У роднай вёсцы Беразякі. Жнівень 1973
г.
цётка
Вольга ды цётка Манька
АЎТАБІЯГРАФІЯ
Мой бацька Ласкавы Антон Іванавіч, здаецца, 1901 г. н., украінец, быў
родам з Палтаўскай губерні. Там у 1933 г. падчас голаду, справакаванага
сталіншчынай, у яго памерла сям’я і ўсе блізкія, апрача брата Пятра. Сам ён
выратаваўся толькі тым, што змог уцячы ў Гомель, дзе і пазнаёміўся з маёй маці.
На Палтаўшчыне бацька быў земляробам, у Гомелі
працаваў на цукерачнай фабрыцы “Спартак”. Адсюль у чэрвені 1941 г. ён пайшоў на
фронт і прапаў без звестак. Такім чынам, я з ім “бачыўся” толькі тады, як маці
са мной выпісалі з радзільнага дома. Маці з бацькам зарэгістраваныя не былі.
Ніякіх дакументаў бацькі, яго рэчаў не захавалася, бо наш дом у Гомелі ў вайну
згарэў. Маці пісалася “Ласкавая” і вымаўляла сваё прозвішча з націскам на
першым складзе. Мне хлапчуком гэта не падабалася, таму, пайшоўшы ў школу, я
сваё прозвішча “зрусіфікаваў”. У пасведчанні аб нараджэнні, што было выдадзена
ў Гомелі чэрвенем 1941 г., я быў запісаны пад дзявочым прозвішчам маці –
“Казлоўскі Іван”, з прочыркам у графе “па бацьку”. Гэтае пасведчанне я бачыў
малым, але яно не захавалася. Таму мне прыйшлося ўзнаўляць яго ў 15 год для
атрымання пашпарту. Да прозвішча “Ласкоў” я ўжо прывык і таму захаваў яго, хаця
і ведаў, што на самой справе я “Ласкавый”.
Маці Ласкавая /Казлоўская/ Юлія Апанасаўна нарадзілася ў вёсцы каля
станцыі Красный Берег тагачаснай Мінскай губерні ў 1909 г. У 1914 г. некалькі
сем’яў з гэтай вёскі, у асноўным крэўныя, купілі па кавалку зямлі каля вёскі
Беразякі, здаецца, Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні /цяпер Краснапольскі раён/. Зямля тут была
бедная, таму прадавалася танна /нейкім абшарнікам, нібыта з прозвішчам Стошын/
Так, калі мой прадзед на Міншчыне меў 6 дзесяцін, то тут, прадаўшы іх, ён купіў
75 дзесяцін, большай часткай балот, хмызнякоў і лесу. Тады ж адбылося
перасяленне. Зямлю прадзед падзяліў пароўну між трыма сынамі.
Адзін з іх, Апанас, быў бацькам маёй маці. Калі
пачалася вайна, дзеда Апанаса мабілізавалі ў войска. Служыў ён ці то ў
кавалерыі, ці то ў артылерыі, бо, згодна з успамінамі маці, меў шаблю. Пасля
рэвалюцыі вярнуўся дадому. Нашыя мясціны з 1917 г. заўсёды былі пад Савецкай
уладай, ані немцы, ані палякі іх не дасягалі. У 1918 г. сельсавет загадаў дзеду здаць зброю /у яго была шабля
і вінтоўка/. Дзед не згадзіўся. Тады двое людзей, пасланых сельсаветам, прыйшлі
на хутар і забілі дзеда, а адначасова і прадзеда Мацвея. Яны былі пасланыя
сакратаром сельсавета спецыяльна дзеля гэтага. Сакратаром сельсавета быў наш
далёкі родзіч, Казлоўскі Мікалай Іванавіч, які зрабіў гэта, каб адпомсціць за
нейкую нязгоду паміж продкамі /відавочна, з-за зямлі/.
Так наша бабуля Арына /згодна з паданнем, шляхцянка/ засталася без мужа
і свёкра, з чатырма малымі на руках, Гаспадарцы сваёй яна даць сама рады не
магла, таму ўзяла ў прымы маладога хлопца з суседняй вёскі, маладзейшага за
сябе, ад якога нарадзіла пяцёра дзяцей. Але гэты шлюб быў нешчаслівы, Малады
муж адкрыта здраджваў і нават стаў жыць у тым жа двары з іншай жанчынай, аб
гаспадарцы не дбаў, лупцаваў дзяцей, як ад першага мужа бабулі, так і сваіх.
Маці была старэйшай з дзяцей бабулі, ёй і даставалася найболей. Аднойчы,
здаецца, айчым ледзь не выбіў ёй вока. Тады яна літаральна збегла ў Гомель,
зусім дзяўчынкай, дзе працавала ў самых розных месцах /мабыць, найчасцей
прыбіральшчыцай/, нарэшце ўладкавалася на стала на пошце. Скончыла ў вячэрняй
школе 4-5 класаў, але пісала даволі непісьменна. Усё ж такі набыла спецыяльнасць,
стала тэлеграфісткай. Першы раз яна выйшла за нейкага Рыбчынскага, ад якога
мела двое дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку. Дзяўчынка памерла, а брат мой Леанід
Васільевіч па адукацыі аграном, цяпер жыве з дзецьмі і ўнукамі ў Шклоўскім
раёне. Пасля смерці сястры Лены Рыбчынскі з маці развёўся і да вайны плаціў
аліменты за брата; падчас вайны яго след загубіўся. За майго бацьку маці
выйшла, мусібыць, у 1940 годзе. Пасля пачатку вайны маці са мною жыла ў
акупаваным Гомелі, а брат быў у бабулі, у в. Беразякі Краснапольскага раёна.
Акупанты прымушалі маці працаваць на тэлеграфе але яна адмаўлялася, відаць,
жывучы з гарода і старых рэчаў. Аштрафавалі на 50 марак, Прадаўшы рэчы,
заплаціла, але на працу не хадзіла. Тады аштрафавалі яшчэ раз, на 100 марак.
Такіх грошай маці знайсці не магла, таму увесну 1942 г, калі ўжо краналіся рэкі
/у тым ліку Сож, які трэба было перайсці/ яна дабралася да Кармы на нейкай
грузавой машыне /за рулём быў паліцай, які на самой справе дапамагаў
партызанам/, а ад Кармы са мной на руках каля 35 кіламетраў ішла пешкі да
Беразяк.
У Беразяках у нас не было ўласнага дома.
Дзядзька Іван збіў халупу са старога пограба памерам 5 х 5 мэтраў, у гэтай
хаціне мы і жылі. Калі вайна скончылася, маці паехала ў Гомель. Горад ляжаў у
руінах, наша хата на Нова-Палескай 18, згарэла, Маці прапанавалі рабіць
тэхнічкай у школе, там далі б і нейкі прытулак. Але яна пабаялася, бо горад быў
вельмі галодны і шмат швэндала бандыцкіх хэўраў. Болей у горадзе яна не жыла.
Я навучыўся чытаць сам, без аніякай, дапамогі,
у 3 гады. Гэта была, можна сказаць, сенсацыя вясковага маштабу. Увогуле ў
дзяцінстве я паказваў унікальныя здольнасці: яшчэ не ходзячы ў школу, вывучыў
падручнік нямецкай мовы для 5 класа /тады вывучэнне замежнай мовы пачыналася з
5-га/. Калі мяне пыталіся, кім я буду, я адказваў: “Пушкіным”. Задавалі мне і
болей цяжкія пытанні: напрыклад, ці будзе вайна. Я адказваў – не будзе. Яшчэ
памятаю. што чытаў на нейкія святы ці на хаўтурах біблію на царкоўнаславянскай
мове. Пагалоска аб незвычайным хлопчыку прайшла па ўсім раёне. Нават калі мне
было больш за дваццаць год, я ехаў у Беразякі праз Краснаполле і ў чаканні
аўтобуса сеў у скверы на лаўку. Ішла міма нейкая жанчына, уважліва паглядзела
на мяне і запытала, ці я не той разумны хлопчык з Беразяк. Я збянтэжыўся і
сказаў: “Не”. Але яна мне не паверыла, усё азіралася. Зацікавіліся мной і
сякія-такія ўлады. Але дапамога давалася толькі тая, што больш цярпліва
ставіліся да нядоімак, якіх маці аніяк не магла выплаціць. Прынамсі, карову
нашу не адбіралі.
Маці
была маленькая ростам і, мабыць, не вельмі гаспадарлівая, бо большую частку
свядомага жыцця пражыла ў горадзе і не была прыстасаваная да вясковай
гаспадаркі. Да таго ж мы з баратам былі зусім малыя, брат часта хварэў. 3 мяне
таксама памочнік быў слабы, Таму з дзяцінства памятаю галоўным чынам голад і
холад. 3-за таго, што не было чаго апрануць, у школу пры тым, што ўжо даўно
чытаў, лічыў і нават складаў вершы, пайшоў 8 год. У трэцім класе агледзеў, што
не адстаю ад равеснікаў, што пайшлі вучыцца годам раней, і падаў заяву
дырэктару школы, каб мне дазволілі здаць іспыты за 4 клас, г. зн. перайсці
адразу ў пяты. Мне дазволілі з той умовай, што я здам іспыты не толькі тыя,
якія здаюць чацвёртакласнікі, але і тыя, якіх яны не здаюць - гісторыю,
геаграфію і прыродазнаўства. Я здаў усе экзамены на “5” і быў пераведзены ў пяты
клас, Гэта было ў 1952 г.
Я ў той час даволі актыўна пісаў вершы і
дасылаў іх у газету “Зорька”, бо чамусьці пісаў па-руску, хаця і гаварылі ў
нашых Беразяках па-беларуску, і школа была беларуская. Мабыць, было болей
рускіх кніг, чым беларускіх. Вершаў не друкавалі, але на лісты мае адказвалі.
Увесну 1952 г. я напісаў такі ліст: “Дарагая рэдакцыя! Я хачу перайсці з
трэцяга класа ў пяты, Што вы мне параіце? Улетку прыйшоў адказ, што рэдакцыя
гэтага не раіць, бо, вучачыся ў чацвёртым, я атрымаю больш трывалыя веды, а
занадтае напружанне можа адбіцца на маім здароўі. На гэта я адгукнуўся так:
“Дарагая рэдакцыя! На вялікі жаль, ваша парада спазнілася, у пяты клас я ўжо
перайшоў”. Ліст гэты мой меў для мяне вельмі сур’ёзныя вынікі.
Увосень 1952 г., калі я вучыўся ўжо ў пятым
класе, у Беразякі прыехала карэспандэнтка “Зорьки”, прозьвішча яе я не магу
згадаць, бо яна пазней у “Зорьке” не працавала. 3 ёй ці то прыехаў урач, ці то
прыйшоў наш мясцовы. Са мною пагутарылі, агледзелі і зрабілі выснову, што для
свайго ўзросту я занадта малы ростам, занадта худы, што мне патрабуецца
тэрмінова добрае харчаванне і медыцынскі дагляд.
Карэспандэнтка прапанавала: “Хочаш паехаць
у “Артэк”? Ведаеш, што гэта такое і дзе знаходзіцца?” Я ўжо прачытаў да гэтага
часу кнігу Е. Ільіной “Чацвёртая вышыня” /беларускі пераклад/, дзе падрабязна
апісваўся “Артэк”, і, зразумела, марыў пра яго, але мне і да галавы не
прыходзіла, што змагу пабыць там. Я ўсклікнуў: “Вядома!” Пачалі ўгаворваць маці
і ўгаварылі. Так я першы раз расстаўся з ёю.
У “Артэку” я быў дзве змены /дзве вучэбныя
чвэрці/, з лістапада 1952 да сярэдзіны сакавіка 1953 г. Тут перажыў смерць
Сталіна. Трохі падрос, пасытнеў. Тым часам
рэдактар “Зорьки” Анастасія
Феакцістаўна Мазурава не губляла мяне
з поля зроку. Увесь гэты час маю маці ўгаворвалі аддаць мяне ў дзіцячы дом, каб
я мог нармальна жыць і вучыцца.
Згода ад маці была атрымана. Вясной 1953
года мяне звазілі ў Беразякі толькі на некалькі дзён, пасля чаго адвезлі ў
Магілёў, дзе ў спец. дзіцячым доме № 1 знаходзіўся да 1958 г. Вучыўся ў СШ № 2,
якая яшчэ ў 1954 г. была беларускай. Пасля таго, як мы скончылі шосты клас
/1954/, школа стала рускай. Школу я скончыў з залатым медалём. Паступіў на
хімфак БДУ згодна з парадай
уласнага карэспандэнта “Пионерской правды” В. М. Марозава, які, працуючы ў
“Зорьке”, у 1953 г. вазіў мяне ў Беразякі. Я ўжо падаў дакументы на
журналісцкае аддзяленне філфаку, але ён, лічачы,
што з мяне ані журналіста, ані паэта не выйдзе, настояў забраць іх і падаць,
куды хочаш, толькі не на філфак. Так на нейкі час я стаў хімікам.
Увесь гэты час, калі жыў у дзіцячым доме,
вучыўся на хімфаку, я прыязджаў у Беразякі толькі на канікулы. Маці працавала ў
калгасе. У 1956 г. яна цяжка захварэла, ляжала ў раённай бальніцы. Мы з братам
/гэта было ўлетку/ самі палілі ў печы, гатавалі ежу, даглядалі гаспадарку і па
чарзе пешкі хадзілі ў Краснаполле да маці /30 кіламетраў/.
У 1962 г. брат, вучачыся ў Смальянах
/Аршанскі раён/, ажаніўся. Маці кінула хату і пераехала да брата. У верасні 1963 г., роўна праз месяц пасля
нараджэння ўнука, памерла, працуючы на гародзе, ад кровазліцця ў мозг.
У г. Дзяржынску /сталіца ўсесаюзнай хіміі/
я апынуўся згодна з размеркавання. Можна сказаць, я сам выклікаўся паехаць
туды, каб пабачыць свет. Я тады наіўна меркаваў, што на Беларусь заўсёды
патраплю, калі захачу, а Горкаўскую вобласць, калі не цяпер, то ніколі не
пабачу. З гэтага часу я на Беларусі стала не жыў і прыяжджаў не болей як на
месяц.
У Дзяржынску вельмі хутка выявілася, што
праца там не вельмі да мяне стасуецца. Працаваць даводзілася ў процігазе, а я
нашу акуляры. Нацягнуць процігаз на акуляры практычна немагчыма, а працаваць
без акуляраў я не мог.
Я ў Дзяржынску быў не адзін, з таварышам,
Мішам Калістратавым. Ён з Мінска. Потым ён таксама з Дзяржынска паехаў,
працаваў на заводзе паўправаднікоў. Узімку 1966 г. мы паехалі з ім у першы
адпачынак на Беларусь. У Мінску я дачуўся, што Саюз пісьменнікаў Беларусі
збірае групу для паступлення ў Літінстытут, на аддзяленне перакладу /група
перакладчыкаў з беларускай мовы/. Даведаўся аб умовах: некалькі соцень радкоў
перакладаў і сваіх вершаў. Сваіх у мяне ставала /была ўжо першая кніжка ў
вытворчасці/, а перакладаў не было. Вярнуўшыся ў Дзяржынск, пераклаў каля
дзесятка вершаў С. Гаўрусёва і даслаў на конкурс /потым частка гэтых перакладаў
друкавалася ў часопісе “Нёман”/.
1 чэрвеня 1966 г. я звольніўся з працы ў
Дзяржынску пасля канфлікту з начальствам. Паехаў у Мінск, жыў у інтэрнаце /хімфакаўскім/
і чакаў экзаменаў у Літінстытуце. Адначасова рыхтаваўся. Аказалася, літаральна
ўсё забыў за восем год з правілаў рускай граматыкі. Але галоўнай перашкодай да
майго паступлення ў Літінстытут ледзь не сталі не мае веды, а мае... акуляры.
Даведаўшыся, што маю слабы зрок, прыёмная камісія ледзь не адпрэчыла мяне на
той падставе, што вучыцца яшчэ пяць год - зусім яго загубіць. Мяне выратаваў
Аляксандр Мікітавіч Уласенка, маскоўскі крытык, родам з усходняй Магілёўшчыны.
У Літінстытуце вучыўся ўсе гады на “выдатна”, атрымаў чырвоны дыплом.
У газеце “Молодежь Якутии” я працаваў з
верасня 1971 да лютага 1972 г., спачатку “улічвальнікам лістоў”, /учетчик
писем/, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі. У Якуцкім кніжным выдавецтве
/менавіта так яно завецца/ працаваў старшым рэдактарам аддзела
масава-палітычнай літаратуры з лютага 1972
г. да лета 1977 г. 3 лета 1977 г. працую ст. літ. рэдактарам часопіса “Полярная
звезда”.
Мой першы верш, надрукаваны ў “Чырвонай
Змене” ў сярэдзіне кастрычніка 1956 г., называецца “Сталь”. Гэта быў мой першы
верш, напісаны на беларускай мове, бо ўсё дзяцінства я пісаў на рускай. Гэты ж
верш я адаслаў у газету зусім свядома, спадзеючыся, што яго надрукуюць. З
публікацыяй звязаны даволі смешныя згадкі. Адказу з газеты я не атрымаў і
лічыў, што мой ліст не дайшоў. Як раптам недзе каля кастрычніцкіх святаў мяне
выклікае ў кабінет завуч дзіцячага дома і пытае: “Ты пасылаў штось у “Чырвоную
Змену”?” “Пасылаў, - кажу, - верш”. “Дык вось табе прыйшоў ганарар”. Дала
абвестку - там значылася аж 45 рублёў! /Тагачаснымі грашмі/. Я не памятаю, як
іх атрымліваў /пашпарта ж не меў/, мабыць, з дапамогай выхавацелькі, памятаю
толькі, што паслаў маці на вёску 35 рублёў, сабе пакінуўшы 10, а потым не спаў
літаральна ўсю ноч ад узрушэння. Але газету мне так і не даслалі! Паступіўшы ў
1958 г. на хімфак, узяў падшыўку “Чырвонай Змены” ў бібліятэцы і доўга гартаў
яе, але так і не знайшоў свайго верша. Тады я вырашыў, што верш не надрукаваны,
а ганарар я атрымаў памылкай.
Праз нейкі час я стаў наведваць
літаб’яднанне ў “Чырвонай змене”. Кіраваў ім нябожчык Іван Іванавіч Калеснік.
Пра публікацыю “Сталі” я яму не казаў, паказваў новыя вершы. Ён да мяне
ставіўся добра, друкаваў. Неяк я выцяг са свайго “архіва” “Сталь”. Верш мне
здаўся занадта доўгім, рытарычным. Я яго вырашыў дапрацаваць: парэзаў, зрабіў
новую кампаноўку. Але першыя радкі засталіся ранейшымі:
Бывае
і сталь вельмі крохкай,
І
нават зламаць яе лёгка,
Яе
трэба доўга каваць,
Яе
трэба загартаваць.
І
моладзь, пакуль гартаванне
Яе не
даткнуцца рукі,
Не
будзе гатовай к змаганню,
Не
ўзніме, як трэба, штыкі.
Новую варыяцыю панёс Калесніку. Прачытаўшы
верш, Іван Іванавіч аж
затросся: “Плагіятар! Глядзіце, гэта плагіятар!” “Што вы, пакрыўдзіўся я, -
гэта мой верш, я яго пісаў”, “Ты яго не пісаў, я яго друкаваў у “Чырвонай
Змене” яшчэ тры гады назад!” Так я ўпэўніўся, што “Сталь” была надрукаваная,
але і пасля не мог знайсці яе ў падшыўцы. Чаму? Не ведаю. Надрукаваны ён
сапраўды, бо ў спісе маіх публікацый, дасланым з Вашага Інстытута, гэты верш
значыцца, з датай надрукавання /не памятаю дакладна, якой/. Я растлумачыў
Калесніку, што друкаваў ён мой верш, а цяпер я яго проста дапрацаваў. Але ён
доўга не мог супакоіцца і пазіраў на мяне з недаверам.. Пасля, калі я вучыўся ў
Літінстытуце, ён побач вучыўся на Вышэйшых ЛІтаратурных курсах. Мы сустракаліся
і часам згадвалі тую гісторыю - са смехам.
У Літаратурным інстытуце я вучыўся на
семінары паэтычнага перакладу /кіраўнік Л. А. Озераў/. Разам са мной вучыліся
Л. Філімонава, С. Басуматрава, А. Кабаковіч. Усе яны тады пісалі па-руску,
потым, можа, і не без уплыву майго прыкладу, вярнуліся да роднай. Р. Баравікова
і ў Інстытуце пісала па-беларуску. Я вярнуўся да роднай мовы пасля трэцяга
курса. В. Ігнаценка і В. Бараноўскі, што таксама вучыліся з намі, неяк загаслі.
Але я яшчэ прыязджаў у Беразякі, у 1973
годзе з жонкай, у 1981 годзе з сынам, спыняючыся ў блізкіх сяброў. У 1984 годзе
брат вярнуўся ў Беразякі. Увосень таго ж года я прывёз да яго старэйшага сына,
які вучыўся ў мясцовай школе усю зіму і скончыў тут дзевяты клас. Гэта быў
апошні раз, калі я быў у Беразяках, бо па сына ездзіла летам 1985 года жонка.
Чарнобыльская навала – гэта мая трагедыя,
як і ўсіх жыхароў Краснапольшчыны. Мне страшна думаць, што апусцее ўвесь мой
раён, што ніколі ўжо не пайду па сваіх лясных сцежках. Брат ужо пераехаў у
Шклоўскі раён, каб ратаваць малодшую дачку, якая пачала сохнуць з-за радыяцыі.
Беразякі дажываюць апошнія гады, адсяленне ўжо запланавана.
Якуцк. 1990 г.
/Адзначым, што
для дадзенай публікацыі “Аўтабіяграфія” была скампанаваная з 3-х розных
машынапісных варыянтаў./
Чырвоная
Змена. 14. 10. 1956.
ЛАСКОЎ I. А.
Ф.410. Воп. 1, 104 адз. зах., 839
дакумэнтаў, 1961-1994 гг., асобн. дак. 1995-1996 гг.
Ласкоў Іван Антонавіч (1941-1994) — паэт,
празаік, перакладчык, крытык. Жыў у Якуціі (Расія)
Рукапісы I. А.
Ласкова. Падборка паэм і вершаў да мяркуемага зб-ка «Кніга блуканьняў»
[пач. 1990-х], паэмы “Кульга” (1964-1989), “Хромец” — “Кульга” (1964-1988),
“Тамерлан” [1968], вершы (1961-1990), аповесьці “Пішчальнікі не пішчаць
(Стралецкая быліна)” (1981-1982), “Туман” [1985-1989], “Чорт ведае што”
(1986-1989), апавяданьні [1977-1979], нарыс “Имена указывают путь (Ономастический
детектив)” (1989), падборка артыкулаў да мяркуемага зб-ка “Летапісная Літва:
сваяцтва і лёс. Кніга-пошук” [1993], артыкулы (1988-1993), рэцэнзіі (1984,
1989), выступленьне на VIII зьезьдзе пісьменьнікаў Якуціі пра выданьне кнігі В.
Серашэўскага “Якуты”, пераклад вершаў К. Туярскага з
[якуцк.] м., пераклад цыкла вершаў М. Калачынскага з беларус. м. (1969), вершы
I. А. Ласкова ў перакладзе М. Шынкевіча [пач. 1970].
Пісьмы I. А.
Ласкова: Т. I. Адамовічу 71 (1965-1990), А. А. Баркоўскаму 14
(1990-1994), С. I. Грахоўскаму 6 (1985-1993), А. П. Грыцкевічу (1992), А. М.
Карлюкевічу 4 (1991-1993), С. М. Клімковіч 20 (1991-1994), Л. М. Лычу (1991),
А. Ф. Мазуравай 3 (1991-1992), А. I. Мальдзісу 3 (1991-1992), М. В. Шуканаву 2
(1992, 1993), Б. Данілюку (1991), Л. Вабу
(1991), В. Валантэюсу 3 (1991-1992), В. Д. Аскоцкаму (1989), П. П. Дудачкіну 4
(1987-1991), М. С. Міхалёвай 6 (1991-1992), да родных 7 (1991-1992),
нявызначаным асобам 11 (1991-1992). Усяго 47 адр.
Пісьмы I. А.
Ласкова ва ўстановы: выд-вы “Мастацкая літаратура” 2 (1987, 1992),
“Советский писатель” 7 (1986-1988), “Юнацтва” (1984), рэд-ый час. “Полымя” 13
(1986-1992), газэт — “Звязда” 4 (1991-1994), “ЛіМ” 9 (1988-1993), “Чырвоная
зьмена» (1991) і інш.
Пісьмы да I. А. Ласкова: Т. I. Адамовіча 18
(1965-1990), А. А. Баркоўскага 38 (1988-1994), Я. Брыля 3 (1985-1986), А. I.
Вярцінскага 2 (1985, 1989), Н. С. Гілевіча 2 (1988), С. I. Грахоўскага 20
(1982-1991), А. М. Карлюкевіча 20 (1990-1993), Г. А. Каханоўскага 4 (1987), С.
М. Клімковіч 11 (1992-1994), С. С. Панізніка (1990), Л. I. Пранчака 2 (1989),
М. Танка 2 (1986,1990), М. В. Шуканава 7 (1988-1993), В. Д. Аскоцкага 2
(1984-1988), П. П. Дудачкіна 20 (1981-1991), П. К. Конкіна 12 (1988-1991), В.
П. Мекумянава 2 (1985), Л. А. Озерава 4 (1979-1991), М. М. Софініадзі 7
(1985-1994), Б. А. Эстэркінай 3 (1992-1993), А. Л. Жоўціса 2 (1985, 1986), У.
Скрабатуна (1992), М. С. Міхалёвай 5 (1990-1991), родных і сяброў 98
(1971-1994). Усяго 46 кар.
Пісьмы рэд. час.
“Дружба народов” (1979), “Маладосць” 3 (1984-1991), “Полымя” 2 (1989, 1990),
“Огонек” (1989), газ. “Звязда” 2 (1990, 1992), “ЛіМ” 2 (1985,1988),
“Литературная газета” (1985) і інш., выд-ваў “Мастацкая літаратура” (1985),
“Полымя” 6 (1987-1993), “Советский писатель” 5 (1986-1989), Згуртаваньня беларусаў
сьвету “Бацькаўшчына” 2 (1991,1994), Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў 2
(1991,1992) і інш.
Дакумэнты да
біяграфіі І. І. Ласкова (1972-1994).
Водгук П.
Федарэнкі на рук. зб. апавяданьняў “Ивановы”, В. Яраца
на кнігу вершаў “Кружное лето” I. А. Ласкова — маш., выр. з газ. (1974, 1977),
артыкулы, нататка пра I. А. Ласкова — выр. з газ., ксеракоп. (1986-1996),
пісьмо С. М. Клімковіч і тэлеграма родных В. М. Гаўрыльевай (жонцы) са
спачуваньнямі (1994), перапіска В. М. Гаўрыльевай (жонкі) з Т. I. Адамовічам,
Г. В. Запартыкай пра I. А. Ласкова (1995-1996).
Дакумэнты,
сабраныя I. А. Ласковым: агульныя сшыткі з выпіскамі са слоўнікаў, кніг
М. М. Улашчыка, М. Фасмера. У. М. Тапарова і інш., запісамі, вершамі 15 [1970-я
- 1980-я], інтэрв’ю В. У Быкава “Давайте искать вместе!” — выр. з газ. (1989),
паэма С. I. Грахоўскага “Балючая памяць” — выр. з газ. (1987) і інш.
Фота I. А.
Ласкова, індывідуальныя, 5 [1970-я - 1990-я], з роднымі, 3
(1973-[1980-я]), у групе з С. Дзьяканавым, С. С. Паповым і інш., 5 (1986).
Экслібрысы I. А. Ласкова, В. М. Гаўрыльевай, выкананыя А. Герасімавым, 5
[1970-я].
/Беларускі
дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Даведнік. Вып. 2. Паступленні 1993-2009
г. Мінск. 2012. С. 120-121./
ДАВЕДКА
Іван Антонавіч Ласкоў
нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў
сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які
уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай
цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без
зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да
вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала
да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе
працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952
года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць
сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым
доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе
паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966
годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве,
які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў
у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты
“Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры
Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны
рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і
навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР.
Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у
прыгарадзе Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
У “камэнтатаркі” паўсюль панапісвана, што
такі ды такі твор Івана Ласкова друкуецца ўпершыню, але яна не паказвае з якой
крыніцы (архіва) ён узяты. Тым больш што гэткага варыянту “Аўтабіяграфіі” няма
ў архівах, бо яна скампанаваная з двух розных асобнікаў... Уражаньне такое, што камэнтатарка, як штукар, дастае іх са
свайго станіка або майткаў. Але ж Выдавецкі Дом “Беларуская Навука” не філіял
фірмы “Рага і капыты”, хаця ўсё можа быць...
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz