wtorek, 4 listopada 2014

ЎЎЎ Лявося Галасіца. Галосны Якуцкай Гарадзкой Думы Зьміцер Нікіфароўскі. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 
 
    У 1936 годзе, пад час “распрацоўкі архіву КДБ ЯАССР”, была “выяўлена” “Справа № 5 ГУР ЧэКа ЯАССР Нікіфароўскага Зьм. Дзьм. у контр-рэвалюцыйнай змове. Пач. 15 XII-19 - 30 VI-20, якая захоўваецца цяпер, хоць і ў пашкоджаным стане (падмочаная вадой) у Архіве УФСБ Расеі па РС(Я), пад № 430.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Якуцку быў створаны Рэўкам дзеля кіраўніцтва рэвалюцыйным рухам, а таксама выканаўчы ворган Камітэт грамадзкай бясьпекі на чале з былым дэпутатам ІV Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі ўраджэнцам Харкава Р. І. Пятроўскім, які 3 красавіка 1918 г. удзельнічаў ад Савецкага боку ў падпісаньні Брэст-Літоўскай мірнай дамовы паміж Нямеччынай, Аўстра-Венгрыяй, Асманскай імпэрыяй, Баўгарыяй ды Савецкай Расеяй ў 1918 г. Камітэт прыняў ад Якуцкай гарадзкой Думы кіраваньне Якуцкам, а ад часова выконваючага абавязкі губэрнатара Зьміцера Тызэнгаўзэна кіраваньне Якуцкай вобласьцю. У красавіку 1917 г. быў створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. Камітэт прыняў рашэньне падтрымаць Часовы ўрад Расейскай рэспублікі ў барацьбе супраць бальшавікоў. Быў створаны Камітэт аховы рэвалюцыі на чале з абласным камісарам Васілём Салаўёвым, а ў лютым 1918 г. Часовы урад Якуцкай вобласьці – Якуцкую абласную раду, якая абвясьціла Якуцкую вобласьць самастойнай, незалежнай ад Савецкай Расеі і Сыбіры, і адмовілася падпарадкоўвацца Цэнтральнай Савецкай уладзе і “Цэнтрасыбіры”. 8 сакавіка Цэнтрасыбір запатрабавала ад Рады перадаць уладу рабочым дэпутатам, аднак Якуцкая абласная рада заарыштавала савдэпаўцаў і зьняволіў іх у турму. Таму 1 ліпеня 1918 г. сфармаваны ў Іркуцку, так званы “Польскі чырвоны атрад”, на чале з Апалінарам Рыдзінскім, ураджэнцам Варшавы, у якога памагатым быў 19 гадовы ўкраінец Васіль Катэнка, штурмам узяў Якуцк і зрынуў уладу Абласной Рады, перадаўшы яе Якуцкаму Савету Рабочых Дэпутатаў. Але ўжо 5 жніўня 1918 г., атрымаўшы ўльтыматум паручніка Гардзеева, які наступаў з Алёкмінска, чальцы Якуцкага Саўдэпу пасьпешна зьбеглі з Якуцка ў Вілюйск. 14 жніўня 1918 г. Гардзееў аддаў распараджэньне аб пераходзе ўлады па ўсёй Якуцкай вобласьці да мясцовых ворганаў земскага самакіраваньня і ўстановам Часовага Сыбірскага Ўрада. 15 лістапада 1919 г. пад ударамі Чырвонай арміі паў Омск. У ноч з 14 на 15 сьнежня 1919 года салдаты якуцкага гарнізона, распрапагандаваныя эсэрамі, на чале з “грамадзянінам Лодзі” Баляславам Гелертам зьдзейсьнілі ваенны пераварот. Паўстаўшыя захапілі турму, вызвалілі зьняволеных там арыштантаў і раззброілі атрад Асобага прызначэньня. Адначасова з паўстаўшымі выступіла купка бальшавікоў, якія прытаіліся ў горадзе ды вучнёўская моладзь, якая знаходзілася пад іхнім уплывам. Яны, верныя тактыцы свайго правадыра Леніна, адразу захапілі гарадзкую тэлефонную станцыю і тэлеграф. Гэтай жа ноччу, на пажары (падпалілі камуністыя падпольшчыкі) дому купца, чальца земскай управы Якуцкай вобласьці Мікалая Аверынскага, які знаходзіўся на Базарнай вуліцы, сабраліся практычна ўсе прадстаўнікі тагачаснай улады. Скарыстаўшы гэта, паўстаўшыя атачылі раён пажару, і без лішняга шуму арыштоўвалі іх аднаго за другім і адпраўлялі ў турму, якая на той час ужо апусьцела ад арыштантаў. Да шасьці гадзінаў раніцы ўлада ў горадзе поўнасьцю была ў руках паўстаўшых. Бальшавікі абвясьцілі аб аднаўленьні Савецкай улады. Перш за ўсё яны зьняволілі ў турму 13 найболей значных кіраўнікоў Якуцкай вобласьці, а затым 182 вядомых дзеячаў вобласьці, у тым ліку і капітана Каменскага, упаўнаважанага камандуючага войскамі Іркуцкай ваеннай акругі па Якуцкай вобласьці. Дарэчы ў ноч з 27 на 28 сьнежня 1919 г. быў “па-зьверску” забіты камандуючы рэвалюцыйнымі войскамі Гелерт, якога забілі ягоныя ж саўдзельнікі па бальшавіцкім захопе ўлады. Ягоны зьнявечаны труп быў кінуты ля муроў манастыра.
    Разам з іншымі быў заарыштаваны і Зьміцер Дзьмітрыевіч Нікіфароўскі, які нарадзіўся ў 1875 г. у Віцебскай губэрні ў сям’і сьвятара. [Дарэчы, з в. Вымна Віцебскай губэрні паходзіў беларускі этнограф і фальклярыст Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1845-1910), які ў 1867 г. скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю.]
    2 сьнежня 1917 г. З. Нікіфароўскі, “патомны ганаровы грамадзянін”, вылучаецца ад Якуцкай філіі партыі “Народная воля” у “Камітэт Грамадзкай Бясьпекі”. Але “пры ліквідацыі Савецкай улады ў 18 годзе не прымаў удзелу бо езьдзіў у Омск”.
    26 красавіка 1919 г. З. Нікіфароўскі абіраецца галосным Якуцкай гарадзкой Думы, а таксама высоўваецца ад Якуцкай філіі партыі “Народная воля” у кандыдаты Эканамічнай Нарады пры урадзе Калчака. Але тэлеграма, якая прыйшла ў Якуцк з Омска абвяшчала: “Зацьвярджэньне Вас сябрам Дзяржаўнай Эканамічнай Нарады Вярхоўным Правіцелем не адбылося. Дырэктар канцылярыі Эканамічнай Нарады Знаменскі”. З Якуцка неадкладна ў Омск паляцеў абуральны адказ: “Омск. Вярхоўнаму Правіцелю. Абраны кандыдатам Эканамічнай Нарады галосны Думы, чалец партыі “Народнай Волі” Зьміцер Дзьмітрыевіч Нікіфароўскі заявіў, што Абласная Земская Управа пратэстуе супраць яго абраньня тэлеграмай на імя Старшыні Эканамічнай Нарады, дзе дала аб ім водгук як аб рэакцыянэру, актыўнага дзеяча Саюза Рускага Народа. Аддзел партыі, знаходзячы такі водгук злосным паклёпам, лічыць сваім гонарам аднаўленьне ісьціны, і давесьці аб гэтым да Вашага ведама. Старшыня аддзела Гусеў”.
    Нягледзячы на гэта Зьм. Нікіфароўскі актыўна абараняў антыземцаў. Начальнік канцылярыі ваеннага міністра гвардыі капітан Салаўёў 3 траўня 1919 г. яму адказваў: “На тэлеграму Вашу ад 18 сакавіка гэтага года на імя Вярхоўнага Правіцеля апавяшчаю, што арыштаваны Ўпаўнаважаным Камандуючым войскамі па ахове парадку падпалкоўнікам Паповым за антыземскі рух інародзец Барагонскага павета Іван Лукін, Іван і Воніфацій Аржаковы вызваленыя з пад варты да сьвята Св. Вялікадню. Справа адносна Апанаса Сьпірыдонава, Сьляпцова, Сьцяпана Сіўцава, Зьміцера Кулічкіна і Платона Эверстава знаходзіцца ў веданьні Міністэрства Унутраных Спраў, куды і накіраваная 25 сакавіка копія Вашай тэлеграмы”. Натуральна гэтыя людзі былі яму ўдзячныя і слалі віншаваньні: “… Нікіфароўскаму … Прыміце ад мяне прывітаньне … Здароўя дарагой Вашай сям’і … Ваш пакорлівы слуга антыземец Сьцяпан Яўхімавіч Сіўцаў. 1919 кастр. 25 дня”.
    Знаходзячыся  пад сьледзтвам у ЧК Нікафароўскі пісаў:
                                                        “У Якуцкі Ваенна-Рэвалюцыйны Штаб.
    Ад паверанага пры б. Іркуцкай Судовай Палаце Зьміцера Дзьмітрыевіча Нікіфароўскага, зьняволенага ў Якуцкай турме.
                                                                                Прашэньне.
    З моманту перавароту да сёньняшняга часу я ўтрымоўваюся ў Якуцкай турме. Цяжкае становішча, у якім я апынуўся дзякуючы тром месяцам пазбаўленьня волі, змушае мяне ізноў зьвярнуцца ў Рэвалюцыйны Штаб з хадайніцтвам аб сваім вызваленьні…
    З 23 гадовага ўзросту я знаходжуся ў чыне прыватнай адвакатуры - спачатку акругі С-Пецярбурскай Судовай Палаты, а з 1907 года ў акрузе Іркуцкай Судовай палаты, пры чым ад 1910 года маю пасьведчаньне не толькі ад Акруговага Суду, але і пры Судовай Палаце. За ўвесь час сваёй адвакацкай дзейнасьці абавязак пасылаў мяне на дапамогу ўсім тым якія зьвярталіся да мяне без адрозьненьня нацыянальнасьці, становішчы і партыі. Я заўсёды стаяў на боку інтарэсу прыгнечаных і не толькі з матэрыяльных меркаваньняў, а вельмі часта і бескарысьліва, уяўляючы ўсе пакуты абвінавачваных, як бы свае асабістыя, хваляваўся за іхнюю долю…
    … З моманту рэвалюцыі, падзеньня царызму, я таксама працягваў сваю адвакацкую дзейнасьць і быў верны традыцыям, якія ўсталяваліся ў мяне … такім чынам амаль з юнацтва я служачы адвакатам ніколі на дзяржаўнай службе не служыў. Асьмельваюся чыстасардэчна заявіць штабу, што я не аказваў ніякага процідзеяньня перавароту. Падчас перавароту я быў арыштаваны, пры вяртаньні маім з пажару дома Аверынскага, атрадам Катэнкі і мне не дазволена было пераначаваць дома, па гэтаму ясна, што асабіста я, не процідзейнічаў перавароту … Чалец сьледчай Камісіі Свідэрскі, жадаю засьведчыць, адабраў тры стрэльбы, якія належалі мне. Адно я купіў у п. Маргунова, адно ва Упраўляючага Губэрнатара Вітэ, а адно выпісаў з магазынаў Каковіна і Басава. У 1918 годзе я перадаў аўтаматычны вінчэстэр у Савет Рабочых Дэпутатаў і такі мне не вярнулі, а пры арышце маім я ўсе шротавыя назваў і гэтыя не вернутыя … Вось усё што я магу аб сваёй дзейнасьці паведаміць Штабу, ласкава прашу Штаб зрабіць распараджэньне вызваліць мяне з турмы.
    Просьбіт Прыватны Павераны акругай б. Іркуцкай Судовай Палаты - Зьміцер Нікіфароўскі”.
    26 сакавіка 1920 г. З. Нікіфароўскі на допыце паказаў што ён “аніякіх адносін да Каменскага не меў”.
    Дарэчы, у адміністрацыйным дачыненьні Якуцкая вобласьць, па рашэньні Сыбрэўкама, з 20 красавіка 1920 года была ператвораная ў Асобы раён Іркуцкай губэрні, і толькі, з 21 жніўня 1920 года выйшла пастанову Сыбрэўкама аб вылучэньні Якутыі ў самастойную губэрнскую адзінку.
    Сьледчая Камісія працягвала шукаць кампрамат. 27 красавіка 1920 года на кватэры З. Нікіфароўскага, у прысутнасьці ягонай жонкі Паўліны, супрацоўнікамі М. Пятровым і Р. Патапавым быў зроблены “ператрус папер” і забраны “адзін партфэль з дакумэнтамі”
    5 траўня 1920 года З. Нікіфароўскі з турмы зьвяртаецца да “Упаўнаважанага Сыбірскага Рэвалюцыйнага Камітэта гр. Амосаву” з прашэньнем: “… прашу Вас ці не знойдзеце Вы магчымым - наўзамен турэмнага зьняволеньня падвергнуць мяне хатняму арышту. Хваравіты мой стан падахвочвае мяне ізноў прасіць Вас …” Але Нікіфароўскага з турмы не выпускаюць.
    Да справы вызваленьня мужа таксама падключаецца Паўліна Рыгораўна Нікіфароўская, 1885 года нараджэньня.
    19/25 траўня 1920 года яна наіўна піша заяву ў Якуцкі Ваенна-Рэвалюцыйны Штаб: “Далучаючы пры гэтым мэдыцынскае сьведчаньне, паведамляю, што я па стане свайго здароўя, не магу займацца ніякай фізычнай працай, а паміж тым, не маючы прыслугі і наогул памагатай, уся хатняя гаспадарка, як гатаваньне, мыцьцё бялізны, мыцьцё падлогі і г. д. нехаця прымушаюць мяне, са шкодай для свайго здароўя, выконваць непасільную працу, дзякуючы чаму я канчаткова выбілася з сіл і зьлегла ў пасьцель. Акрамя таго, я шосты месяц, не маючы асабістых сродкаў, павінна была шмат якое прадаць, не толькі на прадмет існаваньня, але і на лячэньне. На падставе вышэйпададзенага, прашу Штаб, так як за маім мужам, па заключэньні Сьледчай Камісіі, ніякай віны не лічыцца, вызваліць яго з турмы і гэтым, хоць часткова палегчыць маё матэрыяльнае становішча і даць магчымасьць спакойна аддавацца лячэньню і адпраўленьню куды-небудзь для непазьбежнай апэрацыі”. І тут жа прыкладае мэдыцынскае “Пасьведчаньне, дадзенае Нікіфароўскай Паўліне Рыгораўне, 35 г. ад роду ў тым, што яна хворая на запаленьне абедзьвюх яечнікаў і запаленьне ўнутранай абалонкі маткі, якая суправаджаецца частымі і вялікімі крывацёкам … ад уздыму цяжараў моцныя болі ў яечніках, непрытомнасьць з вялікім крывацёкам … да апэрацыі неабходна пабольш ляжаць, або жа, можа адкрыцца вялікі матачны крывацёк. Лекар Карпаў”.
    Дарэчы газэта “Якутские областные ведомости” (№ 239) за 3 лістапада 1919 года паведамляла што: “Патрэбна жаночая прыслуга. Кватэра Нікіфароўскага, дом Казанцава За логам”. А гэтак жа гэтая жа газэта (№ 217), за 11 кастрычніка 1919 года аб’яўляла, што “доктар А. У. Карповіч. Адмысловец па ўнутраных і дзіцячых хваробах. Прыём штодзённы, акрамя сьвятаў. Кватэра п. паверанага Нікіфароўскага, тэл. № 53”.
    Па ўсёй верагоднасьці такога роду хваробы, прытым падпісаныя “кватэрным” лекарам, магчыма земляком, выклікалі ў “таварышаў” толькі сьмех.
    Ізноў быў выдадзены “Ордэр № 5. Лузанаву Сяргею Паўлавічу на ператрус у Нікіфароўскага па адр. Нікольская вул. д. Казанцэва. Захарэнка”. “1920 гэтага траўня 29 дня. Канфіскавалі адзін партфель з дакументамі”.
    12 ліпеня 1920 г. З. Нікіфароўскі быў вызвалены з Якуцкай турмы “з нагоды выезду з Якуцка ў Іркуцк з Упаўн. Ірк. Губ. Надзв. Кам. УЧКа… Дакумэнты з ім, а таксама справы А. Угрыновіча № 109 на 65 арк.; Д. Казачэнка №.111 на 12 арк. Старш. Якутгубчэка Альперовіч”.
    Далейшы лёс Зьміцера Дзьмітрыевіча Нікіфароўскага пакуль не вядомы. Дарэчы, толькі 11 верасьня 1920 года пастановай райаргбюро Якуцкай арганізацыі РКП(б) афіцыйна быў створаны Якуцкі губэрнскі ЧК і першым яго старшынёй стаў малады якуцкі бальшавік, габрэйскага паходжаньня - І. Б. Альперовіч.
    У справе З. Д. Нікіфароўскага захаваліся ўспаміны аб перавароце, які адбыўся у ноч на 15 сьнежня 1919 года. Яны цікавыя тым, што запісаныя непасрэдна пасьля падзей той бурнай ночы.
    “Думкі аб перажытым
    1 сьнеж. ст. ст. 1919 г. у нас у Якуцку зьдзейсьнены пераварот. Было гэта так нечакана, што прыходзіцца толькі зьдзіўляцца. У ноч на 1-е чысло я быў разбуджаны трывожным званком па тэлефоне і мой сусед Г. паведаміў аб пажары ў горадзе і прасіў разам з ім ісьці туды. Я адправіўся да яго. У кішэнях у нас былі рэвальвэры. Не пасьпелі выйсьці з варот, як былі спыненыя атрадам узброеных людзей у 15 чал. на чале з Гелертам. Апошні паведаміў аб захопе імі горада, узяў нашы рэвальвэры і загадаў ісьці назад. Што рабіць? Мы ўжо былі перад фактам захопу ўлады кімсьці. У розуме мільганулі жахі грамадзянскай вайны. Пайшлі да Г. там праседзелі ажна да раніцы. Настрой, вядома, быў самы найпрыкрэйшы. Усялякі з нас уяўляў перад сабою карціну забойства, гвалту і інш. Гэтая ноч, сапраўды, была кашмарная. Злавесна стаяла глухая ноч. Не было чуваць не крыкаў, не стрэлаў. Толькі вялікае полымя пажару хаты Аверынскага - крывавым полымем асьвятляла небасхіл і пагаршала і без таго наша нярадаснае становішча. Не жадалася ні гаварыць, ні спаць… Нейкія абыякавыя адносіны да таго што адбываецца. Так правялі ноч. У 7 г. раніцы я прыйшоў дахаты. Вуліцы пустэльныя. Я зьдзівіўся. Дзе ж людзі, дзе трупы, дзе кроў ??!! Дома ў мяне, вядома, не спалі. У 9 г. раніцы пайшоў на ўрокі ў Еп. вучэльню. Але заняткаў не было, так як. вучаніцы былі занадта ўсхваляваныя. Днём было вывешана аб’ява, аб аднаўленьні Савецкай улады. Грамадзяне заклікаліся да спакою і інш. Такім чынам факт: у Якуцку Савецкая ўлада!
    Пераварот адбыўся пры ўдзеле мясцовага гарнізона, частка якога вызваліла з турмы палітычных зьняволеных. Да раніцы была арыштаваная частка афіцэраў, з Каменскім на чале, і вядомыя гарадзкія дзеячы з грамадзянскага і судзейскага сьвету. Частка жа афіцэраў, верагодна пад уплывам жахаў грамадзянскай вайны, зьбеглі з горада. Пераварот зьдзейсьнілі бяскроўна. Не было ахвяр, як з аднаго, так і з другога боку, бо і стрэлаў не было.
    Быў створаны Ваенна-Рэвалюцыйны Штаб з начальнікам Гладуновым. Вайсковымі сіламі распараджаецца Гелерт. У канструяваньні ўлады прымаюць пераканаўчы ўдзел якуцкія с-р. Т. З. Вінакураў, Медніцкі, Слабодзкой, Келіхаў і інш. Быць можа, удзелам гэтых муж. горад абавязаны сваім адносным спакоем. Наогул, новая ўлада пакуль яшчэ для радавога абывацеля неакрэсьлена. Мяркую, што ўлада будзе дзейнічаць у духу ген. Гайды паўстаўшага з В… супраць Урады Калчака.
    Абвясьцілі аблогавае становішча з 6 да 7 ч. раніцы. Праводзілі ператрусы і арышты. Выпадкаў гвалту і рабаваньня не назіраецца, акрамя 2-х. (у В… і Цугеля). І апошняе зьдзейсьнена нейкімі хуліганамі ў момант перавароту. Установы засталіся на месцах. Пакуль выраблялі рэвізіі, кантрыб. і інш. У сувязі з гэтым у масах вельмі Шмат чутак. З-за адключаных тэлефонаў да раніцы, абывацель, як належыць, сілкаваўся чуткамі… Апошнія вельмі супярэчлівыя. Афіцыёз у Якут. “Известиях В-Революц. Штаба” паведамляе аб аднаўленьні Савецкай улады ў шматлікіх буйных цэнтрах Сыбіры, аб падзеньні Ур. Калчака і інш. У масах жа фігуруюць чуткі цалкам адваротнай накіраванасьці… Наогул, мне падаецца, мы нічога не ведаем, акрамя таго, што адбылося ў Якуцку.
    Больш усіх, вядома, устрывожаная тым што адбываецца інтэлігенцыя. І гэта мабыць натуральна. Бо будучы ідэйнай, яна і глыбей хвалюецца. Аб “буржуазіі” не гавару, так як яна заўсёды выходзіла з вады сухой і адрозьнівалася сваёй прыстасаванасьцю. У апошнія жа дні, яна і паводзіла сябе ганебна. Дух спэкуляцыі і нажывы быў на першым пляне. Мабыць гэтым і выкліканы пераварот. У гэтых "спадароў" спадзяюся поўная адсутнасьць інтарэсаў, не толькі дзяржаўных, але і грамадзкіх. “Хапай, бяры!” - вось быў лёзунг гэтых акул і людалупаў тылу. Сумна, вядома, то што ў масах інтэлігенцыя атаясьнёная з буржуазіяй, паміж тым як інтарэсы тых і гэтых часта процілеглыя.
    Турботу мас выклікае ў горадзе лёс Яп. Сапронія. Пераварот засьпеў яго ў адлучцы (паездка па япархіі). Чалавек рэлігійны і ўстойлівы да сваіх прынцыпаў - ён, несумнеўна, быў значнай велічынёй у горадзе. На яго зьвернутыя позіркі шматлікіх. Прыезд Уладары ў горад абышоўся шчасна. 21 сьнежня па ініцыятыве Праасьвяшчэнства, у яго на кватэры сабралася духавенства і службоўцы ў духоўным ведамстве. Сход адкрыў Уладар. Ён паведаміў, што яго наведаў г. Бакалеўскі, адзін са значных цяперашніх Савецкіх дзеячаў. (Паміж іншым, яго імя чамусьці прамаўляцца з жахам). Бакалеўскі паведаміў Уладару, што ў мэтах аховы, у ноч перавароту ім была пастаўленая варта ў манастыры і што ён “выхаваны ў любові да рэлігіі і сам вернік”, выяўляючы ад сваіх аднадумцаў спрыяльнае дачыненьне да царквы і духавенству, дадаў, што  “там у нізах ёсьць веруючыя людзі і не забываюць Бога". Уладар блаславіў Бакалеўского абразам. Гэтая вестка Ўладыкі ўсьцешна паўплывала на прысутных. На сходзе было вырашанае толькі зацьвярджэньне Статуту і ў гэтыя хвіліны не ўставаць на той або іншы бок. Духавенства павінна занесьці ў стан варагуючых пачатак любові і прымірэньня. Было вырашана аб недапушчэньні крывавых распраў між іншым, у выпадку прыходу ўрадавых сіл (калі гэта здарыцца), не пакіне сваім хадайніцтвам аб памілаваньні і прыхільнікаў дзейнай улады. Мне падаецца, так і павінна рабіць царкву, у духу вучэньня Хрыста. Прасс. Уладыка абраў камісію з асобаў, якія павінны быць памагатымі Правялебнаму ў гэтыя цяжкія і трывожныя дні, каб забясьпечыць яго архіпастырскую працу, у праўдзівай і беспамылковай арыентацыі ў падзеях".
    /Па матэрыялах “Дела № 5 ГУР ЧеКа” З. Д. Нікіфароўскага, якое захоўваецца ў Архіве УФСБ Расіі па РС(Я) у Якуцку пад № 430./
    Літаратура:
*    Барковский А. Петрушкина В.  Якутский переворот. // Якутск вечерний. Якутск. 17 декабря 1999. Якутск. С. 6.
*    Баркоўскі А.  Гласны Якуцкай Гарадской Думы. // Голас Радзімы. Мінск. 26 студзеня 2000. С. 5.
*    Петров П. П.  Градоякутские православные храмы. Якутск. 2000. С. 63-64.
    Лявося Галасіца,
    Койданава
 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz