czwartek, 21 listopada 2019

ЎЎЎ 1. Уладзімір Юдзін. З аленямі па калымскай тайзе. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2019.




    Уладзімір  Юдзін
                                              З АЛЕНЯМІ ПА КАЛЫМСКАЙ ТАЙЗЕ
    Поўнач мяне прываражыла яшчэ ў студэнцкія гады, калі з будаўнічым атрадам працаваў у час летніх канікулаў у Ніжнявартаўску, Нарыльску, Комі АССР, на Ямале. Новыя людзі, новыя мясціны западалі ў памяць, вабілі да сябе. Апроч таго, журналістыка сямідзесятых — з громам літаўраў у гонар усялякіх перамог і юбілеяў, са шматслоўным пустазвонствам — мяне асабліва не спакушала. Так нарадзілася жаданне паехаць на Калыму.
    Прабыў я там амаль чатыры гады — працаваў цесляром на будаўніцтве Калымскай ГЭС, памочнікам буравога майстра ў экспедыцыі, аленяводам. Прыгод набралася пад завязку: і ў рацэ ледзь не ўтапіўся, і замярзаў, і стралялі ў мяне... Напаўдзікую жывёлу пасвіць навучыўся, горнага барана прыручыў... I ўсюды сустракаў сваіх землякоў. Гэта былі найлепшыя гады ў маім жыцці...
    Усюдыход спрытна ўзляцеў на адзін з пагоркаў на правым беразе ракі, і перад вачыма вялікай дугой расхінуўся таежны ўзлесак. З левага боку, пры лясной ручаіне, прымасціўся часовы лагер брыгады аленяводаў: дзве палаткі ля самай вады, на беражку, трэцяя — крыху далей, а навокал — пустыя і чымсьці наладаваныя нарты, бязладна параскіданыя дровы, закураныя каструлі.
    Да нас з брэхам кінулася некалькі сабак, аднак галас яны ўзнялі хутчэй па абавязку, каб паведаміць гаспадарам пра гасцей. Неўзабаве сабакі суняліся і спакойна паразбрыдаліся ў розныя бакі. Больш нас ніхто не сустрэў. Лагер нібы вымер. Цішыня. Толькі вада ў ручаі плюскоча. Відаць, добра прытаміліся пастухі за дзень, калі нават усюдыхода не пачулі.
    Галоўны заатэхнік саўгаса Анатоль Нямытаў адхінуў край палаткі. З вадзіцелем усюдыхода Паўлам Рэдзькіным мы ўвайшлі следам за начальнікам. У прыцемку справа ад увахода ўбачылі драўляную скрыню з накрыўкай, злева на камянях стаяла металічная печачка з комінам, выведзеным вонкі праз дзірку ў палотнішчы. Палову памяшкання займала “спальня” — кінутыя на галлё лістоўніцы задубелыя аленевыя шкуры і ватныя коўдры. У кутку насупраць печкі ляжаў стосік кніг і часопісаў; бліснуў, адбіўшы праменьчык святла, транзістарны радыёпрыёмнік.
    Нямытаў трасянуў за плячо мужчыну ў спартыўным трыко, які ляжаў на пасцелі:
    — Прымай гасцей, гаспадар!
    Таёжнік варухнуўся, адплюшчыў вочы і, пазнаўшы галоўнага заатэхніка, вінавата ўсміхнуўся:
    — Сільна крэпка спаў. Увесь дзень за алешкамі бегаў, стаміўся многа, — і, лёгка ўскочыўшы на ногі, ветліва павітаўся з кожным.
    Невысокі, хударлявы чалавек гадоў над пяцьдзесят, з бронзавым тварам, вузкімі шчылінкамі вачэй і даўгаватым прыплюснутым носам, з ускалмачанымі сіняватымі валасамі — так выглядаў брыгадзір аленяводаў Міхаіл Аляксандраў, эвен па нацыянальнасці.
    — Добра ехалі?—запытаў гаспадар.
    — Нармальна, Міша, — кіўнуў Рэдзькін, сядаючы на пасцель.
    Мы прымасціліся побач.
    Брыгадзір прынёс бярэма дроў, распаліў печку, паставіў зверху каструлю і чайнік.
    — А Васільеўна з Таняй на дзяжурстве? — націкавіўся Нямытаў.
    — Так, пасвяць. Толік, чаму пастуха не прывёз?
    — Во, сядзіць. Знаёмся.
    Эвен недаверліва зірнуў на мяне:
    — Алешкаў пасвіў?
    — Не даводзілася.
    — Сабачка ёсць?
    — Не маю.
    Нават і жэстам брыгадзір не выдаў свайго расчаравання. Ён выняў са скрыні круглы бохан хлеба хатняй выпечкі, цукар, чай, падаставаў адтуль і жалезныя міскі з конаўкамі. Расставіў усё на накрыўцы, паклаў яе зноў на скрыню — атрымаўся стол.
    — Сядайце, есьці будзем.
    Рэдзькін і я селі на цурбакі. Нямытаў прынёс памідоры, гарэлку і ўладкаваўся на торбе з камбікормам.
    — Мне кропельку, — папрасіў Аляксандраў.
    — Што, Васільеўны баішся? — рагатнуў Нямытаў. — Хай сабе. Нам болей астанецца.
    Выпілі і наляглі на вараную аленіну.
    — Глядзі, як есці трэба, — з ветлівай усмешкай павярнуўся да мяне брыгадзір.
    Надкусіўшы кавалак, ён спрытна, ля самых губ, адхапіў мяса паляўнічым нажом. Я паспрабаваў паўтарыць працэдуру і ледзь не зачапіў ніжнюю губу. Гаспадар засмяяўся:
    — Спяшацца не трэба.
    Падсілкаваўшыся, ляглі адпачыць. Толькі брыгадзір астаўся сядзець:
    — Печку буду глядзець, каб цеплыня трымалася.
    Пабудзілі мяне дзіўныя гукі, нешта накшталт свінога рохкання, што хваляй накочваліся на стаянку. Загула зямля. Сабакі ўзнялі дружны брэх. Я глянуў на гадзіннік — дзесяць раніцы. Побач хроп Нямытаў. У печачцы патрэсквалі дровы. Я ўстаў і выйшаў з палаткі.
    З густога прырэчнага хмызняку лавінаю выходзіў табун, прастуючы да лежбішча непадалёк ад лагера. Алені былі разнамасныя, худыя, у некаторых ажно рэбры выпіралі. Толькі дзесяткі тры буйных быкоў са скуранымі ашыйнікамі вылучаліся ўкормленасцю: пэўна, то былі рабочыя алені. За статкам на шэра-бурых быках ехалі верхам Васільеўна, жонка брыгадзіра, і Таня, яе дачка, ветэрынарны фельчар брыгады. На жанчынах былі ватныя целагрэйкі і штаны, запраўленыя ў гумовыя боты. Заўважыўшы ўсюдыход, жанчыны палкамі падагналі аленяў, і тыя, шырока выкідваючы ногі, пабеглі да палаткі.
    Васільеўна паправіла хустку, і, памагаючы сабе палкай, асцярожна злезла з сядла. Таня ж птушкай зляцела на зямлю, схавала над жоўтую шапачку густа-чорныя валасы. Ад хуткага руху прыгожы твар метыскі паружавеў, чорныя вочы гарэлі цікаўнасцю.
    Жанчыны пазнімалі з аленяў сёдлы, паклалі на нарты. Таня вынесла з палаткі міску камбікорму, высыпала на зямлю — быкі ўвішна заварушылі тоўстымі губамі, надбіраючы ласунак. Да іх пачалі падбягаць бліжэйшыя алені, але ўжо было позна.
    Павыходзілі з палатак іншыя члены брыгады. Жанчына надабрала з зямлі абярэмак дроў і зноў вярнулася ў палатку. На беразе ручая абліваўся вадою да пояса мажны пастух. Я звярнуў увагу на яго спярэшчаную шрамамі спіну.
    — Хто гэта яго так? — спытаў я ў Нямытава, які таксама выйшаў на пляцоўку перад палаткамі.
    — А, гэта Коля Міснік. З мядзведзем дужаўся. Хадзем таксама апаласнемся.
    Ледзяная вада як рукой зняла рэшткі дарожнай стомленасці і нейкую скаванасць ад нязвыкла цвёрдай пасцелі.
    А каля палаткі нас ужо чакаў брыгадзір:
    — Толік, будзеш пыжык лічыць?
    — Гэта можна, — па-начальніцку паважна згадзіўся Нямыхаў.
    Аляксандраў адхінуў кавалак брызенту з нарты — пад ім пластом ляжалі прыгожыя, з залацістым адлівам шкуркі. Я міжволі залюбаваўся футрам, пра якое раней толькі чуць даводзілася.
    — Валодзька, хочаш сабе? — усміхнуўся эвен.
    — Дзіва што! — зразумеўшы яго словы як жарт, адказаў я.
    Аднак брыгадзір выбраў тры лепшыя шкуркі і працягнуў мне:
    — Бяры!
    На магаданскім рынку, чуў я, адна такая шкурка каштуе рублёў семдзесят, таму, сумеўшыся, пацікавіўся:
    — Колькі ў саўгасе бяруць за пыжык?
    — Каля трох рублёў, — адказаў Нямытаў.
    — Не, гэта мой падарунак Валодзьку, — рашуча запярэчыў брыгадзір. — Кідай у рукзак, потым Марыя вырабіць.
    — Марыя?..
    — Чумработніца наша.
    — Дзякуй за падарунак, Міхаіл!.. А што робіць у вас чумработніца?
    — Шые і рамантуе адзенне з футра, абутак. Хлеб пячэ...
    Тым часам ад палаткі, у якой мы адпачывалі, пачулася песня: герой угаворваў дзяўчыну пазнаёміцца з ім. Што ж, Таня, давай знаёміцца!
    Дзяўчына сядзела на нарце каля сваёй палаткі і перабірала пласцінкі ў прыгожа расшытай бісерам камусавай [* Камус — торба, пашытая са скуры ног аленя.] торбачцы. Побач стаяў прайгравальнік.
    — Можна зірнуць на дыскі?
    — Глядзі.
    У асноўным гэта былі шлягеры, якім наканавана памерці раней, чым аўтар атрымае за іх ганарар. Я паставіў на прайгравальнік «Адзінокую» ў выкананні Магамаева.
    Таня ганарыста ўскінула галаву:
    — Я не адзінокая!
    — А не сумна тут?
    — У тайзе заўсёды хораша: ціха, паветра чыстае, прыгажосць навокал... А ты аленяў пасвіць прыехаў? Спачатку цяжка будзе, але потым прывыкнеш. У нас Міснік і Эсцікаў таксама рускія.
     А ты?
    — Я заўсёды ў тайзе. Тэхнікум скончыла, аленяў лячу, як і бацька. Ён рускі быў, у рацэ ўтапіўся. Плынь моцная, вада халодная, пастухі нашы плаваць не ўмеюць... Ты дужы?
    — Не ведаю, Таня. Пажывём — пабачым.
    Нямытаў павёў мяне да рускіх пастухоў. Ля ўвахода ў палатку сустрэлі дзве лайкі: адна з чорнымі плямамі на баках, другая рудая. Сабакі абнюхалі нас і адвярнуліся. З палаткі цягнула прыгарэлаю рыбай.
    — Ёсць тут хто жывы? — расхінуў полаг Нямытаў.
    — Не зачыняй, Толік, хай праветрыцца, —дачуўся з палаткі чыйсьці басавіты голас.
    Пастухоўскае жытло мала чым рознілася ад брыгадзіравага, хіба што больш запушчанае было, як ва ўсіх халасцякоў. На печцы, загорнутыя ў паперу, пякліся некалькі рыбін — ад іх і цягнула задушлівым гарам.
    — Знаёмцеся, хлопцы. Гэта Валодзя, новы пастух. З Мінска прыехаў.
    — О, зямляк! — Мікалай Міснік моцна паціснуў руку, ляпнуў па плячы. — Я з Магілёва, дзетдомавец. Да арміі ў Мінску Чыжоўку будаваў. Як яна там?
    — Расце. Як на дражджах.
    — Дзесяць гадоў не быў у Беларусі. Нават... як гэта? — ён загаварыў па-беларуску. — Родную мову забыў.
    — Ты зусім нядрэнна размаўляеш.
    — Потым лепш пазнаёмімся. А цяпер, калі ласка, сядайце да стала.
    У Мікалая буйны адкрыты твар, кароткі нос з гарбінкаю, сінія вочы свецяцца ветлівасцю і дабрынёй — адразу відаць: шчыры і просты чалавек.
    Анатоль Эсцікаў — поўная процілегласць: нейкі нездаляшчы, ногі крывыя, птушыны твар з невыразнымі, бясколернымі вачыма.
    Не паспеў галоўны заатэхнік выцягнуць з кішэні гарэлку, як Анатоль увішна наставіў на стол вараную аленіну, запечаную рыбу, хлеб, конаўкі. Надрэзаўшы нажом спінку рыбіны, зняў з яе абгарэлую паперу разам са скурай, падсаліў ружаватае мяса і паслужліва падаў Нямытаву.
    З абыякавым выглядам праглынуўшы гарэлку і ўзяўшы па кавалачку хлеба, пастухі задымілі беламорынамі. Я ж, хоць і быў не галодны, з’еў ажно тры рыбіны — яны аказаліся вельмі смачныя.
    — Цудоўная рыба. Як называецца?
    — Мальма. Учора нацягаў у азярыне, — не без гонару адказаў Анатоль.
    Мікалай пачаў распытваць Нямытава пра саўгасныя навіны, пра знаёмых аленяводаў. Анатоль зрэдку ўстаўляў у размову з’едлівыя, але досыць дасціпныя рэплікі.
    — Ну, дык як вы тут? — Нямытаў адкінуўся назад, выпнуўшы грудзіну.
    — Асабліва хваліцца няма чым, сам бачыў: больш як палова статка — што гармонікі, пад ветрам хінуцца. Не, маглі перад ацёлам камбікорму падкінуць для важанак [* Важанка — аленіха (эвенск.).]? — з крыўдаю сказаў Мікалай.
    — Разумееш, адразу два ўсюдыходы паляцелі. Але ж Міша сказаў, што страт няма — толькі рысь шэсць штук задрала.
    — Затое інканы [* Інкан — цяля.] дохнуць, як мухі. Не паспяваем пыжык здымаць, — У голасе Мікалая адчуліся шчырая скруха, занепакоенасць.
    — Нічога, хутка трава павылазіць, тальнік зазелянее. Толькі пасвіце добра. Дык што, паўторым? — Нямытаў зноў узяўся за бутэльку, стараючыся спыніць непрыемную для яго размову.
    А за палаткай мацнеў вецер. Уздрыгвала, аж звінела напятая палатка.
    — Каб не сарвала... Трэба каменем прываліць, — занепакоіўся Мікалай.
    — Ат, чорт яе не возьме, — бестурботна махнуў рукою Анатоль.
    Мікалай усё ж устаў, кінуў у печку недакурак:
    — Вы сядзіце, а я зірну.
    Я выйшаў следам. У тайзе ўсё гуло і трашчала. Спалоханыя сабакі пахаваліся пад нартамі. Мікалай знайшоў на беразе ручая вялікі камень і з натугай выварочваў яго з зямлі. Я ўзяўся за другі. Не паспелі мы прыціснуць край палотнішча, як моцны парыў ветру ўзняў палатку над зямлёй і павалок да хмызняку. Усё адбылося так хутка, што Нямытаў і Анатоль нават не ўцямілі, што здарылася, і толькі п’яна паглядалі па баках. Малюнак быў трагікамічны. Мікалай разрагатаўся:
    — Пад’ём, хлопцы!
    Сяк-так мы зноў напялі палотнішча на дзве распоркі з жардзін, змацаваных уверсе даўгаватым шастом-маткай. Мікалай паставіў на месца печку. Я пазбіраў раскіданае адзенне. Нямытаў з Эсцікавым зноў падселі да стала.
    — Канчайце піць. Дзяжурыць скора, — строга кінуў Мікалай.
    — Ерунда, выпетрыцца, — адмахнуўся Анатоль.
    — Можна да вас? — у праёме палаткі раптам паказаўся волат-хлопец. Дужасць яго падкрэсліваў світэр, які шчыльна аблягаў грудзі і плечы. Пры баку ў аленявода вісеў паляўнічы нож у камусавым чахле. Госць няёмка пераступаў з нагі на нагу і з нейкай вінаватасцю паглядаў на Нямытава.
    — Знаёмся, зямляк. Гэта Аляксей Сляпцоў — пастух, якіх пашукаць!
    — Сядай, Аляксей. Вып’ем за ўдачу, — Анатоль падаў таежніку конаўку.
    Аляксей працягнуў руку, але тут жа, сумеўшыся, адмовіўся:
    — Дзякуй, не буду. Памажыце алешка на забой злавіць.
    — Дабро, — адгукнуўся Мікалай.
    — Глянь ты, ад гарэлкі адмовіўся,—здзівіўся Анатоль.
    — Кінь ты чалавека на выпіўку падбіваць — завязаў жа ён.
    — Ха, сілком яго з лыжачкі чаю, — Анатоль ускінуў рукі над галавой, надаў твару пакрыўджаны выгляд.
    Пастухі панадзявалі курткі, нацягнулі кірзачы на ногі і выйшлі з палаткі. Узяўшы з нартаў мауты — арканы, сплеценыя трайным жгутом з палосак аленевых шкур, папраставалі да статка. Там пахаджваў ужо Аляксей, выглядваючы добрага аленя.
    — Доўга Аляксею прыйдзецца шукаць укормленага алешка, — сумна ўсміхнуўся Рэдзькін.
    У гэтую хвіліну Аляксей, падзываючы да сябе пастухоў, паказаў ім на цялушку цёмна-бурай масці. Схаваўшы за спіны мауты, таежнікі, нізка прыгнуўшыся, ланцужком падаліся наперад. Нечакана Анатоль рэзка ўскінуў руку, пятля аркана ўзляцела ўгару і, апісаўшы дугу метраў дваццаць, упала на галаву цялушкі. Аленіха спалохана сіганула ўбок — пятля слізганула па шыі і звалілася на зямлю. Анатоль няспешна згортваў у петлі свой маут. Адзін за адным закінулі арканы Аляксей і Мікалай, аднак цялушцы кожны раз удавалася вывернуцца.
    — Былі б у немічанкі [* Немічанка — гадавалая цялушка.] рогі — Аляксей ужо свежаваў бы яе — сказаў Рэдзькін. — Ды алені яшчэ ў красавіку наскідалі сваё хараство.
    Горш за ўсіх кідаў маут Анатоль: ці то п’янка перашкаджала, ці то нявопытнасць. Нямытаў, Рэдзькін і я падварочвалі да пастухоў табункі жывёлін з ашалелаю ад страху немічанкай. Усё стойбішча поўнілася крыкамі ўзбуджаных мужчын, брэхам сабак, жаласлівым мыканнем інканаў, што пагублялі матак, тупатам капытоў. Пастухі стаміліся, нерваваліся, бегалі з краю ў край, пакрыквалі на загоншчыкаў. I тут паявілася Васільеўна з дробнакалібернай вінтоўкай.
    — Гарэлку піць умееце, мяса есці — таксама. А чаму мазгі як у алешка?
    Адшукаўшы позіркам цялушку з цёмнымі ад поту бакамі, з клоччам пены на храпе, жанчына ўскінула вінтоўку і, амаль не цэлячыся, націснула на курок. Немічанка ўпала. Пастухі збянтэжана ўсміхаліся. Аляксей перарэзаў цялушцы горла, выпусціў кроў. Мікалай дапамог яму ўскінуць тушу на нарту і падцягнуць бліжэй да палаткі.
    Супакоіўшыся, пастухі пачалі збірацца на змену. Паклалі ў зрэбную торбу пачак чаю, цукар, кансервавую бляшанку з драцяной дужкай. Мікалай павесіў на шыю бінокль, Анатоль узяў карабін.
    На дварэ ў ногі Мікалаю кінулася белая лайка — ён ласкава патармасіў яе за вушы. Анатоль абыякава зірнуў на свайго рудога Біча і закурыў. Алені тым часам пачалі разбрыдацца ў розныя бакі.
    — Белка, там! — падаў каманду Мікалай, паказаўшы на вярхоўе ручаіны, куды ўжо накіравалася частка статка.
    Белка ўзбуджана віскнула і кумільгам кінулася да ручая, скокнула ў ваду, вылезла на другі бераг і, нават не атрэсваючыся, кінулася заварочваць статак. Неўзабаве алені павярнулі назад, Белка выбегла следам, агледзелася, убачыла некалькі аленяў, што праставалі да лесу, — і за імі. Учуўшы брэх, алені павярнулі назад і пад наглядам Белкі прыйшлі зноў на стаянку.
    — Малайчына, Белка! — пахваліў Мікалай сваю памочніцу.
    Сабраныя Белкай у табун, алені найшлі ўніз па цячэнні, беручы крыху ўлева, да таежнага выступу. У лагеры зрабілася ціха. Мяне здзівіла, што жанчыны не пайшлі на спачын пасля начнога дзяжурства: Васільеўна павяла ў тайгу чалыма [* Чалым — ездавы алень.] на павадку, Таня выпалосквала ў ручаіне памытую бялізну. Марыл, Аляксеева жонка, па-мужчынску спрытна секла на дровы тоўстую, сухую лістоуніцу, а сам Аляксей, асвежаваўшы забітую немічанку, парадкаваў мяса.
    — Валодзька, ідзі свежыны вазьмі, — гукнуў ёй, убачыўшы мяне.
    Свежыны — кумпяка і некалькіх рабрын — было каля пуда. Я сумеўся, не ведаючы, пазычаюць мне столькі ці ў таежнікаў наогул так вядзецца. Але пытацца не адважыўся.
    — Пячонкі хочаш?
    «Паласавацца смажанай пячонкай з цыбуляй было б някепска, ды нельга ж злоўжываць шчодрасцю таежніка», — падумаў я, а ўголас сказаў:
    — Не, не трэба, дзякуй.
    — Бяры, еш, — Аляксей адхапіў ад яшчэ цёплай пячонкі ладны кавалак і падаў яго на нажы.
    — Як — адразу і есці? — я няўцямна зірнуў на пастуха.
    — Глядзі, — Алякссй адрэзаў скрылёк і кінуў сабе ў рот. — Еш так — заўсёды здаровы будзеш, жывот ніколі не забаліць.
    Як гэта — есці сырую, з пахам цёплай крыві пячонку, ды яшчэ непасоленую?! Што рабіць? Адмоўлюся ад пачастунку — пакрыўджу гаспадара. А, што будзе, тое і будзе. Сцепануўшыся, пачаў жаваць...
    Апоўдні зноў узняўся моцны, парывісты вецер. Падмінаючы пад сябе вяршыні хрыбта, з захаду на лагчыну насоўвалася пагрозліва-цёмная хмара. Сцямнела. Завылі, занепакоіліся сабакі. Раптам сыпануў буйны град, за ім паваліў снег, а яшчэ праз колькі мінут пайшоў дождж. I вось ужо зноў выбліснула сонца, песцячы ласкавымі промнямі абмытыя дрэвы, траву. Увесь гэты стракаты карагод — за якіх пятнаццаць хвілін! Ну і дзівосы!
    — Прывыкай, братка зямляк! Гэта кветачкі. Увосень і зімою не такое ўбачыш.
    — Калі ўтрымаецца ў тайзе, — загадкава прамовіў Анатоль.
    — Трымайся, братка ты мой, і ўсё будзе добра! — Мікалай кулаком рубануў паветра.
    Пад сонцам знікалі апошнія снегавыя лапінкі ў лагчыне, калі ў нашу палатку зайшоў брыгадзір.
    — Валодзька, з Толікам будзеш пасвіць, — распарадзіўся ён.
    Хаця ўнутрана я ўжо быў гатовы да дзяжурства, але ў гэты момант разгубіўся: пасвіць статак без сабакі, ды яшчэ не маючы ніякага ўяўлення пра гэтую работу!
    — Коля, растлумач хоць сутнасць маіх абавязкаў, — папрасіў я Місніка.
    — ІІрасцей не бывае, — прыўзняўся з пасцелі Эсцікаў. — Пабягуць алешкі — пачынай махаць курткай над галавой ці свішчы як мага галасней. Не паможа — ногі ў рукі і наўздагон.
    З самага пачатку паміж мной і Анатолем нарадзілася нейкая адчужанасць. Мае прамашкі радавалі яго. I вось цяпер трэба выпраўляцца на дзяжурства менавіта з ім!
    Табун узяў напрамак да вярхоўя Улахана. Анатоль ішоў злева, адварочваючы аленяў ад лесу. Я падганяў важанак з інканамі, слабейшых аленяў. Статак пачаў разбрыдацца, частка аленяў пацягнулася да ракі.
    — Не пускай туды! — загадаў Анатоль.
    Я кінуўся напярэймы, ды пазнавата: дзесяткі тры аленяў былі ўжо на левым беразе. Адгарнуўшы халявы балотнікаў і мацаючы палкаю дно, я перабраўся на другі бераг. Перагнаў назад уцекачоў і заўважыў яшчэ адзін табунок. Ногі ў рукі, як казаў Анатоль, — і за ім. Пакуль управіўся з гэтымі неслухамі, убачыў вялікую чараду ажно ў тайзе: алені зразумелі, што пастух без сабакі, і рабілі што хацелі. Кінуўся туды, а тым часам ззаду яшчэ чародка адкалолася ад агульнага гурту і спяшалася ў лес...
    Як апантаны, мітусіўся я на левабярэжжы, ды сілы былі няроўныя — мая лінія абароны імкліва адсоўвалася да тайгі... Дзве гадзіны няспыннай бегатні, а тут яшчэ Анатоль як скрозь зямлю праваліўся. Недзе ля падэшвы хрыбта я заўважыў некалькі светлаватых кропак — так, каля гэтых аленяў, пэўна, быў і Анатоль. Выходзіць, спадзявацца я мог толькі на свае сілы. Ды яны ўжо былі на зыходзе. Дарэшты стомлены, я спатыкнуўся на бягу і ўпаў жыватом у лужыну.
    Усё, хопіць! Сеў на купіну, выліў ваду з бота, выкруціў анучу, глянуў у адзін бок, у другі, закурыў цыгарэту і заплюшчыўся ад прыемнай цеплыні. Ласкава прыгравала соненка, цёплы ветрык абдзімаў спатнелы твар, у тайзе спявала птушка... Халера з імі, з гэтымі ўпартымі аленямі, хай за імі нехта іншы пабегае, а я сабе знайду работу...
    Аднак што ж гэта атрымліваецца? Сам ірваўся ў тайгу, а цяпер што — адразу здаўся? Якімі ж вачыма прыйдзецца глядзець на Мікалая, на іншых таежнікаў? Крыўдна, што на першым выпрабаванні зламаўся. Але для кожнага чалавека, відаць, існуе свая мяжа — і я ўжо дасягнуў яе. Ну, хай сабе, але ж да некаторых людзей прыходзіць і шостае дыханне. Як знайсці яго? Дзе ўзяць сілы? Не, калі я зараз не ўстану, грош цана мне. Трэба ж урэшце быць мужчынам!
    Седзячы на купіне, я абапёрся на палку і, стогнучы ад болю ў спіне, цяжка адарваўся ад зямлі. ІІацёр спіну, ногі, папрысядаў пару разоў, і перад вачыма паплылі твары таежнікаў з загадкавымі ўхмылкамі. Стоп! А ці не праверачку яны наладзілі навічку? Сапраўды, гэта ж нелагічна: пакінуць дзвюхтысячны табун на неспрактыкаванага гараджаніна. Пэўна, назіраюць зараз у бінокль за журналістам-рамантыкам і паблажліва пасмейваюцца. Ну, таварышы аленяводы, мы яшчэ пабачым! Я адчуў, як злосць надала мне сілы, і зноў пачалася шалёная бегатня навыперадкі з аленямі.
    Раптам паявіўся Анатоль. Без сабакі.
    — А дзе Біч?
    — У самаволцы. Ну, як наша праца?
    — I не пытайся. Алені заўсёды так шалеюць?
    — Усяк бывае. Сёння іх чорнагалоўка прывабіла, — ён паказаў на расліну, падобную да сцябла кукурузы з пачаткам.
    Удвух мы хутка сабралі статак і павялі да стаянкі. Перабраліся на правы бераг Улахана, падняліся на пагорак, Анатоль агледзеў пашу ў бінокль і вылаяўся:
    — Галоў дзесяць аленяў асталося. Глянь! — і падаў бінокль.
    На ўзлеску сапраўды купкай ляжала з дзесятак жывёлін.
    — Што рабіць, Толя?
    — Камусьці прыйдзецца вяртацца. Утрымаеш статак?
    — Не ўпэўнены.
    — Тады з богам.
    Да табунка было кіламетры тры. Я абышоў яго, адцясніўшы ад тайгі, і пагнаў да ракі. Спачатку ўсё было добра. На правым беразе дзве немічанкі павярнулі да агульнага статка, і я супакоіўся. Але мулхан [* Мулхан — двухгадовы бык.] упарта ішоў наперад, і за ім нацягнуліся астатнія. Тройчы я абганяў аленяў, спрабуючы адвярнуць их улева, — марна, мулхан вырываўся наперад, за ім беглі іншыя. Не памагалі ні палка, ні вокрыкі. Я вар’яцеў ад бездапаможнасці. Здаецца, меў бы карабін — застрэліў бы ўпартае быдла.
    Тым часам алені ўвайшлі ў тайгу і накінуліся на ягель. Лагер быў ужо зусім побач, а я нічога не мог зрабіць. З параздзіманымі жыватамі, ледзь перастаўляючы ногі, алені ўпарта ішлі за мулханам. Я зноў пусціў у ход палку...
   Нарэшце наперадзе выбліснула прасветлінка, мы наблізіліся да ручая. Прадраўшыся праз хмызняк, алені самі павярнулі ўлева, да стаянкі. Ад Улахана падыходзіў і ўвесь статак...
    Мікалай у палатцы нешта разаграваў на печачцы, гатаваў вячэру. Не распранаючыся, я кінуўся на пасцель.
    — Глыні-ка, братка зямляк, чыфіру, не бойся, — Мікалай падаў мне конаўку.
    Ад густа заваранага чаю ажно сцягнула ўсё ў роце.
    — Ну і дрэнь!
    — Вось і добра, што не спадабаўся. Закусі цукрам. Чыфірам захапляцца не варта — і не заўважыш, як “матор” пасадзіш. Што, дасталося?
    — Было такое...
    — Памыйся ў ручаіне ды будзем вячэраць.
    — Не хачу нічога.
    — Ды кінь ты, будзь мужыком! Уставай!
    За густой сцяной ніцай лазы я распрануўся дагала і каменем кінуўся ў ваду. Ледзяная ванна надала спрыту. Выскачыўшы на бераг, я пачаў бегаць, каб трохі сагрэцца, і адчуў, як тупая здранцвеласць пакідае мяне.
    Мікалай з Анатолем ужо чакалі за сталом.
    — Ну, сядай, братка зямляк, адзначым твой экзамен.
    — Дык гэта быў экзамен?
    — Не крыўдуй, такая ў нас завядзёнка. У тайзе ўсякае здараецца, мусіш ведаць, з кім справу маеш. Калі што здарыцца, трэба мець пэўнасць, што напарнік у бядзе не пакіне. Пачакай трохі, прытрэшся ў тайзе — пернікам цябе адсюль не выманіш, як і мяне з Толікам.
    — А даўно тут?
    — Шосты год. Пасля дэмбеля наважыў зарабіць на кааператыў у Мінску. Падаўся ў Нагорны дамы тынкаваць. Атрымалася. Ужо рэчы ў чамадан складваў. А тут былы дырэктар саўгаса Аганесян пачаў прасіць: дапамажы восеньскі забой аленяў правесці. Ну, думаю, уважу чалавека, заадно на аленяў пагляджу, на працу пастухоўскую. Паглядзеў — і прырос да тайгі, — засмяяўся Мікалай.
    — Сядай, Валодзька. Добра алешкаў глядзеў. Дужыя ногі маеш. А галава разумная? — хітравата-ласкава ўсміхнулася жанчына.
    — Хіба для пастуха адных ног мала?
    — Зусім мала. Чаму мулхан у статак не пайшоў, га? Ой, цяжка алешкаў пасвіць!
    — А без сабакі і зусім немагчыма, — закінуў я вудачку.
    — Мама, аддайце яму Дагора, — зразумела намёк Таня.
    — Хай бярэ.
    Дагор — па-якуцку “сябра”. Яго я прыкмеціў яшчэ ў першы дзень: вельмі падобны да маладога ваўка, толькі што белы каўнерык на шыі, Дагор падкрадваўся да нарты са свежыной. Заўважыўшы мяне, сабака падтуліў хвост, вінавата апусціў галаву і пабег. А праз некалькі хвілін на стаянцы пачуўся злосны крык Аляксея: Дагор умудрыўся-такі ўкрасці высока падвешаны на лістоўніць: кавалак мяса. Пастух з карабінам у руках кінуўся на пошукі зладзеяватага “падпаска”, але таго і след прастыў. Раз’юшаны Аляксей ускочыў у брыгадзіраву палатку:
    — Чаму не прывязваеце шакала? Страляць яго буду!
    — Страляй, — спакойна адказала Васільеўна.
    Пастух утаймаваўся: у гарачцы ён забыўся пра няпісаны закон тайгі — сабаку забіць мае права толькі сам гаспадар або хто іншы па яго просьбе...
    На павадку я прывёў Дагора да сябе. Не паспеў прывязаць да нарты — сабака схаваўся над ёю.
    — Пароды ён добрай, але запушчаны. Спрабавала Васільеўна вучыць яго. ды не атрымалася, яна і кінула. Ну, а калі сабака не працуе, дык і дастаюцца яму адны недаедкі. Вось Дагор і шукае, дзе што кепска ляжыць, — расказаў мне Мікалай. — Не бядуй — з яго добры памочнік можа атрымацца.
    — Пісаў, відаць, пра таленавітых настаўнікаў, якія з цяжкіх падлеткаў робяць пай-хлопчыкаў? Цікава пабачыць, як гэта ў цябе з Дагорам атрымаецца, — з’едліва зазначыў Аляксей, лежачы, як заўсёды, на пасцелі з часопісам у руках і ганяючы радыёхвалі на “Спідоле”.
    — Біча будзеш карміць?
    — Пераб’ецца.
    За самавольна пакінуты статак Біча пазбавілі ежы, у дадатак Аляксей моцна адлупцаваў яго.
    Я занёс Дагору каструлю з супам. Ён не вылазіў з-пад нарты, спалохана-насцярожана сочачы за мной.
    — Ідзі да мяне, Дагор, не бойся.
    У адказ — ашчэраныя зубы і злоснае гырканне. Галодны, а есці адмаўляецца? Відаць, з характарам. Дачакаўшыся, калі я адыдуся, Дагор вылез са схованкі і наблізіўся да каструлі, падазрона зіркаючы ў мой бок.
    Раніцаю паўтарылася тое ж самае. Падышоў Мікалай:
    — Не паддаецца? Быць таго не можа, каб разумны сабака не адгукнуўся на клопат і добрыя адносіны. Май цярпенне.
    А Дагор па-ранейшаму адседжваўся над нартай. Вынес неяк яму добры кавалак варанай аленіны, прысеў побач:
    — Пойдзеш да мяне, Дагор? Бяры еш.
    Пах мяса раздражніў сабаку: не спускаючы з мяне насцярожаных вачэй, ён выпаўз з-пад нарты. Трымаючы пачастунак у левай руцэ, правай я пацягнуўся да Дагора, каб прылашчыць:
    — Малайчына, Дагор! Бя...
    Нечакана на лайцы ўздыбілася поўсць, пачуўся злосны рык, і ля самай маёй далоні клацнулі вострыя іклы. Крыўда на сабаку ўспыхнула і патухла: упарты, адразу не перавыхаваеш. А можа, і наогул не паддасца. Але, зрэшты, што гэта за сабака, які першаму сустрэчнаму будзе рукі лізаць?
      Еш, Дагор, не бойся. Хопіць упарціцца, — я кінуў мяса яму пад ногі.
    — Угаворваеш?. Ну-ну, вялікі дрэсіроўшчык, — ухмыльнуўся Анатоль, які спыніўся побач.
    Дагор ірвануўся да пастуха, злосна забрахаў. А каб не павадок?..
    Сабака тыдзень вытрымліваў характар. Я ўжо думаў, што давядзецца нам развітацца, і раптам на восьмы дзень, раніцай, ледзь дакрануўшыся да ежы, Дагор узрадавана скавытнуў, скокнуў, упёрся мне ў грудзі пярэднімі лапамі, закруціў хвастом. Я прыціснуў сабаку да сябе, пагладзіў, патармасіў — ён з удзячнасцю лізнуў мяне ў твар.
    Апоўначы мы з Аляксеем павялі статак у тайгу. Раз за разам паказваў я Дагору на непаслухмяных аленяў, што адрываліся ад статка, але мой памочнік толькі няўцямна пазіраў у вочы, не разумеючы, чаго хоча гаспадар. Так і правалаводзіліся да світанку.
    Табун рассыпаўся па правабярэжных пагорках. Дзве Аляксеевы лайкі па чарзе пераймалі аленяў, якія спрабавалі вярнуцца ў тайгу. Сабакі спрытна і сумленна выконвалі свае абавязкі. Я не вытрымаў і пагладзіў па спіне аднаго, пахваліў:
    — Малайчына, Шарык!
    Нечакана Дагор адштурхнуў Шарыка, упёрся лапамі мне ў грудзі, заскуголіў, выпрошваючы ласку.
    — Малайчына, Север! — я дэманстратыўна пагладзіў другога Аляксеевага сабаку, пачаставаў цукрам.
    Здавалася, Дагор звар’яцее ад рэўнасці, а я не звяртаў на яго ўвагі.
    Неўзабаве яшчэ адзін табунок аленяў папраставаў да тайгі. Следам за Шарыкам, без маёй каманды, пабег і Дагор. Сабакі разам перанялі ўцекачоў, па прыкладу спрактыкаванай аленягонкі забрахаў і Дагор — спалоханыя алені павярнулі назад. Вярнуліся і лайкі. Дагор дапытліва пазіраў на мяне: ну, што цяпер гаспадар скажа? Я ледзь не задушыў яго ад радасці, шчодра пачаставаў прыхаванымі на такі выпадак пернікамі і цукрам.
    У канцы змены Дагор самастойна заварочваў аленяў, што на паўкіламетра адыходзілі ад статка. Потым разам з Шарыкам і Северам ён высачыў на лістоўніцы вавёрку, паведаміўшы пра гэта радасным брэхам.
    Праз два дні я выправіўся з Дагорам на паляванне. Тайга сустрэла нязвыклаю цішынёй, густым водарам ігліцы і шэрага ягелю. Адну за адной Дагор высачыў дзвюх вавёрак, а мы ішлі ўсё далей і далей. Шлях перагароджвалі то глухі яр, то завалы дрэў; прыйшлося абмінаць вялізныя крушні камення, густыя зараснікі кустоўя. Нейкая трывога, цьмянае прадчуванне бяды прымусілі мяне трымаць карабін напагатове. А Дагор бесклапотна бег наперадзе, як бы добраахвотна ўзяўшы на сябе абавязкі ляснога разведчыка.
    Толькі я наважыў, пазваўшы Дагора, павярнуць назад. як нешта вялізна-шэрае абрынулася з лістоўніцы, за якой толькі што схаваўся мой разведчык. Я кінуўся туды, расхінуў галлё і разгубіўся: мой Дагор змагаўся з рыссю!
    Нападала лясная кошка, а сабака спрытна адварочваўся ад яе іклаў. Вось нахабная драпежніца зноў кінулася да лайкі — і раптам, няўлоўным рухам апярэдзіўшы рысь, мой Дагор сашчапіў зубы на кашэчай пысе. Рысь захітала галавой, спрабуючы вызваліцца; яе вострыя кіпцюры раздзіралі сабачую грудзіну.
    Я ўскінуў карабін, але, баючыся пацэліць у Дагора, стрэліў у паветра. Ад нечаканасці абедзве жывёліны адскочылі ў бакі, і ў той жа міг рысь імкліва схавалася ў кустоўі.
    Абліваючыся крывёю, цяжка дыхаючы, Дагор вінаватымі вачыма пазіраў на мяне.
    — Пацярпі, Дагор, зараз перавяжу, — я нецярпліва рвануў край кашулі. Але лайка жаласліва заскуголіла і, лізнуўшы руку, пабегла ад мяне. — Куды?! Назад. Дагор!
    Зрабілася не па сабе, апанаваў страх: ну вось, тайга ўжо адпрэчыла ад Палявання Мікалая і Аляксея, цяпер, здаецца, я атрымаў першае папярэджанне. З карабінам напагатове, азіраючыся на бакі, я павярнуў назад.
    Першым на стаянцы сустрэўся Міхаіл.
    — А дзе Дагор?
    — З рыссю ваяваў, а цяпер у тайгу пабег.
    — З рыссю?! — Міхаіл аж падскочыў на месцы. — Дзе?
    — Там, — я паказаў на хрыбет.
    — Заўтра разам пойдзем туды алешкаў пасвіць.
    — Без Дагора? Не, Міша.
    — Дагор лячыцца пабег, траўку есьці. Не хвалюйся, хутка прыйдзе.
    Мікалай з Анатолем збіраліся на дзяжурства. Моўчкі выслухалі мой расказ і брыгадзірава распараджэнне.
    — Міша як пачуе пра рысь, дык усё кідае і спяшаецца ў тайгу. I што за прыхамаць? — сцепануў плячыма Анатоль.
    — Пойдзеш, зямляк?
    — Страшнавата без сабакі. Не ведаю...
    — Так, не было б Дагора — не абышлося б... — зазначыў Анатоль. — Рысь звычайна хапае за шыю. Відаць, выйшла на паляванне, учуўшы твае крокі, схавалася на дрэве, ды сабака перашкодзіў.
    — Не сумуй, вернецца твой Дагор, — Мікалай штурхануў мяне ў плячо.
    На досвітку я прачнуўся ад дотыку чагосьці цёплага і шурпатага. Адплюшчыў вочы — на пасцелі прытанцоўваў Дагор!
    — Дагор! — я абняў яго, прыціснуў да грудзей, на вочы нагарнуліся слёзы.
    Пасля абеду мы з Міхаілам пайшлі са статкам туды, дзе ўчора адбылася сустрэча з рыссю. Дагора я прывязаў да нартаў: хай адпачне, сілы зноў набярэцца. Ён, бедны, ірваўся з павадка, скуголіў, брахаў, енчыў выпрошваючы дазвол на тое, каб быць разам.
    — Не, Дагор, пабудзь сёння дома.
    На левым беразе Улахана штосьці нечакана штурханула мяне ў ногі — то быў Дагор з канцом перагрызенай вяроўкі на ашыйніку. Зноў да слёз расчуліла адданасць сабакі.
    — Аднак Васільеўну не слухаўся. Дагор цябе любіць. Чаму? — шырока ўсміхаючыся, спытаў Міхаіл.
    — А сам ты як думаеш?
    — Мая баба крычыць многа, сварыцца. Сабака ласку любіць.
    Міхаілаў Барбос быў у намордніку з алюмініевага дроту. Падбягаючы да інканаў, сабака раз’юшана тыцкаўся наморднікам у іх ногі, шчэрачы зубы. Відаць, некалі Васільеўна ці сам Міхаіл кармілі сабаку сырым мясам, вось цяпер і расплачваюцца: вясной Барбос загубіў трох інканаў.
    Алені дабрылі да тайгі, нахапаліся ягелю, цяпер адпачывалі. Толькі “чыфірысты”, як заўсёды, ірваліся наперад. Мы пакінулі статак і пайшлі ўслед за “чыфірыстамі”: Міхаіл — з левага, я — з правага боку. Калі рысь не пакінула свае паляўнічыя абсягі, дык неўзабаве сустрэнецца з аленямі. I вось яна, гэтая хвіліна: недзе спераду начуліся трэск, шум, разлеглася рэха недалёкага стрэлу.
    — Страляй, Валодзька! — пачуў я голас Міхаіла.
    Я пабег насустрач ашалелым ад страху аленям і ўбачыў на палянцы перад сабою падраненую рысь. Страляць было нязручна, аднак я паспеў даць два стрэлы, пакуль драпежніца не знікла ў гушчары.
    Прыбег задыханы МІхаіл:
    — Дзе рысь? Хадзем шукаць!
    Па ледзь прыкметных плямінах крыві на ягелі, прыгнуўшыся да зямлі, высочваючы след, Міхаіл пайшоў наперадзе. Я ішоў амаль побач, ледзь стрымліваючы Дагора. Злосна натапыраны, пагыркваў Барбос.
    Рысь ляжала на камяністай пляцоўцы пасярод сланіку, з пашчы ў яе пухірамі выходзіла кроў. Міхаіл штурхануў драпежніцу нагою, рэзка навярнуўся і, ссутулены, хутка папраставаў назад, да статка...
    Калі я выйшаў з тайгі, Міхаіл ужо сядзеў пры вогнішчы. Непадалёк залёг на спачын табун. Некалькі хвілін мы маўчалі. Аднак я ведаў ужо, што вогнішча ў тайзе рана ці позна прымушае чалавека раскрыцца, падзяліцца самым запаветным. Неўзабаве і Міхаіл загаварыў:
    — Думаеш, чаму рысь шукаў? — голас у яго сарваўся. — Яна маці маю забіла!
    — Як — забіла?
    — Даўно было, кепска памятаю. Уночы алешкі ўцяклі ў тайгу — маці з бацькам шукаць пайшлі. Маці дужа стамілася, заснула пад дрэвам, а рысь ёй галаву адгрызла... Бацьку бандыты зарэзалі, адзін я астаўся. Галадаў многа, хварэць пачаў — зусім кепска стала. Потым калгас зрабілі, рускія памагалі нам. Зараз добра жыву, усё ёсць...
    Недарэчы пачалі ўставаць і разбрыдацца алені. Пакуль сабралі статак ды навялі парадак, нямала часу мінула. Зноў сышліся з Міхаілам, але не было ўжо вогнішча...
    ...Няшчадна прыпякала ліпеньскае сонца, над зямлёй — ніводнага павеву ветру. Алені, збіўшыся шчыльным гуртам ля падэшвы горнага хрыбта, круціліся па месцы па стрэлцы гадзінніка, як заведзеныя. Я няўцямна назіраў, не разумеючы, што адбываецца.
    З лесу выйшлі Мікалай з Анатолем — збіралі сухое галлё на вогнішча.
    — Коля, што гэта з аленямі?
    — Старшы пастух аб’явіўся, — заклапочана адказаў ён.
    Старшым пастухом таежнікі называюць аваднёў. Перад летаваннем алені ліняюць. З-пад пакрытай лёгкім пушком скуры вылазяць лічынкі аваднёў, адкладзеныя мінулым летам. У іх хутка вырастаюць крылы, і, падпарадкоўваючыся інстынкту, маладыя авадні накідваюцца на безабаронных аленяў, каб, пракусіўшы скуру, зноў пакінуць пад ёю лічынкі. У бязветраным месцы не апрацаваным проціаваднёвымі прэпаратямі аленям аставалася толькі шчыльна прыціскацца адзін да аднаго, ратуючы бакі і спіны ад укусаў крылатых драпежнікаў. Аднак плойма нахабных аваднёў рабіла сваю справу, даводзячы да знемажэння аленяў-пакутнікаў. Страшнае відовішча.
    Згортваючыся ў клубок, табун марудна спускаўся з тэрасы да Улахана, затуленага сцяной вербалозу. Над аленямі хмарай віліся авадні. “Чыфірысты” паткнуліся былі ў зараснік, але, атакаваныя камарамі, павярнулі назад. Цяжкае гэта было дзяжурства. I нічым мы не маглі памагчы бедным алешкам. Толькі ўвечары, калі авадні пахаваліся, мы завялі статак на таежныя крыніцы, і там алені ўдосталь нахапаліся ягёлю.
    — Буду ўночы пасвіць адзін, а ты — удзень. Справішся? — нечакана прапанаваў Аляксей.
    Мяне крануў давер спрактыкаванага аленявода. У вялікіх статках навічка ў першыя месяцы не дапускаюць да дзяжурства.
    — А як на гэта Міхаіл паглядзіць?
    Аляксей махнуў рукой.
    Мікалай з Анатолем уночы пасвілі ўдвух, удзень — па адным, Міхаіл з Васільеўнай — заўсёды разам.
    Прайшло два тыдні нашага жыцця на стаянцы-душагубцы, як казаў Аляксей. Сапраўды — у лагеры, захінутым ад ветру з аднаго боку хрыбтом, з другога — густымі прырэчнымі хмызнякамі, панавала летняя задуха. Пачаўся падзеж аленяў. А пераганяць табун у вярхоўе Мальдзяка, якое прадзімалі вятры і дзе было багата ягелю, брыгадзір не адважваўся, баючыся, што алені пачнуць перабягаць у суседні статак. Уся надзея была, што прыедзе нехта з кіраўнікоў саўгаса і вырашыць, куды падавацца.
    I вось аднойчы ўвечары да брыгадзіравага жытла падкаціў усюдыход Рэдзькіна. Мікалай з палаткі праз бінокль назіраў за прыезджымі, а Анатоль, чакаючы выпіўкі, пачаў рыхтаваць закусь.
    — I хто ж гэта ашчаслівіў нас? — не стрымаў цікавасці Анатоль.
    — Аляксеевы ды бугровы дзеці на канікулы прыехалі. О, і Нямытаў заявіўся!
    Праз паўгадзіны да нас зайшоў Нямытаў, выставіў гарэлку. Анатоль ваўчком закруціўся каля стала.
    — Зачакаліся мы, — зазначыў Мікалай, сядаючы побач з галоўным заатэхнікам.
    — Дзесяць брыгад на шыі вісіць, дваццаць тысяч аленяў. На Мальдзяку вас шукаў. Заўтра туды перавандруем.
    — Во, даўно б так! — радасна ўсміхнуўся Мікалай.
    Ратуючыся ад задухі і камароў, я ўладкаваўся на ноч над паветкаю з дзвюх прасцін. Побач прыстроіўся Дагор. У той вечар заснуў я імгненна. Прачнуўся ад рэзкага болю ў жываце. Глянуў — паветкі няма, зоркі пераміргваюцца над галавой, а побач са мною — Анатоль з карабінам:
    — Уставай, карэспандэнт, — і торкае ствалом у грудзі.
    — Што здарылася?
    — Пад’ём! Размова ёсць, — п’яна варочаючы языком, адказаў пастух.
    Я ўсхапіўся, рэшткі сну зляцелі з вачэй. Справа, здаецца, набывала сур’ёзны паварот: п’яны Эсцікаў надумаўся паздзекавацца.
    — Толік, кінь жартаваць! — як мага спакайней папрасіў я.
    — На калені, карэспандэнт! Лічу да трох. Раз! — ён узняў карабін.
    У мяне апусціліся рукі, галава зрабілася пустая-пустая.
    — Два!
    Краем вока я паспеў ухапіць Дагора, які скокнуў на грудзі п’янаму Анатолю, і ў той жа момант пачуўся стрэл — куля бзыкнула каля майго правага вуха. I тут я нібы апрытомнеў. Праз секунду быў ужо каля Эсцікава, які спрабаваў скінуць з сябе сабаку, і моцным ударам у жывот прымусіў яго, глуха войкнуўшы, выпусціць карабін.
    З палаткі выбег Мікалай:
    — Хто страляў?
    — Што здарылася? — пачуўся голас Аляксея ад яго палаткі.
    — Выпадковы стрэл, — адказаў я, а ў самога зуб на зуб не нападаў.
    — А ну пайшлі, стралок! — зразумеў усё Мікалай.
    За шкірку ён пацягнуў Анатоля да ручая, прыхапіўшы па дарозе маут. Каля кустоўя кінуў п’янага на зямлю, моцна звязаў рукі і ногі.
    — Коля, не лютуй! — запрасіўся Эсцікаў.
    — Ты мне яшчэ тут скуголіць будзеш?! Я табе зяпу хутка заткну!
    — Ён сцягнуў з сябе кашулю і запхнуў кляп Анатолю ў рот. Даўшы яшчэ раз па шыі, сказаў напаследак: — Праспіся. Раніцай пагаворым.
    Раніцай Мікалай развязаў Эсцікава. Той трохі абмыўся ў ручаі і з вінаватым выглядам стаў на парозе палаткі. Гідка было глядзець на яго распухлы твар, на пакусаныя камарамі рукі. Мы з Мікалаем моўчкі сядзелі на пасцелі.
    — Вінаваты, хлопцы. Даруйце, — хрыпата пакаяўся, не ўзнімаючы вачэй.
    — Рашай, братка зямляк...
    У тую хвіліну я зразумеў, як цяжка, відаць, суддзям абвяшчаць прысуд. Але ў суддзяў на кожны выпадак ёсць адпаведны артыкул кодэксу, а перада мной стаяў таварыш, з якім жыў пад адным дахам, еў з аднаго катла... I разам з тым — ён жа страляў у мяне! Каб не Дагор... Пастух умее трапна страляць.
    — Даруй, Валодзя! П’яная дурнота. Папалохаць хацеў. Дальбог, выпадкова на курок націснуў.
    — Ты што — сапраўды быў упэўнены, што я перад табой на калені стану?
    — Не памятаю.
    — Памятаеш! Але сам памяркуй: ты вось Біча штодзень лупцуеш, ды ён сваё робіць. А я ж чалавек, не жывёліна.
    — Хочаш праўду? — раптам з выклікам сказаў Анатоль, зірнуўшы на мяне.
    — Кажы.
    — Табе ўсё лёгка даецца. Даверылі аднаму статак пасвіць. Сабаку маеш, разумнейшага за чалавека. Баранчыка прыручыў Рысь застрэліў. Брыгадны любімчык...
    — Чакай-чакай. А ты маё першае дзяжурства прыгадай, калі я падыхаў на пашы, а ты назіраў за мной і радаваўся. Было?
    Запанавала гнятлівая цішыня.
    — Ну, што наважыў, зямляк? — вывеў мяне з одуму голас Мікалая.
    — Дазнайся ў Аляксандрава, хто пагоніць статак на Мальдзяк, — кінуў я Анатолю.
    — Ён няўцямна ўскінуў вочы:
    — Пашкадаваў Эсцікава?
    — Сам сябе пашкадуй!
    Пастух рэзка павярнуўся і выйшаў з палаткі.
    — Усё правільна, братка зямляк. Гэта па-нашынску. Давай перакусім, і трэба рыхтавацца да вандроўкі.
    Вярнуўся Анатоль:
    — Ганарыся, Валодзя, ці смуткуй: адзін павядзеш статак.
    — Кіламетраў пяць набярэцца. Калі пачнуць класціся на зямлю інканы ды хворыя алені, не звяртай увагі, потым самі прыйдуць, — параіў Мікалай.
    Без прыгод табун перайшоў Улахан вышэй вусця Мальдзяка і пагоркамі, што цягнуліся злева ад ручая, рушыў да далекаватага краю лесу. Мільганула думка весці аленяў уздоўж ручая, аднак яны дружна ішлі наперад, і я вырашыў не чапаць статак. Першыя кіламетры адолелі спакойна. А потым пачало збывацца Міколава прадказанне: ляглі на зямлю адразу два інканы. З высалапленым языком ледзь валок ногі Дагор. Я пашкадаваў, што не абстрыг з яго густую, доўгую поўсць, як зрабіў Аляксей з Северам.
    Наперадзе выбліснула невялікая азярына. Алені гуртом палезлі ў ваду, ратуючыся ад спёкі і аваднёў. Залезлі ў ваду і мы з Дагорам, але цёплая, што сырадой, вада не дала палёгкі. Прайшло хвілін пятнаццаць — трэба гнаць статак далей. Аднак прымусіць аленяў вылезці з вады было нялёгка — яны не звярталі ўвагі на мой свіст і Дагораў брэх. Тады я стаў кідаць у ваду камякі зямлі — гэта напалохала аленяў, і яны пачалі выбірацца на бераг...
    Статак павольна перапаўзаў з пагорка на пагорак. Адно за адным клаліся на зямлю цяляты, потым адмовіўся ісці стары бык. Злева пачулася гудзенне — недзе ў вярхоўі Мальдзяка ішоў усюдыход. Падумалася: можа, хтосьці з пастухоў вырашыў памагчы? Але — марнае спадзяванне.
    Я аўтаматычна перастаўляў ногі, дарэшты змучаны спякотай. Алені ўжо нават на аваднёў не зважалі, толькі тупалі ды тупалі капытамі. Здавалася, яшчэ сотня крокоў і ўпаду. Не, трэба што б там ні было паварочваць табун да ручая.
    — Дагор!
    Пачуўшы мой голас, сабака з натугаю ўзняўся з купіны, наблізіўся да мяне. Я зразумеў, што разлічваць магу толькі па сябе. Давялося сабраць у кулак апошнія сілы, дагнаць пярэдніх аленяў і, размахваючы курткай, а часам і даючы палкай па спіне, павярнуць статак улева.
    Нарэшце адкрыўся Мальдзяк — з пратокамі, рэдкім кустоўем. На правабярэжжы паблісквала наледзь. За ручаём была разложыстая, шырокая даліна. Не распранаючыся, я плюхнуўся жыватом у халодную ваду, ніжэй па цячэнні здаволена пялёхаўся Дагор. Алені зганялі стому, улёгшыся на наледзь.
    Раптам аднекуль вынырнуў брыгадзір:
    Аднак трэба зганяць алешкаў з наледзі — запаленне лёгкіх схопяць... Чаму не пайшоў ручаём? — дадаў з мяккім дакорам.
    — Даў маху.
    — Ідзі дадому, адпачні.
    Стаянку зноў разбілі на беразе ручая, недалёка ад лесу. Месца выбралі ўдала: тут заўсёды дзьмуў вецер, побач былі дровы, вада, плантацыі ягелю ў тайзе.
    У адзін з вечароў Таня запрасіла мяне на юшку. Яе малодшыя браты паўладкоўваліся з міскамі на пасцелі, Васільеўна і Таня елі стоячы, мы з Міхаілам — за сталом. Раптам у малодшага, Сяргея, міска абярнулася, гарачая юшка заліла ногі, і хлапчук застагнаў ад болю.
    Васільеўна нешта злосна закрычала па-эвенску. Абодва хлапчукі няўцямна пазіралі на маці, нічога не разумеючы.
    Дрэнна ведалі родную мову і дзеці Сляпцовых — Вова і Люба. Бывала, у ня частай размове па-эвенску блыталі словы і дарослыя. Аднойчы Васільеўна нешта сказала, смеючыся, Тані пра мяне.
    — Паўтарыце, калі ласка, — папрасіў я жанчыну.
    — Гургулей хуслі, — выразна вымавіла яна. — Пагалі бараду.
    — А як сказаць — падстрыжы мяне?
    — Андаціць хуслі міну.
    Пазней, убачыўшы на двары Марыю, якая стрыгла мужа, што прысеў на нарту, я папрасіў:
    — Марыя, андаціць хуслі міну.
    — Што сказаў, Валодзька?
    Я па складах паўтарыў сказ, і толькі тады Марыя зразумела мяне.
    Няведанне родай мовы тлумачыцца адасобленым ладам жыцця эвенаў і орачаў, іх нешматлікасцю, працэсам асіміляцыі гэтых народнасцей з рускімі і якутамі.
    ...Брыгада наша пачала нагадваць каманду карабля, якая трапіла ў шторм і марыць хутчэй прыйсці ў порт ды паразбягацца ў розныя бакі. Такім “портам” быў Элікан, дзе знаходзіўся забойны пункт. Час цягнуўся марудна і аднастайна, і аднойчы я надумаўся зноў выправіцца на паляванне. Плечы ахінуў прасціною. усё-ткі маскіроўка на выпадак сустрэчы з баранамі. Дагор бег ззаду: хітры — разумее, што па маіх слядах лягчэй ісці. Перайшлі ручай, прамінулі ўзлесак, узняліся на горнае плато — вялізную талерку з краямі-стромамі. У цэнтры, паміж рэдкім хмызняком і камянямі-валунамі цямнела невялікае возера.
    З-за валуна я ў бінокль агледзеў наваколле: дзе-нідзе з-пад снегу чарнелі камяні, чорныя вяршыні нібы папрасядалі пад цяжарам сіняга неба. Хацеў ужо апускаць бінокль — і нечакана ўбачыў з дзесятак бараноў на адной з вяршынь. Агледзеўшы плато, яны папраставалі да азярка.
    — Ча, Дагор! — суцішыў я сабаку, потым асцярожна папоўз наперарэз табунку, да паўночнага берага возера. Раздзяляла нас метраў трыста. Корба [* Корба — важак у статку.] ўтаропіўся ў наш бок, адчуваючы нешта падазронае. Падкрадацца па адкрытай мясцовасці не было сэнсу. Вырашыў пусціць Дагора ўлева, каб адрэзаць баранам шлях да горнай вяршыні.
    — Бяжы туды, — паказаў Дагору рукой. — Толькі ціха.
    Бараны позна заўважылі сабаку, кінуліся ў мой бок і трапілі пад стрэлы: упаў адзін, потым закруціўся на месцы другі.
   Тым часам Дагор з разбегу ўрэзаўся ў табунок і пагнаўся за інканам, але да сабакі кінуўся важак і рагамі нанёс страшны ўдар: бедны Дагор узляцеў у паветра, перавярнуўся і каменем упаў на зямлю. Спалоханыя бараны следам за корбам кінуліся ў горы.
    — Сюды, Дагор! Назад! — разгублена закрычаў я.
    Дагор ляжаў на баку, намагаючыся ўстаць, з рота ў яго цурком лілася кроў. Я асцярожна, дрыготкімі рукамі абмацаў бедалагу — у яго была раструшчана правая лапатка і перабіты хрыбетнік...
    Не памятаю, колькі прасядзеў я з мёртвым Дагорам ня каленях. Са здрацвення вывеў мяне недалёкі стрэл. Сутонела. Вакол змрочна высіліся горныя вяршыні, панавала цішыня. Мяне ахапіў страх, захацелася хутчэй апынуцца ў лагеры. Я ўзяў мёртвага Дагора і пабег на стрэл. Насустрач ішоў Мікалай са стрэльбай.
    — Што здарылася, бра... — і змоўк, убачыўшы ў мяне на руках Дагора.
    Дамоў мы вярнуліся, калі ўжо зусім сцямнела. Я паклаў Дагора на нарту, сеў побач. Мікалай сілком зацягнуў мяне ў палатку, прымусіў выпіць гарачага чаю. Анатоль выключыў прыёмнік.
    — У тайзе ўсяляк бывае, Валодзя. Не перажывай... Калі пойдзе Біч на дзяжурства — бяры, — спачувальна сказаў ён.
    Дагора я пахаваў на схіле сопкі, выкапаўшы ў камяністым доле ямку: на дно палажыў некалькі галін лістоўніцы, зверху ўсё закідаў камянямі і прываліў некалькі вялікіх булыжнікаў, каб не дабраліся расамахі.
    Увечары зайшоў да нас у налатку Аляксей і, нічога не кажучы, паклаў мне на калені шчанюка — дакладную копію Дагора. Тры тыдні назад ашчанілася Белка, і Мікалай днямі аддаў адно шчаня Аляксею. Зусім нядаўна Сляпцоў даваў мне за Дагора двух чалымаў, а цяпер аддае шчаня, якое павінна было замяніць яму старога Шарыка.
    — Бяры, Валодзька, малога Дагора. Гэта падарунак табе, — сказаў шчыра, з добрай усмешкай.
    — Дзякуй, Аляксей. Не патрэбен ён мне.
    — Аднак дрэнна гаворыш. Нельга адмаўляцца ад падарунка. Дагор галодны, яму есці трэба. Ведаеш, як карміць?
    Аляксей накрышыў у міску хлеба, дробненька парэзаў кавалак варанага мяса, дадаў лыжку сухой смятанкі, трошкі чайнай заваркі і развёў усё гэта астуджанай гатаванай вадой. Падаў мне міску:
    — Ты гаспадар шчаняці — кармі сам. Сабачка павінен ведаць аднаго гаспадара.
    Дагор хутка апаражніў міску, лізнуў мне руку і заскуголіў, заенчыў, выпрошваючы ласку.
    — Разумны будзе, як бацька, — задаволена ўсміхнуўся Аляксей.
    Клопат пра шчанюка крыху прытупіў смутак страты.
    Перад полуднем мы павялі на забойны пункт партыю аленяў. Васільеўна ехала спераду на учыку [* Учык — верхавы алень.], астатнія гуртам ішлі ўслед. Мы з Міхаілам падганялі апошніх аленяў. Дарога цягнулася лясістай нізінай з наледзямі, камянямі, паваленымі дрэвамі. Праз гадзіну адкрылася паляна, на ёй — драўляная загародка у выглядзе трохкутніка. Васільеўна адчыніла вароты, заехала ў загародку, злезла з аленя. Праз некалькі мінут у загародцы быў ужо ўвесь статак. Міхаіл зачыніў вароты. Аляксандравы прывязалі да плота ездавых аленяў, астатніх загналі ў вузкі калідор. Адтуль рабочыя заводзілі па адной жывёліне ў доўгую пуню. Глядзець, як забіваюць аленяў, глушачы кувалдай па галаве і паласуючы потым горла, было непрыемна.
    З другога боку пуні, пад паветкай, віселі на круках асвежаваныя тушы. Тут я сустрэў галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Барыса Саўчанку, які вызначаў гатунковасць: у залежнасці ад укормленасці аленяў ён ставіў клеймы — пяцівугольныя, круглыя або трохвугольныя.
    — Барыс, не скупіся, — крануў я яго за руку.
    — Трэба было пасвіць добра, — у яго жэстах, у інтанацыі ўгадваўся Нямытаў.
    — А як наша прадукцыя выглядае?
    — Па праўдзе сказаць, такога яшчэ на забоі не бачыў: пераважна ідзе першым гатункам, вышэйшага — як кажуць, кот наплакаў. Нават капіталістам не будзе чаго прадаць, — сумна пажартаваў ветурач.
    Тушы, у якіх тлушчу было пальцы на два, рабочыя акуратна загортвалі ў цэлафан і складвалі ў бартавы “Урал” — гэта ішло на экспарт. Астатнія кідалі ў брудны кузаў самазвала.
    Чатырнаццатага лістапада мы завялі на забойны пункт апошніх аленяў. Падвялі вынікі: брыгада недалічылася дзвесце дзевяць аленяў, сярэдняя вага склала шэсцьдзесят шэсць кілаграмаў. Такога ў саўгасе яшчэ не было...
    Я пачаў рыхтавацца да ад’езду. Развітаўся з Аляксандравымі і Сляпцовымі. Мікалай з Анатолем наладзілі развітальную вячэру. Мы селі за стол, адчуваючы ніякаватасць. Нібы спяшаючыся, моўчкі выпілі і, амаль нічым не закусіўшы, закурылі, баючыся ўзняць вочы.
    — Коля, налі яшчэ. А то сядзім, як... — сказаў Анатоль.
    — Давай, братка ты мой, за пастухоў? Калі што не так было — не крыўдуй: мы людзі простыя.
    — Усё нармальна, хлонцы. Ну, што вам пажадаць? Хай ахоўвае вас лёс ад гора-кіраўнікоў, ад драпежнікаў, ад горных рэк і ўсялякіх няшчасцяў! Дзякуй вам!
    — Дарэмна едзеш, Мікалай паклаў руку мне на калена. — Але калі што — прыязджай! Прымсм з дарагой душой. Не забудзь пра артыкул — а раптам паможа.
    — Абавязкова напішу! А куды высылаць газету?
    — Шлі на пасёлак — дойдзе... А наогул крыўдна: маглі б яшчэ нармалёва папрацаваць...
    — Не трымай, Валодзька, зла: жыццё, сам разумссш, на дабрыні трымаецца... Дарэмна з тайгой развітваешся, — Анатоль пацёр скроні. — Твая жар-птушка — у тваіх руках.
    — Ты пра што? — я паставіў на стол конаўку з гарачым чаем.
    — Ды вось думка адна прарэзалася. Ты, скажам, збіраешся раздраконіць у газеце наша гора-начальства. Добра, надрукуюць артыкул. Але ці прыбяруць каманду Шурына з саўгаса — вось пытанне. Пасля таго, як ка Калыму прыязджаў Касыгін, усіх на звышпланавым працэнце золата заклініла. Каму цяпер алені патрэбны? Тым больш што Шурын з Максіменкам лічацца ў раёне гасціннымі гаспадарамі. А вось другі бок медаля. Прачытаюць твой артыкул кіраўнікі, да якіх ты пойдзеш прасіцца на працу, — як думаеш, узрадуюцца яны журналісту-крытыкану?
    — Толік, а пра жар-птушку... — нагадаў Мікалай.
    — Цяпер пра яе. Падзеж аленяў можна падаць у газеце і пад іншым соусам: маўляў, не хапае пашаў, абласное ўпраўленне кепска забяспечвае гаспадарку камбікормам, занядбана палітыка-выхаваўчая работа і гэтак далей. І Шурын аддзячыць табе: возьме ў кантору, зробіць брыгадзірам і ў якасці галоўнага саветніка прыставіць да цябе Аляксея. Аўтаматычна вырашыцца і сямейнае пытанне — Таня ж даўно па табе сохне.
    — Цікавая перспектыва, але... Ты лепш раскажы пра сваю жар-птушку, вярнуў я Анатоля да пачатку размовы.
    — Кожны па-свойму вар’яцее: адзін чалавек трымае ў руках здохлага вераб’я і лічыць яго казачным феніксам, другі доўга шукае птушку-казку і ўрэшце здавольваецца вераб’ём. Усё міраж, лухта. Ёсць толькі цнатлівая тайга, якую абагаўляюць сапраўдныя аленяводы. А мы — Коля, ты ды я — аблудныя дзеці, што знайшлі тут спакой ад жыццёвага бруду. Так што, Валодзя, калі падсякуць табе крылле, вяртайся сюды... Вып’ем за тайгу і пастухоў?
    — Трэба было б Аляксея запрасіць, а то не вельмі добра атрымліваецца, — заўважыў Мікалай. — Разам ногі білі...
    — Коля, дай я цябе пацалую, залатая душа, — Анатоль тыцнуўся губамі ў Міколаву шчаку. — Пайду на Аляксея, а то пачынаю раставаць ад сентыментальнасці.
    — I праветрышся трохі, — кінуў услед Мікалай і зноў павярнуўся да мяне: — Такія вось справы, братка ты мой. Неяк сумна стала. Шкада, што гэтак усё атрымалася.
    — Усс будзе добра, Мікола, бо ёсць ты, Аляксей, іншыя добрыя людзі.
    Увайшоў Аляксей, за ім Анатоль. Мікалай наліў усім гарэлкі.
    — Аляксей, у нас тост за тайгу і пастухоў.
    — Аднак добры тост. Я зусім мала вып’ю — як кажуць рускія, з павагі да вас, — ён зрабіў невялікі глыток.
    — Хлопцы, прапаную выпіць за добрых, мужных, цудоўных людзей — эвенаў!
    Усталі ўсе: беларус Мікалай Міснік, эвен Аляксей Сляпцоў і я, рускі, падтрымаўшы тост карэла Анатоля Эсцікава.
    — Хлопцы, а што за застолле без песні? Давай-ка, братка ты мой, нашу беларускую! — і Мікалай зацягнуў, паляпваючы ў такт рукамі па каленях “Касіў Ясь канюшыну...”.
    Я падхапіў песню, не ўтрымаўся і Анатоль. Аляксей “акампаніраваў”, паляпваючы ў далоні. Прыгадалася далёкая Беларусь: перад вачыма “намаляваліся” карта рэспублікі, Мінскае мора, Нарач, Белавежская пушча, Ленінскі праспект у Мінску...
                                                                             ****
    Неўзабаве пасля ад’езду з тайгі я паслаў пастухам фотаздымкі, металічны заварнік, дробнакаліберныя патроны, бісер, газету з артыкулам “Былі мільянерамі — зрабіліся даўжнікамі”. Шурына і Нямытава знялі з работы
    На апошнія мае два лісты Мікалай не адказаў: магчыма, адказы не паспявалі за мной у час вандровак па Калыме. Потым я вярнуўся ў Мінск.
    ...Снежаньскім вечарам у кватэры нясмела дзынкнуў званок. Я адчыніў дзверы — на парозе стаяў мужчына ў куртцы з аленевага футра, у вавёркавай шапцы, тарбасах. Буйны твар аж да вачэй хавала доўгая русая барада. Няўжо гэта?..
    — Заеўся, братка ты мой, сваіх не пазнаеш, — дрыготкім голасам вымавіў... Міснік.
    — Коля?!—мы моцна абняліся. — Адкуль ты?
    — Дома быў, у Магілёве. Разумееш, пісьмо атрымаў ад школьнікаў: пішуць, што адшукалі магілу бацькоў маіх... Яны ж партызанілі, атрад прарываўся з акружэння і... Лічыўся без роду-племені — і раптам... Ледзь не задушыў пацаноў ад радасці...
    — Рады за цябе. Праходзь, распранайся. Ванну прымеш?
    — Можна.
    Я прыгатаваў вячэру. Мікалай паспеў пасядзець на канапе, у крэсле, потым уладкаваўся па кукішках, нарэшце збянтэжана сказаў:
    — Зусім адвык ад цывілізацыі. Думаў, аглухну ў самалёце... Кінь ты хімічыць: давай магазінную струганіну з халадзільніку і сялёдку — гэта для мяне больш звыкла.
    Прыгадаліся разважанні Тані пра звера ў клетцы. Каб трохі памагчы Мікалаю, зрабіў падабенства стала з табурэтак, самі селі на дыван.
    — Адчыні акно, братка ты мой: дыхаць няма чым.
    — А пасля ванны не застудзішся?
    — Крыўдзіш таежніка... А можа, возьмем усё гэта і маханём куды-небудзь у лес?
    На вуліцы мы злавілі таксі і паехалі на Магілёўскай шашы за горад. На апчакскім скрыжаванні машына звярнула направа і спынілася на ўзлеску. Атрымаўшы ад Мікалая чацвяртную, вадзіцель паабяцаў вярнуцца ў пяць гадзін раніцы... і не прыехаў. Мы расклалі вогнішча, уселіся на паваленае дрэва, разлажылі на газеце закусь...
    — За сустрэчу, Коля! — я адчуў незвычайную лёгкасць, быццам нехта нябачны здымаў з мяне напружанасць, суцішваў боль у сэрцы, што пачынаў трывожыць апошнім часам. Прашла боязь сказаць нешта лішняе...
    — Ну, як жывеш, братка?
    — Не ведаю... — я паціснуў плячыма. — Раскажы пра сябе.
    — Што цябе цікавіць? Ага, дзякуй ад пастухоў за артыкул. Аганесян у нас дырэктар, паставіў гаспадарку на ногі. Цябе хацеў бачыць.
    — А твае поспехі?
    — Ажаніўся з дачкою Громава. Сыну ўжо тры гады. Брыгадзірствую з мінулага года. Няёмка хваліцца... ордэнам узнагародзілі.
    — Віншую. За гэта, як казаў Эсцікаў, сам бог дазволіў бы...
    — Няма Толіка, загінуў... Выпіў лішку з заезжымі геолагамі і надумаўся паказваць клас язды на учыку, як у цырку... I на скаку — галавой аб камень...
    — Шкада яго... А як астатнія пастухі?
    — Аляксей таксама брыгадзірам, з сынам пасвіць нагульны статак. У аўтарытэце — здаў на забой аленяў сярэдняй вагой семдзесят чатыры кілаграмы. Дачка, Люба, у тэхнікуме вучыцца на ветэрынара. Міхаіл з Васільеўнай на пенсіі, жывуць то ў тайзе, то па сядзібе. Таня — у трэцім статку, замужам, дачку нарадзіла. Барыс Саўчанка ў Магадане, на павышэнні. Рэдзькін атрымаў новы ўсюдыход. Здаецца, усё... Не цягне ў тайгу?
    — Цягне...
    — Цяпер не пазнаў бы Нагорнага. Аганесян разбурыў усе баракі ды хібаркі. Двухпавярховыя будыніны звонку атынкавалі, пабялілі. Тратуары паклалі. Цяпліцу на гектар завялі. Прыехаў бы, можа, на які тыдзень? Калі з грашыма...
    — Не ў гэтым справа, Коля.
    — Чорт вас разбярэ, завумнікаў. Як вы жывяце? Я чалавек просты, можа, чаго не разумею...
    Апоўдні Мікалай паляцеў дадому, на Калыму.
    /Полымя. Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс. № 12. Мінск. 1989. С. 173-188./




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz