czwartek, 20 listopada 2014

ЎЎЎ 1. Алюміньня Лайдачка. Валадзюн Правасуд ды Якутыя. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Уладзімер Рыгоравіч Правасуд нар. 5 чэрвеня 1933 г. у в. Подгаць Парыцкага раёну БССР /цяпер Кастрычніцкі (Акцябарскі) раён Гомельскай вобласьці РБ/.
    У 1944 г. быў вывезены ў Нямеччыну, у спэцыялізаваны вайсковы лягер, дзе ён навучаўся вайсковай справе ў спартанскім рэжыме. 18 траўня 1945 г. быў вызвалены амэрыканцамі і вернуты на радзіму.
    Першы верш надрукаваў у газэце “Піянер Беларусі” ў 1953 г. У час службы ў Савецкай Арміі друкаваўся ў газэце Прыбалтыйскай ваеннай акругі ды дасылаў вершы ў “Вожык”
    Пасьля дэмабілізацыі з шэрагаў Савецкай Арміі працаваў у Лельчыцкай раёнцы “Савецкае Палессе”, у красавіку 1962 г. накіраваны працаваць у рэспубліканскую газэту “Калгасная праўда”. Падрабляў тым, што пісаў “за старшыняў калгасаў доктарскія дысэртацыі”.
    У 1967 г. перайшоў працаваць у рэдакцыю сатырычнага часопісу “Вожык”. У 1970 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1970). Пабываў на якуцкім участку БАМу. Напісаў паэму прысьвечаную “сьветлай памяці Герояў Савецкага Саюза якута Фёдара Папова і беларуса Мікалая Кедышкі” імямі якіх былі названыя камсамольска-маладзёжныя атрады БАМаўцаў адпаведных рэспублік. Потым ізноў наведваў ЯАССР, перакладаў творы якуцкіх пісьменьнікаў: Аляксея Кюндэ, Архіпа Абагінскага, Панцеляймона Туласынава, Інакенція Эрцюкова, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Майсея Яфімава, Міхаіла Цімафеева. Як апавядаў беларускі пісьменьнік Іван Ласкоў, які жыў і працаваў у Якуцку, дзеля гэтага яго моцна “паілі” якуты, што нават вадзілі пад рукі...
    Памёр Уладзімер Рыгоравіч у сьнежні 2010 году.
    Творы:
    Палескі Марэсьеў. 1965. 58 с.
    Вэтэран. Мінск. 1968. 46 с.
    Бабрыная справа. Байкі, гумарэскі, мініяцюры. Мінск. 1973. 48 с.
    Светлая доля. Мінск. 1975. С. 79.
    Соль і перац. Мінск. 1976. 95 с.
    Зайздросны лёс. Нарыс. Мінск. 1977. 79 с.
    Любоў без узаемнасці. Гумар. Мінск. 1979. 94 с.
    Народжаны рэвалюцыяй. Мінск. 1979. 92 с.
    Прасека. // Работніца і сялянка. № 8. Мінск. 1978. С. 8-9.
    Дэсант. // Работніца і сялянка. № 9. Мінск. 1978. С. 2.
    Магістраль. // Работніца і сялянка. № 10. Мінск. 1978. С. 4-5.
    Народжаны рэвалюцыяй. Мінск. 1979. 92 с.
    Любоў без узаемнасці. Гумар. Мінск. 1979. 94 с.
    Побратимы. Поэма. Сокращенный вариант. Перевел с белорусского Федор Ефимов. // Полярная звезда. № 2. Якутск. 1981. С. 29-34.
    Комиссар. Очерк. // Полярная звезда. № 6. Якутск. 1981. С. 69-74.
    Эргиллии (Поэматтан быhа тардыы). Н. Герасимом тылб. // Хотугу сулус. № 11. Якутскай. 1981. С. 89-92.
    Эргиллии. Якутскай. (Поэма). Белорустууттан сахалыы Николай Герасимов тылбааhа. 1981. 48 с.
    Працоўны поўдзень. Нарысы. Мінск. 1983. 174 с.
    Бамаўцы. Нарысы. Мінск. 1984. 94 с.
    Цешча і аўтамабіль. Сатырычныя вершы. Мінск. 1984. 48 с.
    З берагоў Лены. Уступнае слова і пераклад Уладзіміра Правасуда. // Братэрства 87. Літаратурны зборнік. Мінск. 1987. С. 78-85.
    Прыкарытнікі. Вершы. Мінск. 1995. 31 с.
    Маўклівая пушча. Нарысы. Мінск. 1989. 140 с.
    Збор твораў у трох тамах. Т. 1. Байкі, гумарыстычна-сатырычныя вершы, пародыі, эпіграмы. Мінск. 2008. 301 с.
    Збор твораў у трох тамах. Т. 2. Нарысы. Мінск. 2008. 301 с.
    Збор твораў у трох тамах. Т. 3. Вершы, паэмы, гумарэскі, пераклады. Мінск. 2008. 425 с.
    Літаратура:
*    Крупейченко В.  Берег героев. // Знамя юности. Минск. 16 октября 1983. С. 2.
*    Правосуд В. (2893). // Чолбон (Хотугу сулус) 1926-1992 с.с. Библиографическай ыйынньык. Ыйынньыгы хомуйан оҥордо М. Е. Яковлева. Дьокуускай. 1994. С. 116.
*    Прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 19 ліпеня 1996.
*    Правасуд У.  4596, 4599-600, 4602, 4604-07. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1976-1991. Складальнікі: Лідзія Канстанцінаўна Фарасцяная, Лідзія Аляксандраўна Цітова. Мінск. 1997. С. 173.
*    Лоўчая Л. В. (прырода, гаспадарка), Нікіцін М. Г. (гісторыя).  Саха (Якуція). [Літаратура] // Беларуская Энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 14. Мінск. 2002. С. 204.
*    Пестерев В.  Листая старые страницы... (О чём писала «Полярка» в конце «Эпохи застоя». Часть I, 1981-1985 гг.) // Полярная звезда. № 8. Якутск. 2016. С. 90, 93.
    Алюміньня Лайдачка,
    Койданава
    *
                                    ПРЫНЯТЫ Ў САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
    Правасуд Уладзімір Рыгоравіч. Паэт, сатырык, гумарыст, публіцыст. Нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Подгаць Акцябрскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1970). Літработнік аддзела літаратуры часопіса “Вожык”.
    Літаратурную працу пачаў у 1956 годзе.
    Аўтар кніг паэзіі “Бабрыная справа” (1973), “Соль і перац” (1976), “Любоў без узаемнасці” (1979), “Пабрацімы” (у перакладзе на якуцкую мову, Якуцк, 1981), “Цешча і аўтамабіль” (1984), “Прыкарытнікі” (1995), прозы і публіцыстыкі “Палескі Марэсьеў” (1967), “Ветэран” (1968), “Светлая доля” (1975), “Зайздросны лёс” (1977), “Народжаны рэвалюцыяй” (1979), “Працоўны поўдзень” (1983), “Бамаўцы” (1984), “Маўклівая пушча” (1989) і іншых, а таксама шэрагу публікацьій у калектыных зборніках і перыёдыцьі.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 29. 19 ліпеня 1996./
    *
                                            ПРАВАСУД НЕ ПЕШЧАНЫ ЖЫЦЬЦЁМ
    Уладзімір Правасуд не дужа пешчаны жыцьцём. Гэта яго хлапчуком (нарадзіўся 5 чэрвеня 1933 года на Рудабельшчыне, што на Палесьсі) зьвезьлі ў 1944 годзе ў Нямеччыну. У спэцыяльным лягеры ярка выражаных славянчыкаў навучалі вайсковай справе, трымаючы ў спартанскім рэжыме. Рыхтавалі свайго роду янычараў. Нямецкія антраполягі былі выдатнымі спэцамі. У гэтым можна яшчэ раз пераканацца, глянуўшы на мажнога, рослага, русявага Правасуда. 18 траўня Уладзімір адзначае другі дзень свайго нараджэньня, бо ў гэты дзень 1945 года амерыканцы вызвалілі маленькіх вязьняў. І сумны гумар быў у тым, як нялёгка было патэнцыяльна магчымаму арыйцу прывыкаць дома да нішчымніцы, бо ў Нямеччыне кармілі як на ўбой.
    Уладзімір Правасуд — чалавек з багатай жыцьцёвай біяграфіяй, і калі бярэцца за што, дык грунтоўна бярэцца. Прыгадваецца, да прыкладу, як у маладыя гады супрацоўнік рэспубліканскіх газэт Правасуд пісаў за старшыняў калгасаў доктарскія дысэртацыі, сам і кандыдацкай не абараніўшы. І гумар у Правасуда не па прымаўцы, якая пачынаецца словамі: сьмех без прычыны...
    Прычынаў на сатыру і гумар у нашым сёньняшнім жыцьці болей чымся дастаткова. І таму так шчырэе Уладзімір Правасуд на дзялянцы, дзе растуць калючыя, казытлівыя, стрыкучыя ды разучыя кусты і травы.
    Рыгор Барадулін
    /Уладзімір Правасуд. Збор твораў у трох тамах. Т. 1. Мінск. 2008. С. 3./
 

                                                  УСЕНАРОДНАЯ БУДОЎЛЯ — БАМ
    Нядаўна карэспандэнт “Работніцы і сялянкі” пабываў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, праехаў па так званаму Малому БАМу, які злучае Транссыбірскую магістраль з вугальным разрэзам, што знаходзіцца каля горада Нерунгры, наведаў пасёлак Залацінку, які ўзьвялі юнакі і дзяўчаты першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.
    На будоўлі магістралі веку нароўні з мужчынамі працуюць і нашы слаўныя жанчыны-беларускі. Пра некаторых з іх наш расказ.
                                                                      ПРАСЕКА
    У красавіку 1975 года за 150 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы БАМа горада Тынды, ля самай халоднай 60-й паралелі, там, дзе горная бурлівая рачулка Халаднікан упадае ў яшчэ больш бурлівую Іенгру, сярод тайгі высадзіўся першы дэсант — 128 юнакоў і дзяўчат. Яны ўвайшлі ў склад першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Тут, на гэтых камяністых сопках, што ўзвышаюцца амаль на дзьве тысячы мэтраў над узроўнем мора, на вечнай мерзлаце, якая дасягае глыбіні тысячы пяцьсот і больш мэтраў, ім, звыклым да ўмеранага клімату, трэбы было пачынаць усё ўпершыню: будаваць жыльлё для сябе і для тых, хто прыйдзе ўсьлед за імі, пракладваць дарогі, рабіць прасеку для будучай чыгункі, якая павінна была зьвязаць Транссыбірскую магістраль з невычэрпнымі багацьцямі Паўднёвай Якутыі, пераносіць пяцідзесяціградусны мароз і амаль трыццаціградусную летнюю сьпёку, загартавацца, здружыцца, не адступіць, выстаяць і перамагчы.
    І яны перамаглі, перш за ўсё самі сябе. А ў атрадзе ж было амаль трэць дзяўчат, і  частка іх — учорашнія школьніцы-летуценьніцы. якія наогул яшчэ не сутыкаліся з абставінамі і патрабаваньнямі рэальнага жыцьця, а пра поўнач мелі толькі кніжнае ўяўленьне. Зараз, калі пра гэта заходзіць гаворка, яны сьціпла ўсьміхаюцца, нібыта нічога такога і не было, не было і подзьвігу, а была звычайная будзённая работа, якую трэба было выканаць як мага хутчэй і як мага лепш, бо ад гэтага залежаў ужо і лёс тых, хто ішоў усьлед за імі. І трэба было яшчэ зрабіць тыя апошнія сто — дзьвесьце крокаў па глыбокім сьнезе, каб пасьля працы (а працавалі і па дванаццаць гадзін у суткі) вярнуцца ў вагончык, ды не адразу паваліцца ў ложак, а, перамогшы зморанасьць распаліць печ, абагрэць жытло, бо траскучы мароз не цырымоніцца з тымі, хто забываецца пра яго існаваньне.

    Сярод тых першапраходцаў была і Валянціна Макеева, ураджэнка горада Мазыра. Не, ужо тады яна не была летуценьніцай. Яна ведала, куды едзе і што яе там чакае. І калі сяброўкі з праектна-разьведачнага інстытута “Белгіпрадор”, дзе Валянціна ў той час працавала інжынэрам, пераконвалі яе, што не дзявочая гэта справа блукаць па сьвеце, яна зьдзіўлена паглядзела на іх і адказала:
    — Добра, я не паеду, вы не паедзеце, а хто ж тады БАМ пабудуе?
    Сёньня ёй не хочацца ўспамінаць пра гэта. Ды і часу няма. Засталіся лічаныя мінуты да адыходу аўтобуса на Тынду, дзе заўтра пачнуцца спартыўныя спаборніцтвы на першынство цэнтральнага ўчастка БАМа, а яна яшчэ не сабралася. У гэтым ёй дапамагаюць сяброўкі Надзея Лушчык і Раіса Дворкіна, з якімі яна прыехала асвойваць і абжываць гэты куток. Няма толькі Ніны Рачкоўскай: у Мінскім політэхнічным інстытуце здае экзамэны за чацьверты курс, а то б і яна тут увіхалася.
    — Што ж, дзяўчаты, прысядзем на дарожку, — прапаноўвае Надзея Лушчык.
    — Каб нашай Валянціне і на гэты раз у ліку першых быць, — падтрымлівае Раіса Дворкіна.
    У пакоі ўсталёўваецца цішыня. Чуваць як адлічвае сэкунды будзільнік — дакладны сыгнальшчык ранішняй пабудкі. Выбілася з-за хмары і заглянула ў вакно сонца. Заіскрыліся ў яго прамянях шматлікія спартыўныя ўзнагароды, разьвешаныя на сьцяне на чорным аксаміце. Што ні прыз — то памяць. Вось узнагарода за трэцяе месца ў эстафэце на спартакіядзе народаў Якуцкай АССР. А гэта за першае, у горадзе Нерунгры...
    Надзея Лушчык сказала:
    — Валечка, ты ў нас на БАМе кляснай спартсмэнкай стала.
    Сьціплая, крыху сарамлівая Валянціна Манеева пачырванела ад пахвалы. Займацца спортам есьць дзе: і стадыён, і спартыўная заля. Сваімі рукамі будавалі. А добрая лыжня трымаецца дзевяць месяцаў. Есьць у каго і параду атрымаць, і вопыт пераняць. Асабліва ў Надзеі Тарасавай: яна майстар спорту.
    І вось ужо аўтобус, падскакваючы на шматлікіх выбоінах бяжыць па Амурска-Якуцкай магістралі. Пабудаваная ў трыццатых гадах, яна ўзяла пачатак каля Вялікага Невера і, расьсякаючы тайгу тысячастапяцідзесяцікілямэтровай стужкай, злучыла Якуцк з Транссыбірскай магістральлю, удыхнула жыцьцё ў гэты край. Яна ўзваліла на свае плечы і асноўны груз, неабходны будаўнікам Малога БАМа, як называюць паўночны ўчастак чыгункі. Калі раней ад Вялікага Невера да Чульмана за суткі праходзіла ў сярэднім 650 аўтамашын, дык зараз — 3500. Ехала па гэтай дарозе ў той памятны красавіцкі дзень 1975 года і Валянціна Макеева. Ехала і ўважліва ўглядалася навакольле, неабжытую і дзікую тайгу, раз-пораз пстрыкаючы фотаапаратам, каб назаўсёды захаваць на здымках першапачатковае замшэлае аблічча, бо ведала і верыла: едуць яны сюды, каб перайначыць гэты край, даць яму новае жыцьцё. Яна і зараз пільна ўглядаецца ў навакольле. Калі б часта не езьдзіла па гэтай дарозе і сама не працавала тут, ніколі б не паверыла, што за такі кароткі час настолькі можа зьмяніцца краявід.
    Паралельна гэтаму грунтавому тракту бяжыць, разразаючы сопкі і тайгу, другая дарога, пабудаваная імі чыгунка, трасу якой ад Нагорнага да Беркакіта яна вымярала сваімі крокамі. Цяпер, любуючыся з акна аўтобуса роўнай сталёвай істужкай, прыпомніла размову са сваімі сёстрамі Галяй і Людай. Было гэта летась, калі яна езьдзіла дадому ў адпачынак. Бацька, Васіль Іванавіч, мітусіўся, не ведаючы, дзе пасадзіць дачку, што прыехала з такой далечы. А сёстры, калі ўлегліся першыя хваляваньні сустрэчы, адразу ж сталі распытваць: а як жывецца на БАМе, а ці праўда, што на абед да вас наведваюцца з тайгі мядзьведзі, а што такое наогул БАМ? На першыя пытаньні Валянціна адказала з жартаўлівай усьмешкай, наконт мядзьведзя загнула, што з ім з адной міскі кашу ела, хоць таго мядзьведзя за ўвесь час так ні разу і не бачыла. А на апошняе пытаньне адказала сур’ёзна:
    — Нават і не ведаю, як вам расказаць пра гэта. Адно скажу: Байкала-Амурская магістраль, сястрычкі, па аб’ёму будаўніча-мантажных работ, працягласьці і складанасьці інжынэрных збудаваньняў не мае роўных у сьвеце. БАМ — гэта пракладка трасы з захаду на ўсход даўжынёй 3145 кілямэтраў і з поўдня на поўнач — 450 кілямэтраў, гэта, як прынята называць Малы БАМ. Каб збудаваць такую чыгунку трэба перамясьціць 222 мільёны кубічных мэтраў грунту, стварыць 3200 штучных збудаваньняў, у тым ліку 140 мастоў даўжынёй больш як сто мэтраў кожны, прабіць чатыры тунэлі агульнай працягласьцю 25300 мэтраў... Вось што такое ў агульнай рысах БАМ. І мы яго пабудуем, — заключыла тады яна.
    Але чаму яна ўсё гэта прыпомніла зараз? Ці не таму, што іхні аўтобус пачаў караскацца ўгору, каб адолець Станавы хрыбет? Ох, і даўся ўсім у знакі гэты хрыбет — і праекціроўшчыкам, і будаўнікам. Спачатку спрабавалі абысьці яго бокам, ды нічога не выйшла. Чартыхаўся начальнік разьведачнай партыі і Маскоўскага Гіпратранса Васіль Васільевіч Гусеў, куды спачатку трапіла працаваць Валянціна Макеева.
    — І ўсё ж мы зломім хрыбетнік гэтаму хрыбту. — паўтараў Васіль Васільевіч.
    І вырашылі прабіваць тунэль. Упершыню ва ўмовах вечнай мерзлаты. Сама яна не ўдзельнічала ва ўзрыўных і іншых работах, але партыя, у якой яна тады працавала, вызначыла напрамак і аб’ем гэтых работ, дала, як кажуць, ключык, з дапамогай якога праходчыкі маглі адкрыць Станавы хрыбет, каб пад ім у будучым мог прайсьці поезд. Зараз гэты тунэль даўжынёй больш кілямэтра злучыў паўднёвы і паўночны ўчастак чыгункі.
    А яны тады адсюль, ад будучай станцыі Нагорная, пайшлі на поўнач, каб вызначыць напрамак і шырыню прасекі для чыгункі, якая зьвяжа гэтую станцыю са станцыяй Залацінка. Стаяла якраз сярэдзіна тутэйшага лета. Трыццаціградусная сьпёка, камарыныя хмары, выпарэньні ад багны — усё гэта ўскладняла работу. А час прысьпешваў. Дэсантам з Залацінкі каля Нагорнай ужо высадзілася брыгада лесасекаў Аляксандра Дзідзенкі, мінчаніна, які таксама прыехаў з першым атрадам. Хлопцы, узброеныя бэнзапіламі і сякерамі, валілі лістоўніцы, пракладвалі прасеку, акую напярэдадні вызначыла іх разьведачная партыя.
    У гумавых ботах, у спэцыяльным касьцюме, які абараняў ад маскітаў невысокая і хударлявая Валянціна Макеева, здавалася, не ведала стомы. Яна, як магла, дапамагала разьведчыкам. Па спэцыяльнасьці тэхнік-будаўнік, Валянціна выконвала самую радавую работу: цягала стужку, насіла рэйку, забівала калочкі, каб абазначыць шырыню і напрамак будучай прасекі. Яна ведала, што на БАМе спэцыяльнасьцей не выбіраюць, а выконваюць тую работу, якая ў першую чаргу неабходна. Была гатова да гэтага і ніколечкі не крыўдавала што яе выкарыстоўваюць не па спэцыяльнасьці.
    І вельмі зьдзівілася, калі Георгій Міхайлавіч Ільяш, галоўны інжынэр будаўніча-мантажнага поезда 578, створанага на базе беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі, аднойчы выклікаў яе і сказаў.
    — Досыць хадзіць у падсобніцах. Бачу, дзяўчына ты працавітая і кемлівая. таму прапаную табе пасаду геадэзіста. Вось табе чарцяжы, разьбівай новыя прасекі, якія пасьля вуліцамі стануць. Будзем пасёлак будаваць, каб трывала на гэтай зямлі замацавацца.
    Новая пасада — новыя клопаты і абавязкі. Зорка нацэлена вока нівэліра ў далячынь, каб адлюстраваць мясцовасьць вызначыць яе профіль. Не менш важна правільна вызначыць, вымераць вуглы пры дапамозе тэадаліта. Работа звыклая і не зусім звыклая, бо тут не тыя ўмовы, што на радзіме. Тут, ва ўмовах вечнай мерзлаты, кожны пралік можа некалі абярнуцца катастрофай. І сёньня памятае яна, як, не ведаючы капрызаў мерзлаты, іх атрад адзін з будынкаў хацеў узьвесьці на фундамэнце. Выкапалі катлаван, пачалі заліваць той фундамэнт. І пачалося штосьці неверагоднае. Глеба, з выгляду зусім звычайная, раптам пакрылася потам, затым набухла і пачала выструменьваць ваду, Зусім нечакана ва ўсім катлаване зьявіліся наледзі. Мусілі адмовіцца ад гэтага варыянта і ў далейшым будавалі дамы толькі на палях.
    Крок за крокам, прасека за прасекай... Калі будаўніча-мантажны поезд сфарміраваў дэсант, каб высадзіць яго за шэсьцьдзесят кілямэтраў на поўнач ад Залацінкі на будучай станцыі Беркакіт, Валянціна Макеева была ў яго складзе. Зноў неабжытая мясцовасьць, зноў некранутая тайга навокал. Толькі на гэты раз стаяў сьнежань, маразы дасягалі пяцідзесяці градусаў Правальваючыся па пояс у сьнезе, яна ішла наперадзе лесасекаў, каб вызначыць напрамак і шырыню прасекі для чыгункі і вуліц новага таёжнага пасёлка Беркакіт... А трэба было ісьці не толькі наперад, але пасьля напружанага працоўнага дня вяртацца назад, зноў грузнучы па пояс у сьнезе. І трэба было перамагаць сябе і сваю зморанасьць, каб зрабіць тыя апошнія крокі, якія прыводзілі да жытла. І трэба было пастаянна сачыць за сяброўкамі, каб у іх не адмерзьлі шчокі...
     Усё гэта было, усё гэта ёсьць і, магчыма, будзе. Як ёсьць і гэтыя спаборніцтвы, што працягваліся ажно два дні. І вось яна зноў у аўтобусе...
    З Тынды аўтобус прыйшоў надвячоркам і спыніўся каля пасялковага Савета. Яе чакалі сяброўкі і сакратар камітэта камсамола будаўніча-мантажнага поезда Васіль Жураўскі. Ва ўсіх адно немае запытаньне: як справы?
    — Першае месца па мнагабор’ю, — задавальняе іх цікаўнасьць Валянціна Макеева.
    А заўтра зноў работа — нялёгкая работа першапраходчыка, каб новая прасека пралегла сярод тайгі. У вялікі і шырокі сьвет глядзіць праз гэтую прасеку Валянціна Макеева, сьціплая беларуская дзяўчына.
    У. Правасуд
    /Работніца і Сялянка. № 8. Мінск. 1978. С. 8-9./
 


    Надзея Лушчык
                                          СТАНЦЫЯ МАЙГО ЮНАЦТВА
                                          Не змагу, пэўна, з ёю расстацца я,
                                          Хоць страляе марозам зіма:
                                          Залацінка — мая гэта станцыя,
                                          Я яе будавала сама.
                                              І тайга застанецца ў памяці,
                                              І прамёрзлыя сопкі наскрозь:
                                              Залацінка — не проста станцыя,
                                              Залацінка — мая маладосьць.
                                          Працавалі аддана, старанна.
                                          Час прысьпешваў: хутчэй і шпарчэй!
                                          Песьняй звонкай будзілі заранак,
                                          Адклікаўся нам песьняй ручэй.
                                              Гартавалася нашая дружба,
                                              Нібы ў полымі сталь, на гады.
                                              Памагала яна нам адужаць
                                              Сьпёку летнюю і халады.
                                          Захаваю навек я у памяці
                                          Вашых сэрцаў, сябры, прыгажосьць.
                                          Залацінка — не проста станцыя,
                                          Залацінка — мая маладосьць.
                                                              * * *
                                          Пішу пісьмо сягоньня маме,
                                          А за акном бялюткі сьнег.
                                          У нас ужо зіма на БАМе
                                          Са старту узяла разьбег.
                                              Навокал стала бела-бела.
                                              Цяпла ўжо не чакай — няма.
                                              Зьнянацку ўпэўнена і сьмела
                                              Прыйшла якуцкая зіма.
                                                               * * *
                                          За акном прывычна твіст танцуюць
                                          Сосны, што пастроіліся ў рад,
                                          Разганяюць цішыню начную
                                          Пад шалёны з ветрам сьнегапад.
                                              Завіруха сьнег закружыць зьмейкай,
                                              Сосны загамоняць мае зноў
                                              І, ад твіста перайшоўшы к шэйку,
                                              Ціхенька пастукаюць ў акно.
                                          І пад танец іх прыемна марыць,
                                          Станаўлюся я сама сабой.
                                          Што завея мне і злыя хмары,
                                          Калі сосны кружацца са мной!
                                              Сосны мне свае раскажуць казкі,
                                              Запытаюць ціхенька яны:
                                              “Як жывеш, скажы нам, калі ласка,
                                             І якія бачыш казкі-сны?”
                                          І калі я ноччу прачынаюся,
                                          Не заснуць больш: так не першы раз.
                                          У акно гляджу і ўсьміхаюся:
                                          Сосны пад акном танцуюць вальс.
                                                                           Пераклад з рускай мовы.

    /Работніца і Сялянка. № 9. Мінск. 1978. С. 1./

    *
                                                                       ДЭСАНТ
    Надзея Лушчык і сама добра ўсьведамляла, што пабудова пасёлка — гэта пляцдарм для наступленьня на тайгу, трывалы тыл, які забясьпечыць перамогу. Але будаваць без праекта? Гэтага яна ніколі не рабіла. Там, у Слаўгарадзкім міжкалгасбудзе, дзе два гады працавала майстрам пасьля заканчэньня Брэсцкага інжынэрна-будаўнічага інстытута, патрабавалі, каб ніякіх адхіленьняў ад праекта не было. А калі хто-небудзь такое дапускаў, яго сурова ўшчувалі.
  
    Надзея Лушчык і сама добра ўсьведамляла, што пабудова пасёлка — гэта пляцдарм для наступленьня на тайгу, трывалы тыл, які забясьпечыць перамогу. Але будаваць без праекта? Гэтага яна ніколі не рабіла. Там, у Слаўгарадзкім міжкалгасбудзе, дзе два гады працавала майстрам пасьля заканчэньня Брэсцкага інжынэрна-будаўнічага інстытута, патрабавалі, каб ніякіх адхіленьняў ад праекта не было. А калі хто-небудзь такое дапускаў, яго сурова ўшчувалі.
    — Праект для будаўніка — закон,— заўсёды падкрэсьліваў старшыня міжкалгасбуда.
    І яна старалася не адступацца ад чарцяжоў і разьлікаў праектантаў. А калі спасьцігла гэты непарушны закон, калі адчула ў сабе сілу і ўпэўненасьць — захацела праверыць свае здольнасьці на вялікай будоўлі. Так нарадзілася думка паехаць на БАМ. Тут якраз і першы беларускі камсамольска-маладзёжны атрад пачаў фарміравацца. Надзея Лушчык зьвярнулася са сваёй просьбай у Слаўгарадзкі райкам камсамола, дзе яе просьбу задаволілі, бо ведалі, што яна добры спэцыяліст.
    Ведалі гэта і ў міжкалгасбудзе, таму адразу заўпарціліся.
    — Мы цябе вучылі, зрабілі з цябе спэцыяліста, а ты вунь якая няўдзячная... Хіба не ведаеш, як у нас цяжка з кадрамі?
    — Ведаю. Але ж я не на лягчэйшы ўчастак работы прашуся, — адказала на гэта Надзея.
    У справу ўмяшаліся райкам і абком камсамола, і Надзю, нарэшце, адпусьцілі.
    — Жадаем, каб ты і там будавала так, як у нас, — праводзячы яе, гаварылі пасаромленыя міжкалгасбудаўцы.
    Але «там», ці, дакладней, тут, у Залацінцы, так, як у Слаўгарадзе, не выходзіла. Ні чарцяжоў, ні разьлікаў не было. Былі шчыты, і з іх трэба ставіць дамы і памяшканьні гаспадарчага прызначэньня. Майстар Надзея Лушчык, пад началам якой былі дзьве будаўнічыя брыгады, спачатку разгубілася.
    — Няўжо ўсё жыцьцё свае думаеш па праекту будаваць? — запытаўся тагачасны галоўны інжынэр будаўніча-мантажнага поезда нумар 578 Георгій Міхайлавіч Ільяш. — Нам не праекты, а перш за ўсё жыльлё патрэбна.
    Яна сэрцам і сама разумела гэта, таму не пярэчыла, будавала. Будавала прадуктовы і прамтаварны магазыны, пякарню, жыльлё. Будавала тое, што загадвалі і што было неабходна ў першую чаргу. Але хацелася нечага незвычайнага, магчыма, нават рамантычнага. І таму праз тры месяцы яна папрасілася накіраваць яе ў групу геадэзістаў Валянціны Макеевай.
    Цяпер, здаецца, збылася мара: яна першапраходца ў тайзе, па вызначанай ёю прасецы праляжа чыгунка, пабягуць цягнікі, абуджаючы грукатам колаў замшэлае навакольле. Але ж з Залацінкі, якая ператварылася ў матэрыяльна-тэхнічную базу іхняга поезда, пачалі адпраўляцца і высаджвацца па будучай трасе чыгункі першыя дэсантныя атрады. Спачатку высадзіўся дэсант на БАМе, затым Янкане, у Тындзе, Лапрах і, нарэшце, на Беркакіце, асядлаўшы будучую трасу Малога БАМа.
    Надзею Лушчык пацягнула туды, як магнітам, бо менавіта там былі самыя цяжкія і самыя рашаючыя ўчасткі будаўніцтва. Але цяпер яна была абрана членам камсамольскага камітэта поезда, і вырашаць, на якім участку ёй працаваць, мог толькі камітэт.
    Выслухаўшы яе просьбу, тагачасны камісар атрада Мікалай Бондараў шматзначна паабяцаў:
    — Якраз для дэсанта і падыходзіш. Вырашым. Неўзабаве пытаньне вырашалася на камітэце. Слухала Надзея, што гаварыў камісар, і вушам сваім не верыла: ён прапанаваў накіраваць яе на работу ў камітэт камсамола, а больш дакладна — назначыць вызваленым намесьнікам камісара.
    — Але ж я не аб тым прасіла ў сваёй заяве!
    — Ты прасілася ў адзін з дэсантаў, — адказаў Бондараў, — а так па ўсёй трасе будзеш езьдзіць.
    Было гэта ў верасьні. Настала раньняя якуцкая зіма. Выпаў сьнег. Ударылі першыя маразы, асабліва адчувальныя пасьля кароткага гарачага лета. А яна, беларуская дзяўчына, павінна адправіцца ў свой першы асабісты дэсант ажно ў Янкан, за 230 кілямэтраў ад Залацінкі. Аўтобусы туды не ходзяць. Дабрацца можна толькі на спадарожнай машыне. Выйшла на Амурска-Якуцкую магістраль, пачала чакаць. Праносіліся грузавікі, але месцаў у кабінах не было. Са Станавога хрыбта павяваў слабы ветрык, але і яго было дастаткова, каб абпаліць твар сіверным марозам. Хаця б не абмарозіцца! У брыгадзе сочаць адзін за адным, каб такога не здарылася, а тут яна адна, сачыць няма каму, патрэбен самакантроль...
    Нарэшце, заскрыпелі тармазы, і шафёр, адчыніўшы дзьверцы, весела запрасіў:
    — Садзіся, дзяўчынка, эх, пракачу!
    Толькі не разгонісься на ямах, занесеных сьнегам. Радавала, што машына, хоць і павольна, але рухалася наперад, дзе Надзю чакалі ажно тры будаўнічыя брыгады з іхняга поезда — Івана Аляхновіча, Пятра Шапавалава і Уладзіміра Керна. Там неабходна правесьці камсамольскі сход, падвесьці вынікі спаборніцтва, сабраць членскія ўзносы, выпусьціць баявыя лісткі... Шмат спраў у намесьніка камісара па палітычнай частцы. Яна спачатку і не ўяўляла, якая ў яе будзе карпатлівая і неабходная работа ва ўмовах, калі ўчасткі параскіданы на вялікай адлегласьці адзін ад аднаго, калі людзям неабходны і жывое слова, і весткі ад сяброў, што высадзіліся з іншым дэсантам, і, нарэшце, арганізацыя адпачынку. Гэты клопат ляжаў на яе плячах, за ўсё яна адказвала перад камітэтам камсамола і перад сваім сумленьнем.
    Яе рэдка можна было сустрэць у Залацінцы. Вось і на гэты раз, прабыўшы на Янкане некалькі дзён, яна адтуль накіравалася ў брыгаду Паўла Глухатарэнкі, якая на разьезьдзе Лапры вяла мантаж водапрапускных труб пад чыгуначным насыпам. А адтуль — у Тынду, Беркакіт, дзе чакалі неадкладныя камсамольскія справы. Магчыма, у час гэтых паездак і нарадзілася ў Надзеі Лушчык жаданьне расказаць пра ўсё ўбачанае людзям, апець у вершах гераічную працу сваіх аднагодак. А гераізм, адданасьць справе, дзеля якой яны прыехалі сюды, яна бачыла на кожным кроку. І самі сабой нараджаліся словы, якія выліваліся ў вершы, няхай пакуль, магчыма, і не зусім дасканалыя, але шчырыя і праўдзівыя, напісаныя па гарачых сьлядах падзей.
    I так дзень за днём, месяц за месяцам дзеля блізкай і дарагой справы. А потым зноў, як і раней, пацягнула на вытворчасьць, каб сваімі рукамі тварыць, рабіць гэтую справу. Яе не адпускаюць, але яна настойліва дабіваецца свайго, і, нарэшце, у верасьні 1976 года Надзея Лушчык, спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй, пераходзіць працаваць мулярам у брыгаду Тамары Жураўлёвай. Свой учынак тлумачыць проста і натуральна:
    — Брыгада адставала, вось і захацелася вывесьці яе з прарыву.
    А цяпер новая пасада — нарміроўшчык. Новыя клопаты: правільная арганізацыя працы на ўчастках, кантроль за якасьцю і ўлік выкананых работ, складаньне нарадаў і вызначэньне расцэнак, каб рабочыя атрымалі тое, што зарабілі. Словам, зноў работа з людзьмі, як і ў той незабыўны час, калі паўсюдна па трасе высаджваліся дэсанты, на базе якіх ствараліся будаўніча-мантажныя паязды. Яны зараз і будуюць на Малым БАМе пастаянныя станцыі.
    Дзённы клопат не дае спакою нават у час адпачынку. Ды і дзе тут засьнеш, калі за акном танцуюць свой адвечны танец сосны. Што ж, няхай танцуюць, няхай радуюць сэрца паэта...
    У. Правасуд.
    /Работніца і Сялянка. № 9. Мінск. 1978. С.  2./
 



                                                             ТАМ, ДЗЕ ЦВІЦЕ БАГУН

            Пішу пісьмо сягоння маме,

            А за акном — бялюткі снег.

            Цяпер у нас зіма на БАМе

            Са старта узяла разбег...

    Так у пачатку верасня ў адным са сваіх вершаў напісала беларуская дзяўчына нарміроўшчыца Надзея Лушчык. Сапраўды, у пачатку верасня на якуцкую зямлю, туды, дзе ў сакавіку 1975 года высадзіўся першы беларускі камсамольска-маладзёжны атрад імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі, каб пабудаваць матэрыяльна-тэхнічную базу для штурму тайгі і пракладкі чыгуначнай магістралі, так званага Малога БАМа, прыходзіць зіма. Прыходзіць не госцяй, а сапраўднай гаспадыняй. I ўжо не адступаецца, а гаспадарыць на працягу доўгіх дзевяці месяцаў. Насыпае да пояса снегу, страляе сарака- і пяцідзесяціградуснымі маразамі. Нязвыкла і няўтульна. Не тое, што ў родных мясцінах, каля Прыпяці ці каля Нёмана, дзе і ў студзені надараюцца дні з плюсавой тэмпературай, а вакол стаяць вечназялёныя бары. Тут жа, каля Станавога хрыбта, каля самай халоднай шасцідзесятай паралелі, нават лістоўніцы скідаюць на зіму свой зялёны ўбор. Учапіўшыся за камяністыя сопкі карэннем, яны асірацела стаяць, нацэліўшы ў неба свае вострыя пікі-вяршаліны.

    Але, нягледзячы на снег і маразы, на самотны краявід тайгі, у вызначаны час прачынаецца пасёлак Залацінка, што асядлаў сопку непадалёк ад горнай рачулкі Халаднікан. Прачынаецца, каб прыступіць да працы, як гэта было і тры з паловай гады назад, калі яшчэ не існавала ні гэтага пасёлка з шасцітысячным насельніцтвам, ні вунь таго чыгуначнага палатна, што бярэ пачатак ад Транссібірскай магістралі на станцыі БАМ і, праразаючы тайгу, пераскокваючы праз бурлівыя горныя рэчкі, нырнуўшы ў тунель пад Станавы хрыбет, бяжыць далей на поўнач, да Беркакіта, а адтуль — да вугальнага разрэзу за горадам Нерунгры і да электрастанцыі, што будуецца ў пасёлку Сярэбраны Бор. На 450 кіламетраў працягнулася гэтая стальная мегістраль. I на ўсім працягу яе працавалі юнакі і дзяўчаты з першага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі. Бо чыгунка — гэта не толькі палатно, гэта і пасёлкі для будаўнікоў, і станцыі, і раз’езды, і разнастайньія камунікацыйныя збудаванні. Працавалі ў трыццаціградусную летнюю спёку, калі вочы выядалі пот і надакучлівы гнус, і ў пяцідзесяціградусныя маразы, калі перахоплівала дыханне, а паплечнік сачыў, каб ты не абмарозіў твар, як і ты, у сваю чаргу, сачыў за яго тварам. I ўсё дзеля адной мэты: каб хутчэй пабудаваць чыгунку, якая б абудзіла да новага жыцця гэты суровы і неабжыты край, у нетрах якога, нібы ў кладоўцы, ляжаць разнастайныя выкапні.

    Знімаюцца юнакі і дзяўчаты з наседжаных месц і едуць будаваць, тварыць, перамагаць, як некалі ў трыццатыя гады ехалі ў Камсамольск, на Турксіб, на Магнітку. Вось гэтак жа паехала на БАМ і карэнная мінчанка Вера Агафонава, каб спазнаць сябе, паспрабаваць свае сілы, пераканацца, на што на самой справе здатна. А магла ж і не ехаць. Больш таго, яе адгаворвалі не рабіць гэты крок у невядомае, ёй прарочылі бліскучую перспектыву ў будучым. Займаючыся на другім курсе стацыянара планава-эканамічнага факультэта Беларускага інстытута народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава, яна была камсоргам групы, рэдактарам насценнай газеты, членам Заводскага райкома ЛКСМБ. Вучылася толькі на чатыры і пяць. I калі Вера падала заяву з просьбай перавесці яе на завочнае аддзяленне з прычыны свайго ад’езду на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі, многія ў інстытуце здзівіліся з такога, на іх думку, неабдуманага ўчынку.

    — Яно ўсё, магчыма, і так, — спакойна адказвала на гэта Вера Агафонава. — Але ж інстытут усё ж можна закончыць і завочна, а БАМ завочна не пабудуеш.

    Так, ёй самой захацелася ўдзельнічаць у будоўлі веку, унесці, як у нас прынята гаварыць, у гэтую справу свой пасільны ўклад. А яшчэ ёй вельмі хацелася паглядзець, як цвіце на сопках багун, пра які гаворыцца ў песнях, як спявае зялёнае мора тайгі.

    Праўда, у той сакавіцкі дзень 1975 года, калі іх атрад высадзіўся на беразе ракі Іенгры, у якую ўпадае Халаднікан, яшчэ не цвіў багун, а навокал ляжаў некрануты снег, і мароз падціскаў такі, які бывае ў родных мясцінах хіба што ў Піліпаўку. I трэба было наладжваць жытло ў вагончыках, што ў рад выстраіліся на схіле сопкі, абжыцца, агледзецца. Але аглядвацца доўга не было часу: трэба было пачынаць будаўніцтва пасёлка, ствараць матэрыяльна-тэхнічную базу будаўніча-мантажнага поезда № 578, што быў арганізаваны на базе іх камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі. I трэба было ўжо назаўтра пасля прыезду рашаць: заставацца тут, у будучай Залацінцы, ці ехаць у сталіцу БАМа — Тынду ў вучэбны камбінат, каб набыць будаўнічую спецыяльнасць. Яна выбрала першае і пайшла працаваць у сталовую, што часова размясцілася ў палатцы. Катлапункт быў разлічаны на дзвесце чалавек, а карміліся ўсе семсот. Усе разумелі: так трэба! Разумела гэта Вера Агафонава, разумелі яе сяброўкі Вера Варанцова, Аня Сабаткоўская, Раіса Саланевіч, Броня Зіньковіч і іншыя дзяўчаты, што ўзялі на сябе такі цяжар. Бо прыехалі сюды не толькі для таго, каб паглядзець, як цвіце багун, а прыехалі па закліку партыі, па загаду ўласных сэрцаў, каб абудзіць гэты край, выклікаць яго да новага жыцця.

    На золку ішлі ў тайгу разведвальныя партыі, каб вызначыць будову грунту і напрамак, у якім пойдзе будучая сталёвая магістраль. А ўслед за імі крочылі геадэзісты на чале з мазырскай дзяўчынай Валянцінай Макеевай, каб абазначыць контуры прасекі, на якой неўзабаве ўзвысіцца насып і пралягуць рэйкі. I трэба было не толькі ісці наперад, але і вярнуцца вечарам назад, хоць на гэта часам і неставала сіл. Але вярталіся, пераадольваючы зморанасць і часовую слабасць, бо тайга і зімой, і летам не даруе тым, хто абыходзіцца з ёю па-панібрацку.

    Непрыступнай крэпасцю здавалася тайга і для брыгады лесарубаў, якую ўзначаліў Аляксандр Дзідзенка. Яна, тайга, была панурай і пагражальна таямнічай. Пад ціхім подыхам ветрыку ледзь варушыліся вяршаліны лістоўніц. Адсюль, ад Партала, што ляжыць ля падножжа Станавога хрыбта, трэба было пачынаць прасеку і весці яе далей на поўнач. А з глыбіні самога Станавога хрыбта даносіліся ледзь чутныя глухія выбухі, натужны гул матораў. Гэта ўзрыўнікі і тунелебудаўнікі ламалі “карак” Станавому хрыбту, прабівалі пад ім тунель даўжынёю больш чым тысяча дзвесце метраў, праз які неўзабаве павінен будзе прайсці поезд. I каб ён мог ісці далей, неабходна і гэтая прасека, што праляжа праз тайгу, і гэты тунель, што злучыць раз’езд Партал з наступнымі будучымі станцыямі.

    Яны стаялі, нібы зачараваныя суровай прыгажосцю тайгі, і не ведалі, з чаго пачынаць. Чатырнаццаць юнакоў, з якіх толькі Аляксандр Герман і Пётр Саўлевіч крыху знаёмы былі з лесараспрацоўкамі, — упершыню ўзялі ў рукі бензапілы і сякеры, каб пайсці ў наступ на тайгу. Яўген Шыран па спецыяльнасці шафёр і прыехаў сюды з Івацэвіцкага раёна. Суровая неабходнасць БАМа, дзе спецыяльнасць не выбіраюць, а набываюць, прымусіла і брастаўчаніна Валерыя Аляксеева змяніць руль машыны на сякеру. Не ўяўляў, што такое лесапавал, і Мікалай Крук. Ды і сам брыгадзір Аляксандр Дзідзенка таксама ніколі не працаваў у лесе. Сын кадравага ваеннага, ён пасля дзесяцігодкі пайшоў на мінскі завод “Калібр”, а апошнія гады перад прыездам на БАМ працаваў у другім домабудаўнічым камбінаце мантажнікам і бетоншчыкам. А тут давялося пазнаваць сакрэты лесаруба.

    — Пачнём, хлопцы! — падаў каманду брыгадзір.

    З сякерамі ў руках наперад пайшлі Яўген Шыран і Валерый Аляксееў. Яны рабілі насечкі на дрэвах, памячалі контуры будучай прасекі. Шырыня яе раўнялася сарака метрам, а даўжыня — яны і самі не ведалі, якой яна будзе. Гэта пазней брыгада падлічыла, што прайшла больш чым сто кіламетраў, высекла чатырыста гектараў тайгі.

    Ішлі наперад лесарубы, пакідаючы за сабой прасеку, шырокую і роўную, агароджаную з двух бакоў сцяной некранутай тайгі. I прасека з кожным днём пасоўвалася ўсё далей на поўнач. Менавіта тут, на прасецы, і нарадзілася ў юнакоў думка залічыць у сваю брыгаду на правах паўнапраўнага працаўніка і члена калектыву якуцкага хлопца Героя Савецкага Саюза Фёдара Папова, які аддаў сваё жыццё за вызваленне Беларусі. Ужо не чатырнаццаць, а пятнаццаць чалавек працавала ў брыгадзе, і заробак паміж імі размяркоўваўся пароўну.

    А ў гэты час у другой брыгадзе, што будавала непасрэдна пасёлак Залацінку, паўнапраўным будаўніком стаў беларускі хлопец Герой Савецкага Саюза Мікалай Кедышка.

    — Гэта вельмі сімвалічна, — гаварыў з такой нагоды брыгадзір будаўнікоў Віктар Марчанка, — што два нашы аднагодкі — беларус і якут, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне Беларусі — цяпер сустрэліся на якуцкай зямлі і разам з намі будуюць БАМ.

    Так, сапраўды сімвалічна. Як сімвалічна і тое, што чыгунку, якая пракладваецца па вечнай мерзлаце якуцкай зямлі, разам з усімі прадстаўнікамі нацыянальнасцей і народнасцей нашай Радзімы, будуюць і беларускія юнакі і дзяўчаты. На працягу тых дваццаці дзён, якія мне пашчасціла правесці на БАМе, я сустракаўся і гутарыў з многімі землякамі. I неяк асабліва добра рабілася на сэрцы пасля кожнай такой сустрэчы, пасля кожнай такой гутаркі. Бо ні з адных вуснаў я не пачуў скаргі на цяжкасці, нягоды, якія, бясспрэчна, сустракаюцца на трасе.

    Асабліва запомнілася гутарка з камісарам атрада імя Мікалая Кедышкі Васілём Жураўскім. Каржакаваты, з адкрытым, абветраным да чырвані тварам, ён і тут падобны на разважлівага палешука. Гаворку вядзе нетаропка, нібы ўзважваючы кожнае слова. Ён з Нараўлянскага раёна, па спецыяльнасці — тэхнік-будаўнік. Адслужыў у арміі (быў камандзірам танка), сюды прыехаў з Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода (там працаваў майстрам у арматурным цэху). Чаму пацягнула на БАМ? Вось яшчэ пытанне! Дык жа гэта ўдарная камсамольска-маладзёжная будоўля.

    I неяк няёмка было быць пабочным сузіральнікам, хацелася самому прайсці па некранутай тайзе, удыхнуць яе свежы водар, гукнуць ды так, каб яна ажно захісталася, расступілася і дала дарогу.

    Толькі вельмі неахвотна расступалася тайга, каб даць дарогу першапраходцам. Кожны крок наперад даваўся з боем, але не адступалі хлопцы з брыгады будаўнікоў Васіля Жураўскага. Сам брыгадзір ішоў наперадзе і вёў за сабой астатніх. I калі брыгада выканала заданне на дзвесце працэнтаў, на ўвесь будаўніча-мантажны поезд тады прагучаў яе заклік:

    — Даеш дзвесце пяцьдзесят працэнтаў дзённай выпрацоўкі!

Гэты заклік быў падхоплены іншымі брыгадамі поезда. I расступалася тайга, а на месцы яе вырастаў пасёлак з прыгожай назвай Залацінка. I вельмі сімвалічны той факт, што першымі паўсталі тут сад-яслі і сярэдняя школа. Пасля паявіліся сталовая, клуб “Маладосць”, магазіны, жыллёвыя і адміністрацыйныя дамы.

    Адсюль, з пасёлка Залацінка, адпраўляліся першыя дэсанты на трасу будучай чыгункі. Яны высаджваліся на станцыях БАМ і Тында, на раз’ездах Партал і Янкан. Тут, у Залацінцы, пазнаёмілася Зіна Куліткіна з Іванам Аляхновічам. Але здарылася так, што Зіну накіравалі на новую станцыю Беркакіт, якая знаходэіцца ад Залацінкі за 65 кіламетраў. Здавалася, сцежкі-дарожкі іх разышліся і на доўга, але не, сышліся зноў на раз’ездзе Янкан, куды яна таксама прыехала з дэсантам. Ад Янкана да Залацінкі — больш чым дзвесце кіламетраў. А менавіта там трэба было афармляць шлюб, гуляць вяселле. Над трасаю стаяла летняя якуцкая гарачыня. Таму вырашылі ехаць ноччу. Аўтобусы, увешаныя гірляндамі і галінкамі, павольна рухаліся па Амурска-Якуцкай магістралі. Сустрэчныя машыны сігналілі ім, вітаючы такім чынам вясельны картэж. Каля рэчкі Цыганкі, што працякае амаль на граніцы Амурскай вобласці і Якуцкай АССР, спыніліся, распалілі кастры, віталі і віншавалі маладых.

    — Вось мы амаль што і дома, — сказалі яны, маючы на ўвазе сваю Залацінку, да якой заставалася каля ста кіламетраў і куды прыехалі на світанні наступнага дня. Шлюб афармлялі ўрачыста ў клубе “Маладосць”, які будавалі самі ў першы год свайго прыезду. Адначасова з пасведчаннем аб шлюбе маладым уручылі ключы ад кватэры ў тым доме, які яны таксама ўзводзілі сваімі рукамі. I вяселле гулялі ў той сталовай, на будаўніцтве якой яны працавалі. I іграў на вяселлі свой, беларускі ансамбль “Спадчына”, створаны тут, на БАМе. I ад усяго гэтага хораша і светла было на душы ва ўсіх, хто прыйшоў павіншаваць маладых ў гэты ўрачысты для іх дзень.

    Так, на будаўніцтве магістралі веку ў асноўным працуе моладзь. I там жэняцца і выходзяць замуж. Там ствараюцца нашы новыя савецкія сем’і. Толькі ў пасёлку Залацінка, паводле падлікаў старшыні пасялковага Савета народных дэпутатаў Міхаіла Яфрэмавіча Усянкова, штогод заключаецца больш чым восемдзесят шлюбаў і нараджаецца каля ста шасцідзесяці дзяцей. I гэта вельмі радасны і абнадзейваючы факт. Бо маладыя людзі, што прыехалі сюды, не лічаць сябе часовымі, а глыбока пускаюць карэнне ў якуцкую зямлю, якая для іх становіцца блізкай і роднай.

    Будуецца чыгунка Малога БАМа. Мужнеюць, загартоўваюцца на ёй юнакі і дзяўчаты, становяцца сапраўднымі будаўнікамі, сапраўднымі людзьмі. I хоць на якуцкую зямлю “ўпэўнена і смела прыйшла якуцкая зіма”, як зазначае ў сваім вершы Надзея Лушчык, наступ на тайгу не прыпыняецца ні на адзін дзень.

    Уладзімір Правасуд

    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 43. 27 кастрычніка 1978. С. 15./

 


                                                                  МАГІСТРАЛЬ
    Па-Пластунску прыціскаўся да зямлі сланік, што яшчэ некалькі дзён назад шчодра адорваў смачнымі арэшкамі. Скідалі свой зялёны ўбор лістоўніцы. Першы сьнег, як і летась, выпаў у верасьні, але не растаў, як бывае там, у родных мясьцінах, — з кожным днём клаліся на яго новыя напластаваньні, а маразы, паступова мацнеючы, цэмэнтавалі іх у цьвёрды маналіт. Кароткае якуцкае лета, сьпякотнае і сухое, адышло ў нябыт. Вользе Савіцкай здавалася, што яго ніколі і не было. А яна ж трэцюю зіму сустракае на БАМе, час прывыкнуць да тутэйшага клімату. Але не так проста забыць дзяўчыне тыя мясьціны ля вёскі Казловічы ў Калінкавіцкім раёне, дзе басанож тупала яе дзяцінства, дзе з такімі гарэзамі, як і яна сама, хадзіла ў школу, бегала па лузе, зьбірала ў навакольных лясах грыбы і ягады. Праўда, і тут хапае грыбоў і ягад, асабліва брусьніцаў, але яны як хутка зьяўляюцца, так хутка і зьнікаюць. Там, на Палесьсі, верасень — самы грыбны месяц, а тут убіраецца ў сілу якуцкая зіма.
    І звыкла, і нязвыкла ўсе гэта. Нязвыкла таму, што не-не ды і прысьняцца пакрытыя сьвежай ранішняй расой крамяныя баравікі, што сядзяць пад маладымі хвойкамі на шэрым імшарніку або затаіліся ў густым верасе. Звыкла ж, бо і сёньня, як і ўчора, і пазаўчора, ледзь толькі пачне праклёўвацца ранішняя шэрань, яна, цёпла апранутая, разам з усімі сьпяшаецца на аўтобусе, які дастаўляе на будаўніцтва пастаяннай станцыі Залацінка.
    Вось і вежавы кран, паслухмяны і пакорлівы яе загаду. Тут яе рабочае месца. Вольга, не сьпяшаючыся, падымаецца ў кабіну. Нягледзячы на сьнег і мароз, пачынаецца звычайны рабочы дзень, які, на першы погляд, нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх. Але кранаўшчыца ведае, што розьніца ёсьць: сёньня наблізіцца яшчэ на адзін дзень той тэрмін, калі будзе перададзена ў эксплуатацыю пастаянная станцыя, а яны, будаўнікі, рушаць далей на поўнач, каб там вырасьлі вось такія прыгожыя, як тут, а, мажліва, і прыгажэйшыя станцыі.
    З вышыні, з кабіны крана, ёй добра відаць усё навакольле: і пасёлак Залацінка, што разьлёгся абапал Амурска-Якуцкай магістралі, і абрысы рэчкі Халаднікан, цяпер прамерзлай і засыпанай сьнегам, а летам бурлівай, як і ўсе горныя рэчкі, і сопкі, утыканыя, нібы кіямі, голым лістоўніцамі, і сама чыгуначная магістраль, што стужкай-вужакай уецца між сопак і, нырнуўшы ў тунэль пад Станавы хрыбет, бяжыць далей на поўдзень ажно да Тынды, а адтуль — да станцыі БАМ, якая вырасла на Транссыбірскай магістралі. І на поўнач ад Залацінкі праляглі рэйкі. Па іх, пералічваючы шпалы, ідуць цягнікі, дастаўляючы грузы на станцыю Беркакіт. Вольга ў думках прасочвае гэту дарогу, якая за Беркакітам разгаліноўваецца: адна ветка пракладваецца да пасёлка Сярэбраны Бор, дзе неўзабаве распачнецца будаўніцтва адной з буйнейшых у Якутыі цеплавой электрастанцыі, а асноўная магістраль падступае да вугальнага разрэзу, што знаходзіцца за пяць кілямэтраў на поўнач ад новага горада Нерунгры. Адсюль напярэдадні сьвята Вялікага Кастрычніка павінен адправіцца першы эшалён з вугалем. Значыць, да таго часу павінна завяршыцца будаўніцтва адрэзка гэтай магістралі і першачарговых камунікацый на станцыі.
    Зразумела ёй, кранаўшчыцы Вользе Савіцкай, тое хваляваньне, з якім пачынаюць свой працоўны дзень і начальнік іх будаўніча-мантажнага поезда нумар 578 Уладзімер Іванавіч Радзівонаў і галоўны інжынэр Альбін Аляксеевіч Нагібін, і сакратар парткама Іван Хведаравіч Шамякін, і ребочыя. І яна стараецца працаваць так, каб хутчэй прайшоў па іхняй магістралі той доўгачаканы эшалён з вугалем. Дагэтуль Вольга працавала на поўдзень ад Залацінкі, набліжала той час, калі чыгуначная магістраль падыдзе ўпрытык да вугальнага разрэзу. Таму яна лічыць, што чыгуначная магістраль, якая працягнулася з поўдня на поўнач на 450 кілямэтраў, — гэта і яе магістраль. Бо дапамагла ёй, як і многім іншым юнакам і дзяўчатам, спазнаць сябе, набыць прафэсію, выйсьці на шырокі прасьцяг жыцьця.
    У настойлівасьці Вользе Савіцкай не адмовіш. Мара, якая нарадзілася яшчэ ў час вучобы ў Мінскім гарадзкім прафэсіяльна-тэхнічным вучылішчы імя Мікалая Кедышкі увесь час вяла яе наперад. Скончыўшы вучобу і атрымаўшы спэцыяльнасьць маляра яна тым жа летам падала заяву ў райкам камсамола з просьбай накіраваць яе на БАМ.
    — Дык жа табе яшчэ і васемнаццаці няма, — сказалі там. — Падрасьці да паўналецьця, тады і прыходзь.
    Што ж, пайшла працаваць маляром у трэцяе рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне першага будаўнічага трэста. Працавала і лічыла дні. А яны, як знарок, цягнуліся так марудна...
    — Ды чаго ты марнуесься, — спрабавала супакоіць яе сяброўка Тамара Гайкова. — Дачакаемся лета — удваіх паедзем на БАМ.
    Не, чакаць лета Вольга не магла. Як толькі споўнілася семнаццаць, яна зноў была ў райкаме камсамола. На гэты раз там не вельмі пярэчылі, але ж паспрабавалі ўгаварыць, каб пачакала, пакуль будзе скамплектаваны новы атрад добраахвотнікаў, бо ранейшы адправіўся на БАМ яшчэ летам.
    — Зіме на дварэ, а ты надумалася адна ехаць у гэткую дарогу, — даводзілі ёй. — Улічы, там клімат не такі, як тут.
    — Ведаю, што не такі, — адказала Вольга. — Таму і еду. Людзі ж там працуюць. А я што, горшая!
    Крыць не было чым, і з пуцёўкай камсамола ў кішэні дзяўчына пусьцілася ў падарожжа.
    Тында сустрэла не дужа прыветна: стаялі моцныя лістападаўскія маразы, усё было пакрыта глыбокім сьнегам. Затое з работай пашанцавала, прынялі маляром па трэцяму разраду Але ненадоўга.
    — Маляры нам патрэбны, але яшчэ больш патрэбны качагары, — сказалі ёй.
    — Але ж я качагарам ніколі не працавала.
    — На БАМе прафэсій не выбіраюць, іх тут набываюць! Гэтыя словы яна пасьля чула не раз і не два, але адрасаваны яны былі ўжо не ёй, а іншым. Яна ж адразу зразумела няўмольны закон будоўлі: рабіць тое, што неабходна ў першую чаргу, ад чаго залежыць посьпех агульнай справы. На гэты раз самым неабходным было даваць цяпло на будоўлю і ў памяшканьні, дзе жылі будаўнікі. І стала качагарам, хоць цягнула туды, на прастор, дзе пракладваецца сталёвая магістраль. Але да вясны няма чаго заводзіць гаворкі на гэту тэму.
    Зноў пакутліва марудна пацягнуліся дні. І хоць работа была не цяжкая, Вольга не вытрымала і пайшла ў пабудкам.
    — Я будаваць прыехала, а не печы паліць, — гарачылася яна там. — Накіруйце мяне не трасу.
    — Што ж ты там будзеш рабіць? — пацікавіўся адзін з членаў пабудкаму.
    — Дарогу будаваць, — катэгарычна заявіла Вольга.
    — Я разумею твой парыў, — зазначыў старшыня пабудкаму, — але ж не думай. што на трасе мёд, ды і разрад у цябе будзе нізкі.
    — Няхай будзе хоць першы, але адпусьціце на трасу.
    Так Вольга Савіцкая трапіла на ўчастак дарогі БАМ — Тында, у брыгаду Яўгена Красільнікава. На беразе ракі Тында паставілі палаткі. Вакол на некалькі дзесяткаў кілямэтраў — ні душы, куды ні глянеш — густая амурская тайга, таямнічая і непрыступная. Летняя сьпякота і гнус даймалі так, што, здаецца, рыдлёўку няма як узяць у рук. Але бралі рыдлёўкі, ішлі да чыгуначнага палатна, капалі катлаваны, падпраўлялі насып, па якім праляглі рэйкі. І так дзень за днём, месяц за месяцам. Не спынілі работы і тады, калі ударылі саракаградусныя маразы. Участак дарогі, вызначаны іхняй брыгадзе, закончылі толькі наступным летам.
    — Ах, як мы там працавалі, як мы там працавалі! — з захапленьнем успамінае Вольга Савіцкая — Мароз — сорак градусаў, а ад усіх нас ажно пара ідзе...
    Маладая няўрымсьлівасьць зноў прывяла дзяўчыну ва ўпраўленьне “Бамбудпуць”. З некаторага часу яна адчула вялікую цягу да тэхнікі і цяпер прыйшла сюды, каб нейкім чынам ёй дапамаглі.
    — Што ж, гэта можна, — сказалі ва ўпраўленьні і прапанавалі паехаць вучыцца ў Цалінаград на трохмесячныя курсы машыністаў вежавых кранаў. Вольга з радасьцю прыняла прапанову.
    Са студзеня гэтага года яна працуе кранаўшчыцай на будаўніцтве пастаяннай станцыі Залацінка Днём працуе, а вечарамі схіляецца над падручнікамі, рыхтуецца паступаць завочна ў Іркуцкі політэхнічны інстытут на факультэт будаўніцтва чыгуначных дарог. І марыць, што некалі пракладзе сваю вялікую магістраль, і тая будучая БАМ таксама выведзе многіх на шырокую, прамую магістраль жыцьця.
 
 
    Мы коратка расказалі пра трох беларускіх дзяўчат, якія працуюць цяпер на БАМе, пра тое, як склаўся іхні лёс, як гартаваліся іх характары, як мужнелі яны самі і дапамагалі іншым спазнаць і праявіць сябе. Так жывуць, так працуюць, так змагаюцца з нягодамі ўсе тыя, хто прыехаў на будоўлю веку, каб абудзіць, выклікаць да жыцьця гэты абамшэлы неабжыты край.
    Зараз на БАМе, а дакладней — на Малым БАМе, што злучае поўдзень Якутыі з Трансссыбірскай магістральлю, стаіць зіма, сьнежная і марозная. Але яна не перашкода для першапраходцаў. Ні на дзень не спыняюцца работы на трасе, а сама чыгуначная магістраль усё далей і далей ідзе на поўнач.
    У. Правасуд
    /Работніца і Сялянка. № 10. Мінск. 1978. С. 4-5./
 




                                                                   КАМІСАР

                                                                       нарыс

    Вобраз камісара... Асоба камісара... Яны паўстаюць перад намі з расказаў людзей старэйшага пакаленьня, сыходзяць да нас з тэатральнай сцэны, з кінаэкрана і экрана тэлевізара. У нашым уяўленьні яны заўсёды такія, як камісар у “Аптымістычнай трагедыі» Усевалада Вішнеўскага. Яны ўмелі палымяным словам і асабістым прыкладам запаліць людзей і павесьці іх, як сьпяваецца ў песьні на апошні і рашучы бой...

    ...Каля канторы будаўніча-мантажнага поезда нумар 578, што у пасёлку Залацінка, мы размаўлялі з намесьнікам начальніка поезда Феліксам Дворкіным і раптам чую гэтакія з маленства знаёмыя і такія хвалюючыя словы:

     — Таварыш камісар...

    Я павярнуўся і паглядзеў у той бок, дзе ў акружэньні дзяўчат стаяў каржакаваты, з абветраным да чырвані тварам, шыракаплечы хлопец і, памагаючы сабе рукамі, нешта з запалам гаварыў. Бязладная гамонка, што ўсчалася спачатку паступова аціхла, уваходзіла ў сваё рэчышча, і цяпер чуўся ўжо толькі спакойны басок хлопца.

    — Вас колькі ў брыгадзе? — пытаўся ён і тут жа сам адказваў: — Дваццаць чатыры. А яна, Марыя, адна. Разумееце — адна і дваццаць чатыры. Дык няўжо вы мяркуеце і мяне перацягнуць на свой бок... Каб стала дваццаць пяць і адна? Не, я вас не падтрымаю. А наогул, трэба разабрацца, як у вашай брыгадзе вядзецца выхаваўчая работа, і, магчыма, гэтае пытаньне патрэбна будзе вынесьці на абмеркаваньне...

    Мне падабалася манера гутаркі, пытаньні і адказы, якія сыпаў, бы з таго казачнага рога, гэты хлопец. Дворкін таксама слухаў і ўсьміхаўся: мабыць, і яму падабаўся.

    — Наш камісар, — падкрэсьлена ўхвальна сказаў Дворкін. — Сваёй, як кажуць, гадоўлі. Васіль Жураўскі якраз з той кагорты, хто мае права называцца такім высокім званьнем...

    А тым часам дзяўчаты нарэшце вызвалілі з «палону» камісара і дружна рушылі ў аўтобус. Васіль Жураўскі падышоў да нас. Ён, мабыць, быў усё яшчэ пад уражаньнем размовы з дзяўчатамі. Адразу ж загаварыў:

    — Зноў на Марыю скардзяцца: інтарэсамі брыгады не надта даражыць. Дзяўчына, лічыце, толькі ўчора прыехала, адразу пасьля школы. Ёй памагчы трэба. А яны з месца — і ў галоп. Не, трэба разабрацца!.. Як вы думаеце наконт гэтага, Фелікс Рыгоравіч?

    — Менавіта так, як і вы, Васіль Рыгоравіч, — адказаў Дворкін. Гэтае «вы» неяк не пасавалася, яно, пэўна, зьявілася толькі ў прысутнасьці пабочнага чалавека. Гэта адчувалі самі субяседнікі, таму праз пэўны час гутарка набыла звычайную сяброўскую форму. Як высьветлілася, і Дворкін, і Шураўскі землякі-гамяльчане...

    Пасьля яшчэ не раз мне даводзілася сустракацца і размаўляць з камсамольскім сакратаром будаўніча-мантажнага поезда № 578 Васілём Жураўскім. Ён, між іншым, стаў маім гідам на той яе частцы, якая называецца Малым БАМам — яна пралягла на 450 кілямэтраў з поўдня на поўнач, злучыўшы станцыю Бам на Транссібірскай магістралі з вугальным разрэзам, каля новага горада Нерунгры. І кожны раз я захапляўся цэласнасьцю, цьвёрдасьцю ў ажыцьцяўленьні прынятага рашэньня, цеплынёй і мяккасьцю ў абыходжаньні з таварышамі, мэтанакіраванасьцю бамаўскага камісара. Да камісара ён вырас тут, на будоўлі. Магу сьцьвярджаць, што юнакі і дзяўчаты, якія трапілі ў непрывычныя ўмовы жыцьця, працы, такі гонар акажуць не кожнаму. Менавіта ў асобе Жураўскага яны ўбачылі таго, хто змог запаліць энтузіязмам, мабілізаваць волю для адоленьня цяжкасьцей, якія сустракаліся тут на кожным кроку.

    І тады, і пасьля часта задаваў сабе пытаньне, дзе ж вытокі ўсяго таго, што дапамагае ствараць і выхоўваць такія цэласныя натуры? Сям’я, школа, самастойная вучоба? Магчыма. Але не ўсё там набываецца, не ўсё набытае вытрымлівае жыцьцёвую загартоўку. Значыцца, ёсьць яшчэ нейкія ўнутраныя стымулы, якія, нібы спружына, выпрамляюць дарогу, устанаўліваюць кропку адліку дзеяньняў і ўчынкаў, якія аналізуюцца, а пасьля прымаюцца ці адхіляюцца?

    Чалавек на першы погляд заўсёды звычайны. Незвычайным яго робяць незвычайныя абставіны, у якія ён іншы раз трапляе. Там ён пазнаецца, там паказвае, на што ён варты.

    Магчыма, гэтыя незвычайныя абставіны, у якія ўпершыню трапілі беларускія хлопцы і дзяўчаты на якуцкай зямлі, і дапамаглі раскрыць усе грані характару, паводзін і ўчынкаў, якія і раней былі ўласьцівыя Васілю Жураўскаму, але якія ў звычайных умовах не маглі так ярка праявіцца.

    *

    Вядома, не адзін Жураўскі быў у першым беларускім камсамольска-маладзёжным атрадзе імя Мікалая Кедышкі. Іх спачатку было 128 — юнакоў і дзяўчат, а к таму часу, калі яго выбіралі сакратаром, — утрая больш. Усе сюды прыехалі добраахвотна, усе працавалі так, як і належыць першапраходцам, а вось выбар выпаў на яго. Ён і сам не можа растлумачыць чаму. Адно толькі і мог сказаць:

    — Пасада гэта такая, што з усіх бакоў відаць. Усё роўна як на самым вільчыку сопкі стаіш...

    Бадай, яно так і на самой справе. Тут патрэбна іншы раз у складанай сітуацыі самому прымаць рашэньне і самому за яго адказваць. Да Тынды, дзе ўсесаюзны штаб камсамола, 150 кілямэтраў, а да райкома камсамола, калі іх пасёлак Залацінка ўваходзіў у склад Алданскага раёна, — за пяцьсот. Праўда, цяпер утвораны новы, Нерунгрынскі раён, і да райцэнтра нейкіх каля сотні кілямэтраў. А навокал тайга, імшарнікі, балоты...

    У красавіку 1975 года атрад у складзе 128 юнакоў і дзяўчат дэсантам высадзіўся за 150 кілямэтраў ад сталіцы БАМа Тынды, ля самай 60-й паралелі, там, дзе горная рачулка Халаднікан упадае ў бурлівую Іенгру.

    Сярод першапраходцаў быў і ён, Васіль Жураўскі, хлопец з вёскі Буда Галоўчыцкая, што на Нараўляншчыне. Ужо тады ён ведаў, куды едзе і што яго там чакае, хоць, праўда, да канца не ўсьведамляў усіх цяжкасьцей. А да гэтага была школа-васьмігодка, Мазырскі палітэхнікум, дзе набыта спэцыяльнасьць тэхніка-будаўніка. Бадай, з гэтага часу і пачынаецца сталеньне, пара, калі кожны ўчынак не толькі абдумваецца, бо за яго трэба трымаць справаздачу і перад тымі, з кім ты ў калектыве, і перад самім сабой. Гэтае адчуваньне ўмацавалася ў час службы ў радах Савецкай Арміі. Там не толькі прыйшла сталасьць, але і дысцыплінаванасьць. Адказнасьць узрасла, калі атрымаў прызначэньне камандзірам танка. Тут ужо трэба было адказваць за ўвесь экіпаж, за яго баявую і палітычную падрыхтоўку.

    У добрасумленным служэньні Радзіме Васіль Жураўскі бачыў сэнс свайго жыцьця. І менавіта таму яму хацелася пасьпець туды, дзе цяжэй. Звольніўшыся з радоў Савецкай Арміі, Васіль цьвёрда рашыў — на ўдарную будоўлю. На будаўніцтве Мазырскага нафтапераапрацоўчага завода яму прапанавалі астацца арматуршчыкам.

    — Хлопча, не крыўдуй, — сказаў тады начальнік арматурнага цэха Канапелька. — Чалавек правяраецца ў працы...

    Васіль Жураўскі прыняў гэта як належнае. Пасьля, калі той жа начальнік цэха праз пэўны час прапанаваў пасаду. майстра: «Спадзяюся, што не падвядзеш!», адказаў: «Пастараюся...»

 






    Будоўля захапіла хлопца сваёй маштабнасьцю. Толькі на адным арматурным цэху было тры камсамольска-маладзёжныя брыгады — арматуршчыкаў Паўла Глухатарэнкі, нарыхтоўшчыкаў арматуры Васіля Стартанскага і зваршчыкаў Мікалая Кірыленкі. Баявыя, працавітыя хлопцы! Працавалі старанна, увішна, спаборнічаючы паміж сабой, змагаючыся за першынства, за тэмпы і якасьць. Жылі дружна і весела, але нейкая неймаверная сіла пацягнула далей, у сьвет, які захапляў юнака сваёй невядомасьцю.

    Калі ў 1974 годзе ўся краіна загаварыла пра Байкала-Амурскую магістраль, накіроўвала туды сваіх сыноў і дачок асвойваць неабсяжныя прасторы Сыбіры, пракладваць праз тайгу чыгунку, Васіль Жураўскі душой ужо быў там, на будоўлі веку. Не праміналася ніводная перадача па тэлебачаньні пра БАМ, не прапускалася ніводнае паведамленьне ў газэтах. Яго цягнула туды, ён нібы апасаўся, што без яго чыгункі не пабудуюць, а таму абавязкова павінен быць там. Сваімі думкамі падзяліўся з сябрам. Той ахвотна падтрымаў яго, і ўжо ўдвух слухалі песьню пра тыя мясьціны, дзе на сопках цьвіце багун, дзе ідуць першапраходцы, удвух будавалі пляны, у тым жа 1974 годзе наведаліся ў Нараўлянскі райком камсамола, але пуцёвак на БАМ не аказалася...

    — Як толькі будуць, выдзелім, — запэўніў сакратар райкома Аляксандр Мальцаў.

    У 1975 годзе пачалося фарміраваньне камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.

    — Твая просьба, Васіль, задаволена, — парадаваў яго нарэшце Аляксандр Мальцаў. — Так што, як кажуць, ні пуху, ні пяра!..

    Пасьля былі зборы, провады, прачулыя словы сяброў, сьлёзы маці і стрыманы поціск рукі бацькі. І быў мітынг у Мінску, які, напэўна, запомніцца на ўсё жыцьцё. На мітынгу прысутнічалі маці і сястра Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.

    “Дзеці мае дарагія, сыны і дочкі! — гаварыла маці праслаўленага героя-падпольшчыка. — Паклікала вас краіна — трэба ехаць, трэба будаваць... Над вамі сёньня не сьвішчуць кулі, не лятаюць самалёты з чорнымі крыжамі на крылах, але сёньня ваш фронт там, у далёкай Сыбіры. Не бойцеся перашкод, сьмела ідзіце наперад... Працуйце і за майго Міколу. Любіце жыцьцё, любіце песьні, як любіў іх сын, будзьце вясёлымі, добрымі, моцнымі...»

    Васіль паўтараў сам сабе: працаваць не толькі за цябе, але і за тых, хто аддаў свае жыцьці ў барацьбе за Радзіму. І можа таму яшчэ ў поезьдзе, які вёз іх усё далей на ўсход, ён унёс прапанову па прыбыцьці на месца аб’явіць у атрадзе “сухі” закон.

    — А ці падтрымаюць астатнія? — усумніўся камандзір атрада Анатоль Шымбарэвіч, камуніст, былы галоўны мэханік Гарадзенскага завода будаўнічых канструкцый.

    — Мы гэта пытаньне абмяркуем на камсамольскім сходзе, — падтрымаў Жураўскага камісар атрада, шафёр Мінскага аўтакамбіната № 7 Мікалай Бондараў.

    Прапанова Васіля Жураўскага была падтрымана аднагалосна.

    ...Ад’язджалі з Мінска — у разгары была вясна, а тут вакол ляжаў сьнег. Лістоўніцы, што абступалі дарогу, цёмнымі вострымі пікамі глядзелі ў неба, і ад гэтага нейкі сум і трывога сяліліся ў сэрца. Таямніча паблісквалі пад нізкім сон-цам верхавіны сопак. Тайга была маўклівая і насупленая. А яе трэба было разбудзіць, прымусіць расступіцца, каб высвабадзіць месца і для новай чыгункі, і для пасёлкаў, якія неўзабаве павінны былі вырасьці.

    Аўтобусы, мінаючы Тынду, перасеклі граніцу Амурскай вобласьці і пакацілі па якуцкай зямлі. Ззаду засталіся рэчка з непрывычнай для гэтых мясьцін назвай Цыганка, Станавы хрыбет, а яны ўсё кацілі і кацілі на поўнач. Каля невялічкай таежнай рачулкі, што паўдугой абгінала сопку, спыніліся.

    — Вось тут і будзе месца нашай дыслякацыі, — паказаўшы на сопкі, дзе стаяла з дзесятак вагончыкаў, сказала Любоў Пятроўна Карык, якая сустракала іх на станцыі і суправаджала ў дарозе. — А цяпер у Старую Залацінку. Там вас чакае смачны абед і цёплая сустрэча...

    Сустрэча і сапраўды была цёплай. Запомнілася яна Васілю Жураўскаму, як і іншым, сваёй незвычайнасьцю. Здавалася, з ўсяго краю зьехаліся мясцовыя жыхары на аленях. Якуты сардэчна і па-брацку сустракалі пасланцоў хлебам-сольлю, на вышытым нацыянальным ручніку старшыня мясцовага пасялковага Савета Ганна Паўлаўна Герасімава і кіраўнік аддзяленьня аленегадоўчага саўгаса “Алданскі” Сямён Міхайлавіч Ліханаў. На плошчы каля сталоўкі адбыўся мітынг, на якім з прывітальнымі прамовамі і пажаданьнямі высока несьці сьцяг камсамола Беларусі на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі выступілі старшыня Алданскага райвыканкаму Міхаіл Панцеляймонавіч Кочнеў і першы сакратар райкома камсамола Мікалай Грачоў. Былі прамовы ў адказ, а пасьля сяброўская вячэра. Былі і нацыянальныя якуцкія стравы, прыгатаваныя з аленіны. А яшчэ былі танцы і песьні, якія не заціхалі і тады, калі кедышаўцы пакідалі гасьцінных гаспадароў і кіраваліся на месца дыслякацыі — у будучы пасёлак Залацінку.

    Залацінка... Яшчэ зусім нядаўна тут стаяла векавая тайга. І Васілю Жураўскаму іншы раз не верыцца, што за такі кароткі час зьмянілася ўсё. Праходзячы па вуліцах, ён нібы чытае біяграфію пасёлка. Усё ці амаль усё зьвязана з яго работай, з яго рукамі. Але ў гэтым жа пасёлку амаль усё так ці інакш напамінае аб той зямлі, дзе нарадзіўся і вырас, адкуль крочыў у самастойнае жыцьцё, — пра родную Беларусь.

    Вось праспэкт імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Ён бярэ пачатак ад Амура-Якуцкай магістралі, перасякае ўвесь пасёлак і амаль упіраецца ў Халаднікан, горную рачулку. А паабапал — дамы, інтэрнаты, магазыны, сталовыя, хлебапякарня, адміністрацыйныя, культурныя і дзіцячыя ўстановы. Менавіта з гэтага праспэкта і брала свой пачатак Залацінка, а таму перш за ўсё з ёй і зьвязана найбольш успамінаў.

    Ужо на другі дзень раніцай атрад пастроіўся каля вагончыкаў, якія сталі для юнакоў і дзяўчат жытлом.

    — На базе вашага камсамольска-маладзёжнага атрада ствараецца будаўніча-мантажны поезд нумар пяцьсот семдзесят восем, — зьвярнуўся да іх тагачасны начальнік поезда Ўладзімір Пятровіч Талала. — Таму я хачу, каб кожны, хто прыехаў сюды, добра ўсьвядоміў і зразумеў галоўнае: каб будаваць чыгунку, трэба найперш стварыць неабходную базу. Такой базай і будзе пасёлак, які мы пабудуем вось на гэтай сопцы!..

    Тады ж з атрада скамплектавалі брыгады будаўнікоў, лесарубаў, тынкоўшчыкаў. Кіраваў гэтай апэрацыяй галоўны інжынэр поезда Георгій Міхайлавіч Ільяш. Камплектавалі брыгады зыходзячы з неабходнасьці, дзе больш за ўсё патрэбны людзі. На той час на БАМе прафэсій не выбіралі, будучая магістраль сама дыктавала, каму якую прафэсію набыць у дадзены момант. Так сталася, што і ў брыгадзе цесьляроў, якую ўзначаліў Васіль Жураўскі, былі і шафёры, і трактарысты, і муляры, і кранаўшчыкі — толькі цесьляроў амаль што не было. Але хлопцы былі што трэба: гэта і бульдазэрыст Іван Валавод, і аўтакранаўшчык Аляксандр Жураўлёў, і Міхаіл Жалязоўскі, і Іван Аляхновіч, і Анатоль Варэль, і Раман Малецкі, і Іван Васільеў — усяго дваццаць тры беларускія хлопцы.

    — Ну, Васіль, паспаборнічаем! — адразу ж прапанаваў брыгадзір другой брыгады цесляроў Фёдар Ваганаў.

    — За намі справа не стане, — на выклік сябра адказаў Жураўскі і падміргнуў сваім хлопцам: маўляў, не пасаромеемся!..

    Тут жа, дзе цяпер шчыты нагляднай агітацыі і вытворчыя паказчыкі калектыву, у той дзень, сёмага красавіка 1975 года, пад адкрытым небам адбыўся першы камсамольскі сход, які юрыдычна аформіў камсамольскую арганізацыю і абраў камітэт камсамола ў складзе шасьці чалавек. У яго ўвайшлі Вера Агафонава, Ніна Ягніш, Вольга Сазонава, Віктар Якавенка і Васіль Жураўскі.

    На першым сваім пасяджэньні камсамольскі камітэт прыняў рашэньне: найперш збудаваць часовую сталовую і клюб-палатку. Гэтую работу даручылі брыгадзе Жураўскага. Днём і ноччу — у дзьве зьмены — працавалі хлопцы. І ўжо праз шэсьць дзён палатачная сталоўка харчавала будаўнікоў, а ў такім жа палатачным клюбе Зьміцер Бараноўскі расьцягваў мяхі баяна, і моладзь, нягледзячы на дзённую стому, трамбавала ботамі вечную якуцкую мерзлату.

    А ледзь пачынала сьвітаць, рушылі ў наступ на тайгу. Кожны дзень “маланкі” паведамлялі: брыгада Фёдара Ваганава выканала сутачнае заданне на сто пяцьдзесят працэнтаў, брыгада Васіля Жураўскага — на сто пяцьдзесят пяць. Працэнты гэтыя з кожным днём расьлі, саперніцтва накалялася, і нарэшце дзьве нормы за зьмену стала звыклай зьявай для будаўнікоў. Людзям, якія прыехалі і якія прыяжджалі, трэба было жытло, і будаўнікі стараліся.

    І гэты дом, дзе кантора поезда, першым закладвалі пад інтэрнат. Не было вопыту, не было праекта, і майстар участка Надзея Лушчык вельмі перажывала, што даводзіцца будаваць, казала яна, усьляпую.

    — Ты хіба ўсё жыцьцё думаеш будаваць па праекце? — адказаў на гэта галоўны інжынэр поезда Георгій Міхайлавіч Ільяш. — Не праект, а жыльлё ў першую чаргу патрэбна.

    Паступова пачала прыбываць тэхніка. І вось ужо Іван Валавод перасеў на бульдозэр. З цямна да цямна ракатаў яго трактар, робячы падсыпку пад збудаваньні. А насыпаць так званую падушку даводзілася да чатырох і пяці мэтраў таўшчынёй, каб не толькі выраўняць паверхню, але і прыкрыць вечную мерзлату, якая не-не ды і выкідвала розныя нечаканасьці.

    Сёньня ў пасёлку Дом культуры і іх першынец — клюб “Маладосьць”. І школа-дзесяцігодка, якую яны будавалі ў тое першае сваё лета.

    Хутка забудоўваўся праспэкт Мікалая Кедышкі, ад якога пасьля ў розныя бакі разьбегліся вуліцы Мінская, Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская, імя Беларускіх партызан. Пасланцы рэспублікі хацелі ў назвах вуліц пабудаванага імі пасёлка ўвекавечыць назвы тых мясьцін, адкуль яны прыехалі на самую вялікую будоўлю веку.

    Будаваўся пасёлак, узводзіўся пляцдарм для наступу, з якога ў розныя напрамкі кожную раніцу ў зімовыя маразы і ў летнюю сьпёку адпраўляліся групы пошуку, геадэзісты, брыгады лесарубаў, каб праз тайгу на поўдзень да станцыі Нагорнай і на поўнач да станцыі Беркакіт вывучыць мясцовасьць, вызначыць напрамак і працерабіць прасекі пад будучую чыгуначную магістраль. А пасьля зноў жа адсюль адпраўляліся дэсанты на разьезды Сіліп і Янкан, на месца будучага пасёлка Беркакіт і станцыі Пагрузачнай.

    Рос пасёлак, павялічваўся лік яго жыхароў. А заадно расьлі, мужнелі, набіраліся вопыту, прывыкалі да тутэйшых умоў людзі; Вунь ужо мінчанін Аляксандр Дзідзенка, што быў у брыгадзе Жураўскага, сам узначаліў брыгаду лесарубаў, а Міхаіл Жалязоўскі стаў майстрам па будаўніцтве, пасьля вучобы на курсах у Тындзе стаў брыгадзірам слонімскі хлопец Іван Аляхновіч. Выбывалі з брыгады тыя, з кім прыехалі і пачыналі тут, а іх месца займалі новыя, што прыяжджалі з далёкіх родных мясьцін. І брыгадзір навучыў іх прафэсіі будаўніка, што за кароткі час яны самі станавіліся майстрамі і ўжо навучалі навічкоў. Магчыма, гэтая ўзаемавыручка, няўрымсьлівасьць і прага да працы дапамагла адольваць цяжкасьці, забясьпечыць жытлом людзей: ужо на зіму таго ж 1975 года амаль усе жыхары пасёлка перасяліліся ў інтэрнаты, а самыя юныя жыхары Залацінкі атрымалі ў падарунак дзіцячы камбінат.

    У Залацінцы кожная вуліца і сьцяжынка ў навакольлі захоўваюць дарагія сэрцу ўспаміны — не раз і не два схадзіў іх Васіль Жураўскі кароткімі летнімі вечарамі, калі, здавалася, сонца яшчэ не пасьпее схавацца на захадзе за бліжэйшую сопку і змрок не ахутае зямлю, а на ўсходзе ўжо шарэе неба, гэтая шэрань што хвілі шырыцца, і раніца сваім крылом разганяе рэшткі ночы. Часта, углыбіўшыся ў тайгу альбо залюбаваўшыся прыгажосьцю рэчак, яны з Вольгай Сазонавай не заўважалі, як нахоплівалася раніца, абуджаная птушыным сьпевам, што пераліваўся і перакатваўся па ўсёй тайзе.

    — Пэўна, так хораша нідзе не сьпяваюць птушкі, як тут, — затаіўшы дыханьне, шаптала Вольга.

    Васіль пагаджаўся з ёю, бо і сапраўды сьпеў быў чысты, звонкі і рознагалосы: яшчэ не кранутыя гэтыя мясьціны, і птушкі адчувалі сябе тут поўнымі гаспадарамі.

    Неяк само сабою здарылася, што яшчэ на першым пасяджэньні камітэта камсамола, у склад якога ўваходзілі і Васіль Жураўскі, і Вольга Сазонава, погляды іх сустрэліся. Яны яшчэ не ўсьведамлялі, што гэта нарадзілася каханьне, але кожны шукаў прычыну і не прамінаў выпадку, каб сустрэцца. Вольга, як і Васіль, прыехала на будаўніцтва БАМа з першым камсамольска-маладзёжным атрадам. Родам з вёскі Ляцягі, што ў Слаўгарадзкім раёне, яна закончыла васьмігодку, пасьля Магілёўскі палітэхнікум, атрымала спэцыяльнасьць тэхніка-будаўніка, працавала майстрам у Касьцюковіцкай перасоўна-мэханізаванай калёне.

    — Гэта ж трэба было ажно за дзесяць тысяч кілямэтраў ад дому ехаць, каб тут пазнаёміцца, — жартаваў Васіль.

    — А ў Беларусі маглі і разьмінуцца, — у тон яму адказвала Вольга.

    Вясельле спраўлялі ў новай сталовай, якую яны самі будавалі. Іграў вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына”, створаны не без іх удзелу і ў якім яны былі артыстамі. Нарэшце, ключы ад кватэры ім уручылі таксама ад таго дома, які яны ўзводзілі. Усё было, як кажуць, сваё, да чаго яны мелі непасрэднае дачыненьне, і ад усьведамленьня гэтага было сьветла і хораша на душы. Амаль усе з першага камсамольска-маладзёжнага атрада гулялі на іх вясельлі. І хоць на двары ўжо круціла раньняя завіруха, але ў сябрыне гэтага не заўважалася, нават і не думалася, што вось ужо і наступіла першая зіма на новым месцы, яшчэ як сьлед не абжытым і не ўпарадкаваным.

    Вясельле было ў нядзелю, а ў панядзелак, як і звычайна, усе выйшлі на работу. Зноў была праца, цяжкая, у нязвыклых умовах, пры сьвятле ліхтароў і вогнішчаў, бо кароткі зімовы якуцкі дзень, не пасьпеўшы як сьлед разгарэцца, дагараў раптоўна, саступаючы месца доўгай ночы.

    — Сачыце адзін за адным, каб не абмарозіцца, — праводзячы брыгады, раіў начальнік поезда Уладзімір Талала, які не першы год жыў у Якуціі і добра ведаў, як небясьпечны мароз для навічкоў.

    Брыгадзе Васіля Жураўскага ў першую зіму даручылі будаўніцтва самага адказнага аб’екта — склада прамысловых тавараў. Тут упершыню давялося сутыкнуцца з мэталічнымі канструкцыямі. Ды і паўкруглая форма самога збудаваньня на вечнай мерзлаце і пры ўмовах, калі маразы дасягалі пяцідзесяці-шасьцідзесяці градусаў і да мэталю нельга было дакрануцца, паставілі брыгаду перад цяжкімі задачамі.

    — Пакуль гэтую арэхавую шкарлупіну паставім, дык унутры па халадзільніку сабе займаем, — напаўжартам гаварыў прараб Аляксей Маліньнік.

    — А вы, Аляксей Паўлавіч, час ад часу ўнутр па вугольчыку кідайце, — гэтак жа напаўжартам раіў яму майстар Генадзь Новікаў.

    — Нічога, і гэты арэх раскусім, — ужо сур’ёзна гаварыў Жураўскі.

    Арэх “раскусілі”. Нягледзячы на тое, што зіма ў той год выдалася суровая. І маразы не сталі перашкодай. Нават ніхто не абмарозіўся.

    ...Здараюцца супадзеньні, якія пасьля запамінаюцца на ўсё жыцьцё. Для Жураўскага быў такім месяц красавік. У красавіку 1975 года Васіль з першым атрадам высадзіўся тут, на якуцкай зямлі, і тут жа ў 1976 годзе, таксама ў красавіку, яго прымалі кандыдатам у члены Камуністычнай партыі.

    — Вельмі рады рэкамэндаваць цябе ў рады нашай ленінскай партыі, — гаварыў Фелікс Рыгоравіч Дворкін на партыйным сходзе. Хваліў яго, і Васілю аж няёмка было. Гэтак жа цёпла пра яго работу расказваў брыгадзір сантэхнікаў Аркадзь Хараваз, які таксама даў яму рэкамэндацыю.

    ...Зіма 1976 года, як і першая зіма, прыйшла нечакана і сьмела. У пачатку верасьня выпаў першы сьнег ды так і застаўся... Праўда, сумаваць не даводзілася, работа забірала амаль увесь час, пакідаючы лічаныя гадзіны на сон і адпачынак. У кастрычніку са сваім атрадам разьвітваўся камісар Мікалай Бондараў: яго пераводзілі на работу на Ўсходні ўчастак БАМа. Перад камсамольскай арганізацыяй будаўніча-мантажнага поезда № 578, якая цяпер налічвала каля двухсот членаў ВЛКСМ, паўстала задача выбару новага камісара.

    — Думаю, што лепшай кандыдатуры, як Васіль Жураўскі, на гэтую пасаду не трэба, — выступаючы на камсамольскім сходзе, гаварыў тады тагачасны сакратар партыйнай арганізацыі Віктар Паўлавіч Капелька. — Ад імя камуністаў поезда прапаную сакратаром камітэта камсамола Васіля Жураўскага.

    — Васіля! Васіля! — пачулася з усіх бакоў.

    — Я таксама падтрымліваю кандыдатуру Жураўскага, —узяў разьвітальнае слова і Мікалай Бондараў. — Думаю, што пераемнік у мяне надзейны, чырванець за яго не давядзецца.

    Затое твар Васіля Жураўскага заліўся чырваньню. Не, не так проста было для яго рашыцца на гэты, як ён лічыў, дужа адказны крок, за якім пачыналася і новая работа, і яшчэ большая адказнасьць. Тут была брыгада, дваццаць чалавек, і пэўны ўчастак работы, прывычнай, знаёмай і выверанай. Там жа, на новай пасадзе, маштабы адказнасьці значна пашырыліся, камсамольская арганізацыя налічвала дзевятнаццаць камсамольска-маладзёжных груп, параскіданых па трасе на чатырыста пяцьдзесят кілямэтраў на поўдзень аж да Транссыбірскай магістралі і на поўнач да станцыі Беркакіт і далей да Нерунгрынскага вугальнага разрэзу, таксама туды, на станцыю Вугальная, неўзабаве трэба было высаджваць дэсант. Адчуваў, у душы верыў сабе, што справіцца і з гэтай работай, быў перакананы, што па плячы такая вялікая адказнасьць, і ўсё ж маштабнасьць яе страшыла і непакоіла.

    Так камсамольцы і моладзь абралі яго сваім камісарам. Быў выбраны і камітэт камсамола з адзінаццаці чалавек, між іх — Аляксандр Краўцоў з Гомельскай вобласьці, Надзея Лушчык з Магілёўшчыны, Ніна Рачкоўская і Іван Аляхновіч з Гарадзеншчыны.

    Васіль Жураўскі з першых дзён прыезду сюды, на БАМ, быў членам камітэта камсамола. Але адна справа быць членам камітэта і зусім іншая — сакратаром яго. Ужо на першым сходзе ён адчуў гэта, бо амаль усе, хто выступаў і рабіў якую-небудзь крытычную заўвагу, перш за ўсё зьвяртаў на гэта непасрэдна яго ўвагу, і яму трэба было першаму думаць, як быць...

    — Нікуды не варта, камісар, і такое — другая зіма, як мы тут, а ў нас нават прымітыўнага спартзала няма, — усхвалявана гаварыла Валянціна Макеева. — Дзе ж моладзі спортам займацца?

    Відаць, варта падумаць над тым, каб наша камсамольская арганізацыя узяла шэфства над будаўніцтвам другой чаргі дзіцячага камбіната, — унесла прапанову выхавацельніца дзіцячага ясьляў-садзіка Кацярына Булавіна. — Дарэчы камісар, у цябе ж сын нарадзіўся, так што ў хуткім часе і яму спатрэбіцца месца...

    Праблемы, пытаньні, іх многа, іх трэба вырашаць... Вядома, трэба і спартзала, і стадыён, і дзіцячы камбінат, і футбол, і хакей, і гімнастыка і вечары адпачынку — усе гэта тое, з чаго складаецца зьмястоўны культурны адпачынак моладзі. А яшчэ трэба і гэта, бадай, галоўнае — выхоўваць людзей духоўна каб яны усьведамлялі і сваё прызваньне, і сваё прызначэньне.

    І камсамол бярэ шэфства над спартыўнымі збудаваньнямі, а таксама і над будаўніцтвам другой чаргі дзіцячага камбіната. Робіцца ўсё гэта ў асноўным у выхадныя дні, пасьля зьмены і бясплатна.

    Усё трэба было арганізаваць: на ўсё гэта мабілізаваць моладзь і, вядома самому ісьці наперадзе, бо гэтага вымагалі і абавязак камісара, і няўрымсьлівасьць натуры. І асабістых спраў было нямала. Чамусьці тады, калі ён быў брыгадзірам і толькі членам камітэта камсамола, да яго па асабістых справах мала хто зьвяртаўся, а цяпер не было таго дня, каб не займаўся гэтым, нібыта разам з пасадай у яго прыбавілася і розуму, і жыцьцёвага вопыту, і развагі. Васіль, думаючы так, сумна ўсьміхаўся і тут жа адганяў такія думкі, бо такое расслабляла, перашкаджала сканцэнтравацца. Так, — гаварыў ён сам сабе, — у цябе прыбавілася адказнасьці за лёс кожнага, хто да цябе зьвяртаецца. І ты павінен з усім разабрацца, усё узважыць і толькі тады прымаць адзіна правільнае рашэньне.

    З рознымі пытаньнямі прыходзяць у камітэт камсамола, асабіста да камісара, бо ва ўяўленьні кожнага камісар — гэта чысьціня, сумленьне і справядлівасьць.

    Вось нясьмела пераступіў парог Міхаіл Сідорчык, малады хлопец, які нядаўна прыехау на БАМ. Пэўна, паклікала яго сюды рамантыка, але ён не думаў раней, што яна будзе такой суровай, і юнак разгубіўся. Ужо на працягу трох дзён не выходзіць на работу, зьбіраецца назад, дадому. Прагул па няўважлівай прычыне ў камсамольска-маладзёжным атрадзе — надзвычайнае здарэньне. Кожны выпадак неадкладна калектыўна абмяркоўваецца, і да вінаватага прымаюцца строгія меры аж да адлічэньня з атрада. А тут тры прагулы.

    — За такое з камсамола трэба выганяць, а не толькі звальняць з работы — настойвалі некаторыя і нават хто-кольвечы з членаў камітэта.

    — Пакараць мы заўсёды пасьпеем, а тут, пэўна, якраз такі выпадак, калі пасьпешлівасьць, акрамя шкоды, ні яму, ні нам нічога не прынясе, — адказаў на гэта Васіль Жураўскі.

    — Зноў ты, камісар, дзіцячы сад разводзіш, — запратэставалі некаторыя.

    — Не. разьбярэмся, пакараем, пасьля ж самім сорамна будзе, — спакойна зазначыў камісар. — Перш чым рашэньне прымаць, трэба як мае быць усё ўзважыць...

    І вось сядзіць Міхаіл Сідорчык насупраць камісара, апусьціўшы галаву баючыся прама паглядзець яму ў твар.

    Што ж гэтак ты, Міша, нашых землякоў падводзіш і сарамаціш? — тым часам гаварыў камісар. — Не пасьпеў прыехаць, агледзецца, а ўжо лыжы назад навастрыў. Балазе, зіма ў нас сьнежная, марозная прыдалася.

    Юнак маўчаў, як і раней, нізка схіліў галаву. — Відаць было, што словы камісара кранаюць яго за жывое, але ён яшчэ трымаецца. А тым часам Жураўскі задае нечаканае пытаньне, якое нібы і да справы не тычыцца:

    — І многа вас жадала паехаць на БАМ?

    — Многа, — ледзь чутна адказвае Міхаіл.

    — І ўсе паехалі?

    — Не, не ўсе...

    — Чаму?

    — Усім у райкоме камсамола пуцёвак не хапіла.

    — Выходзіць, Міша, ты не сваю, а нечую пуцёўку атрымаў, нават не атрымаў, а украў!..

    — Як гэта ўкраў? — страпянуўся хлопец.

    — Вельмі проста: той бы, другі, працаваў, а ты...

    Доўга яшчэ працягвалася гэтая размова. Камісар стараўся падбіраць такія словы, якія б дапамаглі юнаку адолець той страх, які пасялілі ў яго душу гэтыя маразы, першая ў яго жыцьці такая зіма. Пад канец размовы ён неяк з палёгкаю ўздыхнуў і ўзрушана прамовіў:

    — Дзякую за ўсё, таварыш камісар, век не забуду вашае навукі...

    Але там дзе патрэбны былі цьвёрдасьць і непахіснасьць, камісар не адступаў. Так было з першымі парушальнікамі дысцыпліны, калі ён быў яшчэ членам камітэта камсамола, так было і цяпер, калі Сяргей Барсукоў і Вадзім Доўгар, знаходзячыся ў камандзіроўцы, дрэнна сябе паводзілі ў інтэрнаце, за што іх выселілі адтуль. Але таксама не агулам ацэньваў камісар учынкі хлопцаў, а да кожнага падышоў індывідуальна.

    Цяжка было часам камісару, было, што валіўся з ног ад зморы. Не жартачкі — 450 кілямэтраў па трасе, дзе працуюць брыгады іх будаўніча-мантажнага поезда! Ды яшчэ калі ўлічыць, што ніякага транспарту табе няма, а аўтобусы пакуль што яшчэ не ходзяць. Адна надзея — спадарожная машына. Дык гэта ж летам... А зімой, у маразы пяцьдзесят-шэсьцьдзесят градусаў? За месяц патрэбна пабываць у кожнай брыгадзе — і на станцыі Бам, што каля Транссыбірскай магістралі і на станцыі Беркакіт, што непадалёку ад Нерунгрынскага вугальнага разрэзу. І ўсюды пагутарыць, наладзіць быт, арганізаваць адпачынак і, нарэшце, сабраць членскія ўзносы. Праўда, крыху лягчэй стала, калі ў памочнікі яму далі Надзею Лушчык, якая стала як бы яго намесьнікам па палітычнай частцы.

    ...Мы сядзелі ва ўтульным пакоі на кватэры Жураўскіх, разглядалі альбомы са шматлікімі фатаграфіямі, узнагароды, якімі адзначаны шлях на БАМе камісара будаўніча-мантажнага поезда № 578. Ціха ішла размова-ўспамін. І аб поспехах роднай брыгады, за якія ў тым першым годзе дзесятай пяцігодкі Жураўскі разам з іншымі пераможцамі сацыялістычнага спаборніцтва з розных участкаў БАМа быў сфатаграфаваны ў Крамлі. І аб паездцы на зьезд ЛКСМБ разам з цесьляром-абліцоўшчыкам Уладзімірам Кабацурам, які працаваў у праслаўленай брыгадзе лесарубаў Аляксандра Дзідзенкі. І, нарэшце, аб трэцім якуцкім рэспубліканскім зьезьдзе ўдзельнікаў паходу па месцах баявой і працоунай славы, дзе яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Прэзыдыюма Якуцкай АССР.

    Цякла размова. Сын, прыйшоўшы з дзіцячага садзіка, нешта поркаўся з канструктарам. Вольга завіхалася на кухні, смажыла рыбу харыюс, якую напярэдадні налавілі ў горнай рэчцы Іенгра.

    — Як жа вырашылася справа з Марыяй? — успомніўшы незнарок падслуханую каля канторы поезда размову камісара з дзяўчатамі, запытаўся я.

    — З Марыяй Аўдзеенка? — перапытаў Васіль Жураускі. — У яе усе добра. Брыгада зразумела яе, а яна брыгаду. Цяпер — як адно цэлае...

    Час за гутаркай бег хутка. Успаміналі пра родныя мясьціны, я, у сваю чаргу, дзяліўся ўражаньнямі, якія выклікала суровая, але такая непаўторна прыгожая дзіка-непрыступная прырода Паўднёвай Якуціі. Васіль раптам задуменна прамовіў:

    — Хачу зноў на вытворчасьць, а на пасаду камісара трэба каб маладзейшага. Вось толькі такога, каб сваім прызваньнем мераўся да высокага прызначэньня гэтай пасады.

    І задумаўся.

    Я не перашкаджаў яму...

                                                                             □ □ □

    Вярнуўшыся з БАМа, я даведаўся, што Васіль Жураўскі сапраўды пайшоў на вытворчасьць, зноў узначаліў камсамольска-маладзёжную брыгаду будаўнікоў. Даведаўся з газэтаў і аб тым, што ён стаў ляўрэатам прэміі Ленінскага камсамола. Мне вельмі захацелася расказаць пра гэтага сьціплага, сумленнага, працавітага і адданага справе беларускага хлопца з вёскі Буда Галоўчыцкая Нараўлянскага раёна, якому пакараюцца не кранутая дагэтуль тайга і наш імклівы час, які ён абганяе сваёй ударнай працай.

    Уладзімір Правасуд

    /Маладосць. № 10. Мінск. 1980. С. 173-185./

 


 

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz