czwartek, 20 listopada 2014

ЎЎЎ Добры Эртэ-Берген. Якуцкая казка. Койданава. "Кальвіна". 2014.



 

                                                           ДОБРЫ  ЭРТЭ-БЕРГЕН
                                                                   Якуцкая казка
    Жылі-былі ў дрымучым лесе стары са старою. Абодвум ім было па сто гадоў ад роду.
    Усяго ў іх хапала — і жывёлы, і адзежы, і футраў. Не было толькі дзяцей. Вельмі нудзіліся старыя.
    Пайшоў аднаго разу стары ў лес. Бачыць — на палянцы стаіць густая старая бяроза.

    Не простая гэта была бяроза, а зачараваная. Жыла ў яе ствале добрая чараўніца. Звалі яе Ічытэ.
    Пайшоў стары да бярозы, пастукаў па белай кары і кажа:
    — Добрая Ічытэ, дапамажы маёй бядзе. Сто гадоў жывем мы са старою на сьвеце, а няма ў нас ні сына. ні дачкі. Старыя мы сталі, слабыя, маркотна нам адным жыць. Дай нам, добрая Ічытэ, сына.
    І раптам бяроза а трэскам раскалолася. Выйшла з яе ствала жанчына-прыгажуня з беласьнежным тварам і даўгімі зялёнымі валасамі.
    Кажа Ічытэ:
    — Шкада мне вас, старых. Дапамагу я вам. Роўна праз тры дні ты пачуеш моцны шум у лесе: пачнецца навальніца, пойдзе вялікі дождж і град. Схавайся і сядзі дома. А праз тры дні прыходзь на гэтую палянку. Убачыш ты на ёй вялікі чорны камень. Зьбяры сваіх суседзяў і перанясі гэты камень да сябе ў юрту. Паляжы яго на сабаліную футру і чакай тры дні. Праз тры дні трэсьне камень, і выйдзе з каменя хлопчык. Будзе ён прыгажэйшы за ўсіх дзяцей на сьвеце. Валасы ў яго будуць залатыя, а цела срэбранае. Вазьмі гэтага хлопчыка сябе за сына.
    Сказала так чараўніца і схавалася ў бярозу. Глядзіць стары — няма перад ім нікога.
    Пайшоў стары дахаты і расказаў жонцы, што з ім здарылася.
    Роўна праз тры дні пачалася ў лесе страшэнная навальніца з дажджом і градам.
    А калі яна сьціхла, пайшоў стары на палянку. Бачыць ён — ляжыць на палянцы вялікі чорны камень, якога ніколі тут раней не было.
    Склікаў стары суседзяў і пацягнуў камень да сябе ў юрту. Палажыў яго па сабаліную футру.
    Праляжаў чорны камень тры дні ў юрце. А праз тры дні трэснуў — і выйшаў з яго прыгожы хлопчык: валасы залатыя, цела срэбранае, тварам прыгажэйшы за ўсіх дзяцей на сьвеце.
    Зарадаваліся старыя і пачалі гадаваць хлопчыка, як роднага сына. Далі яму імя: Эртэ-Берген.
    Рос хлопчык не па днях, а па гадзінах. У пяць гадоў стаў ростам з дванаццацігадовага юнака. Не было ва ўсёй ваколіцы юнака дужэйшага і разумнейшага за яго.
    Неяк раніцой устаў Эртэ-Берген, памыўся, наеўся, напіўся, падышоў да бацькоў і кажа:
    — Бацюхна, матухна, сумна мне ў родным лесе. Дайце мне каня, каб цераз горы і лес пераскокваў. Дайце залатую вуздэчку і бізун дзевяноста пудоў вагою. Хачу я па сьвеце павандраваць.
    — Няма ў нас, сынок, такога каня, — кажа стары, — пайдзі на палянку, папрасі Ічытэ, каб яна дала табе каня. А залатую вуздэчку і цяжкі бізун вазьмі ў мяне ў кладоўцы.
    Узяў хлопчык вуздэчку з бізуном і пайшоў на палянку. Падышоў ён да бярозы, пастукаў па ствале і кажа:
    — Слаўная Ічытэ, дай мне каня багатырскага, каб мог ён пераскокваць цераз высокія горы, цераз дрымучыя лясы. Хачу я па сьвеце павандраваць.
    Раскалолася бяроза напалам, выйшла з яе ствала прыгажуня Ічытэ.
    — Ідзі па сьцежцы, міні дзевяць ручаёў, дзевяць равоў, восем палянак. На дзесятай палянцы шукай сабе каня.
    Сказала так і зьнікла.
    Замахалі зялёныя галінкі, зашумелі белыя сукі. Глядзіць юнак — няма перад ім нікога.
    Паслухаў ён чараўніцу і пайшоў па сьцежцы. Мінуў ён дзевяць ручаёў, мінуў дзевяць равоў, мінуў восем палянак.
    На дзевятай палянцы глядзіць ён — цэлы табун коней пасецца.
    “Які ж з іх багатырскі конь? — падумаў Эртэ-Берген. Кіну хіба я сваю вуздэчку ў табун. На якога ўпадзе яна, таго каня і вазьму”.
    Кінуў ён сваю залатую вуздэчку і бачыць — упала яна па самага маленькага, самага непрыгожага жарэбчыка. Раззлаваўся Эртэ-Берген:
    — Ці ж такі мне конь патрэбен! Што я буду з гэтым жарэбчыкам рабіць?
    А жарэбчык падбег да яго і кажа:
    — Не злуйся, гаспадар, а завядзі мяне да малочнага возера з залатымі берагамі. Выкупай мяне там — убачыш, якім я канём стану.
    Узяў юнак вуздэчку ў рукі, павёў жарэбчыка ў гушчар лесу да малочнага возера з залатымі берагамі.
    Кінуўся жарэбчык у возера, нырнуў тры разы — і вышаў на бераг беласьнежны конь. Грыва — кольцамі залатымі, з ноздраў полымя шугае, вочы іскры сыплюць.
    — Вось гэта па мне конь! — усклікнуў Эртэ-Берген, ускочыў на яго, разьвітаўся з бацькамі і паехаў, куды вочы глядзяць.
    Ехаў багатыр лета, ехаў зіму. Роўна сем гадоў ехаў.
    На восьмы год спахапіўся: успомніў, што сем гадоў нічога не еў. Стаў ён думаць, дзе б знайсьці чаго паесьці.
    Глядзіць — стаіць перад ім скала. Ідзе са скалы дымок.
    Стукнуў багатыр па скале бізуном — расступілася яна.
    Бачыць Эртэ-Берген — сядзіць у пячоры старая і кашу варыць.
    — Добры дзень, бабулька! Дай мне чаго паесьці, — папрасіў багатыр.
    — Д адкуль ты. сынок, узяўся? — пытаецца старая.
    Расказаў ёй багатыр аб сабе.
    — Ды, відаць, ты і праўда багатыр, калі так. — кажа старая. — Вось табе багатырская яда. Еш.
    І ставіць старая на стол маленькую місачку. Засьмяяўся Эртэ-Берген:
    — Што ты, бабулька! Ды гэтага мне і на адзін зуб мала.
    — А ты паспытай, сынок; зьеш спачатку, потым і гавары.
    Узяўся багатыр кашу есьці. Еў, еў, а ўсё ніяк маленькую місачку да дна вычарпаць не можа. Толькі на трэці дзень зьеў усё, што было ў місачцы, і місачку ўверх дном перакуліў.
    — Ну, дзякуй, бабулька, накарміла. Цяпер у мяне сілы ўтрая прыбавілася. Паеду я прыгодаў шукаць.
    Разьвітаўся багатыр з бабулькай і падаўся ў дарогу.
    Ехаў ён лесам, ехаў, ехаў роўна сем гадоў і трапіў, на рэшце, у такое месца, дзе сонца і месяц толькі палавінкамі сваімі сьвяцілі.
    А лес і трава расьлі ў тым месцы жалезныя. Як вецер павее, —шумяць, зьвіняць жалезныя лісьця, зьвініць жалезная трава.
    Пачаў Эртэ-Берген з гэтага жалезнага лесу выбірацца, праціскацца праз жалезныя кусты і галіны. І выбраўся на палянку.
    Стаіць на гэтай палянцы шэрая скала, а вакол скалы аднавокая і аднарогая жывёліна ходзіць, скубе жалезную траву.
    Паспрабаваў ён на скалу ўзьлезьці, а скала гладкая, роўная, учапіцца няма за што.
    Абярнуўся тады Эртэ-Бсрген у вавёрку і забег на самы верх скалы. Заўважыў ён, што ў скале ёсьць дзірка, а з яе дымок ідзе.
    Зазірнуў багатыр туды і бачыць — сядзіць па дне скалы дзяўчына, сама сьветлая, нібы срэбраная, а валасы залатыя. Плача яна і скардзіцца:
    — Зьвяры і птушкі на полі жыуць, дзікія ваўкі на волі бегаюць, а я тут адна ў палоне ў ліхадзея Бекердзеня пакутую.
    Шкада стала багатыру дзяўчыны. Абярнуўся ён зноў у чалавека, скокнуў на дно і пытаецца:
    — Хто ты, красуня? І як сюды трапіла? А дзяўчына адказвае:
    — Я — Ірунь. Ліхадзей Бекердзень мяне з бацькавай хаты ўкраў. Бачыш — вакол шэрыя скалы стаяць. Ва ўсіх іх палонныя яго пакутуюць. А я ўжо сем гадоў у палоне жыву. Цяпер Бекердзень на паляваньне пайшоў, а вернецца ён — бяда будзе табе.
    — Можа я з ім як-небудзь і спраўлюся, — кажа Эртэ-Берген.— Не хачу я, каб ты ў палоне сядзела.
    Ледзь пасьпеў ён гэтыя словы сказаць, як зашумелі жалезныя галіны, захісталіся жалезныя дрэвы — паказаўся на дарозе ліхадзей Бекердзень. Галава ў яго была чатырохкантовая, твар аднавокі, чорны, з вока іскры сыпаліся. Ехаў ён на жалезным кані.
    Стукнуў багатыр сваім бізуном па скале — расступілася скала, і выйшаў багатыр насустрач ліхадзею Бекердзеню.
    — Ты хто такі? — закрычаў Бекердзень. А юнак адказвае:
    — Я той, хто табе галаву адарве.
    Зароў Бекердзепь, засьмяяўся злосным сьмехам і рынуўся на Эртэ-Бергсна. Пачалася бойка.
    Такая бойка, што на небе хмары пацямнелі, па зямлі віхуры завылі, жалезныя дрэвы да травы прыпалі, усе зьвяры ў лясныя норы пахаваліся.
    Дзевяць гадоў біліся багатыры. Нарэшце пачаў стамляцца Бекердзень і кажа юнаку:
    — Відаць, на зямлі нам бойкі не скончыць. Пойдзем да вогненнага мора. Ты зробісься залатою рыбай, а я — жалезнаю, і зноў будзем біцца. Добра?
    — Добра, — адказвае юнак.
    Пайшлі яны да вогненнага мора, абярнуліся ў рыб і зноў распачалі бойку.
    Усхвалявалася вогненнае мора, зашумелі вогненныя хвалі, сьвішчуць віхуры над морам — б’юцца залатая рыба з жалезнаю.
    Дзевяць гадоў біліся багатыры.
    Зноў пачаў стамляцца ліхадзей Бекердзень, а здавацца не хоча. Зноў кажа ён юнаку:
    — Відаць, і ў вадзе нам не перамагчы адзін аднаго. Давай падымемся ў паветра. Ты станеш сокалам з залатой галавою, а я — арлом з жалезнай дзюбаю. Згодзен?
    — Згодзен, — адказвае Эртэ-Берген.
    Абярнуліся яны ў птушак, падняліся ў паветра і зноў пачалі біцца.
    Дзевяць гадоў біліся сокал з арлом.

    Ды, відаць, канец быў суджаны ліхадзею Бекердзеню.
    Ударыў сокал арла моцнай дзюбай у грудзі — і ўпаў арол мёртвым.
    Абярнуўся тады сокал зноў у багатыра. Падбег да яго беласьнежны конь з залатой грываю.
    І паехаў багатыр па жалезным лесе. Бе конь капытамі па шэрых камянях, а Эртэ-Берген прыгаварвае:
    — Выходзьце, бедныя людзі, на сьвет, на волю, на сонейка. Канец прыйшоў ліхадзею Бекердзеню.
    Пачалі людзі са скалаў выходзіць. Дзякуюць багатыру, радуюцца, усьлед за ім грамадой ідуць.
    Вярнуўся Эртэ-Берген на палянку. А там на вялікім камені красуня Ірунь, сьветлая, ям срэбра, з залатымі валасамі, сядзіць, яго чакае.
    Пасадзіў ён яе перад сабою ў сядло і паехаў назад праз чароўны лес.
    Цэлых сем гадоў ехаў багатыр з дзяўчынай, пакуль у знаёмыя месцы прыехаў.
    Спыніў каня каля роднай юрты, красуню Ірунь у юрту павёў.
    Зарадаваліся старыя бацькі. Згулялі вясельле. Сталі яны шчасьлівай сям’ёю жыць. Дзевяноста сыноў у Эртэ-Бергена нарадзілася.
    Былі ўсе багатыры, як бацька.
    /Казкі народаў СССР. Мінск. 1954. С. 172-179./




    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. 1067. Добры Эртэ-Берген. У кн.: Казкі народаў СССР. Мінск, Дзяржвыд БССР, с. 172-179. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1917-1965 гг. Бібліяграфія. [Склала І. І. Фалькоўская. Рэдактар Н. Б. Ватацы.] Мінск. 1967. С. 144.
    Зачытая Тутбай,
    Койданава



                                                                               [С. 144.]


                                                                               [С. 474.]


    Пэрсанальная выстаўка мастака, на якой сабраны творы, створаныя ім за многія гады, дапамагае нібы занава ўбачыць і ацаніць мастака, глыбей зразумець яго творчасьць, яго ўнутраны сьвет, які раскрываецца ў мастацтве.
    Часта творы паасобку ўжо знаёмыя, набываюць новыя рысы і тут нібы правяраецца сіла і арыгінальнасьць таленту майстра, правільнасьць выбраных ім шляхоў.
    Адчуваньне вялікай унутранай цэласнасьці і арганічнасьці разьвіцьця пакідае выстаўка В. Ціхановіча, таленавітага ілюстратара і карыкатурыста, мастака з вялікім своеасаблівым унутраным сьветам, удумлівага назіральніка, які ўмее паэтычна бачыць і паказваць навакольны сьвет.
    В. Ціхановіч нарадзіўся ў 1909 годзе ў г. Вільнюсе ў сям’і салдата.
    Мастацкую адукацыю ён атрымаў спачатку ў Таўрычаскай студыі малюнка ў Ленінградзе, а пазьней — у Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1930-1933). Гады навучаньня супалі з гадамі, калі яшчэ давалі сябе адчуваць розныя напрамкі і ідэйна-мастацкія пошукі, калі яшчэ не затухла барацьба разнародных творчых прынцыпаў ад беспрадметнасьці да натуралізму, ад крайнасьцей чыста фармальнага наватарства да самай непрыкрытай эклектыкі.
    У гэтых абставінах даводзілася шукаць свой шлях, фарміраваць асабістыя творчыя пазыцыі.
    Задоўга да паступленьня ў тэхнікум В. Ціхановіч прымае ўдзел у мастацкім жыцьці рэспублікі, ён збліжаецца з мастакамі, наведвае выстаўкі, сам удзельнічае на іх невялікімі лінагравюрамі, плякатамі.
    Вострая цікавасьць праяўляецца ў В. Ціхановіча да сатыры. З уласьцівай яму настойлівасьцю і ўпартасьцю ён вывучае творчасьць лепшых савецкіх карыкатурыстаў, ні адна з работ Ганфа, Ротава, Кукрыніксаў не застаюцца па-за ўвагай будучага мастака. Ён сам выпрабоўвае свае сілы ў гэтым жанры, што зьявілася заяўкай на тое, што пазьней зойме такое вялікае месца ў творчасьці мастака.
    Аднак перавагу аддае мастак працы над ілюстрацыяй дзіцячай кнігі.
    Яшчэ будучы студэнтам, пачынаючы з 1932 года В. Ціхановіч працуе ў Белдзяржвыдавецтве па афармленьню дзіцячай кнігі для дзяцей малодшага ўзросту.
    На выстаўцы кніжнай графікі ў Мінску (1934) мастак заняў віднае месца як малады і таленавіты ілюстратар. У гэтыя гады Валянцін Мікалаевіч працуе ў галіне станковай графікі, карыкатуры, жывапісу (пэйзаж). Цэнтральнае места ў творчасьці мастака займае кніжная ілюстрацыя. Ім ілюстраваны творы рускай і беларускай клясыкі — М. Горкага, А. Чэхава, I. Тургенева, Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага і інш.
    З асаблівай сілай выявіўся талент мастака як ілюстратара кнігі ў яго шматлікіх ілюстрацыях да дзіцячай літаратуры.
    У створаных у гэтыя гады ілюстрацыях да казак М. Прышвіна “Звер-Бурундук” (1936), да кнігі А. Гайдара “Блакітная чашка” (1939), да беларускай народнай казкі “Мароз сіні нос” (1940) творчасьць мастака яшчэ не вызвалена ад уплываў такіх мастакоў, як Чарушын, Лебедзеў, яны выяўляюцца ў пошуках дэкаратыўнай плоскаснасьці, схематызаванага абагульненьня формы, буйнай каляровай плямы. Але паступова творчасьць Валянціна Мікалаевіча набывае свой індывідуальны характар. Суровае патрабаваньне пазнавальнай каштоўнасьці малюнка, пастаянныя ўпартыя пошукі графічнай выразнасьці і эмацыянальнай вобразнасьці, творы пачынаюць вызначаць асноўныя рысы яго творчасьці.
    Гэтыя адзіна правільныя асновы самастойнага мэтаду ў мастацтве аблегчылі мастаку заваяваньне прафэсіянальнага майстэрства.
    На выстаўцы ў 1940 годзе ў час дэкады беларускага мастацтва ў Маскве экспанавалася сэрыя лінагравюр В. Ціхановіча, прысьвечаная гераічнай барацьбе беларускага народа з белапольскімі акупантамі. З вялікай драматычнай прыўзьнятасьцю паказаў у ёй мастак узоры патрыятызму савецкіх людзей непераможных у іх барацьбе з усялякім насільлем.
    Нажаль, амаль усе работы Валянціна Мікалаевіча даваеннага часу загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
    У пасьляваенныя гады сваю творчасьць мастак у асноўным прысьвячае ілюстрацыі дзіцячай кнігі і працы ў сатырычным жанры.
    Асаблівай цеплынёй сагрэты яго ілюстрацыі да дзіцячай літаратуры.
    Прывабныя жыцьцярадасныя маляўнічыя, поўныя фантазіі ілюстрацыі В. Ціхановіча, якія раскрываюць цудоўны сьвет казак перад маленькім чытачом, а часам не чытачом, а нават яшчэ толькі гледачом.
    У гэтым яму дапамагаюць яго ўменьне пранікнуць у псыхіку дзіцяці, зразумець яго, яго талент анімаліста, паэтычная любоў да прыроды і глыбокае веданьне сьвету жывёл.
    Цяжка назваць малюнкі В. Ціхановіча ілюстрацыямі ў літаральным сэнсе слова. Яны не суправаджаюць і не камэнтуюць літаратурны тэкст, а нібы зрастаюцца з ім, узмацняючы яго эмацыянальнае гучаньне.
    Ілюструючы кнігі розных аўтараў, ён імкнецца кожны раз знайсьці адпаведную тэксту мастацкую мову. Як правіла, В. Ціхановіч не толькі ілюструе кнігу, а стварае адзінае мастацкае афармленьне, якое ўключае вокладку, форзац, тытул, афармленьне старонак і ілюстрацый.
    Шырока вядомыя яго паэтычныя, поўныя лірыкі ілюстрацыі да казкі З. Бядулі “Мурашка-Палашка” (1946), да беларускай народнай казкі “Ладачкі-ладачкі” (1947), да казкі В. Гаршына “Лягушка-падарожніца”, да зборніка “Казкі народаў СССР” і многія іншыя.
    На Усесаюзнай выстаўцы кнігі, графікі і плякату (Масква, 1956 г.) В. Ціханозіч атрымаў дыплём за ілюстрацыі да зборніка Д. Маміна-Сыбірака “Алёнчыны казкі” і казкі А. Талстога “Зімоўе зьвяроў”.
    За апошнія гады В. Ціхановічам створана нямала бліскучых, яркіх і прывабных ілюстрацый да дзіцячых кніг. Сярод іх: “Месяц за месяцам” і “Каляндар прыроды” В. Вольскага, “На рацэ Бабрыцы” Я. Пушчы і мн. інш. Надзіва дынамічныя і жывыя малюнкі Ціхановіча ў казцы В. Віткі “Пра цара Зубра”. Напоўніўшы кнігу жывымі і займальнымі малюнкамі, мастак яшчэ раз паказаў адну з прыкметных асаблівасьцей свайго таленту, якая так неабходна для пералажэньня казкі на мову выяўленчага мастацтва, багацьце выдумкі, уменьне арганічна спалучаць рэальнае з фантастычным і, нарэшце, перадаць тую наіўнасьць, без якой казка не можа быць пераканальнай.
    Зусім іншым — не дабрадушным і вясёлым казачнікам, а зьедлівым сатырыкам выступае В. Ціхановіч у сваіх карыкатурах, якія бічуюць усё адсталае, коснае.
    Да пачатку 1945 года адносіцца пачатак працы мастака ў сатырычным часопісе “Вожык”. Як у ілюстрацыях і дзіцячых казках, так і ў сатырычных малюнках В. Ціхановіча часьцей. за ўсё дзеючыя асобы — зьвяры, на іх мастак умела пераносіць рысы чалавечага характару. Валянцін Мікалаевіч працуе ў жанры бытавой і палітычнай сатыры. Нечаканасьцю сытуацый, гратэскавай формай, якія адрозьніваюць яго творчасць, мастак стварае вострыя, выразныя карыкатуры.
    Шырокае прызнаньне грамадзкасьці атрымалі яго карыкатуры “Рэкардыстка”, “Бедная жывёліна”, “Ноеў каўчэг”, “Добра, што я не брытанскі”, “Ізабайка”, “Глыбокая цікавасьць” і шмат іншых.
    За карыкатуру “Перастрахоўшчык на паляваньні” на Усесаюзным конкурсе “Крокодила” на лепшую карыкатуру Валянцін Мікалаевіч атрымаў 2-го прэмію (першая нікому не была прысуджана).
    Імя В. Ціхановіча, выдатнага ілюстратара і карыкатурыста, заслужана карыстаецца вядомасьцю не толькі ў Беларусі, але і за межамі яе, ён друкуецца ў многіх пэрыядычных выданьнях у радзе часопісаў Савецкага Саюза і краін народнай дэмакратыі.
    Увесь час пашыраецца кола творчых пошукаў мастака. В. Ціхановіч вярнуўся да працы над гравюрай. Рад сяброўскіх шаржаў, поўных лірыкі невялікіх пэйзажаў, кніжных знакаў выкананы Валянцінам Мікалаевічам у тэхніцы афорту, лінагравюры.
    Работы апошніх год зьяўляюцца яркім сьведчаньнем новых, няспынна растучых посьпехаў мастака.
    Жыцьцярадаснасьць, невычэрпная фантазія, своеасаблівасьць мастацкай мовы, здольнасьць быць заўсёды шчырым і сучасным вызначаюць тое вялікае месца, якое займае Валянцін Мікалаевіч Ціхановіч у беларускім выяўленчым мастацтве.
    О. Баравік
                                                                               [С. 144.]



                                                                           [С. 125.]




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz