ДЗЯДЗЬКА АНТОН
Загляне сонца
І ў наша аконца.
На самым канцы нашага сяла, аж пад лесам, стаіць, пакасіўшыся, старусенькая хатка; лёгка даведацца чыя яна, спытай толькі каго хочаш, а кожны табе гэта скажа, бо ўкруг усе ведаюць, што там жыве дзядзька Антон. Дзядзькай яго ўсе мы тут празываем, ад старога да маладога. Варт ён таго, бо гэта яшчэ нічога, што ён чалавек добры, справядлівы, для ўсякага шчыры, казаў бы бацька родны, а тое важней, што і разумны ён вельмі: аб чым толькі не папытайся, усё чыста ён табе так раскажа, што цэла рэч у галаве ясьней неяк стане.
Праўда, што меў ён дзе ўсяго навучыцца! Яшчэ хлапцом быўшы, вучыўся ён у нашай школе, пасьля ў Вільні, а патым зрабілі яго настаўнікам; толькі як зачаў ён вучыць дзяцей справядліва, вучыць усяго, што ў жыцьці ведаць трэба, а не таго толькі, што было прыказана; не ўспадабала гэтага начальства, узялі яго дый прагналі. Бадзяўся Антон потым па сьвеце колькі гадоў, бываў у розных канцах нашай зямелькі, бываў яшчэ далей там у Расіі, працаваў на розных фабрыках, на чыгунцы, а як бацька яго памёр, вярнуўся ён да сваей хаты і сядзіць вот ужо гадоў з дззеяць між намі на сваёй бацькаўшчыне. А дзіўны, інакшы, нейкі гэты чалавек! Як ён да ксёнжак ахвоцен: як толькі якую ксёнжку найдзе, зараз глядзіць, што ў ёй напісана. Калі ксёнжка дрэнная, калі няпраўду піша, махлюе, кіне ён яе ў кут і не загляне болей, а як дзе найдзе добрую, дзе шчырая праўда стаіць, то заўсягды перш сам прачытае, а пасьля і другім дасьць, або сам калі пры нядзелі, або сьвяце якім, уголас усім чытае, каб праўды вучыліся, каб пэўней і ясьней на сьвет божы глядзелі. Не раз бывала папытаешся: а што там, дзядзька, у гэтай ксёнжцы стаіць? — Зараз ён табе раскажа так ясна і проста, што толькі пасьля дзівуешся, чаму я такі неразумны і сам перш таго не дадумаўся. Ці раз прыхадзілася гаварыць з ім аб цяжкай долі мужыцкай, аб усім чыста што баліць, а чаму баліць — не ведаем; аднэй такой гутаркі покуль жыцьця, здаецца, не забуду а мусіць яна добрая была, калі так добра ў галаву мне залезла; так добра помніў, як ён гэта нам казаў, як мы ўсе з ім гаварылі, што калі хочаце зараз вам магу яе пераказаць. Вот паслухайце!
Сядзелі мы неяк раз з дзядзькай Антонам у карчме, пілі піва і гаварылі сабе як звычайна аб усім чыста. Дзеялася гэта зімой, быў на дварэ мароз дужы, а пад вечар нават вецер падняўся. Было позна, і мы ўжо зьбіраліся дамоў, як увайшло ў карчму трое людзей, добра такі зьмерзнуўшых на дварэ. Увайшлі, зьнялі пахвалёнкі, зачалі топаць лапцямі, цёрці рукі, ды сказалі шынкарцы падаць сабе гарэлкі.
— Адкуль бог вядзець? — пытаецца дзядзька Антон.
— Вазілі мы дровы на чыгунку, а цяпер дамоў едзем.
— А на дварэ мяцеліца, га?
— Ой мяцеліца, і сьвету не відаць, а мароз паганы толькі трашчыць па платох, трэба яшчэ выпіць, ці не разагрэе паганая, — сказаў адзін ды глянуў на другіх.
— Калі выпіць, то выпіць.
Клікнулі шынкара, той прынёс гарэлкі, па кручку выпілі, а Базыль Халадок, што з другога канца сяла, так адазваўся:
— Ей браточкі, на гэткі мароз і яшчэ бы выпіць выпадала, толькі вот бяда, што водка ўздаражала, а заработкі не вялікі. І чаму яна такая дарагая цяпер стала? Даўней помніў і палавіны цяперашняй цаны не каштавала.
— I як яна не мае быць дарагая, калі танна яе прадаваць не вольна, — адазваўся з печы Вінцэсь кутнік, — то ж млынара той рок у турму засадзілі за тое, што ён крадкай гоніў водку і прадаваў яе суседам таней, як шынкары прадаюць.
— Ведаю я, што гэта праўда з млынарам, толькі якая ж ім крыўда, што чалавек, які таней сабе вып‘е?Гэта мусіць штосьці не так, ці непраўда, дзядзька Антон? — спытаў Янка.
— Вінцэсь праўду кажа, — адазваўся для стала Антон, — паслухайце толькі, я вам лепей скажу як гэта ўсё дзеіцца. Служыў я калісь-та праз дзьве зімы ў бровары і добра ведаю, колькі гэта водка па праўдзе каштуе. То ж скажу я вам шчырую праўду, што як пан выганіць у бровары вядро водкі, то яна яму каштуе 10 злотых якіх, у благі год — 12 злотых; гэта значыцца і за муку, і за дровы, і за работу, і віньніку: усім заплаціць. А як з вядра можна наліць 50 кватэрак, то зрахаваць не трудна, што кватэрка па 6 грошай выйдзе. Так яно і быць павінна па праўдзе. А тут за кватэрку 28 грошай дзяруць. Што ж гэта значыцца? — А вот што: у кожнай кватэрцы даюць табе водкі за б грошай, а тыя 22 грошы, што за іх табе нічога не даюць, што ты значыцца аддаеш іх задарма, так тыя ідуць у кяшэнь цара, паноў і шынкара. Цяпер ведаеце?
— Чаму ж не! Добра ведаем, што хоць за кватэрку 28 грошай заплаціць трэба, то водкі ў ёй толькі за 6 грошай. Толькі таго мы неяк добра не ведаем, як гэта тыя грошы, што мы іх цяпер плацім за водку, пойдуць да паноў або да самага цара, бо тое, што шынкар дзярэ, гэтага Янкель нас даўно навучыў.
— А вот як: у кожным бровары мае цар такога акцызьніка, што толькі даглядае, колькі спірытусу там гоняць. Маюць яны нават такую машыну, можа чулі, такі зэгар, што ён ім сам пакажа, колькі чыстага спіртусу выходзіць. А ўсё гэта зроблена на тое, каб без іх ведама і адной краплі не вышла. Тую ўсю водку зэгар запішыць; акцызьнік гляне, напіша ў казну; пасьля казна, царавы чыноўнікі бяруць сабе за кожнае вядро водкі яшчэ па 3 рублі 70 кап. акцызы, а як цяпер, дык і болей яшчэ.
Вот і выходзіць цяпер на тое, што вядро водкі, што варта можа 10 злотых, каштуе без мала 7 рублёў. А што? — Ведаеце цяпер за што гэнага млынара забралі? Ён акцызы казьне не плаціў, яго і пасадзілі ў турму. Што ж далей выходзіць? Вот пан мае водку; плаціць ён перш-на-перш казьне акцызу, а як прадасьць водку купцу, павінна яму адбіць тую акцызу, а яшчэ і зарабіць. Купец, значыцца, плаціць перш за водку, колькі яна там вартуе, пасьля за акцызу, а яшчэ і за панскі заработак. Ну, а шынкар як прадае мужыку водку, што ж будзе ён траціць на ёй, ці што? Прадасьць ён яе так, каб усё адбіць і яшчэ добры барыш сабе ў кяшэнь схаваць. Трэба ж і яму каля гэтага пажывіцца. Гляньце цяпер як гэта дзеіцца: бедны мужык, што яму на кожны грош да поту напрацавацца трэба, як вып’е кручок водкі, сам адзін заплаціць заработак і шынкара і пана і найбольшы заработак казьне, бо мусіць заплаціць усю акцызу. А і тут яшчэ не канец, — вёў далей Антон, — то ж ведаеце, што не кожнаму можна шынкаваць. На тое пастаноўлены шынкі і карчмы, каб людзі патэнты на права шынкаваньня куплялі. І тут розныя розна плацяць: ёсьць такія, што плацяць казьне ў год па 140, па 280, а нават і па 550 рублёў, а дзе то і яшчэ болей. Ну, а ведама, што кожны шынкар возьме тыя грошы з тых, што п’юць; не вылажыць ён іх са сваёй кяшэні. То ж як плаціце за водку, то павінны яшчэ і той патэнтовы падатак заплаціць.
— Бачылі вы гэта, людзі, — зачаў Янка, — нават і не сьнілася нікому. Чалавек сабе вьп’е кручок, значыцца трэба заплаціць, значыцца належыць ад мяне, а тут яшчэ заплаці ўсялякія тыя заработкі і таму і таму.
— А ты думаў, што не? — кажа Антон, — толькі вы ўсё плаціце і самі таго добра не ведаеце, каму плаціць і за што. Або глянь — тытунь, хоць яго папраўдзе і з дымам пусьціш, усё ж трудна чалавеку прывыкнуўшы без яго абыйсьціся: закурыш люльку, то і аб ядзе часам забудзеш. Купляеш цьвёртку бакуну [* Бакун — сорт моцнага табаку.], а тут палавіна грошай у казну ідзе. І ўсюды, браце, так! Што толькі не возьмеш што толькі не купіш, што толькі табе трэба ці зьесьці, ці выпіць ці на адзежу, ці да гаспадаркі, за ўсё возьмуць з цябе і цану, і падатак, і возьмуць яго, здаецца, не сілай, здаецца, зусім справядліва, бо ніхто, здаецца, не гоніць цябе заплаціць: маеш ахвоту і грошы — купляй, не маеш — не трэба. І заплаціш, браце, той падатак так, што і сам таго ведаць не будзеш, а здаецца табе, што ўсе тыя грошы ты за сам тавар аддаў. Ажно гоніць цябе патрэба; яны тое ведаюць, што ты купіць мусіш, і налажылі падатак у такі хітры спосаб. Дзеля таго і падатак гэткі называюць не звычайным, як той, што за зямлю плаціцца, а такім, што ён не проста ідзе ў казну, а цераз людзей сярэдніх між вамі і царам, ці казной, і завуць яго дзеля таго пасрэднім, па расійску — „косвенным”. Не бяруць яго сілай, як падушны або другія, а так, памаленьку, крадком; казаў бы той кішэньнік на кірмашы, цягнуць грошы ад мужыка з кішэні ціха, але пэўна.
— А справядліва, — пасрэдні падатак, — казалі людзі, — хочаш плаці, не хочаш—не плаці, а ўсё ж такі так выходзіць, што аддасі яго: не аддасі проста ў казну, а перш купцу, а той ужо ў казну. Ну, добра! а як на наш розум, то ўсё такі гэта вялікае ашуканства, што быдта мы яго плацім па добрай волі; ну якая ж тут добрая воля, калі па праўдзе саўсім іначай выходзіць; хто ж будзе без адзежы, без зялеза, солі, а нават і без гарэлкі?
— У гэтым тут і штука! Добра цар ведае, што ёсьць дужа рэчы, што без іх чалавек не абойдзеццо, хоча ён ці не хоча, і купіць такі мусіць. Дзеля гэтага ён і аблажыў такія рэчы падаткам. А гэта ён сабе так хітруе: як бы прышлося мужыку яшчэ якіх 10 або 20 рублёў падатку за зямлю, мужык бы зараз спазнаў, што цар з яго дзярэ і чаго добрага, яшчэ б збунтаваўся; а так то ён плаціць па грошу, па два, і сам не ведае, што яго грошы памаленьку ідуць і ідуць у казну. Э, брацяткі! ці гэта мала такіх падаткаў, што аб іх і не памысьліш, а як прыдзецца, то воляй, няволяй заплаціць мусіш. Вот хоць падатак гербовы, той, што бяруць як просьбу да міравога падаеш, за тую марку, што трэба яе прыклеіць. Сама папера што ж яна варта? Можа якія 2 грашы, а купляеш з маркай, дык плаці залатоўку, дзьве, а ёсьць і па колькі рублёў. Або, за тую марку ніхто, здаецца, і граша не даў бы, а як прыдзецца, ці прашпарт узяць, ці прашэньне падаць, ці ў канцэлярыі што трэба, усё трэба, каб было зроблена па форме; і мусіш плаціць за тую паперу, ці марку, колькі яны там захочуць. Або купец як плаціць за тое, каб яму можна было таргаваць; адкуль жа ён тыя грошы возьме? Вядома, з мужыцкай кяшэні. Прыдзе чалавек ў крамку: дай, — кажа, — Юдка, фунт алею! — А добра. — А колькі ж ён каштуе? — Саракоўку. — За што ж так дзярэш? то ж я ведаю — пан табе па 20 грашэй фунт аддаў. — Ну! што ж што аддаў; а з чаго ж я заплачу 45 рублёў падатку казьне? — Ну і што ж тут яму скажаш? Не раз думаеш: чаму гэта так усё ўздаражала? А гэта з таго, што плаціш яшчэ і такі пасрэдні падатак казьне, а ён штогод расьце.
Або і то: купец купіў сабе машыну недзе за граніцай; вязе ён яе дамоў, ажно на граніцы стража стаіць і рагаткі пастаўлены. Трэба, кажуць, браце, у казну заплаціць падатку якіх 1000 рублёў. Купец заплаціў; прыдзе тая машына да Вільні, ці дзе там; на ёй сукно, ці паркаль выткуць, крамнікі разьнясуць той паркаль па вёсках бабам на спадніцы, ці на што там, і носяць яго людзі і не сьнілася ім, што яны заплацілі не толькі за той паркаль, і гандляру за фатыгу, а яшчэ і тыя 1000 рублёў, што іх купец аддаў казьне на граніцы. Або купіш сабе касу і рахуеш, што аддаў ты тыя грошы за зялеза, за работу і яшчэ купцу на барыш, а прыгледзься: казна за зялеза ўзяла грошы яшчэ там, дзе яго даставалі з зямлі і, купляючы касу, плаціць мусіш і той падатак.
Дык во як усё гэта дзеецца! Што толькі мужык купіць, за усё трэба хоць капейку казьне заплаціць. Ведама, што не плаціш усяго разам: часам капейку, часам тры, а з тых капеек робяцца рублі, а казна дык бярэ тысячамі. Так, братцы, плацім мы падатак і за сякеру, і за рыдлёўку, і за ўсё чыста, што толькі купляем, а не самі робім. А хоць бы хто і выкаваў сякеру сам, то ўсё ж такі мусіў купіць зялеза і заплаціць казённы падатак той купцу. Дзяруць з мужыка як могуць, і выходзіць так, што перш пан або купец заплаціць падатак казьне, а ўсё ж такі грошы тыя ідуць з нашага мужыцкага поту.
— Ой, праўда! — кажа другі, — а ўсё ж такі, дзядзька, то ж не ўсё мы самі закупім, і пан, і купец, і водку п‘е, і сукно купляе, мусіць жа і яны нешта за гэта плацяць?
— А ведама, плацяць і яны, толькі тая іхняя плата проціў нашай быць муха проціў вала. То ж ты сам ведаеш, што хоць адзін у якіх дзесяць або і сто разоў за другога багацейшы, то ўсё ж ён у сто раз болей водкі не вып’е, а вып’е колькі і ты, значыцца і падатку толькі заплаціць. Па праўдзе-та можа папы прап‘юць і 10 разоў болей грошай не на водку, дык на тыя дарагія заморскія віны, але што ж гэта ім значыцца!
— А відзіш, дзядзька! — сам ты кажаш, што пан або іншы багаты чалавек прап’е 10 разоў болей грошай; ён значыцца і акцызы 10 разоў болей заплаціць?
— Дык што ж, што ён плаціць! Як палічыш добра, заўсёгды так выпадзе, што бедныя мужыкі болей плацяць ад багатых паноў. Ведаеце ўсе добра, што бедных болей, чым багатых, болей мужыкоў, чым паноў. Парахаваўшы добра, выпадзе, што на аднаго пана, ці то з гораду, ці якога маёнтку мужыкоў і інных майстроў, адным словам, людзей працавітых выпадзе якіх 30, а дзе дык і болей. А цяпер каб кожны багаты плаціў акцызы і дзесяць разоў болей, чым бедны, то і так яшчэ выпадзе, што народ просты ўкупе ў казну аддасьць чатыры разы столькі грошай, сколькі заплацяць у казну ўсе багатыя разам. І было б гэта так тады хіба, каб паны гэту самую водку пілі, што і мы; але ж вядома, што яны п‘юць розныя віны заморскія, а на віно падатак невялікі.
— Праўду кажаш, Антоне! — кажу я яму на гэта, — але мне здаецца, што гэты ваш падатак пасрэдні выходзіць нароўні, або і горш яшчэ ад падатку зямельнага.
Антон папіў трохі піва і зачаў узновака:
— Ой, горшы, і як яшчэ горшы — паслухайце толькі: падатак зямельны ты заплаціў раз у год, сам значыцца за сябе, за тое, што ты поўны гаспадар — галава сям‘і; а тутака зусім не тое. З водкай, снасьцей, адзежынай зусім рэч інакшая; глянь толькі: ці ты сам адзін водку п‘еш, сам адзін адзяваешся? ці вашы бабы не п‘юць, ці вашы дзеткі хусьціны, ботаў не патрабуюць, ці што? Што ні ступіш — усюды плаці: плаціце самі, плацяць вашы бабы, плацяць дзеткі, плацяць без канца, без меры. А так хітра гэта ўсё зроблена, што здаецца быць бы гэтыя пасрэднія падаткі і не цяжкі для нас зусім; а чаму гэта так? не плаціш разам, плаціш патроху за кожным разам, як толькі што купляеш і сам не заўважыш гэтага што плаціш, а пралічы ты гэта ўсё хоць бы за год толькі!
Але няма чаго доўга гаварыць, калі трэба праканацца, колькі пасрэдніх падаткаў плацяць паны, а колькі ідзе іх ад мужыкоў — возьмем парахуем толькі; возьмем гэту самую водку: яе ўсю праве выпівае народ просты, а казна мае за яе штогод 260 мільёнаў; гэта значыцца трэба ўзяць тысячу разоў па 260 тысяч рублёў даходу, ні зашто — ні прашто; а ўсе чыста гэтыя грошы ідуць ад нас мужыкоў. А далей ад купцоў, за тое што яны маюць права гандаль весьці, казна мае 26 мільёнаў, значыцца тысячу разоў па 26 тысяч; і гэтыя ўсе грошы, як я ўжо казаў, ідуць таксама з мужыцкай кяшэні. А яшчэ ёсьць падаткі за папер гербовы, за пашпарты, за білеты на чыгунцы, за дарогі, за зялеза, за медзь, за іныя меншыя рэчы, за гэта ўсё разам казна бярэ 40 мільёнаў. Цяпер будзем рахаваць так, што акцызы за табаку, гарбату, цукар, за лісты, што пошта возіць, телеграфы, мы нічога не плацім, а плацяць толькі купцы і паны; хоць і тут нават, праўду сказаўшы, кожнаму ведама, што цяпер і мужык праве кожан люльку курыць, і гарбату п‘ець і лісты пасылаіць; але чорт іх бяры! за гэта казна бярэць 36 мільёнаў, і мы будзем рахаваць, што мы тут нічога не плацім; рахую так дзеля таго, што і паны ж і водку п’юць, і ў краме бяруць, а я іх там не палічыў; няхай будзе квіта, няхай не гавораць, што мужык не па праўдзе робіць! Успомніўшы ўсё, што мы тут гаварылі, выпадзіць, што за водку, за пашпарты, за гербовыя маркі, за дарогі, зялеза і іныя рэчы, без чаго жыць нельга, казна ад самых мужыкоў бярэць 290 мільёнаў рублёў.
А цяпер вазьміце, прыраўняйце панскі падатак — з мужыцкім: 36 мільёнаў і 290 мільёнаў.
Усіх людзей, ад каго казна царская гэтыя грошы зьдзіраіць, разам і мужыкоў і мяшчан выпадзіць болей як 70 мільёнаў і на кожнага чалавека выйдзіць плаціць па 4 рублі. А як палічыць яшчэ тое, што кожная сям‘я прынамсі 5 душ сталых мае, што ўжо я мала лічу, то і маецца, што на двор, на аднаго гаспадара, гэтага пасрэдняга падатку і выпадзіць болей як 20 рублёў на кожан год.
— Аднолькава ж — кажу я зновака да дзядзькі Антона — гэтыя багатыя паны ядуць і п‘юць розныя такія рэчы, што іх нашаму брату і ў небе нельга дастаць будзе. А ідзе гэта ўсё з заграніцы, а цераз яе ці ж цар усё дарма пазваляе перавазіць? бо калі ён з нас гэткую акцызу цягніць за такія рэчы, без чаго ў гаспадарцы і шагу не дасі, — то бардзей ён вінен бы быў аблажыць усялякія панскія патрэбы к выгодзе толькі.
— А ці ж я сказаў, што ён не акладаіць? — кажа Антон — вер мне, казна царская аб сваёй кяшэні, быць свіньня а брусе, помніць добра і надта добра, а дзе толькі што зьдзярці можна, пэўна зьдзярэць і мертвяцу не даруіць; толькі, бачыце, ад паноў то яна не можа ўзяць так многа, як ад нас.
Можам і гэта парахаваць, бо гэтыя грошы, што казна дарма бярэць на граніцы, усе чыста яны запісаны і добра ўсім ведама сколькі іх ёсьць: то ж усяго-наўсяго, казна на граніцы зьбіраіць у год 120 мільёнаў; як казаў я ўжо, гэта, значыцца, бярэць 1000 разоў па 120 тысяч.
Але найболей гэтых грошы казна бярэць за такія тавары, што яны і простаму люду патрэбны; значыцца, ён за іх і плаціць. Найбольш прывозяць машыны, што на іх робяць сукно і паркаль; прывозяць зялеза, сталь, косы, сярпы, сякеры, розныя інструменты, хварбы, адным словам усе такія рэчы, што мужык купіць іх сам, ці цераз купца, а ўсё ён заплаціць гэты гранічны падатак з сваёй кяшэні. І як добра палічыш, то за самыя панскія тавары: віно, ядвабі [* Шоўк.], калі дастане якія 2-3 мільёны, і то яшчэ будзе многа. А паны і купцы яшчэ наракаюць, што вельмі дужыя падаткі наложаны на загранічныя тавары.
Ой, гэтыя багачы, багачы! Ці яны маюць сумленьне? Спытай ты іх, што яны робяць каторы? Ці бачыў з вас каторы, каб пан сабе хоць адзін загон узараў? Ці відзелі, каб купец каторы сам на варстаце хоць локаць палатна выткаў?
Усё зроблена нашымі мужыцкімі рукамі. Мы для цара, для яго чыноўнікаў, для паноў вялікія дамы пастанавілі. Для купца мы фабрыку збудавалі і самі ў гэтай фабрыцы працуем. Мы пану зямлю заром, пасеем, змалоцім, на машыну завязем, а пан толькі грошы возьміць. А з нас дзяруць падаткі, што на іх жывець сабе цар з усімі сваімі дармаедамі.
Усё мы! на нас сьвет стаіць, мы ўсіх кормім, поім, адзяём, усе жывуць з нашай працы; усе наш пот і кроў сасуць, а мы за ўсё гэта ў бядзе, у холадзе дый у голадзе, ледзь не ледзь, бульбай самой з сям’ёй выжыць патрафім!
А паны і купцы, што яны робяць? Ходзяць сабе каля работы і крычаць на мужыка, няхай сабе хоць здохніць пры рабоце, каб толькі на яго працы найболей яму зрабілі. І што тут гаварыць, што паны і купцы меней ад нас падатку плацяць! Яны нічога не робяць і нічога не плацяць, бо ўсё, што яны маюць і што яны плацяць, усё гэта нажыта з нашай працы.
Так усе паны з нашай працы жывуць і апроч таго яшчэ і ўсе падаткі і ўсе ценжары на нас зваляюць. Вот, хоць бы ксёндз: бярэць ён такую пенсію, што сам мог бы пражыць з ёй добра і бедным яшчэ б мог памагчы. Але што ж! Кожны ксёндз такі скупец, такі хцівы на грошы, што і глядзіць толькі, каб скуль рубля ў кяшэнь сьцягнуць, і дзярэць бедных мужыкоў, колькі можыць. Ці вясельле, ці похараны, ці хрэсьбіны, за ўсё мусіш заплаціць і заплаціць добра. Як шавец боты шые, так ён моліцца за грошы. Каб хаця ён для нас быў ласкавы, жычлівы! Дзе там! Хто дужэйшы, хто багацейшы, ён з тым і прыстаець, таго і дзяржыцца. Колькі разоў ксёндз з амбоны правіць нам, што паны то нашы дабрадзеі, што трэба слухаць цара, яго чыноўнікаў. А чаму яны так гавораць? Таму, братцы, што яны самі панам і цару служаць, бо паны і цар прыказываюць ксяндзам, каб нас у цемнаце і ў послуху дзяржалі. Ксёндз сам вельмі баіцца, каб мужык не паразумнеў, бо тады мужык не даўся б абдзіраць ксяндзом.
Змоўк Антон, а нам ад слоў яго неяк пад сэрцам цяжка рабілася; падумалі мы сабе, як гэта на гэтым сьвеце ўсе чыста нас абдзіраюць, ашукуюць, зьдзекваюцца ўсяляк, ды яшчэ і сьмяюцца, што мужык ім за гэта шапку здыміць, ды ў рукі цалуіць, быць дабрадзеем сваім. А мужык бедны маўчыць і працуіць на перамену. Ой, не будзем мы цэла жыцьце так маўчаць, не будзем працаваць на пана, прыдзем да іх па сваё, дабяромся, дажывем лепшай долі!
Сьвятую праўду гаварыў Антон!
А я адазваўся: „Во цяпер, то я разумею, у які спосаб яны нас абдзіраюць, разумею добра, якое гэта ашуканства яны з намі выпраўляюць“.
— „Эй, браце, — гаварыў далей Антон, — не адно толькі гэта ашуканства! Нашто ім нас ашуківаць, калі яны могуць нас акрадаць у белы дзень, горш ад усялякага канявода. Ці царскія чыноўнікі стыдаюцца абдзіраць мужыка? Гэтага стыду мы, братцы, яшчэ не бачылі. Ці яны маюць сумленьне? З імі і гаварыць нельга, нявольна; дзяруць, лупяць: давай і квіта!
Або гэта во, ці гэта не зладзейства? Прыходзіць пара заплаціць падаткі; часта ў хаце такая бяда, што і есьці няма чаго, а прыдзіць стараста з картачкай з канцэлярыі і аддавай астаткі, што маіш, а сам — хочаш жыві, хочаш — з голаду памірай. Вот якая наша доля! Як успомніш часам, дык і сьлёзы у вачох стануць. А не аддасі астатняга граша, прададуць усю тваю худобу, а багачы толькі і чакаюць з боку, каб з бяды нашай скарыставаць, каб пажывіцца, і купляюць за нішто наш дабытак, на каторы чалавек часамі колькі гадоў працаваць мусіў. Вот як дзеецца: прададуць худобу, а прыдзіць вясна — няма чым зямлі араць, трэба лезьці да багатага, а пасьля яму цяжка адрабіць за тое, за паўдарма, а іначай рады ніякай няма.
Але скажыце вы мне, мае вы брацяткі, мае вы родненькія! За што яны з нас зьдзіраюць усялякія падаткі: падушныя, падымныя, зямельныя? За якія гэта, за чые гэта грахі. Хіба ж за тое што нас маці парадзіла, за тое, што сьвятая зямелька носіць што мы на дзянёк ясны, на соўненька сьветлае глядзім, што мы з цёплага дожджыку карыстаем, што па сьвеце божым ходзім?
Або розныя падаткі ў канцэлярыю: то на суд, то на пісара, на старастаў, іныя дробныя ды іх столькі, што і не зьлічыш!
Хіба не трэба і гаварыць, сколькі-та гэтых рублёў гвалтам з нас вырвуць што году; гэтага пэўна ніхто не забудзіць, сколькі яго крывавага поту ў чужую кішэню пярэйдзіць.
— Але, але шчырую праўду кажаш, Антоне, цяжкія, вялікія нашы падаткі, — гаварылі ўсе ў карчме, — і за што іх бяруць, за што выдзіраюць грош, цяжка запрацаваны? А скажы ж ты нам: ці многа там грошай ідзе ў казну ў такі спосаб?
— А вы думаеце мала! 125 мільёнаў, во сколькі. А гэты падатак завецца простым, непасрэднім, звычайным, бо яго зьдзіраюць проста, без падходца, звычайна: прыходзяць — давай і квіта, а не сьмей нават на гэта і піснуць!
Праўды! Блага нам было, вельмі блага за прыгону і няхай бог крые і ратуіць, каб калі гэткі часы ўзноў вярнуліся, але і цяпер не надта нам лепей: далі нам вольнасьць, далі — праўды! Але гэта вольнасьць мала нам лепей выходзіць, як тая даўнейшая прыгонная няволя! А пакажыце вы мне, хто з гэтай вольнасьці так дужа разбагацеў, або каторы вялікі пан зьбяднеў.
Няма чаго і гаварыць, сягоньня лепей, чым было даўней: прынамсі не б‘юць чалавека, не абходзяцца з табой, быць, з якой быдляцінай, як гэта даўней бывала; чалавек неяк цяпер вальнейшы, але што ж з гэтай вольнасьці, калі зямлі мала; бяда у хаце, падаткі заплаціць трэба, а як даўней аканом бізуном гнаў мужыка на панскую работу, так сягоньня бяда гоніць да таго самага папа на работу за цану, якую ён сам заплаціць захочыць. Праўды! Пан скажыць: вольна табе, браце, не ісьці да работы; ніхто табе за гэта і слоўца не скажыць, але за гэту вольнасьць мужык з голаду памерці можыць і сам, і жонка, і дзеткі твае, а ніхто табе і кусочка хлеба не дасьць; а не заплаціш падаткаў, то і худобу ўсю прададуць. А ведаеце ж вы, братцы, колькі на нас падаткаў адразу налажылі зараз, як не стала прыгону? Многа адробкаў было за паншчызны, але сягоньня 20, а часам 30 рублёў падаткаў мусім плаціць; 30 рублёў! жарты падумаць, а скуль іх узяць? З зямлі не дастанеш, на дарозе не найдзеш, збожжа не прадасі, бо часта самому ад вялікадня ўжо трэба на хлеб збожжа купляць, бо зямлі мала і свайго хлеба не хваціць, мусіш ісьці на заработкі, мусіш на гэтыя 30 рублёў больш як 100 дзён у гаду інным працаваць, каб хаця выжыць, каб падаткі заплаціць.
— Праўду кажаш, — сказаў я, трохі падумаўшы; — гэта зьдзерства, гэты падатак — акропная [* Страшэнная, жудасная.] бяда для нас. Няма што і гаварыць! Як так далей пойдзіць, прыдзецца нам цэлай грамадой з торбай у сьвет пайсьці. Ніколі нічога ў сваім часе не прадасі, а калі і прадасі, то за паўдарма праве, каб толькі ад суду выкупіцца.
А ўсе, хто толькі грошы на працэнт пазычаіць, толькі глядзяць, як тыя крукі, каб скарэй з жывога яшчэ кроў выссаць. Прадасі худобу ў восень за капейку, а на вясну ў гэтага самага не купіш і за рубель; а гэтак робячы даробішся многа багацтва!
А не дай божа пазычыць у каго грошы! За ўсё жыцьцё не выплаціш: тры аўчынкі з цябе здойміць!
— А зямлі ці яны нам многа надалі? — дакінуў слаўцо Баўтрук, — хто яшчэ абрабляў скарбовую зямлю, або з канём на прыгон хадзіў, таму яшчэ што-небудзь дасталася, а хто не меў нічога, таму нічога і не далі. А якая гэта зямелька? часта на яе і глянуць не хочацца: жвір, пясок, камень, сіняя, зімная такая, што часта і зярна не верніць. А прадаў ты скаціну ўвосені на падаткі — не маеш гною, не маеш чым зямлі вырабіць. Прыдзе жніво, на панавым дворным шнуры жыто быць золата калышацца, а ў цябе часта асот, дырса, дый колас ад коласа з возам пераедзеш — не зачэпіш. Ці адзін гэта гараваў-гараваў пакуль бог у цярплівасьці дзяржаў, а пасьля тык кінуў хату, і зямлю, і жонку, і дзетак, ды пашоў у сьвет, куды вочы глядзяць!
— А так дойдзе да гэтага ў усіх нас, — сказаў Антон. — Хто пачціве на сваёй ніве працуе, не скупляе грунтоў ад бяднейшых, не займаецца пазычаньнем грошай на процант, таго, перш або посьле, самаго, а не — дык яго дзетак, а змусіць бяда аддаць свой родны кусок зямлі або ў казну, або за даўгі і за процант. Так, братцы! Купцы, мяшчане, а нават і не адзін мужык забагацеўшы чужой крыўдай, задарма будуць купляць нашы надзелы; што раз болей зямлі будуць мець, а нас што раз болей пойдзе ў сьвет шукаць хлеба, шукаць заработку; пойдзем летам на панавы землі, а зімой — на фабрыкі. Ой, быў я там і бачыў я многа такіх людзей, што па фабрыках працуюць — бедныя гэтыя людзі! А як разгаворышся з каторым аб нашай бядзе, як зачне табе талкаваць, як гэта мужык з майстрамі скінуць калісь-то з сябе няволю гэту, то аж неяк на душы весялей робіцца. Яны першыя мяне навучылі, што майстар, што чалавек рабочы на фабрыцы і мужык рабочы на зямлі гэта ўсё адзін чалавек; што яны павінны дзяржацца грамадой, разам трымацца аднэй кучы, бо таксама цяжка працуюць, таксама і гаруюць, і таксама іх і казна, і цар, і паны,. і ксяндзы абдзіраюць.
— Але! — кажа стары Базыль, — хто багаты, таму і было і ёсьць добра на сьвеце; а бедныя, ці то ў вёсцы, ці то ў горадзе, з году на год, усё ў большую і большую бяду лезуць.
І зновака ўсе мы замоўклі; папілі піва, але, гляджу я, Антон неяк усё не можа ўсядзець спакойна і, як зачаў раз, так правіць і правіць далей.
— А ну! — кажа Антон, — аднолькава ж зачалі мы гаварыць аб гэтых падатках, пагаварым і яшчэ троху; глянем хоць адным вокам на тое, куды ж гэта ідуць усе гэтыя нашы капейкі, чые гэта кяшэні растуць з нашай крывавай працы і поту.
Глянем, можа гэтыя ўсе падаткі ідуць у нашу карысьць? па праўдзе так бы прынамсі павінна быць. І каб так мы самі сабой кіраваліся, самі сябе судзілі, самі на сябе падаткі накладалі, то прынамсі грошы гэты пашлі б на наша уласнае дабро. А цяпер гляньце, куды дзявае гэтыя грошы казна царская, Маскоўская! Пабачце! З году ў год царавы пісары робяць такі рахунак, дзе пішуць сколькі, дзе і на што яны гэты грошы выдаюць; рахунак гэты яны пішуць у газетах, і там вычытаеш усё чыста, што я, калі хочаце, цяпер вам скажу, — толькі паслухайце!
Перш-наперш, царская сям’я бярэ штогод 18 мільёнаў рублёў апрыч даходаў з зямлі сваёй; а вы гляньце, сколькі зямлі скарбовай у кожным уездзе ёсьць, — і апрыч мейсц, дзе капаюць зялеза, соль, золата, і другіх даходаў. А ў гэтых маёнтках, а ў гэтых яго капальнях, хто ж апрыч мужыкоў працуіць? Але ці вы разумееце, якую ён сабе пенсію назначыў? 16 мільёнаў, гэта ж акурат на адзін дзень выпадае 45 тысяч, праве 2 тысячы на адну гадзінку, каб ён нават і не спаў ніколі. Што ж, братцы, маіць за што гуляць царок за гэты нашы грошы! Што? А як толькі ў яго дзіця народзіцца, зараз яму бацька вызначае на пялёнкі 100 тысяч рублёў; а сваім дзеўкам што гэта цар дзяржыць без ліку, каб свая жонка не спрыкрылася, дык і не па сто тысяч даець — даець без ліку; усё роўна не з сваёй працы грошы! За гэткія грошы можна б полгуберніі выжывіць! Вялікія грошы, няма што казаць! але ж на тое ён цар! Бо як жа бы яго можна было распазнаць што ён цар, каб не тое, што ён умее многа грошы выдаць: бо каб не тое, то ён такі самы чалавек, як і кожны з нас, і не разумнейшы, а ўжо пэўна не лепшы, а нават у сто разоў горшы. Маіць вялікую сілу, маіць многа грошай, мог бы не аднаму памагчы, а ён толькі аб тым думаіць, каб з кожнага дзярці як найболей, каб толькі яму было як найлепей.
Гляньма толькі, на што ён гэтыя мільёны выдаець, якія ён збыткі за гэты грошы выпраўляіць: есьць, п‘ець, у золаце гуляіць, абеды спраўляе, радню іных каралёў і вялікіх паноў спрашаіць, у аксамітных і залачоных пакоях весяліцца і больш нічога — вот што!
А каб мы так запыталіся, чым ён нам за тыя 16 мільёнаў дзякуіць? О! вялікім дабром! ёсьць за што і яму дзякаваць! Плятуць людзі, што цар нам вольнасьць даў, ад прыгону зволіў. Але пляцець той, хто не ведаіць. А гэта, відзіце, гэтак было: паншчызна мужыком дужа дакучыла, і не ў адным мейсцы, і ў Расіі, і пад Кіевам, мужыкі пачалі бунтавацца, перасталі да работы хадзіць. Спужаўся цар гэтых бунтаў мужыцкіх; зьмеркаваў, спахваціўся скора, што, як ён не скіне прыгону, то мужыкі і да яго дабяруцца; даў нам вольнасць, а сваім чыноўнікам прыказаў усюды гаварыць, што ён для нас дабрадзейства зрабіў, што ён гэта зрабіў з ласкі, за сваей даброці, з таго, што ён нас любіць вельмі. Ой, любіць ён нас, любіць, аж у нас костачкі з яго міласьці трашчаць! То ж то ўсе добра помнім як, з дзесяць гадоў таму будзе, каля Друі мужыкі не хацелі ўступіць грамадзкай сенажаці, што пан і спраўнік хацелі ад іх адабраць, а мужыкі цапамі ды каламі прагналі іх з сенажаці. А цар за гэта двух мужыкоў на сьмерць асудзіў, а з пятнаццаць душ у Сібір саслаў. Ой, прыпомнім мы яму гэта некалі!
Ну, дык вы ж помніце, братцы, што гэту вольнасьць даў цар не з ласкі, а з мусу: баючыся за сябе самаго; а і гэта яго вольнасьць насьмех называецца вольнасьцю. Вельмі многа нам поля панадавалі! Так многа, што каб чалавек у двары на заработкі не наймаўся, у паноў за цану, якую яны хочуць даваць, то пры цяперашнім зьдзерстве з гэтым полем чалавек бы з голаду памёр. А цар, даўшы вольнасьць, надбавіў падатак усялякіх, панасаджаў розных чыноўнікаў, пісараў, ураднікаў, каб яны тут над намі надзор усялякі мелі і каб падаткі з наз зьдзіралі.
Яны ўсе добра ведаюць, што мужык пры дастатку, пры вольнасьці паразумнеіць і зараз дагадаецца: дзе яго прыяцель, а дзе злосьнік. — І сказаў цар чыноўнікам: дзяржыце мужыкоў, каб цёнгле баяліся, а падаткаў дзярыце колькі можаце, А то, не дай божа чаго-кольвек падумаць, яшчэ мужыкі сваім водумам захочуць запраўляцца; не захочуць на паноў, маіх прыяцеляў, крывавым потам працаваць; не захочаць слухаць ані кзяндза, ані спраўніка, ані губернатара самаго, захочуць самі сябе судзіць і рабіць так, як ім будзе найлепей.
А можа і падаткі плаціць перастануць, і ў салдаты сыноў не дадуць, каб пасьля ў родных братоў стралялі: што тады будзе, як усе мужыкі, увесь народ перастаніць падаткі плаціць і ў салдаты не пойдзіць? Ой, тады б у цара і грошы на войска не стала, і войска б не было! Бо з чаго ж у цара войска зложана, як не з мужыкоў — з нашых сыноў і братоў?
— Праўду кажыць дзядзька Антон, сьвятую праўду! Але толькі гляньце, гэта ж ён у сваім войску не толькі нашых дзяцюкоў маіць; там жа ж многа ёсьць і маскалёў, то ж яны яму заўсёды памогуць: і грошы дадуць, і ў салдаты пайдуць на яго абарону.
— Эй, браце! што там болей маскалёў, гэта праўда; але паслухайце толькі, што я вам скажу. Бываў я не толькі ўсюды ў нашай старонцы, але будзе таму гадоў з дванасьце як быў далёка, далёка ў Расіі, у самай Маскалёўскай зямлі. Наглядзеўся я і на іх жыцьцё: ні ў чым яно не лепшае ад нашага! То ж і рускі мужык не пад інакшым царом жыве, а пад тым самым, што і мы, а як ён нас дзярэць і душыць з усёй сілы, да астатняй капейкі, таксамюсенька з усяго абдзіраіць ён сваіх; таксама ў іх мужык з бяды і з голаду паміраіць на багатых панскіх нівах; таксама на купецкіх фабрыках, а нават горай яшчэ; у іх не раз пад бізуном мужык богу душу аддаў, бо ў іх такі парадак, што як хто не мае чым царскага падатку заплаціць і ўжо нельга з яго гэтых грошай выдужыць, то б’юць за гэта. Вось як жыве рускі мужык!
І з гэтых мужыкоў набіраюць царскія чыноўнікі войска і шлюць у наш бок. Ай, людзі, людзі! Каб вы ведалі, як гэта рускім мужыкам што год ясьней у вачох становіцца. Перш-на-перш, многа ўжо гадоў мінула, як яны спазналі, што поп гэта найвярнейшы царскі слуга, што ён толькі чмуціць народ. Вучыць ён, што цар — гэта бог земскі, што яго трэба слухаць, што яму самому трэба астатні крывавы грош аддаць, хоць бы ты сам нават з голаду пух; бо такая царская воля. Мала таго! Як там самі папы даелі мужыкоў сваім зьдзерствам, мужыкі сабе падумалі: ці ж гэта слушна, ці гэта дзе хто вычытаў, што сам Езус вучыў, што цар — бог, што трэба у родных братоў на вайне страляць, што трэба людзей абдзіраць, як гэта ў нас робяць папы, кажучы: дай-то на хвалу божу. Падумалі, ды і перасталі ўсяму гэтаму верыць, перасталі слухаць, што папы гавораць, бо пераканаліся, што няма большых у сьвеце ашуканцаў як яны. Яны і Езуса і бога прадалі б, каб толькі сваю кяшэнь набіць, што б яна заўсёгды поўная была; каб дзяржаць мужыкоў у цямнаце, ды ў послуху для цара, яго чыноўнікаў і паноў.
— І нашы ксяндзы не лепшыя, такія самюсінькія! — сказаў Баўтрук.
— Чыноўнікі, — вёў далей Антон, — іспраўнікі, паліцыя і іныя слугі царскія, што гэта з мужыкоў зьдзіраюць, іх у послуху для цара дзержаць, добра даліся ў знакі мужыку рускаму, але і ў тых розум не адбіты і ўжо вот колькі гадоў, як мужыкі рускія штогод бунтуюцца проціў цара: часта цэлая вёска, узяўшы ў рукі калы, цапы і сякеры, бароніць свайго дабытку, каменьнямі выганяе ўсіх зладзеяў і разбойнікаў, што прыязджаюць да іх, каб за падаткі і даўгі прадаць астатнюю мужыцкую скаціну. А гэтакіх бунтаў у цэлай Расіі і ў казацкай старане штогод пэўна з сотню нарахаваць можна; толькі аб гэтым трэба чытаць у газетах, хоць яны і не ўсё пазваляюць пісаць аб гэтым, бо пэўна, што царскім чыноўнікам гэта нясмачна, што мужык крыўду сваю разумець начынаіць і з усёй сілы бароніцца проці ёй. Найчасьцей мужыкі з гэтага бунту не толькі ніякай карысьці, але яшчэ і вялікую бяду маюць, бо прылятуць іспраўнікі з войскам, палавіну вёскі ў турму пасадзяць, а пасьля ў Сібір сашлюць; а другую палову пусьцяць з торбамі па сьвеце! Пэўна адна вёска ім рады не дасьць, але каб усе вёскі, да ўсе воласьці паўсталі разам, тады б пэўна канец быў царскаму панаваньню. Ой, штось мне здаецца, што скора выб’е астатняя гадзінка царскіх парадкаў. Гляньце, людзі! То ж тага цара забілі на вуліцы, як мы калісь каламі сабаку шалёнага. А як вам здаецца, хто яго забіў?
— Па кірмашах гаварылі, — адазваўся нехта, — што яго паны забілі, хочучы ўзновака прыгон вярнуць.
— Плюнь ты ў вочы таму, хто гэта табе зманіў! — крыкнуў Антон, — не паны, але мужыкі рускія, што захацелі пазьдзеквацца на цару за ўсе свае крыўды, усю нядолю сваіх братоў мужыкоў. І цяпер у Расіі надта многа такіх мужыкоў і майстроў і людзей з фабрык розных, што хочуць скінуць з сябе гэты хамут царскі. Чыноўнікі надта іх шукаюць, цар вешаіць іх, шлець на Сібір, дзержыць па турмах, а яны з году на год сільней становяцца, як на дражджах растуць, а што аднаго павесяць, на яго месцы дзесяць новых. Сем разоў прабавалі таго цара з гэтага сьвету зьвясьці, алець за васьмым разам удалося ім гэта. А гэты новы цар, цяперашні, такі запужаны, што з свайго палацу баіцца і галавы выткнуць; ну, і не дзівота! З кожнай стараны сьмерці спадзяецца; у сваім палацу і то цёнгле за страху трасецца, бо добра помніць, як гэта 13 гадоў таму адзін мужык навучыўся сталяркі, пашоў да палацу на работу ды і падлажыў такога пораху, што як узарвала, то чуць самага цара і яго чыноўнікаў не забіла.
— Што яны зробяць, — забурмеў Базыль, — не будзе гэты будзе іны, а нас усе будуць ціснуць таксама.
— Да пары пэўна будуць, — ужо ў голас сказаў Антон аж яму вочы з гневу заблішчэлі, — але зараз прыдзе канец і на ўсіх цароў, няхай толькі ўсе мужыкі са сну прабудзяцца, няхай толькі самі захацяць сабой запраўляць; хто тагды будзе цара бараніць? Войска? то ж гэта таксама мужыкі; сам цар цяпер ужо не вельмі дужа рахуіць на салдатаў. Памудрэў і салдат, і яго цяпер не ашукаеш. Бо, праўду кажучы, што ён маіць за сваю службу? Помніце астатнюю вайну з туркамі, што была ўжо чатырнаццаць гадоў таму, больш як трыста тысяч дамоў не вярнуліся. Палова бедных салдатаў згінула ад кулі, а янаралы так кралі, так голадам усіх чыста марылі, што другая палова з голаду вымерла. Нялёгкая доля і тых, што дамоў вярнуліся; змучаны, пакалечаны: той без нагі, той без рукі. Як тут жыць, калі няма сіл нават на хлеб зарабіць сабе, бо не выжывеш жа за гэтых колькі капеек, што табе цар дае, і за гэты мядзяны медаль, што пры сярмязе балтаецца. Ой! не трэба і вайны на тое, каб доля салдатаў стала вельмі цяжкай: муштруюць, б’юць, мучаць, голадам мораць, бо крадуць усе, пачаўшы ад фельдфебеля да цара самага. І салдаты таксама ў розных месцах зачынаюць бунтавацца. Многа іх ужо цар павесіў, парастрэліваў, многа і ў турме гніе, за тое, што не хочуць цара і яго афіцэраў слухаць; бунтуюцца з мужыкамі і фабрычнымі людзьмі, каб дабіцца для ўсіх лепшай долі. Так, братцы! Дужа паразумнелі мужыкі рускія, шкода толькі, што ў нас яшчэ ніхто не ведае, як яны там у сябе з казной і з панамі ваююць і чаго мужык мае права хацець; ведаюць яны добра, што пакуль цар з панамі і іспраўнікамі, і ўсімі сваімі слугамі будзе панаваць над людам і выціскаць з яго астатнія сокі як з сыра канаплянага, датуль мужыкі не зазнаюць лепшага жыцьця, не зазнаюць долі; і хочуць яны выгнаць усіх паноў, выгнаць чыноўнікаў і ўсялякіх зьдзерцаў, што пад царскім платом сідзяць, нічога не робяць, з крыўды людзкой шчасьліва і весела жывуць сабе. А як не будзе гэтых усіх піявак, не будуць плаціць мужыкі гэтакіх вялікіх падаткаў, не будуць дзяцей у салдаты аддаваць, каб над німі ўсякія сабакі зьдзекваліся, будуць сваім розумам кіравацца, будуць гаспадарыць так, каб усім было добра, забяруць зямлю царскую і панскую, лес і сенажаці, бо павінна ж зямля да таго належаць, хто яе арэць. Во тагды будзе праўдзівая вольнасьць, праўдзівая свабода! Зразумейце, братцы, што тыя людзі, што цяпер на шыбеніцах гінуць, гніюць па астрогах царскіх, гэта праўдзівыя сьвятыя; яны нічога не баяцца, аддаюць сваё жыцьцё, каб толькі як найскарэй для бедных мужыкоў добрую долю даць і ўсіх нашых злосьнікаў выгнаць. З кожным днём людзей такіх болей. Памажы ж, божа, гэтым мучанікам, гэтым салдатам за нашу мужыцкую свабоду! А калі так увесь народ, падўладны цару рускаму, паразумнеіць, змовіцца, не дасьць з сябе зьдзіраць падаткаў, не пойдзіць у салдаты, то што тагды будзе, хто ж бараніць будзе? Войска цэлае будзе з намі; паны, купцы, чыноўнікі, усялякія зьдзерцы так спужаюцца, што хто лепшы возьмецца да работы, рэшта ўцякуць: іх жменька толькі, а нас мужыкоў многа, мільёны цэлыя.
Дзіўнай здалася нам мова Антона, ніхто да нас ніколі так не гаварыў і ніхто і не думаў, каб гэта мы мужыкі гэткую сілу мелі, Зразумеўшы гэта ўсё, зрабіць толькі так, як ён казаў, а зразу казны, і цара, і паноў бы не стала; а не будзе падаткаў, — не будзе і нашай вечнай бяды.
Тымчасам Антон так далей вёў:
— Ну! але вернемся да таго, аб чым перш гаварылі. Я ўжо вам паказаў, а і вы самі добра разумеіце, якая гэта наша царская вольнасьць і чаго нам яшчэ ад цара можна спадзявацца. Як сьвет сьветам яшчэ ні адзін цар для свайго народу, для мужыкоў нічога добрага не зрабіў. Як толькі дзе пануюць каралі, ці цары, усіх яны ціснуць, а думаюць толькі аб тым, каб ім было лепей. Як дзе радзяць аб усім чыста паны, то яны так усё чыста скіруюць, каб толькі панам было добра, а мужык няхай жыве як сабака ў бядзе і цямноце, каб толькі працаваў на ўсіх і плаціў падаткі; так усягды бывала, так і будзе покуль будуць кіраваць народам цар, кароль, шляхта, купцы, ці багачы; трэба каб сам сабой народ запраўляць стаў, тагды толькі можа быць яму добра. А чаго ж нам спадзявацца ад рускага цара? Ці ён сам не пан, не купец, не фабрыкант? І ён за прыгону меў сваіх людзей, што ў нас іх называлі скарбовымі, альбо казённымі, а ў рускіх „удзельнымі“. Што ж! Ці ён хаця сваім людзям даў праўдзівую вольнасьць? Ён жа пан большы за ўсіх чыста паноў! гляньце толькі: і ён мае 160 мільёнаў дзесяцін зямлі. А ці ён мала мае фабрык, ці можа думаеце, што на яго фабрыках лёгка жыць работнікам? Ідзіце гляньце! Як я відзеў, то ў яго горай жыць, чым у якога пана, — дык чаго ж мы будзем спадзявацца ад гэтага найбольшага пана, найбагатшага фабрыканта — рускага цара?
Так яно і павінна быць, братцы, ні на каго сягоньня лічыць мы не можам, як толькі на саміх сябе. — А і гэтага яшчэ мала, не досьць яму, што з нас зьдзірае колькі хочыць; ён асудзіў на зьдзерства нават дзяцей і ўнукаў нашых, ён парабіў такія даўгі, што хіба іх і ніколі не выплаціць; цяпер самаго працэнту казна плаціць 260 мільёнаў рублёў розным багачом...
Лёгка гэта сказаць, але ці вы ведаеце, што гэта гэты доўг царскі, казённы? Слухайце: калісь-та цар сказаў чыноўнікам пазычыць грошы, бо не было за што вайну весьці. Сказаў — дык пазычылі ад розных багачоў, а цяпер ведаіце ж вы, колькі доўгу на нашых галавах ляжыць? Сказаць страшна: 5000 мільёнаў рублёў! Гэта і граматнаму і вучонаму зразумець трудна. Каб казна ўсё чыста, што кожнага году з усіх людзей здзіраець, аддавала на гэты доўг, то і так яшчэ ў 5 гадоў усяго бы не выплаціла. А каб так цар мусіў цэлы гэты доўг зараз заплаціць, то выпала б на кожнага чалавека даць па 50 рублёў; а як дзе ў сям‘і пяць душ, то значыцца аддай за цара 250 рублёў. Гэтакім парадкам мы, простыя людзі, што ані капейкі з гэтых мільёнаў ніколі не відзелі і не пазычалі, цэлае жыцьцё, штогод будзем з кожнай сям’і 20 рублёў за царскія даўгі сваім крывавым потам процант плаціць. І гэтаму канца і меры не будзе! Цар новую вайну ўздумае, а мы, дзеткі нашы, унукі і праўнукі, даўгоў яго не выплацім. — Ну! дзядзька, — кажу я, — мы гэты страшныя падаткі плацім, а колькі б так было гэтых грошай, каб іх на свае вочы пабачыць?
— А паслухайце, колькі! Я гэта з умыслу акурат учорака ў хаце парахаваў. Няхай бы ўсе гэтыя рублі былі сярэбраныя, мусіць вы іх відзелі, хоць та цяперака так рэдка можна з імі спаткацца.
— Але! відзелі ў Янкеля, — кажым.
— От, добра, няхай гэтыя ўсе 5000 мільёнаў будуць у сярэбраных рублёх; як вы думаеце: колькі гэта будзе важыць? У мяне ў адной ксёнжцы напісана, што 1000 рублёў серабра важыць пуд і 11 фунтаў; я сабе і парахаваў, колькі ўсе грошы будуць важыць і ў мяне вышла так многа, што і падумаць страшна: шэсьць мільёнаў, трыста семдзесят тысяч пудоў серабра (6.370.000)! А каб пакласьці гэтыя грошы ў вагоны на чыгунку, 500 пудоў у кожны вагон, то на гэта трэба было б 12.750 вагонаў; а каб гэтыя вагоны паставіў у рад на рэльсах, то бы яны занялі месца 80 вёрст, праве 12 міль. Ну, што ж! Зразумелі вы цяпер, які гэта доўг, за каторы мы плацім цяпер процант?
— Езусе, Езусе! гэта ж мне ніколі і ва сьне столькі грошай не сьнілася! Аднолькава ж, каму ж яны плацяць гэтыя 260 мільёнаў процанту? Ці ёсьць на сьвеце такі багач, што цару пазычыў столькі грошай?
А Антон кажыць:
— Пэўне, што аднаго такога багача няма на сьвеце, але ж яму пазычылі праве ўсе багачы і нашыя, і з чужых краёў, а дзеіцца гэта вот як: цар кажыць нарабіць папяровых грошай, толькі не такіх, якія па людзях ходзяць, а асаблівых, інакшых: на іх напісана „заём казны“, а па нашаму — пазычка казны. Цана гэтага паперу — 100 рублёў, хоць сама казна за яго і аднэй капейкі не дала. Цяпер, як хто купіць гэтакую паперу за грошы, таму штогод казна плаціць 5 рублёў процанту; а купляюць іх купцы, паны, чыноўнікі і, разумеецца, нічога не робяць, сядзяць сабе і дастаюць штогод гэты процант тымі грашмі, што іх казна з нас мужыкоў зьдзярэць. Вот якім парадкам мы, бедныя, з сваёй цяжкай працы даём вялікія грошы на багачоў і ўсялякіх гультаёў, не толькі сваіх, але і загранічных.
— Няхай табе, Антон, бог ў клеці памножыць, за тваё праўдзівае слова! — кажу я яму. — Цяпер та я ўсё чыста добра разумею; скажы мне толькі яшчэ адно: мне здаецца, што ў казьне надта многа грошай выходзіць на войска і на салдатаў?
— Чацьвертая часьць цэлага даходу, — кажа Антон, — блізка 250 мільёнаў рублёў у год. Ой, салдаты, салдаты, колькі вы нашага хлеба ясьцё, а чым вы нам за гэта заплаціце? Мала было цару дзярці падаткі з людзей; выдумаў яшчэ адно найгоршае зьдзерства: ракруцкі набор. Гэта ўжо не грошы з нас бярэць — падатак гэты плацім яму целам і кроўю мужыцкай: мала цару нашых грошай, трэба яму сыноў і братоў нашых. Маю і я роднага брата ў салдатах. Даўней добры, ласкавы быў дзяцюк, а цяпер ані прыступіцца да яго. Псуець іх цар са сваімі афіцэрамі. Трымаюць іх у лагерах, каб людзей не бачылі, каб сэрца людзкое на воўча перамянілі. Затое, як выпусьцяць вымуштраваных, вывучаных, то бацьку і матку родных зарэзаць гатовы, „Я, кажыць, салдат, царскі слуга, гатоў і галаву за цара палажыць, а ты, мужык, дурак!“ — Зьвяр‘ё ж ты дзікае, забыўся ж хто твой брат родны! Цяжка і падумаць, што цар і салдаты так лоўка ўмеюць сапсаваць нашага брата ў войску, што зусім пасьля і на чалавека не паходзіць, а як яму скажуць, то і бацьку мужыка і матку родную забіць гатоў; бога не баіцца і рука яму нават не затрасецца! Так цяжка, браток мой, як падумаеш, што мы так самі сябе рэжым, абдзіраем, а ўсё нашто? — на тое, каб дзетак нашых, каб увесь дабытак, усю працу нашу аддаць найбольшым нашым злосьнікам: цару ды багачам!
Памаўчаў трохі Антон, але доўга не мог вытрымаць.
— А можа спытаеце вы мяне, куды ідзе рэшта грошай? Зараз я вам вылічу: зараза па цару налетаіць ўсялякая і разносіць ва ўсе канцы рэшту нашага дабра. Тры мільёны забіраюць розныя вялікія паны: сенатары, міністры, янаралы, другія дармаеды; далей, чатыры мільёны рублёў ідуць на паслоў загранічных, — такіх чыноўнікаў, што гэта іх цар ва ўсялякія краі высылаіць.
Аж 70 мільёнаў ідзе на пенсію губернатарам, іспраўнікам і ўсей паліцыі. 24 мільёны каштуюць суды, дзе просты чалавек справядлівасьці нігды не найдзіць. 23 мільёны ідзе на гімназіі і універсітэты, — гэта такія вялікія школы, дзе толькі купцы і паны сваіх дзяцей вучаць, бо там сумыслу так дорага плаціць кажуць, каб бедныя мужыкі туды дзяцей не маглі аддаваць і каб па век вякоў асталіся ў цемнаце. А як вучаць, божа зьмілуйся! Роднага языка нідзе і не пачуеш у гэтых школах, а толькі рускі: на гэта не глядзяць, што ты там сына вучыш за свае грошы, за сваю працу. Далей 43 мільёны плаціць за войска на моры; 25 мільёнаў плаціць розных пенсій старым чыноўнікам, янаралам і іншым слугам царскім: вот як ён плаціць панам, што ў яго служаць; мужык зусім інакшая рэч; ведаем, як ён плаціць старым салдатам: 16 грошай у дзень, ды годзе. Вот як цар, яго чыноўнікі і паны ўмеюць распарадзіцца нашымі грашмі: і дзяцей сваіх вучаць, і ядуць, і п‘юць, і двары, і палацы будуюць і ўсё чыста робяць, што толькі хочуць; самі кіруюць, адным словам, нашай працай як сваёй кішеняй.
— А пэўна што сваёй; але скажыце ж мне: сколькі і з гэтага ўсяго чыста ідзець для народу?
— Для простага народу? А гэта ты скуль узяў? Мужыка рэч плаціць, а запытаць на што марнуюць яго грошы ён права не маіць! Няхай будзе рад, што яго грошы бяруць, што за яго грошы цар, і багачы, купцы, і афіцэры ядуць, п‘юць, гуляюць і весяляцца ўволю.
— Ну, а можа, хоць што-кольвек, на нашу долю выпадзе? — пытаюся я.
Што-кольвек! — крыкнуў на мяне Антон, — а от хіба гэтыя 800 тысяч на школы нашы, а што, вельмі многа? На цара 16 мільёнаў, на салдатаў 260 мільёнаў, а на нашы школы 800 тысяч; ці гэта не сьмех? Але ж якраз ім і патрэба, бо не дай жа ім божа, каб мужык змудрэў і захацеў жыць на сьвеце сваім розумам.
Усе слухалі Антона, ніхто і слова не вымалвіў.
— Так! братцы, — вёў далей Антон: працуем цэлае жыцьцё, адной гадзінкі не маем адпачынку, ночкі не дасьпіш, куска хлеба не даеш, а ўсё на што гэта? каб падаткі заплаціць; а для каго, за што? — За грошы нашы цар п‘ець, весяліцца, за нашы грошы жывуць паны і чыноўнікі, купцы багацеюць; за нашы грошы трымаюць з нашых братоў і сыноў войска, каб за наша дабро магчы біць нас і нашай кроўю абліваць. Ой, доля ж ты наша, доля цяжкая! ці ж ты лепшай для нас ніколі не будзеш?
Устаў Антон, надзеў шапку на вушы.
— А што ж, братцы, пойдзем, позна вельмі!
— Усталі мы ўсе, узялі шапкі і вышлі. На дварэ цёмна і смутна. Смутна было ва ўсіх і на душы, а ў галаве кожнаму так тоўпілася многа цяжкіх мысьлей, як часам гудзяць пчолы ў вульлі.
— Што ж вы так нешта маркотны сталі? — адазваўся Антон, як мы троху адышлі ад карчмы, — блага нам, маркотна, бо нельга жыць на сьвеце; але вечна так не будзе, прыдзе час, народ наш прабудзіцца, скіне з плеч гэтыя піяўкі, што нашу кроў ссуць, і зачнем жыць шчасьліва. Каб тады не было багачоў між намі, бо помніце гэта добра, што заўсёды багаты мае сілу, багаты вольны ад падаткаў і ценжар усялякі зваляе на бедных...
А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!
/Беларуская літаратура ХІХ ст.. Зборнік тэкстаў. Пад рэдакцыяй Я. Купалы. Матэрыялы падабраны і апрацаваны В. В. Барысенка, М. Г. Ларчанка, Л. І. Фіглоўскай. Мінск. 1940. С. 129-147./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz