niedziela, 9 listopada 2014

ЎЎЎ Верка Камлюк. Людзьвік Шчыгла ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 

    26 сьнежня 1944 г. у м. Ліда ваенны трыбунал войскаў НКУС БВА “у складзе: старшыні палкоўніка юстыцыі Жагрова і чальцоў: лейтэнанта Акуніна і сяржанта Гракалава, пры сакратару Шэндэровіч, без удзелу абвінавачваньня і абароны … у закрытым судовым паседжаньні разгледзеўшы справу па абвінавачваньню: Шчыглы /Шчыгло/ Людвіка Вікенцьевіча 1904 г. нар., ураджэнца в. Гальманцішкі, Воранаўскага р-ну, Баранавіцкай вобл., з сялянаў, паляка, гр-на СССР, малапісьменнага (4 кл.), жанатага, раней не судзімага, (які валодае спэцыяльнасьцю муляра і печніка) у злачынстве, прадугледжаным арт. 63-1 КК БССР. Матэрыяламі папярэдняга і судовага сьледзтва в/трыбунал выявіў:

    Што абвінавачваемы Шчыгла Людвік Вікенцьевіч у красавіку 1944 году ўступіў у белапольскую контррэвалюцыйную нацыяналістычную банду “Райнерэ” (Рагнерг ?), атрымаўшы псэўданім “Сцягай”. Разам з іншымі удзельнікамі банды, быўшы камандзірам аддзелу кавалерыйскага разьведвальнага ўзводу, у траўні м-цы 1944 году прымаў удзел ва ўзброеным баі супраць Чырвоных партызанаў. На падставе выкладзенага прадугледжаным арт. 63-1 КК БССР, кіруючыся арт. 319 і 320 КПК БССР прыгаварыў:

    Шчыглу Людвіка Вікенцьевіча на падставе арт. 63-1 КК БССР падвергнуць пазбаўленьню волі ў ППЛ тэрмінам на дзесяць (10) гадоў з паражэньнем у правах на пяць (5) гадоў за выключэньнем пункту “дарт. 63 КК БССР - без канфіскацыі маёмасьці за адсутнасьцю такой. Тэрмін пакараньня адлічваць з 27 кастрычніка 1944 года.

    Прыгавор канчатковы і абскарджваньню не падлягае”.

    На радзіме ў Людвіка Шчыглы засталіся “па-за ссылкай” у вёсцы Гальманцішкі: маці - Шчыгла Юзэфа Вікенцьеўна - 70 гадоў; браты - Эдуард 1906 г. нар.; Вікенцій 1907 г. нар.; Фелікс 1924 г. нар.; і ў в. Павіланцы - жонка Шчыгла Феліцыя Іванаўна, 1916 г. нар.

    Паседжаньне Цэнтральнай камісіі МУС, МДБ і Пракуратуры СССР ад 18 жніўня 1948 г. вырашыла, што Шчыгла Л. В. “як асабліва небясьпечны дзяржаўны злачынец падлягае ўтрымоўваньню ў Асобым Лягеры”, адкуль “распараджэньнем адз. “П” МУС СССР за № 15/5-32797 ад жніўня 1953 г.” 10 сьнежня 1953 года з Асобляга вызвалены і накіраваны ад 12 сьнежня 1953 г. на паселішча ў раён Калымыбестэрмінова”.

    Месцам паселішча яму прызначылі пасёлак Вусьць-Нэра на р. Індзігірка, дзе ён уладкаваўся сталяром у будкантору.

    3 сьнежня 1954 г. Людвік Шчыгла, падаў заяву ў МУС ЯАССР, дзе пісаў што: “У 1944 годзе мною было зьдзейсьненае злачынства і я быў асуджаны па арт. 63-1 тэрмінам на 10 гадоў і 5 гадоў паразы ў правах. За зьдзейсьненае мною злачынства, улічваючы залікі працоўных дзён, я закончыў тэрмін пакараньня за 9 гадоў і вызваліўся. Адбываў пакараньне ў ППЛ Дальбуду. У цяперашні час пражываю ў Якуцкай АССР пас. Вусьць-Нэра. Нягледзячы на тое, што па прыгавору суду ссылцы я не падлягаў, пасьля вызваленьня з ППЛ мне далі ссылку да асаблівага распараджэньня. Грамадзяне, якія адбылі тэрмін пакараньня, што зьдзейсьнілі злачынства аналягічнае майму, па заканчэньні тэрміну вярнуліся на месцажыхарства. Таму я патрабую Вашага тлумачэньня, на якой падставе мне дадзена ссылка спэц. камэндатурай № 10 па Вусьць-Нэры і забарона выезду на месцажыхарства ў Гродзенскую вобласьць”.

    4 лютага 1955 году Шчыгла Л. В. ізноў піша ў МУС ЯАССР: “Па тлумачэньні, на якой падставе мяне паўторна судзілі і далі ссылку, я зьвяртаўся да Вас. На маю заяву прыйшоў адказ на спэц. камэнданта, які мяне выклікаў і, не прачытаўшы адказу, прымушаў мяне расьпісацца на зваротным боку, ад чаго я адмовіўся. А па гэтаму, паўторна, прашу, Вашага ўмяшальніцтва і растлумачэньня, на якой падставе мне, далі ссылку - асабіста па майму адрасу…”

    7 ліпеня 1955 года Л. Шчыгла піша заяву Міністру Унутраных Спраў “тав. Круглову”: “Прашу Вашага хадайніцтва вярнуцца мне на радзіму, дзе пражывае мая маці старая, без аніякага нагляду і дапамогі ў яе старасьці. У 1944 годзе мною было зьдзейсьненае злачынства, і я быў асуджаны на 10 гадоў праца-папраўчых лягераў і 5 гадоў паразы ў правах. Я скончыў тэрмін пакараньня ў 1953 годзе 10-га XII датэрмінова, улічваючы залікі за добрую працу і за добрасумленныя адносіны да дзяржаўнай маёмасьці. Тэрмін я адбываў у Дальбудзе. У цяперашні час я пражываю ў Якуцкай АССР пас. Вусьць-Нэра.

    Нягледзячы на тое, што па прыгавору суду ссылкі я не меў, пасьля вызваленьня з лягеру мне далі ссылку да асаблівага распараджэньня, і я не магу вярнуцца да сваёй старой маці.

    Па гэтаму прашу Вашага растлумачэньня, на якой падставе мне дала ссылку спэц. камэндатура № 10 пас. Вусьць-Нэра.

    Прашу Вашага хадайніцтва разгледзець маю справу і даць магчымасьць вярнуцца на радзіму, дзе пражывае мая маці.

    Прашу Вашага памілаваньня.”

    Адказ, натуральна, прыйшоў з Якуцку не на хатні адрас Шчыглы ва Вусьць-Нэры, а, за № 3/1052 ад 16 лютага 1955 году, “ст. опэрупаўнаважанаму 4 спэц. аддзелу МУС ЯАССР па Аймяконскаму раёну ст. лейтэнанту тав. Карпаву”, у п. Вусьць-Нэра:

    … Абвясьціце пад расьпіску Шчыглу, што ў ссылку на паселішча ён уселены і ўтрымоўваецца на падставе ўрадавага рашэньня. Калі Шчыгла будзе прасіць прачытаць гэты дакумэнт асабіста - дазволіце. Зам. Начальніка 4 спэцаддзела МУС ЯАССР падпалкоўнік Марозаў. Начальнік 2 адз., 4 спэцаддзелу МУС ЯАССР ст. лейтэнант Лесавік”.

    Адначасова з гэтым, як ужо было дазволена, Л. Шчыгла падаў заяву на выезд у Польшчу, на якую яму адказаўначальнік спэц. аддзелу МУС ЯАССР падпалкоўнік Сазонаў”:

    “У адпаведнасьці з указаньнем 4 спэц. аддзелу МУС СССР № 44/4-26860 ад 11 лістападу 1955 году, дзеля афармленьня матэрыялаў аб выезьдзе ў Польшчу, накіроўваем апытальныя лісты на ссыльных пасяленцаў Шчыгла Людвіка Вікенцьевіча і ягоную жонку Феліцыю Іванаўну. Адначасова накіроўваем асабістую справу на Шчыглу Л. В. Яго жонка Шчыгла Ф. І. на уліку спэц. паселішча ў нас не знаходзіцца. Пасьля афармленьня, матэрыялы разам з асабістай справай просім выслаць нам дзеля выясьненьня заключэньня аб магчымасьці зьняцьця Шчыглы Л. В. з уліку спэц. паселішча і далейшага накіраваньня матэрыялаў на разгляд 4 спэц. аддзелу МУС ЯАССР”.

    У так званым “Апытальным лісьце” Л. Шчыгла паказаў, што ён “паляк, родная мова польская, грамадзянства СССР. Дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць грамадзянства не меў і не маю. У 1939 годзе быў далучаны да СССР разам з польскай тэрыторыяй. Да 1939 году зьяўляўся грамадзянінам Польшчы. У г. Люблін пражывае брат Шчыгла Антон Вікенцьевіч, 1919 г. нар… Апытальны ліст складзены з маіх слоў правільна і зачытаны на зразумелай мне рускай мове. 18 лістапада 1955 года. Szczygło. (Щигло) Апытальны ліст склаў камэндант спэц. камэндатуры № 10 МУС ЯАССР Карпаў”. Феліцыя, якая, магчыма прыехала на сасланьне да мужа, таксама паказала, што яна “нарадзілася ў 1915 г. у в. Трумпішкі Воранаўскага р-на Баранавіцкай вобл. Да замужжа прозьвішча было Грыгелевіч Феліцыя Іванаўна, полька, родная мова польская. У Польшчы сваякоў няма, акрамя стрыечнага брата Венчкевіча Мечыслава Іванавіча, адрасу ягонага там не ведаю. Пражываючых у СССР нікога няма, акрамя мужа Шчыгла Людвіка Вікенцьевіча 1904 г. нар. Не судзімая. Апытальны ліст складзены з маіх слоў правільна і зачытаны на зразумелай мне рускай мове. 18 лістапада 1955 года. Szczygło (Щигло)”.

    26 сьнежня 1955 года за № 12113-526 МУС ЯАССР адказала на запрос № 3/I - 7641 ад 14 XII 55 году начальніка 4-го спэцаддзела Сазонава, што яму “вяртаецца справа на ссыльнапасяленца Шчыглу Людвіга Вікенцьевіча без афармленьня выязной справы. Кіраваньнем міліцыі МУС ЯАССР матэрыялы па хадайніцтвах аб выезду за мяжу ссыльнапасяленцаў будуць афармляцца толькі па прадстаўленьні Вамі заключэньняў аб вызваленьні са спэцпаселішча, асобаў якія знаходзяцца ў Вас на уліку, пры выдачы ім візаў на выезд з СССР… І. о. начальніка УМ МУС ЯАССР маёр міліцыі Клімаў. Ст. інспэктар АВІР УМ МУС ЯАССР лейтэнант міліцыі Мамаценка.”

    27 сьнежня 1955 году Л. Шчыгла піша заяву Генэральнаму Пракурору СССР у “Масква, Крэмль. СССР”, дзе піша:

    “Прашу Вашага ўказаньня перагледзець маю справу, якая мне была заведзеная ў 1944 годзе 12 верасьня. Судзілі мяне ў 1944 г. па арт. 63-1б тэрмінам на 10 гадоў і 5 гадоў паражэньня ў правах, Папраўча Працоўных Лагераў за ўдзел у АК. Тэрмін пакараньня я адбыў свой на Калыме за 9 гадоў ды вызваліўся ў 1953 годзе 10 сьнежня і зараз знаходжуся ў Якуцкай АССР Аймяконскім раёне пасёлку Нэра пад наглядам РАМ МУС у ссылцы, якую мне далі па адбыцьці маім тэрміну пакараньня. Судзіў мяне Ваенны трыбунал і ў прыгаворы ссылкі ў мяне не было.

    Прашу Вашага ўказаньня зьняць з мяне ссылку і адправіць мяне на маю радзіму ў Польшчу, дзе жывуць мае браты. Па указаньню Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету РСФСР вырашана адправіць усіх былых ізаляваных палякаў, польскіх паддадзеных, на радзіму ў Польшчу, то мяне, як польскага паддадзенага не уключылі ў сьпіс рэпатрыянтаў мясцовая ўлада РАМ МУС, і мяне не адправілі ў Польшчу. Нарадзіўся я ў 1904 г. 24 верасьня (23 жніўня 1904 г. ?), у Гродзенскай вобласьці Воранаўскага раёну ў вёсцы Гальманцішкі, у сям’і сялян-сераднякоў. Прашу Вашага ўказаньня адправіць мяне на маю радзіму ў Польшчу. Прашу маю просьбу задаволіць…”.

    2 студня 1956 году ў адчаі Л. Шчыгла з Вусьць-Нэры адпраўляе ў Маскву “Тэрміновую тэлеграму” Міністру МУС, з апавяшчэньнем і аплачаным зваротным адказам на “адну тысячу рублёў” у якой паведамляе, што: “… заявы пры пераўліку польскіх паддадзеных былых ізаляваных на выезд у Польшчу 28 7 55 г я знаходзіўся ў сьпісе калі прыйшоў час адпраўляць у Польшчу то мяне не было ў сьпісах прычына мне невядомая прашу вашага тлумачэньня майго не ўключэньня”.

    1 лютага 1956 года Людвік Шчыгла напісаў “Даведку”, што яна “Дадзеная ў тым, што мне Шчыглу гэтага чысла абвясьцілі, што мая заява разгледжаная і просьба пакінутая без задавальненьня. Прапаноўваем матэрыялы аформіць праз орган міліцыі АВІР на выезд у Польшчу”.

    Даведка аб вызваленьні ад ссылкі на паселішчы была атрыманая Л. Шчыглам 28 красавіка (траўня ?) 1956 года і мабыць тады ён выехаў на Радзіму або, хутчэй усяго, у Польшчу.

    /Па матэрыялах асабістай справы Шчыглы Л. У. № 12200, які захоўвалася ў Архіве МУС РС(Я), арх. № 1-17000./

    Літаратура:

*    Barkouski A.  Z Jakuckich Archiwów. // Zesłaniec. Nr. 19. Wrocław. 2004. 2005. S. 89-91.

    Верка Камлюк,
    Койданава
 
 



 



 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz