sobota, 29 listopada 2014

ЎЎЎ Ева Атляс-Мапа-Плян. Койданаўскі Адам Глёбус ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Уладзімер Вячаслававіч Адамчык (Адам Глёбус) – нар. 29 верасьня 1958 г. у раённым месьце Дзяржынск Мінскай вобласьці БССР (СССР), у сям’і пісьменьніка Вячаслава Адамчыка.

    У 1959 г. Уладзімер, разам з бацькамі, пераехаў ў Мінск. Пасьля заканчэньня васьмі клясаў вучыўся на Пэдагагічным аддзяленьні Мінскага мастацкага вучылішча. Атрымаўшы дыплём настаўніка маляваньня і крэсьленьня, працягнуў вучобу на Мастацкім факультэце ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Працаваў у Спэцыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрнях рысавальнікам, мастаком-рэстаўратарам ды мастаком-афарміцелем. Ад 1987 г. Уладзімер рэдактар аддзелу сацыяльных праблемаў часопісу “Крыніца”.

 

 

    Паэтычны дэбют Адама Глобуса (псэўданім ўтвораны з часткі бацькавага прозьвішча і прозьвішча маці) адбыўся ў газэце “Літаратура і мастацтва” ў 1978 годзе.

    Тата вельмі любіў і ганарыўся сваім прозьвішчам Адамчык. У гутарках пра нашае прозьвішча ён заўжды падкрэсьліваў ягоную чалавечнасьць. Не стану казаць, што я не люблю сваё пашпартнае прозьвішча, і люблю, і ганаруся ім, але падпісваю свае літаратурныя і мастацкія творы псэўданімам, бо не люблю блытаніны. Тата – Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык, я – Уладзімір Вячаслававіч Адамчык, падабенства настолькі вялікае, што кожная другая бугальтарка блыталася, выпісваючы ганарары, таму я вырашыў падпісвацца прозьвішчам маці – Глёбус. А каб не крыўдзіць тату, дадаў да Глёбуса імя Адам. Так з’явіўся мой псэўданім – Адам Глёбус. Большасьць маіх чытачоў лічаць псэўданім прыдуманым і штучным, але я да такога памылковага стаўленьня прызвычаіўся”.

    Ад 1988 г. Адам Глёбус сябра Саюза пісьменьнікаў Беларусі.

   Вершы і замалёўкі Адам Глёбуса перакладзеныя на розная мовы Сьвету. Друкаваліся ягоныя творы і ў газэце для дарослых “На кукан”, якая выдавалася ў Якуцку.

    Літаратура:

*    Тарасава Т. М.  Глобус Адам. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 224-225.

*    Махнач Т. М.  Глобус Адам. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 225.

*    Адам Глобус. [Пісьменнікі – землякі.] Рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс. Складальнік В. Жібурт. [Дзяржынская цэнтральная раённая бібліятэка.] Дзяржынск. 2003. 8 с.

    Ева Атляс-Мапа-Плян,

    Койданава

 




 



 

                                                                      ПАСЬЛЯСЛОЎЕ

    Самая вялікая каштоўнасьць, якая ёсьць у чалавеку, гэта тая жывёліна, што жыве ў ім... Прынамсі яшчэ жыве.

    Раней гэтая жывёліна мясьцілася наўсьцяж усяго чалавека, але тысячагодзьдзі цывілізацыі неўпрыкмет адсунулі яе ў самы ягоны под, загналі ў сутарэньні чэрава і скрайнюю плоць. Яшчэ трохі і ёй не застанецца месца й там, у рэзэрвацыі.

    Калісьці гэтай жывёліны ў чалавеку было шмат, а чалавека зусім мала. Маленькаму чалавеку было няўтульна ў вялікім целе жывёлы й яму тады вельмі хацелася чалавечага, як мага болей чалавечага...

    Спакваля чалавек атрымаў тое, чаго яму так моцна жадалася, але за жаданым не заўважыў, што разам з тым ён страціў. А страціў ён тую магутную жывёліну, якая несла яго скрозь тысячагодзьдзі небыцьця ва ўсё новае быцьцё.

    Хто панясе чалавека далей ужо скрозь іншыя тысячагодзьдзі? Тое расьпешчанае выгодамі цывілізацыі зьверанятка, што яшчэ неяк знаходзіць сабе месца ў чалавеку? Але калі не яно, то й нішто іншае. Вось чаму нават гэтае анэмічнае зьвераня цяпер пачынае выяўляцца для чалавека большай каштоўнасьцю, чым усё ўласна чалавечае, усё створанае гэтымі гамэрамі, рэмбрантамі, бэтховэнамі, эдысонамі, эйнштэйнамі...

                                                                            * * *

    Я ня ведаю, чаму ні пра што яшчэ, а менавіта пра жывёльнасьць чалавека, як пра абсалютную для яго каштоўнасьць падумалася мне, калі я перагарнуў апошнюю старонку “Дамавікамэрону” й выйшаў на гаўбец, каб пацешыцца зь вялізнай калматай хмары, якую Пярун гнаў у бок майго жытла.

    Пэўна Адам Глёбус, складаючы свае брутальныя навэлкі, меў на мэце што заўгодна, толькі не алалягетыку “скаціны” і тым ня менш я, трохі адхісніўшыся ад тэкстаў, думаў не пра тое “нізкае”, што татальна апанавала прастору двух “Дамавікамэронаў”, а, наадварот, пра нешта “высокае”, пра нешта значна вышэйшае і за Плятонавы верхніы эйдас эйдасаў — Дабро, і за Плоцінава ўсюдыіснае адзінае, і за Хрыстовую неабсяжную Любоў, — і гэтае нешта больш высокае за ўсё вышыннае месьцілася ня дзесьці наверсе ўсяго існага, ня ў нейкай абсалютнай чысьціні і цноце ідэальнага, а ў самым нізе, хавалася за брудам, гноем, смуродам, як бы а рrіоrі правакуючы для сябе сытуацыю табу, як самую надзейную хованку для таго, што змушана заўсёды быць навідавоку...

    Гэтае “нешта больш высокае за ўсё вышыннае” розныя людзі называлі па рознаму: Шапэнгаўэр — воляй да жыцьця, Ніцшэ — воляй да панаваньня, Фройд — лібіда, Гайдэгер — воляй да волі, Дэлёз і Гватары — машынай жаданьняў... Але як бы хто ні называў тое, што ляжыць у аснове жывога жыцьця і ўвесь час рухае яго адбывацца ў безьлічы праяваў, найлепей выяўляе сутнасьць гэтага руху мужчына, які гвалціць жанчыну. Менавіта гвалціць — ня просіць, ня ўлашчвае, а бярэ сам; бярэ жорстка, бязьлітасна і магчыма нават без асаблівай асалоды, а толькі таму, што так трэба.

    Вось пра гэтае так трэба я і думаў, углядаючыся ў расьцярэбленую сечкамі бліскавіцаў хмару й разважаючы, што хаця кожная са ста дваццаці двух навэлаў падвоенага “Дамавікамэрону” мае свайго “пэрсанальнага” героя, але па сутнасьці герой тут адзін і гэта выпэцканая ў пэрме і экскрымэнтах магутная жывёліна зь цягліцаў ды хэнці, якая бязьлітасна, жорстка і, калі заўгодна, абыякава сто дваццаць два разы гвалціць адну і тую самую жанчыну (нават калі паводле сюжэту й ня гвалціць і не жанчыну...) толькі таму, что так трэба, што гэтата пэрманэнтнага гвалту патрабуе нешта больш значнае й магутнае і за Дабро Плятона, і за Любоў Хрыста...

    Чалавек — гэта толькі дадатак да свайго чэлеса. Чэлес (у стане эрэкцыі) — тая дамінанта, якая вызначае каардынаты ўласна чалавека й арганізуе яго ў пэўную сытуацыю, у пэўную падзею быцьця.

    Пра сваю ролю, як дадатка да чэлеса, чалавек даведаўся даўно, аднак гэтае веданьне яму настолькі было недаспадобы, што ён яго ня толькі затабуяваў, але на гэтае табу яшчэ панаскідаў безьліч адмысловых мітаў і самых розных прыгожых словаў (кшталту “эрас”, “любоў”, “каханьне” і да т. п.) ды іншых вытанчаных прыдумак, каб толькі ніхто й ніколі не даведаўся праўды. А калі ў гэтым цьвілым рызьзі й спарахнелым ламаччы нехта наважваўся поркацца, каб пацікавіцца, што там спадысподу, то адразу ўсчыняўся несусьветны гвалт: ня руш сьвятыні. І так было да таго часу, пакуль не знайшоўся чалавек, абыякавы да ляманту. Звалі таго чалавека Зыгмунд Фройд. “Гэтыя любоўныя інстынкты называюцца ў псыхааналізе а роtіоrі й па сутнасьці зьяўляюцца сэксуальнымі памкненьнямі. Большая частка інтэлігенцыі ўспрыняла гэтае найменьне як абразу й адплаціла за гэта тым, што папракнула псыхааналіз у пансэксуалізьме. Хто лічыць што сэксуальнасьць утрымлівае ў сабе нешта абразьлівае і прыніжальнае для чалавечай прыроды, хай ужывае больш шляхетныя назовы: эрас і эротыка. Я мог бы сам гэта зрабіць ад самага пачатку й тады пазьбег бы шматлікіх абвінавачваньняў. Аднак я не хацеў гэтага, бо па магчымасьці ўнікаў патураньня ўласнай слабасьці. Нельга наперад ведаць, куды завядзе гэты шлях: сьпярша саступаюць у дачыненьні да словаў, а затым паступова і ў дачыненьні да сутнасьці. Я ня бачу якой-небудзь заслугі ў тым каб саромецца сэксуальнасьці: грэцкае слова “эрас”, якое павінна зьмякчаць сорам, у рэшце рэшт нішто іншае, як пераклад слова “каханьне”; і напрыканцы, “хто мае цярпеньне чакаць, таму няма патрэбы ўлагоджваць”.

    Магчыма, некаму падасца, што гэтая вялікая цытата тут не зусім да месца, але мне яна вельмі патрэбная й пэўна я нават ня здолею скарыстацца ўсім яе патэнцыялам, каб больш выразна выказаць нешта для мяне істотнае ў гаворцы з нагоды “Дамавікамэронаў” Адама Глёбуса.

    Каб напісаць “Дамавікамэрон”, трэба не саромецца ляманту й быць абыякавым да гвалту абражаных. Гэта па-першае. Па-другое: у абсалютнай большасьці навэлаў Глёбус, гэтак сама як і Фройд, мог бы “зьмякчыць” нейкія словы, іншыя памяняць на больш “прыгожыя” ці абысьціся эўфэмізмамі, а лішнюю брутальнасьць сытуацыяў загнаць у падтэкст, у сугестыю, укласьці ў шматзначныя паўзы, урэшце абмінуць, як абмінае “гэта” ўся беларуская літаратура спакон веку, і тады мы мелі б два зборніка “звычайных” навэлаў. Але Адам Глёбус не пайшоў гэтым шляхам, хаця пэўна ж зусім не таму, што ён, як і Фройд, прагнуў нічым не прыхарошанай ісьціны (якая там “ісьціна” ў літаратуры). Інтэнцыі да гранічнай сэксуалізацыі “звычайных” навэлаў трэба шукаць у нечым іншым. У чым? Сам аўтар кажа, што яму хацелася, каб у беларускай літаратуры была хоць адна кніга, якую трэба хаваць ад дзяцей. (Дарэчы, амаль усё, што піша Адам Глёбус, яму ад некага даводзіцца хаваць: ад мамы — “Толькі не гавары маёй маме”, ад суседзяў і сваякоў — “Койданава”, ад дзяцей — “Дамавікамэрон”; гэты пералік я мог бы значна пашырыць, але тады ён вымагаў бы больш разгорнутых тлумачэньняў.)

    Тое, што хаваюць — даўжэй захоўваецца. Толькі трэба мець цярпеньне чакаць (яшчэ раз нагадаем Фройда: “...хто мае цярпеньне чакаць, таму няма патрэбы ўлагоджваць”. Дзеці вырастуць у дарослых і ім абавязкова закарціць паглядзець, што ад іх хавалі бацькі. Паглядзяць і схаваюць ад сваіх дзяцей, каб тыя ў сваю чаргу некалі зрабілі тое самае... І так бясконца... Вось ён, літаратурны “пэрпеэтум мобіле”.

    Магчыма эфэкт кнігі на ўсе часы — гэта пабочны эфэкт, які ад пачатку не прадугледжваўся аўтарам, прынамсі — сьвядома. Але атрымалася, што атрымалася. Цяпер нават каб Адам Глёбус сам захацеў схаваць “Дамавікамэроны” назаўсёды й ад усіх, гэта ўжо будзе немагчыма. Меэханізм “вечнага” рухавіка пачаў дзейнічаць...

                                                                            * * *

    А яшчэ Адам Глёбус сьцьвярджае, што “Дамавікамэроны” — нішто іншае, як анталёгія сучаснага гарадзкога фальклёру, дзе аўтар выступае адно ў ролі зьбіральніка.

    Адам Глёбус фальклярыст — гэта выглядае спаважна й шляхетна. Толькі я ніколі не даваў веры дэклярацыям літаратараў. Падобна, што і ў нашым выпадку Адам Глёбус альбо містыфікуе нас, альбо проста падманвае, — магчыма разам з намі й самога сябе. Я ўжо не кажу пра тое, што ладная частка тэкстаў — гэта “звычайныя” навэлы, якія маглі быць уключаныя ў любы іншы зборнік (і можа найменш прыдатнае ім месца ў “Дамавікамэронах”). Але й фармальна як бы фальклёрныя паданьні ў пераважнай сваёй большасьці выдуманыя аўтарам. Адам Глёбус сам і праектнае бюро, і канвэер па вытворчасьці брутальнага гарадзкога фальклёру. Некалькі лякальных сюжэтаў і герояў вуснапаэтычнай творчасьці, якія беларуская вёска прыхапіла з сабой, калі пераехала ў горад, Адам Глёбус разгарнуў у шырокую квазіфальклёрную панараму, дзе месьціцца мноства герояў, кожны з якіх ёсьць альбо чарговы аўтарскі варыянт традыцыйнага вобразу, альбо ўвогуле “новатворам”. Хаця зусім верагодна, што некаторыя зь ягоных герояў спакваля пераселяцца са старонак “Дамавікамэрону” ў гарадзкія сутарэньні й зажывуць там самастойным жыцьцём.

    Але не адно мадэрнізацыяй пачварнага сьвету адметны праект Адама Глёбуса. Ад традыцыйных легендаў і паданьняў (між іншым у аўтэнтыцы часам таксама дастаткова брутальных) і іх літаратурных вэрсіфікацыяў (кшталту “Шляхціца Завальні”) квазіфальклярыстыку Адама Глёбуса гранічна адцяняе яе цялеснасьць. Традыцыйныя здані й прывіды былі істотамі пераважна бясплоцевымі й таму ў большай меры тоесьніліся з імпатэнтна-інфэрнальным, а не з сэксуальна-жыцьцядайным сьветам. Ня так у Адама Глёбуса, яго здані й прывіды — гэта кавалкі магутнай плоці сэксуальнай машыны, якая зьдзяйсьняе сэксуальную волю быцьця зь нейкай нават гіпэртрафаванай прагай, як быццам яны, героі іррэальнасьці, спрабуюць кампэнсаваць тое, што татальна страчвае герой сучаснай рэальнасьці — жывёльную прагу волі да панаваньня над жыцьцём.

                                                                           * * *

    Адам Глёбус увогуле па прыродзе свайго пісьма не эратычны (жаночы, сьціплы, акварэльны, дыялягічны, пасіўны...), а сэксуальны (мужчынскі, халодны, графічны, маналягічны, агрэсіўны...) пісьменьнік. У “Дамавікамэронах” гэта бачна найбольш выразна.

    Мужчына эратычны настолькі, наколькі эротыка дапамагае яму зьдзейсьніцца сэксуальна. Толькі герой Адама Глёбуса амаль ня мае патрэбы ў эратычным, паколькі ён мужчына ў абсалютным значэньні (нават калі яго герой і не мужчына й сэксуальна не заангажаваны...). Эратычныя гульні ён пакідае сэксуальным недамеркам, а сам зьдзяйсьняе сваю хэнць адкрыта, адразу й напоўніцу, бо воля да жыцьця й панаваньня ня мае патрэбы хавацца й ня можа чакаць. Як сьведчаньне гэтаму варта прывесьці той факт, што пераважная большасьць навэлаў “Дамавікамэронаў” арганізуецца голым сэксуальным актам, нахабна вызваленым з-пад эратычнага покрыва таямнічасьці (так вызваляецца з-пад кажуха рухавік на дэманстратыўным стэндзе).

    Вызначыўшы ў героі за сутнасьць яго агрэсіўную сэксуальнасьць, Адам Глёбус вярнуў у кантэкст беларускай літаратуры мужчыну (а можа дакладней было б сказаць, што ён стварыў прэцэдэнт мужчыны ў беларускай літаратуры, бо ці быў увогуле ў нашай вечна румзаючай паэзіі й прозе мужчына?). І гэта не істотна, у чым (кім) ён пэрсаналізуецца: у зданях, пачварах ці досыць прыстойных эстэтах ды інтэлектуалах (між іншым, у Адама Глёбуса нават “сьмерць — мужчына”).

    Падобна, што гэтая падзея нас ня надта ўсьцешыла. За апошнія стагодзьдзі мы настолькі прызвычаіліся абыходзіцца без мужчыны, так налаўчыліся замяняць ягоную адсутнасьць нейкім рамантычным сымулякрам, што гэты эгаістычна-жорсткі, прагматычна-бязьлітасны, сэксуальна-нахабны тып нас добра такі напалохаў, бо мы калі й чакалі прышэсьця на Беларусь Мужчыны, то пэўна ж ён мроіўся нам зусім іншым.

    Беларускі Мужчына мусіў быць большым прывідам за сам прывід, нечым накшталт ружовай аблачыны ў нагавіцах ад францускага куцюр’е, але зь беларускім лэйблам на худым азадку...

                                                                            * * *

    А можа мы “Дамавікамэроны” не ад дзяцей хаваем, а ад саміх сябе, бо баімся даведацца, што ня толькі сьмерць, а і жыцьцё — мужчына. І гэты мужчына-жыцьцё зусім не падобны на тыя здані й прывіды, сярод якіх нам так утульна было нэньдзіцца жыцьцём і да якіх так соладка цяпер сыходзіць у невараць. Сыходзіць усім разам, усёй Беларусьсю...

    Пярун нарэшце прыгнаў хмару да майго гаўбца, але й тут, ужо ля самай зямлі, ён не стамляючыся раз-пораз успорваў яе цела бліскавіцамі маланак... Пачынаўся дождж. Я зачыніў дзьверы на гаўбец і пайшоў пісаць пасьляслоўе да “Дамавікамэронаў”.

    Валянцін Акудовіч

    [С. 230-138.]

 


 













Brak komentarzy:

Prześlij komentarz