niedziela, 2 listopada 2014

ЎЎЎ Лігма Чухча. Знаўца моваў Якутыі Васіль Рагаўцоў. Койданава. "Кальвіна". 2014.


     Васіль Іванавіч Рагаўцоў - нар. 4 студзеня 1952 г. у м. Стрэшын Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці БССР (СССР).
    Скончыў філялягічны факультэт Мазырскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытута імя Н. К. Крупскай (цяпер дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя І. Шамякіна) па спэцыяльнасьці “беларуская мова і літаратура” (1973), асьпірантуру Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (пры сэктары сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы) па спэцыяльнасьці “беларуская мова” (1978).
    Кандыдат філялягічных навук (1979), Доктар філялягічных навук (2003), Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1999).
    Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры і арганізатарам пазакляснай і пазашкольнай выхаваўчай работы (1973-1975), настаўнікам беларускай мовы і літаратуры (1975-1976) Коўчыцкай СШ Светлагорскага раёна Гомельскай вобласьці. Старшы выкладчык (1978-1983), дацэнт (1985-1993), прафэсар (1993), загадчык (1983) катэдры беларускай мовы МДУ імя А. А. Куляшова.
    Чалец сэкцыі тэхнічнай тэрміналёгіі Тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995). Чалец Саюза беларускіх пісьменьнікаў (1996-2006), Чалец (рэнегат) Саюза пісьменьнікаў Беларусі, Рэспубліканскага літаратурна-мастацкага фонду “Гронка” (1999).
    Узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993), Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1998, 2003), Ганаровай граматай Саюза беларускіх пісьменьнікаў (2002), мэдалём Францыска Скарыны (2002). Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя В. Хомчанкі (2008).
    Навукова-дасьледчая спэцыялізацыя - сучасная беларуская мова (сынтаксіс), беларуская дыялекталёгія (лексыка), мэтодыка выкладаньня беларускай мовы, лінгвістыка тэксту (мова беларускай мастацкай літаратуры), лексыкаграфія (беларуская дыялектная анамастыка, руска-беларуская тэрмінаграфія), сучасная руская мова (сынтаксіс), тэарэтычная лінгвістыка і інш.
    Навукова-дыдактычная спэцыялізацыя - сучасная беларуская мова, уводзіны ў мовазнаўства, агульнае мовазнаўства, лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту.
    Лігма Чухча,
    Койданава
 

    ЧУКОЦКАЯ МОВА / устар. - луараветланская мова (каля 8 тыс. чал.) - адна з чукоцка-камчацкіх моў (чукоцка-каракская група). Пашырана ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе, а таксама ў Каракскай аўтаномнай акрузе (паўночна-ўсходняй частцы) і ў Рэспубліцы Саха (Якуція) (у Ніжнекалымскім раёне).
    Мае 2 асноўныя дыялекты: усходні / уэленскі (аснова літаратурнай мовы) і заходні / певекскі, а таксама шэраг іншых (энмылінскі, нунлігранскі, хатырскі, чаўнскі, энурмінскі, янракіноцкі).
    Блізкая да каракскай мовы.
    Фаналёгія. 6 галосных фанэм. Пасьлядоўны сынгарманізм. 14 зычных фанэм. Фанэма «л» шумная (а не санорная). Пашыраны асыміляцыйная і дысыміляцыйная зьмены зычных гукаў. Назіраецца выпадзеньне зычных. Сустракаецца зьява зеўраньня. Пашыраны 4 мадэлі складу: «V», «СУ», «УС», «СУС». Націск сілавы.
    Марфалёгія. Аглютынацыйная мова (суфіксальнага, прэфіксальнага або прэфіксальна-суфіксальнага тыпу). Няма парнага ліку. Разьвіта сыстэма скланеньня (ёсьць аблятыў). Назоўнікі падзяляюцца на 2 сэмантычныя групы паводле прыметы «чалавек / не-чалавек», маюць ад 7 (па некаторых зьвестках, да 9 склонаў). Няма кляса прыметнікаў. Дваццатковая сыстэма лічэньня. Дзеяслоў мае 2 тыпы спражэньня (суб’ектнае і суб’ектна-аб’ектнае), катэгорыі часу (3), ладу (3). Ёсьць пасьлялёгі.
Словаўтварэньне. Асноўныя спосабы - афіксацыя (прэфіксацыя, суфіксацыя, канфіксацыя), асноваскладаньне, аналітызм і (у меншай ступені) канвэрсія.
    Сынтаксіс. Наяўнасьць намінатыўнай і эргатыўнай канструкцый сказа, розных тыпаў інкарпарацыі. Звычайны парадак слоў «SOV».
    Лексыка. Запазычаньні з эскімоскай, юкагірскай і (з канца 19 ст.) рускай моў.
    Пісьмовасьць. З 1932 на лацінскай, а з 1937 - рускай графічнай аснове. На Ч. м. выдаюцца навучальныя дапаможнікі для 1-4 клясаў пачатковай школы, газэта, грамадзка-палітычная і мастацкая літаратура (як перакладная, так і арыгінальная).
    Сфэра ўжываньня. Сродак побытавых зносін. Мова выкладаецца ў пачатковых клясах, Анадырскім вышэйшым пэдагагічным вучылішчы, асобных школах у старэйшых клясах (факультатыўна), некаторых дзіцячых садах нацыянальных пасёлкаў і інш.
    Вывучэнне. Прыкметны уклад у дасьледаваньне мовы ўнёс У. Г. Багараз (з 90-х гг. 19 ст.) і яго вучні (у 20-30 - я гг.) - Г. І. Мельнікаў, П. Я. Скорык, Т. А. Мол, І. С. Удовін, Л. У. Белікаў. У 1950-60 - я гг. Ч. м. вывучаюць В. В. Лявоньцьеў і П. І. Інэнлікэй, з канца 1970-х гг. - А. С. Асіноўскі, С. Л. Сакалоў, І. В. Кулікова-Кемэрультынэ, І. А. Мураўёва, В. В. Лявоньцьеў.
    Літ.: Скорик П. Я.  Грамматика чукотского языка. М.-Л., 1961. Ч. 1; Л., 1977. Ч. 2; Яго ж. Чукотский язык // Языки народов СССР. Л, 1968. Т. 5; Асиновский А. С.  Консонантизм чукотского языка. Л., 1991; Володин А. П., Скорик П. Я.  Чукотский язык // Языки мира: Палеоазиатские языки. М., 1997; Бурыкин А. А. Чукотский язык // Языки народов России: Красная книга. М., 2002. [С. 236.]
    ЭВЕНКІЙСКАЯ МОВА / тунгуская мова (каля 20 тыс. чал.) - адна з тунгуса-маньчжурскіх моў. Пашырана ў Рэспубліцы Саха (Якуція), Бураціі, Эвенкійскай і Таймырскай аўтаномных акругах, Хабараўскім краі, Амурскай, Іркуцкай, Чыцінскай абласьцях і інш., а таксама на поўначы Кітая (Унутраная Манголія, Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён) і ў Манголіі.
    Мае 3 дыялекты (з вялікай колькасьцю гаворак): паўночны, паўднёвы і ўсходні.
    Літаратурная мова грунтавалася на непскай, з 1953 - на полігусоўскай гаворцы паўднёвага дыялекту.
    Фаналёгія. 11 галосных фанэм (5 нядоўгіх і 6 доўгіх). Гармонія галосных (паводле раду і часткова лябіялізацыі). 18 зычных фанэм. Націск сілавы.
    Марфалёгія. Аглютынацыйная мова (суфіксальнага тыпу). Назоўнік мае прыналежныя формы. Разьвіта сыстэма склонаў, трывальных і станавых формаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў. Ёсьць пасьлялёгі.
    Словаўтварэньне. Пашырана суфіксацыя. Сустракаюцца рэдуплікацыя і словаскладаньне.
    Сынтаксіс. Парадак слоў адносна трывалы: дзейнік звычайна ў пачатку сказа, выказьнік у канцы; паясьняльнае слова перад паясьнёным. Віды падпарадкавальнай сувязі: дапасаваньне, кіраваньне, прымыканьне, прыналежная сувязь, двайная падпарадкавальная сувязь.
    Лексыка. Запазычаньні з якуцкай, бурацкай і рускай моў.
    Пісьмовасьць. З 1931 на аснове лацінскай, а з 1936-37 — рускай графікі.
    Сфэра ўжываньня. Сродак побытавых зносін старэйшага і сярэдняга пакаленьня. У Расіі (у месцах кампактнага пражываньня эвенкаў) Э. м. вывучаецца ў многіх дзіцячых садах, выкладаецца як прадмет у пачатковай школе, у асобных выпадках як факультатыў (па 8 кляс). Мова выкладаецца таксама ў нацыянальных пэдагагічных вучылішчах (гг. Ігарка, Нікалаеўск-на-Амуры), у ВНУ (гг. Санкт-Пецярбург, Якуцк, Хабараўск, Улан-Удэ). У асобных раёнах на мове вядуцца радыёперадачы.
    Вывучэньне. Першыя дакумэнтальныя зьвесткі пра мову эвенкаў адносяцца да канца 17 ст. (М. К. Вітзен). Выключную ролю ў вывучэньні мовы адыграў М. А. Кастрэн (аўтар першай тунгускай граматыкі, сярэдзіна 19 ст.). У 20 ст. мову вывучалі Г. М. Васілевіч, В. Д. Калесьнікава, Л. М. Бродзкая, Л. М. Гарэлава, Н. Я. Булатава і інш.
    Літ.: Поппе Н. Н.  Материалы для исследования тунгусского языка. Л., 1927; Василевич Г. М.  Очерк грамматики эвенкийского (тунгусского) языка. М—Л., 1940; Яе ж. Очерки диалектов эвенкийского (тунгусского) языка. Л., 1948; Яе ж. Эвенкийско-русский словарь: С приложением и грамматическим очерком эвенкийского языка. М., 1958; Константинова О. А.  Эвенкийский язык. М — Л., 1964; Колесникова В. Д. Синтаксис эвенкийского языка. М. - Л., 1966; Лебедева Е. П., Константинова О. А., Монахова И. В.  Эвенкийский язык. 3 изд. Л., 1985; Бродская Л. М.  Сложноподчиненное предложение в эвенкийском языке. Новосибирск, 1988; Цинсиус В. И.  Эвенкийский язык // Языки мира: Монгольские языки. Тунгусо-маньчжурские языки. Японский язык. Корейский язык. М., 1997; Булатова Н. Я.  Язык сахалинских эвенков. СПб., 1999; Яе ж. Эвенкийский язык // Языки народов России: Красная книга. М., 2002. [С. 242-243.]
    ЭВЕНСКАЯ МОВА / устар. - ламуцкая мова (каля 7 тыс. чал.) — адна з тунгуса-маньчжурскіх моў. Пашырана ў Рэспубліцы Саха (Якуція), Магаданскай і Камчацкай абласьцях, Чукоцкай і Каракскай аўтаномных акругах, а таксама ў Хабараўскім краі (у Ахоцкім раёне).
    Мае 3 групы дыялектаў (іх разам з гаворкамі да 20): усходнюю, сярэднюю і заходнюю. Адметнае месца займае арманскі дыялект (у наш час знік), на якім у 40-я гг. 20 ст. гаварыла каля 10 жыхароў пасёлкаў Ала і Армань (часам разглядаецца як асобная тунгуса-маньчжурская мова).
    Літаратурная мова грунтуецца на ольскай гаворцы ўсходняй групы дыялектаў.
    Фаналёгія. 18 галосных (у тым ліку доўгія і дыфтангоіды) і 17 зычных фанэм. Сынгарманізм (палятальны і лябіяльны). Націск сілавы (сэнсаадрозьнівальнай функцыі не выконвае).
    Марфалёгія. Мова аглютынацыйная (суфіксальнага тыпу). Назоўнік мае катэгорыі ліку (адзіночны і множны лік), склону (у пісьмовай мове 13 склонавых формаў, у гаворках ад 11 да 15). Багатая сыстэма прыналежных формаў (асабовых, зваротных, са значэньнем адчужальнасьці). Дзеяслоў мае больш за 15 трывальных і 6 станавых формаў, 4 формы часу, 8 формаў ладоў, да 11 формаў дзеепрыметнікаў і 8 формаў дзеепрыслоўяў. Шмат пасьлялёгаў (у асноўным выражаюць прасторавыя адносіны).
    Сынтаксіс. Мова з намінатыўным ладам сказа. Парадак слоў у сказе «SOV». Паясьняльнае слова ўжываецца перад паясьнёным і дапасуецца ў ліку і склоне. Аналягамі складаназалежных сказаў выступаюць дзеепрыметнікавыя і дзеепрыслоўныя звароты.
    Лексыка. Запазычаньні з каракскай (у гаворках Камчаткі), якуцкай і юкагірскай моў (у заходніх гаворках). З 18 ст. ў Э. м. пачала пранікаць руская лексыка.
    Пісьмовасьць. З 1931 на аснове лацінскай, а з 1936 - рускай графікі.
    Сфэра ўжываньня. Мова побытавых зносін старэйшага пакаленьня. Вывучаецца ў дашкольных установах, пачатковай школе, у асобных раёнах — у сярэдняй, а таксама ў сярэднеспэцыяльных (Анадырскім вышэйшым пэдагагічным вучылішчы, Якуцкім пэдагагічным вучылішчы і інш.) і вышэйшых (Якуцкім дзяржаўным унівэрсытэце імя М. К. Амосава, Хабараўскім пэдагагічным інстытуце і інш.) установах. На Э. м. вядуцца радыё- (Якуцк, Анадыр) і тэлеперадачы (Анадыр), выдаюцца палосы і старонкі ў рэгіянальных газэтах, ёсьць як арыгінальная, так і перакладная літаратура.
    Вывучэньне. Моўныя матэрыялы па Э. м. вядомы з канца 17 ст. (эвенскія лічэбнікі ў запісах М. Вітзена). Першую навуковую граматыку Э. м. склаў У. Г. Багараз (1931). У 1930-я гг. Э. м. вывучаў В. І. Левін, у 1940-я гг. — В. І. Цынцыус, К. А. Новікава, з 1960-х гг. - В. Д. Лебедзеў, В. А. Робек, Х І. Дуткін, з 1990-х гг. - В. Р. Белалюбская, С. І. Шарына, В. А. Пятрова і інш.
    Літ.: Цинциус В. И.  Очерк грамматики эвенского (ламутского) языка. Л., 1947. Ч. 1; Новикова К. А.  Очерки диалектов эвенского языка. Л., 1960. Ч. 1; Л., 1980. Ч. 2; Яе ж. Эвенский язык // Языки народов СССР. Л., 1968. Т. 5; Лебедев В. Д.  Язык эвенов Якутии. Л., 1978; Яго ж. Охотский диалект эвенского языка. Л., 1982; Роббек В. А.  Грамматические категории эвенского глагола. СПб., 1994; Дуткин Х. И.  Аллаиховский говор эвенов Якутии. СПб., 1995; Новикова К. А.  Эвенский язык // Языки мира: Монгольские языки. Тунгусо-маньчжурские языки. Японский язык. Корейский язык. М., 1997; Бурыкин А. А. Язык малочисленого народа в его письменной форме: (на материале эвенского языка). СПб., 2004; Яго ж. Эвенский язык // Языки народов России: Красная книга. М., 2002. [С. 243-244.]
    ЮКАГІРСКА-ЧУВАНСКИЯ МОВЫ - зьніклая сям’я блізкароднасных моў. Бытавала сярод плямёнаў, якія засялялі вялікую тэрыторыю ўнутраных раёнаў Паўночна-Ўсходняй Азіі. На працягу 18 ст. яны былі асыміляваны (часткова чукчамі, часткова абруселі). Да Ю.-ч. м. належыць юкагірская мова (гл. таксама Амокская мова, Чуванская мова).
    Літ.: Юкагиро-чуванские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. М., 1990.
    ЮКАГІРСКАЯ МОВА / устар. - адульская мова (каля 250 чал.) - ізаляваная мова (адзіны прадстаўнік сям’і юкагірска-чуванскіх моў). Пашырана ў асноўным у Рэспубліцы Саха (Якуція) (у Верхнекалымскім і Ніжнекалымскім раёнах), часткова ў Магаданскай вобласьці (у некалькіх пасёлках Сярэдняканскага раёна), а таксама на Чукотцы (пераважна ў пасёлку Амалон Білібінскага раёна).
    Прыналежнасьць Ю. м. да групы палеаазіяцкіх моў канчаткова не даказана.
    Захаваліся 2 дыялекты: тундравы і калымскі (паміж імі значнае адрозьненьне).
    Фаналёгія. У Ю. м. (калымскім дыялекце) 13 галосных (7 кароткіх і 6 доўгіх) і 20 зычных фанэм. Слова можа пачынацца і канчацца адным галосным або адным зычным гукам. У сярэдзіне слоў звычайна не дапускаецца зьбег 2 галосных або 3 зычных гукаў. Націск рухомы.
    Марфалёгія. Мова аглютынацыйная (суфіксальнага тыпу). Назоўнікі, займеньнікі колькасныя лічэбнікі, імёны дзеяньня, прыслоўі месца скланяюцца. Назоўнік мае катэгорыі ліку (адзіночны і множны), склону (7 склонавых формаў) і прыналежнасьці (у формах 3-й асобы). Прыметніка як часьціны мовы няма (прыметнікі маюць тыя ж самыя граматычныя катэгорыі, што і дзеясловы). Кляс непераходных дзеясловаў уключае ў сябе якасныя асновы (перадаюць значэньні прыметнікаў) і колькасныя асновы (перадаюць значэньні лічэбнікаў у пэўнай сынтаксычнай функцыі). Дзеяслоў мае разьвітую сыстэму формаў ладу, спосабу дзеяньня і стану (утвараюцца сынтэтычна і аналітычна). Ёсьць асобныя граматычныя формы для выражэньня лягічнага націску. Уласьцівы пасьлялёгі.
    Словаўтварэньне. Асноўны спосаб — суфіксацыя.
    Сынтаксіс. Назіраюцца рысы эргатыўнасьці. Парадак слоў у сказе «SOV». Азначэньне папярэднічае паясьнёнаму слову.
    Лексыка. Запазычаньні з рускай, якуцкай, эвенскай і іншых моў.
    Пісьмовасьць. З 1969 (у Якуцку быў выдадзены зборнік вершаў Г. М. Курылава з часткай тэксту на тундравым дыялекце Ю. м.). Алфавіт для тундравага дыялекту Ю. м. (у аснове якуцкі алфавіт) быў кадыфікаваны ў 1987, пазьней ён пашыраўся і на калымскі дыялект.
    Сфэра ўжываньня. Мова побытавых зносін старэйшага і (часткова) сярэдняга пакаленьня. Выкладаецца ў 1-2 клясах пачатковай школы. Выдаюцца навучальныя дапаможнікі, і мастацкія творы.
    Вывучэньне. Першыя зьвесткі пра Ю. м. належаць М. Вітзену (у канцы 17 ст. на ёй быў апублікаваны пераклад малітвы «Ойча наш»). У 2-й палове 19 ст. некаторыя матэрыялы па Ю. м. былі сабраны Г. Майдэлем і апублікаваны акад. А. Шыфнерам. У 30-80 - я гг. 20 ст. Ю. м. вывучалі Ю. А. Крэйновіч, у 60-я гг. - Г. М. Курылаў, у 80-90-я гг. - М. Б. Вахцін, а матэрыял зьбіралі І. А.  Нікалаева і Л. М.  Жукава.
    Літ. Крейнович Е. А.  Юкагирский язык. М.-Л., 1958; Яго ж. Юкагирский язык // Языки Азии и Африки. М., 1979. Т. 3; Я го ж. Исследования и материалы по юкагирскому языку. Л., 1982; Курилов Г. Н.  Сложные слова в юкагирском языке. Л., 1977; Яго ж. Правила орфографии юкагирского языка. Якутск, 1987; Яго ж. Лексикология современного юкагирского языка. Новосибирск, 2003; Николаева И. А., Xелимский Е. А. Юкагирский язык // Языки мира: Палеоазиатские языки. М., 1997; Бурыкин А. А.  Юкагирский язык // Языки народов России: Красная книга. М., 2002. [С. 248-249.]
    ЯКУЦКАЯ МОВА (больш за 400 тыс. чал.) — адна з цюрскіх моў (уйгурская трупа). Пашырана ў Рэспубліцы Саха (Якуція) (побач з рускай Я. м. дзяржаўная мова), часткова ў Амурскай, Магаданскай, Сахалінскай абласьцях, Таймырскай і Эвенкійскай аўтаномных акругах Расіі.
    Мае 4 групы гаворак: цэнтральная, вілюйская, паўночна-заходняя і таймырская.
    Літаратурная мова разьвілася ў канцы 19 — пачатку 20 стст. на аснове гутарковай мовы цэнтральных раёнаў Якуціі.
    Фаналёгія. 8 кароткіх і 8 адпаведных ім доўгіх галосных фанем. 4 дыфтонгі. Пасьлядоўны сынгарманізм. Захаваньне першасных доўгіх галосных і дыфтонгаў. 20 зычных фанэм. Для пачатку слова не характэрны зьбег зычных. Націск фіксаваны (за невялікім выключэньнем на апошнім складзе).
    Марфалёгія. Мова аглютынацыйная (з элемэнтамі аналітызму і флексіі). Назоўнік мае граматычныя катэгорыі ліку, прыналежнасьці, выказьнікавасьці і склону. Сыстэма склонаў багатая (апрача 6, агульных з іншымі цюрскімі мовамі, ёсьць таксама прыватны, творны, сумесны, вінавальны зборны і 2 параўнальныя склоны). Няма граматычнай катэгорыі роду. Займеньнікі 1-й і 2-й асобы адзіночнага ліку не зьмяняюцца (ужываюцца толькі ў асноўным склоне). Дзеяслоў мае катэгорыі стану (5 станаў), трываньня, ладу (10 ладоў), асобы. Ёсьць пасьлялёгі.
    Словаўтварэньне. Асноўныя спосабы - афіксацыя і словаскладаньне.
    Сынтаксіс . Мова намінатыўнага ладу. Тыповы парадак слоў у сказе «SOP». Азначэньне папярэднічае паясьнёнаму слову. Разнастайнасьць спосабаў выражэньня прамога дапаўненьня (можа быць аформлена 5 склонамі). Аднародныя члены афармляюцца пры дапамозе афікса.
    Лексыка. Шмат запазычаньняў з мангольскай, эвенскай, эвенкійскай і рускай моў.
    Пісьмовасьць. Першы тэкст на Я. м. (пераклад малітвы) выдадзены ў 1705 у Амстэрдаме. Агульнанародная пісьмовасьць з 1922 (алфавіт С. А. Наўгародава), з 1929 алфавіт заменены на лацінку, з 1939 - на аснове рускай графікі.
    Сфэра ўжываньня. На Я. м. вядзецца радыё- і тэлевяшчаньне, выкладаньне (у тым ліку і ў вышэйшай школе), выходзяць пэрыядычныя выданьні, разнастайная літаратура.
    Вывучэньне. Першае фундамэнтальнае дасьледаваньне Я. м. належыць санскрытолягу О. М. Бётлінгку («Пра мову якутаў»; 1851). Важнае значэньне мелі працы Э. К. Пякарскага («Слоўнік якуцкай мовы»; вып. 1—13, 1907-30), В. В. Радлава («Якуцкая мова ў яе адносінах да іншых цюркскіх моў», 1908), Д. Хітрова, С. В. Ястрэмскага, пазьней Л. Н. Харытонава, Е. Л. Убратавай, П. А. Сьляпцова і інш.
    Літ:. Харитонов Л. Н. Современный якутский язык. Якутск, 1947. Ч. 1: Фонетика и морфология; Убрятова Е.И. Исследования по синтаксису якутского языка. Л.-М., 1950. Ч. 1: Простое предложение; Новосибирск, 1976. Ч. 2: Сложное предложение; Яе ж. Якутский язык // Языки народов СССР. М, 1966. Т. 2: Тюркские языки; Дьячковский Н. Д. Звуковой строй якутского языка. Якутск, 1971. Ч. 1: Вокализм; 1977; Ч. 2: Консонантизм; Грамматика современного якутского литературного языка: Фонетика и морфология. М., 1982; Слепцов П. А Якутский литературный язык: Истоки. Становление норм. Новосибирск, 1986; Антонов Н. К. Якутский язык // Языки мира: Тюркские языки. М., 1997. [С. 251.]
    /Рагаўцоў В. І.  Мовы свету. Энцыклапедычны даведнік. Магілёў. 2009. С. 236,242343, 248, 251./
 



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz