środa, 18 września 2019

ЎЎЎ 1. Іван Ласкоў. "Сольются в русском море"? Адкрыты ліст А. І. Салжаніцыну. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2019.




    Ніжэй “Адкрыты ліст А. І. Салжаніцыну” ёсьць напісаны пісьменьнікам Іванам Ласковым як адказ на яго параду “Как нам обустроить Россию”. Ліст напісаны па-расейску і быў высланы аўтарам Салжаніцыну, які не разумее беларускай мовы. Рэдакцыя “Голас Часу” падае гэты ліст у перакладзе на беларускую мову.
                                                 “СОЛЬЮТСЯ В РУССКОМ МОРЕ”?
                                                    Адкрыты Ліст А. І. Салжаніцыну
    Аляксандр Ісаевіч!
    Да нікога я не пакланяўся пасьля таго, як на X зьезьдзе міру быў выяўлены істотны твар “отца народов” - жыцьцё навучыла, што няма людзей, дастойных паклонам. І ўсё ж тое, што я чуў да Вас, было блізка пакланеньня.
    Але зусім іншыя пачуцьці выклікаў у мяне Ваш новы твор - трактат “Как нам обустроить Россию”.
    Скажу адразу: я ня буду кранацца ў гэтым лісьце Вашых эканамічных, ці этычных, або іншых прапаноў, “как обустроить Россию”. И ня дзеля таго, што не лічу сябе дастаткова падгатаваным да гэтага. Вы ставіце пытаньне – “как обустроить Россию”, а я не рускі і ўпарадкоўваць яе - не мая справа, у мяне свая зямля, свой народ, аб лёсе якога ў першую чаргу мой боль і клопат. І ў сувязі з гэтым не магу спыніцца на тым, што Вы разумееце пад Расіяй.
    Вы адпушчаеце на волю дванаццаць саюзных народаў, адмаўляючы ў гэтым украінцам і маім сапляменьнікам - беларусам.
    Чаму ж? На якой аснове?
    На той, пішаце Вы, што “за вычетом этих двенадцати только и останется то, что можно назвать Русь... или Россия”.
    “Комсомольскую правду” з Вашым трактатам я купіў у Маскве, варочаючыся з Менска ў Якуцк, дзе я жыву ўжо 19 гадоў. Я ня ведаю ці чулі Вы - расейская прэса пісала аб гэтым праз зубы, што ў пачатку верасьня Беларусь абходзіла 500-годзьдзе нараджэньня беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны, які надрукаваў першую беларускую кнігу на 50 гадоў раней першай маскоўскай. На гэтую урачыстасьць зьехаліся беларусы амаль што з усяго сьвету. Быў там і я.
    Аднойчы, прагульваючыся па Менску з інжынэрам з Рыгі, мы затрымаліся перад будынкам, скрозь заваленым мэмарыяльнымі дошкамі. Аказалася, што ў ім жылі ведамыя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы Дзяржынскі, Кнорын, Галадзед, Чарвякоў, пісьменьнікі Гартны і Броўка, вучоны-мэханізатар Мацэпура. Мы сталі разглядаць гэты дзіўны “іканастас”. Неспадзявана да нас падышла пажылая жанчына і як бы незадаволена запытала:
    - Позвольте узнать, откуда вы?
    - Я з Якуцка, - адказаў я, - ён з Рыгі.
    - А почему вы говорите по-белорусски?
    - Таму што мы беларусы, - зьдзівіўся я.
    - Да, - зласьліва сказала жанчына, махнуўшы ў бок мэмарыяльных дошак, - развелось тут у нас писателей! Что за писатели? Ни одного не знаю. Кто их читает?
    - Ну хаця б Быкава вы, напэўна, ведаеце, - міралюбна запярэчыў я. - Яго ўвесь сьвет чытае.
    Жанчына гаварыла па-расейску, я па-беларуску, ня бачачы ў гэтым нічога асаблівага, таму мая субяседніца была яўна мінчанкаю і павінна была разумець беларускую мову. Ды і ўсякі расеец напэўна зразумее, калі будзе слухаць субяседніка, а не самога сябе... Ды яна і разумела, - не перапытвала! Але раптам сурова сказала:
    - А вы должны говорить со мной по-русски.
    - Чаму?
    - Потому что я русская.
    - А чаму-ж вы не гаворыце да мяне па-беларускі, калі я беларус?
    - Вы ведь в Якутске говорите по-русски? - не здавалася яна.
    - Па-расейску.
    - Тогда почему же здесь по-белорусски?
    - Таму што тут я - у Беларусі, на сваёй зямлі.
     - И почему вы все обособляетесь? - ледзь не закрычала жанчына. - девятсот лет назад мы говорили с вами на одном языке!
    Не пасьпеў я сказаць, што яна памыляецца, што дзевяцьсот гадоў назад мае і яе продкі не маглі гутарыць на адной мове, як мая субяседніца павярнулася і амаль што бягом кінулася прэч.
    Дзеля чаго я прывёў гэты выпадак, які здарыўся за некалькі дзён да зьяўленьня Вашага трактату?
    Таму што Вы, Аляксандр Ісаевіч, прыпомнілі ў сваім трактаце гэтую Вашую глыбока няветлівую супляменьніцу.
    Расейцаў, украінцаў і беларусаў Вы аб’яўляеце, як царская прапаганда, “одним народом”. “Да народ наш разделился на три ветви лишь по грозной беде монгольского нашествия да польской колонизации. Это все, - пішаце Вы, - недавно придуманная фальш, что чуть ли не с I века существовал особый украинский народ с особым нерусским языком. Мы все вместе истекли из драгоценного Киева, «откуда русская земля стала есть», по летописи Нестора, откуда и засветило нам христианство. Одни и те же князья правили нами: Ярослав Мудрый разделил между сыновьями Киев, Новгород и все протяжение от Чернигова до Рязани, Мурома и Белоозера; Владимир Мономах был одновременно и киевский князь, и ростово-суздальский; и такое же единство в служении митрополитов. Народ Киевской Руси и создал московское государство. В Литве и Польше белорусы и малороссы сознавали себя русскими и боролись против ополяченья и окотоличенья. Возврат этих земель в Россию был всеми тогда осознаваем как Воссоединение”.
    Ужо прабачце, Аляксандр Ісаевіч: тут вазьмі абы якое слова - то ўбогае дылетанцтва, або дэмагогія з шавіністычнай афарбоўкай. Не было “народа Киевской Руси”! Было толькі насельніцтва раньне фэадальнай дзяржавы. А дзяржава была сабрана агнём і мячом з самых розных плямёнаў, як славянскіх, так і неславянскіх. Гэтыя “чужыя” плямёны зьліліся з навакольнымі славянамі і зусім неабявязкава, што да Рурыка ці Алега. “Як відаць, некаторыя славянскія групы сярэднявечча, - піша дасьледчык антрапалягічнага складу усходнеславянскіх народаў і праблемы іх паходжаньня /вось Вам спасылка: Энтогенез финно-угорскнх народов по данным антропологии. М., 1974, с. 74./, - напрыклад, вяцічы і ўсходнія крывічы прадстаўлялі сабою ня столькі славянаў, колькі асыміляванае славянамі фінскае насельніцтва. Напрыклад, гэта самае можна сказаць і у адносінах да палякаў, якіх ёсьць асновы разглядаць як асыміляваных чэрняхоўцаў”. А хто ж такія паляне, Вам ведама, ці падсказаць? “ПАЛЯНЕ, - сказана ў “Советском Энциклопедическом Словаре”, - усходнеславянскае племянное аб’яднаньне 6-9 стагодзьдзяў па берагох Дняпра і нізоўяў яго прытокаў ад вусьця Прыпяці да Росі. Палянам належыць галоўная роля ў стварэньні раньнедзяржаўнага аб’яднаньня славянаў Сярэдняга Прыдняпроўя – “Рускай зямлі” /I пал. 9 ст./, ядро Старарускай дзяржавы” /выд. 1988 г., с. 1036/.
    І так, паляне, стваральнікі Рускай дзяржавы, у цяперашнім значэньні рускімі, ды нават славянамі не былі. Не выпадкова ж нам і само слова “Русь” ёсьць незразумелае. Хто такія былі “чэрняхоўцы” названыя археалёгіяй па раскопаных магільніках паблізу сяла Чэрняхоў Кіеўскай вобласьці? Адкуль слова “русь”? Ці не ад лацінскага “русь”, што значыць “поле”? “Русь” – “поле” – “поляне”: “поляне” - пераклад слова “русь”?
    І гэтакіх, неславянскіх плямёнаў на вялікай тэрыторыі Кіеўскай дзяржавы - колькі іх было? На якіх мовах яны гаварылі: мера, мешчэра, мурама і іншыя? А славяне - драўляне, крывічы, радзімічы, дрыгавічы і іншыя - на якіх мовах? Ці можаце Вы гэта сказаць? Ці дастаткова “Повести временных лет”, каб судзіць аб усіх мовах, існуючых у Кіеўскай дзяржаве?
    У кожнага з усходнеславянскіх народаў - расейцаў, украінцаў, беларусаў - свая ўласная адменная гісторыя, у іх склад увайшлі розныя плямёны. Не з “народа Кіеўскай Русі”, якога не было, мы вышлі, а сфарміраваліся на яе былой тэрыторыі - з этнасаў, што жылі ў тым ці іншым куце спрадвечна. І тое, што частка гэтых этнасаў гаварыла на блізкіх /не на адной мове, але на блізкіх мовах!/, ня можа служыць асновай для адмовы тым ці іншым сучасным народам права на самастойнасьць і свабоду.
    У Вас ёсьць яшчэ адзін доказ для адмовы гэтага права: таму што “одни и те же князья правили нами: Ярослав Мудрый разделил между сыновьями Киев, Новгород и все протяжение от Чернигова до Рязани”. Дык жа і Чынгісхан падзяліў паміж сваімі сынамі ўсю заваяваную ім тэрыторыю і зямля Вашых продкаў адышла да улуса Джучы, у той час як Кітай адышоў да улуса іншага сына /каб жа не папракнулі мяне ў невуцтве, паясьню: Русь была разгромлена сынам Джучы - Бату-ханам /Батыям/, а Кітай заваяваў іншы ўнук Чынгісхана - Хубілай/. Уявіце ж сабе, што кітайцы нечакана зьявяцца перад Вамі з патрабаваньнем: а ну, далучайцеся да Паднябеснай, бо ж намі ўпраўлялі сваякі-ханы! Ці спадабаецца Вам?
    А можа па Вашаму, Кіеўская дзяржава чымсьці адрозьнівалася ад мангольскай імпэрыі? Стваралася на аснове “агульнасаюзнага дагавору”? І плямёны яе ня сілаю падпарадкаваліся, а выбіралі сабе вялікіх князёў усеагульным, простым і тайным галасаваньнем?...
    У Вас, зразумела, ёсьць “аргумэнт” у запасе, што так сказаць “народ Киевской Руси объединился в одном государстве” дзеля абароны ад зьнешніх ворагаў. Але назавіце хаця б адну бітву, у якой супраць супольнага ворага ваявалі ўсе гэтыя плямёны?... Не высіляйце памяці - ня ўспомніце. Ноўгарад сам адбіваўся ад скандынаваў /часам дапамогу даваў Полацак/, Полацак - ад немцаў, Кіеў - ад Дзікага Поля. Асноўнымі ж у Кіеўскай дзяржаве былі ваенныя дзеяньні паміж яе собскімі княствамі, паміж Кіевам і “удзеламі”, заселенымі рознымі плямёнамі. І калі прыйшоў грозны супольны вораг - татара-манголы, ці ж спаткаў ён аб’яднаныя сілы дзяржавы? Ці памагаў Кіеў Суздалю, ці памагаў Ноўгарад Кіеву? Не! І Батый прайшоў праз усю Кіеўскую дзяржаву, як сьцьвярджае Л. М. Гумілёў, усяго толькі з трыццацітысячным войскам, захапіў і закабаліў львіную частку Кіеўскай імпэрыі, створанай русамі-палянамі - продкамі сучасных украінцаў. І якім правам Масква выступае цяпер спадкаемніцай палянаў?
    У тым, што асобныя княствы Кіеўскай дзяржавы не памаглі адны другім у цяжкі час мангольскага нашэсьця, нічога дзіўнага няма: бо яны былі загнаныя ў Русь сілай і сілай жа ў ёй утрымоўваліся. Успомнім, Аляксандр Ісаевіч, у сувязі з гэтым гісторыю Полацкага княства - першай беларускай дзяржавы. Першым яе князям быў мясцовы прадстаўнік ваеннай знаці Рагвалод і судзячы па другой форме яго імя /Рогвальд/, не славянін. Каля 980 году наўгародзкі князь Уладзімір захапіў Полацк, забіў Рогвальда, яго жонку і двух сыноў, а дачку Рагнеду /Рагнедзь/ прымусам зрабіў сваёю жонкаю. Гэты ж Уладзімір, стаўшыся ў хуткім часе вялікім князям у Кіеве і хрысьціў у сваіх інтарэсах Русь, за што з часам быў кананізаванны і залічаны да ліку сьвятых, ня гледзячы на кроў шматлікіх нявінных людзей, што афарбавала яго злачынныя рукі.
    Вядома што Рагнеда ў Кіеве прабавала забіць Уладзіміра, за што Уладзімір яе разам са /сваім/ сынам Ізяславам адаслаў назад у Полацак. Гэтак Ізяслаў стаў полацкім князям і заснавальнікам новай полацкай дынастыі. Фармальна гэта дынастыя ішла ад Рурыкавічаў /праз Уладзіміра/, але фактычна была сваёю, мясцоваю, праз Рагнеду і Рагвалода. Аб гэтым сьведчыць хоць бы той факт, што полацкім князям на працягу ХІ-ХІІ ст. неаднойчы давалася паганскае імя Рагвалод. Ды ня толькі гэта. Ужо сын Ізяслава, Брачыслаў /сам Ізяслаў папросту не пасьпеў, памёр маладым/ у 1021 г. пачынае барацьбу з Кіевам, а сын Брачыслава, Усяслаў вядзе супраць Кіева сапраўдную і шматгадовую вайну. Аб гэтай вайне ў “Слове о полку Игореве” зьбераглася зацемка, што “на Немизе /гэта значыць, у раёне сучаснага Менска/ снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави березе не болотом бяхут посеяни - посеяни костьми руских сынов”. Гэты Усяслаў быў узяты кіеўскімі князямі ў палон, але вызвалены жыхарамі горада і нават праклямаваны вялікім князям, аднак жа ня стаў княжыць у Кіеве, тайком вярнуўся ў Полацак /“скочи от них лютым зверем”/, хаця і быў фармальна Рурыкавічам.
    Ці ж ня сьведчыць гэта, што полацкая дынастыя не лічыла сябе кіеўскай галінаю? І што Вы скажаце пасьля гэтага, адносна адзінага “народа Киевской Руси”, адносна таго, што намі кіравалі адны і тыя ж князі?
    Яшчэ адзін Ваш аргумэнт у карысьць таго, што Украіна і Беларусь павінны застацца ў Расеі - што самі Вы “едва не на половину украинец... а в непокоренной Белоруссии... провели большую часть своих фронтовых лет, и до пронзительности полюбили ее печальную скудность и ее кроткий народ”.
    Ня буду гаварыць за украінцаў, іх справа - ці згодзяцца яны ці не на расейскае ярмо таму, што Вы “едва не на половину украинец”. Сам жа я на “братское руководство” дзеля таго, што Вы нас палюбілі, не згаджаюся. Прабачце мне, але я ня веру ў Вашу любоў да беларусаў. Любячы, жадаюць: лепшага, а не горшага таму, каго любяць, ці па Вашаму, няволя - лепшая волі? А я ж думаў, што Вы правёўшы столькі страшных гадоў у “архіпэлягу” маеце адменны погляд. Або ў Вас адна мерка - для сябе, а для беларусаў - другая?
    Далей - калі і любіць, то ці не драпежнай любоўю? Воўк так жа любіць авечку, бо яна яму смакуе, нічым ня грозная страва. На гэта нагадвае фраза з Вашага трактату: Вам вельмі па душы, што ў Беларусі “не распаляли безоглядного сепаратизма”. I яшчэ: беларускі народ Вы называеце “кротким”, нешта як авечка /па Далю: кроткий - ціхі, скромны, спакойны, любячы, пакорны, стрыманы, нязлосны, шматцярплівы. Зразумела, што такога ня трэба супакойваць/. І Вы стварылі сабе такое паняцьце аб беларускім народзе ў франтавыя  гады? Дазвольце проста Вам сказаць, што Вы хлусіце. Вы пачарпнулі гэта з казённай расейскай гістарыяграфіі, дзе беларусы прадстаўляюцца настолькі пакорнымі, што дазволілі захапіць сябе маленькай кучкай літоўцаў, пасьля палякамі і толькі магутная Расея ўратавала ў канцы ад акаталічаньня і пагалоўнага апалячваньня і каб не было ж гэтай ратуючай Расеі, дзе ж мы, беларусы, былі б цяпер. Я паўтараю - Вы хлусіце, таму што ні ў якога з франтавых карэспандэнтаў, якія былі падчас вайны ў Беларусі, язык не павярнуўся назваць мой народ пакорным, якому яны ўважалі даваць зусім другі эпітэт – “гераічны”, а Радзіме маёй – “Партызанка”. Беларусь партызанка. Так гэтыя словы разам і паўтараюцца да гэтага часу, што і ёсьць зусім справядліва.
    Я прывяду некалькі прыкладаў нашай, беларускай “пакорнасьці” ваенных гадоў. Камандзір партызанскага аддзелу Мінай Шмыраў – “Бацька Мінай” - ахвяраваў чатырох сваіх дзяцей, але не спыніў змаганьня супраць захопнікаў. Маладая жанчына Алена Мазанік, рызыкуючы жыцьцём, забіла гітлераўскага генэральнага камісара Беларусі - Кубэ. Сямнаццацігадовая партызанка Рыма Шаршнёва ў баі засланіла сабою раненага камандзіра. І4-ці гадовы партызанскі разьведчык Марат Казей апошняй гранатай падарваў разам з сабою некалькі гітлераўцаў. Колькі падобных учынкаў было зроблена, ды не дайшло да нас, нічым не адмечана-захавана патомству!
    Нашая асаблівая гардыня - нашыя лётчыкі. Сяргей Грыцавец стаўся першым у СССР двойчы Героем Савецкага Саюза. Аляксандр Гаравец - адзіны ў сьвеце лётчык, які зьбіў /на Курскай Дузе/ ў адным баю 9 варожых самалётаў. Барыс Коўзан - адзіны ў сьвеце лётчык, выканаўшы ў паветраных баёх 4 палёты /і пры гэтым застаўся жывы-здаровы!/ А ці трэба Вас вучыць,чым вядомы лётчык-беларус Мікола Гастэла?
    Вы ня першы сьцьвярджаеце аб пакорнасьці беларусаў, як бы пераконваючы: “Куды вам у самастойнае плаваньне! Вас зьядуць, задушаць. Абы хто - літоўцы, палякі... Толькі Расея вас абароніць. Але ж мы абыходзіліся неяк бяз вашай абароны сотні гадоў!
    Нашыя продкі, у адрозьненьні ад Вашых, не пусьцілі на сваю зямлю татараў, адбілі іхнія спробы разграбіць і закабаліць. Запрошаныя Гэдымінам татары былі ў нас не гаспадарамі і ўладальнікамі нявольнікаў, не гвалтаўнікамі і зьбіральнікамі даніны, як у Вас, а гэтакімі ж падданымі дзяржавы, як усе. Вашая гістарыяграфія ўнікае тлумачэньня, чаму Беларусь ёсьць адзінай ўсходнеславянскай краінай, якая не была пад Ардой. Урэшце тлумачыць гэта балотамі, праз якія быццам не маглі праййсьці татарскія коні – як бы вакол Масквы ў той час было менш балота. Сіла духа нашых продкаў, іхняя любоў свабоды і мужнасьць пад увагу не бяруцца, як бы іх зусім і не было /беларусы - пакорны народ/.
    Ваша гістарыяграфія да сёньняшняга дня адкідае ўдзел беларусаў у бітве пад Грунвальдам, дзе яны колькасна займалі другое месца ў злучаных сілах Польшчы і Літвы, а смаленскія палкі здабылі сабе несьмяротную славу на Грунвальдзкім полі, называюць іх “русскими”, хоць дасканала вядома, што, па-першае, Смаленшчына і Браншчына зьяўляюцца часткай этнічнай Беларусі, а па-другое, смаленскія палкі ўключалі ў сабе і войска ўсходняй Магілёўшчыны і ўсходняй Віцебшчыны, а ачольваў іх мсьціслаўскі князь Сямён Альгердавіч.
    У летку гэтага году абходзілася 580-годзьдзе Грунвальда; уся маскоўская прэса, маскоўскае радыё і тэлебачаньне, як на каманду падавалі, што абходзіцца гадавіна перамогі над немцамі палякамі, літоўцамі і рускімі, гэтак як бы не было на Грунвальдзкім полі 20 беларускіх харугваў /палкоў/.
    Вашая гістарыяграфія да гэтага часу сьцьвярджае аб заваяваньні Беларусі праз Літву, якое сталася як бы таму, што літоўцы выкарысталі “аслабленьнем заходнерускіх зямель” у выніку татарскага нашэсьця. Як бы беларусы ёсьць настолькі пакорны народ, што маглі адно пераходзіць з рук у рукі: аслабела Русь - захапіла Літва, аслабела Літва - захапіла Польшча. Пры гэтым, гісторыкаў зусім не зьдзіўляе той факт, што ў Вялікім княстве Літоўскім была паўсюдна ўжываная старабеларуская мова, якая была дзяржаўнаю моваю, а пісьменная літоўская мова зьявілася адно ў ХVІ стагодзьдзі.
    Не зьдзіўляе іх і тое, што палова сучаснай Літвы - Жамойць - у часе заснаваньня Вялікага княства Літоўскага была пад уладай крыжакоў, так што, мабыць, Беларусь прыйшлося “заваёўваць” адно ўсходняй Літве, насельніцтва якой ледзь састаўляла дзесятую частку насельніцтва Беларусі.
    Ваша сьвяціла Л. М. Гумілёў тлумачыць гэта нейкай “пассионарностью” літоўцаў /выссаны з пальца тэрмін/. Чаму ж з такой “пассионарностью” яны не скінулі ў Балтыйскае мора крыжакоў, чаму дазволілі зьнішчыць братоў-прусаў, чаму Жамойць знаходзілася пад уладай Ордэна аж да Грунвальдзкай бітвы?
    Цяпер устаноўлена /гісторыкам М. І. Ермаловічам/, што летапіснае племя, якое называлася “літва”, не зьяўлялася продкам сучасных літоўцаў. Больш таго, ёсьць пастаўлена аргумэнтаваная гіпотэза /мною/, паводле якой летапісная літва была не балтыйскім, а фіна-угорскім племем. Племя літва, паводле М. І. Ермаловіча, разьмяшчалася пасярод славянаў, паміж Менскам і Новагародкам /Наваградкам/ і пры помачы яе князёў Міндоўга і Войшалка было заваявана Наваградкам, з чаго і бярэ свой пачатак Вялікае княства Літоўскае - Старабеларуская дзяржава, у якім продкі сучасных літоўцаў займалі падначаленае і пабочнае становішча.
    Пасьля таго, як літва згінула, асыміляваўшыся з беларускім народам, яе назоў, на падставе тэрміналягічнай блытаніны, перайшоў на сучасных літоўцаў. /Гэтакая самая блытаніна паўстала і з назовам “рускія” прысвоенай маскалямі/. Аб тым, што ў састаў беларускага народу ўвайшла вялікая група фіна-уграў, сьведчаць многія соткі беларускіх прозьвішчаў, расшыфрованыя па сучасных фіна-ўгорскіх мовах.
    Гэтакая ёсьць праўда гісторыі, якой стагодзьдзямі не давалі вырвацца з пад цяжару Вашай самадзяржаўнай гістарыяграфіі. Яна хлусіла і хлусіць да сёньняшняга дня, апляваўшы прошлае беларусаў і ўкраінцаў, прамоўчваючы подзьвігі нашых продкаў.
    Вось яшчэ адна новая “тэорыя”. Чынгізід Гумілёў /аб тым што ён патомак Чынгісхана, Леў Мікалаевіч сам шырока заяўляў у прэсе/, стараючыся памірыць дзьве лініі сваіх продкаў /мангольскую і расейскую, заявіў на старонках “Невы”, быццам бы расейскія продкі ўвайшлі ў састаў Арды... дабравольна, дзеля таго, каб... сумесна з татарамі... вясьці барацьбу супраць немцаў!
    Зразумела, расейцы з такога пункту гледжаньня, выглядаюць больш прыхільныя: маўляў, не здаліся на ласку татараў, а знайшлі саюзьніка для барацьбы з немцамі. Але ж у якіх бітвах расейцы разам з татарамі змагаліся з немцамі?
    Між тым, нямецкая пагроза, не на жарты, сапраўды была. Але чаму пасьля 1242 году, г. зн. пасьля бітвы на Чудзкім возеры, гісторыя ня ведае паважнейшых набегаў “сабакаў-рыцараў” на сучасныя расейскія землі? Ці задумаліся Вы над гэтым, Аляксандр Ісаевіч?
    Адказ просты. Наваградчыну і Пскоўшчыну ад немцаў баранілі не татары, а Вялікае княства Літоўскае, Старабеларуская дзяржава, на працягу стагодзьдзяў стрымліваўшы нямецкую экспансію на ўсход. І час прызнаць гэтую заслугу беларускаму народу перад расейцамі.
    Таксама час прызнаць гістарычную заслугу беларускага народу ў барацьбе з татарамі. Крок па кроку выціскаючы азіяцкіх захопнікаў, Старабеларуская дзяржава спачатку вызваліла ад іх Заходнюю Ўкраіну, затым сярэднюю - з Кіевам і Чарнігавам. Узяла пад сваю апеку Смаленшчыну, Браншчыну. Адбівала набегі крымчакоў яшчэ ў VІ стагодзьдзі. У барацьбе з татарамі Старабеларуская дзяржава рэдка атрымлівала помач ад Масквы, якой усьцяж сама памагала, ня гледзячы на палітычнае спаборніцтва. Вялікі князь Ягайла мог дабіць Дзьмітрыя Данскога праз дзень пасьля бітвы на Куліковым Полі, але не зачапіў пераможцу. Гэта ж на Куліковым Полі разам з Дзьмітрам біліся на сьмерць з татарамі браты Ягайлы, Андрэй Полацкі і Дзьмітры Бранскі і другія багатыры.
    А ў 1399 г., калі Вітаўт сутыкнуўся з татарамі на Ворскле, ён ад Масквы помачы не атрымаў. Гэтыя бітва было прайграная і ў ёй загінуў Андрэй Полацкі, які, маючы 74 гады пайшоў на поле змаганьня.
    Зусім фантастычна ўяўляе аб змаганьні на Ворскле Ваш пісьменьнік-гісторык С. Барадзін. У яго рамане “Звезды над Самаракандом” /глядзі: М., “Советский писатель”, 1969, стр. 214-215/ разьведчык /шпіён/ даносіць Тамэрляну: “Опять Орда с москвитянами билась. /.../ На Ворскле-реке”. "И как?"- пытаецца Тамэрлян. – “Ордынцы победили, великий государь!” - адказвае разьведчык. Разгром Вітаўта татарамі замяніўся ў Барадзіна на... перамогу маскалёў над татарамі.
    А можа гаворка ідзе аб іншых бітвах? Ды не. І ў Барадзіна гаворыцца, што гэта тая самая бітва, у якой згінуў Андрэй Полацкі. Гаворыцца ў такіх словах: “Князя у москвитян убили. /.../ Ратного. Андрея. Князя Полоцкого”. І далей - ўжо не “патрульшчык” а сам аўтар: “Орда свалила этого бесстрашного литвина, славного русского богатыря”. Літвін - расейскі багатыр. Што ж гэта значыць? Толькі адно: Ваш пісьменьнік-гісторык не захацеў прызнаць, што Андрэй Полацкі - князь і герой беларускі.
    Каб толькі ж адно Барадзін не прызнаваў гэтага! Глядзіце: і “Советский Энциклопедический Словарь” падае: "АНДРЕЙ ОЛЬГЕРДОВИЧ /1325-1399/ русский князь”. Нават не “западно-рус-скій”, як заўсёды гаварыцца аб беларускіх дзеячах эпохі Кіеўскай дзяржавы, а проста – “русский”, у цяперашнім значэньні - гэтага слова. Гэта ня што, іншае, як гістарыяграфічная нахабнасьць, простая крыўда.
    Чым жа адплацілі Вашыя продкі нашым за падтрымку ў барацьбе з татара-манголамі, за заслону ад немцаў у тыя стагодзьдзі калі само існаваньне славянства на Вашых землях апынулася пад пытаньнем?
    У галовах маскоўскіх правіцеляў здаўна жыла ганарыстая думка, быццам гэта яны зьяўляюцца нашчадкамі Кіеўскай дзяржавы. Вынішчаючы іншых Рурыкавічаў, яны расчышчалі сабе шлях да аднаасобнага ўладарства над “всей русской” тэрыторыяй, жывілі цешылі сябе прэтэнзіямі на “всерусское” панаваньне. Ужо Васіль I разарваў дамоўленасьць з Вітаўтам аб сумеснай дапамозе супраць татараў у сувязі з далучэньнем да Вялікага княства Літоўскага Смаленскага княства. Нагадаю, што Смаленшчына спрадвечна заселеная продкамі беларусаў - крывічамі, маскоўскім князям да таго не належала, гістарычна ж склала адзінае цэлае з Полацкам.
    Ледзь вызваліўшыся ад татарскае залежнасьці, Масква пачынае экспансію на захад. У 1505 г. Васіль III, які скарыстаў сьмерць Вялікага князя Літоўскага Аляксандра, прад’яўляе прэтэнзіі на ягоны трон, спасылаючыся на тое, што быў жанаты не сястры Аляксандра. Калі ж яму было адмоўлена, адразу ж ідзе на Літву вайной, якая працягваецца два гады /1507-1508/. У 1612 г. Масква ізноў ідзе вайной на Літву. На гэты раз вайна працягваецца 10 год. 1-га жніўня 1514 г. з дапамогай здрадніка Міхала Глінскага Васілю III удаецца захапіць Смаленск, дзе праз месяц маскоўскія палкі разьбівае ўшчэнт пад Воршай выдатны беларускі ваеннаначальнік Канстанцін Астроскі /дарэчы сказаць, быў актыўным абаронцам праваслаўя/. У 1517 г. паміж Літвой і Масквой адбыліся перамовы але не далі вынікаў, паколькі Васіль III запатрабаваў Кіеў, Віцебск, Полацк і іншыя гарады і землі. Па перамір’і 1522 года Маскве быў саступлены толькі Смаленск.
    Гэтага аказалася мала. Нашчадак Васіля III Іван ІV /Грозны/ пачынае шырокамаштабную вайну, якая атрымала назву “Лівонскай” /для беларусаў Маскоўская/. Я бяру гэтае слова ў двукосьсе, паколькі гэта была вайна ня столькі супраць Лівонскага ордэну, колькі супраць Старабеларускае дзяржавы, у залежнасьці ад якой знаходзіўся Лівонскі ордэн. Гэта вайна працягвалася 35 год.
    У расейскай гістарыяграфіі само сабой зразумела, што Лівонская вайна з боку Масквы была законнай і справядлівай, паколькі Масква дабівалася выхаду да мора /якраз так жа цалкам законнай і справядлівай лічыцца і Паўночная вайна, разьвязаная Пятром I. Але якім жа будзе парадак у сьвеце, калі кожны, хто моцны, будзе лічыць, што ён мае права пакрыўдзіць слабага на той выснове, што гэтаму моцнаму нешта патрэбна? У нашы дні, напрыклад, цэлы шэраг эўрапейскіх краін не маюць выхаду да мора. Дык няўжо яны маюць права дамагацца яго ўзброенай сілай.
    Вы пэўна ня згодзіцеся са мною як прадстаўнік народа-агрэсара, але я заўсёды буду сьцьвярджаць, што даўно насьпела неабходнасьць перагляду ацэнцы характару Лівонскай /Маскоўскай/ і Паўночнай войнаў. Тым больш, што на гэты дзень знаходзяцца публіцысты і нават палітыкі, якія прад’яўляюць прэтэнзіі на Прыбалтыку на той выснове, што нібыта “гістарычна” яна “еще в ХVІІІ веке была в составе России”, - забываючы ўспамянуць, якім чынам у складзе Расеі апынулася.
    У 1632-1634 г.г. Міхаіл Фёдаравіч вядзе новую вайну за Смаленск, да таго часу вернуты Вялікаму княству Літоўскаму ў 1654 г., карыстаючыся тым, што Украіна, якая змагалася супраць польскага засільля, заключыла з Масквой ваенны саюз /гэтая падзея ў расейскай гістарыяграфіі падаецца як праяўленьне імкненьня народу ўвайсьці на вечна ў склад Расеі/, “цішэйшы” Аляксей Міхайлавіч адкрывае ваенныя дзеяньні супраць Рэчы Паспалітай, у першую чаргу супраць Вялікага княства Літоўскага. Гэтая вайна працягвалася 13 год і прынесла беларускаму народу, які змагаўся за сваю свабоду, аграмадныя пакуты. Расейскія ваяводы вырэзвалі цэлыя гарады, як, напрыклад, Амсьціслаў. На працягу вайны ад вайсковых дзеяньняў, неўраджаяў і эпідэмій, выкліканых ваеннымі дзеяньнямі, загінула да паловы ўсяго беларускага насельніцтва. Але захапіць Беларусь “цішэйшаму” не ўдалося. І толькі напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя яна апынулася пад уладай Расеі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай.
    Што ж прынёс Беларусі “возврат в Россию”, як Вы называеце анэксію. Той самы “возврат”, які па Вашых словах, “был всеми тогда осознаваем как Воссоединение”?
    Вядома, што Украіна, якая апынулася пасьля 1654 г. у маскоўскай пастцы, сьпярша карысталася нейкай аўтаноміяй, існавала гетманская пасада. Але гэта было не што іншае, як бачнасьць аўтаноміі /за спробы дзьмуць не ў расейскую дудку гетманы жорстка караліся/, і дадзена яна была толькі дзеля таго, каб Украіна не калыхнулася ізноў да Рэчы Паспалітай. Калі ж апошняя “приказала долго жить”, ураз зьнікла і ўкраінская аўтаномія.
    Добра вядома таксама, што да “воссоединения” Украіны з Расеяй на Украіне не было прыгону. Гэтая “памылка” была “выпраўлена” расейскімі царамі.
    Беларусь не было патрэбы “поощрять” за адлучэньне ад Рэчы Паспалітай, бо анэксія Беларусі адбылася адначасова з ліквідацыяй “Рэспублікі абодвух народаў” /“Жэчпосполіта” па-польскі - рэспубліка/. Па гэтаму аўтаномія Беларусі царызмам не надавалася ніколі.
    У Беларусі з вуснаў шляхты, асабліва буйнай, часьцей чулася польская, чым беларуская мова. Але гэта былі не палякі, а спалянізаваная беларуская шляхта. /Прадбачачы Вашу іранічную ўсьмешку, сьпяшаюся нагадаць, што і расейскае дваранства выхоўвалася і размаўляла прыкладна 100 год на чужой - францускай мове/. Аб гэтым можна казаць з поўнай упэўненасьцю, бо ў Вялікім княстве Літоўскім чужаземцам, у тым ліку і выхадцам з Польшчы, забаранялася валодаць землямі і займаць дзяржаўныя пасады, а мяжа, эканамічная і палітычная самастойнасьць Вялікага княства ў складзе Рэчы Паспалітай захоўвалася аж да пагібелі Рэспублікі абодвух народаў. Польшча, хоць і была мацнейшай, паважала законы Княства.
    Зусім інакш аднесьліся да народу Беларусі “освободители” і “воссоединители”. Быццам чорная хмара груганьня, наляцелі князі і графы, генэралы вайсковыя і грамадзянскія, каханкі імпэратрыцы дзяўбці цела “освобожденной” і “воссоединенной”. Новым расейскім уладальнікам быў разданы мільён беларускіх сялян! Адзін Сувораў, які заліў крывёй Рэч Паспалітую, які зьнёс з твару зямлі мноства беларускіх крэпасьцяў і замкаў, атрымаў 13 тысяч. Паэт Дзяржавін і той “урваў” вёсачку - 300 душ.
    У адрозьненьні ад Украіны, у Беларусі да часу “воссоедя-нечня” прыгон пасьпеў скласьціся. Але гэта была параўнальна гуманная сыстэма. Тут уласнасьць на зямлю грамады дзякуючы палітыцы дзяржавы распалася. Сяляне надзяліліся зямлёй у межах адной валокі на гаспадарку /валока - 20 гэк./. За такі надзел яны абавязаны былі адрабляць паншчыну - 2 дні на тыдзень, а хто адносіўся да катэгорыі “агароднікаў” - 1 дзень. Ужо гэта не ішло ў ніякія параўнаньні са становішчам сялян у Расеі, дзе паншчына адраблялася да 5 дзён у тыдзень, а грамада з яе бясконцымі перадзеламі зямлі, кругавой парукай таксама зьяўлялася формай закабаленьня. У Расеі сяляне прадаваліся і купляліся, а ў Вялікім княстве Літоўскім аб гэтым не было і мовы. “Воссоединение” прывяло за сабою ў беларускую вёску расейскія парадкі.
    Шляхта у Рэчы Паспалітай складала да 10% насельніцтва. Тут шляхецкае /дваранскае/ званьне было досыць даступным. Дастаткова было селяніну ўступіць добраахвотнікам у войска, каб вызваліцца ад прыгоннае залежнасьці і зрабіцца шляхціцам. У сувязі з тым у Рэчы Паспалітай была вялікая маса шляхты, якая не валодала нічым, акрамя званьня шляхціца. Царызм зьвёў усю гэту шляхту да становішча “прасталюдзінаў”, прызнаючы за шляхту толькі тых, хто валодаў сялянамі.
    Войска ў Вялікім княстве Літоўскім было добраахвотнае. Расея ўвяла тут рэкруцкі набор, а ў цараваньне Аляксандра II-га вайсковую павіннасьць.
    Па дзяржаўнаму ладу ў ХVІ-ХVІІІ стагодзьдзях Вялікае княства Літоўскае было практычна шляхоцкай рэспублікай. Вялікім князем фармальна лічыўся кароль Рэчы Паспалітай, але ўсё вырашалі шляхецкія соймы /сэймы/, а каралёў выбіралі. /Апошнім каралём Рэчы Паспалітай, дарэчы, быў беларус Панятоўскі/. Яшчэ ў ХVІ стагодзьдзі была прынятая канстытуцыя - Статут Вялікага Княства Літоўскага, адна з першых канстытуцыяў у Эўропе, выключна прагрэсіўная для свайго часу. Статут Вялікага Княства Літоўскага быў адменены царызмам - як вядома, так і ня даўшага канстытуцыі сваёй краіне, калі ня браць за яе кастрычніцкі маніфэст 1905 году.
    У рэлігійных адносінах Вялікае княства Літоўскае было стракатым. Тут ужывалася праваслаўе і каталіцызм, вуніяцтва, магаметанства, іудаізм. Нягледзячы на непаразуменьні, канфэсіі жылі паніж сабой дастаткова мірна /выключэньне складаюць толькі эпізоды контррэфармацыі, але гэтакай яна была па ўсёй Эўропе/. Сюды беглі ад уціску расейскія стараверы. Пасьля “воссоединения” ім быў учынены сапраўдны разгром. Таксама царызм зьнішчыў уніяцтва. Пад сталымі ганеньнямі аказаліся каталікі, якія трактаваліся як “палякі”.
    Расейская гістарыяграфія настойвае, нібыта расейская мова, расейскі народ складаецца на стагодзьдзе раней чым беларускі і ўкраінскі народы, беларуская і ўкраінская мовы. Гэткае сьцьверджаньне, верагодна, паклікана падкрэсьліць, “старшынство” “старэйшага брата”. Але як жа гэта магло быць, калі беларуская мова ў Вялікім княстве Літоўскім, як была дзяржаўнай, разьвівалася свабодна, па сваіх заканамернасьцях, а продкі расейцаў прыгняталіся мангола-татарамі? Бо пры гэтым прыгнечвалася і мова, якая засьмечвалася цюркізмамі. У выніку расейская мова ў сваім разьвіцьці адстала ад беларускай, у сувязі з чым у ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях разьвівалася пад мацнейшым уплывам апошняй. Гэты ўплыў ішоў па лініі абодвух разнавіднасьцяў – беларускай царкоўнаславянскай і беларускай літаратурнай мовы. Зьдзіўляцца тут няма чаму. У Х-ХІІІ ст.ст., наперадзе земляў, якія зараз адносяцца да Расеі, ішоў Кіеў, і тады ўладзімірска-суздальскімі грамацеямі была ўспрынятая пісьмовая мова Кіеўскай дзяржавы, мова летапісаў і “Слова пра паход Ігаравы”, а таксама мова Бібліі, якая прыйшла ў Кіеў з поўдня. Пачынаючы з ХV стагодзьдзя, тон ва ўсходнеславянскай культуры сталі задаваць беларускія гарады і асьветніцкія цэнтры. Тут склаўся свой варыянт царкоўнаславянскай мовы, а таксама старабеларуская літаратурная мова, узьнікае мастацкая літаратура і публіцыстыка, зьяўляюцца спэцыялісты па мове.
    У Маскве падобных людзей не было. Працы беларускіх лінгвістаў выкарыстоўваліся для навучаньня моладзі і нешматлікіх тады вучэбных установах Расеі. Па кнізе Мялеція Сматрыцкага “Граматики словенския правильная синтагма” расейскіх дзяцей вучылі больш 100 гадоў, аж да таго часу, калі Ламаносавым была напісана новая граматыка. Сам Ламаносаў называў граматыку Сматрыцкага “вратами учености”.
    Расейскай гістарыяграфіі ня хочацца прызнаваць, што на працягу ста год Масква вучылася па граматыцы беларускага лінгвіста. Гэты факт упамінаецца рэдка. Напрыклад, у “Советском Энциклопедическом Словаре” аб Сматрыцкім сказана толькі наступнае: “Мелетий Смотритский /ок. 1578-1633/, ученый филолог, церковный к общественный деятель Юго-Западной Руси. Грамматика церковно-славянского языка /1619/. Полемические церковные труды”. Што гэта за “Юго-Западная Русь” у дачыненьні да ХУІІ стагодзьдзя - паспрабуй дагадацца, бо да таго часу Русь /Кіеўская дзяржава/ ўжо чатырыста год не існавала. Затое ўжо была назва Расея, другім варыянтам якой была “Русь”. Выходзіць, Мялеці Сматрыцкі быў дзеячом Паўднёва-Заходняй Расеі, раёна Курска? Але ён там і ня быў ніколі. Нарадзіўся ў горадзе Смотрыч ва Ўкраіне /зараз Хмяльніцкая вобласьць/, а дзейнасьць яго праходзіла ў Беларусі, тут і граматыка яго была выдадзеная.
    Расейскі дасьледчык М. М. Дурнава піша: “Во второй половине ХVІІ в. церковно-славянский язык Московской Руси подвергся сильному влиянию церковно-славянского языка Западной Руси /гэта значыць, Беларусі. - I. Л./. Исправление богослужебных книг, проведенное патриархом Никоном в 50-ых и 60-ых годах ХVІІ в., касалось в значительной степени их языка, внося в него изменения согласно нормам церковно-славянского языка Западной Руси”. Вось так Аляксандр Ісаевіч.
    У 1664 г. ва ўзросьце 35 гад, г. зн. дастаткова сталым, у Маскву прыяжджае беларускі паэт Сімеон Полацкі. Тут ён стаў выдатным грамадзкім і царкоўным дзеячам, выхавацелям царскіх дзяцей. Працягваў і займацца літаратурай - пісаў вершы, п’есы. Для расейскіх літаратуразнаўцаў няма сумненьняў у тым, што Сімеон - паэт расейскі і што пісаў ён на расейскай мове. Аднак, калі параўняць вершы напісаныя Сімеонам яшчэ ў гады, калі ён жыў у Беларусі, з творамі маскоўскага пэрыяду, то пераконваемся, што напісаны яны на адной мове. Сімеон лічыцца “одним из зачинателей русской силлабической поэзии и драматургии”. /“Советский Энциклопедический словарь”/. Такім чынам, беларуская моўная творчасьць Сімеона Полацкага была ўспрынятая расейскай літаратурай як свая, далей расейская літаратура разьвівалася, па сутнасьці, на беларускай царкоўнаславянскай мове, якая ў выніку трансфармацыі і ўзбагачэньня ў новых умовах і прымаючы форму сучаснай літаратурнай мовы. Адсюль і блізкасьць апошняй да старабеларускай літаратурнай, якую расейскія лінгвісты, “ничтоже сумяшеся” тлумачаць магістральным разьвіцьцём якойсьці адзінай расейскай мовы, ад якой ужо надта запозна “отпочковалась” беларуская. На самай справе, сучасная беларуская мова - не “отпочковавшийся”, а ізноў створаная з народных гаворак, якія існавалі заўсёды паралельна з літаратурнай старабеларускай, з моцна адаптаванай кніжнікамі да беларускай глебы.
    Выраўноўваньне ў ХVІI ст. афіцыйнай мовы Маскоўскай дзяржавы са старабеларускай прывяло да таго, што дзяржаўныя мовы Расеі і Вялікага княства Літоўскага ў шмат чым супадалі. Атрымалася, што Вялікае княства Літоўскае ў сваім, заканадаўстве карыстаецца той жа мовай, што і ягоны люты вораг - Маскоўшчына. Забараніць Маскве карыстацца дзяржаўнай мовай Літве было немагчыма. І прымаецца трагічнае рашэньне - забарона ўласнай мовы, замена яе польскай моваю. /У ІІольшчы ж у гэты час - 1696 год - дзяржаўнай мовай была лацінская/.
    У Маскву з Беларусі прыйшло і кнігадрукаваньне. Толькі ў малатыражных навуковых працах можна сустрэць скупое ўпамінаньне аб тым, што Іван Фёдараў быў родам з Беларусі, што яго друкарскі знак усходзіць да друкарскага знаку Ф. Скарыны. Вядома, што і памочнік Івана Фёдарава быў беларус Пётр Мсьціславец. Аб тым, што Іван Фёдараў чужаніцай быў у Маскве, яўна не падрыхтаваны да гэтак рэвалюцыйнага перавароту ў культуры, як кнігадрукаваньне, сьведчыць той факт, што са зьяўленьнем “Апостала”, першай маскоўскай кнігі, надрукаванай двума беларусамі, друкары былі выгнаны з Масквы, а прыстанішча знайшлі ізноў жа ў Беларусі.
    Беларускім друкаром і асьветнікам Капіевічам у канцы ХVІІ стагодзьдзя быў удакладнены кірылічны алфавіт, якому былі нададзены практычна сучасныя рысы. Гэта праца расейскай гістарыяграфіяй прыпісваецца Пятру I, які толькі скарыстаў распрацоўкі Капіевіча.
    Расейская гістарыяграфія не прызнае, што навука, асьвета, ідэі гуманізму ішлі ў Маскоўскую дзяржаву ў ХVІ-ХVII стагодзьдзях з Беларусі. На Польшчу яны яшчэ неяк згодны, Беларусь жа для яе - адсталая расейская ўскраіна. Але гэткай Беларусь зрабіла расейскае ўладарства, якое настала пасьля падзелу Рэчы Паспалітай.
    У ХVІII ст. беларускую мову, як ужо была сказана, было забаронена ўжываць пры складаньні дакумэнтаў. Але культура краю, якая разьвівалася на польскай мове, была дастаткова высокай. Існавала сетка друкарняў, вучэбных устаноў на чале з Віленскім унівэрсытэтам. Разьвівалася музыка, тэатар, мэдыцына. Існавала і беларуская моўная літаратура. Яна была непаўнацэннай, але ўсё ж існавала, рыхтавала глебу для нацыянальнага адраджэньня і яно, пры захаваньні дзяржаўнасьці Вялікага княства Літоўскага, абавязкова адбылося б, бо асноўная маса насельніцтва гаварыла па-беларуску. Зьяўленьне сувораўскіх “чудо-богатырей” перакрэсьліла гэтую пэрспэктыву. У барацьбе з “польскім уплывам” царызм не грэбаў ніякімі. сродкамі. Быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт. Школьная адукацыя разьвівалася чарапашымі тэмпамі. Да сярэдзіны 1890-х г. у Беларусі існавала толькі 7 мужчынскіх гімназіяў. Як не ўспомніць тут, што першая гімназія ў Беларусі - Слуцкая - была адчынена яшчэ ў 1617 годзе у той час як першая ў Расеі - у 1725-м, што ў 1773-1794 гадах у Рэчы Паспалітай дзейнічала першая ў Эўропе Адукацыйная камісія, якая ў дадатак да існуючых ужо навуковых устаноў адчыніла у тыя гады на тэрыторыі Беларусі /бяз уліку Віленскага краю/ 20 школаў.
    Вы, Аляксандр Ісаевіч, у сваім трактаце ўспамінаеце аб забароне царызмам украінскай мовы. А пра забарону беларускай забыліся? Чаму не паведамляеце, што Вашы цары не прызнавалі нават сам факт існаваньня беларускай мовы? І зусім не з перакананьня, што ён сапраўды: не існуе. У 1863 годзе, калі ў Беларусі ўзьнялося паўстаньне за волю, беларуская мова раптам была прызнана царызмам і ў губэрнскіх друкарнях пачалі друкаваць угаворы на ёй, каб беларускі мужык ня верыў палякам-панам. Але працягвалася гэта нядоўга. Задушылі паўстаньне - была задушана ізноў і беларуская мова, якая апынулася ў яшчэ больш цяжкім становішчы, чым украінская; а ў Заходняй Украіне, якая належала Аўстра-Вугоршчыне, мова разьвівалася больш ці менш свабодна. Там, ва Львове, выходзілі і першыя кнігі новае беларускае літаратуры. Выдаваліся яны і ў Кракаве, і ў Лондане, і ў іншых мясцох за мяжой, але толькі не ў “воссоединенной” Беларусі.
    Аднак, я забег наперад, вернемся да паўстаньня 1863 года. У сваім “Архипелаге...”, стараючыся намаляваць, які гуманны быў расейскі царызм у адносінах да сваіх праціўнікаў, Вы да гэтага паўстаньня, да ахвяраў яго не зьвяртаецеся. Адчуваецца, што рэпрэсіяў у адносінах да яго ўдзельнікаў лічыце цалкам законнымі, быццам бы людзі не за сваю волю забраную агрэсарам змагаліся, а імкнуліся пазбавіцца свабоды Вашых продкаў.
    Я падаю Вам лічбы ахвяр царызму. Па выніках паўстаньня ў Беларусі і Літве /гэта значыць, акрамя вайсковых дзеяньняў, забралі жыцьцё тысячаў/ былі пакараны праз шыбеніцы 128 чалавек. З іх ксяндзоў, г. зн. сьвятароў - 7. Вы падумаеце: Вам, расейскі цар, дарэчы сказаць, галава праваслаўнае царквы, заказваў вешаць сьвятароў. І Вы пасьля гэтага будзеце цароў абараняць? Асоб “привилигированного сословия” было павешана 88, “простолюдинов” - 53.
    Было саслана на катаржныя работы /пасьля іх катаржнікі назаўсёды пасяліліся ў Сыбіры/ - 853 асобы, у тым ліку 36 ксяндзоў. Саслана ў Сыбір на пасяленьне ў больш ці менш аддаленыя месцы - 504, у тым ліку 6 ксяндзоў. Саслана з пазбаўленьнем асабістых правоў на жыхарства ў менш аддаленыя мейсцы Сыбіры – 825, у тым ліку 19 ксяндзоў.
    Ня буду стамляць далейшым пералікам разнастайных рэпрэсій, сярод якіх і здача ў арыштанцкія роты, і высылка “внутри империи” і другое. Прывяду на заканчэньне толькі заключную лічбу са справаздачы складзенай у канцылярыі Мураўёва-вешальніка: “Всего же выбыло из края.. 12.463”. Гэтакім “гуманным” быў Ваш цар “освободитель” Аляксандр II. Так, можа, прабачым беларуса Ігната Грынявіцкага, які адказаў на гэты “гуманізм” перад сакавіцкай бомбай 1881 года?
    Не, ня шчасьцем, а вялікай бядой, “бедовищем”, па Вашаму выразу, зьявілася для Беларусі “воссоединение”. Гэтая бяда стала трагедыяй, калі вечны змрок расейскага царызму стаўся чорнай ноччу бальшавізму.
    Спадзяюся, Вы ня станеце гаварыць, як некаторыя, што бальшавізм быў “жыдоўскай ідэяй”. Сапраўдныя жыды ішлі ў Бунд. А бальшавікамі станавіліся жыды-расейцы, г. зн. тыя, якія лічылі сябе расейцамі і былі імі. Бальшавізм - зьявішча расейскае і не выпадкова, што бальшавікоў было так мала сярод дзеячоў нацыянальна-вызваленчых рухаў Расеі. Не выпадкова, што першыя 40 год савецкай улады кампартыямі рэспублік кіравалі не людзі той жа нацыянальнасьці, а марыянэткі Масквы, прысланыя зусім з іншых месцаў. Не выпадкова, што і ў шасьцідзесятыя - васьмідзесятыя гады, калі ў вышэйшых эшалёнах КПСС ужо не засталося ніводнага жыда, калі яны сталі амаль на 100% расейцамі, палітыка гэтых эшалёнаў амаль не зьмянілася ў лепшы бок, наадварот - менавіта ў гэтыя гады брэжневы ўсіх масьцей загаварнлі аб “едином советском народе”, “великой исторической общности” і г. д.
    Бальшавікі з тактычных меркаваньняў у гады барацьбы за ўладу высунулі лёзунг “национального самоопределения вплоть до отделенкия”. На гэтую вудачку сёй-той клюнуў, ў тым ліку кіруючыя бальшавікі Ўкраіны і Беларусі. Замест таго, каб да канца змагацца за свабоду сваіх народаў, пайшлі на кампраміс з маскоўскімі бонзамі на стварэньне ў 1922 г. СССР. Практычна ўсе яны ў жахлівыя трыццатыя гады заплацілі за сваю блізарукасьць. Вядома, што з членаў першага ўрада БССР да XX зьезду КПСС у жывых застаўся адзін толькі Дыла, ды і тое ў далячыне ад радзімы, у пажыцьцёвай ссылцы, дзе і памёр у 1973 годзе.
    Бальшавікі захапіўшы ўладу ў Расеі, згадзіліся на свабоду толькі тых народаў, якіх не змаглі ўтрымаць вайсковай сілай - польскага, фінляндзкага, прыбалтыйскіх /апошнія праз дваццаць год былі ізноў уключаны ў “единую и неделимую”. Разграміўшы былы рух, бальшавікі тут жа ўзяліся за “отпавшие окраины”, устанавілі сваю ўладу ў Закаўказьзі, зьліквідавалі Далёкаўсходнюю Рэспубліку, пайшлі наводзіць свае парадкі ў Сярэдняй Азіі аж да трыццатых гадоў вырэзвалі так званых басмачоў. Што ж тычыцца Ўкраіны і Беларусі, то адсюль расейскія войскі і не ўходзілі. У такіх умовах свабодна было вярцець дзяржаўнасьцю гэтых рэспублік, як пажадана.
    Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была абвешчана толькі 1-га студзеня 1919 года, г. зн. праз год з нечым пасьля Кастрычніцкага перавароту. У сутнасьці, маскоўскія бальшавікі ніколі б на яе не згадзіліся, аб чым сьведчаць дакумэнты, але да таго часу /25 сакавіка 1918 года/ была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка і Масква вымушана была лічыцца з гэтым. Напрыканцы 1918 - пачатку 1919 года становішча бальшавіцкага ўраду было няўстойлівым. Таму ў той час Масква пайшла на стварэньне БССР у складзе Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Смаленскай губэрняў, г. зн. з улікам усходняй мяжы беларускага насельніцтва. Але, як толькі пазыцыя бальшавіцкага ўраду ўмацавалася, БССР тут жа была зьменшана да памераў аднае Менскае губэрні. Яе хутчэй за ўсё, ня было б і зусім, калі б на перамовах паміж Расеяй і Польшчай, якія папярэднічалі Рыскай пастанове 1921 году /на перамовы гэтыя прадстаўнікі БССР не былі дапушчаны/, яе захаваньня не патрабаваў Ю. Пілсудскі.
    І ў далейшым наяўнасьць чатырох мільёнаў беларусаў у межах Польшчы ўплывала на палітыку Масквы ў адносінах да БССР. Разьлічваючы прыцягнуць іх на свой бок, справакаваць паўстаньне беларусаў супраць палякаў, за далучэньне да Расеі /такое паўстаньне было арганізавана/, Масква аднавіла тэрыторыю БССР 1919 году, але ня поўнасьцю, без Смаленшчыны і бранскіх земляў і дасюль адарваных ад Беларусі.
    У 1939 годзе, у выніку змовы паміж Сталіным і Гітлерам, Польшча ў межах 1921 года перастала існаваць. Землі заходняй Беларусі былі ўключаны ў БССР. Аднак і тут не абышлося без жорсткіх гвалтоўных дзеяньняў супраць беларускага народу. Гістарычная сталіца Беларусі, места Вільня з шэрагам раёнаў, населеных беларусамі, была перададзена Літве, хаця летувіскае жыхарства гэтага краю складала толькі каля 2%. Нягледзячы на ўключэньне астатняй Заходняй Беларусі ў БССР, мяжа паміж Заходняй Беларусьсю і Усходняй захаваліся аж да вайны. Яе маглі пераходзіць толькі войскі, часткі НКУС ды рознага рангу начальства. Заходняя Беларусь беларускім урадам фактычна не кіравалася. Пад сьцягам барацьбы з палянізацыяй высылаліся соткі тысяч людзей, зачыняліся польскія школы, выданьні, але замест адчыняліся не беларускія, а расейскія, нягледзячы на тое, што да 1939 г. тут практычна не было расейцаў. Зараз абедзьве абласныя і большасьць раённых газэт Берасьцейскай і Гарадзенскай вобласьцяў выходзяць на расейскай мове. Карацей. Гэты разьлік шмат у чым праведзены у жыцьцё.
    Незадоўга да вайны, пад зачэпкай таго, што Ўкраіне патрэбны лес, Украінскай ССР былі прыдзелены раёны БССР.
    Нарэшце, ужо пасьля вайны, Польшчы была перададзена Беластоцкая вобласьць з паўмільённым беларускім жыхарствам, якое ва ўсе далейшыя гады падвяргалася палянізацыі рознымі мэтадамі.
    Так пры “руководящей роли” маскоўскіх улад фарміравалася цяперашняя мяжа БССР. У выніку чаго, няма ніводнага суседа, уключаючы і Латвію, які не валодаў бы гістарычнымі і этнічнымі беларускімі землямі.
    Кожны савецкі народ папакутаваў ад сталінскіх рэпрэсіяў. Але па рознаму. Што б Вы не даказвалі, расейцы - менш за ўсіх. Расейцам абвінавачаньне ў нацыяналізьме не прад’яўлялася. Беларусь жа разам з Украінай з саюзных рэспублік панесла найбольшыя ахвяры. Для Сталіна і яго памагатых было само сабой зразумелым, што Беларусь, якая межавала з Польшчай, кішыць польскімі шпіёнамі і “нацдэмамі”. Падлічана прыблізна, што беларускі народ згубіў ад рэпрэсій каля 2 мільёнаў чалавек. Толькі ў адных Курапатах пад Менскам, па “прикидкам” афіцыяльнай /!/ камісіі здароўя, г. зн. камісіяй не былі ўлічаны ўжо зьнішчаныя магільнікі, якіх было ня менш, чым тых якія захаваліся. Але справа ня толькі ў ліку зьнішчаных. Сталінскі каток пракаціўся па цьвету народа, расьціскаючы і топчучы творчую і навуковую інтэлігенцыю, палітычныя і гаспадарчыя кадры, вынішчыў да 9/10 пісьменьнікаў, вучоных, асабліва ў галіне беларусаведы. Імкнуліся пазбавіць народ гістарычнай памяці, пазатыкаць раты, якія адкрываліся б толькі для таго, каб усхваляць старэйшага брата. Ці вядома Вам усё гэта, вязень ГУЛАГа?
    “А как первая война - то ничья вина...” - сьпяваў калісь ці Б. Акуджава. Памылкова гэта. У кожнай вайне ёсьць вінаваты. Адным з самых жахлівых вынікаў “воссоединения” зьявілася тое, што Расея ўключыла Беларусь у арбіту сваёй агрэсіўнае палітыкі. Яшчэ да падзелу Рэчы Паспалітай расейскія войскі “шныралі па Беларусі, выконваючы пляны цароў. Адна з найбольш вядомых бітваў паміж расейцамі і швэдамі ў 1708 г. адбылася ля вёскі Лясная. Гэта цяпер - Слаўгарадзкі раён Магілёўскае вобласьці. Далучыўшы Беларусь, расейскі царызм ад гэтага часу разглядаў яе як буфэр на шляху з Эўропы ў Расею. У выніку беларускаму народу давалася несьці аграмадныя ахвяры ў Напалеонаўскай і Першай сусьветнай войнах. Не забудзем, што лінія фронту праходзіла праз Беларусь. Потым па Берасьцейскаму міру Расея ўвогуле аддала Беларусь на ганьбу немцам. У 1919-1920 гг. на тэрыторыі Беларусі Расея ваявала з Польшчай.
    Бесьпярэчна, не Савецкі Саюз напаў на Нямеччыну, а Гітлер на Савецкі Саюз. Але абсалютна зразумела, што гэта адбылося ў выніку сьвядомай палітыкі Сталіна і Молатава, якія складалі ў Гітлера ўяўленьне, нібыта Расея – “колос на глиненных ногах”, якое распальвала яго ілюзіі маланкавай перамогі і тым самым звабіць маньяка да нападу. Сталін ня мог сам пачаць вайну з такім сур’ёзным сапернікам, бо асьцярагаўся незадаволенасьці народу, які стаяў і без гэтага ўжо на апошняй грані, але вайна яму была патрэбна і ён разьвязаў яе рукамі Гітлера. З яго прамовы 3 ліпеня 1941 года добра бачна – Сталін даваў сабе зразумець, што на першым этапе адмабілізаваная, разгорнутая армія Гітлера выявіцца мацнейшай і можа прасунуцца далёка наперад. Дзе ж ён думаў затрымаць ворага? Маршалы, якія абкружалі яго ў гады вайны, у адзін голас сьцьвярджаюць, што Сталін цудоўна ведаў геаграфію. Што ж магла яму падказаць геаграфія? Што на тэрыторыі Беларусі ёсьць толькі адзіны сур’ёзны водны рубеж, аб які мог спатыкнуцца той, хто наступаў з Захаду - Дняпро. І сапраўды, менавіта на Дняпры гітлераўцам была дадзена першая сапраўдная бітва. Але Дняпро – гэта ўжо амаль усходняя мяжа БССР! Такім чынам у сталінска-молатаўскіх плянах амаль уся Беларусь уганялася ў бездань ваенных дзеяньняў, аддавалася на рабаваньне фашыстам. Дзеля таго, каб заманіць Гітлера, Сталін нават загадаў зьнішчыць умацаваньні старой савецка-польскай мяжы, дзе таксама можна было даць бой; зьліквідаваў запасы зброі, якую захоўвалі ў тайніках на выпадак вайны дзеля партызанаў.
    У гады вайны Масква, здавалася, рабіла ўсё, каб беларусаў загінула найбольш. Вядомы жахлівыя бамбардзіроўкі гарадоў савецкай авіяцыяй на г. Менск ў ноч на 1-га мая 1943 году. Гэта бамбёжка з вайсковага пункту гледжаньня была абсалютна бязглуздай, г. зн. у горадзе не было ваенных прадпрыемстваў, а ў нямецкіх афіцэраў і жаўнераў хапала бомбасховішчаў. Затое ніякіх бомбасховішчаў не было ў гараджан. 3 ліпеня Чырвоная Армія вызваліла ня Менск, а яго руіны.
    Яшчэ прыклад. Большая частка партызанскіх атрадаў у Беларусі кіравалася з Масквы. Да канца 1943 г. на параўнальна невялікай плошчы паміж Полацкам і Лепелем Цэнтральным штабам партызанскага руху, было сканцэнтравана 16 партызанскіх брыгад. Заганяючы партызан у зону, Масква абяцала хуткае наступленьне Чырвонай Арміі на тым участку /лінія фронту мела некалькі дзесяткаў кілямэтраў/. Але наступ не адбыўся. Калі ж немцы, якія кінулі супраць партызан каля 60 тысяч войскаў і масу тэхнікі, пачалі зьнішчаць абаронцаў зоны. I-шы Прыбалтыйскі фронт абмежаваўся толькі “баямі мясцовага значэньня” ды рэдкімі бамбардзіроўкамі нямецкіх карных частак. У канцы канцоў толькі невялікай частцы партызан удалося вырвацца з варожага кола. А жанчыны і дзеці вёсак былі аддадзены на зьнішчэньне фашыстам. Гэтыя мейсцы бязьлюдныя і да гэтага часу.
    Ды і наогул Беларусь ўся амаль абязьлюднела. За гады вайны загінуў кожны чацьвёрты яе жыхар. Добра памятаю, што ў маёй вёсцы /усходняя Магілёўшчына/ пасьля вайны засталося толькі некалькі дарослых мужчын у гадох.
    Ці патрэбны доказы, што Беларусь у гэтай вайне пацярпела шмат болей Расеі. Чым жа дапамагла пасьля вайны Расея Беларусі, якая прыняла на сябе галоўны ўдар ворага, цаной жыцьця сваіх сыноў і дачок і выратавала шмат якіх сыноў і дачок Расеі? Ды па сутнасьці нічым. Не лічыць жа дапамогай тое завадзкое абсталяваньне, што было эвакуіравана з Беларусі ў 1941 г. і пасьля вайны часткова было вернута, быдла, якое было прыгнана замест угнанага на Ўсход. Рэспубліка ляжала ў руінах, адных вёсак за гады вайны было спалена больш 9 тысяч, беларускі лес вывозіўся на аднаўленьне расейскіх гарадоў Беларускія сяляне /дакладней, сялянкі/ задыхаліся пад цяжарам падаткаў, якія зусім не былі зьменшаныя ў сувязі з асаблівымі стратамі Беларусі ў гады вайны.
    “Дапамога” рэспубліцы аказвалася толькі кадрамі, г.зн. расейскімі начальнікамі ўсіх рангаў, галоўнай задачай якіх было закапаць беларускую мову, зьліць беларусаў са “старэйшым братам”.
    Разумею, што для Вас Хрушчоў мілей Берыі. Мне, канешне, таксама. Але вось, якая справа.
    Мала хто ўжо памятае, што пасьля сьмерці Сталіна Берыя быў кароткі час поўнаўладным гаспадаром краіны. І пасьпеў распарадзіцца - цяжка сказаць, з якімі мэтамі - каб дакумэнтацыя ў рэспубліках афармлялася і афіцыйныя паседжаньні праводзіліся на мовах гэтых рэспублік. Як успамінаюць, у тыя месяцы начальства ў Беларусі стала на рэдкасьць маўклівым. Яно ня ведала мовы народу, якім кіравала! Хрушчоў гэтую памылку імгненна выправіў.
    У адрозьненьне ад папярэдніка /Сталіна/, Мікіта Сяргеевіч любіў езьдзіць па краіне, “сустракацца з народам”. Аднойчы ў канцы 50-х гадоў ушанаваў сваім прыездам і Менск. Быў тэрмінова скліканы партыйна-гаспадарчы актыў. Прамову сказаў Мазураў, на беларускай мове, які быў першы сакратар ЦК КПБ. У перапынку Хрушчоў накінуўся на яго пры сьведках: “Что вы себе позволяете? Делаете доклад не по-русски. Ни черта непонятно”. Далей паседжаньне ішло ўжо на расейскай мове. І наогул далей усе паседжаньні па ўсёй Беларусі вяліся па-расейску.
    У другі свой прыезд, з нагоды 40-годзьдзя БССР, з прыступак ганку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Хрушчоў прамовіў: “Чем скорее мы все перейдем на руссккй язык, тем скорее придем к коммунизму”. Праз некалькі дзён у Вільні ён сказаў: “Вот белорусы лучше вас, литовцев, говорят по-русски - значит они ближе к коммунизму”. Выглядала, што расейцы ўжо жывуць пры камунізьме, але гэта Хрушчова не бянтэжыла.
    Са словамі пачыналіся дзеяньні. Нешматлікія вузы і сярэднія спэцыяльныя вучэбныя ўстановы, якія яшчэ працавалі на беларускай мове, былі тут жа пераведзены на расейскую. Адначасова па гарадох і раённых цэнтрах пракацілася лявіна перакваліфікацыі беларускіх школак у расейскія. У новых, расейскіх школках беларуская мова выкладалася як факультатыўная: хочаш - хадзі, ня хочаш - ня трэба. Паколькі беларуская мова стала толькі перашкодай для паступленьня ў ВНУ і тэхнікумы /іспыты ж прымаліся на расейскай, бацькі ў масавым парадку сталі падаваць заявы аб тым, каб дзяцей вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы. Заявы гэтыя не марудзячы задавальняліся. Так сталі расьці пакаленьні беларусаў, якія ня ведалі роднай мовы, літаратуры, гісторыі, культуры.
    У вышэйшых навучальных установах цяга да роднай мовы перарвалася. Вядомыя выпадкі, калі з унівэрсытэта выключалі за карыстаньне беларускай мовай нават студэнтаў беларускага аддзяленьня!
    Адукацыяй справа не абмежавалася. Русыфікацыя ішла і іншымі шляхамі. Так, без якой бы тае ні было прычыны была пераведзена на расейскую мову газэта для вясковага насельніцтва – “Калгасная праўда” стала “Сельской газетой”. Быў пераведзены на расейскую мову і шэраг іншых выданьняў. Усё радзей гучала беларускае слова па беларускаму радыё і тэлебачаньню. На беларускай мове па ўсёй рэспубліцы працавала толькі тры тэатры. Кінастудыі “Беларусьфільм” было забаронена ствараць фільмы на беларускай мове, пайшоў у мінулае дубляж расейскамоўных фільмаў на беларускую мову.
    Прыводзілася і адпаведная дэмаграфічная палітыка. Новыя буйныя будоўлі на Беларусі абвяшчаліся “ударными всесоюзными” /Салігорск, Новаполацк/. Сюды хлынулі масы расейскага насельніцтва каля 70 тысяч жыхароў. Тут не ўбачыш беларускія шыльды, не пачуеш беларускага слова. У самым цэнтры Беларусі, побач з даўняй беларускай сталіцай Полацкам склаўся расейскі анкляў, які зараз, глядзім, запатрабуе “выхаду з БССР”.
    Адначасова па Беларусі езьдзілі агенты, якія вэрбавалі на такія ж самыя будоўлі ў РСФСР, у мала населеных вобласьцях Расеі працалюбівых беларусаў. Ахвярай іх абяцанак стаў мой брат - аграном, які прарабіў у Чыцінскае вобласьці пятнаццаць год і які не прывёз адтуль нічога, акрамя сваіх чацьвярых дзетак, якія не валодаюць роднай мовай.
    Мэта гэткай палітыкі вядома, перамяшаць беларусаў з расейцамі, каб і жаданьне карыстацца роднай мовай не ўзьнікла, пазбавіць памяці аб тым, што яны - беларусы.
    Расейскае насельніцтва ў Беларусі катастрафічна расло і даўно ўжо перавысіла мільён. Але Масква па ранейшаму адносілася да Беларусі, як да калёніі не задумваючыся над тым, што эксплуатуюць і сваіх супляменьнікаў. У цяперашні час з нацыянальнага даходу БССР Масквой забіраецца ў “агульнасаюзны фонд” больш 6 мільярдаў рублёў у выглядзе жыцьцёвых неабходных тавараў. Напрыклад, за межы рэспублікі вывозіцца 93% халадзільнікаў, якія вырабляюць тут. Вываз з Беларусі перавышае ўвоз на 2,6 мільярда рублёў. Гэта значыць, кожнага беларуса, уключна немаўлятаў, Масква штогод ашуквае на 250 рублёў - сума, якая перавышае сярэднюю месячную зарплату ў СССР.
    У 1986 г. “ахнуў” чацьвёрты блёк Чарнобыльскай АЭС, адкрыўшы гісторыю нечуваных катастроф чалавечае цывілізацыі. І тыя чорныя дні, калі чарнобыльскі вулькан працаваў на поўную магутнасьць, супраць беларускага народу было зьдзейсьнена яшчэ адно найцяжэйшае злачынства. Каб не прапусьціць радыяцыйныя хмары да Масквы, яны былі расстраляны з самалётаў над Беларусьсю. У выніку гэтага чарнобыльская пляма займае зараз каля пятае часткі тэрыторыі Беларусі. Але ж хто ведае, можа, гэтыя хмары вельмі спакойна прайшлі б над усёй Эўрапейскай Расеяй і “разрадзіліся” над Барэнцавым морам. Ці, губляючы свой атрутны груз паступова расьсеялі б яго па гэткай вялікай плошчы, што ён не прычыняў бы небясьпекі.
    На чарнобыльскую бяду народам было сабрана 8 мільярдаў рублёў. З іх Беларусі былі выдзелены... дзесяткі мільёнаў, Украіне - сотні мільёнаў. Мільярды ж былі адданы Міністэрству атамных электрастанцый, на пагашэньне “ягоных” страт. Тое ж самае, цалкам, адбудзецца і з Вашым ганарарам за трактат, які Вы /за што Вам вялікае дзякуй/ аддалі ахвярам Чарнобыля.
    Беларускім урадам распрацавана праграма пераадоленьня чарнобыльскага выніку. Кошт яго 18 мільярдаў рублёў. Гэта - неабходны мінімум, які прызнаны паслужыць таму, каб перасяліць людзей з атручаных тэрыторый. Але Масква адказваецца выдзяліць іх, папракаючы Менск у “залішняй настойлівасьці”. Як быццам размова ідзе і не ідзе аб жыцьці і сьмерці цэлага народу - народу, які ў чарнобыльскай аварыі абсалютна не вінаваты, народу, які ізноў закрыў сабою Маскву.
    Дастаткова было прыпомніць беларускія выплаты на “агульна-саюзны фонд”, каб на працягу трох год 6 мільярдаў вывезеных кожны год з Беларусі рублёў ператварыліся ў 18 мільярдаў. Але Масква аб гэтым і слухаць ня хоча.
    Хаця Чарнобыльская бяда - гэта яшчэ ня ўся бяда беларусаў. Беларуская зямля нашпігавана ракетнымі установамі, як поле морквай. Тут разьмяшчаліся 24 устаноўкі РСД з 43, зьнішчаных згодна дамоўленасьці, падпісанай Гарбачовым і Рэйганам - 24 з 43! Ды і астатнія гэтыя ракеты стаялі не ў Расеі. Чаму ж? Зразумела чаму. Бо ў выпадку ядзернае вайны першы ўдар будзе нанесены менавіта па ракетным кропкам. Як і раней Расея падстаўляла пад першы удар “малодшую сястру”, Беларусь, спадзяючыся засланіцца за яе ня так ужо і шырокаю сьпіной.
    Як згадвалася ў друку, у цяперашні час ядзерны патэнцыял Беларусі перавышае амэрыканскі. Здарылася што і да чарнобыльскай бяды, дадалася яшчэ адна, ужо непапраўная.
    Беларуская зямля спляжана жаўнерскімі ботамі, зрытая акопамі ў мірны час. А я Вас запэўніваю: мы, беларусы, мірны народ і ваяваць ніхто не зьбіраецца. Нашы землі - пад ваенныя базы, вайсковыя гарадкі, палігоны - забраныя ў нас сілаю. Гэтым летам Вярхоўны Савет БССР абвясьціў Беларусь нэйтральнай, бязьядзернай дзяржавай. Але ці Расея забярэ свае ядзерныя склады, калі мы застанёмся ў Вашым “Расейскім Саюзе”?
    Беларусаў трэба тэрмінова перасяліць на чыстыя землі сотні тысяч людзей. Гэта азначае - будаваць новыя сёлы, пасёлкі, фэрмы, школкі. А Масква пераводзіць на Беларусь вайсковыя часьці з Вугоршчыны і Чэхаславаччыны; а потым, зразумела, пачнецца перавод і з Нямеччыны - патрабуючы іх раскватараваць, даваць кватэры для жаўнераў. Але дзе ж гэтае жыльле браць?! Мым карміць жаўнераў, калі дзеля ўласных жыхароў не хапае чыстых прадуктаў - гэта азначае, не атручаных радыяцыяй.
    Гэта ўсё - крыўды буйныя. Але зараз мы, беларусы, пачалі прыкмячаць і дробныя.
    На сьвяткаваньне 500-годзьдзя Францыска Скарыны не прыехаў ні адзін запрошаны расейскі пісьменьнік.
    Прэзыдэнт Расеі Ельцын адмовіўся прыняць Першага намесьніка Старшыні Савета Міністраў БССР - маўляў, самога Старшыню.
    Фэдэрацыя футболу СССР пераносіць матч менскага “Дынама” з маскоўскім “Спартаком” дзеля таго, каб “Спартак” мог зарабіць за мяжою 50 тысяч долараў. А менскае “Дынама” на гэтым пераносе нясе страты, якія “Спартак” не кампэнсуе ні адным цэнтам з заробленых даляраў.
    На вуліцы ў Менску жанчына, якая ўмяшалася сама ў гаворку, патрабуе, каб ты размаўляў з ёю па-расейску - таму што яна расейка.
    Такі мой рахунак “старэйшаму брату” - паспрабуйце прапанаваць сустрэчны.
    Уласна кажучы, што прызначылі Вы майму народу ў сваім “Расейскім Саюзе”?
    Ужо сама назва - Расейскі, а не, дапусьцім, Саюз Усходнеславянскіх народаў - дакладна гавораць, чаго Вы жадаеце.
    Для украінцаў і беларусаў у “Расейскім Саюзе” Вы не прадугледжваеце ніякай дзяржаўнасьці, нават той куртатай аўтаноміі, якую яны маюць зараз. Гэта азначае, ато “Расейскі Саюз” Вы ўяўляеце як царскую Расею, толькі без “двенадцати нечистых”.
    Вы чалавек разумны і добра разумееце, што недзяржаўная мова ня можа разьвівацца нармальна. Функцыі ж дзяржаўныя, само сабою зразумела, Вы спадзеяцеся пакінуць толькі за расейскай мовай.
    Такім чынам, Вы асуджаеце сваім праектам украінскую ды беларускую мовы, роўна як і іх носьбітаў - украінскі і беларускі народы - на выміраньне.
    Таму Вашыя словы: “С дружелюбием и радостью должен быть распахнут путь украинской к белорусской культуре не только на территории Украины и Белоруссии, но к Великороссии” – ёсьць ня што іншае, як крывадушша.
    “Я с тревогой вижу, - пішаце Вы, - что пробуждающееся русское национальное самосознание... никак не может освободиться от пространственно-державного мышления, от имперского дурмана”.
    Думаецца, Аляксандр Ісаевіч, што такі неспакой павінен Вас ахапіць і пры поглядзе на самога сябе.
    Вы ня першы з буйных расейскіх мысьліцеляў, нават, падалося б, настроеных дэмакратычна, хто спатыкаецца са “славянскім пытаньнем”. Шмат каму на даюць спакою ідэі панславізму, агульнаславянскай дзяржавы да самой Адрыятыкі, у якой расейцы гулялі б кіруючую ролю. Яшчэ Пушкін у адказ на эўрапейскую крытыку царскай Расеі, якая задушвала польска-беларускае паўстаньне 1830-1831 гг., пісаў у славутым сваім вершы “Клеветникам России:
                                                Кто устоит в неравном споре:
                                           Кичливый лях, иль верный росс?
                   Славянские ль ручьи сольются в русском море?
                                                  Оно ль иссякнет? вот вопрос.
    Такім чынам, па Пушкіну /і Вы, як вынікае, з ім салідарны/ “славянские ручьи” патрэбны толькі дзеля таго, каб не высахла “русское море”.
    Так вось, Аляксандр Ісаевіч, мы Вашае “русское море” сілкавалі чатырыста год, пачынаючы з Івана Фёдарава. Ці не дастаткова? Можа, далей ужо ня высахне і без нашага “ручая”?
    Ды зразумейце ж, што ня мае ніякага права, акрамя “права” жалезнага кулака, адзін народ кіраваць другім, навязваць яму сваю волю, пыхліва вызначаць як жыць.
    Разыдземся па добраму, як і належыць грамадзянам канца ХХ стагодзьдзя, калі і такая “драбніца”, па Вашаму выразу, як Фарэрскія астравы, патрабуюць незалежнасьці, бо не падабае якому б там ні было народу падпарадкавацца іншаму.
    Ня будзем множыць крыўды – і без таго яе назапасілася да краёў за сотні гадоў.
    13 кастрычніка 1990 г.
    Іван Ласкоў, пісьменьнік.
    /Пераклад з рускай мовы/
    /Голас часу. Лондан. № 6. 1991. Б. 11-16; № 1. 1992. Б. 10-15; № 2. 1992. Б. 17-22; № 3. 1992. Б. 9-14./

                                                                         ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




                                                                              [C. 471.]




    У “камэнтатаркі” напісана, што “Открытое письмо А. И. Солженицину” “упершыню апублікавана ў інтэрнэце” (с. 518). Але публікацыя ў інтэрнэце таксама мае свайго аўтара ды і Выдавецкі Дом “Беларуская Навука” не якая там раённая газэтка кшталту “Сцяг кастрычніка” і таму павінна паказваць аўтара публікацыі ў сецеве ды дзе і адкуль гэтая публікацыя ўзятая, як гэта робяць іншыя выданьні, праўда, не такія значныя як Выдавецкі Дом “Беларуская Навука”. Але тут узьнікае пытаньне – чаму ўкладальніца-камэнтатарка пазначае што ўсе творы Івана Ласкова з яе падачы друкуюцца ўпершыню, а вось “Открытое письмо А. И. Солженицину” – не?..



    А паўстаў гэты пераклад наступным чынам. У тым далёкім 1990 г. у Якуцку Іван Ласкоў аддрукаваў 10 экз. свайго “Письма Солженицину” па-руску, пад капірку на машынцы, каб разаслаць у розныя выдавецтвы. Але ў жніўні 1991 г. адбыўся г. зв. ДКНС СССР і таму не паведаміўшы І. Ласкову, я хуценька пераклаў гэты “ліст” ды адаслаў яго Ю. Весялкоўскаму у Вялікабрытанію, дзе ён і надрукаваў  яго у “Голасе Часу”. Таксама па просьбе І. Ласкова, я завёз некалькі “Писем Солженицину” ў Мінск ды перадаў Алесю Емяльянаву і ў газэту “Свабода”. Але “Свабода” яго не надрукавала, а А. Емяльянаў разам з С. Адамовічам каяліся па Саюзнаму тэлебачаньню (паказвалі ў Якуцку), што яны былі агентамі КДБ, але нічога дрэннага нікому не рабілі. Праўда адзін экзэмпляр “Письма Солженицину” у мяне захаваўся, таму і быў зьмешчаны ў інтэрнэце, дзе яго, між іншым, прачытала вялікая колькасьць людзей.
    А. Б.




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz