ВІДАЎСКІЯ КАР’ЕРЫ
Мяшчанская вёска Відава на
працягу шматвяковай гісторыі выдала на свет шмат выдатных сыноў, якія
адзначыліся сваёй добрай працай для грамадства. Відаўцы заўсёды былі першымі
вучнямі ў бельскіх школах, спачатку царкоўных, а пасля агульных. Шмат з іх з
паловы XIX ст. па 1915 г. вучылася ў Гарадскім Вучылішчы, пасля гімназіі.
Некаторыя пасля заканчэння школаў станавіліся настаўнікамі, іншыя ішлі ў
чыноўнікі, былі і такія, што адукаваліся далей у прафесіянальных ды вышэйшых
установах.
На відаўскіх могілках можам
знайсці дарагія намагільныя помнікі з пачатку XX ст. Іх форма і змест надпісаў
даюць нам шмат ведаў аб лёсах асоб тут пахаваных. Непадалёк ад уваходу на
могілкі, па левым баку стаіць стройны, каменны помнік, абгароджаны металічным
плоцікам. Тут пахаваны Ануфрый Грыгорыевіч Фірсовіч (1876- 1907), які працаваў
чыноўнікам бельскай пачтова-тэлэграфнай канторы. Не ведаем прычыны, па якой
памёр ён вельмі молада. Мабыць з-за перажывання пасля смерці сына, у гэтым
самым 1907 годзе памерла і маці Ануфрыя - Анісія. Пры сыне і яе пахавалі.
Наступны каменны помнік з
пачатку XX ст., які звяртае ўвагу майстэрствам свайго выканання, належыць роду
Белаказовічаў. Знаходзіцца ён непадалёк будынку царквы. Пахаваны тут Цімафей
Паўлавіч (1838-1910) ды жана яго Еўдакія Белаказовічы (1840-1910). З надпісу на
пярэднім баку даведваемся, што ў сужонстве пражылі яны 51 гадоў, а душы свае
аддалі Богу амаль у адзін час. Муж памёр першага, а жонка сёмага сакавіка. На
заднім баку помніка прыгожым царкоўнаславянскім шрыфтам напісана: Незабвенным
папе и маме от нежно любящих детей. Господи пріими их дух с миром. Калі ўважна прыглянемся, знойдзем на помніку і аўтарскі знак: Е. С. Петрова. Москва Мясниц. Кім жа тады былі дзеці Белаказовічаў і чаму
намагілле бацькам заказалі ажно ў Маскве?
З Исповедных ведомостей Троіцкага сабору ў Бельску даведваемся, што Тімофей і Еўдакія мелі
семера дзяцей - трох сыноў: Мікалая, Фёдара і Нікіфара ды чатыры дачкі:
Юліянію, Акіліну, Анну і Агафію. У 1902 г. пры бацьках пражываў яшчэ жанаты з
Дарыяй Мікалай ды панна Агафія і кавалер Нікіфар. Гэты апошні перад 1907 годам
паступіў у манастыр, ідучы ў сляды старэйшага на пяць гадоў брата Фёдара. У
1910 г., калі памерлі іх бацькі, відавочна вялі манашаскі подзвіг у Маскве або
наваколлі. Адгэтуль на відаўскіх могілках з’явіўся дарагі помнік з
прадпрыемства Пятрова.
Нашых чытачоў варта яшчэ
пазнаёміць з лёсамі аднаго з відаўлян, які на пераломе XIX і XX ст. рабіў
паліцэйскую кар’еру. Быў ім Дэм’ян Белаказовіч. Сын Сямёна Іванавіча і Марыі
Міронаўны Белаказовіч, нарадзіўся ў 1865 г. Старэйшым на два гады за яго быў
брат Дарафей. Пасля Дэм’яна ў дружалюбнай сям’і Белаказовічаў нарадзілася яшчэ
пяцёра сыноў: Сяргей (1869), Гаўрыіл (1874), Леонцій (1876), Міхал (1882) і
Стэфан (1893). Апошні з сыноў нарадзіўся, калі маці мела ўжо 49, а бацька ажно
64 гады. Абое дажылі да глыбокай старасці.
Найболынай іхняй пацехай
аказаўся сын Дэм’ян. Як пільны вучань, закончыў Бельскае павятовае вучылішча ды
ў 1891 г. паступіў на працу рэгістратарам Бельскай паліцэйскай управы. Ўжо тады
быў жанаты і меў гадовую дачушку Марыю. Ягоная жонка Акіліна (нар. у 1867 г.)
паходзіла з добрага відаўскога роду Філіпа і Феклы Шчуроўскіх. Першы год працы
Дэм’яна аказаўся шчаслівым з-за нараджэння другой дачкі Надзеі, праз два гады
прыйшоў на свет сын Сяргей, маладое чыноўніцка-сялянскае сужонства жыло ў
Відаве.
Прыйшоў 1898 г., а разам з ім
змены ў іх жыцці. Канцэлярыст Дэм’ян, за чэсную службу атрымаў медаль ў гонар
цара Аляксандра III. Аднак у гэтым жа годзе, не ведаем з-за якіх прычынаў,
папрасіў начальства аб звальненні з працы. Мінула шэсць гадоў і наш Дэм’ян
знайшоўся на паліцэйскай пасадзе ў горадзе Брэсце. Праз два гады быў
пераведзены ў Беласток, дзе надалей служыў акалотачным надзирателем. За сваю працу атрымліваў немалую суму 410 рублёў ў год.
Відаўскія бацькі ягоныя яшчэ тады жылі. Пры іх пражываў стары кавалер
Леонцій, маладзейшы Міхал ды наймалодшы Стэфан. Жанаты быў Дарафей (жонка Пелагія,
дзеці Іван, Арцём, Лукія, Якуб) ды Гаўрыіл (жонка Агата і дачка Стэфаніда).
Дэм’ян жа, відаць да першай вайны, прабыў на пасадзе ў Брэсце. Сёння відаўляне
не памятаюць пра свайго знатнага земляка з-перад стагоддзя. Можа нашыя далейшыя
пошукі давядуць на след яго паслябежанскай біяграфіі?
Варта
яшчэ прыглядзецца лёсу відаўскога роду Божкаў, прадстаўнікі якога сталі
ўладальнікамі аднае з найбольшых бельскіх маёмасцяў. А ўсё дзякуючы бліскучай
кар’еры землямера Якуба Божко, сына Дзмітра і Кацярыны, народжанага ў 1857 г.
Не ведаем, дзе ён пасля заканчэння Гарадскога Вучылішча здабываў патрэбныя
сваёй прафесыі веды. Адно вядома, што апынуўся ажно ў глыбокай Сібіры, у Якуцку. Разам з ім
паехаў і маладзейшы на шэсць гадоў брат Філіп, які сярод якутаў
стаў працаваць настаўнікам.
Мінула
некалькі добрых гадоў і Якуб Божка, салідна папрацаваўшы ды добра падзарабіўшы,
рашыў вярнуцца на Падляшша; Філіп застаўся ў Сібіры. За заробленыя грошы Якуб
адразу купіў частку даўняга маёнтку Клементынова, што па дарозе з Бельска ў
Відава. Аднак месца было не занадта даспадобы і ён пачаў шукаць іншай
нерухомасці. Неўзабаве аказалася, што на Галавеску прадаецца маёнтак судздзі
Белецкага, які апынуўся ў вельмі сур’ёзных фінансавых праблемах. Ягоная
маёмасць займала амаль увесь заходні бок цяперашняй вуліцы Траўгутта. Тут
знаходзіўся будынак суда, архіў, аграмадны дом - двор ды шмат іншых
збудаванняў, якія памяталі яшчэ мабыць часы старасты бельскага гетмана
Браніцкага. Божку вельмі спадабалася гэтае месца, распаложанае на правым,
высокім і прыгожым баку даліны ракі Белай і ён вырашыў яго купіць. У такі
спосаб відаўскі род Божкаў стаў уласнікам вялікай часткі даўняй вуліцы
Брэсцкай. Стары, аграмадны дом даўняга суддзі стаіць тут да сёння, а побач
разлажыліся дамы Якубавых нашчадкаў. У адным з іх пражывае ягоны праўнук
Аляксандр Божка, беларускі дзеяч і шматгадовы старшыня Бацькоўскага камітэту
бельскай “тройкі”.
Прадставілі мы толькі
некалькі лёсаў відаўлян, якія выйшлі з роднага сяла і сваёю вучобаю і працаю
дабіліся духоўных і свецкіх чыноў, прызнання людзей ды матэрыяльнага дабрабыту.
Такіх ў гэтым мяшчанскім сяле было больш, але каб прадставіць постаці усіх,
спатрэбіцца яшчэ шмат-шмат доследаў.
Дарафей
Фіёнік
Выказваем словы падзякі Пану Прафесару Васілю
Белаказовічу за дасланыя архіўныя звесткі пра Дэм’яна Белаказовіча, якія сталі
інспірацыяй да напісання вышэышага матэрыялу.
/Бельскі
Гостінэць. Краязнаўча-Культурны Часопіс. № 1 (21). Bielsk Podlaski. 2003. С. 24-26./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz