ТАВАРЫШУ ГРЫГОРЫЮ
КАНСТАНЦІНАВІЧУ АРДЖАНІКІДЗЭ
Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) у дзень
Вашага 50-годзьдзя шле Вам бальшавіцкае прывітаньне, старому бальшавіку з
ленінскай гвардыі, нястомнаму барацьбіту за бальшавіцкае адзінства партыі,
выдатнаму кіраўніку мас, віднейшаму арганізатару бліскучых перамог сацыялістычнай
індустрыі.
Беззапаветная
адданасьць партыі Леніна, вялікай справе якой Вы аддаеце свае сілы, Ваша
нястомная энэргія і энтузіязм, Ваша сьмеласьць, цьвёрдасьць і прамата, Вашы
клопаты аб людзях, якія працуюць на справу камунізму, Ваша ўменьне падтрымаць
творчую ініцыятыву мас, па праву заваявалі Вам любоў партыі, рабочага кляса,
усіх працоўных савецкай краіны.
Жадаем
Вам, дарагі Грыгорый Канстанцінавіч, яшчэ многа, многа год у першых радах весьці
наперад справу будаўніцтва камунізму.
Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай Партыі
(бальшавікоў)
*
ДАРАГІ ТАВ, СЯРГО!
ЦК
КП(б)Б і Саўнаркам БССР шлюць вам, бліжэйшаму саратніку вялікага Сталіна,
слаўнаму кіраўніку нашай сацыялістычнай індустрыі, гарачае бальшавіцкае
прывітаньне ў дзень Вашага пяцідзесяцігодзьдзя.
Дзякуючы
Вашаму ўмеламу, канкрэтнаму, бальшавіцкаму кіраўніцтву цяжкая прамысловасьць —
база сацыялізму ў нашай краіне — паднялася на велізарную вышыню. У асаблівасьці
радуюць нас посьпехі ў галіне чорнай мэталюргіі, выкананьне пляна якой
выводзіць наш вялікі Совецкі Саюз у самыя перадавыя індустрыяльныя краіны сьвету.
Вашы
сталінскія клопаты аб людзях — гэтым самым каштоўным капітале нашай радзімы,
вашы чулыя, заўсёды ўважлівыя адносіны да запатрабаваньняў мас вырасьцілі сотні
і тысячы выдатных партыйных і непартыйных бальшавікоў, якія аўладалі тэхнікай
сваёй справы, не баяцца цяжкасьцей, не ведаюць страху ў барацьбе за вялікую
справу сацыялістычнай індустрыялізацыі нашай краіны.
Мы
ў Беларусі асабліва адчуваем усё велізарнае значэньне найвялікшых перамог нашай
сацыялістычнай індустрыялізацыі, забясьпечыўшай ператварэньне нашых паветраных
і сухапутных граніц у несакрушальны аплот міру. Мы добра таксама помнім, дарагі
тав. Сярго, што Вы асабіста ў гады грамадзянскай вайны, як бліжэйшы саратнік
таварыша Сталіна па заходняму фронту, адыгралі ў адзін з самых адказных
момантаў вельмі вялікую ролю ў вызваленьні Беларусі ад белапалякаў. Шырокія
масы беларускага народу з вялікай удзячнасьцю ўспамінаюць вашы асабістыя паходы
ў глыбокую разьведку ў раёне ракі Бярэзіны ля г. Барысава і разгром белапольскіх
атрадаў пад Вашым непасрэдным кіраўніцтвам.
ЦК
КП(б)Б і Саўнаркам БССР жадаюць Вам, дарагі Грыгорый Канстанцінавіч, многа і
многа сіл і здароўя для далейшай барацьбы за канчатковае таржаство вялікай
справы Леніна - Сталіна не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім сьвеце.
Сакратар ЦК КП(б)Б Валковіч
Старшыня СНК БССР Галадзед
*
БЕЛАРУСКІЯ САВЕЦКІЯ ПІСЬМЕНЬНІК
— ТАВ. С. АРДЖАНІКІДЗЭ
Дарагі Сярго!
Вам,
аднаму са слаўнейшых з кагорты старой ленінскай гвардыі, найбліжэйшаму другу і
саратніку геніяльнага Сталіна — беларускія савецкія пісьменьнікі шлюць палкае
прывітаньне ў дзень Вашага пяцідзесяцігодзьдзя.
Ваша імя і справы, дарагі Сярго, непарыўна зьвязанае з бясьсьмертнай і сьвяшчэннай
справай Леніна - Сталіна. І ў змрочныя дні Вашага юнацтва і ў грымотах
грамадзянскай вайны і ў пераможным будаўніцтве сацыялізму Вы высока і непарушна
нясеце сьцяг працоўнага чалавека — сьцяг Леніна — Сталіна.
Ваша
выдатнае, яркае жыцьцё прайшло ў бітвах і наступленьнях. Вы, як і Вашы вялікія
настаўнікі і саратнікі Ленін і Сталін, не ведалі паражэньняў.
Вашай выключнай энэргіі абавязана савецкая краіна не адной перамогай на
франтах грамадзянскай вайны, у абароне нашай радзімы і ў галіне цяжкой
прамысловасьці, слаўным кіраўніком якой Вы зьяўляецеся.
Дарагі Сярго!
Нам, беларускім савецкім пісьменьнікам, асабліва дорага Ваша імя таму,
што з ім зьвязана не адна перамога беларускага народу, Чырвонай арміі ў гады
барацьбы супроць панскіх польскіх наймітаў. Мы ўспамінаем дваццаты год,
Беларусь, якая стагнала пад пятой пілсудчыны, гарады і сёлы, зьнішчаныя дарэшты
ворагам, і Вас, наш родны Серго, які асабіста ідзе ў разьведку на белапалякаў,
Ваш скрышальны ўдар па часьцях польскай арміі пад Барысавам.
Горача
вітаючы Вас у дзень Вашага слаўнага пяцідзесяцігодзьдзя, беларускія пісьменьнікі
жадаюць Вам многа год жыцьця, радасьці і шчасьця.
Няхай жыве наш слаўны, родны Сярго!
Няхай
жыве геній чалавецтва — Сталін!
Андрэй Александровіч, З. Аксельрод, З.
Бядуля, Я. Бранштэйн, П. Броўка, П. Глебка, П. Галавач, І. Гурскі, Янка Купала,
Якуб Колас, А. Кучар, М. Кульбак, К. Крапіва, М. Лынькоў, Ізі Харык, Кузьма
Чорны.
*
Сулейман
Стальскі
ПАЭМА
ПРА СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЭ,
ЛЮБІМАГА САРАТНІКА І
ДРУГА ВЯЛІКАГА СТАЛІНА
Даўно імкнулася рука
Цябе апець на струнах саза,*
Пясьняр, услаў бальшавіка,
Што роджаны ў гарах Каўказа,
Услаў яго арліны зрок
I
перамог нястрымны крок
Прасторы, што шумяць здалёк
Ад Ленінграда да Каўказа.
З правадыром з юнацкіх год
Ён мужна вёў нас у паход,
За ім мільённы йшоў народ
Узброеных сыноў Каўказа.
Узьняўшы перамогі сьцяг,
З адвагай сталінскай ў грудзях,
На ленінскі ступалі шлях,
Раскоўваючы лёд
Каўказа...
I
Жылі мы бедна. Злосны боль
Ламаў нам косьці ў сьцюжу й золь
І крыўда горкая, як соль
Нам сэрцы разьядала, горцы.
Жылі мы страшна. Падаў сьнег
Ад веку ў век, ад веку ў век,
Быў распластаны чалавек
На вострарэбрых скалах, горцы.
Ляцелі хмары, быццам
дым,
Хаваўся месяц ў дыме тым,
І можа толькі маладым
Вясна была пагоднай, горцы.
Быў повен дом бядняцкіх дум,
Мы зналі толькі гора й сум,
І сьвет быў змрок, і сьвет быў тлум,
Як удава, няшчасны, горцы.
Былі мы вечна жабракі,
Драўляны плуг ды дзьве рукі,
Часнок з цыбуляй — харч
такі,
А ў сьвята — чай мы зналі, горцы.
У жыцьці быў белым — белы сьнег,
Быў самым чорным — наш начлег,
Жылі так, — чуеш, чалавек,
Жылі так на Каўказе горцы.
Было так шмат гадоў назад,
Калі бясплённым быў наш сад,
Калі ад незьлічоных лат
Чэркеска з плеч спадала, горцы.
Ці ж мне
забыць тых дзён разгул,
Быў катаваны мой аул,
Але я чуў падземны гул,
Што перад бурай чуюць, горцы.
Быў повен сьвет бядняцкіх дум,
Гнеў разганяў наш чорны сум,
Гатовы мы былі на штурм,
На подзьвіг і пагібель, горцы.
Даволі! Змучыў нас прыгнёт,
Сябры, наперад, у паход!
Сямнаццаты
ўварваўся год,
Як гром, як кананада, горцы.
Нас Ленін да жыцьця узьняў,
Да перамог ён нас натхняў.
Нам Сталін меч у рукі даў
І сілы нам патроіў, горцы.
І вось бліжэй стальной сьцяной,
Сьвет скалыхнуўшы сілай той
Шумела бура, а за ёй
Як шчыт, зара ўставала, горцы.
Тады ён вёў
у бойку нас
Саратнік Сталіна здаўна,
Нязьменны друг, брат родны наш
Сярго Арджанікідзэ, горцы.
II
На радасьць нам радзіўся ён,
А катам горных зграй — на скон.
Тады ў садах зьбіралі плён —
Айву празрыстую надзіва.
Пара ўраджайная была,
На горы ліўся сонца
бляск,
Тады з крыніц вада цякла
Крыштальна чыстая надзіва.
У час той лоўчыя ў лясах
Куркі ўзьвялі зьвяр‘ю на страх,
Тады ў рабочых гарадах
Работа добра йшла надзіва.
Быў
пільным вострым зірк людзей,
Быў мудрым кожны сказ людзей,
Стараўся кожны быць прасьцей
І больш сумленным быць
надзіва.
Для бур радзіўся ён і рос,
Як леў, ён волю сваю нёс,
Ён знаў з дзяцінства горач слёз
І думы беднаты надзіва.
З дзяцінства быў ён бальшавік,
Наркам наш слаўны, баявы
Хто, праўдай сталінскай жывы,
Адважны ў справах быў надзіва.
Яшчэ з гадоў ён маладых
Пазнаў жыцьцё і
мудрасьць кніг,
Ён бачыў праўду для адных
Няпраўду для другіх надзіва.
Ён бачыў: повен сьвет бядот
У горы церпіць люд прыгнёт,
Ды кліча правадыр народ,
Байцоў зьбірае ён надзіва.
Тады ж у юную пару,
Ён даў зарок правадыру
Ісьці спаткаць жыцьця зару,
Заўжды адданым быць надзіва.
Стаяць за праўду, за народ,
З правадыром ісьці ў паход,
Не баючыся перашкод,
І непахісным быць надзіва.
І вось ён рос у дзён агні,
Як волат у стальной брані
(Не шкодзіла
б пра тыя дні
Мне скласьці іншы сьпеў надзіва).
Ён вырас цьвёрды, як граніт,
Аб ім і слава ўжо грыміць,
Бо з ворагамі барацьбіт
Бясстрашны й мужны ён надзіва.
Ён быў усюды: і ў гарах,
I на Бакінскіх прамыслах,
І нёс ён зграям царскім страх,
Будзіў адважнасьць у байцах,
Заўжды
нястомны быў надзіва.
III
Шануем, любім голас твой,
Хадзіў са Сталіным у бой,
Працоўным горцам родны, свой,
Цябе завуць —
Сярго любімы.
Яшчэ да сонца, з даўніх пор
Здружыўся ты з народам гор,
Свабоды ўбачыўшы прастор
Наступных дзён,
Сярго любімы.
Ты чуў у цемры волі гром,
Хто можа стаць бальшавіком,
І ў дні Кастрычніка з клінком
Хто выйдзе ў бой,
Сярго любімы.
Хто з намі верны да канца,
Пяройдзе шлях цяжкі байца,
І не спужаецца сьвінца
Варожых куль,
Сярго любімы.
Ты многа выцярпеў за нас
У турмах, ссылках быў не раз,
І зноў зьяўляўся на Каўказ,
Змагаўся зноў,
Сярго любімы
Мы
славім тых, хто ў бой ішоў,
Адданых нам таварышоў —
Ты самы верны між сяброў
Друг Сталіна,
Сярго любімы.
Ты з намі хлеб наш падзяляў,
Дзяцей ты нашых цалаваў,
Сяброў між намі выбіраў,
І гартаваў,
Сярго любімы.
У тыя цяжкія гады
Калі гарэлі гарады,
Сваіх таварышаў тады
Не пакідаў,
Сярго
любімы.
І праз Каўкаскія хрыбты
Ішоў да нас змагацца ты,
Як помста грознай беднаты,
Для ворагаў,
Сярго любімы.
Укрыўшы плечы башлыком,
Ты на кані імчаў агнём,
Наш слаўны баявы рэўком
Ты ў бой нас вёў,
Сярго любімы.
Ты нам патроны выдаваў,
Нас абуваў, нас апранаў,
У паходзе буркай накрываў,
Бярог байцоў,
Сярго любімы.
Імя не сходзіць з языка,
Ў палоне струн мая
рука,
І песьня льецца, як рака,
Усё пра цябе,
Сярго любімы.
IV
Прысланы Леніным ты к нам,
На помач горскім беднякам,
Вучыўся ў
Сталіна баям,
Магутны леў —
Сярго любімы.
Таму й народ цябе любіў,
Што ты паноў няшчадна біў,
Як Сталін непахісны быў
Заўсёды ты,
Сярго
любімы.
Калі Гацынскі паміж гор,
З ардой бандытаў на падбор
Ляцеў на вёскі, як віхор, —
Нас вызваляў
Сярго любімы.
Ты верных партызан сабраў,
Ты за радзіму ў бой пазваў,
Заданьне сталінскае даў,
Біць ворагаў,
Сярго любімы.
Ішлі адважнай грамадой
Атрады партызан на бой,
Тваёй узьнятыя рукой
Перамагаць,
Сярго любімы.
А там шпарчэй за плынь ракі,
Узьняўшы вострыя
штыкі,
Прышлі чырвоныя палкі —
Нам памаглі,
Сярго любімы.
То рускі пралетарыят,
Наш кроўны, наш магутны брат,
Адвёў ад нас сьвінцовы град
Не першы раз,
Сярго любімы.
То Ленін слаў змагацца іх,
То Сталін даў іх, баявых,
Каб шчасьцем у гарах сівых
Жыцьцё было,
Сярго любімы.
Каб
сонца ясны быў усход,
Каб быў шчасьлівы наш народ,
Каб чорнай злыбеды прыгнёт
Не зьвіў гнязда,
Сярго любімы.
Ты нам, вялікі, агнявы,
Што вобраз Леніна жывы,
Што вобраз Сталіна жывы
Данёс да нас,
Сярго любімы.
Што сьцяг ты партыі
сваёй
Пранёс ў віхуры агнявой,
Да перамог вёў за сабой
Народы гор,
Сярго любімы.
У тыя дні начэй не спаў
Наш Кіраў — зрок яго палаў,
З табою катаў
ён зьнішчаў,
З табой ішоў,
Сярго любімы.
За сьмерць яго (настане час)
Дасьць фашыстоўскі воўк адказ,
Ва ўсіх гатовы стрэльбы ў нас,
Забойцам сьмерць!
Сярго любімы.
Ім не ўцячы, ўжо хутка суд,
Бо іх дагоняць, прывядуць,
І нам у рукі
аддадуць,
Забойцам сьмерць!
Сярго любімы.
Таму зарок — краіны гнеў,
Што па-над сьветам ускіпеў,
Таму зарок — мой гэты сьпеў
Што я пяю,
Сярго
любімы.
V
У радаснай краіне ў нас,
Усё мацнеючай штораз
І гарачэй больш кожны час
Шумяць крыніцы шчасьця
Бачу.
У перамогах з краю ў край,
Цьвіце краіна, быццам май.
І кожны дзень на небакрай
Ідзе ў
агнях зарніца, —
Бачу.
Мудрэйшы Сталін, бацька наш,
Чыё імя — магутны
марш,
Палац будуе ясны наш,
Палац усіх працоўных,
Бачу.
Па ўсіх рэспубліках наўкруг,
Паслушныя правадыру
Напоўніўшы адвагай рух
Скрозь
цягнікі імчацца,
Бачу.
На моры караблі плывуць,
Маторы ў вышыні гудуць
І коньнікі ў гарах ідуць
Дарогай сталінскаю,
Бачу.
Рэспублікі ў красе ўстаюць,
Сваю вясну яны пяюць,
Мільёны прывітаньне шлюць
Правадыру
народаў,
Бачу.
Краіны слаўлю вольных шлях,
Герояў сьмелых у
гарах,
Якія ў будучых баях
Перамагчы гатовы,
Бачу.
Работнікаў жалезны строй
Нясе краіну над зямлёй,
Туды, дзе юнасьці прыбой
I дзе
вясны прасторы,
Бачу.
Папрастарнелі гарады,
Пабагацеў запас руды,
Байцам свабодным, маладым
Пакорна ўсё ў краіне,
Бачу.
Жыцьця старога зьмецен прах,
Багаты плён цьвіце ў садах
Электрастанцыі ў гарах
І школы
сталінскія
Бачу.
I правадамі край гудзе,
Нібы па струнах песьня йдзе,
I самых стройных, як нідзе,
Я юнакоў калгасных
Бачу.
I Край непераможны мой,
Цьвіце, як яблыні вясной,
I кожны з нас усёй душой
Правадыра
ўслаўляе
Бачу.
Усё, аб чым гадалі мы
У дні за кратамі турмы,
Ад Ленінграда да Урмы
На яве я сягоньня
Бачу.
Усё, за што змагаўся ты,
Вялікі рыцар беднаты...
Цьвіце краіна пекнаты
Шчасьлівымі
садамі,
Бачу.
Шуміць над намі летні сад,
Салодкі сьпее вінаград,
І кожны шчырым сэрцам рад
Вялікасьці краіны
Бачу.
Ліюцца песьні песьняра,
Цьвіце палац, нібы зара.
І мужным гартам змагара
Мы загартованыя, —
Бачу.
Стаханаўцаў магутны строй,
Ён ўзгадованы табой,
І перамогі, як прыбой,
Усё растуць, квітнеюць,
Бачу.
Заводы, шахты, руднікі,
Дзе людзі ўсё бальшавікі...
Тваёй руплівае рукі
Упартую работу
Бачу.
Мы славім бальшавіцкі сьцяг,
Сьпяваем аб правадырах,
Што несьлі на сваіх плячах
Увесь цяжар змаганьня,
Бачу.
З правадыром з юнацкіх год
Ты мужна вёў нас у паход.
Таму і любіць так народ
Цябе, краіны
нашай,
Бачу.
Ты, праўдай сталінскай жывы,
Магутны, мудры, агнявы,
Наркам наш слаўны, баявы.
Я вобраз твой любімы
Бачу.
Узор крыштальнай чыстаты,
Кагорты сталінскае ты,
Найлепшы вучань, і затым
Любімы ты
радзімай
Бачу.
* * *
Ах, Сулейман, твой звонкі саз
Вядзе аб мужнасьці расказ.
I горды радасны Каўказ Сярго вітае шчыра
Бачу.
[* Саз — музычны інструмэнт.]
Пераклалі: Пятро Глебка, Мікола Хведаровіч
/Полымя Рэволюцыі. Кн. 10. Менск. 1936. С. 3-14./
УРАЧЭБНАЕ
ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ АБ СЬМЕРЦІ
ТАВАРЫША
ГРЫГОРЫЯ КАНСТАНЦІНАВІЧА АРДЖАНІКІДЗЭ
Таварыш Арджанікідзэ Г. К.
быў хворы артэрыясклерозам з цяжкімі склератычнымі зьменамі сардэчнай мышцы і
сасудаў сэрца, а таксама хранічным паражэньнем правай почкі, адзінай пасьля
выдаленьня ў 1929 г. тубэркулёзнай левай почкі.
На
(працягу апошніх двух год у таварыша Арджанікідзе наглядаліся час ад часу прыступы
стэнакардыі (грудной жабы) і сардэчнай астмы. Апошні такі прыпадак, які
праходзіў вельмі цяжка, адбыўся ў пачатку лістапада 1936 г.
Зранку 18 лютага ніякіх скарг таварыш Арджанікідзе не заяўляў, а ў 17
гадзін 30 мінут, раптам, у часе дзённага адпачынку адчуў сябе дрэнна, і праз
некалькі мінут наступіла сьмерць ад паралічу сэрца.
Народны Камісар Аховы Здароўя СССР Г. Камінскі
Начальнік Лекава-Санітарнага Кіраўніцтва
Крамля І. Хадароўскі
Кансультант Лекава-Санітарнага Кіраўніцтва
Крамля
Доктар мэдыцынскіх навук Л. Левін
Дзяжурны урач Крамлёўскай амбуляторыі С.
Мец
АД ЦЭНТРАЛЬНАГА КАМІТЭТА
ЎСЕСАЮЗНАЙ
КАМУНІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ БАЛЬШАВІКОЎ
Цэнтральны Камітэт ВКП (бальшавікоў) з глыбокім жалем паведамляе партыю,
рабочы кляс і ўсіх працоўных Саюза ССР і працоўных усяго сьвету, што 18 лютага
ў 5 гадзін 30 мінут вечара ў Маскве раптоўна памёр буйнейшы дзеяч нашай партыі,
палкі, бясстрашны бальшавік-ленінец, выдатнейшы кіраўнік гаспадарчага
будаўніцтва нашай краіны — член Палітбюро ЦК ВКП(б), Народны Камісар Цяжкай
прамысловасьці СССР таварыш Грыгорый
Канстанцінавіч Арджанікідзе.
Сьмерць
таварыша Арджанікідзе, дарагога для ўсёй партыі, рабочага кляса СССР, працоўных
усяго сьвету, бездакорна чыстага і стойкага партыйца, бальшавіка, аддаўшага
сваё слаўнае, гераічнае жыцьцё справе рабочага кляса, справе камунізму, зьяўляецца
найцяжэйшай стратай для ўсёй партыі і Савецкага Саюза.
Вобраз таварыша Арджанікідзе,
яго беззапаветная барацьба за пралетарскую рэвалюцыю, за будаўніцтва сацыялізму
ў нашай краіне натхніць усіх працоўных, усіх партыйцаў, усіх работнікаў
гаспадарчага фронту на далейшую барацьбу за перамогу сацыялізму, за новыя
заваяваньні савецкай прамысловасьці, за новы ўздым усёй нашай сацыялістычнай
народнай гаспадаркі.
Цэнтральны Камітэт
Усесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў)
ПАМЯЦІ ТАВАРЫША АРДЖАНІКІДЗЭ
Наша
партыя панесла цяжкую страту: 18 лютага ад паралічу сэрца раптоўна памёр
таварыш Грыгорый Канстанцінавіч Арджанікідзэ.
Сьмерць
вырвала з нашых радоў выдатнага кіраўніка, нястомнага барацьбіта за справу
партыі, баявога кіраўніка і арганізатара бліскучых перамог сацыялістычнай
індустрыі, нашага блізкага і любімага. таварыша і друга.
Усё
сваё сьветлае жыцьцё таварыш Арджанікідзэ
без астатку аддаў справе рабочага кляса, справе вызваленьня чалавецтва, справе
камунізму. Яшчэ ў юныя гады таварыш Арджанікідзэ
стаў пад вялікі сьцяг Леніна і з таго часу да канца свайго жыцьця чэсна і
аддана нёс гэты сьцяг у руках, змагаючыся на самых перадавых пазыцыях.
Яго
жыцьцё было непарыўна зьвязана з рэвалюцыйнай барацьбой рабочых і сялян супроць
царскага самадзяржаўя і буржуазна-памешчыцкага гнёту, з барацьбой за перамогу
Вялікай пралетарскай рэвалюцыі ў СССР, з арганізацыяй разгрому белагвардзейскіх
армій і замежных інтэрвэнтаў, з пераможным будаўніцтвам сацыялізму. І ўсюды, дзе
працякала яго кіпучая рэвалюцыйная дзейнасьць, яна. прыносіла з сабой перамогу
за перамогай.
Таварыш Арджанікідзэ
прадстаўляў узор бальшавіка, не ведаўшага страху і перашкод у дасягненьні
вялікіх мэт, пастаўленых партыяй. Палкая энэргія, настойлівасьць і прамата,
таленты выдатнага арганізатара і кіраўніка мас спалучаліся ў ім з цудоўнымі
якасьцямі той сардэчнасьці і таварыскай прастаты ў адносінах да людзей, якія
так добра вядомы ўсім, асабіста ведаўшым тав. Сярго, і якімі адзначаецца
сапраўдны бальшавік-ленінец.
Апошнія сем год таварыш Арджанікідзэ стаяў на чале цяжкай прамысловасьці
СССР. З яго іменем зьвязаны найвялікшыя перамогі сацыялістычнай эканомікі. З
яго дапамогай партыя вырашыла цяжэйшую задачу пабудовы ў нашай краіне магутнай,
перадавой цяжкай індустрыі, якая пераўзброіла сельскую гаспадарку, транспарт і
абарону. На чале шматмільённай арміі работнікаў цяжкай індустрыі таварыш Арджанікідзэ браў прыступам адну за
другой мацнейшыя крэпасьці на фронце барацьбы за пабудову і авалоданьне новай
тэхнікай. Ён любоўна вырошчваў кадры таленавітых дзеячаў цяжкай індустрыі, да
канца адданых справе сацыялізму, згуртаваных вакол бальшавіцкай партыі.
І
вось цяпер цябе, дарагі таварыш Сярго, няма з намі. Цяжар гэтай страты
непазбыўны. Яе з болем будуць перажываць усе працоўныя нашай краіны. Мы
страцілі цябе ў момант, калі наша краіна дасягнула таржаства сацыялізму. У
гэтых перамогах, заваяваных намі шляхам вялікай барацьбы, вялікая доля тваёй
працы, тваёй энэргіі, тваёй бязьмежнай адданасьці камунізму.
Прашчай,
дарагі друг і таварыш Сярго!
I. Сталін, В. Молатаў, Л. Кагановіч, К. Варашылаў, В.
Чубар, А. Мікаян, С. Касіёр, Г. Пятроўскі, Р. Эйхе, Я. Рудзутак, М. Калінін, А.
Жданаў, П. Постышаў, А. Андрэеў, Н. Яжоў, І. Акулаў, В. Межлаўк, Н. Анціпаў, М.
Шкіратаў, Я. Якаўлеў
АД ЦЭНТРАЛЬНАГА
ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТА САЮЗА ССР
Цэнтральны
Выканаўчы Камітэт Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з глыбокім жалем паведамляе
рабочых, калгасьнікаў і ўсіх працоўных СССР аб сьмерці палкага бальшавіка,
буйнейшага арганізатара сацыялістычнай гаспадаркі Саюза, таленавіцейшага
кіраўніка нашай сацыялістычнай прамысловасьці, члена ЦВК СССР, Народнага
Камісара Цяжкай Прамысловасьці
Грыгорыя Канстанцінавіча Арджанікідзэ,
якая сталася 18 лютага.
АД САВЕТА
НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ СССР
Савет Народных Камісараў Саюза ССР з глыбокім жалем паведамляе рабочых,
сялян і ўсіх працоўных Саюза ССР аб сьмерці аднаго з лепшых кіраўнікоў нашай
парты і савецкай улады, арганізатара сацыялістычнай прамысловасьці,
беззапаветна адданага барацьбіта за справу камунізму,. члена Палітбюро ЦК
ВКП(б) — Народнага Камісара Цяжкай Прамысловасьці —
Грыгорыя Канстанцінавіча Арджанікідзэ,
якая сталася 18 лютага.
Савет Народных Камісараў, разам з усімі працоўнымі краіны сумуючы аб
цяжкай страце непахіснага і палкага бальшавіка, арганізатара савецкай
сацыялістычнай прамысловасьці таварыша Арджанікідзэ,
выказвае цьвёрдую ўпэўненасьць у тым, што яго слаўнае жыцьцё рэвалюцыйнага
барацьбіта і будаўніка сацыялізму будзе служыць прыкладам для ўсіх працоўных
нашай краіны і для ўсіх рэвалюцыйных барацьбітоў за камунізм.
Савет Народных Камісараў Саюза ССР
ВЫДАТНЕЙШЫ БАРАЦЬБІТ ЗА САЦЫЯЛІЗМ
Найглыбейшым смуткам адгукнецца сьмерць таварыша Сярго Арджанікідзэ ў сэрцах працоўных усяго
сьвету, вызваленьню якіх ён аддаў свой сьветлы розум, сваё палкае сэрца, сваю
кіпучую энэргію, усё сваё выдатнае жыцьцё рэвалюцыянэра, байца і правадыра народных мас.
Сышоў слаўны паплечнік Леніна і Сталіна іх вярнейшы друг, іх надзейны
саратнік, спаяны з імі дзесяцігодзьдзямі агульнай работы, барацьбы, мысьлі і
волі да перамогі.
Усё жыцьцё Серго Арджанікідзэ непарыўна зьвязана з гісторыяй рабочага
руху, гісторыяй партыі бальшавікоў, гісторыяй Вялікай пралетарскай рэвалюцыі і
пабудаваньнем сацыялізму ў СССР. Прадстаўнік старой бальшавіцкай гвардыі, ён
ніколі не згінаўся, ён разам з Леніным і Сталіным і пад іх кіраўніцтвам будаваў
у найцяжэйшых умовах царскага падпольля бальшавіцкую партыю. Разам з Леніным і
Сталіным ён вёў працоўныя масы на чале з партыяй бальшавікоў да перамогі ў
кастрычніку 1917 г. Разам з Леніным і Сталіным, поплеч з Варашылавым і забітым
зладзейскай трацкісцка-зіноўеўскай шайкай Кіравым, у гады грамадзянскай вайны
ён — бліскучы арганізатар перамогі складваючайся маладой Чырвонай Арміі над
сіламі інтэрвэнтаў і белагвардзейскіх полчышчаў. Сярод ленінска-сталінскай
кагорты ён — жалезны наркам, які вынес агромісты цяжар практычнай работы па
будаўніцтву сацыялізму ў СССР.
Сьмерць вырвала з нашых радоў аднаго з самых лепшых людзей сусьветнага
пралетарыяту, выдатнейшага пралетарскага дзяржаўнага дзеяча, чалавека,
увасобіўшага ў сабе каштоўнейшыя якасьці камуніста-барацьбіта, у момант, калі
яго невычарпальная энэргія, яго незвычайныя здольнасьці, яго велізарны вопыт
так неабходны камуністычнай партыі Савецкага Саюза, краіне сацыялізму і ўсяму
міжнароднаму рабочаму клясу.
Усё жыцьцё, уся дзейнасьць Сярго
Арджанікідзэ будуць служыць прыкладам для кадраў усяго міжнароднага
рабочага руху. На ўроках гэтага выдатнага жыцьця будуць вучыцца пакаленьні
рабочых усіх краін, як трэба жыць, змагацца, пераадольваць цяжкасьці і
перамагаць.
Памёр адзін з самых выдатных барацьбітоў чалавецтва за сацыялізм.
Выканаўчы камітэт Камуністычнага Інтэрнацыяналу выражае ад імя мільёнаў
працоўных усяго сьвету свой найглыбейшы жаль па поваду цяжкай страты, якую
панесьлі Ўсесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), народы вялікай Краіны
Саветаў і сусьветны пралетарыят.
Камуністычны Інтэрнацыянал схіляе свае баявыя сьцягі перад сьветлай
памяцьцю гэтага вялікага рэвалюцыянэра, узорнага бальшавіцкага кіраўніка мас у
барацьбе супроць клясавага ворага, арганізатара найвялікшых перамог на фронце
будаўніцтва сацыялістычнай індустрыі і ў галіне абароназдольнасьці савецкай
радзімы — бацькаўшчыны працоўных усяго сьвету — нашага любімага і незабыўнага
Сярго.
Выканаўчы камітэт Камуністычнага Інтэрнацыянала
АД ПРЭЗЫДЫЮМА
ЎСЕСАЮЗНАГА ЦЭНТРАЛЬНАГА САВЕТА
ПРАФЭСІЯНАЛЬНЫХ САЮЗАЎ
Прэзыдыюм Усесаюзнага Цэнтральнага Савета Прафэсіянальных Саюзаў з
глыбокім жалем паведамляе аб сьмерці палкага бальшавіка, барацьбіта за справу
рабочага кляса, за справу сацыялізму, бліжэйшага друга і вернага саратніка
таварыша Сталіна, члена Палітбюро Ўсесаюзнай Камуністычнай Парты, Наркома
Цяжкай Прамысловасьці — таварыша Грыгорыя
Канстанцінавіча Арджанікідзэ.
ПРАШЧАЙ, ТАВАРЫШ І ДРУГ!
Цяжкую страту пацярпела наша партыя, наша краіна. Няма з намі больш
нашага Сярго.
На
перадавых пазыцыях барацьбы з царызмам, у баях за перамогу пралетарскай
рэвалюцыі, на франтах грамадзянскай вайны, на чале ЦКК - РСІ камандзірам арміі
цяжкай прамысловасьці, — Сярго Арджанікідзэ быў нязьменна выдатным кіраўніком,
арганізатарам перамог, сапраўдным бальшавіком, вучнем і памочнікам Леніна і
Сталіна, таварышам, якога любіць наша партыя, усе працоўныя нашай краіны.
Яго адданасьць справе партыі — справе камунізму, яго прамата і прастата,
яго нястомнасьць у рабоце, яго невычарпальная энэргія зрабілі яго прыкладам,
узорам, якому будуць насьледаваць, на якім будуць вучыцца мільёны будаўнікоў
сацыялізму.
Дарагі Сярго! У перамогах сацыялізму, якімі ганарыцца наша краіна, у тых
перамогах, якія прынясуць нам будучыя баі, — твая роля агромністая, яе ніколі
не забудзе наша краіна
Прашчай, наш таварыш і друг, наш любімы Сярго!
Камісія партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б): Яжоў, Якаўлеў,
Шкіратаў, Яраслаўскі, Акулаў, Куйбышаў, Петэрс, Сахарава, Сарокін, Гросман,
Стаўскі, Салтанаў, Шабурава.
АД
МАСКОЎСКАГА КАМІТЭТА ВКП(б)
Маскоўскі Абласны і Гарадзкі Камітэты Ўсесаюзнай Камуністычнай партыі
(бальшавікоў) з вялікім жалем паведамляюць камуністаў, рабочых, калгасьнікаў і
ўсіх працоўных Масквы і Маскоўскай вобласьці аб цяжкай страце, якую панесла
партыя, кіраіна і працоўныя ўсяго сьвету.
18
лютага памёр адзін з самых выдатных кіраўнікоў партыі і ўрада, член Палітбюро
ЦК ВКП(б), Народны Камісар Цяжкай Прамысловасьці таварыш Грыгорый Канстанцінавіч Арджанікідзэ.
Палкі і непахісны бальшавік з ленінскай гвардыі, нястомны барацьбіт за
адзінства партыі, вучань і бліжэйшы саратнік Леніна і Сталіна, арганізатар
найвялікшых перамог сацыялістычнай індустрыі — таварыш Арджанікідзэ аддаў усё сваё выдатнае і слаўнае жыцьцё да самага
апошняга моманту беззапаветнай барацьбы за камунізм.
Таварыш Арджанікідзэ быў
прыкладам і ўзорам пасьлядоўнага, крыштальна-чыстага і непахіснага
бальшавіка-ленінца, які гарэў нянавісьцю да ворагаў партыі і народу.
Сьветлая памяць аб таварышу Арджанікідзэ,
прыклад яго бязьмежнай адданасьці партыі Леніна - Сталіна, яго бясстрашнай і
нястомнай барацьбы за пралетарскую рэвалюцыю, за будаўніцтва сацыялізму ў нашай
краіне натхніць усіх працоўных на новыя подзьвігі ў далейшай барацьбе за
таржаство камунізму.
Маскоўскі абласны і гарадзкі камітэты ВКП(б).
ВЫДАТНЫ БАЛЬШАВІК
Не
стала .горача любімага, роднага таварыша Сярго. Нельга перадаць жалю і цяжару
страты. Пайшоў з нашых радоў верны вучань і саратнік Леніна і Сталіна, палкі
барацьбіт за адзінства партыі, за перамогу сацыялізму ў нашай краіне,
непрымірымы барацьбіт з усімі ворагамі народу.
Усё сваё яркае і слаўнае жыцьцё таварыш Сярго змагаўся за справу
рабочага кляса нашай краіны, за справу міжнароднага пралетарыяту. У цяжкія гады
падпольля Серго Арджанікідзэ пад кіраўніцтвам Леніна і Сталіна згуртоўваў працоўных
пад сьцягам бальшавіцкай партыі, зьбіраў і арганізоўваў сілы бальшавікоў.
Не
зламалі непахісную бальшавіцкую волю таварыша Арджанікідзэ доўгія гады царскай ссылкі, турмы і катаргі.
Вялікая роля таварыша Арджанікідзэ
ў падрыхтоўцы і арганізацыі Кастрычніцкага перавароту, ў абароне маладой
сацыялістычнай рэспублікі ад націску белагвардзейцаў і інтэрвэнтаў.
З
выключным, уласьцівым яму рэвалюцыйным напорам, таварыш Арджанікідзэ ажыцьцяўляў сталінскі плян індустрыялізацыі краіны,
арганізоўваў і кіраваў гіганцкім будаўніцтвам цяжкай прамысловасьці, асваеньнем
яе новай тэхнікі. На пасту народнага камісара цяжкай прамысловасьці ярка
праявіліся яго якасьці выдатнага бальшавіцкага арганізатара і выдатнага
дзяржаўнага дзеяча краіны сацыялізму. Таварыш Арджанікідзэ па-сталінску вырошчваў і выхоўваў кадры рабочых-стаханаўцаў,
майстроў, інжынэраў і дырэктараў прадпрыемстваў цяжкай індустрыі.
Агромістая роля таварыша Арджанікідзэ ў жыцьці і рабоце маскоўскай
бальшавіцкай арганізацыі, у выкананьні сталінскага пляна рэканструкцыі Масквы.
Посьпехі цяжкай прамысловасьці Масквы і Маскоўскай вобласьці, збудаваньне новых
заводаў-гігантаў: аўтамабільны завод імя Сталіна, “Шарыкападшыпнік”, авіяцыйныя
заводы, пабудова новага горада Сталінагорска, Новатульскі мэталюргічны завод,
пабудаваньне другой чаргі Маскоўскага мэтрапалітэна, — усё гэта непарыўна
зьвязана са слаўным іменем Сярго
Арджанікідзэ.
Рабочыя, калгасьнікі і ўсе працоўныя Масквы і Маскоўскай вобласьці
схіляюць свае сьцягі перад сьветлай памяцьцю выдатнага бальшавіка і чалавека,
горача любімага найшырэйшымі масамі працоўных, — роднага Сярго Арджанікідзэ.
Прашчай, наш дарагі, незабыўны Сярго!
Н. Хрушчоў, Н. Марголін, М. Кулькоў, Д. Каротчэнкоў, С.
Карытны, Н. Філатаў, Н. Булганін, С. Рэдэнс, Е. Коган, Я. Сойфер, А. Бадаеў, А.
Волкаў, Н. Андрэасян
САПРАЎДНЫ
ЛЕНІНЕЦ
Сэрца сьціскаецца ад болю, а розум наадрэз адмаўляецца верыць, што няма
больш сярод нас Сярго.
Пайшоў выдатны бальшавік, выключны чалавек, дасканалы таварыш, сапраўдны
ленінец, саратнік і друг Сталіна.
Наша партыя страціла аднаго са сваіх будаўнікоў, страціла Сярго, які пад
кіраўніцтвам Леніна і Сталіна ў цяжкія гады рэакцыі пранікаў ва ўсе куткі
Расіі, зьбіраў, скалачваў бальшавіцкія, ленінскія кадры, вучыў іх па-ленінску,
па-сталінску змагацца з апартуністамі ўсіх масьцей, за бальшавіцкую партыю.
Наша партыя страціла Сярго, які ў барацьбе з контррэвалюцыйным трацкізмам быў
адным з актыўнейшых членаў сталінскага штаба нашай партыі, верным памочнікам
таварыша Сталіна ў барацьбе за ленінскае вучэньне, за ленінскі шлях разьвіцьця
нашай краіны, супроць трацкісцкіх здраднікаў, каменеўска-зіноўеўскіх вырадкаў.
Не
стала Сярго, актыўнейшага барацьбіта супроць правых капітулянтаў, супроць тых,
хто ў паніцы перад ворагамі хацеў штурхнуць партыю на шлях згортваньня
індустрыялізацыі, адмовы ад калектывізацыі, хацеў раззброіць Савецкую краіну
перад ворагамі, унутранымі і зьнешнімі.
Наша вялікая радзіма страціла дзяржаўнага дзеяча буйнейшага маштабу,
таленавітага камандарма цяжкай індустрыі, заслугі якога ў справе стварэньня
цяжкай прамысловасьці, вырошчваньня камандных кадраў нельга перавялічыць.
Працоўныя Ўкраіны страцілі Сярго
Арджанікідзэ, які ў гады грамадзянскай вайны як член Рэвалюцыйнага ваеннага
савета граміў ворагаў, вызваляючы Ўкраіну ад белых банд.
Украіна страціла Сярго, з іменем якога непарыўна зьвязана будаўніцтва
Дняпроўскай электрастанцыі і прамысловага камбіната, стварэньне новага Данбаса,
будаўніцтва дзесятка новых буйнейшых заводаў, сярод іх такіх гігантаў, як
Харкаўскі трактарны, Краматорскі машынабудаўнічы, Луганскі паравозабудаўнічы і
многія іншыя.
Усе мы страцілі цудоўнага, вялікай скромнасьці, праматы і адзыўчыявасьці
таварыша, невычарпальнай энэргіі і працаздольнасьці кіраўніка.
Непарыўнымі узамі быў зьвязан Серго з дзесяткамі тысяч. актывістаў нашай
партыі, з усёй партыяй, якая бязьмежна любіла яго як кіраўніка і таварыша, які
ўваплаціў у сабе ўсе лепшыя якасьці бальшавіка.
Пайшоў родны Сярго, крышталічнай чыстаты чалавек, які аддаў усе свае
сілы справе партыі, вялікай справе Леніна - Сталіна.
Касіёр, Пятроўскі, Постышаў, Любчанка, Баліцкі, Якір,
Папоў, Затонскі, Шэлехес, Кудраўцаў, Хатаевіч, Саркісаў, Гікала, Сухамлін,
Шліхтэр, Вегер, Чарняўскі.
БЯССТРАШНЫ
ПРАЛЕТАРСКІ РЭВАЛЮЦЫЯНЭР
Ленінградзкія бальшавікі і ўсе працоўныя горада Леніна і Леніградзкай
вобласьці разам з усёй краінай выражаюць глыбокі жаль па поваду сьмерці
выдатнага дзеяча нашай партыі, члена Палітбюро ЦК ВКП(б) і народнага камісара
цяжкай прамысловасьці СССР таварыша Сярго
Арджанікідзэ.
Перастала біцца палкае сэрца бясстрашнага пралетарскага рэвалюцыянэра,
аднаго з лепшых саратнікаў вялікіх правадыроў сацыялістычнай рэвалюцыі — Леніна
і Сталіна, баявога кіраўніка і палкаводца ў гады грамадзянскай вайны,
нястомнага арганізатара перамог сацыялістычнага будаўніцтва.
Таварыш Сярго Арджанікідзэ
аддаў без астатку ўсё сваё прыгожае жыцьцё справе пралетарскай рэвалюцыі,
справе таржаства сацыялізму. Яго жыцьцё, яго барацьба, яго беззапаветная
адданасьць сваёй партыі, свайму народу — прыклад для кожнага члена партыі, для
кожнага працоўнага.
Вобраз таварыша Сярго
Арджанікідзэ будзе натхняць усіх нас на далейшую барацьбу за перамогу
камунізму.
Схіляючы нашы сьцягі ля труны таварыша Сярго Арджанікідзэ, яшчэ цясьней самкнем нашы рады вакол ЦК нашай
партыі, вакол правадыра партыі і народаў СССР — нашага Сталіна.
Ленінградзкі абласны і гарадзкі камітэты ВКП(б).
АД ЦЭНТРАЛЬНАГА КАМІТЭТА
КАМУНІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ
(БАЛЬШАВІКОЎ) БЕЛАРУСІ
ЦК
КП(б)Б з глыбокім жалем паведамляе членаў КП(б)Б, рабочых, калгасьнкаў і ўсіх
працоўных Беларусі аб вялікім горы, якое пасьцігла нашу партыю. 18 лютага ў 5
гадзін 30 мінут вечара памёр член палітбюро ЦК ВКП(б) — Народны Камісар Цяжкай
Прамысловасьці таварыш Грыгорый
Канстанцінавіч Арджанікідзэ.
Сьмерць таварыша Арджанікідзэ
зьяўляецца найцяжэйшай стратай для ўсёй партыі і Савецкага Саюза.
Памёр адзін з лепшых кіраўнікоў і будаўнікоў нашай камуністычнай партыі
бальшавікоў, бясстрашны, гераічны баец за ленінскую партыю, за яе адзінства,
стары бальшавік з ленінска-сталінскай гвардыі, таленавіты кіраўнік працоўных
мас, арганізатар бліскучых перамог сацыялістычнай індустрыі.
ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў)
Беларусі, рабочыя, калгасьнікі і ўсе працоўныя Беларусі адчуваюць найвялікшае
гора ад гэтай страты нашай партыі, нашай краіны.
Сярго Арджанікідзэ згарэў на рабоце,
аддаўшы ўсе свае сілы, нястомную энэргію, энтузіязм — справе камунізму. Ён
заўсёды быў у першых радах байцоў за сацыялізм, і на франтах баявых і на фронце
будаўніцтва сацыялізму ён заўсёды быў з Леніным і з таварышам Сталіным.
Беларускі народ у песьнях і вершах васьпеў геройскія подзьвігі таварыша Арджанікідзэ, зьдзейсьненыя ім у
барацьбе за вызваленьне Беларусі ад белапольскай панскай акупацыі.
Бясстрашны, палкі баец нашай партыі таварыш Арджанікідзэ, будучы ў Рэўваенсавеце XVІ Арміі ў 1919 годзе, сам з
маленькай групай чырвонаармейцаў хадзіў у разьведку ў тыл белапалякаў і гэтым
забясьпечыў узяцьце г. Барысава, атрымаўшага назву беларускага Перакопа.
Беларускі народ, як і ўсе народы Саюза, будзе заўсёды памятаць таварыша Арджанікідзэ, бездакорна чыстага і
стойкага партыйца-бальшавіка, аддаўшага сваё слаўнае гераічнае жыцьцё справе
рабочага кляса, справе камунізму.
Памяць аб гераічным жыцьці і барацьбе любімага Сярго натхняе нашу
партыю, рабочы кляс, калгасьнікаў і ўсіх працоўных на далейшыя перамогі
камунізму, пад кіраўніцтвам вялікага Сталіна.
Цэнтральны Камітэт Камуністычнай Партыі (бальшавікоў)
Беларусі
АД
ЦЭНТРАЛЬНАГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТА
І
САВЕТА НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР
Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў Беларускай
Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўвесь беларускі народ глыбока сумуе па
поваду заўчаснай сьмерці аднаго з старэйшых бальшавікоў ленінскай гвардыі,
выдатнейшага дзеяча нашай партыі і савецкай дзяржавы, арганізатара сацыялістычнай
прамысловасьці, бліжэйшага саратніка вялікага Сталіна — Грыгорыя Канстанцінавіча Арджанікідзэ.
Беларускі народ ніколі не забудзе геройскіх подзьвігаў тав. Сярго Арджанікідзэ ў баях за
вызваленьне Беларусі ад белапольскай акупацыі.
Беларускі народ у сваіх песьнях і творах апявае гэтыя подзьвігі таварыша
Сярго Арджанікідзэ, бясстрашнага
байца, які не толькі кіраваў і арганізоўваў барацьбу за вызваленьне Беларусі,
але сам з атрадам чырвонаармейцаў хадзіў у разьведку ў тыл белапалякаў і тым
самым забясьпечыў перамогу Чырвонай Арміі на Бярэзіне ў г. Барысаве.
Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў БССР таксама
ніколі не забудуць той велізарнейшай ролі, якую адыграў тав. Арджанікідзе ва ўздыме сацыялістычнай
прамысловасьці ў БССР.
Сьветлы вобраз Сярго Арджанікідзэ,
яго слаўнае жыцьцё рэвалюцыйнага барацьбіта і будаўніка сацыялізму ў Саюзе ССР
будуць жыць у сэрцах усіх працоўных Беларусі і служыць прыкладам у далейшай
барацьбе за справу камунізму.
Яшчэ шчыльней згуртуем нашы рады вакол партыі Леніна - Сталіна, вакол ЦК
ВКП(б) і любімага правадыра таварыша Сталіна.
Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР
Савет Народных Камісараў БССР
ВЯЛІКІ ПРАЛЕТАРСКІ РЭВАЛЮЦЫЯНЭР
Агромністае; невымоўнае гора пасьцігла нашу партыю, рабочы кляс, усіх
працоўных нашай краіны, усё перадавое чалавецтва: Серго Арджанікідзэ няма больш з намі. Памёр вялікі пралетарскі
рэвалюцыянэр, стары палкі бальшавік, адзін з будаўнікоў нашай партыі, непрымірымы
барацьбіт за яе адзінства, за чыстату яе радоў, выдатны саратнік Леніна і
Сталіна, арганізатар бліскучых перамог сацыялістычнай індустрыі. Страта
нязьмерная і незабыўная.
Усяго тры з палавінай месяцы назад уся Савецкая краіна сьвяткавала
пяцідзесяцігодзьдзе Сярго. Здаецца, гэта было ўчора: так жыва ў памяці
ўсенародная ласка, якой плаціў у гэты дзень увесь народ свайму Сярго за яго
бурнае, кіпучае жыцьцё для народу, за яго любоў да працоўных, за яго клопаты аб
чалавеку. Са старонак газэт глядзелі сьмяючыяся, разумныя вочы чалавека, які
быў любімцам усёй партыі і ўсёй краіны, якога называлі любоўна: наш Сярго.
Гэтыя чэсныя, сьмелыя, прыгожыя вочы закрыліся назаўсёды. Але ад імені Сярго
заўсёды будзе веяць цеплынёй, яно астанецца назаўсёды сымбалем рэвалюцыйнай
пралетарскай сьмеласьці, любві да працоўных, нянавісьці да ворагаў народу.
Слаўнае жыцьцё таварыша Арджанікідзэ
— гэта старонкі гераічнай гісторыі нашай партыі і сацыялістычнай рэвалюцыі. Ён
увайшоў у гэтую гісторыю як выдатны вучань Леніна, вучань і друг Сталіна. Ён
ішоў разам з імі, вялікімі тварцамі сацыялізму ў нашай краіне, не ўхіляючыся ні
на адзін крок ў бок, ні разу не вагаючыся, непахісна стойкі, бясстрашны
бальшавік. Ён быў палкімі рыцарам бальшавізму, непрымірымым і палкім ворагам усякага
апартунізму, малавер’я, несумленнага палітыканства, пустога фразёрства.
Праціўнікі Леніна і Сталіна былі праціўнікамі Арджанікідзэ, і ўсё жыцьцё яго прайшло ў барацьбе за адзінства
партыі, за чыстату бальшавіцкіх радоў.
Сярго перанёс усе цяжкасьці жыцьця прафэсіянальнага рэвалюцыянэра,
барацьбіта пралетарыяту ў гады царызму. У турмах і ссылцы таіў ён нянавісьць да
царызму і да буржуазна-памешчыцкага ладу. На нелегальнай рэвалюцыйнай рабоце
вырас яго вопыт арганізатара мас.
Вялікая пралетарская рэвалюцыя і грамадзянская вайна паднялі Сярго на
аграмадную гістарычную вышыню выдатнага кіраўніка народу. Ён ствараў арміі на
фронце і арганізаваў садружнасьць народаў на Каўказе.
Грамадзянская вайна скончылася, — барацьба прадаўжалася. Партыя даручыла
Арджанікідзэ кантроль над
будаўніцтвам сацыялізму, над чыстатой партыйных радоў. На адказным пасту
старшыні ЦКК і наркаму РСІ Арджанікідзэ
праявіў арліную зоркасьць вока, львіную мужнасьць, прамату і вернасьць слаўным
традыцыям бальшавізму. Арджанікідзэ
бязьлітасна выкрываў двурушнікаў і здраднікаў у партыі і нанёс ворагам партыі,
нямала сакрушальных удараў.
Кіраўніцтва цяжкай прамысловасьцю было трыюмфам таварыша Арджанікідзэ. Яго нядарма назвалі
камандармам сацыялістычнай індустрыі. Ён вёў яе ад перамогі да перамогі. Тут
разгарнуліся ва ўсім свам бляску выдатныя яго здольнасьці арганізатара,
кіраўніка, знатака людзей, выхавацеля бальшавіцкіх кадраў. Ён быў камандармам —
вёў рабочых і інжынэраў на штурм цяжкасьцей, натхняў прыкладам і словам, заражаў
невычарпальнай сваёй энэргіяй, бальшавіцкім энтузіязмам, нестрыманым жаданьнем
працы і барацьбы, палкай верай у перамогу сацыялізму.
Ён
быў сапраўды паэтам сацыялістычнай працы. Ён ацаніў і падхапіў ініцыятыву
стаханаўцаў, таму што падрыхтаваў гэтую ініцыятыву вырошчваньнем кадраў па
сталінскіх указаньнях. У таварыша Сталіна навучыўся Сярго ўважлівым, любоўным
адносінам да піянэраў камуністычнай працы — гераічнай і доблеснай. Ён ведаў
усіх колькі-небудзь выдатных работнікаў цяжкай прамысловасьці, ведаў не толькі
па імені, а ўваходзячы глыбока ў жыцьцё, у характар работнікаў. Ён быў строгім
начальнікам і верным таварышам. Яго патрабавальнасьць была і чуткасьцю.
У
Сярго было вялікае і гарачае сэрца вялікага бальшавіка. У гэтым сэрцы жыла
палкая любоў да рабочага кляса, да працоўных, да ўсяго чалавецтва — і палкая
нянавісьць да ворагаў рабочага кляса і чалавецтва. На фізычнай абалонцы гэтага
вялікага сэрца гады барацьбы, прасьледаваньняў, хваляваньняў адлажылі свае
сьляды. Але хворае сэрца аставалася поўным рэвалюцыйнага запалу, поўным любві
да нашай вялікай радзімы. Сьмерць вырвала з нашых радоў дарагое ўсім жыцьцё.
Асірацела наша партыя, асірацела наша краіна. Бязьмерны смутак усіх
чэсных грамадзян Савецкага Саюза, усяго працоўнага чалавецтва. У гэтыя сумныя
мінуты мысьль зьвяртаецца перш за ўсё да тых, хто былі бліжэйшымі прыяцелямі
памерлага, яго першымі таварышамі, — да членаў Палітбюро нашай партыі, да
таварыша Сталіна. У мільёнах вачэй народу яны прачытаюць адданасьць і любоў,
гатоўнасьць да беззапаветнай барацьбы за тую вялікую справу сацыялізму, якой
усё сваё жыцьцё, да апошняй кроплі крыві сэрца, аддаў дарагі, любімы Сярго.
Заменіць яго нельга. Такі, як Сярго, ён адзін. Але ў стратах бальшавікі вучацца
ўдзесяцяраць свае сілы. Не дрыгне ні на мінуту сьцяг, які трымаў у сваіх руках
Сярго.
Імя Сярго, памяць аб ім, усё яго слаўнае жыцьцё будуць сьвяціць у вяках
пакаленьням будаўнікоў сацыялізму. Ён быў узорам чалавека, для якога будуецца
камунізм, і ўзорам чалавека, будуючага камунізм: рыцарам у лепшым, у
высакародным сэнсе гэтага слова, бясстрашным абаронцам чалавецтва, героем, у
якім адвага і скромнасьць, мужнасьць і прастата стваралі сапраўднае хараство.
“Правда” ад 19
лютага 1937 г.
БІЯГРАФІЯ
Грыгорый Канстанцінавіч Арджанікідзэ (партыйная клічка Сярго) нарадзіўся
28 кастрычніка (па новаму стылю) 1886 г. ў Заходняй Грузіі, у вёсцы Гарэша.
Бацька Сярго меў усяго некалькі дзесяцін дрэннай зямлі. Кукурузы, не
кажучы ўжо аб астатнім, сям’і хапала толькі на некалькі месяцаў. Бацьку
прыходзілася ў прамежку паміж палявымі работамі ісьці на заработкі ў Чыатуру —
вазіць марганцавую руду. Матка Сярго хутка пасьля родаў памерла. Трохмесячнае
дзіця забрала да сябе цётка, якая выкарміла яго і замяніла родную матку.
Сямі год Арджанікідзэ быў адданы ў гарэскую царкоўнапрыходзкую школу,
пасьля сканчэньня якой ён паступіў у чыгуначнае вучылішча ў Хашуры. Праз год з
прычыны бядотнага становішча сям’і ён вымушан быў пакінуць вучылішча і вярнуцца
ў вёску. Цёзка па прозьвішчы, народны настаўнік Сімон Арджанікідзэ, ўзяў Сярго
з сабой у мястэчка Хобі, дзе загадваў школай. Адтуль яны пераехалі ў Ланчхуці
і, нарэшце, у Харагоўлі. Сярго скончыў Харагоўльскае двухкляснае вучылішча,
вясной 1898 г.
Увосень 1900 г. дваюрадны брат Тарасій Арджанікідзэ і сваяк Павел
Мачаварыані адвезьлі Сярго ў Тбілісі (Тыфліс). Тут ён вучыўся ў фэльчарскім
вучылішчы пры гарадзкой (Міхайлаўскай) больніцы.
У
фэльчарскім вучылішчы навучаліся пераважна выхадцы з народных нізоў. Сярод
вучнёўскай моладзі былі моцныя рэвалюцыйныя настроі. Узьнікалі
сацыял-дэмакратычныя гурткі, у адзін з якіх увайшоў і Сярго Арджанікідзэ. у
1901-1902 гг. ён ужо быў удзельнікам школьнага сацыял-дэмакратычнага гуртка.
У
1903 г. Сярго уступіў у РСДРП як бальшавік. Усё гераічнае, прыгожае жыцьцё
Сярго прайшло на вачах партыі, рабочага кляса, пад кіраўніцтвам Леніна і
Сталіна, Цэнтральнага камітэта ВКП(б).
Пасьля сканчэньня фэльчарскай школы, вясной 1905 г., Арджанікідзэ
варочаецца ў Заходнюю Грузію, у прыватнасьці ў Батумі. Ён прымае самы актыўны
ўдзел у партыйнай рабоце. ён прапагандыст і агітатар. Ён арганізатар
мітынгаў-дыскусій з меншавікамі. Сярго Арджанікідзэ ў сваіх бальшавіцкіх
выступленьнях (карыстаўся брашурай таварыша Сталіна “Коратка аб партыйных
рознагалосьсях», напісанай у пачатку 1905 г.
У
верасьні 1905 г. Арджанікідзэ пераехаў у Гудавуці (Абхазія). Тут ён працуе
фэльчарам у мясцовай больніцы. Ужо ў гэты пэрыяд ён прафэсіянальны
рэвалюцыянэр, барацьбіт, для якога сэнс жыцьця — толькі ў рэвалюцыі. 19-гадовым
юнаком Сярго — ужо агульнапрызнаны кіраўнік партыйнай арганізацыі Гудавуці,
член Сухумскага акруговага камітэта партыі, таленавіты арганізатар падпольнай
работы і палкі агітатар.
Калі ў Гудавуці дайшла вестка аб царскім маніфэсьце 17 кастрычніка 1905
г., Сярго Арджанікідзэ арганізаваў лятучы мітынг у цэнтры горада. На гэтым
мітынгу ён тлумачыў масе слухачоў, што толькі зьвяржэньне цара і зьніштажэньне
самадзяржаўя могуць даць сапраўдную свабоду. Паліцыя не пасьмела тады
арыштаваць палкага маладога агітатара.
Першы арышт маладога рэвалюцыянэра адбыўся ў сяле Бомбары, каля
Гудавуці, 5 студзеня 1906 г. Сярго быў арыштован у момант выгрузкі зброі і
пасаджан у сухумскую турму, дзе прабыў да 7 чэрвеня 1906 г. Затым быў выпушчаны
на парукі і выехаў у Тбілісі. Тут ён упершыню сустрэўся ў рэдакцыі бальшавіцкай
газэты “Дро” (“Час”) з таварышам Сталіным, які быў рэдактарам гэтай газэты.
У
жніўні 1906 г. Арджанікідзе, скрываючыся ад ахранкі, перабраўся за граніцу, у
Бэрлін. Хутка ён варочаецца ў Расію. У сакавіку 1907 г. быў уведзены у
бальшавіцкі Бакінскі камітэт, які ўзначальваўся таварышам Сталіным, куды
ўваходзілі таксама Шаумян, Джапарыдзе, Спандар’ян.
Бакінскі пэрыяд — буйнейшая вяха ў фарміраваньні Арджанікідзэ як
выдатнага дзеяча бальшавіцкай партыі. З першага дня прыходу на Бакінскія
нафтавыя промыслы ён здабыў агромістую любоў рабочых, склад якіх быў надзвычай
разнародны. Тут былі цюркі, рускія, грузіны, армяне. Арджанікідзе здолеў
знайсьці агульную мову з усёй гэтай рознапляменнай масай эксплюатуемых
пралетарыяў, здолеў згуртаваць іх вакол лёзунгаў бальшавізму. У Баку, будучы
партыйным арганізатарам у с. Раманы Балаханскага раёна, ён энэргічна рыхтуецца
да масавай рабочай дэманстрацыі 1 мая 1907 г., прымае актыўны ўдзел у выбарчай
кампаніі ў III Дзяржаўную думу, дзейна выкрывае меншавікоў, дашнакоў, эсэраў.
У
лістападзе 1907 г. Сярго Арджанікідзэ быў арыштован паліцыяй і пасаджан ў
Баілаўскую турму. 9 красавіка 1908 г. асобая прысутнасьць тбіліскай судовай
палаты прыгаварыла Арджанікідзэ да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да вечнай
ссылкі ў Сыбір. 27 кастрычніка асобая прысутнасьць той жа тбіліскай судовай
палаты дадаткова прыгаварыла яго за рэвалюцыйную работу ў Абхазіі да
заняволеньня ў крэпасьць на адзін год.
Вясной 1909 г. Арджанікідзэ адправілі ў ссылку ў Сыбір. Месцам
пасяленьня была назначана вёска Патаскуй Пінчугскай воласьці, Енісейскай губэрні.
Праз два месяцы пасьля прыбыцьця ў ссылку Арджанікідзэ ўцякае і варочаецца ў
Баку, каб у нелегальных умовах прадаўжаць партыйную работу.
Увосень 1909 г. бакінская арганізацыя бальшавікоў накіроўвае
Арджанікідзэ ў Іран (Пэрсію), у Гілянскую правінцыю, якая была тады арэнай
рэвалюцыйнага руху. Ён прымае актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай барацьбе.
У
лістападзе 1910 г. Сярго варочаецца ў Баку і адсюль едзе ў Парыж, да Леніна.
Н.
К. Крупская ў сваіх успамінах расказвае:
“... Раз прыходзіць кансьержка і гаворыць: «Прыйшоў нейкі чалавек, ні
слова не гаворыць па-француску, напэўна да вас». Я сыйшла ўніз — стаіць
каўкаскага выгляду чалавек і ўсьміхаецца. Аказаўся Сярго. З таго часу ён стаў
адным з самых блізкіх таварышаў”.
Недалёка ад Парыжа, у Ланжумо, Ленін у 1911 г. стварае партыйную школу,
слухачы якой былі падабраны ў Расіі мясцовымі партыйнымі арганізацыямі. У гэтай
школе быў і Арджанікідзэ.
Арджанікідзэ прыйшлося неўзабаве перарваць вучобу. Ён зноў адпраўляецца
ў Расію з адказнейшым ленінскім даручэньнем — правесьці работу па падрыхтоўцы і
скліканьню агульнарасійскай партыйнай канфэрэнцыі. Не гледзячы на выключна
цяжкіяя ўмовы работы ў прыдушанай рэакцыяй краіне, Арджанікідзэ ўдалося
бліскуча ажыцьцявіць заданьне Леніна. Арджанікідзэ быў дэлегатам на Праскай
канфэрэнцыі ад тбіліскай бальшавіцкай арганізацыі.
На
Праскай канфэрэнцыі Арджанікідзэ быў выбраны членам ЦК. З сямі членаў ЦК пяць
павінны былі працаваць у Расіі. Было створана бюро ЦК для кіраўніцтва работай у
Расіі ў складзе таварышаў Сталіна, Арджанікідзе і Спандар’яна.
Рашэньнем ЦК Арджанікідзе было даручана зрабіць даклад аб канфэрэнцыі ў
пецярбурскай партыйнай арганізацыі. У лютым 1912 г. Сярго Арджанікідзэ выехаў у
Пецярбург, затым паехаў у Валагодзкую губэрню да таварыша Сталіна, які
знаходзіўся там у ссылцы. Разам з таварышам Сталіным, які ўцёк з месца ссылкі,
ён паехаў у Баку, а потым — у Тбілісі. У Тбілісі Сярго зрабіў партыйнай
арганізацыі даклад аб Пражскай канфэрэнцыі.
У
красавіку 1912 г. Сярго Арджанікідзэ зноў накіраваўся ў Пецярбург. 27 красавіка
1912 г. ён зноў арыштоўваецца. Пасьля шасьцімесячнага папярэдняга зьняволеньня
Пецярбурскі акруговы суд прыгаварыў Сярго Арджанікідзэ за пабег з ссылкі і за
бальшавіцкую работу да трох гадоў катаргі з наступным пасяленьнем на месца
вечнай ссылкі.
У
кастрычніку 1912 г. Арджанікідзэ быў закованы у кайданы і адвезены у
Шлісэльбурскую крэпасьць.
Пасьля адбыцьця трохгадовага зьняволеньня ў крэпасьці Сярго Арджанікідзэ
ў верасьні 1915 г. быў этапным парадкам высланы ва Ўсходнюю Сыбір, у
Аляксандраўскую перасыльную турму (пад Іркуцкам). Тут ён аставаўся да адкрыцьця
навігацыі па рацэ Лене і вясной 1916 г. быў накіраваны на пасяленьне ў
аддаленую Вілюйскую акругу, у Нюрбінскае сельскае вобчаства. Аднак з Якуцка па просьбе
больнічнага ўрача, які меў патрэбу ў мэдычных работніках, Сярго Арджанікідзе
накіравалі ў сяло Пакроўскае, у 90 кілямэтрах ад Якуцка, у якасьці фэльчара
больніцы. У ссылцы Арджанікідзэ вёў палкую барацьбу супроць меншавікоў, эсэраў
і анархістаў, выкрываючы іх здрадніцскую палітыку падтрыманьня імпэрыялістычнай
вайны.
Аб
перамозе Лютаўскай рэвалюцыі Сярго Арджанікідзэ даведаўся ў часе аб’езду хворых
у далёкіх улусах. Радасьць яго была
бязьмежна.
Амаль 8 год правёў Сярго Арджанікідзэ ў палоне ў царызму — у турмах, у
Шлісэльбурскай крэпасьці, па этапах і ў ссылцы. Царызм быў зьвергнуты. Гэтую
перамогу Арджанікідзэ, як і ўсе сапраўдныя ленінцы, расцаніў толькі як умову
для неадкладнага пераходу да барацьбы за сацыялістычную рэвалюцыю.
Сярго належыць адна з галоўных ролей ва ўмацаваньні рэвалюцыйных
заваяваньняў у Якуціі. Арджанікідзэ ўваходзіць у склад Выканаўчага камітэта
Якуцкага савета, выбіраецца членам прэзыдыюму камітэта грамадзкай бясьпекі
Якуцкай вобласьці, вядзе вялікую арганізацыйную і агітацыйную работу.
У
траўні 1917 г. Сярго Арджанікідзэ выяжджае ў Іркуцк, а адтуль у Петраград і
цалкам уваходзіць у баявую партыйную работу. Па прапанове Леніна Сярго
Арджанікідзэ ўводзіцца ў Петраградзкі камітэт бальшавіцкай арганізацыі.
У
ліпеньскія дні контррэвалюцыя, пры падтрыманьні згоднікаў — меншавікоў і
эсэраў, ашчацінілася супроць надыходзіўшай пралетарскай рэвалюцыі. Пачаліся
масавыя арышты, разгром бальшавіцкіх газэт. Буржуазія адкрыта патрабавала
расправы з Леніным.
Зьбіраўся VI зьезд бальшавіцкай партыі. Сапраўды ленінскае кіраўніцтва
падрыхтоўкай і правядзеньне зьезда забясьпечваў таварыш Сталін. Ленін са свайго
шалаша і пазьней з Гэльсынгфорсу накіроўваў работу бальшавікоў, даваў кіруючыя
ўказаньні па пытаньнях, якія стаялі ў парадку дня зьезда. Для атрыманьня
дырэктыў Леніна Арджанікідзэ па даручэньню Сталіна два разы езьдзіў да Леніна,
у шалаш.
На
VI зьезьдзе партыі таварыш Сталін у сваім палітычным дакладзе і ўсьлед за ім
Арджанікідзэ ў спэцыяльным дакладзе па пытаньню аб яўцы Леніна ў суд самым
рэзкім чынам выказаліся супроць яўкі. “Ім важна, — заявіў Сярго Арджанікідзе, —
выхапіць як мага больш правадыроў з радоў рэвалюцыйнай партыі. Мы ні ў якім
выпадку не павінны выдаваць таварыша Леніна”.
У
пачатку верасьня 1917 г. Арджанікідзэ быў накіраваны на кароткі час у
Закаўказьзе. 6 лістапада Арджанікідзэ вярнуўся з Закаўказьзя ў Петраград і
прыняў актыўны ўдзел у Кастрычніцкім сацыялістычным перавароце.
2
студзеня 1918 г. Арджанікідзэ быў назначан часовым надзвычайным камісарам раёна
Ўкраіны і яму былі наданы важныя паўнамоцтвы па забесьпячэньню хлебам і іншымі
прадуктамі ўсіх мясцовасьцей Савецкай Расіі, якія мелі патрэбу ў харчаваньні.
З
энэргіяй і мужнасьцю, дастойнымі даверанага ЦК партыі Леніна - Сталіна, ён дапамагаў
украінскім працоўным умацоўваць савецкую ўладу і выконваць асноўную задачу,
якая тады перад ім стаяла, — эвакуіраваць углыб краіны харчовыя запасы,
матэрыяльныя каштоўнасьці, ваенны рыштунак.
У
першых чыслах красавіка 1918 г. Арджанікідзэ пераяжджае на Дон. 7 красавіка ён
ужо ў Растове-на-Доне. Тут ён прадаўжае прымаць меры да арганізацыі
супраціўленьня германа-гайдамакам, якія паступова пасоўваліся да поўдню, на Дон
і Кубань. 9 красавіка 1918 г. адкрыўся першы зьезд саветаў рабочых, сялянскіх і
казацкіх дэпутатаў Данской рэспублікі, які выбраў Арджанікідзэ ў склад ЦВК
Данской рэспублікі.
Немцы падыйшлі да Дону. 29 красавіка Арджанікідзэ ў Растове атрымаў
тэлеграму ад Леніна і Сталіна. Ленін і Сталін прадпісвалі яму і камандуючаму
ўзброенымі сіламі Ўкраіны Антонаву прыпыніць ваенныя дзеяньні на
германа-гайдамацкім фронце.
2
траўня Арджанікідзэ з двума прадстаўнікамі ЦВК Данской рэспублікі адпраўляецца
для перагавораў з нямецкім камандаваньнем аб спыненьні ваенных дзеяньняў і для
таго, каб заявіць пратэст супроць заняцьця немцамі Таганрога. Заняцьце
Таганрога было парушэньнем немцамі ўмоў Брэсцкага міру, таму што Таганрог
зьяўляўся тэрыторыяй РСФСР. Ля станіцы Армянскай дэлегацыя была арыштавана
нямецкім патрулём, абяззброена і адпраўлена ў Таганрог. Сярго Арджанікідзэ
заявіў рэзкі пратэст супроць парушэньня немцамі ўмоў Брэсцкага міру і арышту
дэлегацыі. Дэлегатам была вернутая іх зброя і забясьпечаны бесьперашкодны
зварот назад ў Растоў.
7
траўня аўстра-германскія войскі, гайдамакі і белыя казакі ўзялі Растоў.
Арджанікідзэ са сваімі эшалёнамі апошнім пакінуў Растоў, адступіўшы спачатку ў
Батайск, а затым да Ціхарэцкай, каб адтуль з боем рушыць да Царыцыну.
“Становішча тут няважнае, — тэлеграфуе Арджанікідзэ Леніну і Сталіну з
Царыцына 23 траўня 1918 г., — патрэбны рашучыя меры, а мясцовыя таварышы надта
друзлыя, усякае жаданьне дапамагчы разглядаецца як умяшаньне ў мясцовыя справы.
На станцыі стаяць шэсьць маршрутных паяздоў з хлебам у Маскву і не
адпраўляюцца... Яшчэ раз паўтараю, што патрэбны самыя рашучыя меры — вакол
Царыцына бушуе контррэвалюцыя”.
25
траўня 1918 г. на надзвычайным паседжаньні Штаба абароны Арджанікідзэ выступіў
з плянам арганізацыі барацьбы з контррэвалюцыйнымі бандамі, наступаючымі на
Царыцын. Ён запрапанаваў аб’яднаць маючыяся ў горадзе савецкія войскі пад адным
камандаваньнем. Забясьпечыўшы сапраўдную абарону горада, Арджанікідзэ
сьпяшаецца на Кубань.
На
Кубань і Чорнамор’е рухаліся нямецкія войскі. Неабходна было арганізаваць
абарону Кубані супроць немцаў, умацаваць магутнасьць маладой Чырвонай Арміі. 28
траўня у Кацярынадары адкрыўся надзвычайны трэці зьезд саветаў Кубані і
Чорнамор’я.
Арджанікідзэ непасрэдна кіраваў зьездам, некалькі раз выступаў. Па яго
прапанове існаваўшыя разьдзельна Кубанская савецкая рэспубліка і Чорнаморская
савецкая рэспубліка аб’ядналіся ў адзіную Кубана-Чорнаморскую рэспубліку.
У
сьнежні 1918 г. белая армія Дзянікіна ўсё бліжэй і бліжэй падкотваецца да
граніц Церскай вобласьці. Прыгрэтая інтэрвэнтамі, злучыўшыся з кубанскай
контррэвалюцыяй, яна абрушылася на XI чырвоную армію. ХІ армія, адрэзаная ад
Савецкай Расіі, асталася без снарадаў, без патронаў.
У
гэты цяжкі для рэспублікі час Арджанікідзэ езьдзіць з аднаго канца Паўночнага
Каўказа ў другі, з аднаго трывожнага ўчастка фронту на другі.
Па
патрабаваньню Арджанікідзэ XI армія павінна была сканцэнтравацца ва
Ўладзікаўказе і Грозным; Церская рэспубліка: павінна абараняцца; камуністы
астаюцца на сваіх мясцох; на чале іх па-ранейшаму Арджанікідзэ.
Але армія, падкошаная тыфам, пачала распаўзацца.
24
студзеня Арджанікідзэ ў тэлеграме Леніну паведамляе:
“... Няма снарадаў і патронаў. Няма грошай... Шэсьць месяцаў вядзем
вайну, купляем патроны па пяці рублёў. Уладзімір Ільіч, паведамляючы Вам аб
гэтым (падрабязнасьці поштай), запэўняю, што мы ўсе загінем у няроўным баі, але
чэсьці сваёй не зганьбім уцёкамі... Сярод рабочых Грознага, Уладзікаўказа
непахіснае рашэньне змагацца і не адыходзіць. Сымпатыі горскіх народаў на нашым
баку.
Дарагі Уладзімір Ільіч, у момант сьмяртэльнай небясьпекі шлем Вам
прывітаньне і чакаем Вашай дапамогі. Арджанікідзэ”.
У
канцы студзеня дзянікінскія часьці падыйшлі да Ўладзікаўказа. У горадзе было
ўсяго некалькі тысяч штыкоў. Пачаліся крывепралітныя баі. Сем дзён рабочыя батальёны,
атрады Чырвонай Арміі стойка абаранялі горад ад насядаўшых белагвардзейскіх
банд. Чатыры дні пераможна змагаліся інгушы. Арджанікідзэ перабраўся са сваім
штабам да інгушоў у Базоркіна, каб непасрэдна кіраваць баямі. Фронт праходзіў у
150 кроках ад таго месца, дзе Арджанікідзэ разьмясьціў свой штаб.
Але сіла была на баку белых, і Ўладзікаўказ прыйшлося пакінуць.
Уладзікаўкаская група камуністаў, на чале з Арджанікідзэ рашыла накіравацца
ўглыб гор.
Толькі ў пачатку чэрвеня 1919 г. Арджанікідзэ праз Хеўсурэцію і Душэт
прабраўся нелегальна ў Тбілісі.
Гэта быў адзіны шлях, якім Арджанікідзэ мог папасьці ў Маскву, калі б
яму ўдалося прабрацца праз контррэвалюцыйнае Закаўказьзе і Касьпійскае мора,
дзе гаспадарылі англічане.
Сярго Арджанікідзе разам з тбіліскімі бальшавікамі намеціў шляхі
далейшай барацьбы супроць контррэвалюцыйнага меншавіцкага ўрада. У Баку ў
сувязі з прыездам Арджанікідзе была назначана шырокая партыйная нарада
закаўкаскіх камуністычных арганізацый.
Пасьля нарады Арджанікідзэ адправіўся ў Маскву адзіна магчымым тады, але
незвычайным шляхам — на рыбалоўнай паруснай лодцы праз Касьпійскае мора. У
ліпені 1919 г. Арджанікідзэ быў назначан членам Рэўваенсавета XVI арміі
заходняга фронту.
Праціўнік ішоў на сталіцу Беларусі — Менск. Выясьніць сапраўднае
становішча на фронце было надзвычай цяжка, таму што разьведкі раскіданых
часьцей Чырвонай Арміі давалі супярэчлівыя паведамленьні аб разьмяшчэньні
праціўніка. І вось у цёмную ноч Арджанікідзэ, разам з членамі Барысаўскага павятовага
рэўкаму і дзесяткам чырвонаармейцаў, з вінтоўкай у руках адпраўляецца ў пешую
разьведку да Барысава. Разьведчыкі пранікаюць глыбока ў тыл белапалякаў,
дайшоўшы амаль да прадмесьця Барысава, устанаўляюць колькаснасьць сіл
праціўніка, яго разьмяшчэньне. Праз два дні Барысаў узяты часьцямі Чырвонай
Арміі.
На
заходнім фронце Арджанікідзэ прабыў каля трох месяцаў. У кастрычніку 1919 г.
партыя і ўрад перакінулі яго на фронт супроць Дзянікіна.
Ён
быў назначан членам Рэўваенсавета XIV арміі. На паўднёвы фронт ён па
распараджэньню таварыша Сталіна прывёў з заходняга фронту Латыскую дывізію.
Неабходна было дабіцца рашучага пералому на фронце.
20
кастрычніка ўдарная група (3-я брыгада Латыскай дывізіі, часьці 9-й і Эстонскай
дывізіі) з боем заняла Арол На чале гэтых часьцей быў Арджанікідзэ.
У
пачатку лютага 1920 г. пастановай ЦК РКП(б) ствараецца Партыйнае Бюро па
аднаўленьню савецкай улады на Паўночным Каўказе. Старшынёй бюро назначаецца
Сярго Арджанікідзе.
У
ноч з 27 на 28 красавіка мусаватысцкі ўрад у Азэрбайджане быў зрынуты.
Азэрбайджанскі рэўкам, які ўтварыўся, заклікаў Чырвоную Армію. 28 красавіка ў 4
гадзіны дня чырвоныя эшалёны ўвайшлі ў пралетарскі Баку. 30 красавіка
Арджанікідзэ разам з Кіравым і Левандоўскім прыбылі ў вызваленую цытадэль
закаўкаскага бальшавізму. Роля Арджанікідзэ ў гэтай барацьбе за савецкі
Азэрбайджан коратка, але вычарпальна ацэнена таварышам Сталіным на прыёме
азэрбайджанскай дэлегацыі ў Крамлі 21 студзеня 1936 г. Таварыш Сталін вітаў
паяўленьне Арджанікідзэ на трыбуне наступнымі словамі:
“Прывітаньне вызваліцелю Азэрбайджана! Ён першы: ўвайшоў у Азэрбайджан!”
25
лютага 1921 г. сталіца Грузіі стала савецкай. Тэлеграма, адпраўленая
Арджанікідзэ Леніну і Сталіну, гаварыла:
«Разьвяваецца над Тыфлісам чырвоны сьцяг Савецкай улады. Няхай жыве
Савецкая Грузія!”
У
дні, калі Арджанікідзэ дабіваў контррэвалюцыю ў Грузіі, X зьезд РКП(б), які
засядаў у Маскве, завочна выбраў яго членам ЦК РКП(б).
Пастановай ад 19 мая 1921 г. Прэзыдыюм ВЦВК узнагародзіў Сярго
Арджанікідзэ ордэнам баявога Чырвонага сьцягу.
У
складанейшай абстаноўцы Сярго Арджанікідзэ прыйшлося наладжваць у Закаўказьзі
савецкую ўладу. Трэба было пачынаць з умацаваньня партыйнай арганізацыі,
пранізаць яе работу духам пралетарскага інтэрнацыяналізму: У аб’яднаным пад
савецкім сьцягам Закаўказьзі Арджанікідзэ разгарнуў свае здольнасьці буйнейшага
партыйнага арганізатара і кіраўніка бальшавіцкай партыі.
2ілістапада 1921 г. Каўбюро ЦК РКП(б), якое засядала ў Баку з удзелам
членаў кіруючых партыйных органаў Баку і Азэрбайджана і членаў цэнтральных
камітэтаў кампартый Грузіі і Армэніі, прыняло рашэньне аб арганізацыі Саюзнага
савета Закаўказьзя.
23
студзеня 1922 г. адкрыўся першы легальны зьезд камуністычнай партыі Грузіі.
Кіраўніцтва Арджанікідзэ забясьпечыла перамогу на зьезьдзе ленінска-сталінскай
лініі.
Першы зьезд закаўкаскіх камуністычных арганізацый, які адбыўся неўзабаве
(18-22 лютага 1922 г.), на якім Арджанікідзэ выступіў з палітычнай справаздачай
аб рабоце Каўбюро, быў дэманстрацыяй сапраўднага адзінства і бальшавіцкай
маналітнасьці асноўнага ядра кампартый Закаўказьзя; вакол ленінскага ЦК.
У
сакавіку - красавіку тав. Арджанікідзэ прымае ўдзел у работах XI зьезда РКП(б),
на якім ён быў выбраны у члены ЦК. У члены Цэнтральнага камітэта ён выбіраецца
на XII, XIІІ і XIV партыйных зьездах.
На
XIV партыйным зьезьдзе Сярго Арджанікідзэ сакрушальна абрушваецца на здраднікаў
і прадажнікаў сацыялізму Зіноўева і Каменева; у прамове на XIV зьезьдзе ён
бязьлітасна выкрывае так званую “новую апазыцыю”, якая не грэбуе ніякімі
сродкамі, каб узарваць ленінска-сталінскае кіраўніцтва партыі.
Пасьля XIV зьезда Арджанікідзе варочаецца ў Закаўказьзе на параўнальна
кароткі час. У 20-х чыслах верасьня 1926 г. ён быў накіраваны ЦК ВКП(б) на
Паўночны. Каўказ, дзе некаторы час працаваў першым сакратаром
Паўночнакаўкаскага крайкаму ВКП(б).
3
лістапада 1926 г. аб’яднаны пленум ЦК і ЦКК выбірае Сярго Арджанікідзе
старшынёй Цэнтральнай кантрольнай камісіі. Пастановай Прэзыдыюма ЦВК СССР ён назначаецца
наркамам Рабоча-сялянскай інспэкцыі і намесьнікам старшыні СНК СССР.
Сярго Арджанікідзэ ўзначаліў ЦКК - РСІ ў адзін з цяжэйшых пэрыядаў
разьвіцьця рэвалюцыі, у пэрыяд, калі разгортвалася падрыхтоўка да пераходу ад
аднаўленьня народнай гаспадаркі да яе рэканструкцыі на новай тэхнічнай базе у
пэрыяд, калі аформіўшыйся трацкісцка-зіноўеўскі блёк ужо перайшоў да адкрытых
контррэвалюцыйных мэтадаў барацьбы супроць партыі і савецкай улады.
На
XV зьезьдзе партыі Арджанікідзэ, выступаючы з дакладам аб рабоце ЦКК - РСІ,
гаварыў:
“Апазыцыя лічыла, што ЦКК павінна быць без усякай палітычнай фізіяноміі
і, як дрэнная свацьця, павінна бегаць ад аднаго да другога, каб як-небудзь
дабіцца прымірэньня. Мы лічым, што перш за ўсё ты павінен быць бальшавіком,
ленінцам, а потым можаш быць членам ЦКК, членам ЦК, раённага камітэта, ячэйкі і
г. д. Мы лічым, што перш за ўсё трэба быць бальшавіком, а апазыцыя патрабавала
ад нас, членаў ЦКК, перастаць быць бальшавікамі”.
Неўзабаве пасьля разгрому блёка трацкісцка-зіноўеўскіх рэстаўратараў
капіталізму падняла галаву правая апазыцыя, якая ўзначальвалася Бухарыным,
Томскім і Рыкавым. У сваёй барацьбе супроць партыі правыя адшчапенцы змыкаліся
з трацкістамі, дагаварваючыся з імі аб аб’яднаньні ўсіх контррэвалюцыйных сіл
для барацьбы супроць партыі, супроць ЦК і таварыша Сталіна.
“Барацьба супроць таварыша Сталіна, — гаварыў Арджанікідзе на XVI
партыйным зьезьдзе, — была барацьбой супроць генэральнай лініі ленінскага ЦК
нашай партыі. Партыя пайшла за сваім ЦК. Партыя ў асобе таварыша Сталіна бачыць
стойкага абаронца генэральнай лініі партыі і лепшага вучня Ўладзіміра Ільіча. І
па гэтаму наша партыя і рабочы кляс зусім правільна атоесамляюць таварыша
Сталіна з генэральнай лініяй нашай партыі, якая вядзе СССР ад перамогі да
перамог...”
Наркамат РСІ правёў агромістую барацьбу супроць бюракратызму, коснасьці,
рутыны і валакіты ў дзяржаўным апараце.
Адной з галоўных заслуг Арджанікідзэ, як наркаму РСІ быў паварот гэтага
органа тварам да гаспадаркі. Арджанікідзэ сам дэталёва вывучаў усе пытаньні
прамысловага будаўніцтва, пачынаючы ад капітальнага будаўніцтва і асваеньня
новабудоўляў і канчаючы арганізацыяй самога працэсу вытворчасьці на ўсіх яго
рашаючых этапах.
Арджанікідзэ пастаянна заклікаў гаспадарнікаў пранізаць усю сваю работу
бальшавіцкай партыйнасьцю, расшыраць самакрытыку, разьвіваючы масавую
ініцыятыву рабочых. Ён не раз паўтараў, што толькі пры гэтых умовах яны змогуць
працаваць з посьпехам і дабіцца перамог.
10
лістапада 1930 г. Арджанікідзэ быў назначан старшынёй Вышэйшага савета народнай
гаспадаркі СССР. Рашэньнем аб’яднанага пленума ЦК і ЦКК ВКП(б), які адбыўся
17-21 сьнежня, ён быў уведзены ў члены Палітбюро ЦК ВКП(б).
1929-30-31 гады былі гадамі закладкі фундамэнту сацыялістычнай эканомікі.
Будаваліся Магнітка і Кузнецк, аўтазаводы ў Горкім і Маскве, Уралмаш і
Краматорскі, трактарныя заводы ў Сталінградзе, Харкаве, Чэлябінску, сотні
індустрыяльных крэпасьцей сацыялізму.
Разгарнулася вялікая барацьба за будаўніцтва цяжкой прамысловасьці.
Сярго Арджанікідзэ ўзяўся за справу з уласьцівым яму рэвалюцыйным уздымам і
бальшавіцкай энэргіяй. Трэба было зламаць рутыну і коснасьць многіх работнікаў,
якія прывыклі да старых тэмпаў. да старых мэтадаў работы, трэба было
па-бальшавіцку узяцца за арганізацыю і выхаваньне кадраў.
Камандарм сацыялістычнай прамысловасьці кіраваў прамысловасьцю не толькі
са сваёй баявой вышкі, але і непасрэдна на пазыцыях фронту — у цэхах, на
паасобных участках будоўляў.
Сталінград, Горкі, Ленінград, Харкаў, Сталіна, Краматорск, Каменскае,
Днепрапятроўск, Запарожжа, Енакіева, Марывупаль, Варашылаўск, Магнітагорск,
Чэлябінск, Сталінск, Пракоп’еўск, Кемерава, Новасыбірск, Сьвярдлоўск, Ніжні
Тагіл, Перм, Грозны, Баку, Кічкас, Бобрыкі, Макееўка, Луганск, Крывы Рог, Беразьнякі,
Салікамск — вось далёка не поўны пералік індустрыяльных ачагоў, якія
неаднаразова аб’яжджаў Сярго Арджанікідзэ.
У
студзені 1935 г. Сярго Арджанікідзэ выступіў са справаздачным дакладам аб
становішчы цяжкой прамысловасьці на VII Усесаюзным зьезьдзе саветаў. Даклад
Сярго Арджанікідзэ на зьезьдзе быў адлюстраваньнем сапраўдных перамог індустрыі
сацыялізму.
VII зьезд саветаў прыняў знамянальную рэзалюцыю:
“Заслухаўшы і абмеркаваўшы справаздачны даклад народнага камісара цяжкой
прамысловасьці тав. Арджанікідзэ Г. К., VII зьезд Саветаў Саюза пастанаўляе:
1.
Прызнаць работу Народнага камісарыята цяжкой прамысловасьці цалкам
задавальняючай.
2.
Запрапанаваць Прэзыдыюму Цэнтральнага выканаўчага камітэта Саюза ССР
абмеркаваць пытаньне аб магчымасьці узнагароджаньня найбольш адзначыўшыхся
работнікаў цяжкай прамысловасьці”.
У
пастанове ЦВК СССР ад 22 сакавіка сказана:
“За перавыкананьне вытворчай праграмы 1934 г. па Народнаму камісарыяту
цяжкай прамысловасьці Саюза ССР і дасягнутыя посьпехі у справе арганізацыі
вытворчасьці і авалоданьня тэхнікай Цэнтральны выканаўчы камітэт Саюза ССР
пастанаўляе:
узнагародзіць ордэнам Леніна народнага камісара цяжкай прамысловасьці
тав. Арджанікідзэ Грыгорыя Канстанцінавіча”.
У
гады другой пяцігодкі Сярго Арджанікідзэ нястомна працуе над вырашэньнем
праблем асваеньня новай тэхнікі, арганізацыі навукова-дасьледчай работы,
рэнтабэльнасьці, якасьці прадукцыі, каапэраваньня заводаў, уздыму культуры
вытворчасьці і выхаваньня новых кадраў. Ён глыбока адчувае, што ўпершыню ў
сусьветнай гісторыі разьняволеныя прадукцыйныя сілы павінны даць народу
велізарныя даброты. Сваім дапытлівым розумам ён шукае ўсё новыя мэтады і
спосабы, як яшчэ больш і больш павялічыць вытворчасьць, каб краіна быстрэй
багацела, каб па-сталінску змагацца за працьвітаньне нашай радзімы.
Арджанікідзэ адразу ацаніў вялікае значэньне справы, пачатай Стаханавым.
У тэлеграме на імя сакратара Данецкага абкаму партыі Саркісава ён пісаў, што
рэкорды герояў вугальнага Данбаса — Стаханава, Дзюканава, Канцэдалава і іншых
апракідваюць усе старыя ўяўленьні аб нормах выпрацоўкі забойшчыка і зьяўляюцца
бліскучым доказам таго, “якія агромныя магчымасьці мы маем і як адсталі ад
жыцьця тыя гора-кіраўнікі, якія толькі шукаюць аб’ектыўных прычын для апраўданьня
сваёй дрэннай работы, дрэннага кіраўніцтва”.
У
студзені 1936 г. Цэнтральны выканаўчы камітэт Саюза ССР узнагародзіў тав.
Арджанікідзэ ордэнам Працоўнага Чырвонага сьцягу “за перавыкананьне вытворчага
пляна 1935 г., за посьпехі ў справе асваеньня новай тэхнікі і ініцыятыву ў
разьвіцьці стаханаўскага руху”.
Непасрэдна з іменем Сярго Арджанікідзэ зьвязана другая выдатная зьява
савецкай рэчаіснасьці — рух жонак інжынэрна-тэхнічных работнікаў і
гаспадарнікаў.
28
кастрычніка 1936 г. Сярго Арджанікідзэ скончылася 50 год. Уся Савецкая краіна
сьвяткавала гэты юбілей, як усенародную ўрачыстасьць. Тысячы прывітаньняў з
самых розных куткоў Савецкага Саюза ад рабочых, служачых, калгасьнікаў, людзей
навукі і тэхнікі, вучнёўскай моладзі і чырвонаармейцаў, партыйных і непартыйных
бальшавікоў атрымаў у дзень свайго 50-годзьдзя любімец, адзін з буйнейшых
кіраўнікоў савецкага народу і бальшавіцкай партыі — Сярго Арджанікідзэ.
З
вялікім жалем працоўныя нашай краіны сустракаюць сёньня сумную вестку аб сьмерці
таварыша Сярго Арджанікідзэ. Каму з савецкіх людзей не дорага гэтае імя! Хто не
ведаў гэтага бясстрашнага рэвалюцыянэра, чалавека сталінскай загартоўкі,
цудоўнага таварыша і цьвёрдага, выпрабаванага кіраўніка, які не схіляўся ні
перад якімі цяжкасьцямі, які нёс заўсёды, усё сваё жыцьцё з горда паднятай
галавой сьцяг бальшавізму. Для яго не было нічога вышэй, чым абавязак перад
партыяй, яму не было нічога даражэй, чым інтарэсы нашай радзімы, справа
пралетарскай рэвалюцыі, справа камунізму.
Беззапаветная, гераічная, самаадданая барацьба Сярго за справу партыі,
за перамогу пралетарскай рэвалюцыі, за пабудову сацыялізму ў СССР, за перамогу
сусьветнай рэвалюцыі, вобраз яго будзе натхняць усіх працоўных Савецкай краіны
і ўсяго сьвету на новыя подзьвігі, на далейшую барацьбу за таржаство ідэй
камунізму. Над труной любімага свайго друга, таварыша і кіраўніка — Сярго
Арджанікідзэ працоўныя СССР дадуць клятву яшчэ больш беззапаветна і самааддана
змагацца за справу сацыялізму, якой ён прысьвяціў і аддаў сваё прыгожае,
гераічнае, поўнае подзьвігу і доблесьці жыцьцё.
УРАДАВАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ
18
лютага ў 17 гадзін 30 мінут у Маскве, у сябе на кватэры ў Крамлі, ад паралічу
сэрца раптоўна памёр народны камісар цяжкай прамысловасьці, член Палітбюро
Цэнтральнага Камітэта ВКП (бальшавікоў) таварыш Грыгорый Канстанцінавіч
АРДЖАНІКІДЗЭ.
*
ПАМЯЦІ ГЕРАІЧНАГА
ЗМАГАРА ЛЕНІНСКАЙ ГВАРДЫІ
Не
стала роднага Сярго Арджанікідзэ, выдатнага бальшавіка і гераічнага змагара
старой ленінскай гвардыі, бліжэйшага саратніка і друга вялікага Сталіна. Ён
прайшоў слаўны шлях баявых перамог. Ні ссылкі, ні Шлісэльбург, ні цяжкасьці
баявых год грамадзянскай вайны не маглі зламаць яго несакрушальнай бальшавіцкай
энэргіі. Ён быў бязьлітасны ў барацьбе з ворагамі партыі і сацыялістычнай
радзімы — з праклятымі трацкістамі і іх правымі падсобнікамі. Ён быў вялікі ў
сваіх клопатах аб чалавеку, у сваёй любові да народу. Ён у сваёй рабоце
ўвасобіў сталінскі стыль кіраўніцтва, і таму ён не ведаў паражэньня.
Велізарная
і непапаўнімая страта! Вялікая жалоба народу. Але ні ценю замяшаньня, ні ценю
разгубленасьці! Тысячы і дзесяткі тысяч выхаваных ім бальшавікоў сацыялістычнай
прамысловасьці, натхнёныя яго ідэямі, давядуць яго справу да канца. Цясьней
згуртуем свае рады вакол партыі Леніна - Сталіна!
Вечная слава Сярго Арджанікідзэ!
Агульны сход савецкіх пісьменьнікаў БССР
*
Андрэй Александровіч
НОЧ У РАЗЬВЕДЦЫ
Галасілі хвалі зьверам,
Раскідалі гнеўны гул.
Выплыў месяц з хмары шэрай
Стаў з байцамі ў каравул.
Ноч напоена пагрозай,
Кулі
сыплюцца, як град.
Засьцілалася Бяроза
Чорным дымам ад гармат.
I зямля
стагнала горам:
Недабіты гойсаў пан.
Чуў я плач дзяцей Дукоры
Над магілай партызан.
Курганы Напалеона
Сталі гнёздамі акоп.
Ноч ахутвала заслонай
Беларускі Перакоп.
Пад Барысавым палонным,
За Бярозаю ракой,
Войска
арміі Чырвонай
Сабірала сілы ў бой.
—Ледзь над лесам сонца ўзыйдзе
Фронт
прарваць, нанёсшы ўдар, —
Вырашаў Арджанікідзэ
Палкаводзец-камісар.
Ноч расой
паіла кветкі
Над ракой туман стаяў.
Рапарт пятае разьведкі
У гэту ноч Сярго прымаў.
Як дазор, дубы-сталеткі
Засланялі грамаду.
І сказаў Сярго: „У разведку
Сам, таварышы, пайду!“
І таемна, ў непрыкметку,
Цераз брод і шыр балот.
Вёў Сярго атрад разьведкі
Тылам ворага ў абход.
За балотам — лес без краю.
I бяскрайняя імгла.
За вярстой вярста мінае,
Ноч густая, што смала.
Пад
нагамі гольле хрушчыць,
Гоман хвой кладзецца ніц.
Узьлёт агню гармат над пушчай,
Як
трывожны ўзьлёт зарніц.
Шлях расчысьціў куляй меткай,
Вёў атрад у стоме сіл.
Дваццаць
вёрст прайшоў разьведкай,
Дваццаць вёрст зайшоў у тыл.
На дапрос за трэцім — сьледам
I
чацьверты ўзяты пан.
Ад паноў Сярго разьведаў,
Пра апошні польскі плян.
З
думкай дум сваіх, з развагай
Ён, схаваўшыся, ляжаў.
Беларускіх смачных ягад
Першы раз
пакаштаваў.
Дзень мінуў... Паўзуць сапёры.
На ваду кладуць масты.
Будзе бой! І
нават зоры
Гасяць бляск свой залаты!
Знаў Сярго сакрэт нядарам,
Полк байцоў адвёў
тайком.
І прарваўшы фронт ударам,
Закідаў ліхім агнём.
І ў атаку — на палякаў,
На акоп — штыкамі ў лоб.
Стальлю бралі, вызвалялі
Беларускі Перакоп!
Сонца рукі працягнула
Баявым сынам зямлі.
Поле радасна ўздыхнула,
Ветла сосны загулі.
Праз Барысаў гордым маршам,
Перамогай праз Мазыр —
Наш
паход, паход бясстрашных,
Нёс свабоду, шчасьце, мір...
Пераможцам на сустрэчу
Бег
народ з усіх канцоў.
Апускаўся ціхі вечар,
Славіў стомленых байцоў.
*
Аляксандр Пракоф’еў
У ВЯКАХ
Для цяжкога й жорсткага ўдара
Паднялася
сьмерці лютае рука;
I яна скасіла камандарма,
Ды жыве ён ў славе легендарнай
І такім ды будзе
ён ў вяках!
Тым, каго любілі нашы сёлы,
Гарады, нізіны і сады:
Сьмелым, гордым, агнявым, вясёлым,
Маладым ў калёнах маладых!
Тым Сярго, што імя не забудзе
Край увесь ў струменях заравых.
Так, яно такім навекі будзе:
Баявым ў калёнах баявых!
Сэрцы нашы воляю адзінай
Перапоўнены, агнём гараць.
Дык схілі сьцягі свае, радзіма
Над магілай друга, змагара.
Пераклаў Анатоль
Астрэйка
*
Тайжан (Казахскі народны пявец)
ЛЮБІМАМУ СЯРГО
Воўк
хадзіў па стэпах маіх,
Ваўкалакі хадзілі па іх.
Карагайнік (1) рос на маіх палях,
Неўраджайнай была
зямля.
Гасьцілі
на ёй сьпёка, пурга,
Воран,
ды стары курган.
На целе
насіў я жорсткі чэкмень,
У руках
насіў я цяжкі кетмень (2).
Дары
дарагія ў зямлі я шукаў,
Тагды я
зямлю як магілу капаў.
Была яна
цяжкай, да змогі, да небыцьця —
Дарога
майго жыцця.
Аднойчы
прачнуўся і я ад цяжкага сну,
І бачу:
Тайжан сустракае вясну.
I яснае
сонца Тайжану гарыць,
І
песьнямі стэп з песьняром зьвініць,
І з неба
Тулпар (3) к Тайжану ляціць.
І дзіва
— машыны к Тайжану прышлі
Камбайны
магутныя караблі
Горда
стэповым плывуць акіянам...
Хто ж
так клапоціцца ў нас пра Тайжана?
Хто ж
загадаў, каб яму Сар-Дала (4)
Нетраў
багацці свае аддала?
Хто ж
загадаў і якая сіла,
Каб Эмба
багатая нафту раскрыла?
Хто ж
загадаў, каб таемнасьць Алтая
Тайжану
раскрыла гара залатая.
Хто ж
загадаў, каб радасьць кіпела?
Хто ж загадаў каб стэп
маладзела?
Хто ж
загадаў, каб у край Джэз-Казгана
Прышлі
інжынэрамі ўнукі Тайжана?
Хто ж
загадаў, каб ў балхашскія воды
Лебедзі
шчасьця плылі параходы?
Знае
Тайжан чалавека таго —
Імя яму
— любімы Сярго,
Ў сталёвую броню адзеў мой народ,
І ў
стэпах узрос за заводам завод,
І
песьняй магутных фабрычных гудкоў
Разьбіта
няволя мінулых вякоў.
Знае
Тайжан чалавека таго
Імя яму
— любімы Сярго
Сталіна
друг ён, бацькі майго.
Настаўніка лепшы і верны друг,
Табе я,
як сэрца, настроіў дамбру.
1) Карагайнік — сарняк.
2) Кетмень — род матыгі.
3) Тулпар — легендарны конь.
4) Сар-Дала — жоўтая пустыня.
Пераклаў
М. Хведаровіч
*
ПЕСЬНЯ ПРА
СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЭ
(запісана ў
Чачэнскім ауле Гэхэ, летам 1936 г.)
Як горды леў
зьбірае сваіх дзетак малых,
Калі на
вяршынях горных падымаецца бура
Так і ты
прыйшоў к нам на дапамогу
Арджанікідзэ,
Калі па нашай
зямлі
Разьліўся
агонь вайны.
Як бясстрашны
арол
Што крыліць
над пераваламі,
Зоркім
вокам ён сочыць,
Каб ворага
адшукаць,
Так і ты,
Залатакрылы
наш Арджанікідзэ,
Ахоўваў чачэнскія
сёлы
Ад лютай бяды
Магутнымі
ўзмахамі крыл.
Як на
сьвітанку віхор
Трасе
аддалёныя скалы,
Так па зямлі чачэнскай
Разьнёсься
твой мудры кліч,
I прачнуліся
народы,
I зброю ўзялі
За справу
нашай праўды,
За чырвоны
сьцяг перамог.
Ты навучыў
нас бачыць,
Твой кліч і
дасюль нам чутны,
Лепшы
паплечнік Сталіна
Нястомны,
наш любы друг!
I тысячы слоў
сыновых
На мове нашай
чачэнскай
Мы для цябе
ўзгадавалі
У гордых
сэрцах сваіх,
Ды ўсё ж, нам
не скласьці песьні
Вартай
Тваіх
Спраў.
Пераклаў М. Хведаровіч
/Полымя Рэволюцыі. Кн. 2. Менск. 1937. С. 5-12./
ГЕРАІЧНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
(З біяграфіі
т. Арджанікідзэ)
Грыгорый Канстанцінавіч Арджанікідзэ нарадзіўся 28 кастрычніка 1886 года
ў Заходняй Грузіі, у вёсцы Горэша.
(Партыйная клічка тав. Арджанікідзэ была — Серго. Гэтае імя засталося за
ім на ўсё жыцьцё).
Бацька тав. Арджанікідзэ быў бедным, малазямельным селянінам. Вучыцца
Сярго пачаў з сямі год. Вучыўся ён спачатку ў сваёй вёсцы ў царкоўнапрыходзкай
школе. Потым паступіў у чыгуначную школу ў Хашуры. Аднак вучыцца там доўга не
прыйшлося. Беднасьць сям‘і прымусіла Сярго кінуць вучобу і вярнуцца ў сваю
вёску.
Увосень 1900 года Сярго з дапамогай блізкіх сваякоў паехаў у г. Тбілісі
(Тыфліс) і там паступіў у фэльчарскую школу. У фэльчарскай школе вучыліся ў
пераважнасьці дзеці беднаты. Сярод іх было шмат рэвалюцыйна настроеных вучняў.
У школе тайна ствараліся бальшавіцкія гурткі. У адзін з гэтых гурткоў увайшоў і
Сярго.
У
1903 годзе Сярго ўступіў у партыю бальшавікоў.
Па
сканчэньні школы Сярго нейкі час працуе фэльчарам і праводзіць вялікую
партыйную работу. Ён езьдзіць па вёсках і мястэчках, арганізуе і вучыць рабочых
і сялян, як трэба змагацца супроць праклятага царызму.
У
1906 годзе Сярго быў арыштаваны паліцыяй за рэвалюцыйную работу. Але праз
паўгода яму ўдаецца вырвацца з царскай турмы. Сярго едзе у Тбілісі. Тут ён
упершыню сустрэўся з тав. Сталіным. Тав. Сталін працаваў у той час рэдактарам
Тбіліскай бальшавіцкай газэты.
У
1907 годзе Сярго Арджанікідзэ быў арыштаваны паліцыяй у другі раз. Царскі суд
прысудзіў Сярго на вечную ссылку ў Сыбір. Аднак тав. Арджанікідзе уцякае з
Сыбіры.
Ён
вярнуўся ў г. Баку, каб прадаўжаць рэвалюцыйную работу.
У
1910 годзе Сярго Арджанікідзэ едзе ў Парыж да тав. Леніна. Там Сярго вучыцца на
спэцыяльных курсах, арганізаваных тав. Леніным. Потым Ленін дае Сярго вельмі
важнае партыйнае даручэньне: падрыхтаваць агульнарускую партыйную канфэрэнцыю.
Сярго з посьпехам выконвае заданьне Леніна. На партыйнай канфэрэнцыі Сярго
выбіраецца ў члены ЦК партыі бальшэвікоў.
У
1912 годзе паліцыя зноў натрапіла на сьлед Сярго і арыштавала яго. Сярго быў
закаваны ў кайданы і адпраўлены на тры гады ў турму, пасьля чаго зноў быў
сасланы ў далёкую глухую Сыбір.
На
гэты раз толькі рэвалюцыя вырвала Сярго з царскага палону.
*
* *
Вырваўшыся з царскага палону, Сярго горача аддаецца партыйнай рабоце.
Партыя пасылае яго на самыя адказныя работы, на самыя небясьпечныя фронты
грамадзянскай вайны і ўсюды Сярго энэргічна, цьвёрда праводзіць заданьні партыі
— заданьні Леніна і Сталіна.
Сярго быў не толькі цьвёрдым бальшавіком, выдатным арганізатарам
перамог, ён быў і бясстрашным байцом, ніколі не шкадаваў свайго жыцьця для
справы рэвалюцыі. Вось адзін з шматлікіх прыкладаў геройства Сярго ў час
грамадзянскай вайны.
У
ліпені 1919 года белапалякі наступалі на сталіцу Беларусі — Менск. Сярго быў у
гэты час членам Рэвалюцыйнага ваеннага Савета XVI арміі Заходняга фронту. Наша
разьведка дае не зусім дакладныя весткі пра ворага. І вось у адну цёмную ноч
Сярго з групай чырвонаармейцаў сам ідзе ў разьведку ў г. Барысаў. Ён
прабіраецца ў лягер ворага, усё дакладна праведвае і праз два дні Чырвоная
Армія выгнала белапалякаў з г. Барысава.
Асабліва вялікую работу Сярго праводзіць па вызваленьню каўкаскіх
народаў. Тут ён працуе сумесна з другім вялікім рэвалюцыянэрам тав. Кіравым.
За
выдатныя заслугі ў барацьбе з белымі Серго атрымлівае ў 1921 годзе ордэн
баявога Чырвонага сьцягу.
* * *
Скончылася грамадзянская вайна, Сярго з ранейшай сваёй энэргіяй працуе
над умацаваньнем савецкай улады. Спачатку ён працуе ў Закаўказьзі. Потым у
Маскве на адказнай партыйнай рабоце. Сярго вядзе вялікую барацьбу з ворагамі
партыі — Троцкім, Зіноўевым і інш. Ён — верны саратнік Леніна і Сталіна.
З
1930 года Сярго Арджанікідзэ кіруе народнай гаспадаркай Савецкага саюза. Ён
увесь горача аддаецца гэтай справе. Савецкая краіна расьце і мацнее з кожным
днём. На палях паяўляюцца сотні тысяч трактароў, растуць велізарныя заводы,
фабрыкі, электрастанцыі, расьце баявая магутнасьць Чырвонай Арміі. Ва ўсім
гэтым вялікая доля работы нястомнага Сярго — Народнага камісара цяжкай
прамысловасьці.
У
1934 годзе Сярго за выдатную работу і посьпехі ў галіне цяжкай прамысловасьці
ўзнагароджваецца ордэнам Леніна, а яшчэ праз два гады — ордэнам Працоўнага
Чырвонага сьцягу.
У
кастрычніку 1936 года таварышу Сярго Арджанікідзе споўнілася 50 год. Уся
савецкая краіна адзначала гэты юбілей, як усенароднае сьвята. Увесь народ шчыра
і горача любіў свайго слаўнага сына — дарагога Сярго Арджанікідзэ.
18
лютага 1937 года не стала любімага Сярго Арджанікідзэ. Савецкая краіна страціла
аднаго з сваіх лепшых людзей.
/Іскры Ільіча. Штомесячны журнал для акцябрат і вучняў
малодшых класаў. № 3. Менск. 1937. С. 1-3./
НІКОЛІ
НЕ ЗАБУДЗЕМ ЦЯБЕ, НАШ СЯРГО
Жудасная вестка абрушылася на нас, як цяжкі камень. Не верылася — няўжо
гэта праўда? Няўжо няма яго ўжо больш, мудрага кіраўніка, любімага наркома,
жыцьцярадаснага і вясёлага, як усё наша жыцьцё. Няўжо памёр ён, наш таварыш
Арджанікідзэ?
Гэта страта так велізарная, боль па ім так глыбокая, што нельга выказаць
словамі ўсё тое, што выклікала ў нас жудасная вестка аб сьмерці таварыша
Арджанікідзэ, аб сьмерці нашага Сярго.
Наш Сярго! Іменна так гаварылі аб ім усе мы — удзельніцы Усесаюзнай
нарады жонак гаспадарнікаў і ІТР цяжкай прамысловасьці.
Сотні эпізодаў з гэтай нарады, зьвязаныя са сьветлым абліччам тав.
Арджанікідзэ, назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Яго ветлівую ўсьмешку, яго
бадзёрыя словы не забудзем ніколі.
Вядомае выступленьне таварыша Сярго стала праграмай нашых дзеяньняў.
Гэта ж ён, верны ленінец, бліжэйшы саратнік вялікага, мудрага Сталіна, заклікаў
нас — хатніх гаспадынь да сапраўднага жыцьця.
Раней мы ведалі толькі сваю сям’ю, а цяпер прымаем актыўны ўдзел у
грамадзкім жыцьці і дапамагаем нашым мужам, усяму нашаму грамадзтву будаваць
шчасьлівае жыцьцё ў нашай краіне.
У
сваёй маленькай штодзённай рабоце мы імкнемся яшчэ больш упрыгожыць жыцьцё
калектыву тых заводаў, дзе працуюць нашы мужы.
Мы
сочым за работай заводзкіх сталовак і інтэрнатаў для таго, каб нашы рабочыя,
стаханаўцы і ўдарнікі сацыялістычных прадпрыемстваў жылі яшчэ культурней і
харчаваліся яшчэ лепш.
Мы
дапамагаем рабоце дзіцячых устаноў, каб дзеці рабочых сапраўды адчувалі, якое
шчасьлівае і радаснае дзяцінства маюць яны ў нашай краіне, якой кіруе геній
Сталіна.
Толькі ж нядаўна нашы інтарэсы не выходзілі за сьцены нашага дома. І
гэта ён, тав. Арджанікідзэ натхніў нас на карысную грамадзкую працу.
І
таму яшчэ глыбей наш смутак аб ім, яшчэ гарачэй нашы сьлёзы. Але плакаць не
трэба. Не таму вучыў нас Сярго. Ён гаварыў заўсёды: працаваць трэба. І мы
будзем працаваць, будзем абкружаць нашых стаханаўцаў і ўдарнікаў, нашых любых
дзяцей яшчэ большай увагай і клопатамі.
Тав. Арджанікідзэ! Ты пад кіраўніцтвам вялікіх геніяў Леніна і Сталіна
стварыў нашу цяжкую прамысловасьць! Ты дапамог нашай краіне вызваліцца ад
капіталістычнай залежнасьці! Ты зрабіў нашу абаронную прамысловасьць такой, што
капіталістычныя драпежнікі баяцца нават падыйсьці да нашых граніц.
Гэта ведае ўвесь савецкі народ, гэта добра ведаюць усе работнікі цяжкай
прамысловасьці, гэта добра ведаем і мы — жонкі іх.
І
зараз, дасылаючы табе сваё апошняе бывай, мы гаворым: будзем працаваць лепш,
актыўней, будзем цьвёрда выконваць твае наказы нам — савецкім патрыёткам.
П. I. Лоскат
I. Р. Урэцкая
/Работніца і Калгасніца Беларусі. № 4. Менск. 1937. С. 2-3./
АПОШНЯЕ РАЗЬВІТАНЬНЕ
На Красную плошчу мы з Сталіным разам
Утраты прынесьлі боль сьвежы.
У сьнежнай завеі гарэлі алмазам
— Старыя крамлёўскія вежы.
У траурных гуках народнай жалобы
Прашчаліся з прахам героя
Кагорты рабочых, байцы, хлебаробы
І племя сяброў баявое.
Лавілі прасторы прачулыя словы —
Апошні акорд
разьвітаньня.
Схіліліся нізка сьцягі і галовы
Пад громы гарматных гурчаньняў.
Сярго наш любімы, сьцяг праўды і
сілы!
Не згасьне агонь твой ніколі,
Лунаюць над намі арліныя крылы,
Глядзіць на нас зрок твой сакольлі.
Запішам мы ў сэрцы твой вобраз героя,
З твае не саступім пуціны
І рушым наперад у Сталінскім строі
На славу Савецкай краіны.
/Якуб Колас. Збор твораў у сямі тамах. Т. 2. Вершы .
Апавяданьні вершам. (1917-1952). Мінск. 1952. С. 124./
ПАМЯЦІ СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЭ
Мне вечна помняцца хвіліны,
Калі вялікая Масква
І ўся
магутная краіна
Стаялі ціха ўгалавах
Свайго любімага наркама,
І безупынна дзень пры
дні
Плылі натоўпы нерухома,
Гарэлі мірныя агні.
Так у апошнюю дарогу
Мы ўсе праводзілі свайго
Героя слаўных перамогаў,
Свайго любімага Сярго.
І ў першых кроках за труною
Ў зялёным і жывым вянцы —
Ішлі суроваю ступою
Яго саратнікі-байцы.
Калісьці так са сьцягам волі
За ім праходзілі яны
Шляхі
суровага падпольля
І грамадзянскае вайны.
Ні сьцюжы дальняга Якуцка,
Ні
холад лютае зімы,
Ні жудасьць катаргі нялюдзкай,
Ні жахі царскае турмы
Ягонай сілы
не зламалі...
З геройствам мужнага байца
Ён быў між тымі, што паўсталі
На штурм
Зімовага дварца.
Ён гнаў няшчадна акупантаў,
У першых шэрагах ішоў,
Граміў бязьлітасныя
банды
Белагвардзейцаў і паноў.
І не забудзе Украіна,
Ні бурны Церак, ні Каўказ,
Ні Беларусь, мая краіна,
Дзе ён праславіўся не раз, .
Дзе пад Барысавам, як сьведка,
Вам кожная раскажа з хат,
Як у атаку і разьведку
Хадзіў ён просты, як
салдат.
Народа друг і сьмелы воін,
Ад самых першых, юных дзён
Не пакідаў ён поля бою
І нашых баявых калён.
Калі у верасьні уранку
На захадзе успыхнуў бой —
Ішлі збудованыя танкі
Ягонай воляй і рукой.
І вось цяпер ізноў — на ратных
Фінляндзкіх водах і палях
У залпах велічных гарматных,
Ва ўсіх снасьцях на караблях,
У дужых крыльлях самалётаў,
У кожнай кропельцы сьвінца —
Жыве ягоная работа,
Душа адважнага байца.
Не зарасьце яго дарога!..
Вякамі будзе бачыць сьвет
Ва
ўсіх баях і перамогах
Яго жывы і верны сьлед.
І не забудзе век краіна
І ўсе
працоўныя зямлі
Наркама ленінскай дружыны
І сына сталінскай сям’і.
1940 г.
/Пятро Глебка. Выбраныя творы. Мінск. 1952. С. 167-169./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz