wtorek, 24 września 2019

ЎЎЎ 2. Хвідзея Зыт-Батур. Габрэй Фэлікс Кон айцец-заснавальнік места Дзержинск. Сш. 2. На пасяленьні ў Якуцкім краі. Койданава. "Кальвіна". 2019.





    Ф. Кон
                                              НА ПАСЯЛЕНЬНІ Ў ЯКУЦКІМ КРАІ
                                                           I. АД КАРЫ ДА ІРКУЦКУ
    Я быў першым з тых, што мелі выйсьці на пасяленьне пасьля пераводу карыйскай турмы ў Акатуй і славутага зраўнаньня дзяржаўных „злачынцаў” з крымінальнымі. Для тых, што выходзілі на пасяленьне, гэты перавод на агульна крымінальнае становішча юрыдычна быў адназначны з вызваленьнем ад ссылкі ў Якуцкую вобласьць. Усе крымінальнікі пакідаліся на пасяленьне ў Забайкальле. Мабыць начальнік Нерчынскай катаржнай управы Тамілін якраз так і тлумачыў гэтае зраўнаньне, бо 18 сьнежня 1890 году мяне выклікалі ў кантору і паказалі атрыманую ад яго тэлеграму наступнага зьместу: „Запытайце Кона, дзе жадае пасяліцца пасьля сканчэньня тэрміну катаргі”.
    Я ўхіліўся ад адказу, абмежаваўшыся толькі паказаньнем на далучанае да мае справы пасьведчаньне вайсковае доктарскае камісіі, якое ўстанаўлівала, што мне патрэбна сталая мэдычная дапамога.
    Гэтая тэлеграма выклікала на Кары вялікія спрэчкі сярод залічаных у вольную каманду. Адны віталі мяне і прарочылі, што мяне паселяць у Нерчынску, або Чыце, а іншыя толькі пасьмейваліся з аптымістаў.
    Выйшла так, што апошнія мелі рацыю.
    Пра некалькі дзён была атрымана другая тэлеграма ад Таміліна: „Накіруйце Кона з першым этапам у Якуцкую вобласьць пад загад Якуцкага губэрнатара”.
    Чарговы этап адсылаўся на куцьцю, 24-га сьнежня. Таварышы угаворвалі мяне затрымацца да наступнага этапу і застацца на сьвята ў Кары, але я пастанавіў ехаць. „Доўгія праводкі — лішнія сьлёзкі”. А разьвітацца з Караю было мне нялёгка. Як гэта ні дзіўна, але якраз тыя гады, што я пражыў на катарзе, былі лепшымі гадамі майго жыцьця. Тут я папоўніў свае веды, тут у сталай сувязі з іншымі вязьнямі, я навучыўся адрозьніваць гучныя фразы ад сапраўднае справы, трывалыя і моцныя перакананьні ад мімалётнага захапленьня. Тут, нарэшце, я навучыўся мерыць вартасьць і свайго жыцьця і жыцьця іншых з пункту гледжаньня карысьці для справы.
    Я пастанавіў ехаць неадкладна і ў назначаны тэрмін зьявіўся на зборню.
    Зваротны этап рэзка адрозьніваўся ад этапу з Расіі. У апошнім тон у партыі задаюць рознага тыпу „буйныя галовушкі”. А зваротная партыя ў сваёй большасьці складаецца з людзей ўжо „абломаных”, аселых, супакоеных, якія мараць толькі, каб іх пасялілі ў такім месцы, дзе можна было б жыць і век свой дажыць. Іх папіхаюць, але яны не даюць адпору, баючыся, каб гэта не адбілася на назначэньні ім месца пасяленьня У дадатак да ўсяго зваротная партыя, звычайна зусім нешматлікая, адсылаецца не ва ўстаноўленыя дні, а толькі тагды, як у розных пунктах зьбярэцца досыць асоб, якіх трэба адсылаць. Гэта мае не малое значэньне, асабліва ўзімку. Нават на першым этапе да нас не палілі і пачалі паліць толькі пасьля прыходу партыі.
    На мне, пасьля шматлікіх гадоў турмы гэтыя ўмовы адбіліся хутка і цяжка. Я расхварэўся. Ужо на чацьвёрты этап, у Срэценск, мяне прывезьлі ў напалову беспрытомным стане. Шпіталю на этапе ня было. Камэра для палітычных не апальвалася. Тагды этапны афіцэр Галіцкі, вялікі лібэрал на словах і ня меншы казнакрад на справе, зьмясьціў мяне ў казарме разам з салдатамі.
    Апісваць казарму няма патрэбы. Але ня гледзячы на звычайныя для казармы смурод, лаянку і гармідар, я быў здаволены. Мне ўпершыню давялося стыкнуцца з расійскім салдатам у яго, так сказаць, хатніх абставінах, калі ён ня зьвязаны прысутнасьцю начальства і вольны ад выкананьня службовых абавязкаў, дае волю сваім пачуцьцям і выяўляе сябе яе як салдат, але як чалавек. Уражаньне, якое я тагды атрымаў, засталося ў мяне на ўсё жыцьцё. Тыя самыя салдаты, што так грубіяняць пры конваяваньні этапу, стараюцца адыгрываць ролю начальства ў адносінах да арыштантаў, штурхаюць усіх прыкладамі, рассыпаючы мацюкі, — у казарме ў адносінах да мяне, як да хворага, выказалі надзвычайную мяккасьць і чуласьць. Яны даглядалі мяне, спынялі адзін аднаго, калі ў казарме ўзьнімаўся гоман, і пыталіся, ці ня трэба мне што-небудзь. А калі я і пачаў выздараўліваць, яны зьбіраліся навокала майго ложка і цэльнымі гадзінамі або слухалі, як я чытаў Някрасава „Кому на Руси жить хорошо” або распытваліся, што давяло гэтулькі добрых людзей да катаргі.
    Гэтыя мае гутаркі з салдатамі не спадабаліся лібэральнаму казнакраду. Ён выклікаў мяне да сябе ,і, нават знаку не даючы, што ведае, што робіцца ў казарме, прапанаваў, а прычыны маёй хваробы, адаслаць мяне на паштовых у Нерчынск, у шпіталь. У мяне ня было ні прычыны, ні зачэпкі адмаўляцца, і я паехаў. Але і ў Нерчынску і доктар, і начальнік турмы ня былі ў захапленьні ад таго, што я знаходзіўся ва установе, якую яны абкрадвалі. У тыя часы ў Нерчынску жыў былы карыец, засуджаны па працэсе Нячаева — Кузьняцоў і заснавальнік Нерчынскага мясцовага музэю, за заслугі перад горадам абраны ў ганаровыя грамадзяне Нерчынску. Ён наведаў мяне ў шпіталі і выклікаў гэтым вялікую трывогу ў казнакрадах. Яны баяліся, каб я не паведаміў аб сваіх назіраньнях Кузьняцову, які мог бы пачаць адпаведную справу. Ня зьменьваючы сваіх аж да агіды лісьлівых адносін да мяне, яны абодвы пачалі хадайнічаць аб пераводзе мяне ў Чыту нібы та па той прычыне, што ў камэры, якую я займаў адзін, яны маглі б зьмясьціць некалькіх хворых.
    З тае прычыны, што нават часовае знаходжаньне „дзяржаўнага” ссыльнага ў якой-небудзь мясцовасьці заўсёды зьвязана з пэўнымі клопатамі і трывогамі для начальства, дык і ў гэтым выпадку акружны начальнік і мясцовы пракурор выявілі надзвычайную гуманнасьць, абы толькі як найхутчэй сапхнуць мяне куды-небудзь далей. Яны абодвы зьявіліся да мяне ў камэру, у яркіх фарбах намалявалі мне той рай, які мяне чакае ў Чыцінскай больніцы, калі я згаджуся ехаць, і спасылаючыся на немагчымасьць даць мне адпаведныя ўмовы для лячэньня, прапанавалі паслаць мяне на паштовых у Чыту.
    У Чыце ў тыя часы жыў цэльны гурток былых катаржан (Прадцечанскі, Фрыдэнсон з жонкаю, Марэйніс-Муратава і інш); у самой Чыцінскай турме, па чутках павінны былі знаходзіцца арыштаваныя па першай сыбірскай рэвалюцыйнай справе настаўнікі і настаўніцы. Мне было вельмі прыемна замяніць Нерчынск на Чыту, і, я, ня гледзячы на тое, што адчуваў сябе ня зусім добра, ахвотна на гэта згадзіўся.
    Ехаць даводзілася і ўдзень і ўночы... Мароз быў траскучы. У некаторых мясцох трэба было ехаць уброд па вадзе, што выступала паверх лёду; у іншых мясцох лёд праломваўся пад капытамі коней. Буда трэсла да немагчымасьці і з грукам кацілася па мерзлай, але зусім аголенай ад сьнегу дарозе, а нясупынны „хіус” — вецер ад ракі — яшчэ ўзмацняў дзейнасьць марозу. Кароткія прыпынкі на станцыях вельмі мала памагалі. Не пасьпееш сагрэцца, як падводзяць новых коней і трэба трэсьціся далей толькі дзеля таго, што твой канвойнік-казак хоча вымеркаваць на гэтай шалёнай язьдзе дзень або  два і зьезьдзіць у сваю станіцу пабачыцца з сям’ёю. Нядзіва, што гэткі своеасаблівы курс лячэньня ня мог не адбіцца на маім здароўі. Я прыехаў у Чыту ледзь жывы і залёг „ўсур’ёз” і „надоўга”.
    Толькі праз тыдзень я ачуняў настолькі, каб мець магчымасьць устаць на некалькі гадзін з ложка і схадзіць у канцылярыю на пабачэньне з чыцінскімі таварышамі, што праходзілі адведаць мяне, або перайсьці цераз двор у аддзяленьне, дзе сядзела арыштаваная па справе сыбіракоў Аляксандра Тодарава Чаркасава.
    Шмат гадоў ад таго часу мінулася, шмат працякло ня толькі вады, але і крыві... За гэтыя сорак год мне даводзілася сустракаць шмат адданых справе рэвалюцыянэраў... І тым ня менш гэтае спатканьне з Чаркасавай займае ў маіх успамінах зусім асаблівае месца.
    На Кары я прасядзеў цэльны шэраг гадоў з людзьмі, што прайшлі ўжо праз агонь, ваду і медныя трубы. Жыцьцё шмат каму зламала крылы, энтузіязм вывеяўся. Гэта былі ўпартыя рэвалюцыянэры, гатовыя на афяры, гатовыя на барацьбу.
    Пры спатканьні з Чаркасавай на мяне патыхнула тою маладосьцю, якую жыцьцё яшчэ не пасьпела атруціць хістаньнямі і сумненьнямі, тою сьвежасьцю, якая ўласьціва толькі моладзі. Я сам як быццам маладзеў, ня гледзячы на тое, што яна, па натуры маўклівая і замкнёная, толькі зрэдку выказвалася, прычым знадворна, як быццам не выяўляла ні захапленьня, ні энтузіязму. Яна ня была сацыялісткаю нават у тагачасным разуменьні гэтага слова, але яна ўвасабляла ў сабе ўсё нездаволеньне моладзі царскім рэжымам, і ў кожным яе слове гучала маладое жаданьне змагацца з гэтым злом. Яна таксама, як прыроджаная сыбірачка, першая адчыніла трохі перада мною дзьверы таго Сыбіру, у якім мне давялося пражыць столькі гадоў і увяла мяне ў курс падзей у Чыце і ваколіцах.
    Можа здацца дзіўным, чаму я ў сваіх успамінах спыняюся на такіх дробязях. Але нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо на Кары мы жылі выключна турэмным жыцьцём, варыліся выключна ў нашым уласным соку.
    У Чыце я ўпершыню, хоць і не беспасрэдна, пачаў уваходзіць у жыцьцё. Дый жыцьцё тагачаснае “Сыбірскае Каліфорніі” бясспрэчна заслугоўвае, каб на ім хоць крышку спыніцца.
    Вялікай сэнсацыяй у Чыце было ў той час пакараньне сьмерцю трох чалавек, засуджаных за сталае рабаваньне пошты. Сярод гэтых пакараных сьмерцю быў і былы чыцінскі гарадзкі галава — Аляксееў. Яго доўга не маглі злавіць. Напады на пошту рабіліся на шляху з Верхнявудзінску ў Чыту.
    Пасьля кожнага нападу рабаўнікі зьнікалі бясьсьледна, і самыя дасьціпныя забайкальскія Шэрлёкі-Холмсы не маглі патрапіць на іх сьлед, пакуль не прыцягнулі да ўдзелу ў ваколічных пошуках “інародцаў” — буратаў. Выехаўшы зараз жа пасьля аднаго нападу на месца здарэньня і старанна аглядзеўшы сьляды конскіх капытоў, адзін з буратаў, зьбянтэжаны сваім выкрыцьцём, нясьмела заявіў:
    — Конь гарадзкога галавы Аляксеева. Гэта быў конь, на якім, апроч Аляксеева, ніхто ня езьдзіў. Назіраньне бурата было спаткана кпінамі. Але адзін з паліцэйскіх агентаў, памеркаваўшы, што хто-небудзь мог карыстацца канём Аляксеева, уночы бяз ведама гаспадара, пачаў назіраць за домам гарадзкога галавы. Гэта не дало рэзультатаў. Ніякія падазроныя асобы на двор Аляксеева не пранікалі, канём апроч яго самога ніхто не карыстаўся... Але выйшла так, што і найбольшы хітрун можа здурыць. Шныраючы па двары каля дому Аляксеева, — агент знайшоў каля сьметніка канвэрт ад грашовага пакету; тады ён пачаў раскопваць сьметнік і знайшоў некалькі дзесяткаў гэткіх канвэртаў.
    Аляксееў жыў у асабняку. Іншых кватарантаў, апроч яго, у доме ня было. Вывад быў ясны, што ў рабаваньні пошты прымаў удзел хто-небудзь са служачых Аляксеева. А сам Аляксееў заставаўся па-за межамі падазрэньняў. Ён хадзіў у госьці да „самога” губэрнатара (калі ня мыляюся - Барабаша), а губэрнатар часта гасьцяваў у яго
    Доўга паліцмайстар не адважваўся рабіць вобыск у гарадзкога галавы і, калі ён нарэшце асьмеліўся сказаць губэрнатару, што сьляды рабункаў прывялі да кватэры гарадзкога галавы, губэрнатар адказаў:
    — Рабіце, але на вашую асабістую адказнасьць.
    Паліцмайстар, ад якога з цэнтру ўвесь час патрабавалі выкрыцьця злачынцаў, што б гэта не каштавала, рызыкнуў. Вобыск быў зроблены ў той момант, калі гарадзкі галава гасьцяваў у губэрнатара, і даў зусім нечаканыя рэзультаты. У пісьмовым стале гарадзкога галавы былі знойдзены яшчэ неадпячатаныя грашовыя пакеты з апошняе абрабаванае пошты.
    Праз увесь час пакуль я быў у турме, увага ўсяе Чыты, не выключаючы і насельнікаў турмы, была цалкам занятая гэтым рабункам і пакараньнем сьмерцю гарадзкога галавы.
    Нават начальнік турмы Кубасаў, які раней быў начальнікам карыйскае турмы, адзін з тых шматлікіх начальнікаў сыбірскіх турмаў, якія то сядзелі ў турме ў якасьці арыштантаў па абвінавачваньні ў казнакрадзтве, то ізноў атрымлівалі свае старыя пасады, нават і той ня мог стрымацца, каб не падзяліцца са мной сваім уражаньнем ад гэтае сэнсацыйнае падзеі. Таксама і чыцінскія таварышы, адведваючы мяне, расказалі мне аб гэтым здарэньні, але іх увага, пэўна ж, ня была зусім паглынута ім, у іх былі і іншыя інтарэсы, хоць і не агульна-палітычныя. Асаблівасьцю чыцінскае калёніі была яе цесная сувязь з Караю, сталыя клопаты аб ёй, неастыглая зацікаўленасьць да ўсяго, што адбывалася на Кары.
    Да мяне, як застаўшагася цэлым удзельнікам карыйскага пратэсту, яны выказвалі асаблівую ўважлівасьць і бачачы, у якім я стане пасьля Кары і падарожжа да Чыты, выдумвалі ўсякія пляны, каб пакінуць мяне ў сваім асяродзьдзі. Да іх аднекуль дайшла вестка, што губэрнатар неяк у сувязі з маёю хваробаю заявіў аб магчымасьці пакінуць мяне ў Чыце.
    Але губэрнатарам заставаўся той самы Харошхін, які навекі зьняславіў сваё імя, як кат Надзі Сігіды, і, зразумела, што я ні непасрэдна, ні праз доктара не зьвяртаўся да яго ні за чым. Ён, мабыць, чакаў хадайніцтва з майго боку, але калі „гара ня прыйшла да Магамэта, Магамэт прыйшоў да гары”. Быць можа, паміж іншым, што гэта было толькі выяўленьнем псыхалёгіі злачынца, якога невядомая сіла цягне да месца злачынства. А я быў адною з афяр злачынства.
    Як бы там ні было, але хутка па ўсёй турме ўзьнялася сумяціца, гармідар, нагляднікі бегалі па калідорах, як ачмурэлыя, у камэрах, звычайна не замкнёных, пачалі лязгаць замкі, сьціх звычайны гоман, і нагляднікі шэпатам паведамлялі ў камэры:
    — Губэрнатар прыехаў.
    На мяне гэтая вестка мела вельмі цяжкі ўплыў. Трэба было спаткацца адзін на адзін з тым, каго мы на Кары лічылі адным з галоўных вінавайцаў  лістападаўскіх падзей 1889 году. На Кары мы ўхіліліся ад усякіх перагавораў з ім. Я пастанавіў і ў гэтым выпадку вытрымаць прынятую на Кары пастанову, прыхіліўся да сьцяны каля вакна, каб не ўставаць пры яго зьяўленьні ў маю камэру, і чакаў. Праз некалькі хвілін ён зьявіўся разам з начальнікам турмы Кубасавым і шматлікаю сьвітаю.
    — Фэлікс Кон, — адрапартаваў начальнік турмы губэрнатару.
    Той зьлёгку кіўнуў галавою і кінуў у паветра запытаньне:
    — Папраўляецца?
    Я не адказаў. З хвіліну цягнулася напружанае маўчаньне ўсіх прысутных, а потым кароткі адказ начальніка турмы:
    — Так точна.
    Яшчэ хвіліна маўклівага чаканьня.
    — Ці няма якіх-небудзь просьбаў, патрабаваньняў, скаргаў?
    Я зноў не адказаў.
    Дасьціпны Кубасаў вывеў Харошхіна з прыкрага становішча:
— Не заяўляў-с
    Бразнуўшы шпорамі, губэрнатар выйшаў, а праз гадзіну да мяне зьявіўся Кубасаў з паведамленьнем, што губэрнатар загадаў адаслаць мяне з першым этапам ў Іркуцк, бо з Пецярбургу атрыманы загад з прычыны хуткага праезду праз Сыбір “Насьледніка-цэсарэвіча” ачысьціць увесь шлях ад дзяржаўных ссыльных. Я заявіў, што пакуль зусім не папраўлюся, этапам не паеду, а калі мяне павязуць гвалтам, буду супраціўляцца, і мяне прыйдзецца везьці зьвязаным да самага Іркуцку.
    Кубасаў ведаў мяне яшчэ на Кары і, відаць, прыняў пад увагу маю заяву.
    На другі дзень, мабыць, па даручэньні Харошхіна, зьявіўся ў маю камэру для перагавораў мясцовы таварыш пракурора. ён заявіў мне, што “мясцовая ўлада тут не вінавата”, што яны атрымалі загад не пакідаць нікога, нават на самы. кароткі тэрмін, на шляху насьледніка, “бяручы пад увагу мой стан”, яго правасхадзіцельства даручыў прапанаваць мне паехаць за свой кошт на паштовых, але тады мне давядзецца заплаціць таксама за зваротны праезд казакаў, ня лічачы сутачных.
    Я адмовіўся. Пракурор пайшоў, але назаўтра ізноў прыйшоў і пачаў таргавацца, як на рынку. Згаджаўся паслаць толькі з адным казаком, пасьля яшчэ зьнізіў свае ўмовы, але калі нарэшце пераканаўся, што я нязгодны, праз некалькі дзён афіцыяльна паведаміў мне, што з прычыны мае хваравітасьці мяне павязуць на паштовых. Ужо на другі дзень я апынуўся ў будзе.
    Гэтая частка Забайкальля адрозьніваецца асабліва шалёнай яздой. Напаўдзікія бурацкія коні, пад кіраўніцтвам напаўдзікіх бурат-хурманоў, імчацца з шалёнай хуткасьцю, з разгону ўзьбягаючы на самыя высокія горы, ня сьцішаючы бегу на крутых, кароткіх схілах дарогі.
     У часе гэткае язды літаральна душа замірае. Час ад часу распалёныя коні пачынаюць несьці, ямшчык зварочвае тады з дарогі, моцна ўпіраецца нагамі ў перадок буды, сьцябае доўгаю пугаю па ўсіх трох конях... Бывала хвілін дзесяць гэтак імчацца коні, пакуль разьюшаны бурат не супакоіць свае нэрвы і не пачне закручваць свае лейцы, каб спыніць коней.
    Мой канвойнік-казак, малады яшчэ хлапчына, скруціўшыся ў камяк, літаральна прыліпае да кутка буды і пры кожным падскоку, хапаючыся за край буды, галосіць і хрысьціцца:
    — Заб'юць, заб'юць... Божа, зьлітуйся...
    А бурат ані хны. Спыніўшы коней на дзьве-тры хвіліны, ён зварочвае на шлях і гоніць усьпененых коней па ранейшаму.
    Мой казак мае “падарожную”, у якой сказана, што мы едзем „па дзяржаўнай патрэбе”, і дзеля гэтага на кожнай станцыі ў момант перапрагаюць коней і перакладаюць рэчы з аднае буды ў другую.
    Па меры набліжэньня да Байкалу, вецер мацнее, замест хурманоў-буратаў вязуць расійскія фурманы, паважныя мужыкі, але іх паважнасьць і павага адразу зьнікае, як толькі яны садзяцца ў буду і бяруць у рукі лейцы. Ці гэта спэцыяльнае фурманскае самалюбства, ці гэта нежаданьне адстаць ад буратаў, але дзікая язда ад гэтае замены хурманоў ня робіцца менш дзікай.
    Імчымся мы надзвычайна хутка. Прырода зьменьваецца проста ўвачавідкі. Горы робяцца ўсё болей стромкімі, а там, дзе шлях спушчаецца на лёд Байкальскага возера, проста зьвісаюць скаламі на бераг. Па Байкале мы ўжо едзем на санях. Час ад часу коні з разгону пераскакваюць праз шчыліны. ў лёдзе на паўаршына шырынёю. Часам гэтыя шчыліны значна шырэйшыя: сажань, а то і некалькі... Перад намі расхінаецца бяздоньне. Спуджаныя коні спыняюцца... Гэткую шчыліну нельга абмінуць: яна часамі цягнецца на некалькі вёрст. Але бывалы і спрактыкаваны ямшчык ня трывожыцца. Узятым з дому ломам ён адколвае ззаду за санямі крыгу, ва якой мы спыніліся, пасьля адпіхаецца, і мы як на пароме пераяжджаем праз шчыліну. Гэтая “маленькая” затрымка ня робіць на яго аніякага ўражаньня. Ён імчыцца далей, да новае, гэткае самае затрымкі.
    Цяпер усё гэта належыць да далёкае мінуўшчыны, па беразе Байкалу пракладзены сталёвыя рэйкі, імчацца цягнікі і нікому ўжо нецікава, ці Байкал замерз, ці вялікія горы з крыгаў утварыліся на ім, ці ёсьць шчыліны ў лёдзе ці не...
    Але тады па лёдавым хрыбце Байкалу ішлі абозы, арыштанцкія партыі, мільгацелі буды вольных і нявольных жыхароў Сыбіру.
    Мяне, ведаўшага гэты шлях пакутнікаў Сыбіру, хуткая язда пазбаўляла магчымасьці бліжэй агледзіць месцы, крывавымі радкамі запісаныя ў летапісах краіны выгнаньня. Гэта ж якраз тут, на берагох Байкалу адбыўся вядомы “забайкальскі бунт” сасланых сюды на катаргу польскіх паўстанцаў 1863 г. У тайзе, што пакрывае зьвіслыя над Байкалам скалы, блудзілі яны, дарэмна прабуючы прабрацца да Кітайскае граніцы і тут жа ў гэтай тайзе, іх даганялі бураты, якім была абяцана грашовая ўзнагарода за кожнага захопленага, жывога ці ня жывога „бунтаўніка”.
    Загінулі ўсе. Частка ад куль, а рэшта ад голаду, або на шыбеніцах ды на катарзе.
    Аб гэтым „бунце” мала хто памятае і толькі каталіцкія крыжы на скалах, нейкім цудам захаваўшыся на працягу чвэрці веку, напаміналі падарожнікам аб драме, што калісьці адбылася на гэтых скалах.
    Ад аднаго берагу Байкалу да другога ўсяго 70 вёрст. На другім беразе, пачынаючы ад вусьця Ангары, жыцьцё ўжо кіпіць, ужо адчуваецца блізкасьць сталіцы Сыбіру — Іркуцку.
    Ужо добра не памятаю, але здаецца, што на другой станцыі ад Лісьцьвенічнае, калі мы пад’яжджалі да яе, маю ўвагу прыцягнула нязвычайнае зборышча народу, гоман, сьмех. Сяляне тоўпіліся каля нейкае незразумелае махіны, прызначэньня якое я ніяк ня мог зразумець. А было вось што. Насустрач будучаму валадару Расіі, Мікалаю II, тагды толькі яшчэ насьледніку, была выслана з Пецярбургу парадная каламажка. А дзеля таго, што начальству ў цэнтры Сыбір вядомы, як краіна лёду і сьнегу, дык каламажка была пастаўлена на спэцыяльна даробленыя сані, на якіх шчасьліва і даехала да берагоў Байкалу. Як і належыць у гэткіх выпадках, каламажка была прыкручана да саней, а месцы прымацаваньня, каб ніхто не асьмеліўся рукою дакрануцца да царскае каламажкі, былі запячатаны казённымі пячаткамі. Усё было б добра, калі б не адна маленькая, не прадугледжаная цэнтральнымі начальнікамі рэч. За Іркуцкам, дзякуючы моцным вятрам, сьнегу няма ні крупіначкі. Везьці гэткую махіну ня было ніякае магчымасьці, і яна спынілася. Устрывожаныя мясцовыя ўлады, якія з пашанаю ехалі за сьвятою каламажкаю, пастанавілі прымусіць сялян навазіць сьнегу і зрабіць ёй санны шлях. Але ж на жаль, вецер, не падначалены спраўніку, у адзін момант зьлізнуў увесь сьнег. Тагды дасьціпны спраўнік вельмі спрытна выбраўся з цяжкага становішча. Ён загадаў зрабіць вялізарны воз, на воз паставіў сані з каламажкаю, і пяцьма коньмі павалок гэтую каштоўнасьць да Байкалу пад аховаю дзесятку сялян, якія вялі з сабою запасных коней на зьмену запрэжаным у гэтую махіну. Усюды зьяўленьне гэтае „Эйфэлевае вежы” выклікала нязвычайную сэнсацыю сярод сялян, і вось на адзін з натоўпаў, які дружным рогатам аддаваў заслужоную даніну царскім служкам, я і напаткаў.
    На гэтай станцыі мяне чакала яшчэ адно, мабыць яшчэ больш пікантнае спатканьне.
    Ужо пачынала цямнець. Ямшчыкі, зацікаўленыя нязвычайным відовішчам, спазьніліся. Я, седзячы каля самавару, цярпліва чакаў пакуль мой казак паведаміць, што коні запрэжаны. Раптам да паштовае станцыі падляцеў паштовы вазок, з яго выкаціліся дзьве фігуры, захутаныя ў футры, і ўскочылі ў памяшканьне станцыі. Падарожныя зьмерзьлі, як , кажуць, да астатняе костачкі. Вылазячы з футраў, яны тупалі нагамі, хукалі, саплі, церлі рукі, твар. Заўважыўшы на адным з іх віцмундыр, а на другім жандарскую форму, я ня выявіў звычайнае ў гэтакіх выпадках ветлівасьці і не прапанаваў ім чаю, ня гледзячы на тое, што яны кідалі сумуючыя погляды ў бок самавару.
    Але, відаць, спакуса была занадта вялікая, каб вытрымаць і цывільны першы ўзмаліўся:
    — Дазвольце прысуседзіцца да вашага самавару.
    — Калі ласка.
    “Прысуседзіліся” і пачалася гутарка.
    Дарогаю яны былі нездаволены, а марозам таксама... То адзін, то другі давалі волю свайму нездавальненьню ў францускіх воклічах. Я загадзя пасьміхаўся, прадбачачы, які атрымаецца эфэкт, калі мае размоўцы даведаюцца, з кім іх зьвёў выпадак, і ў гутарцы з імі я выявіў ня менш лінгвістычных ведаў, чым яны. Гэта іх моцна зьдзівіла. Убачыўшы казака, што поркаўся каля мае буды, яны, мабыць, падумалі, што я адзін з сібірскіх чынушаў. Але мае адносіны да іх, пазбаўленыя ўсякага падлізваньня, і мімаходзь кінутыя францускія сказы, зусім зьбівалі іх з тропу.
    Выручыў з гэтага становішча іх і мяне мой казак. Ён паведаміў, што коні запрэжаны.
    — Добра. Дайце футру.
    Ён мяне захутаў, і я зусім ужо быў сабраўся лёгкім ківам галавы разьвітацца з сваімі ветлівымі размоўцамі, як яны пад пачуцьцем удзячнасьці і за гарачы чай, шаркнулі ножкамі і адрэкамэндаваліся:
    — Дазвольце пазнаеміцц...
    — Сьвіты імпэратарскага высочаства чыноўнік для асаблівых даручэньняў такі та.
    — Асобнага корпусу жандараў падпалкоўнік такі та...
    Прозьвішча я не дачуў.
    — Вельмі прыемна. Вяртаюся з катаргі. Дзяржаўны ссыльны Кон.
    Мае прыемныя размоўцы адхінуліся, а я кіўнуўшы ім „элегантна” галавою выйшаў са станцыі, уваліўся ў буду і памчаўся ў бок Іркуцку.
                                          II.  У  ІРКУЦКАЙ  ТУРМЕ
    З некаторым хваляваньнем, я, едучы з Кары ў Якуцкую вобласьць, пад’яжджаў да Іркуцку. Гэта быў апошні пункт, з якога можна была ўцякаць, а пасьля выхаду з Кары, пляны ўцёкаў, як заўжды фантастычныя, ізноў уваскрэсьлі... Цягнула да жыцьця, да дзейнасьці, а Якуцкая вобласьць здавалася лёдаваю магілаю, з якое не магло ўжо быць выхаду... Яшчэ з дарогі я напісаў пісьмо з просьбаю аб дапамозе да Станіслава Лянды, які быў засуджаны ў 1879 г. у Варшаве разам з Вацлавам Серашэўскім па абвінавачваньні ва “ўзброеным супраціўленьні” ў X павільёне Варшаўскае крэпасьці падчас пратэсту ў сувязі з забойствам вартавым Бэйта.
    Але гэтакая думка аб уцёках належала да “бяссэнсавых летуценьняў”. І час быў непадыходзячы: у сувязі з блізкім праездам праз Сыбір „насьледніка—цэсарэвіча” ўся ўлада была на варце, і Іркуцкая калёнія ссыльных, якая вельмі шанавала магчымасьць жыць у сталіцы генэрал губэрнатарства Ўсходняга Сыбіру, зусім не выяўляла схільнасьці дапамагаць фантазёрам у іх рызыкоўных плянах.
    У гэтым мне давялося пераканацца, як толькі я пераступіў праз парог гасьціннае іркуцкае турмы, у гутарках з таварышамі, якіх я там застаў.
    Іх было ня шмат: тры „балаганцы” — Краніхфэльд, Грабоўскі, Ожыгаў — і перасыланы адміністрацыйна ў Якуцкі край Галкін.
    У той жа камэры зьмяшчаўся яшчэ нейкі суб’ект даволі падазронага выгляду, пераведзены з крымінальнікаў у палітычныя за сказаную ім на судзе „прамову”. Ён вывучыў напамяць канцовую частку прамовы Мышкіна на працэсе 193-х і бахнуў ёю ў судзьдзяў.
    У якасьці „прыбіральшчыка” пры палітычных жыў у той жа камэры і немец-калёніст, засуджаны за сужыцьце з роднаю дачкою. Гэтая катэгорыя арыштантаў ва ўсіх турмах была парыямі сярод парыяў. Арыштанцкае асяродзьдзе выказвала да і іх агіду, мець з імі дачыненьне азначала запэцкаць сябе; іх білі, плявалі ім у твар і зьдзекаваліся з іх. У шмат якіх турмах адміністрацыя, улічваючы гэтыя адносіны да іх, старалася ізаляваць іх ад іншых арыштантаў. Іркуцкая турэмная адміністрацыя ў мэтах ізаляцыі гэтага немца назначыла яго „прыбіральшчыкам” у камэру для палітычных.
    Прысутнасьць староньніх людзей у камэры нам не перашкаджала. Ніякіх кансьпірацыйных спраў ня было, а ў нашыя гутаркі, якія даволі часта пераходзілі ў бурлівыя і гарачыя спрэчкі, яны не мяшаліся.
    Гэтыя спрэчкі разгарэліся ў першы ж дзень. „Балаганцы" былі арыштаваны за калектыўны пратэст ссыльных г. Балаганску супроць „гісторыі 22 сакавіка 1889 г.” ў Якуцку.
    Чуткі аб гэтай гісторыі дайшлі і да Кары. Мы ведалі аб ёй прыблізна тое самае, што было надрукавана ў „Сацыял-дэмакраце”, выданым у Лёндане ў лютым 1890 г. Паводле гэтых чутак, на пасаду выканаўца абавязкаў якуцкага губэрнатара быў назначаны П. П. Асташкін, самы тыповы выскачка-кар’ерыст, які стварыў „бунт” дзеля таго, каб па трупах палітычных ссыльных узьлезьці на чарговую прыступку па кар’ерысцкай лесьвіцы — на пасаду губэрнатара. З гэтаю мэтаю ён, як пасьля паведамляў “Сацыял-дэмакрат”, у палове сакавіка аддаў загад аб неадкладным высланьні 16 чалавек ссыльных у Верхаянск і Сярэдне-Калымск. Ссыльныя павінны былі перавозіцца ў гэтыя далёкія „гарады” ў такіх абставінах, якія пагражалі гэтым афярам адміністрацыйнага сваявольства ня толькі страшэннымі пакутамі, але проста нават сьмерцю з голаду і холаду. Гэта ведалі ссыльныя, ведаў і Асташкін, але якраз на гэтым і грунтаваліся яго разьлікі... Ссыльныя як назначаныя, так і не назначаныя на гэтую далейшую ссылку, сталі падаваць яму розныя заявы і нарэшце зьвярнуліся да яго, кожны ад сябе, з фармальнымі просьбамі. Паліцмайстар Сухачоў, які прыняў гэтыя просьбы, сказаў ссыльным, каб яны назаўтра сабраліся ўсе ў кватэры аднаго з іх — Ноткіна. Назаўтра, 22 сакавіка, яны сапраўды сабраліся туды ў колькасьці 31 чалавека. Хутка да іх зьявіўся паліцэйскі нагляднік Алёсаў і патрабаваў, каб яны ўсе ішлі ў паліцэйскую ўправу. Ссыльныя адмовіліся гэта выканаць, спасылаючыся на ўчарашні загад паліцмайстра. Нагляднік зьнік, а трохі пачакаўшы, зьявіліся салдаты разам з паліцэйскімі і казакамі. Якая значная сіла была ў „хрысталюбнага воінства”, паказвае хоць бы тое, што адных салдатаў з загадзя набітымі вінтоўкамі было больш за 100 чалавек (а па некаторых вестках 140). Уся гэтая каманда ўскочыла ў даволі вялікую кватэру Ноткіна і пачала „браць ссыльных”. “Бралі” іх так старанна і ўдала, што зараз жа некаторыя з іх былі зьбіты прыкладамі і паранены штыхамі. У некаторых ссыльных былі рэвальвэры. Даведзеныя да крайнасьці, яны пачалі адстрэльвацца. Храбрыя начальнікі толькі гэтага і чакалі. Што могуць зрабіць некалькі рэвальвэраў супроць салдацкіх вінтовак? Зразумела, што ссыльныя былі пераможаны. Шасьцёра з іх былі забіты: Падбельскі, які прыбег на кватэру Ноткіна, пачуўшы страляніну, Пік, Зося Гурэвіч, Ноткін, Шур і Муханаў; дзевяць чалавек былі цяжка паранены, а ўсе іншыя жорстка зьбіты. На Кары было ведама і прозьвішча афіцэра, які вызначыўся пры гэтай страляніне, — Карамзін.
    Паўтараю, гэткая вэрсія дайшла і на Кару. Але пасьля, калі выбухла карыйская гісторыя, калі да нас дайшла вестка аб сургуцкім пратэсьце, аб расправе на Сахаліне і г.д., — дык і на якуцкую гісторыю мы пачалі глядзець інакш — як на зьвяно ў ланцугу рэпрэсій, робленых па загадзе з цэнтру. У сувязі з чым я на пратэст балаганцаў глядзеў, як на сур’ёзны палітычны акт.
    Гэты пратэст быў пасланы і ў цэнтральныя дзяржаўныя ўстановы і ў шмат якія рэдакцыі газэт і ў калёніі ссыльных па ўсім Сыбіру. Тыя, што падпісаліся пад гэтым пратэстам: Уланоўская, Навакоўская, Краніхфэльд, Грабоўскі і Ожыгаў былі арыштаваны і аддадзены пад суд. Іншыя балаганскія ссыльныя выбралі іншы спосаб пратэсту. „Пралетарыец” Лонцкі нелегальна накіраваўся ў Якуцк с цьвёрдым намерам забіць вінавайцу якуцкага расстрэлу — намесьніка губэрнатара Асташкіна. Ён шчасьліва дабраўся да Якуцку, але тут спаткаў перашкоды, якіх не прадбачыў і ня мог прадбачыць.
    Якуцкая ссылка аднеслася да якуцкага пратэсту зусім ня так, як балаганская. Шмат якія ссыльныя асуджалі пратэстантаў, а некаторыя з іх у сваім асуджэньні даходзілі да такіх межаў, якія вельмі мала адпавядалі іх рэвалюцыйнаму мінуламу. Да астатніх належаў і шырока вядомы цяпер польскі пісьменьнік Вацлаў Серашэўскі.
    Інакш рэагаваў на якуцкія падзеі Уладзімер Бурцаў, які таксама адбываў ссылку ў Балаганску. Ён у знак пратэсту ўцёк.
    Пры абгаворы гэтых уцёкаў у нас узьнікла спрэчка. „Балаганцы”, асабліва Краніхфэльд, які быў тагды пад моцным уплывам Бурцава, лічылі гэтыя ўцёкі лепшым адказам на тое, што здарылася. Мне гэткая пастаноўка пытаньня здавалася зусім недапушчальнай. Рабіць з уцёкаў пратэст супроць жорсткіх умоў ссылкі — азначала прызнаваць ссылку бяз жорсткасьцяй нармальнаю зьяваю, якая ня можа выклікаць уцёкаў. Можна і трэба ўцякаць, але нельга надаваць уцёкам характар пратэсту ня супроць ссылкі, а толькі супроць рэжыму ў ссылцы.
    Спрэчка была палкая... З жыхароў камэры ў ёй ня ўдзельнічаў адзін толькі Галкін. Ён бязудзельна слухаў, не мяшаючыся ў спрэчку, хоць я некалькі разоў правакаваў яго на ўмяшаньне. Толькі на другі дзень я даведаўся ад Краніхфэльда, што на Галкіне адбілася доўгае сядзеньне ў «Кастох”, што дактары баяцца, каб яго стан не ператварыўся ў мэлянхолію і радзяць усімі магчымымі сродкамі весяліць яго.
    Горшых абставін для Галкіна нельга было і прыдумаць: маўклівы і замкнёны ў сабе Ажыгаў, сэнтымэнтальны паэта Пянько-Грабоўскі, які ня мог стрымаць плачу, калі я перадаў яму падрабязнасьці карыйскага пратэсту, і адзіны жывы ў гэтым асяродзьдзі Крэніхфэльд, які аднак захаваў старыя афіцэрскія звычкі, такія няпрыемныя ў рэвалюцыйным асяродзьдзі.
    Галкіна магло выратаваць жывое асяродзьдзе, ідэёва блізкае да яго. У яго сьветапоглядзе адбываўся тагды пералом. Я, як „пралетарыец”, ідэёва зьвязаны з рабочым рухам, быў бліжэй да яго, і апавяданьні аб дзейнасьці „пралетарыяту” яго зацікавілі. Ён пачаў слухаць, задаваў пытаньні... Пасьля, калі мы разам з ім на “паўзку” накіроўваліся па рацэ Лене ў Якутку, ён часта паўтараў:
    — Ваш прыезд выратаваў мяне... Я адчуваў, што гіну.. Вы сваімі апавяданьнямі аб польскіх рабочых вярнулі мяне да жыцьця...
    Толькі ў 1918 г. мы спаткаліся ізноў. Ён і тагды лічыў мяне сваім „збаўцаю”...  Але старая хвароба пачала ізноў у ім ажываць, і на гэты раз ні я, ні хто іншы не маглі ўжо выратаваць яго...
                                                                 III.  У  ЯКУТКУ
    У Якуцкую вобласьць была накіравана  партыя крымінальнікаў з Аляксандраўскага цэнтралу. Нам трэба было даганяць яе, па нас трох — Галкіна, Стэфановіча і мяне, — прыехалі ў турму жандары, даўнейшыя знаёмыя па Кары, і на паштовых павезьлі нас на нейкую станцыю, назвы якое я ўжо не памятаю. На этап мы зьявіліся  позна ўвечар. Нары былі заняты крымінальнікамі, і нам дявялося б легчы пад нары, калі б жандары не загадалі крымінальнікам ачысьціць месца на нарах. Назаўтра мы звычайным парадкам накіраваліся на наступны этап, а дні праз два прышлі ў Качуг — звычайнае месца пагрузкі арыштаваных на „паўзкі”. Аб гэтых “паўзках” я ў лютым 1897 г. надрукаваў у “Новым слове” артыкул, з якога падаю тут кавалак: „Вялікая вада” (улакану), як называюць якуты Лену, - гэта адзіны шлях, па якім прывозяцца ў Якуцкі край усялякія здабыткі нашае культуры... Як толькі пройдзе лёд зьверху ракі, у Качузе спушчаюцца на ваду так званыя паўзкі, нагружаныя ўсякімі таварамі: збожжам, гарэлкаю і г. д. Настае ажыўленьне, кірмаш... Сярод гэтых паўзкоу, што прыбраны сьцягамі і вабяць да сябе сваім багацьцем, што спыняюцца для гандлю ва усіх больш заможных сёлах, панура высоўваюцца наперад некалькі іншых паўзкоў, падобных па будове да першых. але нагружаных зусім іншым таварам... Гэта арыштанцкія паўзкі.
    Далёка адгэтуль, за гарамі, за лясамі на выстаўцы ў Ніжнім, быў паказаны толькі адзін — парадны бок нашае цывілізацыі; на Лене штогодна побач з ёю фігуруе і адваротны бок яе. На адных паўзках нагружаны вырабы, зробленыя ва усіх канцах расійскае зямлі, на другіх — сабраныя адусюль афяры цемры і галечы.
    Шум, гоман, таўхатня, плач і лаянка, сьмех і зухаўская песьня адно за адным чуюцца па гэтых паўзках. Каго-каго толькі тут няма!.. У адным кутку скапцы з іх зьнявечанымі атлусьцелымі тварамі імкнуцца тоненькімі жаночымі галаскамі перакрычаць ў спрэчцы іншых сэктантаў духабораў, штундыстаў; у другім кутку гурток валацугаў ня вызваленых з кайданоў нават на гэтай вадзяной турме, азартна гуляе ў карты; тут жменька канакрадаў-башкіраў, татараў, чэркесаў; там катаржнік, які скончыў тэрмін катаргі, у іншым месцы — зьмізарнелая катаржанка, якая шмат чаго бачыла ў сваім жыцьці.
    Маладыя і старыя, жанчыны і дзеці, фанатыкі аж да шаленства і бязбожнікі да цынізму — ўсе бяз толку і сэнсу звалены ў адну гурбу і накіроўваюцца ўсе ў адзін прыймальнік — якуцкі вастрог, адкуль нібы „культурныя” ручаі пацякуць. у глыб якуцкіх насьлегаў”.
    У ліку пасажыраў якраз гэткага паўзку ў маі 1891 г. былі і мы ўтрох.
    Нас спаткаў вельмі ветліва і гасьцінна афіцэр, паведаміўшы, што ён вызначыў нам памяшканьне; на тым самым паўзку, на якім будзе зьмяшчацца ён сам з жонкаю, што нам тут будзе лагодна і прытульна, і што мы зможам быць наверсе колькі захочам.
    У той жа дзень ён пазнаёміў нас са сваёю жонкаю, якая ў гутарцы не забылася ўспамянуць, што яна пляменьніца пакаранага сьмерцю ў Іркуцку Няўстроева.
    У працягу некалькіх дзён нашае падарожжа адбывалася як найлепш, і яно мабыць, да самага Якуцку было б гэткім самым, калі б ня выпадак. На адным. з прыпынкаў крымінальнікі, зьмешчаныя на іншых паўзках, напіліся і пачалі скандаліць. Афіцэр загадаў зьвязаць больш неспакойных. Адзін са скандалістаў вырваўся з рук канвойнікаў, выбег наверх і раней, чым яго пасьпелі ізноў схапіць, пачаў лаяць афіцэра з апошніх слоў і крыкнуў:
    — Можа, пане Карамзін, страляць будзеце, як расстрэльвалі палітычных у Якуцку?
    Мы былі зьбянтэжаны. Прозьвішча Карамзіна, як самага заўзятага афіцэра ў час якуцкага пагрому, было нам ведама.
    Мы распытваліся, і выйшла, што афіцэр, які так ветліва і гасьцінна спаткаў нас, — гэта той самы кат, які расстрэльваў нашых таварышаў. А мы, ня ведаючы гэтага, гаварылі з ім, як з чалавекам, знаёміліся з яго жонкаю.
    Наша становішча было няпрывабнае. Мы пастанавілі дзейнічаць рашуча. Паслалі Карамзіну пісьмо з подпісамі ўсіх нас трох, паведамляючы, што толькі ня ведаючы, хто ён такі, мы гаварылі з ім і што з гэтага моманту мы спыняем усякія зносіны з ім.
    Ён рэагаваў на гэта пісьмо толькі тым, што спыніў выплату нам грошай на харчы, што пры нашых мізэрных сродках вельмі адчувалася.
    Апроч гэтага ў нас за ўсе падарожжа ніякіх іншых выпадкаў ня было, і мы шчасьліва даплылі да Якуцку, дзе знайшлі памяшканьне ў звычайным для нас гатэлі — мясцовым астрозе, але не адразу, зразумела, а пасьля даўжэзнае працэдуры прыняцьця, праверкі, перадачы канвою і г. д.
    Пакуль мы стаялі на прыстані, на беразе сабралася шмат народу, каб паглядзець на нас, даведацца аб знаёмых. Знайшліся знаёмыя і ў мяне. З іх я памятаю толькі аднаго — Леанарда Фрэнкеля, адміністрацыйна сасланага на 8 год у Верхаянск па справе Мар’і Багушэвіч.
    Аб гэтым тыпе ссыльных вельмі рэдка пішуць ва ўспамінах, і таму я дазволю сабе на ім спыніцца.
    Леанард Фрэнкель ніколі ня прымаў ніякага ўдзелу ў руху і па сваім сьветапоглядзе быў польскім патрыётам і, як шматлікія іншыя польскія „патрыёты”, зусім неактыўным.
    Жорсткае пакараньне яго было выклікана такімі абставінамі.
    Ён быў студэнтам Лейпцыскага ўнівэрсытэту і на вакацыі выяжджаў у Варшаву. Аднекуль даведаўшыся аб гэтым, Аляксандр Дэмбскі зьвярнуўся да яго з просьбаю ўзяць ад яго пісьмо і перадаць Мар’і Багушэвіч. Фрэнкель згадзіўся. Прыехаўшы ў Варшаву, ён зьявіўся да Багушэвіч і, не застаўшы яе дома, пакінуў сваю візытную картку, просячы паведаміць, калі ён можа застаць яе дома, каб аддаць пісьмо ад Дэмбскага, якому ён абяціўся перадаць пісьмо з рук у рукі Багушэвіч. Назаўтра ўвечары ён выканаў даручэньне Дэмбскага, а ў тую ж самую ноч Багушэвіч была арыштавана, і пры вобыску ў яе знайшлі шыфраванае пісьмо Дэмбскага і нешчасьлівую візытную картачку Фрэнкеля, якая паказала, хто прывёз пісьмо.
    Яго зараз жа арыштавалі. Як сумленны чалавек і польскі патрыёт, ён, не зважаючы на настойлівыя намаганьні Багушэвіч, адмовіўся ад усякіх тлумачэньняў расійскім жандарам, і гэта вырашыла яго лёс.
    Калі я прыехаў у Якуцк, яго ўжо перавялі туды з Верхаянску, па просьбе бацькі, які адведаў яго
    Адчуваў ён сябе надзвычайна дрэнна. У асяродзьдзі ссыльных ён быў „чужым элемэнтам”, які няпрыемна дзейнічаў на ссыльных і сваімі гумовымі манішкамі і падвескамі на ланцужку гадзіньніка, і сваімі манерамі, і сваімі адносінамі з абывацелямі, і сваімі вельмі ветлівымі адносінамі да начальства і сваімі нарэшце, абывацельскімі адносінамі да кожнае хоць крыху прыгожае жанчыны. Ня было ссыльнага, які ня выказваў бы гіроніі ў адносінах да яго, а шмат хто не абмяжоўваўся адною толькі гіроніяй.
    Ён гэта разумеў, адчуваў сябе самотным, несправядліва пакрыўджаным і часта ў гутарках са мною ставіў пытаньне:
    — За што?
    І суб'ектыўна ён меў рацыю... Вырваны са свайго асяродзьдзя і не патрапіўшы зьліцца з тым асяродзьдзем, у якое ўкінуў яго лёс, — „ні пава, ні варона”, ён і пасьля звароту са ссылкі ня вызваліўся ад гэтага зьвіслага над ім нібы прызначэньне лёсу сумнага непаразуменьня. Як „былы ссыльны” ён быў акружаны арэолам, да яго цягнуліся радыкальна настроеныя элемэнты, а ён, як і раней, заставаўся абывацелем.
    Мінутнае захапленьне ім расьсейвалася і месца яго заступалі адмоўныя адносіны, расчараваньне.
    Гэта атручвала яму жыцьцё.
    Я сустракаўся з ім у 1905 годзе. Яго жонка была ўцягнутая ў вір руху і за работу сярод вайсковых была засуджана на катаргу, а ён па-ранейшаму заставаўся „чужым элемэнтам”, сам пакутаваў ад гэтага, але перавыхаваць сябе ня змог, як ня змог — і гэта характэрна — цалкам вярнуцца ў тое асяродзьдзе, з якога выйшаў.
    Зносіны з рэвалюцыянэрамі ўсё ж такі пакінулі на ім свон сьлед.
    Магчыма, што гэткіх, як Фрэнкель, у ссылцы было нямала, але аб іх амаль што ня пішацца ва ўспамінах.
    На мяне — а можна думаць, што ня толькі на мяне — гэтая ссылка пасьля тае атмасфэры, якая, ня гледзячы на ўсе ўнутраныя сутычкі, панавала на Кары, зрабіла вельмі прыгнятаючае ўражаньне. На Кары — хацелі мы гэтага, ці не — але лёс кожнага вязьня быў цесна зьвязаны з лёсам усіх жыхароў турмы. Абы-які ўчынак, абы-які пратэст, колькі б чалавек ня прымала ў іх удзелу, выклікаў рэпрэсіі ў адносінах да ўсіх. Гэта накладала пэўныя абавязкі на кожнага, але гэта таксама зьвязвала пачуцьцем салідарнасьці, стварала пэўную атмасфэру. Калектыў, уся турма, як нешта суцэльнае, паралізавалі індывідуалістычныя ўхілы.
    Ужо пасьля выхаду ў „вольную каманду” пачалі заўважацца сур’ёзныя адхіленьні ад гэтых нормаў, устаноўленых на працягу гадоў. Хто атрымаў магчымасьць зарабляць, мог пакідаць заробленыя грошы выключна для сябе, і хутка пачала адчувацца матэрыяльная няроўнасьць. Аслабела таксама пачуцьцё салідарнасьці і ўзаемнае падтрыманьне ў сувязі са зьнікненьнем адказнасьці калектыву на ўчынкі адзінак.
    Да гэтага далучалася і тое, што для шмат каго з залічаных у „вольную каманду” адкрывалася магчымасьць сямейнага жыцьця.
    Усе гэтыя ўмовы ў непараўнана большай меры існавалі і ў ссылцы, пры чым старыя традыцыі Кары, што стрымлівалі людзей і згладжвалі больш рэзкія шурпатасьці, у якуцкай ссылцы не існавалі. І калі для Кары быў характэрны калектыў, дык у Якуцку пераважаў індывідуальны характар; калі на Кары існаваў бязупынны ўзаемны кантроль, дык у Якуцку ён выяўляўся толькі ў выключных выпадках; калі на Кары ня было фізычнае магчымасьці замкнуцца ў асабістую і сямейную шкарупу, дык у Якуцку такая магчымасьць была і нельга сказаць, што ссыльныя — я не кажу аб выключэньнях — не карысталіся шырока гэтаю магчымасьцю.
    Карацей кажучы, у Якуцку былі ссыльныя, але ня было аб’яднанае ссылкі, ня было ідэёвае сувязі паміж ссыльнымі, ня было нават сталае грамадзкае думкі, якая магла б мець уплыў на ссыльнага.
    Гэтым і тлумачыцца, чаму людзі, выпадкова трапіўшы ў ссылку, ня зьліваюцца з ёю, чаму тых, што разлагаліся, ссылка не магла ўтрымаць ад разлажэньня.
    Гэтаму спрыялі таксама іншыя зьявы; але на іх я спынюся ніжэй.
                                                   IV.  ЯКУЦКІ  ПРАТЭСТ  I  ССЫЛЬНЫЯ
    У турме, куды нас перавялі, нас радасна спаткаў адзіны палітвязень, што быў там, — Гэйман, засуджаны па справе 22-га сакавіка, адзін з тых, каго суд асудзіў больш мякка і гэтым нарыхтаваў яму яшчэ цяжэйшую кару. Іншыя, засуджаныя па гэтай справе на катаргу, сядзелі разам у Вілюйскай турме, сьсябраваліся, зблізіліся, — а ён быў аддзелены ад іх і толькі праз пісьмы падтрымліваў сувязь з імі. Хваравіты, з патрэбаю ў сувязі з людзьмі, ён моцна сумаваў і толькі пасьля вызваленьня з турмы Н. А. Коган-Бэрнштэйн, якая рэгулярна яго адведвала, ён трохі ажыў. Час ад часу да яго прыходзілі і іншыя ссыльныя, але з прычыны выяўленых імі адносін да пратэсту, ён у гутарках з імі далёка не заходзіў.
    Гэйману было ведама, што я адзін з удзельнікаў карыйскага пратэсту, і гэта, як ён сам прызнаўся, было адным з момантаў, што падштурхнулі яго на шчырасьці ў пытаньні аб якуцкім пратэсьце. На такога ўражлівага юнака, як Гэйман, якуцкая сакавіковая трагедыя сама па сабе не магла не зрабіць вельмі глыбокага, узрушаючага ўражаньня, але бязумоўна няменшае ўражаньне зрабіла таксама тое, што „старая” — па яго тэрміналёгіі — ссылка аднеслася да пратэсту вельмі адмоўна. Для яго ўжо тыя „старыя”, з якімі яму давялося спаткацца ў Якутцы, былі легендарнымі волатамі, аб якіх ён чуў на волі, якім яго фантазія надавала такія рысы, якіх у тых фактычна і быць не магло. І вось якраз яны асудзілі ўчынак, які ён, Гэйман, лічыў рэвалюцыйным геройствам. Ён пакутваў, адчуваючы гэта.
    Спатканьні са ссыльнымі і гутаркі аб сакавіковай трагедыі былі ў мяне пазьней, але каб адносіны ссылкі да гэтае трагедыі былі выразьнейшымі, я спрабую цяпер ужо высьветліць гэтае пытаньне.
    Склад ссыльных у Якуцкай вобласьці быў даволі разнастайным ва ўсіх адносінах. Народнікі — мірныя прапагандысты, удзельнікі „працэсаў 50 і 193”, прыхільнікі паўстаньня, нарадавольцы, пралетарыятцы і выпадковыя людзі, сасланыя адміністрацыйна толькі па падазрэньні ў ненадзейнасьці. Былі „старыя”, якія пасядзелі шэраг гадоў у Петрапаўлаўцы, у Белгародзкім цэнтралі, на Кары; былі пасяленцы, якіх за „дрэнныя паводзіны” ў ранейшым месцы ссылкі паступова перасоўвалі на ўсход, пакуль яны не апынуліся ў Якуцкім краі; была таксама сасланая адміністрацыйна моладзь, якая менш сноўдалася па турмах і захавала малады рэвалюцыйны запал. Былі таксама людзі, злучаныя шматгадовымі рэпрэсіямі, якія не чакалі ўжо актыўнае дзейнасьці ў будучыне і абмяжоўвалі свае імкненьні толькі тым, каб сумленна дажыць свой тэрмін ссылкі. Былі жанатыя, якія сямейнымі ўмовамі былі змушаны цяжка працаваць, каб пракарміць сям’ю. Былі нарэшце і заняпалыя.
    Ня дзеля асуджэньня пішу я гэтыя радкі. Больш як трыццаць гадоў мінула ад таго часу, як я выехаў з Якуцкага краю і да ўсіх зьяў, якія тагды выклікалі пратэсты з майго боку, адношуся цяпер больш аб’ектыўна.
    Самае страшнае ў Якуцкай вобласьці было тое, што людзі, якія адрозьніваліся ад звычайных абывацеляў актыўным рэагаваньнем на падзеі жыцьця, былі змушаны да бязьдзейнасьці. Ня было ідэёвай дзейнасьці, якая б давала выхад і разьвязаньне сабранай энэргіі. Не з-за любві да лінгвістыкі Пякарскі дзесяткі гадоў займаўся зьбіраньнем матэрыялаў да якуцкага слоўніка, а дзесяткі ссыльных пачалі ўзмоцнена займацца вывучэньнем Якуцкага краю, колькі б мы ні стараліся вытлумачыць гэта ідэёвымі падставамі. Вайнаральскі, а сьледам за ім і яшчэ сёй-той з менш выдатных ссыльных заняліся гандлем, а Кавалік ляпіў гліняныя печкі ня дзеля таго, што яны мелі асаблівы нахіл да гэткіх заняткаў... Пустата жыцьця, немагчымасьць праводзіць тую работу, да якое цягнула, прымушалі чапляцца за жыцьцё тым, чым можна было, а пасьля ўжо пад гэта падганялася дыялягічная падстава, Гэтым людзі ратаваліся ад страхоцьцяў бязьдзейнасьці, ад страхоцьцяў жыцьця бяз унутранага зьместу. І шмат хто якраз гэтым выратоўваў „жывую душу”, а шмат хто, не знайшоўшы гэткае зачэпкі, пачаў піць.
    Але матэрыяльныя ўмовы таксама не заставаліся бяз уплыву. Турма здымала з чалавека клопат аб кавалку хлеба і даху над галавою. У ссылцы гэтыя пытаньні вельмі мучылі людзей, Пытаньне гэтае мала распрацавана, і я на ім спынюся.
    Ссыльным выдавалася дапамога — 12 р. на месяц і 22 рублі ў год на вопратку. Не закранаючы нават пытаньня аб дарагоўлі гэткіх харчоў, як мука і цукар, і не гаворачы ўжо аб вопратцы, няцяжка здагадацца, што па гэткія сродкі пражыць немагчыма.
    Пасяленцы-ссыльныя, як крымінальныя, так і палітычныя, паводле закону мелі права на атрыманьне 15 дзесяцін зямлі і сенажаці ад таго насьлегу, да якога яны былі залічаны. Звыш гэтага ні на якое падтрыманьне з боку якутаў яны ня мелі права разьлічваць. Розьніца паміж становішчам крымінальных і палітычных была ў тым, што крымінальныя мелі права езьдзіць па ўсім краі і дзякуючы гэтаму маглі знайсьці сабе заработак, тагды як палітычныя былі пазбаўлены гэтага права. Гэтым і тлумачылася тое, што палітычным выдавалася грашовая дапамога, якое не атрымлівалі крымінальныя. Пры такіх умовах палітычным для таго, каб пражыць, трэ’ было займацца земляробствам, хоць бы яны, як іншы раз і здаралася, ня ўмелі адрозьніць пшаніцы ад жыта. Але каб займацца земляробствам, апроч зямлі, патрэбны былі гаспадарчыя прылады. Крымінальнікі, якія пастанавілі сапраўды займацца земляробствам або выкарыстаць сваю заяву аб жаданьні займацца ім для таго, каб садраць з якутаў „адступное”, — вышлі з становішча па-свойму. Яны давялі свае вымаганьні да таго, што якуцкі губэрнатар Чарняеў вымушаны быў яшчэ 16 студзеня 1879 году даць ніжэйшы загад якуцкай паліцэйскай управе.
    „Сьцьвярджаючы мае неаднаразовыя прыватныя загады аб тым, каб ссыльныя ўсіх катэгорый, што жывуць „у якутах”, ня патрабавалі б ад іх дарма харчаваньня, юртаў, жывёлы для работы і гаспадарчых прыладаў, загадваю паліцэйскай управе ізноў абвясьціць усім якутам праз іх старастаў, што няма закону, які абавязваў бы якуцкую абшчыну даваць залічаным да яе ссыльным усіх катэгорый абы-якую дапамогу. Але калі б якуты з ласкі захацелі памагаць ссыльным у сэнсе іх харчаваньня, дык яны могуць гэта рабіць. але ня інакш, як выдаючы ссыльным харчы натураю і то ня больш салдацкага пайку. Усім жа наогул ссыльным, што жывуць паміж якутамі, як найстражэй забараніць, каб яны ня сьмелі патрабаваць ад якутаў харчаваньня ці абы-якое дапамогі; яны павінны ўтрымлівацца ўласнаю працаю”.
    “Гладка пісана на паперы”... Але нават беспасрэдны выканаўца гэтага губэрнатарскага загаду, выразна разумеючы яго „папяровасьць”, сабраў якутаў на „муньяк” (сход) і, прачытаўшы ім загад, заявіў
    — Чулі? Ну, глядзіце... Як толькі пачую, што адмаўляецеся карміць па-ранейшаму, — у барані рог сагну...
    Спраўнік, беспасрэдна стыкаючыся і з ссыльнымі і з якутамі і стараючыся ўладзіць ўсё так, каб яго спраўніцкі спакой ня быў парушаны і каб ўсё было „шыта-крыта”, лепш за губэрнатара ведаў умовы. А ўмовы былі такія.
    Паўзкі прыплываюць у Якуцк у пачатку чэрвеня. У гэтую пару году скарыстаць зямлю ўжо няма магчымасьці, знайсьці заработак на палявой рабоце таксама, бо на гэтую работу работнікі закантрактаваны, ці, праўдзівей кажучы, заняволены даўно... І што рабіць тагды пасяленцу, аднаму сярод якутаў, бяз даху над галавою, бяз кавалка хлеба?... Ён або пагрозамі прымушаў якутаў карміць сябе, або браў „адступное” ад якутаў за належную яму зямлю з тым, каб патраціўшы яго, ізноў патрабаваць надзелу, ізноў вымагаць. Гэтае „адступное” якуты давалі ахвотна. У цытаваным вышэй артыкуле, які я зьмясьціў у „Новым слове”, я ў свой час пісаў; „Хто бачыў якуцкую скаціну, якая ў пачатку вясны літаральна валяецца і якую трэба выводзіць з „хатонаў” (хлявоў) пры падтрыманьні людзей, — той зразумее, чым зьяўляецца для якута кожны кавалак зямлі, з якога можна атрымаць лішні ахапак сена скаціне... І вось гэтае зямлі, за якую ўлус з улусам, насьлег з насьлегам судзяцца часам цэльнымі дзесяцігодзьдзямі, якуты павінны адступіць 15 дзесяцін кожнаму з няпрошаных прышляцоў. Першы сродак, каб ухіліцца ад гэтага, — даць „адступное” і на заўсёды пазбавіцца ад ненавіснага „хайлака” (пасяленца). Карыстацца гэтым сродкам прымушае якутаў яшчэ і тое, што раз адданы пасяленцу надзел у большасьці выпадкаў назад у насьлег ужо не вяртаецца. На вызвалены надзел зараз жа назначаецца другі ссыльны, а звычайная адгаворка — недахват зямлі — ужо ня можа высоўвацца”.
    Пяройдзем да палітычных ссыльных.
    Першы кампраміс, на які яны вымушаны былі ісьці, — гэта браць гэтую зямлю ад якутаў. Бяз гэтага яны ня толькі не маглі пражыць, але таксама пабудаваць юрту і жыць самастойна, а не падсуседамі ў якутаў. Гэты крок цягнуў за сабою наступныя. Узятыя ад якутаў сенажаці аддаваліся ў арэнду тым самым якутам, і яны іх касілі, аддаючы ссыльнаму ў якасьці арэнднае платы палову накошанага сена. Толькі на сродкі, атрыманыя ад продажу гэтага сена, ссыльны мог паступова набываць неабходную скаціну і гаспадарчыя прылады і толькі тагды мог самастойна заняцца сельскаю гаспадаркаю. Яшчэ на Кары мы атрымалі пісьмо ад Цукермана, які з сумным гумарам абмалёўваў гэтыя абставіны бязупынна паўтараючы: „я даю якуту, г.зн. ён мне дае”. На Цукермана, які скончыў жыцьцё ў Якуцкай вобласьці самагубствам, гэтыя ўмовы дзейнічалі прыгнятальна. Але большасьць прызвычаілася да іх і перастала заўважваць іх недарэчны характар.
    Здабыўшы з такімі цяжкасьцямі магчымасьць жыць, гэтая большасьць цалкам занялася сваёю гаспадаркаю, прывязалася да ўласнага кутка і, шчыра надалей лічачы сябе за рэвалюцыянэраў, фактычна ўвязла ў абывацельскай балотнай твані.
    Пратэст 22 сакавіка, калі б ён ня быў, так сказаць, лёкалізаваны, мог бы разбурыць дасягнутыя з гэткімі цяжкасьцямі спакой і адносную ўтульнасьць. І ён не спаткаў спагады.
    Гэтая неспагада, якая ў некаторых ссыльных пераходзіла ў варожасьць, зразумела, абгрунтоўвалася меркаваньнямі прынцыповага характару — шмат у каго нават вельмі шчыра, а ў пэўнае часткі выключна гэтымі меркаваньнямі, але бясспрэчна таксама, што зазначаныя вышэй умовы не засталіся бяз уплыву на гэтыя прынцыповыя адносіны. Нельга не ўспамянуць таксама і аб тым, што самі ўдзельнікі якуцкага пратэсту давалі матэрыял да такога прынцыповага асуджэньня. Далёка ня ўсе ішлі на гэткі пратэст, як узброенае супраціўленьне за перакананьні. „Піка я разумею — даводзілася мне ня раз чуць ад „старых”. — Ён ішоў на ўзброенае супраціўленьне, не заплюшчыўшы вочы. Ведаў, на што ён ідзе, не хаваў, на што ён ідзе, і дамогся свайго. Але шмат іншых”... — і мае размоўцы паціскалі плячыма...
    Былі такія, што шлі з перакананьнем, што ўлады не адважацца на крайнія сродкі.
    Але самае галоўнае абвінавачваньне было ў тым, што перад падзеямі 22-га сакавіка ідэёва абгрунтоўвалася неабходнасьць пратэсту і ўзброенага супраціўленьня, а потым, калі крывавыя падзеі, паглынуўшы жыцьцё шасьці чалавек, мінуліся, ідэёвы бок пратэсту ўспамінаўся мала, і гаварылася толькі аб яфярах.
    „Старыя”, робячы гэтыя абвінавачаньні, высоўвалі наперад маральны бок, спушчаючы з віду палітычны бок.
    Я прыехаў у Якуцкі край праз два гады з лішкам пасьля сакавіковых падзей, але яшчэ і тагды ссылка была падзелена на дзьве часткі, і толькі мала хто, галоўным чынам моладзь, што прыехала пасьля гэтых падзей, спагадліва адносілася да ўдзельнікаў „сакавіка”.
                                                  V.  ПЕРШЫЯ  СПАТКАНЬНІ  СА  ССЫЛЬНЫМІ
    Леанард Фрэнкель, які адведваў мяне ў турме, угаварваў мяне падаць заяву аб прызначэньні мне месцам пасяленьня аднаго з насьлегаў Намскага ўлусу, дзе жыў Серашэўскі, які карыстаўся асабліваю сымпатыяй Фрэнкеля, і яшчэ двое палякаў — Аляксандр Сіповіч і Эдмунд Струзінскі...
    Я адмовіўся па прынцыповых меркаваньнях, а таксама і таму, што лічыў непадступным усякі зварот да меўшых дачыненьне да якуцкага пагрому, а ў гэты час галоўны вінавайца сакавіковае драмы Асташкін — па-ранейшаму займаў пасаду намесьніка губэрнатара і ў сувязі з ад’ездам губэрнатара кіраваў вобласьцю.
    Ці Стэфановіч падаваў хадайніцтва аб прызначэньні яго ў Намскі ўлус; — ня ведаю, але ён быў пасланы туды, а мне было прызначана іншае месца, ад якога Гэйман жахнуўся (назвы гэтага месца цяпер ужо не памятаю).
    Я меў законную падставу пратэставаць супроць гэтага прызначэньня, бо да мае справы было далучана доктарскае пасьведчаньне, якое сьцьвярджала, што я павінен адбываць пасяленьне ў мясцовасьці, дзе ёсьць мэдычная дапамога, але мяне цягнула насустрач новаму жыцьцю, і я паехаў на месца прызначэньня разам з казаком, які прыехаў па мяне ў турму.
    Брудны, у бліскучай ад бруду сіняй дабавай вопратцы, якую насілі ўсе якуты, гэты казак толькі шапкаю з жоўтым аколкам адрозьніваўся ад якутаў. Ён гаварыў па-расійску, часта ўстаўляючы якуцкія словы. Таксама і ў яго, як і ў тагачасных якутаў, вочы загараліся прагавітасьцю, пабачыўшы кавалак цукру або белую булку, і ён падобна да якутаў-жабракоў — „іеранасаў” — выпрошваў пры кожным зручным і нязручным выпадку. Не прызвычаіўшыся да гэтага, я адчуваў непрыемнае пачуцьцё, бачачы, што ён, як сабака, сочыць вачыма за кожным кавалкам ежы, які я клаў ў рот. Гэта рабілі таксама якуты, але яны сапраўды галадавалі, і пасьля мне ня раз даводзілася бачыць, як яны адбіралі ад сабак кінутую ім костку з рэшткамі мяса. Гэты ж казак быў даволі заможным. У яго быў свой домік у Якуцку, ён атрымліваў ад дзяржавы паёк, пэнсію, зарабляў таксама і дробным гандлем з якутамі пры кожнай камандзіроўцы ва ўлусы. Ад палітычных, якіх ён суправаджаў на месца прызначэньня, ён таксама атрымліваў “на чай”, аб чым ён падрабязна паведамляў кожнаму новаму палітычнаму, якога яму трэ’ было суправаджаць, — з пэўнай мэтаю атрымаць таксама ад яго. Дзеля гэтага „на чай" ён быў вельмі прыслужны і абыходлівы.
    Падарожжа да Батурускага ўлусу, праз які мне трэба было ехаць у прызначанае мне месца, на траскім возе па купінах і тайзе, пад брынканьне камарынае песьні, што і бяз кусаньня даводзіць амаль да ачмурэньня, было вельмі нуднае. Перабраўшыся цераз Лену, мы ехалі далей, ня спыняючыся нават нанач, робячы толькі кароткія прыпынкі, каб запрэгчы новых коней.Трохі паеўшы, мы ехалі далей. І я хацеў быць як мага хутчэй „на волі”, і казак сьпяшаўся, спадзяючыся вымеркаваць на сутачных грошах. Спачатку гэтую нудную дарогу трохі ўпрыгожваў суровы краявід з яго барамі, пераважна мадрынавымі, з вялізнымі вазёрамі, з чародамі дзікіх гусей і качак, што ўзьнімаюцца ў паветра пры набліжэньні возу, з аголенымі да паса якутамі, што косяць, праўдзівей кажучы сякуць траву сваімі гарбатымі косамі, з маленькімі якуцятамі, што бегаюць голенькія, са скацінаю, што прыціскаецца да дымакур і дзівіць падарожных сваёю дробнасьцю, з табунамі аблезлых коней... Але толькі спачатку. Ужо на другі дзень гэтая аднастайнасьць пачала нудзіць, а дзікае сьпяваньне якута-ямшчыка, што нагадвала сабою сабачы брэх, дзейнічала прыгнятальна.
    — Зараз пад’едзем да „гасударскага” — пад канец другога дня падарожжа паведаміў мяне казак... — Добры чалавек і добра жыве...
    Я тады ўпершыню пачуў гэтую назву „гасударскі”, ці, як якуты вымаўлялі, „сударскі” ў дапасаваньні да дзяржаўных ссыльных, — тэрмін, які зьбіваў з панталыку якутаў, як гэта пасьля выясьнілася. Яны тлумачылі гэтую назву ў сэнсе „злачынцы гасудара” — самога цара. А таму, што гэтым царскім злачынцам казакі, што выконвалі абавязкі нагляднікаў, штомесячна прывозілі грошы і немалыя грошы — аж дванаццаць рублёў штомесячна — таму, што грошы гэтыя былі дзяржаўныя і сам спраўнік іх высылаў, дык вывад прасіўся сам, тым больш, што гэтыя людзі, якім цар так шчодра пасылаў грошы, рэзка адрозьніваліся ад крымінальнікаў. Вывад даволі арыгінальны. „Сударскія” — гэта блізкія да цара людзі. Ён за нешта раззлаваўся на іх і саслаў, але любіць іх па-ранейшаму, клапаціцца аб іх, шле ім грошы. У хуткім часе няласка царская можа скончыцца, іх могуць выклікаць ізноў да цара і даць важныя пасады ў дзяржаве.
    Магчыма, што гэтае паданьне, якое ў мой час дажывала ўжо свой век, было слабым водгукам таго часу, калі па загадзе цароў траплялі ў ссылку блізкія да цароў магнаты.
    — Сыта жыве, — захапляўся далей казак, — гаспадарку завёў, якутку ўзяў.
    Я вельмі мала зьвяртаў увагі на тое, што плёў казак, і з яго балбатні зразумеў толькі тое, што мы пад’яжджаем да таварыша па лёсу.
    Ня больш як праз паўгадзіны насустрач грукаўшаму возу выбеглі з брэхам сабакі, а яшчэ праз некалькі хвілін паказалася пабудаваная на ўзгорачку юрта, а побач з ёю — шэраг гаспадарчых будынкаў.
    З юрты насустрач нам выйшаў чалавек гадоў 32-35, апрануты ў мяшаную расійска-якуцкую вопратку і адрэкамэндаваўся — прозьвішча цяпер ня памятую. Гэта быў адзін з салдат, засуджаных па справе Нячаева.
    Юрта адрозьнівалася ад якуцкае тым, што ў ёй была падлога і наогул было значна чысьцей. Але магчыма, што толькі гэтым, ды хіба толькі яшчэ тым, што на комінку перад агнём не дрыгацелі пасаджаныя на калочак дробныя рыбкі-мундушкі, якіх смажылі жывымі і частавалі нас ва ўсіх якуцкіх юртах. Каля комінку поркалася якутка, рыхтуючы ячныя праснакі да чаю. Як потым выявілася, яна была ўзятая ў якасьці часовае жонкі-гаспадыні.
    Гэты ссыльны, на жаль, ня быў выключэньнем, Шмат хто са ссыльных мелі гэткіх часовых жонак і, ад’яжджаючы з Якуціі, пакідалі іх: адны, даючы ім у падзяку карову ці каня, а іншыя, ня робячы нават гэтага, хоць у іх часта былі дзеці, з якіх якуты насьміхаліся, з прычыны іх бялявых валасоў і „лёдавых вачэй” — „мус хара”, а няшчасныя маткі гэтых бялявых дзяцей рабіліся прастытуткамі.
    Гэтае сужыцьце з часова ўзятымі за жонак якуткамі было настолькі частаю зьяваю, што яно нікога прыкра ня зьдзіўляла і не выклікала нічыіх пратэстаў...
    Але я тады ўпяршыню спаткаўся з гэтаю зьяваю, і калі яна мяне мала зьдзівіла, дык толькі таму, што яна падыходзіла да ўсяго, на што я натыкаўся ў гэтага „нячаеўца”.
    У яго было шмат больш супольнага з маім конвойнікам-казаком і ямшчыком-якутам, чым са мной. Ён нават не пацікавіўся, хто я такі, адкуль і куды накіроўваюся, але ў той жа час вёў з імі ажыўленую гутарку, пытаючыся, што чуваць у горадзе, якая цана на збожжа, на тавары і г. д. Я сядзеў, як на голках і падганяў казака, які, відаць, не разумеў, чым выклікана мае сьпяшаньне, калі гаспадар не шкадуе ні праснакоў, ні чаю, ні нават цукру да чаю.
    З цяжкім пачуцьцем пакінуў я „гасьціннага”. гаспадара, які, як я потым даведаўся, настолькі апусьціўся і замкнуўся ў сабе, што нават не падтрымліваў сувязі з таварышамі па працэсе, салдатамі, засуджанымі за зносіны з Нячаевым [* Сяргей Нячаеў адна з выдатных фігураў рэвалюцыйнага руху 60-х і пачатку 70-х гадоў мінулага веку. Знаходзіўся пад моцным уплывам Бакуніна; зьяўляецца арганізатарам таварыства „Народная расправа” або “Таварыства сякеры”, якое ставіла сваёю мэтаю арганізацыю народнае рэвалюцыі ў Расіі. У хуткім часе таварыства было разгромлена царскім урадам, але Нячаеву ўдалося ўцячы ў Швэйцарыю. У 1872 г. швэйцарскі ўрад выдаў Нячаева Расіі. На судзе трымаў сябе героем, быў засуджаны на 20 год катаргі і пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасьць. Маючы вялізную волю і сілу перакананьня, ён зрабіў нячувалы ў гісторыі ўчынак: распрапагандаваў вартаваўшых яго салдатаў і праз іх наладзіў сувязь з рэвалюцыянэрамі на волі, прапануючы плян вызваленьня усіх вязьняў Петрапаўлаўскае крэпасьці. Аднак, партыя „Народнае волі” была ў той час занятая падрыхтоўкаю замаху на Аляксандра II і Нячаеў, даведаўшыся аб гэтым, адмовіўся ад сваіх уцёкаў. Сувязь Нячаева з салдатамі была выкрыта, і яны сасланы ў Сыбір.] у Петрапаўлаўскай крэпасьці, некаторыя з якіх, напр. Тонышаў, карысталіся ў ссылцы пашанаю і поўнасьцю ўвайшлі ў асяродзьдзе ссыльных. Для гэтага ссыльнага зносіны з Нячаевым, за якія яму давялося так жорстка пакутваць, былі цяжкім успамінам часовага захапленьня моладасьці; Тонышаў аб гэтых зносінах успамінаў з захапленьнем і апявядаючы аб іх, аб Нячаеве, ажываў.
    Казак зьвярнуў увагу на мой прыгнечаны настрой і суцішаў мяне па-свойму...
    — Прыедзеце, абжывяцеся, якутку возьмеце, гаспадарку наладзіце і будзеце жыць, як ён...
    Прывабная пэрспэктыва!
    На другі дзень рана мы прыехалі да Батурускае ўправы — нешта накшталт валасное ўправы. Ад пісара я даведаўся, што ў гэтым жа паселішчы жыве I. I. Майноў, а вярсты за чатыры ад ўправы ў пабудованай, але пакінутай скапцамі Чурапчы, жыве шмат „гасударскіх”.
    Я накіраваўся да Майнова. Зграбны, прыгожы, з разумнымі чорнымі вачыма Майноў вельмі зьдзівіў мяне сваім гарнітурам, калі толькі можна назваць гарнітурам расшпіленую кашулю, якая была падрана ў некалькіх мясцох і не закрывала грудзей, і ні то майткі ні то нагавіцы, ні то шэрыя, ні то белыя.
    Гэткі „гарнітур” яго мала трывожыў, і ён ня зьменьваў яго, нават выходзячы з хаты. Але ў Майнове я адразу, з першых слоў, пачуў таварыша, на гэты раз бяз двукосься.
    Інтэлігентны, начытаны, разумны і дасьціпны, ён адразу прыцягваў да сябе.
    — Вы паабедаеце ў мяне?
    — Ахвотна.
    Ён дастаў з палічкі жменю запыленых сухароў і паклаў іх на стол, а пасьля чарпануў коўш вады і ўліў у казанок, што стаяў на комінку з нейкім варывам.
    — Гатова!
    Гэткае спрошчанае кулінарнае майстэрства мяне зацікавіла. Майноў вытлумачыў.
    — Проста. Кладу кавалак мяса ў казанок, пасалю і наліваю вады. Калі ўся вада выкіпіць, — ў мяне смажанае мяса, а калі застанецца жыжка, — суп і варанае мяса.
    Сапраўды, проста... На гэты раз павінен быў варыцца суп, і дзеля гэтага Майноў на маю долю шчодра падліў дадатковы коўш вады.
    — А цяпер пойдзем купацца,
    Я ўжо восем год ня купаўся ў рацэ, але калісьці плаваў так добра, што калі ўзьнікалі пляны ўцёкаў з баржы на Обі, дык я нават ня думаў, ці даплыву да берагу ці не. І тут, калі Майноў кінуўся з берагу, я, доўга ня думаючы, адразу кінуўся за ім, па даўняму свайму звычаю даў нырца і... ледзь не ўтапіўся. Пры вечна мёрзлай глебе, чым глыбей, тым вада робіцца значна халаднейшаю.
    У мяне захапіла дух, і я ледзь-ледзь дабраўся назад да берагу. Але затое ня толькі асьвяжыўся, але і першы раз пасьля шэрагу гадоў адчуў сябе вольным. Ніхто не наглядаў за мною, ніхто не хадзіў сьледам.
    Вярнуўшыся, мы „паабедалі” і гадзіны дзьве гутарылі.
    Аб чым? Як сказаць... Аб усім... Аб Кары і аб волі, аб якуцкай ссылцы і ссыльных, аб абшчыне і аб тэроры, аб унутраным становішчы і аб краінах Захаду. У гутарцы, як звычайна ў такіх выпадках, мы пераскоквалі з аднае тэмы на другую, пры чым больш цікавіліся тым, каб атрымаць яснае ўяўленьне адзін аб адным, чым распрацоўкаю тэмы. І я тады ж заўважыў у Майнове адну рысу, супольную ў яго і шматлікіх карыйцаў, вельмі інтэлігентных, начытаных і разьвітых, — вялікарасійскі шовінізм. Гэткім быў адзін з самых выдатных карыйцаў — Павал Арлоў, прыхільнік Южакова, тагачаснага радыкала, аглядчыка замежнага жыцьця. Гэткім жа быў і, як мне ведама, на ўсё жыцьцё застаўся Іван Іванавіч Майноў. Памятую, калі я гады праз два у артыкуле аб скапцох і значэньні іх, як пачынальнікаў земляробства ў Якуцкай вобласьці, адважыўся напісаць, што якуты могуць сказаць скапцам: „ваша роля скончана”, „Якуція — якутам”, — Майноў лічыў гэта або фразаю або... глупствам.
    Ня раз мы потым спрачаліся з ім па гэтых пытаньнях, але тагды, пры першым спатканьні, я толькі адзначыў сабе для памяці яго „вялікадзяржаўнасьць” і перавёў гутарку на іншую тэму.
    — Навошта вам ехаць чорт ведае куды? — казаў Іван Іваныч, — гэта ж яшчэ далёка за Амгою... Застаньцеся на Чурапчы.
    — I рад бы я ў рай, ды грахі ня пушчаюць.
    — Глупства! Скажыце ў ўправе, што вы хворы, вас адвязуць у горад, там насядзьце на спраўніка дайце яму зразумець, што вы ўвесь час будзеце вяртацца ў горад, і вас пакінуць на Чурапчы.
    На Чурапчы ў той час было шмат былых карыйцаў, і застацца там мне хацелася.
    Я паехаў на Чурапчу... Першым з канца каля мастка блішчэў здалёк расійскі дом, у якім жылі Касьцюрыны. Да іх першых я і зьявіўся з „візытам”.
    Большага кантрасту, чым паміж логавам Майнову і гэтаю мяшчанскаю кватэраю з фіраначкамі, кветачкамі і фатаграфіямі на сьцяне, і ўявіць сабе нельга. Гэта былі два сьветы. Там — чэрствыя сухары, а тут марожанае, прыгатаванае самою Мар’яй Мікалаеўнай. Там адсутнасьць усякага намёку на ўтульнасьць і нігілістычныя адносіны да яе, а тут — клапатлівасьць аб наймалейшых лагоднасьцях, і здаволеньне з боку Віктара Касьцюрына „сваім абедам і жонкаю” І двума дзяцьмі — дзяўчынкамі, з якімі Віктар найбольш важдаўся і дабрадушна пасьміхаўся, калі дзяўчынкі ўзлазілі ззаду за яго сьпіной на яго крэсла і палясквалі па яго бліскучай лысіне.
    Я за цэлы шэраг гадоў пасьпеў ужо „спрасьціцца”, і мне было прыкра ад гэтых абставін. Але пайсьці, як гэта мне ні хацелася, і як найхутчэй дабрацца да сваіх сяброў-карыйцаў нельга было, і я хоцькі-няхоцькі падтрымліваў гутарку з гаспадарамі. Віктар гаварыў мала, але заўвагі, якія ён час ад часу, ўстаўляў у размову, сьведчылі аб вялікім прыродным розуме. Наадварот, Мар’я Мікалаеўна гаварыла шмат, вельмі шмат і самаўпэўнена, пахваляючыся сваёю начытанасьцю, спасыланьнямі на аўтараў, вельмі часта зусім беспадстаўна, бо цытаваныя ёю аўтары нічога падобнага не казалі. Як „добра выхаваны паляк”, я не даваў ёй зразумець гэтага і не падлоўліваў яе, а яна ўсё болей ажыўлялася, я б сказаў нават распальвалася... Але раптам згасла, змаўкла.
    У пакой увайшоў, даведаўшыся, што я прыехаў, мой стары прыяцель па Куры В. С. Яфрэмаў.
    Нясьмелы па прыродзе, стары кавалер, які асабліва быў нясьмелы ў прысутнасьці жанчын, ён яшчэ на волі адрозьніваўся тым. што больш як агню баяўся іх прысутнасьці па кансьпіратыўных сходах.
    Пасьля прыезду ў Якутку ён мусіў пераламаць сябе, і хоць вельмі рэдка, але ўсе ж такі час ад часу заходзіць да Касьцюрыных. У часе гэтых наведваньняў ён звычайна маўчаў. Але аднойчы ня вытрымаў, і, калі Мар’я Мікалаеўна спаслалася на Міхайлоўскага, ён груба, па-сэмінарску бразнуў:
    — Нічога падобнага Міхайлоўскі не казаў.
    З таго часу ён заходзіў да Касьцюрыных толькі ўпэўніўшыся, што М. М. няма дома.
    Мой прыезд прымусіў яго на гэты раз адступіцца ад свайго звычаю.
    Мы ня бачыліся доўга. За гэты час на Кары выбухла бура пратэстаў (у якіх я прымаў удзел),) і ён ня мог вытрымаць спакусы хутчэй пабачыць мяне і ў першы раз даведацца ад удзельніка пратэстаў падрабязнасьці перажытага і сьмерці Бобахава і Калюжнага.
    Аб Яфрэмаве рэдка хто ўспамінае, ды і на Кары мала хто сябраваў з ім. Вонкавы выгляд яго быў поўнаю процілежнасьцю таго, чым ён быў у сапраўднасьці. Вышэй сярэдняга росту, з шырокімі плячыма, увесь аброслы, у расхінутай кашулі, у „катох” на босую нагу, у накінутым на адно плячо халаце — ён меў выгляд рабаўніка з вялікага шляху. Гэтым яго выглядам і тлумачыцца той жорсткі прысуд, які ўпаў на яго зусім беспадстаўна. У сапраўднасьці аб ім можна было сказаць: „здалёк — мядзьведзь, зблізку — цялё”.
    Мяккі, добрасардэчны, чулы, нясьмелы да хваравітасьці, ён з гэтымі рысамі злучыў вялікую інтэлігентнасьць і рэдкую начытанасьць. Слабым і хворым яго месцам была проста неймаверная няўпэўненасьць у сабе і як вынік яе — хісткасьць сьветапогляду. На яго вельмі лёгка мелі ўплыў розныя асобы, якіх ён часта незаслужана ставіў вышэй за сябе.
    Быў час, калі ён быў блізкі да марксызму, але гэта цягнулася нядоўга, і ён нават неяк няпрыкметна для сябе ізноў павярнуў назад у бок народніцтва.
    Яго другім слабым бокам былі выпіўкі. Ён піў рэдка, але затое шмат. Яго нельга было лічыць алькаголікам. Не... Адчувалася, што яго точыць нейкі чарвяк, і ён яго топіць. Аб гэтых выпіўках ён так напісаў на дадзенай мне пры разьвітаньні фатаграфічнай картцы:
                                                     Жыцьцё прайшло —я гэта знаю—
                                                     Не марнатраўна, не дарма.
                                                     Сум па мінулым не зьядае:
                                                     Цярпеў, рабіў я, што мага.
                                                     Ды хто ж сваіх шануе, людзі?
                                                     І цяжкі стогн спыняю я:
                                                     Пакуль жыву, вянкоў ня будзе,
                                                     Бяз гуку пройдзе й сьмерць мая!
                                                     Прамень надзеі засьвяціўся —
                                                     Сябры мяне ўспамянуць так:
                                                     Нябожчык невукам лічыўся,
                                                     Затое выпіць быў мастак...
    Яшчэ некалькі хвілін, і кватэра Касьцюрыных была напоўнена людзьмі. Прыйшоў Мітрошка Навіцкі, наш незаменны карыйскі стараста, апякун і кармілец Кары на працягу шэрагу гадоў, нават пасьля выхаду ў вольную каманду. Спакойны, ураўнаважаны, не пазбаўлены гумару, ён — здавалася — зусім паграз у гаспадарчых справах Кары, якія выціснулі з яго галавы ўсё, што не датычыць харчаваньня вязьняў. Але гэта толькі здавалася.
    На Чурапчы я меў магчымасьць пераканацца, што ён захаваў жывую думку, што ён не праходзіць бязудзейна міма падзей, а імкнецца іх зразумець...
    Характэрна, што я гэта заўважыў толькі на Чурапчы, і што гэтае рысы Навіцкага ня прымецілі нават шмат якія карыйцы. Прычыну гэтага я назіраў таксам і на сабе. Навічок на Кары вывучаецца таварышамі па турме толькі ў першыя моманты пасьля яго зьяўленьня. Калі працэс азнаямленьня скончыўся і „дыягназ” быў пастаўлены, праверка не рабілася, якія б зьмены з чалавекам ні адбыліся, хіба толькі як ён зробіць такі выключны ўчынак, абмінуць які ніяк нельга. Дзякуючы вось гэтаму, паданьне просьбаў аб памілаваньні такімі людзьмі, як Бух, Позэн, мічман Калюжны, зьдзіўляла ўсіх сваёю нечаканасьцю.
    Я на Кары працаваў шмат, і зразумела, што той узровень разьвіцьця, з якім я прыйшоў на Кару, рэзка адрозьніваўся ад таго, з якім я адыходзіў. Але гэтага ніхто не заўважваў. Навум Гэкер. прыехаўшы ў Якутку праз год пасьля мяне, ня мог ня выявіць свайго зьдзіўленьня:
    — Як ты за гэты год зьмяніўся!
    А Яцэвіч, наведаўшы мяне ўжо ў 1897 г. у Мінусінску, апавядаў мне, якое ўражаньне зрабіў на карыйцаў прысланы ім мною мой досьлед скапцоўскага Хатын-Арынскага паселішча, надрукаваны ў часопісе „Записки Восточного отдела Русского Географического общества.” Гэткае “прамудрасьці” яны ад мяне не чакалі.
    А тым часам асноўныя веды былі здабыты мною якраз на Кары...
    Тое самае адбывалася і з іншымі, за выключэньнем хіба Яцэвіча, які рухаўся наперад гэткімі вялікімі крокамі, што незаўважыць гэтага нельга было.
    Зьявіўся да Касьцюрыных і Асмалоўскі, і я зьдзівіўся толькі, як гэта ён даў выперадзіць сябе Яфрэмаву. Як я яго ведаў, дык яму належала найперш за ўсіх ведаць аб маім прыезьдзе і найперш за ўсіх мець са мною размову. Гэта быў, так сказаць, рэпарцёр па натуры. На Кары ён не абмінаў нічога, аб усім даведваўся першы і ўсіх паведамляў.
    На Кары ён доўгі час вёў кансьпірацыйную пошту... Але ва ўсім гэтым яго цікавіў самы працэс. Ня больш. Ідэёва ён, па-мойму, даўно вытхнуўся, што асабліва ярка выявілася ўжо пасьля яго выхаду на пасяленьне. Ажаніўшыся з вясковаю настаўніцаю, ён канчаткова страціў ранейшае аблічча і дайшоў нават да таго, што заняў пасаду, якая была абвешчана ссыльнымі пад байкотам. Не памятаю кім, але, здаецца, Яфрэмавым быў на гэты выпадак напісаны верш:
                                                     Ну і народ цяпер ішішоў...
                                                     Якія „мудрыя” ўсе сталі!
                                                     Бо гэта ж нават ня Хрыста
                                                     За трыццаць пяць прадалі.
    Байкатаваная пасада давала 35 рублёў...
    Апрача пералічаных, прышлі раней незнаёмыя са мною былыя катаржане: Гарыновіч, Белацьветаў і адміністрацыйны, зусім яшчэ малады Вадзінскі.
    З Белацьветавым мне так і не давялося пазнаёміцца бліжэй. Ён хутка выехаў. Вадзінскага я таксама пазнаў мала. Памятаю толькі, што ён ня вельмі любіў карыйцаў і тлумачыў гэта тым, што яны „не разумеюць маладога пакаленьня”...
    Пасьля яго ад’езду я нічога ім ня чуў, а тыя карыйцы, што нібыта не разумелі маладога пакаленьня, змагаліся поплеч з маладым пакаленьнем у незабыўныя дні 1905 году...
    Некалькі слоў трэба прысьвяціць і Гарыновічу. Жыцьцярадасны, даволі такі легкадумны, да ўсяго здатны, ён і якутаў лячыў, і майстраваў, вельмі добра сьпяваў і да жанчын заляцаўся і, дзякуючы сваёй прыгожасьці, не бяз посьпеху, і не абмінаў выпадку павесяліцца. Жыў — ня тужыў. Таварышы яго любілі, а ён таварышаў. Але больш нічога. Пытаньні прынцыповага характару яго вельмі мала цікавілі, у спрэчках ён ня прымаў удзелу, а сур’езныя гутаркі наганялі на яго нуду.
    Усе, што сабраліся ў Касьцюрыных, аднагалосна пастанавілі, што мне няма ніякага сэнсу ехаць, нямаведама куды, туды іншых ссыльных, апроч мяне, не загоняць, і што мне трэба абвясьціць сябе хворым, вярнуцца ў горад, легчы ў больніцу, даць сябе агледзець, а рэшта... зробіцца.
    Я гэтак і зрабіў. Казак, што прывёз мяне ў Батурскую ўправу, пасьпеў ўжо выехаць назад, і я, адпачыўшы дзень на Чурапчы, ізноў накіраваўся разам з якутам, назначаным мяне ўправаю, назад у славуты горад Якуцк.
                                                           VI.  ІЗНОЎ  У  ЯКУЦКУ
    Мой зварот у Якуцк не зрабіў на спраўніка ніякага ўражаньня. Ён ужо прызвычаіўся да гэткіх зваротаў і ня бяз гіроніі спытаўся:
    — Пасьпелі ўжо захварэць?.. Трэ’ будзе легчы вам у больніцу.
    Я не супярэчыў і ў той жа дзень апынуўся ў больнічным бараку, якім загадваў доктар Нясьмелаў. Поўны невук, які не прызнаваў ніякіх іншых лякарстваў, апроч давэравых парашкоў, рыцыны і ёду, ён усю работу ўзваліў на гэткага ж невука фэльчара, раніцою абыходзіў больніцу і лічыў, што больш ад яго ніхто ня мае права нічога патрабаваць.
    Ня толькі хворыя і іншыя дактары, але таксама адміністрацыя была абурана яго адносінамі да сваіх абавязкаў. І ўсё-такі  ён далей  выконваў гэтыя абавязкі, дзякуючы пратэкцыі архірэя, пры якім ён адыгрываў ролю блазна...
    Калі хто-небудзь з палітычных ссыльных трапляў да яго ў больніцу, выкарыстоўваў ўсе сродкі, каб як найхутчэй сапхнуць іх куды-небудзь і гэтым пазбавіцца ад непажаданых сьведак яго мэдычнае практыкі. Даведаўшыся, што ў маёй справе ёсьць адпаведнае пасьведчаньне аўтарытэтных дактароў, ён узрадаваўся.
    — Канечна, канечна, вам неабходна жыць у горадзе...
    — Я на гэта нават не прэтэндую... Няхай бы мяне пакінулі хоць на Чурапчы.
    — На Чурапчы, дык на Чурапчы. Я гэтак і напішу, а вас выпішу. Навошта вам заставацца ў больніцы... У горадзе весялей.
    І выпісаў.
    Я не адразу выехаў на Чурапчу, а толькі праз тры дні і выкарыстаў гэты час, каб пазнаёміцца з таварышамі.
    Пачаў я гэтыя знаёмствы з Долераў. У іх на кватэры заўжды бывалі ссыльныя. Ён сам зьяўляўся толькі ў рэдкіх выпадках і заўжды сустракаў гасьцей якім-небудзь гіранічным жартам па адрасе жонкі. Яна, жвавая і чулая, адмахвалася ад гэтых жартаў і ня толькі са ссыльнымі вяла ажыўленыя размовы аб рэвалюцыйным руху і пытаньнях, якія закраналі ссылку, але патрапіла ўцягнуць у гэтыя гутаркі і сяго-таго з мясцовых сэмінарыстаў.
    Гэтых сэмінарыстаў Долер інакш не называў, як „Зосінымі дурнямі”, але Зося Навумаўна не зьвяртала на гэта ніякае ўвагі, а ў пазьнейшыя часы сёй-той з гзтых „Зосіных дурняў” зрабіўся адданым справе рэвалюцыянэрам. Зося Навумаўна пры гэтым дзейнічала на моладзь сваім энтузіязмам і сваім рэвалюцыйным тэмпэрамэнтам. Гэта была бунтарка старога тыпу, якая ня вельмі разьбіралася ў тых рознагалосьсях, што існавалі тагды ў рэвалюцыйным асяродзьдзі, але горача адгукалася на кожную падзею.
    Кпіў з яе не адзін толькі муж. Кпілі і іншыя. Яна баранілася, але сваю справу вяла далей.
    Моладзь яе любіла. Любілі таксама і ссыльныя. Тыя цанілі ў ёй заўсёдную гатоўнасьць адгукнуцца на патрэбы таварышаў. Для „мартаўцаў” — гэтак называлі ўдзельнікаў якуцкага пратэсту 1889 году, яна была зьвяном паміж Вілюйскам, дзе яны адбывалі катаргу, і астатнім жывым сьветам.
    Як толькі я ўвайшоў да Долераў, Зося Навумаўна ўчыніла мне самы падрабязны допыт аб Кары... Яе муж выйшаў на хвіліну, прывітаўся, сказаў некалькі слоў і пайшоў, не забыўшыся пакпіць:
    — Ну, Зося, злавіла новую афяру!.. Цяпер вы хутка ад яе не адвяжацеся.
    У 1905 годзе я зайшоў да З. Н. у Пецярбурзе.
    Яна была гэткай самай, якою я ведаў яе ў 1891 годзе. Нават сьмерць мужа, які патануў у Якуцку, толькі а вельмі кароткі час выбіла яе з каляіны. Яна хутка перамагла сябе і з ранейшым захапленьнем важдалася з моладзьдзю, перасылала кансьпірацыйна пісьмы ў Вілюйск, спрачалася і насядала на тых ссыльных, якія пачыналі пагрузаць у мяшчанстве...
    У Долераў я пазнаёміўся з Чыкоідзэ, які жыў у Намскім улусе і прыехаў у горад купіць сёе-тое.
    Па характары гэта быў чалавек, падобны да Зосі Навумаўны, але ў ідэёвых адносінах ён значна яе перавышаў. У яе пераважваў тэмпэрамэнт, а ён, ня ўступаючы ў тэмпэрамэнце, быў чалавекам пэўных перакананьняў і вельмі часта ўступаў у гарачую спрэчку з праціўнікамі „Народнае волі”. Засуджаны па „справе 50”, ён уцёк са ссылкі, доўга бадзяўся, пакуль наладзіў сувязь з рэвалюцыянэрамі, а нарэшце, наладзіўшы іх, ня быў належна выкарыстаны. За ўцёкі ён ня толькі атрымаў некалькі гадоў катаргі, з яго таксама кпілі, з яго „пладатворнае” дзейнасьці. Гэтае невыкарыстаньне дзейнічала таксама і на яго прыгнятальна, але як толькі хто-небудзь адважваўся з гэтае прычыны зачапіць арганізацыю „Народнае волі”, Чыкоідзэ гэтак шалёна кідаўся на яго, што той зараз жа пераходзіў ад наступу да абароны. Адбыўшы катаргу, Чыкоідзэ апынуўся ў Якуцкай вобласьці, насуперак закону, які забараняў ссылаць каўказцаў у Якуцкую вобласьць, як занадта шкодную ім па клімаце. Чыкоідзэ не палічыў для сябе магчымым дамагацца перасяленьня на поўдзень і, толькі атрымаўшы права прыпісацца да сялян, узяў пашпарт, як „селянін са ссыльных сяла Добрага”, і выбраўся ў Іркуцк, дзе думаў і асесьці. Ён ужо тагды быў сур’ёзна хворы на сухоты, але Іркуцк, як сталіца генэрал-губэрнатарства, старанна „ахоўваўся ад крамолы”, і яму не дазволілі заставацца ў Іркуцку. Даведаўшыся аб гэтым, Чыкоідзэ разьюшыўся. Ён заявіўся да генэрал-губэрнатара Гарамыкіна, на ўвесь Сыбір вядомага сваім свавольствам, і гэтак на яго насеў, што той зьбянтэжыўся і згодным тонам спытаў:
    — Дык чаго ж вы, нарэшце, хочаце?
    — Толькі таго, каб раз назаўсёды пазбавіцца вас і выехаць з вашага генэрал-губэрнатарства. Гэта ўзьдзейнічала. У той жа дзень Чыкоідзэ была прыслана да хаты адпаведная паперка, і ён выехаў у Курган. Але ўжо было позна. Праз некалькі месяцаў ён памёр.
    Аб ім захавалася вельмі мала ўспамінаў. Ён ня быў выдатным дзеячам, але быў рэвалюцыянэрам да апошняе костачкі... Сьледам за Чыкоідзэ да Долераў прышлі іншыя таварышы: М. В. Коган-Бэрнштэйн, з маленькім сынам Міцяй, які ўвесь час дзівіўся, што „ўсе маміны знаёмыя прыходзяць да яе з турмы”, Сьвітыч, Гаварухін...
    Апрача таго, што ўсё яны былі ссыльныя, наўрад ці што-небудзь яшчэ зьвязвала іх аднаго з адным.
    Натальля Восіпаўна яшчэ не адчуняла яд няшчасьця, што насьцігла яе...
    Сьвітыч, апавяданьне якога было надрукавана часопісе „Русское богатство”, лічыў сябе больш за літаратара, чым за ссыльнага, і з усімі гаварыў толькі аб новых бэлетрыстычных нарысах, якія ён падрыхтоўваў.
    А Гаварухін, які па неасьцярожнасьці забіў аднаго з таварышаў па ссылцы і быў засуджаны на год турмы за „неасьцярожнасьць з агняпальнаю зброяй”, панура соўгаўся на горадзе, асьцярожна гутарачы з таварышамі, нібы баючыся, што хто-небудзь зачэпіць гэтую справу.
    Жывая гутарка, якая разгарэлася пасьля надыходу Чыкоідзэ, у меру зьяўленьня пералічаных таварышаў, паступова сьціхала.
    Пасядзеўшы трохі, шчыра кажучы, больш для прызваітасьці, я пайшоў. 
                                                VII.  ЗНАЁМСТВА  З  ВАЙНАРАЛЬСКІМ
    У працягу трох дзён. якія я прабыў у Якуцку, я пасьпеў пазнаёміцца яшчэ з шэрагам ссыльных, з якіх, бясспрэчна, самым выдатным быў Парфір Іванавіч Вайнаральскі.
    Пры спатканьні з ім я ізноў адчуў тое самае, што і ў момант зьяўленьня на Кары. Для таго рэвалюцыйнага пакаленьня, да якога я належаў, Вайнаральскі быў легендарным героем. Яшчэ гімназістам я захапляўся ім. Чуткі аб тым, што ён ў Верхаянску заняўся гандлем, даходзілі таксама і да Кары, але ці то таму, што яны атрымаліся ў час пратэсту, ці з прычыны іншага, але яны не зрабілі вялікага ўражаньня, і для мяне Вайнаральскі па-ранейшаму заставаўся героем-рэвалюцыянэрам.
    Калі я прыехаў у Якуцк, ён жыў за сем вёрст ад гораду ў кірунку на Багародцы, на фэрме, якою ён загадваў. Я накіраваўся туды і ўжо на дарозе стаў думаць, што можа няварта ехаць на фэрму. Паабапал дарогі ў даволі вялікай колькасьці валяліся бутэлькі ад гарэлкі. Як я потым даведаўся, даволі такі часта сёй-той са ссыльных пасьля ладнае выпіванкі, узяўшы з сабою яшчэ некалькі бутэлек гарэлкі, накіроўваўся на фэрму, дзе давяршалася тое, што было пачата ў горадзе, Але ў ехаўшых часта не хапала цярплівасьці дачакацца прыезду на фэрму, і частка запасеных бутэлек спаражнялася па дарозе. Быў час, калі гэтымі выпіванкамі зухавалі. „Казачаньне” — як тагды называлі гэтае шалёнае выяўленьне п’янства — лічылася адвагаю, зухаўствам. Я застаў яго ўжо ў самым канцы. Яно зьвялося неяк само сабою незалежна ад уплыву ссыльных, якія ня прымалі удзелу ў выпіванках. Магчыма, што тая атмасфэра, якая запанавала пасьля якуцкага пагрому, зьмяніла адносіны ссыльных да выпіванак.
    У выпіванках прымаў удзел і Парфір Іванавіч, але ён не „казачыў”, не выхваляўся гэтым. Але фэрму для выпіванак даваў ахвотна, — можа, спадзяючыся хоць гэтым спосабам разагнаць тугу.
    А тое, што яго мучыла туга, кідалася ў вочы ўжо пры першым спатканьні з ім.
    Мяне ён спаткаў гасьцінна, але з нейкім асаблівым адценьнем. Гэтак сустракае чалавек у старых гадох юнака з яго захапленьнямі, а ў той час ні я ня быў юнаком, ні ён старым. Ён з нейкім; выбачлівым посьмехам слухаў маё апавяданьне аб падзеях на Кары, гэтак жа выбачліва выслухаў маё апавяданьне аб „Пралетарыяце”... Устаўляючы час ад часу якую-небудзь заўвагу, ён зьдзіўляў трапнасьцю гэтае заўвагі і тою хуткасьцю, з якою ён арыентаваўся ў пытаньні. З гэтых заўвагаў я зразумеў, што ён па-ранейшаму быў верны „народніцтву”, адмоўна адносіўся да „Народнае волі”, а яшчэ больш адмоўна — да „Пралетарыяту”... — Мала, мала ўвагі вы, „пралетарыятцы”, аддавалі сялянству.
    Але з Вайнаральскім таксама гутарка хутка спынілася. Ня было аб чым гаварыць.
    Гэтае спатканьне з чалавекам, якога да знаёмства. з ім я лічыў за бога, пакінула ў мяне прыкры ўспамін. Ён быў інтэлігентны, разумны чалавек, але ў пэрыяд ссылкі мала чытаў па грамадзкіх пытаньнях і зрабіў на мяне далёка ня тое ўражаньне, якога я чакаў. Гэтым я тлумачу цяпер сабе той свой учынак, які ня мог не зрабіць яму вялікае прыкрасьці.
    Я ўспамінаў ужо, што Вайнаральскі ў Верхаянску заняўся гандлем. Я глыбока перакананы ў тым, што ўласьцівая яму бурлівая энэргія павінна была знайсьці выхад, а скарыстаць яе ня было на што, і вось гэта штурханула Парфіра Іванавіча на думку аб гандлі. Сам ён надаваў гэтаму занятку ідэёвае абгрунтаваньне. Гэтым ён будзе перашкаджаць мясцовым гандлярам абдзіраць якутаў, а незалежна ад гэтага, маючы транспартныя сродкі, ён зможа дапамагчы ссыльным, якія захочуць уцякаць з Якуціі. І адно, і другое было ўтопіяй, але проста займацца гандлем, ня ўпрыгожваючы гэтага занятку адпаведнай ідэалёгіяй, Вайнаральскі, зразумела, ня мог. Але ён ня прыняў пад увагу самога галоўнага — таго, што ў ссылцы былі людзі маральна заняпалыя і што яны схопяцца за яго аўтарытэт, каб, робячы тое самае, што і ён, абараніць сябе ад усякіх нападаў з боку рэшты ссылкі. А гэтае якраз і здарылася. Вайнаральскі зрабіўся для гэтых заняпалых заслонай.
    Горка і крыўдна было за яго. І некалькі чалавек ссыльных, а ў іх ліку і я, зьвярнуліся да яго з калектыўным пісьмом, у якім хоць і з вялікай пашанай, але ўпікалі яго ў гэтым, ня стрымаўшыся ад зазначэньня, што занятак гандлем не падыходзіць такому рэвалюцыянэру, як ён. Відаць было, што пісьмо наша зрабіла на яго цяжкае ўражаньне. Ён нам адказаў, але не па сутнасьці, а прапанаваў тыя каменьні, якімі мы закідалі яго, захаваць і кінуць на яго ўжо блізкую магілу.
    Балюча было нам атрымаць такі адказ. Балюча і цяпер успамінаць аб гэтым выпадку.
    Тут жа я павінен адзначыць, што пры наступных спатканьнях Вайнаральскі ніколі не ўспамінаў аб гэтых пісьмах і прынамсі вонкава нічым не выяўляў, што быў пакрыўджаны.
    На фэрме я прабыў зусім нядоўга і паехаў назад у горад.
                                                      VIII.   ПЕХАТОЮ  ПА  ТАЙЗЕ
    Я не знайшоў у горадзе таго, чаго шукаў. Не знайшоў гэтага, і вярнуўшыся на Чурапчу. Чаго? На гэтае пытаньне я сам не патрапіў бы ў той час адказаць... Толькі значна пазьней гэта стала мне ясным. На Кары, як гэта ні дзіўна, быў пэўны зьмест у жыцьці, была барацьба, былі абавязкі ў адносінах да таварышаў, была падрыхтоўка да жыцьця на волі, былі нармаваныя ўзаемаадносіны.
    Пасьля пераезду на „вольнае” пасяленьне ўсё гэта парвалася, зьнікла... Ня ведаю, як іншыя, але я вельмі мучыўся гэтым датуль, пакуль не ўдалося зноў зачапіцца за жыцьцё, знайсьці хоць які-небудзь зьмест.
    На Чурапчы былі карыйцы, але ня было Кары, ня было карыйскае таварыскае згуртаванасьці. Кожны жыў сваім асабістым жыцьцём. Адны з галавою ўлезьлі ў гаспадарку, другія займаліся паляваньнем, сёй-той закапаўся ў кніжках.
    Я не знаходзіў сабе месца...
    —Пойдзем у госьці да Росьці (Росьціслава Сьцеблін-Каменскага), — запрапанаваў Гарыновіч.
    Сьцеблін-Каменскі жыў у Медзінскім улусе, за 120 вёрст ад Чурапчы. Коней у нас ня было, і трэ’ было ісьці пехатой.
    Але я ні крышкі не вагаўся, і мы пайшлі, калі не памыляюся, у чатырох: Гарыновіч, Асмалоўскі, Майноў і я.
    Ішлі па прыблізным кірунку, па вузкіх сьцежках, толькі зрэдку сустракаючы якутаў, якія паказвалі нам, кудою ісьці далей, дзе пераначаваць. Гэта было важнае пытаньне. Якуты, як агню, баяліся крымінальных пасяленцаў, якія вельмі часта плацілі гаспадарам за гасьціннасьць крадзяжамі, а то яшчэ зьдзекамі і гвалтамі.
    Як сьцямнела, мы пастукалі ў юрту, што тырчала на дарозе, але нас туды ня пусьцілі, кажучы, што тут хворыя і што за тры вярсты адгэтуль ёсьць юрта „тойёна”, багатыра, дзе нас прымуць з ахвотаю і дзе нам будзе больш зручна.
    „Вялікая юрта, — пераконваў нас нечы жаночы голас з-за дзьвярэй, — улахан тойён, вялікі багатыр, там жыве”...
    Рабіць было нечага. Мы пайшлі шукаць гэтую юрту. Справа была ў пачатку верасьня, ночы былі; ўжо халодныя, і мы зьмерзьлі.
    Якуцкая юрта прыметна здалёк. З коміну ўзьнімаецца сноп іскраў, дым адчуваецца на далёкай адлегласьці.
    Мы ішлі ўжо цэльную гадзіну, не заўважыўшы ніякае юрты...
    — Вярнуцца назад ці што? Ашукала праклятая, — разважаў Гарыновіч.
    — Няварта. Як-небудзь напаткаем нейкае жыльлё. Праз дзьве гадзіны напаткалі. Юрта была незамкнутая. Мы ўвайшлі і выклікалі сваім зьяўленьнем перапуд...
    — Сударскія, — супакойваў жыхароў Гарыновіч, адзіны з нас, які хоць трошкі ведаў якуцкую мову.
    Харчы мы цягалі з сабою. І калі мы паклалі на стол бохан хлеба, булкі, цэгліну чаю і цукар, адносіны да нас адразу зьмяніліся: гаспадыня пачала мітусіцца каля комінка і паставіла гатаваць чай, а гаспадар пачаў з намі гутарку, найперш за ўсё распытваючы, як нашы імёны.
    — Васіль — Бахілей — тут жа па-свойму паўтараў якут — Іван — Уйбан, Рыгор — Гергелей, Фэлікс — Перац.
    Апошнюю пераробку мы спаткалі сьмехам, але якута гэта не зьбянтэжыла.
    — Мама, тата барду? — Ці ёсьць матка, бацька? — дапытваўся ён далей.
    Мы адказвалі, а тымчасам вакол нізенькага стала расьселася даволі шмат народу, ласага на дармовы пачастунак... Пагражала небясьпека, што на далейшую дарогу мы застанёмся без харчоў, але Гарыновіч, якому гэта было не ўпершыню, даў кожнаму па маленькім кавалачку хлеба, а рэшту бохана сунуў назад у мяшок, але з усіх куткоў пацягнуліся жанчыны і дзеці з выцягнутымі рукамі:
    — Бэрысь (падзяліся).
    Гэтае „бэрысь” — самая пашыраная зьява ў Якуціі, і шмат хто характарызуе яе як жабраваньне. Гэта памылкова... Гэткую ж зьяву я адзначыў шмат гадоў пазьней у сайётаў — танну-тувінцаў.
    Там дагэтуль захаваўся звычай „уджа”. Кожны абавязаны дзяліцца з іншым тым, што здабыў. Гэта адна з рэштак першабытнае камуны. Патрабуючы гэтага, якуты ня просяць, не жабруюць, а патрабуюць тое, што калісьці належала ім паводле права, а цяпер — звычаю.
    Прышлося ізноў лезьці ў мяшок і надзяліць усіх прысутных. Якуты зарухаліся. Пацягнуўся да стала, ледзь перасоўваючы ногі, і зусім старэнькі якут—жабрак. Але ў сапраўднасьці гэта проста бедны, а не жабрак. Яму няма з чаго жыць, і ён корміцца ў суседзяў, пераходзячы на дзень, на два з аднае юрты ў другую. Гаспадары ня маюць права адмовіць яму ў памяшканьні і ежы.
    У юрце было парна і смуродна. Тут жа зьмяшчаліся цяляты, забягалі сабакі.
    Было позна. Гаспадары далі нам месца, як паважным гасьцям, пад абразамі, на пабудаваным каля сьцяны нізенькім палку, і хутка ў юрце запанавала цішыня.
    Усе паснулі. Толькі стары жабрак яшчэ доўга поркаўся каля комінку, грэючы старыя косьці і мармычучы аднатонную песьню аб тым, як прыехалі „сударскія” напаілі яго гарбатаю і далі ня толькі хлеба, але і цукру.
    Ледзь толькі разьвіднелася, мы пайшлі далей.
    Толькі на трэці дзень увечар мы падышлі да юрты Сьцеблін-Каменскага. Але толькі падышлі. Аддзяляла нас ад гэтае юрты рэчка. Мы ведалі, што недзе блізка павінен быць масток, але ўпоцемку не маглі яго знайсьці.
    Ня было іншага спосабу выбрацца з прыкрага становішча, як толькі пачаць гукаць, спадзяючыся, што Росьця пачуе і выйдзе на голас і дапаможа нам.
    Мы гэтак і зрабілі.
    — Росьця! Росьця! — гукалі мы і паасобку і ўсе разам. Але Росьця не адгукаўся.
    — Пачакай, я выстралю, — сказаў Гарыновіч. Але і гэта не памагло. Як мы потым даведаліся, Росьця чуў стрэл, але толькі вылаяўся:
    — Нейкі дурань, каля самай юрты страляе!
    Мы былі блізка каля самай мэты падарожжа, але дабрацца да Росьці не маглі.
    — Нічога ня зробіш. Трэ’ будзе пераначаваць у якутаў.
    Мы павярнулі назад, але на разьвітаньне Асмалоўскі яшчэ раз, больш „дзеля пэўнасьці”, чым з надзеяй на посьпех гукнуў:
    — Росьця!
    — Га? — пачулася ў адказ з таго боку. — Хто гукае? Выявілася, што Сьцеблін выпадкова ў гэты момант выйшаў на двор і пачуў гуканьне Асмалоўскага...
    Ён падбег да берагу, паказаў, дзе мост, і мы зусім змучаныя, апынуліся, нарэшце, пад яго гасьціным дахам.
                                             IX.  ЗАБОЙСТВА ПЁТРЫ АЛЯКСЕЕВА
   Я прыехаў на Кару пасьля таго, як Расьціслаў Сьцеблін-Каменскі выйшаў на пасяленьне. На сваё запытаньне аб ім я атрымліваў у большасьці выпадкаў даволі арыгінальны адказ:
    — Як вам сказаць? Росьця — гэта... Росьця. Проста Росьця.
    І вось прыдыбаўшы пехатой у Медзінскі улус, я пазнаёміўся з ім і пераканаўся, што хоць Росьця і Росьця, але далёка ня „проста Росьця”.
    Добры хлопец, надмерна рухавы, няглыбокі, зайздросна назіраючы, каб ніхто ня выперадзіў яго ў рэвалюцыйнасьці поглядаў, Росьця рабіў уражаньне вельмі павярхоўнага чалавека. Гутарка з ім нездавальняла. Ён закранаў толькі вярхі пытаньняў.
    Вельмі часта аб ім можна было сказаць паводле Някрасава:
                                                     Что последняя книга ни скажет,
                                                     То на душе его сверху и ляжет.
    Але гэтае ўражаньне атрымлівалася выключна ад гутаркі з ім. Зусім іншае ўражаньне атрымлівалася ад яго літаратурных твораў. Напісаны ім жыцьцяпіс Попко, не зважаючы на прадузяты погляд, з якім я пачаў чытаць яго, зрабіў на мяне вялізнае уражаньне. Гэта быў таленавіты нарыс, глыбока абдуманы ва ўсіх дэталях. [* Нарыс гэты перадрукаваны ў № 5 часопісу „Былое” за 1907 год.]
    Зваротнае падарожжа на Чурапчу было значна цяжэйшае за падарожжа ў Медзінскі ўлус. Выпаў сьнег, сьцежкі зьніклі, мы цягнуліся, раз за разам сьлізгаючыся, пакуль дабраліся нарэшце да сваіх хат, спадзеючыся добра адпачыць. Але таварышы, што заставаліся на Чурапчы, адразу грымнулі ў нас весткаю аб забойстве Пётры Аляксеева...
    — У Якуцкай вобласьці ўжо раней былі выпадкі забойстваў і забойстваў палітычных ссыльных, якіх або лічылі за „хайлакоў” — крымінальных пасяленцаў, як гэта было са Шчапанскім і Рубінком, якіх зьверскі зьбілі, або „па памылцы”, палічыўшы іх за іншых, як гэта было з Паўлам Арловым.
    Пётр Аляксееў быў першым палітычным ссыльным, якога забілі, ведаючы, што ён палітычныссыльны. Гэта акалічнасьць, нават калі пакінуць у баку тое, што першаю такою ахвяраю зьявіўся якраз Пётра Аляксееў, які зрабіўся вядомы на ўвесь сьвет сваім выступленьнем на „працэсе 50” [* Рабочы-тклч, які на працэсе 50 сказаў надзвычай добрую прамову, скончыўшы яе гэткімі прарочымі словамі (падаём па стэнаграме. надрукаванай у зборніку: „Речи и биографии” выд. 1907 г.): Пётра Аляксееў (гаворыць узьняўшы руку): „Узьнімецца мускулістая рука мільёнаў рабочага люду”... Старшыня сэнатар Пэтэрэс хвалюецца і, ускочыўшы, крычыць: „Маўчаць! маўчаць!” Пётра Аляксееў (узвышаючы голас): ... „і ярмо дэспатызму, акружанае салдацкімі штыхамі, разьляціцца ў прах!”...] зрабіла прыгнятальнае ўражаньне на ўсю ссылку. Шмат хто з тых, што да гэтага ніколі ня думалі аб спосабах перасьцярогі, цяпер купляў рэвальвэры. Бывалі выпадкі, што ссыльныя, кладучыся спаць, ставілі каля ложка набітую паляўнічую стрэльбу і сякеру, іншыя ні на крок не адыходзілі з хаты без рэвальвэру...
    Чурапчынцам, у сувязі з забойствам Аляксеева, давялося перажыць яшчэ нешта іншае.
    Сьледзтва па справе аб гэтым забойстве вёў „засядацель” Атласаў. Ён зьявіўся да нас, зьняў допыт з Навіцкага і разам з ім паехаў для сьледзтва ў насьлег, у якім жыў Пётра Аляксееў, і ў недалёкай адлегласьці ад яго — Пякарскі, Ёнаў і Трашчанскі. Каб дабіцца ад сьледзтва рэзультатаў, Атласаў палічыў патрэбным ізаляваць западозраных у забойстве Сідарава і Абрамава ня толькі ад іх сваякоў, але таксама і ад якутаў, баючыся, што яны праз якутаў наладзяць сувязь з тымі людзьмі, якіх трэ’ было яшчэ дапытаць і якія маглі на іх паказаць. Арыштнае памяшканьне пры Батурускай управе не давала гарантыі ў гэтых адносінах, і Атласаў атрымаў згоду Навіцкага, каб западозраныя прабылі некалькі дзён у нас на Чурапчы, у нашых хатах...
    Іх прывезьлі, і нам, што толькі нядаўна самі вышлі з турмы, давялося хоцькі-ня-хоцькі ў працягу двох-трох дзён выконваць ролю турэмшчыкаў...
    Па гэтым пытаньні ў нас узьніклі вялікія рознагалосьсі.
    І ня толькі ў нас на Чурапчы, але і ўсюды ў калёніях ссыльных Якуцкае акругі. Частка ссыльных абараняла неабходнасьць усяк дапамагаць сьледчай уладзе знайсьці вінаватых і „прыкладна пакараць” забойцаў, каб „адбіць ахвоту ў іншых”; другая частка лічыла, што як ні цяжкая для нас страта такога чалавека, як Пётра Аляксееў, ды і наогул кожнага таварыша па рэвалюцыйнай дзейнасьці і па ссылцы, але актыўна дапамагаць сьледзтву, выконваць ролю турэмшчыкаў пры існаваўшым рэжыме, які выклікаў гэткія злачынствы, ссыльным нельга. Пасьля таго як западозраных павезьлі ў Якуцк, гэтыя спрэчкі хоць і страцілі сваю актуальнасьць і набылі больш прынцыповы характар, але яшчэ доўга хвалявалі ссылку, ня прывёўшы ў выніку да якога-небудзь пэўнага рашэньня.
    Я ў той час адчуваў яшчэ сябе стопрацэнтным „арыштантам” і рэзка рэагаваў па прапанову вартаваць арыштантаў. Гэта выклікала некаторае ахалоджаньне маіх узаемаадносін з Навіцкім і Асмалоўскім, якое ў хуткім часе падштурхнула мяне падумаць аб зьмене месца пражываньня, і я, прыкрываючыся хваробаю, ізноў паехаў у Якуцк.
    Забойства Пётры Аляксеева выявіла яшчэ адну значную нязгоду паміж мною і значнаю часткаю таварышаў па ссылцы. Гэты адзіночны выпадак быў абагулены, і сёй-той узьнімаў пытаньне ў такой форме, з якой я ніколі ня мог зьмірыцца: якуты забіваюць расейцаў, і расейцам трэба рабіць захады, каб абараніць сябе. Пры гэтым ня мелася на ўвазе, чым зьяўляліся расейцы, апроч палітычных ссыльных, для якутаў. Пад уражаньнем спрэчак па гэтым пытаньні я напісаў навагоднюю казку, якую я пасьля надрукаваў ў „Сказках сибирской действительности”.
    Падаю ніжэй гэтую казку, бо яна выяўляе мае тагачасныя адносіны да сыбірскіх „інародцаў”, але тут жа павінен адзначыць, што, спатыкаючы свавольства адміністрацыі ў адносінах да якутаў, палітычныя ссыльныя адразу зьменьвалі пункт гледжаньня і рабіліся апекунамі і абаронцамі якутаў, аб чым я гавару далей.
                                                                      X. СОН
                                                              (Навагодняя казка)
    Была ноч перад новым годам. Седзячы перад ярка палаўшым комінкам, самотны, у чужым няпрыветным краі, я амаль міжвольна спыніўся думкаю на выніках году, што адыходзіў у вечнасьць... Чым успамянуць яго мае бліжэйшыя суседзі, жыхары бедных юртаў, раскіданых па ўсёй неабдымнай Якуцкай зямлі?
    Малюнак за малюнкам, нібы ў нейкім фантастычным калейдаскопе, мільгалі перад вачыма, і пачуцьцё „каючагася культурнага чалавека” ахапіла мяне...
    Нібы шукаючы абароны, я зірнуў на кніжкі, што ляжалі на палічках, але на сьпінках вокладак толькі ўспыхвалі і ізноў патухалі залатыя літары, быццам пробліскі сумленьня ў грэшніка, які пачынае каяцца... Кніжкі? Што мы з усімі нашымі кніжкамі зрабілі для іх?
    У юрце рабілася несьцярпіма. Я выйшаў. Мароз, грозна сыкаючы, шумліва запратэставаў супроць майго намеру... Я не паслухаўся яго злавеснае перасьцярогі і пры слабым сьвятле месяца цягнуўся усё наперад па знаёмай сьцежцы. Маўклівая, нібы сьмерць лясная варта голымі непакрытымі сьнегам галінамі бяз ігліц загароджвала шлях, нібы вартуючы захаваныя патаемнасьці тайгі. Я раз-по-разу адхіляў іх у бок, і рэзкі сухі трэск ад ламаньня галін чуўся па лесе. Ізноў усе сьціхала, толькі ззаду нехта ўсе сыкаў — гэта замярзала маё ўласнае дыханьне.
    Непрыкметна цьвёрдая натоптаная сьцяжынка зьнікла, і я ўгрузнуў у сьнезе. Толькі тады магутна гаварыў інстынкт: хутчэй на дарогу, дамоў, да цяпла і сьвятла, да жыцьця. Але я грузнуў ўсё болей і болей, падаў, натыкаючыся на схаваныя пад сьнегам пні, уставаў і зноў падаў. Карэньні паўзучыя хапалі мяне за ногі, я блытаўся ў хмызьняку і з усяе сілы змагаўся з гэтым маўклівым, але страшным ворагам, пакуль нарэшце ня выбіўся на сьцяжынку і, змокшыся, сеў на пень, што тырчаў з пад сьнегу...
    Месяц схаваўся за дрэвамі, і праменьні яго нібы крадучыся, прайшлі на сьцяжынку. Густы туман слаўся па сьнезе, па кутох, па дрэвах, патроху закрываючы сабою ўсё, і нярухома стаў перада мною. Раптам па яго малочным фоне нешта як быццам заварушылася. Я ясна ўбачыў перад сабою... жанчыну. Адбывалася нешта нязвычайнае... Яна нахілялася да мяне, і лагодна ўсьміхаючыся, спыталася:
    — Ці пазнаеш мяне?
    Толькі тады я пазнаў яе... Так, гэта была яна, таямнічая шаманка Туаярыкса-Кэо-Удаган... Русыя, хвалістыя валасы яе, нібы ружовы шоўк, спушчаліся ніжэй поясу; лоб блішчаў нібы адшліфаванае срэбра; выгнутыя над чорнымі пяшчотнымі вачыма бровы чарнеліся, нібы хвост камчацкага собалю; на абедзьвех шчаках, нібы два чырвоныя лісы, іскрылася чырвань; за тонкімі губамі сьвіціліся белыя, як срэбра, зубы, а прамы нос падобны быў да бядровага шпіку шасьцітраўнага каня.
    Праз адзежу бялела скура, праз цела блішчэла косьць, праз косьці сьвіціўся прывабны шпік [* Апісаньне красуні запазычана з запісанае мною ў Намскім улусе казкі „Дзіцятка-сірата”]...
    — Ці бачыш ты маленькую зорачку, што блішчыць праз туман? — ізноў спытала шамапка. — Гэта тая сьлезка, якую ты роніў, успамінаючы аб нашай ліхой долі... Чым часьцей вы, нуччы (расейцы), будзеце роніць гэткія сьлёзкі. чым болей будзе гэткіх зорачак, тым шчасьлівейшым будзе саха (якут) і вы самі...
    — Ці пойдзеш са мною?
    Я моўчкі згадзіўся.
    Лес рабіўся ўсё радзейшым і радзейшым. Мы вышлі на вялікі луг.
    — Глядзі...
    Перад намі быў натоўп людзей, узброеных толькі лукамі ды стрэламі. Гэтыя людзі адчайна бараніліся ад іншых, якія стралялі ў іх з пушак і стрэльбаў. Нібы шышкі ўвосень у тайзе падалі якуты, росячы сваёю крывёю родную зямлю... Перадсьмяротныя стогны параненых, плач жанчын і дзяцей, уздыханьні старыкоў поўнілі паветра.
    — Стойце, стойце! — закрычалі пераможаныя, кідаючы гурты футраў пад ногі пераможцаў.
    Стрэлы спыніліся. Усе сьціхла. Толькі здалёк жаласна стагналі ўдары шаманскага бубна ды зычныя ўсклікі занятага заклёнамі аюна (шамана).
    — Пойдзем туды!
    У юрце шаман заклінаў грозную бабулю, каб яна адступілася ад душаў хворых, што ляжалі у юрце... Абяцаў афяры... Але сьмерць не чакала...
    Мне стала жудасна.
    Гэта яшчэ што? Гэтыя памруць — народзяцца іншыя, здаровыя. А вось з гэтымі што рабіць?
    Мы апынуліся сярод пакрытых каростай сыфілітыкаў.
    — Вось дзе няшчасьце — сумна сказала шаманка. — Тут ўсё загінула: і яны, і дзеці іх, дзеці дзяцей... Загінулі яны, загінуць і ўсе тыя, да каго яны даткнуцца, загінем і мы ўсе, калі толькі... Я ня пытаўся: „калі толькі што”?
    — А гэта ня сыфіліс, але гэткая ж зараза — ізноў загаварыла шаманка, паказваючы на новы малюнак.
    У закуранай юрце, на расьцеленай падлозе „соні” [* Верхняя вопратка якутаў] гулялі ў зашмальцаваныя карты некалькі п’яных якутаў. Час ад часу гульня спынялася, і гасьцінны гаспадар-пасяленец падносіў гульцам гарэлку...
    — Гэтага бяз вас мы таксама ня ведалі...
    І зноў усё, што было у юрце, зьнікла, як здань, з замянілася іншым малюнкам.
    У куце, за сталом, пад абразамі сядзеў „тоён”... Побач з ім пісар з пасяленцаў, а перад імі ў рызманох з дабы нейкі зьмізарнелы іеронас (бядняк)
    — Памажы, тоенум (пане), зьлітуйся! — прасіў якут. — Апошняя кароўка гіне.
    Ты ж ня хочаш, догор (сябар). Што магу, тое раблю. Не адмаўляю. Бяры хоць воз сена, хоць два... Зараз і расьпіску напішам.
    — Вазьмі хоць тры за адзін... Пяць не магу... Ізноў бяз сена застануся...
    — Як хочаш... Ты ж вольны чалавек...Твая воля...
    — Стой! Супакойся! — дагнала мяне шаманка.
    — Ня муч, не магу! — узмаліўся я.
    Але яна ізноў узяла мяне за руку, і, паказваючы маленькія яркія зорачкі, што нярухома стаялі над намі, ізноў пачала гаварыць...
    — Бачыш — гэта ўсё тыя самыя сьлёзы каяньня.., ... Ты ые адзін. Але пакуль гэта толькі сьлёзы, яны нас ня выратуюць... Грахі не сьлязьмі збаўляюцца. Пара пачаць справу. Пара прачынацца. Прачніцеся!..
    — Прачніцеся, ды прачніцеся ж! — будзіў мяне таварыш, які прыйшоў да мяне, каб разам спаткаць новы год.
                                       ХІ.  УЦЁКІ  ЦОБЕЛЯ  І  БАГРАНОЎСКАГА
    Было гэта ў пачатку лістапада. Па сьвежым санным шляху ў Якуцк назьяжджалася шмат ссыльных: Клёнаў, Чыкаідзэ, Сіповіч, Тонышаў, Грынбэрг — амаль увесь Намскі, ці як яго жартліва называлі, — „дамскі ўлус”... З Калымску ў гэты ж час прыехалі Сасноўскія, з Чурапчы — Малдаўскі. У самым горадзе жылі: Фрэнкель, Віташэўскі, Макар Папоў, Гаварухін, пераехала на сталае пражываньне Н. В. Коган-Бэрнштэйн. Жыцьцё літаральна кіпела, хоць не рэвалюцыйнае, але будзёнае. Людзі адведвалі адны адных, вялі ажыўленыя размовы, наведвалі аматарскія спэктаклі, што ладзіліся верхавінаю мясцовага чыноўніцтва на чале з саветнікам абласнога кіраўніцтва Мелікавым.
    Прабыўшы шмат гадоў на катарзе і ссылцы, людзі адчувалі прагу да культурнае забавы і таму ставілі вельмі малыя патрабаваньні выступаўшым на сцэне артыстам і толькі, часам, калі „тэатральнае дзейства” яго прыналежнасьці занадта рэзка сьведчылі, што ўсё гэта адбываецца ў Якуцку, за 200 вёрст ад лініі тэлеграфу, гледачом са ссыльных рабілася прыкра ад гэтага сурагату. Помніцца адна кур’езная сцэна.
    Заля поўная. Публіка нецярпліва чакае пачатку і тупаньнем падганяе артыстаў. У гэты час узьнімаецца заслона і... суфлёр ракам паўзе ў сваю будку...
    Сякія-такія ўскосныя адносіны да гэтых спэктакляў мелі таксама і... палітычныя ссыльныя. Ставілася п’еса Карпава. Яго сястра, ссыльная Вера Паўлаўна Сьвітыч, лічыла сваім абавязкам прысутнічаць у тэатры пры прадстаўленьні п’есаў Карпава і нейкі жартаўнік па адной з афішаў прыпісаў:
    „У антрактах сястра аўтара будзе плакаць горкімі сьлязьмі”...
    Ва ўсім гэтым адчувалася пэўная бесклапотнасьць. Сакавіковая навальніца мінулася, хмараў на палітычным небасхіле ня было, наадварот сьцьвярджаліся ранейшыя невыразныя чуткі аб пераводзе ў іншае месца вінавайцы Якуцкага пагрому Асташкіна. Публіка была спакойна і карысталася гэтым спакоем.
    Не парушыла гэтага спакою і няўдача ўцёкаў Цобеля і Баграноўскага, якія спусьціліся на чайцы ўніз па Лене, а пасьля плылі ўдоўж берагу па Ледавітым акіяне, але заблыталіся ў дэльце р. Яны і там былі злоўлены. Іх прывезьлі ў Якуцк, і яны ў турме чакалі „пакараньня” ад улады, якая ў той час зьверх чаканьня не надала сур’ёзнага значэньня гэтай справе, але зрабілі выгляд нібыта вераць тлумачэньням Цобеля і Баграноўскага, што іх зьнесла вада ў часе рыбачаньня. Адміністрацыйна-ссыльны Цобель, якому канчаўся тэрмін ссылкі, па загадзе адміністрацыі быў адведзены назад у Намскі ўлус на сваё старое месца, а Баграноўскага саслалі ў Верхаянск. Яго кіпучая натура не магла зьмірыцца з умовамі Верхаянскае ссылкі. Уцёкі з Верхаянску, як паказалі спробы Серашэўскага і іншых, а таксама і ўласная спроба самога Баграноўскага — на Лене, былі немагчымы Баграноўскі засумаваў і скончыў жыцьцё самагубствам...
    Я пазнаёміўся з ім у турме, куды трапіў па такой прычыне.
    Яшчэ ў 1884 годзе, калі адбываліся перагаворы паміж „Пралетарыятам” і „Народнай воляй” аб вядомай згодзе паміж дзьвюма партыямі я, як прадстаўнік цэнтральнага студэнцкага гуртка, напісаў праект адозвы да студэнцкае моладзі. У адозьве тлумачылася значэньне гэтага паразуменьня і рабіўся заклік да моладзі ўсімі сіламі падтрымліваць саюз польскіх рэвалюцыянэраў з расійскімі. Адозва гэтая ня была надрукавана ў сувязі з арыштамі ў Варшаве, але недзе захавалася ў архіве ў рукапісным выглядзе. Калі адбываўся суд над „Пралетарыятам”, уладам ня было вядома аб існаваньні гэтае адозвы. Дзе яе потым знайшлі, — ня ведаю, але як толькі яна апынулася ў руках жандараў, яны адразу па характары пісаньня пазналі, што яна напісана мною і па нейкіх меркаваньнях паведамілі іркуцкаму генэрал-губэрнатару Гарамыкіну аб яшчэ адным доказе мае „шкоднае” дзейнасьці.
    Ці тут вінаваты чыноўнік, які дакладваў аб гэтым Гарамыкіну, ці то сам генэрал-губэрнатар няўважліва прачытаў атрыманую паперку, але ў яго атрымалася ўражаньне, што нібыта я, ужо як знаходзячыся ў даручаным яго догляду краі, напісаў такую „злачынную” адозву.
    Як чалавек вельмі рашучы, ён тут жа загадаў неадкладна арыштаваць мяне і саслаць у Верхаянск.
    Ня маючы аб гэтым ніякага ўяўленьня, я спакойна карыстаўся „перадышкаю”, што выпала на маю долю, а з прычыны таго, што катарга вельмі грунтоўна расхістала маё здароўе, дык і лячыўся энэргічна...
    Арыштавалі мяне на вуліцы і хацелі проста весьці ў турму, але я дамогся свайго, зайшоў на кватэру Коган-Бэрнштэйн, дзе тагды часова жыла і Хрыстына Грынбэрг, і потым ужо накіраваўся ў вастрог.
    Мой арышт выклікаў сярод пэўнае групы ссыльных трывогу. Стан майго здароўя ў той час быў такі, што высыланьне мяне ўзімку ў Верхаянск не магло не адбіцца на ім вельмі сумна. Доктарская камісія, якая зьявілася ў турму, каб агледзець мяне, знайшла ў мяне n+1 хваробаў, і прабыўшы у турме адзінаццаць дзён, я ізноў апынуўся на волі і толькі тагды даведаўся — і то неафіцыяльна — аб прычынах арышту...
                                                    XII.  ЖЫЦЬЦЁ  Ў  ЯКУЦКУ
    Выйшаўшы з турмы, я на некалькі месяцаў ізноў стаў жыхаром Якуцкае сталіцы... Тут жыцьцё ішло па-іншаму, чым у нясьлегах, але па-іншаму хутчэй па форме, чым па зьмесьце. Віташэўскі працаваў у статыстычным камітэце, Фрэнкель—у музэі, Долер займаўся сваім рамяством, сёй-той соўгаўся без заняткаў... Гарадзкая калёнія ссыльных ажывала толькі тагды, калі прыяжджалі ссыльныя з улусаў, але і гэта выклікалася вонкавымі прычынамі. Гарадзкім з гарадзкімі больш ня было аб чым гаварыць. Усё ўжо было перагаворана... А прыежджыя прывозілі новы матэрыял: аб сваіх узаемаадносінах з якутамі, з сэктантамі, з крымінальнымі ссыльнапасяленцамі і аб узаемаадносінах палітыкаў... адзін да аднаго.
    Вельмі ўдзячнаю тэмаю для ўсякіх плётак зьяўляліся паездкі некаторых улусьнікаў у с. Паўлаўскае, у якім жылі сэктанты-стараверы, — паездкі з выразнымі матрыманіяльнымі замерамі. Палітычных ссыльных жанчын было зусім мала, гарадзкія „нявесты” — дочкі чыноўнікаў усякіх рангаў і мясцовых абывацеляў — вельмі мала падыходзілі ў жонкі палітыкам, і гэтыя палітыкі прабавалі ў с. Паўлаўскім знайсьці сабе падыходзячых нявест... Але гэтыя пробы ня мелі посьпеху. Затое надзвычайным посьпехам карысталася кожная палітычная ссыльная, якая зьяўлялася на якуцкім гарызонце. Але як я ўжо зазначыў, гэтых жанчын было мала, а тыя нямногія, што прыяжджалі, былі ўжо замужам... Гэтым тлумачацца і тыя „часовыя шлюбы” з якуткамі, аб якіх я ўжо ўспамінаў, — шлюбы, якія прынамсі паводле маіх назіраньняў, хоць павінны былі сапсаваць узаемаадносіны з якутамі, але іх не сапсавалі. Гэтыя узаемаадносіны, калі не гаварыць аб адзінкавых выпадках, былі вельмі добрыя. У палітычных ссыльных якуты знаходзілі сапраўднае падтрыманьне ў вельмі цяжкай барацьбе, якую ім даводзілася весьці з крымінальнымі ссыльнымі і з адміністрацыяй краю. Карэспандэнцыі, што пасылаліся ссыльнымі ў газэты, стрымлівалі спрыт дзяржымордаў і хабарнікаў, час ад часу напаміналі перабіраўшым мерку адміністратарам аб некаторых ня вельмі прыемных ім, артыкулах закону... Праўда, самы блізкі орган друку — іркуцкае „Восточное обозрение” — быў за тры тысячы вёрст ад Якуцку, ды і ў гэтай газэце пры тагачаснай папярэдняй цэнзуры шмат аб чым не дазвалялася друкаваць. Але ў гэтым пытаньні ня раз выратоўвала артыкулы своеасаблівая „дэцэнтралізацыя”, што існавала тады ва ўсёй Расійскай імпэрыі.
    Газэты Заходняга Сыбіру, у прыватнасьці выдаваная Макушыным „Сибирская жизнь”, друкавала тое, чаго не дазвалялася друкаваць у „Восточном обозрении”, а ў Іркуцку друкавалася тое, што забаранялася друкаваць у Томску. Дапамога ссыльных якутам не абмяжоўвалася толькі гэтым. Ссыльныя былі іх юрысконсультамі, дактарамі, настаўнікамі і дарадцамі ва ўсіх справах, што маглі зьбіць з тропу ня толькі паўпісьменных якуцкіх „суруксутаў”, улусных і насьлежных пісароў, але таксама і людзей, якія значна перавышалі іх сваім разьвіцьцём. Вось характарны прыклад гэткіх „спраў”.
    Калі была арганізавана шырока вядомая „Сыбіракоўская экспэдыцыя”, яе ўдзельнікі каб мець магчымасьць перасоўвацца, атрымалі „годнасьць” — „супрацоўнікаў якуцкага статыстычнага камітэту”, старшынёю якога быў губэрнатар. І вось у Намскай управе былі атрыманы амаль што адначасна два загады. Першы за подпісам губэрнатара напамінаў аб тым, што палітычныя ссыльныя без асобнага на тое дазволу ня маюць права выяжджаць са свайго насьлегу, і абавязваў управу ня толькі даглядаць за гэтым, але і вытлумачыць якутам, што яны не павінны даваць ссыльным коней ні дарма, ні за грошы, бо падарожжы ссыльным забаронены.
    Я быў адным з удзельнікаў экспэдыцыі, і ў сувязі з гэтым той жа ўправе даручалася даваць коней „супрацоўніку” статыстычнага камітэту Кону па першым яго запатрабаваньні. Першая паперка была падпісана губэрнатарам, другая старшынёю статыстычнага камітэту — г. зн., тым жа губэрнатарам.
    Пісар ня ведаў, што ж яму рабіць, і пастанавіў параіцца са мною. Я знайшоў выхад і параіў яму кожны раз пытацца, ці я еду ў якасьці „ссыльнага”, ці „па другой іншай лініі”...
    Пытаньняў, вырашэньне якіх залежыць ад дасьціпнасьці пісара, было шмат, І тут дапамога палітычных ссыльных часта ратавала нешчасьлівых пісараў з бяды. Калі ўзяць пад увагу, што ссыльныя былі адзіным культурным элемэнтам ва ўлусе, дык стане зразумелым, чаму ў Намскім улусе на сходзе быў зложаны „прыгавор” хадайнічаць перад начальствам, каб палітычныя ссыльныя накіроўваліся па магчымасьці ў гэты ўлус. За гэты „прыгавар” наіўным якутам дасталося нямала.
    Адносіны крымінальных ссыльных да палітычных у тыя часы былі як найлепшыя. Яны наладжваліся яшчэ пад час вандраваньня па этапах. Ужо самая прысутнасьць у партыі палітычных прымушала этапных афіцэраў трымаць сябе таксама і ў адносінах да крымінальных больш прыстойна і стрымана.
    Крымінальныя зразумелі гэта, таксама як і тое, што палітычныя адносяцца да іх як да людзей і да афяр тагачаснага рэжыму...
    І нямала здаралася выпадкаў, калі пры сустрэчы жменькі палітычных з этапным афіцэрам партыя крымінальных у 300-500 чалавек пільна сачыла, рыхтуючыся ўступіцца за палітычных, і дзякуючы гэтаму этапны бурбон, перабраўшы мерку, вымушаны быў адступаць.
    Гэтыя добрыя адносіны крымінальных да палітычных праіснавалі да 1905 г. і зрабіліся такімі традыцыйнымі, што калі палітычны адзін трапляў у турму, у якой былі крымінальныя, яны бралі яго ў апеку, часта адрываючы ад свайго мізэрнага пайка каб дапамагчы палітычнаму. У свой час гэтую апеку адчувалі Куцітонская, ізаляваная пасьля яе стрэлу ў губэрнатара Ільляшэвіча, Кавальская і інш.
    Адносіны на пасяленьні мелі ўжо іншы характар. Крымінальныя, расьселеныя адзінкамі па ўсёй акрузе, разбэшчаныя турмою, вельмі мала прыдатныя да аселага жыцьця, то адыходзілі на работу на капальні золата, то вярталіся ў улус абадраныя, мізэрныя, часта галодныя, каб садраць некалькі рублёў з якутаў, і на палітычных глядзелі, як на людзей, у якіх можна было сім-тым разжыцца, а часам і прымасьціцца.
    Сярод гэтых крымінальнікаў былі забойцы, рабаўнікі, у вялікай колькасьці канакрады, але я ня ведаю ніводнага выпадку нават крадзяжу ў палітычнага, ня гледзячы на тое, што дробныя і буйныя крадзяжы ў якутаў і нават забойствы якутаў крымінальнікамі былі даволі частаю зьяваю.
    Рабілі гэтыя забойствы і крадзяжы амаль выключна маладыя крымінальнікі, якія ўсяго толькі год, або два прабылі ў ссылцы ў Якуцкім краі; больш паджылыя жабравалі, жывіліся ў якутаў на правох жабракоў, а паасобныя шчасьліўцы на старасьці гадоў знаходзілі прытулак у палітычных, дасканала разьбіраючыся ў іх, загадзя ведаючы, хто ім не адмовіць у прытулку...
    Асабліва быў вядомы ў гэтых адносінах сасланы на пасяленьне па справе Данілава Аляксандар Аляксандравіч Сіповіч, студэнт-мэдык, аб дзейнасьці якога сярод якутаў пісаў ужо ў часопісе „Каторга и ссылка” Нікіфараў. [* № 1 за 1925 г.]
    Крымінальнікі-башкіры, што жылі ў блізкім суседзтве з ім у Мадуцкім насьлезе Намскага ўлусу, прыходзілі да яго з даволі кур’ёзнымі ні то заявамі ні то пытаньнямі:
    — Ці то я ў цябе рубель вазьму, ці то два...
    У тым, што ён „возьме”, ён не сумняваўся, усё пытаньне было толькі ў тым, колькі ён „возьме”.
    У Сіповіча на кухні з году ў год зімаваў адзін стары ўжо крымінальнік, сасланы яшчэ пры Мікалаю I. Тып гэты ўжо тагды зьнікаў і таму выклікаў ва ўсіх нас жывую цікавасьць...
    Складны, прыгожы, — ён ў маладосьці павінен быў зьдзіўляць усіх сваёю прыгожасьцю...
    — Эх! — уздыхаў стары, — добрыя часы былі. Паставіць гэта цябе пан з пяцісьвечным ліхтаром у руцэ, калі ў яго баль, значыцца, і ты ні то што паварушыцца, уздрыгнуць нават праз увесь вечар ня сьмей... Стаіш, як матка парадзіла, а на цябе заглядаюцца.
    Ён расчульваўся пры гэтых успамінах. Ні абурэньня, ні злосьці. Пан валодаў ня толькі яго целам, але таксама душою, ператварыў у нявольніка, здаволенага тым, што ён нявольнік...
    — І любіў жа мяне пан — з гонарам успамінаў стары мінулае — жорстка любіў. Праштрафішся, ці што — дык сам прысутнічае пры лупцаваньні...
    Аб гэтым ён гаварыў ахвотна, але як толькі хто-небудзь паспрабуе даведацца, за што ён трапіў у Сыбір, ахвота гаварыць у старога зьнікае. Тут у ім выяўляецца валацуга, які „ня памятае сваяцтва” і старанна хавае сваё мінулае...
    Гэта быў пасьледак прыгону...
    У Якуцкай вобласьці мне давялося наткнуцца яшчэ на іншых „пасьледкаў” былых удзельнікаў польскага паўстаньня 1861-63 гг. Шмат з іх зьвярнуліся на бацькаўшчыну па амністыі 1883 г., але шмат ужо моцна аселі ў Сыбіру і не скарысталі магчымасьці вярнуцца у Польшчу, не жадаючы, як яны казалі, — „пачынаць жыцьцё нанава”. Але вялікі працэнт тых, якіх пацягнула на бацькаўшчыну, якія часта разараліся матэрыяльна, каб мець магчымасьць зьвярнуцца, расчараваліся і прыехалі назад. Рамантыкі, якія дзесяткі гадоў жылі думкамі аб Польшчы і аб барацьбе, у якой яны прымалі ўдзел, яны пасьля звароту былі зьбянтэжаны тым, што яны там засталі: і прымірэнчымі адносінамі да царскага ўраду, і пагоняй на усходнія рынкі, у афяру якім было аддадзена ўсе...
    З вялікім смуткам успаміналі паўстанцы аб прычынах, што выклікалі іх зварот у Сыбір.
    — Няма там для нас месца...
    А ў Сыбіру ім таксама было цяжка пазіраць на зусім заняпалых сваіх ранейшых таварышаў па барацьбе. Адны выбіліся наверх, разбагацелі і сталі вядомы на ўвесь Сыбір сваім эксплёататарствам, іншыя пайшлі на службу ў паліцыю, яшчэ іншыя зрабіліся крымінальнікамі. З адным прадстаўніком апошняе катэгорыі мне давялося пазнаёміцца і пад першым уражаньнем накідаць нарыс, надрукаваны пасьля ў маіх „Сказках из сибирской действительности”, выданых у 1902 г. ў Томску. Гэты нарыс я перадрукоўваю тут, бо праз 40 год я не патрапіў бы так, як тагды абмаляваць усё тое, што давялося перажыць.
                                                            ХІІІ.  БЯЗДОЛЬНЫ
    Прыгожая ж вясна ў Якуцкім краі. Сонца, нібыта ва ўзнагароду за доўгую адсутнасьць, амаль ня сходзіць з гарызонту. Сьнегавы саван, што ўхутваў адубелую зямлю ў працягу доўгіх месяцаў, зьнікае ўвачавідкі; дрэвы страсаюць з сябе рэшткі сьнегу і выпростваюць занямелыя члены; зямля хутка пакрываецца травою і кветкамі; на нядаўна яшчэ скаваных лёдам вазёрах, якія зіхацяць цяпер на сонцы, купаюцца і плаваюць птушкі, вярнуўшыся з выраю...
    Яшчэ ўчора тут панавалі змрок, цішыня і холад; сёньня — гоман, сьвятло і цяпло. За некалькі дзён аджыло ўсё: расьліны, жывёлы і людзі...
    У гэткі час нахіленыя сьцены якуцкае юрты ціснуць, нібы турэмныя сьцены. Цягне ў лес, у поле, на вольную волю. Пацягнула таксама мяне. Закінуўшы на плечы стрэльбу і клікнуўшы сабаку, я накіраваўся ў тайгу. Таямнічы шолах лесу, зялёнасьць лугоў, зіхаценьне на сонцы раўчакоў, блакіт неба, што купаецца ў вазёрах, — выклікалі ў мяне дзіўнае пачуцьцё: мне так і здавалася, што да гэтага аркестру далучаюцца, плывуць здалёк гукі пастуховае жалейкі... у галаве ўваскрасалі малюнкі даўно пакінутае бацькаўшчыны...
    „Боже, что Польшу родимую нашу”... нечакана пачулася сьпеваньне недалёка ад мяне... Я здрыгануўся, спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Лес па-ранейшаму таямніча шапацеў, птушкі сьпявалі, але чалавечага сьпяваньня ня чуваць было... Я вырашыў, што гэта галюцынацыя, і накіраваўся далей, сабака з брэхам кінуўся ў кусты, адтуль пачуўся брэх іншага сабакі, а ўсё гэта пакрыў гучны голас сьпевака:
                                                     „Холили, лелеяли столь долгие годы"...
    Ня памятаючы сябе, са сьпевам: „Ныне к тебе мы возносим моления”, я кінуўся ў гушчар. Нявідомы зямляк, таксама са сьпевам, імкнуўся да мяне насустрач і некалькі момантаў мы гэтак беглі, напаўняючы дзікую тайгу гукамі роднага гімну.
    Але вось сабакі спаткаліся, а з-за галін зірнуў на мяне жоўты зморшчаны твар чалавека з бліскучымі вачыма. Маленькія рыжыя вусікі, казьліная бародка і доўгія цёмныя валасы, што спушчаліся на патыліцу, неяк дзіўна выдзяляліся на зялёным фоне мадрыновых галін.
    Сьпеў нас ужо пазнаёміў; мы ад душы прывіталіся.
    — Пан даўно тут? — спытаў мяне зямляк.
    — Два гады...
    Яго твар спахмурнеў: ён зьбянтэжыўся і змоўк. Я адрэкамэндаваўся, ён у адказ назваў сваё прозьвішча:
    — Войцек Комар...
    Адразу высьветлілася ўсё. Гэта быў адзін з тых землякоў, з якімі я не хацеў знаёміцца. Пасьля выхаду з катаргі паселены ў адной з вёсак на беразе Ангары, ён адкрыў там карчму, якая ператварылася потым у вядомае ў ваколіцы зладзейскае прыстанішча. Калі яго падлавілі на скупцы крадзеных рэчаў, дык саслалі ў Якуцкую акругу, але ён і тут, у адным з насьлегаў, працягваў ранейшы занятак: спойваў якутаў і пасяленцаў і скупаў за бясцэн украдзеную ў ваколіцы скаціну.
    Мабыць расчараваньне міжвольна адбілася на маім твары, бо Комар зьбянтэжыўся яшчэ больш і, жадаючы жартам замаскаваць гэта, сказаў:
    — Мабыць, мала тут камароў, дык прыслалі яшчэ аднаго...
    Становішча маё было непрыемнае: бліжэй знаёміцца з Комарам было гідка, а павярнуцца і пайсьці пасьля таго, як мы гэтак ад душы прывіталіся, было немагчыма.
    Я ў Другі раз працягнуў яму руку і запрасіў да сябе, але ён упарта адмаўляўся, і мне так і не ўдалося яго пераканаць.
    Гэтая капля ганарыстасьці, што захавалася ў ім, узмацніла ў мяне рашэньне бліжэй пазнаёміцца з ім.
                                                                                    *
    Праз некалькі дзён пасьля гэтага спатканьня мне запатрэбілася зьезьдзіць у горад. Я скарыстаў гэты выпадак, каб адведаць Комара, збочыў з дарогі і па капрызьліва закручанай лясной дарожцы выехаў на бераг вялікага возера, на процілеглым боку якога тулілася ахайная, акуратна абмазаная глінаю юрта Комара. Забрахалі сабакі; заіржалі сытыя коні, што пасьвіліся на лузе; мой конь адказаў ім; гаспадар выбег з юрты, адсунуў жэрдкі, што служаць узамен брамы, і прывязаўшы каня да слупа, прывёў мяне ў юрту. Двое якутаў, што сядзелі на „ороне” [* Няруховы ложак у юрце] з цікавасьцю ўтаропіліся на мяне. Пасяленец, што валяўся, моцна “пад мухаю”, на другім „ороне”, прыўстаў.
    Гаспадар, відаць, здаволены, запрасіў мяне за стол і са славамі: „з дарожкі” —прынёс бутэльку гарэлкі і заедкі.
    Але не пасьпелі мы нават дакрануцца да яе, як да стала падышоў пасяленец:
    — Пане, галубе! Налі на дзесятку!
    — Адчапіся!
    — Налі!
    — Адчапіся кажуць табе! — узвышаючы голас, крыкнуў на яго Комар.
    Якуты, што туліліся ў кутку, аб нечым паміж сабою гаварылі. Мяркуючы па частым паўтараньні слова „аргы” (гарэлка), гутарка датычыла таесамае справы. Гаспадар быў зьбянтэжаны.
    — Дай, божа, здароўя! — стукнуўся ён чаркаю са мною, бязбожна калечачы мову.
    Пасяленец ізноў падышоў да стала.
    — Налі на дзесятку.
    Канчаткова зьбянтэжаны Комар узяў з яго рук дзесятку, паклаў на стол і асьцярожна капнуў на яе з бутэлькі.
    — Наліў! — зьвярнуўся ён да пасяленца, стараючыся сьмехам прыкрыць зьбянтэжанасьць. Той пачаў лаяцца з апошніх слоў. Комар раззлаваўся, схапіў яго і выпхнуў за дзьверы. Перапалоханыя якуты ад аднаго слова „баратур” (вон пайшоў) кінуліся да дзьвярэй. Комар вярнуўся да стала, наліў вялікую чарку гарэлкі і выпіўшы, пачаў жаліцца па „поскудзь”, якая ніколі не дае яму спакою. У часе гутаркі ён піў даволі часта, і ў меру таго, як з бутэлькі зьнікала гарэлка, зьнікала таксама яго зьбянтэжанасьць...
    — Пазірае пан на мяне і галавою ківае, чаму я п’ю... І думае пан, што я кепскі чалавек... Ведаю я гэта, ведаю... І я быў бы добры... Чаму не... Ай-ёй. Як бы мне хто гэтак з дому прыслаў, як іншым прысылаюць, і я быў бы добры... Сядзі, сабе дома нічога не рабі... гм... і я быў бы добры... Ай-ёй... I іншым даваў бы...
    Я пазіраў з цікавасьцю, не перапыняючы яго.
    — Вось, пан — пачаў ён ізноў — тут два гады, а ў пана ёсьць і конь і юрта добрая, і дубальтоўка і рэвальвэр... А я? Колькі гадоў на адным жытнім хлебе сядзеў, пакуль купіў усё, што пан тут ў мяне бачыць... Колькі я ў скапцоў напрацаваўся! А пан ведае, што гэта азначае працаваць у скапцоў? І ўсе жылы выцягнуць, і з гразёю зьмяшаюць, І бяз гроша пусьцяць... А я ў іх працаваў. І ў якуцкіх “тоёнаў” (багатыроў) працаваў... „Хайлаком” [* Хайлак - пасяленец] лаялі, як скаціна жыў, але працаваў. Але пра гэта ніхто ня спытае, а пра гарэлку кожны. Ксёндз прыедзе, кажа „грэх”, доктар сароміць, іншыя палякі з „карчмаром” зусім знацца ня хочуць... Ён усё болей і болей хваляваўся.
    — А як я гарэлкаю гандляваць ня буду „бурдуку” [* Бурдук - хлеб] ніхто дарма ня дасьць, „харчоў” [* Харчы — грошы] таксама ня будзе... А я досыць напрацаваўся... Я таксама хачу жыць, як чалавек... А пан тут два гады жыве, але да мяне ні разу не заехаў.
    Гэты нечаканы зварот у мой бок паставіў мяне ў даволі прыкрае становішча. На шчасьце, Конар прыпамятаваў, што я ўсё ж такі адведаў яго.
    — Ну, сёньня пан прыехаў і за гэта дзякуй. Іншыя рэдка бываюць.
    Нехта пастукаў у дзьверы. Комар адчыніў.
    — Налі, пане! — ізноў зьвярнуўся пасяленец.
    — На! Бог з табою! — дабрадушна ўсьміхаючыся адказаў Комар.
    — Твой фарт! Пі!
    Гаспадар, вярнуўшыся да стала і пытальна зірнуўшы на мяне. загаварыў ізноў.
    — Пан заначуе ў мяне? Я гэтак даўно палякаў ня бачыў... — дадаў ён трохі цішэй.
    Тужлівая нотка, што пачулася ў яго голасе, прымусіла мяне застацца. Комар ненадоўга выйшаў з юрты, дагледзіў майго каня і, вярнуўшыся, пачаў распытвацца пра бацькаўшчыну, пра Варшаву, пра Плоцкую губэрню, адкуль сам паходзіў.
    Я даваў падрабязныя адказы, але відаць было, што яны яго не здавальнялі, бо ён задаваў ўсё новыя і новыя пытаньні.
    Далёка за поўнач, прасядзелі мы гэтак, паглынутыя ўспамінамі пра бацькаўшчыну, пра даўно мінулыя справы, пра сумную сапраўднасьць.
    Назаўтра я паехаў далей. Пры завароце дарогі ў тайгу недзе поблізу пачуўся жаласьлівы рык каровы.
    Нейкі пасяленец ужо замахнуўся сякераю на прывязаную да дрэва карову, але, заўважыўшы мяне, схаваўся ў кусты...
    Я міжвольна павярнуўся ў бок юрты Комара і паўтарыў:
    „Мабыць мала тут яшчэ камароў, дык прыслалі яшчэ аднаго!”
                                                                                  *
    Падарожжа ў горад цягнулася блізка два дні. Праліўны дождж, ціхі лясны гушчар, што наганяў нейкі сум, спакойныя, амаль няжывыя вазёры, густа пасеяныя магілы якуцкіх „іеранасаў” [* Іеранас - бядняк] з паламанымі крыжамі, з разбуранымі помнікамі, і самотныя помнікі якуцкіх „тоёнаў”, што час ад часу трапляліся на ўзгорках, — ўсё гэта настройвала неяк сумна і ўзмацняла тугу, выкліканую знаёмствам з Комарам.
    Адпачыўшы з дарогі, я пайшоў да доктара, аб якім успамінаў Комар і з якім я быў даўно знаёмы.
    Я каротка расказаў яму аб усім, што бачыў і чуў у Комара.
    Доктара гэта ня зьдзівіла.
    — Ці паверыце, — зьвярнуўся ён да мяне, выслухаўшы ўсё ўважліва, — гэты самы Комар некалі быў адным з найболей захопленых справаю, найболей адданых ёй. Я быў у адным атрадзе з ім... Як дойдзе да справы, вочы ў яго блішчаць, твар палае і ён, нібы львіца, што бароніць сваіх дзіцянят, кідаецца на ворага. Бывала параняць яго, кроў цурчыць, а яму нічога. А тымчасам, калі б ён тады загінуў ён быў бы паважаным героем, а выжыў... і стаў толькі Комарам...
    — Чым жа вы, доктар, вытлумачыце дзіўнае ператварэньне?
    — Жыцьцём! — з націскам адказаў доктар. — Тая проза жыцьця, аб якой мы раней нават ня думалі ужо ў дарозе напамянула нам аб сваім існаваньні. Мы змагаліся з ёю, наколькі гэта было магчыма, але што ж вы зробіце, калі кожны афіцэр, нагляднік, салдат пазіраў на мяне і на іншых, як на паноў, не зважаючы на кайданы, арыштанцкі халат і брытыя галовы, і адносіўся з пашанаю, а Комара і падобных да яго гнібіў як мужыкоў. Каму невядома, што грамадзянская герархія захоўваецца нават у турме. Але там усё ж такі была магчымасьць змагацца з гэтым, а што можна была рабіць, вышаўшы з турмы? Нас расьсеялі па такім вялізным абшары, што нават вестак ад таварышаў нельга было мець на працягу некалькіх гадоў... Тут упершыню кожны самастойна выступаў на барацьбу за існаваньне, — цяжкую жудасную барацьбу... Чужая старана... Навокала чужыя... Шмат хто ледзь гаварыў па-расейску... А жывот, звычка — патрабавалі сваё... Колькі загінула ў гэтай барацьбе, загінула ў літаральным значэньні гэтага слова, ня плямячы свайго прозьвішча! Такіх, што пераможна вытрымалі гэтую барацьбу, было няшмат. А рэшта заняпала і дагэтуль валяецца ў гразі... Цяпер шмат хто кідае ў іх камянямі... Я не магу... Я бачыў гэтую барацьбу, я ведаю гэтых пераможаных, я ведаю, як яны пакутуюць, шукаюць, але не знаходзяць выхаду.. Няхай жа Комар спрабуе наладзіць жыцьцё інакш... ды той самы пасяленец, якога вы ў яго бачылі, такое яму пакажа, што ён і жыцьцю рад ня будзе...
    Доктара паклікалі да хворага; гутарка наша спынілася, і мы разьвіталіся.
    Праз тыдзень я выехаў з гораду. На паўдарозе я спаткаў натоўп якутаў, якія канвоявалі воз, а на возе сядзеў Комар.
    — Аргы гандлюй! Інах карапчы! (гандляваў гарэлкаю, краў кароў) — вытлумачылі якуты. Я падышоў да арыштаванага і пачаў распытвацца аб прычынах арышту. Комар хістаўся.
    — Вы вінаваты!.. —- прамармытаў ён нарэшце.
    — Я! Якім чынам?
    — Бачыце... Вы сабе паехалі, а я з маімі думкамі застаўся. Успаміналася бацькаўшчына і хата, і пробашч, і так добра было чалавеку. А тут прыйшоў пасяленец, мяса прынёс, Пан ведае, якое гэта мяса?
    Я сьцьвярджальна кіўнуў галавою.
    — Ну, я ня прыняў. Ён мяса пакінуў, а на мяне данёс.
    Якуты яго паклікалі і мы з ім разьвіталіся назаўсёды.
    Доктар меў рацыю. Праз некалькі месяцаў Комара выслалі ў Калымск.
                                                       XIV.  СЭКТАНТЫ.  ПАЛІТЫКІ
    Зусім асаблівы тып ссыльных, з якімі даводзілася стыкацца палітычным ссыльным, складалі скапцы. Мэтаю царскага ўраду Было зрабіць іх адшчапенцамі нават сярод адшчапенцаў. Ім забаранялася жыць па-за межамі пабудаваных імі скапцоўскіх паселішчаў, а адначасна з гэтым расейцам і якутам не дазвалялася нават пераначаваць у скапцоў. Гэткае становішча існавала доўгі час дэ-юрэ і дэ-факта, але з цягам часу, у меру таго, як скапцы пачалі абжывацца і багацець, — мясцовае начальства, да спраўніка уключна, зьдзіраючы са скапцоў немалыя хабары, пачало больш лагодна пазіраць і на паездкі скапцоў у горад і на пражываньне ў скапцоўскіх сёлах пасяленцаў у якасьці батракоў. Калі я прыехаў у Якуцкую вобласьць, скапцы, якія раней цярпелі шмат цяжкіх зьдзекаў, былі ўжо ў вялікай пашане і ласцы ў начальства. У мінулым яны, магчыма, былі працавітымі людзьмі і ў поце твару свайго здабывалі хлеб свой, але знайшоўшы ў пасяленцах і якутах вялізныя магчымасьці для зксплёатацыі, ператварылі іх у рабочую жывёлу, а самі парабіліся ў лепшым выпадку нагляднікамі. Тое, што яны раней адпакутавалі, зрабіла іх злоснымі і мсьцівымі, але ў гэтай сваёй злосьці і мсьцівасьці яны ішлі па лініі найменшага супраціўленьня. Калісьці, яшчэ ў самым пачатку іх жыцьця ў Якуцкай вобласьці, ім давялося дорага заплаціць за хлеб — 6 ці 7 рубл. за пуд, — дык шмат гадоў пазьней літаральна злараднічалі, атрымаўшы магчымасьць, у сувязі з неўраджаем, па гэткай жа цане прадаць свой хлеб. Свае злараднасьці з гэтых абставін яны не хавалі, так што не магло быць няпэўнасьці, што злараднасьць гэтая выклікалася ня толькі прагаю збагачэньня, але таксама і злосьцю за мінулае — злосьцю, як мне здавалася, недапушчальнай незразумелаю ў членах сэкты, што рабілі сабе апэрацыю кастрацыі, каб усьцерагчыся ад спакусаў і прысьвяціць сябе цалкам богу... Але трэба прызнацца, што гэты погляд на скапцоў быў па крайняй меры наіўны.
    Шмат у каго з іх было нямала прычын для крайняе злосьці. Адных скапілі ў той час, калі яны яшчэ самі не разумелі, што яны робяць ці што робяць з імі; другія былі хітра заняволены і ў момант роспачы адважыліся далучыцца да сэкты, але пасьля таго, як, „абсыпаліся кветкі і гасьлі ўсе агні” іх веры, з праклёнамі ўспаміналі аб тым, што здарылася, а рэпрэсіі царскага ўраду ў адносінах да іх, якія яны заўважвалі навокала сябе, —не маглі не зрабіць іх злоснымі. Калі яны пасьля доўгіх пакутаў апынуліся ў Якуцкім краі, душа іх была спустошана, а цела скалечана. Гэта адбілася на іх і фізычна і псыхічна. Атлусьцелыя да агіды, асуджаныя жыць толькі ў сваім  асяродзьдзі, без надзеі на лепшую будучыню, яны жылі толькі каб багацець, каб смачней пад’есьці ды па магчымасьці больш утульна наладзіць сваё жыцьцё. Кола іх патрэбаў было вельмі невялікае, а даходы ў краі, дзе яны былі піянэрамі земляробства, — вялікія і яны хутка ператварыліся ў кулакоў... Зьява, якую рэдка можна спаткаць; усё сяло складзенае з кулакоў, што дзяруць з жывога і няжывога і нават ня спыняюцца над пытаньнем, дзеля каго і чаго яны выціскаюць астатні сок з навакольных беднякоў. Дзяцей у іх ня было і не магло быць, назьбіраныя імі маёмасьці яны не маглі перадаваць у спадчыну, і ўсё, што яны назьбіралі, пасьля іх сьмерці атрымлівала казна за выключэньнем таго, што пасьпявалі расхацяць „браты па веры”, і вось пры гэткіх умовах яны ўсё жыцьцё клапаціліся толькі аб тым, каб сабраць як найболей... Самы працэс багаценьня надаваў пэўны зьмест іх жыцьцю, па сутнасьці такому пустому, што ім прыходзілася шукаць якога-небудзь сурагату і яны знаходзілі яго ў бульварных „романах”, як яны выгаворвалі, што друкаваліся ў дадатак да часопісу „Родина”...
    — А Вера ўцякла такі з манастыра і замуж выйшла — паведамлялі скапцы адзін аднаго пры спатканьні...
    Лёс гэтае Веры цікавіў усіх, і кожны нумар „Родины” хапалі з рук у рукі, зачытвалі да дзірак, хоць на кароткі момант забываючыся аб страшнай, безнадзейнай сапраўднасьці... Інакшым гэткім сродкам забыцьця зьяўлялася гарэлка. Вера скапцоў забараняе ім піць і дзеля гэтага яны напіваліся альбо па вечарох, калі ніхто з братоў-суседзяў ня мог іх падлавіць на гэтым, альбо за „мяжою аселасьці”. Пілі з іх шмат-шмат хто, але хаваючыся адзін ад аднаго. У гэтым, як і ў іншых адносінах, скапцы былі падобны да шчэдрынскіх кумак. Аднаму са скапцоў А. А. Сіповіч выпісаў рэцэпт на каньяк — дзьве лыжкі на шклянку малака. Ад таго часу ад скапцоў адчапіцца  нельга было.
    — Аляксандар Аляксандаравіч, выпішыце гэткае ж самае лякарства, як Фэльчукову. Вельмі добра яму памагло.
    — Каньяк ці што? — сумысьля пытаўся Сіповіч.
    — А хто яго ведае...
    Усе ведалі, што каньяк, але фальшывілі і перад сабою і перад іншымі. Рэцэпт ім быў патрэбны каб легалізаваць п’янства, каб ніхто ня мог упікнуць іх гэтым. Даўно страціўшы веру, яны клапаціліся толькі аб захаваньні вонкавае аздобы, але калі хто не прытрымліваўся яе, дык усё сяло навальвалася на таго. Адносіны скапцоў да „сёстраў” выходзілі далёка за межы „братэрскіх”, але зробленая на іх апэрацыя забясьпечвала ад вынікаў... . У іншым становішчы былі „сёстры”... І калі адна з іх зацяжарала і радзіла, дык яе высялілі на край сяла і ўхіляліся ад яе, нібы ад хворае на чуму.
    Да палітычных ссыльных скапцы адносіліся далёка не аднолькава. Да тых, ад каго яны маглі мець якую-небудзь карысьць, як напрыклад да А. А. Сіповіча, што лячыў іх, лісьліва, а да іншых з вонкавай прызваітасьцю, але ня больш. Гэта не перашкаджала ім браць з палітычных за харчы, утрая.
    А мы ўсе ледзь стрымлівалі агіду да іх фізычнага і маральнага аблічча, бачачы ў іх афяр тых умоў, што існавалі пры царызьме.
    Мне асабіста давялося бліжэй пазнаёміцца з імі значна пазьней, калі я рабіў падворны перапіс у Хатын-Арынскім скапцоўскім сяле ў сувязі з вывучэньнем пытаньня аб земляробстве ў Якуцкай акрузе. Рэзультаты гэтага вывучэньня зьмешчаны ў часопісе „Записки Восточно-Сибирского отдела Русского географического общества”, у манаграфіі „Хатын-Арынскае скапцоўскае сяленьне”, дзе я зазначыў, што палітычная роля, якую яны раней адыгрывалі ў якасьці піянэраў агракультуры, ужо скончылася, і што ў далейшым як кулакі і эксплёататары яны могуць быць толькі шкоднымі.
    Я можа больш чым належала спыніўся на адносінах і да якутаў і да розных катэгорый ссыльных, але калі я цяпер успамінаю аб гэтай далёкай мінуўшчыне, дык мне робіцца зразумелым, што шмат хто з закінутых у той час на далёкі паўночны ўсход палітычных ссыльных асталіся цэлымі толькі дзякуючы таму, што яму ўдалося зачапіцца за жыцьцё, знайсьці хоць бы толькі сурагат зьместу ў вывучэньні навакольнага асяродзьдзя і ў маленькай хоць бы дапамозе слабейшым у іх цяжкай барацьбе за існаваньне.
    Будучаму гісторыку ссылкі давядзецца шмат папрацаваць над вырашэньнем пытаньня, чым выклікана тое, што з асяродзьдзя палітычных ссыльных высунулася такая вялізная колькасьць навуковых дасьледчыкаў, бэлетрыстаў, публіцыстаў і. г. д. Бо, як вядома, большасьць ссыльных ад шасьцідзесятых і да дзевяцідзесятых гадоў, калі рух пачаў набываць масавы характар — гэта студэнты, якія ня скончылі курсу, сэмінарысты і нават гімназісты...
    А тымчасам на ўсім працягу Сыбіру з году ў год высоўваліся ўсё новыя і новыя прозьвішчы ссыльных, якія што-небудзь зрабілі для навукі... Асабліва вызначылася ў гэтых адносінах Якуцкая вобласьць, аб чым сьведчыць далёка няпоўны пералік прозьвішчаў: Худзякоў, Караленка, Серашэўскі, ТрашчанскІ (артыкул аб веры якутаў), Пякарскі, Ёнаў, Віташэўскі, Юхэльсон, Лёвенталь, Майноў, Гэкер, Гарыновіч, Стэфановіч, Ястрэмбскі, Сасноўскі, Сьвітыч (двое апошніх друкавалі свае бэлетрыстычныя нарысы ў часопісе „Русское богатство”). Дыонэо (Шклоўскі), Асіповіч (бэлетрыст) і шмат іншых, не гаворачы ўжо аб журналістых, якія вельмі дзейна ўдзельнічалі ва ўсіх сібірскіх пэрыядычных выданьнях.
    Калі я пішу гэта, мне ўспамінаецца апавяданьне Рэхнеўскага аб тым, як нейкае чыгуначнае прэвасхадзіцельства прыехала рэвізаваць Забайкальскую чыгунку ў пачатку яе будаваньня.
    — Адкуль вы ў гэтай глушы дастаіцё людзей на будаўніцтва? — дьзівіўся чыгуначны генэрал.
    — З Карыйскага ўнівэрсытэту — быў адказ. Кара, як і сотні іншых турмаў, раскіданых па ўсім абшары расійскай зямлі, была ўнівэрсытэтам, у якім недавучаныя студэнты і гімназісты напаўнялі свае веды, а шмат рабочых праходзіла і пачатковае навучаньне, і гімназію, і унівэрсытэт. Гэтыя выхаванцы турмаў, выйшаўшы на волю і ня маючы магчымасьці весьці далей сваю рэвалюцыйную дзейнасьць, браліся за навуковую работу, за ўсё, што так ці інакш зьвязвала іх з жыцьцём. Шмат, каму з боку магло здацца, што ўсе гэтыя самавукі вучоныя і публіцысты аканчальна страчаны для рэвалюцыі... сёй-той сапраўды настолькі захапіўся навуковаю работай, што і пасьля звароту ў Расію вёў яе далей з такім захапленьнем, што нават хвалі рэвалюцыі 1905 году не змаглі зьняць іх з гэткае навуковае мяліны. Але гэта былі толькі адзінкі. У вялізнай большасьці ссыльныя ў часе рэвалюцыі 1905 году на справе паказалі, што яны найперш за ўсё былі салдатамі рэвалюцыі.
    Пакуль я жыў у Якуцкай вобласьці, я таксама захапляўся навуковымі досьледамі, выступаў як публіцыст і, нават, як бэлетрыст і вёў работу ва ўсіх трох кірунках, злучаючы яе з вельмі нязначнаю рэвалюцыйнаю работай, якая толькі была магчыма ў мядзьведжых куткох Сыбіру. У найвышэйшай меры характэрна, што калі аб маіх навуковых досьледах пачалі трапляцца водгукі ў друку, некаторыя з маіх ранейшых знаёмых сталі непакоіцца. Ужо ў Мінусінску я атрымаў пісьмо ад Яновіча і Стружэцкага, у якім яны з выразнаю трывогаю выпытваліся ў мяне, ці я сапраўды цалкам зарыўся ў навуку, і, атрымаўшы ад мяне адказ, прызналіся, што яны вельмі непакоіліся, што я мог ператварыцца ў сапраўднага вучонага...
    У тыя часы, што я тут апісваю, ужо сур’ёзна займаліся вывучэньнем жыцьця якутаў Віташэўскі, Пякарскі, шмат матэрыялу па вывучэньні эканомікі якутаў сабраў Лёвэнталь, спэцыяльна пытаньнем аб земляробстве ў Якуцкім краі займаўся Іохэльсон.
    Пералічаючы ўсіх гэтых асоб, я зусім сьвядома не ўспамянуў Вацлава Серашэўскага.
    Сярод дасьледчыкаў ён займаў зусім асаблівае месца.
    Як мастак, ён інтуіцыйна ўспрымаў агульны малюнак своеасаблівага якуцкага жыцьця, не дасьледуючы дакладна падрабязнасьці. На гэтай падставе яго вінавацілі ў дылетанцтве, паказваючы на шэраг недакладнасьцей і ўпікаючы яго за павярхоўнасьць. Гэтыя абвінавачваньні сьведчылі толькі аб тым, што крытыкі Серашэўскага за дрэвамі ня бачылі лесу, за падрабязнасьцямі не заўважылі цэлага, а гэта цэлае было і застаецца дагэтуль вельмі цэнным укладам у навуку.
    Серашэўскі значна больш вядомы як бэлетрыст-мастак, а не як вучоны. Але і ў бэлетрыстычных творах Серашэўскага прыкметна тая рыса, якая выклікала нездавальненьне яго навуковай работай. Каб атрымаць пажаданы эфэкт, ён настолькі не зьвяртае ўвагі на дакладнасьць, што прымушае напрыклад шамана ў поўным уборы скакаць над целам памерлага сына, хоць гэта стаіць у поўнай супярэчнасьці з вераю якутаў („На краю лесов”). У „Хайлаке” ён не здавальняецца малюнкам забойства, а дзеля эфэкту малюе дадатковы малюнак, як пасяленец хлюпаецца ў крыві забітага. Цудоўную тунгускую легенду аб тым, як чалавек дзеля выратаваньня свайго народу аддае сябе на ахвяру богу, ён псуе заключным, чыста опэрным акордам, укладаючы ў вусны старога жраца-тунгуса словы:
    „Не, не загінуў яшчэ народ, у якім б’юцца яшчэ гэткія сэрцы!”
    Усё ж такі ня гледзячы на ўсё гэта, Серашэўскі буйны мастак-плястык; апісаная ім прырода жыве, дыхае. Здольнасьць да назіраньня моцна разьвіта.
    Калі я прыехаў у Якуцкую вобласьць, некаторыя яго бэлетрыстычныя творы былі ўжо надрукаваны, Іншыя ён толькі вызначаў, плянаваў, працуючы да утомы, да зьнямогі, седзячы за сталом, на якім было пастаўлена люстэрка. У яго рабоце гэтая люстэрка адыгрывала вялікую ролю. Надаючы той ці іншы выраз свайму твору, ён пазіраў у люстэрка і ўсё заўважанае дакладна пераносіў на паперу.
    Ня гледзячы на яго бясспрэчны значны талент, літаратурная работа давалася Серашэўскаму нялегка. З ім здарылася тое, што здаралася са шмат якімі ссыльнымі палякамі. Некаторае падабенства расійскае мовы да польскае вяло да таго, што яны забываючыся на родную мову, папаўнялі яе расейскаю і стварылі нейкі расейска-польскі жаргон.
    На Кары слоўнік турмы ўзбагаціўся гэткімі выразамі Дулембы, як „кляпа ідзе” (клоп ідзе), „курыцын любоўнік” (аматар курэй) і г. д. Серашэўскі не дайшоў да гэткае „дасканаласьці”, але ўсё ж такі ў яго артыкулах як у расійскай, так і ў польскай мове патрэбны былі вельмі значныя папраўкі і замены польскіх слоў расійскімі і наадварот. У першых яго творах гэтую работу рабіла яго сястра Паўліна Серашэўская. Калі я прыехаў у Якутку, ён прасіў мяне памагчы яму ў гэтых адносінах. Я ўспамінаю аб гэтых абставінах, бо ў сувязі з імі так і засталося ненадрукаваным адно з лепшых яго апавяданьняў і па ідэі і па выкананьні з жыцьця ссыльных. Зьмест яго, наколькі ён захаваўся ў маёй памяці, такі: палітычная ссыльная, закінутая ў Якуцкі край, на адным са „станкоў” даведваецца, што недалёка ад „станка” жыве палітычны ссыльны. Яна накіроўваецца да яго, каб апавяданьнямі пра волю, пра барацьбу, што адбываецца і разгортваецца там, хоць колькі-небудзь падбадзёрыць чалавека. Яна загадзя адчувае яго радасьць ад спатканьня з таварышам, з рэвалюцыянэрам, Усхваляваная яна ўбягае да яго ў юрту... Ён зьбянтэжаны. Яна тлумачыць гэта яго адарванасьцю і ўсё больш і больш захапляецца думкаю вярнуць яго да жыцьця.
    Ён ня вытрымлівае і зьбівае яе з тропу заяваю: „Я на сьледзтве ня вытрымаў, я здраднік”...
    Далейшых падрабязнасьцей я ня памятаю, памятаю толькі, што невялікі бэлетрыстычны нарыс зрабіў на мяне вялікае ўражаньне.
    Я грунтоўна папрацаваў над ім, запрапанаваў сякія-такія зьмены і дадаткі. Серашэўскі прыняў іх, але тут жа зьбіў мяне з тропу заяваю, што ён не надрукуе гэткага апавяданьня, калі я не згаджуся фігураваць побач з ім у якасьці аўтара. Я, зразумела, ня мог згадзіцца на гэта. Ён упарта стаяў на сваім, і гэтае апавяданьне, наколькі мне вядома, так і засталося пахаваным у яго архіве.
                                                               ХV.  ВА  ЎЛУСЕ
    З Якуцку пад канец лютага 1892 году я пераехаў у Намскі ўлус.
    Дарога да самага месца майго прызначэньня — Хатын-Арынскага  насьлегу — зусім не падобна да дарогі на Чурапчу. Гэтая частка Якуцкае акругі населена гусьцей і больш зрусіфікавана. Дарога вяла праз буйное скапцоўскае сяло Кельдзянскае; часта спатыкаліся палі, побач з юртамі ўзвышаліся „расійскія хаты” якуцкіх багатыроў. Сустрэчныя якуты сяк-так гаварылі па-расейску, што не перашкаджала ім да непазнаньня зьменьваць расійскія словы. Так „тарантас” ператварыўся ў „карандаш”, „гарчыца” ў „картышу”, „губэрнатар” у “кабарнатара”... У Намскім улусе пад уплывам расійцаў косы-літоўкі выціснулі якуцкія гарбаткі... Русыфікацыя была ўсюды больш прыметная, чым на правым беразе Лены. Ды і самае падарожжа менш стамляла, бо на ўсім працягу яго можна было спыняцца адпачыць і пераначаваць у таварышаў па ссылцы, што жылі ўздоўж дарогі: у Студзінскага, Шпіркана, Розы Франк, Сіповіча, Тонышава і Сьцяпанава і нарэшце ў Чыкоідзэ і Клёнава. Толькі прыблізна на палове дарогі даводзілася для адпачынку карыстацца — за пэўную аплату — гасьціннасьцю якутаў. А з прычыны таго, што ўсе ссыльныя заўжды спыняліся ў адной якуцкай сялібе, дык гаспадыня радасна спатыкала кожнага і — трэба аддаць ёй належнае — рабіла усё, каб дагадзіць расійскім гасьцям.
    Калі дзяўчына, што дапамагала ёй, ставіла перад госьцем брудную талерку, яна выгаворвала ёй:
    — „Нучча” (расіец) любіць, каб было, чыста — і падолам кашулі, блішчастай ад бруду, чысьціла талерку або... грунтоўна вылізвала яе.
    У абарону яе магу толькі сказаць, што нават багаты „тоён”, які лічыў сябе вельмі культурным, заўважыўшы, што ў Хрыстыны Рыгораўны Грынбэрг няма лыжкі, хутка аблізаў сваю лыжку з усіх бакоў і з джэнтльмэнскім уклонам падаў ёй.
    Затое ў таварышаў можна было адпачыць як належыць. Іх сялібы нагадвалі фэрмы і ў большасьці выпадкаў блішчэлі чыстасьцю. Усе было. Не хапала толькі аднаго: жыцьця, сэнсу ў ім. Шмат хто гаспадарыў, каб жыць, і жыў, каб гаспадарыць... Па форме жыцьцё было іншае, чым на Чурапчы, а па сутнасьці — тое самае...
    Я з жонкаю — Хрыстынаю Грынбэрг — часова, да пабудовы свае хаты, пасяліўся ў хаце забітага пасяленцам якуцкага багатыра Магначэўскага, кілёмэтры за два ад скапцоўскага сяла. Гэтая хата, як на якуцкую мерку, вельмі культурна абсталяваная, па сьмерці ўласьніка дасталася ў спадчыну яго брату, зусім някультурнаму чалавеку, кулаку і п’яніцы. Атрымаўшы гэтак нечакана для сябе кватаранта, ён пастанавіў выкарыстаць становішча і, прадаючы мне ўсё ўтрая даражэй, не дапушчаў да мяне нікога хто мог бы канкураваць з ім. Усе ваколічныя якуты былі ім заняволены і ня важыліся пярэчыць яму, і я апынуўся ў варожым абкружэньні, на ласцы і няласцы гэтага кулака.
    Выбраўся я з прыкрага становішча толькі дзякуючы таму, што адзін скапец, які лячыўся ў Сіповіча, згадзіўся прывезьці мне некалькі сажняў дроў і сякія-такія харчы. Магначэўскі спачатку прабаваў іншым спосабам дамагчыся свайго. Дровы былі зложаны на дварэ і іх, па загадзе Магначэўскага проста кралі, але калі гэта не памагло, ён вымушаны быў памірыцца. Жыць мне ў яго заставалася нядоўга — у Мадуцкім улусе будавалася ўжо мая хата, якая павінна была быць скончана да пачатку чэрвеня, і калі я ўспамінаю аб гэтай барацьбе, дык толькі таму, што шмат каму са ссыльных, закінутых па адным у мядзьведжыя куткі Якуціі, даводзілася значна даўжэй весьці гэткую барацьбу. Тыя мізэрныя сродкі, якія меліся ў ссыльных, пры тых апэтытах, якія зьяўляліся на іх у якуцкіх тоёнаў, раставалі вельмі хутка, і самая барацьба ва многіх выпадках ператваралася ў барацьбу за існаваньне. Становішча пагаршалася яшчэ тым, што якуты, ведаючы аб дапамозе, якую атрымлівалі ссыльныя (аж 12 рублёў на месяц!), лічылі іх за багатыроў, за людзей, ад якіх можна пажывіцца.
    Гэтыя ж самыя тоёны да такой меры занявольвалі сваіх аднаплямёнцаў, што гэтыя, працуючы ўвесь час на іх, ня вылазілі з даўгоў і рабіліся сапраўднымі прыгоньнікамі тоёнаў, якія ў якасьці старэйшых у родзе выкарыстоўвалі гэта для яшчэ большае эксплёатацыі.
    Жыцьцё ў Якуцкім краі не адзначалася разнастайнасьцю, асабліва ўзімку. Люты мароз скоўвае чалавека.
    Ляжыш у сваёй бярлозе, ня вылазячы з яго цэлыя тыдні. І з радасьцю выбягаеш насустрач да паліцэйскага наглядніка, што прыяжджае з дапамогаю і поштаю. Цэльныя месяцы гэты нагляднік зьяўляецца адзінай сувязьзю паміж ссыльнымі і ўсёю рэштаю жывога сьвету, калі пад гэтым „жывым сьветам” не разумець якутаў, што заяжджаюць часам пагрэцца і чайку выпіць...
    Туга, якая можа давесьці да вар’яцтва...
    У адзін з гэткіх сумных вечароў забег да нас А. А. Сіповіч, што жыў зусім недалёка ад нас.
    — Выйдзіце на двор... Паўночнае зьзяньне.
    Шмат апісаньняў паўночнага зьзяньня чытаў я ў сваім жыцьці, але ніводнае з іх не дае разуменьня аб ім.
    Гэта нешта такое, што па сваёй прыгожасьці зусім не паддаецца апісаньню...
    Паўночнае зьзяньне, якое я тады бачыў, станавіла сабою паўкола, да якога зьнізу ўздымаліся слупы з іскраў, што рухаліся з неймавернаю хуткасьцю і ўвесь час зьменьвалі сваю афарбоўку. Час ад часу гэтыя слупы нібы выбухалі, і іскры рассыпаліся ва ўсе бакі.
    Гэта цягнулася 10-13 мінут, а потым ўсё патухла, і толькі малочна-белая паласа на поўначы адзначала месца, дзе гарэў гэты цудоўны малюнак...
    Я ўжо вышэй адзначыў, што ссыльныя займаліся навуковымі досьледамі... Але — і гэта вельмі характэрна для палітычных ссыльных — яны менш за ўсё займаліся вывучэньнем якуцкае прыроды.
    Іх цягнула да жывых людзей... А тым часам якуцкая прырода не магла б не захапіць сапраўдных вучоных. Узімку маразы, што даходзяць да 60° Ц і прымушаюць нават вераб’ёў пералятаць у цяплейшы край, а ўлетку гарачыня, пры якой збожжа высьпявае ў 7-8 тыдняў.
    Але было ўсё, апроч жыцьця... А мяне цягнула да жыцьця... Не зважаючы на бездарожжа, як толькі мароз адлег, я паехаў за 25 вёрст, ва „ўправу”. Пісар Шапашнікаў толькі што вярнуўся з малебства „за здароўе гасудара-імпэратара”. Выявілася, — а мы аб гэтым нічагуткі ня ведалі, — што Аляксандр III быў сур’ёзна хворы і абежнікам было загадана ўсім маліцца, каб ён ачуняў, але выявілася таксама: пакуль абежнік дабраўся да якуцкіх улусаў, Аляксандр III даўно пасьпеў „у бозе пачыць”, а якуты ўсё яшчэ працягвалі маліцца аб яго здароўі. Мне асабіста тым, што ён “у бозе пачыў” зрабіў не малую паслугу: па амністыі я атрымаў права запісацца ў „сяляне са ссыльных”, і за вядро гарэлкі і 10 рублёў быў прыпяты ў лік сялян с. Добрага, атрымаў пашпарт і ў лістападзе паехаў у санках па р. Лене ў Іркуцк. Праводзячы мяне, таварышы віталі з „удачаю”. Мароз адлёг было ўсяго толькі 40° Р.



    КОН Фелікс Якаўлевіч (30. 5. 1864, Варшава — 28. 7. 1941), дзеяч міжнар. камуніст. і рабочага руху. Чл. польск. партыі “Пралетарыят” з 1883, чл. Польск. сацыяліст. партыі (ППС) з 1904, чл. КПСС з 1918. З 1885 на катарзе ў Сібіры. З 1904 на рэвалюц. рабоце ў Варшаве, Адэсе, Мікалаеве. З 1906 чл. ЦК ППС-лявіцы. У 1914 эміграваў у Швейцарыю. 3 мая 1917 у Петраградзе. Пасля Кастр. рэв. на парт. і сав. рабоце ў Петраградзе, Харкаве, чл. калегіі Наркамата замежных спраў УССР, кіраўнік замежнага аддзела ЦК КП(б)У, чл. Часовага рэвалюц. к-та Польшчы (Польрэўкома) у Беластоку (ліп. — жн. 1920), кіраўнік польскай секцыі аддзела агітацыі і прапаганды РВС Рэспублікі. У жн. — вер. 1920 з Ф. Э. Дзяржынскім і Ю. Мархлеўскім знаходзіўся ў Мінску, удзельнічаў у агіт.-прапаганд. рабоце на Зах. фронце. У 1920 — 22 канд. у чл. Палітбюро, заг. агіт.-прапаганд. аддзела ЦК КП(б)У, сакратар ЦК КП(б)У (сак. — снеж. 1921), нач. Укр. палітупраўлення Чырв. Арміі. У 1922-23 сакратар Выканкома Камінтэрна, адзін з арганізатараў МОПРа. У 1924-30 чл. рэдкалегіі час. “Каторга и ссылка”, рэдактар газ. “Тrуbuna Radziecka” (“Савецкая трыбуна”), “Красная звезда”, “Рабочая газета”. У 1930 чл. калегіі і заг. секцыі маст. і л-ры Наркамасветы РСФСР, з 1931 старшыня Усесаюзнага к-та радыёвяшчання, з 1933 заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР, рэдактар час. “Советский музей”, “Наша страна”. У пач. Айч. вайны кіраўнік польск. рэдакцыі Цэнтр. радыё ў Маскве. Аўтар успамінаў, публіцыст. твораў, у т. л. “Крызіс буржуазнай Польшчы”, “Нацыянальнае пытанне ў Польшчы”, нарыса пра Ф. Э. Дзяржынскага.
    Літ.: Нагорна Л. Фелікс Кон. Київ, 1963; Хацкевич А. Ф. Солдат великих боев. Жизнь и деятельность Ф. Э. Дзержинского, 3 изд., Мн., 1970; яго ж. Польские интернационалисты в борьбе за власть Советов в Белоруссии, Мн.. 1967.
    А. Ф. Хацкевіч. Мінск.
    /Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VI. Мінск. 1972. С. 64./


    М. I. Шлык,
    кандыдат філасофскіх навук
                                                                   ДЗЕЙНАСЦЬ КОНА
    Жыццё віднага дзеяча польскага і міжнароднага рабочага руху, гісторыка і публіцыста Фелікса Кона (1864-1941 гг.) прысвечана барацьбе за вызваленне рабочага класа. Глыбокая вера ў сацыялістычную рэвалюцыю прывяла яго ў рады актыўных яе ўдзельнікаў у 1917 г. Прайшоўшы суровую школу класавай барацьбы, ён меў шчасце працаваць з У. I. Леніным. У 1922 і 1923 гг. быў сакратаром Выканаўчага Камітэта Камінтэрна. Уступіўшы ў рады РКП(б) у 1918 г., ужо ў 1919 г. выбіраецца ў састаў Палітбюро ЦК партыі.
    Царскім уладам, якія прыгаварылі яго да катаргі як члена першай польскай партыі рабочага класа “Пралетарыят”, не ўдалося зламаць волю рэвалюцыянера. Працэс 29-ці пралетарыятчыкаў у 1885 г., сярод якіх быў Ф. Кон, увайшоў у гісторыю польскага народа як сімвал, які знаменаваў сабой пачатак новага этапу арганізаванай барацьбы рабочага класа.

    У 1917 г. Ф. Кон працаваў у Харкаве, быў упаўнаважаным у Камісарыяце замежных спраў па польскіх пытаннях. У верасні 1919 г. на I канферэнцыі камуністаў-палякаў было выбрана Выканаўчае бюро КРПП (Камуністычная рабочая партыя Польшчы) у Расіі, у састаў якога ўвайшоў Ф. Кон. Ён узначаліў зарубежную і прыфрантавую работу. Войскі буржуазна-памешчыцкай Польшчы к восені 1919 г. прасунуліся на ўсход ад Мінска. Польскія камуністы ў гэтай вайне адстойвалі інтэрнацыяналісцкую пазіцыю КРПП, выкрываючы захопніцкую палітыку Пілсудскага.
    Ф. Кон быў накіраваны ў выдавецтва Рэўваенсавета для аказання дапамогі ў выданні партыйна-палітычнай літаратуры на польскай мове. У прыфрантавой зоне агітацыйна-прапагандысцкай рабоце надавалася вялікае значэнне. Гэту работу Ф. Кон сумяшчаў з выдавецкай, прымаючы таксама ўдзел у мабілізацыйных мерапрыемствах сярод польскіх камуністаў. На II Усерасійскай канферэнцыі камуністаў-палякаў у маі 1920 г. ён выступіў з дакладам аб рабоце ў арміі.
    Па меры прасоўвання Чырвонай Арміі ў вызваленых раёнах Беларусі палітмасавая работа набывала асаблівы сэнс. Члены Польрэўкома, выхаваныя на ідэях К. Маркса, Ф. Энгельса, У. I. Леніна, з усёй паслядоўнасцю выконвалі гэтую ганаровую і важную для працоўных місію. Ф. Кон разам з Ю. Мархлеўскім і Ф. Э. Дзяржынскім, прыбыўшы ноччу з 23 на 24 ліпеня ў Смаленск, адпраўляюцца ў Мінск, адтуль поездам у Маладзечна, затым на аўтамабілі ў Ліду.
    У Маніфесце Польрэўкома растлумачвалася сутнасць вызваленчай місіі Чырвонай Арміі, даваўся лозунг вызваленай Польшчы. Маніфест павінен быў распаўсюджвацца ў Польшчы. Гэтаму вялікае значэнне надаваў У. I. Ленін.
    9 жніўня 1920 г. Польрэўком абавязаў Беластоцкі камітэт КРПП правесці партыйны тыдзень. Ф. Кону даручалася кіраўніцтва ўсёй агітацыйна-прапагандысцкай работай і народнай асветай. У выстулленні перад работнікамі асветы на тэматычным канцэрце-мітынгу 14 жніўня ў Белгстоку Ф. Кон выказаў глыбокія думкі аб новым змесце сапраўды народнай асветы, якая забяспечваецца Савецкай уладай. Трэба падкрэсліць, што ён быў бліскучым знаўцам і добрым арганізатарам у галіне асветы і культуры. Пазней у складзе Савецкага ўрада ён узначаліў работу ў гэтай галіне. У 1930-1931 гг. Ф. Кон кіраваў секцыяй мастацтва ў Народным Камісарыяце асветы РСФСР. У 1931-1933 гг. з’яўляўся старшынёй Дзяржаўнага камітэта радыёвяшчання, а з 1933 па 1937 г. — кіраўніком аддзела музеяў у Камісарыяце народнай асветы.

    Рознабаковая дзейнасць Ф. Кона, якая спалучала ў сабе рэвалюцыйную, тэарэтычную, публіцыстычную, арганізацыйна-партыйную работу, была пад сілу толькі чалавеку марксісцкай загартоўкі. Менавіта такія якасці былі яму ўласцівы.
    Яго кіпучая і нястомная дзейнасць праявілася на поўную сілу і ў Мінску. Тут 23 жніўня 1920 г. пасля пасяджэння Польбюро ЦК РКП(б) пад старшынствам Ф. Э. Дзяржынскага была зменена структура Польбюро, створаны яго аддзелы. Разам з Ю. Мархлеўскім Ф. Кон узначаліў літаратурна-выдавецкую камісію.
    У верасні 1920 г. Польбюро арганізавала ў Мінску курсы для падрыхтоўкі польскіх партыйных і савецкіх работнікаў. Праз месяц была адкрыта польская партыйная школа, дзе, акрамя заняткаў па тэорыі і гісторыі партыі, слухачы атрымлівалі таксама веды па арганізацыі агітацыйна-прапагандысцкай работы.
    Значная роля ў арганізацыі мерапрыемстваў Польрэўкома ў Мінску належыць Ф. Кону. У буржуазна-памешчыцкай Польшчы ў той час праводзілася кампанія варожай прапаганды. Арганізатары гэтай прапаганды рабілі спробы ўтаіць сапраўдную сутнасць і класавы характар развязанай польскім буржуазна-памешчыцкім урадам вайны супраць Краіны Саветаў.
    Кіруючыся ўказаннем У. I. Леніна, Польбюро ЦК РКП(б) у Мінску выдала зварот да салдат, рабочых і сялян Польшчы, які выкрываў варожую прапаганду аб “захопніцкіх мэтах” Чырвонай Арміі.
    Каб азнаёміцца са становішчам спраў на месцы, Польбюро даручыла Ф. Кону і С. Буткевічу аб’ехаць Заходні фронт. Вынікі асабістага ўкладу Ф. Кона ў агітацыйна-прапагандысцкую работу на Заходнім фронце былі вельмі адчувальныя. Яны ў значнай ступені паслужылі таму, што салдаты белапольскай арміі, выказваючы класавую салідарнасць з працоўнымі першай краіны рабочых і сялян, насуперак перашкодам з боку сваіх афіцэраў вялікімі групамі пераходзілі на бок Чырвонай Арміі.
    Цэнтрам правядзення масава-палітычнай работы і культурна-асветнай дзейнасці сярод палякаў у Мінску быў клуб імя Розы Люксембург. Ф. Кон выступаў і на мітынгах працоўных. Яго слухалі з вялікай увагай. На адным з мітынгаў была прынята рэзалюцыя, якая асуджала буржуазна-памешчыцкі ўрад Польшчы за зацягванне мірных перагавораў. У ёй падкрэслівалася гатоўнасць польскіх і рускіх рабочых разам адстойваць агульную свабоду.
    З моманту першых рэвалюцыйных крокаў віднага дзеяча польскага і міжнароднага рабочага і камуністычнага руху Ф. Кона да яго апошняй дзейнасці на пасту першага дырэктара польскай рэдакцыі Маскоўскага радыё ў 1941 г. прайшлі дзесяцігоддзі. Гэта быў шматгранны і плённы перыяд яго дзейнасці.
    /Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 1 (53). Мінск. 1983. С. 42-44./

    КОН Фелікс Якаўлевіч (1864-1941), дзеяч расійскага і міжнар. рэв. руху. Як член калегіі і заг. секцыі мастацтва і л-ры Наркамасветы РСФСР вітаў К. з 25-годдзем яго літ. дзейнасці (“Савецкая Беларусь”, “Рабочий”, “Чырвоная змена”, 25. 5. 1930). Удзячнасць Кону за віншаванне К. выказаў у лістах у рэдакцыі газ. “Звязда”, “Савецкая Беларусь” (30. 5. 1930), “Известия” (15. 6. 1930). К. і Кон былі ў прэзідыуме ўрачыстага вечара, паладжанага ў Калоннай зале Дома саюзаў (Масква) з прычыны 85-й гадавіны з дня смерці А. Міцкевіча.
    /Янка Купала. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 1986. С. 302./

    КОН (Kon) Фелікс Якаўлевіч (30. 5. 1864, Варшава — 28. 7. 1941), дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі “Пралетарыят”. У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917-22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у тл. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919-30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп. - жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922-23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927-35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдакгар газ. “Красная звезда” (1925-28), час. “Каторга и ссылка”. (1927-29), “Наша страна” (1937-41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930-31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931-33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933-37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.
    /Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 8. Мінск. 1999. С. 399./





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz