ПРАДМОВА
З
Сяргеем Новікам-Пяюном пры яго жыцьці мне пазнаёміцца не давялося. Маштаб яго
асобы ў часы майго сталеньня быў занадта далёкім ад магчымасьцяў асэнсаваньня.
Асэнсоўваць давялося праз шмат гадоў пасьля яго сьмерці. І калі я не выказаў
яму павагу пры жыцьці - хай гэтая кніжка стане данінай павагі яму цяпер.
ЧАСТКА I. ДЗЯЦІНСТВА, ЮНАЦТВА...
Сяргей Новік нарадзіўся 14 (27 па новым стылі) жніўня 1906 года ў вёсцы
Лявонавічы Слуцкага павета Мінскай губэрні (цяпер вёска ў Нясьвіскім раёне).
Яго бацька Міхаіл Сцяпанавіч быў народным настаўнікам - з той народнай
інтэлігенцыі пачатку XX стагодзьдзя, якая несла простым людзям асьвету ў вельмі
шырокім значэньні, бо мусіла выконваць абавязкі лекараў, аграномаў, адвакатаў і
каго толькі яшчэ.
Па
словах маці Еўдакіі Пятроўны, падчас нараджэньня сына ў тамтэйшай царкве якраз
зьвінелі званы... З верай у Бога Сяргей Новік (далей С.Н.) пражыў усё жыцьцё.
Царква ў Лявонавічах была збудаваная ў XVII стагодзьдзі як
грэка-каталіцкая (уніяцкая). Нягледзячы на скасаваньне уніі ў 1839-м, памяць
пра унію ў жыхароў вёскі жыла, грэка-каталіком да канца сваіх дзён вызнаваў
сябе і С.Н., прасіў для споведзі
паклікаць яму грэка-каталіцкага сьвятара, хоць і даглядалі яго перад сьмерцю
сёстры з праваслаўнага брацтва імя Віленскіх пакутнікаў.
У
сталым узросьце Сяргей прысьвяціў маці паэму “Мама! Матуля мая!”, дзе, сярод
трыццаці сямі строфаў, ёсьць і такія:
Увечар і ў сьветлыя ранкі
З любасьцяй у ложачку я
Слухаў твае калыханкі,
Мама, матуля мая!
Дар мне штогод на Каляды
Праца прыдбала твая,
Каб твой сыночак быў рады,
Мама, матуля мая!
І на Вялікдзень абноўку
Меў ад цябе штогод я, -
Гладзіла мне ты галоўку,
Мама, матуля мая!
Калі ж хвароба прыстала
І цяжка мучыўся я,
Сэрцам мяне даглядала
Мама,
матуля мая.
Апроч бацькоў, самымі блізкімі людзьмі для Сяргея з дзяцінства былі
родныя сёстры: Маруся, Алеся і Кацярына. Першая ашчадна захоўвала жывапісныя
творы брата, разам з другой С.Н.
ладзіў свае першыя тэатральныя спэктаклі, а трэцяя вышыла для брата прыгожы
герб “Пагоня”.
Тую “Пагоню” ён хаваў ад залішніх вачэй за фіранкай у апошняй сваёй
кватэры, а калі незалежная Рэспубліка Беларусь абірала сабе новы герб, на пэўны
час перадаў сваю і Каценькіну “Пагоню” на выставу ў якасьці аднаго з
варыянтаў-прэтэндэнтаў на герб дзяржавы. У далейшым яна знайшла прытулак у
фондах Музэя гісторыі беларускай літаратуры.
Бацькоўская хата на ўскрайку Лявонавічаў лічылася ў сяле надзвычай
прыветнай і сьпеўнай. Любілі сьпяваць і бацькі, і сёстры, і сам Сяргей.
Аднавяскоўцы звалі іх сям’ю “пяюнкамі”. На сьпеўкі ў іх хату хадзілі з іншага
канца сяла. Нядзіўна, што ўрэшце менавіта Сяргей, яшчэ не сягнуўшы 20-годзьдзя,
стварыў у Лявонавічах хор, які перажыў яго самога. І нядзіўна, што ў далейшым
ён абраў сваім псэўданімам сямейную вясковую мянушку. Толькі зрабіў яе
дарослай: з Пяюнка стаў Пяюном.
У
1918-24 гг. Сяргей вучыўся ў Нясьвіскай рускай гімназіі.
Па гасьцінцы Слуцкім
Шпарка конік мчыцца:
Вязе мяне бацька
У Нясьвіж вучыцца.
Гэта пра бацьку і вучобу. А вось пра той жа пэрыяд з паэмы пра маці:
Часта табе гаварыў я:
“Мамачка! Сядзь адпачнуць!” –
“Я анічуць не змарылась!” –
Мне давялося пачуць.
“Добра вучысь, галубочак,
Любая мроя мая!
Скончыш ты школу, сыночак,
Вось адпачну тады я!
Простай ідзі ты дарогай,
Бліжніх не крыўдзь ты, о, не!
Ў старасьці будзеш падмогай,
Будзеш пацехаю мне!”
Сын твой вучыўся старанна,
Матчын спаўняў запавет,
І ён даведаўся рана
Пра Беларусь і ўвесь сьвет.
Віктар — навучэнец
Наваградзкага
гандлёвага тэхнікума
У
гімназіі выкладалі рускую мову і літаратуру, матэматыку, фізыку, хімію,
геаграфію. Акрамя іх - заканадаўства, францускую і нямецкую мовы, гімнастыку,
гігіену.
Улада ў Нясьвіжы за той час мянялася шматразова: Беларуская Народная
Рэспубліка і немцы, бальшавікі і палякі, ізноў бальшавікі, ізноў палякі... А ў
хаце “пяюнкоў” валадарыла Беларуская Народная Рэспубліка - бел-чырвона-белы
сьцяг, партрэты беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Па ўспамінах С.Н., у тыя гады “бацька, з кім бы ні
гаварыў - з палякам, украінцам ці нават эстонцам, заўсёды падкрэсьліваў: мы –
беларусы”.
Памятаю, як мой стрыечны брат, настаўнік,
скончыўшы вучобу і прыехаўшы ў 1920 г. дадому, ганарыўся: “Я жыву ў Менску!”.
Падзеі, якія ў той час адбыліся, дапамаглі сфарміраваць беларускую сьвядомасьць
цэламу пакаленьню, бо тады, у дваццатым годзе, мы ўжо вызваліліся з-пад царскага
прыгнёту і яшчэ не былі пад Польшчай. Пакуль ішла вайна паміж пілсудчыкамі ды
бальшавікамі, беларусы пачалі будаваць свой дом...
Пабачыў Сяргей і Булак-Булаховіча і Юзафа Пілсудскага.
На Рыначнай плошчы, хаця і не ў базарны
дзень, сабралася нямала народу. Булак быў апрануты пад Каліноўскага: у сьвітцы,
падперазаны поясам, у ботах, у халявы якіх запраўлены штаны, у папасе. Гаварыў
звонкім голасам, азартна. У яго армію запісаліся многія, у тым ліку і вучні
настаўніцкай сэмінарыі.
Пад прыгнётам польскіх
паноў
У
1954-м годзе паэму “Цярністы шлях”, збудаваную ў выглядзе ліста з якуцкай ссылкі да Якуба Коласа, С.Н. пачынаў з успамінаў пра дзяцінства
пад палякамі-акупантамі:
Калі паны-ляхі
Край наш зваявалі,
Волю-долю нашу
І зямлю забралі,
Я тады яшчэ быў
Хлопчыкам маленькім,
Але памятаю
Добра, добра ўсенька.
“Першыя” палякі занялі Нясьвіжчыну ў жніўні 1919-га. Іх валадарства
пакінула нярадасную памяць:
Як гарэлі вёскі,
Як стагналі людзі
Пад пятою панскай
Думалі: “Што будзе?”...
Ўсё паны забралі,
Цэрквы зачынілі,
Родну мову ў школе
Нам забаранілі.
Першы друкаваны твор С.Н.
зьявіўся ў 1921-м, калі сытуацыя з уладамі ўрэшце стабілізавалася: Нясьвіжчына
апынулася ў складзе Навагрудзкага ваяводзтва Польшчы. Той твор - пераклад на
беларускую мову апавяданьня “Запіскі салаўя” - быў
надрукаваны ў часопісе «Зоркі» (№ 2) пад крыптанімам С.Н. Тады ж прыйшло да Сяргея і захапленьне паэзіяй. Сам ён
сьцьвярджаў ва ўзгаданай паэме:
Верасень
імглісты
Быў у дваццаць першым.
У той год пісаць я
Пачаў свае вершы.
Якога кшталту былі тыя вершы? С.Н.
сьцьвярджаў, што сатырычныя:
З маленства я прывык быць адзінокім. Гэта
адзінота разьвіла ва мне назіральнасьць і летуценнасьць. І вось,
падпарадкоўваючыся першым уражаньням, у маім розуме міжволі прамільгнула думка
намаляваць карыкатуру на аднаго з выкладчыкаў... Намаляваўшы карыкатуру, я
пачаў сёе-тое прыдумляць да яе. Калі я напісаў адну страфу, то міжволі
заўважыў, што ў мяне атрымалася хоць няважная, але ўсё ж — рыфма...
Разахвочаны, я стаў пісаць далей...
У гімназіі Сяргей грунтоўна авалодаў
францускай і нямецкай мовамі. Увогуле, грунтоўнасьць у авалодваньні ўсім, за
што браўся, была для яго характэрная. Але найбольш ён захапіўся мовай, якую
стварыў лекар-акуліст з Беластока Людвік Заменгоф (1859-1917) - эсперанта. Ён
нават склаў словы і музыку “Песьні юных эспэрантыстаў”. Амаль праз
паўстагодзьдзя, ў 1966-м, яе надрукаваў часопіс баўгарскага эспэранцкага
таварыства.
Лінгвістычна здольны, Пяюн у сталым узросьце выдатна валодаў трыма
славянскімі мовамі (беларускай, рускай, польскай - на ўсіх размаўляў без
акцэнту), якасна гімназічнымі нямецкай і францускай, бегла - літоўскай. А
эспэранта стала яго мовай-хобі, мовай-захапленьнем, мовай-ратаваньнем. Пяюн -
самы глыбокі і апантаны эспэрантыст сярод дзеячаў беларускага руху XX
стагодзьдзя.
Надта цікавіла С.Н.
беларуская вусная народная творчасьць, і ён зьбіраў яе творы з гімназічных
гадоў. Рыхтаваўся стаць праўдзівым пэдагогам і культурна-асьветным дзеячам у
сваім родным асяродзьдзі. І некалькі год такім быў!
Тагачасныя яго настаўнікі - гімназічныя выкладчыкі быццам і не галоўных
прадметаў. Музычную адукацыю ён атрымаў у прафэсара Кацярыны Плішка-Банасевіч,
майстэрству ігры на скрыпцы Сяргея вучыў Тадэвуш Тадроўскі, маляваць - мастак
Мікалай Ліцьвіненка. Граць на мандаліне Сяргей навучыўся самастойна.
Найдаўнейшае, што захавалася (дзякуючы сястры Марыі) з творчасьці С.Н. - жывапіс: пэйзаж “Краявіды”
(1919), партрэт Адама Міцкевіча (1926), карціна “Першы сьнег” (1927).
Пазьнейшыя работы С.Н. перанёс у
Слонімскі краязнаўчы музэй.
У
гімназічныя гады Сяргей стварыў цікавыя маляўнічыя работы “Нясьвіскі замак”,
“Млын-вятрак у Лявоцавічах”, “Маёнтак у Смалічах”, якія маюць як этнаграфічную,
так і мастацкую каштоўнасьць.
Дарэчы, на год пазьней за С.Н.
у тую ж гімназію прыйшоў вучыцца будучы клясык беларускага жывапісу Міхаіл
Сяўрук (1905-1979).
Клясычныя гімназіі складаліся з васьмі клясаў. Але Сяргей двойчы
“пераступаў” праз клас, здаваў адпаведныя экзамэны экстэрнам. У выніку ён
прайшоў гімназію за шэсьць гадоў. Вось радкі з яго паэмы, прысьвечанай маці:
Кніжкі ўсю праўду адкрылі
Пра беларускі народ,
Сілу яго і бясьсільле,
Мары ягонай палёт.
Каб расквітацца з прынукай,
Волю Радзіме здабыць,
Збратаўся сын
твой з навукай,
Стаў землякоў ён вучыць.
Цемра ўсіх нас засмактала
Сярод няволі, нягод,
Сілаў цярпець больш не стала,
Рушыў сын твой у паход.
13
ліпеня 1924-га, калі С.Н. быў ужо вольны ад гімназічных клопатаў, выданьне “Сын
беларуса” пад крыптанімам N. зьмясьціла яго публіцыстычную нататку “Езуіты
працуюць”. Пяюн не меў і 18 гадоў, але тэкст нататкі дарослы, захапляльны і
стылёвы, што праўда - з элемэнтамі спэкуляцыі: пад езуіцкую інтрыгу ў ім
выстаўляецца выжываньне новапрыбылым і нахабным праваслаўным сьвятаром, з
дапамогай архірэя, паважанага ў сваёй Ваўкавыскай парафіі тутэйшага і
старэйшага сьвятара, які на выбарах заклікаў галасаваць за беларусаў.
Практыка псэўданімаў, пад якімі тады друкаваліся аўтары ў мэдыях, была
абумоўлена імкненьнем выданьняў не раскрываць публіцы сапраўдныя імёны сваіх
аўтараў. Чаму? Тут была і звычайная абарона пішучых ад магчымай помсты і
перасьледу, а была абарона самога мэдыя ад таго, каб іх вартых аўтараў
пераманьвалі мэдыі больш заможныя...
Назьбіраў на лузе
Я бярэмя кветак,
З іх сплятаю песьні
Для старых і дзетак.
Я наладзіў ліру,
Па струнах ударыў,
З той пары па сьвеце
Крочу з песьняй у
пары.
Цяжка жыць сялянам
Ў панскай паняверцы,
Ім складаю песьні
Так, як кажа сэрца.
У
1925-26 гг. Сяргей вучыўся на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. У 1925
г. таксама пад крыптанімам N. у часопісе “Студэнцкая думка” (№ 4) зьявіўся яго
верш “Не бядуй” - першы надрукаваны.
У
1926 годзе Сяргей пад выглядам пажарнай каманды стварыў у роднай вёсцы хор (з
1963 года народны хор) і тэатар. Падобна Дуніну-Марцінкевічу ў Люцінцы, Пяюн у
Лявонавічах - сам быў у тэатры і рэжысёр, і адміністратар, і выканаўца галоўных
роляў. Адзінае што п’есы ён браў гатовыя, прызнаных беларускіх аўтараў.
8
жніўня 1926-га пры Лявонавіцкай пажарнай камандзе адбыўся прэм’ерны спэктакль
тэатра Пяюна па п’есе Францішка Аляхновіча “Птушка шчасьця”. Нататку-рэцэнзію з
той нагоды зьмясьціла газэта “Сялянская ніва”. Аўтар тэксту, натуральна, сам С.Н., ізноў пад крыптанімам N. Стыль -
варта адзначаць - не столькі журналісцкі, колькі пераканана прапагандысцкі:
Уся публіка была зацікаўленая гульнёю
артыстаў-аматараў... старанна прыслухоўваліся ўсе да кожнага слова, пільна
ўглядаліся ў кожны рух артыстаў... Музыка была добрая. Настрой панаваў як
найлепшы. Кожны з прысутных чуўся на гэтым спэктаклі як у сваёй хаце...
На
завяршэньне - пажаданьне посьпехаў і шчасьлівай будучыні самім сабе:
Жадаю
ад шчырага сэрца, каб лявонаўскія артысты-аматары і ў будучыні мелі добрую
ўдачу ў тварэньні спэктакляў, якую мелі ў першым, пры ўспаміне аб якім радасна
робіцца на душы. Хай і ў нашым кутку, у якім ужо колькі гадоў не было ніякае
культурнае працы, блісьне коска асьветы.
Праз 20 дзён Лявонавіцкая трупа дала прэм’еру адразу двух спэктакляў. Па
п’есах Леапольда Радзевіча “Зьбянтэжаны Саўка” і “Пасланец”. У першым -
галоўная роля за С.Н., а ў
“Сялянскай ніве” - ізноў яго нататка пра падзею пад крыптанімам N.
Лявонаўскія артысты-аматары й на гэты раз
патрапілі зацікавіць сваёю гульнёю ўсіх. Уся заля грымела воплескамі... Усе
прысутныя былі ў вельмі добрым настроі.
На
тэатры С.Н. не спыніўся - у той жа
час ён стварыў гурток Таварыства Беларускай Школы, беларускую бібліятэку,
нелегальныя школы ў Лявонавічах і навакольлі.
ЧАСТКА II. ПАД ПОЛЬСКАЙ
УЛАДАЙ І ЗА ПЕРШЫМІ “САВЕТАМІ”
Занадта актыўная, з пункту гледжаньня польскіх улад, беларуская
дзейнасьць С.Н. не засталася без
пакараньня. У адзін з апошніх дзён жніўня 1926-га
...паліцыянты
Да мяне прысталі,
Бунтаром назвалі
І
арыштавалі.
Бачыла ўсё гэта
Цётачка Тахвіля,
Ўпала на калені
І загаласіла:
«А мой ты Сярожык,
Без віны ніякай,
Што з табою робяць
Лютыя палякі?!”
Пяюна кінулі ў адзіночную камэру паліцэйскага пастарунка вёскі
Салтанаўшчына. А 1 верасьня 1926-га за беларуска-рэвалюцыйны рэпэртуар хору і
асабістыя дамаганьні адкрыцьця беларускай школы, суд “грозскі” ў Нясьвіжы асудзіў занадта ініцыятыўнага
маладзёна да ссылкі на 5 гадоў у мястэчка Сьвеце над Віслай (Паморскае
ваяводзтва).
Грозная хвіля пастала,
Вынес прысуд свой судзьдзя.
У ссылку мяне праважала
Мама, матуля мая.
“Многа табе давядзецца
Выцерпець, сынку, нягод!
Мо калі волі даб’ецца
Твой беларускі народ.
Прыйдзеш народны палетак,
Ў родную хату, дзе я!” –
Ў дзень той сказала мне гэтак
Мама, матуля мая.
Афармляючы пашпарт, чыноўнік прапанаваў Сяргею запісацца палякам. Тое
магло стаць ільготай, спрыяльнай для будучага. Але С.Н. адказаў: “Пішыце беларусам. Я нацыянальнасьцю не гандлюю”. Яму
адмовілі і ў графе «нацыянальнасьць» зрабілі прочырк.
*
* *
Супрацу з “Сялянскай нівай” С.Н. працягнуў. Але цяпер у газэту
пайшлі лісты з вершамі. За подпісам Сяргей Пяюн.
Першы з вершаў, згодна з пазнакай аўтара напісаны ў «г. Сьвеце над
Віслай, у польскай ссылцы. 26. ІХ. 1926
г.” быў надрукаваны ў “Сялянскай ніве” № 34 за той жа год 21 кастрычніка:
Ой, чаму, званы вы медныя,
Так маркотна званіцё?
Чаму сэрцу майму беднаму
Супакой не даіцё?..
Я сумую, я гарую
У чужынскай старане
Як ваш сумны звон пачую,
Цяжка робіцца ўраз мне.
Я пакінуў ў мілым краю
Родных, блізкіх, дарагіх,
Аб іх часта ўспамінаю
Ў думках шчырых я сваіх.
Жыва, радасна гамоняць
Нашы родныя званы:
Быццам голасам гавораць
І пяюць людзкім яны.
Дадаюць
яны моц, сілу,
Радасьць добрым людцам усім,
Пацяшаюць край наш мілы
Звонам радасным сваім.
Чуў я звон у краі родным,
Чуў вясёлы я той звон!
Мне ўскрасаў ён дух народны,
Беларускі, родны ён.
А цяпер званы чужыя
Ўсьцяж так жаласна званяць...
З
пункту гледжаньня паэзіі, верш графаманскі, эпігонскі і бездапаможны.
Абмежаваны запас слоў і вобразаў, таўталёгія... Пры ўсім тым тут ёсьць
сьведчаньне і прароцтва. Сьведчаньне пра радасьць, якую нясуць родныя званы
аўтару, а прароцтва, як высьветліцца праз дзесяцігодзьдзі - адпачынак ад званоў
дасьць Пяюну савецкая рэчаіснасьць, толькі супакою сэрцу тое не прынясе.
Але з пункту гледжаньня зьместу, пры ўсёй шматслоўнасьці, думка праз
твор ідзе пасьлядоўна і прыходзіць да лягічнага завяршэньня. Нарэшце, з пункту
гледжаньня сьледваньня традыцыі - твор працягвае мэйнстрымную лінію тагачаснай
беларускай паэзіі з алюзіямі на народнасьць.
Напэўна – сустрэнься тады С.Н. з аўтарытэтнымі
крытыкамі-рэцэнзэнтамі - і ён мог зрабіцца сур’ёзным паэтам. Але яго ўласны
падыход не вымагаў высілкаў у тым напрамку, ён прымаў прыйшоўшыя ў мозг і душу
тэксты як скончаныя, не падлягаючыя зьменам, дапрацоўкам, шліфоўцы. Успрымаў іх
мо і недасканалымі, але шчырымі сьведчаньнямі-помнікамі, “што ўзьніклі аднойчы
адным вечарам, адным днём, калі прыходзіла да мяне натхненьне. Як склаліся верш
і песьня, такімі і застаюцца...”
Ён
глядзеў на ўласныя вершы-песьні як на частку служэньня. Служэньня каму? Вершам
“Для каго?” напісаным 13 лютага 1927-га, С.Н.
на тое пытаньне адказаў, можа ў тым ліку і сабе самому:
Хочаш ведаць, браток, для каго я пачаў
Пяяць песенькі сэрцу радзімыя? –
Дык жа слухай уважна, сьпяваці я стаў
Для забытае вёскі адзінае.
Ведаў я, што не прымуць мяне чужакі,
Не захочуць чуць песьні радзімае,
Ведаў
я, што сустрэнуць мяне бедакі,
Стрэне вёска, у сэрцы адзіная...
...I спаткалі-сустрэлі браточкі мяне,
Дадалі
мне ахвоты і сілы,
Пачаў родную песьню пяяці званчэй
Роднай вёсцы, братам маім мілым.
Вось і ты гэтак,
браце, як я, засьпявай
Брацьцям родненькім песьню радзімую,
І сустрэнуць і прымуць цябе, як мяне,
Ў беларусаў
сямейку адзіную.
З
самага пачатку 1927 года тэксты (калі больш дакладна, напачатку пераклады)
Пяюна стала друкаваць газэта хрысьціянскіх дэмакратаў “Беларуская крыніца”,
якую рэдагаваў Ян Пазьняк.
У
сакавіку 1927-гада С.Н. прыйшла
бандэролька з Вільні ад Людвікі Сівіцкай (па мужу Войцік), больш вядомай як
пісьменьніца Зоська Верас. Гэта быў сыгнальны нумар новага беларускага часопіса
для дзяцей “Заранка”, які яна рэдагавала. Завязалася перапіска, а з трэцяга
нумара часопіс пачаў друкаваць вершы, апавяданьні, лісты да чытачоў ад С.Н. пад псэўданімам Малады Дзядок.
24
ліпеня 1927-га С.Н. нелегальна
паехаў са ссылкі ў Вільню. Авантура прайшла ўдала. Людвіка і Сяргей
пазнаёміліся цяпер ужо сам-насам і дамовіліся пра далейшую супрацу. Пяюн стаў
да канца сваёй высылкі штатным, хаця і на адлегласьці, супрацоўнікам “Заранкі”.
Яшчэ адным вынікам 1927 года стаў для С.Н. выхаду Вільні трох яго кніжачак-брашурак: «Ёлка Дзеда Мароза.
Калядны абразок у адной дзеі для дзіцячага тэатра”, “Пакой у наймы” і “Цудоўная
ноч”. Дзьве апошнія брашуркі былі перакладамі на беларускую мову польскай і
рускай п’ес з адпаведнымі назвамі.
“Зорачкі”
Высылка ў Сьвеце - мястэчка, што знаходзілася ў крэйдавых гарах - хоць і
абмяжоўвала ў перасоўваньнях, зусім не перашкаджала сяброўствам і каханьням.
Асаблівасьць стварэньня найвядомейшага і найпапулярнейшага твора Пяюна ў тым,
што тут энэргетыка верша і песьні прыйшла (па сьведчаньні самога С.Н. падчас размовы з паэтам Анатолем
Сысам) не ад непадзельнага каханьня аўтара, а ад каханьня побач...
Шпацыравалі мы аднойчы па Сьвеце... паляк
Фелікс Балінскі, сам скрыпач, і ўкраінка Галя Парадкіўна, піяністка. Яны былі
закаханыя, таму, вядома, я ніякавата адчуваў сябе сярод іх. А тут яны яшчэ
пачалі запрашаць мяне з сабой: пайшлі з намі - і ўсё! Ну, я ім даў зразумець,
што трэці - лішні, ды і дадому, маўляў, трэба ісьці. А Галя пытаецца:
- А шчо Вы будэтэ робыты вдома?
- Ліст пісаць дахаты.
- А можа, і віршы?
- А можа, і вершы, - падладжваўся я пад яе
настрой.
- А про шчо?
Ноч была надзіва зорная. Я паглядзеў на
неба і жартам адказаў:
- А хаця б пра зорачкі...
Цуд стварэньня адбыўся яшчэ ў дарозе. За
нейкія паўкілямэтры вяртаньня да хаты “пакуль я ішоў, мяне ўсё больш і больш
паланіла музыка, якую вы зараз ведаеце, як музыку песьні “Зорачкі”. Адначасова
з музыкай прыдумаліся і вершы”. Было 28 сакавіка 1929 года.
Створаны верш С.Н. назваў “На
выгнаньні” і паслаў, разам з нотамі, у родныя Лявонавічы, дзе яе пачаў сьпяваць
тамтэйшы хор. Таксама ён даслаў верш ў газэту “Беларуская крыніца”, дзе той
зьявіўся ў нумары ад 25 сьнежня 1930 года за подпісам С. Пяюн:
Прысьвячаю
маім дарагім бацькам
Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль бягуць.
Трэці год, як на выгнаньні ў чужыне
Трэба мучыцца душой і сэрцам мне.
Навакол нідзе не ўгледзіш родных хат,
Не працягне рук зычліва родны брат,
Не падзеліш нават думак з нікім тут,
Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут.
Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,
Быццам з неба на мяне яны глядзяць...
Што чуваць, скажэце, зорачкі, вы мне
Ў маёй роднай - ды далёкай старане?
Ці татулька мой і матанька ўжо спяць?
Ці таксама на іх зорачкі глядзяць?..
Мо й яны пытаюць зорак аба мне,
Што раблю цяпер у далёкай чужыне? -
Калі толькі яны, родныя, ня сьпяць,
Калі йшчэ цяпер на зорачкі глядзяць,
Занясеце ім, пакуль не бліснуў сьвет,
Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет!
I скажэце, каб не плакаў ні адзін,
Што ў выгнаньні мусіць мучыцца іх сын!
Прыйдзе, прыйдзе да нас хутка ясны май,
Прыляту тады, як птушка ў родны край.
З новай верай, з новай сілай зажывем,
Беларускі гімн свой родны запяем,
Беларускай песні роднае пад тон
Заарэм мы і засеем свой загон.
Ўночы будзем мы на зоркі паглядаць,
Што, як сёньня, ў небе будуць зіхатаць...
Занясеце ж вы, пакуль не бліснуў сьвет,
Зоркі мілыя, бацькам маім прывет!
З
Лявонавічаў песьня” «На выгнаньні» трыюмфальна рушыла па заходнебеларускіх
асяродках. І зьведала ў працэсе распаўсюду тое, што завецца фальклёрызацыяй -
новыя выканаўцы прыносілі ў тэкст свае зьмены (у т. л. трапілі туды і зьмены ад
Янкі Купалы). Тых варыянтаў за дзесяцігодзьдзі народнай папулярнасьці ўзьнікла
мноства. Як і перакладаў на многія мовы. Але самае галоўнае тое, што народ
зьмяніў назву песьні на “Зорачкі”.
Гісторыя яе стварэньня парасла легендамі ды паданьнямі, у якіх аўтар
ствараў яе ў нямецкіх ці калымскіх лягерах, каменяломнях і катаргах, нават у
камэрах сьмертнікаў... Урэшце, усё гэта праўда - аўтар “Зорачак” прайшоў і праз
нямецкі канцлягер, і праз Калыму, і праз камэру сьмяротнікаў. І не важна, што
пасьля напісаньня свайго зорнага твору.
Вяртаньне, шлюб, турма...
Напачатку 1931-га, у прадчуваньні хуткай сустрэчы з землякамі і
вяртаньня свайго песеннага місіянэрства, С.Н.
напісаў крыху эпігонскі і формай і зьместам, але яскрава пазначаючы яго,
Пяюнову, праграму жыцьця, верш “Калі б я мог”:
Калі б я мог быць вольнай птушкай,
Ў край родны б мігам паляцеў,
Дзе рэчка ўецца срэбнай стужкай,
Я песьню б родную запеў.
І над зямлі загонам родным
Крылом адважным я б
кружыў,
Будзіў у сэрцах дух народны,
Да працы б клікаў ўсіх, хто жыў.
І голас мой з нябёс блакіту
Пад стрэшкі б хатак заляцеў,
Устаў бы край, на крыж прыбіты,
Бо з гробу ўстаць даўно хацеў.
Ён маёй песьні броднай гукі
Бадзёрым духам падхваціў,
Наш край пакуты, край прынукі
Касою
б згоды залаціў.
І пад вясняныя напевы
Мой брат крывіч да працы б стаў,
Спакойна б ён араў і сеяў
Зямлю, што вольнай мець жадаў.
О, дай мне крыльля, вечны Божа,
У край радзімы каб ляцець,
Братам гаротным каб прыгожа
Я песьню вольнасьці мог пець!
Адразу ж па вяртаньні ў родныя мясьціны С.Н. зноў быў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім.
Родная вёска і бацькі былі ў якой сотні кілямэтраў, але адлучацца туды яму было
катэгарычна забаронена, а авантуры, падобныя паездцы ў Вільню ў 1927-м былі ўжо
немагчымыя з прычыны пільнага кантролю.
Слонім стаў для Сяргея месцам стварэньня ўласнай сям’і. Людміла мела рускае прозьвішча Гарусава, але вызнавала сябе
каталічкай і часткай польскай супольнасьці, тым больш, што полькай і каталічкай
была яе маці Леакадзія.
1934 год стаў апошнім годам супрацоўніцтва С.Н. з беларускімі віленскімі пэрыядычнымі выданьнямі. Тады
польская палітыка ў адносінах да нацыянальных меншасьцей зрабіла чарговы
паварот у бок жорсткасьці і многія выданьні спынілі існаваньне. Менавіта тады
многія беларусы, у тым ліку і “нацыянальнага гатунку”, пачалі дэманстраваць
польскую ідэнтычнасьць.
У
лютым 1936 года С.Н. набыў для за 5000 злотых драўляны дамок на слонімскай
вуліцы Агароднай з якога выяжджала сям’я праваслаўнага сьвятара Данілюка.
13-гадовы падлетак Барыс Данілюк тады прыняў Пяюна за паляка і так бы лічыў
далей, калі б праз некалькі гадоў яны не сустрэліся ізноў [* Б. Данілюк (1923-2011) -
беларускі асьветнік, выдавец і мэмуарыст.].
Сягнуўшы 30-годзьдзя, С.Н.
крытычна і незадаволена глядзеў на зробленае сабою. Стаўленьне тое знайшло
адлюстраваньне ў вершы ад 31 сьнежня 1936-га “На парозе новага года”:
Ізноў стары мінае год,
На зьмену год прыходзіць новы, -
А цяжкіх думак і клапот
Дасюль не скінуты аковы.
Чаго ж ад жыцьця прагну я,
Сам не зрабіўшы йшчэ нічога?!
Ляжыць адлогам ўся зямля, -
Я нават не вастрыў нарога!
А нешта ж хочацца рабіць
Для
шчасьця роднага народу, -
Ды пут не ў сілах я разьбіць,
Каб мець жаданую свабоду.
Маім братам я многа год
Пяю аб Беларусі мілай
І песьняй клічу свой народ
Здабыць сьвятло супольнай сілай.
Айчыне я сваёй пясьняр,
Як перша птушка напрадвесьні,
На новы год прыношу дар:
Аб
вызваленьні хуткім песьні.
Цікава, аб хуткім вызваленьні ад каго пеў тады Пяюн песьні свайму
народу? Безумоўна, не ад бальшавікоў. Савецкая Беларусь з Заходняй падавалася
куды больш вольным і беларускім краем. А ў Заходняй пакуль трэба было рабіць,
апроч песень, хоць “нешта” яшчэ. І С.Н.
знайшоў сабе працу.
Ён
уладкаваўся у польскую арганізацыю проціпаветранай абароны LОРР (Lіgа Оbrоnу
Роwіеtrznej i Przeciwgazowej). Ліга займалася прапагандай спартыўнай, камунікацыйнай
і вайсковай авіяцыі. Пяюн насіў афіцэрскі мундзір без пагонаў і вучыў хлопцаў
рабіць мадэлі самалётаў.
У
дадатак да выхаваўча-авіямадэльнай працы, у 1938-39 гады ён разам з жонкай
здолеў выдаць на польскай мове тры нумары газэты („Gazeta Słonimska”: 25
сьнежня 1938, 1 і 8 студзеня 1939. У ёй пісалася найперш пра
грамадска-культурнае жыцьцё Слонімшчыны, пра здарэньні, былі краязнаўчыя
артыкулы і шмат рэклямы. Па беларускіх жа выданнях заставалася сумаваць у
вершах. Як вось у гэтым, ад 9 жніўня 1938-га:
Дайце ліру маю,
Бо даўно я не йграў!
Дайце думкам прастор,
Каб я волю пазнаў!
Даўней лепей я жыў, -
Думкі мелі прастор,
Вольным быў, хоць тужыў
Сярод
«Чортавых гор».
Кайданоў не насіў,
Хоць па ссылцы цярпеў,
Вольнай песьняю ў край
Родны часта ляцеў
Думкі-песьні складаў
Ў чэсьць Айчыны маёй,
Хоць слабенька іграў
Я на ліры сваёй.
Надышоў іншы час,
Ў роднай я старане
Цяпер зноў я
жыву,
Але цяжка жыць мне!
Думкаў вольных няма,
Сьцялі іх абцугі,
А на песьнях маіх
Абвілісь ланцугі...
...Родных кніжак няма,
Няма родных газэт, -
Для мяне і братоў
Ўвесь зачынены сьвет.
Дык вось ліру вазьму,
На ёй буду зноў
граць,
Зноў братоў разбуджу,
Буду песьні пяяць.
Годзе спаць, бяры плуг,
Ідзі ніўку гараць!
Бяры збожжа, ідзі
Свой загон засяваць!
Закалышацца зноў
Буйнай руньню загон, -
Загудзе над табой
Залатой волі звон!
А як будзеш пасьля
Залаты колас жаць,
Ў ім зярняты тады,
Як званкі, зазьвіняць.
Нагадвае
Мацея Бурачка, праўда? “Што ж ты сьпіш, мужычок...”, “Як вазьму я дудку...” Падобна,
што новых сваіх тэмаў С.Н.
саромеўся, а таму і намагаўся рэалізоўвацца на тэмах ўжо апрабаваных,
“зацьверджаных” грамадзтвам...
Тыя ссыльныя, і, згодна з вершам, цяжкія гады, аказаліся, бадай, самымі
шчасьлівымі ў дарослым жыцьці Пяюна. Сяргей стаў бацькам - нарадзілася дачка. У
сакавіку 1939 яму нарэшце дазволілі наведаць бацькоўскую хату. Дабраўся,
павітаўся. Толькі лёг спаць - маці кажа: “Сабакі брэшуць! Не палохайся, ідуць
за табой”.
Тое была частка чарговай агульнадзяржаўнай акцыі па інтэрнаваньні
беларускіх актывістаў. Польскія службоўцы адвезьлі Пяюна ў Баранавічы.
Зьняволеньне давялося адбываць у чыгуначным складзе, бо тутэйшая турма аказалася
перапоўненай.
* * *
У
зьвестках да артыкула пра Новіка-Пяюна ў бібліяграфічным слоўніку “Беларускія
пісьменьнікі” пад 1939 годам (без указаньняў месяца і дня) згаданы перыёдык “Зорка”,
у якім С.Н. шматразова тады
друкаваўся.
Калі судзіць па тэматыцы тых твораў - выданьне выходзіла ў непадзеленай
яшчэ гітлераўскімі ды савецкімі акупантамі Польшчы. Вось, напрыклад, яго верш з
№ 4 «Зоркі»:
На вялікдзень
Голасам магутным загрымелі звоны
Па блакітным небе ў блеску сонца кос.
Палілісь урачыста радасныя тоны,
Бо Хрыстос памершы ў трэці дзень уваскрос.
Вецярок вясняны з радасьці сьпявае.
Птушак пералівы ймкнуцца ў вышыню,
А вясна на ліры гімн Хрысту іграе,
Гожа прыбірае краскамі зямлю.
І ты, людзкі родзе ранамі Хрыстовымі
Збаўлены ад грэху, зрок узьнясі ўвысь!
Ўдзячнаю малітваю добраму Ісусу
Сэрцам і душою горача малісь!
Голасам магутным грымяць сяньня звоны
Па блакітным небе, у блеску сонца кос,
Льюцца ўрачыста радасныя тоны,
Бо Хрыстос, наш Збаўца, ў трэці дзень ўваскрос!
Шчасьце савецкага лёсу
Вызвалены С.Н. быў праз 6
месяцаў, перад прыходам Чырвонай Арміі, але без яе ўдзелу. У чыгуначны
склад-турму 1 верасьня 1939-га трапіла адна з нямецкіх авіябомбаў, разьбіла
сьцяну і адкрыла шлях на свабоду, якім Пяюн скарыстаўся.
З
17 верасьня “вызваленая” “саветамі” тутэйшая галота разам з “вызваліцелямі”
рабавала жытло “паноў і буржуяў”. С.Н.
далучыўся да “вызваленьняў” маёнткаў ад маёмасьці, ратаваў і хаваў у сябе
мноства гістарычных рэчаў, якія пасьля зьмясьціў у экспазыцыю і фонды
Слонімскага раённага краязнаўчага музэя. Тое быў адзін са старэйшых беларускіх
музэяў, створаны былым палкоўнікам царскай арміі Іосіфам Стаброўскім
(1869-1968).
Пры новай уладзе Сяргей працаваў у сыстэме народнай адукацыі, затым стаў
дырэктарам музэя Стаброўскага. Паралельна ён ствараў раённую бібліятэку.
У
нядоўгія тыдні савецкай Вільні 1939-га, С.Н.
па службовых справах пабыў там і перасёкся з таксама прыежджым Янкам Купалам.
Прадставіўся: “Сяргей Новік”. Купала, праглядаючы вершы новага знаёмцы,
заўважыў: “А тут напісана «Сяргей Пяюн». Сяргей патлумачыў: тое псэўда. Купала
параіў аўтару падпісвацца падвойна - Новік-Пяюн. Так Вільня з удзелам Купалы
нарадзіла шчэ адно паэтычнае прозьвішча.
* * *
23
кастрычніка 1939-га вершам “Мая песьня” адбыўся паэтычны дэбют Сяргея
Новіка-Пяюна (далей Н.П.) у галоўнай
літаратурнай газэце БССР “Літаратура і мастацтва”. Атрымаўся савецкі працяг
верша 1938-га пра ліру:
Эх, вазьму я сваю ліру,
Бо даўно на ёй не йграў.
Думкам-песьням дам я волю,
Бо і сам я вольным стаў.
Яшчэ ўчора цьма няволі
Спавівала родныкрай, -
Толькі ў снах сваіх мы сьнілі,
Што к нам прыйдзе ясны май.
Думкаў вольных мы не мелі,
Іх сьціскалі абцугі,
А на песьнях нашых родных
Абвівалісь
ланцугі.
Але зло канец свой мае:
К нам прыйшоў цудоўны май,
Ад усходу да заходу
Беларусь - свабодны край!
Ну
проста Купалаўскія інтанацыі да чарговых савецкіх угодкаў з самага савецкага
пэрыяду творчасьці Песьняра!
Пішучы той верш у верасьні 1939-га Н.П.
наўрад крывіў душой. Але ці такой ужо свабоднай ён бачыў Беларусь, калі гэты
верш “ЛіМ” надрукаваў? Як вам верш Пяюна з верасьня 1940 года?
Мяне шчасцем не парадавала доля,
Вырас я, як тое дрэва, сярод поля, -
Дык не дзіва, што люблю я Край свой родны
Беларускі, праз вякі хоць не свабодны...
У
1940-41 гады Н.П. часта друкаваўся ў
слонімскай бальшавіцкай раённай газэце “Вольная праца”. Тэматыка была
адпаведная.
Напачатку 1941-га ў Сяргея і Людмілы нарадзілася другая дачка.
ЧАСТКА III. ПАД
КАНТРОЛЕМ НЯМЕЦКІХ “ВЫЗВАЛІЦЕЛЯЎ”
Навіну 22 чэрвеня пра вайну з немцамі многія жыхары Слонімшчыны сустрэлі
з радасьцю. Барыс Данілюк зас ведчыў:
Мабыць, ніколі нашыя людзі, у тым ліку й я,
так шчыра не маліліся, каб чаканая й пачутая тады імі навіна абярнулася ў
праўду.
На
другі дзень вайны бальшавіцкія валадары з памагатымі імкліва пакінулі Слонім. А
Пяюн разам са Стаброўскім ратаваў каштоўнасьці краязнаўчага музэя. Яны хавалі
на ўскраіне горада тысячы кніг і музэйных экспанатаў. Як хутка высьветлілася -
не дарэмна.
Савецкія вайскоўцы засталіся ў Альбэрціне - усходнім Слонімскім
прадмесьці, і пры ўваходзе немцаў у Слонім 26 чэрвеня ўчынілі артылерыйскі
абстрэл горада, у выніку якога быў моцна пашкоджаны цэнтар места, у тым ліку
зьнішчаны гонар месьцічаў - праваслаўны сабор каля парку на рагу Панасоўскай і
Маставой вуліц. Амаль поўнасьцю згарэлі вуліцы Жыраўская і Ражанская. Дом
Новікаў на Агароднай не пацярпеў.
З
немцамі прыйшлі, насуперак спадзевам, большыя жахі. Амаль адразу былі схопленыя
і пастраляныя каля палутара тысяч габрэяў, пераважна маладых. Тутэйшым
беларусам давялося адаптоўвацца не толькі да нацыстаў, але і да вяртаньня
польскага ціску. Бурмістрам горада акупанты прызначылі былога польскага
ксяндза, пры камэндатуры пачала фарміравацца польская паліцыя. Яе, а разам з
тым і наваствораны “Беларускі Нацыянальны Камітэт” (пазьней высьветлілася,
правакацыйна-фэйкавы) ачоліў прыехаўшы разам з немцамі былы слонімец Рымша,
сям’я якога была вядомая прапольскімі поглядамі.
Навасьпечаныя польскія паслугачы нацыстаў пачалі разьбірацца, перадусім,
з актыўнымі і заўважнымі беларусамі, якіх яны прадставілі немцам як патаемных
камуністаў і прасавецкі настроеных месьцічаў. У выніку паліцыяй было
заарыштавана і перададзена немцам для “вырашэньня пытаньня” каля 300 чалавек.
Немцы іх расстралялі. Меншасьць растраляных сапраўды складалі былыя камуністы і
камсамольцы, але фактычна галоўнай прычынай іх арышту стала беларускасьць.
Беларускасьць Н.П. у значнай
ступені ў тыя часы ратаўніча кампэнсоўвала “польскасьць” яго жонкі Людмілы. Ды
і ўратаваныя музэйныя каштоўнасьці, якімі апекаваўся Пяюн, дапамагалі цаніць
яго ў стане жывым і вольным.
З
прыходам немцаў месьцічы Слоніма вызвалілі вязьняў з гарадзкога астрога-турмы.
Выйшаў з няволі і актывіст беларускага руху Сяргей Сіняк-Хмара (1905-1992), які
на пэўны час пасяліўся ў хаце Новікаў разам з імі.
Паступова ўзьнікла супрацьвага польскаму рэваншу. “Фэйкавы” беларус
Рымша зьбег, многія ўплывовыя пасады ў Слоніме, за выняткам паліцыі, занялі
беларусы. На пачатак вучэбнага года адкрыліся некалькі пачатковых беларускіх
школак.
Але тут выявілася іншая праблема. Беларусы з паходжаньня на сур’ёзных
пасадах аказаліся збольшага рускімі манархістамі. І збольшага байкатавалі,
альбо з вялікай неахвотай бралі ўдзел у беларусізацыі. Б. Данілюка пазьней
успамінаў:
Запраўдныя беларусы ж апынуліся пад агнём
манархістычнае расейскае адміністрацыі, польскае паліцыі й польскага ды, як
выявілася пазьней, ускрозь глыбока праніклага савецкага падкопьпя. Разам з
гэтым панаваў і бязглузды нямецкі тэрор, далей ішлі расстрэльваньні без прычыны
арыштаваных камэндатурай людзей.
Пяюн заставаўся адкрытым беларускім патрыётам і быў адданы
бела-чырвона-беламу сцягу. Насіў беларускія сымбалі. Такія як ён і былі першымі
кандыдатамі на ліквідацыю як з боку прарасейскай адміністрацыі, польскай
паліцыі, так і антынямецкіх польскага і савецкага падпольля. Беларускае
культурнае жыцьцё пачало наладжвацца дзесь з восені 1941-га.
Асяродкам гэтага жыцьця стаў абняты меставай
управай Народны дом на Бернардынскай вуліцы каля рынку, дзе сьпярша...
зарганізаваўся добры хор, а ўсьлед і танцаўны гурток. Новік-Пяюн рыхтючы
адкрыцьцё музэя ў даволі вялікай мураванцы на Панасоўскай вуліцы бегаў па
нейкіх справах па ўсіх установах (3 успамінаў Б. Данілюка).
Вось яго верш таго часу:
Восеньскія настроі
Хмарнае неба ад раніцы плача,
Сьлёзы патокам лятуць на зямлю,
Зжоўклае
лісьце “Лявоніху” скача,
Кінуўшы дрэва - матулю сваю.
Стогне за вокнамі восеньскі вецер,
Рве на кавалкі
палотнішчы хмар. –
Нейк непрытульна зрабілася ў сьвеце!
Згінуў ад нас лета сонечны жар!
Зьвялі ў засмучаным садзе
ўсе краскі.
Птушкі ў вырай ўцяклі на паўдзень.
Сонца не песьціць нас ветлівай ласкай.
Шэры, кароткі зрабіўся
ўжо дзень.
Часам увечары конік стракоча
Блізьненькі недзе ля хаткі маёй, -
Мо ён тугу вырваць з сэрца мне
хоча
І хоць на міг даць душы супакой.
Зжоўклае лісьце “Лявоніху” скача.
Музыку вецер заводзіць сваю.
Хмарнае неба аб леце ўсьцяж плача,
Сьлёзы патокам лятуць на зямлю.
У
тую восень вуліца Агародная атрымала новае імя - Францішка Багушэвіча.
Сіняк-Хмара стаў кіраўніком Слонімскай бібліятэкі і заняўся ў ёй расчысткай
кніжных фондаў ад савецкай і неарыйскай літаратуры. Па сьведчаньні Б. Данілюка,
у той час Н.П. Хмару “можна сказаць,
ненавідзеў”. Чаму - мы дакладна не ведаем.
* * *
Неўзабаве на сувязь з Н.П.
выйшлі савецкія партызаны ды падпольшчыкі. Акалічнасьці тых сустрэч дасёньня
застаюцца для нас невядомымі. Удзельнік, а па яго ўласных словах, кіраўнік
слонімскага падпольля і супрацоўнік гарадзкой управы пры акупацыі Іван Міско
(1912-1999), вядомы таксама як пісьменьнік Анатоль Іверс, і праз
дзесяцігодзьдзі публічна адмаўляў датычнасьць Н.П. да падпольля. Непублічна ён абвінавачваў Н.П., што той адмовіўся ажаніцца з нейкай радысткай дзеля
прыкрыцьця яе. Як бы тое ні было на самой справе, пацярпець ад немцаў Пяюну і
яго сям’і давялося менавіта за сувязь з падпольлем. Б. Данілюк узгадваў:
У тую пару (пачатак
1942. - А. М.)
я й Маня (Дземідовіч - А. М.) ды Зося Макарэвіч, што з ёю пасябравала, а
таксама Коля Лічко, зблізіліся з Сяргеем Новікам і стварылі як бы гурток
паглыбленьня нацыянальнае сьведамасьці пад ягоным кіраўніцтвам. Мы нават часам
зьбіраліся ў ягонай хаце на патрыятычныя гутаркі й сьпевы ды, заседзеўшыся
дапозна, калі ўжо не можна было выходзіць на вуліцу, раз ці два начавалі.
Урэшце ён нам даў патайныя мянюшкі ці
псэўданімы: мне - Кастуся Каліноўскага, Мані - Рагнеды, Зосі - Прадславы, Колі
Лічко - не памятаю ўжо які, што я, палічыўшы за дзяцінства, неўпадабаў, але не
ўзяў у голаў, што гэта магло быць і спробай замануць нас у небясьпечную
дзейнасьць...
У лютым, здаецца, 1942 году мы з Новікам і
старэнькім палкоўнікам Стаброўскім сьвяткавалі адкрыцьцё слонімскага музэю ў
прасторнай... мураванцы на Панасоўскай вуліцы. У трох... з чыста памаляванымі
сьценамі й падлогай залях было шмат назьбіраных Стаброўскім, а таксама
выратаваных Новікам з рабаваных у 1939 годзе панскіх двароў экспанатаў, што
запраўды былі вартыя ўвагі. Апрача гэтага, у музэі быў бібліятэчны пакой з
калекцыяй дакумэнтаў і даволі рэдкіх кніг да габінэты для загадніка й
навуковага працаўніка.
Мне, аднак, у музэі найбольш спадабаўся і
запамятаваўся партрэт Францішка Скарыны.
Па
сьцьверджаньні дасьледчыцы Л. Гарэлік Н.П.
“забясьпечваў партызан паперай для лістовак, мэдыкамэнтамі”. Колькі ў тым было
яго ўласнай ініцыятывы - невядома.
А
вось у яго ініцыятыве паставіць з гуртком моладзі на сцэне Слонімскага
Народнага дома п’есу Міхася Чарота “Мікітаў лапаць” можна не сумнявацца.
Пастаноўка прайгала ўдала, прынесла радасьць і рэжысёру, і гледачам, і
артыстам...
* * *
У
другой палове лета 1942-га, як сьведчыць Б. Данілюк
Сяргей Новік запрасіў мяне на кума хрысьціць
ягоную меншую, мабыць, з паўтарагадовую дачушку... кумою была Багдановічышка, з
аднае з сем’яў Багдановічаў, што мелі хаты ў завулку з Падгорнае вуліцы... У
Новікаў, апрача сваіх дзьвюх дачушак, гадавалася яшчэ сямігадовая дзяўчынка,
што згубіла бацькоў у вайне. Хрост выканаў а. Лічко, што тады жыў яшчэ ў
Слоніме, таксама на Падгорнай вуліцы.
Пяюн працягваў займацца і тэатрам. Данілюк піша:
У заснаваны Новікам драматычны гурток
прыйшлі больш зацікаўленыя тэатральным мастацтвам сілы (...), ды працягам года
ўдала паставілі колькі п’есаў, з якіх запамяталіся адно Аляхновічавыя “Дзядзька
Якуб” і “На вёсцы”.
Верасень прынёс у той гурток першую сьмерць
удзельніцы. Сям’я Зосі Макарэвіч хавала ў сябе маладзенькіх гэбрэечак. Хтосьці
данёс. Немец Герц застрэліў Зосю адразу пасьля таго, як яна адчыніла яму
дзьверы. Пасьля былі затрэленыя і габрэечкі.
Зосіныя паховіны абярнуліся ў нацыянальную
дэманстрацыю... Ейную дамавіну з царкоўнымі харугвамі й бел-чырвона-белымі
сьцягамі праводзіла на могілкі, што на Лабазоўцы, шмат сланімчанаў, і пры
магіле былі прамовы, а старэнькі палкоўнік Стаброўскі нат прачытаў ягоны
прысьвечаны Зосі верш ды павесіў яго на крыжы.
І
Пяюн быў на тым пахаваньні. Але верш напісаў пасьля. I не напрамкі пра Зосю.
Настроі
На небе, восеньскімі хмарамі засланым,
Блісьне часамі промень сонца залаты,
І закрасуюць, як персідзкія дываны,
На дрэвах жоўтыя й чырвоныя лісты.
І ажыве на момант ценькая прырода, -
Здаецца, восень пераменіцца ў вясну.
І цуды створацца на зьдзіў усяго народа:
Ўміг лес прабудзіцца ад восеньскага сну.
Але дарма, бо вось хмарынка наляцела,
Прамень загінуў і ўжо болей не блішчыць,
І, заміраючы, зноў лес асірацелы
Праз сон пажоўклым лісьцем сумна шапаціць.
Так і ў жыцьці людзкім неаднакрот бывае:
Туга, як восеньская хмара,
набяжыць,
Крылом агромністым усю радасьць засланяе,
А сэрца плача, стогне, рвецца і баліць.
*
* *
У
канцы 1942-га пачалася гісторыя каханьня Н.П.,
якое з вялікай верагоднасьцю можна аднесьці да таго прыкрыцьця
радысткі-падпольшчыцы, на якое наракаў Місько-Іверс з нагоды незавершанасьці
яго шлюбам. Зьвяртаемся ізноў да ўспамінаў Б. Данілюка:
У канцы 1942 года Новік пачаў наракаць на
жонку, і неўзабаве выбраўся з ягонае хаты ды пасяліўся ў музэйнай канцылярыі. У
гэтым самым часе ён пачаў хадзіць з ці за даволі прыгожай дзяўчынай... Марысяй
Шундрык, што жыла ў Рышчыцах.
Рышчыцы цяпер - частка Слоніма. А тады была вёскай за горадам, што,
апроч іншага, пазначала меньшы кантроль немцамі і паліцыяй.
З
нізкі лірыкі Н.П. пачатку 1943-га:
Табе не казаў я ніколі ні слова,
Як сэрца сумуе маё па табе,
Душа мая цела пакінуць гатова
Iрвацца-імчаць чым хутчэй да цябе.
К табе мае думкі ў бяссонныя ночы,
Як хуткія птушкі, стралою ляцяць, -
Твае ж прада мною чароўныя вочы,
Як цудныя зоркі, усьцяж зіхацяць.
Ці чуеш напевы маёй песьні новай?
Ці чуеш, як сэрца баліць па табе?
Хоць я не казаў табе йшчэ ані слова,
Як моцпа кахаю, галубка, цябе!
Данілюк піша:
На дзіва, тая дзяўчына не адагнала яго, а як
быццам пайшла насустрач ягонаму каханьню, якое ён рэклямаваў як мог, між іншым
і створаным ім вальсам.
Вальс
«Над Шчарай», напісаны Н.П. 28
сакавіка 1943-га, па шматлікіх сьведчаньнях, быў ім асабліва любімы ў апошнія
гады жыцьця. Пяюн часта і ўзгадваў і напяваў яго ў Мінску. Пэўна і каханьне, з
нагоды якога вальс пісаўся, было каханьнем сапраўдным.
Вечар. Над Шчарай лягла
Белым прывідам імгла.
Вецер заціх, не
шуміць.
Сном веснавым Слонім сьпіць.
Толькі адзін я не сплю –
Сэрца баліць, бо люблю!
Меру за крокам я крок,
Мчыць са мной думкаў паток.
Ішоў бы, здаецца, удаль,
Скінуў бы
з сэрца я жаль,
Скінуў бы сум і тугу,
Але дарма, не магу.
2
Дзе ты, галубка мая?
Чуеш, як мучуся я?
Чуеш, як сэрца баліць?
Чуеш, як цяжка мне жыць?
Ты запытала: - Чаму
Так на цябе я гляджу?
Ты ж ані цар, ані Бог! –
Я даць
адказу не мог.
Але затое цяпер
Праўду кажу, мне павер,
Слухай, галубка мая:
Шчыра люблю цябе я!
3
Ведаеш добра й без слоў,
Што маіх мроя ты сноў,
Ты - мая прыстань, жыцьцё,
Радасьць ты й шчасьце маё!
Ціха ўдаль Шчара бяжыць,
Хваляй аб бераг плюхціць.
Думкаў нястрыманых ток
Мчыць, як бурлівы паток.
Ноч. А над Шчарай лягла
Дзіўным прывідам імгла.
Вецер заціх, не шуміць.
Сном веснавым Слонім сьпіць.
Н.П., як і раней, у 1943-м годзе
перажываў за тое, што пражыта ім шмат, а зроблена мала. Вось словы з верша ад
29 сакавіка 1943:
...Мне дня, што ў вечнасьць сыходзіць, шкада, -
Не вернецца ён
ужо ніколі!
Зрабіў для народа замала йшчэ я, -
Хацеў бы, аднак, зрабіць болей.
Каб гэтак, здаецца, стварыць
цуд я мог:
Вярнуцца б дзень прошлы прымусіў,
І нейк скарыстаў бы належна яго
Для любай маёй Беларусі.
Але не ў моцы маёй гэты чын!.. –
За днямі ўсьцяж дні прамінаюць...
Як быццам вугольчыкі згаслых лучын,
Так зоркі на небе міргаюць...
Данілюк:
На Вялікдзень... сталася штось, што
прымусіла мяне задумацца, што ў Новікавым каханні й у дзяўчынінай узаемнасьці
на яго нешта непраўдападобнае. А гэтым асьцярожным сыгналам было запрашэньне...
на велікодны пачастунак да бацькоў Марысі Шундрык у Рышчыцах.
Прыймалі нас гасьцінна й частавалі шчодра,
але што мяне зьдзівіла, дык тое, што бацькі захоўваліся як быццам із задавальненьнем
у дачыненьні да прышлага, як выглядала, зяця. А гэтаму магчымаму зяцю,
абмінаючы жонку й дзяцей, было ўжо амаль удвая год, як нарэчанай, галава была
блізу ўжо ўся лысая ды на патыліцы рос велікаваты гуз, дык паверыць у нейкае
шчырае каханьне з боку дзяўчыны або запраўднае задаваленьне з боку бацькоў было
цяжка.
Падумаўшы, я дайшоў да высновы, што гэта
нічога іншага, як маскарад, за якім хаваецца нешта зусім не рамантычнае, і
пачаў асьцерагацца ад сустрэчаў з Новікам.
Калі тое быў маскарад па загаду падпольля, то далей зусім лягічным
крокам быў бы развод Н.П. з жонкай і
фіктыўны шлюб з Марысяй. Які б, верагодна, мог уратаваць рэальную сям’ю Пяюна
ад далейшай трагедыі. Але... Падобна, што пагулянкі Н.П. з Марысяй напачатку лета скончыліся. Сьведчаньне - верш ад 14
чэрвеня 1943:
Загудзеў ў таполі вецер,
Сумнай песьняй загудзеў.
Ты скажы, скажы мне, вецер,
Чаму сумна так запеў?
Дык няўжо ў блакітным небе
І ты з сумам сябраваў,
Што на ліры чула-струннай
Тонам сумным заіграў?..
...О, вазьмі на крыльля, вецер,
Ты мяне з сабой ляцець!
Не магу больш тут на сьвеце
Я без радасьці гібець.
Паляцім удвох далёка,
Сьвеціць сонца дзе
зырчэй,
Грудзі там ўздыхнуць глыбока,
Запяем з табой званчэй.
Мо сустрэну зноў дзяўчыну,
Што кахаю я тайком,
З васільковымі вачыма,
З каштановых кос вянком.
Не гудзі
ж ў таполі, вецер,
Сумнай песьняй не гудзі!
Я твой сябра, бо на сьвеце
Ты адзін і я адзін.
Датай напісаньня 15 чэрвеня 1943-га пазначаны наступны верш Н.П.:
Беларусе, зварухніся!
Не цярпець жа табе век,
За фашыстаў ты вазьміся,
Ты ж адважны чалавек!
Час настаў, лупі гадзюкаў!
Долю сам сабе ты куй!
А калі прасьпіш мінуту, -
Ну, тады не маракуй!
Тут загадкавы для нас пераход лірычнага творцы вайсковага часу да гэткіх
рэзкіх заклікаў. Мо прарвала?!
Заўважым: верш выглядае канструктарскім, прыдатным для выкарыстаньня
кожным беларускамоўным асяродкам. Слова “фашыстаў” лёгка зьмяніць і на
“бальшавікоў”, і на “палякаў”, і на “бандытаў”. Пры гэтым застанецца галоўны пасыл
твора: дось цярпець, беларус!
* * *
Сярод таго, чым давялося Н.П.
займацца напрыканцы лета 1943-га было правядзеньне ў Слоніме “у казармавым
падворку” беларусаведных гутарак у 48-м беларускім батальёне, камандзірамі ў
якім былі нямецкія СС-аўцы і паліцэйскія.
У
1943-м з Н.П. зьвязалася маці
12-гадовага Алега Лойкі (1931-2008) і перадала яму сшытак першых вершаў сына.
Вершы Пяюну спадабаліся і адзін з іх (“Восень”) надрукавала “Баранавіцкая
газэта”. Так пачаўся шлях у вялікую беларускую літаратуру будучага яе буйнога
дасьледчыка і заўважнага паэта.
Іншаму юнаму таленту - Надзі Дземідовіч (1927 г.н.) - Н.П. параіў не пісаць ні пра Гітлера,
ні пра Сталіна, а толькі пра школу і кветачкі. Парада, на жаль, Надзею не
выратавала ад далейшага зьняволеньня і катаваньняў у савецкай турме -
сяброўства ў Саюзе Беларускай Моладзі для яе аказалася дастатковым каб сваю
маладосьць правесьці ў сыбірскіх канцлягерах і быць адрынутай ад творчага
прызнаньня савецкай дзяржавай.
Восень 1943-га. Верш Н.П. ад
28 верасьня поўны трывожных прадчуваньняў:
Не цьвіце для знаўшых горачка
Кветка шчасная купальская,
Не ўзыходзіць у небе зорачка,
Тая, што наніз скацілася.
Як малому, мне здавалася,
Што
ўзышло для мяне сонейка,
А яно якраз схавалася,
Бо такая мая долейка!
І цяпер на сэрцы ночанька,
Ночка восеньская, цёмная,
Мучыць гора маю душаньку,
Думкі мучаць неспакойныя.
Але неспакойныя думкі, падобна, не тычыліся сям’і, якая жыла жыцьцём,
быццам бы, далёкім ад рэальнай рызыкі... 14 кастрычніка, на сьвята Пакрова, Н.П. піша верш “Брату на чужыне”.
Рытмічна і вобразамі ён перагукваецца з хітом беларускіх адраджэнцаў
канца XX стагодзьдзя “Беларусь мая” Сяржука Сокалава-Воюша, а зьместам яго
можна разглядаць нават як працяг Воюшавага твора, хоць напісаны ён быў задоўга
да Воюшавага нараджэньня. Паспрабуйце сьпяваць верш Н.П. на мэлёдыю песьні “Беларусь мая”, пераканаецеся, наколькі
натуральна ён на яе кладзецца!
Мой ты родны браце! Веру
Горка ў чужыне.
Шмат чужынскіх сьцежак зьмераць
Давялося й мне.
Але й там мне часта сьніўся,
Быццам сьветлы рай,
Край, у якім я нарадзіўся –
Беларускі край.
Хоць дазнаў бяды без ліку,
Йшоў я напярод,
Да
змаганьня песьняй клікаў
Родны мой народ.
І на бацькаўшчыне роднай
Прычакаў жыцьця,
Паўнапраўны і свабодны
Грамадзянін - я.
Суайчыньнік, браце любы,
І ты не сумуй!
Моцна, брат, зацісьні зубы,
Сьмела долю куй!
Жджэ цябе, як свайго сына,
Родная зямля,
Твая слаўная Айчына –
Беларусь твая.
Паляцелі ў вырай птушкі
З роднае зямлі,
Ў небе ўюцца шэрай стужкай
З крыкам жураўлі.
Паляцелі, ды,
напэўна,
Вернуцца назад
З песьняй радаснаю, сьпеўнай
У вясновы час.
Калі птушкі з песьняй звонкай
Прылятуць назад,
І ты ў родную старонку
Вернесься, мой брат.
Што за брат тут і ў якой чужыне? З вялікай верагоднасьцю верш зьвязаны з
ад’яжджаючымі на работы ў Германію маладымі землякамі, бо якраз лета-восень
1943-га былі багатыя на падобнае ў многіх месцах Беларусі. А тая моладзь, што
не жадала прыслужваць немцам, масава сыходзіла ў лясы і рабілася навабранцамі
партызанкі - ці то польскай, ці то чырвонай, першай, з якой адбывалася
сустрэча. Так у сярэдзіне 1943-га сышоў у партызаны і мой бацька...
Дзіўным для часу і абставін напісаньня верша выглядае ў ім фраза “на
бацькаўшчыне роднай прычакаў жыцьця, паўнапраўны і свабодны грамадзянін – я”.
Ды ўжо не спытаеш у Н.П., чаму тады
яна падалася яму дарэчнай.
Далей пачалася трагедыя. Данілюк піша:
У кастрычніку ў слонімскім гэбітскамісарыяце
й СД выбухнуў скандал... выявілася, што яны пранізаныя савецкім падкопьпем.
Немцы... спачатку не хацелі даваць гэтаму веры й гэтым далі магчымасьць
галоўнаму падкопніку, Юраму Пыталю, даверанаму перакладніку гэбітскамісара й
штабсляйтэра, а разам і сакратару райкому камсамолу, зьнюхаць небясьпеку ды,
папярэдзіўшы галоўных сузьмоўнікаў, уцячы ў лес.
Папярэджаны Паталем, пасьпеў уцячы й
Касьцюкевіч... што займаў давернае становішча ў слонімскім СД, а таксама Іван
Міско (ён жа паэт Анатоль Іверс), што працаваў начальнікам кватэрнага аддзелу ў
меставай управе ды быў старшынём раённае ўправы Самапомачы, а разам і
сакратаром райкаму ці гаркаму кампартыі [* Трэба адзначыць, што
пасьля вайны савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную
арганізацыю, а Міско-Іверса некалькі разоў звальнялі з працы. - Рэд.].
Немцы арыштавалі крыху дробнае рыбы...
Аляксандра Асіпчыка, нейкага хлопца з рамеснае школы ды Сяргея Новіка (Пяюна),
якому амаль аднаму давялося за ўсё гэта пацярпець, бо Асіпчыка й таго хлопца
немцы неўзабаве выпусьцілі.
СД
арыштавала Н.П. 25 лістапада 1943:
Сьлёзамі дождж з неба падаў, -
Помню яшчэ, як цяпер, -
Калі
ў канцы лістапада
Крыкнулі мне: “Рукі ўверх!..”
Злою вужакаю ўлезла
Ў нашую хату бяда:
Рукі мне скулі ў жалеза –
Доля такая мая!
Шчыра малілася Богу,
Багаслаўляючы,
ты
І падала на дарогу
Мне абразочак сьвяты.
“Добрыя людзі” ўсадзілі
Мяне ў халодны астрог,
З воляй, з табой разлучылі,
Хоць за нішто, сьведкай Бог.
Данілюк адзначыў:
Хоць “героі” слонімскага савецкага падкопьпя
й партызанскага выведу, што нямала спрычыніліся да пацёку беларускае крыві,
вырабіліся ад сьмерці ўцёкамі, за іхняе “геройства” заплацілі жыцьцямі
найбліжэйшыя ім... Разьзёўным жа немцам з цэлае гэтае варожае сеткі дастаўся ў
рукі й пацярпеў у Калдычаўскім лягеры, дзе памерла й ягоная жонка, толькі адзін
Сяргей Новік-Пяюн.
...Новік,
прадбачачы ягоны арышт, а магчыма ўцёк, дарма стараўся забясьпечыць ад загіну
ягоную жонку і дзяцей, ды з гэтай мэтай напаказ разыйшоўся з ёю й разгаласіў
ягоны раманс, няйнакш як з прымушанай да гэтага ўдзельніцай падкопьпя.
Сярод тых, хто праводзіў арышты, адчувалася нэрвовасьць і раздражненьне
з запозьненай апэрацыі. Ноччу 27 лістапада Н.П.
і калег па няшчасьці ажно сем разоў вадзілі “на растрэл” (па факту -
запалохаць), ставілі пад кулямёт. “Сусед” па растрэле з чорнымі валасамі
вярнуўся ў камеру сівым, а Н.П.,
вяртаючыся, зьняў адразу амаль ўсе рэшткі ўласных валасоў з галавы: яны
павыпадалі пасмамі...
Затым паспакайнела. І ў няволі, падчас сьледзтва, Пяюн працягваў пісаць
вершы-песьні. З надзеяй, што няволя ненадоўга, на будучыню ён спачатку глядзеў
пазытыўна:
Ёлачку на Каляды
Татка абяцаў
Справіць сваёй дочаньцы, -
Слова ж не стрымаў.
Бо якраз па Коляды
У астрог папаў,
За стальнымі кратамі
Сьвята ён спаткаў.
І ў халоднай камэры,
Як
загнаны зьвер,
З думкаю аб дочаньцы
Мучыцца цяпер.
Але думка ветлая
Будзіць сьцяг надзей,
Прыйдзе воля сьветлая
У выніку падзей.
Выйдзе пераможцаю
Татка ў барацьбе,
Справіць тады ёлачку,
Дочанька, табе.
Паступова тон стаў зьмяняцца на куды больш трывожны:
Сум цяжкі ў маю душу залёг,
І ад думкаў, з сям’ёю што станецца,
Надрываецца сэрца маё...
(Красавік 1944-га)
Трывога за сям’ю аказалася зусім не дарэмнай. Фактычна, на свабодзе яны
болей не пабачыліся. Данілюк успамінаў:
За маё знаёмства з Новікам выклікалі й мяне
на допыт у СД, але мне пашчасьціла, што дапытваў мяне сын белага эмігранта... з
якім я быў у добрых дачыненьнях. З гэтага допыту і пазьнейшых чутак я зразумеў,
што Новіка зьвінавацілі ў тым, што ён, абыходзячы амаль кожны дзень меставыя
ўстановы, зьбіраў інфармацыі й перасылаў іх партызанам. Што яно магло быць так,
можна паверыць, бо ў музэі працавала дзяўчына, што кожны дзень прыходзіла з
Петралявічаў (вёсачка і цяпер за межамі Слоніма. - А. М.) і
варочалася туды нанач.
У
зняволеньні Пяюн захварэў на тыф.
Людка ня вытрымала і прабіралася ў шпіталь
зь дзеткамі, ратавала, лячыла мяне. У разьліку на польскую салідарнасьць, яна
вырашыла зьвярнуцца да паляка-сьледчага Вацлава Жултэка, каб дапамог з
вызваленьнем мужа. Але той сам жа і саджаў Пяюна і пра вызваленьне яго
клапаціцца адмовіўся. Тады Людзьміла сарвалася: «Ну, добра! Сёньня мы сядзім, а
заўтра вы будзеце сядзець”!
Гэтая фраза каштавала ёй свабоды, а потым і
жыцьця: «Жултэк схваціў Людку і пасадзіў у вязьніцу».
У
траўні Н.П. перавялі ў адзіночную
камэру слонімскай турмы. Ён і там працягваў пісаць. Лірыку.
На захадзе зара паволі пагасала.
Бярозавы лясок ціхусенька шумеў.
На разьвітаньне мне ты слова
не сказала,
Што так цябе люблю, сказаць я не пасьмеў.
Ты адышла, а я застаўся адзінокі,
Заныла ўся душа і
сэрцайка маё.
А хмарачкі штораз збліжаліся здалёка,
І чарадой ўвысі кружыла вараньнё.
Я знаю, што адна ты жыць
не маеш сілы,
Вярніся да мяне! Я так цябе малю!
Гатоў з табою жыць, ісьці з табой ў магілу!
Я так цябе
люблю! Ятак цябе люблю!
Да
каго ён зьвяртаўся? Наўрад ці да жонкі. А можа ён гэтак наіўна намагаўся
адвесьці ад жонкі бяду. Чытайце: я ж даўно не з жонкай, яна - ні пры чым!
Неўзабаве яго прысудзілі да расстрэлу. Рэакцыяй Н.П., як і многіх іншых творчых асобаў у падобных выпадках былі
новыя вершы-песьні. Пра што?
О, Случчына прыгожая мая,
Маіх дзядоў, бацькоў маіх зямля!
Табе здалёк вітаньне пасылаю,
Цябе ў сваіх я песьнях апяваю,
О, Бацькаўшчына родная мая!
Малітва
О, Вялікі Божа! О, Божа магутны!
З мальбою гарачай стаю прад Табой!
Прашу цябе шчыра я,
грэшнік пакутны,
Зьлітуйся над грэшнай маёю душой!
Хоць я аб Табе часта мо забываўся
Ды, пэўне, зьняважыў
няраз я Цябе,
А Ты нада мною усьцяж літаваўся
І ў горы-няшчасьці не кінуў мяне.
О, Божа мой мілы! О, Божа мой
правы!
Пашлі сьветлай волі хутчэй нам зару!
О, вызваль з страшлівай няволі крывавай
Народ мой і Маці маю
Беларусь!
Яшчэ Цябе, добры мой Божа ласкавы,
Я горача сэрцам сыноўнім малю:
Пашчасьліў любімую нашу дзяржаву,
Каб вольнаю вечна была Беларусь...
Тады ж, у чаканьні сьмерці, ён напісаў працяглы верш “Цябе ўбачыў я ў
сьне” прысьвечаны Лялі Стр-й (так у Н.П. - А.М.),
крыху раней расстралянай у Слоніме. Верш завяршаюць рамантычныя строфы:
Цяпер я ведаю адно,
Што сон мой спраўдзіцца, напэўна,
З табой сустрэнуся я зноў,
Маіх ты мрояў каралеўна!
І явай станецца, што сьнім,
Расстаньне нас не будзе мучыць,
Маёй ты будзеш, я - тваім,
Каханьне нас навекі злучыць.
24-25 траўня Н.П. стварыў
паэму “Мама! Матуля мая!”. Там ёсьць такія радкі:
Дарма
чакала падмогу!
Дарма надзеяй жыла! –
Табе не даў я нічога,
Мама, матуля мая!
Для маці Пяюна тая вясна стала апошняй...
Пасьля 25 траўня зьявілася надзея, што цяпер расстрэльваць можа не
будуць. Пад новымі вершамі Пяюн перастаў пісаць “у чаканьні расстрэлу”,
пазначаў “камэра № 2”, альбо “адзіночка” і ўсе вядомыя цяпер творы стаў
завяршаць жыцьцясьцьвярджальна-аптымістычна. У чарговым вершы тых часоў “Ноч
настала лістападная”, погляд на ўласную будучыню такі:
“...Не гаруй, матуля родная!
Прыйдзе, прыйдзе
лепшы час!
Буду, як даўней, свабодны я,
Не разлучыць ніхто нас.
...Выйду, выйду з сьцен варожых я,
Час міне ліхіх нягод,
Табе песеньку прыгожую
Запяю пра наш народ”
Далей
быў верш “Забралі сонца ад мяне” таксама з аптымістычным завяршэньнем:
Няўтомна йдзе наперад час,
Хоць слабне сэрца - моцны дух.
Ў вачах праменны
бліск пагас,
Прамень надзеі ж не патух.
Грыміць гісторыі прысуд:
Будзь вольнай, Беларусь мая!
Народ вялікі створыць цуд –
Зноў прывітаю сонца я.
Верш “Шэры дом” пра Слонімскі “астрог” (пасьля вайны ён стане бальніцай)
таксама завяршаецца патэтычна-аптымістычна:
Час вызваленьня настае,
Звон волі сьветлае гудзе.
Не падай духам, мой народ,
Глядзі адважна напярод!
I не засьні, бо не пара:
К нам волі блізіцца зара!
Пісаў тады Н.П. і лірыку
(“Пад белай бярозай”, “Зялёнай імглою”, “Белы сьнег”, “Бярозы”) і гарадзкі
раманс “Мандаліначка”:
Ў маёй хаціначцы
З сяброўкай зноў шчасьліва зажывем.
З табою, любая,
О, мандаліначка,
Мы разам волі песьню запяем.
У
самыя апошнія дні траўня сярод вязьняў слонімскай турмы прайшла чутка, што іх
неўзабаве павязуць у Германію на катаржныя работы. Пэрспэктыва выглядала значна
лепшай за расстрэл. Н.П. адгукнуўся
на яе чарговым вершам – “Бывай”. Узгадаем яго са скаротам:
Бывай, о, Беларусь мая!
Ізноў цябе пакінуць мушу.
Чужая жджэ мяне зямля,
Туга дзе ссушыць сэрца й душу.
Не прыгалубіць неба сінь,
Не абагрэе наша сонца,
Я буду мучыцца адзін
Ў чужой няветлівай старонцы.
А у бутэлечку вазьму
Я грудку роднае зямліцы,
Калі на чужыне памру,
Хай Беларусь мне вечна сьніцца!
...І вось цяпер свае ж “браты”
Рыхтуюць мне расстаньня кару,
Край мушу
кінуць залаты,
Дзе бацька й дзед мой гаспадарыў.
...Знайшліся “лепшыя сыны”,
Якіх народ даўней не ведаў,
Прыйшлі з чужынцамі яны
Гурбой агідных дармаедаў.
Муціць надумалі яны
Ваду крывіцкае крыніцы,
Каб беларускія сыны
Больш не маглі з яе напіцца.
Але дарма! Беларусоў
Ніхто ўжо болей не абдурыць,
Пазналі ўміг яны ваўкоў,
Што прыпаўзьлі ў авечай шкуры.
Жыве магутны крыўскі дух,
Не змог яго ніхто й не зможа!
Бурліць магутны крыўскі рух,
Здабыць
лёс-волю дапаможа!..
...Пра беларускі наш народ
Не раз яшчэ ўвесь сьвет пачуе.
Наш край пасьля ўсіх нягод
Чароўнай кветкай закрасуе.
Калі прыжду пары я той,
Да хаты роднае вярнуся
І Беларусі дарагой
Я нізка ў ногі пакланюся.
Затым надзея чаканьня вывазу ў Германію ізноў зьмянілася пэрспэктывай
расстрэлу. У сваіх пазьнейшых успамінах Н.П.
узгадваў:
9 чэрвеня 1944 г. я сустрэўся з Людкай на
вастрожным падворку, адкуль нас павезьлі за Баранавічы ў Колдычэва — лягер
сьмерці. Там камэндантам быў немец, а рэшта ахоўнікаў — даўнейшыя ахвіцэры і
падахвіцэры былой польскае арміі Мацкевіч, Юзэф Фрончак і іншыя. Вось гэтыя
паны расстралялі Людку ў ноч з 1 на 2 ліпеня 1944 г. проста ў лягеры.
Па
сьведчаньні сябра Н.П. Васіля
Жуковіча, Людміла загінула ў лягеры разам з маленькім сынам Сяргея і Людмілы.
Адкуль узялося тое цьверджаньне? Жуковіч слухаў тое, што распавядаў яму Н.П. Можа Людміла была цяжарная? Пацьверджаньне
сьмерці жонкі Н.П. разам з сынам
ёсьць і ў вершы Надзеі Дземідовіч:
Жонка твая і маленькі сынуля
Кінуты ў
яму без труны і крыжа...
Значна пазьней Н.П.
успамінаў, што менавіта ў Калдычаве лягерныя вертухаі перабілі яму пальцы рук і
таму ён да канца жыцьця больш не мог якасна граць на музычных інструмэнтах:
Я скрыпач і мандалініст, але цяпер не магу
граць, бо мне папсавалі ў лягеры сьмерці пальцы. Таму ствараю толькі ў памяці і
запісваю на магнітафон...
Тут моцна б’юць па галаве, нават рукі
адбілі, каб на скрыпцы не іграў. (...) Страшэнныя катаваньні, калі, здавалася,
ламаюць не толькі рукі і ногі, а саму душу скручваюць вяроўкай, дабіваючыся
прызнаньняў.
4
ліпеня 1944 падчас расстрэлу вялікай групы вязьняў (600 чалавек) ён быў
паранены, прыкінуўся мёртвым, ноччу вылез з магілы і праз тое выратаваўся амаль
што з таго сьвету.
ЧАСТКА IV. З
ПЕСЬНЯЙ ЗА САВЕЦКІМІ КРАТАМІ
Па
вызваленьні Слоніма ад немцаў Н.П.
пачаў працаваць дырэктарам музэя, але 14 сьнежня 1944 яго арыштавалі службоўцы
НКУС БССР.
У
новым зьняволеньні, ў студзені 1945-га, ён піша новы раманс (!) «Дым». З
аптымістычным завяршэньнем:
...Адбуду час пакуты,
І явай стане мроя маіх сноў,
Бо добры лёс няволі
скрышыць путы,
Прыйду к табе, каханая, я зноў.
Будзем ісьці супольнай мы дарогай,
Насустрач шчасьцю доўгія
гады,
І, пэўна, ўспомнім мы не раз з трывогай
Расстаньне наша, глянуўшы на дым.
Данілюк патлумачыў:
Не пашчасьціла Новіку... з магчыма патрэбнымі пазьней
довадамі ягонага супрацоўніцтва з партызанамі, якія ён пахаваў пры адзінай
сьведцы [*
Гэта Надзея Дземідовіч, якую савецкія спэцслужбы перасьледвалі і катавалі яшчэ
больш за Н.П.] пад дашчанымі абіцьцямі вокнаў слонімскага музэя,
-«Масква сьлязам не паверыла», і Новік адседзеў яшчэ некалькі год у савецкім
канцэнтрацыйным лягеры. (...) Дзеці сьпярша апынуліся ў сірацінцы, адкуль
пасьля вайны забрала іх у Польшчу ягоная цёшча.
Прыход вясны 1945-га Пяюн сустрэў чарговай лірыкай «Ізноў за кратамі»,
канешне, з аптымізмам у канцы:
На тваім тварыку усьмешку я прыкмеціў,
Дагэтуль сьвеціць мне, як сонейка, яна,
І
веру я цяпер, што йшчэ на гэтым сьвеце
Для нас з табой настане новая вясна.
24
сакавіка 1945-га трыбуналам войскаў НКУС Баранавіцкай вобласьці БССР ён быў асуджаны
на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Але да сярэдзіны траўня яшчэ заставаўся ў
слонімскай турме. І працягваў ствараць рамантычную турэмную лірыку:
-
«Ноч у камэры» - «месяц зьнік, не відно яго болей. Штось шапочуць зноў зоркі з
нябес, ды праз шыбы маленькія з волі мне вітаньне пахучы шле бэз»;
-
«Верабейчыкі» - «для крылатых пяюноў (!) сьнеданьне рыхтую,
верабейчыкаў-сяброў, чым магу, частую»;
-
«Добры дзень, вясна-красуня»;
-
«Пачуў я сёньня жаўрука»...
Напісаў таксама грамадзянскі-выкрывальніцкі верш «Ці не люблю я?» -«за
што ж мяне ў астрог ўсадзілі і не чужыя, а «свае»?»
Па этапах да Полюса Холаду
Этапы нявольніцкага падарожжа Н.П.
праз увесь СССР да Паўночнага Полюса Холаду пазначаны яго вершамі-песьнямі. Без
алоўка і паперы ён закладваў іх тэксты і мэлёдыі ў закуткі ўласнай памяці і там
жа надзейна замацоўваў назвы тых этапных пунктаў, дзе зьяўляўся чарговы твор:
-
«Колам залацістым» (у цягніку, яшчэ на тэрыторыі Беларусі);
-
вальс «Краска шчасьця» (у цягніку ў казахскім Кургане);
-
«Думы над Байкалам» (у цягніку на станцыі Байкал);
-
«Салдацкая песня» (у цягніку на ўслаўленай паэтам Еўтушэнкам забайкальскай
станцыі Зіма);
-
«Па бурлівым акіяне» (у труме парахода «Каўказ», што ішоў па Ахоцкім моры на
Калыму);
-
«Калі душу мне сум агорне» (Якуція, пасёлак Нэлькан, 3-і лягпункт лягера
НКУС)...
У
нэльканскім лягеры, вязьні якога здабывалі золата, Пяюн некалькі гадоў
адпрацаваў у шахце (з яго словаў пагроза сьмерці была побач разоў 50), затым
нейкім чынам перабраўся ў мэдсанчастку і пачаў выконваць абавязкі лекара. За
ўвесь час яго лекарства ніхто ў той санчастцы не памёр. Калі ўзяць пад увагу
яго пэрфэкцыянізм і дбайнасьць пры засваеньні і выкананьні любой справы, то
паверыць у добрасумленнае лекарства нескладана. Да таго ж, ён удала лячыў
словамі - замовамі і малітвамі.
І
працягваў ствараць вершы-песьні («Як міраж» - «аніводнае вестачкі з дому! Дзе і
як тым жывуць без мяне? Душу нельга раскрыць
тут нікому, толькі з роднымі бачуся ў сьне»; гімн «З крыві беларускай» -
«наперад ісьці незалежніцкім шляхам наказваем дзецям і ўнукам сваім»;
«Беларуская мова мая», «Паўночная калыханка»).
А
на радзіме ў 1946 годзе славуты і паважаны руплівец беларускага фальклору Рыгор
Шырма здолеў надрукаваць Пяюновы «Зорачкі» пад назвай «На чужыне» ў часопісе
«Беларусь» - як народную песьню, без узгадкі сапраўднага аўтара.
Усьць-Нера
Пасьля сьмерці Сталіна і берыеўскай амністыі (28 сакавіка 1953 г.)
становішча Н.П. зрабілася крыху
больш лёгкім. З рудніка Аляскітавы ён перабраўся ўжо як ссыльны ў пасёлак
Усьць-Нера на месцы ўпадзеньня ракі Неры ў Індыгірку. Пасёлак спэцыялізаваўся
на здабычы золата і вальфраму. Апроч таго зьняволеныя Дальлага
будавалі Магаданскую трасу сярод забалочанай тундры. У геаграфічным пляне тое
аказалася нават бліжэй да Палярнага круга за Нэлькан і гэтак жа блізка да
Полюса Холаду. І тут без мэдыцынскага дыплёма Пяюн працягваў лячыць.
Яго вершы-песьні тога часу - «Ноч у юрце», «З ліста да сястры Алесі», «Я
б хацеў пайсьці на луг», «Мінулі гады», «Пурга». Тады ж, у ссылцы ён стварыў
паэму «Цярністы шлях» - пра ўласнае жыцьцё.
Цешча хадайнічала перад савецкай уладай, каб Н.П. са ссылкі вызвалілі і адправілі да дзяцей у Польшчу:
«...29 IX 1954. Председателю Совета Министров Советского
Союза Георгию Максимилиановичу Маленкову.
...Простите меня Родной, что (...)
осмеливаюсь к вам обратиться (...). Дорогой Товарищ! Я бедная старая женщина не
могу понять, как это могло случиться чтобы тот, который столько выстрадал от
гитлеровцев и освобожденный Спасительницей Красной Армией, попал в Сибирь, где
уже 9 лет пребывает! Умоляю Вас Милостивый Отец взгляните в эту трагедию! Велите
расследовать это судопроизводство! Освободите моего несчастного зятя. Пусть он
вернется к своим деткам и своим родным...».
У
адказ на запыт «начальства» Н.П.
напісаў заяву:
«Спецкоменданту тов. Карпову п. Нера.
Заявление.
На вопрос, предложенный мне Вами, заявляю:
В Польшу ехать я не собирался и не собираюсь.
С. Новик. Нера, 27-1-1955 г.»
Вяртацца ён жадаў толькі ў Беларусь. Вось вершык 1955 года:
Калі чую пра
посьпех-удачу
І аб тым, што расьцеш з году ў год,
Я заўсёды ад радасьці плачу,
Мой народ, беларускі народ!
* * *
Пакуль Н.П. адбыў тэрмін у
лягерах і на высылцы «чужымі» вырасьлі, пад апекай бабулі Леакадзіі Гарусавай,
абедзьве ягоныя дачкі. Старэйшая засталася ў Польшчы, малодшая, стаўшы
дарослай, паехала ў Ленінград і жыла там.
На
высылку Пяюну дачка Зоя пісала:
Как бы ты чувствовал себя, если бы тебе утверждали, что
самый любимый человек, как папа, убил любимого человека, как мама? Скажи?
Какими средствами я [могу] отстаивать Вашу честь и мою любовь к Вам, папа...
З
ліста Зоі ад 1 красавіка 1955 г.:
Папочка, ты не обижайся, что меня зовут «Зося», а не
«Зоя», я в душе называю себя именем счастья и мудрости «Зоей», но ведь наверно
не хочешь этого, чтобы твоя дочь имела в школе неприятности. Так ты не обижайся
дорогой. Я написала его в польском языке. Ты не обижайся. Всякий язык нужно
уважать, каждый язык имеет свою прелесть. Ты дорогой мой папочка должен уважать
и ценить этот язык, польский язык, если ты только горячо любил нашу любимую и
дорогую мамочку. Я его тоже люблю так как свой родимый, потому, что этим языком
говорила мама. А я маму очень люблю... Это мысли моего сердца.
* *
*
Падчас жыцьця ва Усьць-Неры Пяюн здолеў наладзіць супрацоўніцтва з
якуцкай прэсай: і ў пляне вершаў, якія туды пасылаў (на рускай мове) і як
публіцыст-краязнаўца-аматар гісторыі. У 1957-м яго верш «Колыбельная» надрукаваў
нават часопіс «Молодой коммунист».
Не
забываў ён і пра эспэранта, пра што сьведчыць яго тэкст «Язык дружбы»
(Переписка русской девочки Аллы с вьетнамским пионером Ким-Вонгом на эсперанто)
у газэце «Социалистическая Якутия» ад 10 ліпеня 1958 года.
З песьняй на свабоду
У
канцы 1958 года Індыгірскі лягер Дальстроя
ліквідавалі па загаду Масквы. Н. П. быў вызвалены і ваенным трыбуналам
Беларускай ваеннай акругі 5 лістапада 1958 года рэабілітаваны. У 1959 годзе
вярнуўся на Беларусь, у Слонім, яму
прызначылі пэнсію. На памяць пра сыбірскую няволю прывёз крыж, зроблены з
косьці маманта, знойдзенай у малібдэнавым рудніку, і масіўны пярсьцёнак,
зроблены, па словах Н.П., са
схаваных «зэкамі» кайданкоў.
У
1960-м перасяліўся ў Нясьвіж і амаль адразу напісаў песьню, у якой назваў яго
сваім родным горадам:
Мне хочацца славіць Радзіму натхнённа
І песьню сьпяваць аб табе, мой Нясьвіж!
У Мінску і недалёк
Але доўга Н.П. у «родным
Нясьвіжы» не затрымаўся. У тым жа 1960-м ён перабраўся ў ціхі раён беларускай
сталіцы побач з былымі лютэранскімі могілкамі і вадаёмам Мухля. Дзе ён тут жыў,
аўтару невядома.
У
1984 годзе Н.П. атрымаў маленькую
кватэру (адзін пакой) на другім паверсе дома па вуліцы Купрыянава, дзе пражыў
апошнія 14 гадоў жыцьця.
Цёплыя стасункі з блізкімі суседзямі не склаліся. Сумоўе склалася з
людзьмі значна маладзейшымі за яго - аматарамі мовы эспэранта ды тагачаснымі
беларускімі «нацыяналістамі», атрымалася пэўны час папрацаваць у пазашкольнай
адукацыі, стварыўшы клюб патрыятычнага кірунку. Н.П. нават атрымаў даведку ў адпаведных савецкіх установах, што яму
дазваляецца займацца пэдагагічнай працай.
У
«свабодныя» свае дзесяцігодзьдзі Н.П.
актыўна выступаў у рэспубліканскім друку, зрэдку і ў саюзным. Пераважна з
творамі для моладзі ды артыкуламі, прысьвечанымі культуры.
Сярод выданьняў, з якімі супрацоўнічаў ён у той час, выразна галоўнае
месца займала газэта «Голас Радзімы», большая частка накладу якой ішла на
распаўсюд у беларускай дыяспары. Па сутнасьці, роля Н.П. у гэтым савецкім і прапагандысцкім «Голасе» была ў тым, што
дэманстравалася: вось ён свабодна жыве ў сталіцы БССР, атрымаў пэнсію, можа
друкаваць свае вершапесьні, успаміны, распавядаць пра беларускую культурную
спадчыну і гістарычных беларускіх асоб, якія альбо не лезьлі ў палітыку, альбо
былі ў ёй выразна савецкімі...
З
вершапесьняў газэта друкавала, пераважна, даўнія Пяюновы творы, часоў польскага
і нямецкага яго зьняволеньняў («Зорачкі», «Брату ў чужыне», «Трыялеты», «Восень
залатая» і г.д.), з успамінаў - шмат увагі надавалася Лявонавіцкаму хору,
сустрэчам Н.П. з акадэмікам Яўхімам
Карскім і Янкам Купалам, а таксама Слонімскаму музэю і Калдычоўскаму лягеру
сьмерці.
Апроч «Голасу Радзімы» час ад часу Н.П.
друкаваўся ў часопісах «Вожык», «Работніца і сялянка», газэтах «Звязда»,
«Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Вячэрні Мінск», «Зорька»,
беластоцкай «Ніве», «Сельской газете», маскоўскай «Советской культуре».
У
1969-м ён удзельнічаў у здымках кінафільма «Боль мой - Хатынь», напісаў для яго
песьню «Сэрца, не плач!..». Рэжысёрам фільма быў Пятро Аліферэнка.
Сярод новых вершаў, напісаных Новікам-Пяюном у савецкія гады, большасьць
- для дзяцей. Пісаў ён для іх і караценькія павучальныя апавяданьні, амаль як у
часы «Заранкі». Выглядаць дзіцячым паэтам і пісьменьнікам давала яму магчымасьць
на большую свабоду ад рэгулярных узгадак пра камуністычную партыю і яе мудрых
кіраўнікоў.
Але зусім абысьціся без узгадак пра кіраўнікоў-камуністаў у Н.П. не атрымалася. Былі тады ў яго
асобныя сэрвільныя творы для дарослых чытачоў, з якіх сваімі назвамі асабліва
інтрыгуюць артыкулы «Баявая зброя партыі - быць непрымірымымі» («Чырвоная
змена», 19 сакавіка 1963 г.), «Я - коммунист» («Сельская газета», 27 сакавіка
1971 г.).
У
першай палове 1977 года састарэлая Зоська Верас (1892-1991) праз фальклярыста і
літаратуразнаўца Арсеня Ліса «знайшла» Н.П.
у Мінску, узнавілася іх даўняе сяброўства. 6 чэрвеня таго ж года Пяюн наведаў
пісьменьніцу ў яе «лясной хатцы» пад Вільняй. Прыяжджаў да яе 27-28 верасьня
1980-га і 22 верасьня 1981-га.
Напачатку 80-х гадоў Н.П.
пачаў пісаць раман «Подласьць».
У
1984-м у мінскім выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга выбраных твораў
Н.П. «Заўсёды з песняй». Тады ж яго
прынялі ў Саюз пісьменьнікаў БССР.
У
сярэдзіне 1980-х гадоў з Н.П.
пазнаёміўся гарадзенскі беларус Мікола Таранда, цытаты з успамінаў якога
прывядзем тут [* М.
Таранда - адзін з кіраўнікоў легендарнага гародзенскага клюба 90-х гадоў
«Паходня».].
...Ён страшна баяўся, прасіў не запісваць нічога. Ён выдаў
кніжку «Заўсёды з песняй», яна ў плянах каштавала 70 капеек, скарацілі, стала
20. За ганарар купіў сабе гарнітур, гальштук, туфлі і іх называў «заўсёды з
песьняй». Так апрануўшыся ён і праводзіў мяне на чыгуначны вакзал, спазьняліся,
з плошчы я сказаў, што павінен бегчы, ён не мог бегаць і заплакаў, тады мы
пайшлі пяшком і аказалася, што па раскладу цягнік яшчэ не адправіўся, тады я
яго і сфатаграфаваў у гэтым убраньні - «заўсёды з песьняй».
Сябры і адзінота
У
80-х - напачатку 90-х аднапакаёўка С.Н.
зрабілася месцам шматлікіх сустрэч са старымі, а з большага новымі сябрамі.
Шматлікіх колькасьцю, калі пералічыць усех,
але для гаспадара кватэры ўсё адно рэдкіх і недастатковых. Суб’ектыўна Пяюн
адчуваў сябе пакінутым, непатрэбным. Тое заганяла яго ў дэпрэсію, і аднойчы ён
спаліў рукапіс рамана «Подласьць», над якім працаваў каля васьмі гадоў.
Таранда піша:
У 1986 годзе ён перадрукоўваў для нас па даручэньні Зоські
Верас «Гродзенскі гурток беларускай моладзі», я, калі прыяжджаў у Мінск,
заўсёды заходзіў да яго, прывозіў прадукты, бо ён сядзеў заўжды галодны. Шкада,
нічога не даваў запісваць.
Пасьля я з ім пазнаёміў артыстаў тэатра «ДзеЯ», якія здаецца былі і на
пахаваньні.
Самыя блізкія яго сябры таго часу - нашмат маладзейшыя мастак Анатоль
Наліваеў (1931 г.н.), пісьменьнік Васіль Жуковіч (1939 г.н.), мастацтвазнаўца і
этноляг Яўген Сахута (1945 г.н.). Пяюн амаль не выходзіў на вуліцу, прадукты
яму прыносілі новыя сябры і іх дзеці. Стаўленьне да адной з дзяўчынак было
асаблівым, нешта падобнае на каханьне, бо Н.П.
адчуваў вялікую радасьць і ўздым у кожны з яе візытаў. Затым яна выйшла замуж і
Н.П. напісаў калыханку для яе
першага дзіцяці.
Хатніх жывёл Н.П. ніколі не
трымаў. Але ўзімку карміў сінічак, якія прыляталі да яго на падваконьне. З
вуліцы яго акно можна было пазнаць па падвешаным звонку побач з ім кавалкам
сала для сінічак.
Ён заўжды заставаўся беларусам і быў адданы
бела-чырвона-беламу сьцягу. Насіў беларускія сымбалі. Са значкамі Пагоня і бела-чырвона-белы
сьцяжок ён трапіў у нацысцкі лягер... З гонарам прышпільвае Сяргей Міхайлавіч
да свайго пінжака бела-чырвона-белы значок і сёньня. Як сымбаль таго, што ён
ніколі не здрадзіў сваёй Бацькаўшчыне.
...Многія вершы і песьні Новіка-Пеюна маюць
надзвычайны лёс, бо складзены на нарах за кратамі [* Барыс С. Малады дзядок //
«Беларуская мова і літаратура ў школе», 1991, № 7-8.].
Апошні год жыцьця
Нягледзячы на старэчую слабасьць, Н.П.
нязьменна дбаў пра тое, каб сустракаць гасьцей чыстым, паголеным, акуратным.
Пасьля шчымліва-драматычнага артыкула-інтэрв’ю ў газэце «Советская
Белоруссия» ад 23 сьнежня 1993-га «Чужой среди своих» (дзе сярод астатняга паэт
сьцьвярджаў, што чатыры месяцы па начах у яго кватэру ламіліся невядомыя, а ён
безвынікова клікаў на дапамогу), сяброўскі клопат аб Н.П. істотна ўзмацніўся. Але рэй вялі ўжо ўзрост і хваробы - сэрца
і лёгкія былі ў вельмі сумным стане.
Прыкладна за паўгады да сьмерці Пяюн падзяліўся з адной са знаёмых
жанчын дзіўным сном, як яго будуць хаваць у сонечны дзень у родных Лявонавічах
і пыл будзе падымацца над грунтовай дарогай.
Апошнія тыдні ён ляжаў у пульманалёгіі ў 10-й клінічнай бальніцы на
Чыжоўцы. Памёр напярэдадні свайго 88-годзьдзя, 26 жніўня 1994-га. Сябры
пераканалі лекараў абысьціся без ускрыцьця, мяркуючы, што ён хацеў быць
пахаваным непарэзаным.
Хавалі Пяюна, як і казаў прарочы сон, на вясковых могілках у Лявонавічах
у сонечны, бязвоблачны дзень і падымаўся над грунтоўкай белы пыл ад аўто з яго
труной. Апроч мінскага сяброўскага кола сабралася, бадай, уся вёска. Праважалі ў магілу, з асабістай просьбы памерлага -
музыкай «Мяцелі» Георгія Сьвірыдава. Ды шчымліва сьпяваў яго «Зорачкі» створаны
ім у юнацтве лявонавіцкі хор.
Пасьля пахаваньня мясцовыя зладзілі цудоўны памінальны стол. Вельмі
людзкае, належнае прайшло разьвітаньне.
Эпілёг
Н.П. пісаў на беларускай, рускай, польскай
мовах і на эспэранта. Ён аўтар прыблізна 100 песень.
Паэт, аўтар трох зборнікаў вершаў: «Заўсёды з песняй» (1984), «Зорачкі
ясныя» (1986), «Песьні з-за кратаў» (1993).
Драматург, аўтар п’ес «Ёлка Дзеда Мароза», «Пакой у найманні», «Цудоўная ноч», «Прадка пад крыжам».
Аўтар успамінаў пра шэраг дзеячаў беларускай культуры.
З
яго жывапісу захаваліся карціны «Краявіды», «Партрэт Адама Міцкевіча», «Першы
сьнег». Мноства акварэляў знаходзяцца ў музэі ў Нясьвіжы.
Нацыянальна сьвядомыя беларусы заўсёды заміналі ўсім іх
нядобразычліўцам. Але, наліха ім, Н.П.
не зламаўся і пражыў 88 гадоў, працягваючы займацца творчасьцю амаль да самога
скону. Ён дбаў пра тое, каб пакінуць па сабе добрую памяць. Гэта ў яго
атрымалася.
Вялікую, у сьветлых фарбах, карціну «Пагоня Новіка-Пяюна» стварыў у 90-я
гады Алесь Цыркуноў, пачаўшы маляваць яе пры ягоным жыцьці. На ёй знайшлі месца
і сам Н.П., і вышытая яму сястрой і
захаваная ім «Пагоня», і абрысы тых, каго ён кахаў. Цыркуноў, мастак, які
працуе пераважна ў цёмных колерах, для вобраза Пяюна абраў сьвятло.
«Зорачкі» Н.П. у выкананьні
Аляксандра Памідорава і рытмічнай музычнай аранжыроўцы ўвайшлі ў знакавы
беларускі рок-альбом мяжы тысячагодзьдзяў «Я нарадзіўся тут».
Што тычыць помніка ў якой-небудзь з беларускіх сталіц... Зьвярніце
ўвагу, колькі ў Пяюновых вершах «Ў» - ён ставіў гэтую літару ў многіх выпадках
там, дзе яе месца не па правілах! Таму знакаміты понік
«Ў» у Полацку можна лічыць і нефармальным помнікам Сяргею Новіку-Пяюну.
Згодныя?!
З радкоў Надзеі Дземідовіч, прысьвечаных
памяці Н.П.:
Бывала, туга агартае душу,
У лягеры, дзе і падзея ўмірала,
Я ціхенька песьню тваю запяю,
Здаецца, дома ў гасьцях пабывала.
...«Малады дзядок» - цябе называлі,
Ты вершы і казкі чароўны. складаў.
Сьняжынкі-пушынкі за намі ляталі,
Ты нам падарункі свае прысылаў.
...Колькі цябе чужакі не цкавалі,
І крылы хацелі падрэзаць не раз,
Сіла каханьня і Бог памагалі
Выжыць і прайсьці жарам ссыпаны шлях.
Да пояса кланяўся старым людзям,
Ветліва дзецям усьміхаўся заўжды...
Хай нары не сьняцца табе, дарагі,
Што доўгія годы ложкам служылі.
А сьняцца Радзімы лясы і палі,
Рамонкі і ружы растуць на магіле.
Я веру, што Гімны не згаснуць твае,
Як не згасьлі за астрожныя годы.
Ушануюць Пагоню, наш Сьцяг на зямлі,
Усё
лепшыя у сусьвеце народы.
...Цябе, змагар, мы не забудзем ніколі,
Бо песьня твая - гэта наша душа!
/Мельнікаў А. Сяргей
Новік-Пяюн. Паэт за кратамі. Рыга. 2018. 64 с./
****
СКАРЫСТАНАЯ ЛІТАРАТУРА
*
Из редакционной почты. // Северная заря. Усть-Нера. № 97. 5 декабря 1956. С. 3.
* Созданы литературная группа и кружок. //
Северная заря. Усть-Нера. № 101. 19 декабря 1956. С. 2.
* Литературнай бөлөх уонна куруhуок
тэрилиннилэр. // Хотугу
сардаҥа. Уус-Ньара. № 101. Ахсынньы 19 к. 1956. С. 2.
*
Шамшурин Ю. Сокровенные мысли.
(Обзор стихов, поступивших в редакцию). // Молодой коммунист. Якутск. № 24. 24
февраля. 1957. С. 4.
*
Вольфовский А. Стихи наших
корреспондентов. // Северная заря. Усть-Нера. № 37. 8 мая 1957. С. 3.
*
Вольфовскай А. Биhиги
корреспонденденнарбыт хоhоонноро. // Хотугу сардаҥа. Уус-Ньара. № 37. Ыам ыйын
8 к. 1957. С. 3.
*
Тарасов А. Стихи молодых. (Обзор
стихов, поступивших в редакцию). // Социалистическая Якутия. Якутск. № 211. 6
сентября. 1957. С. 4.
*
«Привлеч к ответственности». // Северная заря. Усть-Нера. № 77. 25
сентября 1957. С. 4. [По следам наших выступлений]
*
“Эппиэккэ тардыахха”. // Хотугу
Сардаҥа. Уус-Ньара. № 77. Балаҕан ыйын 25 күнэ. 1957. С. 4./ [Биhиги
хаhыаппыт суруйуутунан]
*
От всего сердца. Обзор стихов. // Магаданская правда. Магадан. № 268. 13 ноября
1957. С. 2.
*
Эсперанто – язык дружбы. // Северная заря. № 60. 30 июля 1958. С. 2. [Наша консультация]
*
Эсперанто –
доҕордоhуу тыла. // Хотугу Сардаҥа. Уус-Ньара. № 60. От ыйын 30 күнэ. 1958 сыл.
С. 4.] [Биһиги
консультациябыт]
* Паромчык Г. Калдычоўская трагедыя. // Голас Радзімы.
Мінск. Красавік. № 26. 1962. С. 3.
* Паромчык Г. Калдычоўская трагедыя. Мінск. 1962. С.
42-44. [Бібліятэчка газеты “Голас
Радзімы”]
* Аляксандраў
Е. Патрыятычнае слова паэта. //
Літаратура і мастацтва. Мінск. 9 чэрвеня 1964. С. 7. [Літаратурная хроніка]
* Гілевіч М. [Спец. кар. “Літаратуры і мастацтва”] Слонім, Чырвонаармейская, 19. // Літаратура і Мастацтва.
Мінск. 18 верасня 1964. С. 1-2.
* Калеснік Ул. Іскры з вогнішча. // Сцягі і паходні. Творы
паэтаў з былой Заходняй Беларусі. [Скл.
Ул. Калеснік] Мінск. 1965. С.
21-23, 246.
* Царанкоў Л. Сцягі і паходні. // Беларусь. № 5. Мінск. 1966. С. 27.
[На кніжнай паліцы]
* Ліс А. Іскры з вогнішча. [Сцягі і паходні, “Беларусь” 1965.] // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 22 лютага 1966. С. 3. [Сярод кніг]
* Сяргею Пяюну 60
год. // Ніва. Беласток. 28 жніўня 1966. С. 2. [Падзеі.
Здарэнні. Факты. Каментарыі. Весткі.]
* Паэт-песеннік. //
Голас Радзімы. Мінск. № 35. Верасень. 1966. С. 6.
* Войцікава Л. Заранка. (З маіх успамінаў). // Ніва.
Беласток. 2 чэрвеня 1968. С. 4.
* Грычан А.
Біяграфія адной песні. // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 12 ліпеня 1968. С. 3.
* Пяткевіч А. Сцежкай роднага краю. // Наднёманскія былі.
Зборнік артыкулаў і нарысаў. Мінск. 1968. С. 65-66.
* Законнікаў С.
Сяргею Новіку-Пяюну. [У Калдычаве] // Маладосць. № 6. Мінск. 1969. С. 5. [Паэзія]
* Песні з-за кратаў.
// Голас Радзімы. Верасень. № 34. 1969. С. 6.
*
Рылко М. Песни, принадлежащие
истории. // Гродненская правда. Гродно. 9 апреля 1970. С. 4.
*
Рылко М. Зелёная звездочка поэта.
// Гродненская правда. Гродно. 20 июня 1970. С. 4. [В день субботний]
* Рылко М. Лёс паэта. // Голас Радзімы. Мінск. Жнівень.
№ 31. 1970. С. 6.
* Каханоўскі Г. Пад новай вокладкай. // Літаратура і
мастацтва. Мінск. 23 кастрычніка 1970. С. 8.
*
Рылко М. Его песни – в народе. // Гродненская правда.
2 октября 1976. С. 4. [Наш край родной]
* Гайдук М. З тае эпохі. // Ніва. Беласток. 30 снежня 1979. С. 2,
5. [Мінскія сустрэчы]
* Быць карысным
людзям. С. Новіку-Пяюну – 75 гадоў. // Голас Радзімы. Мінск. 3 верасня 1981. С. 7.
* Лойка А. Душа рвалася да песень. // Літаратура і
мастацтва. Мінск. 9 кастрычніка 1981. С. 12.
*
Жуковский А. [Учитель истории. г.
Слоним.] Живет песня в народе. // Гродненская правда. Гродно. 28 октября 1981. С. 4.
* Гладышава Г. Прарастае насенне дружбы. // Мінская праўда.
Мінск. 6 сакавіка 1982. С. 4. [Суботняя
мазаіка]
* Панізнік С. Хай вам працуецца і жывецца! Зосьцы Верас
споўнілася 90 гадоў. // Голас Радзімы. Мінск. 28 кастрычніка 1982. С. 6.
* Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў
/XVI-XX стст./. Мінск. 1983. С. 31, 68, 87, 104, 108, 114, 117, 149, 151-152,
154-155, 157-158, 190.
* Гайдук М. Гады і творы. // Ніва. Беласток. 29 ліпеня 1984. С. 3-4.
*
Жуковский А. Нестареющая песня
ветерана. // Гродненская правда. Гродно. 10 августа 1984. С. 3.
* Бабак Д. Заўсёды з песняй. // Голас Радзімы. Мінск. 23
жніўня 1984. С. 7. [З кніжнай
паліцы]
* Новік-Пяюн Сяргей
Міхайлавіч. [Прыняты ў Саюз
пісьменнікаў БССР] // Літаратура і
мастацтва. Мінск. 14 снежня 1984. С. 3.
* Лойка А. Песня
клікала ў свет. // Сяргей Новік-Пяюн.
Заўсёды з песняй. Паэма, вершы, песні, творы для дзяцей. Мінск. 1984. С. 3-6.
* Каханоўскі Г. Праз навальніцы. Сяргею Новіку-Пяюну – 80
год. // Голас Радзімы. Мінск. 21 жніўня 1986. С. 7. [З культурнага жыцця]
* Сыс А. Дні лятуць... [Энцыклапедыя
беларускай песні] // Чырвоная змена. Мінск. 15 кастрычніка 1986. С. 4. [Нотны аркуш. Музычны выпуск № 101.]
*
Шишигина К. Я. Музы Несвижа.
Минск. 1986. С. 61-63.
* Плевін В. А. Лявонавіцкі народны хор. // Энцыклапедыя
Літаратуры і Мастацтва ў 5 тамах. Том 3. Мінск. 1986. С. 321.
* Саламевіч І.
У. Новік-Пяюн Сяргей Міхайлавіч. // Янка
Купала. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 1986. С. 442.
* Агафонаў М. У мастацкіх каталогах не значыцца. //
Мастацтва Беларусі. №12. Мінск. 1987. С. 64-67. [Старонкі
гісторыі мастацтва]
* Каханоўскі Г.
А. Новік-Пяюн Сяргей Міхайловіч. //
Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва ў 5 тамах. Том 4. Мінск. 1987. С. 82.
*
Пархута Я. Одиссея поэта. [На земле отцов наших] // Нёман. № 5. Минск. 1989. С. 136-148.
* Марціновіч А. “Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне...” //
Літаратура і мастацтва. Мінск. 8 снежня 1989. С. 14-15.
* Калеснік У.
А. Этапы ростані і волі. // Ростані
волі. З заходнебеларускай паэзіі. [Скл.
У. А. Калеснік] Мінск. 1990. С. 14.
* Аксак В. Песні з-за траістых кратаў, альбо Дзе жыла
Муза Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 30
жніўня 1991. С. 7. [Віншуем]
* Барыс С. Малады дзядок. // Беларуская мова і
літаратура ў школе. № 7-8. Мінск. 1991. С. 153-154. [Сяргею Новіку – 85 гадоў]
* Карлюкевіч А. Вязень гісторыі. // Зрок. № 9-10. Мінск. 1991. С.
36-38.
* Жуковіч В. Доля Новіка-Пяюна. [Верш] // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 13 верасня 1991. С. 8.
*
Карлюкевич А. Узник трех режимов.
// Во славу Родины. Минск. 28 января 1992. С. 4. [Люди земли Белорусской]
* Кляшчук А. Песні з-за кратаў. [Землякі] //
Рэспубліка. Мінск. 15 красавіка 1992. С. 5. [Культура]
* Мацкевіч В. Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пеюна. [Чалавек. Лёс. Час] // Голас Радзімы. Мінск. 21 мая 1992. С. 6. [З культурнага жыцця]
* Мядзведзева
С. “Я жыў дзеля людзей...” // Чырвоная
змена. Мінск. 8-14 чэрвеня 1992. С. 7. [Ракурс]
* Пархута Я. Адысея Маладога Дзядка. // Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Кніга
падарожжаў. Мінск. 1992. С. 446-458.
* Антонава Т. “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, вы ні ў чым
не вінаваты...” // Звязда. Мінск. 27 сакавіка 1993. С. 1-2. [Стыль жыцця]
* Пархута Я. Адысея Маладога Дзядка. // Пралеска. № 6.
Мінск. 1993. С. 15-17.
*
Валаханович А., Сенюков Г.
“Полюбуйтесь, вот белорусский поэт!..” [Яма смерти]. // Рэспубліка. Мінск. 14 верасня
1993. С. 7. [Память]
* Марціновіч А. А ў сэрцы – вясна... // Літаратура і Мастацтва.
Мінск. 17 верасня 1993. С. 6. [Ля
кніжнай паліцы]
* Чыгрын С. За кратамі песні пісаў. // Гродзенская
праўда. Гродна. 7 кастрычніка 1993. С. 3. [Новае
выданне]
* Мацкевіч В. Народ і яго паэт. // Голас Радзімы. Мінск. 4
лістапада 1993. С. 6. [Вершы,
напісаныя ў няволі]
*
Брыль В. “Чужой” среди своих. //
Советская Белоруссия. Минск. 23 декабря 1993. С. 2. [Жизнь как
она есть]
* Рублеўская Л. Крыжавы шлях. // Першацвет. № 12. Мінск. 1993. С. 84.
* Чыгрын С. Янка Купала і Слонімшчына. Слонім. 1993. С. 4-6.
* Шышыгіна-Патоцкая
К. Я. Скарбы Нясвіжа. Мінск. 1993. С.
80-83, 143-144.
Маліноўскі М. Слова з пекла. // Народная трыбуна. Брэст. №
1. 6 студзеня 1994.
* Карлюкевіч А. “Прылячу тады, як птушка, у родны край...” //
Раніца. Мінск. 10 сакавіка 1994. С. 2. [Ведай
нашых]
* Карлюкевіч А. Вяртанне да Беларусі. Эсэ. [Светлай памяці бацькі – Міколы Мікалаевіча
КАРЛЮКЕВІЧА] // Бібліятэчка часопіса
“Маладосць”. № 8. Мінск. 1994. С. 5-8.
* Саюз пісьменнікаў
Беларусі. Сяргей Новік-Пяюн. [Некралог]
// Літаратура і Мастацтва. Мінск. 2 верасня. 1994. С. 15.
* Пецюкевіч У. Бывай! // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 2
верасня. 1994. С. 15.
* Глагоўская Л. Сяргей Новік-Пяюн і “Песні з-за кратаў”. //
Ніва. Беласток. 2 кастрычніка 1994. С. 8.
* Марціновіч А. “Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне...” //
Марціновіч А. Сувязь.
Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск. 1994. С. 113-128.
* Сяргей Новік-Пяюн.
// Беларускія пісьменнікі (1917-1990). Даведнік. (Скл. А. К. Гарадзіцкі) Мінск. 1994. С. 405-406.
* Гарэлік Л. М. Новік-Пяюн Сяргей. // Беларускія пісьменнікі.
Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Том 4. Мінск. 1994. С. 397-398.
* Драздова З.
У. Новік-Пяюн Сяргей. Бібліяграфія. //
Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Том 4. Мінск. 1994. С.
398-400.
* Памяці Сяргея Новіка-Пяюна. // Весткі й
паведамленьні Аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Нью Йорк. № 310.
15 красавіка 1995. С. 2.
* Паўлюкавец А. З кагорты беларускіх эсперантыстаў. // Акно.
№ 3-4. 1995. С. 88.
* Калістра З.
“Я малюся за Вас...” // Голас Радзімы. Мінск. 7 верасня 1995. С. 6. [Памяці Сяргея
Новіка-Пяюна]
* Карлюкевіч А. Вязень трох рэжымаў. // Голас Радзімы. Мінск.
7 верасня 1995. С. 6. [Памяці Сяргея
Новіка-Пяюна]
* Барнауски А. Заключенный всех режимов. // Северная заря.
Усть–Нера. 14 ноября 1995.
С. 2. [История
края в судьбах людей]
* Дзелянкоўскі М. Сяргей Новік-Пяюн: “Ды я і цяпер нібы ў
камеры-адзіночцы, толькі што на вокнах няма кратаў...” // Народная воля. № 65.
Ліпень. Мінск. 1996.
С. 6. [Сустрэчы]
* Карлюкевіч А. Вязень стагоддзя. Вольны вязень трох рэжымаў.
27 жніўня 1996 года паэту Сяргею Новіку-Пяюну споўнілася б 90 гадоў. // Звязда.
Мінск. 28 жніўня 1996.
С. 4. [Рэшта]
* Маліноўскі М. Баранавіцкі пакутнік. // Настаўніцкая газета.
Мінск. 28 жніўня 1996.
С. 4. [Да
90-годдзя з дня нараджэння Сяргея Новіка-Пяюна.]
* Жуковіч В.
Жывая легенда. // Пралеска. № 8. Мінск. 1996. С. 40-41. [Каляндар “Пралескі”]
* Марціновіч А. “Ды праз шыбы разбітыя з волі мне вітанне
пахучы шле бэз”. // Народная газета. Мінск. 4 верасня 1996. С. 3. [Імёны і даты]
* Калістра З.
“Зорачкі ІІ”. (Імпрэза да 90-годдзя Сяргея Новіка-Пеюна). // Голас
Радзімы. Мінск. 12 верасня 1996. С. 5, 7.
* Якавенка Н.
“Мяне шчасцем не парадавала доля” [Артыкул
падрыхтаваны на аснове архіўных матэрыялаў Сяргея Новіка-Пеюна, перададзеных
Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры спадкаемцай Вольгай
Міхайлаўнай Сугойдзь-Зубовіч.]. // Літаратура і Мастацтва.
Мінск. 24 студзеня 1997.
С. 6-7. [Згадкі]
* Баркоўскі А. З Беларусі – у Аймяконне. // Кантакты і
дыялогі. № 4. Мінск. 1997.
С. 20, 25. [Пошукі. Знаходкі]
* Шчэрба Л.
“Злосны лёс пэўна нам пазайздросціць...” // Першацвет. № 10. Мінск. 1997. С. 84-86. [Спадчына]
* Осинович О.
Жизнь их не баловала. // Книга и мы. Минск. 20-26 февраля 1998. С. 2. [Выставки]
* Баркоўскі А. Личное дело Сергея Новика. // Голас Радзімы.
Мінск. 18 чэрвеня 1998.
С. 1, 4. [З
сакрэтных архіваў ГУЛАГа]
* Барховский А. Личное дело Сергея Новика. // Северная заря.
Усть-Нера. 28 июля 1998.
С. 3. [Из
секретных архивов ГУЛАГа]
* Ёрш С.
Найстарэйшая слонімская незалежная газета. // Слонімская Газета. Слонім.
№ 51 (80). 17-23 снежня 1998.
С. 9. [“Газеце Слонімскай” – 60 год]
* Карлюкевіч А., Карлюкевіч В. Ёсць такая выключная планета. Гімназічнае
выхаванне на прыкладзе лёсу выпускніка Нясвіжскай рускай гімназіі, беларускага
паэта, кампазітара, мастака, краязнаўца Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. //
Настаўніцкая газета. Мінск. 20 сакавіка 1999. С. 4.
* Скобла М.
Сяргей Новік-Пяюн. [Краса і сіла. Анталогія
беларускай паэзіі. Вядучы рубрыкі Міхась Скобла.] //
Звязда. Мінск. 17 чэрвеня 1999. С. 2.
* Ціхановіч Н. Паэзія як дакумент выпрабаванняў. // Чырвоная
змена. Мінск. 30 чэрвеня 1999.
С. 4. [Успомнім!]
* Ёрш С.
Праз 50 гадоў. // Наша Ніва. Менск. № 21 (140). 6 верасьня 1999. С. 9.
* Георгиева-Козарава В. [Габрава] З навагодняй пошты. // Кантакты і дыялогі. №
11-12. Мінск. 1999. С. 38.
* Махнач Т.
А. С. Пушкін у друку Беларусі. // Пушкін – Беларуская культура –
Сучаснасць. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 26-27 мая 1999
г.) [Беларусіка: Albaruthenica 12]. Мінск. 1999. С. 182.
* Гарэлік Л. М. Новік-Пяюн Сяргей Міхайлавіч. // Энцыклапедыя
гісторыя Беларусі ў 6 тамах. Том 5. Мінск. 1999. С. 332.
* Ёрш С.
Гісторыя слонімскага перыядычнага друку. // Слонімскі край. № 1. Слонім.
2000. С. 28-29.
* Ёрш С.
Гісторыя слонімскага перыядычнага друку. // Слонімскі край. № 2. Слонім.
2000. С. 20.
* Карлюкевіч А. Ішлі паштоўкі з Мінска. //
Карлюкевіч А. І векавечны толькі край...
Мінск. 2000. С. 85-89.
* З паказання С. М. Новіка-Пяюна на судовым
працэсе па справе катаў Калдычэўскага канцлагера. // Памяць.
Гісторыка-дакументальная хроніка Баранавіцкага раёна. Мінск. 2000. С. 245-246. [Друкуецца паводле
публікацыі А. Валахановіча і Г. Сенюкова ў газеце “Рэспубліка” за 14 верасня
1993 г.]
* Саламевіч І. У. Новік-Пяюн Сяргей Міхайлавіч. // Беларуская энцыклапедыя
ў 18 тамах. Т. 11. Мінск. 2000.
С. 371.
* Карлюкевіч А., Карлюкевіч В. Трываласць гімназічнага выхавання. Лёс
выпускніка Нясвіжскай рускай гімназіі, беларускага паэта, кампазітара, мастака,
краязнаўцы Сяргея Новіка-Пяюна. // Роднае слова. № 8. Мінск. 2001. С. 103.
* Баркоўскі А. Сяргей Новік-Пяюн – вязень трох рэжымаў. //
Наша слова. Мінск 24 кастрычніка 2001. С. 3. [Дыярыюш. 30 кастрычніка – Дзень
ахвяраў палітычных рэпрэсій.]
* Гарэлік Л. М. Новік-Пяюн Сяргей Міхайлавіч. // Памяць.
Гісторыка-дакументальная хроніка Нясвіжскага раёна. Мінск. 2001. С. 492-493.
* Дзелянкоўскі М. Нязгасныя зорачкі ўспамінаў. // Голас
Радзімы. Мінск. 6 лютага. 2002.
С. 7. [Асоба
ў бязмежнасці часу]
* Барковский А. Из Беларуси - в Оймяконье. // Северная заря.
Усть-Нера. 3 апреля 2003.
С. 2.
* Маракоў Л.
Новік-Пяюн Сяргей. // Маракоў Л.
Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і
культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991. Энцыклапедычны даведнік у трох тамах. Том
другі. Мінск. 2003. С. 121-123.
* Скобла М.
Сяргей Новік-Пяюн. // Краса і сіла. Анталогія беларускай паэзіі ХХ
стагоддзя. [Складальнік М. Скобла.]. Мінск. 2003. С.
202-203.
* Гужалоўскі А. А. Музеі Беларусі (1941-1991 гг.). Мінск. 2004. С. 13.
* Дземідовіч Н. Сяргей Новік-Пяюн – “Малады Дзядок”. //
Veritas. № 1 (3). Менск. 2005.
С. 12-14.
* Аркуш А.
Іх пазнаёміла Калыма. // Наша ніва. Менск. 2 сьнежня 2005. С. 18. [Гісторыя]
* Пяткевіч Б.
Новік-Пяюн на Калыме (Урывак з будучай кнігі “Наш дваццаты век”). //
Наша ніва. Менск. 2 сьнежня 2005. С. 18.
* Зарэцкая В.
Заходнебеларуская творчасць Сяргея Новіка-Пяюна. // Канцэптуальныя
падыходы да рэалізацыі зместу філалагічнай адукацыі ў школе і ВНУ: гісторыя і
сучаснасць. Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. 21-22 кастрычніка
2004 г. Брэст. 2005.
С. 76-77.
* Барковский А. Из Беларуси - в Оймяконье. // Егоров С. Мои дорогие оймяконцы. Якутск. 2005. С. 68, 71.
* Смірнова Л.
Песні жыцця чалавечага. Да 100-годдзя Сяргея Новіка-Пяюна (14. 08.
1906-26. 08. 1994). [Літаратурная гадзіна] // Бібліятэка прапануе. № 3. Мінск. 2006. С. 4-7. [Вернутыя імёны,
вернутыя каштоўнасці]
* Гілевіч Н.
Між роспаччу і надзеяй. Абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары.
Частка ІІІ. 1980-1989. // Дзеяслоў. № 5 (24). Менск. 2006. С. 219.
* Содаль У. Доля беларуса. // Наша слова.
Мінск. 23 жніўня 2006.
С. 2. [Пагоня
за мову Ь]
* Чыгрын С.
Паэт, які заўсёды жыў песняй. // Ніва. Беласток. 27 жніўня 2006. С. 1, 9. [Гісторыя, культура,
асвета]
* Давыдоўскі Ул. Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна. //
Абажур. №7-8. Мінск. 2006.
С. 52-53. [Нязгубнае]
* Жыбуль В.
Сяргей Новік-Пяюн і дзіцячая драматургія 1920-1930 гг. [Пісьменнік і
тэатр] // Роднае слова. № 8. Мінск. 2006. С. 125-127. [На ростанях]
* Содаль У.
Я за ўсімі ўладамі сядзеў. // Наша ніва. Менск. 1 верасня 2006. С. 38-39. [Каляндар]
* Жуковіч В
Пакутнік з ХХ стагоддзя. // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 15 верасня 2006. С. 14. [Даніна павагі]
* Петровская О. “Мой край, воспетый музой страдания и любви”. // Якутия.
Якутск. 22 декабря 2006. С. 9.
* Боярова М. П. Инновационный подход к использованию
литературного краеведения – приоритетное направление в гражданском воспитании
учащихся. Якутск.
2006. С. 4.
* Чыгрын С.
Паэт, які заўсёды жыў песняй. // Чыгрын С. У пошуках Слонімскіх скарбаў.
гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя нататкі. Мінск. 2006. С. 123-128.
* Боярова М. П. Сергей Михайлович Новик-Пяюн. // Мой край,
воспетый музой страдания и любви. (По материалам литературно-краеведческого
музея Томторской средней школы имени Н. М. Заблоцкого-Чысхана). Сост. М. П.
Боярова. Якутск. 2006. С. 4,
91-93.
* Данілюк Б.
Зося Макарэвіч – праведная народаў сьвету. // Беларус. ЗША. № 537.
Кастрычнік. 2007. Б. 7.
* Боярова М. Чтоб не наступило время беспамятства. //
Неделя Якутии. Якутск. 14 декабря 2007. С. 11.
* Хмара С.
“Паэзія – гэта сродак барацьбы за вызваленьне!..” [Публ. С. Чыгрынa]. // Дзеяслоў. № 6
(31). Менск. 2007. С. 245-247. [Спадчына]
* Арлоў У.
Сяргей Новік-Пяюн. // Арлоў У.
Імёны Свабоды. Радыё Свабодная Эўропа. 2007. С. 278-279.
* Боярова М. П. Сергей Михайлович Новик-Пяюн. // Мой край,
воспетый музой страдания и любви. (По материалам литературно-краеведческого
музея Томторской средней школы имени Н. М. Заблоцкого-Чысхана). Сост. М. П.
Боярова. Якутск. 2009. С. 4,
91-93.
* Чыгрын С.
Лісты Сяргея Хмары з Таронта. // Хмара С. Рабінавы хмель. Выбраныя творы. Мінск. 2009. С. 196-200.
* Чыгрын С.
Юнак з прамяністымі вычыма. // Мастак Антон Карніцкі. Гісторыка
краязнаўчы і мастацтвазнаўчы нарыс. Мінск. 2009. С. 16-24.
* Личное дело ссыльного-поселенца Новик
Сергея Михайловича. Койданава. 2010. 114 л.
* Ёрш С.
Пра “Слонімскую Пагоню” і сьцягі “Слуцкіх паўстанцаў”. // Беларускі
рэзыстанс. Часопіс найноўшай гісторыі. № 1 (12). Менск. 2012. С. 55-62. [Паведамленьні]
* Цыркуноў А.
Загадка “Пагоні” Слуцкага збройнага чыну. // Наша слова. Ліда. 4
красавіка 2012. С. 7. [Дзядзінец]
* Новік (Пяюн) Сяргей, беларускі дзеяч у
Слоніме 149, 236, 237, 242, 243, 246, 250, 258, 260, 266, 267, 274-275,
278-280, 311, 312, 434, 456. // Данілюк Б. Азіраючыся расой выетымі вачыма.
Успаміны. Мінск. 2012.
С. 511.
* Чыгрын С.
Сяргей Новік-Пяюн любіл Беларусь. [Лёс у
фотаздымках] // Новы Час. Мінск. №
6. 15 лютага 2013. С. 16. [Культура]
* Карлюкевіч А. Сяргей Новік-Пяюн: “Мною напісана шмат
матэрыялу...” // Краязнаўчая газэта. Мінск. № 9. Сакавік. 2013. С. 7.
* Карлюкевіч А. Сяргей Новік-Пяюн: “Мною напісана шмат
матэрыялу...” // Карлюкевіч А. Старонкі
Радзімазнаўства. Мясціны. Асобы. Краязнаўчыя нарысы. Мінск. 2013. С. 365-370.
* Сергей Новик. Родная Усть-Нера. Койданава. 1913. С. 29 л.
* Індзігірскі Т. Цярністы шлях Сяргея Новіка. (З таго што
трапіла ў рукі). Частка І. Койданава. 1913. 222 арк.
* Індзігірскі Т. Цярністы шлях Сяргея Новіка. (З таго што
трапіла ў рукі). Частка ІІ. Койданава. 1913. 138 арк.
* Хільтаў М.
Згадкі пра С. Новіка-Пеюна і Л. Валасовіч. // Краязнаўчая газэта. Мінск.
№ 16. Красавік. 2015.
С. 7.
* Лісты: Сяргею Новіку-Пеюну. // Зоська
Верас. Выбраныя творы. Мінск. 2015. С. 238-242, 540-541.
* Карлюкевіч
А. Якуція – прытулак беларускага паэта.
// Сустрэчы з роднымі і блізкімі. Знаёмствы, адкрыцці, дыялогі. (Адрасы
Беларусі ў свеце). Мінск. 2017. С. 312-316.
* Карлюкевич А. Якутия – приют белорусского поэта. //
Карлюкевич А. Адреса русской литературы
в Беларуси. Адреса белорусской литературы в России. Эссе, интервью, очерки.
Минск. 2018. С. 334-340.
* Мельнікаў А. Сяргей Новік-Пяюн. Паэт за кратамі. Рыга. 2018. 64 с.
Нэрчана
Індзігірская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz