраваць ім тонкую, з ямкай пасярэдзіне, дошчачку. Гэта яна здабывала агонь. Ад яе голай шыі і грудзей пайшла пара і пабялела ў валасах ад марозу. Доўга-доўга круціла яна палачку, моцна ўціскаючы яе ў дошчачку. І вось кончык палачкі задыміўся.
    Жанчына хуценька кінула на дошчачку сухога моху і пачала дзьмуць. Калі мох загарэўся, яна асьцярожна ўнесла яго ў полаг і запаліла сьвяцільню.
    — Новы агонь запаліўся! — сказала яна.
    — Новы агонь пачаўся! — сказаў бацька і толькі тады ўвайшоў з дзіцем з шатра ў полаг.
    Маладая жанчына, жонка Кутуўі, напхала сьнегам кацёл і павесіла яго над сьвяцільняй. Потым, пакуль маці карміла дзіця, яна прынесла з шатра марожаныя аленевыя бакі, пасекла іх на часткі і палажыла на нерпавую скуру.
    Людзі пад’елі мяса ў гонар нованароджанага і пачалі раіцца, якое імя даць дзіцяці.
    — Хай будзе Чайгуыргын, як яго дзед, — сказала Рультына, жонка Кутуўі.
    — Не, — сказала Тынатваль. Няхай завецца Эккургын
    — Хай будзе як бацька — Імтэургін, — сказаў Кутуўя.
    — Верна, — сказаў бацька. — У мяне добрае імя. Яно мне давала ўдачу — алені ў мяне ёсьць, агонь ёсьць, жонка ля агню сядзіць, дзеці мне дапамагаюць.
    Хлопчыка назвалі Імтэургінам.
                                                                             ---
    На другі дзень Імтэургін старэйшы спытаў жонку:
    — Згатаваліся языкі?
    — Не, — сказала Кух. — Рультына варыла ўсю ноч, а мяса ўсё яшчэ сырое. Агонь маленькі.
    Кух вылавіла з катла аленевыя языкі і палажыла іх на нерпавую скуру. Імтэургін узяў самы вялікі язык, ухапіў яго зубамі і адрэзаў вострым нажом каля самых губ. Крывавы сок пацёк у яго па пальцах аж да локцяў.
    — Але, сырое, — сказаў Імтэургін, і аблізваючы рукі, стаў есьці далей. Узяліся за яду і ўсе астатнія. Толькі і чуваць было ў полагу, як людзі чаўкаюць.
    Пасьля яды Кух і Рультына налілі кожнаму ў кубак чырвоную настойку са сьцяблоў шыпшыньніку. Кубкі былі гліняныя, афарбаваныя ў яркія колеры. Іх прывезьлі калісьці далёкія суседзі. Многа разоў гэтыя кубкі трэскаліся і нават разьбіваліся на кавалкі. Але гаспадары моцна сьцягвалі іх раменьчыкамі, а шчыліны замазвалі гразьзю.
    Чайнік маленькі, — сказала Рультына. — Чаю мала засталося.
    — Дадай з катла, —сказала Кух.
    Рультына напоўніла чайнік густой юшкай ад аленевых языкоў і наліла гэтага “чаю” ў кубкі. Кутуўя зморшчыўся і страсянуў галавой.
    — Вада вельмі сярдзітая зрабілася. Горкая. Налі мне яшчэ.
    Калі ўсе напіліся, Імтэургін запаліў люльку і сказаў:
    — Даўніну раскажу, слухайце.
    Кутуўя і жанчыны падрыхтаваліся да слуханьня. Кух дала дзіцяці грудзі, каб яно не перашкаджала слухаць.
    Імтэургін папляваў на рукі, нібы перад работай, потым пакашляў і пачаў:
    — Адна жанчына а трыма дзяцьмі была. Яна сказала:
    — А ну, у тундру пайду, ягад зьбяру”.
    Пайшла. Ягады зьбірае. Раптам чуе:
    “— Эй, ідзі сюды!”
    Яна азірнулася. Бачыць — келе стаіць, вялікі, кудлаты. Спалохалася жанчына.
    “— Колькі тваіх нараджэньняў? — пытаецца келе.
    “—Трое”, — кажа жанчына.
    “—Мужа твайго як імя?”
    Жанчына кажа:
    “— Мой муж Каканка”.
    “— Ну, вяртайся дахаты, — кажа келе.
    Прыйшла жанчына дахаты. Мужу сказала:
    “— Келе ў тым баку ходзіць”.
    Толькі сказала — раптам гучны голас:
    “— Каканкіны дзеці вырасьлі?”
    “— Вох, гэта келе крычыць, — сказаў муж. — А ну, я ножык павастру.
    Голас блізка падышоў. Засьпяваў:
    “— Ах! Ах! Каканкіны дзеці вялікія вырасьлі! Вось я іхняй пячонкі пад’ем!”
    Да самай хаты голас падышоў:
    “— Каканка!”
    “— А?”
    “— Давай адно дзіця!”
    “— Не дам!”
    “—Ну, дык няхай я цябе з’ем”.
    Келе рот разявіў і ўвесь шацёр з людзьмі праглынуў. Праглынуў і кажа:
    “—Га-га! Усё ж такі я ўсіх вас з’еў!”
    “— Хай сабе з’еў — кажа Каканка з бруха келе, — нам і тут добра жыць. Цёпла”.
    “— Вось вы як? — сказаў келе. — Ну, дык я вас з сябе выганю”.
    Нагнуўся келе і выплюнуў шацёр разам з людзьмі.
    А Каканка, калі вылазіў, выцягнуў з-за пояса востры нож і горла келе парэзаў.
    “— Ох, ох! Горла забалела!.. — крычыць келе. — Давай жа мне дзіця хутчэй. Я жырам яго сабе горла памажу.
    Каканка вядро з мачой выставіў.
    “— Вось табе, — кажа, — дзіця”.
    Келе абрадаваўся, праглынуў вядро, а потым кажа:
    “— Ты мяне, Каканка, ашукаў!”
    А Каканка сьмяецца:
    “— Хо-хо! Няхай сабе!”
    Раззлаваўся келе, крычыць:
    “— Я да вас у полаг залезу!”
    “—Залазь”, —кажа Каканка.
    Толькі нос адзін келе ў шацёр прасунуў, а галава яго не ўлезла. Тады ён язык высунуў, водзіць языком, людзей шукае.
    А Каканка ўзяў агонь і абсмаліў яму язык.
    “— Ох, ох! Я сьпёкся!” — крычыць келе. Потым заплакаў і кажа:
    “— Няхай я пасплю, змарыўся”.
    Келе лёг ля шатра і заснуў.
    А Каканка агонь расклаў вакол келе, вялікі касьцёр расклаў.
    Вые келе праз сон, крычыць прыдушаным голасам:
    “— У, горача! Загасіце агонь!”
    “— Пачакай! — кажа Каканка. — Адкрый рот! Я табе туды дзіця кіну”.
    Келе рот разявіў, чакае.
    “— Заплюшч вочы!” — кажа Каканка.
    Келе сплюшчыў вочы.
    Туг Каканка з кастра палена ўзяў, келе ў рот засунуў.
    “— Ах, ах! Я рот апёк!”— заплакаў келе і кажа:
    “— Навошта ты зьдзекваешся з мяне?”
    “—Таму сьмяюся, што я цябе забіў”.
    “—Як забіў? Я ж яшчэ жывы. Вось я з’ем цябе””
    “— Не, — сказаў Каканка, — ты мёртвы. Ідзі да мора”.
    Ідзе келе па тундры да мора і плача:
    “— Каканка мяне забіў, Каканка мяне забіў. Як я цяпер дзіцячыя пячонкі есьці буду?” (17).
    — Усё! — крыкнуў Імтэургін і ускочыў з месца.
    — Я вецер адрэзаў! — крыкнуў ён яшчэ мацней. Усе нахілілі галовы і пачалі прыслухоўвацца, ці сьцішыўся вецер. Але вецер, як і раней, стукаў у шалаш сьнегам.
    Імтэургін паківаў галавой і сеў на сваё месца.
    — Не адрэзаўся вецер (18), — сумна сказаў ён. — Мусіць, не такім я голасам крыкнуў.
                                                                                ---
    Многа разоў сям’я клалася спаць і ўставала зноў з таго часу, як пачалася мяцеліца. Шмат казак расказаў бацька, а вецер усё не сьціхаў.
    Аднаго разу прачнуўся Імтэургін. Цёмна было ў полагу. Ён разбудзіў жонку.
    — Дай агонь, курыць хачу.
    — Няма агню, — сказала Кух — тлушч увесь скончыўся.
    Прачнулася дзіця, заплакала. Прачнулася Тынатналь, таксама заплакала.
    За шатром гучна крычаў вецер. Ён наваліў на шацёр гару сьнегу. Шацёр прыгнуўся, прыціснуў полаг, людзям зрабілася цесна і душна.
    Імтэургін захацеў сесьці, але стукнуўся галавою аб столь полагу.
    — Ох! Ёранга наша зусім нізка апусьцілася. Што рабіць? — сказаў ён.
    Ніхто яму не адказаў.
    Тады ён ціха выпаўз з полагу, адзеўся і, перакінуўшы праз плячо вязку зьвярыных кіпцюроў і зубоў падняў прыпол шатра. Ён хацеў быў высунуць руку але за шатром была цьвёрдая сьцяна сьнегу. Тады ён лёг на зямлю і пачаў капаць у сьцяне праход, заграбаючы сьнег у сярэдзіну шатра.
    Праз некаторы час ён вынырнуў са сьнегу за два крокі ад шатра. У твар яму ўдарыла мяцеліца. Ён хацеў зьняць з пляча вязку, але вецер зьбіў яго з ног і пакаціў па гурбах прэч ад шатра. Імтэургін з вялікім намаганьнем завярнуўся назад, папоўз, чапляючыся рукамі за сьнег, і сунуў ногі ў дзіру, якую толькі што выкапаў. Ён праваліўся ўніз і зноў прыпоўз у шацёр. Там ён прысеў на карачкі, сьціснуў у руцэ кіпці крумкача з вязкі і замармытаў:
    — Крумкач, ляці, на ветравога шамана садзіся, вочы выкалі, галаву прабі, мозг паеш!
    Але словы не памагалі — вецер не спыняў шуму і грукату над шатром. Тады Імтэургін выставіў воўчыя зубы і закрычаў яшчэ мацней;
    — Воўк, бяжы, ветравому ногі адгрызі! Горла яму перакусі, хай не дзьме на нас.
    Але вецер шумеў так моцна, што Імтэургін не чуў сябе самога. Перачакаўшы крыху, ён ухапіў мядзьведжую лапу ў вязцы.
    — Мядзьведзь-стары! — зноў закрычаў ён. — Ветравога задушы, сэрца яго зьеш, хай не дзьме на нас, ветру не робіць!
    Але і мядзьведжая лапа не памагла. Імтэургін страсянуўся ад сьнегу, як сабака, увайшоў у полаг і сказаў:
    — Вецер адразу з усіх бакоў дзьме, не спыняецца. Дрэна!
    Ён паківаў галавой і закапаўся ў скураную пасьцель.
    — Холадна мне! — раптам крыкнула Тынатваль і заплакала. — Вакол снег.
    Кух памацала рукой у кутах полага і сказала:
    — Пасьцель сьнегам пакрылася.
    Яна ўзяла маленькага Імтэургіна і палажыла сабе на жывот, а потым падсунула бліжэй дзяўчынку. Тынатыаль зноў задрамала.
    Раптам зьверху закапала вада.
    Кутуўя памацаў столь.
    — Полаг марозам аброс, — сказаў ён, — трэба вытрушваць.
    Людзі вышлі з полага ў шацёр, узьдзелі на сябе халоднае адзеньне. Потым узялі даўбешкі з аленевых рагоў і пачалі ў цемрадзі абіваць намаразь з полагу і пасьцелі.
    Калі намаразь асыпалася, людзі павесілі скуры на рамяні, працягнутыя праз увесь шацёр, а самі селі на кучы старога адзеньня.
    У шатры было вельмі холадна. Людзі хавалі твары ў мехавыя каўняры, але каўняры хутка пакрыліся марозам і лёдам.
    — Мама! — заплакала Тынатваль. —Мне нехта за каўнер сьнег кладзе.
    — Ох, бяда! — спалохалася маці. — Хто ж гэта да нас у шацёр забраўся?
    — Гэта сьнег з каўняра сам на сьпіну валіцца, — сказаў з цемры Імтэургін. — Сьнег таксама хоча пагрэцца.
    — Есьці хочацца, — сказаў з другога кута Кутуўя.
    — Няма нічога, — адказала маці, — мяса скончылася.
    Усе сьціхлі, толькі вецер соп, заганяючы ў шчыліны мароз.
    — Ну, давайце полаг ставіць! — сказаў нарэшце бацька. — Холадна!
    — Нельга ставіць! — сказала Кух. — Полаг зноў лёдам пакрыўся, нібы яго вадой аблілі.
    Усе памацалі полаг. Край яго зрабіўся цьвёрдым, як дрэва.
    — Нават не згінаецца, — заўважыла Рультына. — Што будзем рабіць?
    Усе задумаліся. Толькі чуваць было, як Тынатваль сьсе свае пахаладзелыя пальцы.
    — Зноў калаціць трэба, — сказаў Кутуўя.
    — Не! — сказаў Імтэургін. — Трэба знадворку ў сьнег закапаць. У сьнезе хутчэй растане.
    Абледзянелыя скуры закапалі ў сьнег.
    — Пальцам больна! — заплакала Тынатваль.
    — Ідзі сюды! — паклікаў яе бацька. Ён разьдзеў дзяўчынку і пасадзіў яе сабе пад кашулю.
    Дзяўчынка сьціхла, але хутка заварушылася пад бацькавай кашуляй і крыкнула:
    — Ой, дыхаць дрэнна!
    Бацька прыпадняў кашулю. Тынатваль высунула адтуль галаву, як лісічка з норкі, і ўздыхнула. Так яна і задрамала.
    Хутка заснуў і бацька. Яго разбудзіў сын Кутуўя.
    — Паглядзі, можа ўжо можна полаг ставіць?
    Імтэургін пакапаўся ў сьнезе, пакратаў скуры і сказаў:
    — Не, яшчэ не адталі.
    Доўга сядзелі і драмалі людзі, уткнуўшы твары ў каўняры. Прачыналіся, страсалі намаразь з кашуль і зноў сядзелі. І гэтак да таго часу, пакуль закопаныя ў сьнег скуры не адталі. Цяпер лёд на іх сабраўся ў даўгія лядзякі і вісеў на поўсьці, як аленевыя вушы.
    Людзі адбілі гэтыя ледзяшы, ачысьцілі скуры ад сьнегу і зноў нацягнулі полаг.
    — Кладзіцеся спаць хутчэй, — сказала Кух. — А то цёмна і есьці дужа хочацца.
    Усе паляглі на скуры і шчыльна прыціснуліся адзін да аднаго.
                                                              IV. ЧУЖЫ ДОМ
    Імгэургін ляжаў з краю, каля цьвёрдай ад марозу сьценкі полага, і холад працяў яго раней за ўсіх. Ён захацеў адсунуцца ад сьценкі і раптам голасна закрычаў:
    — Пусьці! Хто мяне за валасы трымае?
    Усе прачнуліся, апрача дзяцей. А жанчыны так перапалохаліся, што не маглі паварушыцца.
    Кутуўя ціха спытаўся:
    — Каго ты забіваеш, бацька? Можа памагчы табе?
    — Не, у мяне галава прымерзла да сьценкі, — сказаў Імтэургін і застагнаў.
    Кутуўя і Кух намацалі ў цемры галаву Імтэургіна і абодва пачалі абдзіраць яго даўгія валасы ад полага. Імтэургін войкаў ад болю.
    — Ціха ляжы,—сказала яму Кух, — сына разбудзіш! Ён змоўк, патрос галавой, пакратаў яе рукамі.
    — Валасы зусім маленькімі зрабіліся, — сказаў ён. Потым памацаў свае вушы і сказаў:
    — Вушы таксама, відаць, адмарозіў. Кутуўя, ты чуеш вецер? Мае вушы цяпер нічога не чуюць.
    Кутуўя прыслухаўся, але ў гэты час гучна закрычала дзіця.
    — Ага! — узрадаваўся Імтэургін. — У мяне вушы сагрэліся. Я чую, як дзіця плача.
    — Так, плача, — сказаў Кутуўя. — Абодва вухі мае крыкам заткнуў, нават ветру наверсе не чуваць.
    Усе сьцішыліся і прыслухаліся: нічога не было чуваць навакол, толькі дзіця плакала.
    — Не плач! — сказаў Імтэургін. — Слухай таксама.
    Зноў усе сьціхлі, зноў слухаюць. Нічога не чуваць, толькі дзіця крычыць.
    Імтэургін працягнуў руку, намацаў дзіця і закрыў яму далоньню рот.
    — Цяпер слухайце! — сказаў ён. Дзіця застукала па скуры нагамі.
    — Ногі яму прыцісьні, — сказаў Кутуўя, — ён нагамі шуміць, слухаць не дае.
    Імтэургін прытрымаў далоньню ногі дзіцяці. Але тут прачнулася Тынатваль і таксама голасна заплакала.
    — У, якія вялікія раты! — сказаў Імтэургін і зьняў рукі з дзіцяці. — Выйдзем, Кутуўя.
    Імтэургін з сынам выпаўзьлі з полагу, пакруцілі галавой направа, налева. Ціха ў шатры — наверсе ня сьвішча і не шуміць.
    Кух сунула дзіцяці цыцку, а Рультына прыціснула да сябе Тынатваль, каб яны не перашкаджалі слухаць, і таксама высунуліся ў шацёр.
    — Шуміць? — ціха спыталіся яны ў мужчын.
    — Не, не шуміць, — сказаў Імтэургін. — Канец ветру! Жыць будзем.
    Жанчыны выскачылі у халодны шацёр з дзецьмі на руках і заскакалі.
    — Канец ветру! Мяса будзе! Жыць будзем!
    — Бацька! — закрычала Тынатваль. — Мне пячонку прынясі, мозгу прынясі — есьці хачу!
    — Прынясу, — сказаў Імтэургін. — Вось аленяў прыгонім, тады і пячонка будзе і мозг будзе — усё будзе.
    Ён прыпадняў прыпол шатра і, разграбаючы махнатымі рукавіцамі сьнег, пачаў выкопвацца з шатра. Вылез на тундру. Цёмна і ціха вакол.
    Імтэургін глытнуў сьвежага паветра, захістаўся і паваліўся на сьнег.
    Усьлед за ім выпаўз з шатра Кутуўя.
    — Бацька! Дзе ты? — закрычаў ён.
    Бацька не адказваў. Кутуўя спалохаўся, пакруціў галавой ва ўсе бакі, нагнуўся, каб разгледзець сьляды. Але нічога не было відаць.
    — Кутуўя! — пачуўся раптам голас аднекуль зьнізу.
    Кутуўя пачаў грабаць рукамі па сьнегу.
    — Бацька! Дзе ты?
    — Тут я! А ты дзе?
    Кутуўя пабег на голас, але раптам наткнуўся на кагосьці і паваліўся.
    — Хто тут ляжыць? — закрычаў Кутуўя.
    — Гэта я,—сказаў Імтэургін.
    Сын працягнуў бацьку руку і дапамог яму выкарабкацца са сьнегу.
    — Як ты згубіўся? — спытаўся Кутуўя.
    — Вось як гэта было, — сказаў Імтэургін. — Я выйшаў з шатра і стаў моцна дыхаць. Раптам сьнег захістаўся і я таксама. Пэўна, гэта келе зямлю трэсьлі.
    Імтэургін і Кутуўя патупаліся на месцы, каб пазнаць, ці глыбокі сьнег.
    — Мы не згубімся? — спытаўся Кутуўя. — Цёмна, я нават сваіх ног не бачу.
    Імтэургін нічога яму не адказаў, толькі пачаў размотваць даўгі аркан. Адзін канец ён прывязаў да свайго пояса, другі даў сыну.
    — Прывяжыся!
    Кутуўя абкруціў вакол сябе канец аркана. Потым яны паспрабавалі, ці моцна завязана, і пайшлі ад шатра па сьнегавых гурбах.
    — А як мы аленяў знойдзем?—спытаўся Кутуўя.
    — Паходзім — адказаў бацька, — можа яны блізка.
    — Дрэнна ісьці, бацька. Цёмна. Можа, пачакаем сьвятла, тады шукаць будзем?
    — Не, усё роўна шукаць трэба. Пакуль сіла ёсьць, трэба шукаць. Можа, знойдзем.
    Многа разоў яны спыняліся, многа разоў лажыліся на сьнег адпачываць і стараліся пачуць лясканьне аленевых капытоў і рып сьнегу.
    Але ціха было ў тундры, толькі сьнег рыпаў пад нагамі, ды сіпела дыханьне на марозе.
    — Куды ж пайшлі алені? — сказаў Кутуўя.
    — Покуль дзьмуў вецер, — адказаў Імтэургін, — яны ляжалі, а пасьля ветру ім трэба мох есьці. Яны галодныя.
    — Бацька! — сказаў раптам Кутуўя. — Сабака крычыць.
    — Дзе?
    Імтэургін зьняў шапку, каб не перашкаджала слухаць.
    — Праўда, — сказаў ён, — сабака крычыць. Чалавек, мабыць, жыве. Чужы.
    — Можа, пойдзем? — спытаўся Кутуўя.
    — Не ведаю. — адказаў Імтэургін, — якой ён чалавек. Не надта далёка ад нас спыніўся, а да нас не зайшоў. Мусіць, дрэнна пра нас думаў. Як мы пойдзем да яго?
    Можа мы ў яго пра аленяў спытаемся, — сказаў Кутуўя.
    Імгэургін памаўчаў, прыслухаўся, патупаў нагамі па сьнегу і сказаў:
    — Давай, пойдзем.
    У гэты час на небе ўзьняўся белы слуп агню. Тугануў і зьнік. Потым неба загарэлася з усіх бакоў чырвонымі, сінімі, зялёнымі агнямі. Агні ганяліся адзін за адным, зьмешваліся, зьнікалі, зноў зьяўляліся і разгараліся яшчэ больш. Сьнег таксама граў рознымі колерамі і нібы варушыўся.
    Імтэургін і Кутуўя сплюшчылі вочы, бо яны ў іх адвыклі ад сьвятла. Потым яны агледзеліся навакол і ўбачылі на тым месцы, дзе ляжала зялёная паласа сьвятла, высокі горб.
    — Гэта іхні шацёр; яго, відаць, таксама сьнегам занесла, — сказаў Імтэургін.
    Бацька з сынам абышлі вакол гарба, патупаліся на месцы, яшчэ раз абышлі. Кутуўя, асьцярожна ступаючы, узабраўся на верхавіну прыслухаўся: унізе брахаў сабака.
    — Як увойдзем? — спытаўся Кутуўя.
    — Капаць трэба, — сказаў бацька.
    Ён лёг на бруха і пачаў капаць сьнег рукамі. Хутка ён выкапаў глыбокую яміну і палез у яе галавой уніз.
    Кутуўя стаяў і глядзеў, як бацька закопваўся у сьнег. Вось схаваліся галава і рукі, вось праваліліся плечы. Вось ужо засталіся адны ногі ў аленевых ботах. Потым і ногі зьніклі. Бацька ўвесь увайшоў у сьнег.
    Раптам ногі зноў паказаліся. Імтэургін лез назад. Ён быў увесь белы; галава, рукі, твар — усё аблеплена сьнегам.
    — Чаму назад вылез, бацька? — спытаў Кутуўя.
    Імтэургін страсянуў з сябе сьнег і сказаў:
    — Не туды трапіў. Вось туды капаць трэба.
    Ён зрабіў два крокі і тупнуў нагой на тым месцы, дзе трэба было капаць.
    Цяпер ужо Кутуўя лёг на бруха і пачаў выграбаць мяккі сьнег. Хутка ён вырыў вялікую дзіру і нырнуў у яе галавой уперад. Сьледам за ім палез і бацька. Пад сьнегам Кутуўя намацаў зацьвярдзелую скуру шатра і пачаў торгаць яе з усяе сілы. Прыпадняўшы яе, яны ўлезьлі ў цёмны шацёр.
    У полагу забурчэў сабака. Бацька і сын прыціснуліся да сьценкі. Раптам рука Імтэургіна намацала вісеўшую на сьцяне вязку кіпцюроў, зубоў і пер’яў.
    Імтэургін ухапіў сына за рукаў і шапнуў:
    — Наша вязка. Чаму яна ў чужы дом прыйшла?
    Кутуўя прыціснуўся да бацькі і сказаў:
    — І мае старыя штаны тут вісяць!
    Тут з полага выйшаў нейкі чалавек. Пад нагамі ў яго ціхенька храснула мёрзлая скура. Відаць, чалавек пачаў набіраць сьнег у чайнік, бо стукаў накрыўкай і шурхаў сьнегам.
    — Якія людзі тут шатром жывуць? — спытаў Імтэургін.
    — Гэта мы жывем, — сказаў жаночы голас.
    Імтэургін штурхнуў Кутуўю ў бок і сказаў шэптам:
    — Як быццам гэта — Рультына, голас у яе такі ж тонкі.
    — Не, — адказаў Кутуўя таксама шэптам, — мая жонка дома засталася. Гэта келе.
    — Аленяў знайшлі? — спыталася жанчына.
    — Шукаем, — адказаў Імтэургін. — Каля нашага шатра іх няма. Можа вы бачылі?
    — Мы яшчэ з дома не выходзілі, — сказала жанчына. — Як нам было іх убачыць?
    — Пойдзем адсюль, бацька! — прашаптаў Кутуўя і пачаў адыходзіць да выйсьця.
    — Пойдзем, — сказаў Імтэургін.
    — Куды ідзяце? — спыталася жанчына і ўхапіла Кугуўю за руку.
    — Пусьці! — закрычаў Кутуўя.
    У гэты момант з полага выбег хтосьці маленькі і закрычаў:
    — Бацька, пячонку прынёс?
    Імтэургін засьмяяўся і сказаў:
    — Заўтра прынясу. А цяпер нам пагрэцца трэба. Пойдзем у полаг, Кутуўя. Гэта наш дом.
    Кутуўя стаў павольна сьцягваць праз галаву скураную кашулю.
    — Бацька, — ціха сказаў ён з пад кашулі, — як мы сюды трапілі? Мы ж ужо далёка ад дому былі?
    — Мусіць, дом за намі прыйшоў, — сказаў бацька і залез у полаг.
    Ён ціхенька ўлёгся на скураной пасьцелі, каб не разбудзіць Кух і дзіця. А калі побач з ім лёг Кутуўя, ён нахіліўся да яго вуха і сказаў шэптам:
    — Заўтра паглядзім. Можа наш дом там застаўся.
                                                                V. СЬЛЯДЫ НА СЬНЕЗЕ
    Там далёка спускаецца на сьнег нешта цёмнае. Гэта неба. А на небе дзіркі, наскрозь сьвецяцца. Гэта — зоркі. Між зорак вялікае, белае ходзіць. Гэта — месяц.
    — А куды сонца пайшло? — пытаецца Кутуўя.
    — Сонца на верхняй зямлі ў чорным шатры сьпіць, — адказвае Імтэургін. — Яно хутка прачнецца, тады сьвятла шмат будзе, птушка прыляціць.
    Гэтак размаўляючы, ішлі Імтэургін з сынам шукаць аленяў.
    — Кутуўя, — сказаў бацька, — давай паглядзім, адкуль мы ўчора прышлі.
    Яны зьвярнулі ў бок і пайшлі па ўчарашніх сваіх сьлядах. Сьляды пачыналіся ад дома, кружылі па сьнегу і вярталіся назад к дому.
    — Відаць, мы ўчора з табой усё навакол ды навакол хадзілі, як зайцы, — сказаў Імтэургін і засьмяяўся.
    Кутуўя ўспомніў, як ён учора спалохаўся, і яму таксама зрабілася сьмешна. Але раптам ён схапіў бацьку за руку.
    — Бацька, — сказаў ён, — нехта чорны па сьнегу бегае.
    — Дзе?
    Імтэургін пакруціў галавой ва ўсе бакі і сказаў:
    — Глядзі добра, можа алені ходзяць.
    — Вунь адзін пабег! — закрычаў Кутуўя. — Глядзі — даўгі такі, унізе тоўсты, наверсе тонкі і як быццам махнаты.
    Імтэургін вылупіў вочы, але нічога не ўбачыў.
    — Да нас бяжыць? —  спытаў ён сына.
    — Не, адказаў той. — Ён бяжыць, куды мае вочы глядзяць.
    Імтэургін паглядзеў на сына і сказаў:
    — У цябе на вачах лёд вісіць. Можа ты лёд бачыш?
    Кутуўя зьняў з вейкаў і броваў ледзяшы, паглядзеў вакол і сказаў:
    — Можа гэта ў мяне да поўсьці на вачах лёд прыстае, а можа і келе тут ходзіць, а толькі цяпер я больш нічога не бачу.
    Доўга бацька з сынам бадзяліся па тундры, паварочвалі то ў адзін, то ў другі бок, але нідзе не знаходзілі нават рыскі на сьнезе. Сьнег ляжаў роўны, чысты, гладка аблізаны ветрам.
    Імтэургін прысеў на карачкі і сказаў:
    — Мабыць канец жыцьця прыйшоў. Як будзем жыць без аленяў?
    — Можа да суседа Караўі за мясам пойдзем? — спытаўся Кутуўя.
    — Караўя сядзіць шатром у тым баку, — паказаў рукой Імтэургін. — Два разы спаць будзем, пакуль дойдзем.
    Яны зноў падняліся і пакрочылі. Раптам Кутуўя крыкнуў:
    — Алені хадзілі!
    Правальваючыся да кален у сьнег, Імтэургін падбег да сына і нахіліўся.
    — Нашы! — сказаў ён. — Тут Вялікі Рог хадзіў, ён заўсёды рагамі сьнег ламае.
    Імтэургін зьняў шапку і пайшоў па аленевых сьлядах
    — А вось Крывая Нага хадзіла. Глядзі: адну нагу ў бок ставіла. А тут яна мох капала. — Імтэургін паказаў на вялікую яміну ў сьнезе. А тут вось мачылася Стракатая Лапа, — яна  баіцца ногі замачыць, шырока іх ставіць.
    — Цяпер мы жыць будзем. Відаць, алені нядаўна прайшлі.
    Імтэургін і Кутуўя бегалі па сьлядах, хваталі рукамі разварочаны капытамі сьнег і камякі аленевага гною. І раптам абодва спыніліся.
    — Людзі! — сказаў Імтэургін і нагнуўся, каб лепш разглядзець сьляды. — На лыжах хадзілі, нашых аленяў
    — Мабыць, цяжкія людзі, — сьнег глыбока лыжамі ціскалі. — заўважыў Кутуўя.
    Імтэургін нічога не адказаў, толькі зноў зьняў шапку і выцер з твару каплі поту. Потым пайшоў наперад па лыжных і аленевых сьлядах. Сьляды ішлі прама, не заварочваючы. Але вось сьлядоў зрабілася больш. Увесь сьнег патоптаны аленевымі капытамі. Тут вялікі статак прайшоў, чужы статак.
    — Нашы з чужымі аленямі пайшлі, — сказаў Імтэургін.
    — Давай пагонімся, — крыкнуў Кутуўя. — Знойдзем статак па сьледу, забяром назад сваіх аленяў.
    — Давай, — сказаў бацька, — і яны пабеглі па сьлядах
    Раптам Імтэургін спыніўся.
    — Не дагонім! — сказаў ён. — Сіла ў нас хутка скончыцца, даўно мы мяса не елі. І дома ў нас галодныя сядзяць.

    Кутуўя патупаўся на месцы, паглядзеў на сьляды вялікага статка і пайшоў назад — за бацькам. Яны ішлі павольна, гледзячы сабе пад ногі.
    Недалёка ад таго месца, дзе былі заўважаны першыя сьляды, Імтэургін зноў спыніўся і стаў прыслухоўвацца.
    — Рогі стукаюць, — сказаў ён сыну.
    — Алені! — шэптам сказаў Кутуўя. — Не ўсе нашы алені ў чужы статак пайшлі. Палова тут засталася.
    — Цішэй пойдзем, спудзяцца, — папярэдзіў Імтэургін.
    Яны завярнуліся і пайшлі кароткімі, лёгкімі крокамі. Хутка за сьнегавым гарбом яны ўбачылі аленевыя рогі. Імтэургін і Кутуўя папаўзьлі ракам і захраплі, як храпуць алені.
    Алені пачулі іх, зьбіліся ў кучу і паставілі хвасты старчма. Потым выцягнулі наперад морды і паціху пайшлі насустрач нізенькім зьверам у аленевых скурах.
    Людзі спыніліся і пачалі капаць сьнег. Потым памачыліся і ракам адбеглі ў бок.
    Алені панюхалі мачу і, штурхаючы адзін аднаго, пачалі прагна глытаць мокры сьнег.
    Імтэургін ткнуў сына:
    — Глядзі, зусім мала аленяў засталося. Вялікага Рога няма, Чорнай Сьпіны няма, Круглага Капыта і Шэранькага таксама няма. Мала аленяў засталося, на адзін вецер не хопіць. Як жыць будзем? Як качаваць будзем?
    — Пачакаем суседа Караўю, — адказаў Кутуўя. — Караўя хутка прыедзе. Разам з ім качаваць будзем. Да сонца пражывем, а потым птушка прыляціць, рыба ў азёрах прачнецца і без аленяў жыць будзем.
    Імтэургін паглядзеў скоса на сына і сказаў:
    — Дрэннае гаворыш. Без аленяў жыць не будзеш. Птушка прыляціць і назад паляціць, рыба на дно пойдзе, а алень заўсёды з намі ходзіць, аленевыя мы людзі.
                                                                              ---
    Пакуль Імтэургін і Кутуўя шукалі ў тундры аленяў, жанчыны знутры шатра рэзалі сьнег даўгімі касьцянымі нажамі. Выразалі кавалак за кавалкам і складвалі ў шатры. Гэта яны рабілі выхад, засыпаны сьнегам у часе мяцеліцы.
    Калі шацёр бадай што даверху напоўніўся сьнегам, жанчыны вышлі з шатра, паглядзелі на месяц і зоркі, падыхалі халодным паветрам. Потым пракапалі вузкі праход між гурбаў і пачалі выносіць сьнег з шатра. Нарэшце дарога была працярэблена. Тады жанчыны вывалаклі на тундру спальны полаг і ўсе скуры.
    — Няхай сохнуць, — сказала Кух.
    Тынатваль у скураной кашулі, пашытай разам са штанамі, таксама выбегла на волю. Яна кінулася качацца па сьнегу, як лісянё, і скакаць, як маленькі алень.
    Потым вярнулася ў шацёр і ўзяла ад сабакі шчанят. Шчаняты былі яшчэ маленькія, з кароткай поўсьцю і мутнымі вочкамі. Яны запішчалі, задрыгалі лапкамі і ўткнуліся ў кашулю Тынатваль.
    Дзяўчынка прыціснула іх да шчакі, пагладзіла і палажыла назад да маткі, якая ўвесь час лізала ёй рукі і скуголіла, нібы прасіла аддаць шчанят.
    — Тынатваль! — гукнула Кух. — Ідзі пагуляй з братам.
    Тынатваль ухапіла абодвума рукамі маленькага Імтэургіна, шчыльна загорнутага ў скураную адзежу, і пачала качаць яго па сьнегу.
    — Алені! — раптам крыкнула Рультына. —Нашы аленяў гоняць!
    Тынатваль схапіла брата, заскакала і закрычала:
    — Пячонку дадуць, мозг буду есьці — во!
    Яна хацела падняць брата вышэй, каб і ён паглядзеў на аленяў, але павалілася і прыціснула яго. Дзіця закрычала і задрыгала ў сьнезе.
    — Не крычы, — сказала Тынатваль, — табе таксама пячонку дадуць.
    Алені падыходзілі ўсё бліжэй. Ля самага шатра яны, як заўсёды, павярнуліся да дома задам і нарыхтаваліся ўжо бегчы назад у тундру. Але Імтэургін з сынам узялі аркан за канцы, нацягнулі яго і загарадзілі аленям дарогу.
    — Мала аленяў, — сказала Кух. — Дзе ж вы астатніх пакінулі?
    — Нашы алені ў чужых людзей у статку пасуцца, — сказаў Кутуўя. — Толькі вось гэтыя ў нас засталіся, самыя дробныя.
    Жанчыны заплакалі.
    — У чый статак алені пайшлі? — спыталася Кух.
    — Не ведаем, — сказаў Імтэургін. — Чужыя людзі далёка пайшлі, а ў нас сілы не было, не маглі дагнаць.
    — Мала аленяў засталося, — сказаў Імтэургін. — Менш як пальцаў у аднаго чалавека. Як жыць будзем?
    Жанчыны нічога не адказалі. Яны моўчкі пачалі рабіць са сьнегу тоўстага чалавека. Калі чалавек быў гатоў, яны паставілі яго ля шатра.
    — Вось чужы чалавек стаіць! — закрычала Кух, паказваючы рукой на сьнегавую ляльку. — Ён нашых аленяў са сваім статкам пагнаў.
    Імтэургін узяў кап’ё і пракалоў чалавека наскрозь.
    — Во! — закрычаў ён. — Бруха табе пракалоў!
    Потым узяў нож і адрэзаў чалавеку абедзьве нагі. Сьнегавая лялька перакулілася і бразнулася на зямлю.
    — Хай без ног ты будзеш! — закрычаў Імтэургін, штурхаючы нагой ляльку. — Не ганяй чужога статка, не крыўдзі суседзяў.
    — Чужы без ног будзе! Чужы без ног будзе! — яшчэ больш закрычалі жанчыны. — Нашы алені да нас бягуць!
                                                              VI. ГОСЬЦЬ У ТУНДРЫ
    Час да сонцу павярнуў. Край цёмнага неба раніцою пачаў бялець, па сьлядах відаць было, дзе воўк прайшоў, а дзе мышка прабегла.
    Часта людзі чулі шолах і сьвіст — гэта вылятала са сьнежнага сумёту чарада курапатак. Усю мяцеліцу яны спалі пад сьнегам і цяпер ляцелі шукаць засыпаную сьнегам тундравую ягаду — марошку.
    Ноч канчалася. Усю зіму прастаяла ў тундры ноч.
    І вось у такую пару, калі палова неба раніцою бывае белая, а палова цёмная, з дзірачкамі-зоркамі, далёка ў тундры зарыпалі палазы.
    — Бацька, — сказаў Кутуўя, — людзі едуць.
    Імтэургін прыслухаўся і сказаў:
    — Бяжы дахаты, няхай ежу гатуюць. Людзі да нас едуць.
    А сам зьняў шапку, вушы натапырыў і мармыча сам сабе:
    — Не ляскаюць капыты, чужы едзе — на сабаках.
    Імтэургін адагнаў аленяў далей, а сам пайшоў дадому.
    — Поць-поць! — пачуўся здалёк звонкі ад марозу голас.
    — Не нашы! — сказаў Імтэургін. — Не аленевыя, а сабачыя людзі едуць (19). Поць-поць! Так яны на сваіх сабак крычаць.
    З-за гурбаў паказаліся дзьве сабачыя запрэжкі. Задняй запрэжкай кіраваў тоўсты барадаты чалавек, загорнуты ў пушыстыя скуры, а пярэдняй запрэжкай — высокі, хударлявы, апрануты ў падрапаную скураную кашулю. Худы бег побач з сабакамі і падганяў іх палкай. Потым ён чапляўся за дугу, якая прывязваецца да нартаў па самай сярэдзіне, ускокваў адной нагой на вузкі полаз і імчаўся далей.
    Калі госьці пад’ехалі да шатру, усе сабакі пярэдняй запрэжкі разам загыркалі і брэшучы кінуліся на аленяў. Алені палажылі рогі на сьпіну і пусьціліся наўцёкі.
    — Той, той! — закрычаў худы і ў тыркнуў палку жалезным наканечнікам у сьнег між капыламі нартаў. Нарты заскрыгаталі і спыніліся, але сабакі ірванулі яшчэ мацней, вывернулі са сьнегу канец палкі і панесьліся як мага. Худы ўхапіўся абодвума рукамі за дугу, перавярнуў нарты на бок і запусьціў палку з жалезным наканечнікам проста ў сьпіну пярэдняга сабакі.
    Той так і паваліўся з высунутым языком пад ногі другім сабакам. А худы павярнуў запрэжку і паехаў назад да шатру, валочучы па сьнегу параненую сабаку. За нартамі пацягнуўся чырвоны сьлед. Гэта з рота сабакі цякла кроў.
    — Глядзі! — закрычала Тынатваль. — Ён крывёю плюецца, ён устаць не можа.
    У гэты час таргануліся заднія нарты, выкулілі седака і панесьліся ў тундру дагары палазамі. Тоўсты госьць адляцеў у бок, нібы кінутая з нартаў рукавіца.
    — Добра! — тупнуў нагой Кутуўя. — Хай яны сабе рэбры паломяць. Навошта сабаку б’юць!
    А Імтэургін нічога не сказаў і пабег падымаць тоўстага госьця. А ў гэты час другі госьць — худы — наладзіў сваю запрэжку і пусьціўся даганяць уцёкшыя нарты. Ён хутка параўняўся з імі, ухапіў з іх лейцы і моцна прывязаў да задка сваіх нартаў. Потым пагнаў сваіх сабак да шатру.
    Па дарозе ён лупцаваў кіем і пярэдніх, і задніх сабак, аде больш даставалася заднім. Яны толькі вішчэлі і хавалі галовы пад  рамень. Кроў пырскала ў іх з ноздраў і рота.
    — Зусім як шалёны воўк, — сказаў бацьку Кутуўя. — Усіх сабак пакалечыць!
    — Ціха! — сказала Кух. — Не кажы дрэнна пра гасьцей.
    Імтэургін счысьціў сьнег з футры барадатага госьця, узяў яго за руку і павёў у шацёр. Калі госьць разьдзеўся, Тынатваль прыціснулася да маткі і зашаптала:
    — Глядзі, твар у яго махнаты! Як келе, — я баюся!
    Кутуўя зірнуў на тоўстага і таксама спалохаўся:
    — Валасы ў яго на твары зусім чырвоныя, як у старой мядзьведзіхі. Можа гэта мядзьведзь?
    — Ой! — ціха ўскрыкнула Рультына і тарганула за рукаў Кух. Вочы ў яго белыя, адмарозіў, відаць.
    Усе пачалі разглядаць шэрыя вочы барадатага госьця. А Імтэургін спытаўся:
    — У цябе вочы адмарожаныя?
    Барадаты госьць нічога не адказаў. Ён толькі высунуў язык, паказаў на вушы і паматаў галавой.
    Раптам знадворку пачуўся шум. У шацёр прыбег худы госьць. Пасярэдзіне шатра ён стаў ракам, прыставіў ззаду махнатую рукавіцу, нібы хвост, і забрахаў па-сабачаму. Потым паглядзеў на Імтэургіна, паказаў сабе на рот і залапатаў па-свойму:
    — Наша хвастаты хоронго... Ён! Ён!.. Мяса есьці хочуць. Давай хутчэй мяса!
    Імтэургін паглядзеў на яго, потым на сына і нічога не адказаў. Толькі пот з твару выцер.
    Тады худы схапіў яго за руку, выцягнуў з шатра і паказаў на сабаку, на яго рот, на жывот.
    — Хоронго мяса сабакі шыбка есьці хочуць! Зусім бруха маленькі. Есьці хочуць!
    Імтэургін яшчэ горш спацеў, расшпіліў каўнер і пайшоў назад у шацёр.
    — Кутуўія, —сказаў ён сыну. — Відаць, мяса просяць, сабак карміць хочуць.
    — Мяса няма, — сказаў Кутуўя. — Самі галодныя сядзім.
    — Трэба гасьцей карміць, — сказаў Імтэургін. — Усё роўна самі галодныя будзем. Прынясі аленя.


    Кутуўя нехаця ўзяў аркан і пайшоў да статку. Барадаты госьць дастаў са штаноў тытун і даў закурыць Імтэургіну. Імтэургін пакурыў і перадаў люльку жонцы. Жонка глытнула крыху дыму, плюнула на край пасьцелі і перадала люльку Рультыне. Рультына выпусьціла дым праз ноздры і дала люльку Тынатваль. Тынатваль сунула сабе ў рот сьлінявы канец люлькі, закашлялася, выцерла сьлёзы і сунула люльку ў рот маленькаму Імтэургіну. Дзіця ўзмахнула рукамі і заплакала. Тады Тынатваль сама зацягнулася дымам і, схіліўшыся, дзьмухнула ў рот маленькаму. Той скрывіўся, сплюшчыў вочы і пачаў плакаць. Барадаты госьць глядзеў на іх і сьмяяўся.
    У шацёр прасунуўся вялізны клунак. Яго нёс перад сабой, выгінаючы назад сьпіну, худы госьць. Тынатваль зноў спалохалася і схавалася ў полаг, а дарослыя, выцягнуўшы шыі, пачалі глядзець, як барадаты разьвязвае клунак. Ён выцягнуў адтуль некалькі кавалкаў цукру і раздаў усёй сям’і.
    Імтэургін раструшчыў зубамі цукар і цмокнуў.
    — Зусім добры, у глотку сам лезе.
    — Гэта царская ежа, — сказаў барадаты па-руску і таксама цмокнуў. —Гэта мне гасьцінца прывезьлі.
    Імтэургін не зразумеў барадатага і спытаўся ў яго па-свойму, па-чукоцку:
    — Што ты гаворыш?
    Але барадаты госьць не разумеў па-чукоцку. І госць і гаспадар ведалі толькі, што калі цмокаць, — значыцца, смачна, а калі рукі растапырваюць, — значыць, многа.
    Барадаты шырока растапырыў рукі, матнуў галавой на свой клунак і сказаў:
    — Я многа тавараў прывёз. А гэты чалавек — мой казак, работнік. Мы з ім рускія купцы. Мы тундра ходзіць, вялітку —гандляваць.
    З вялізнага клунка вытыркаліся чорныя пліткі чаю, пабліскваў пасуд, вылазілі лапы пясцоў і лісаў.
    — Мы чай давай, тытун давай, а ты — пясец давай, ліс давай. Наша вялітку — гандлюй давай!
    Потым ён выцягнуў з клунка пасудзіну, падобную да вялікага ледзяшу, і патрос ёю перад Імтэургінам. У ёй забулькала вада. Імтэургін зьдзівіўся — як гэта, вада ды не мерзьне ў лёдзе.
    — Гэта царская вада. Ведаеш цара? Цар — вялікі чалавек. Такі ён вялікі чалавек, разумееш? А гэта, — барадаты пагладзіў бутэльку, — гэта яго царская вада. Ён п’е толькі такую ваду. Моцную!
    Імтэургін нічога не разумеў, толькі глядзеў, як у махнатага чалавека боўтаецца чырвоны язык між губамі, парослымі поўсьцю.
    Прыйшоў Кутуўя. Ён прывалок за рагі аленевую тушу. Тут жа разрэзаў яе нажом на кавалкі і панёс мяса сабакам. Потым вярнуўся ў шацёр і сказаў:
    — Брэшучых гасьцей мясам накарміў.
    Купец даў Кутуўю кавалак цукру. Кутуўя пакруціў яго, панюхаў, прыціснуў да языка. Потым кінуў у рот і пачаў цмокаць.
    — Смачны камень, — сказаў ён. — Даўно не еў.
    — Калі госьці напіліся чаю, Кух зварыла мяса і палажыла яго на нерпавую скуру. Купец узяў свой лядзяш і ўдарыў ім аб далонь. З ледзяшу выскачыў нейкі мяккі кавалак, нібы гнілушка. Купец наліў ваду ў кубак і сказаў Імтэургіну:
    — А ну, паспрабуй маёй царскай вады.
    Імгэургін панюхаў, але зараз жа сплюшчыў вочы і закашляўся.
    — Ох! Злая вада. Зусім як агонь! Худы госьць цмокнуў і сказаў:
    — А ну, глытні!
    Імтэургін трохі глынуў і заматаў галавой. Кутуўя таксама сербануў, ледзь перавёў духі і працягнуў кубак матцы. Кух адпіла трошкі, нейк захрыпела і дала Рультыне. Рультына сербанула і сплюшчыла вочы. Потым сунула кубак Тынатваль. Тынатваль паглядзела на Рультыну, на кубак, на ваду і асьцярожна пацягнула губамі з кубка.
    — Кусаецца, — сказала Тынатваль і выліла рэшту вады ў рог дзіцяці.
    Дзіця зайшлося, выцягнулася...
    Купец пляснуў сябе па калену і зарагатаў.
    — Мама,—сказала Тынатваль, ледзь рухаючы языком, чаму ў маленькага вочы белыя?
    — Мусіць, ад сярдзітай вады, — сказала маці, нібы праз сон.
    — Мама! — закрычала Тынатваль. — У мяне вада назад хоча выйсьці.
    Маці яе не слухала.
    Тынатваль замітусілася, потым скруцілася і нахіліла галаву бадай да самай зямлі...
    Кух, хістаючыся, дабралася да пасьцелі і павалілася на аленевыя скуры. Кутуўя прытуліўся да сьцяны, абапёршыся двума рукамі. Адзін толькі Імтэургін сядзеў вясёлы і казаў, ківаючыся:
    — Лахматы госьць! Лахматы госьць! Валасяны твар! На твары поўсьць расьце, чырвоная поўсьць, як у старой мядзьведзіхі! У вачах кавалачак лёду блішчыць! Круглыя кавалачкі лёду! Адмарозіў сабе вочы лахматы госьць!
    — Гаспадар! — тузаў яго купец. — Давай гандляваць!
    Імтэургін падняў галаву.
    Купец параскладаў вакол сябе на пасьцелі нажы, сякеры, пацеры, міскі, сухары, а потым выцягнуў з торбы пушыстую скуру пясца і памахаў ёю перад носам Імтэургіна.
    — Вось такое давай! — сказаў ён.
    Імтэургін узяў у рукі бліскучую сякеру, памацаў пальцам лязо. Потым моўчкі палез у кут і выцягнуў з мяшка адну скуру пясца, потым другую.
    — Яшчэ! — крыкнуў купец і міргнуў худому. Той некуды зьбегаў, — мабыць да нартаў, — і прынёс яшчэ дзьве скураныя торбы. З адной ён выцяг даўганосы пузаты чайнік з чырвонай медзі і цяжкі чорны кацёл, з другой — сінія, зялёныя, жоўтыя кубкі, дзьве пліткі чаю і тры вязкі пахучага ліставога тытуну.
    Імтэургін успомніў свой чайнік з пакамечанымі бакамі і з латай заместа носіка, пра свае кубкі, сабраныя з чарапкоў і сьцягнутыя раменьчыкамі.
    Ён панюхаў тытун, пастукаў па катлу, пакратаў нос чайніка і зноў палез у кут.
    — Шукай, шукай, — казаў купец. Імтэургін пачаў выцягваць з мяшка скурку за скуркай. Выцягнуў дванаццаць белых пясцоў з даўгой поўсьцю, пяць яскрава-чырвоных лісаў і дзьве скуры расамахі, з даўгімі цёмнымі валасамі.
    Купец прысеў і пачаў хутка зьбіраць скуркі, якія выцягнуў з мяшка Імтэургін. Ён ператрос іх адну за адной і перакінуў свайму работніку. Той усьміхнуўся сабе ў вусы і пачаў асьцярожна складваць скуры ў мяшкі поўсьцю ўнутр.
    А Імтэургін сядзеў і прагна пазіраў на новыя, добрыя, патрэбныя рэчы, што прывёз з далёкай ракі госьць.
    — Ну, яшчэ царскай! —сказаў купец і наліў поўны кубак. Імтэургін адразу выліў яе ў рот і сплюшчыў вочы.
    Купец паглядзеў навакол. Жанчыны ляжалі з закрытымі вачамі, дзеці таксама спалі, уткнуўшыся носам у пасьцель. Толькі адзін Кутуўя сядзеў, падкурчыўшы ногі, і не зводзіў вачэй з купца. Купец сунуў кубак і яму. Кутуўя ўзяў кубак абодвума рукамі і мыпіў не спыняючыся.
    — Ну, малады гаспадар, — сказаў купец, — пашукай у сябе ў падушцы, ці не схаваны там чорная лісічка ці блакітны пясец? Я за іх цэлую бутлю царскай вады аддам.
    Але Кутуўя нічога не зразумеў. Ды ён і не слухаў госьця, а выбег з шатра, згроб рукамі сьнег і пачаў пхаць сабе ў рот.
    Потым, хістаючыся, вярнуўся ў шацёр і заснуў, паваліўшыся на пасьцелю.
                                                                               ---
    Першым у полагу прачнуўся Імтэургін. Ён падняўся, сеў на пасьцелі і сказаў хрыпатым голасам:
    — Госьць, налі яшчэ вады! Але госьць не адгукнуўся.
    Імтэургін пацёр вочы. У полагу было цёмна. Навакол храплі.
    Імтэургін выйшаў з шатра. Пацёр сьнегам твар і галаву. У вачах у яго пасьвятлела.
    — Уставай, павесь чайнік! — сказаў ён жонцы, вярнуўшыся ў полаг. — Я піць хачу!
    Кух заварушылася, прысела і правяла рукамі па твару. Потым выпаўзла ў шацёр і пачала круціць драўлянае сьвярдзёлка, каб здабыць агонь. Агонь доўга не загараўся — рукі аслаблі.
    Пасьля доўгай важданіны Кух, нарэшце, запаліла сьвяцільню і занесла ў полаг.
    Імтэургін агледзеў сьпячых, зірнуў ва ўсе куты — купца з казаком у полагу не было. П’яныя, з чырвонымі тварамі, ляжалі на скурах Кутуўя і Рультына. Тынатваль, скруціўшыся ў камячок, прыціснулася да сьпячага сабакі.
    Тут прачнулася дзіця і заплакала. Імтэургін палажыў яму ў рот дробку тытуну. Дзіця пачало душыцца. Кух сярдзіта паглядзела на мужа, выкалупала бруднымі пальцамі з рота дзіцяці тытун і палажыла сабе ў рот.
    Потым дастала стары бязносы чайнік і павесіла над агнём.
    — Новы чайнік павесь, — сказаў Імтэургін. — З новага чайніка піць будзем.
    — Няма новага чайніка, — адказала Кух. Імтэургін паглядзеў на яе і сказаў:
    — Пашукай, жонка. Ёсьць чайнік. Я яго ўчора выменяў у лахматага, яшчэ ўзяў новы кацёл, новую сякеру, новыя кубкі — усё новае цяпер у нас будзе.
    Кух зноў пачала шукаць у полагу, потым у шатры. Яна знайшла і прынесла Імтэургіну чорны іржавы кацёл, некалькі лістоў пахучага табаку, два кубкі, сякеру і пустую бутэльку. А чайніка нідзе не было.
    — Мусіць, госьць з сабой павёз, — сказала Кух і села ля агню.
    Імтэургін паглядзеў на жонку. На шыі ў яе паблісквалі новыя каралі, нанізаныя на нітку.
    Імтэургін пайшоў у кут і выцягнуў махнаты мяшок. Гэты мех учора яшчэ быў туга напханы пясцамі, лісінымі і расамахавымі скурамі. Цяпер ён быў пусты.
    — Ашукаў госьць, — сказаў Імтэургін жонцы. — Зьвяроў узяў, а новы чайнік павёз. Пэўна другому яго пакажа і другога таксама ашукае. Так і будзе па ўсёй тундры езьдзіць з маім чайнікам.
    Імтэургін падняў новую сякеру і ўдарыў з усяе моцы па пустой бутэльцы. Бутэлька разьляцелася ўшчэнт.
    — Няхай у махнатага так разьляціцца галава! — сказаў Імтэургін.
                                                            VII. СУСЕД КАРАЎЯ
    У полагу спаў сабака. Ён падняў галаву і прыслухаўся. Потым забрахаў і выскачыў з полагу.
    — Какко! — сказаў Імтэургін. — На  дварэ шум. Можа лахматы вярнуўся?
    Імтэургін голы выскачыў з шатра. Перад шатром стаялі два алені, запрэжаныя ў вялікія нарты.
    — Караўя, гэта ты? — зьдзівіўся Імтэургін.
    — Ы-ы, — сказаў паджылы чалавек у чорнай скураной кашулі. Ён прывязваў сваіх аленяў да раменёвых петляў, якія вытыркаліся з шатра ва ўсе бакі (20).
    — Як горача ты ходзіш! — засьмяяўся госьць.
    Імтэургін успомніў, што ён голы, і тады толькі ўзялі яго дрыжыкі. Ён увесь сьціснуўся і крыкнуў:
    — Іэтты! Ідзі ў полаг! І скокнуў назад.
    — Жонка! — сказаў ён. — Вары мяса, сусед Караўя прыехаў.
    Кух разбудзіла Рультыну і раскатурхала сына.
    — Уставайце! — сказала яна. — Сусед прыехаў!
    Караўя пакінуў у шатры адзеньне і таксама голы залез у полаг. Ён прыціснуўся спачатку да Імтэургіна і панюхаў у яго за вухам, потым прыціснуўся да Кух, потым да Кутуўі, потым да Рультыны, да Тынатваль і пасьля ўсіх прыціснуў да сябе дзіця.
    — Сьпі, — сказаў ён, — як мядзьведзь расьці!
    — Гэты ў часе мяцеліцы прыйшоў, — сказаў Імтэургін. — Яшчэ двое шчанят прыйшло. Яны з намі жывуць. А два адразу пайшлі. Мы іх там у сьнег закапалі.
    Тынатваль узяла ад сабакі шчанят і падала госьцю. Госьць пакруціў іх, пагладзіў, прыціснуў да шчакі і аддаў назад Тынатваль.
    — Хай як ваўкі растуць, — сказаў ён. — Хай усіх келе прагоняць. Хай абязножжа-хваробу загрызуць.
    Імтэургін набіў тытунам люльку і даў яе госьцю. Караўя зацягнуўся і сказаў:
    — Відаць, у вас госьць з ракі быў, тытун у вас ёсьць.
    — Быў, — сказаў Імтэургін, — усіх пясцоў і лісаў у мяне ўзяў, чайнік хацеў даць, а потым паехаў і павёз а сабой.
    Караўя выцяг а рота люльку і паглядзеў на Імтэургіна. Потым спытаўся:
    — А колькі зьвяроў ты даў?
    — Усіх даў, — адказаў Імтэургін. — Болей даў, як пальцаў на руках.
    — Многа, — паківаў галавой Караўя. — А ён што даў? Імтэургін паказаў сякеру, чорны кацёл і два кубкі.
    — Толькі, — сказаў ён. — Ды яшчэ тытуну даў — вось гэта.
    — Паўфунта, — сказаў Караўя і плюнуў.
    — А ў нас у мяцеліцу алені прапалі, — сказала Кух.
    — А як прапалі? — спытаўся Караўя. — Ці ваўкі з’елі, ці ў чужы гурт пайшлі?
    Імтэургін сеў бліжэй да Караўі і сказаў, гледзячы на агонь:
    — Мы разам з сынам хадзілі. Два разы хадзілі. І няма нашых аленяў. А потым сьляды ўбачылі. Вялікага Рога сьлед, Крывой Нагі сьлед, Стракатай Лапы сьлед. Мы абрадаваліся. Ідзем-ідзем і глядзім. А тут раптам многа-многа сьлядоў. Аленевыя сьляды, лыжныя сьляды. Вялікі статак прайшоў, нашых з сабой павёў.
    — А чый статак быў? — спытаў Караўя.
    — Не ведаем.
    Караўя пасядзеў, пакурыў, падумаў, потым сказаў:
    — Вялікі статак, ты сказаў? У каго вялікі статак? У Таўрынвата. Але, Таўрынват у Гусінага возера вандруе. Ульгуўя ля Воўчай гары ходзіць. Ульгуўя сюды не прыйдзе — далёка... Хо, я ведаю, чый гэта статак быў — Эрмечынаў статак! Эрмечын (21) тут блізка сядзіць. Я каля Шчупаковай рэчкі ягонага пастуха бачыў — Тыркі бачыў.
    — Тыркі! — крыкнуў Кутуўя і ўскочыў з пасьцелі. — Я Тыркі ногі абламлю! Сваіх аленяў у яго вазьму і Эрмечынавых аленяў паразганяю.
    — Пачакай, — перапыніў Імтэургін. — Эрмечын добры сусед. Ён чужых аленяў не возьме, у яго сваіх шмат. Эрмечын нам свой чалавек. Мы з ім разам гулялі, калі маладыя былі, гусіныя яйкі ў кустах шукалі, расамаху адзін раз злавілі, палкай забілі. Дужы ён быў, Эрмечын, і я таксама дужы быў.
    Караўя паглядзеў на Імтэургіна, прыжмурыўся і паматаў галавой.
    — Свой ён чалавек, ты верна сказаў. А толькі ён суседзяў крыўдзіць пачаў. Я ў мінулы сьнег да яго за сякерай паехаў, а ад яго пехатой у мяцеліцу пайшоў Алень мой яго вялікага сабакі спалохаўся, дадому ўцёк, а сваіх аленяў ён мне не даў, пашкадаваў. Люльку ён сам курыць — госьцю не дае, а тытун у яго моцны кусачы, адным глытком сыты будзеш. Гэты тытун яму людзі з ракі прывозяць. Эрмечын з імі як добры сусед жыве, аж за тундру да іх едзе і да сябе кліча ў госьці.
    — Трэба нам усім разам да яго пайсьці, — сказаў Імтэургін, — па-добраму пайсьці, можа ён нам аленяў і аддасьць.
    — Можа і аддасьць, — сказаў Караўя.
    Кух накрышыла нажом тлустую аленевую грудзінку і палажыла перад Караўёй.
    — Еш мяса, — сказала яна.
    Пасьля яды Караўя прынёс у шацёр заднюю мядзьведжую нагу, усю белую ад сала, і даў яе Кух. Імтэургіну ён даў вэнджаную мядзьведжую галаву, Кутуўю — аркан, роўна і моцна сплецены з чатырох палос белай нерпавай скуры, Рультыне даў пакрытыя салам аленевыя ныркі, а Тынатваль — вялікую, пушыстую мядзьведжую шкуру, чорную, са срэбраным бляскам.
    — Вось падарункі. Іх прыслала вам жонка і сын Ача. А прывёз іх я, — сказаў Караўя.
    Уся сям’я ўзрадавалася падарункам, але больш за ўсіх цешыўся сам Імтэургін.
    Яны пасадзілі Караўю каля агню, а самі селі навакол, шчыльна прытуліўшыся да яго.
    — Мы не ведалі, — сказаў Караўя, паказваючы на дзіця, — што да вас новы чалавек прыйшоў. Я яму даю сваю запрэжку аленяў разам з нартамі і збруяй.
    Імтэургін схапіў дзіця і сунуў яго Караўі.
    — Вось ён, наш сын! У яго голас зычны, добра на аленяў крычаць будзе.
    Караўя прытуліў да сябе дзіця, пашморгаў шчакой аб яго сьпіну і сказаў:
    — Хай разам расьце з маім Ача — сынам.
    — Няхай! — сказаў Імтэургін.
                                                                                   ---
    Потым Караўя расказаў, як яго сям’я правяла завіруху, як ён увосень паляваў на мядзьведзя, якія пасткі ставіў на пясцоў.
    — У мяне аленяў больш, як у вас, — казаў ён, — але ў мяне адзін сын — Ача, а ў вас два сыны і дачка. Ача ў мяне маленькі, яму толькі два сьнегу. Гэта трэці сьнег будзе. І я хачу быць вашым чалавекам.
    — Добра жыць у тундры, калі сям’я вялікая, — сказаў Імтэургін. — Твой Ача добры сын. Хай ён гуляе з маім Тэу, як абодва вырастуць.
    — Наш сын Ача, яго маці, нашы алені, наш сабака і я, — сказаў Караўя, гледзячы на сьвяцільнік, — усе мы просім у вас Тынатваль нашаму Ача за жонку.
    Кух прыціснула да сябе Тынатваль і нічога не адказала.
    — Тынатваль! — спытаў бацька. — Ты хочаш гуляць з Ача?
    — Хачу, — адказала Тынатваль. —Мы б па сьнегу разам каталіся.
    — А ты, Рультына, а ты, Кутуўя, хочаце мець Ача?
    — Што ж, — сказаў Кутуўя, — свае людзі.
    — А ты, Кух? — спытаў Імтэургін жонку.
    — Караўя — наш сусед, — сказала яна. — Заўсёды мы разам жылі, адзін аднаму заўсёды памагалі, а цяпер мы будзем прасіць у яго дапамогі.
    — Добра ты сказала, — матнуў гадавой Імтэургін. — Мы цяпер галодныя засталіся, без аленяў.
    Потым ён зьвярнуўся да Караўі:
    — Мы — безаленевыя. Нашых аленяў чужы чалавек угнаў, нас галодных пакінуў. Ты гэтага не ведаў, але мы гаворым табе: мы безаленевыя засталіся.
    — Я аленяў у вас не прашу, — сказаў Караўя. Вы добрыя людзі, дужыя. Вашых аленяў чужы чалавек угнаў, або нашы алені самі ўцяклі, або ў вас аленяў ваўкі задушылі, — у гэтым вы не вінаватыя. Гэта — бяда. Трэба будзе — вазьміце маіх аленяў, трэба будзе — давайце разам жыць, ля аднаго агню есьці будзем. Мы— суседзі.
    Няхай Тынатваль будзе жонкай Ача, — сказаў Імтэургін. — Няхай Ача будзе нашым сынам.
    Кух і Рультына разрэзалі сьвежую мядзьведзіну на тоўстыя лусты і нагрэлі ваду ў старым чайніку. Пасьля вячэры яшчэ пагутарылі трохі і паляглі спаць.
                                                                                 ---
    Караўю налажылі пасярэдзіне ёрангі, на самае цёплае месца, а жанчыны ляглі бліжэй да сьвяцільні, каб ноччу глядзець за агнём, не даваць яму згаснуць.
    Доўга ўсе спалі ў ёранзе і не пачулі, як досьвіткам да шатру пад’ехала сям’я Караўі на шасьці нартах і дванаццаці аленях. Перад ездавымі аленямі бег невялікі статак аленяў — гадоў шэсьцьдзесят.
    Сабака ў шатры забрахаў і разбудзіў людзей. Караўя падняўся першы, за ім Імтэургін, потым Кутуўя і жанчыны. Толькі дзеці нічога не чулі і спалі моцна, як уначы.
    Людзі адзеліся і, пакінуўшы дзяцей у цёплай ёранзе, вышлі сустракаць гасьцей. Мужчыны сталі намагаць Тыліму — брату Караўі — распрагаць аленяў, а жанчыны прывялі ў шацёр жонку Караўі, памаглі ёй разьдзецца, завялі ў полаг і прынесьлі туды ж двухгадовага Ача.
    Пакуль госьці разьмяшчаліся, Кух запаліла агонь.
    — Тынатваль, уставай, твой муж прыехаў! — сказаў Імтэургін і падняў на рукі сонную дачку, але зірнуўшы на яе сьпіну, раптам закрычаў:
    —А-ка-ка! Ты зноў брудная!
    Дзяўчынка заплакала і сказала:
    — Я толькі мокрая.
    — Не, — сказаў Імтэургін і павярнуў яе сьпіной да гасьцей.
    — Нічога, — суцешыў Караўя. — Гэта яна ўва сьне. Яна яшчэ маленькая.
    Імтэургін нічога не адказаў і падцягнуў да Тынатваль сабаку. Сабака начыста аблізаў ёй сьпіну, потым вылізаў мокрую пасьцелю і спакойна адышоўся.
    Жонка Караўі тымчасам разьвязала скураны мяшок і выцягла адтуль Ача. Яна пакарміла яго грудзямі і пасадзіла побач з Тынатваль на скураную пасьцелю.
    — Гэта твая жонка, — сказала яна Ача.
    Але Ача раптам сплюшчыў вочы, надзьмуў абветраныя рудыя шчокі і заплакаў так зычна, што шчаняты ў куце прачнуліся і запішчалі.
                                                           VIII. ВАНДРАВАНЬНЕ
    Раніцою жанчыны разабралі шацёр. Згарнулі яго і палажылі на нарты. На другія нарты пачалі складваць полаг, пасьцелі, посуд, марожаныя кавалкі мяса, розныя хатнія рэчы.
    Калі ўсё было складзена, на нарты ўселіся людзі і рушылі ў дарогу.
    Імтэургін-бацька паехаў наперадзе на лёгкіх нартах. Ён сядзеў на іх верхам і кіраваў нагамі — то правай, то левай. За ім ехаў Караўя, таксама на лёгкіх нартах, а за ім беглі на лыжах Кутуўя і Тылім і гналі перад сабой аленяў.
    За мужчынамі на шырокіх важкіх нартах цягнуліся жанчыны. Спачатку Кух. Яна сядзела на згорнутым і перавязаным рэмянямі шатры.
    Да гэтых нартаў былі прывязаны другія, такія самыя шырокія, і на іх, абкладзеныя вялікімі мяхамі і захутаныя ў скуры, сядзелі Тынатваль і Тэў.
    Потым ехала жонка Караўі, а ззаду ад усіх ехала Рультына. Яе нарты, нагружаныя марожаным мясам і посудам, цягнулі два стракатыя алені.
    На тым месцы, дзе яшчэ сёньня раніцою стаялі шатры, цяпер відаць былі толькі дзьве чорныя ямы, а навакол — стаптаны людзьмі і зрыты аленямі шараваты сьнег.
    Сям-там пазаставаліся кавалкі бурай аленевай поўсьці, абгрызеныя начыста косьці ды арэшкі аленевага гною.
    Як толькі людзі крыху ад’ехалі, да ямін прыляцеў крумкач. Ён пакруціўся над імі, каркнуў і, распусьціўшы крыльлі, апусьціўся на зямлю. Пастаяў на адным месцы. Скокнуў некалькі разоў па сьнегу. Потым пераляцеў на самы бераг ямы і пачаў дзюбаць абгрызеную людзьмі аленевую костку.
                                                                                      ---
    Цэлы дзень у тундры рыпалі полазы нартаў і ляскалі аленевыя капыты. Ад дыханьня аленяў па абодва бакі каравана зьбіраўся густы шараваты туман. Вялікім пушыстым хвастом цягнуўся ён назад, асядаў і падаў на зямлю сьнегам.


    Тынатваль, зьвесіўшыся з нартаў, плявала на сьнег і глядзела, як сьліна ледзянымі шарыкамі кацілася назад. Каўнер у яе пакрыўся марозам і пачаў калоць шыю і шчокі. Яна хацела страсянуць яго, але не магла паварушыць рукой. Шырокія рукавы скураной адзежы моцна былі прывязаны да нартаў. Тынатваль прыпадняла плечы, вырвала адну руку з рукава і счысьціла са свайго каўняра зацьвярдзелы сьнег.
    Потым яна склала рукі і засунула іх пад пахі, а пустыя рукавы так і засталіся прывязанымі да нартаў.
    Побач з Тынатваль ляжаў абмотаны рамянямі маленькі Імтэургін. Ён быў загорнуты ў тую самую скураную адзежу, у якую яго засунулі, калі ён нарадзіўся. Поўсьць у сярэдзіне была мокрая, а цяпер у дарозе яна зацьвярдзела ад марозу і ахапіла дзіця калючай і пякучай ледзяной карой. Дзіця пачало плакаць, а потым і хрыпець. Тады Кух адкалупнула нажом кавалак замарожанай пячонкі, пажавала яго і сунула сыну ў рот.
    Маленькі Імтэургін адразу змоўк.
    Доўга ехалі людзі па тундры. Ехалі датуль, покуль алені не пачалі цяжка дыхаць і кашляць.
    Імтэургін-бацька спыніў пярэднія нарты, а за ім спыніліся і ўсе вандроўнікі.
    Людзі зышлі з нартаў на няроўны, падрапаны ветрам сьнег і паглядзелі ўгару.
    Белае неба спусьцілася за той бераг тундры, і адкрылася другое неба ў сьветлых дзірках, нібы прабітых стрэламі.
    — Гэта сьвятло ад трэцяга неба відаць, — сказаў Імтэургін, паказваючы на сьвежыя дзіркі.
    — Пэўна там, на трэцім небе, цёпла, — сказаў Тылім і пацёр сваю памарожаную правую шчаку аб плячо.
    — Але, — сказаў Імтэургін, — дзе сьветла, там і цёпла. Мабыць, там цяпер лета.
    Мужчыны распраглі аленяў, а жанчыны вытапталі ў сьнезе яму і над ямай паставілі шацёр. Унутры шатра нацягнулі спальны полаг і парасьцілалі аленевыя скуры.
    Тут толькі Кух адвязала дзяцей і занесла іх у полаг. Яна хутка разьдзелася сама і хацела было разьдзець сына, але зьледзянелае махнатае адзеньне прымерзла да яго скуры. Кух пачала паціхеньку адрываць адзежу ад цела хлопчыка. Маленькі Імтэургін не варушыўся і не крычаў, і маці думала, што яму не баліць.
    — Еш, — сказала яна і прылажыла да сваіх грудзей, але ён заматаў галавой.
    Кух страсянула яго і ткнула яму ў рот палец, але рог быў шчыльна сьціснуты, а з боку яго вытыркаўся мерзлы кавалак пячонкі. Хлопчык цяжка дыхаў носам. Маці хацела выкалупнуць гэты лядзень у яго з рота, але пячонка моцна прымерзла да губ і языка. Тады Кух прасунула яму ў рот свой язык, адагрэла зьледзянелую пячонку і выкінула яе прэч.
    Тады ўжо хлопчык ачуняў і заплакаў.
    Тым часам жонка Караўі і Рультына прынесьлі ў полаг дзьве запаленыя сьвяцільні і павесілі над імі чайнік і кацёл, набітыя сьнегам.
    Кух паднесла дзіця да сьвятла і ўскрыкнула: уся скура на яго бруднай, ніколі не мытай сьпіне была абадраная і скрываўленая.
    — Гляньце, у Тэў сьпіна паласатая зрабілася, — сказала Тынатваль.
    Кух гукнула сабаку і паднесла дзіця да самай яго морды. Сабака пачаў асьцярожна зьлізваць кроў з абдрапанай сьпіны. Маленькі Імтэургін крычаў і дрыгаў нагамі, а маці гладзіла сабаку па сьпіне і казала:
    — Добра залізвай, новую скуру зрабі, моцную, як твая скура, зрабі.
    Сабака аблізаў дзіця ўсяго — удоўж і ўпоперак, ад патыліцы да пятак — і адышоўся прэч.
    Тады маці ўзяла са сьвяцільні кавалак аленевага сала, пажавала яго, выплюнула на далонь і пачала націраць раны дзіцяці.
    Мужчыны тым часам сабраліся ўсе ў полагу, пад’елі мяса і паляглі спаць. А жанчыны селі вакол сьвяцільніка і ўзяліся папраўляць адзежу і абутак. Кух зашыла дзіру ў ботах мужа. Потым узяла яго скураныя панчохі, вывернула іх навыварат і павесіла сушыцца на рамень, працягнуты праз увесь полаг. Панчохі былі цяжкія ад поту і вельмі сьмярдзелі. Кух адсунула іх далей ад сьпячых людзей.
    — Вельмі пахнуць, — сказала яна жанчынам. — Але адзежа Тэў яшчэ горш пахне. Сын, відаць, будзе мацней за бацьку. Спрытны паляунік будзе, — гэта добра.
    А сын круціўся ў гэты час пад аленевай скурай і соп. Ён быў такі гарачы, што Тынатваль паднялася і сказала матцы:
    — Вазьмі брата, ад яго вельмі горача. Ён штурхаецца і спаць не дае.
    Кух налажыла дзіця далей ад Тынатваль і сама лягла паміж іх.
                                                                              ---
    Імтэургін-бацька прачнуўся яшчэ досьвіткам і раскатурхаў усіх астатніх. Караўя падняўся сам, а Кутуўю і Тыліма прышлося падняць сілком і пасадзіць ля агню, каб яны прачнуліся.
    — Як мядзьведзі абодва, — казаў Караўя, — усю зіму могуць праспаць, калі іх не разбудзіць. Маладыя яшчэ.
    Але Кутуўя і Тылім ужо пацягваліся і церлі вочы. Хутка ўсе мужчыны выпаўзьлі з полага ў халодны шацёр.
    Там яны зьнялі з рамянёў сваё адзеньне, страсянулі з яе намаразь і апранулі на голае цела. Ад адзежы зрабілася яшчэ халадзей.
    Усе чацьвёра выскачылі з шатра і пабеглі лавіць аленяў.
    Сьвятла было яшчэ мала, і толькі звыклае вока магло разгледзець у тундры вялікую шэрую пляму. Гэта былі алені, якія ад холаду зьбіліся ў кучу. Пар ад дыханьня стаяў над імі, як туман.
    Мужчыны пералавілі аленяў і зноў запрэглі іх у нарты. На стаянцы іх ужо чакалі захутаныя ў махнатыя скуры жанчыны і дзеці, шацёр быў згорнуты і ляжаў на сьнезе.
    Абедзьве сям’і расьселіся ў нартах, як і раней: наперадзе паехаў Імтэургін, а ззаду Рультына на стракатых аленях. Толькі маленькага Імтэургіна на гэты раз маці палажыла на свае нарты, а Тынатваль паехала адна.
    Па дарозе ёй зрабілася нудна. Яна азірнулася назад і зацмокала губамі. Увесь белы ад сьнегу, вынырнуў з сумёту сабака і з разьбегу ўскочыў да яе на нарты.
                                                         IX. ЗЯЛЁНЫ ШАЦЁР
    Караван набліжаўся да Эрмечынавага стойбішча. Здалёк яшчэ людзі ўбачылі над зямлёй хмару густога туману. Імтэургін павярнуўся да сваіх і крыкнуў:
   — Хо! Многа людзей тут стаіць. Вялікі збор жыльля.
    Ён сьцебануў даўгой пугай аленяў.
    З туману выступілі верхавіны шатроў, і стала чутно, як гавораць людзі, брэшуць сабакі і стукаюць рогі аленяў.
    Ля першага шатра Імтэургін спыніўся. Тут ужо гасьцей чакаў натоўп мужчын, жанчын і дзяцей. Усе былі ў скураных кашулях, стракатых, сьвяточных. У аднаго быў каўнер з чорнай расамахі, у другога шэрая воўчая шапка, у трэцяга чырвоная лісіная аблямоўка на кашулі і белыя рукавіцы з пясцовых лап. Людзі крычалі, сьмяяліся, сноўдаліся між шатрамі.

    — Йэгты! Да мяне паедзем! — крыкнуў паджылы чалавек і паставіў нагу на полаз Імтэургінавых нартаў.
    — Пельпель! — весела сказаў Імтэургін. — Як сядзіш Пельпель? Як твае алені ходзяць? Як зьвяроў лавіў Пельпель?
    — Едзем да мяне, усё раскажу, — сказаў Пельпель і падсеў да Імтэургіна.
    Яны паехалі на той канец стойбішча к шатру, пакрытаму дзіравымі, пашмулянымі скурамі. Там прывязалі аленяў да рэмянёвых петляў і палезьлі ў полаг.
    Рэшта нартаў таксама пад’ехала да шатра Пельпеля і хутка ўвесь шацёр напоўніўся людзьмі.
    У полагу было горача і дымна. Госьці і гаспадары паселі вакол агню і пачалі крышыць аленевыя косьці У костках было многа сьвежага мозгу. Калі ўсе пад’елі, Пельпель пакашляў і пачаў расказваць:
    — Я гэтую восень усё на ўскраю лесу вандраваў. Уткучыны ставіў. Многа пясцоў злавіў, вялікіх, валасатых. Добра. Потым да нас рачны госьць прыехаў, вялікі нож прывёз, кацёл прывёз, чайнік прывёз, новы чайнік з чырвонай медзі. Усіх пясцоў у мяне госьць узяў. А ў ночы ціхенька да Эрмечына пайшоў і чайнік з сабою панёс. Шкада чайніка, і пясцоў шкада.
    — Рачны госьць у цябе быў? — усхапіўся Імтэургін. — А на твары ў яго былі валасы?
    — Былі, — адказаў Пельпель, — увесь твар чырвонымі валасамі зарос.
    — Цяпер мяне слухайце, — сказаў Імтэургін. — Такі госьць у мяне таксама быў. Таксама медны чайнік паказваў, а потым назад паехаў.
    — Зьвёз? — пераспытаў Пельпель.
    — Зьвёз. І чайнік павёз, і ўсіх зьвяроў павёз.
    — Вось які дрэнны, — сказаў Пельпель. — Я з ім біцца хачу, толькі ён нікуды не выходзіць. Усё ў шатры сядзіць.
    — Тут сядзіць?
    — Тут, у Эрмечына. Сабак сваіх аленевым мясам корміць.
    — А чайнік яшчэ ў яго?
    — Не. Эрмечыну аддаў.
    — Я да яго іду! — сказаў Імтэургін і пачаў апранацца.
    — Я таксама іду! — сказаў Пельпель.
    — І мы ідзем! — сказалі Тылім і Кутуўя.
    Мужчыны падняліся і пайшлі к шатрам Эрмечына.
    Пасярод стойбішча стаяў вялікі, цёмны, амаль чорны шацёр. Ён быў пашыты з новых аленевых скур. Імтэургін паглядзеў на яго зьнізу ўверх і сказаў:
    — Вось які вялікі! Усіх маіх аленяў закалоць, — і то не будзе такі шацёр.
    Побач з чорным на трох нартах, пастаўленых разам стаяў другі шацёр, пакрыты зялёным сукном. Над уваходам вісела мядзьведжая шкура. Гэта быў паходны шацёр Эрмечына.
    Пельпель прыпадняў мядзьведжую шкуру і прасунуў галаву ў зялёны шацёр.
    — Госьць! — крыкнуў ён.
    Нехта кашлянуў унутры шатра, засоп, заварушыўся. З-за шкуры высунулася валасатая рука, потым чырвоны заспаны твар.
    — Ён! — сказаў Імтэургін.
    — Дзе мой чайнік? — спытаў Пельпель.
    Купец пазяхнуў і сказаў нешта па-свойму.
    — Чайнік аддай! — сказау Кутуўя, ухапіўшыся за край мядзьведжай шкуры.
    Купец вырваў шкуру ў яго з рук і зноў зікрыў уваход.
    Тады Пельпель зноў адсунуў шкуру і шмыгнуў у шацёр.
    У шатры спачатку было ціха, а потым загаварыў Пельпель. Слоў яго нельга было разабраць, толькі чуваць было, што ён гаворыць пра чайнік.
    Раптам мядзьведжая шкура ўздрыганулася, заварушылася, і з-пад яе выкаціўся Пельпель без шапкі. Пасьля гэтага мядзьведжая шкура зноў закрыла ўваход у шацёр.
    Пельпель ускочыў і ўхапіўся за нож.
    — Не трэба! — крыкнуў Імтэургін і схапіў яго за руку.
    — Пусці! — вырваўся Пельпель. — Я біцца хачу!
    Імтэургін абхапіў Пельпеля рукамі і разам з ім паваліўся на сьнег.
    А тым часам Кутуўя, Тылім і яшчэ некаторыя людзі са стойбішча сарвалі мядзьведжую шкуру і вывалаклі з шатра купца. Ён быў на паўгалавы ніжэй за Тыліма і на галаву ніжэй за Кутуўю, але затое таўсьцейшы за іх абодвух.
    — У сьнег кідай! — крыкнуў Кутуўя. Ён прыпадняў купца і з размаху пасадзіў у сумёт. Купец нібы праваліўся пад зямлю, толькі пучок рыжых валасоў вытыркаўся з-пад сьнегу.
    Усе навакол засьмяяліся. А Пельпель ускочыў на гурбу сьнегу, дзе варушыўся купец, і пачаў прытоптваць нагамі, прыгаварваючы:
    — Вось табе чайнік! Вось табе чайнік! Вось табе пясцы!
    Тылім таксама паваліўся на сумёт і пачаў калаціць па ім рукамі і нагамі. Сумёт варушыўся і рыкаў.
    — Лаві ліса за хвост! — крыкнуў Кутуўя і ўхапіўся за рыжую кучму валасоў.
    Навакол яшчэ больш засьмяяліся.
    — Не трэба болей, — сказіў Імтэургін. — А то вы яму ўсе косьці пераломіце, памрэ яшчэ. А тады людзі са стрэльбамі з-за лясоў прыйдуць. Вялікая вайна будзе.
                                                                                 ---
    Людзі ішлі назад, нібы з добрага паляваньня. Успаміналі і паказвалі рукамі, як яны саджалі купца ў сьнег.
    — Цяжкі, а брыкаецца як алень.
    — А валасы ў яго на твары моцныя. Я торгаў, торгаў — не вырываюцца.
    — А я яго ў бруха нагой.
    — А я яго ў пячонку, пад рабро.
    Калі прышлі да Пельпеля, полаг не мог зьмясьціць усіх. Паднялі сьценку полага і паселі на шкурах па ўсяму шатру.
    Імтэургін напхаў шырокую люльку чорным тытунам са стружкамі лістоўніцы і спытаў у Пельпеля:
    — А потым што было?
    Пельпель сеў на сваё ранейшае месца і сказаў:
    — Вандраваў я ў гэтую восень усё па ўскраю лесу, уткучыны ставіў, многа пясцоў злавіў, вялікіх пясцоў. А потым вецер пачаўся, засыпаў нас сьнегам, сьцежкі шатра моцна прыціснула. Вось сядзім мы тут, і слухаем. Навакол вецер ходзіць, рознымі галасамі крычыць. Потым нехта наверх палез і пачаў шацёр драпаць. Прама над галавой. Я спалохаўся. Думаю, гэта келе прыйшоў, нас з’есці хоча. А жонка і дыхаць не можа з перапуду. Слухаем... Раптам ён зьверху на падлогу скокнуў. Я таксама спыніў дыханьне. Жонка мне ціха кажа:
     “— Слухай, ён там у шатры мяса грызе”.
    Я прыслухаўся. Праўда. Ходзіць ён па шатру і зубамі скрыгоча. Да самага полага падыходзіць, а потым у другі канец ідзе і ўсё грызе, грызе.
    — Кажу жонцы:
    “— Добра, хай мяса грызе. Калі сыты будзе, нас не закране”.
    Усю ноч мы не спалі, усё слухалі, як вялікі келе ў нас у шатры мерзлае мяса грызе.
    Сядзелі мы гэтак, сядзелі і я піць захацеў. І дзіця заплакала, таксама піць просіць. Трэба па сьнег у шацёр пайсьці. А вылезьці з полага баюся. Сяджу ля самага ўваходу з нажом у руцэ, чакаю, пакуль келе да нас у полаг галаву прасуне.
    А піць усё больш хочацца. Я прыціснуўся вухам да сьценкі, слухаю, можа ён блізка дзе-небудзь. Не, далёка грызе, у тым куце, дзе мяса ляжыць.
    Я тады полаг крыху прыпадняў і зірнуў адным вокам — цёмна, нічога не відаць. Я ўзяў сьвяцільню і выставіў яе з полагу. У шатры сьветла зрабілася.
    Гляджу — па сьцяне цень ходзіць, вялікі-вялікі, на ўсю сьцяну. Сьпіна гарбом, рот зубаты, вушы пушыстыя, угару тырчаць, а хвост шырокі, доўгі, махнаты — аж на другую сьценку заходзіць. Думаю: які гэта зьвер? Больш за мядзьведзя, а вушы і хвост, як у ліса, а рот як у ваўка. Самога зьвера я яшчэ не бачу, а толькі яго цень бачу.
    А зьвер раптам як гаўкне, нібы маленькі сабака.
    Пясец!
    Я засьмяяўся і кажу жонцы:
    “— Пясец!”
    А жонка торгае мяне за руку і кажа:
    “— Навошта сьмяесься? Можа гэта келе ў пясца ператварыўся. Яны хітрыя.
    Я назад у полаг схаваўся. Зноў спалохаўся. Потым пачакаў, пачакаў ды яшчэ раз з полага выглянуў, гляджу — зьвер маленькі, нізенькі. Я крыкнуў на яго, кулаком пагразіў, а ён увесь сьціснуўся, яшчэ меншы зрабіўся. Ну, тады я выскачыў у шацёр, затупаў нагамі, закрычаў, а ён зусім у кут зашыўся. Тут я злавіў яго і абодвума рукамі шыю яму прыціснуў. Добры пясец. Калі за хвост яго ўзяць, поўсьць вушы пакрывае. Во які пясец. Я яго потым купцу за чайнік аддаў.
    — Добра ты расказаў, — матнуў галавой Імтэургін, — а цяпер мяне слухайце.
    І ён расказаў аб тым, як у мяцеліцу згубіліся яго лепшыя алені.
— Мы не ведаем, — казаў ён, — хто загнаў нашых аленяў са сваім статкам. Толькі рамяні на лыжах у таго чалавека без надставак, і сьляды яго ў сьнезе былі глыбокія. Відаць, дужы гэты чалавек. Такі ўсю зіму на нагах праходзіць, самага вялікага ветру не пабаіцца. Я таксама ветру не баяўся, калі малады быў. Таксама зімой ля агню не сядзеў, аленяў пасьвіў. А цяпер не магу. Мяса ў нас мала, і сілы ў мяне такой няма.
    — Няправільна ты гаворыш, — сказаў Пельпель. — Ты ў нас і цяпер самы дужы пастух. Нават наш Эрмечын цябе не здужае. У яго і косьці танейшыя і жылы слабейшыя. А вось бацька яго, стары Эрмечын, дык той жывога аленя на сябе цягаў. Сабачыя людзі думалі — на іх алень ідзе, і не стралялі с сваіх стрэльбаў. А ён блізка да іх падыдзе, скіне з плячу аленя і з кап’ём на іх кідаецца. Усіх забіваў, а потым на аленя садзіўся і назад скакаў. Вось які ён быў воін!
    — А хто ж гэта аленяў у вас забраў? — спытаў Імтэургіна малады дзяцюк, Тыркі.
    — Ты сам лепш ведаеш, хто забраў нашых аленяў, — адказаў Кутуўя. — Ты Эрмечынавых аленяў пасьвіш. Ваш табун за гэтую мяцеліцу, мусіць, большым зрабіўся. Усе паглядзелі на Тыркі, а Пельпель сказаў:
     Эрмечыну аленевыя скуры цяпер асабліва патрэбны. Ён у сабачых людзей многа рэчаў бярэ, нажы бярэ, сякеры бярэ, катлы бярэ, а цяпер зялёнае адзеньне на шацёр узяў. Шмат скур павінен ён аддаць за гэта.
    — У яго і сваіх аленяў вялікі табун, — сказаў Тыркі. — Навошта яму чужых браць?
    — Праўда, вялікі табун, — сказаў Пельпель. — Толькі сваіх аленяў яму шкода. А прыстане да статка чужы алень, ён яго зарэжа і скуру сабачым людзям за жалезныя рэчы аддасьць.
    — Дрэнна ты гаворыш, — сказаў Тыркі. — Эрмечын усе жалезныя рэчы вам раздае, сабе бярэ зусім мала.
    — Сам ты дрэнна гаворыш, — адказаў яму Пельпель. — Што ён нам дае? Старому Мітхіргіну адну сякеру даў, а ўзяў у яго многа аленяў. Стары Мітхіргін цяпер далёка ад нас адышоў і можа з голаду там памёр.
                                                                      X. ЭРМЕЧЫН
    Раніцою ў шацёр Пельпеля ўвайшоў высокі чалавек у шапцы з воўчай скуры. Ён прыпадняў полаг і сказаў:
    — Уставай, Пельпель, сабачыя людзі едуць. Пельпель падняўся і пацёр вочы.
    — Сабачыя?
    — Але, людзі прыедуць, начальнікі. Трэба добра іх спаткаць.
    Пельпель адзеўся і пайшоў к Імтэургіну, які начаваў у сваім шатры, побач з шатром Пельпеля.
    — Да мяне Эрмечын прыходзіў, — сказаў Пельпель, — сабачыя людзі да нас едуць, кажа.
    Імтэургін паставіў на зямлю кубак з чаем і паглядзеў на Пельпеля.
    — Адкуль сабачыя людзі?
    — Эрмечын кажа — начальнікі. Сустракаць, кажа, іх трэба.
    За спіной у Імтэургіна ляжалі Кутуўя і Тылім. Абодва яны павярнуліся тварам да Пельпеля.
    — Можа гэта тэк-эрэм едзе (22)?—сказіў Тылім. — Ен заўсёды ў гэты час прыяжджае.
    — Можа і тэк-эрэм. Тылім падняўся з пасьцелі і пачаў адзявацца.
    — Ты куды? — спытаў яго Кутуўя.
    — Я к сабе у шацёр пайду, скажу брату: тэк-эрэм едзе.
    Тылім вылез з шатру. За ім вышлі Пельпель, Імтэургін і Кутуўя.
    Паміж шатроў хадзіла многа народу. Усе глядзелі з-пад далоняў на тундру. Жанчыны расказвалі адна адной: двое на сабаках здалёк едуць, жалеза вязуць, адзежу вязуць, траву для люлек. Кажуць, дарма ўсё даваць будуць
    — А хто гэта кажа? — спытаўся Імтэургін.
    — Эрмечын гэта кажа, да яго адзін сабачы чалавек ужо прыехаў, адказалі жанчыны.
    Усе пайшлі к чорнаму шатру Эрмечына. Ля шатра стаялі доўгія нарты, чужыя махнатыя сабакі хрумсталі марожанае мяса.
    Пельпель, Імтэургін і Кутуўя ўвайшлі ў шацёр.
    Пасярэдзіне шырокага шатра гарэлі сьвяцільні, поўныя аленевым салам, а над імі ў двух катлах варылася мяса.
    У пярэднім куце, каля прыпаднятай сьценкі полага, сядзела двое людзей. Яны пілі чай. Адзін з іх быў сам Эрмечын. Ён сядзеў зусім голы. Цела ў яго было потнае і чырвонае. Другі чалавек, тонкі, даўгавусы, быў апрануты ў шэрае адзеньне з бліскучымі гузікамі. Ён павольна сёрбаў чай са сподка і пасьля кожнага глытка разгладжваў вусы.
    Імтэургін і Кутуўя селі побач з гаспадаром і сьцягнулі з сябе праз галаву кашулі.
    Жанчына з тугімі чорнымі касамі і чырвоным тварам, жонка Эрмечына, паправіла на круку вялікі медны чайнік.
    — Глядзі, гэта мой новы чайнік, — ціха сказаў Імтэургін, штурхануўшы локцем Пельпеля.
    Пельпель дакрануўся да гарачага чайніка пальцам.
    — І мой таксама, — сказаў ён, дзьмухаючы на руку, — я за гэты чайнік сваіх пясцоў аддаў.
    Эрмечын паглядзеў на іх і крыкнуў жонцы:
    — Кармі гасьцей чаем!
    Госьці пачалі моўчкі піць чай. Выпілі па кубку, па другому, па трэцяму. Гаспадыня ўсё ніжэй і ніжэй нахіляла чайнік, потым яна зьняла чайнік з крука і пайшла набіваць яго сьнегам.
    Тут Эрмечын выцер потны твар лісіным хвастом, кашлянуў і сказаў:
    — Да нас тэк-эрэм едзе. І рускі шаман таксама едзе.
    — З чым едуць? — спытаўся Пельпель.
    — З добрым едуць, — адказаў Эрмечын. — Падарункі вязуць.
    — Сабачыя людзі падарункаў дарма не даюць, — сказаў Пельпель. У гэты момант у шацёр прасунулася галава Тыркі.
    — Сабакі бягуць! — крыкнуў ён.
    Усе напялі на сябе кашулі і вышлі вон. Далёка на белым сьнезе, нібы доўгія чарвякі, віліся запрэжкі.
    Сабакі на стойбішчы здалёк пачулі чужых сабак і сярдзіта забрахалі. Ім адказаў ледзь чутны сабачы віск. Потым зарыпалі палазы нартаў.
    Пяць нартаў, пяць запрэжак. Відаць ужо, колькі сабак у кожнай запрэжцы.
    — Госьці прыехалі! — закрычаў Тыркі.
    На пярэдніх двух нартах, прывязаных адна да другой, сядзелі два чалавекі ў даўгіх кухлянках (23), Побач з першай запрэжкай бег каратканогі чалавек у высокай шапцы і скураной кашулі да калень. Чалавек крычаў і махаў кіем.
    — Добра бегае, дужы чалавек, — сказаў Эрмечын, — Другія нарты далёка засталіся.
    Трыма заднімі нартамі, таксама зьвязанымі разам, кіраваў другі чалавек. Гэты сядзеў на нартах бокам і стукаў кіем па перадку. На яго нартах ва ўсю даўжыню ляжалі вялікія мяхі.
    Людзі са усяго стойбішча сабраліся перад шатрамі.
    — Той, той! — закрычаў каратканогі чалавек і, сунуўшы кій між палазоў, спыніў першыя нарты.
    Сабакі адразу селі і ткнуліся ў сьнег сваімі мордамі з высунутымі языкамі.
    З натоўпу. штурхаючы людзей, выскачыў Эрмечын. Ён падбег да пярэдніх нартаў і пачаў высаджваць чалавека ў стракатай кухлянцы. Чалавек вылез, страсянуўся, патупаў вялікімі махнатымі ботамі. Потым абапёрся аб плячо Эрмечына і павольна пайшоў у чорны шацёр.
    Другі чалавек у кухлянцы сам падняўся і пайшоў за імі.
    Маладыя хлопцы са стойбішча праціснуліся былі ў шацёр, але Эрмечын гыркнуў на іх, і яны неахвотна пайшлі прэч.
    — А я ўсё ж такі пасьпеў паглядзець на сабачых людзей, — сказаў Кутуўя. — Зусім чужыя людзі. Я такіх яшчэ не бачыў. У аднаго чырвоныя латы на плячах, а ў другога шырокія рукавы, шырэйшыя за мае штаны (24).
    — Я таксама трохі паглядзеў, — сказаў Тылім. — У аднаго валасы кароткія, у другога даўгія, даўжэйшыя як у Кух.
    Доўга яшчэ хадзілі хлопцы між шатрамі, і толькі калі пачало цямнець, разышліся па шатрах.
    Ціха зрабілася на стойбішчы. Толькі ў шатры Эрмечына доўга яшчэ рухаліся прыежджыя людзі. Яны пераносілі з нартаў у шацёр вялікія мяхі з тоўстымі, тугімі бакамі.
                                                           XI. САБАЧЫЯ ЛЮДЗІ
    — Слухайце, аленевыя! — сказаў на другі дзень раніцою чалавек з чырвонымі латамі на плячах. — Вялікі цар, начальнік сонца, вам падарункі прыслаў, вунь яны ляжаць.
    Чалавек паказаў на кучу скураных мяхоў.
    — Мяшкі ўчора таўсьцейшыя былі, — сказаў Імтэургін. — За ноч шчуплыя зрабіліся. Адна скура засталася.
    Чалавек з чырвонымі латамі на плячах раптам змоўк і паглядзеў на Імтэургіна.
    — Ты дрэннае гаворыш, — сказаў ён. — Думаеш, мы сабе ўзялі?
    — Можа і сабе ўзялі, — сказаў Кутуўя з-за бацькавага пляча. — Мяхі ўчора большыя былі.
    — Гэта хто там языком трэпле? А ну, хадзі сюды! — закрычаў чалавек з чырвонымі латамі і пачаў шукаць вачыма Кутуўю.
    Але ў гэты час другі госьць, чалавек з шырокімі рукавамі, выйшаў наперад і падняў угару медную палку з папярэчынай. Ён махнуў гэтай палкай уверх, уніз, направа, налева і загудзеў густым голасам, як мядзьведзь з бярлогу.
    Жанчыны падаліся назад ад яго і схаваліся за сьпіны мужчын. Але чалавек з шырокімі рукавамі апусьціў медную палку, а ў гэты час каратканогі вынес з шатра драўляную скрынку і паставіў яе на нарты.
    Чалавек з шырокімі рукавамі выцягнуў са скрынкі бліскучую адзежу і апрануў на сябе праз галаву, потым выцяў адтуль жа стракатыя дошкі і медную міску на трох даўгіх ланцужках. Міску ён перадаў каратканогаму, а дошкі паставіў на нартах, прысланіўшы да мяшкоў.
    — Гляньце, гляньце! — закрычалі жанчыны. —У яго з дошак людзі глядзяць. Вочы круглыя, твары даўгія.
    Чалавек у бліскучым убраньні дакрануўся да кожнай дошкі губамі. Потым узяў у каратканогага медную міску з ланцужкамі.
    З міскі пайшоў сіні дым.
    — Дрэнна пахне, — сказаў Караўя і адвярнуўся, — быццам нерпавую скуру смаляць.
    Імтэургін панюхаў паветра і сказаў: — Так гарнастай сьмярдзіць, калі ў пастку трапіць.
    Чалавек у бліскучым убраньні ўзяў міску за канцы ланцужкоў, замахаў ёю перад сабой і зычна засьпяваў.
    — Тоўсты ў яго голас, аж у вушы не лезе, — сказалі жанчыны. — А вось адзежа ў яго добрая. Дзе такую ўзяў? Можа ў ягоных аленяў скура такая сьветлая?
    А чалавек усё махаў міскай. Ён паварочваўся да людзей то сьпіной, то тварам, павольна хадзіў перад імі ўзад і ўперад, кланяўся і ўвесь час гучна сьпяваў.
    А калі ён спыняўся, пелі другія госьці: чалавек з чырвонымі латамі на плячах, каратканогі чалавек і рыжы госьць з зялёнага шатра. Рыжы госьць стаяў у баку, галава ў яго была абвязана хусткай, а з-пад хусткі высоўваўся пук чырвоных валасоў. Ён пеў тонкім, як у жанчыны, голасам, а другія два пелі зычна і хрыпата.
    Потым усе апусьціліся на калені, стукнуліся галавой у самую зямлю і ўсталі.
    Чалавек у бліскучым убраньні зноў падняў сваю палку з папярэчынай, і ўсе госьці адзін за адным пацерліся аб яго палку сваімі бародамі. Пасьля таго ён зьняў з сябе бліскучае адзеньне, схаваў яго ў скрыню разам з дошкамі і міскай і пайшоў у шацёр. За ім, кульгаючы, пайшоў рыжы госьць.
    Людзі са стойбішча стаялі, як прымерзлыя, і глядзелі яму ў сьпіну.
    — Глядзі, кульгае, — сказаў Кутуўя і паказаў пальцам на рыжага госьця.
    — І галаву сабе завязаў, — дадаў Тылім.
    — Аленевыя людзі! — раптам закрычаў чалавек з чырвонымі латамі. Мы вам добрыя падарункі прывезьлі. Бяры, што хочаш і давай што хочаш. Хоць ваўка, хоць пясца, лісіцу, выдру, бурага мядзьведзя, белага мядзьведзя. Усё давай, і падарункі бяры. Хто першы?
    — Я, Таўрынват, буду першы! — сказаў стары ў махнатых воўчых штанах і ў кашулі з чырвонага сукна.
    Ён прывалок з бліжэйшага шатра шырокую, сьветлую, як сьнег, скуру белага мядзьведзя і спрытна кінуў яе побач з нартамі. Скура лягла, распасьцёршы лапы.
    Чалавек з чырвонымі латамі на плячах прысеў, пагладзіў даўгую, густую поўсьць і сказаў:
    — Выбірай падарунак.
    Таўрынват схіліўся над нартамі і выцягнуў з кучы тавараў бутэльку з блакітнай вадой.
    — О-хо-хо! — закрычалі ззаду. — Таўрынвату заўсёды ўдача!
    Таўрынват засунуў бутэльку сабе за каўнер і зноў пачаў пароцца. Выцягнуў вялікі медны кацёл і павольна адышоўся ў бок.
    — Во сквапны воўк, — закрычалі ззаду, — Даў адну скуру, а ўзяў два падарункі.
    За Таўрынватам да нартаў падбег яго сын Ляты і кінуў на сьнег два пушыстых пясцы. За гэта яму дасталася плітка чаю і вялікая галава цукру.
    Потым прыйшла жонка Таўрынвата, кінула на нарты скуру бабра, цёмную з залатымі шчацінкамі, і ўзяла вялікую іржавую патэльню Жанчыны атачылі жонку Таўрынвата і пачалі разглядаць зьнізу і зьверху жалезную прыладу.
    Пельпель доўга глядзеў на нарты з падарункамі, потым таргануў Імтэургіна за рукаў і паказаў яму пальцам на вязку чорнага ліставога тытуну. Яна ляжала на самым беразе нартаў.
    — Вось гэта ўзяць бы!
    Пельпель запусьціў руку сабе за каўнер, выцягнуў адтуль скуру чырвонага ліса і пасунуўся да нартаў. Але дарогу яму заступіў Таўрынват. Ён нёс бярэмя зьвярыных скур.
    — Я ўсё бяру! — крыкнуў Таўрынват і кінуў на сьнег груду пясцоў, выдраў, рысяў, расамах. Скуркі розных колераў — белыя, чорныя, плямістыя, жоўтыя — ляглі на сьнезе стракатай пушыстай кучай.
    Таўрынват узяў з нартаў увесь тытун — тры вязкі, увесь чай — пяць плітак, усе міскі, рондалі, увесь цукар, пернікі. Таўрынват нагрузіў падарункамі сына, дачку, жонку, а сам абматаў сябе каляровымі хусткамі, вязкамі абаранак, ніткамі шкляных караляў і маткамі шоўкавых істужак. Уся сям’я важна пайшла дахаты, грукаючы міскамі, рондалямі, каралямі, абаранкамі.
    Пельпелю дастаўся толькі кавалак цукру, Тыліму — вязка абаранак, жонцы Караўі — напарстак і хустачка.
    Калі ўвесь народ разышоўся, ля нартаў засталіся толькі чалавек з чырвонымі латамі ды Эрмечын. Яны сядзелі на карачках і разьбіралі зьвярыныя скуры: пясцоў клалі з пясцамі, ваўкоў з ваўкамі, рысі з рысямі.
                                                 XII. ДВА АРКАНЫ — АЛЕНЯ Ў СЭРЦА
    На тундры за стойбішчам усё яшчэ тоўкся народ. Раптам з пярэдняга раду выбег вёрткі хлопец і заскакаў на месцы.
    — Тыркі, старайся! — крыкнулі з натоўпу.
    Хлопец схіліўся наперад і, нібы пратыкаючы галавой паветра, пабег да шатру.
    — Кутуўя, хо! Старайся!
    Кутуўя тяксама нахіліўся і вялізнымі крокамі паімчаўся сьледам за Тыркі. Тыркі крутнуўся ў бок, але пасьпеў схапіць яго за пояс.
    — Добра бегае Кутуўя, — сказалі старыкі, — шпарчэй за расамаху!
    З натоўпу выйшаў Таўрынват. Ен памахаў даўгім кап’ём з касьцяным наканечнікам і крыкнуў:
    — Хто супроць мяне? Я — сказаў Імтэургін.

    Ён выйшаў наперад і стаў перад Таўрынватам. Тоўсты, прысадзісты Таўрынват і высокі Імтэургін стаялі адзін супроць другога. Таўрынват крыху адсунуўся і сказаў грубым голасам:
    — Даўгі аркан — чалавечая галава!
    — Хай даўгі аркан.
    Імтэургін расьцягнуў на сьнезе аркан, зьняў з сябе расамахавую шапку і палажыў яе каля самага канца аркана. Таўрынват нацэліўся і кінуў кап’ё. Яно ўторкнулася ў сьнег, не зачапіўшы шапкі.
    — Не трапіў! — сказаў Імтэургін. — Цяпер ты лажы шапку. Таўрымват палажыў на сьнег сваю пушыстую бабровую шапку, зробленую з суцэльнай скуркі.
    Імтэургін выцягнуў са сьнегу кап’ё, адышоўся на сваё месца і кінуў. Кап’ё праткнула самую макаўку шапкі Таўрынвата і захісталася ў сьнезе разам з шапкай.
    — Хо! — загулі людзі. Прабіў галаву Таўрынвату. Мусіць, яму нядоўга жыць засталося.
    Таўрынват зьбянтэжыўся, потым скінуў з сябе скураную кашулю, пакрытую чырвоным сукном, і закрычаў:
    — Два даўгіх арканы — аленя ў сэрца!
    Хлопцы два разы расьцягнулі на сьнезе аркан і там, дзе ён скончыўся другі раз, расьпялі на калах чорную аленевую скуру. Потым яны хутка адбеглі ў бакі.
    Таўрынват кінуў кап’ё. Народ заварушыўся, засьмяяўся. Кап’ё пераляцела цераз скуру і закапалася ў сьнег.
    Імтэургін зірнуў на Таўрынвата. Той стаяў увесь чорны, рукі яго дрыжалі.
    — Мне цяпер кідаць, — сказаў Імтэургін і вырваў са сьнегу кап’ё. Ён стаў на сваё месца, адкінуў назад правае плячо, выставіў уперад левую нагу і замахнуўся.
    Кап’ё крыху ўздрыгнулася ў паветры і ўдарылася ў аленевую скуру. Яно прабіла скуру наскрозь у тым самым месцы, дзе ў жывога аленя знаходзіцца сэрца.
    Натоўп захваляваўся, а Тылім выскачыў наперад, перакуліўся на сьнезе перад Таўрынватам і заскакаў на адной назе, паказваючы язык.
    — Пачакай, яшчэ не скончылі! — закрычаў Таўрынват. Ён узяў кап’ё і... запусьціў яго ў Імтэургіна. Але той злавіў кап’ё і павярнуў яго супроць Таўрынвата. Таўрынват пусьціўся ўцякаць у свой шацёр.
    Імтэургін глядзеў ззаду на яго голыя лапаткі, махнатыя штаны і сьмяяўся. А потым махнуў рукой і сказаў:
    — Хай сабе бяжыць, мышынае сэрца.
    Тут ён разламаў кап’ё аб калена і кінуў абломкі на чырвоную кашулю, пакінутую Таўрынватам.
                                                             XIII. СЬВЯТА Ў ТУНДРЫ
    Эрмечынавы пастухі адбілі ад гаспадарскага статка дзесяць буйных быкоў і прыгналі да шатроў. Тут людзі стойбішча пачалі лавіць быкоў арканамі.
    Алені храплі, бегалі між шатроў, кідаліся ў бакі, ускідаючы капытамі сьнег.
    Раптам вялікі чорны алень уткнуўся носам у сьнег і паставіў на людзей свае вострыя рогі. Людзі рассунуліся.
    — Вялікі Рог! — закрычаў Імтэургін і пабег яму насустрач.
    Алень крута павярнуў рогі, якія тырчалі і ўверх, і ўніз, і ў бакі. Але Імтэургін не спалохаўся. Ён падышоў да аленя збоку і паласкатаў яго за вухам.
    Вялікі Рог порскнуў і паволі апусьціў рогі на сьпіну.
    — Хапай яго, покуль ён спакойны! — закрычалі навокал людзі.
    Алень скасавурыў на іх чырвоныя вочы і зноў апусьціў рогі ўніз.
    — Не бойся, Вялікі, — сказаў Імтэургін і пагладзіў аленя па шыі. — Я не дам цябе чужым рэзаць.
    — Хапай! — зноў закрычалі людзі, і раптам засьвісьцела доўгая вяроўка. Гэта раменевы аркан зачапіў крывыя рогі аленя. Алень стаў на дыбкі, узмахнуў пярэднімі нагамі і перакуліўся на сьпіну.
    — Мой алень! Я не дам яго рэзаць.
    Іітэургін выхапіў нож, разрэзаў аркан і кінуўся на Тыркі, які ўсё яшчэ трымаў у руках абрэзак вяроўкі.
    Тыркі замахаў рукамі і пусьціўся на ўцёкі. Бег ён па сьнегу вялікімі скачкамі і ўсё азіраўся назад.
    За ім гнаўся цяпер не толькі Імтэургін. З розных бакоў беглі яшчэ Кутуўя, Караўя, Тылім.
    Тыркі даскакаў да чорнага шатра і нырнуў пад пушыстую заслону Эрмечынавага дома.
    Там перад сьвяцільнямі гаспадары і прыежджыя госьці пілі чай. Не пасьпеў Тыркі схавацца за сьпіну Эрмечына, як у шацёр уварваліся Імтэургін, Караўя, Кутуўя, Тылім і хлопцы са стойбішча.
    Пераскочыўшы праз сьвяцільні, яны злавілі Тыркі і павалілі яго тут жа на расстаўленыя на падлозе кубкі з чаем, міскі з аленінай і іншымі стравамі.
    — Мей! — закрычаў Эрмечын. Ён кінуў на падлогу свой сподак з чаем і ўскочыў на ногі. Чарапкі каляровага сподка і пырскі чаю разьляцеліся ва ўсе бакі.
    — Мей! —закрычаў яшчэ мацней Эрмечын. Прыежджыя госьці таксама пакідалі свае кубкі і прыціснуліся да сьценак шатра.
    Адна сьвяцільня перакулілася і пагасла, у другой агонь хістаўся як ад ветру.
    Доўгавалосы госьць нешта замармытаў і вырваў з-пад ног Кутуўі палу свайго шырокага адзеньня.
    — Ты навошта маіх аленяў рэжаш? — крыкнуў Імтэургін, размахваючы нажом ля самага твару Эрмечыма.
    — Я не ведаў, што гэта твае, — сказаў Эрмечын, адсоўваючы руку Імтэургіна. — Яны самі па тундры хадзілі, без пастуха хадзілі. Каб я не ўзяў, дык ваўкі іх з’елі б.
    — Сам ты воўк! Маіх аленяў усе ведаюць. Аддай маіх аленяў назад!
    Эрмечын пакашляў і сказаў:
    — Я не воўк. Бяры з нашага табуна столькі аленяў, колькі ў цябе прапала.
    — Вазьму! — сказаў Імтэургін. — Кутуўя, Тылім, пойдзем у табун!
    Ён завярнуўся быў ісьці, але яго затрымаў Эрмечын.
    — У маім шатры вялікае сьвята, — сказаў ён. — У мяне добрыя госьці, ты таксама будзь маім добрым госьцем.
    Імтэургін паглядзеў на сваіх і сказаў:
    — Самі ідзіце, дадому ідзіце, а я потым прыйду. Высокая жанчына, з чырвоным тварам і тугімі чорнымі касамі, выйшла з полагу. Яна паправіла агонь, сабрала з зямлі чарапкі, разаслала на вялікай дошцы скуру нерпы і паставіла на яе новую пасуду.
    Прыежджыя госьці зноў паселі вакол чайніка. Імтэургіна Эрмечын пасадзіў побач з сабой і пачаў частаваць тлустым мясам. Купец паглядзеў на Імтэургіна, усьміхнуўся, дастаў са скрынкі поўную бутэльку і наліў у кубак царскай вады.
    Першым перакуліў кубак доўгавалосы. Ён піў, адкінуўшы галаву назад і сплюшчыўшы вочы. А калі выпіў, кінуў у рот маленечкі кавалак аленіны, пажаваў і ўздыхнуў.
    Пасьля яго піў рыжы госьць. Ён выпучыў губы, прытуліў да іх кубак і пачаў цягнуць  маленькімі глыткамі.
    Чалавек з чырвонымі латамі на плячах шырока разявіў рот, выліў туды ўсё, што было ў кубку, і сплюшчыў вочы.
    Потым кубак дайшоў да Імтэургіна. Ён панюхаў гарэлку, паглядзеў скоса на рыжага і паставіў кубак убок.
    — Пі! — сказаў Эрмечын. — Добрая вада, моцная, сам рускі цар яе п’е.
    Імтэургін не браў кубка.
    — Пі! — сказаў яшчэ раз Эрмечын. — Ты ў мяне госьць, я табе аленяў аддаю.
    Імтэургін выпіў і доўга пасьля гэтага сядзеў з разяўленым ротам.
    А госьці і Эрмечын хапалі мяса, совалі яго ў рот вялікімі кавалкамі, пра нешта гутарылі, сьмяяліся.
    — Эрмечын! — раптам крыкнуў Тыркі, падняўшы ля ўваходу скуру, — ідзі быкоў калоць.
    Эрмечын падняўся. Ён пацягнуў за руку Імтэургіна, і яны ўдвох вышлі з шатра. Недалёка па сьнегу тупаліся алені.
    Алені стаялі ў два рады — галавой у галаву. У кожнага аленя рогі былі апутаны арканам і прыкручаны да рагоў суседняга аленя. Каля аленяў круціўся маленькі чалавек у чорнай расамахавай скуры.
    Да Імтэургіна падбег Кутуўя.
    — Бацька, гэта нашы алені! — сказаў ён. — Вось Чырвонае вока, во Стракатая Лапа, а вунь Крывы Хвост — усе тут нашы.
    Але Імтэургін не слухаў сына. Ён ухапіў за плячо маленькага чалавека ў расамахавай скуры і крыкнуў:
    — Мей, шаман, калі аленяў!
    Шаман вызваліў руку з-пад скуры і падышоў да аленяў. Тут ён павярнуўся тварам да ўсходу сонца, прысеў на карачкі і нешта зашаптаў.
    Потым памацаў аленя за вухам, паціскаў сьпіну, зноў нешта прамармытаў і ўсадзіў аленю ў бок даўгі касьцяны нож.
    Так аднаго за адным закалоў ён усіх аленяў, зьвязаных разам.
    Тады з шатроў вышлі жанчыны з нажамі і катламі. Яны расклалі вялікія кастры з гальля і леташніх сухіх рагоў. Калі кастры разгарэліся, жанчыны пачалі разразаць аленевыя тушы і кідаць у катлы пахучае, чырвонае мяса.
    — Мей! — крычаў Эрмечын. — Ідзіце пячонку есьці!
    Мужчыны, жанчыны і дзеці пачалі зьбірацца вакол кастроў і есьці сырую пячонку, сэрца, ныркі і жылы аленяў.
    Імтэургін і Эрмечын падзялілі між сабой тлустую нырку аленя. Яны ўзялі яе з двух канцоў, разрэзалі пасярэдзіне і кожны запхаў сабе ў рот па вялікаму кавалку.
    — Тлуста, — сказаў Эрмечын.
    Добра, — сказаў Імтэургін.
    Пельпель і Караўя з захапленьнем елі чорную аленевую печань, а Кутуўя і Тылім жавалі сухажыльлі, зьдзіраючы іх з задняй аленевай нагі.
    Прыежджыя госьці таксама вышлі з шатра. Яны селі ля кастроў і пачалі трушчыць аленевыя косткі, высмоктваючы з іх мозг.
    А тоўсты каратканогі госьць з першай запрэжкі прыцягнуў да сябе цэлую аленевую галаву з кручкаватымі вострымі рагамі, агледзеў яе з усіх бакоў, а потым выкалупаў нажом левае вока і палажыў сабе ў рот.
    Вока было вялікае. Шчокі ў госьця раздуліся. Ён сьціснуў зубамі пругкае вочнае яблыка, але яно толькі коўзалася ў роце. Расьціснуць яго было цяжка. Госьць прытрымаў яго пальцам і паціснуў языком і зубамі. Яно расплюшчылася, лопнула і разьлілося ў роце саланаватай вадкасьцю.
    Каратканогі госьць гучна глытнуў, аблізаўся і, хістаючыся, устаў. Ён быў п’яны.
    — Борацца буду! — сказаў ён, растапырыўшы рукі. — Выходзь, хто дужэйшы.
    І, не чакаючы адказу, ён скінуў з сябе скураную кашулю, і другую кашулю шэрую, суконную. Цела ў яго было белае, махнатае, а круглая галава шчыльна сядзела на моцнай шыі.
    — Ну, хто ж дужацца хоча? — зноў спытаў ён і папляскаў сябе па грудзях і плячах.
    — Мей! — сказаў Эрмечын. — Выходзьце ж хутчэй. Госьцю холадна чакаць.
    Людзі стаялі і моўчкі глядзелі на чалавека з тоўстай шыяй.
    — Кутуўя, выходзь! — раптам крыкнуў стары Таўрынват.
    Кутуўя не адказаў.
    — Што, баісься? — спытаў Таўрынват. — Мышку зьеў?
    Кутуўя моўчкі паглядзеў на бацьку.
    Імтэургін сядзеў ля кастра і глядзеў сабе на ногі. Ён варухнуў рукой і, не падымаючы галавы, сказаў нібы ў сьне:
    — Выходзь, Кутуўя. Ты яго ў сьнег валі.
    Кутуўя выйшаў наперад. Ён азірнуўся па баках і павольна пачаў здымаць кашулю.
    Госьць чакаў яго э выцягнутымі наперад рукамі.
                                                    XIV. СТРЭЛЬБЫ I КОП’І
    Не пасьпеў Кутуўя ўперціся нагамі ў сьнег, як тоўсты госьць падскочыў да яго і схапіў яго за плечы. Кутуўя адкінуўся ўсім целам назад і, ухапіўшы тоўстага ззаду за пояс штаноў, прыпадняў над зямлёй.
    — Добра, Кутуўя! — крыкнулі людзі. — Валі яго хутчэй!
    Кутуўя матнуў тоўстага ў адзін бок, потым у другі, але раптам сам пахіснуўся і пачаў валіцца на сьнег.
    Збоку на яго нагу націскала цяжкая моцная нага... Кутуўя паваліўся на жывот. Тоўсты паваліўся побач з ім, ухапіў яго за валасы і за падбародак і пачаў круціць яму галаву. Нешта хруснула, і твар Кутуўі задраўся ўгару.
    — Дрэнна бароўся казак, нагу падставіў! — закрычалі людзі. — Няхай зноў пачынаюць!
    Тоўсты ціха падняўся і не азіраючыся пайшоў у шацёр Эрмечына.
    — Уставай, Кутуўя! — крыкнуў Пельпель.
    Кутуўя не ўставаў. З носу і з роту ў яго цякла кроў. Пельпель прысеў каля яго, пакратаў за галаву і сказаў:
    — Шыя зусім мяккая зрабілася.
    — Забіць тоўстага! Навошта дрэнна бароўся! — закрычалі людзі.
    — Каго забілі? — спытаўся Імтэургін, ледзь падымаючыся на ногі.
    Але ніхто яму не адказваў.
    Людзі кінуліся ў шацёр Эрмечына. Наперадзе бег Тылім.
    — Стойце! — закрычаў Эрмечын. —У гасьцей дрэнныя стрэльбы, яны забіваюць. Нам бяда будзе!
    Ён стаў перад мядзьведжай скурай і загарадзіў уваход у шацёр. Тылім штурхануў яго плячом ды ірвануў мядзьведжую скуру. Скура ўпала яму на галаву.
    З шатра высунуўся госьць з чырвонымі латамі на плячах. Ён выставіў стрэльбу і нешта крыкнуў. Людзі пасунуліся назад і раптам, павярнуўшы да яго сьпіны, разьбегліся ва ўсе бакі. Толькі адзін Эрмечын застаўся каля ўваходу ў шацёр.
    — Яны за коп’ямі пабеглі, — сказаў ён госьцю. — Вас усіх пазабіваюць.
    Госьць шпарка абярнуўся і крыкнуў сваім:
    — Рыхтуй сабакі Едзем!
    З шатра разам выскачылі ўсе госьці. Яны кінуліся за шацёр і пачалі хутка адвязваць сабак ад рамянёвых петляў. Спалоханыя сабакі заскавыталі, пачалі кідацца, пераблыталі рэмяні і ўчапіліся адзін у аднаго зубамі.
    — Поць! Поць! — крычалі госьці. Яны з усёй сілы торгалі і перакідвалі сабак у розныя бакі.
    Нарэшце сяк-так запрэглі, ускочылі ў нарты і панесьліся прэч ад шатроў.
    Тут выскачылі з шатроў людзі і кінуліся напярэймы нартам. У руках у іх былі коп’і, нажы, палкі. Наперадзе быў Тылім.
    Але на першых нартах прыпадняўся чалавек з чырвонымі латамі і стрэліў прама ў Тыліма.
    Тылім шарахнуўся ўбок і кінуў у нарты кап’ё. Кап’ё не даляцела. Нарты былі ўжо далёка.
    — Лаві задніх! — закрычалі людзі і кінуліся да апошніх нартаў.
    Імтэургін, Пельпель і Караўя абкружылі нарты, на якіх сядзелі каратканогі і худы. Але адзін за адным грымнулі два стрэлы. Дрыгнула ад грукату тундра. Людзі скокнулі ўбок. І не пасьпелі яны падняць коп’і, як зноў загрымелі стрэлы.
    Людзі пабеглі назад. Толькі адзін Імтэургін упарта гнаўся за нартамі.
    Раптам ён спыніўся і з усяе сілы кінуў кап’ё. Каратканогі ткнуўся тварам у нарты, а сусед яго гучна закрычаў і стрэліў у паветра.
    Спалоханая стралянінай і крыкам запрэжка рванулася наперад і зьнікла ў сьнегавой хмары.
                                                    XV. У ДАЛЁКУЮ ДАРОГУ
    З шатра Эрмечына выйшаў маленькі чалавек у расамахавай скуры, памахаў рукой і крыкнуў:
    — Ідзіце сюды! Адпраўляць Кутуўю будзем.
    Тылім, Пельпель і іншыя людзі стойбішча ціха падышлі да Кутуўі. Каля яго ўжо сядзелі Імтэургін, Кух, Рультына і жонка Караўі. Усе яны сядзелі моўчкі, і толькі ў жанчын торгаліся плечы.
    Шаман падышоў да Кутуўі, прыпадняў яго галаву і павярнуў яе направа і налева. Потым выцягнуў з-за пояса касьцяны нож, замармытаў нешта і пракалоў горла.
    На руку шамана пацякла цёмная кроў. Шаман выцер рукі сьнегам і сказаў:
    — Кутуўя! У далёкую дарогу ідзі, аленяў на небе пасі. Няхай у цябе многа стракатых аленяў будзе. Нашым старым на версе скажы, няхай добрае лета нам дадуць.
    Людзі слухалі шамана і глядзелі на мёртвага Кутуўю. А калі шаман скончыў, усе ціха разышліся па шатрах.
                                                                          ---
    Пагасла зара, і на неба выйшаў вялікі круглы месяц. Людзі стойбішча спалі ў сваіх шатрах.
    А вогнішчы ўсё яшчэ дыміліся. Над імі віселі катлы з аленевым мясам.
    Ля вогнішчаў стаялі Імтэургін, Тылім, Караўя і Пельпель. Яны выцягвалі з катла варанае мяса, рэзалі яго тонкімі лустамі і накладвалі на цела Кутуўі.
    Калі ўсё цела было абкладзена вараным аленевым мясам, Імтэургін, Караўя, Пельпель і Тылім таксама пайшлі ў свае шатры. Кутуўя застаўся адзін на сьнезе сярод чужога стойбішча, пад вялікім месяцам.
    Досьвіткам людзі зноў вышлі на сьнег. З імі разам выйшаў Імтэургін.
    Ля катлоў яны ўбачылі цэлую зграю вялізных кудлатых сабак. Сабакі совалі морды ў катлы, гырчэлі адзін на аднаго і расьцягвалі рэшткі варанага мяса. А другія сабакі атачылі цела Кутуўі. Яны ляскалі зубамі і асьцярожна адрывалі ад цела кавалак за кавалкам.

    Вялізны сабака з разадраным вухам грыз правую руку Кутуўі. Другі вастраморды сабака ўперся ў плечы Кутуўі пярэднімі лапамі, а морду засунуў у глыбокую дзіру, што зрабіў у горле нож шамана.
    — Няхай хутчэй зьядуць Кутуўю, — сказаў Імтэургін, — гэта добра, ён хутчэй на неба пойдзе (25).
    Але, ён да верхніх людзей пойдзе, гэта добра, — сказаў Караўя і Пельпель.
    Праз некаторы час на тым месцы, дзе ўчора гарэлі кастры, засталіся абгрызеныя аленевыя і чалавечыя косткі ды клоччы шэрай і чорнай поўсьці.
    — Гэта сабачая поўсьць, — сказаў Пельпель. — Біліся сабакі, відаць.
    Людзі пачалі зьбіраць і аглядаць кожную костку. Чалавечыя косьці яны адкладвалі ўбок, а аленевыя выкідвалі.
    Імтэургін разам з другімі зьбіраў косьці свайго сына.
    Калі касьцей набралася цэлая куча, іх панесьлі ў тундру. Там шаман разлажыў іх па парадку: спачатку чэрап, потым хрыбет, па баках рукі, а ў самым нізе ногі. Побач з касьцямі налажыў рогі аленяў, забітых учора, нарты з паламанымі палазамі, адзежу, парэзаную на шматкі, крывы касьцяны нож і каменны тапор (26).
    — Пыле ўрым! — сказаў шаман. — Добра наверсе жыві, нам удачу дай.
    — Пыле ўрым! — сказалі ўсе.
    Людзі яшчэ патупаліся на сьнезе, паглядзелі на косьці і пайшлі назад у стойбішча.
                                                                      ---
    Вярнуўшыся на стойбішча, Імтэургін, Караўя і Пельпель пайшлі ў чорны шацёр Эрмечына.
    Эрмечын сядзеў у полагу адзін. Ад царскай вады у яго балела галава.
    — Аддай маіх аленяў! — сказаў Імтэургін, сядаючы каля сьвяцільні.
    Эрмечын узяў з чайніка ў рот трошкі сьнегу, пацёр лоб і сказаў:
    — Тваіх аленяў учора зьелі.
    Імтэургін паглядзеў на Караўю, на Пельпеля і сказаў:
    — Хай зьелі. Мне другіх давай.
    — Ён верна сказаў, — загаварылі разам Караўя і Пельпель. — Яму другіх аленяў трэба даць.
    — Мне не шкада, — сказаў Эрмечын, — толькі яго аленяў учора зьелі.
    Тут Эрмечын падняўся, узяў са сьцяны доўгую крывую люльку з меднымі насечкамі, напхаў у яе крышанага табаку і закурыў.
    Доўга курыў ён, то зацягваўся, то выпускаў сіні дым праз ноздры, то кашляў і пляваўся, то перасоўваў люльку з аднаго бока рота ў другі. Потым выкалаціў попел з люлькі на далонь і ўсунуў сабе ў рот.
    — Тваіх аленяў мы разам зьелі, — сказаў ён, праглынуўшы попел. — Свята ў нас было. І ты сам еў мяса, і жонка твая ела. А ўсе аленевыя рогі вакол твайго сына палажылі. Не мне ты сваіх аленяў аддаў, а свайму сыну Кутуўю.
    Імтэургін, Караўя і Пельпель моўчкі зірнулі адзін на аднаго. Потым усе разам усталі і вышлі з шатра. Імтэургін і Караўя пайшлі ў адзін бок, Пельпель пайшоў у другі.
    — Хай сабе не аддае аленяў. Мы цяпер разам вандраваць будзем, — сказаў Караўя Імтэургіну.
    — Не, — сказаў Імтэургін, — я адзін буду.
    — У цябе зусім мала аленяў, сусед. Як ты вандраваць будзеш?
    — У мяне мала аленяў, дык я паляваць буду, зьвяроў забіваць.
    Яны падышлі да шатра Караўі.
    — Тылім! — гукнуў Караўя.
    З шатра высунулася галава.
    — Тылім, — сказаў Караўя, — маю пару запражы для Імтэургіна, тваю пару запражы для Рультыны. Яшчэ двух аленяў запражы для Кух. Яны адны вандраваць хочуць.
    — Ы! — сказаў Тылім.—Добра.
    Пакуль мужчыны запрагалі аленяў, жанчыны разабралі шацёр і палажылі яго разам з іншымі рэчамі на нарты. Потым усе селі ў яму, над якой раней стаяў шацёр, і пачалі нацягваць на галовы шапкі, на рукі вялікія махнатыя рукавіцы.
    Імтэургін крануў Кух за локаць і сказаў:
    Можа пакінем Тынатваль у суседа? Без Кутуўі як карміць яе будзем?
    Кух выцерла рукавом вочы і сказала:
    — Хай застанецца.
    — Караўя! — сказаў Імтэургін. — Тынатваль сабе вазьмі, няхай яна ў цябе расьце.
    Жонка Караўі ўзяла дзяўчынку на рукі і панесла ў свой шацёр. Тынатваль палажыла галаву ёй на плячо і заплакала.
    Нарты рушыліся. Тылім і Караўя ішлі за імі сьледам. На канцы стойбішча яны спыніліся.
    — Увесну каля Рагатага возера сустрэнемся, — сказаў Імтэургін.
    — Добра, — сказаў Караўя, — да вясны я буду ля Пуп-возера вандраваць.
    Калі запрэжкі ад’ехалі, Кух зьвесілася з нартаў, павярнула назад галаву і крыкнула:
    — Тынатваль добра кармі, сусед, няхай вялікая расьце!
                                                           XVI. ПУСТАЯ ЗЯМЛЯ
    Імтэургін увесь канец зімы вандраваў па ўскраю лесу, шукаў сьляды зьвяроў. Але ўсе зьвяры і птушкі спалі, закапаўшыся ў сьнезе. Імтэургін, з кап’ём у руцэ і з уткучынамі за сьпіной, бадзяўся цэлымі днямі між маленькімі, засыпанымі сьнегам дрэўцамі, заглядваў у кусты палярнага хмызьняку, раскопваў сьнегавыя гурбы, але зьвярынага сьледу не знаходзіў.
    Навакол ляжаў сьнег, аблізаны ветрам, роўны і гладкі.
    — Пустая цяпер зямля, — сказаў Імтэургін, — няма зайца, няма курапаткі. Як жыць будзем?
    Кух крышыла каменным малатком старыя аленевыя косьці, варыла іх і юшкай карміла людзей.
    Калі ў людзей пачало ўжо цямнець у вачах ад голаду, Імтэургін злавіў аднаго са сваіх запражных аленяў і закалоў яго.
    Людзі пад’елі мяса, і ў вачах іх зноў пасьвятлела.
    Кух разрэзала аленя на кавалкі і замарозіла іх. Кроў яна наліла ў аленевы страўнік, напоўнены яшчэ неперавараным мохам, і закапала яго ў сьнег. А кішкі сабрала разам, выціснула іх унутранасьць і налажыла у асобную кучу.
    Пасьля гэтага многа дзён у шатры была ежа. Кожны дзень Кух брала замарожаны кавалак аленіны і варыла.
    А Імтэургін увесь час бадзяўся на беразе лесу. Паляваньне было пустое, — зьвер яшчэ не выйшаў са сваіх логаваў.
    Калі скончылася мяса, Кух адкапала аленевыя кішкі, паламала іх на кавалкі і зварыла. На другі дзень яна пакрышыла страўнік і яго зварыла.
    У гэты дзень Імтэургін вярнуўся дадому позна. Ногі ў яго распухлі ад хады. Ад голаду хісталася перад вачыма. Сям’я разьмясьцілася ў ёранзе каля сьвяцільні. Пасярэдзіне Кух паставіла міску поліўкі з моху, што быў у аленевым страўніку, з крыві і з дробнымі кавалачкаў страўніка.
    Імтэургін зачарпнуў кароткай касьцяной лыжкай варыва і паднёс да рота. Панюхаў, паспрабаваў і, сплюшчыўшы вочы, адразу выліў лыжку ў рот. Потым яшчэ. Потым яшчэ. А потым выскачыў з шатра згроб рукамі сьнег і пачаў пхаць яго ў рот.
    — Дрэнная ежа, — сказаў ён.
    Гэтым варывам сям’я жывілася некалькі дзён. А потым зноў сядзела без харчоў.
    Забілі яшчэ аднаго аленя.
    — Аленяў у нас зусім  мала засталося, — сказаў Імтэургін, — меней, як на адной руцэ пальцаў. Як жыць будзем?
    — Можа людзей пашукаеш? — параіла Кух.
    — Праўду ты кажаш, — сказаў Імтэургін, — я людзей пашукаю.
    Ён запрог двух аленяў, двух астатніх прывязаў ззаду і паехаў на тундру шукаць людзей.
                                                              XVII. ЧУЖЫ АГОНЬ
    Ехаў Імтэургін цэлы дзень. Спыніўся толькі ўвечары, калі не было відаць кустоў і дрэў, што трапляліся па дарозе.
   Тады ён распрог аленяў і прывязаў іх за доўгі рамень. Алені пачалі капаць сьнег і есьці кучаравы белы мох. А Імтэургін яшчэ больш насунуў на галаву шапку, вырыў у сьнезе яму і залез у яе.

    У сьнезе было цяплей, як наверсе. Імтэургін крыху паспаў. Потым у яго адубелі ад холаду рукі і ногі. Ён вылез з ямы і пачаў скакаць вакол яе то на адной назе, то на другой. Скакаў і як заяц, абодвума нагамі разам, і як лось, выбрыкваючы нагамі па чарзе.
    А калі крыху сагрэўся, зноў закапаўся ў сьнег і прасядзеў да раніцы. Тады ён зноў запрог аленяў і рушыў далей.
    Дарога ішла між засыпанымі сьнегам кустамі, у абход высокіх сумётаў і рэдкіх дрэў.
    Пасьля другога і трэцяга начлегу без агню, у сьнезе, Імтэургін зусім здубянеў.
    Яго адзежа пакрылася ледзяной карой. Шапка, каўнер і грудзі скураной кашулі абрасьлі калючым інеем. Іней усё гусьцеў, цяжэў і распаўзаўся па адзежы ўверх і ўніз белымі лапінамі. Рукавіцы, панчохі і кашуля з сярэдзіны зацьвярдзелі і калолі цела.
    Імтэургім паспрабаваў саскочыць з нартаў, хацеў прабегчы побач, але ногі не гнуліся ў каленях. Ён прайшоў некалькі шагоў і зноў паваліўся ў нарты.
    Лежачы, ён пачаў калаціць рукамі і нагамі аб нарты, але пальцы на руках і нагах зрабіліся такімі цьвёрдымі, што ён нават не адчуваў болю.
    Імтэургін сьцішыўся, паляжаў крыху. Потым падняў галаву і агледзеўся навакол.
    Уся тундра белая — нідзе ні шатра, ні дыму.
    Зямля нібы пуката ідзе ўгору і там пераходзіць у неба.
    — Мусіць, замерзну, — падумаў Імтэургін. — Відаць, так і не знайду людзей.
    Раптам алені ўскінулі галовы, захраплі і панесьліся.
    — Ваўкі, мабыць, — падумаў Імтэургін. —Тут Брухатае возера, тут людзей няма а ваўкоў шмат.
    Але алені выбеглі на стоптаны сьнег.
    Імтэургін пацёр вочы, паадрываў з вейкаў і брывоў ільдзінкі — і тады ўбачыў дым.
    Алені пабеглі шпарчэй. Яны спыніліся ля чорнага шатра з пушыстых аленевых скур. Побач на спараных нартах стаяў зялёны шацёр. Ад аднаго да другога шатра хадзіў тоўсты шэры сабака з чорным каркам.
    — Гэта Эрмечынавы шатры, — сказаў Імтэургін сваім аленям. — Я да Эрмечына не заеду.
    Ён таргануў лейцы, выцяў аленяў рэменем і праехаў міма.
    Хутка зьніклі сьляды людзей і сьляды аленяў. Імтэургін выехаў на некрануты сьнег.
    — Хто цяпер побач з Эрмечынам жыве? — падумаў ён. — Можа Таўрынват? ДаТаўрынвата таксама не заеду.
    Мароз яшчэ мацней працяў Імтэургіна. На бровах і вейках павісьлі цяжкія ільдзінкі.
    І раптам зноў запахла дымам.
    Імгэургін крыкнуў на сваіх аленяў і зноў пагнаў іх на дым.
    Чорны шацёр на сьнезе. Побач з ім зялёны шацёр. Абодва цеплынёй дыхаюць. Шэры сабака з чорным каркам ад шатра да шатра бегае.
    — Назад вярнуліся, здохлыя! — закрычаў Імтэургін на аленяў. — Адпачываць хочаце? Да Эрмечына мяне прывалаклі?
    Ён хацеў павярнуць аленяў назад, але алені не паслухаліся. Яны пачалі поркаць і капаць сьнег. Імтэургін зьлез з нартаў і кінуў лейцы на зямлю.
    — Ну, адпачывайце,—сказаў ён аленям.— Я толькі рукі каля чужога агню пагрэю, іней з кашулі страсяну. А потым далей паедзем.
    Ля ўваходу ў чорны шацёр на Імтэургіна накінуўся сабака. Імтэургін адштурхнуў яго і ўвайшоў у шацёр.
    Высокая жанчына, з тугімі чорнымі касамі, жонка Эрмечына, сьцягнула з Імтэургіна шапку, боты, кашулю, зьбіла палкай з адзежы лёд і павесіла яе сушыцца. Потым падала госьцю чаю і варанага мяса.
    Гарачы чай разышоўся па ўсім целе Імтэургіна. Рукі і ногі яго аслаблі, і ён, не даеўшы мяса, паваліўся і захроп.
    Прачнуўся толькі на другі дзень.
    У пярэднім куце шатра сядзеў Эрмечын. Ён трымаў у руцэ аленевую костку, расколваў яе нажом і еў мозг.
    — Йэтты! Прыйшоў? — сказаў Эрмечын, працягваючы Імтэургіну костку.
    — Ы! — сказаў Імтэургін. — Прышоў!
    Ён узяў костку і, разломваючы яе нажом, пачаў есьці тлусты мозг.
    Жанчына падавала ім гарачую ежу. Яны з’елі па два аленевых языкі, па вялікаму кавалку грудзіны. Потым жанчына наліла ім чаю. Яны выпілі многа кубкаў чаю, а перад кожным кубкам елі марожаную пячонку.
    Пасьля яды гаспадар і госьць закурылі.
    — Добра вандруеш? — спытаў Эрмечын.
    — Дрэнна вандрую, сказаў Імтэургін. — Няма ўдачы.
    Эрмечын паківаў галавой, зацягнуўся дымам і спытаўся:
    — Можа аленяў трэба?
    — ЬІ, аленяў трэба.
    Эрмечын і Імтэургін выкурылі яшчэ па люльцы.
    — Давай разам вандраваць будзем, — сказаў Эрмечын.
    Імтэургін не адказаў, толькі мацней прыкусіў люльку.
    Эрмечын узяў яго за локаць і сказаў:
    — Суседзямі будзем. Ты добры пастух.
    — Ы-ы! — сказаў Імтэургін і ўстаў.
    Ён выйшаў з шатра і пайшоў шукаць сваіх аленяў.
    Яны былі блізка, у Эрмечынавым статку. Усіх чатырох можна было адразу пазнаць: яны былі самыя худыя сярод аленяў — рэбры ў іх так і выпіралі з пад скуры, бакі бадай злучыліся, сьпіны сагнуліся гарбом. А адзін алень, самы слабы, ляжаў на сьнезе і толькі ківаў рагамі.
    Імтэургін паглядзеў на яго і пайшоў назад у шацёр.
    — Добра, — сказаў ён Эрмечыну. — Будзем суседзямі. Толькі мой шацёр прывезьці трэба.
    — Разам паедзем, — сказаў Эрмечын. — Самых спрытных аленяў запрагу.
                                                                              ---
    Пасьля ад’езду Імтэургіна жанчыны даядалі рэштку мяса і аленевых вантробаў.
    — Ніколі яшчэ так дрэнна не было, — казала Кух. — Раней у нас двое мужчын было, а цяпер ніводнага няма.
    — Твой яшчэ вернецца, — сказала Рультына. — А мой далёка жыве, дрэнныя людзі яго забілі, Эрмечынавы госьці.
    Рультына плакала і выцірала махнатым рукавом шчокі.
    Калі ўся ежа ў жанчын скончылася, яны два дні зусім нічога не елі. Раз-по-раз выходзілі яны на тундру і, палажыўшы на сьнег галаву слухалі, ці не стукаюць аленевыя капыты. Капыты не стукалі. Жанчыны вярталіся ў шацёр, раскладвалі пасярэдзіне яго агонь і гадалі на аленевай косьці, ці хутка вернецца Імтэургін і што прывязе.

    Яны трымалі высушаную аленевую лапатку над агнём і, схіліўшыся над ёй, шапталі:
    — Лапатка, лапатка, ты далёка хадзіла, многа бачыла, многа ведаеш, скажы нам: у які бок стары наш едзе і што ў яго на нартах ляжыць. Калі ён у наш бок едзе, расчапіся наверсе. Калі ў той бок едзе, расчапіся ўнізе. Калі важкія ў яго нарты, хай вялікая будзе шчыліна. А дрэннае з ім здарылася, — упоперак расчапіся.
    Лапатка чарнела і трэскалася ад гарачыні. Жанчыны разглядвалі кожную шчыліну і шапталіся:
    — Дрэннае з ім здарылася — упоперак шчыліна найшла.
    — А можа ён чужыя сьляды перасек.
    — Можа і перасек сьляды, але толькі гэта дрэнныя сьляды. Доўга наш стары не вернецца. Трэба самім ежу шукаць.
    На трэці дзень Кух парэзала скуру, на якой раскладвалі ежу, абсмаліла кавалкі скуры на агні і кінула ў кацялок.
    Калі вада ў кацялку закіпела, Кух пераліла варыва ў міску і сказала:
    — Давай вось гэта есьці. Усё-ткі жывыя будзем. Жанчыны пачалі сёрбаць горкую поліўку, якая пахла смаленай скурай.
    — Трэба сына пакарміць, — сказала Кух,—а ты пакармі сабаку.
    Рультына зачарпнула вялікай касьцяной лыжкай чорную поліўку і дала сабаку. Сабака пачаў прагна хлябтаць распырсканае варыва, а дзіця круціла галавой, захлёбвалася і выплёўвала сьлізкія кавалкі скуры. Кух карміла яго з рота ў рот.
    Два дні сям’я жывілася гэтай поліўкай. А калі з’елі ўсю да каплі, жанчыны засыпалі вугольлі кастра попелам, палажылі дзіця на скуры, прывязалі побач з ім сабаку і пайшлі на тундру.
    Яны шлі, правальваючыся да каленяў у сьнег. У Кух за поясам была сякера, а Рультына трымала ў руцэ нож.
    Жанчыны падышлі да дрэва, стукнулі па ім сякерай і адразу адскочылі: з дрэва пасыпаўся сьнег — спачатку цяжкімі камамі, а потым густым пылам.
    Калі пыл улёгся, Кух і Рультына зноў падышлі да дрэва і пачалі зьдзіраць з яго сухую кару.
    — Ёсьць!—раптам крыкнула Рультына і асьцярожна зьняла з кавалка кары замерзлага белага чарвяка з маленькай чорнай галоўкай.
    Жанчыны разламалі чарвяка напалам і тут жа з’елі.
    Потым пачалі шукаць яшчэ чарвякоў. Калі абадралі дрэва дагала, яны пайшлі да другога дрэва, потым да трэцяга, чацьвёртага. Дадому вярнуліся толькі ўвечары, калі ўжо нельга было разглядзець на кары белых чарвякоў.
    Ля шатра спыніліся, пачалі абтрасацца. Потым прыслухаліся — ціха ў шатры, дзіця не плача.
    — Я нічога не чую,—сказала Кух, — паслухай ты, можа дзіця плача?
    — Не, не плача, — сказала Рультына.—Можа сьпіць?
     — А можа яго сабака з’еў?
    Жанчыны кінуліся ў шацёр, сунуліся ў полаг: маленькі Імтэургін ляжаў побач з сучкай і гучна смактаў адзін з яе саскоў...
    Кух кінулася да сына і адарвала яго ад сабакі. Маленькі Імтэургін запішчэў і задрыгаў нагамі. Ён штурхаў маці і цягнуўся да сабакі. Калі Кух сунула яму ў рот сваю цыцку, дык ён адсунуўся і яшчэ горш закрычаў.
    — Грудзі зусім пустыя, — сказала Кух і палажыла хлопчыка назад да сабакі.
     Увесь вечар жанчыны сядзелі ля кастра, варылі чарвякоў і елі мутную поліўку. Дзіця спала каля сабакі.
    На другі дзень Кух і Рультына зноў пайшлі ў тундру. Недалёка ад дома яны ўбачылі зьвярыныя сьляды, Нехта маленькі хадзіў, нібы бісэр сыпаў.
    Жанчыны пайшлі на сьлядах і дабраліся да норкі. Пачалі капаць сьнег. Злавілі мышку. Узрадаваліся.
    Рультына ўдарыла мышку ручкай нажа па галаве і схавала яе ў сябе за пазухай. А Кух разгрэбла сьнег і пачала сячы тапаром мерзлую зямлю і зьледзянелы мох. На дне норкі яна знайшла кучку карэньня, грыбоў, ягад.
    — Гэта мышкін дом, — сказала Кух, — мышкі заўсёды кладуць сабе на зіму ежу. Гэта іхняя ежа.
    — Добрая ежа! — сказала Рультына, расьціраючы зубамі марожаныя карэньні. — Тоўсты корань мы старому пакінем, а маленькаму ягадкі прынясем. Тут брусьніца ёсьць, і марошка, і дурніца.
    — Ы-ы, — сказала Кух, — ты добрае гаворыш, старому самы вялікі корань пакінем.
                                                                                ---
    Калі жанчыны вярнуліся дахаты, яны ўбачылі каля шатра некалькі пар вялікіх тоўстых аленяў, запрэжаных у шырокія новыя нарты.
    Відаць было, што алені толькі што прыскакалі: яны прагна глыталі сьнег, і ногі ў іх яшчэ трэсьліся.
    — Гэта не нашы алені, — сказала Кух. — Чужыя прыехалі, можа пра старога ведаюць.
    — Вараным мясам пахне, — заўважыла Рультына.
    Яны ўвайшлі ў шацёр.
    У шатры гарэў вялікі агонь, а ля агню сядзелі Імтэургін і Эрмечын. Яны курылі люлькі і глядзелі на кацялок, у якім варылася аленіна.
     — Мы даўно сядзім, вас чакаем, — сказаў Імтэургін жанчынам. — Давайце есьці мяса.
    У часе яды ніхто нічога не гаварыў. Жанчыны жавалі мяса, заплюшчыўшы вочы, і глыталі павольна па маленькаму кавалку.
    — Вельмі галодныя, — сказаў Імтэургін.
    Калі кацялок апусьцеў, Імтэургін падняўся і сказаў жонцы.
    — Зьбірай шацёр.
    — А куды паедзем? — спытала Кух.
    — Да Эрмечына.
    Кух і Рультына паглядзелі на Імтэургіна, потым на Эрмечына і пачалі моўчкі скручваць пасьцель. Потым Кух падышла да дзіцяці і разбудзіла яго.
    — Уставай, — сказала яна. — Мы зараз далёка паедзем. У чужых жыць будзем.
                                                                              ---
    З гэтага дня Імтэургін зрабіўся пастухом Эрмечынавага статка. Ён паставіў свой шацёр за гаспадаравымі шатрамі і сваіх аленяў пусьціў у гаспадароў табун.
    Да сябе ў шацёр ён цяпер прыходзіў рэдка — алені даўно зьелі і павытоптвалі ўвесь мох вакол стойбішча і цяпер пасьвіліся далёка ў тундры, дзе пад пухкім сьнегам быў яшчэ некрануты мох.
    Імтэургін і ўдзень і ўноч вартаваў статак. А ў шатры ў яго заставаліся толькі Кух з маленькім Імтэургінам ды сабака.
    Рультыны з імі не было. Рультыну ўзяў Эрмечын за другую жонку.
    Кух калыхала на руках дзіця і казала яму:
    — Мы з табой адны цяпер жывем. Раней нас многа было, і алені ў нас былі свае. Вялікі чалавек твой бацька быў. Першы паляўнік. А цяпер твой бацька чужы статак пасе. Твая сястра Тынатваль у суседа Караўі жыве. Брата Кутуўю Эрмечынавы госьці забілі. А Рультына ў вялікім шатры жыве, Эрмечынаў абутак сушыць. Кайлёкым мінкры — нічога не зробіш.
                                                                                 ---
                                                                             ЗАЎВАГІ
    1. Таён — правадыр рода ў якутаў. Паступова, пры распадзе роду, алені з агульнага ўладаньня пачалі пераходзіць у рукі таёнаў, і тоёны ператварыліся ў буйных эксплуататараў. Расейская дзяржава, пачынаючы з XVII стагодзьдзя, зрабіла таёнаў сваёй апорай у Якуціі. Яна афіцыйна зацьвярджала іх уладу і дала ім годнасьць князькоў. У межах свайго насьлега (воласьці) таёны былі неабмежаванымі гаспадарамі. Яны зьбіралі з насельніцтва для рускай улады ясак (падатак), рабілі суд і расправу над усімі людзьмі, што жылі ў іх насьлегах і былі пасярэднікамі ў гандлі між рускім горадам і сельскім насельніцтвам — жывёлагадоўцамі і паляўнікамі. Насельніцтва называла таёнамі і начальнікаў, багатыроў, купцоў, наогул усіх людзей, якія маюць сілу. Таён — слова якуцкае і азначае яно — начальнік.
    2. Камус, ці камыс, — паласа скуры з аленевай нагі.
    3. Абязножжа, ці капыціца — аленевая хвароба. У хворага на капыціцу аленя ногі каля самых капытоў распухаюць, а потым на нагах зьяўляюцца гнойныя раны. Алень ужо не можа хадзіць, у яго адвальваюцца капыты, і ён хутка памірае. Апрача капыціцы, у тундры ёсьць яшчэ іншыя хваробы аленяў: кароста, калі ўся скура пакрываецца болькамі, кастаеда, сухоты, шаленства, сыбірская язва. Досыць захварэць аднаму аленю, як ужо заражаюцца ўсе алені вакол яго. Таму гінуць часам па некалькі сот ці тысяч аленяў адразу. Мясцовыя жыхары зусім бездапаможныя ў барацьбе з гэтымі хваробамі. Яны бачаць ва ўсіх гэтых хваробах дзейнасьць злых духаў, з якімі і змагаюцца заклінаньнямі. Пры савецкай уладзе становішча зусім зьмянілася. У тундрах створаны так званыя культбазы, дзе жыхары знаходзяць усякую дапамогу, у тым ліку і ад хвароб аленяў.
    4. Кале — злыя духі. Чукчы думаюць, што келе насяляюць неба і зямлю. Яны варожыя да людзей, робяць ім усялякую бяду і хваробы. Келе зьяўляюцца перад чалавекам у выглядзе страшыдлаў, волатаў, усялякіх жывёл, нават рэчаў. Келе жывяцца чалавечымі душамі — увірытамі. У целе кожнага чалавека жыве некалькі увірытаў. Келе палююць на увірытаў, забіваюць іх і ядуць.
    5. Шяцёр, шалаш — па-чукоцку яранга — скураная юрта. У час вандраваньняў шацёр разьбіраюць, складваюць і перавозяць з месца на месца.
    6. Спальны полаг — па-чукоцку “йоронга” — шыецца з аленевых скур. Мае выгляд вялікай скрыні. Ставіцца ўнутры шатра. Пры ўваходзе ў полаг людзі здымаюць з сябе верхняе скураное адзеньне і пакідаюць яго ў халодным шатры, каб у цяпле яно не зрабілася вільготным. У вільготнае адзежы ужо нельга выйсьці на мароз — яна адразу замерзьне. Ад дыханьня і чалавечых выпарэньняў полаг пакрываецца шэраньню. Тады яго трэба зьняць і выбіць (выбіваюць яго амаль кожны дзень), бо іначай ён абледзянее, і ў ім нельга будзе жыць.
    7. Сьвяцільня — па-чукоцку “еек” — гэта драўляная ці гліняная міска, напоўненая аленевым або нерпавым салам. Замест кноту ў ёй гарыць пучок сухога моху. Гэтыя сьвяцільні служаць і для асьвятленьня і для ацяпленьня чукоцкага жыльля. Гараць яны не лепш за стэарынавую сьвечку. На такім агні нялёгка закіпяціць ваду і зварыць ежу.
    8. Ваырган — адзін з добрых духаў, дабрадзеяў для чалавека.
    9. Уткучын — саматужная пастка. Уткучын мае касьцяныя зубцы, а спружыны зроблены з закручаных сухажыльляў аленя.
    10. Лалаквыт — набрушнік для сабакі. Калі ў цяжарнай сабакі выпадаюць валасы на жываце, ёй шыюць скураны набрушнік, каб яна не адмарозіла саскі. Для сабакаў-самцоў шыюць яшчэ напашнікі — арэквыт, — а ў часе шарону (ледзяная кара на сьнезе) надзяюць сабакам на ногі скураныя боцікі.
    11. Выпаратак — мясцовая руская назва скуры аленевага цяляці не старэйшага за два месяцы. Пасьля двух месяцаў скуру цяляці называюць кудрашом, а пачынаючы прыблізна ад чатырох-пяці месяцаў — пыжыкам.
    12 Шаман. Паводле старых чукоцкіх забабонаў, увесь сьвет населены нябачнымі духамі. Духі жывуць усюды — і ў дрэве, і ў агні, і ў камені, і ў вадзе, і ў чайніку, і ў аркане. Адны духі добрыя, — яны дапамагаюць чалавеку на паляваньні і ў гадаваньні аленяў, абараняюць яго ад усялякіх няшчасьцяў. Другія духі — злыя. Яны шкодзяць чалавеку, насылаюць на яго хваробу і сьмерць, а на аленяў — пошасьць, адганяюць зьвяроў ад пастак, зімой напускаюць мяцеліцу, а летам — камароў. Але ад кожнага няшчасьця можна выратавацца, калі задобрыць духа: замовіць яго ці прынесьці яму ахвяру. Для гэтага запрашаюць шамана. Яго лічаць пасярэднікам між людзьмі і духамі. Ён ведае, якому духу даць мяса, якому скуру, а якога можна проста замовіць. Шаманы заклікаюць духаў завываньнем, сьпяваньнем, скокамі, ударамі ў бубен. За гэта ім даюць добрую аленевую грудзінку добрага пясца, сякеру ці жывога аленя. У тых месцах, дзе людзі яшчэ вераць, што вецер ці хваробу можна спыніць замоваю, — улада шамана вельмі вялікая. Пакуль народ непісьменны і цёмны, шаманы трымаюць яго ў сваіх руках і жывуць за яго кошт. Таму шаманы і змагаюцца усімі сіламі з культурай, якую нясе на поўнач савецкая ўлада. У гэтым змаганьні шаманаў падтрымліваюць багатыя жывёлагадоўцы, якім таксама важна захаваць стары аджылы лад — старыя адносіны між багатымі і беднымі. Але ўсе глыбей і глыбей пранікае на поўнач савецкая культура, вызваляючы людзей ад улады шамана.
    13. Мінулы сьнег, ці мінулая зіма — так называецца мінулы год. Чукоцкая зіма цягнецца па тундры восем месяцаў. На астатнія чатыры месяцы прыпадае вясна, лета і восень. Месяцы ў чукчаў называюцца так: студзень — упартага аленевага быка месяц; люты — мерзнучага аленевага вымя месяц; сакавік — выпадзеньня валасоў з аленевага вымя месяц; красавік — нараджэньня цялят месяц; травень — зьяўленьня вады месяц; чэрвень — зьяўленьня лісьця месяц; ліпень — месяц цяпла; жнівень — месяц, калі алені абдзіраюць рогі; верасень — месяц замаразкаў; кастрычнік — месяц холаду; лістапад — вузкага мяса месяц; сьнежань — вузкага дня месяц (калі дні робяцца кароткімі).
    14. Лахтак — марскі зьвер з сямейства ластаногіх. Промыслам марскога зьвера — лахтака, маржа, нерпы — займаюцца прыморскія чукчы, якія жывуць па берагах Паўночнага лёдавага акіяна і Берынгава мора. Берагавыя чукчы дастаўляюць аленевым людзям сала і скуры марскіх жывёл у абмен на аленевыя скуры і мяса.
    15. Адзежа дзіцяці — нованароджанае дзіця ўкладваюць у суцэльна пашытую адзежу з аленевых скур. Ззаду да адзежы прышпільваюць нібы чаўнок (макы), зроблены са скуры з наложаным у сярэдзіну мохам.
    16. Вязка — тайнгікунь — вязка раздвоеных на адным канцы сучкоў, пясцовых чарапоў, вароніных дзюбак, высушаных мядзьведжых насоў, лісіных вушэй, кіпцюроў і зубоў розных іншых зьвяроў і драпежных птушак. Гэтая вязка павінна забіваць і адганяць злых духаў, якія безупынна сочаць за чалавекам.
    17. Казка пра Каканку — гэтая казка пашыраная па ўсёй Калыме. Яе расказваюць дзецям і чукчы, і мясцовыя рускія, і юкагіры, і якуты.
    18. Адрэзаць вецер — чукчы думаюць, што вецер пасылаюць шаманы. Вецер можна спыніць, адрэзаць заклінаньнем ці раптоўным крыкам.
    19. Сабачыя людзі, так называюць чукчы мясцовых рускіх. У тых месцах рускія езьдзяць на сабаках, і адзяваюцца ў сабачыя шкуры. Часам рускіх завуць “госьці” або “рачныя людзі”.
    20. Рамянёвыя петлі — па-чукоцку пурыр — ідуць вакол шатра знадворку на вышыні чалавечага росту. Да іх прывязваюць. аленяў.
    21. Эрмечын — па-чукоцку — гаспадар стойбішча. У дадзеным выпадку гэта назва ўжываецца як уласнае імя.
    22. Тэк-арэм — рускі чыноўнік, прызначаны для збору ясаку —падатку цару. Так называлі спраўніка і ўрадніка, бо ў іх абавязак уваходзіў збор ясаку.
    23. Кухлянка — мясцовая руская назва вялікай скураной кашулі з каптуром. Кухлянка звычайна шыецца з падвойнай скуры поўсьцю ўнутр і поўсьцю знадворку.
    24. Чырвоныя латы на плячах — чырвоныя казацкія пагоны. Шырокія рукавы — рукавы папоўскага адзеньня.
    25. Чукчы лічаць, што людзі пасьля сьмерці або застаюцца на зямлі, або пераходзяць жыць у другі сьвет — на неба. Але што ж трэба зрабіць, каб нябожчык трапіў у верхні сьвет. Для гэтага трэба, каб яго адразу ж зьелі сабакі, а яшчэ лепш — ваўкі і пясцы. А каб прывабіць сабак, цела нябожчыка абкладаюць аленевым мясам. Калі чукчы вандруюць па лясной частцы тундры, яны спальваюць памёршых на кастрах і глядзяць, куды накіроўваецца дым. Калі дым ідзе проста ўгару — значыцца, нябожчык падымаецца на неба і гэтаму вельмі радуюцца. Калі ж дым сьцелецца па зямлі — значыцца, памёршы застаўся ўнізе, дзе холадна, голадна і жыць вельмі цяжка. Верхні сьвет, як думаюць чукчы, вельмі цёплы. Там не бывае сьнегу і мяцеліцы, і ўвесь час стаіць то вясна, то лета, то восень. Пасьля восені прыходзіць не зіма, а вясна. Там водзіцца вельмі многа тлустых аленяў, і чалавек можа забіваць іх і есьці мяса, колькі захоча. Сабакі наверсе гавораць па-чалавечы. Жыхары верхняга сьвету могуць пасылаць іх куды захочуць і даручаць ім усялякія справы.
    26. Каб дабрацца да неба, нябожчыку патрэбны і алені, і нарты, і адзежа, і посуд, і зброя. Таму ўсё гэта кладуць на магілу нябожчыка. Алені таксама павінны быць мёртвыя (часам можна класьці заместа аленяў адны толькі рогі), а рэчы павінны быць распоратыя па швах, парэзаныя на кавалкі, ці паламаныя на часткі.
                                                                               ---








Brak komentarzy:

Prześlij komentarz