РАДНЕЙШАГА БАЦЬКІ НЕ БЫВАЕ
Гэту сям’ю ведаюць далёка за межамі
Салігорска. А знакаміта сям’я тым, што адзін мужчына вырасьціў чатырох сыноў,
сам не быўшы жанатым.
Быў час, калі па вялікія грошы ехалі людзі
ў Якуцію здабываць золата. Паехаў туды, на бераг
Ледавітага акіяна, у пасёлак Энтузіястаў, і
Аляксандр Артамонаў, малады бадзёры баяніст. Ён не разьбіраўся ў тэхніцы, якая
працавала ў вечнай мерзлаце, але добра разьбіраўся ў музыцы, у арганізацыі
культурна-масавага адпачынку. Таму сярод золатаздабыдчыкаў адчуваў сябе вольна,
меў павагу.
Але аднойчы ў рукі трапіла нейкім
прывезеная газэта “Савецкая Беларусь”. У адным артыкуле расказвалася, што ў
Віцебскі дом нехта падкінуў маленькага хлопчыка. З таго часу Аляксандр
Віктаравіч згубіў спакой. Ён абураўся на тых, хто адрокся ад дзіцяці. Ноччу
прачынаўся ў мокрым поце, адчуваў сябе хворым: не давала жыцьця хваляваньне за
хлопчыка. З пасёлкам золатаздабыдчыкаў прыйшлося разьвітацца.
Нялёгка і зусім не проста было забраць
дзіця з прытулку. Куды лягчэй і прасьцей было яго туды сьпіхнуць. Многа сіл і
выдумкі страціў у барацьбе з бюракратамі Аляксандр Артамонаў. Усе зьдзіўляліся,
як гэта нежанаты мужчына возьме гадаваць чужое дзіцятка, якую карысьць з гэтага
хоча мець. Усё ж перамог. Другога жніўня 1990 года хлопчыка забраў і даў яму
імя Герман Аляксандравіч Артамонаў.
Скора з таго ж дзіцячага дома прыйшлося
ўзяць яшчэ аднаго хлопчыка, каб Герману было весялей. Пазьней Аляксандр
Віктаравіч з Салігорскага дзіцячага дома ўзяў да сябе яшчэ дваіх хлапчукоў.
Герман скончыў пэдагагічны унівэрсытэт імя
Максыма Танка, працаваў трохі ў роднай Салігорскай школе, цяпер ён асьпірант гэтага
унівэрсытэта, працуе над дысэртацыяй.
- У нас вельмі добрыя адносіны ў сям’і,
моцная мужчынская дружба, - расказвае Герман.
- Мы вельмі любім і шануем свайго бацьку.
Ён для нас бацька, маці і бабуля, раднейшага бацькі не бывае.
Уладзімір Амяльчэня
Сын Герман (злева): “Мы вельмі любім і
шануем свайго бацьку”
Фота У. Амяльчэня
/інфа Кур’ер. Штотыднёвая рэгіянальная газэта. Слуцк. № 49
(358). 6 снежня 2007. С. 21/
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz