Прыбыцьце ў Сасыл-сысы
Дзень канчаўся. Надыходзіў вечар. Мы пакінулі нашу глухую дарогу і вышлі
на амгінскі шлях. Сустрэчы з Вішнеўскім можна была чакаць ў кожным месцы. Перш
чым выступіць усяму атраду, першы эскадрон пайшоў правым бокам алясу — лесам, і
толькі калі ён заняў узьлесак па той бок раўніны, рушыўся і ўвесь атрад. Людзі
пасьпешна ішлі па адкрытым месцы і праз паўгадзіны ўцягнуліся ў густы лес. Ужо
сьцямнела. Цяпер нам трэба было пераваліць цераз вялікую гару. З вярсту дарога
ішла пад гору і столькі ж сама на спуск. Гэтае месца было зручнае для нападу,
таму, што, залазячы на гару і спускаючыся з яе, людзі заўсёды расьцягваліся
больш звычайнага, а абоз адставаў і разрываўся. Дазоры звычайна ішлі па абодвух
бакох дарогі, паглыбляючыся ў лес крокаў на сто. Прабіраліся з вялікаю
цяжкасьцю. Перашкаджала цемната і густы лес. Праціўнік жа мог загадзя
разьмясьціць свае ланцугі кроках у трохсот ад дарогі, каб атакаваць нас, як
толькі мы выйдзем на лінію яго ланцугоў. Прышлося дзьве роты і два эскадроны
рассыпаць ланцугом па абодвух бакох дарогі да самае вяршыні гары. Першы
эскадрон выконваў выведку, і адна рота з двума кулямётамі заставалася пры
абозе. Коні часта спыняліся і толькі з дапамогаю роты перамаглі гару. Пры
спусканьні з гары зрабілі тое ж самае. Праціўніка тут не аказалася, і мы выкруціліся
некалькімі зламанымі санямі. Далей ішлі таксама з вялікаю асьцярогаю. Да юрт
засталося вярсты паўтары. Даносіўся брэх сабак. Нарэшце падышлі і да самых юрт,
з комінаў якіх роем залатых пчол ляцелі вясёлыя іскры. Пры адной мысьлі аб
цяпле на душы стала лёгка і радасна.
Згаладалыя валы і коні, ня бачыўшыя чацьвёра сутак нават крошкі сена,
убачыўшы ў баку ад дарогі цэлыя стагі, ня гледзячы на глыбокі сьнег, пабеглі да
корму, перакульваючы і ломячы на хаду сані.
—
Стой, стой, праклятая скацінка, у госпада бога маці! Застрэлю, брыдоту! —
крычалі таксама галодныя і злосныя чырвонаармейцы, кідаючыся наўздагон за
падводамі.
Шум і лямант стаялі незвычайныя, кожны сьпяшаўся і хацеў папасьці хутчэй
ў цёплую, вабіўшую да сябе юрту.
Пасьля пяці дзён цяжкіх пераходаў, маючы ў атрадзе восем абмарожаных
таварышаў, страшэнна стомленыя, але бадзёрыя духам, а дзесятай гадзіне вечара
12 лютага мы падышлі да Амгі. Пепяляеў знаходзіўся ў 18 вярстах ад нас.
Дзьмітрыеў з батальёнам і кулямётнаю камандаю, пры трох цяжкіх кулямётах
— адным Льюісе і шасьці аўтаматах Шоша, — разьмясьціўся ў чатырох юртах; там жа
разьмясьціўся і ўвесь абоз. Пры мне засталося 6-7 падвод. Я з атрадам у 82
шаблі, пры двух кулямётах Кольта і двух Шоша, заняў адну юрту кроках у трохстах
ад батальёну. Пакуль увесь зводны атрад разьмяшчаўся, старажавое ахованьне
выконваў першы эскадрон. Я паслаў па Дзьмітрыева зьвязнога чырвонаармейца з
загадам зараз жа зьявіцца да мяне разам з камандзірамі рот і кулямётнай
каманды. Хутка ўсе яны прышлі. Я падкрэсьліў, што мы павінны быць гатовы да
начнога бою і што для нас будзе вялікім шчасьцем, калі белыя пачнуць наступаць
раніцою. Далей я загадаў Дзьмітрыеву зараз жа расплянаваць баявыя вучасткі
паміж ротамі і — па трывозе — заняць адной паўротай з кулямётам Льюіса і двума
аўтаматамі беразьняк, які рос ля дарогі, на паўдарозе паміж атрадам і
батальёнам. Гэты беразьняк, хоць і не перашкаджаў нашай глядзельнай сувязі, мог
быць заняты наступаючым праціўнікам і даваў яму магчымасьць біць у тыл і флянг
як мне, так і Дзьмітрыеву. Утрыманьне за сабой гэтага невялічкага кавалачка
дробнага лесу мела для нас вялікае тактычнае значэньне. Беразьняк зьяўляўся
нашым стыкам.
—
Таварыш начштабу, —гаварыў я, — у каравулы сёньня трэба назначыць
чырвонаармейцаў не ў парадку чаргі, а выдзеліць з усіх рот найбольш дужых і
бадзёрых — інакш нашы каравулы могуць заснуць. Неабходна таксама выставіць ля
кожнае юрты па вартавым ад кулямётнае каманды. Людзі пасьля такое дарогі моцна
заснуць, і мы можам не пачуць адразу стральбы ў каравулах і ў час не заняць
пазыцыі. Апроч таго, як толькі вызначыш і расплянуеш баявыя вучасткі, кожную
роту абавязкова рассыпаць у ланцуг, тое ж самае прарабі і з кулямётамі.
Неабходна, каб кожны ведаў сваё месца ў баі. Ня менш паўроты выдзелі для рэзэрваў
і трымай сувязь са мною.
Дзьмітрыеў з камандзірамі пайшоў да сябе ў батальён я ж з камандзірамі
эскадронаў і начальнікамі кулямётаў пачаў аглядаць мясцовасьць.
Мой вучастак для часовае абароны — праўдзівей, для першага бою — быў
здавальняючы: з паўднёвага ўсходу цягнулася пакрытая лесам гара, да яе было
крокаў дзьвесьце; з поўначы месца было адкрытае да самых юрт, занятых
батальёнам, і толькі кроках у паўтараста былі два асобных сьвірны; з паўночнага
захаду, кроках у стапяцідзесяці, быў беразьняк; з захаду крокаў на тысячу
цягнулася возера. У разьмяшчэньні батальёну возера ня было, і лес падыходзіў
крыху бліжэй. Падзяліўшы вучасткі для першага і другога эскадронаў, тут жа
рассыпалі людзей у ланцуг і паставілі кулямёты. Трэці эскадрон тав. Адамскага
быў пакінуты у рэзэрве і ад яго выставілі каравулы. Пасьля гэтага ўсе вярнуліся
назад у юрту. Гаспадар юрты прыветна сустрэў нас, зварыў цэлы кацёл мяса, аддаў
увесь запас праснакоў, якіх усе ж не хапіла. Гаспадыня з бабуляю-маткаю і
дванаццацігадоваю дачкою крута замешвалі прэснае цеста з ячменнае мукі, потым
раскочвалі яго ў круглякі і клалі на скавароды. Калі праснак крыху падсыхаў,
яго здымалі і, праткнуўшы ўздоўж і наскрозь палачкаю, прымайстроўвалі да агню,
некалькі раз паварочваючы то адным, то другім бокам, бліжэй да жару. Такім
парадкам мінут праз дзесяць праснак быў гатовы. На стале ўжо зьмянілася
некалькі вялікіх, вядзёрных самавараў, апусьцеў і кацёл мяса пуда ў паўтара, а
чырвонаармейцы ўсё яшчэ хацелі есьці. Зьдзіўляліся жыхары такому апэтыту. Але
вось усе насыціліся, пацяжэлі жываты, пацяжэлі галовы, захацелася спаць. Ляглі
проста на падлозе покатам, кулямёты паставілі ля самых дзьвярэй.
Стомленыя байцы, заціснуўшы ў руках вінтоўкі, хутка заснулі. Я лёг у
кутку на лаўцы. Уся сям’я гасьціннага якута, забраўшы дзяцей, лягла поруч у
хатоне, разам са скацінаю. Было дзьве гадзіны ночы...
Бой з генэралам Вішнеўскім
Хутка пасьля заняцьця Амгі Пепяляеў атрымаў данясеньне ад Арцём’ева, што
петрапаўлаўскі гарнізон прарваўся і ідзе да Амгі фарсіраваным маршам. Пепяляеў
парашыў ліквідаваць гэты атрад чырвоных засадаю на яго дарозе, выставіўшы для
гэтае мэты адзін батальён і афіцэрскую роту, усяго ў 230 чалавек, пад камандаю
Вішнеўскага.
Да моманту падыходу атраду да Сасыл-сысы
Вішнеўскі скрытна стаяў у дзьвюх вёрстах на ўсход — у тайзе. Ён чуў іржаньне
коней, скрып саней і лаянку чырвонаармейцаў. Але наступленьне парашыў зрабіць
на досьвітку, разьлічваючы захапіць нечакана...
Хутка раніца. Моцна сьпіць стомлены атрад. Сьпяць і каравулы ў
разьмяшчэньні батальёну Дзьмітрыева, і ніхто іх не правярае. Цяжка было стаяць
на нагах. Сон перамагаў вартавых. Спачатку яны змагаліся з ім, праціралі вочы
сьнегам, як мага адганялі прэч насядаўшую дрымоту, потым парашылі прысесьці па
мінутку і даць адпачыць стомленым нагам. Апусьціўшыся на зямлю, вінтоўку паміж
кален, прыхінуліся да дрэва і не заўважылі, як падкраўся каварны сон і
заплюшчыў вочы даверліваму вартавому...
Вішнеўскі, не даходзячы аднае вярсты да разьмяшчэньня чырвоных,
разгарнуў у ланцуг батальён і афіцэрскую роту і павёў наступленьне. Ціха
крадзецца, прабіраючыся тайгою, выведка белых. Без адзінага стрэлу і ўсякага
шуму здымае яна заснуўшых вартавых на вучастку нашага батальёну. Выходзіць на
ўзьлесак і разглядае разьмяшчэньне батальёну, да якога не далей, як 150 крокаў.
Начальнік выведкі белых прапаршчык Волкаў даносіць Вішнеўскаму:
“Зьняў тры варты парных вартавых. Чырвоныя разьмясьціліся ў чатырох
юртах. З каміноў ідзе слабы дым, як відаць сьпяць. Увесь абоз знаходзіцца тут
жа ля юрт, у загонах, коні і валы выпражаны. Чакаю вашага распараджэньня”.
Атрымаўшы такое данясеньне, Вішнеўскі загадаў сваім ланцугом хутка
рушыцца ўперад, акружыць і ўзяць чырвоных у палон. Праз дзесяць мінут чалавек
сто белых акружылі юрты з усіх бакоў, пасьля чаго частка з іх засталася на
дварэ і пачала разглядаць груз у абозе ў чырвоных. Чуваць былі выгукі
зьдзіўленьня і ціхія заўвагі.
—
Патроны, патроны, усё патроны! Колькі ж у іх патронаў?
Другая
частка пепяляеўцаў падзялілася на групы, чалавек па дзесяць кожная і разышлася
па юртах. Зайшоўшы ў памяшканьне, яны перш падкідалі дроў у камялёк і толькі
тады будзілі сваіх палоньнікаў. Зашавяліліся чырвоныя байцы, прачнуліся
камандзіры і са зьдзіўленьнем пачалі праціраць вочы. “Што за чартаўшчына? Што
за людзі? Э-э, ды яны ў пагонах!” [У пачатку
фармаваньня дружыны ў Харбіне і ва Ўладывастоку Пепяляеў меркаваў скасаваць
пагоны. Ён думаў гэтым дасягнуць 100 працэнтнага “дэмакратызму” і адрозьненьня
ад старое арміі. У масе сваёй афіцэрства было проці гэтае навіны. Пепяляеву і
ідэолёгам даведчага аддзелу — абласьніку Собалеву і эсэру Грачову і інш. — прышлося
прымірыцца з пагонамі.] Хапіліся было за вінтоўкі.
—
Кіньце зброю, браты, і ня кратайцеся! Вы ў палоне, акружаны, і ўсякае
супраціўленьне дарэмнае. Вам нічога дрэннага мы ня зробім. Добра, што ўсё
скончылася без праліцьця крыві. Давайце закурым, у нас тытунь харбінскі
першасортны. Хочаце?
Заскрыпелі дзьверы і разам з клубкамі халоднага паветра, якое ўварвалася
ў юрту, зайшоў падпалкоўнік. Гутаркі змоўклі. Акінуўшы пабежным поглядам
унутранасьць юрты і на некалькі сэкунд затрымаўшыся ім на палонных,
падпалкоўнік зьвярнуўся да сваіх падначаленых:
—
Браты [Перад заняцьцем Амгі Пепяляеў папрабаваў з
другога канца “дэмакратызаваць” сваю дружыну. Ён выдаў вельмі доўгі загад, у
якім скланяў ва ўсіх склонах слова “народ”, загадаў іменаваць адзін аднаго
“братамі”, аднак, не забываючы чыноў, г. зн. выходзіла так: брат генэрал, брат
палкоўнік і г. д. Проці гэтага “нябеснага дэмакратызму” некаторыя афіцэры як,
напрыклад, палкоўнік Сэйфулін (таварыш крывавага атамана Красільнікава),
паднялі цэлы лямант у абарону свайго “панаваньня”. А многія прынялі гэта як
чарговае дзівацтва Пепяляева, але ўсе ж падначаліліся загаду і сталі “братамі
ва хрысьце”.]. Правей нас нейкая страляніна пачалася. Чалавекі чатыры
застаньцеся тут, а іншыя выходзьце на двор.
—
Глупства, брат палкоўнік! Там усяго адна юрта. Напэўна камуністы асобна
спыніліся — яны наогул ня любяць бяз бою здавацца. Іх там нямнога. Думаю, брат
Вішнеўскі спправіцца і бяз нас: у яго ж бо сіл больш паловы і афіцэрская рота з
ім, — упэўнена выказаў сваю думку вусаты паручнік.
—
Так то так, брат паручнік, а ўсё-такі пашліце трох чалавек для. сувязі да
генэрала.
—
Слухаю, брат палкоўнік. —І тры чалавекі пакінулі юрту.
Дзьмітрыеў зьмяшчаўся ў самай маленькай юрце і спаў ля самых дзьвярэй.
Увайшоўшы ў юрту, белыя прайшлі проста да камялька і выхад з юрты быў вольны.
Дзьмітрыеў, пачуўшы стральбу, выйшаў на вуліцу. Ён нават і не заўважыў, што ў
яго юрце белыя, а тыя ў сваю чаргу не зьвярнулі на яго ўвагі, думаючы, што
выйшаў свой.
Дзьмітрыеў, убачыўшы вандруючых па абозе людзей і парашыўшы, што гэта
чырвонаармейцы, закіпяціўся, раззлаваў і скамандаваў:
—
У ланцуг, маці...
Белыя пачалі рассыпацца... Раптам да Дзьмітрыева падбягае афіцэр,
сэкунду, другую прыглядаецца, потым:
—
А вы хто такі? Рукі ўверх!
Убачыўшы пагоны, толькі цяпер зразумеў Дзьмітрыеў, што гэта ворагі.
Скокнуў раз, другі — і нырнуў у туман... Наўздагон бліснулі адзін за адным два
аганькі з нагана.
Ад’ютант батальёну, Янушкоўскі Фёдар, таксама хацеў выйсьці з юрты і ўжо
пераступіў было парог дзьвярэй, як стыкнуўся тварам да твару з афіцэрам.
—
Назад! — закрычаў той, і ўдар наганам па галаве зваліў ад’ютанта назад у юрту.
—
Вось сволачы камуністы — усё яшчэ страляюць! Усё роўна забярэм або пераб’ем,
галубчыкаў, дзявацца ім няма куды, — злаваўся і нэрваваў падпалкоўнік, які
застаўся ў юрце.
—
Чуеце “ўра”? Нашы атакуюць. Усё будзе зараз скончана.
Сьціхла. Зноў “ўра”.
—
А здорава б’юцца, сукіны дзеці!
У
гэты час убег у юрту задыханы белы.
—Вішнеўскі адступае! Займайце ўзьлесак.
—
Што здарылася? Дапамога чырвоным прыйшла, ці што?
Агарошаны
такою весткаю, падпалкоўнік першы выскачыў з юрты, а за ім і іншыя.
Вандраваўшыя па абозе пепяляеўцы таксама кінуліся да лесу.
Начальнік кулямётнае каманды батальёну Зарэй Хаснутдзінаў выбіў
ільдзіны, якія замянялі шыбы і адкрыў з акна агонь з двух кулямётаў па бягучых
пепяляеўцах. Роты пачалі выбягаць з юрт і рассыпацца ў ланцуг. Белыя з узьлеску
адкрылі страшэнны агонь. Падалі людзі...
* * *
Вартавыя, выстаўленыя ў разьмяшчэньні атраду, ня спалі. Ля тоўстае
лахматае хвоі, апіраючыся на вінтоўкі, стаяць вартавыя з падвартавымі і
дапытліва глядзяць уперад, стараючыся сваім поглядам прагледзець густую сьцяну
запарушанага сьнегам хмызьняку. Чуткім, насьцярожаным вухам яны лавілі кожны
падазроны шолах. Вакол незвычайная цішыня, толькі зрэдку аднекуль зьявіцца ў
перадранішнім тумане няясны, таемны шолах, прабяжыць па тайзе, і зноў ціха...
—
Ці хутка нам зьмена прыйдзе? Ногі пачынаюць мерзнуць, — шэпча Лісіцын.
У адказ Хахлоў толькі паціснуў плячыма: ня
ведаю моў.
Поруч трэснуў буралом. У марознай белаватай імжы трывожна ўзьняўся голас
вартавога:
—
Стой! Хто ідзе?
Белыя, убачыўшы, што яны выяўлены, пайшлі напралом. Вартавыя ўзьнялі
вінтоўкі. Суха, як зламанае дрэўца, трэснулі першыя стрэлы...
Цёмныя фігуры ворага сьпяшаліся ўперад, пакідаючы глыбокія баразны на
сьнежным пласьце. Прадзіраючыся скрозь таежны зарасьнік, яны на хаду стралялі ў
вартавых. Вартавыя стаялі на месцы і білі з вінтовак, папераджаючы сваіх пра
небясьпеку.
Лісіцын забіты. Ён выпусьціў вінтоўку і ткнуўся тварам у густа засыпаны
жоўтаю хвояю сьнег. Дзьвюма кулямі раніла Хахлова. З прастрэленаю нагою і
плячом, ён кульгаючы, бягом спусьціўся з гары, зрэдку адстрэльваючыся.
Вартавы,
які знаходзіўся ва дварэ, як толькі пачуў гэтую перастрэлку, адчыніў у юрце
дзьверы і закрычаў:
—
Таварышы, у каравуле стральба!
Я
ўскочыў з лаўкі і скамандаваў:
—
Эскадроны, у стрэльбу! Займай пазыцыю! Кулямёты, прыкрыць разгортваньне!
Ні
панікі, ні нават замяшаньня ня было. Да гэтага бою ўсе былі падрыхтаваны
лягічным ходам падзей. Ня гледзячы на малы і недастатковы адпачынак, людзі
дзейнічалі энэргічна. Не прайшло і мінуты, як на дварэ ўжо застукаў кулямёт.
Хутка да яго далучыўся і другі. Заляскалі затворы вінтовак, пасыпаліся
стрэльбавыя стрэлы. Яны ўсё ўзмацняліся і ўзмацняліся... Першы і другі
эскадроны рассыпаліся ў ланцуг. Трэці эскадрон Інакенція Адамскага застаўся ў
рэзэрве і залёг за юртаю і хатонам. Загарэўся бой. У туманным досьвітку
сустрэліся грудзі з грудзьмі два непрымірлівыя клясавыя ворагі...
Белыя настойліва ідуць уперад. Яны не далей як у 150 кроках і крычаць
нам:
—
Здавайцеся! Кідайце зброю! Вам нічога ня будзе!
Потым у паветры загрымела «ура» — моцнае, упэўненае. Пепяляеўцы кінуліся
ў атаку. Добра працавалі абодва нашы кольты, сярдзіта і нехаця ім падтаквалі
аўтаматы Шоша, барабанілі вінтоўкі...
Ланцугі праціўніка, грузнучы вышэй калень у сьнезе, пакідаючы па месцы
забітых і параненых, нястрымана каціліся ўперад. Адлегласьць да іх усё
зьмяншалася і зьмяншалася...
—
Вось, грыбы салоныя, як лезуць! — не сьцярпеў і вылаяўся Тупіцын, набіваючы
новаю абоймаю пустую магазынную каробку сваёй вінтоўкі. Раз, другі стрэліў,
кінуў быстрым поглядам па ланцугу свайго эскадрону.
—
Эй, грыбы! Адступаць нам няма куды! Біся да апошняга.
—
Не пабяжым!
Пепяляеўцы заляглі перадыхнуць. Да іх ня больш як 100 крокаў. Узьлесак
выкінуў яшчэ чалавек 30 белых. А ў Дзьмітрыева ціха. Не разумею, у чым справа.
Туман перашкаджаў яшчэ бачыць на такой адлегласьці.
—
Адамскі, двух чалавек для сувязі ў батальён! Якога д’ябла яны там робяць?
Мінут праз пяць пасланыя ў батальён чырвонаармейцы вярнуліся і
паведамілі:
—
Там белыя.
Я
аслупянеў, — ня веру.
— Што-о? Вы там ня былі, спалохаліся, —
застрэлю! — наставіў карабін у грудзі аднаго.
—
Таварыш камандзір, не дабеглі 100 крокаў да юрты, сустрэлі траіх... Думалі —
свае; глядзім — у пагонах, дваіх забілі, трэці ўцёк назад. У абозе белыя, нашых
ня відаць.
—
Добра, выясьню, а пра гэта нікому пі слова — паніка будзе.
—
Сабе ня ворагі, белым не памочнікі...
У
нутро нібы хто кавалак лёду ўсунуў. Зразумеў: батальён уліп, а выручыць няма
чым. Засталося адно: хлапцы баявыя, старыя партызаны — памерці з імі ў баю, з
трэскам, але ня здацца і не ўцякаць —
пераб’юць, рэшту пераловяць...
Падбег фэльчар — Косьця Токараў.
—
Таварыш камандзір, нас абыходзяць зьлева.
Пракляцьце!... Чалавек 20 пепяляеўцаў накіраваліся да беразьняку, а
адтуль хоць бы адзін стрэл — значыць, не заняты ён нашай паўротаю.
—
Кеша, бачыш беразьнячок?
—
Так.
—
Ня дай заняць — інакш загінулі! Ідзі з эскадронам. Утрымай за сабою.
—
Добра, не падкачаю... Эскадрон, стаць за мною вінтом!
Пад агнём праціўніка, страціўшы аднаго забітым і двух параненымі,
Адамскі з эскадронам першым дабег да беразьняку і ўдарам у штыхі адагнаў
падышоўшых белых, прымусіўшы іх адыйсьці да сьвірнаў і весьці перастрэлку.
Я
застаўся бяз рэзэрву. Напорыста лезуць пепяляеўцы, да іх засталося крокаў
восемдзесят. У нашым ланцугу ёсьць ужо забітыя, а параненыя, стрымліваючы
стогны, пакідаючы на сьнезе крывавы сьлед, паўзуць у юрту, куды ўжо прыпоўз з
прастрэленым плячом і Тупіцын.
—
Вось, грыбы паганыя, — паранілі! Ну, і грыбы чортавы!
Нават і цяпер ён не пакінуў іх і лаяўся толькі грыбамі . У некалькіх
кроках за нашым ланцугом валяліся забітыя валы і коні. Адзін конь, цягаючы
перабітую заднюю нагу, дрыжэў усім сваім целам, хроп і, бліскаючы зрэнкамі
сваіх поўных страху вачэй, ішоў і блытаўся паміж перакуленымі санямі і трупамі
жывёл. Рэшта нашых коней і валоў, парваўшы павады, несьліся шалёным галёпам
праз возера на захад. Некаторыя з іх, дагнаныя шалёнаю пявучаю куляю, падалі і
чорнаю кучаю ўліпалі ў ледзяныя грудзі возера. Прабавалі ўстаць, бездапаможна
дрыгалі нагамі, біліся галавою, закопваліся ў глыбокі сьнег і, зьнясіленыя або
мёртвыя, заціхалі...
Стральба ўсё пачашчалася. Белыя ўжо побач — усяго толькі на 40 крокаў ад
нас. Добра відаць іх потныя, разгарачаныя боем твары. Як назло, у аднаго кольта
паломка, а другі перастаў працаваць — перакос патрона.
Начальнік кулямёта Пятроў нэрвуе і ніяк ня можа адхіліць затрымку і
паправіць істужку. Ад злосьці ён учапіўся зубамі ў цела кулямёта, а на вачох
сьлёзы ярасьці:
— У-у, агідніца!
Зламаў сабе зуб, губы ў крыві.
—
Шура, не хвалюйся, будзь спакойны! — кажу я яму. — Гэтым справе не паможаш. Не
хвалюйся, пасьпееш. На 20 крокаў падыдуць — запусьціш.
Карачараў толькі што перазарадзіў свой аўтамат Шоша новым поўным дыскам,
уставіў прыклад у плячо, але адкрыць агонь не пасьпеў... Разрыўная куля
разьвярнула яму галаву, ён, абхапіўшы абедзьвюма рукамі свой аўтамат, зваліўся
на яго, запырскаўшы мазгамі яго цела. Сьнег, як губка, з прагнасьцю ўбіраў
гарачую кроў, якая лілася са страшнае раны...
Наша становішча было крытычным. Фэльчар Токараў выцягнуў аўтамат з-пад
забітага і, стоячы, ва ўпор, выпусьціў усе патроны. Я кінуўся да ланцуга і
скамандаваў: “Устаць! За мною, у атаку!..”
Але ў той момант, калі хацеў крыкнуць “ура” і кінуцца ўперад, мяне
параніла ў грудзі. Я адразу пазбавіўся голасу і нібы прырос да зямлі — мае ногі
мяне больш ня слухаліся...
Пепяляеўцы падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Засталося якіх-небудзь 30
крокаў. Наш ланцуг са штыхамі наперавагу стаяў на адным месцы. Я ўзьняў карабін
і стрэліў. Эскадроны, як па камандзе, адкрылі агонь.
Як
падсечанае дрэва, махнуўшы рукамі, грымнуўся Іван Іваныч. Павольна, цягнучы за
сабою вінтоўку і сьвішчучы прастрэленымі грудзьмі, папоўз у юрту. Ля самых
дзьвярэй юрты страціў прытомнасьць.
Пепяляеўцы чамусьці раптам спыніліся і, па камандзе, хутка зваліліся ў
сьнег.
У
ланцугу побач са мною стаяў Кайгародцаў, ён глянуў на мяне.
—
Ты што бледны?
—
Паранены: не кажы іншым. Перадай маю каманду: “Лажыся! Часты агонь, кідай
гранаты!”
Кайгародцаў дакладна і добрасумленна пачаў перадаваць маё
распараджэньне.
Мацней і гусьцей з абодвух бакоў загаварылі вінтоўкі. Глуха хлопалі
разрывы нашых ручных гранат. Яны раскідалі сьнег і разам з пляўкамі чорнага
дыму і брудна жоўтага, колеру морквы, агню ляцелі ў розныя бакі, падаючы гук,
падобны да звону разьбітае аконнае шыбы, раскідаючы сотні дробных асколкаў.
Ні
адна кінутая белымі японская граната не разрывалася. Аднаму нашаму байцу такая
граната папала проста ў лоб. Ён адрабіўся вялізнаю шышкаю, пакруціў галавою, ад
душы вылаяўся і са словамі: “японцы трымаюць нэўтралітэт”, гранату кінуў белым
назад. Пятроў да гэтага часу адхіліў затрымку ў свайго кулямёта і ва ўпор біў з
Кольта...
Здрыгануліся ланцугі белых. Ня вытрымалі... Спачатку павольна пачалі
адступаць назад, а потым у беспарадку пабеглі да ўзьлеску. Усе тры эскадроны з
крыкам “ура” кінуліся ўперад. Некаторыя байцы нават жартавалі ўсьлед
адступаючаму ворагу.
—
Стой, куды сьпяшаесься? Пасьпееце да цёшчы на бліны... Сорак на галіфэ...
Першы эскадрон працягваў прасьледаваньне. Пепяляеўцы не аказвалі
супраціўленьня і пасьпешна адыходзілі ў тайгу.
Другі і трэці эскадроны перамянілі свой кірунак і ўдарылі ў левы флянг
белым, якія абстрэльвалі батальён. Тыя таксама, ня прыняўшы нашае атакі, пачалі
адступаць. Атрад і адна рота з батальёну прасьледавалі праціўніка больш вярсты,
пасьля чаго пачалі варочацца да сваіх юрт. Я прыйшоў раней і, зайшоўшы ў юрту,
страціў прытомнасьць. Калі я ачуняў, то ўжо ляжаў па той самай лаўцы, на якой
правёў ноч перад боем.
У
сёньняшнім баі эскадроны страцілі адзінаццаць чалавек забітымі і пятнаццаць
параненымі. Страты батальёну былі: трынаццаць чалавек забітымі і семнаццаць
параненымі.
Праціўнік пакінуў на месцы бою сорак дзевяць чалавек забітымі, з іх
больш як дваццаць афіцэраў, і двух параненых палоннымі. Усяго ж у гэтым баю
белыя страцілі сто дзесяць чалавек (што потым было ўстаноўлена з захопленага
данясеньня генэрала Вішнеўскага Пепяляеву. — І. С.).
Гэты нечаканы вынік бою прымусіў Вішнеўскага адмовіцца ад паўторнае
атакі, і ён часова адышоў па Амгінскай дарозе да селішча Табалах (Аленевы луг).
Прасьледаваць яго мы не маглі з-за стомленасьці байцоў, і значных страт
каманднага саставу, бо, апроч мяне, выбылі са строю: два камандзіры эскадрону,
два камандзіры рот і некалькі камандзіраў узводу. Ня было каму даручыць
кіраваць апэрацыяй, каб канчаткова разграміць Вішнеўскага. Дзьмітрыеў жа
прыйшоў толькі пасьля бою. Зразумела, што ён ня мог карыстацца неабходным у
такі момант аўтарытэтам. Атрад застаўся на старым месцы. Выставілі каравулы,
потым пачалі зносіць ва двор усіх забітых як сваіх, так і пепяляеўцаў. Апошніх
прыбіралі, каб яны не ўвялі нас ноччу ў ашуканства.
Над тайгою яшчэ плаваў разарванымі кавалкамі туман. З-за гары глянула
сонца і сваімі праменьнямі забліскала ў сьнежных вяршыньках далёкіх гор.
Пацягнула сьвежым ветрыкам, холад залазіў пад шынялі і потныя кажушкі вартавых,
прымушаючы чырвонаармейцаў сьціскацца і пахлопваць рукамі. У юртах загарэліся
патухлыя было камялькі, і з каміноў зноў паваліў дым. Як і раней, была
неабурлівая велічная тайга і, калі б ня трупы людзей і жывёл ва дварэ, кроў на
сьнезе ды стогны параненых, якія даносіліся з юрты, можна было б падумаць, што
нічога і ня было...
Сьмерць пепяляеўскага палкоўніка
Эскадрон, які варочаўся з прасьледаваньня, прабіраючыся праз кусты,
наткнуўся на нерухомае цела палкоўніка. Падумалі — ня жывы, падышлі да яго, каб
зьняць зброю, прыгледзеліся, а той дыхае — паранены і ляжыць непрытомны.
Забралі з сабою, прынесьлі ў юрту і паклалі ў куток на сена. Праз некалькі
мінут фэльчар папрасіў чырвонаармейцаў паднесьці параненага бліжэй да агню.
Зьнялі вопратку, расшпілілі фрэнч, сарочка ўся ў крыві. Фэльчар агледзеў і
безнадзейна махнуў рукою:
—
Паўгадзіны не пражыве, ня варта і перавязваць.
Раненьне
было цяжкае: дзьвюма кулямі ў грудзі навылет.
— Давай
зробім перавязку, выканаем свой абавязак, — запрапанаваў фэльчар Купрыянаў, які
толькі што падышоў сюды.
Спрытнымі
рукамі дасталі з санітарнае сумкі бінт, марлю і раствор марганкі, абмылі раны і
хутка налажылі шырокую, на ўсе грудзі павязку.
Палкоўнік
ня рухаўся, ён толькі зрэдку судрыгаўся. Скрозь моцна сьціснутыя сківіцы часам
прарываўся стогн, падобны да мычаньня, і чуваць было, як у прастрэленых грудзёх
часам, пры больш глыбокім уздыханьні нешта клекатала і пералівалася. Павязка
хутка прамокла.
— Памірае,
— сказаў фэльчар і адвярнуўся.
Ў
гэты час у юрту зайшоў узброены вінтоўкаю пепяляевец. Быўшыя ў юрце
чырвонаармейцы кінуліся да выхаду, думаючы, што нас акружылі белыя.
Увайшоўшы ж некалькі сэкунд аглядаўся вакол і нарэшце разявіў рот:
— Я
думаў, пашы занялі, а тут чырвоныя... У выведцы быў, на левым флянгу, адарваўся
ад сваіх і ў часе бою ў лесе праседзеў. Чуў “ура” крычалі, потым стральба
скончылася, я і падаўся сюды, а то пападзе — уцёк ад бою, скажуць. Вось вазьмі ж
ты, аказія якая! Сам чорт тут не разьбярэ, калі рускія ды з рускімі ваююць, —
усе за сваіх сходзяць. Былі б немцы, тады іншая справа, а тут і мова адна і
лаюцца аднолькава.
Палкоўнік
з намогаю расплюшчыў вочы. Мутным, немігаючым поглядам пачаў глядзець у патрэскваючы
камялёк, потым павольна падняў рукі і, закрыўшы далонямі твар, пальцамі пачаў
церці потны лоб. Потым рэзкім рухам ён апусьціў рукі, утаропіўся на палоннага і
нечакана для ўсіх нас загаварыў.
— Як
нашы справы, брат Юрэцкі? Страты ў нас вялікія? Ты таксама паранены?
— Не,
брат палкоўнік, я цэлы застаўся, але мы абодва ў палоне ў чырвоных.
— Я-як? — палкоўнік рашуча адарваўся ад
падлогі і, зьнясілены, апусьціўся назад.
— Нашы
адступілі. У Амгу, відаць, пайшлі, — раўнадушна адказаў салдат.
Палкоўнік зноў заезьдзіў па падлозе і, прыпадняўшыся па локцю, са
злосьцю плюнуў на вугольле ў камяльку. Сьліна зашыпела і зьнікла.
—
Вось, Юрэцкі, бачыў? Увесь наш паход — адзін плявок, і скончыўся ён таксама.
Дзе былі мае вочы? Каму я паверыў? “Народныя прадстаўнікі...” “Паўстала ўся
вобласьць...” “Чырвонае войска небаяздольнае — здасца, а там уся Сыбір наша, на
Маскву пойдзем...” Вось табе і Масква — валяйся як скаціна ў сьмярдзючым хляве.
Адступілі, а далей што?
Кроў
хлынула з рота параненага палкоўніка, твар зрабіўся мёртва бледным, яшчэ больш
пашырыліся зрэнкі вачэй. Ён захроп і выцягнуўся на падлозе на ўвесь свой рост.
Цяжка падымаліся і апускаліся яго грудзі. Коратка падстрыжаныя чорныя вусы
рэзка вызначаліся на бяскроўным, з энэргічным падбародкам твары, гадоў
трыццаці, добра складзены, відаць, добры гімнаст, паміраючы рабіў на прысутных
нейкае спачувальнае да яго ўражаньне.
Раптам,
нібы ўспомніўшы нешта вельмі важнае і жадаючы сказаць, ён з нечалавечаю намогаю
прыпадняўся на локцях, наваліўся на адну руку, падняў другую і, працягнуўшы яе
ўперад, нібы просячы слова ў сходу, крыкнуў: “Даваяваўся, маці...” і рухнуў. На
гэты раз ужо мёртвы на запырсканае крывёю сена.
Позьняе
каяньне белага фэльдфэбэля
Не
пасьпелі вынесьці на двор мёртвага палкоўніка, як сьледам панесьлі дваіх
чырвонаармейцаў, якія памерлі ад ран. Выгляд сваіх мёртвых таварышаў прымусіў
на мінуту затрымаць стогны іншых параненых. Яны моўчкі праводзілі вачыма да
самых дзьвярэй тых, каго ўжо кранулася сьмерць. Нешта закапашылася ў далёкім
кутку юрты.. Гэта маладая маці-якутка перабірала і трэсла анучы. Яна ўсё часьцей
і больш трывожна спыняла свой погляд на заснуўшым у калысцы дзіцяці. Глыбокая
шчымлівая нуда залягла ня толькі ў рысах яе твару, але і ва ўсёй фігурцы. Дзіця
прачнулася і запішчэла. Маці толькі гэтага і чакала. Шпаркім рухам яна схапіла
малютку, парыўчата прыхінула яго да грудзей і пачала пяшчотна ласкаць, нібы
баючыся страціць яго. Буйнымі каплямі, пераганяючы адна адну, падалі сьлёзы.
Так, маці якутка баялася сьмерці, якая ў яе на вачох выносіла здаровае і
маладое... “У-у...” вырвалася ў аднаго параненага. Адарваўшыся ад дзіцяці,
гаспадыня спрытна дастала з паліцы пустую конаўку, зачарпнула вады, падышла да
параненага, нагнулася і з расчуленаю клапатлівасьцю запрапанавала яму піць. Але
той адмоўна замахаў галавою, чым вельмі зьдзівіў і нават засароміў яе. Селянін
з Петрапаўлаўскага, які ўмеў гаварыць па-якуцку, патлумачыў ёй, што чырвонаармеец
стогне ад болю, а ня просіць піць. Аказалася, што вада па-якуцку называецца “у”.
Скрыпнуўшы, адчыніліся дзьверы ў юрту. За воблакам увайшоўшага марознага
паветра нельга было разглядзець адразу хто прыйшоў. Ён моўчкі падышоў да
камялька і тады толькі загаварыў.
—Замерз я. Дайце пагрэцца!
Яму
далі месца ля камялька. Увайшоўшы быў вялізнага росту і магутнага складу цела.
Адзеты ён быў у шырокія штаны і фрэнч з шэрага шынялёвага сукна. Ні дахі, ні
кажушка на ім ня было. Па пагонах на фрэнчы няцяжка было пазнаць фэльдфэбэля.
—
Браткі, перавяжыце! Я ўвесь паранены, пад кулямёт трапіў... Адступаў разам са
сваімі, вярнуўся — бачу, не дайду я... Перад сьмерцю захацелася ўсё вам
выказаць, аб чым душа набалела... — гаворыць, а на твары жаўлакі скачуць.
У
камялёк падкінулі некалькі пален дроў, прагнымі доўгімі жоўта- ружовымі языкамі
забегала па іх полымя. Фэльдфэбэль перасеў на лаўку — яна затрашчала пад
цяжарам яго цела. Два фэльчары пачалі перавязваць. Калі зьнялі з фэльдфэбэля
сарочку, то, агаліліся усе залітыя крывёю, зьзяючыя некалькімі ранамі шырокія,
магутныя грудзі і дужыя, перавітыя канатамі мускулаў, рукі.
Фэльдфэбэль
гаварыў далей сваю перадсьмяротную споведзь.
— Браткі,
я рабочы з Іжэўскага заводу. У мяне жонка, двое дзяцей. Жыў я пры заводзе, меў
свой домік і маленькую гаспадарку — гарод, карову і некалькі сьвіней. Жыў нішто
сабе. Прыйшла рэвалюцыя — адна, потым другая. Савецкая ўлада пратрымалася ў нас
нядоўга. Не пасьпеў я і разабрацца як сьлед. Потым прышлі белыя і так
расьпісалі бальшавікоў, што з мяне першага ворага саветаў зрабілі. Усё, кажуць,
у цябе адбяруць, нельга нікому і нічога свайго мець, усё павінна быць агульным,
жонка — і то не твая. Э-эх! Дайце закурыць, браткі. — Фэльдфэбэль перадыхнуў,
потым, глыбока зацягнуўся махорачнаю папяросаю, закашляўся і разам з дымам
выплюнуў згустак крыві. — Паверыў, пайшоў з белымі, даходзіў да Волгі, потым
прышлося адступаць. Я тады яшчэ адчуў, што тут нешта ня так: чаму бальшавікі
дужэй нас аказаліся, хоць нам памагалі і японцы, і ангельцы, і хто хочаш? Хацеў
я застацца, ды пабаяўся, — ужо вельмі шмат страшнага пра чырвоных гаварылі,
асабліва ў газэтах пісалі. Так і пайшоў у Маньчжурыю, потым у Харбін трапіў,
доўга беспрацоўным быў, галадаў, за сям’ю пакутаваў, нарэшце сяк-так дастаў
работу па электрычнай станцыі. Дамоў моцна цягнула, ды ўсё чакаў і сам ня ведаў
чаго. Адзін раз, ідучы на вуліцы, сустрэўся з капітанам, мы з ім у адной роце
служылі, ён мяне і спакусіў.
—
Па ўсёй Сыбіры, — кажа, — паўстаньні проці камуністаў ідуць. Пепяляеў у паход
рыхтуецца, кідай работу, запісвайся да яго ў дружыну. Цяпер не пабяжым, на
нашай вуліцы сьвята будзе, вызвалім радзіму ад бальшавікоў і свае сем’і ўбачым,
калі іх не перарэзалі чырвоныя чэрці.
Мяне
нібы абухом ударыла — нічога я яму адразу не адказаў. Запісаў ён мой адрас, і
мы разьвіталіся. Два дні нібы п’яны я быў, на работу ня выйшаў, спаць ня мог,
ад яды адбіла, усё пра адно думаў: пра сям’ю і пра Расію. Вельмі хацелася
ўбачыць, як там жывуць. А ў душу сумненьне закралася, ня верыцца неяк: а што,
калі нічога гэтага няма і яны проста банду, думаю, арганізуюць для налёту на
савецкую тэрыторыю, каб парабаваць? Чуў я, што ўжо не адзін раз гэта было. Жыць
няма на што, а есьці трэба: ўварвуцца, спаляць цэлыя вёскі, пераб’юць, каго
захочуць, — бальшавікоў і тых, хто ў іх працуе, і назад за граніцу. Думаю,
думаю і ня ведаю, на што адважыцца, а распытаць, параіцца няма з кім. На трэці
дзень зайшоў капітан да мяне на кватэру.
—
Ну, што, — кажа, — паедзем? Заўтра Харбін пакідаем, штаб ва Ўладывасток
перакідаецца.
Я
і згадзіўся і папаў у Якуцію. Сам у пастку залез.
Сілы пакідалі фэльдфэбэля. Ён захістаўся і ледзь не зваліўся з лаўкі.
Яго палажылі недалёка ад камялька на падлогу. Мінут пяць фэльдфэбэль праляжаў
спакойна, потым раптам сеў, засунуў рукі пад бінты. Як нітку парваў іх і кінуў
перавязку па зямлю.
— Ня
трэба... Паміраю... Сьмерці ня страшна, а цяжка тое, што раней не прымірыўся з
савецкаю ўладаю, як шалёны воўк кусаў яе, дзе толькі мог. Верыў газэтам і генэралам...
Сволачы, аблыталі кругом! Даруйце мне, таварышы! Ня там і не за тое я паміраю,
дзе павінен паміраць рабочы...
Фэльдфэбэль
зваліўся на зямлю. Хутка страціў прытомнасьць і памёр. Гаспадар юрты, баючыся
звароту белых і новага бою, сьпяшаўся як найхутчэй выехаць і выйшаў на двор запрагаць
сваіх валоў. Гаспадыня ў першую чаргу хапілася за дзяцей. Яна ўхутала іх у брудныя,
з парванаю пакрыўкаю заечыя коўдры, потым пасадзіла кожнае дзіця ў вялікую
скураную торбу, якую спрытна зашнуравала мяккім тонкім раменьчыкам з ласінае
скуры. З торбы выглядала толькі адна дзіцячая галоўка. Бабуля-маці, нізка
апусьціўшы сваю сівую, з растрапанымі валасамі галаву, грэлася ля камялька. Яна
часта ўздыхала, вохала і нешта гаварыла на сваёй роднай мове.
Хутка
зайшоў у юрту і сам гаспадар. У гэты момант грымнуў выпадковы стрэл у адным з
нашых каравулаў. Гаспадар закідаўся, забегаў па юрце і пачаў зьбіраць сваё небагатае
хатняе дабро. Усё паляцела ў адну агульную кучу: падушкі, тарбазы, гаршчкі,
сетка на рыбу, берасьцяныя туісы, розныя шкуры. Пер’е і пыл густа віселі ў паветры.
Небарака бацька сямейства да таго запарыўся, што на просьбу свае жонкі ўвязаць
апошняе дзіця, ён схапіў самавар, які стаяў побач з калыскаю, і пачаў засоўваць
у прызначаную для дзіцяці торбу.
— Туох буоллунг? (Што з табою?) — зьдзівілася
яго жонка. — Ірдзінг дуо? (Звар’яцеў ты?) Кер! (Глядзі!).
Сумна
і цяжка было бачыць, як сьпяшаліся жыхары пакінуць свой наседжаны куток і
кідалі на волю лёсу сваю маленькую, вельмі цяжка здабытую гаспадарку.
Авантура Пепяляева нікога не шкадавала, і насельніцтва ўцякала ад яго,
як ад чумы.
У
юрце плакалі дзеці, стагналі параненыя, а на дварэ мычала скаціна, іржалі
ўцалеўшыя пасьля бою коні, даносіўся гоман чырвонаармейцаў і цяжкі тупат іх ног
па цьвёрдай, як костка, зямлі. Сярод усіх гэтых гукаў выдзялялася сумнае і
працяжнае выцьцё забытых сабак.
Скончыўшы
свае зборы, якут павольна ў апошні раз абмацаў вачыма голыя сьцены свае юрты,
потым наневашта заглянуў у камялёк (аказваецца, як патлумачыў нам селянін, “ал
уот”, г, зн. сьвяты агонь, які дае жыцьцё і цяпло жыхару тайгі, асабліва дарагі
для якута і гаспадар юрты разьвітваўся з хатнім вогнішчам), а потым, зьняўшы
шапку, ён зьвярнуўся да нас са словамі:
—
Бывайце, таварышы, жадаю вам устаяць, не паддацца белым, мець мала параненых і
ніводнага забітага, разьбіць генэрала і вярнуць хутчэй мне маю юрту і мірнае
жыцьцё усяму нашаму краю. Калі б не сям’я, застаўся б з вамі — страляю добра,
ды самі бачыце, адзін я на сем чалавек работнік, больш няма. Самавар пакідаю —
мы абыдземся, а вам патрэбен. Бывайце! — ён махнуў рукою, пахапліва надзеў на
галаву старую, выцертую жарабковую шапку і выйшаў на двор, дзе яго ўжо чакала
гатовая ў дарогу сям’я.
Перамовы з Пепяляевым
Для ўсіх нас было ясна, што атрад стаіць перад тварам новага бою і што
нам трэба сьпешна да яго рыхтавацца, а таксама ўжыць усе магчымыя меры да
працяжнае абароны гэтага пункту. Маё раненьне аказалася даволі сур’ёзным: куля
затрымалася ў правым лёгкім, я кашляў крывёю і ня мог хадзіць.
Пакідаць батальён на старым месцы было немэтазгодна, трэба было
аб’яднаць усе нашы сілы ў адзін кулак і ўмацавацца. Батальён . пакінуў займаныя
ім юрты і перайшоў у нашу. Атрад быў зьведзены у адну роту і эскадрон і
неадкладна пачаў работу. Агульнае кіраўніцтва па пабудове акопаў усклалі на
Адамскага. Насілі па двор балбахі, вазілі сена, дровы, сьцягвалі забітых валоў
і коней.
Усё гэта хутка знаходзіла сваё месца. Валы і коні пакідаліся пасярэдзіне
двара — гэта быў наш правіянт, сена насьцілалі ў юрце і хатоне. Апошні
ачысьцілі ад гною і туды перанесьлі ўсіх параненых. Балбахі ставілі па 4-5 штук
у рад, знадворку засыпалі сьнегам і палівалі вадою, якую насілі на сабе з
палонкі возера. Мароз памагаў нам, ён хутка цэмэнтаваў нашы збудаваньні. Акопы
рабілі кольцавыя. Уся плошча двара была крокаў сто ў даўжыню і трыццаць сорак
крокаў у шырыню. Для кулямётаў рабілі спэцыяльныя байніцы — усяго сем ці восем
байніц, таму што патрэбны былі запасныя на выпадак перакіданьня кулямёта ў
найбольш пагражаючае месца. Тайга гайдалася верхавінкамі сваіх дрэў і, нібы
дзелячы імкненьне і сьпешку працуючых і снуючых людзей, хацела сказаць: “Так
трэба. Рыхтуйцеся. Так трэба”. Сонечныя праменьні адлюстроўваліся і блішчэлі па
застыўшай ледзяной броні вырослага невысокага валу. Ветрык сваім нябачным
вахляром абмахваў і сьлізгаў па гладкім ледзяным кольцы акопаў, ляцеў у тайгу і
на хаду дзяліўся ціхім шэптам з елкамі і хмызьнякамі аб усім бачаным на Лісінай
палянцы.
Гледзячы на вырастаючыя закрыцьці, чырвонаармейцы адчувалі сябе больш
бадзёра і ўпэўнена. Хтосьці з іх дагадаўся раскласьці ў і баку, за акопамі,
вялікі агонь і прыставіць да яго некалькі вёдзер, напоўненых мясам. Пад вечар
акопы былі гатовы, а таксама было падрыхтавана і данясеньне Байкалаву.
Паслаць нашага пасыльнага ўдзень мы ўстрымаліся, і толькі з надыходам
цемнаты чырвонаармеец Канстантынаў — якут, які добра ведаў дарогу, — выехаў у
горад. На пакеце быў памечаны алюр *** але — дзе там! — Конь пад нашым ганцом
яўна ня мог разьвіць такое скорасьці, і мы баяліся, што нашаму пасланцу
прыйдзецца ісьці пехатою. Калі ж ён не праедзе ў першую ж ноч
семдзесят-восемдзесят вёрст, то яго дагоняць. Так яно і здарылася. Праехаўшы
вёрст дваццаць, Кастантынаў пакінуў свайго каня і пайшоў пехатою.
Яго дагналі белыя і ўзялі ў палон.
Увесь дзень і ўся ноч прайшлі спакойна. Белыя нічым сябе не выяўлялі.
Высланая намі выведка, прайшоўшы вёрст пяць, нікога не заўважыла і вярнулася ні
з чым. Ісьці далей было рызыкоўна — маглі адрэзаць і захапіць.
Пепяляеў, атрымаўшы трывожныя весткі пра няўдачу Вішнеўскага,
пасьпяшаўся з астатнімі сіламі дружыны да месца бою, маючы намер у самы кароткі
тэрмін расправіцца з чырвоным атрадам. Але, прыбыўшы ў Сасыл-сысы, ён выявіў,
што ўзяць праціўніка адкрытаю атакаю будзе каштаваць вялізных ахвяр. Таму
Пепяляеў палічыў за, лепшае ўступіць з чырвонымі ў перамовы і запрапанаваць ім
здацца бяз бою.
На
наступны дзень, 14 лютага, гадзіне а 11 дня да аднаго з нашых каравулаў прышлі
два парлямэнтары ад Пепяляева. Абодва былыя чырвонаармейцы, узятыя ў палон у
амгінскім баі.
Яны паведамілі, што Пепяляеў з 600 чалавек, пры пяці цяжкіх кулямётах і
трох аўтаматах Шоша, знаходзіцца ў паўвярсьце ад нас. Перадаўшы пакет, яны
пайшлі назад.
Пепяляеў пісаў:
“Вы акружаны з усіх бакоў сыбірскаю дабравольніцкаю
дружынаю і паўстанчымі атрадамі. Супраціўленьне бескарысна. Каб унікнуць
дарэмнага праліцьця крыві, выключна ў інтарэсах захаваньня жыцьця
чырвонаармейцаў, прапаную здацца. Гарантую жыцьцё ўсім чырвонаармейцам,
камандзірам і камуністам. Канчатковы адказ павінен быць да 12 гадзін дня.
Камандуючы сыбірскаю дабравольніцкаю
дружынаю
і паўстанчымі атрадамі генэрал-лейтэнант
Пепяляеў
Начальнік штабу,
палкоўнік генэральнага штабу Ляонаў”.
Пакет быў атрыманы намі ў 11 гадзін 15 мінут. Гэтая прапанова Пепяляева
была зачытана ўсяму атраду.
Настрой ва ўсіх быў адзін: біцца да апошняга патрона. Але перш чым
адказаць Пепяляеву адмоўна, я парашыў сам агледзець нашы акопы і вызначыць іх
прыдатнасьць.
На
мяне накінулі даху і з дапамогаю двух чырвонаармейцаў я выйшаў на двор і пабежна
агледзеў нашу крэпасьць. Рэзультаты былі зусім няважныя. Акопы абараняюць
толькі ад франтальнага агню і адкрыты для флянгавага і тыльнага абстрэлу. Іх
неабходна перабудаваць. А час падыходзіць да канца.
У
такі невялікі тэрмін не пасьпееш. Каб выйграць час, парашылі пайсьці на
хітрасьць і напісалі Пепяляеву адказ наступнага зьместу:
“Ваша прапанова аб здачы даверанага мне
атраду атрымана у 11 гадзін 15 мінут 14 лютага. З прычыны вялізнае важнасьці
пытаньне аб здачы цэлага атрада са зброяю ў руках пэрсанальна вырашыць не магу.
Неабходна зрабіць агульны сход атраду, на якім і абмеркаваць вашу прапанову.
Для гэтага патрабуецца час, якога мы ня маем. Прашу прадоўжыць тэрмін на 16
гадзін.
Камзводатраду I. Строд
Начштабу Дзьмітрыеў.
Ваенком Крапачоў
Для перадачы нашага адказу выбралі двух чалавек: камандзіра ўзводу
Аляксея Волкава і кулямётчыка Пажыдаева. Уручылі ім пакет і палку з прывязанаю
да яе бруднаю белаю насавою хустачкаю. Парлямэнтары хутка падняліся на гору,
вышлі ў разьмяшчэньне нашых каравулаў і, адышоўшы ад іх крокаў на трыста,
сустрэлі заставу белых: адзін узвод з кулямётам, начальнікам якога быў Рэнкус.
Парлямэнтараў затрымалі. Падышоў афіцэр і, даведаўшыся ў чым справа,
запрапанаваў абодвум завязаць вочы.
—
Нашто гэта вам трэба?
—Каб вы ня ўбачылі наша разьмяшчэньне і сілы, — адказаў на пытаньне
начальнік заставы белых.
Прышлося згадзіцца, і далей ўжо пайшлі з завязанымі вачыма, трымаючыся
за рукі дваіх праважатых. Па дарозе прабавалі было пачаць гутарку, але пепяляеўцы
не адказвалі, перасталі пытаць, і нашы. Толькі ў юрце зьнялі з парлямэнтараў
павязкі. Спачатку яны не маглі нічога разгледзець і толькі жмурыліся. За сталом
сядзела чалавек пяць афіцэраў, мабыць штаб.
—
Хто з вас генэрал Пепяляеў? — пытаюць парлямэнтары.
—
Я, — адклікнуўся чорнабароды высокага росту чалавек, які стаяў ля
патрэскваючага камялька. На ім — суконныя штаны, аленевыя камусы, вязаная
чырвоная фуфайка без пагонаў.
Ён
працягнуў руку, прывітаўся, а за ім пачалі вітацца і ўсе іншыя афіцэры.
Запрасілі сесьці, пачалі частаваць папяросамі. Пепяляеў узяў пакет. Прачытаў.
Падумаў.
—
А камандзір у вас партыйны — запытаў Пепяляеў у Пажыдаева
—
Не, беспартыйны.
—
Ну вось, адразу відаць сьвядомага чалавека. А шмат у вас у атрадзе камуністаў?
— запытаў Пепяляеў у Волкава.
—
А ці ня ўсяроўна вам? — адказаў пытаньнем таварыш Волкаў.
Пепяляеў на мінуту задумаўся. У гэты час у юрту зайшоў генэрал
Вішнеўскі.
Пепяляеў падышоў да яго, і ціхім голасам яны пачалі раіцца. Потым голасна
зьвярнуўся да свайго штабу:
—
Браты афіцэры, Строд просіць адтэрмінаваць на чатыры гадзіны, каб на агульным
сходзе атраду абмеркаваць цяжкае для іх становішча і прыняць канчатковае
рашэньне. Як вы думаеце, можна адтэрмінаваць? Я і брат Вішнеўскі думаем, што
можна. Пярэчаньняў няма?
—
Начальнік штабу палкоўнік Ляонаў тут жа напісаў адказ і перадаў Пепяляеву. Той
падпісаў, потым фамільярна пахлопаў па плячы Волкава.
—
Я рад, што дарэмнага праліцьця крыві ня будзе. Калі першы бой быў няўдачны, то
толькі таму, што я выдзеліў малыя сілы. Цяпер жа супраціўленьне бескарысна — я
сабраў усе сілы, і ў мяне вялізная перавага. Калі чаму-небудзь вашы камандзіры
ня згодзяцца на здачу і я павяду наступленьне, страляйце ў паветра. Помніце, —
я нікога не расстрэльваю і вашы таварышы, узятыя ў палон, дабравольна служаць у
дружыне. Хто не захоча служыць у мяне, тых — адпушчу ў Якуцк.
Падаў пакет. Парлямэнтары накіраваліся да выхаду. Ім зноў завязалі вочы
і праводзілі да заставы і толькі там дазволілі зьняць павязкі. Рэнкус папрасіў
дазволу ў начальніка заставы белых крыху пагутарыць з хлапцамі. Афіцэр
дазволіў, сам падышоў крокаў на дзесяць і пачаў сачыць за імі.
—
Ну, як справы, таварышы? Як там наша братва пажывае?
—
Нічога, брат Рэнкус, жывём добра, чакаем лепшага.
—
Які чорт, брат! Воўк у тамбоўскім лесе ім брат, а ня я.
—
Афіцэр зморшчыўся, але змаўчаў.
—
Шыя да гэтага часу баліць. Так гэтыя браты мяне навярнулі прыкладам у Амзе, але
і я ў даўгу не застаўся, таксама пашэрсьціў. Шкада, што мала нас было, а то
б...
—
Спыніце гутаркі, Рэнкус а вы, браты, ідзіце, не затрымлівайцеся, вас там
чакаюць, — ня вытрымаў начальнік заставы.
—
Ну, а ты, Рэнкус, што парабляеш?
—
Ды нічога, як бачыце, начальнікам кулямёта ў іх.
—
Што ж, па сваіх страляць будзеш?
—
Рэнкус у адказ пакасіў толькі вачыма ў бок афіцэра.
—
Усе манаткі яны ў мяне забралі, апошнюю пару бялізны забралі, а потым братам
яшчэ называюць.
Начальнік заставы рашуча падышоў да гутарыўшых і катэгарычна запрапанаваў нашым парлямэнтарам працягваць
сваю дарогу.
Разьвітваючыся, старыя прыяцелі расцалаваліся, і Волкаў з Пажыдаевым
хутка пайшлі да сваіх, а каранастая фігура Рэнкуса адразу неяк згорбілася і
асела, прыдушаная цяжарам перажытага і надыходзячага...
Потым Рэнкус энэргічна страсянуў галавою і закрычаў усьлед адыходзячым
таварышам:
—
Перадайце ад мяне прывітаньне ўсім вашым! Скажыце, каб не здаваліся і добра
наклалі нашым!
Афіцэр злосна пачаў крычаць на Рэнкуса. Тайга падхватвала сярдзітыя гукі
яго голасу і хавала іх у сваіх бела-зялёных мяккіх складках.
Адказ Пепяляева гаварыў:
“Працягнуць тэрмін перамоваў да 16 гадзін, па нашаму часу,
згодзен. За, гэты перыяд дзействаў ні з аднаго боку быць не павінна”.
Наша хітрасьць удалася. Работа кіпела, і да 15 гадзін 30 мінут акопы
былі перароблены. Да гэтага ж часу быў падрыхтаваны і адказ Пепяляеву
наступнага зьместу:
“Абмеркаваўшы ўсебакова вашу прапанову пра здачу, давераны
мне атрад прыйшоў да наступнага заключэньня.
Вы кінулі выклік усей савецкай Сыбіры і
Расіі. Вас запрасілі сюды купцы-спэкулянты і здраднік — эсэр Кулікоўскі. Народ
ня клікаў вас. Са зброяю ў руках ён стаў на абарону савецкае улады. Цяпер былыя
паўстанцы разам з Чырвонаю арміяй сталі на абарону аўтаномнае рэспублікі.
Якуцкая інтэлігенцыя ідзе разам з працоўным народам. Уся ваша авантура
пабудавана на пяску і ахвяравана на ня мінучую пагібель.
Скласьці зброю атрад адмаўляецца і прапануе
вам скласьці зброю і здацца на літасьць савецкае ўлады, лёс якое ня можа
вырашыцца тут. Ваша ж авантура скончыцца ў Якуціі.
Помніце, што народ з намі, а не з генэралам”
З
нашым адказам на гэты раз пайшоў толькі адзін Пажыдаеў. Наўздагон чуваць былі
заўвагі:
—
А белыя ж яго могуць расстраляць...
—
Я гатоў памерці — быў яго адказ. — Шкада, што не ў баю.
На
заставе зноў тая ж самая працэдура з завязваньнем вачэй. Праз некалькі мінут
хады зноў у знаёмай цяпер ужо юрце. Там нічога не зьмянілася, усе тыя ж самыя
асобы.
Пепяляеў бярэ пакет. Нэрвуе, ускрывае. Дрыжаць рукі. Потым чытае. Твар
усё больш і больш хмурыцца. Іншыя з напружанаю ўвагаю сочаць за генэралам..
Нарэшце прачытаў, адкінуў паперу ў бок і зьдзіўлена зьвярнуўся да афіцэраў:
—
Браты афіцэры! Ён прапануе здацца мне.
Пачуўся агульны сьмех. Сьмяяўся і Пепяляеў, але невясёлым, а нейкім
нэрвовым сьмехам.
Потым Пепяляеў павярнуўся да парлямэнтара:
—
Вы, напэўна, умацаваліся?
—
Так, акопы дзе-нідзе крыху падправілі.
—
Я так і думаў. Я так і дума... значыць у вас усе камуністы. І вы таксама
камуніст.
—
Не, таварыш... грамадзянін генэрал. У нас ёсьць камуністы, але больш
беспартыйных. Я не камуніст, але мы ўсе памрэм таксама, як камуністы паміраюць,
калі патрабуецца.
—
Вельмі шкада, што прыйдзецца дарэмна праліць кроў. Яшчэ раз раю страляць у
паветра. Супраціўленьне ўсёроўна бескарысна, толькі дарэмныя ахвяры а абодвух
бакоў будуць.
—
Добра, там убачым.
Пажыдаеў хутка вярнуўся. Папяляеў пісаў:
“Мы сюды прышлі на кліч насельніцтва. Настрой насельніцтва я ведаю. На
жаль, вы ня лічыцеся з думкаю народу. Перамовы лічу скончанымі. Адкрываю
ваенныя дзействы”.
Хітрасьць белых
Усе байцы на мясцох. Рота ў акопах, эскадрон у рэзэрве. Чакаем гадзіну,
чакаем дзьве — праціўніка няма. Надышла ноч, а яго ўсё няма. Выслалі выведку ў
трох кірунках. У Якуцк на лыжах пакіравалі двух чалавек з данясеньнем:
чырвонаармейца Аляксея Вычужына і з ім селяніна з вёскі Петрапаўлаўскае Сяргея
Мірушнічэнка, які добра ведаў тайгу і абяцаў прайсьці без дарогі. Для лёгкасьці
пасыльных узброілі толькі наганамі і параю гранат: вінтоўкі яны пакінулі. Разам
з выведкаю яны прайшлі вёрст сем-восем, потым зьвярнулі з дарогі і пайшлі
цаліною. Ня гледзячы на ўсе ўжытыя меры перасьцярогі і на тое, што яны вышлі
ноччу, іх усё такі белыя выявілі. Пяць узброеных пепяляеўцаў-лыжнікаў ўгналіся
сьледам за нашымі пасыльнымі цэлых сто вёрст і на трэці дзень ледзь абодвух не
захапілі. Выратаваліся яны дзякуючы аднаму якуту.
У
пасыльных зламалася лыжа. Стомленыя ганцы зайшлі ў населены пункт, каб зьмяніць
лыжы, а заадно крыху адпачыць і закусіць чаго-небудзь гарачага. Было ўсяго
дзьве юрты. Зайшлі ў другую, больш далёкую, гаспадар якое, даведаўшыся, у чым
справа, адразу ж прынёс некалькі пар лыж і запрапанаваў выбраць якія
спадабаюцца, а гаспадыня занялася самаварам. Не прайшло пасьля іх прыходу і
пятнаццаці мінут, як да першае бліжэйшае юрты пад’ехалі пяць чалавек белых
лыжнікаў. Яны зайшлі ў юрту і пачалі пытаць гаспадара, ці не праходзілі тут двое
на лыжах.
—
Як жа, як жа, — адказаў той. — Я сустрэў іх на дварэ ня больш як паўгадзіны
таму назад. У аднаго лыжа была паламана. Яны ўзялі ў мяне каня і сані, селі і
паехалі, нават чай піць адмовіліся.
—
А, чорт вазьмі! Думалі — тут іх захопім: яны вярсты тры пехатою па дарозе ішлі.
Коні ёсьць у цябе?
—
Ёсьць, ды толькі ў тайгу я іх адпусьціў. Пад вечар прывяду, пачакайце.
—
Нашто нам вечарам твае коні? Таксама сказаў, — да старасьці дажыў, а розум
пражыў, — ці ніколі яго ў цябе ня было? Нам зараз трэба, а ён — “вечарам...”
Схадзі даведайся ў суседа — можа быць, у яго коні дома. А мы пакуль што чайку
вып’ем.
Якут прыбег у другую юрту і ўсё расказаў чырвоным. Тыя умомант зматалі
вудачкі і падаліся далей. Коней вядома
не аказалася і ў суседа. Белыя спынілі сваю пагоню.
Праз некалькі гадзін нашы выведкі вярнуліся і паведамілі, што ўсе дарогі
вольныя, на сем-восем вёрст вакол белых нідзе няма. Гэта нас і ўзрадавала і
азадачыла. Спачатку мы парашылі, што да Амгі падыходзяць нашы з Якуцку і
Пепяляеў кінуўся ім насустрач, пакінуўшы нас у спакоі, даўшы нам магчымасьць
ісьці куды хочаш. Але, падумаўшы, мы парашылі, што гэта ваенная хітрасьць.
Пепяляеў адкрыў пастку з разьлікам, што чырвоныя ўздумаюць прарвацца і пакінуць
свае ўмацаваньні. Тады Пепяляеў у зручным для яго месцы разаб’е ўвесь атрад.
Калі б нават мы і не раскусілі гэтае хітрасьці Пепяляева, то і ў гэтым выпадку
мы ўсё ж засталіся б сядзець на месцы, таму што нам ня было на чым ехаць,
абцяжарвалі параненыя і мы ня мелі ніякае сувязі са сваімі. Толькі даведаўшыся
пра блізкасьць нашых часьцей, мы з боем пайшлі б на злучэньне да іх. Пакуль што
мы ўзмацнялі старажавое ахаваньне, разабралі адзін сьвіран на дровы і зьнесьлі
ва двор. Апроч таго, зрэзалі дзесяткі тры дрэў і паклалі іх уперадзе акопаў,
вяршынямі ў бок праціўніка. Атрымалася нешта падобнае да засекі, праўда, даволі
мізэрнае і ненадзейнае. Але для паступаючага часам нават слабая штучная
перашкода здаецца моцнаю, цяжка пераможнаю і дзейнічае на псыхіку. На гэты раз
так яно і атрымалася ў рэчаіснасьці. Наша засека здалёк здалася праціўніку
сур’ёзнаю перашкодаю для атакі, ён з ёю лічыўся і занёс яе на сваю схему як
сур’ёзную перашкоду.
Наступленьне галоўных сіл Пепяляева
Гадзін каля 12 ночы з нашымі каравуламі ўвайшла ў дакрананьне выведка
белых. Завязалася перастрэлка. Яна так і ня сьціхала праз усю ноч. Праціўнік
паставіў сабе мэтаю, перш чым павесьці сваё наступленьне, зьнясіліць нас, ня
даць заснуць. Трымаць праз увесь час напагатове. Мы ж толькі ўзмацнілі адным
узводам і двума аўтаматамі Шоша наша старажавое ахаваньне. У акопах дзяжурыў
пазьменна адзін толькі ўзвод, рэшта байцоў адпачывалі.
Гадзін у пяць раніцы выведка белых адышла і перастала нас трывожыць.
Ноч канчалася. У перадранішнюю цемру вялікімі белымі латкамі ўкрапваўся
туман. Цемната пачала паступова перафарбоўвацца ў малочны колер. Мароз зрабіўся
вастрэйшы. Вартавыя ў каравулах мерзьлі. Яны лёганька пастуквалі нагамі, церлі
рукавіцамі шчокі, насы.
—
Ну і халадзішча! — шэпча адзін чырвонаармеец.
—
Нічога, брат, не ўпершыню, не такі бачылі. Вось у 1922 годзе так да
шасьцідзесяці градусаў даходзіла, і то нічога — трымаліся, а сёньня ня больш як
40 будзе.
—
Вось пакурыць бы. Страшна хочацца.
—
Бадай, закурыш тут. Чорт іх бацьку ведае, дзе яны! Можа, зусім блізка. У лесе
ды ў тумане далёка ня ўбачыш.
—
А наступаць яны сёньня напэўна будуць?
—
Абавязкова. Пепяляеў на Якуцк сьпяшаецца, а мы яго затрымліваем.
—
Тссс... ідуць! Чуеш?
—
Так. А можа, гэта свае з Якуцку падасьпелі? Аклікнуць трэба.
—
Хто ідзе?
Бах! Бах! Бах! Піу-піу-піу... — адказалі за чалавека быстрыя нябачныя
кулі...
—
Можа, зноў выведка?
—
Які чорт выведка! Глядзі! Ланцуг ідзе...
Не
далей як у дваццаці-трыццаці кроках уперадзе каравулу скрозь белую заслону
туману цьмяна віднеліся чорныя сылюэты людзей.
Каравулы, адстрэльваючыся, пачалі пакідаць гару і адыходзіць да юрты, а
праз некалькі мінут усе яны ўжо былі ва дварэ.
На
гэты раз наступленьнем кіраваў сам Пепяляеў. Імгненным націскам усіх сваіх сіл
ён спадзяваўся хутка дабіцца перамогі. Тайга напоўнілася, белымі. Іх ланцугі
выцягнуліся на ўзьлеску. Было шэсьць гадзін раніцы. Пепяляеўцы рушыліся ўперад
і наступалі з усіх бакоў.
Уся рота і кулямётная каманда былі ў акопах. Эскадрон застаўся ў юрце, у
рэзэрве, гатовы ў кожную мінуту падтрымаць.
Перадранішнюю цішыню разарваў трывожны папераджальны стук нашых
кулямётаў. Насустрач белым агнёвымі ўспышкамі грымнуў акоп. Сотнямі сьмярцей, у
выглядзе распаленых куль, дунулі чорныя дзіркі байніц. Падалі ідучыя ўперадзе
адзетыя ў кажухі людзі, а на зьмену ім ішлі другія. Узьлесак выкідаў на Лісіную
палянку ўсё новыя і новыя ланцугі. Не зварочваючы ўвагі на страты, пакідаючы
ззаду сябе забітых і параненых, напорыста лезьлі белыя, надганяныя і
падбадзёрваныя сваімі камандзірамі.
Стогны параненых, сьвіст куль, трэск вінтовак і кулямётаў, крыкі “ура” —
усё зьмяшалася, пераблыталася ў адзін клубок сьмерці
Два разы пепяляеўцы падыходзілі на трыццаць-сорак крокаў да нашых акопаў
і абодва разы адкочваліся назад.
Разьвіднела. Цяпер добра відны атакуючыя ланцугі белых. Яны адышлі на
ўзьлесак і адтуль адкрылі страшэнны вінтовачны і кулямётны агонь. Мінут праз
сорак паўтарылі атаку, але зноў няўдачна. Да гадзіны дня атакі чаргаваліся з
абстрэлам і кожны раз яны былі адбіты. У рэзультаце праціўнік часова спыніў
сваё наступленьне і залёг у лесе, за сьвірнам і ў беразьняку. Толькі кулямёты
белых, заўважыўшы ў нас рух, адкрывалі агонь, ды зрэдку пастрэльвалі вінтоўкі.
Надышла кароткая перадышка. Частка чырвонаармейцаў, абутых у чаравікі,
памарозіла ногі. Самому горача, з твару пот льецца, а ногі мерзнуць бяз руху.
Людзі з самага ранку нічога ня елі. На марозе асабліва моцна даваў сябе
адчуваць голад. Арганізм расходаваў шмат цеплавое энэргіі і патрабаваў ежы. Пад
абстрэлам белых некалькі байцоў падцягнулі бліжэй да акопаў конскія тушы,
адсякалі сякерамі кавалкі мёрзлага мяса і елі. Хлеба ня было, соль прынесьлі з
юрты. Каб прамачыць перасохлае горла, бралі прыгаршчамі брудны стоптаны сьнег,
давалі яму растаць у роце і глыталі, прастуджваліся, хрыпла кашлялі.
Гадзіны ў тры дня праціўнік зноў перайшоў у наступленьне. Як відаць, ён
кінуў у бой новыя сьвежыя сілы. Сьнег на палянцы быў стоптаны папярэднімі атакамі,
і цяпер ланцугі белых, не затрымліваючыся, хутка ішлі ўперад. Ня гледзячы на
наш люты агонь, яны ня спыняліся і ня клаліся. Калі да ланцуга праціўніка, што
наступаў з поўначы, засталося крокаў пяцьдзесят, наш кулямёт Льюіс разьбіла
куляю, аўтамат Шоша зламаўся, а ў кулямёта Кольта, выбілі ўсе нумары і ён
змоўк. Дзьмітрыеў патрабаваў рэзэрвы. Эскадрон кінуўся з юрты ва двор якраз
упору. На вучастак першага ўзводу ўварвалася чалавек трыццаць белых.
Падасьпеўшым рэзэрвам белыя былі часткаю зьнішчаны, рэшта ўцякла. Небясьпека
мінула, і гэтая атака праціўніка таксама пацярпела паражэньне.
Камандзір эскадрону тав. Адамскі, мужны, самаадданы герой, які прайшоў
усю грамадзянскую вайну, быў забіты. Другі брат загінуў у Якуціі. Раніла ў руку
Дзьмітрыева. Дзьве кулі атрымаў камандзір узводу Аляксей Волкаў. Выбыў са строю
і начальнік кулямётнае каманды Хаснутдзінаў. Камандаваньне эскадрону прыняў
камандзір узводу Аляксандр Мятліцкі, ротаю — Аляксандраў, а начальнікам абароны
быў назначан камандзір узводу Жолнін, вельмі энэргічны і сьмелы таварыш. Бой
працягваўся. Праціўнік час-ад-часу ўсё яшчэ паўтараў свае ня меўшыя посьпеху
атакі.
Юрта з хатонам замыкалі цэнтар нашых акопаў. Праз увесь час бою дзесяткі
куль біліся ў сьцены, уліпалі ў іх, пранізвалі наскрозь, ляталі нізка над
падлогаю. Каб ня быць забітым ці параненым, нельга было ня толькі стаяць, але
нават і сядзець. Усё жывое ў хатоне і юрце шчыльна прыхіналася да зямлі — інакш
сьмерць. У памяшканьні цёмна. Некалькіх маленькіх вокан, прасечаных хутчэй для
паветра, чым для сьвятла, заложаны ад куль балбахамі. З двара праз увесь дзень
прыбывалі параненыя. Апынуўшыся ў хатоне, яны адчувалі сябе ў параўнаўчай
бясьпечнасьці. Адразу не лажыліся, а на палову сагнуўшыся, стаялі і не
зварочвалі ўвагі на папераджальныя крыкі сваіх таварышаў: «Лажыся! Лажыся!»
Некаторыя з іх падалі забітымі, або ж яшчэ з адною новаю ранаю.
Два
фэльчары знаходзіліся ў акопах, а два другіх — у хатоне. Яны ляжалі на падлозе,
недалёка ад дзьвярэй. Каля фэльчароў слаба мігалі аганькі двух самаробных сьвяцільнікаў,
якія не маглі перамагчы акружаўшую цемнату і асьвятлялі толькі невялікі круг
каля сябе. З рызыкаю для ўласнага жыцьця фэльчары перавязвалі параненых. Часта
яны спынялі сваю работу, прыхіналіся да зямлі, і, калі радзеў сьвіст куль, зноў
пачыналі перавязваць параненых. Надышла ноч. Бой ня спыняўся. Цёмнае кольца
акопаў безупынна апяразвала агнёвая маланка вінтовачнай страляніны. Пякучым
шквалам працягвалі сыпаць чатыры кулямёты, якія яшчэ засталіся. Сёньня ўсе нашы
аўтаматы Шоша канчаткова выбылі са строю. Дулы ў вінтовак напаліліся, затворы
адмаўляліся працаваць. Кулямёты ахрыплі, неахвотна жавалі насьпех набітыя патронамі
істужкі і пачалі даваць шмат затрымак.
Нарэшце стральба з абодвух бакоў пачала слабець. Адзін за адным змоўклі
кулямёты. Сьледам за кулямётамі пачала радзець і стральба з вінтовак, а потым і
яна спынілася. Дзесьці стомлена хлопнуў апошні адзінокі стрэл, і ўсё сьціхла.
Было каля дванаццаці гадзін ночы.
Пепяляеў
спыніў сваё наступленьне; страціўшы забітымі і параненымі каля 150 чалавек.
Нашы
страты былі: 61 чалавек забітымі і параненымі.
Дзьве ракеты
Другі бой, які працягваўся васемнаццаць гадзін, скончыўся новым
паражэньнем Пепяляева. Дорага каштаваў гэты бой і для нас. Атрад заставаўся без
каманднага саставу. Хатон напоўніўся параненымі. Людзі ў акопах замярзалі.
Расклалі агні і па чарзе грэліся ля іх. Але настрой ва ўсіх быў добры. Кожны
бачыў і разумеў, што нашы ахвяры ня былі дарэмнымі. Пепяляеў вымушан цяпер
затрымацца ў Амзе і як бы там ні было скончыць з намі. Калі яму гэта ўдасца, то
сілы белых будуць настолькі падарваны, што ня будуць небясьпечнымі для Якуцку.
Узяць наш атрад новым наступленьнем было вельмі цяжка. Пра гэта гаварыў сёньняшні
бой. Дасягнуць перамогі праціўнік мог толькі праз новыя вялікія страты.
Начальнік
аднаго кулямёта Максыма гаварыў:
— Мне яшчэ ні разу ня прыходзілася столькі
страляць з кулямёта, як сёньня. Выпусьцілі сорак істужак. Як толькі вытрымаў
кулямёт? Затрымак — і то мала было, а расстралялі ж дзесяць тысяч патронаў.
Вось і папрабуй вазьмі, падступіся! Гэта ім не Амга...
Пепяляеў загадаў генэралу Вішнеўскаму:
“Сёньня ж ноччу зрабіць яшчэ адну атаку і як бы там ні было ўзяць Сасыл-сысы”.
Сам ён паехаў у Амгу.
Мы
чакалі новага наступленьня і былі напагатове. Байцы так стаміліся, што палову
сваіх сіл нам прышлося перавесьці ў юрту на адпачынак. Кулямёты засталіся ў
акопах, апроч аднаго, які занесьлі ў юрту, разабралі і пачалі чысьціць. Так па
чарзе прачысьцілі і змазалі ўсе кулямёты. Цяпер яны пачалі працаваць лёгка. З
усіх быўшых у нас аўтаматаў Шоша сабралі два. Кулямётчыкі таксама адпачывалі ў
юрце па чарзе, але ня больш як па два чалавекі ад кожнага кулямёта.
Гадзіны
ў тры раніцы ў баку праціўніка пачуўся шум. Падрыхтоўвалася новая атака. У
атрадзе было пяць ракет: чатыры асьвятляльных і адна сыгнальная — чырвоная. Пра
іх неяк забыліся і ўспамянулі толькі цяпер. Шум у лесе ўсе ўзмацняўся і
набліжаўся.
З
акопаў узьвілася адна ракета і, разарваўшы чорнае пакрыцьцё ночы, асьвятліла
палянку, акопы і ўзьлесак. Сьледам узьнялася другая ракета. На кароткі час зрабілася
сьветла, як удзень. Потым абедзьве ракеты падаючымі зоркамі паляцелі ўніз,
мякка стукнуліся аб зямлю і з ціхім шыпеньнем, выпускаючы дрыжучае матавае
сьвятло, згасьлі. Густая цемра зноў ахутала палянку, юрту, лес. Пачалася перастрэлка,
якая цягнулася да самае раніцы.
Атака белых не адбылася. Вішнеўскі данёс Пепяляеву: “Чырвоныя маюць
вялікі запас ракет і безупынна асьвятляюцца. Гэта адмоўна дзейнічае на
дружыньнікаў. Чакаю вашага распараджэньня”.
Ноччу 16 лютага ад Пепяляева разам з загадам прыбыла некалькі вазоў
люстэрак усякіх разьмераў. Іх сабралі ў жыхароў. Люстэркі прызначаліся для
барацьбы з асьвятляльнымі ракетамі. Калі паставіць люстэрка проці акопаў, то
пры ўспышцы ракеты зайчыкі — адлюстраваньне сьвятла — перашкаджалі стралком,
што сядзелі ў акопах, бачыць уперадзе сябе.
Ужываньне гэтага “апошняга слова тэхнікі” перашкодзілі надышоўшыя месячныя
ночы.
ЗАГАД ПЕПЯЛЯЕВА
Камандзірам першага і чацьвёртага
батальёнаў.
16 лютага 1923 году, 21 гадзіна 20 мінут №
3, в. Табалах.
Пры гэтым аб’яўляю прадпісаньне
камандуючага дружынаю для прачытаньня і растлумачэньня дабравольцам. Паведамляю
копію расшыфраванага данясеньня Строда. Данясеньне было паслана з пасыльным,
захопленым жыхарамі і дастаўленым у штаб:
Просьба расшыфраваць і перадаць Байкалаву
(шыфр “Амэрыка”). Данашу: з Петрапаўлаўскага выступілі 7 лютага атрады
Дзьмітрыева і Строда пад агульным камандаваньнем штабу. Прыбілі ў мясцовасьць
Сасыл-сысы 12 лютага вечарам. 13 лютага на досьвітку белыя павялі наступленьне
першым батальёнам і афіцэрскаю ротаю, усяго 230 чалавек, пад камандаю генэрала
Вішнеўскага. Наступленьне адбіта са стратамі з абодвух бакоў. Чакаем новага
наступленьня. Рухацца ня можам — няма транспорту, параненыя.
Пепяляеў у Амзе, усяго часьцей: тры
батальёны, афіцэрская рота, конны дывізіён, артылерыйскі дывізіён, без гармат,
— усяго 700 чалавек і былых паўстанцаў каля 300 чалавек. Чакаем тэрміновае
выручкі. З правіянтам дрэнна — адна каніна, дрэнна і з перавязачным матэрыялам.
Стаім у шасьці вёрстах на паўночны ўсход ад
Абагі, у Джэнкунскім насьлезе.
Нач.
зводнага атраду — Строд. Нач. штабу Дзьмітрыеў. Ваенком — Крапачоў, 13 лютага
1923 г., м. Сасыл-сысы.
На словах пасыльнаму загадана было
перадаць: Лепшыя камандзіры нашы паранены. Просім падмацаваньня. Строд паранены
у правую палову грудзей, раненьне сьляпое. Дыхае цяжка.
Браты дабравольцы, вы разьбілі амгінскі
гарнізон, гарнізон Петрапаўлаўскага загналі ў Сасыл-сысы і нанесьлі яму цяжкія
страты, паранілі старшых начальнікаў.
Цяпер неабходна разьбіць гэты атрад і
разьвязаць сабе рукі для ўзяцьця Якуцку.
Браты! Вы змагаецеся за шчасьце народу і за
пабудову вольнага жыцьця. Народ з вамі, ён вам памагае ва ўсім, ён радуецца
вашым перамогам і вашаму геройству. П . П.
Командуючы сыб. дабр. друж.
генэрал-лейтэнант — Пепяляеў.
Верна: Начальнік штабу ген. штабу палкоўнік
Ляонаў. П. п. Начальнік авангарду палкоўнік — Рэйнгард. З арыгіналам верна:
старшы ад’ютант штабу падпалкоўнік Сіманаў”.
Якуцкія танкі
Белыя
ніяк не маглі прымірыцца з думкаю, што ім прыйдзецца страціць шмат часу, каб
разграміць і зьнішчыць гэты атрад чырвоных.
Абстаноўка
патрабавала хутчэйшае разьвязкі. Зрабіць яшчэ адно наступленьне праціўнік
устрымаўся, ня будучы ўпэўненым у посьпеху свае атакі і баючыся панесьці новыя
дарэмныя страты. Далейшая ж зацяжка падрывала маральна цепяляеўскую дружыну і
магла канчаткова разьбіць у іх сьляпую, не па чым не аснаваную веру ў посьпех
свае авантуры. Гэтую акалічнасьць улічылі і сам Пепяляеў і генэрал Вішнеўскі.
Каб у найкарацейшы тэрмін расправіцца з моцна пацярпеўшым атрадам чырвоных, каб
з малымі стратамі і хутчэй гэта зрабіць, пепяляеўцы парашылі зьдзівіць адсталую
і цёмную Якуцію новым сваім тэхнічным дасягненьнем. Паводле распараджэньня Вішнеўскага
белыя пачалі будаваць своеасаблівыя “танкі”: на сані, з драўляным насьцілам
накладалі пяць-шэсьць радоў балбах. Такую таўшчыню куля не прабівае. Такіх
“танкаў” яны зрабілі некалькі дзесяткаў. За кожным такім імправізаваным
прыкрыцьцем маглі хавацца восем — дзесяць чалавек. Штурхаючы перад сабою
“якуцкі танк”, белыя маглі беспакарана падыйсьці блізка да нашых акопаў, закідаць
іх гранатамі і кінуцца ў атаку. Поўны посьпех генэральскай прадпрымальнасьці,
здавалася, быў забясьпечаны. Але пепяляеўцы, асьлепленыя сваёю ідэяю,
выпусьцілі з-пад увагі адну “маленькую” акалічнасьць. На кожныя сані
прыходзілася грузу ня менш чым па 100 пудоў. Каб штурхаць іх па глыбокім
сьнезе, трэба было, апроч васьмі-дзесяці чалавек ззаду, яшчэ запрэгчы ўперадзе
саней пару добрых коней. На вялікі жаль белых, чырвоныя стралялі не гарохам, і
выдумку з “якуцкімі тапкамі” прышлося пакінуць таксама, як і люстэркі
Асада
Увесь наступны дзень, 16 лютага, была перастрэлка з вінтовак. Яна то
заміралі, то зноў аднаўлялася з новаю сілаю. Кароткімі чэргамі тахкалі
кулямёты. І так да самага вечара. Пепяляеўцы не наступалі.
Надышоўшая
ноч таксама прайшла без якіх-небудзь актыўных дзействаў з боку праціўніка.
Толькі зрэдку цішыня парушалася не працяжнымі ўспышкамі стрэльбавага агню з
абодвух бакоў. Кулямёты амаль не стралялі. Раніцою начальнік абароны Жолнін
паведаміў, што белыя робяць з балбах вакол нас акопы. Праціўнік парашыў узяць нас
зморам. Мы апынуліся ў кольцы. Пачалася асада, і з ёю прышлі пазбаўленьні.
Першае, з чым прышлося сустрэцца, — гэта адсутнасьць вады. Наяўны невялікі
запас лёду вычарпаўся, і ў гэтую раніцу мы засталіся без кіпеню. У нас быў
адзіны выхад з такога становішча — гэта карыстацца сьнегам, але ён за акопамі,
і яго можна дастаць толькі з заходняга боку, дзе было возера і да праціўніка
было тысяча крокаў, але белыя гэты вучастак флянкіравалі сваім агнём з двух
бакоў.
Днём
ня было чаго і думаць пайсьці на паляваньне за сьнегам. Яго можна было
даставаць толькі ноччу, і то з небясьпекаю для свайго жыцьця. Параненых мучыла
смага, і яны кожную мінуту прасілі вады.
— Таварышы,
дайце вады! Паміраю! Піць хочацца! Усё перасохла... О-ох! Гарыць нутро. Дайце
каплю вады!
—
Таварышы, пацярпіце да вечара. Няма вады, лёд кончыўся, а сьнегу зараз не
дастанеш — заб’юць. Бач, стральба на дварэ ня сьціхае! Белыя блізка, кругом
заселі.
Лёгка параненыя зьміраліся і маўчалі, але цяжка параненыя праз увесь час
жаласна прасілі піць.
Нарэшце
надышла доўгачаканая ноч, але, як наўмысьля, месячная.
З
рэзэрвовае часьці атраду, якая знаходзілася ў юрце, згадзіліся два чырвонаармейцы
пайсьці па сьнег. З імі дабравольна пайшоў і палонны унтэр-афіцэр, захоплены
пры нашым падыходзе да Сасыл-сысы.
—
Дазвольце мне пайсьці разам з чырвонаармейцамі па сьнег. Сам паглытаю і іншым
прынясу, — папрасіўся ён у мяне, і я яго адпусьціў.
Усе
трое ўзялі з сабою па мяшку, вышлі ва двор і пераступілі за акоп...
У
месячнай сьветлай муці выразна выдзяляюцца чорныя цені. паўзучых па сьнег
людзей. Іх заўважылі пепяляеўцы і адкрылі моцную стральбу. Дваіх паранілі,
унтэр-афіцэра забіла. Вярнуліся ні з чым. Пайшлі яшчэ двое. Зноў аднаго параніла,
другі прынёс крыху сьнегу. Яго высыпалі ў вядро, паставілі да агню ў камялёк.
Атрымалася некалькі конавак вады, якую падзялілі паміж цяжка параненымі.
Прыпаўшы перасохлымі губамі да конаўкі, яны пілі маленькімі глыткамі, як
вельмі смачнае дзіўнае пітво. Выпілі, лягчэй уздыхнулі, але праз некалькі мінут
зноў пачалі прасіць вады. Незадаволеная смага зрабілася яшчэ вастрэйшаю і
невыноснаю. Што рабіць? За ноч трэба нанасіць шмат сьнегу — на цэлы атрад, але,
пакуль сьвеціць месяц, сьнег для нас недаступны. Вораг добра ўлічвае наша
становішча, ён пільна сочыць за адзінаю для чырвоных дарогаю да сьнегу. Месяц
хаваецца гадзіны за дзьве да дня — за гэты час шмат не наносіш. На вялікую нашу
радасьць, у санітарнай часьці аказалася некалькі прасьцірадлаў, з якіх мы і
пашылі халаты. Выйшла толькі тры, але і гэта добра. Тры чырвонаармейцы, цяпер
ужо ў белых халатах, выпаўзьлі за акопы. Праціўнік іх заўважыў і адкрыў
стральбу. Мы адказвалі магутным агнём. Пачаўся сапраўдны бой. А тры чалавекі ў
халатах, прыпаўшы да зямлі, грэблі і грэблі сьнег у мяшкі, напакоўвалі іх
тужэй, адносілі на двор, высыпалі ў кучу, і ішлі назад. І так да самае раніцы.
За ноч пасьпявалі прызапасіць сьнегу роўна столькі, што хапала зварыць мяса
адзін раз у суткі, ды яшчэ заставалася па дзьве кружкі вады на раненага, а
здаровым па адной.
Агонь пепяляеўцаў цяпер не рабіў нам вялікае шкоды, але ўсё ж не заўсёды
для нас канчалася шчасьліва: былі параненыя, былі і забітыя. За кучу здабытага
сьнегу асаджаныя расплачваліся сваёю крывёю і жыцьцём.
Бяз хлеба
Выступаючы
з Петрапаўлаўскага мы прызапасілі хлеба толькі на дзесяць дзён. У дарозе з-за
адсутнасьці сена нам прышлося карміць хлебам коней і валоў.
З
першых жа дзён асады пытаньне аб правіянце стала востра. Адзіным нашым рэсурсам
былі забітыя коні і валы, якіх паводле нашага разьліку павінна было хапіць на
месяц. Ня гледзячы на маразы, мяса пачало псавацца. Аказваецца, прычынаю гэтаму
былі ўнутранасьці. Знайшлася выпадкова пілка. Мёрзлыя, цьвёрдыя, як костка,
трупы коней прышлося перарэзваць папалам, каб выкінуць унутранасьці і калі і не
зрабіць мяса сьвежым, то хоць папярэдзіць яго ад далейшага псуцьця. Як толькі
надыходзіў вечар і цемната сьцірала белую паласу, якая аддзяляла нас ад
пепяляеўцаў, на сярэдзіну двара, да трупаў жывёл, падпаўзалі два чалавекі.
Работа ішла марудна. За ноч пасьпявалі перарэзаць тры-чатыры тушы. Віск пілкі
чулі белыя, дагадваліся ў чым справа і пачыналі пастрэльваць, пакуль што
наўгад, значна засыпаючы двор кулямі. Кулі стукаліся ў мёрзлую зямлю,
адскоквалі і ляцелі далей. Іншыя пападалі ў коней і там затрымліваліся. Але
гэта шкодзіла мала. Укрытыя тушамі байцы былі ў параўнаўчай бясьпечнасьці і
працягвалі сваю справу. Разрэзанае на кавалкі мяса мыць ня было чым — вады ў
абрэз. Варылі якое ёсьць. Часта са шкураю: ададраць яе цяжка, ды няма часу —
есьці хочацца. Шэрсьць палілі на агні і абціралі крысом шынялі або якое-небудзь
анучаю, пасьля чаго спускалі ў вядро з вадою. Больш нічога туды ня клалі,
адзінаю прыправаю зьяўлялася соль.
Гадзін да 9-10 вечара пасьпявала страва. Кожны атрымліваў па кавалку
мяса і крыху варыва.
—
Сёньня крупнік з харбінскаю фасоляю, — жартавалі байцы, знайшоўшы ў
якой-небудзь порцыі засеўшую там кулю.
—
Фасоля не праварылася — цьвёрдая. Дзяжурны па кухні, чаго глядзіш? Фасоля зусім
сырая, ня ўпрэла. Яе трэба з вечара замочваць — да раніцы разьмякне, а так яшчэ
зубы паломіш.
Без мэдыкамэнтаў
Хутка раніца. Месяц павольна споўз ўніз і зваліўся за мяжу гор.
Надышоўшая цемра пачала ўступаць месца мутна-сіняму досьвітку. На дварэ
хлопаюць стрэлы. У юрце ніхто ня сьпіць, хутка будуць раздаваць кіпень. Са
скрыпам адчыніліся дзьверы. Замест вядра з чаем два чырвонаармейцы несьлі
толькі што параненага таварыша. На парозе затрымаліся, пачалі абмацваць і
глядзець на твар параненага.
—
Бач ты! Перавязаць не пасьпелі — памёр. Куды яна яго хапіла? — бездапаможна
разьвёў рукамі адзін.
Другі чырвонаармеец, шкадуючы забітага таварыша, глыбока ўздыхнуў, моцна
высмаркаўся і пачаў лаяць белых:
—
Сволачы, мала крыві пралілі, сюды прышлі, забойцы, мясьнікі!
Потым падхапіў пад пахі труп таварыша і панёс назад на двор.
—
Чаму ім не хадзіць? — сумна тлумачыў ляжаўшы недалёка ад дзьвярэй баец. —
Рабіць ім больш няма чаго. Рамяством гэта іхнім стала. Думалі, сустракаць
хлебам-сольлю, царкоўным звонам будуць. Спадзяваліся на цемнату якутаў — вось і
прыперліся. Але ня так выйшла, як разьлічвалі. Помню я адну байку пра ваўка.
Забег воўк у вёску і пачаў прасіць сялян схаваць яго ад пагоні. Ніхто ваўку не
памог — усім ён насаліў: у таго авечку сьцягнуў, у другога цэлую карову
зарэзаў. У Пепяляева тое ж самае атрымалася. Ён ня першы воўк у Якуціі. У
васемнаццатым годзе тут пабывалі ўсякія ваўкі і ўсе з аднае калчакаўскае зграі,
а два разы быць на зубах у ваўка нікому ня хочацца. Якуцкі народ добра помніць
белякоў, ведае ім цану, на прыгожыя салодкія словы ня пойдзе.
—
Так, якуты цяпер зьмяніліся, зусім іншымі сталі, — падтрымаў гутарку другі
чырвонаармеец.
—
Калі мы выходзілі з Петрапаўлаўскага, разьвітваючыся з намі, якуты лаялі
Пепяляева. Падыдзе якут да чырвонаармейца, працягне правую руку, левую сьцісьне
ў кулак і грозіць у той бок, адкуль чакалі белых. Шкада, што не разумееш, што
ён гаворыць па-свойму. Па-руску толькі лаяцца: “Пепяляеў маці... Пепяляеў
разбой!”
—
А можа, гэта якут нас лаяў і паціскаў руку за тое, што мы выходзім, — перабіў
нехта гаварыўшага.
Ну
і сказануў! Выскачыў, цяп-ляп! “Нас лаяў!” Калі б нас, то паўмяху замарожанага
малака ён ня прынёс бы атраду на дарогу. Ды амаль ніхто з простымі рукамі ня
прыйшоў праводзіць. Шмат ня ўзялі: падвод ня было, на сабе ўсяго не панясеш.
—
Наконт насельніцтва за прыкладам хадзіць далёка ня трэба, — умяшаўся ў гутарку
аддзялькам, які праціраў затвор у вінтоўкі. — Узяць хоць бы гаспадара гэтае
юрты. У тую раніцу, калі ён выяжджаў, я на дварэ быў — сек мяса. Якут складваў
на сані і ўвязваў сваю маёмасьць. У запрэжках два валы стаялі і ўсё сьнег у
сябе пад нагамі капалі, а потым як пачалі раўці, ды так жудасна, нібы шкуру з
іх жывых здымаюць. Гаспадар на іх ‘спачатку ўсё пакрыкваў, не памагло:
аказалася ў тым месцы сьнег быў у крыві... Калі ўсё ўвязаў, падышоў да мяне і
сунуў у рукі сякеру. У мяне сякерка дрэньненькая была. Я адмаўляюся, не бяру.
Нават няёмка неяк стала — чалавека і так зьбяднілі: пяць ці шэсьць кароў у яго
забіла ў першым баю. Зьяжджаючы, колькі ён рознае дробязі пакінуў, а ў
гаспадарцы, як вядома, кожны кавалак жалеза ці вяроўкі спатрэбіцца. Ён ушчаміў
сваю сякеру ў тушу і пайшоў назад да вазоў. На адны сані паверх паклажы
пасадзіў дзяцей, якіх прывязаў рамянямі, каб не зваліліся. Жонка ўзяла ў рукі
адзін канец повада, другі быў прывязаны да невялікага драўлянага кольца,
прапушчанага скрозь валовыя ноздры, і пайшла ўперад. Вол паслухмяна пайшоў за
ёю цяжкімі роўнымі крокамі. Гаспадар, адправіўшы сваю сям’ю, падышоў да забітых
чырвонаармейцаў, зьняў шапку, з мінуту пастаяў і пайшоў прэч. Калі праходзіў
міма мяне, як заўважыў у яго на вачох сьлёзы. Нічога не сказаў ён мне, махнуў
толькі рукою, хутка адвязаў другую падводу і пайшоў. Ды што і гаварыць, — казаў
далей аддзялькам, — ашалелі белыя, на ражон лезуць. Усе проці іх, а яны бачыць
гэтага ня хочуць, агітуюць, клічуць да сябе, а хто за імі пойдзе? Насельніцтву
белыя патрэбны, як на каптане дзірка.
У
юрту ўнесьлі параненага камандзіра ўзводу. Гутаркі спыніліся. Фэльчар
Купрыянаў, зрабіўшы параненаму перавязку, падышоў да мяне, лёг побач на падлогу
і паведаміў непрыемную рэч: мэдыкамэнты канчаюцца, а перавязачны матэрыял
скончыўся.
Уся паходная аптэчка атраду зьмяшчалася ў санітарнай сумцы кожнага
фэльчара, ніякіх запасаў у нас ня было. Тае невялікае колькасьці бінтоў,
дэзінфіцыруючых і прыпальваючых сродкаў, якая была ў атрадзе, хапіла толькі па
некалькі дзён. Трэба рабіць перавязкі, а чым? Прышлося карыстацца старымі
бінтамі, наскрозь прамочанымі крывёю і гноем. Іх мылі па некалькі раз, пакуль
яны не развальваліся. Папаўняць запасы ня было адкуль. Раны гнаіліся. Павязкі
прамакалі. Многіх трэба было перавязваць па два разы. Пад канец першага тыдня
асады бінтоў ніякіх больш ня было, ёду ні каплі, сулемы — таксама. Перавязваць
параненых ня было чым.
У
гаспадарчай часьці атраду была мануфактура, за якую да гэтага мы выменьвалі ў
насельніцтва прадукты і фураж. Справіўся ў загадчыка гаспадаркі, ці шмат у нас
засталося мануфактуры. На наша шчасьце, яе знайшлося каля тысячы аршын. Бінты
замянілі мануфактураю, але чым замяніць ёд і іншыя дэзінфіцыруючыя сродкі?
Прышлося прамываць раны сьнегавою вадою. Мануфактура ўся каляровая.
Першы чым яе ўжываць на павязкі, трэба было кіпяціць разы два-тры, пакуль не
паліняе. Зьявіліся сьмяротныя выпадкі ад заражэньня крыві. У незвычайных умовах
працавалі нашы чатыры фэльчары: Купрыянаў, Токараў, Валаніхін і Фогель. Яны
абслугоўвалі каля сямідзесяці параненых.
Бясконца пакутавалі параненыя. У гэтым цёмным, як магіла, хатоне былі
замураваны і адрэзаны ад усяго іншага сьвету жывыя людзі. Надыходзіўшы новы
дзень ня прыносіў з сабою нічога новага. Сёньня было, як учора, а ўчора — як
сёньня.
Антысанітарныя ўмовы
Гарнізон першакляснае крэпасьці, у поўнай меры прыстасаваны да абароны і
да асады, пасьля некалькіх месяцаў абкружэньня пачынае перажываць цяжкія,
поўныя пазбаўленьня дні, пачынае пакутаваць ня толькі ад праціўніка, але ў
першую чаргу ад антысанітарных умоў. Наша “крэпасьць” у Якуціі, у Сасыл-сысы,
складалася з аднае юрты, з прыробленым да яе хатонам. Уся прастора “крэпасьці”
— сто крокаў у даўжыню і трыццаць-сорак у шырыню. Юрту займалі здаровыя байцы.
На іх прыходзілася ня больш як восем-дзевяць квадратных сажняў.
Параненыя разьмяшчаліся ў хатоне. Пасьля двух баёў і некалькіх дзён
асады іх налічвалася семдзесят чалавек, а плошча хатону ня больш дваццаці
квадратных сажняў. У юрце і хатоне цёмна — адчыніць вокны нельга. Невялікі
запас тлушчу прышлося хаваць для сьвяцільнікаў, якія запальвалі толькі на час
перавязкі параненых. Толькі ў дзяжурнага фэльчара круглыя суткі гарэў ледзь
заметны аганёк-зорачка. Слабае сьвятло яго не магло расьсеяць акружаючую цемру
Забудзецца паранены на некалькі гадзін трывожным сном, прачнецца і пытае:
—
А што, таварышы, на дварэ дзень, ці ноч?
Пачынаюць дагадвацца, крычаць здаровым:
—
Таварышы, раніца ці ноч?
Усе параненыя робяць свае натуральныя патрэбы тут жа, у хатоне, проста
на сена. Потым санітары выносяць. Мачыліся ў кацялкі. Былі турсукі. (пасуда з
бяросты), зламаліся — няма чым замяніць. Але часта здаралася так, што ў гэты
момант белыя пачыналі абстрэльваць хатон. Кулі нізка слаліся над падлогаю.
Паранены лажыўся, кацялок перакульваўся, а ўсё зьмесьціва вылівалася і
ўбіралася зямлёю. Зямля разьмякала і атрымлівалася гразь, прыкрытая сенам, якое
ў сваю чаргу рабілася сырым.
Першыя дні, пакуль былі дровы, часта прапальвалі камялёк. Гэта крыху
асьвяжала і сагравала паветра. Але хутка прышлося эканоміць дровы — паліць
камялёк адзін раз у суткі і класьці ня больш як шэсьць-сем пален. У выніку
паветра зрабілася гнілым і сьпёртым.
Душна. Адчыніш дзьверы — параненыя пачынаюць крычаць:
—
Холадна, таварышы! Зачыніце дзьверы.
Укрыць параненых цяплей ня было чым. Цёмна, сыра. Галава як волавам
наліта. Ад пастаяннае цемнаты пачалі балець вочы. Ня было ратунку ад другога
ворага — мільёнаў вошаў. Ад іх асабліва пакутавалі цяжка параненыя. Там, дзе
рана, дзе кроў або гной, цэлымі кучамі поўзалі вошы, капашыліся адною суцэльнаю
жывою масаю.
Безупынны кашаль прастуджаных людзей, пакутныя выкрыкі цяжка параненых,
з раздробленымі касьцямі рук, ног, з перабітымі рэбрамі, хрыпучыя, цяжкія
ўздыханьні, воханьні, людзі, якія кідаюцца ў трызьненьні, яшчэ больш
павялічвалі і без таго дрэннае наша становішча і прыгнятальна дзейнічалі на
здаровых — на тых, хто яшчэ заставаўся цэлы, у каго яшчэ ня была выбіта з рук
зброя.
Ніхто не баяўся сьмерці, баяліся атрымаць раненьне і цэлымі днямі ляжаць
у гэтым цёмным хатоне, дзе фізычныя пакуты ўдзесецяраліся абстаноўкаю і
бездапаможным, кашмарным становішчам параненых.
У
гэтым цёмным, наскрозь пранізаным кулямі хатоне пакуты былі нечалавечыя. Чорныя
крылы сьмерці засланілі сонца, паветра, сьвятло. Але разам з дыханьнем сьмерці
і жаху луналі другія — чырвоныя крылы Кастрычніцкае рэвалюцыі, непахіснае
барацьбы, немінучае перамогі. Ня чуваць скаргаў, ня чуваць дакораў, няма
маладушнасьці і роспачы. З кожнага кутка гэтае чорнае ямы нясуцца праклёны,
плешча клясавая нянавісьць да ворагаў працоўных, апошнім магіканам сыбірскае
контррэвалюцыі, якія прыехалі з Харбіну.
Шуміць векавая тайга. Ад аднаго другога таежнага жыхара нясуцца весткі.
Яны даходзяць да самага Якуцку. Моцна трымаюцца чырвоныя, ня возьме іх
Пепяляеў. Хіба голад пераможа ўпартасьць і зломіць жалезную волю абаронцаў
саветаў!
Начныя перамовы
Забойна марудна паўзуць гадзіны. Дзень чаргуецца з ноччу. Сёньня ўжо
тыдзень з моманту прыбыцьця атраду ў Сасыл-сысы. Стрэлка гадзіньніка паказвае
дзевяць. У акопах робіцца зьмена ланцуга: Адпачываўшыя ў юрце чырвонаармейцы па
адным, па два выпаўзаюць на двор. Дзьверы адчынены, бачым, што на вуліцы дзень,
а ня ноч. А адным кутку хатону слаба мігае, выпускаючы струмянёк копаці,
сьвяцільнік дзяжурнага фэльчара. У патухаючых агнёвых водблісках камялька
зараджаюцца цені. Яны то стаяць на адным месцы, то, дрыжучы, перабягаюць,
скачуць па раненых, якія ляжаць на падлозе, зьліваюцца ў адну бясформенную
масу, то зноў разьбягаюцца па хатоне, з наскрозь прамерзлых кутоў якога
выглядвае белая барада дзеда-мароза. З кутоў асабліва цягне холадам. Але з-за
цемнаты прыходзіцца волею-неволею займаць і куты хатону. Туды лажыліся толькі
такія параненыя, якія маглі перасоўвацца самі, без пабочнае падмогі. Доўга
заставацца там нельга было — холадна, гадзіны праз дзьве-тры дзяжурны санітар,
які меў сьпісак найбольш лёгка параненых, будзіў зьмену. Такія зьмены
чырвонаармейцы называлі: “на варту да грашовае скрынкі”.
На
дварэ ясная месячная ноч. У марозным паветры павісла лёгкая, празрыстая дымка.
Доўгія цені-масты перакінуліся цераз лагчыну. Прырода, скованая сьцюжаю,
ухутаная ў сьнежную мантыю, апусьцілася ў глыбокую, задуменную сьпячку. Ціха ў
нас. Ціха і ў белых. Зрэдку недзе трэсьне, нібы стрэліць, прамерзлае наскрозь
дрэва, і зноў цішыня. Раптам з чорнае сьцяны тайгі ляціць да акопаў:
—
Эй! Эй! Слухай... чырво-ныя... браты, а браты! Давайце пагутарым.
—
Га-ва-ры... Слухаем, што сьпяваць будзеце.
Рэха разносіць далёка вакол. Пепяляеўцы агітуюць:
—
Слухай, браты! З-за чаго ваюеце? Каго абараняеце? За што так упарта змагаецеся?
Усё ж бо мы рускія людзі і аднаму богу молімся. У нас ёсьць рабочыя Іжэўскага,
Воткінскага заводаў. Ёсьць сяляне Пензенскай, Самарскай і іншых губэрняў. Нашто
нам забіваць адзін аднаго? Мы б’ем толькі камуністаў і жыдоў. Ідзем вызваляць
рускі народ. Здавайцеся... Вам нічога ня будзе. Разам пойдзем ратаваць Расію... “
Змоўклі. Чакаюць адказу.
Ляціць з акопаў у тайгу:
—
Мы ваюем за савецкую ўладу, за ўладу працоўных усяго сьвету. Мы абараняем
рабочых і сялян ад памешчыкаў, буржуазіі і генэралаў. З вамі змагаемся таму,
што вы дурні, цалуеце рукі сваім гаспадарам-буржуям, якія купляюць вас за
некалькі залатых рублёў і пасылаюць вас проці савецкае ўлады ратаваць — не
Расію, а іх фабрыкі, заводы, маёнткі. Пакіньце вы ратаваць радзіму і
памешчыкаў, ратуйце лепш сваю шкуру, кідайце зброю і здавайцеся. Савецкая ўлада
даруе вам вашы злачынствы...
Пепяляеўцы нездаволены такім вынікам свае
агітацыі. Павісла ў паветры красамоўная лаянка і пагроза:
—
Праз два дні мы з вамі расправімся! Усе вы там камуністы сволачы...
Перамовы перарваны. Пачынаюць гутарыць вінтоўкі і кулямёты Прайшло яшчэ
два дні без асаблівых перамен. У перамовы больш ня ўступалі. За гэты час белыя
прасунулі свае акопы яшчэ бліжэй.
У
хатоне нязьменная ноч, а на дварэ насунуўся змрок. Чуваць кароткія стрэлы з
вінтовак. Абрывістыя, рэзкія пастукваньні кулямётаў, глухімі водгукамі
пранікаюць скрозь сьцены хатон і юрту. Каб хоць чым-небудзь запоўніць час,
пачынаеш думаць, але думкі абрываюцца,. блытаюцца і ня могуць ні на чым
спыніцца: атрымліваецца нейкі хаос у галаве. З двара запоўз у юрту тав. Жолнін
Дзьмітры Іванавіч, і просіць дазволіць чырвонаармейцам пагутарыць з белымі.
—
Добра, валяйце! Нябось і вам сумна — трэба ж чым-небудзь запоўніць час.
Хутка пачынаюцца гутаркі. Цяпер выклікаем мы.
—
Гэй! гэй! Белыя, а белыя, не страляйце, давайце гутарыць...
—
Гаварыце, страляць ня будзем.
—
На Маскву хутка пойдзеце?
—
Хутка, гэтымі днямі. Вось толькі вас прышыем, а там Якуцк возьмем і далей
пойдзем, не затрымаемся...
—
Го-го-го! Глупства. За малым затрымка ў вас... Байку мы хочам расказаць!
—
Добра, давайце. Радзей гаварыце. Слухаем.
—
Адна сініца ўзялася запаліць мора і ўсюды пачала хваліцца. Зьверы і птушкі
сабраліся паглядзець, як яна гэта зробіць. Рыбы спалохаліся і ня ведалі, куды
дзявацца. Сініца мора не запаліла і ад сораму паляцела за дзевятую гару...
—
А вось вы ўсё яшчэ сядзіце як курыца на яйках, а што вы — сядзіце — ведаеце?
—
Вас з гэтае юрты высадзім...
—
Наконт нас — справа цёмная, а вось што ўсе мы турму сабе наседжваеце — гэта
ясна, верная справа, забясьпечаная. У карыце мора не пераплывяце. Здавайцеся,
пераходзьце да нас — лепш будзе: паваявалі, хопіць...
Пачалася лаянка, а потым перастрэлка. Больш ня гутарылі.
ДРУГІ ЗАГАД ПЕПЯЛЯЕВА
Генэрал-маёру Вішнеўскаму, палкоўніку Рэйнгарду ці Аляксандраву і
палкоўніку Драгамірэцкаму.
№
123, 23 лютага, 12 гадзін.
Праціўнік, трымаючыся пасіўна ў займаных умацаваных дамох, працягвае
ўпарта абараняцца, маючы, як відаць, надзею на выручку. Толькі ўпартаю работаю,
актыўнасьцю мы можам зламаць волю праціўніка і, задушыўшы яго псыхіку,
прымусіць яго да здачы, або зьнішчыць яго.
Загадваю: з сёнешняе ж ночы прыступіць да самае энэргічнае мэтадычнае
работы па збліжэньні з праціўнікам ходамі зносін і высоўваньнем уперад акопаў.
Кіраўніцтва работамі ўскладаю на палкоўніка Аляксандрава, у
распараджэньне якога ад батальёну і дывізіёну высылаць штодзень к 20 гадзінам
на паўднёвы канец вёскі па пятнаццаць чалавек рабочых.
Палкоўніку Драгамірэцкаму днём і ноччу падвозіць кізяк па ўказаньні
палкоўніка Аляксандрава.
Работы павінны весьціся хутка, нястомна, каб у 2-3 дні зблізіцца з
праціўнікам на сто крокаў.
Агульны нагляд за работамі ўскладаю на палкоўніка Рэйнгарда, якому
штодзень мне даносіць аб рэзультатах работ.
Начальнікам часьцей унушыць дабравольцам, што нам як бы там ні было
неабходна разьбіць праціўніка ў найкарацейшы тэрмін, ад гэтага залежыць увесь
наш рух, і я чакаю ад кожнага дабравольца нястомнае энэргіі.
Камандуючы сыбірскаю дабравольніцкаю дружынаю генэрал-лейтэнант
Пепяляеў.
Новая небясьпека
Бясконца доўга цягнуцца дні. Праціўнік увесь час, з невялікімі
перапынкамі, вядзе стрэльбавы і кулямётны агонь. Пасьвістваюць кулі. Не-не дый
паўзе ў юрту паранены, неасьцярожны баец. Чырвонаармейцы, якія адпачываюць у
юрце, ляжаць, і толькі некаторыя, махнуўшы на ўсё рукою, не зварочваючы ўвагі
на патрэскваючыя ў сьцены юрты кулі, сядзяць.
—
Эх-эх, пакурыць бы. Ну і справы! Чорт, а чорт, калі ты ёсьць, як кажуць папы,
на, вазьмі маю душу — дай тытуню васьмушку. Хоць бы недакурак знайсьці разок
зацягнуцца.
—
Пашукай лепш, можа і знойдзеш. Пяты раз усё ў адной кішэні шукаеш, а пра левую
кішэню забыў, ці што?
—
Дзірка там замест кішэні. Я яе вырваў са злосьці.
Два дні запар пепяляеўцы сыстэматычна страляюць па акопах канцэнтраваным
агнём з кулямётаў. Акопы пад вечар трэцяга дня разбураны ў некалькіх мясцох,
асабліва каля кулямётаў і самыя кулямётныя гнёзды.
Начальнік абароны Жолнін далажыў штабу, што ў нашых акопах утварыліся
разрывы, частка байцоў ужо ня мае прыкрыцьцяў, і калі заўтра белыя будуць
весьці такі ж самы агонь, то наша справа дрэнная.
Трэба было знайсьці выхад і вырашыць пытаньне, чым замяніць разбуранае і
з чаго зрабіць новае закрыцьцё.
Пытаю ў Жолніна, колькі ў нас на дварэ ёсьць забітых.
—
Нашых чалавек пяцьдзесят, а з белымі больш як сто.
Выручылі мёртвыя. Парашылі з трупаў забітых зрабіць барыкады.
Пакуль відно ажыцьцявіць гэты плян было нельга. Прышлося чакаць ночы.
Вечарам пепяляеўцы зларадна крычаць:
—
Хутка вы застаняцеся без акопаў. Хутка вам канец. Лепш здавайцеся, пакуль
цэлыя.
З
усіх бакоў з глыбіні хатону, напоўненага прадзіраўленымі чалавечымі целамі,
нясуцца стогны, просяць: піць, піць, хоць глыток вады.
Не
хапае дзьвюх конавак вады параненаму. Мучыць смага.
—
Няма сьнегу, увесь вышаў. Пачакайце да вечара.
—
Калі ласка, таварыш, хоць кропельку, крыху сьнегу.
Санітар ня вытрымаў, выпаўз з юрты і праз паўгадзіны прынёс мяшок
сьнегу. Дзесяткі рук з прагнасьцю цягнуцца да мяшка.
—
Не, пачакайце, закіпячу самавар.
—
Хутчэй, хутчэй піць...
Самавар гатоў. Разьліваюць па конаўках. Прынесьлі і мне крыху..
Хлебануў, разок, але чамусьці здаецца, гэта вада пахне трупам. Пытаю
санітара, дзе ён узяў гэты сьнег. Аказваецца, санітар узяў яго з-пад забітых,
набраў цэлы мяшок. Сьнег быў зьмешаны з крывёю.
Даведваюся ў фэльчара, ці можна такую ваду даваць параненым.
—
Можна. Усе бактэрыі забіты кіпячэньнем.
Я
піць ня мог, нават ледзь ня званітавала. Іншыя пілі — нічога, абы была вада.
Смага мучыць — ці да таго, што паратунчая вада пахне трупамі?
Дзяжурны фэльчар абыходзіць параненых, даведваецца пра самапачуцьцё, ці
не прамокла павязка. Нахіліцца над адным, паглядзіць другога...
Цокнула ў сьцяну хатону і ўпала недзе ля парога адзінокая куля. Фэльчар
лёг на зямлю. Больш не страляюць.
—
Павязка звалілася... Здорава баліць — перавяжы, — просіць паранены.
Падышоў фэльчар і пры мізэрным асьвятленьні самароднае лямпы — “дзеючага
вулькану” (так называлі чырвонаармейцы гэтую капцілку) — пачаў размотваць
павязку. Санітар трымае параненую нагу. Раненьне балючае — разьбіта костка.
Паранены, сьціснуўшы зубы, маўчыць.. Нарэшце павязкі зьнялі, пачалі прамываць
рану вадою. У гэты час пепяляеўцы далі залп па хатоне. Агідна стукаючы,
зашлёпалі аб процілежную сьцяну памяшканьня кулі. Санітар забіты. Выпусьціў
нагу параненага і ўсёю сваёю вагою зваліўся на яе. Паранены дзіка крычыць:
“Вой-вой! А-а-а...” Белыя абстрэльваюць хатон. Усё жывое ў ім прыхінулася да
зямлі. З вялікаю цяжкасьцю і рызыкаю для свайго жыцьця сьцягнуў фэльчар
забітага санітара і вызваліў нагу параненага. Пра перавязку няма чаго і думаць.
Паранены перастаў крычаць. Ён прыпадняўся з дапамогаю рук і сеў.
—
Лажыся, заб’юць, — крычаць яму.
—
Ня лягу — няхай заб’юць. Лепш канец адразу, чым такая пакута.
Фэльчар паклаў параненага гвалтоўна і, не зварочваючы ўвагі на лаянку і
просьбы адпусьціць, трымаў, пакуль ня спынілася стральба па хатоне. Паранены
плакаў.
Усю ноч папраўлялі чырвонаармейцы разбураныя акопы. Падносілі замерзлыя,
абледзянелыя трупы, прымяралі, паварочвалі, клалі побач. Замянялі адзін труп
другім.
—
Гэты доўгі, не падыходзіць. Нясі карацейшага. Вунь бяры таго — здаецца,
Фёдараў...
Невялікія дзіркі ў сьценах акопаў затыкалі конскімі галовамі.
І
калі прайшла ноч, то на раніцу гатовы былі новыя акопы. Дарэмна белыя адкрывалі
страшэнны кулямётны агонь. Мёртвыя целы цьвёрдыя, як камень. Іх можна разьбіць
толькі з гармат.
Ахвяры крывавае пепяляеўскае авантуры і пасьля свае сьмерці служылі
справе мужнае абароны рэвалюцыйных аванпостаў у далёкай Якуціі.
Мёртвыя служылі надзейным прыкрыцьцем для сваіх жывых таварышаў, якія
нязьменна дзяжурылі каля стрэльбавых і кулямётных байніц.
Пагрозны барыкады з мёртвых, застыўшых людзей. Адубянелымі, сагнутымі
позамі засланілі яны байцоў ад сьмерці. Працягнутыя рукі пагражалі праціўніку:
“Адыдзеце!”.
Новая вестка
Холадна
і сыра. Запалілі камялёк. Першыя языкі полымя пачалі разганяць вечную цемру ў
хатоне. Прагная сьмерць сваёю кастляваю рукою гасіць усё новыя і новыя жыцьці.
Сёньня ноччу памёр яшчэ адзін паранены таварыш.
Яго
перадалі ў распараджэньне Жолніна — на барыкады. На вызваленае месца толькі што
вынесенага байца паклалі другога — параніла ў часе набіраньня сьнегу.
Закіпяцілі ваду, выпілі па конаўцы кіпеню — сагрэліся, толькі есьці хочацца.
Порцыю мяса прышлося скараціць ледзь не напалову — частка коней была
выкарыстана для барыкад. Хоць бы тытунь быў — замарылі б чарвяка.
Чырвонаармейцы
больш маўчаць. Рэдка гутараць паміж сабою. Але сёньня ваенкам атраду Крапачоў —
байцы проста называлі яго Мішам, — прабыў усю ноч у акопах, раніцою зайшоў у
хатон, лёг паміж параненымі і пачаў гутарыць. Потым расказаў нейкі эпізод з
грамадзянскае вайны. Завязалася гутарка. У кожнага было што ўспамянуць. Кожны
ня раз пабываў у баёх. Бачыў сьмерць, перажыў голад, холад, пачаліся ўспаміны.
—
У 1918 годзе я быў у Чырвонай гвардыі, —іпачаў сваё апавяданьне чырвонаармеец
Андросаў. — Пасьля паражэньня савецкае ўлады ў Сыбіры я папаў у рукі белых.
Білі мяне да таго, што я траціў прытомнасьць. Японцы ледзь не закалолі. Усё
гэта я выцерпеў, вынес, потым мне ўдалося ўцячы. З Чыты я прабраўся на станцыю
Алавяную і паступіў працаваць у дэпо. Тут жа, пры станцыі, быў вялікі пасёлак,
дзе жыла большасьць рабочых і служачых. Ня помню — у лістападзе ці ў сьнежні
месяцы, калі мацнелі забайкальскія маразы, да нас прыбыў цэлы эшалён
казакаў-сямёнаўцаў.
Хутка пасьля іх прыезду пачаліся арышты ўсіх западозраных у бальшавізьме.
Многіх арыштоўвалі проста на рабоце і вялі ў халодныя таварныя вагоны, якія
стаялі на запасных лініях. Набралі чалавек да сотні. Па нейкай шчасьлівай
выпадковасьці мяне не арыштавалі. Хутка пачалася расправа. Некаторых,
надзяліўшы па мяккім месцы шомпаламі, вызвалялі, а іншых усё дапытвалі ў
контрвыведцы. У дэпо нібы ўсё вымерла. Хадзілі страшныя чуткі аб катаваньнях і
сьмерці нашых таварышаў. Не адзін стрэл чулі мы ў халодныя ночы. Гэта белыя
расстрэльвалі арыштаваных — іх выводзілі па дзесяць-пятнаццаць чалавек адразу.
Апошняя страшная ноч, якую, здаецца, я ніколі не забуду, была. асабліва
халодная, ветраная. Становішча было ў мяне тады — ну, хоць зараз у пятлю...
Доўга ў тую ноч я вандраваў і ня помню, як апынуўся ля ўзарванага чыгуначнага
моста цераз раку Анон. Узарвалі яго белыя — сямёнаўцы — месяцаў сем таму назад
пры адступленьні ў Маньчжурыю.
Хацеў
ужо ісьці назад у пасёлак — раптам чую лаянку і грубыя вокрыкі. Разабраць словы
ня мог, адносіў вецер. Падазрэньне нібы іголкаю кальнула ў галаву. Нашых вядуць...
Мяне нібы хто па нагам ударыў і я зваліўся на зямлю. Спалохаўся. Ну, думаю,
загінуў, калі ўбачаць. Хутка стаў чуцён дробны цяжкі тупат соцень ног, а потым
з цемнаты пачалі вырысоўвацца няясныя абрысы ідучага натоўпу.
У
сотні кроках прайшлі ад мяне. Колькі вялі таварышаў на сьмерць разабраць было
нельга — кругом ачэплены казакамі. Я ня мог зразумець, чаму сёньня выбралі
гэтае месца. Заўсёды расстрэльвалі ў лесе, за вадакачкаю. Падышлі да самага
берагу, нядоўга пастаялі і пачалі апускацца на раку. Вышлі амаль на сярэдзіну
Анону і спыніліся. Канвой застукаў прыкладамі вінтовак аб лёд.
—
Распранайся, скідай боты!
Закапашыліся
прысуджаныя да сьмерці таварышы. Скінулі з сябе вопратку, пасьцягвалі абутак.
Халодны вецер ахутаў дрыжачыя голыя. целы. З-за хмар выглянуў — спачатку адным
краем, а потым выплыў увесь — месяц. Цьмяна забліскала медзь на ручках казацкіх
клінкоў і сталь вінтовачных затвораў. Белыя штосьці пачалі загадваць, вецер
падхватваў і даносіў да мяне толькі абрыўкі слоў.
—
...уай ...ныя... ці...
З
скучкі голых цел прыблізна чалавек з дваццаць аддзяліліся пяць ці шэсьць
таварышаў. У кожнага з іх у руках была пешня. Пачалі прасякаць лёд.
Цюк...
Цюк... Цюк... — адклікалася рака на кожны ўдар стальнога ляза пешні аб лёд.
Усе
разьдзетыя, босыя людзі крычалі і вылі ад марозу. Зьмянялі сваіх таварышаў, выхватвалі
ў іх з рук пешню і сьпяшаліся адчыніць хутчэй дзьверы ў сваю магілу.
Казакі-сямёнаўцы курылі, сьмяяліся і нехта з іх нават зацягнуў п’яным голасам
песьню.
Нарэшце палонка гатова.
— Скачы!
— скамандаваў нехта, відаць казачы афіцэр.
Пасыпаліся
ўдары нагаек. Адзін за адным пачалі кідацца ў чорную палонку ракі голыя людзі.
Боўталіся падаючыя целы, абрываліся чалавечыя крыкі...
Хутка ўсё было скончана. Стала ціха.
Белагвардзейцы-сямёнаўцы
пакінулі раку.
Ня
ведаю, колькі часу і праляжаў ля ўзарванага моста. Дамоў прыйшоў толькі
раніцою. У гэты дзень па работу ня выйшаў.
Рабочыя
глуха наракалі, пракліналі катаў, расказвалі, што на рацэ Анон, ля палонкі, па
лёдзе бачылі кроў і скуру ад падэшвы ног — яна прымерзла і засталася на лёдзе.
Пасьля гэтае расправы, учыненае сямёнаўцамі над рабочымі дэпо і служачымі
станцыі Алавянай, шмат рабочых пайшло ў сопкі. Хто жывы застаўся, напэўна цяпер
ужо працуе, вярнуўся з сопак, а я яшчэ ваюю. Трэба дабіць контррэвалюцыю без
астачы, — рашуча заключыў Андросаў.
— У
мінулым годзе мы гналіся за Карабейнікавым, — пачаў другі чырвонаармеец. — Я
ішоў у выведцы. Занялі Абагу. Там быў белагвардзейскі засьценак. Жыхары
расказвалі нам пра тое, што там рабілася. Арыштаваныя сядзелі напалову
разьдзетыя ў халоднай з наглуха забітымі вокнамі юрце. Кармілі так, каб толькі
не паміралі. Часта зьдзекаваліся, білі. Некаторыя сядзелі нядоўга — іх кудысьці
выводзілі, мабыць забіваць. А тыя, хто варочаўся з допыту, не маглі гаварыць і
толькі стагналі ад пабояў. Перад дзьвярыма юрты белыя пасадзілі замарожаны труп
аднаго з забітых. Праходзячых палоньнікаў прымушалі з ім вітацца.
Пасьля
такіх апавяданьняў цёмны хатон станавіўся яшчэ больш цёмным. Не хацелася думаць
пра тое, што ўсё гэта рабілі людзі. Незразумелы, тупы боль шчыміў сэрца.
—
Гэй, таварышы! — ня вытрымаў адзін з выздараўліваючых чырвонаармейцаў. Ён даўно
ўжо прасіўся ў строй, у акопы, але фэльчар не дазволіў, пакінуў на адзін-два
дні, каб не застудзіць падсохлае раны. — Як хочацца ўбачыць нашу савецкую
рабоча-сялянскую Расію, занятую пабудоваю, аднаўляючую разбураную гаспадарку,
аддаць свае сілы на другі, бяскроўны фронт, здаць вінтоўку і пайсьці на завод.
Да рэвалюцыі я працаваў на Тульскім заводзе сьлесарам. Там напэўна цяпер усё
гудзе і грукоча, з комінаў дым валіць, пра вайну забылі. А тут — на вось табе! —
ня было, дык з Харбіну зьявіліся, чэрці праклятыя! І чым толькі яны думаюць?
Шрацінкаю слана хочуць забіць. Гісторыю, брат, не перахітруеш і не ашукаеш. Хоць
бы Пепяляеў і спапяліў усю Сыбір, ды прайшла кату масьлянка. Крышка табе ў
Якуцку будзе! Засунуў галаву — ня выцягнеш...
Доўга
яшчэ гаварыў гэты рабочы. Уважна слухалі яго словы іншыя чырвонаармейцы.
На
фронце без перамен. Ноч. Дрэмле расьцягнуты ўздоўж акопаў наш ланцуг. Камячкамі
скруціліся чырвонаармейцы, у руках заціснуты вінтоўкі. Ня сьпяць толькі
назіральнікі ды дзяжурныя ля кулямётаў.
Паляціць, выскачыць аднекуль вецярок, прабяжыць па тайзе, закране,
зашуміць іголкамі хвой і ельніц... Здрыгануцца, насьцярожацца вартавыя. Стукне
некалькі стрэлаў з вінтовак; та-та-та... выплюне і змоўкне кулямёт.
Скіне
з сябе дрымоту чырвоны ланцуг. Штыхамі, нібы вожык, закрыецца разбуджаны акоп.
Дзесяткамі гулкіх аганькоў забліскае ўзьлесак, завішчаць, праляцяць над галовамі
байцоў кулі.
І
зноў цішыня. Праз кожныя дзьве гадзіны асьцярожны шолах запаўняе двор.
Загрыміць вінтоўка, выпадкова выпушчаная з рук на мёрзлую зямлю. Ціха вылаецца
чырвонаармеец — адбываецца зьмена нашага ланцугу ў акопах. А за акопамі, у баку
праціўніка, праз аднолькавыя прамежкі часу чуваць скрып сьнегу — у белых
таксама зьмяняецца часьць, якая знаходзіцца ў акопах.
Час каля дзьвюх гадзін ночы. У гутаркі з пепяляеўцамі за апошні час мы
больш ня пускаліся.
Але цяпер, ня гледзячы на позьні час, праціўнік настойліва выклікае нас
на гутарку.
Нарэшце
мы ня вытрымліваем. Дзяжурны па атрадзе пытае ў белых.
— Што
вам трэба?
— Навіну
паведаміць хочам. ,
—
Кажыце, паслухаем, што хлусіць будзеце.
—
Толькі што з Амгі пакет ад брата Пепяляева прывезьлі. Піша, што генэрал Ракіцін
учора ў тры гадзіны дня ўзяў Чурапчу. Гарнізон здаўся. Дзьве гарматы захоплены.
“Дзед” Курашоў са штабам пасьпеў прарвацца да Якуцку. Віншуем вас з Чурапчою.
Адтуль да нас выслана адна гармата, хутка тут будзе. Тады нядоўга Лепш
здавайцеся, пакуль цэлыя...
— Добра.
Перадамо камандзіру, тады адкажам.
— Добра.
Будзем чакаць.
Наша рашэньне
Вестка была непрыемная. З аднаго боку, было магчыма, што белыя правакуюць,
але, з другога, ня было падстаў ім зусім ня верыць Што рабіць? Гарматным агнём
яны разьнясуць нас умомант. Строга аналізавалі сваё становішча і парашылі, што
лепш за ўсё падрыхтаваць сябе да самага горшага. Мы вельмі добра разумелі, што
Пепяляеву ня столькі важны разгром нашага атраду, колькі важна заўладаць яго
агняпрыпасамі, узброіцца за кошт пераможаных і тым самым падняць дух свае
дружыны. Атрад увесь быў тут, апроч дзяжурнае яго часьці, якая знаходзілася ў
акопах, але і тыя паслалі сваіх прадстаўнікоў на нараду. Каб было сьвятлей,
запалілі камялёк і ўсе сьвяцільнікі. Шмат не гаварылі. Гаварыць няма сэнсу.
Наша становішча яснае кожнаму, а рашэньне напісана на тварах чырвонаармейцаў і
камандзіраў. Выпрацавалі такі плян: усе запасныя патроны і гранаты скласьці ў
склеп у юрце, на іх насыпаць каля трох пудоў быўшага ў нас паляўнічага пораху.
Зьверху накідаць сухога сена і трэсак. Выбраць са свайго асяродзьдзя двух
рашучых і стойкіх таварышаў і ў самую крытычную мінуту, калі грымне першы
гарматны стрэл, выкінуць белы сьцяг. Як толькі пепяляеўцы падыдуць да нашых
акопаў, запаліць касьцёр і ў апошні, грозны момант усё ўзарваць і ўзьляцець
разам з белымі на паветра.
Усе прыціхлі. Спыніліся стогны параненых. Здавалася, было чуваць біцьцё
аднаго вялікага сэрца атраду... Галасавалі. Проці ня было ніводнага. У
галасаваньні прымалі ўдзел і параненыя. Разам з пачуцьцём блізкага дыханьня
сьмерці расьлі і накапляліся новыя сілы. У грудзёх байцоў гарэў агонь барацьбы
і ўпартасьці. Ніхто ня думаў пра блізкую, быць можа, сьмерць. У кожным жыла
непахісная вера ў справядлівасьць агульнае справы і цьвёрдая рашучасьць
перамагчы або памерці, але ня здацца калчакоўскаму генэралу.
Праціўнік ужо два разы даведваўся, ці хутка будзе дадзены адказ. Нам было
важна, каб пепяляеўцы не стралялі, калі мы будзем пераносіць з двара ў юрту
патроны і гранаты. Ім мы паведамілі, што цяпер адбываецца нарада, адказ дамо
раніцою. Гэтую ноч пепяляеўцы нас ня трывожылі. Да сьвітаньня засталося гадзіны
чатыры. Пачалі рабіць фугас. Заносілі ў юрту скрынкі з патронамі і гранатамі.
Адрывалі ад іх крышкі і спускалі ў склеп. Усяго ўвайшло да сямідзесяці скрынак.
Апошнім высыпалі на паложанае сена і трэскі порах, зьверху накрылі сенам. Міна
гатова. Быць можа, ад усіх нас хутка застануцца кавалкі зьнявечанага,
разарванага на часткі цела. Мы гатовы! Толькі б не аддаць ворагу наш
рэвалюцыйны сьцяг, за які мы змагаліся, гінулі і пакутавалі і пад якім цяпер
парашылі памерці. Няхай ён прыкрые зьнішчаных, але не пераможаных абаронцаў Саветаў.
Чырвоны сьцяг і гармонік
Атрад
парашыў паказаць белым, што ён і пасьля гэтага цяжкага паведамленьня не заняпаў
духам, што пра здачу ён і ня думае, гатоў біцца і памерці за Кастрычнік. З некалькіх
аглабель ад саней зрабілі доўгі шост. Прывязалі да яго стары баявы сьцяг. Яшчэ
ў дваццаць першым годзе падараваны на Амуры “дзеду” Каландарышвілі. Надышла
раніца. Белыя крычаць:
—
Ну што? Вырашылі? Здаяцеся, ці не? Пад вечар прыйдзе гармата.
—
Слухайце і глядзіце! Вось наш вам адказ.
І
над невялікім кавалачкам зямлі, сярод барыкад з трупаў, падняўся чырвоны сьцяг
з партрэтам Леніна. Сам Ільліч — сярод верных байцоў у іх цяжкую гадзіну... Усе
здаровыя чырвонаармейцы ў акопах на дварэ прыпалі да байніц. Жолнін,
сагнуўшыся, сядзіць, прыхінуўшыся сьпіною да балбах. У руках яго гармонік, які
ўцалеў у паходах. Мінутку прабуе галасы, потым зайграў “Інтэрнацыянал”. Усе
байцы засьпявалі сіпатымі, прастуджанымі галасамі.
Эфэкт
быў надзвычайны. Пепяляеўцы нават зьбянтэжыліся. Потым адкрылі з усіх кулямётаў
і вінтовак агонь па акопах. Разьяранымі пчоламі гучэлі кулі: білі па мёртвых
людзях, заляталі ў конскія, з выскаленымі зубамі, галовы, прабівалі сьцяг,
раскалолі дрэўка.
А
гімн працы, гімн барацьбы рос, шырыўся і разам са стральбою разносіўся гучным
рэхам далёка па тайзе. Здавалася, што мёртвыя ня вытрымаюць, устануць і далучацца
да жывых сваіх таварышаў.
Адзін здранцвеўшы ў сагнутым палажэньні труп, зьбіты кулямётным агнём
ворага, скаціўся з акопу і сеў побач з гарманістам. Прасьпявалі апошні верш
гімну. Жолнін перавёў дух і зьвярнуўся да свайго маўклівага суседа:
— Дрэнна
чуваць, дык бліжэй падсеў? Пасядзі прыяцель, дый назад на варту ідзі.
Зайграў “Варшавянку”...
Генэрал
Вішнеўскі, які кіраваў асадаю, данёс Пепяляеву:
“Асаджаныя ведаюць пра ўзяцьце Чурапчы, ведаюць пра тое, што сюды
выслана гармата. У адказ выкінулі чырвоны сьцяг і граюць на гармоніку. Што
рабіць далей?”.
Пепяляеў адказаў:
“Як відаць, да чырвоных хто-небудзь прарваўся і даставіў важныя весткі.
Загадваю шчыльней злучыць кольца абкружэньня праціўніка”.
Увесь
дзень без перапынку белыя стралялі, стараліся зьбіць сьцяг, але ён, як і раней,
лунаў, увесь прасечаны кулямі. Ён так і высіўся да самага канца асады, гаворачы
пра непахіснасьць чырвоных байцоў.
І
зноў на дварэ ноч. Нашы акопы маўчаць. Белыя абстрэльваюць дастаўшчыкаў сьнегу
— “загсьнегвод”, так ахрысьцілі іх чырвонаармейцы.
Праз кожныя дзьве гадзіны дзяжурны па атрадзе рабіў зьмену ланцугу ў акопах.
Людзі поўзаюць на карачках, трымаюцца далей двух-трох крокаў ад барыкад — інакш
пагражае сьмерць. Асабліва пагражае небясьпека з усходняга боку юрты, дзе
пепяляеўцы займаюць гару і страляюць зьверху ўніз. Непаражальным месцам была
вузенькая, у сажань шырынёю, дарожка; за гэтаю ж мяжою падалі кулі. Ад пастаяннага
поўзаньня на карачках вопратка на локцях і каленях працерлася да голага мяса,
балелі прыпухлыя суставы рук і ног. Ніхто не разьдзяваўся. Дзень і ноч былі пры
патранташах, ад чаго тупа нылі нацёртыя плечы і грудзі.
Розныя
думкі адна за адною лезуць у галаву, але доўга не затрымліваюцца, выходзяць як
дым на скразьняку. Пацяжэўшая галава мысьліць дрэнна, мазгі адмаўляюцца
працаваць. Прыгнятае бязьзьменная цемната ў хатоне. Адзінокі аганёк у
дзяжурнага фэльчара дзейнічае на нэрвы і пачынае раздражняць. Мы забыліся чысло
і нават назву дзён, хоць і прытрымліваемся календара.
Ніхто ня мыўся, ня было лішняе вады. Ад агнёў парахавога дыму і гразі ў
хатопе твары і рукі байцоў падобны былі сваім колерам на вэнджаную шынку.
На
выгляд усе спакойны, але нэрвы ў кожнага нацягнуты да канца. Восемдзесят пяць
чалавек параненых ляжаць па сырым, хлюпаючым лад нагамі сене, прамочаным мачою
і пляўкамі. Пахне чалавечым калам і іншымі пахамі, вызначыць якія было цяжка.
Большасьць параненых забылася цяжкім сном. Раптам нечаканы залп па хатоне
разарваў цішыню, разбудзіў заснуўшых, разьятрыў боль на час забытых ран. Зноў
панесьліся стогны, воханьні...
—
Во-ох, сілы няма, усё адзеравянела! Памажыце падняцца, таварышы!
— Ці
хутка канец усяму гэтаму? Што-небудзь адно: выручка падасьпела б, або разам з
белымі к чорту на вілы.
—
Таварышы, перавярніце мяне на другі бок. Здыміце павязку, вошы заелі.
Падышоў фэльчар, расшпіліў гімнасьцёрку на параненым. Разматаў брудную
анучу, якую з двух бакоў жывым мурашнікам абляпілі вошы. Яны разьядалі рану,
выклікалі востры балючы сьверб, чым рабілі вялізныя пакуты сваёй ахвяры.
Фэльчар
абмыў рану вадою, перавязаў чыстым бінтам. Старую павязку выкінуў на двор на
мароз. Зьмена павязкі памагала, але не надоўга, мяняць жа павязку кожную
гадзіну ня было фізычнае магчымасьці, і запас мануфактуры быў невялікі.
Адзін
цяжка паранены ня мог гаварыць. Ён учапіўся зубамі ў плячо свайго суседа... Той
крыкнуў ад болю.
—
Ты што, звар’яцеў? Кусаесься...
Разьняў сківіцы, шэпча:
—
Пакліч санітара, няхай пераверне мяне на бок — сьпіна чужая стала — і штаны
вычысьціць. Змазаўся я...
Мучыла
смага. Тыя, што ляжалі ля самае сьцяны хатону, працягвалі рукі, сьціралі іней,
які выступіў на прамёрзлых бярвеньнях, падносілі руку да рота і з прагнасьцю
аблізвалі языком здабытую такім парадкам вільгаць.
На дварэ пад кулямётамі круглыя суткі гарэлі маленькія кастры.
Вера
ў перамогу змагалася з сумненьнем...
Ці
вытрымаем? Ці хопіць у нас сіл да абы якога канца? І ніхто з нас у такую мінуту
ўнутранае барацьбы і перажываньняў ня мог даць адказу на гэтыя пытаньні. У такіх
выпадках адказ заўсёды прыходзіў зьне.
Надышоўшае часовае зацішша нечакана парушалася стральбою. Адкрывалі
стральбу часьцей за ўсё мы, каб перашкодзіць праціўніку рабіць і высоўваць
уперад новыя акопы.
Белыя
адказвалі. Завязваўся агнёвы бой, часам на некалькі гадзін.
Разам
з першымі стрэламі вінтовак і стуканьнем кулямётаў зьніклі і ўсе нашы сумненьні.
Да нас варочаліся душэўная раўнавага і ўстойлівасьць. З усёю сілаю адчуваўся ўвесь
сэнс гэтае барацьбы і значэньне ахвяр, якія прыносіліся атрадам.
Моральная
трэшчынка, якая ўтваралася ў нас, запраўлялася, залеплівалася рэальным
зьместам, музыкаю ўспыхнуўшае перастрэлкі.
Стальныя
кулі, якія падалі на двор, білі па акопах, пранізвалі сьцены юрты і хатону,
былі для нас дрывамі, кінутымі ў патухаючы агонь.
Чырвонаармейскі
ланцуг, які зьмяніўся ў акопах, па адным, па два чалавекі, закранаючы і
стукаючы вінтоўкамі аб парог, запаўняў было апусьцеўшую юрту. Дзьверы адчынены
насьцеж, ад чаго і так ня цёплая юрта стала яшчэ халаднейшаю. Нарэшце ўвайшлі
ўсе. Апошні чырвонаармеец зачыніў за сабою дзьверы.
Кожны
добра ведаў сваё месца, і без асаблівае замінкі і шуму байцы разьмясьціліся на
падлозе.
Папраўлялі патранташы, кракталі, паціралі замерзлыя рукі. Рукавіцы ў
многіх прышлі ў поўную непрыдатнасьць. Потым пачалі дзяліцца сваімі
ўражаньнямі.
— А
ведаеце, — гаворыць адзін, — па-мойму, нам трэба зрабіць вылазку. Белых, можа
быць, усяго тут два-тры дзесяткі нас акружаюць — адкуль гэта вядома, — а
Пепяляеў, магчыма, з астатнімі сіламі знаходзіцца ля Якуцку.
— Ну
і што далей? — запытаўся другі чырвонаармеец.
—
Тады мы пакінем тут усіх нашых параненых, з імі двух фэльчароў і найбольш
слабых таварышаў, зьнішчым усе лішнія патроны і гранаты, спалім усе заручныя
вінтоўкі, возьмем па кавалку каніны і пойдзем да Якуцку.
—
Сапраўды, — падхапіў камандзір эскадрону Мятліцкі, —думка ў яго добрая, а
галоўнае, трэба ж калі-небудзь пакласьці канец гэтаму праклятаму сядзеньню.
Досыць поўзаць і жыць скурчыўшыся!
— Усё
гэта, таварышы, правільна, — умяшаўся ў гутарку ўжо памацнеўшы пасьля атрыманых
раненьняў камандзір узводу Аляксей Волкаў. — Памерці ў баі ня страшна, а тым
больш пасьля такога жыцьця, як наша: адзін на адным ляжым, тытуню няма, плюнуць
няма куды: асабліва цяжка нашым параненым таварышам. Аднаго я баюся, каб у нас
козыры пікі не атрымаліся.
—
Ты, грыб сушаны, што яшчэ там выдумаў? Якія гэта козыры пікі знайшоў? — напаў
на Волкава Тупіцын.
— А
вось такія самыя, — працягваў сваю думку Волкаў. — Добра, белых у акопах
акажацца мала, ну, а калі іх там сядзіць больш, чым мы думаем? Гэта яшчэ паўбяды,
я не пра тое. А вось дрэнна будзе, калі нас пасьцігне няўдача, панясем страты і
адступім, а пепяляеўцы скарыстаюцца гэтым і сьледам за намі ўварвуцца ў акопы і
ўсё забяруць. Вось чаго я баюся.
Усе змоўклі. Задумаліся.
—
Нават і ў тым выпадку, калі справа будзе мець і неспрыяльны для нас вынік, — працягнуў
я гутарку байцоў і камандзіраў, то ўсё такі выхад са становішча ў нас ёсьць. Ля
склепу застануцца два выдзеленых сходам таварышы, і калі праціўнік пяройдзе ў
контратаку і зойме двор то і тады мы пасьпеем падпісаць мір з белымі — запалкі
сухія, порах не адсырэў.
—
Гэта я выпусьціў з-пад увагі і на вылазку гатоў хоць зараз, — рашуча заявіў
Волкаў.
—
Усе пойдзем! — загутарылі іншыя.
Кожны
гатоў быў пакінуць акопы і пайсьці ў бой, кінуцца насустрач кулі і штыху, каб
толькі разьбіць, разарваць душыўшае нас ледзяное кольца асады.
Пачалі
рыхтавацца да вылазкі.
Няўдача у генэрала Ракіціна
Нярадасная
абстаноўка склалася і ў генэрала Ракіціна, які знаходзіўся са сваім атрадам пад
вёскаю Чурапчою. Пасьля заняцьця Пеняляевым Амгі да яго прыехалі з
Чурапчынскага раёну тры якуты з мясцовых кулакоў: Д. І. Сьляпцоў, Пратасаў і І.
А. Сьляпцоў. Яны запэўнялі Пепяляева, што ў паўночных валасьцях ёсьць да
дзевяцісот чалавек паўстанцаў, але няма кіраўнікоў.
З
гэтаю мэтаю 13 лютага Пепяляеў камандыраваў у раён Чурапчы палкоўніка Варгасава
разам з прыбыўшымі “прадстаўнікамі” ад паўстанцаў.
Пасьля ж прыбыцьця на месца Варгасаў набраў, замест чаканых дзевяцісот
чалавек, толькі восемдзесят два чалавекі, з якіх і былі сфармаваны дзьве роты.
Камандаваньне над першаю ротаю прыняў прапаршчык Гуляеў і над другою ротаю
капітан Ерафееў. Гэты атрад белых заняў шлях Чурапча — Амга, каб пазбавіць
“дзеда” Курашова сувязі з асаджаным атрадам у Сасыл-сысы. Атрад генэрала
Ракіціна ў дзьвесьце пяцьдзесят чалавек, у другой палове лютага прыбыў у
Багаянтайскі насьлег (сельскую грамаду — І. С.) і разьмясьціўся ў дваццаці вёрстах
на ўсход ад Чурапчы.
Якуцкі савецкі ўрад запрапанаваў генэралу Ракіціну спыніць барацьбу
проці савецкае ўлады і гарантаваў усім, хто дабравольна здасца,
недатыкальнасьць асобы. Зварот якуцкага савецкага ўраду быў перададзены
Ракіціну асабіста таварышамі Жарных і Байкалавым (першы зьяўляўся братам, а
другі сыпам камандуючага. — І. С.).
Генэрал
Ракіцін скласьці зброю адмовіўся, а абодвух нашых парлямэнтараў арыштаваў, але
потым, забраўшы ў іх зброю і дакумэнты, адпусьціў у Якуцк. Такім парадкам і
гэта новая спроба савецкае ўлады ліквідаваць мірным парадкам авантуру Пепяляева
скончылася няўдачаю.
Хутка
генэрал Ракіцін адкрыў ваенныя дзействы і парашыў заняць селішча Магінскае
ўправа, каб перарваць сувязь чырвонага войска, што знаходзіцца ў Чурапчы, з
горадам Якуцкам.
Прайшоўшы непрыкметна да самае аколіцы Магінскае ўправы, генэрал Ракіцін
кінуўся ў атаку. Але якуты — атрадамі пры першых жа стрэлах з боку чырвоных
заляглі на аколіцы на адкрытым месцы, нясучы дарэмныя страты ад агню праціўніка
з вёскі.
Ніякія
загады і асабісты прыклад рускіх дабравольцаў не маглі падняць якутаў для
працягваньня атакі.
Страціўшы
дарэмна да сарака чалавек забітымі і параненымі, генэрал Ракіцін прымушан быў
адвесьці свой атрад ад Магінскае ўправы назад да Чурапчы.
Пасьля
гэтае першае няўдачы сярод якутаў пачалі назірацца недаверлівыя адносіны да
рускіх камандзіраў. Прывыклыя нападаць толькі з засады, яны лічылі магінскую атаку
бяссэнснаю выдумкаю рускіх афіцэраў, якім, моў, не шкада якуцкіх жыцьцяў.
Хутка
генэрал Ракіцін зрабіў напад на Чурапчу. Гэты налёт быў таксама няўдачны і
каштаваў белым каля трыццаці чалавек забітымі і параненымі.
Камандаваўшы атрадам у Чурапчы “дзед” Курашоў, атрымаў загад ад
камандуючага, рыхтавацца выступіць на Амгу, на выручку асаджанага ў Сасыл-сысы
нашага атраду.
Туды ж адначасна павінен быў выступіць і Байкалаў з Якуцку.
Каб
аблягчыць сабе рух на Амгу і ашукаць генэрала Ракіціна, “дзед” Курашоў зрабіў
прыгожы шахматны ход.
Ён
аддаў два загады па гарнізону. Першы загад быў фіктыўны, Паводле гэтага загаду
гарнізон павінен быў адыйсьці на горад Якуцк, а другі — сапраўдны, ня фіктыўны —
загад ставіў задачу выступіць чурапчынскаму гарнізону на Амгу і злучыцца з
асаджаным у Сасыл сысы чырвоным атрадам.
Наш
пасыльны, пасланы з Чурапчы ў Якуцк з данясеньнем і фіктыўным загадам, быў
захоплены белымі.
Генэрал Ракіцін у тую ж ноч абышоў Чурапчу з захаду, выйшаў на Якуцкі
шлях і вёрстах у трыццаці пяці зрабіў засаду Курашову.
Такім парадкам “дзед” Курашоў пазбавіўся ад генэрала Ракіціна і,
пакінуўшы ў добра ўмацаванай Чурапчы невялікі гарнізон, выступіў сам на Амгу,
маючы цяпер на сваёй дарозе адзін толькі атрад палкоўніка Варгасава. Гэты атрад
белых пры паходзе “дзеда” Курашова разьбегся.
Палкоўнік Варгасаў данёс Пепяляеву:
“Пасьля майго прыезду лік усіх партызанскіх атрадаў
аказаўся ў 82 чалавекі.
На наступны дзень я заняў шлях Чурапча -
Амга. Дзьве гадзіны з Д. I. Сьляпцовым угаворвалі Пратасава, які ні за што не
хацеў перакінуць атрад са свайго насьлегу. Тады я сабраў увесь атрад, сказаў,
хто я, кім і для чаго сюды прысланы, што над Амгою ідуць баі і што нам трэба
рыхтавацца да выступленьня.
Абвешаныя патронамі малайцаватага выгляду
партызаны далі мне поўную ўпэўненасьць у тым, што з гэтымі можна справу
зрабіць.
Але як толькі яны даведаліся пра
перакіданьне атраду, то адразу пачалі хадзіць з кіслымі мінамі і зусім нечакана
для мяне пачалі прасіць зволіць іх, матывуючы стомленасьцю і хатнімі
акалічнасьцямі.
Ягор Амосаў заявіў, што паступаў у атрад як
насьлежны міліцыянэр і ваяваць ён не жадае.
Толькі пасьля мае катэгарычнае заявы, што
звальненьне генэралам забаронены, я змог накіравацца на фронт.
Атрад ужо ня меў ніякай сілы, а на выгляд
станавіў натоўп.
У гэты час скрозь і ўсюды якуты толькі і
гаварылі аб падзеях у Сасыл-сысы і што з Якуцку ідуць на Амгу вялікія сілы
праціўніка.
Кімсьці распаўсюджвалася чутка, што
чырвоных каля 1000 чалавек. Ужытыя мною меры да абвяржэньня гэтых чутак мэты не
дасягнулі, таму што Д. І і І. А Сьляпцовы загадзя выбраліся — першы яшчэ 16
лютага да Ракіціна, а другі 20 лютага уцёк да чырвоных. Застаўся адзін
Пратасаў.
Гэты самы Ягор Амосаў у прысутнасьці
партызан і Пратасава кінуў мне вінтоўку і патроны і заявіў, што больш служыць
ня будзе.
Я яго арыштаваў, але прыклад яго аказаўся
заразным — на другі дзень з другое роты ўцякло каля 25 чалавек.
23 лютага каля 10 гадзін раніцы мне
паведамілі, што паказалася калёна коньнікаў каля 50 чалавек, якія сьпешваюцца.
Абліваючыся потам, літаральна за рукаў, я
разьмясьціў партызан на пазыцыі і адкрыў агонь з пяцісот крокаў па наступаўшым
праціўніку, які ў сваю чаргу адкрыў агонь з Кольта і Шоша.
Каб забясьпечыць пагрозу з правага флянгу,
я парашыў адвесьці ўправа, на вельмі добрую пазыцыю рэзэрву ў 14 чалавек, якая
была у мяне. Скамандаваў: “За мною бягом” — і пад кулямётным агнём перабраліся
і заляглі за балбахамі.
Тады я ўбачыў, што са мною адзін тлумач, а
ўсе іншыя якуты здымаюцца і садзяцца на
коней.
Мне з тлумачом шлях адступленьня ўжо быў
адрэзаны зьнішчальным агнём, а каня мне мае падначаленыя не пакінулі.
Аднак чырвоныя далей не пайшлі, і я
праляжаў да вечара ў сьнезе, потым прыйшоў у юрту і хацеў дагнаць свой атрад.
Але ня ведаў дзе ён, тады якуты сталі зусім іншыя: пасыльным ніхто ехаць ня
хоча, коней, кажуць, няма, і пра становішча на фронце ніхто нічога не ведае.
Толькі выпадкова даведаўся аб блізкасьці
генэрала Ракіціна і за бялізну наняў двух якутаў даставіць яму пісьмо. Ён мяне
і ўзяў з сабою ў Ахоцк”.
Генэрал Ракіцін, прачакаўшы безрэзультатна больш сутак у засадзе,
зразумеў, што чырвоныя яго ашукалі. Ён хацеў кінуцца прасьледаваць “дзеда”
Курашова, але сярод яго атраду пачалося браджэньне: пачалі насіцца чуткі, што
якуты наогул ня хочуць ваяваць з чырвонымі і што яны маюць намер пры першым
зручным выпадку абяззброіць белых і перадаць іх савецкай уладзе.
З
прычыны гэтага генэрал Ракіцін, які меў намер раней пайсьці на злучэньне з
Пепяляевым, вымушан быў зматаць свая вудачкі, распусьціць усіх якутаў і з 26
рускімі дабравольцамі сьпешна змазаць пяткі і накіравацца з-пад Чурапчы на паўночны
ўсход, па старой дарозе — у горад Ахоцк.
Пепяляеў атрымаў сьпешнае данясеньне, што да месца асады чырвонага
атраду ў Сысыл-сысы набліжаецца новы вялікі атрад чырвонага войска, пад
камандаю Курашова, з артылерыяю.
Пакінуўшы з Вішнеўскім атрад Арцем’ева і чалавек 30 рускіх дабравольцаў,
Пепяляеў кінуўся з дружынаю насустрач Курашову, сьпяшаючыся заняць выгаднае
палажэньне для бою. 26 лютага Пепяляеў сустрэўся ў мясцовасьці Еласін з атрадам
“дзеда” Курашова, ад якога атрымаў моцны ўдар. Гэты ўдар каштаваў яму каля
шасьцідзесяці чалавек параненымі і забітымі.
Апроч
таго таварышу Рэнкусу ўдалося сапсаваць адзін кулямёт і з васемнаццацьма
чырвонаармейцамі “дабравольцамі” другога батальёну, перабегчы да “дзеда”.
28
лютага адбыўся другі бой, таксама няўдачны для дружыны, якая страціла забітымі
і параненымі каля трыццаці чалавек, і зноў перабегла да “дзеда” 12
“дабравольцаў”-чырвонаармейцаў.
У
гэтых двух баёх страты ў атрадзе “дзеда” Курашова не перавышалі сарака чалавек.
Тады
Пепяляеў умацаваўся ў мясцовасьці Арылах і хацеў даць “дзеду” яшчэ адзін бой,
але Курашоў ухіліўся ад бою і абышоў Арылах заходнім бокам.
Як
стары, спрактыкаваны камандзір, “дзед” Курашоў паставіў сабе мэтаю як мага
хутчэй прайсьці ў Сасыл-сысы, абыходзячы моцныя пазыцыі праціўніка.
Гэтым
ён прымусіў праціўніка перакідацца з аднаго месца на другое.
Пепяляеў пачаў нерашуча манэўраваць у раёне вёскі Еласін, дзякуючы чаму
аддаляўся момант рашучага бою пепяляеўцаў з атрадам “дзеда” Курашова, які
працягваў пасьпяхова прасоўвацца да Сасыл-сысы.
Яблычка
Увесь
атрад хутка даведаўся пра намечаную ў гэтую ноч вылазку асаджаных. Пачалі
запісваць жадаючых — ішлі ўсе. Тады прышлося выбіраць больш дужых таварышаў.
Іншыя, нездаволеныя, наракалі, прасілі ўзяць і іх з сабою, але пакінуць акопы
пустымі нельга было. Усяго выбралі восемдзесят байцоў.
Кулямёты
рашылі ня браць, захапіць толькі больш гранат. Пачалі рыхтавацца.
Маё
раненьне хоць і не зажыло, але я мог ужо хадзіць і парашыў прыняць удзел у
вылазцы.
Надышла
раніца. Аднавілася заціхлая было перастрэлка. Некаторыя чырвонаармейцы хутка
ўскаквалі з-за барыкад, станавіліся. ва ўвесь рост, пагражалі кулаком і крычалі
белым:
— Здавайцеся!
Хадзіце да нас, пакіньце брудную справу!
Праціўнік
у адказ адкрываў часты агонь па такіх адважніках. Дваіх параніла, але гэта ня
спыніла іншых чырвонаармейцаў праяўляць такую ж самую безразважную сваю адвагу.
Загад
спыніць уставаньне, трымацца закрыцьцяў выконваўся, але не заўсёды.
Паасобныя байцы ўсё ж парушалі загад сваіх камандзіраў.
Нянавісьць да ворага патрабавала выхаду.
— Кулямётчыка
Івана Паргачова параніла, — паведаміў увайшоўшы ў юрту дзяжурны па атрадзе.
—
Зноў напэўна вылез і пачаў лаяцца. Ох ужо гэты Паргачоў! Ні бога, ні чорта ён
не прызнае, кожны дзень што-небудзь новае выдумае. І як толькі да гэтага часу
яго не забіла — дзіўна! — прагаварыў Мятліцкі.
—
Сёньня Паргачоў лепшы нумар выкінуў, — гаварыў далей дзяжурны, — у часе
стральбы ён з цесаком у руках выбег на сярэдзіну двара, ускочыў на забітага
каня і давай секчы, а сам на ўсё горла “Яблычка” расьпявае. Параніла яго ў
правую лапатку, давай секчы леваю рукою, прастрэлілі левую руку, зваліўся, а
сам: “Пепяляеў-генэрал, куды ты коцісься? У Якуцію пападзеш — не вароцісься...”
А
вось уцягнулі ў хатон і параненага Паргачова. Ён ня стогне а лаецца.
—
Вось гады! Думаў, прамажуць — я толькі на мінутку, крыху мяса насекчы,
хрумстаць захацелася...
Сёньня я першы раз пасьля свайго раненьня выпаўз з хатону на двор.
Да
мяне далучыўся і Хатнутдзінаў.
Я
ап’янеў ад сьвежага паветра, асьлеп ад яркага сонечнага дня. Закружылася
галава.
Я
праляжаў на месцы мінут дзесяць, пакуль не асвоіўся і стаў адчуваць сябе добра.
Самае багатае палкае ўяўленьне не магло б нарысаваць усяго таго, што
ўбачыў я...
Цяжкую і сумную, але разам з тым і грозную карціну мне хацелася
адзначыць у сваёй памяці так моцна, каб яна засталася да канца майго жыцьця.
Сьнег
на дварэ быў увесь утаптаны і заліты крывёю. Кроў жывёл зьмяшалася з чалавечаю —
яе не адрозьніш, яна ўся аднолькавая. Засыпаць гэтую чырвоную ад крыві пляцоўку
няма чым — дый на што? Да гэтага, як відаць, усе ўжо прывыклі, а сьнег для нас
даражэй як золата.
Уся
маленькая пляцоўка двара завалена бруднымі анучамі, гнойнымі бінтамі,
абгрызенымі конскімі касьцямі, зацьвярдзеўшым калам, дзесяткамі тысяч пустых
стрэляных гільз, іржавымі абоймамі, шомпальнымі гранатамі, якія не разарваліся,
кінутыя праціўнікам. Паасобнымі кучкамі ляжалі зломаныя і цэлыя вінтоўкі,
валяліся пагнутыя дыскі ад Шоша і пустыя парваныя кулямётныя істужкі.
Пад кожным кулямётам (іх чатыры, стальных верных нашых таварышы, — тры
Максімы і адзін Кольт) гарыць па маленькім агні.
Але каб пепяляеўцы ня ведалі, колькі ў нас кулямётаў, нам прыходзілася
падтрымліваць каля дзесятка такіх агнёў, а кулямёты перакідаць з аднае байніцы
ў другую і пастрэльваць з розных месцаў.
Такім парадкам нам удалося ашукаць праціўніка: у яго на схеме было
занесена дзевяць кулямётаў у асаджаных.
Адна частка чырвонаармейцаў, прыпаўшы да байніц, пастрэльвае, другая
частка рассыпалася кучкамі ля агнёў, вядзе ціхія гутаркі.
—
Хлусілі, відаць, белыя пра гармату. Доўга нешта няма яе. На валах, напэўна,
вязуць — дзьве вярсты ў гадзіну, толькі кусьцікі мігаюць, — разважаў чырвонаармеец
Ушакоў, празваны “барахольшчыкам” за тое, што ён заўсёды вазіў з сабою запас
“рознае паходнае маёмасьці”.
Спатрэбіцца
чырвонаармейцу кавалачак вяроўкі, цьвік, раменьчык, ніткі, або нават цэлая
латка для штаноў — ідзе да Ушакова і заўсёды атрымае неабходнае. Старыя
падковы, і тыя ён падбіраў і вазіў з сабою пра запас.
—
Пушку белыя нам залілі. Ні чорта ў іх няма. Коку, моку... а не Чурапчу яны
ўзялі. На бога, на храпок хацелі нас узяць, ды сарвалася, — упэўнена гаварыў
Бусургін.
Праменьні сонца серабрылі вяршыні гор. Тайга адзетая у вельмі прыгожы
зімовы нарад, бліскала безьлічнымі блакітнымі аганькамі. Жудасны выгляд мелі
нашы баявыя акопы.
У
адным месцы на барыкадах два мерцьвякі — адзін наш кулямётчык, а другі
пепяляеўскі дружыньнік, амаль дакраналіся галовамі адзін да аднаго, працягвалі
адзін аднаму свае рукі, нібы хацелі прымірыцца і заключыць брацкі саюз проці
агульнага ворага — капіталу.
Крыху далей ляжыць камандзір узводу Маскаленка. Вочы ў яго шырока
расплюшчаны, на губах замерзла крывавая пена, левая рука працягнута ўздоўж
тулава, а правая напалову сагнута. Ён трымае яе на роўні ілба, нібы абараняючыся
ёю ад сонца.
У
двух-трох кроках за Маскаленка ляжыць Інакенці Адамскі. Глыбокія маршчыны
прарэзалі яго лоб, блакітныя вочы прыплюшчаны, яны страцілі свой ранейшы
стальны водцень і вастрыню. Твар сур’ёзны, заклапочаны, на ім застыў адбітак
жалезнае волі і рашучасьці. Нават куля, якая прабіла сэрца старога партызана,
не зьняла гэтага выражэньня мужнасьці і адвагі на твары героя: яна толькі
абарвала жыцьцё аднаго з лепшых чырвоных камандзіраў, воля якога была мацнейшая
за сьмерць.
У
шашыста Карачарава ўся патыліца вырвана разрыўною куляю, і пусты чэрап зьзяе
страшнаю чорнаю суцэльнаю дзіркаю; рукі скрыжаваны, прыціснуты да грудзей;
валасы зьліпліся і замерзьлі вялікім крывавым камяком, а твар зьвяло ў грымасу,
нібы ад вялікага зубнога болю.
Унтэр-афіцэр, атрымаўшы сьмяротную рану у скронь, зваліўся у сьнег
тварам уніз, ад чаго ён расплыўся, стаў вялікім і ненатуральна шырокім, а нос
сплюшчыўся, уціснуўся ў сярэдзіну і толькі невялікі прадоўжны гарбок напамінаў
пра яго. Забітага унтэра прынесьлі толькі ўчора ноччу байцы, якія насілі сьнег
і паклалі яго на акопы.
На
акопе ля кулямёта Кольта ляжыць вялізнае нязграбнае цела фэльдфэбэля. Яго рукі
працягнуты ўперад. Непрыкметны ветрык шавеліць, перабірае доўгія пераблытаныя
пасмы яго валасоў.
Здалёк здаецца, што фэльдфэбэль сьпіць, што вось ён зараз прачнецца і
пашле пракляцьце таму, хто адарваў яго ад свае сям і, прымусіў бегчы ў
Маньчжурыю, а потым прывёў яго з Харбіну ў Сасыл- сысы і зрабіў шчытом для
чырвоных і мішэньню для сваіх.
Больш сотні чалавечых і дзесяці конскіх трупаў уперамежку з балбахамі
жахлівым крывавым кругам замыкалі хатон і юрту.
Над гэтым пятачком лунаў чырвоны сьцяг. Ён прыміраў мёртвых. Уладзімер
Ільліч сваёю працягнутаю рукою заклікаў да барацьбы жывых абаронцаў
Кастрычніка...
Перастрэлка з абедзьвюх бакоў узмацнілася.
Аб
мёрзлыя трупы цьвякалі кулі, адрывалі пальцы, кавалкі мяса, пападалі ў галовы.
Ад удару кулі галава расколвалася, і ўнутры відаць былі шэрыя акасьцянелыя
мазгі.
Ад
удару кулі труп здрыгаўся: некаторыя падалі па зямлю; іх клалі назад.
Здавалася, што мёртвыя ня вытрымаюць удараў, якія сыпаліся на іх, і
закрычаць:
“Вой, балюча нам, балюча!”
Ад
падэшвы гары, паміж абшчыпанымі, сточанымі сьвінцовым дажджом дрэвамі,
цягнуліся ўверх, пераплятаючыся паміж сабою дзесяткі пратаптаных пепяляеўцамі
вузенькіх сьцежак.
Сьцежкі ўпіраліся. ў адмысловыя лініі і зломы акопаў Пераскоквалі цераз
іх і губіліся ў гушчары.
На
выпадак падыходу да нас выручкі белыя зрэзалі тайгу, зрысавалі гару акопамі, аб
якія паводле іх разьліку павінна была б разьбіцца атака чырвоных.
Але далейшы ход падзей рыхтаваў разгром Пепяляеву — ня тут, не ў
Сасыл-сысы, а ў баёх з “дзедам” Курашовым і пад слабадою Амга з Байкалавым.
Вызначыць колькасьць белых з майго назіральнага пункту нельга было.
Стралялі чалавек трыццаць. У далёкіх юртах таксама быў прыкметны рух
пепяляеўцаў.
Я
адчуў стомленасьць і дрыжыкі і вярнуўся ў хатон. Трэба было адпачыць, набрацца
сіл, таму што ў гэтую ноч мы парашылі зрабіць вылазку. Начальнік жа кулямётнае
каманды Хаснутдзінаў застаўся ў акопах, “пазабаўляцца кулямётам”, як сказаў ён
мне, калі я клікаў яго з сабою.
Не
прайшло і дваццаці мінут пасьля гэтага, як Хаснутдзінава цяжка параніла ў
галаву куляю, якая праскочыла ў здрадніцкую шчыліну паміж трупамі.
Сьмерць і запавет чырвонаармейца Папова
Пепяляеўцы па ўсіх правілах вайсковага майстэрства кожную ноч вялі
“сапнае” прасоўваньне да хатону, закопваючыся ў глыбокім сьнезе і паступова звужаючы
сьмяротнае кольца свае асады.
Усё бліжэй і бліжэй насоўвалася разьвязка. Да акопаў праціўніка з
паўднёвага ўсходу было ня больш як дзьвесьце крокаў, з паўночнага захаду — сто
шэсьцьдзесят тры крокі, і толькі з заходняга боку, дзе было возера, адлегласьць
заставалася ранейшаю.
Павольна паміраў атрад чырвоных. Кожны дзень радзелі рады яго абаронцаў:
Паміралі параненыя — іх накіроўвалі на барыкады, штодзень зьяўляліся ўсё новыя
і новыя параненыя таварышы.
Параненых ужо налічвалася дзевяноста чалавек. Іх ня было куды класьці.
Атрад зьмяншаўся. Выручкі ўсё няма і няма...
Цёмна, душна, сыра. У роце адчуваецца прытарны, выклікаючы млосьць
прысмак.
Пастаянная ноч пануе ў юрце і хатоне.
Як
цені, са сьвяцільнікамі ў руках ад аднаго параненага да другога ходзяць
фэльчары, робяць перавязкі.
Цокаюць знадворку аб сьцяну хатону кулі. Прабіваюць наскрозь, гукам
лопнуўшае струны праносяцца пад параненымі або падаюць на зямлю. Сьлепа шукаюць
новых ахвяр. Ня толькі стаяць, але сядзець небясьпечна.
—
Таварыш Строд! — кліча паранены ў жывот чырвонаармеец Папоў.
Мёртва-бледны твар. Напалову заплюшчаныя вочы. Часта і парыўчатае дыхае.
Адною нагою ўжо пераступіў апошнюю мяжу...
Я
падышоў да яго. Нагнуўся, узяў за руку, халодную, паміраючую...
—
Што, таварыш, Папоў? Я тут.
Крыху расплюшчыліся вочы. Усьміхнуўся радасна. Намаганьнем волі перамог
боль.
—
Ці хутка выручка з Якуцку да нас прыйдзе?
—
Паводле майго разьліку дзён праз пяць, самае большае праз тыдзень. Трое пасыльных
пасланы з данясеньнем па розных дарогах. Хоць адзін прарвецца. Байкалаў
выручыць, і вядома Пепяляеў будзе разьбіты нашчэнт.
—
Іван Якаўлевіч, я гэтае выручкі не дачакаюся. Я хутка памру. Адчуваю, як усё ва
мне халадзее, ногі ўжо як лёд сталі. Скажы атраду, што я хачу сказаць некалькі
слоў сваім таварышам.
Я
паведаміў словы паміраючага. Усе заціхлі. Нават параненыя затрымалі свае
стогны.
—
Таварышы! Я паміраю за савецкую ўладу... Заклікаю ўсіх вас змагацца да апошняе
магчымасьці. Ня сёньня, заўтра прыйдуць нашы і вас выручаць. Не здавайцеся!
Калі не ўстаіце, зрабіце як парашылі... Узарвіце ўсіх на паветра — няхай наш
чырвоны сьцяг зваліцца разам з намі і прыкрые нашу магілу. Няхай жыве савецкая
ўлада і Ленін!
Цокнула куля. Прабіўшы сьцяну, ударыла мяне ў нагу. Лёг побач з Паповым.
Ён ужо перастаў дыхаць.
Сэрца чырвонага партызана, якое гарэла рэвалюцыйным энтузіязмам, жыло
гарачаю вераю ў перамогу, змоўкла...
Неба зацягвалася грузнымі хмарамі, якія прадказвалі сьнег. На дварэ пацяплела.
Пацягнула вецярком. Ён усё павялічваўся і мацнеў. У паветры закружыліся
белыя мухі.
Тайга зацягнула сваю аднастайную нудную песьню.
Цяжкая ноч
На
гэты раз мяне не параніла — куля прабіла толькі валёнак, і ў мяне застаўся
сіняк. Балела нага, пачаў накульгваць.
На
дварэ падаў густы сьнег, а гадзін у дзесяць вечара разгулялася сапраўдная бура.
Такая госьця рэдка ў гэтым краі.
Закруцілася, буйна замятала сьнегам злая завіруха. Застагнаў і загудзеў
вецер у таежных прасторах.
Уперадзе ў дзесяці кроках нічога не разьбярэш.
Увесь атрад ў акопах.
Кожную мінуту чакаем атакі белых. Наўрад ці яны прапусьцяць такі зручны
для штурму выпадак.
Сёньня прырода проці нас — яна заключыла кароткі саюз з нашым ворагам,
маскіруючы яго атаку.
Мы
ж у гэтую ноч ад вылазкі ўстрымаліся. Баяліся разарвацца, страціць сувязь у
сваім ланцугу, у выніку чаго падыйсьці да акопаў праціўніка разрозьнена,
паасобнымі зьвеньнямі і апроч таго можна было ў гарачцы палічыць пепяляеўцаў за
сваіх, або ж сваіх палічыць за пепеляеўцаў.
Вылазку адклалі да заўтра.
Чакаючы наступленьня белых, усе падцягнуліся.
Зрабіліся яшчэ больш пільнымі ў гэтую, быць можа, апошнюю для нас ноч.
Уперадзе, крокаў на шэсьцьдзесят ад акопаў, заклалі ў розныя бакі
пяць-шэсьць сакрэтаў, па тры чалавекі кожны. Некаторыя выстаўленыя пашы сакрэты
ляглі побач з забітымі ў апошнім баі і непрыбранымі пепяляеўцамі. Хутка і тых і
другіх накрыў сьнег, і яны ператварыліся ў белыя купіны. Ня гледзячы на мізэрны
ў нас запас дроў, расклалі на дварэ некалькі вялікіх агнёў.
Цяпер можна было ўбачыць чалавека крокаў на трыццаць-сорак за акопамі.
На
душы палегчала. Кожны адчуў сябе больш упэўнена і бадзёра,
—
Непрыметна не падыдуць. Папярэдзяць сакрэты, асьветляць агні — у пору адкрыем
агонь, — гаварылі чырвонаармейцы.
Кулямёты гатовы да бою. Як толькі зьявіліся першыя адзнакі надыходзячае
завірухі, кулямёты прыстралялі на сорак-пяцьдзесят крокаў.. Вінтоўкі зараджаны,
патроны папоўнены, гранаты пад рукамі.
“Дынамітная каманда” — так цяпер называлі чырвонаармейцы Волкава і
Пажыдаева — засталася ў юрце. Яны праверылі запалкі, агледзелі, ці не адсырэла
сена, і толькі пасьля гэтага, з каменнымі тварамі, селі ля адчыненага склепу,
чакаючы сыгналу. Лаялі надвор’е...
Белыя не наступалі, нават мала стралялі. Маўчалі і мы, і толькі праз
пяць-дзесяць мінут чуваць была пераклічка нашых вартавых назіральнікаў:
—
Бу-удзь на-па-га-то-ве! Гля-а-дзі ўпе-ра-ад!
Галасы разрываліся і танулі ў віхуры стыхіі.
Нарэшце глянуў на двор доўгачаканы досьвітак. Паступова заціхла
завіруха, а разам з ёю ўляглася і наша трывога.
Палова атраду пакінула акопы і перайшла ў юрту на адпачынак. Крыху раней
зьняліся ўсе нашы сакрэты. Варочаючыся, яны захапілі а сабою некалькі трупаў
пепяляеўцаў, якіх ужо пасьпелі пакласьці на барыкады.
—
Таварышы, да нас падмацаваньне прыйшло, — жартавалі чырвонаармейцы.
—
Ня нам, а мерцьвяком, — папраўлялі другія.
На
акопах некаторыя трупы настолькі моцна пацярпелі ад кулямётнага агню
праціўніка, што больш ужо не зьяўляліся надзейнаю абаронаю ад куль, і цяпер іх
замянілі.
Гэтую ноч белыя выкарысталі для вынаскі сваіх акопаў уперад і
наблізіліся да нас яшчэ крокаў на трыццаць. Праціўнік застаўся верны сваёй
тактыцы змору і не наступаў.
Новы вораг
На
дварэ ясны дзень. Лёгкі мароз ледзь-ледзь пашчыпвае шчокі. Буры як і ня было.
Іскрыцца,
песьціцца і ахарошваецца ў праменьнях сонца зялёна-белая тайга.
У
акопах, прыхінаючыся да закрыцьця, абарваныя, з худымі, чорнымі, асунутымі
тварамі, з абмарожанымі пальцамі рук, з хворымі, скусанымі сьцюжаю нагамі,
укрыўся чырвонаармейскі ланцуг.
Дзесяткі
людзей браскаюць затворамі, прыкладаюць да пляча вінтоўкі і безупынна страляюць
па ўзьлеску, па акопах, сьвірне і далёкіх юртах, дзе мігаюць і пасьпешна
хаваюцца белыя.
Было
падобна да таго, што пепяляеўцы падрыхтаваліся да атакі. Насьцеражыліся нашы
кулямёты, нацэліліся сваімі стальнымі глоткамі на зломы варожых акопаў.
Праціўнік з лютасьцю б’е з вінтовак і двух кулямётаў, градам сваіх
сьмяротных куль барабаніць па хатоне, юрце, барыкадах.
Шызы
парахавы дымок тонкаю, празрыстаю вуальлю сьцелецца ў паветры, уздымаецца
ўверх, блытаецца ў галінках дрэў, чапляецца за паасобныя лахматыя вярхі хвой і,
адарваўшыся ад іх, уздымаецца ў вышыню і зьнікае ў бяздоннай сіняве неба.
Сёньня
ноччу ў Сасыл-сысы прыбыў партызанскі атрад Арцем’ева і засеў у акопах.
Мы
добра чулі высокі звонкі голас каманды, якая падавалася Ар-цем’евым. Асаджаныя
хутка. адчулі і адзначылі сваёю крывёю прысутнасьць новага ворага.
Сярод арцем’еўцаў было нямала сапраўдных таежных снайпэраў.
Высунецца
з-за ўкрыцьця галава чырвонаармейца, а ўжо трапная варожая куля яго заўважыла.
Здрыганецца,
загайдаецца чырвонаармеец і цяжка асядзе на дно акопу, выпусьціць з рук сваю
вінтоўку, а на ілбе ў яго ці на скроні з круглае дзірачкі цячэ і паўзе па твары
палоска чырвонае крыві...
Цэлы
дзень ня сьціхала стральба.
Зматаліся
байцы. Абед не варылі, сырою канінаю задавольвалі голад.
—
Вось сволачы! Перадышку хоць бы далі, перапынак на абед зрабілі б, ці што. Ім
добра — нябось нажэрліся, а вось як жа нам! — лаяліся чырвонаармейцы.
Сонца
павольна пачало хаваць свой агнёвы дыск і, ў апошні раз пырснуўшы снапом сваіх
праменьняў, схавалася за грэбнем гор. Кароткі змрок лёг на зямлю.
На
небе хутка запаліліся першыя зоркі, а потым непрыкметна адзелася ў сваю чорную
вопратку ноч. Усе аблегчана ўздыхнулі.
Новыя перамовы
Паводле
нашага разьліку сёньня павінна быць 28 лютага. Гадзін каля 10 вечара пепяляеўцы
пачалі выклікаць нас на гутаркі.
—
Гэй! Чыр-во-ныя, а чыр-во-ныя! Гэй! Чаго маўчыце? Адклікніцеся!
—
Што трэба? Зноў навіну якую выдумалі? А мо’ пушка прыбыла? А языком дарма
трапаць няма чаго.
—
Гармата недалёка. Сёньня была б тут, але ў дарозе перакулілі, нешта пагнулі,
папраўляюць, прывязуць заўтра перад абедам. Мы хацелі пагутарыць з вамі цяпер.
Вышліце аднаго чалавека на сярэдзіну. Ад нас таксама адзін выйдзе.
—
Пра што хочаце гаварыць?
—
Ёсьць пра што пагаварыць. Выходзьце — даведаецеся.
—
Паведамім камандзіра.
—
Добра.
Было
вырашана ў перамовы ўступіць.
Пепяляеўцам
паведамілі, што мы згодны выслаць аднаго чырвонаармейца, але толькі заўтра
раніцою ў дзевяць гадзін.
Белыя
згадзіліся, і гэтую ноч яны не стралялі, дзякуючы чаму нашы “сьнеганосы”
нанасілі сьнегу ледзь ня ўдвая больш, чым за ўсе папярэднія ночы. У тую ж ноч
пры цьмяным сьвятле капцілкі мы падрыхтавалі пісьмо наступнага зьместу:
“Генэрал
Пепяляеў, вы думалі ў лютым узяць Якуцк, у сакавіку — усю аўтаномную
рэспубліку, у красавіку — Бадайбо і Кірэнск, а вясною наступаць на Іркуцк,
потым фарсіраваным пераможным маршам прайсьці Сыбір і ў 1924 годзе быць у
Маскве.
Але
суровы твар жыцьця — жалезная рэчаіснасьць, а не раман, ня казка з “Тысячы і
аднае ночы”. Ня прыходзіцца гаварыць пра Маскву, Іркуцк, нават Якуцк, калі вы
ня можаце ўсімі сваімі сіламі ўзяць невялікі атрад....
Цяпер
вы маглі пераканацца, што ваша паражэньне немінучае, а вашы мары пра
заваяваньне Савецкае Расіі застаюцца толькі марамі, пустым траскучым гукам.
Мы
ўспамінаем каўкаскую байку пра барана, які атлусьцеў і пачаў прасіць бога, каб
той паслаў яму сустрэчу з ваўком.
Ня
будзьце ж глухія і сьляпыя, не пралівайце дарэмна крыві. Другі раз прапануем
вам скласьці зброю і здацца на літасьць
савецкае ўлады.
Помніце, што яна моцная і непераможная і ворага, які дабравольна здаўся,
амаль заўсёды мілуе...”
Гадзін у 9 раніцы першага сакавіка начальнік абароны Жолнін з белаю
павязкаю на рукаве і з пісьмом у кішэні выйшаў з акопаў. Паміж пазыцыямі яго
сустрэў пепяляеўскі унтэр-афіцэр. Абмяняліся прывітаньнямі за руку.
Крокаў
за сто па той бок, пад дрэвамі і ў акопах, групы белых пільна сочаць за
гутарыўшымі.
Па
гэты бок прыслухоўваюцца з вінтоўкамі ў руках чырвонаармейцы. Ля кулямётаў
напагатове наводчыкі.
—
Вам жа бо страшэнна дрэнна? — пытае белы. — Асабліва параненым? Хлеба ў вас
няма, а яшчэ горш — няма перавязачных сродкаў і мэдыкамэнтаў.
—
Няма, нічога, — адказвае таварыш Жолнін, — нашы параненыя ня скардзяцца.
Перавязваем кожны дзень, бінтоў дастаткова, мэдыкамэнты таксама ёсьць. Праўда,
няма хлеба, але за тое мяса многа.
—
Гм... дык вы ня думаеце здавацца?
— Не, ня думаем.
—
Чакаеце выручкі?
—
Так, чакаем.
—
Калі выручка ня прыйдзе і мы возьмем Якуцк, тады здадзіцеся?
—
Не, усё роўна не здамося. Мы ўсе парашылі, што лепш памерці, чым здацца
золатапагоньнікам. А адносна Якуцку, то вам ня відаць яго, як сваіх вушэй, —
хіба што палоннымі туды трапіце, але ня інакш. Калі вы толькі для гэтага і
перамовы пачалі, то нашто было і гарод гарадзіць. Так і перадайце яго
правасхадзіцельству, генэралу Пепяляеву.
—
Ну што?—крычыць з лесу афіцэр. —Адмаўляюцца здацца?
—
Так. Кажуць, будуць біцца да апошняга.
—
Ну і чорт з імі! Хутка і так возьмем. Праклятыя камуністы! Ня гутарце больш,
ідзіце назад.
Узяўшы
пісьмо, пепяляевец пайшоў.
Вярнуўся і таварыш Жолнін у свае акопы.
Мінут
дзесяць было ціха. Як відаць, белыя чыталі наша пісьмо. Нічога яны на яго не
адказалі. Пачалася стральба. Сьмерць вярнулася да сваіх абавязкаў. ,
Абстрэл разрыўнымі
Заўтра
2 сакавіка. Запас дроў застаўся толькі дзён на тры. Сена скончылася. Вось ужо
два дні, як нам няма чым зьмяніць пад параненымі падсьцілку — яна ператварылася
ў гной. Даядалі апошніх коней. Паёк яшчэ зьменшылі, але і пры такой дачы мяса
хопіць на чатыры-пяць дзён. Праўда, ёсьць коні на акопах, але браць іх нельга.
Надыходзіў голад. Што рабіць? Выхаду няма. Павольна, але верна насоўвалася
галодная сьмерць. Адна надзея — на хуткую выручку, інакш пагібель немінучая.
Час
ужо каля чатырох гадзін раніцы. Параненыя сьпяць. Ля даўно патухлага камялька
мігае аганёк сьвяцільніка. Фэльчар нахіліўся над паміраючым Хаснутдзінавым.
Пасьля раненьня ён так і не апрытомнеў, праз увесь час кідаўся ў гарачцы,
трызніў, камусьці пагражаў, кагосьці пра нешта прасіў, але разабраць можа было
толькі адно слова: “таварыш”.
Пачалася
агонія, і хутка Зарэя ня стала...
У
гэты час у юрце з кучы цел адпачываўшае зьмены ўскочыў адзін чырвонаармеец і з
крыкам: “Таварышы! Белыя наступаюць, блізка!” — выбег на двор. Прачнуліся ўсе і
кінуліся за ім.
Аказваецца, што нічога няма. Чырвонаармейцу прысьнілася, што белыя
падышлі да самых акопаў, а наш ланцуг сьпіць і ня бачыць...
Амаль усю ноч быў страшны рух у праціўніка. Можна было толькі
дагадвацца. Магчыма — зьмена часьцей або прыбыла падмацаваньне і рыхтуецца
атака, або выручка нам падыходзіць... Адкуль гэта вядома?
Прыйшла
раніца. Ціха. У праціўніка ўсё памерла. Але вось грымнуў стрэл, другі, трэці.
Загрукацелі кулямёты...
Пепяляеўцы
адкрылі страшэнны агонь з вінтовак і кулямётаў. На гэты раз яны страляюць
выключна разрыўнымі кулямі. Падае стальны дождж на крывавыя барыкады чалавечых
цел. Рвецца на тысячы асколкаў. Нібы сотні бічоў стукаюць...
Чакаюць
чырвоныя байцы. Вось-вось тайга выкіне варожыя ланцугі... Усе гатовы. Мацней
сьціскаюць вінтоўкі. Насьцеражыліся кулямёты.
А
наступленьня няма і няма. Паводле старанных разваг мы зразумелі, што гэта ня
акт лютасьці, а жаданьне заглушыць ад нашага слыху гарматную стральбу.
Так
яно і было на справе. Недзе далёка-далёка бухалі гарматы.
Асаджаныя
ня ведалі, што Байкалаў вядзе наступленьне на Амгу.
Ня
ведалі таксама, што “дзед” Курашоў у чатырнаццаці вёрстах і з боем ідзе на выручку.
Гэта
яны сыгналізавалі агнёвым грамавым стукам гармат аб блізкасьці сваіх, аб скорым
вызваленьні асаджанага атраду.
Гадзін у дванаццаць дня белыя спынілі стральбу...
Зноў цішыня.
Ноч
лягла. Усе напагатове...
Заняцьце Амгі Байкалавым і ўцёкі Пепяляева
назад у Аян
У
той час, калі Пепяляеў безвынікова манэўраваў у раёне вёскі Еласін проці
“дзеда” Курашова, генэрал Вішнеўскі сядзеў, нічога ня робячы, у сьнежных акопах
на Сасыл-сысы, а Ракіцін сьпешна ішоў у Ахоцк. Камандуючы чырвонымі войскамі ў
Якуціі Байкалаў, сабраўшы ўсе сілы гораду Якуцку, лікам каля 600 байцоў пры
дзьвюх гарматах і шасьці-васьмі кулямётах, выступіў у кірунку да Амгі. У
апошняй быў пакінуты гарнізон белых каля 150 чалавек. Амга была перапоўнена
параненымі і харчовымі грузамі, перакінутымі з Аяну.
2
сакавіка Байкалаў павёў наступленьне на Амгу. Атака рабілася на непрыступную пазыцыю
днём, па чыстым полі і па калена ў сьнезе. Нашымі часьцямі быў разьвіты
гураганны агонь, настолькі моцны, што праціўнік ня мог высунуцца з акопаў.
Атакаю,
з невялікімі для нас стратамі, белыя былі выбіты. Частка іх, на чале з
палкоўнікам Андэрсам, уцякла са слабады, другая частка засела ў дамох, у царкве
і расстрэльвала ва ўпор нашых байцоў. У вулічным баі мы панесьлі значна больш
страт, чым пры атацы. Стрэлам ва ўпор быў забіты брат Байкалава, таварыш
Жарных.
У
Амзе было захоплена каля 150 чалавек параненых і больш як 30 чалавек палонных,
у тым ліку палкоўнік Суроў, Кулікоўскі ды інш. Узятая ўся харчовая база дружыны
і больш як 20 тысяч патронаў.
Натхняльнік контррэвалюцыйнага руху Кулікоўскі ў момант захопу ў палон
пасьпеў атруціцца морфіем, і калі яго прывялі ў наш палявы штаб, то ён быў ужо
ў другой стадыі атручэньня і праз кароткі час памёр.
У паходнай канцылярыі Кулікоўскага быў
знойдзены цэлы сакваяжык разнастайных штампаў і пячатак для будучага “Якуцкага
кіраўніцтва” і візытныя карткі з надпісам на францускай мове: “Губэрнатар
Якуцкае правінцыі”.
У
асабістых рэчах Кулікоўскага былі знойдзены: псалтыр, парнаграфічныя карткі і
морфій.
Палкоўнік
Андэрс, які ўцёк у кірунку да вусьця ракі Мілі, паслаў данясеньне Пепяляеву пра
ўсё, што здарылася.
Атрымаўшы гэтую апошнюю зьнішчальную вестку, Пепяляеў, бачачы свой
немінучы разгром, пасьпяшаўся спыніць ваенныя дзействы, аддаўшы загад тэрмінова
сканцэнтравацца ўсім часьцям дружыны ў раёне Сасыл-сысы. Тут, сабраўшы старшых
начальнікаў, Пепяляеў абвясьціў ім сваё рашэньне аб спыненьні барацьбы з
савецкаю ўладаю і аб адводзе дружыны ў порт Аян, каб рэшткі навярбованых ім
дабравольцаў, калі адкрыецца навігацыя, змаглі выехаць за граніцу. Пра гэтае ж
ім было паслана паведамленьне Ракіціну і Міхайлоўскаму ў горад Ахоцк, у якім ён
пісаў:
“Якуцкі парод і яго інтэлігенцыя адмовіліся ад барацьбы з савецкаю
ўладаю, стаўшы на яе бок проці дружыны”.
Сваім
дабравольцам Пепяляеў заявіў:
“Я
памыліўся ў разьліках. Барацьба з рэгулярнаю Чырвонаю арміяю немагчыма, і мяне
ашукалі тыя, хто паклікаў нас у Якуцію. Наша справа прайграна. Хто можа — няхай
едзе са мною, хто хоча здавацца — няхай здаецца”.
Вызваліўшы
астатніх восем-дзевяць палонных чырвонаармейцаў. запрапанаваўшы разысьціся
якуцкім партызанскім атрадам, Пепяляеў 3 сакавіка пачаў свой адыход з Якуцкае
аўтаномнае рэспублікі.
У
свой дзёньнік Пепяляеў запісаў:
“2
сакавіка Амга была ўзятая назад.
Якуцкія
прадстаўнікі бегалі і крычалі:
“Колькі гэта нам каштуе!..”
Вось гэта”колькі каштуе” адкрыла нам вочы, што ўсім нашым рухам
карыстаецца не народ, зусім цёмны, а спэкулянты.
Потым
мы пераканаліся, што ўсё абласное кіраўніцтва складалася з такіх жа самых
спэкулянтаў, якія зусім спакойна займаліся пад нашаю абаронаю спэкуляцыяю
пушніны ды інш.”
Перабежчыкі
Раніца
з сакавіка. Праціўнік вядзе слабы агонь.
Так
цэлы дзень.
Сьцямнела.
Пепяляеўцы далі некалькі залпаў, выпусьцілі істужку з кулямёта, кінулі дзесяткі
тры шомпальных гранат. І зноў ціха. Падазроная цішыня. Байцы напагатове.
Кулямётчыкі правяраюць свае машыны, выпускаюць чаргу, другую, трэцюю, нічога,
ня выдадуць.
Але
чаму белыя не адказваюць? Ніколі гэтага ня было...
Раптам
з заходняга боку, з лесу, выходзяць два чалавекі на возера. Ідуць па дарозе
проста да нас. Хто б гэта мог быць? Да іх яшчэ далёка — крокаў восемсот.
Адлегласьць усё скарачаецца, засталося крокаў трыста.
Крычаць:
—
Не страляйце, таварышы! Мы — перабежчыкі.
—
Ідзеце ня бойцеся.
Мінут праз пяць невядомыя пераступілі акоп, зайшлі ва двор, паклалі на
зямлю вінтоўкі, зьнялі патранташы, адвязалі па адной гранаце.
Пытаем
у іх:
—
Хто вы такія?
—
Пепяляеўцы, хорунжыя коннага дывізіёну Сяргей Міхайлаў і Ювэналі Раўнягін.
Далей
паведамляюць нам, што Амга ўчора занятая Байкалавым. Пепяляеў пасьля няўдачных
баёў з Курашовым уцякае на вёску Петрапаўлаўскае. У Абазе ўжо напэўна чырвоныя
атрады. Генэрал Вішнеўскі, які асаджваў нас, паводле загаду Пепяляева
затрымаўся да вечара і з надыходам цемнаты пайшоў сьледам за Пепяляевым.
Гэта
вельмі радасна і вельмі для нас нечакана. Але ці ня пастка ўсё гэта?
Загадваю ўсяму атраду быць напагатове і заняць месцы ля барыкад.
Мятліцкі з дваццацьма байцамі пакінуў юрту і пайшоў у выведку. Чатыры
чырвонаармейцы наставілі вінтоўкі на харунжых.
Трывожна,
напружана чакаем...
Мятліцкі з ланцугом падыходзіць да ўзьлеску. Адтуль ні гуку, ні шолаху.
Праз некалькі мінут паведамляюць: “Акопы белых пустыя, нікога няма”.
Выставілі
старажавое ахаваньне, але ўсё неяк ня верыцца... Вельмі ўжо вялікая радасьць.
Яна расьпірае грудзі, захватвае дыханьне, трасуцца рукі, дрыжыць голас...
Частка
атраду рассыпалася па ваколіцы, носяць ваду з возера, носяць з варожых акопаў
сена для параненых, разьбіраюць пусты сьвіран на дровы. На дварэ разьвялі вялізныя
агні, у юрце і хатоне запалілі даўно астыўшыя камялькі.
Параненыя,
хто мог хадзіць, высыпалі на двор.
Тытунь,
які быў у перабежчыкаў, раскурылі ўмомант — ня прышлося нават па адной цыгарцы
на кожнага, курылі два-тры чалавекі адну цыгару.
Пасеклі па кавалкі рэшту конскіх туш, вёдры напакавалі мясам і паставілі
варыць.
Харунжы
Міхайлаў пачаў прасіцца паслаць яго ў Абагу для сувязі з чырвонымі. Я
згадзіўся, напісаў з ім некалькі радкоў:
“Камандзіру
першага сустрэтага чырвонага атраду,
Вечарам
3 сакавіка да нас перабеглі два белых афіцэры, якія паведамілі пра заняцьце
Амгі Байкалавым і пра блізкасьць “дзеда” Курашова. Пепяляеў уцякае ў Петрапаўлаўскае.
Акружаўшы нас праціўнік зьняў асаду вечарам 3 сакавіка і пайшоў сьледам за
Пепяляевым.
Вышліце
сувязь. Пашліце мэдыкамэнты, бінты, хлеба і тытуню. Знаходзімся ў мясцовасьці Сасыл-сысы,
у шасьці вёрстах на ўсход ад Абагі”.
Перадаў
Міхайлаву, той пачаў прасіць вінтоўку. Пытаю ў яго:
— Нашто вам зброя?
—
Частка нашых адарвалася ад дружыны, ідуць групамі па пяць-шэсьць чалавек.
Сустрэнуць бяз зброі, могуць забіць: “Здавацца, скажуць, ідзеш”, а з вінтоўкаю
ня будзе падазрэньня. Я буду накульгваць і адстану. Так і дабяруся да самае
Абагі
Вярнулі
Міхайлаву вінтоўку. Далі адзін патранташ, і ён пайшоў.
Вызваленьне
Гэту апошнюю ноч ніхто ня спаў. Настрой ва ўсіх быў вельмі ўзбуджаны. З
двара даносілася жывая гутарка чырвонаармейцаў і нават задорны сьмех. У хатоне
і юрце, патрэскваючы, напамінаючы вінтовачныя стрэлы, ярка гараць дровы ў
камяльках.
Я
гутару з перабежчыкам харунжым Раўнягіным.
—
Чаму вы пакінулі Ўладывасток і пайшлі ў Якуцк? — пытаю я ў яго.
—
Мы ведалі, што Ўладывасток чырвоныя. забяруць, таму што японцы заявілі нам, што
яны выходзяць, і нам мімаволі прышлося б уцякаць у Японію або ў Кітай. Мы былі
ўпэўнены, што Якуцію мы забярэм і пойдзем далей на Сыбір.
—
Значыць, вы ў Якуціі мімаходам?
—
Так. Мы думалі з Якуцку рушыцца на Іркуцк, таму што нам гаварылі, што па Сыбіры
скрозь паўстаньні і што нас там чакаюць.
—
Так думалі ў вас усе, а вось асабіста вы — што вас прымусіла ісьці ў Якуцію?
—
Мне хацелася трапіць на радзіму, пабачыцца з роднымі, ды да таго ж я
тубэркулёзны. Ва Ўладывастоку клімат сыры, шкодны для лёгачных хворых, а ў
Якуцку, я чуў, што вялікія маразы і клімат сухі, вось я і паехаў з дружынаю
Пепяляева.
—
Дзе ваша радзіма?
—
У Сямірэчанскай вобласьці, сяло Вялікі Такмак.
—
А Міхайлаў адкуль?
—
Таксама з Сямірэчанскай вобласьці, са станцыі Вялікай. Гэта недалёка ад гораду
Алма-Аты.
—
Як жа вы думалі прайсьці гэтую дарогу ад Якуцку да Сямірэчча? Няўжо са зброяю ў
руках?
—
Так. Мы спадзяваліся, што скінем савецкую ўладу.
—
Чаму вы ідзяцё проці савецкай ўлады.
—
Я быў проці крайніх партый, проці крайняй левай і крайняй правай. Я не хацеў, каб панавала якая-небудзь адна
партыя.
Пепяляеў і яго сатаварышы былі ўпэўнены, што Якуцкую аўтаномную рэспубліку
яны забяруць голымі рукамі, а Чырвоную армію закідаюць шапкамі і пойдуць далей
на Сыбір. Яны, бачыце, тут “праездам” — прышлі, убачылі і перамаглі. Усё, як у
казцы... А потым забяруць Іркуцк, Омск, а там і Урал і Волгу.
Марыўся
ім добры стары калчакоўскі ўрад...
Пепяляева з яго сыбірскаю дабравольніцкаю дружынаю “чакаюць” сяляне і
рабочыя Сыбіры, іменна тыя сяляне і рабочыя, якіх яны білі і расстрэльвалі.
Праз
Якуцію яны хацелі трапіць на радзіму — інакш кажучы, прайсьці да радзімы агнём
і мячом, прапаведуючы мір і любоў залатое сярэдзіны, “бяз крайняе правае і бяз
крайняе левае”.
Нявольную ўсьмешку ў слухаючых чырвонаармейцаў выклікаў расказ харунжага
пра сыры, шкодны клімат Уладывастоку.
Якуцкая
санаторыя для лёгачных хворых, якія ўцякалі ад пралетарскага суду напэўна цяпер
ня зусім падабалася “праяжджаючым” ё на радзіму гастралёрам.
Непрыветна
сустрэлі якуты — ня так, як чакалі яны. Якуты не разумелі ўсіх тонкасьцяў
буржуазнае культуры. Ня было тут і харбінскіх рэстаранаў.
Якутам
вельмі дорага каштаваў “праезд” збаўцаў сібірскіх сялян.
Клімат
Якуціі быў вельмі сухі, а працоўныя масы ня верылі залатой сярэдзіне, “бяз крайніх
правых і бяз крайніх левых”.
Разьвіднівае. І разам з ноччу зьнікае надзея. Чым сьвятлей, тым менш
верыцца.
Раптам
на ўзьлесак, за возера, выехалі чатыры коньнікі, нешта крычаць нам, махаюць
вінтоўкамі. Потым заўважылі наш чырвоны сьцяг. Галёпам пусьціліся да акопаў. Сьлед
з лесу — новая група, з ёю “дзед” Курашоў, на сваім нязьменным гнядым кані
Ваську, і таварыш Мізін, камандзір дывізіёну.
Віхрам урываюцца ва двор. Свае... Бурная радасьць захлібае нас.
Безупыннае “ура” рвецца дружна і магутна. Хапаем адзін аднаго ў абдымкі,
цалуемся....
Параненыя, якія засталіся ў хатоне, засьпявалі “Інтэрнацыянал”, і ўсе,
як адзін, падхапілі магутны гімн барацьбы.
Многія
ня вытрымліваюць, абрываюць песьню і плачуць.
Але
вось паступова ўляглася віраваўшая радасьць.
Прыйшло
некалькі падвод з правіянтам і тытунём. Іх умомант разгрузілі і на вызваленых
падводах пачалі перакідаць усіх параненых у далёкія юрты. Фэльчары пайшлі туды
і пачалі перавязваць параненых, добра што мэдыкамэнты і бінты прывезьлі
таварышыы. Усіх забітых здымалі з барыкад і складалі радамі на дварэ.
Прыбыло
некалькі дзесяткаў падвод з заечымі коўдрамі, аленевымі і сабачымі дахамі,
кажухамі.
“Дзед” Курашоў са сваім штабам увайшоў у юрту. Адсутнасьць стала і
лавак, якія былі спалены ў камяльку ў часе асады, кінулася ў вочы, толькі цяпер
адчулася ў іх неабходнасьць. Усё патрэбнае хутка прынесьлі з другіх юрт. Селі.
Словы ўсё яшчэ ня ішлі з языка.
Адзін з прыбыўшых дастаў кісет з кішэні і старанна высыпаў усе, што
было, на стол.
—
Закурвай! Махорка добрая.
Пацягнуліся рукі да махоркі, зашургцэла газэтная папера. Кожны круціў
сабе цыгарку ледзь не з аглоблю велічынёю.
“Дзед”, які ніколі не расставаўся са сваёю люлькаю, глянуў на махорку,
устаў і павольнымі, спакойнымі рухамі пачаў абмацваць сябе, потым пачаў шукаць
у сваёй палявой сумцы. Выражэньне твару станавілася ўсё больш заклапочаным. Не
знайшоўшы патрэбнага, глянуў пад стол...
Усе пасьпяшаліся “дзеду” на дапамогу.
—
Што, дзеда, згубіў?
Ён
дастаў з рота пагаслую люльку і, сплюнуўшы з некатораю раздражнёнасьцю (што з ім
вельмі рэдка здаралася), прагаварыў:
—
Люльку згубіў! І куды яна толькі запрапасьцілася? Пакурыць бы трэба. — І ён
спакойна сунуў люльку назад у рот.
—
Дружны выбух рогату. Сьмяяўся і “дзед”.
—
Вось дык штука! Ніколі са мною гэтага ня было. Шмат ваяваў, а Сасыл-сысы першы
раз сустрэў... Ад такое карціны ня толькі люльку, а галаву згубіш — рэзюмаваў
неабурлівы “дзед”.
Яфіму Іванавічу ня больш як 35 год. Сярэдняга росту, цёмная барада і
бровы адцянялі яго вочы; перад якімі нельга было хлусіць.
Чырвонаармейцы празвалі яго “дзедам” за яго павольнасьць, абдуманасьць,
за прастадушнае абыходжаньне. Нават байца, які правінаваціўся, ён вінаваціўў
без падвышэньня голасу.
—
Прыяцель дарагі, ты падрываеш аўтарытэт Чырвонае арміі, кідаеш пляму на ўвесь
атрад. Трэба берагчы наш чырвоны сьцяг — ён заліты нашаю крывёю...
І
“дзед” заўсёды дасягаў свайго. Любілі яго чырвонаармейцы і самі падтрымлівалі ў
атрадзе сьвядомую таварыскую дысцыпліну.
Скора ўсіх параненых пачалі эвакуіраваць у Амгу. Сонца пайшло на захад.
У лесе, за возерам, схавалася апошняя павозка. Атрад выстраіўся на дварэ. Людзі
неяк згорбіліся. Фігуры зрабіліся мешкавата-сутулымі. Зарослыя валасамі твары
былі хмурыя, задуменныя.
Атрад
разьвітваўся са сваімі загінуўшымі таварышамі. Разьвітваўся з хатонам і юртаю —
двума фартамі Кастрычніка на глухой, далёкай савецкай поўначы...
Нехта
засьпяваў “Вы жертвою пали в борьбе
роковой”. Іншыя падхапілі скрыпучымі, нуднымі галасамі.
Але вось грымнуў апошні верш гімну. У гэты момант усе чатыры кулямёты адкрылі
агонь. Дзьвесьце вінтовак тры разы разрадзіліся ў паветра залпамі
разьвітальнага салюту.
Сухім
раскацістым рэхам закашляла бабуля-тайга, глухім грукатам ёй адказвалі сумныя
вяліканы-горы. Таежны вандровец-вецер хістануў сьцяг. Увесь прадзіраўлены
кулямі, ён горда залунаў над тымі, хто парашыў перамагчы ці памерці, але ня
здацца, хто ў імя вялікага Кастрычніка стрымаў сваю прысягу.
Са
сьцягу глядзеў Уладзімер Ільліч і нібы гаварыў нам:
“Толькі
цераз трупы, кроў, пакуты і вялікія ахвяры мы перабудуем сьвет. Зьнішчым войны
і вызвалім прыгнечаную чалавечую працу.
Пачатак
накладзены. Сыгнал пададзены. Паўстануць заняволеныя нацыі, паўстануць скаваныя
ланцугамі капіталу народы ўсяго сьвету, і, з адзіным баявым клічам: “Пралетары
ўсіх краін, злучайцеся!” — яны перамогуць”.
“Перамогуць!
Паўстануць! Перамогуць!” — шапталі ў адказ, цёмныя нетры векавое тайгі...
Атрад
пакінуў Сасыл-сысы. Тут, на гэтай Лісінай палянцы, у працягу дваццаці дзён
выдыхалася пепяляеўская авантура. Тут быў пакладзены пачатак канца напалеонаўскім
замыслам калчакоўскага генэрала, палкаводца бяз арміі.
Вызваленьне
Якуціі каштавала нам безьлічных няшчасьцяў Кучы забітых, сотні параненых,
зьбядненьне якуцкага насельніцтва — вось што прынесьлі авантурысты Кулікоўскі і
Пепяляеў. У гэтай асадзе атрад страціў больш паловы свайго саставу: 96
параненых былі эвакуіраваны ў Амгу, 63 забітых таварышы засталіся ў Сасыл-сысы,
чакаючы свайго пахаваньня ў брацкай магіле. І толькі 123 уцалеўшых змагароў
пераходзілі возера, уцягваліся ва ўзьлесак, гатовыя, калі патрабуецца пайсьці ў
новы бой з ворагамі саветаў і, не задумваючыся, аддаць сваё жыцьцё.
Зарукаю
гэтаму быў чырвоны сьцяг, які махаўся над вялікаю калёнаю ледзь ішоўшых ад
фізычнае слабасьці, але бадзёрых рэвалюцыйным духам людзей.
Прасьледаваньне
Пепяляева
11
сакавіка пепяляеўская дружына прыйшла ў вёску Петрапаўлаўскае, дзе і
заначавала. Некаторых пепяляеўскіх афіцэраў, як відаць. цікавіла пытаньне: што ж
такое савецкая ўлада, якая ў працягу пяці год існуе, адбівае ўсе напады,
адваёўвае Ўладывасток?
Тут яны знаходзяць бібліятэку, пакінутую чырвонымі, уважна яе
праглядаюць, сёе-тое выбіраюць, а капітап Пётр Станіслававіч Каменскі бярэ з
сабою і наш першы нумар журналу мясцовага гарнізону “Красный воин”, рукапісны,
які мы зьбіралі ўсім гарнізонам і рэдагаваны чырвонаармейцам кулямётчыкам
Шылкіным.
Белыя зьдзіўлены. Яны не чакалі сустрэць гэтага. Сяляне малююць ім
карціну будаўніцтва рабоча-сялянскае дзяржавы, шмат гавораць пра савецкую
ўладу, адкрыта прапануюць застацца тут, з тым, каб здацца чырвоным.
Потым пачалася чыстка сьвірнаў, з якіх забіралі ўсё збожжа. Рабіў гэта
Пепяляеў праз якутаў, праз Арцем’ева.
Сяляне
адкрыта называлі гэта разбоем, крычалі пра гэта ў прысутнасьці палкоўнікаў, якія
слухалі і таксама абураліся паводзінамі сваіх кампаньёнаў-якутаў.
Хадзілі да “народніка”-генэрала, які таксама соладка сьпяваў пра
недатычнасьць яго да гэтае справы і гаварыў, што гэта справа “савету народнае
абароны”. Вядома сяляне адразу зразумелі “тонкую палітыку” генэрала.
12
сакавіка дружына, якая налічвала цяпер толькі каля 250 чалавек, з якіх 30
чалавек было параненых, пайшла ўверх па рацэ Маі да вусьця ракі Аіму.
Для
прасьледаваньня ўцякаючага праціўніка ў Амзе было выдзелена два атрады: адзін
пад камандаю Мізіна, павінен быў выйсьці цераз вусьце ракі Мілі на раку Маю і
заняць станцыю Аімская, да якое ад Амгі было каля 340 вёрст. Пепяляеву заставалася
ад Петрапаўлаўску да Аіму яшчэ каля 350 вёрст. Абыйсьці або мінуць гэтую станцыю
ён ня мог — больш дарог ня было. Такім парадкам Мізін, заняўшы Аімскую, адрэзаў
Пепяляеву шлях яго адступленьня.
“Дзед” Курашоў павінен быў ісьці па сьлядох дружыны і злучыцца з Мізіным
на Аіме.
Радасна,
са сьлязьмі на вачох сустрэла насельніцтва в. Петрапаўлаўскае атрад “дзеда”
Курашова. Ад старшыні сельсавету паступіла заява, што ў вёсцы дабравольна
засталося 47 чалавек пепяляеўцаў, якія захацелі здацца ў палон на літасьць
савецкае ўлады.
14
сакавіка “дзед” Курашоў выступіў далей у пагоню за Пепяляевым.
Прайшоўшы 233 вярсты, 22 сакавіка, на вусьці ракі Юдомы, вёрстах у дзьвюх
уперадзе, заўважылі пепяляеўцаў, якія здымаліся з прывалу. “Дзед” застаўся не
заўважаным. У атрадзе зьявілася шмат босых, прышлося самім рабіць абутак з
сырых шкур праўдзівей, чырвонаармейцы абмотвалі сабе ногі кавалкамі конскае
шкуры. Карміць коней ня было чым, прыходзілася секчы вербалоз і даваць яго
коням замест сена.
Белыя
сваіх коней кармілі зернем, узятым у сялян у Петрапаўлаўскім.
23
сакавіка наш атрад падыходзіў да мясцовасьці Хандыкі. Высланая ўперад выведка
выявіла моцную заставу праціўніка. Наступаць тут было немагчыма. Нельга было
рассыпацца ў ланцуг, перашкаджаў ледзяны тарос; ісьці можна было толькі па
дарозе. Парашылі абыйсьці праціўніка па скалах і глыбокім сьнезе. На гэта
патрабавалася чатыры гадзіны часу.
За
гэты прамежак пепяляеўцы зьняліся і пайшлі, абстраляць іх не ўдалося. Чулі, як
вітаўся Пепяляеў з выстраенаю калёнаю:
—
Здарова, браты дабравольцы!
—
Здравія жадаем, брат генэрал!
Дружына пайшла. Наш атрад спусьціўся на раку
і прасьледаваў далей. Прайшоўшы дзесяць вёрст, коні сталі. Праціўпік сьпяшаўся,
пакідаў коней і спальваў маёмасьць: палаткі, рыштунак ды іншае, і павялічваў
пераходы.
“Дзед” выбраў лепшых коней з атраду і сфармаваў атрадзік у 35 седакоў,
пры пяці лёгкіх кулямётах, а рэшту байцоў накіраваў назад на Юдому. З гэтым
атрадам ён працягваў прасьледаваньне з поўнаю надзеяю, што на вусьці ракі Аіму
Пепяляева сустрэне атрад Мізіна.
Тры разы “дзед” меў перастрэлку з ар’ергардам праціўніка, апошні раз — у
25 вёрстах ад Аіму. Белыя, падабраўшы сем чалавек сваіх параненых і пакінуўшы
на месцы аднаго цяжка параненага прапаршчыка, уцякалі далей. З нашага боку
страт ня было. Тут белымі было пакінута пяцьдзесят вінтовак і дзьве скрынкі
патронаў.
На
крыкі нашых чырвонаармейцаў: “Здавайцеся! Вам усяроўна Аімскую не прайсьці — там
наш атрад», пепяляеўцы адказвалі: “Прарвёмся або памрэм, але не здамося”.
Сам Пепяляеў з некалькімі афіцэрамі і Галібаравым паехаў уперад, на
Аімскую, для загатоўкі аленяў.
26
сакавіка вечарам наш маленькі атрад прыбыў у Аімскую. Яна аказалася пустою.
Мізіна там ня было — ён застаўся на вусьці ракі Мілі, у 140 вёрстах ад Аіму, мотывуючы
сваё бязьдзейства адсутнасьцю ў дарозе фуражу і стомленасьцю байцоў і коней.
Такім
парадкам адзіныя дзьверы на Нэлькан ня былі намі зачынены, і Пепяляеў шчасьліва
ўнікнуў немінучага свайго разгрому і паланеньня рэштак дружыны.
Працягваць
прасьледаваньне праціўніка “дзед” Курашоў ня мог — коні сталі, а людзі
абясьсілелі канчаткова; дый сілы было мала. 27 сакавіка ён выступіў назад на
Петрапаўлаўскае.
8
красавіка дружына зноў апынулася ў такім памятным для яе пасёлку Нэлькане.
Пепяляеў
склікаў у Нэлькане тунгускі “зьезд”, на якім прысутнічала каля 20 чалавек. На
гэтым “зьезьдзе” Пепяляеў выступіў з прамоваю:
—
Як і чаго прыйшла сюды дружына, большасьці вядома. Наша задача была памагчы
насельніцтву, якое паклікала нас, вызваліцца ад ярма камуністаў, а потым
пранікнуць у Сыбір.
Не
адзін раз я адзначаў, што буду весьці барацьбу толькі з камуністамі, але зусім
не з насельніцтвам... Яшчэ ў Нэлькане я атрымаў весткі, што частка якуцкае
інтэлігенцыі перайшла на бок камуністаў і працуе з імі рука аб руку, а былыя
паўстанцы з арміі Карабейнікава ня толькі перайшлі па бок бальшавікоў, але
частка з іх пайшла дабравольцамі ў Якнаррэўдат. Я зьвярнуў на гэта ўвагу і на
маё пытаньне відным асобам з грамадзянскага ведамства, ці пойдзе народ з намі,
атрымаў адказ, што пойдзе, а былыя паўстанцы пайшлі ў Якнаррэўдат, мабыць, з
мэтаю атрымаць у чырвоных узбраеньне, а потым перайсьці да нас. Падыходзячы да
Алдану, я пачаў атрымліваць пісьмы і адозвы ад якуцкае інтэлігенцыі (Шырокіх,
Нікіфараў, Пратадзяканаў ды інш.). Пісьмы, адозвы, газэты і брашуры працягвалі кучамі
сыпацца да нас і на вусьце ракі Эльгекан. У іх гаварылася адно і тое ж самае, а
іменна: каб я склаў зброю, прычым даецца рэўкамам і Байкалавым усім асабістая і
маёмасная недатыкальнасьць, што народ нас, дружыну, ня клікаў, ня пойдзе з
намі, а будзе змагацца проці нас.
Усё
гэта прымусіла прызадумацца ня толькі мяне, але і старшых начальнікаў.
Паўставала пытаньне: а можа быць, Байкалаў сваёю мяккаю палітыкаю сапраўды
прыцягнуў да сябе насельніцтва? Гэтае пытаньне было пастаўлена на грамадзянскім
кіраўніцтве, і ўсе аднагалосна выказаліся за барацьбу з савецкаю ўладаю.
Інтэлігенцыю ж, якая працуе з бальшавікамі, назвалі шкурнікамі і заявілі, што
народ з імі ня пойдзе. За некалькі дзён да ўзяцьця Амгі член “савету народнае
абароны” Васіль Мікалаевіч Барысаў, з Заходня-Кангалахскага улусу перабег да
чырвоных, паведаміў пра наш рух на Амгу і даў усе весткі пра нашу дружыну, якія
толькі меў. Таму мы пад Амгою панесьлі вялікія страты — каля 60 чалавек.
Здрадніцтва
Барысава зрабіла вельмі дрэнны ўплыў і адбілася на настроі дружыны. Гэта
зарадзіла зерня сумненьня ў душы членаў дружыны.
Прыбыўшы ў Амгу, я ўступіў у перамовы з якуцкім чырвоным атрадам, сфармаваным
з былых паўстанцаў. Перамовы ні да чаго не прывялі. Я не хацеў адпусьціць
дэлегацыю з Амгі, таму што яны ведалі нашы апэрацыйныя тайны, што ў Амзе ў нас
засталося ўсяго каля сотні чалавек, а астатнія галоўныя сілы былі заняты
ліквідацыяю атраду Строда. У гэты час у Амзе знаходзіўся відны грамадзкі дзеяч
Д. I. Сьляпцоў, які запэўніў мяне, што дэлегацыя будзе працаваць на нашу карысьць:
Я адпусьціў дэлегацыю ў Марылах. Аказалася ж, што яны паехалі проста ў Якуцк,
дзе і расказалі ўсю абстаноўку.
Рэзультат
— Байкалаў сабраў усе свае сілы, якія толькі мог, каля 500-600 чалавек, пры
дзьвюх гарматах, і пайшоў на Амгу.
Пэрыяд з 13 лютага па 2 сакавіка часьці дружыны правялі ў безупынных
баёх. З Чурапчы на выручку Строда ішоў атрад Курашова, каля 300 чалавек з
кулямётамі і адною гарматаю.
Пакінуўшы
проці Строда алданскі партызанскі атрад, я мог узяць каля 300-400 чалавек, пры
дзьвюх гарматах, і рушыўся насустрач Курашову.
26
лютага зрабіў яму засаду, якая не ўдалася дзякуючы выпадковасьці і вылілася ў
бой ні на чыю карысьць.
Потым
Курашоў пачаў манэўраваць, ухіляючыся ад рашучае сустрэчы з дружынаю. Запасу
патронаў у нас ня было.
Падышоўшы да вусьця ракі Лыбі, я даведаўся,
што Амга ўзятая чырвонымі рускімі і якуцкімі часьцямі, пад камандаю Байкалава.
3
сакавіка я і старшыя начальнікі прышлі да вываду, што далейшая барацьба бескарысна:
Прычыны:
1)
Насельніцтва, просты народ, хоць і памагала нам, але дапамога яго выражалася
толькі падвозам правіянту, фуражу, дачаю падвод: байцоў жа, якія маглі б
папоўніць нашы рады, было вельмі мала.
2)
На пагалоўнае паўстаньне, як у мінулым годзе, спадзявацца нельга было.
Насельніцтва знаходзілася пад уплывам інтэлігенцыі гораду Якуцку памагала
чырвоным падводамі і правіянтам.
3)
Ва ўсіх атрадах чырвоных знаходзілася шмат актыўных работнікаў з якутаў, якія
служылі ім праваднікамі і памагалі пры іх зносінах з жыхарамі.
4)
Агняпрыпасаў у нас засталося вельмі мала.
5)
Мы панесьлі вельмі сур’ёзныя страты: у нас выбыла больш як сто чалавек забітымі
і каля 300 параненымі.
Леташняга
энтузіязму, жаданьня змагацца з бальшавікамі няма і не магло быць. У мінулым жа
бо годзе жыхары выганялі скаціну ад чырвоных у тайгу, хаваліся самі, а цяпер,
як відаць, пад уплывам палітыкі Байкалава і работы якуцкае інтэлігенцыі,
насельніцтва заняло другую пазыцыю. Цяпер я лічу, што далейшая барацьба будзе
лішняю, і прашу аказаць мне дапамогу па эвакуацыі людзей у порт Аян.
Пасьля Пепяляева выступіла яшчэ некалькі чалавек яго бліжэйшых кампаньёнаў.
Старшыня “Марскога гандлёва-прамысловага таварыства” Т. С. Сярэбраньнікаў
сказаў:
—
Цяпер стаіць справа з белымі паўстанчымі атрадамі так дрэнна толькі таму, што
зьмянілася тактыка савецкае ўлады.
Васіль Дзьмітрыевіч Барысаў гаварыў:
—
Становішча ў Якуцку і наогул за Алданам лепш, чым мне, нікому невядома.
Насельніцтва там пачырванела. Бальшавікі ведалі пра рух дружыны з самага
пачатку. Якім парадкам леташнія паўстанцы пачалі змагацца проці пакліканае
народам дружыны і якім парадкам Якнаррэўдат, утвораны для падтрыманьня гэтае
дружыны, пачаў памагаць бальшавікам, было спачатку незразумелым, а аказалася
вось што. Кіраўнікі савецкае ўлады, улічыўшы ўсю абстаноўку, улілі ў атрад
партызан чырвонаармейцаў і здолелі разлажыць партызан так умела, што яны гэта
зразумелі толькі тады, калі ў самай арганізацыі зьявілася нешта, што ішло ў
разрэз з сыбірскаю дабравольніцкаю дружынаю і калі выясьнілася, што начальнікам
штабу Якнаррэўдату зьяўляецца Карпэль, камуніст, — той самы Карпэль, які
прыяжджаў увосень мінулага году начальнікам атраду чырвоных сюды, у Нэлькан.
Гэтыя толькі дзьве акалічнасьці загубілі партызан-якутаў.
Тунгусы
ўхвалілі рашэньне Пепяляева і парашылі памагчы пепяляеўцам дабрацца да Аяну,
куды апошнія і выступілі ў канцы красавіка.
Да
20 мая ўся дружына сканцэнтравалася ў Аяне. Пепяляеў марыў зафрахтаваць першы
прыйшоўшы параход для перавозкі людзей у бліжэйшы загранічны порт.
Для гэтае ж мэты ён камандзіраваў Вішнеўскага і начальніка штабу дружыны
палкоўніка Ляонава з некалькімі афіцэрамі ў горад Ахоцк на той.выпадак, калі б
туды параход прыйшоў раней, чым у Аян.
Вішнеўскі
па дарозе даведаўся, што Ахоцк ужо заняты чырвонымі. Тады ён спыніўся і пачаў
адседжвацца на беразе мора разам з палкоўнікам Ляонавым, чакаючы японскія шхуны,
якія ў гэты час развозілі рабочых і соль на японскія рыбалкі, раскіданыя па ўсім
узьбярэжжы Ахоцкага мора. Шхуны яны дачакаліся, іх перавезьлі ў Японію, а адтуль
яны паехалі ў знаёмы ім Харбін. Палкоўнік Ляонаў служыў потым у Чжан Цзо-Ліна і
быў забіты у белагвардзейскім нячаеўскім атрадзе.
Грамадзянскае
кіраўніцтва са сьмерцю Кулікоўскага самаліквідавалася і разам з гэтым спынілася
дастаўка тунгусамі мяса для дружыны. Сярод белых пачало паступова нарастаць
нездаволеньне. Пачалі наракаць.
Было арганізавана паляваньне на бялуг, а таксама ўласнымі сіламі белыя
пачалі рабіць марскія кунгасы [Кунгас — вялікая
лодка.] і хацелі, калі ў час не падыдзе параход, пераправіцца на іх на востраў
Сахалін, да аднаго з яго населеных пунктаў.
На
беразе бухты пачалі вырастаць белыя шкілеты суднаў, каля іх, як мурашкі,
капашыліся людзі.
А
час нястрымана бег. Сьпяшаліся пепяляеўцы...
Заняцьце
чырвонымі гораду Ахоцку
Хутка пасьля “яныгінскага перавароту” ў Ахоцку стала вядома, што Ракіцін
варочаецца з-пад Якуцку назад. Таксама распаўсюджваліся чуткі, што і сам Пепяляеў
з дружынаю ідзе на Ахоцк.
Вось
гэтыя факты і чуткі перашкодзілі Яныгіну разгарнуць як мага сваю “шырокую
натуру”. Наадварот, ён пачаў дагаджаць раззброеным пепяляеўцам і, вярнуўшы ім
назад зброю, сам пасьпяшаўся выбрацца з Ахоцку на Булгін.
Такім парадкам гандлёвыя фірмы і іншае
насельніцтва пазбавіліся немінучага грабяжу і зьверстваў з боку яныгінскае шайкі.
У
пачатку красавіка прыбыў Ракіцін з мізэрнымі рэшткамі свайго атраду. Разлажэньне,
якое пачалося ў ахоцкім гарнізоне яшчэ зімою, было давершанае прыбыўшымі з
Ракіціным дэмаралізаванымі “братамі”, асабліва афіцэрамі, якія аддаваліся ў
Ахоцку нястрыманаму п’янству, — яно заахвочвалася Ракіціным. У выніку п’яных
оргій пачаліся крывавыя драмы: застрэліўся адзін афіцэр. Нарэшце сам Ракіцін,
будучы п’яным, застрэліў амэрыканца-рабочага, які выпадкова сапсаваў матор
вайсковага катэра.
У
загадзе па ахоцкім гарнізоне ад 30 мая 1923 г. за № 135 Ракіцін пісаў:
“Мною расстраляны майстар Бозаў за наўмыснае псуцьцё машыны катэра і за
тое, што зьняважыў генэрала рускае арміі. Забіў двума стрэламі з рэвальвэра, як
шпіёна і здрадніка”.
Скора
пепяляеўцы перагрызьліся паміж сабою. Утварыліся тры непрымірлівых лягеры:
адзін за капітана Міхайлоўскага, другі за палкоўніка Худаярава, а трэці, з
Ракіціным на чале, захоўваў “узброены нэўтралітэт”.
“Якуцкае
народнае абласное кіраўніцтва” з першымі вестачкамі аб няўдачах дружыны пад
Якуцкам пачало адхрышчвацца ад пепяляеўцаў, заяўляючы, што “ніхто іх ня клікаў
у Якуцію”.
Вядома, яно пасьпяшалася паладзіць сувязі з якуцкаю грамадзкасьцю, якая
працавала з савецкаю ўладаю, каб у будучым лягчэй выкруціцца за свае
контррэвалюцыйныя справы.
Пасьля “яныгінскага перавароту” “члены абласнога кіраўніцтва” сьпешна
выехалі з Новага вусьця ў тайгу, баючыся за свае цэннасьці і маючы намер потым
прабрацца на поўнач, у Ніжне-Калымскае, і адтуль за граніцу. Але, як потым
выясьнілася, галаве кіраўнікоў — Сіўцову з сям’ёю — прышлося загінуць у тайзе,
дзе ён сустрэўся з Яныгіным і палкоўнікам Худаяравым, якія ўцякалі туды ад
чырвоных. Яны і забілі яго разам з сям’ёго, а потым і самі былі забіты ў
перастрэлцы з прасьледуючым іх чырвоным атрадам з Ахоцку.
Таксама
як і ўАяне, пепяляеўцы ў Ахоцку з нецярпеньнем чакалі прыбыцьця параходу або
шхуны, каб уцячы за граніцу, Адносіны з “Яныгіным у іх зноў абвастрыліся, таму
што апошні, бачачы малую колькасьць гарнізону, зноў хацеў разграміць Ахоцк,
парашыўшы, што летам ён ўсёроўна будзе заняты чырвонымі.
Вясна
ўжо ўваходзіла ў свае правы. Пачарнеўшая тайга нібы бліжэй спусьцілася з гор і
шчыльней абступіла горад. Сьнег зрабіўся наздраватым і рушыўся з ціхім,
зьвінючым шумам.
Сьлепячае
паўночнае сонца моцна слала свае агнёвыя праменьні на глыбока прамерзлую зямлю.
Рэкі — Ахота і Кухтуй, папаўняліся мутнаю вадой і, нібы надзьмухваючыся і
фанабэрачыся, прабавалі скінуць з сябе ледзяное пакрыцьцё. Нарэшце ў ноч
загрукацелі рэкі — кранаўся лёд. Ад берагоў мора адарвалася ледзяное поле і
павольна адышло ўдалечыню. З прылівам лёд вярнуўся назад, але ўвесь паламаны, награмаджаны
ў дзіўныя ледзяныя горы, якія плаўна ішлі да берагу.
Мясцовыя
жыхары загаварылі, што самае большае праз месяц можна чакаць прыбыцьця
параходаў.
І
ніхто ня думаў, што з урачыстымі крыкамі веснавое пералётнае птушкі, разам з
плывучым лёдам падыходзяць да Ахоцку з Уладывастоку два савецкіх параходы з
войскам пятай чырванасьцяжнай арміі.
Раніцою
з 4 на 5 чэрвеня ў 20 вёрстах ад гораду [Паміж
мясцовасьцямі Пласьцік і Сухі амэрыкан.] высадзіліся чырвоныя і
пасьпешна рушыліся, прыкрытыя марскім туманам, па беразе мора да Ахоцку.
Начальнік
чырвонага экспэдыцыйнага атраду Вастрацоў, не даходзячы некалькіх вёрст да
гораду, з невялікаю групаю байцоў проста накіраваўся да гораду і ціха заняў
штаб гарнізону.
Рэшта
войска пачала ахватваць з усіх бакоў Ахоцк.
Пепяляеўцы
палічылі чырвоных за яныгінцаў, і завязаўся бой, але было ўжо позна. Белыя не
маглі заняць пазыцыі, заселі ў дамох, адстрэльваліся з-за вуглоў.
Вастрацоў
паслаў да белых захопленага ў штабе гарнізону афіцэра-пёпяляеўца з
паведамленьнем, што прыбыла вялікая часьць рэгулярнае Чырвонае арміі, і
запрапанаваў белым здацца ў палон.
Хутка
пасьля гэтага перастрэлка спынілася і ўвесь ахоцкі гарнізон здаўся ў палон, апроч
генэрала Ракіціна, які застрэліўся.
У
выніку сутычкі з абодвух бакоў аказалася 30 чалавек забітых і параненых.
Вастрацоў
пацікавіўся думкаю палонных: ці здасца дабравольна у палон Пепяляеў? Агульная
думка была, што здасца. Усе ж ахотчане запрапанавалі Вастрацову ўзяць з сабою ў
Аян пісьмо ад іх і аднаго афіцэра — палкоўніка Варгасава, асабіста вядомага
Пепяляеву, каб пэўней унікнуць непатрэбных крывавых сутычак, якія мелі месца ў
Ахоцку. Вастрацоў з усім гэтым згадзіўся.
Праз
некалькі дзён палонных перавялі на параход “Ставрополь”. Каля 12 гадзіны дня
загудзеў магутны гудок, і параход, павярнуўшы ў адкрытае мора, накіраваўся ва
Ўладывасток.
Другі параход “Индигирка” з чырвоным атрадам накіраваўся ў порт Аян. На
беразе, зьмяньшаючыся, тоўпіліся чарнявыя камчадалы, прыветна махаючы шапкамі
ад’яжджаючым, толькі не пепяляеўцам...
Чырвоны сьцяг яркаю палоскаю ўразаўся ў сіняву веснавога неба і,
махаючыся над Ахоцкам, крычаў далёкім тундрам і лясістым хрыбтам аб новым
павароце жыцьцёвага шляху далёкае поўначы.
Заняцьце чырвонымі порту Аяну
Непрыкметна неяк зьніклі з аянскае бухты апошнія рэшткі пацямнеўшага лёду,
і зноў загулялі ля яе берагоў вясёлыя хвалі... Скончылася вясна. Надышло
паўночнае лета, аб прыходзе якога паведамілі надышоўшыя белыя летнія ночы.
Дзіўна прыгожыя гэтыя ночы! Сваім нейкім чароўным, бледна-дрыжучым сьвятлом яны
дзіўна ператвараюць прыроду і незвычайна хвалююць чалавека, апускаюць яго ў
мары аб вялікіх чарах поўначы...
У
адну з такіх начэй, калі на зямлю лёг перадранішні густы туман, гарнізон Аяну
быў разбуджаны трывожнымі клікамі і тупатам многіх ног. Адбылося гэта ў ноч на
17 чэрвеня. Стомленыя дзённымі работамі пепяляеўцы мірна спалі па дамох і
палатках, не чакаючы ніякага нападу.
Не
пасьпелі яны апамятацца ад свайго моцнага сну, як аказаліся ўжо захопленымі
чырвоным атрадам Вастрацова, які, высадзіўшыся ў шасьцідзесяці вёрстах на
поўнач ад Алдомскае бухты, праз тры дні дасягнуў Аяну, спачатку ліквідаваўшы
невялікі атрад Разанскага на рацэ Нячы.
Адным з першых быў захоплены у сваім памяшканьні сам Пепяляеў.
Разбуджаны нязвычнымі крыкамі, ён хацеў выскачыць са свайго дому на вуліцу, каб
падняць у стрэльбу камэнданцкую каманду, але ля дзьвярэй быў затрыманы
Вастрацовым. Вастрацоў запрапанаваў яму здацца ў палон, прычым ён ад імя савецкае
ўлады абвясьціў, што ўсім, хто дабравольна здасца, будзе захавана жыцьцё.
Разам
з Вастрацовым знаходзіўся і палкоўнік Варгасаў, які ўказаў на тое, што ўвесь
ахоцкі гарпізон ужо здаўся ў палон і сустрэў да сябе з боку чырвонага войска
самыя законныя і гуманныя адносіны. Крыху падумаўшы, Пепяляеў здаўся і
запрапанаваў пасьледаваць яго прыкладу ўсім падначаленым, якія знаходзіліся ў
штабе.
Такім
парадкам разам з Пепяляевым у першы момант у Аяне было ўзята ў палон 70 чалавек
з пяцьцю кулямётамі. Галоўныя ж сілы дружыны, якія знаходзіліся ў селішча Уйка,
у 7 вёрстах ад Аяну, даведаўшыся пра нечаканы напад чырвоных на Аян, хутка
сабраліся і выступілі на выручку Пепяляева. Дайшоўшы бесьперашкодна да рэчкі
Аянкі, яны высадзілі выведку па беразе бухты.
Пепяляеў
напісаў загад аб спыненьні наступленьня на Аян і запрапанаваў сваім
падначаленым здацца ў палон Чырвонай арміі.
Атрымаўшы
вестку ад Пепялятзва, камандзіры спынілі наступленьне і ў сваю чаргу
запрапанавалі дружыньнікам дабравольна здацца ў палон, па прыкладу свайго
камандуючага.
Апроч
двух-трох дзесяткаў людзей, па чале з палкоўнікам Андэрсам [Гэтая кучка парашыла прабрацца ў Прымор’е і за граніцу,
але ў дарозе была зьнішчана самім насельніцтвам, а Андэрс і некалькі чалавек з
ім былі захоплены і перададзены савецкім уладам.], якія не паверылі ў
гуманнае абыходжаньне савецкага войска і пайшлі ў тайгу, уся астатняя дружына
склала зброю.
Мерна
пакачваючыся на хвалях і пасылаючы ў неба клубкі чорнага дыму, сьпяшалася “Индигирка”
ва Ўладывасток з палоннаю “сыбірскаю дабравольніцкаю дружынаю”. Сьвяціла яркае
летняе сонейка, грэлася і песьцілася ў яго лагодных праменьнях
зеленкавата-смарагднае пакрыцьцё Ахоцкага мора. Зноў хадзілі па яго шырокай
прасторы павольныя гладкія хвалі, і ў сваім магутна аднастайным руху ляцелі да
скалістых берагоў цяпер сапраўды свабоднае Якуціі...
Прыгавор пралетарскага суду
Вось
і Ўладывасток.
Лашчыцца
мора аб гранітныя берагі бухты Залатога рогу. Лашчыцца і грукоча сваю адвечную
песеньку хваля, якая бьецца аб бераг.
Вялікія натоўпы народу сустракаюць параходы, якія прыбываюць з далёкае
поўначы. І не ласкавы натоўпы да пепяляеўцаў, якія доўгаю чарадою спускаюцца па
трапе параходаў на бераг. Ляцяць і рвуцца над імі, як шрапнэль, атрутныя славечкі,
жарты, ад якіх моршчацца белыя ваякі...
Выглядае Ўладывасток нейкім вымытым, пасьвяжэўшым і не напамінае ужо
больш неахайнае какоткі, з агідным пахам парфумы і поту, якім ён выглядаў у часе
разгулу белагвардзейшчыны, што ўзмоцнена “культывавала” прастытуцыю.
Заўважаюць пепяляеўцы ўсё вакол і намотваюць сабе на вус... Далей — ня
блізкая дарога ад Уладывастоку да Чыты.
І
тут, у дарозе, яны таксама пасьпелі заўважыць, што скрозь ідзе энэргічная
плянамерная работа па аднаўленьні разбуранае гаспадаркі краіны.
А
вакол расьцілаліся засеяныя сялянскія палеткі. Сустракаліся натоўпы здаволеных
чыста адзетых сялян. Кідалася ў вочы вялікая колькасьць каапэратываў.
Але
асабліва іх зьдзіўляла як вайсковых Чырвоная армія — сваім выглядам, сваёю
дысцыплінаю, пабудаванаю на сьвядомым служэньні інтарэсам працоўных.
Так, заўважылі ўсё гэта пепяляеўцы і дзівіліся на ўсё, як сьляпыя, у
якіх расплюшчыліся вочы. Дзе ж страшнае “бальшавіцкае засільле”, “ўсё зжыраючае
барбарства саўдэпіі?”
—
Хлусілі за граніцаю пра Расію. Сапраўды, хлусілі, сволачы! — неслася з
салдацкіх радоў.
І
міжвольна ўсплывалі ў памяці пепяляеўцаў карцінкі нядаўна перажытага: на
пустынным марскім беразе стоўпіліся палонныя, зьбянтэжаныя, прыдушаныя тым, што
здарылася. Здаравенны віхрасты чырвонаармеец, прыкра хлопаючы заскарузлаю рукою
па вінтовачным рэмені, цэдзіць скрозь зубы:
—
“Рускія...” Мы, моў, таксама “рускія людзі!” Рускія ўсе даўно дома працуюць, а
вас вунь куды занесла — насілу дабраліся!..
І
другая — там жа, на поўначы... У цесным памяшканьні стоўпіліся палонныя і
паціхеньку гадаюць пра свой лёс.
Задоўга да суда быў надрукаваны ў прэсе зварот Пепяляева да зарубежнае
белагвардзейшчыны.
Пепяляеў
пісаў:
“З палону, але ўсё ж з радзімы, пішу я вам, бежанцы, былыя
мае кампаньёны, афіцэры і салдаты. Я прасіў апублікаваць гэты мой зварот, каб
адкрыта выказаныя тут мае думкі дайшлі да рускіх людзей, якія жывуць не ў
Расіі.
Спачатку сыбірскага руху змагаўся я з
уладаю камуністаў. Меў адну мэту паратунак радзімы, не дапусьціць да развалу і
пагібелі народную гаспадарку, лічачы, як і большасьць інтэлігенцыі,
камуністычную ўладу, здольную толькі разбураць са страшнаю лютасьцю ўсе асновы
дзяржаўнасьці. Тое ж самае пачуцьцё бясконнае любові да народу і радзімы рухала
мною, калі і на кліч здраднікаў Якуцкае вобласьці са жменькаю самаадданых
людзей і бескарысьлівых байцоў пайшоў у далёкую і суровую Якуцію, каб адтуль
працягнуць руку народу, які, як здавалася нам, гіне пад уладаю камуністаў.
Страціўшы палову сваіх байцоў, мы прымушаны
былі вярнуцца на ўзьбярэжжа. У порце Аян без супраціўленьня мы дабравольна
здаліся атраду рэгулярнае Чырвонае арміі.
Здаючыся, я думаў, што зараз жа пачнуцца
расправы, што ніхто не даведаецца аб прычынах, якія пабудзілі нас пакінуць
сям’ю і працу і ісьці на страшныя пазбаўленьні суровага паходу: я чакаў
насьмешак пераможцаў.
Аказалася ня так. Ніякае варожасьці ня
толькі з боку камсаставу, але і простых чырвонаармейцаў мы не сустракалі. Са
зьдзіўленьнем і вялікаю радасьцю заўважаў я, што ўляглася злаба, уціхла
варожасьць, што рускія людзі зноў становяцца братамі. І вось мы, дружыньнікі, у
палоне і ня ведаем лесу, які нас чакае, але незалежна ад свайго лёсу мне хочацца
зьвярнуцца да вас, браты-афіцэры і салдаты, бежанцы, якія, можа быць, таксама
як і мы ў мінулым годзе, пакутуеце душою за Расію, ня ведаючы, што робіцца на
радзіме.
Тое, што я бачыў вакол, аб чым чую і чытаю,
пераконвае мяне, што няма чаго ратаваць Расію. Яна выратавана. З кашмарных
гадоў грамадзянскае барацьбы выкавалася сапраўды новая, свабодная Расія.
Савецкая ўлада цьвёрда стала на шлях
адраджэньня краіны ва ўсіх адносінах. Народ адпачывае ад былое крывавае
барацьбы за ўладу. Усюды ідзе самая энэргічная плянамерная работа. Аднаўляецца
гандаль, адчынены крамы, кірмашы, выстаўкі.
Падымаецца дабрабыт сялянскае гаспадаркі
Сяляне плацяць толькі дзяржпадатак, нязначныя працэнты, астатнімі прадуктамі
свае працы могуць распараджацца па-свойму.
Шырока працуе каапэрацыя. Аднаўляецца
прамысловасьць, тэхніка, калясальная ўвага зьвернута на армію. Ствараецца
баявая магутнасьць Расіі, і Расія, як ніколі, набывае вагу і значэньне ў
міжнародных адносінах.
Я думаю цяпер: так, гэта тая Расія, аб якой
марылі мы ў сваіх бясконцых суровых паходах. Я глыбока перакананы, што ўсякая
барацьба з савецкаю ўладаю цяпер будзе барацьбою з Расіяю.
Я зварочваюся не да тых, хто марыць аб
старой Расіі, Расіі памешчыкаў, марыць аб звароце сваіх маёнткаў і прывілей, я
зварочваюся не да тых, хто з грамадзянскае вайны дастае сабе выгаду, — я
зварочваюся толькі да тых, хто як і мы, марыў і шукаў свабоднае Расіі. Такім
людзям няма чаго пакутаваць за граніцаю — яны сьмела могуць ехаць і спакойна
працаваць сярод роднага народу. Ды не падумае хто, што я пішу гэта пад страхам.
Я — стары салдат, які ня раз глядзеў у твар сьмерці ў безьлічных баёх
грамадзянскае і германскае вайны, і ня мне баяцца адказнасьці. Мэта ж майго
звароту — гэта папярэдзіць шчыра любячых свой народ і радзіму людзей, каб не
апынуліся яны у тым трагічным становішчы, у якім апынуліся мы”.
(Газэта “Дальневосточный путь” ад 31
ліпеня 1923 г., гор. Хабараўск, газэта “Новости жизни”).
Справа
быўшага генэрала Пепяляева слухалася ў г. Чыце ў 1924 г., у студзені рэвалюцыйным
трыбуналам пятай чырванасьцяжнай арміі, пад старшынствам таварыша Баркутава.
Суду было аддадзена 78 чалавек — каманднага саставу: 162 чалавекі афіцэраў і
салдат было прызначана ў адмссылку і каля 200 чалавек салдат вызвалена; 50 якутаў былі накіраваны ў распараджэньне якуцкага ўраду.
На
гэты працэс былі выкліканы ў якасьці сьведак Байкалаў і я
Маё паказаньне было заслухана з захапляючаю цікавасьцю. Тысячная
аўдыторыя замерла.
Пасьля
маіх паказаньняў падсудны Пепяляеў просіць дазволу зрабіць заяву і кажа:
“Мы, усе падсудныя, ведаем пра незвычайнае геройства
чырвонага атраду грамадзяніна Строда і выражаем яму як вайсковыя людзі шчырае
зьдзіўленьне. Прашу гэтую маю заяву не палічыць за спробу аблягчыць наш лёс”.
(Газэта “Дальневосточный путь” ад 22 студзеня
1924 г., гор. Чыта).
Справа
быўшага генэрала Пепяляева разглядалася судом каля 20 дзён. Незадоўга да вынясеньня
прыгавору пепяляеўцы пісалі:
“З залі суда, у той дзень, калі павінна скончыцца судовае
сьледзтва па нашай справе і бакох — абвінавачаньню і абароне — застаецца
падвесьці толькі канечныя яго вынікі. Мы ўсе, былыя чыны “сыбірскае
дабравольніцкае дружыны”. на чале з А. Н. Пепяляевым, пачынаючы з яго самога і
канчаючы трапіўшымі на лаўку падсудных радавымі яе байцамі, хочам сказаць свае
апошняе слова тым, хто яшчэ да гэтага часу па добрай волі застаецца за межамі
Савецкае Расіі, у стане загнанае туды контррэвалюцыі.
Мы ўсе былі ўпартымі і пасьлядоўнымі
ворагамі савецкае ўлады і змагаліся з ёю да апошняе магчымасьці. У гэтай
барацьбе мы прайшлі неабсяжныя прасторы Сыбіры, ад берагоў Волгі і Камы да
берагоў Ціхага акіяну і непраходнае тайгі далёкае і халоднае Якуціі.
Мы пепяляеўцы, вялі гэтую барацьбу,
кіруючыся нашаю гарачаю любоўю да радзімы, Расіі, жаданьнем памагчы рускаму
народу стаць вялікім і дужым, свабодным народам і выгнаць тых, каго мы лічылі
разбуральнікамі Расіі і гвалтаўнікамі над свабоднаю воляю народу. Але мы
глыбока памыліліся ў ацэнцы таго, што адбылося ў Расіі.
Адарваныя ў свой час ад народу, выраслыя і
выхаваныя ў нерухомым балоце мяшчанскага асяродзьдзя дарэвалюцыйнага
ліхалецьця, зьбітыя з правільнага шляху штучна падагрэтым шавінізмам германскае
вайны, мы спалохаліся разбуральных хваль рэвалюцыі, не зразумелі значэньня яе
ачышчаючае навальніцы і буры, якая ламала векавыя ўстоі народнага рабства, і
разбурэньне гэтых устояў палічылі за гвалт над сваім народам, які ў страшных
пакутах нараджаў сваю рэвалюцыю.
І таму, учапіўшыся за мізэрныя абломкі
раскіданага гэтаю рэвалюцыяю старога ладу стараліся склеіць з іх новую
дзяржаўную храміну нашага абывацельскага дэмакратызму, бясьсільныя адмовіцца ад
тых прывычак і забабонаў, якія былі ўкладзены ў нас выхаваньнем і акружаючым
нас асяродзьдзем, мы схапіліся за зброю, накіравалі яе проці савецкае ўлады і
зрабіліся сьляпою зброяю і цацкаю ў руках тых, якія на разрусе нашае радзімы,
на крывавым пажары братазабойчае грамадзянскае вайны стараліся пабудаваць свой
уласны дабрабыт.
Жывімыя недарэчнымі чуткамі пра савецкую
ўладу і сыстэматычнаю хлусьнёю здрадніцкага зарубежнага друку, мы ўпарта
трымалі ў сваіх руках гэтую зброю да таго часу, пакуль апошні ўдар Чырвонае
арміі ня выбіў яе ў нас з рук і ня прымусіў нас вярнуцца ў Расію ў якасьці
палоньнікаў савецкае ўлады.
І толькі тут, у Савецкай Расіі, толькі
тады, калі мы пачалі міжвольна прыглядацца да яе і тых людзей, якія ёю кіруюць
цяпер, мы зразумелі, як глыбока мы памыліліся, якая вялікая была наша памылка і
які вялікі грэх усіх тых, хто штурхануў нас калісьці на няверны шлях узброенае
барацьбы з савецкаю уладаю і ў працягу пяці год трымаў нас у цемры неразуменьня
падзей, якія адбываюцца.
Мы зварочваемся цяпер не да тых, хто вёў,
вядзе ці рыхтуецца весьці грамадзянскую вайну дзеля свае асабістае выгады і
нажывы, і не да тых, хто марыць пра зварот да разьбітага рэвалюцыяй старога.
Ім няма і ня можа быць места ў Савецкай
Расіі.
Мы зварочваемся толькі да тых, хто, як і
мы, хацеў шчасьця свайму народу, хто, як і мы, шчыра і глыбока любіў сваю
радзіму і хто памыляецца да гэтага часу, як памыляліся і мы.
І мы гаворым ім: удумайцеся ў гэты наш
апошні зварот. Вярніцеся ў Савецкую Расію, аддайце сябе на яе суд, ідзіце сюды
працаваць і выконваць іменна тут рука аб руку з савецкаю ўладаю, той дабрабыт і
шчасьце нашага народу, за які мы так доўга і так няўмела змагаліся.
Адарваўшыся ад Савецкай Расіі, нічога ня
ведаючы пра яе, вы, быць можа, рыхтуецеся, таксама як гэта зрабілі і мы, да
барацьбы з бандамі руйнавальнікаў, думаючы, што вашаю барацьбою з савецкай
уладаю вы адродзіце Расію, і вы не заўважаеце, як не заўважалі і мы, што вы
самі ўжо ператварыліся ў банды, а вялікая і моцная Расія ўжо адрадзілася бяз
нашае дапамогі і нават насуперак нашай барацьбе з ёю стварыла сваю магутную,
арганізаваную і непераможную Чырвоную армію.
Гэтай новай адроджанай Расіі мы ўсе
абавязаны аддаць нашы маленькія сілы, каб канчаткова ўмацаваць яе і даць
магчымасьць хутчэй выйсьці на шлях новага мірнага палітычнага будаўніцтва,
гаспадарчага і культурнага разьвіцьця.
Злачынна марыць пра паратунак Расіі з-за
граніцы, трэба прыйсьці да яе, ужо адроджанае і выратаванае бяз нас, і памагчы
тым, хто ва ўмовах народжанае вайною і рэвалюцыяю небывалае разрухі ўжо ў
працягу шасьці год нястомна працуе ўнутры яе над яе адраджэньнем.
Вы ведаеце, што мы не камуністы і не
інтэрнацыяналісты. Мы пакуль што ўсё тыя ж самыя абывацелі і салдаты, якія
любяць сваю радзіму і гарачыя жаданьнем служыць свайму народу. Але мы зразумелі
цяпер, што служыць яму трэба не навязваньнем сваіх дэмакратычных ідэй, якіх ён
часта не разумее, а шчырым і сумленным падтрыманьнем тае ўлады, якую ён сам
выкаваў у агні і віхуры свае рэвалюцыі, якая ў кашмарныя гады рэвалюцыйнага
ліхалецьця здолела адстаяць самастойнасьць і незалежнасьць вялікае Расіі,
скаваць яе ў грозную сілу, з якою ўжо ня змогуць ня лічыцца ўчарашнія
вераломныя пераможцы, і вывесьці яе на шлях новых, вартых яе велічы міжнародных
зносін.
Мы ня ведаем цяпер, што чакае нас усіх праз
тры-чатыры дні, калі будзе вынесены прыгавор судзячага нас пралетарскага суду.
Магчыма, што ўсе мы дажываем нашы апошнія
дні, што ні адзін з нас ня ўбачыць далейшых шляхоў рэвалюцыі. Гэта не палохае
нас, таму што ўсе мы за апошнія гады прывыклі глядзець сьмерці проста у вочы.
Мы верым толькі ў тое, што магутнай, агнём
рэвалюцыі спаянай савецкай улады не патрэбны нашы галовы, якія так доўга і
ўпарта аблуждаліся, не патрэбна наша кроў, не патрэбны лішнія ахвяры, таму што
цяпер ёй ня страшны і небясьпечны нашы атрады, або тыя банды, якія маглі б быць
арганізаваны намі.
Але, калі мы застанёмся жыць, наш адзіны
шлях — гэта шлях служэньня той уладзе, якая нас перамагла, даказала сваю
гістарычную правату і зрабіла магутнай і моцнай нашу радзіму, якое мы так палка
хацелі служыць.
І вось цяпер мы, чакаючы свайго прыгавору,
у гэту апошнюю гадзіну, калі гэты наш зварот да вас ужо ня зможа прынесьці нам
ні шкоды, ні карысьці, свабодна выражаючы сваю волю, заклікаем вас зрабіць тое,
што ў свой час ня здолелі зрабіць мы.
Ідзіце ў Расію і служыце Савецкай уладзе.
Памагайце ёй умацоўваць гаспадарчы дабрабыт
і ваенную магутнасьць новай рабоча-сялянскай Расіі.
Пастаўце крыж на беззваротна загінуўшым,
цяжкім і нікому не патрэбным мінулым і працуйце, не пакладаючы рук, на дабро
новай Расіі.
Мы будзем бязьмерна шчасьлівыя, калі і нам
суджана будзе прыняць удзел у гэтай рабоце.
Калі ж суд вырашыць інакш, няхай гэты
заклік будзе нашым запаветам усім тым, хто памыляўся разам з намі і да гэтага
часу яшчэ не агледзеўся.
Няхай расьце і мацнее новая
рабоча-сялянская Расія, і ды будзе яна вялікаю і моцнаю!
Мы шлем наша брацкае прывітаньне ўсім тым,
хто хоць позна прызнае свае памылкі і прыйдзе да яе, каб аддаць служэньню ёй
свае сілы.
Злачынцамі будуць тыя, хто на радасьць
ворагаў рускага народу падыме свае рукі на Савецкую Расію, бо яны падымуць іх
на новую свабодную Расію”.
4 студзеня 1924 г., гор. Чыта.
Ідзе 78 подпісаў.
(Газэта “Дальневосточный путь” і інш.;
Харбінская газэта “Новости жизни”)
У
апошні дзень, да нарады суда і вынясеньня прыгавору, кожны падсудны ў сваім
апошнім слове, прызнаючы сваю віну перад працоўнымі і савецкаю ўладаю, каяўся ў
сваіх злачынствах і прасіў зьмякчыць пакараньне.
У сваім апошнім слове Пепяляеў сказаў:
—
Фізычная сьмерць мне ня страшна, мне цяжка сьмерць ідэёвая.
Я
доўга і ўпарта змагаўся проці савецкае ўлады. Я глыбока верыў, што змагаюся за
радзіму, за народ, а ня іду проці яго.
Цяпер,
на жаль, вельмі позна. Скрозь турэмныя краты я ўбачыў і зразумеў, што я глыбока
памыляўся і што за нашаю сьпіною і на нашай крыві іншыя нажывалі грошы, а нас
штурхалі ў бяздоньне, куды я дакаціўся.
Які б прыгавор мне ні быў вынесены, я буду лічыць яго ў поўнай меры
заслужаным.
Калі ж савецкая ўлада пакіне мне жыцьцё і ў будучым даверыць мне зброю,
я даю слова, што таксама ўпарта буду абараняць савецкую ўладу, як да гэтага
часу я ішоў проці яе.
Прыгаворам пралетарскага суда 26 чалавек падсудных, на чале з Пепяляевым,
былі прысуджаны да вышэйшай меры сацыяльнае абароны — расстрэлу.
Рэшта падсудных да пазбаўленьня
свабоды на розныя тэрміны.
Паводле хадайніцтва Дальрэўкаму, абароны і просьбы саміх прысуджаных аб
памілаваньні, пастановаю ЎсеЦВК вышэйшая мера сацыяльнае абароны была заменена
ўсім дзесяцьма гадамі пазбаўленьня свабоды, з залікам папярэдняга зьняволеньня.
Так скончыўся гэты апошні паход “сыбірскае дабравольніцкае дружны” проці
Кастрычніцкае рэвалюцыі, проці саветаў.
Працоўныя
і яго Чырвоная армія скончылі з апошнімі рэшткамі белагвардзейцаў, якія
накіраваліся ў 1922 годзе ў сьляпой роспачы сваёй на тэрыторыю далёка закінутае
Якуціі.
У
1923 годзе ў якуцкай тайзе суджана было завяршыцца апошняму ўсплёску
грамадзянскай вайны ў Сыбіры.
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz