środa, 12 listopada 2014

ЎЎЎ Югася Кальвіна. Польскі віж з Папкоў Іван Біруля ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    9 сьнежня 1938 г. асобай Тройкай НКУС БССР па артыкуле 58-6 быў засуджаны непісьменны і нежанаты шараговы калгасьнік з вёскі Папкі Дзяржынскага раёну Іван Францавіч Біруля на 10 гадоў Папраўча-Працоўных лягераў без права перапіскі, бо органамі НКУС было выяўлена, што ён быў завэрбаваны Польшчай яшчэ ў 1924 г. і перадаваў “панам” сакрэтныя зьвесткі пра Койданаўскі памежны атрад ды вайсковыя часткі “былога Койданаўскага гарнізону”.
    8 красавіка 1946 г. ён з Чайурлягу прыбыў у Індляг сістэмы Дальбуду. 26 сьнежня 1948 г. Іван Біруля быў вызвалены ад ППЛ і 14 студзеня 1949 г. накіраваны ў бестэрміновую ссылку ў раёны Калымы. Ягоным месцам выгнання быў вызначаны пасёлак Усьць-Нэра, што на рацэ Індзігірка, дзе спачатку ён працаваў цесьляром, а потым пекарам.
    Ужо з Усьць-Нэры Іван змог даслаць зьвесткі аб сваім знаходжаньні сваёй маці Паўліне Мікалаеўне Біруля, якая адразу ж пачала прымаць захады дзеля ўратаваньня сына. 3 сакавіка 1952 г. яна даслала ліст:
    “Старшыні Вярхоўнага Савету СССР тав. Швэрніку.
    Ад гр-кі вёскі Папкі Паланевіцкага с/с Дзяржынскага раёну Мінскай вобласьці Бірулі Паўліны Мікалаеўны.
    Прашу разгледзець маю заяву і зрабіць мне паслугу ў адносінах да майго сына.
    Мой сын, Біруля Іван Францавіч з 1905 года нараджэньня, ў 1932 годзе 14 чэрвеня быў забраны органамі МУС і асуджаны на 10 гадоў. В 1948 годзе 14 чэрвеня ён скончыў свой тэрмін прысуду. Але не ведаю, па якойсьці прычыне, да гэтага часу яго дахаты не пушчаюць. Я маці Біруля Івана Францавіча Біруля Паўліна Мікалаеўна з 1882 году нараджэньня, гэта значыць маю 70 год і з сям’і больш нікога не маю, а таму я прашу Старшыню Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР разабраць маю заяву і адпусьціць майго сына дахаты, каб я мела магчымасьць жыць на ўтрыманьні майго сына.
    Мой сын, у цяперашні час не асуджаны і знаходзіцца па адрасу Нэра Дальбуд Камчатзаб.
    Прашу разгледзець маю заяву і не адмовіць маёй просьбе.
    Прасіцелька Біруля.” /подпіс./
    Неўзабаве адпаведныя органы паведамілі ёй адказ на яе просьбу.
    “Падпіска.
    1952 года ліпеня месяца 2 дня в. Папкі.
    Мне, Біруле Паўліне Мікалаеўне, паведамлена пра месца знаходжаньня майго сына Бірулі Івана Францавіча і пра тое, што ён не можа вярнуцца на месца нараджэньня.
    У чым і расьпісваюся. /подпіс./
    Расьпіску адабраў о/уп. Дзяржынскага РА МУС мал. л-т Падзілеціч” /подпіс./
    Але потым надышоў больш спрыяльны час для выгнанцаў і Іван Біруля згодна “Загаду Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР [для ссыльна-пасяленцаў] ад 10 сакавіка 1956 г., Загаду Генэральнага Пракурора МУС СССР і КДБ пры СМ СССР за № 35 ас/0066/00124 ад 19 сакавіка 1956 г.” быў вызвалены ад выгнаньня і 27 красавіка 1956 г. атрымаў даведку аб вызваленьні.
    /Паводле асабістай справы Біруля І. Ф. № 1-15407, якая захоўвалася ў архіве МУС РС(Я)./
    Югася Кальвіна,
    Койданава
 
 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz