sobota, 17 sierpnia 2019

ЎЎЎ 1. Іван Ласкоў. Летапісная літва: сваяцтва і лёс. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2019.



    У свой чарговы прыезд на навігацыю 1989 году ў Якуцк я прывёз, як звычайна, з сабою для беларускага пісьменьніка Івана Ласкова, які стала жыў там, стос беларускіх кніг і выданьняў. Сярод іх знаходзіўся і “нефармальны” часопіс “Студэнцкая думка” [Менск. № 4. 1989.], дзе быў надрукаваны артыкул Міколы Ермаловіча. Неўзабаве ў газэце “Літаратура і мастацтва” [Мінск. 18 жніўня 1989 г. С. 12-13.] зьявіўся артыкул Івана Ласкова “Племя пяці родаў. Летапісная літва: сваяцтва і лёс”, які выклікаў вялікую зацікаўленасьць у беларускім грамадзтве. Затым на гэтую тэматыку зьявіліся артыкулы: “Имена указывают путь (Ономастический детектив)” [“Полярная звезда”. № 5. Якутск. 1989. С. 67- 85; № 6, С. 57-78. 1989.]; “Нашчадкі таямнічае літвы” [“Полымя”. № 8. Мінск. 1991. С. 204-228.]; “Много общего есть в коми и белорусском языках. Белорусский писатель Иван Ласков высказывает свою гипотезу” [“Вечерний Сыктывкар” 17 июля 1991. Сыктывкар. С. 3.]; “Сквозь века и пространства” [“Усинская новь” 10 августа, 13 августа 1991. Усинск /Коми ССР/. С. 3.]; “Да пытання аб этнагенезе беларусаў” [“Беларусіка. Аlbaruthenica”. Кніга 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Маладзечне 19-20 жніўня 1992 г. Мінск. 1992. С. 78-84.]; “Гэта слова загадкавае “вырай”. [“Звязда”. Мінск. 28 лютага 1992. С. 2.]; “Адкуль пайшла беларуская мова”. [“Літаратура і мастацтва. Мінск. 27 сакавіка 1992. С. 14-15.] “Откуда пошел беларусский язык”. [“Набат”. Минск. № 23. С. 6; № 24. С. 6.];“З маўклівых прадонняў” [“Полымя”. № 8. Мінск. 1993. С. 239-252.]; “Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць”. [“Літаратура і мастацтва”. 7 мая 1993. Мінск. С. 14-15; 14 мая. С. 14-15.]; “Жамойцкі тупік” [“Літаратура і мастацтва”. 17 верасня 1993. Мінск. С. 14-15.; “Адкуль пайшла беларуская мова”. [“З гісторыя на “Вы”. Публіцыстычныя артыкулы. Вып. 2. Мінск. 1994. С. 298-312.]
    У верасьні 1991 г. у Якуцку, каб пазнаёміцца з тамтэйшымі беларусамі, пабываў заснавальнік ЗБС “Бацькаўшчына” сп. Яўген Лецка, які на той час працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У Якуцку Іван Ласкоў з ім дамовіўся, што ўплывовы госьць з Менску паспрыяе выданьню ягонай працы “Летапісная літва: сваяцтва і лёс” у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, на што той, пасьля некалькіх пляшак гарэлкі, згадзіўся. Напрыканцы 1993 г. /калі Іван Ласкоў ужо быў пазбаўлены працы і толькі працаваў над “літвой”/ два экзэмпляры рукапісу кнігі: “Летапісная літва: сваяцтва і лёс” былі прывезены ў Менск: адзін для Сьвятланы Клімковіч, другі для Яўгена Лецкі. Але неўзабаве Яўген Лецка сышоў з гэтага выдавецтва, кінуўшы рукапіс Івана Ласкова ў шуфлядзе стала на волю лёсу, а 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка быў знойдзены мёртвым і сам Іван Ласкоў.
    У сувязі са сьмерцю Івана Ласкова, як было заведзена ў тагачасным Саюзе пісьменьнікаў Беларусі, была заснаваная камісія па творчай спадчыне Івана Ласкова, якую ўзначаліла Сьвятлана Клімковіч /прынамсі ў гэтую камісію разам з Валянцінай Гаўрыльевай (Ласковай) ды Алесем Баркоўскім быў прызначаны і Валянцін Акудовіч./ В. Акудовіч, пазнаёміўшыся з рукапісам І. Ласкова (экзэмпляр С. Клімковіч), то ў рубрыцы “Беларуская гістарычная літаратура. Апытаньне “НН” Пяць лепшых гістарычных кніг”. /Наша ніва. Менск-Вільня. № 10. 1994. С. 8./ зрабіў містыфікацыю, калі прызнаў за бэстсэлер не існуючую кнігу Івана Ласкова : “Ля вытокаў пяці рэк”.
    У 2001 г. памерла Сьвятлана Клімковіч (Акудовіч жа адышоў ад гэтае справы яшчэ раней) і з гэтага часу страцілася магчымасьць надрукаваньня твора Івана Ласкова “Летапісная літва: сваяцтва і лёс”, а рукапіс, як непатрэбны, ізноў быў забраны (без удзелу шаноўнага сп. Лецкі, які быў абыякавы да свайго абавязацельства перад Ласковым), з выдавецтва “Мастацкая літаратура” і зноў ўвезены ў Якуцк. А экзэмпляр рукапісу Сьвятланы Клімковіч, са згоды Ірыны Клімковіч, быў перададзены да сп. Ганны Запартыкі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.
    У 2000 годзе ў Якуцку, балазе што ў якуцкай друкарні на той час працавала загадчыцай аддзелу беларуска з Баранавічаў Вера Васільеўна Манько, якая змагла з машынапісу ўзнавіць старонкі рукапісу і падаць у сьвет некалькі адбітак працы Івана Ласкова друкарскім спосабам. У выніку гэтага атрымалася кніга: “Летапісная літва: сваяцтва і лёс. Кніга-пошук”. [Койданава-Амма-Якуцк. Прыватнае таварыства “Згода” А. Баркоўскі. В. Пятрушкіна. 330 с.]


    Было выпушчана толькі некалькі адбіткаў гэтае кнігі і таму яна маецца толькі ў найбуйнейшых бібліятэках сьвету. Прынамсі, з бібліятэкі М. Мажвідаса прыйшоў такі ліст:

    “2001. 02. 21. Глубокоуважаемый г. Баркоуски!
    Сердечно благодарим Вас за ценнейший подарок для нашей библиотеки – рукопись Якуба Котона “Побег из Сибири” и книгу Ивана Ласкова “Летаписная Литва: сваяцтва и лес” - которые нам любезно передал милейший господин Леонидас Мурашка. Эти подаренные Вами документы обогатили фонды Отдела рукописей нашей библиотеки и читатели смогут прочитать интереснейший материал.
    От всей души желаем Вам крепкого здоровья и творческих успехов.
    С уважением и глубокой благодарностью
    Заместитель директора - Она Талунтите”.
    Разам з тым быў зьдзейсьнены электронны набор гэтае кнігі, але ён ані А. Карлюкевіча, ані “Бацькаўшчыну” не зацікавіў…
    У 2010 г. саматужна ў Койданаве былі выдадзеныя на прынтары некалькі твораў Івана Ласкова, якія зьявіліся ў Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. І тут, у 2011 годзе, ізноў зьявіўся сп. Яўген Лецка, які прапанаваў з ягонай дапамогай да юбілею Івана Ласкова, выдаць ягоныя творы.
    Сп. Лецку быў перададзены электронны набор кнігі “Летапісная літва: сваяцтва і лёс” і адрас Андрэя і Валянціны Ласковых, якія маюць правы на творчую спадчыну Івана Ласкова.


    Кніга была імгненна выдадзеная намаганьнямі Анатоля Тараса (нібыта: Вільня 2011). Выдаўцы так сьпяшаліся, што праігнаравалі правы Ласковых, не зьдзейсьнілі праўку тэксту па рукапісу, ды, нават імя па бацьку аўтара замест Антонавіч зрабілі “Николаевич”. Даходзяць нават чуткі, што А. Тарас цяпер займеў усе правы на перавыданьне гэтае кнігі.
    Таму і была прынятае рашэньне аб саматужным перавыданьні гэтае кнігі ў Койданаве са спробаю электроннага рэсурсу.
    Алесь Баркоўскі,
    Койданава
                                                                                ****
    Іван Ласкоў
                                                         Летапісная літва: сваяцтва і лёс

                                                                         НА ДАРОГУ
    16 жніўня 1989 года газэта “Літаратура і мастацтва” надрукавала мой артыкул “Племя пяці родаў”, дзе выказваецца думка, што летапісная літва, якая заснавала Вялікае Княства Літоўскае, ці як яшчэ пішуць слушна, Старабеларускую дзяржаву, была племем не балцкім, а фіна-вугорскім, пермскім, і да сёньняшніх летувісаў, насельнікаў Рэспублікі Летува, не мае аніякага дачыненьня. Да такой высновы я прыйшоў, раскрываючы імёны літоўскіх князёў з дапамогай комі-пярмяцкай мовы.
    Такая гіпотэза, здавалася мне, дазваляе растлумачыць шмат цьмяных старонак гісторыі як Беларусі, так і ВКЛ у цэлым. Таму я думаў /і спадзяваўся/, што артыкул выкліча зацікаўленыя навуковыя спрэчкі, а ў тых, як вядома, нараджаецца ісьціна. Я напісаў тагачаснаму рэдактару “ЛіМа” /А. І. Вярцінскаму/, што газэта павінна склікаць пры рэдакцыі хаця б невялічкі сымпозіюм, на які прыехаў бы і я з Якуцка. Ды рэдактар на маю прапанову не адгукнуўся.
    Жывучы далёка ад Беларусі, я не ведаў, як глыбока ўелася ў сьвядомасьць нашай інтэлігенцыі памылковае ўяўленьне, што беларусы як этнас утварыліся “на выключна балцкім субстраце”. Мабыць, з-за таго і не адбыўся сымпозіюм, пра які я прасіў. Не было аніякіх абмеркаваньняў майго артыкула і пазьней. Навуковай ацэнкі публічна яму не давалася, пры асьвятленьні пытаньняў гісторыі ў друку Беларусі, як навуковым, так і навукова-папулярным, публіцыстычным ён не ўлічваўся. Аніхто з навукоўцаў не кінуўся па маіх сьлядах, каб хаця праверыць, ці правільна я цытую комі-пярмяцкі слоўнік. Толькі даходзілі чуткі, што, да прыкладу, спадар С. недзе назваў маю гіпотэзу да таго абсурднай, што на доказ гэтага шкада і час марнаваць, а спадар В. пашкадаваў “мужыка, які піша добра, але зусім не пра тое”.
    Адкінуўшы амбіцыі, я пакрысе зразумеў, што прычыны гэтага наступныя. Я падняў праблему навуковую, а сам не навуковец - раз. Мая гіпотэза занадта нечаканая, а таму і няпростая для ўспрыйманьня - два. Мой артыкул зьмяшчае занадта мала матэрыялу, каб пераканаць чалавека, які шмат гадоў трымаўся інакшай думкі - такога на новы шлях можа павярнуць матэрыял толькі масавы.
    І перада мной паўстаў выбар: або шукаць невядома дзе той матэрыял, або адступіцца, каб працягваць сваю звыклую працу: пісаць аповесьці, вершы, публіцыстыку. Гэтая праца прыносіла мне і публікацыі, і кнігі, і прыязныя водгукі ў друку, а што дасьць пошук невядома чаго? “Ідзі туды - не ведаю, куды...” - як гаворыцца ў казцы. І ўсё ж я пайшоў па гэтай дарозе, не падазраючы, як шмат на ёй рассыпана скарбаў.
    Першай на гэтай дарозе была падабраная такая нечаканая з’ява, як беларускія прозьвішчы, што паходзяць ад пермскіх словаў. На гэтую тэму мне таксама ўдалося надрукаваць вялікі артыкул “Нашчадкі таямнічае літвы” /“Полымя”, 1991, 8/. Але і на яго навукоўцы Беларусі не адгукнуліся. Не азваўся нават найбуйнейшы наш дасьледчык анамастыкі М. В. Бірыла, з кнігі якога я і выбраў беларуска-пермскія прозьвішчы.
    Але такая няўвага ўжо не магла мяне ні расчараваць, ні спыніць. Пошук мой пашыраўся, іншы раз заводзячы ў такія нетры, што сам дзіваваўся.
    Вынікам стала кніга, якую прапаную чытачу. Немаленькая: за 300 старонак на машынцы, што перабольшвае мой любы мастацкі твор. А прачытана мною па гэтай тэме чужых старонак у дзесяць разоў болей. Такім чынам, мая праца абапіраецца на чужыя. Чытач адразу адчуе гэта.
    У кожнай дасьледчыцкай публікацыі сваё павінна быць выразна аддзеленым ад чужога. Для гэтага служаць спасылкі. Спосаб падачы іх можа быць розны. У спэцыфічна навуковых публікацыях усе спасылкі зносяцца звычайна ў самы канец, пасьля тэксту. Гэта найбольш ашчаджае паперу. Затое чытаць нязручна: каб даведацца, адкуль узятая тая або іншая цытата, чытач вымушаны кожны раз лезьці ў канец кнігі. Навукоўцы - людзі цярплівыя, для іх такое сноўданьне не перашкода. Але я пісаў сваю кнігу і для звычайнага чытача, у якога цярпеньня меней. Таму з надзеяй на спагадлівасьць выдаўца я выбраў самы неэканомны, затое самы зручны для чытача спосаб: даваць спасылкі адразу пасьля цытаты, у тэксьце, а пад канец прывесьці яшчэ і сьпіс скарыстанай літаратуры.
    Вядома, што ў перакладных слоўніках /комі-пярмяцка-расейскі, расейска-летувіскі і г.д./ словы разьмяшчаюцца згодна з алфавітам. Калі слова ў такім слоўніку ёсьць, то адшукаць яго зусім няцяжка. Таму на перакладныя слоўнікі я не спасылаюся зусім. Проста паведамляю, што ў комі мове, дапусьцім, ёсьць слова мöдзöл “вільготны ельнік з махавой глебай”, на якой жа старонцы якога слоўніка я напаткаў яго - не паведамляю.
    У тапанімічных слоўніках асноўны матэрыял таксама ідзе згодна з алфавітам. Спасылаючыся на іх, я даю не старонку, а назву артыкула: В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974 [У далейшым – КТСБ.], Мядель/. Але ў падобных кнігах бывае і дадатковы матэрыял, што ляжыць за межамі ўласна слоўніка: прадмовы, уводзіны, пасьляслоўі. Калі цытуюцца яны, то я, натуральна, даю і старонку.
    Два словы наконт тэрмінаў. У дачыненьні да літвы ў літаратуры да гэтага часу пануе тэрміналягічная блытаніна. “ЛІТВОЙ” называюць і Вялікае Княства Літоўскае, і сёньняшнюю Рэспубліку Летуву, “літоўцамі” - і летапісную літву, і грамадзянаў Летувы. Мая ж мэта якраз і была ў тым, каб падзяліць гэтыя паняцьці. Таму, каб іх не блытаць, праз усю кнігу я называю летапісную літву або літвой, або ліцьвінамі, а грамадзянаў Летувы - летувісамі, як яны называюць самі сябе. Адпаведна і азначэньні: што датычыць летапіснай літвы – “літоўскі”, “ліцьвінскі”, а што мае дачыненьне да летувісаў – “летувіскі”.
    Значная частка летувісаў у мінулым называлася “жямайчяй”. Гэты тэрмін у нас часта перадаецца як “жмудзь”. Але гэта слова польскае. Нашы ж продкі, як вынікае з пісьмовых крыніцаў, называлі жямайчяй жамойцю. Так жамойтаў буду называць і я.
    У сваіх пошуках я быў не адзінокі. “Племя пяці родаў” ускалыхнула нямала людзей, якія не толькі прынялі артыкул блізка да сэрца, але і імкнуліся дапамагчы мне літаратурай /у тым ліку слоўнікамі/ i парадамі. Гэта С. В. Казлоўскі - беларус з Віленшчыны, што доўгі час жыў у Сеймчане Магаданскай вобласьці, расейцы з удмурцкага горада Глазава В. Я. Мордзін і з Ужгарада М. С. Міхалёва, комі Н. А. Міцюшава з Сыктыўкара, беларусы з Петразаводска С. Габрусёнак, з Таліна А. Лапышаў, з Вэнтспілса У. Скрабатун. Асабліва ж, неацэнна шмат зрабілі для гэтай кнігі наш вядомы драматург і крытык Сьвятлана Міхайлаўна Клімковіч і ленскі рачнік, жыхар адначасова Якуцка і Менска /так у яго атрымалася/ Алесь Анатолевіч Баркоўскі. Усім маім памочнікам, названым, і неназваным, я складаю тут самую гарачую падзяку. Без іх мая праца расьцягнулася б, можа, на дзесяць гадоў.
    Я доўга думаў, ці варта ўключаць у кнігу артыкул “Племя пяці родаў”, бо для мяне самога ён шмат у чым ужо недасканалы. Але ўсе ж хочацца паказаць, з чаго ўсё пачалося.

                                                       ПЛЕМЯ ПЯЦІ РОДАЎ
                                      [З нязначнымі скарачэньнямі і зьменамі]
    Беларускім гісторыкам М. Ермаловічам зробленае найважнейшае для разуменьня далёкага мінулага Беларусі адкрыцьцё. Ім устаноўлена, што племя літва, якое дало дынастыю вялікіх князёў і саму назву Вялікага Княства Літоўскага, жыло не ў сучаснай Летуве, а ў Верхнім Панямоньні, у акружэньні славянскіх плямёнаў.
    3 цягам часу племя літва растварылася ў беларускім народзе. Гэта магло быць толькі ў тым выпадку, калі яно было зусім малалікім. Такім чынам, няма чаго і казаць пра заваяваньне літвой Беларусі. / ... /
    Але якім было сваяцтва летапіснай літвы? Для М. Ермаловіча няма сумненьняў, што літва была племем балцкім. І раптам у ягоным новым артыкуле /гл. “Студэнцкая думка”, 1989, № 4/ чытаю: “Як устаноўлена дасьледчыкамі, аніводнае імя так званых літоўскіх князёў не тлумачыцца літоўскай мовай”.
    Вось табе маеш! Нішто сабе балцкае племя. Добра вядома, што дахрысьціянскія, паганскія імёны ў славянаў хоць штосьці азначалі: Багдан - бог даў, Сьвятлана - сьветлая і г.д. Так было і ў цэлым сьвеце, бо не сталі ж бы людзі выдумляць нейкую бязглузьдзіцу, каб называць сваіх дзяцей! Хрысьціянскія ж імёны таксама штось значаць на старажытнаяўрэйскай, старажытнагрэцкай або лацінскай мовах: Іван - богам дадзены /той самы Багдан/, Валянцін - здаровы, Віктар - пераможца. Значыць, калі летувісы не разумеюць імёны літоўскіх князёў, - мова, у якой створаныя тыя імёны, была не балцкай.
    Тады якой? Адказ наплывае сам сабой, але я не сьпяшаюся абвяшчаць яго ўголас. Правяраю спачатку, чым М. Ермаловіч даводзіць, што летапісная літва была балцкай.
    “Старажытная Беларусь” - надзвычай грунтоўная праца. Проста уражае скрупулёзнасьць, з якой аўтар аналізуе мінуўшчыну. Перапрацаваны жахлівы аб’ём літаратуры: амаль 800 спасылак! І якое ўважлівае чытаньне цьмяных летапісных тэкстаў! Не перабольшваючы, можна сказаць, што такога дасьледчыка даўно чакала наша гістарычная навука.
    Але ці ў стане ахапіць усё розум аднаго чалавека? Ці можа быць абсалютна бездакорнай вялізная праца, якая абапіраецца і на чужыя дасьледаваньні, чужыя думкі? Малаверагодна.
    Вось і з літвою М. Ермаловіч не робіць спробы выйсьці за межы сказанага папярэднікамі. Прыняўшы на веру балцкасьць літвы, ён і тапаніміку нашу лічыць у значнай ступені балцкай. “Тыпова балцкай”, у прыватнасьці, ім абвяшчаецца назва ракі Лахва.
    Чаму? Мікола Іванавіч не тлумачыць. Значыць, я меркаваньне гэтае павінен браць на веру. А для мяне Лахва асацыюецца з Масква.
    Кажуць, палеантолягі могуць па адной-дзьвюх костках узнавіць увесь шкілет і вонкавы выгляд жывёліны, што вымерла мільёны гадоў назад.
    А ці можна тое сама зрабіць з мовай, калі ад яе засталося ўсяго некалькі слоў-імёнаў, якія невядома што значаць?
    Літва, літва... Што мне нагадвае гэтае слова? Вельмі своеасаблівае. Яно - зьбіральнае, тылу “жарства”. А народы звычайна завуцца ў множным ліку: рускія, украінцы, беларусы... Так было і са старажытнымі плямёнамі: паляне, крывічы, радзімічы... Але ёсьць і нешта падобнае ліцьве: мардва!
    Літва, мардва, Лахва, Масква. Ці ёсьць паміж гэтымі словамі сувязь? Паміж Лахва і Масква - цалкам магчыма. Тое і другое - рэкі. Аб паходжаньні назвы Масква пішуць час ад часу. Як памятаю, слова гэтае фіна-вугорскае: “ва” азначае “вада”, рэштку лінгвісты дакладна вытлумачыць не могуць. Значыць, зусім верагодна, што Лахва - Лах + вада /ва/. А ці можа слова “вада” ўваходзіць у назву народа?
    А чаму б і не? Напрыклад, “людзі вады”.
    Змалку люблю разглядваць геаграфічныя карты. Змалку памяталася, што недзе на поўначы месьціцца цэлы куст рэк, чые назвы канчаюцца на “ва”: Сосьва, Лысьва... А ў Мардовіі? Бяру “Малый атлас СССР” - вялікіх атлясаў, на жаль, у нас не выдаецца. Буйнамаштабныя карты лічацца сакрэтнымі. Засакрэчваць у нас умеюць. Знаёмы геоляг расказваў, што засакрэчаная нават геафізычная карта СССР, атрыманая ў якасьці падарунка ў гады вайны ад... амэрыканцаў!
    Маштаб “Малого атласа” сапраўды такі малы, што паказаныя толькі самыя буйныя рэкі. Згадваю, што яшчэ маю атляс аўтамабільных дарог, чый фармат і адпаведна маштаб удвая большы. Сапраўды, тут рэкаў паказана куды болей. Але ў Мардовіі з “ва” ўсё адно няма. І ўвогуле іх няма, апрача Масквы, у цэнтры Pасeі. Толькі каля Палярнага круга, у Комі рэспубліцы, у Пермскай і Сьвярдлоўскай абласьцях знаходжу тое, чаго шукаю.
    Лемва, Евва, Айюва, Нердва, Елва, Колва, Адзьва і яшчэ дзесяткі падобных. Але Лахвы між іх няма. На вока трапляюць зусім іншыя назвы: Ула, Уса, Сула, Турья Рутка… Бяру даведнік да БелСЭ. Так, не памыляюся! Ёсць і ў нас такія. Назваў Ула тры /рака, возера, гарадзкі пасёлак/, Уса - таксама тры /усе рэкі/, Тур’я - чатыры /тры ракі і вёска/; ёсьць і назва Уша, блізкая да Уса: іх пяць - тры ракі і дзьве вёскі. Што азначаюць гэтыя назвы, я яшчэ не ведаю, але ж ці не зразумела, што Усу нельга зьвязваць з вусамі, Ушу - з вушамі, Улу разглядаць як варыянт імя Вульляна, а Сулу выводзіць ад расейскага “сулить”? Дый Тур’я ці мае дачыненьне да тура, калі такую сама назву я знайшоў на поўначы Заходняй Сыбіры, дзе пра тураў і не чулі?
    Але ўсё гэта спадарожнае. Галоўнае для мяне - назвы з “ва”, тым кавалачкам чалавечай мовы, што ўваходзіць у слова “літва”. Ці ёсьць у нас на Беларусі яшчэ рэкі, назвы якіх канчаюцца гэтым “ва”?
    Чытаю сьпісы рэкаў па абласьцях у пятым томе “Энцыклапедыі прыроды Беларусі” [У далейшым - ЭПБ.]. Ёсьць! Выпісваю іх асобна па кожнай вобласьці. І вось што маю:
    Брэсцкая вобласьць. Зальвянка /170 км. Выпісваю таму, што яе першапачатковая назва - безумоўна, Зэльва: так завецца пасёлак, што стаіць на ёй/, Лахазва /29 км/, Літкава /14/, Маства /80/, Пульва /54/, Сваротва /35/.
    Віцебская вобласьць. Дзіва /29/, Маргва /36/, Прорва /12/.
    Гомельская вобласьць. Гніва /20/, Мытва /58/, Ражава /20/.
    Гродзенская вобласьць. Валова /39/, Восава /14/, Дзітва /93/, Зальвянка /170/, Ізва /26/, Кернава /19/, Клява /56/, Нарва /24/, Паніква /16/, Сасва /25/, Сваротва /35/.
    Магілёўская вобласьць. Грава /14/, Езва /23/, Клява /80/, Лахва /90/, Лахвіца /19. Выпісваю таму, што першапачатковая назва - тая сама Лахва/.
    Мінская вобласьць. Клява /80/, Клявіца /31. Ад “Клява”/, Лонва /28/, Наква /14/, Рова /29/, Талва /10/, Тонва /13/, Удава /13/.
    Падлічваю агульную колькасьць. 36! Потым заўважаю, што тры ракі палічыў двойчы: Зальвянка цячэ па Брэсцкай і Гродзенскай абласьцях, Сваротва - таксама, Клява /80/ - па Магілёўскай і Мінскай. Значыць, 33. Нямала!
    Сёй-той, відавочна, зазначыць, што я дарма ўключыў ў свой сьпіс такія назвы, як Дзіва, Гніва, Валова, Восава, Удава. Маўляў, і так цалкам зразумелыя, навошта шукаць іх у Комі? Не сьпяшайся, чытач, не сьпяшайся! Давай падумаем. Напрыклад, Дзіва. “Дзіва” ў сэнсе “цуд” - ніякага роду, яно. А ці ж на нашай мове рака можа быць названай словам ніякага роду? Валова... Няўжо гэтая рака /39 км/ належыць валу? Або Удава. Чаму “удава”? /.../
    Прачытаўшы свой сьпіс і засвоіўшы, вяртаюся да картаў. Пермская, Сьвярдлоўская, Архангельская вобласьці, Комі АССР. Як сапёр з мінашукальнікам, рухаюся з лупай уздоўж сініх жылак, вышукваючы на чужых землях назвы з майго сьпісу. І - не знаходжу... Аніводнай! Ці я сьляпы, ці нашыя “ва” не маюць дачыненьня да “ва” фіна-вугорскіх?
    Ёсьць адзіны спосаб праверыць гэта: знайсьці слоўнік мовы, у якой “ва” – “вада”.
    Рэспубліканская якуцкая бібліятэка імя А. С. Пушкіна [Цяпер /1993 г./ - Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Саха.], дзе я звычайна папаўняю свае веды, стаіць якраз насупраць майго дома. Нават узімку, калі мароз не надта за сорак, хаджу сюды без паліто, каб не стаяць у чарзе да распранальні. З вокнаў краязнаўчага аддзела, дзе пераважна я сяджу, відаць вокны мае кватэры. Але, паглыбляючыся ў стагодзьдзі, я іх не бачу.
    Як рэспубліканская, бібліятэка атрымлівае абавязковыя экзэмпляры ўсіх кніг, што выходзяць па СССР на расейскай мове. Але, на жаль, агульная для ўсіх айчынных бібліятэк бяда не абмінула і яе. Кнігі прыходзяць штодзень, а памяшканьні не пашыраюцца з 1972 года. Для таго, каб паставіць новыя выданьні, з паліцаў здымаюць старыя, асабліва тыя, што не маюць прамых дачыненьняў да Якуціі, зьвязваюць і адносяць у склад. З кожным годам у выніку робіцца недаступнай для чытачоў усе большая колькасьць выданьняў мінулых дзесяцігодзьдзяў. Спачатку - дваццатых гадоў, потым - трыццатых, цяпер чарга дайшла да саракавых. Ды яшчэ з-за цеснаты вельмі няпоўны каталёг. Кніга можа маецца ў бібліятэцы, а ў каталёгу яе не знойдзеш, а калі і знойдзеш, атрымаеш не заўжды. Таму, калі я ішоў у “пушкінку” мяне, можна сказаць, грыз непакой: ці змагу здабыць тое, што мне патрэбна.
    Так, па сутнасьці, і выйшла. У бібліятэцы не аказалася ні мардоўскіх, ні карэльскіх, ні эстонскіх, ні летувіскіх слоўнікаў. Усяго ўдалося ўзяць у рукі марыйска-расейскі, расейска-удмурцкі ды комі-пярмяцка-расейскі.
    У марыйскім слоўніку “ва” не аказалася, “вада” ў марыйцаў вуд. Расейска-ўдмурцкі слоўнік перакладае “ваду” словам вы [Памылка аўтара. “Вада” па-ўдмурцку – ву.]: як той казаў, цёпла, але не горача. І вось мая апошняя надзея - комі-пярмяцка-расейскі слоўнік. Калі ва няма і ў ім, прыйдзецца занятак адкласьці ды здабываць іншыя фіна-вугорскія слоўнікі. У першую чаргу - комі-зыранскія /комі-зыраны - асноўнае насельніцтва Комі АССР, комі-пермякі - Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі, што ўваходзіць у склад Пермскай вобласьці/. Здабываць праз МБА, а гэта - месяцы і месяцы...
    Са зразумелым хваляваньнем гартаю кнігу і знаходжу: “Ва І вода, водный... зэр ва дождевая вода... ва кора безвкусный, как вода... ва III река, речной”.
    Як абухом стукнуты, узіраюся ў старонку. Няўжо так проста ды лёгка? Зэр ва - гэта ж Зэльва! Значыць, Зэльва – “дажджавая вада”? Ва кора - ці ж гэта не Вячора? Ёсьць такая рака ў Любанскім раёне. Яе ўжо амаль пасьпелі перахрысьціць у Вячэру, ужо і БелСЭ спачатку дае Вячэра, а Вячора - у дужках...
    Tpoxі ніжэй на той сама старонцы кідаецца ў вочы: “вавьёр 1/ бродяга; 2/ бездельник”. Дык вось адкуль узялася вавёрка ў назьве ракі, што цячэ ў Лідзкім раёне! “Вавёрка” - гэта “бадзяга” /вавьёр/ + ка. Што такое ка, я пакуль не ведаю, але ўсё адно бадзяга-рака падабаецца больш, чым рака-вавёрка. /.../
    Знайду я ключ да “літва” ў гэтым слоўніку або не знайду - для мяне ўжо не мае вялікага значэньня: усё адно цікава. I я знаёмлюся з ім не ўпохапкі: чытаю і прадмову, і граматычны нарыс, што зьмешчаны на заканчэньне.
    Комі-пярмяцкая мова - з групы фіна-вугорскіх, падгрупы пермскіх. У падгрупу, апрача яе, уваходзяць яшчэ комі-зыранская і ўдмурцкая мовы.
    Слоўнік зьмяшчае 27 тысяч словаў. Выдадзены ў 1985 годзе. Калі б мая здагадка завітала да мяне пяць гадоў назад, я не змог бы яе праверыць. Склалі слоўнік Paіca Міхайлаўна Баталава, супрацоўніца Інстытута мовазнаўства АН СССР, ды Антаніна Сямёнаўна Крывашчокава-Гантман, дацэнт Пермскага пэдінстытута. Не ведаю, самі яны комі-пярмячкі або з тых адданых расейскіх жанчын, што так шмат далі для станаўленьня культур шматлікіх народаў Урала, Cыбіры ды Далёкага Усходу.
    У 1979 г. комі-пермякоў налічвалася 153 тысячы чалавек /комі-зыранаў - 322 тысячы/. Сёньня яны жывуць пераважна ў Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акрузе /33 тыс. кв. км./. А былі часы, калі яны займалі такую значную тэрыторыю, што яна называлася Пермю Вялікай. Але калі ў ХV стагодзьдзі былі далучаныя да Маскоўскай дзяржавы, арэал іх хутка пачаў раставаць, а сам народ - асымілявацца. Пра ўсё гэта я чытаю ў прадмове. “Паступова значная частка комі-пермякоў зьмяшалася з расейцамі, пакінуўшы на зруселай тэрыторыі свае назвы рэкаў /Обва, Косьва, Сива, Лысьва, Нытва ды інш./, населеных пунктаў /Чердынь, Вильгорт, Камгорт, Майкар ды інш./”.
    Tpoxі пра комі-пярмяцкую мову. Гэта, мабыць, нароўні з комі-зыранскай найболей чыстая з усіх фіна-вугорскіх моваў. [Гаворачы “з усіх”, аўтар пагарачыўся, бо комі-пярмяцкая мова, у адрозьненьне ад эстонскай і фінскай /суомі/ зазнала значны ўплыў расейскай.] Доўгі час комі-пермякі жылі ізалявана. Сюды не дайшлі татары, якія пакінулі моцны сьлед на мардоўскіх, марыйскіх мовах.
    Гукавы склад, як ні дзіўна, нагадвае беларускі. Ёсьць гук “дз”, заўсёды мяккі. Вядомы дасьледчык пермскіх моваў В. І. Лыткін у артыкуле “Коми-пермяцкий язык” /гл. зб. “Языки народов CCCР” [У далейшым - ЯН СССР.], т. 3. М., 1966/ так і піша, што гэты гук комі-пярмяцкай мовы блізкі да беларускага “дз” у слове “дзень”. Ёсьць і гук дж, заўсёды цьвёрды, - таксама, як у нас. У сваёй іншай працы “Древнепермский язык” /М., 1952, с. 23/ В. Лыткін паведамляе: “Старажытнапермскае “в”, у асаблівасьці перад галоснымі непярэдняга раду, акустычна блізка стаяла да нескладовага “у”/гэта значыць, да ў/. Такая асаблівасьць захоўваецца і ў сучасных комі мовах. Афрыката тш у комі-пярмяцкай мове адпавядае нашаму цьвёрдаму ч. Такім чынам, атрымліваецца, што амаль усе гукавыя адрозьненьні беларускай мовы ад расейскай быццам бы ўзятыя са старажытнай пермскай мовы. Гукаў, якіх няма ў расейскай ды беларускай мовах, а ў комі-пярмяцкай ёсьць, практычна адзін “ö”, па гучаньні, як піша В. Лыткін, блізкі да англійскага галоснага ў слове girl [Пры перадачы “ö” ў комі назвах па-расейску звычайна ўжываецца “э”. Гл. Географические названия Коми АССР. Словарь-справочник. Сыктывкар, 1990, - у далейшым ГНК.]. /Гэты гук, як убачыць у далейшым чытач, вельмі мне дапамог, калі я зьвярнуў на яго належную ўвагу/.
    У граматычным жа сэнсе комі-пярмяцкая мова адрозьніваецца ад нашай вельмі. Тут няма катэгорыі граматычнага роду; ролю прыметнікаў звычайна адыгрываюць назоўнікі, калі іх ставяць перад іншымі назоўнікамі; пры гэтым яны не скланяюцца. Назоўнікі ды займеньнікі скланяюцца, склонаў - 17. Разьвітая сыстэма дзеяслова.
    Першасныя словы /вада, зямля, дрэва, агонь ды г.д./, асновы галоўных дзеясловаў - аднаскладовыя. Калі ў назоўніку два склады без суфіксаў - гэта, здаецца, ужо складанае слова. Складанае часта дае зусім іншы сэнс. Напрыклад, ягöд – “ягада” /гэтае слова мы, мусіць, запазычылі ў пярмянаў/ падзяляецца на дзьве часткі: яг – “сасоньнік” ды öд – “гарачыня”. Што гэта так, пацьвярджаецца тым фактам, што словам ягöд азначаецца не толькі любая ягада, але і пылавікі хваёвых дрэваў. А калі ў сасоньніку /яг/ пылавікі? Як настае гарачыня /öд/.
    Можна сказаць, ад комі-пярмяцкай мовы так і патыхае старажытнасьцю, тым таемным часам, калі чалавек толькі вучыўся гаварыць. Як захаваліся да нашых дзён гэтыя ва /“вада”/, му /“зямля”/, пу /“дрэва”/, би /“агонь”/? Слава народу, што іх пранёс праз тысячагодзьдзі, каб мы маглі зразумець, з чаго пачыналася мова!
    Шмат эпох назад атрымалі назвы рэкі. Гэта словы яшчэ больш архаічнага стану фіна-вугорскіх моваў, чым той, у якім знаходзіцца комі-пярмяцкая мова сёньня. Што нам дае разуменьне гэтага практычна? Што ў гэтых назвах кожны склад, нават такія, як “ю”, “у”, “я”, “е”, “і”, “о” ўяўляюць з сябе асобнае слова. Тым у першую чаргу і адрозьніваюцца фіна-вугорскія назвы ад славянскіх ды балцкіх.
    І вось я спрабую адгадаць першы склад у назвах майго сьпісу, дзе другі /ва – “вада”/ мне ўжо вядомы.
    Дзіва. “Дзиб” - глухой, густой лес”. Такім чынам, можна дапусьціць, што першапачаткова было “Дзібва”. “Б” ды “в” - блізкія гукі і павінны былі зьліцца, тым болей што “дзібва” - незразумела, а “дзіва” - зразумелае цалкам. /.../
    Мытва. “Мыт – понос”.
    Ізва. “Из – камень”.
    Нарва. “Нар – нары”. Гэта, можа, і не пераканаўча, але назва безумоўна фіна-вугорская. Ёсьць рака Нарва на мяжы РСФСР з Эстонскай ССР.
    Езва. “Езь – язь”.
    Лахва. Думаецца, раней называлася Логва, дзе лог азначала “лог” /слова, відавочна, намі запазычанае, у комі-пярмяцкай мове яно ёсьць/.
    Лонва. “Лöнь - тихий, спокойный”.
    Наква. “Нöк – сметана”.
    Тонва. “Тон-тон - обледеневший, мерзлый”.
    Пульва. “Пуль-паль /изобразит./: пуль-паль керны - плескаться водой” /літаральна “рабіць пуль-паль”/.
    Зэльва. “Зэр – дождь”.
    Вось і ўсе пакуль што посьпехі ў разгадваньні назваў з “ва” тых рэкаў, што цякуць па Беларусі.
    Мала?
    Я думаю, дастаткова, каб пераканацца, што з дапамогай комі-пярмяцкай мовы, хай і не ўсе, яны разгадваюцца. І, значыць, аніякія яны не балцкія, а пермскія. Мова літвы была з той жа падгрупы, што і сучасная комі-пярмяцкая.
    “Але чаму мова літвы”? - спытае прыдзірлівы чытач. - Ну добра, ты давёў, што назвы з “ва” /прынамсі, частка іх/ - пермскія. Але хто сказаў, што тыя назвы дадзеныя літвой? Чаму ты так вырашыў? Толькі таму, што і слова “літва” канчаецца на “ва”?
    Не толькі.
    Калі я скажу, што спачатку высьвятляў этымалёгію гідронімаў, а за назву “літва” ўзяўся толькі пасьля іх, чытач, вядома ж, мне не паверыць. І будзе мець рацыю, бо які нармальны чалавек на маім месцы стаў бы скрупулёзна дасьледаваць другараднае, бачачы, што ён на шляху да галоўнага? Слова “літ” я пайшоў шукаць адразу, як толькі прачытаў і перачытаў у слоўніку старонку з “ва”. Але “літ” я не знайшоў.
    Расчараваны, я пачаў гартаць слоўнік, шукаючы найважнейшыя словы: сонца, зямля, агонь, чалавек. Знайшоў: “чалавек” - морт. А я думаў, што “літва” – “чалавек вады”. Выходзіць, не. А можа, “людзі вады”? У шмат якіх мовах “чалавек” і “людзі” - рознакарэнныя словы, як у нашай. У якуцкай, напрыклад, “чалавек” - киhи /чытаецца кігі/, людзі - дьон /чытаецца джён/. Вось і ў комі-пярмяцкай: “людзі” - йöз. Ды з “літва”, як бачым, нічога агульнага...
    “Людзі вады” - гэта, мусіць, было б йöзва, “чалавек вады” - мортва. Чакай... Морт-ва - гэта ж мардва!
    Морт уваходзіць і ва “ўдмурт”. То што ж, “чалавек” у назьве народа - абавязковае?
    І раптам я без аніякай сувязі згадваю, што ў прадмове да слоўніка штось сказана наконт “л” у комі-пярмяцкай мове: быццам бы “л” з чымсьці чаргуецца... Так і ёсьць! “У комі-пярмяцкай мове дзьве гаворкі: паўночная і паўднёвая. /.../ Працягвае заставацца галоўнае адрозьненьне - ужываньне фанэмаў “в” ды “л”. Паўднёвая гаворка... страціла фанэму “л”. Замест яе ў сярэдзіне слова, перад галоснымі ды зычнымі, а таксама напрыканцы слова зьяўляецца в”.
    Значыць, “літ” усё адно, што “віт”? Праверым, ці ёсьць “віт”!
    Ёсьць. Вит азначае “пяць”. Лік “пяць”, толькі і таго. Сяджу зьбянтэжаны, думаю. Што ж гэта такое выходзіць?Літва” - витва – “пяць водаў”. Як гэта – “пяць водаў”?
    Хвіліначку... Ва - не толькі “вада”. Гэта яшчэ “рака”. “Пяць рэк” - гэта куды лепш! Племя пяці рэкаў! Якіх? Вядома, самых вялікіх: Дняпро, Прыпяць, Нёман, Дзьвіна. Пятая - Бярэзіна. Ва ўсе іх упадаюць мае “ва”. “Ва” на Беларусі няма толькі на ўсход ад Дняпра, таму з “пяці рэкаў” выключаецца Сож.
    І яшчэ, як спалох маланкі: з “віт” пачынаецца Вітаўт. Вітаўт - пяць-аўт.
    Пяць - чаго? Што такое “аўт”? Гэта яшчэ трэба шукаць. Але ж называлі ў славянаў пятае дзіця ў сям’і Пятком. З таго ж шэрагу імёны Трацяк, Чацьвяртак, Шастак. Можа, Вітаўт пяты + дзіця, сын? Але няма ў слоўніку ні авт, ні овт.
    Віцень /у летапісах Витень/ таксама з “віт” пачынаецца. Што такое “ень”? Ен – “бог”. “Пяты бог”? Чаму? Імкнуся зразумець лёгіку сярэднявечча...
    Заўважаю, што маю ключ яшчэ да двух імёнаў: морт – “чалавек”. Жыгімонт - Жыгі + монт, Скірмунт - Скір + мунт. І монт, і мунт - тое сама, што морт, тым болей, што па-ўдмурцку “чалавек” - мурт. “Чалавек” як частка імя прыдаецца цалкам. Застаецца даведацца, што такое жыгі ды скір.
    Жыга па-комі-пярмяцку “страх, страшны”. Жыгімонт - Страшны Чалавек!
    Скöр па-комі-пярмяцку “злы, сярдзіты”. Скірмунт - Злы Чалавек або Сярдзіты Чалавек!
    Сам сабе не магу паверыць, што так лёгка гэта разблытваецца. Зрэшты, не ўсё...
    Некалькі дзён трачу на Міндоўга. “Довгыны - ударить, двинуть”. Калі паставіць “ударыць, сунуць” у шэраг “Страшны Чалавек”, “Злы Чалавек”, то яно нібыта і не выбіваецца. А вось “мін” не магу знайсьці. Потым згадваю, што імя Міндоўг вядомае ў двух варыянтах, другі варыянт - Мендоўг. Слова мен таксама няма. Але ёсьць ме – “я”, і, аказваецца, адной са склонавых формаў, якраз вінавальнага склону, з’яўляецца мен. Значыць, Мендоўг – “мяне ўдарыў”, “той, хто мне сунуў”. Ну што ж, відаць, такія імёны хлопчыкам з роду вояў даваліся невыпадкова - каб ворагі баяліся. Так разважаю я...
    Без намаганьняў перакладаю Радзівіла, толькі пераклад не магу зразумець. “Радз 1 мат /плетенка/, подстилка в санях из прутьев, дранок; радз 2 деревянный крест, деревянная рама под сито для процеживания кваса”. “Виль новый”. Такім чынам, атрымліваецца нейкая “Новая Пляцёнка” ці “Новая Рама”, “Новы Крыж для сіта”. Або, калі ўлічыць, што першае слова стаіць у пазыцыі прыметніка, - “Плеценая Навіна”, “Рамная Навіна”, “Крыжовая Навіна”. Можа, апошняе - самае дакладнае, у сэнсе “новахрышчоны” /мянушка/?
    Неяк увечары, гартаючы БелСЭ, знаходжу яшчэ адно старажытнае літоўскае імя - Вігунт. Гэта мяне бянтэжыць. Я ўжо прывык, што Вітаўт ды Віцень – “пятыя”, і раптам узьнікае імя, якое пачынаецца з “Ві”, але за гэтым “Ві” не ідзе “т”. Здагадваюся, што зрабіў памылку: гэтыя імёны трэба дзяліць на часткі не Вит + овт, Вит + ень, а аддзяляючы толькі “Bі”: Ви + товт, Ви + тень, Ви + гунт. Трэба тэрмінова гэта праверыць, а “пушкінка” ўжо зачыненая!
    Раптам мне здаецца, што “Витень” штось нагадвае. Нібыта ў расейскай мове ёсьць слова витютень, якое азначае нешта жывое: ці то зьвярка, ці то птушку /высьветлілася - голуб/. Бяру слоўнік Даля: можа, побач з “витютень” агледжу “витень”?
    Сапраўды - у гнязьдзе “вить”: “витень влгд. арх. плеть, кнут, бич, арапник, ременница, погонялка”. Ну што ж, па сэнсе для княскага імя, імя воя - прыдаецца, але занадта яўная сувязь паміж гэтым бізуном і словам “вить”, гэты витень утвораны яўна ад славянскага кораня. Я ўжо гатовы паставіць Даля на паліцу, аж заўважаю далей, драбнейшым шрыфтам яшчэ раз витень! “Витень сиб. нож на ремне и на ратовище, которым бьют на лыжах сохатого, лося”. Вось гэта ўдача! Тут аніяк не скажаш, што гэты витень ад “вить”! Нож на рамяні! Што ж тут нож, што рэмень? Улічваючы, што ви ўваходзіць у тры імі, мабыць, ви – “нож”, бо з якой нагоды такая павага аддавалася б рэменю? Гэта нібыта пацьвярджае зноў Даль: “гантай нвг. ряз. шнурок, особ, на крест”. Ви + гунт – “нож на шнурку”. Товт у Даля знайсьці не магу, Витовт застаўся невытлумачаным, але і Віценя з Вігунтам дастаткова, каб палепшыўся настрой.
    Назаўтра іду ў бібліятэку і разгортваю слоўнік у перакананасьці, што ви - па-комі-пярмяцку “нож”. Аказалася... “масла”. Ледзь не пакрыўджаны, шукаю “тень”. Знаходжу тöн: “учора”. Bі + тень – “учорашняе масла”. Нішто сабе княскае імя...
    І тут мяне працінае здагадка, што я да гэтага часу не ўсё разумеў у мэханізму наданьня імёнаў. Калі чалавеку даецца імя? Пры нараджэньні. Што ў ім фіксуецца? Тое ўражаньне, якое зрабіў на прысутных нованароджаны. “Учорашняе Масла” - значыць, ён колерам скуры падобны да такога масла. Колер учорашняга масла, дарэчы, прыемны, яно пасьпявае крыху пажаўцець; тым самым дзіця пахвалілі. Мендоўг – “Той, хто мне сунуў”: дзіця сунула ножкай, магчыма, у твар таму, хто над ім нахіліўся. “Страшны Чалавек”, “Сярдзіты Чалавек” - гэта таксама магло быць сказана над нованароджаным.
    Адшыфраваў нанова Віценя, затое павіс Bігунт. Можа, і праўда – “Нож на шнурку”? Наўрад: па-комі-пярмяцку гöнтöм –“голый, без шерсти, без перьев”. Відаць, нарадзіўся без валасоў на галаве. А можа, гöнтöм тут ні пры чым... З Bітаўтам такая гісторыя. Сьлізгануў позіркам ніжэй ад ви /“масла”/ праз вит /“пяць”/ ды раптам... витöт! Витöт – “пяты”. Але ёсьць яшчэ öвт – “мах, взмах”. “Пяты Узмах”? Што гэта азначае? Хай ламае галаву той, у каго яна большая.
    У Л. Дайнекі, калі не памыляюся, ёсьць разважаньне, што імя Войшалк ідзе ад старажытнага беларускага вой /“воін”/ ды шал. Комі-пярмяцкі слоўнік дае такія значэньні: “вöй дикий, неприрученный”, “шорк /изобразит./ быстро, с шумом /входить/”. Такім чынам, у гэтым імі таксама апісваецца першае ўражаньне ад нованароджанага: ён “увайшоў” “хутка, з шумам” і не даючыся ў рукі /“дзікі, не прыручаны”/.
    Мы цяпер пішам Альгерд, а ў летапісах ён Ольгерд. “Оль согра /березово-еловый лес на заболоченных кочковатых низинах”, “гöрд красный”. Відавочна, адлюстраванае зноў-такі ўражаньне ад скуры нованароджанага /колеру восеньскага лесу/. Дарэчы, з оль маем гідронімы: Ольніца ды Ольса /Магілёўская вобласьць/. Але калі ўлічыць, што ў пермскіх мовах, дапушчальна, не было розьніцы паміж “л” ды “в”, то Ольгерд можна прачытаць як Овгерд, а гэта ўжо крыху іншае: ов па-комі-пярмяцку - корань слова овны “жыць”, і Овгерд адшыфроўваецца як “Жывая Чырвань”, што здаецца больш верагодным.
    Кейстут мною да канца не зразуметы. Першая частка імя - кыйс, корань дзеяслова “паляваць”, над другою часткай трэба яшчэ гарбець.
    Імя Ягайла складаецца з трох частак. Ла, як памятаем, варыянт ва, ай – “бацька”, яг – “малады сасоньнік” /памятаеце ягöд?/. Такім чынам, перакласьці можна так: “Малады Сасоннік, бацькоўская вада”.
    Скіргайла. “Скір” - як у Скірмунт /“злы, сярдзіты”/, “айла” – “бацькоўская вада”. Праўда, тут аказваецца лішняе “г”, але, можа, першапачаткова імя гучала як Скірягайла? Тады замест “г” зьяўляецца паўнаважнае яг – “малады сасоньнік”.
    Свідрыгайла. Гэтае імя дзеліцца на чатыры часткі: Сві + дрыг + ай + ла. “Сві” здаецца коранем дзеяслова свигнытны – “быстро перепрыгнуть, сигануть”. Ужываньне “свіг” можна растлумачыць тым, што дзіця нарадзілася неяк нязвычна хутка. “Дрыг”, бадай што, - фанэтычны варыянт комі-пярмяцкага дрöг – “/изобразит./ взрогнуть”. Можа, хто-небудзь скажа, што гэта падобнае да запазычаньня з расейскай мовы, але чаму не магло быць такога запазычаньня і ў літоўска-пермскай? Нагадаю, што ў нашай мове ёсьць слова дрыгва - з тым жа самым коранем /“дрöг”/, але ў пермскім афармленьні, корань слова + ва: ва – “вада”, адкуль дрыгва – “дрыжачая вада”. Зрэшты, я не філёляг /а тут трэба быць вельмі добрым філёлягам/, катэгарычна сьцьвярджаць не буду.
    Што такое “бацькоўская вада”? Перш-наперш прыходзіць да галавы выраз “як дзьве кроплі вады”, г. зн. “падобны да бацькі”. Але, здаецца, такое тлумачэньне было б занадта прымітыўным.
    Ці была для старажытных вада проста вадой, як для нас сёньня? Ва па-комі не толькі “вада” нават цяпер. Гэта яшчэ “рака”, “сок”. Але ж адначасова ў гэтай мове ёсьць слова ю, што таксама “рака”. Прычым ю спалучаецца ў назвах рэкаў з ва: Юва, Юла. /.../. Юва з сучаснай комі-пярмяцкай мовы перакладаецца як “рачная вада”. Але навошта было старажытным людзям вось такім чынам называць рэкі?.. Нелягічнасьць назвы прыводзіць да думкі, што мы тут у нечым памыляемся. У чым жа? Ды, відавочна, у перакладзе ва. Незразумела? Я хачу сказаць, што першабытныя фіна-вугры ўкладвалі ў ва іншы сэнс, чым сёньняшнія комі-пермякі.
    Чым была вада для старажытных? Не толькі вадкасьцю, якой можна напіцца ды памыць твар. У старажытнай натур-філязофіі вада - адзін з асноўных элемэнтаў прыроды, адно з яе першарэчываў. Што было гэтымі першарэчывамі ва ўяўленьні старажытных? У кітайцаў - вада, агонь, зямля, дрэва, мэталь; у грэкаў - зямля, вада, паветра, агонь. І ў той, і другой сыстэме першаэлементаў вада несумненна сымбалізуе сабой не столькі вадкасьць, колькі жыцьцё, якое без вады немагчымае. Так успрымалі сьвет не толькі кітайцы ды грэкі. Коранем комі-прямяцкага слова овны зьяўляецца ов - назва ракі Об. “Жыве!” - прашаптаў аднойчы дзікун, ступіўшы на бераг вялізнай, як мора, ракі... А як прамінуць тое, што ёсьць і рака Обва? Як перакласьці гэтую назву: “жывая вада”? Не! Я думаю, у назвах рэкаў ва перакладаць не трэба. Обва – “жывая ва”, Юва – “рачная ва”, Зэльва – “дажджавая ва”, дзе ва - першасная стыхія, аснова жыцьця. Тады нам стане больш зразумелай і былая назва хантаў ды мансі югра, дзе юг – “бляск, зьзяньне”, а рa - фанэтычны варыянт усе таго ж ва /нагадаю, што першая вядомая назва Волгі - Ра/. Не “бліскучая вада”, а “паўднёвая ва” /бо юг на комі-пярмяцкай мове яшчэ і поўдзень/ - так трэба перакладаць найменьне югра, дзе рa, роўнае ва - субстанцыя чалавечага існаваньня.
    І вяртаючыся да слова мардва, павінен прызнаць, што пераклад “чалавек вады” - недакладны, бо, па-першае, назоўнік, стаўшы перад назоўнікам, ператвараецца ў прыметнік, адкуль морт-ва ўжо “чалавечая вада”, а па-другое, ва тут зусім не трэба перакладаць, трэба яго пакінуць: мардва – “чалавечая ва”, што знаходзіцца ў адным шэрагу слоў “рачная ва”, “дажджавая ва”, “жывая ва”. У гэтым шэрагу і “бацькоўская ва” - субстанцыя жыцьця, што перадаецца ад бацькі да дзіцяці.
    Што ва было азначэньнем такой субстанцыі, сьведчыць і адсутнасьць для азначэньня жыцьця такога ж кароткага, першаснага слова, як ва, пу, би, ви, у комі-пярмяцкай мове. Цяпер “жыцьцё” па-комі-пярмяцку олöм: як сказана у слоўніку, гэтае слова ўтворанае ад овны “жыць”.
    Вернемся да “літва”. Як жа груба я падышоў да гэтай назвы, пераклаўшы яе “пяць рэкаў”! Што тут значыць ва? “Пяць жыцьцяў”? Ды не. Думаецца, прасьцей: “пяць родаў”. Пяць вялікіх разгалінаваных сем’яў - вось што, відаць, уяўляла з сябе літва.
    Дзе ж яна жыла? М. Ермаловіч вызначае яе арэалам верхняе Панямоньне. Гэта пацьвярджаецца і рэкамі. Якраз на гэтыя мясьціны прыпадае нібы згушчэньне рэкаў з ва. Калі ўсяго на Беларусі іх 33, то 11 цячэ па Гродзенскай вобласьці. Пры гэтым у Лідзкім раёне тры, Наваградзкім - тры, Ашмянскім - тры, Воранаўскім - дзьве, Зэльвенскім - дзьве; ёсьць у Дзятлаўскім, Стаўбцоўскім, што мяжуе з Гарадзеншчынай /некалькі рэкаў цякуць па двух ды болей раёнах, таму сумарная колькасьць выглядае больш фактычнай/. Я думаю, гэта таксама можна браць пад увагу.
    Арэал літвы, здаецца, заходзіў і на тэрыторыю сучаснай Летувы, дзе літва межавала з продкамі летувісаў.
    На гэта, па-першае, паказвае тапаніміка. На памежжы з Летувой нямала фіна-вугорскіх назваў, у тым ліку населеных пунктаў, што шматзначна. Назва Ашмяны ідзе ад ош, што па-комі-пярмяцку “мядзьведзь” /“ошма” – “мядзьведжая ва”. Рака з назвай Ошма маецца ў Горкаўскай вобласьці/. Горад быў названы людзьмі, якія ведалі літоўска-пермскую мову, на што паказвае герб Ашмянаў - мядзьведзь, што стаў на дыбкі [Гл. БелСЭ, уклейка паміж сс. 432-433. С. Клімковіч зьвярнула маю ўвагу, што на іншым гербе Ашмянаў /А. Цітоў. Гарадская геральдыка Беларусі, 1990, с. 57/ выяўлены бык. І тут цікава адзначыць, што ў комі-зыранскай мове öш азначае “бык”.]. Назва Іўе адшыфроўваецца як “выток” /йыв/. У тым жа Іўеўскім раёне ёсьць г. п. Юрацішкі, назва якога, магчыма, ідзе ад ю рa - таго сама, што і ю ва [Болей правільна выводзіць Юрацішкі ад юра ты, што азначала б “возера з галавой” /юр “галава”, ты “возера”].У Астравецкім раёне маюцца Трокенікі; назва ідзе ад трок - што азначае трок, скажу крыху пазьней. У Смаргонскім раёне пермскія назвы населеных пунктаў: Сырмеж /сыр II - бахрома, меж ІІ - баран/; Жодзішкі /жодза – “кіслы”, пра малако/; Кушляны /куш – “голый”, “лысый”/; Ардашы /орда - у комі мовах “бурундук”, ардо - па-ўдмурцку “дрыгва”/. На тэрыторыі Летувы таксама ёсьць фіна-вугорскія назвы. На жаль, не маю ні падрабязнай карты Віленшчыны, ні сьпісу гідронімаў /шмат якія, дарэчы, скажоныя сучаснай летувізацыяй/. Але магу сказаць, што фіна-вугорскімі зьяўляюцца назвы сталіц Вялікага Княства Літоўскага - Трокаў ды Вільні. “Трок” па-комі-пярмяцку выяўнае: “трок изобразит, скок, прыг-скок” - такая назва вельмі стасуецца да невялікай гарэзьлівай рачулкі /ад гэтага трок і Трокенікі/. Вільня - ад ракі Вільня, што ўпадае ў Bілію. Вілія – “новая я”, дзе я - тое сама, што ю, “рака”, а Вільня - падобна, тое ж, што Вілія. І каб ужо не заставалася аніякіх сумненьняў, прашу параўнаць назву Вільня з комі-пярмяцкай Вільгорт, што ў перакладзе азначае “новы дом”.
    Па-другое. Рэч не толькі ў назвах Трокаў і Вільні. Якраз на Віленшчыне пасьля Наваградка былі ўладжаныя дзьве сталіцы Вялікага Княства, а гэта гаворыць за тое, што Віленшчына была для літвы сваёй зямлёй. Іначай навошта было ставіць сталіцу пасярод чужога племя?
    Думаецца, што пасьля сказанага ўся гісторыя Вялікага Княства Літоўскага асьвятляецца новым сьвятлом, незразумелае робіцца зразумелым.
    Калі сьцьвярджаецца, на падставе летапісных крыніц, што Міндоўг спачатку вылучыўся сярод літоўскіх князёў і падпарадкаваў іх сабе, то мы павінны разумець, што тут гаворка ідзе пра князёў фіна-вуграў, да якіх сучасныя летувісы не маюць дачыненьня.
    Калі натыкаемся на сьведчаньне, што “літоўцы Ягайлу, які ведаў іх мову, больш ахвотна слухалі, чым каталіцкіх прапаведнікаў” /Абецадарскі Л. “У святле неабвержных фактаў”/, дык мы павінны разумець, што маецца на ўвазе не летувіская /балцкая/, а літоўска-пермская мова.
    Калі чытаем, што Гедымін тытулаваў сябе “вялікім князем літоўцаў і рускіх”, то мы павінны разумець, што князем жамойці - продкаў сучасных летувісаў - ён сябе не тытулаваў.
    Такім чынам, выходзіць, што продкі сучасных летувісаў выконвалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, названым па імю зусім іншага племя, падпарадкаваную ролю.
    Пераважную большасьць дзяржаўных пасад займалі літоўскія /галоўным чынам з вялікакняскае сям’і/ ды славянскія фэадалы, а аўкштоты і жамойты на іх амаль не дапускаліся.
    Дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве была старабеларуская, а балцкая летувіская нават не мела пісьмовасьці - аж да сярэдзіны ХVI стагодзьдзя.
    Балцкія землі знаходзіліся ў Вялікім Княстве ў становішчы каляніяльнай ускраіны, якая, можна сказаць, не мела права голасу. Свой лёс аўкштоты і асабліва жамойты не прымалі без пярэчаньняў. Вялікім князям даводзілася змагацца з аўкштоцкімі ды жамойцкімі фэадаламі, душыць народныя паўстаньні /1418 - Жамойць, 1536-1537 - Жамойць, 1545 - Аўкштота/.
    Ну, а якія былі адносіны паміж літвой і русінамі /беларусамі/? Літва была малалікім племем. Таму заваяваць Беларусь яна не магла. Калі б нават літве і ўдалося заваяваць нейкае асобнае княства, то праз пэўны час на дапамогу такому прыйшлі б іншыя ды скінулі літоўскае панаваньне, а магчыма, і зьнішчылі саму літву. Тым часам мы ведаем, што шэраг княстваў увайшоў у Вялікае Княства Літоўскае добраахвотна, гэта зафіксаванае ў летапісах.
    У чым прычына? На пачатку XIII стагодзьдзя Беларусь, як і ўся Старажытная Русь, уяўляла з сябе суму мала зьвязаных між забой фэадальных уладаньняў. Так цягнулася б, мабыць, яшчэ доўга, ды адразу дзьве хмары насунуліся на небасхіл нашых продкаў: з усходу і захаду, з Галіцка-Валынскага княства - татары, з паўночнага захаду і поўначы - немцы. Абставіны прымушалі аб’яднацца, але князі Рурыкавічы не маглі дамовіцца перад тварам небясьпекі, як не дамовіліся і там, дзе цяпер Расея. Патрэбная была нейкая нейтральная сіла, вакол якой можна было згуртавацца. Такой сілай і аказаліся літоўскія князі - магутныя воі, умелыя палкаводцы ды неблагія дыпляматы. Першым з іх быў Міндоўг, які, дзякуючы сваім асабістым якасьцям, быў запрошаны ў Наваградак. Пасьля гэтага з дапамогай Чорнай Русі яму ямчэй было падпарадкаваць сабе землі літвы. Стварылася ядро Вялікага Княства, да якога з цягам часу далучыліся ўсе землі Беларусі. Такою ўяўляецца схема першапачатковых падзей.
    Такім чынам, можна правесьці паралель паміж Міндоўгам і Рурыкам, які таксама, не будучы з усходніх славянаў, заснаваў дынастыю вялікіх князёў, што правіла ў Pyсі. Як Рурык, так і Міндоўг быў князем запрошаным, пасаджаным. Седзячы на стале славянскае дзяржавы, літоўскія князі не маглі не славянізавацца, тым болей, што бралі жонак з Полацка, Цверы і г.д. Характэрна, што літоўскія князі нават і не спрабавалі ўводзіць літоўскую мову ў якасьці дзяржаўнай, надаць ёй пісьмовасьць. Літоўска-пермская мова так і загінула безпісьмовай, не пакінуўшы аніводнага помніка, хаця літоўская дынастыя правіла на Беларусі, а з 1387 года і ў Польшчы, аж да 1572 года.
    Але, у адрозьненьне ад Рурыкавічаў, літоўскія князі жылі ў атачэньні свайго нешматлікага этнасу, які растварыўся ў іншамоўным насельніцтве далёка не адразу. Мы ж ведаем, што Ягайла яшчэ гаварыў са сваімі воямі па-літоўску. Таму адчуць сябе русінамі-беларусамі на сто працэнтаў літоўскія князі не маглі. У іх сем’ях захоўваліся, мусіць, паганскія вераваньні ды звычаі, не ўсе яны нават былі хрышчоныя, пра што гавораць іх імёны.
    Такім чынам, не ўсе літоўскія князі адчувалі этнічную еднасьць са славянскім народам, які ўзначальвалі. У сувязі з гэтым бацькі дзяржавы нярэдка дамагаліся не нацыянальных, а дынастычных або ўласных мэтаў. Характэрным для іх палітычнай дзейнасьці робіцца кампраміс. З незвычайнай лёгкасьцю асобныя з іх мяняюць веру, заключаюць палітычныя пагадненьні. Такім “кампрамісчыкам”, у прыватнасьці, быў Ягайла, які за польскую карону заплаціў хрышчэньнем літвы ў каталіцтва. /.../ Фэадальны кляс Польшчы ўмела скарыстоўваў схільнасьць Гедымінавічаў да палітычнага ды рэлігійнага кампрамісу, цішком прыбіраючы “да рук” Вялікае Княства. Але зьяўленьне ў Польшчы дынастыі Ягелонаў прынесла ёй не толькі карысьць, але і вялікую шкоду. Трымаючыся за польскі трон, Ягелоны рабілі адну за другой саступку шляхце, што вяло да фактычнага драбленьня Польшчы і шляхецкай анархіі. І гэта ў той час, калі ў непасрэднай блізкасьці да “Рэспублікі абодвух народаў” /Рэчы Паспалітай/ мацаваліся магутныя абсалютысцкія дзяржавы - Расея ды Прусія. Да чаго гэта прывяло - чытачу вядома...
    Беларускаму народу літоўскія князі прынесьлі і вялікі ўздым у ХIV-ХVI стагоддзях, і вялікі ўрон, калі з-за прапольскай арыентацыі апошніх з іх паланізуецца магнацтва, а потым і шляхта. Зразумела, у палянізацыі гэтай былі і іншыя прычыны, але і ролю Гедымінавічаў-Ягелонаў нельга адмаўляць.
    /.../ Ну, а лёс племя, якое дало назву ды князёў Вялікаму Княству Літоўскаму?
    Яно асымілявалася беларускім народам. На ўсёй сваёй тэрыторыі, уключаючы Вільню і Трокі. Тут і сёньня жыве шмат беларусаў ды “палякаў”, што гавораць па-беларуску. Гэта - нашчадкі пермскай Літвы, зьмяшанай са славянскім насельніцтвам.
    Калі зьнікла літва? Сказаць цяжка. Жыгімонт ІІ нарадзіўся ў 1520 годзе, і яму далі літоўскае, нехрысьціянскае імя. Але, можа, то была сямейная традыцыя? Прынамсі, у ХVI ст., здаецца, назва “літва” пачынае пераходзіць на балтаў, што межавалі з літвой.
    Чаму? На гэта, думаецца, можна даць такі адказ.
    Племя літва зьнікла, дзяржава ж па-ранейшаму называлася княствам Літоўскім. Мова літвы зьнікла, але захавалася згадка, што яна была рэзка непадобнай як да беларускай, так і польскай, украінскай моваў. І шукаючы ў Княстве народ, чыім імем названая дзяржава, розныя людзі міжвольна зьвярталі ўвагу на балтаў Вялікага Княства. Гаварылі яны на незразумелай мове, жылі зусім блізка ад Вільні, сталіцы Літвы. Дык толькі іх і можна было лічыць “літвой” у этнічным сэнсе /у палітычным жа, як грамадзяне Княства, ліцьвінамі зваліся і беларусы/.
    Літва, літва... “Племя пяці родаў”.
    Як павінны мы ставіцца да літвы?
    Як да сваіх продкаў.
    Можа, і ў маіх жылах цячэ струменьчык фіна-вугорскай крыві. Нездарма ж такая цікавасьць да Усходу: Тамерлан ды Якуція, цяпер вось Комі.
    Усіх гэтых Міндоўга, Гедыміна, Bітаўтa мы павінны лічыць сваімі, як лічаць сваім баўгары хана Аспаруха.
    Цюрскае племя баўгараў зьлілося са славянамі і, хоць само зьнікла, дало ім сваю назву, застаўшыся, такім чынам, у памяці нашчадкаў.
    Літва, літва... Табе не было дадзена і гэтага.
    Тваё імя маглі б насіць мы, беларусы. А называецца ім народ, які не мае да цябе дачыненьня ды нават не падазрае аб тваім колішнім існаваньні.
    Што ад цябе засталося, літва, апрача гучных дзеяў і гучных імёнаў?
    Адказаць на гэта - цяпер справа нашага гонару.
    Мы павінны вылучыць сьляды аднаго з нашых продкаў - літвы - у нашай мове, геаграфічных назвах, звычаях, казках, песьнях, загадках, прымаўках, легендах. Перад беларускімі дасьледчыкамі стаіць неадкладная задача вывучэньня фіна-вугорскіх, у першую чаргу пермскіх моваў, фальклёру фіна-вугорскіх народаў, каб мэтадам параўнаньня знайсьці тыя сьляды. Гэта задача вялікая і высакародная.
    Сьляды ёсьць - маю на ўвазе не толькі тапаніміку: я няраз, здаецца, іх адзначаў, гартаючы комі-пярмяцкі слоўнік. Я ўжо казаў пра слова “дрыгва”. Фіна-вугорскім, мусіць, зьяўляецца і багна: баг па-комі-пярмяцку “цьвіль”, - на ў багна – варыянт ва /па-комі-пярмяцку “вада”/. Гэта вельмі верагодна, бо адначасова з багна для азначэньня балота існуе ў нас і слова багва - глядзі “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” [У далейшым - ЭСБМ.], т. I, с. 260. Там жа на с. 265 сказана, што этымалёгія слова багна “зьяўляецца адкрытай”. /.../
    Быў - і зьнік народ, што ў пэўнай меры стаяў на чале вялікай дзяржавы, даў дынастыю, якая правіла, фэадальныя вярхі. Чаму? Яго ж ніхто не вынішчаў, не прыгнятаў як этнас.
    Ён зьнік таму, што адцураўся свае мовы.
    Думаючы аб лёсе літвы, я не магу не думаць і аб лёсе беларускага народа.
    Няўжо і мы адцураемся свае мовы, і гадоў праз дзьвесьце забудзецца і яна, і ўсё тое, чым мы жылі стагодзьдзі, і назва наша пяройдзе на каго іншага, і не знойдзецца нават нейкага Ласкова, які, дзякуючы шчасьліваму выпадку, адкрые, што беларусамі зваўся калісьці зусім іншы народ? Няўжо так і правалімся ў дрыгву стагоддзяў, няўжо зацягне нас багна забыцьця?

                                                               ЯБЛЫК  РАЗЛАДУ
    Вось такі я сьпёк свой першы беларуска-пермскі блін і сам зьдзіўляюся цяпер, як пры маім тагачасным невуцтве замест бліна не атрымаўся камяк. Мабыць, выцягнула фантазія вершаскладальніка. Ці будзе хто спрачацца, што ў “Племі пяці родаў” больш паэзіі, інтуіцыі, натхненьня, чым навуковых дадзеных. Ды яшчэ ўляпіў некалькі такіх грубых памылак, што аж чырванеюць вушы. Пры перадруку я іх павыкідаў, і хто цікавіцца, што ж там было замест шматкроп’я, хай шукае падшыўку “ЛіМа”.
    І ўсё ж, нягледзячы на розныя хібы, асьмельваюся сказаць, што галоўны кірунак быў узяты правільны.
    Што зьяўляецца галоўнай адзнакай этнасу? Зразумела, мова. А як вызначыць, на якой мове гаварыў этнас, якога ўжо няма? Па ейных рэштках, калі іх маем. Гэта могуць быць асобныя словы і фразы ў пісьмовых крыніцах суседзяў, тапаніміка краю, дзе этнас жыў, і, нарэшце, людзкія імёны, пажадана дахрысьціянскія, бо царкоўныя ўсе ідуць з вядомых крыніцаў і ў розных мовах толькі прымаюць розныя формы /Іван - Ян - Ёган - Жан - Джон - Джаваньні - Хуан - Юхан: ад старажытнагабрэйскага Йонаан/.
    Дахрысьціянскія ж імёны, трэба думаць, за рэдкім выключэньнем, даваліся ў той мове, на якой этнас размаўляў. І чым болей іх захавалася, тым з большым посьпехам мы можам вырашыць па іх, хаця б да якой групы адносілася страчаная мова.
    Паўторым тое, што сьцьвярджае М. Ермаловіч: літва жыла ў Беларусі і гаварыла яна не на той мове, якой карыстаюцца сёньняшнія летувісы, бо аніводнае імя літоўскіх князёў з летувіскай мовы не раскрываецца. Гэтыя імёны былі дадзеныя ў нейкай іншай. Якой?
    На наша шчасьце, літва хрысьцілася вельмі позна, аж праз 400 гадоў пасьля славянаў Беларусі. Паганства трымалася ў Літве і пасьля таго, як утварылася Вялікае Княства - болей за сто гадоў. А гэта быў ужо час пісьмовы. І паганскія імёны князёў занатоўваліся ў летапісах, дакумэнтах. Тут яны і захаваліся да нашых дзён. І іх нямала - недзе да сотні. Гэта – сур’ёзны, ёмісты матэрыял, на такім полі можна сабраць бясспрэчна навуковы ўраджай.
    Нагадаю, што якраз з фразы пра нераскрывальнасьць літоўскіх імёнаў з летувіскай мовы і пачалося мае дасьледаваньне. А да таго, як яе прачытаў - шчыра прызнаюся, і не думаў над праблемай летапіснай літвы.
    Нечаканае паведамленьне М. Ермаловіча прымусіла пачаць пошук, з якой жа мовы тыя імёны адшыфроўваюцца. Папярэднім вынікам і стала “Племя пяці родаў”, надрукаванае ў “ЛіМе”.
    Мабыць, аніколі ў жыцьці я так не чакаў водгукаў на сваю рэч. Але ў газэце яны ўсё не зьяўляліся. І раптам атрымліваю поштай невялікую бандэроль.
    Вельмі спадзяюся, што не пакрыўджу Міколу Іванавіча тым, што выношу на публіку мясьціны нашага прыватнага ліставаньня. Нізавошта не рабіў бы гэтага, каб можна было абысьціся.
    У сваім лісьце ад 27 жніўня 1989 года М. І. Ермаловіч пісаў мне: “З вялікай цікавасьцю прачытаў Ваш апошні артыкул у “ЛіМе”. Ад мяне чакаюць адказу на яго. На вялікі жаль, зрабіць гэтага зараз не магу. Я перажываю вялікае гора - нядаўна пахаваў жонку.
    Пасылаю Вам сваю кнігу, якая толькі што выйшла, але напісана была ў 1968 годзе і ўвесь час хадзіла ў самвыдах. У ёй паўней за ўсё выкладзены мае погляды на Літву і ўтварэньне ВКЛ. Пазнаёміўшыся з ёй, Вы самі ўбачыце тое, у чым я не згодзен з Вамі”.
    У бандэроль была ўкладзеная кніга “Па слядах аднаго міфа”…
    Яшчэ ў 1965 годзе я паехаў з Беларусі па накіраваньні хімфака БДУ, ды так і не вяртаўся на стала. Таму самвыдаўскіх экзэмпляраў гэтае працы я ніколі не бачыў і нават пра яе не чуў. І вось, як узяўся за кніжку, так і не выпусьціў яе з рук. За ракой, насупроць Якуцка, ужо шмат гадоў я лаўлю карасёў у возеры, на якім амаль ніхто не бывае. Лаўлю драцянымі венцерамі, якія майструю сам. Як прынаду кладу ў венцер хлеб, кідаю ў возера, а правяраць, ці злавілася рыба, прыяжджаю ўлетку праз дзень-два, а ўвосень, калі вада сьцюдзёная /дзякуючы гэтаму рыба ў венцеры не гіне/ і праз тыдзень. Дык вось, атрымаўшы бандэроль, я якраз зьбіраўся на возера і ўзяў “Па слядах аднаго міфа” з сабой. Спачатку чытаў на цеплаходзе, якім пераяжджаў Лену, потым на возеры да вечара, потым зноў на цеплаходзе - і скончыў, яшчэ не вярнуўшыся дадому.
    Я не буду тут рэцэнзаваць гэтую шырока вядомую цяпер, выдатную рэч, у якой слушна даводзіцца, што не было аніякага заваяваньня Беларусі літвой /у чым я сам быў даўно перакананы, хоць і не меў тых фактаў, якімі аперуе М. Ермаловіч/. Яна даўно ды правільна ацэненая як краекутны камень нашай новай гістарыяграфіі, што ідзе на зьмену ранейшай, хлусьлівай. Але, чытаючы, я ўсе яе якасьці адзначаў толькі спадарожна, бо галоўным чынам шукаў: у чым жа не згодны са мной М. І. Ермаловіч.
    Аказалася, вось у чым: імёны літоўскіх князёў ён не прызнае летувіскімі, але лічыць іх... славянскімі. Мне ж і да галавы не прыходзіла такое вырашэньне праблемы. І што цікава: такі пункт гледжаньня існуе ўжо болей за сто гадоў! Яшчэ ў 1883-м нейкі Юргевіч выступіў з артыкулам, у якім “назваў кур’езам паходжаньне імёнаў літоўскіх князёў Ягайлы, Кейстута, Гедыміна, Свідрыгайлы, Скіргайлы і іншых шукаць у літоўскай /г.зн. у летувіскай. - І. Л./ мове. Ён шляхам філялягічнага аналізу паказаў славянскае паходжаньне імёнаў літоўскіх князёў” /М. І. Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа. 1989, с. 47/.
    Не, М. Ермаловіч зусім не лічыць, што літва была племем славянскім. Для яго няма сумненьняў, што ліцьвіны былі балтамі, якія мелі да летувісаў такое ж дачыненьне, як латышы ды прусы. Гэта значыць, літва была асобным балцкім этнасам, які займаў тэрыторыю - Верхняга Панямоньня.
    Князі ж Вялікага Княства Літоўскага, на думку М. Ермаловіча, ліцьвінамі не былі. Гэта нібыта ўсё тая ж полацкая дынастыя, што ішла ад Рагвалода, бацькі Рагнеды /X стагодзьдзе/. Яна, так бы мовіць, толькі зьмяніла дысьлякацыю, перабраўшыся з Полацка ў Вільню. Адбылося ж гэта так. Першапачаткова на месцы Вільні стаяў Крывіч-горад - удзел Полацкага княства, як Кукейнос ды Герцыке на Дзьвіне. Пераважным насельніцтвам тут былі славяне-крывічы, нехрышчоныя. “Полацкія князі, - піша М. Ермаловіч, - якія ў адрозьненьне ад князёў іншых старажытнарускіх земляў маглі княжыць толькі ў Полацкай зямлі, страціўшы з той ці іншай прычыны свой пасад, уцякалі ў балцка-літоўскія землі” /с. 46/. З цягам часу ў Крывіч-горадзе апынуўся цэлы шэраг полацкіх князёў. Такімі былі і Гедымін з яго братамі Віценем ды Воінам. Усе гэтыя тры імі М. Ермаловіч лічыць славянскімі /с. 47/.
    Вядома, такое імя, як Воін, не можа быць неславянскім. Іншая рэч Віцень ды Гедымін, а таксама імёны іхніх папярэднікаў Давіл ды Маўколд. М. Ермаловіч лічыць, што ў вядомае з летапісаў Давіл пракралася памылка, яго трэба чытаць як Давід /с. 46/. Але гэта мала ратуе, бо ўсе астатнія імёны, хай бы яны былі славянскімі, не зьяўляюцца хрысьціянскімі, а полацкая дынастыя была хрышчоная яшчэ за сотні гадоў да Гедыміна ды ягоных братоў. Гэта трэба было неяк растлумачыць, таму М. Ермаловіч піша: “Полацкія князі, апынуўшыся на балцка-літоўскіх землях, у паганскім асяродзьдзі, з палітычных меркаваньняў прыкідваліся язычнікамі” /с. 47/. З гэтым згадзіцца цяжка. Па-першае, калі Крывіч-горад быў сапраўды полацкім удзелам, то мусіў быць у значнай частцы хрысьціянскім, а ў такім асяродзьдзі прыкідвацца паганамі не патрабавалася. Па-другое, “полацкім” князям, можа, быў бы нейкі сэнс прыкідвацца паганамі, пакуль не мелі ўлады сярод паганскага насельніцтва, але навошта ім гэта было пасьля таго, як яны сталі на чале дзяржавы, што складалася пераважна з хрысьціянаў? Урэшце, ніхто ж не замінаў Гедыміну перанесьці сталіцу ў Полацк, калі б у паганскай Вільні адчуваў нейкія нязручнасьці. А паганскія імёны Ягайла, Скіргайла, Карыбут, Лінгвен, Карыгайла, Вігунт - насілі і ўнукі Гедыміна, што ўяўлялі з сябе арыстакратыю вялізнай дзяржавы, хрысьціянскай працэнтаў на 90.
    Прыблізна так я і напісаў Mіколу Іванавічу. Ліст атрымаўся доўгі - 14 старонак... У адказ Mікола Іванавіч даслаў мне фотакопію працы Юргевіча - мабыць, свой адзіны экзэмпляр, без апошняй, згубленай старонкі /за што прасіў вельмі прабачыць/. Прачытаўшы Юргевічаў трактах, я ўстрывожыўся, бо мне ён здаўся зусім ненавуковым. Няўжо Ермаловіч абапіраецца толькі на яго у сьцьверджаньні, што “аніводнае імя так званых літоўскіх князёў не раскрываецца з літоўскай мовы”? Працаваў з летувіскім слоўнікам або паверыў на слова папярэдніку?..
    Прыйшлося зноў пісаць Mіколу Іванавічу, хоць у той гаротны час - я разумеў - яму было не да маіх лістоў. Але і мне ў жыцьці даводзілася страчваць блізкіх, і я памятаў, што выйсьці з яміны гора дапамагала толькі праца.
    І вось што адказаў Мікола Іванавіч: “Сваю выснову аб імёнах літоўскіх князёў я пачарпнуў з вядомай ужо Вам працы Юргевіча і з кнігі М. Морошкина “Славянский имянослов” /1867 г./. Вядома ж, гэта не ісьціна ў вышэйшай інстанцыі, і Вы можаце яе абвяргаць, тым больш што названыя мной працы вельмі даўнія і таму могуць не адпавядаць сучаснаму ўзроўню філялягічнай навукі. Літоўскіх слоўнікаў у мяне няма, але я зьвярнуся да маіх знаёмых у Літве, і калі яны знойдуць гэтыя кнігі, то я прышлю іх Вам. Зычу Вам посьпехаў у дасьледчыцкай працы”.
    Шчыра скажу, вельмі я быў крануты высакароднасьцю нашага выдатнага гісторыка, ад якой за гады “застою” даўно адвык. Але людзі, якія складаюць нацыянальны гонар, і не могуць не быць высакароднымі.
    Ды вось ліха: у фотакопіі артыкула Юргевіча ніякіх доказаў на карысьць думкі, што княскія імёны не адшыфроўваюцца з летувіскай мовы, я не знайшоў. Хто ведае, можа, аналіз як сьлед і не рабіўся?.. Што, калі тыя імёны чысьцютка летувіскія, і я грымнуў у званы, не зазірнуўшы ў сьвятцы?
    Працу Юргевіча “Опыт объяснения имен князей литовских” М. Ермаловіч у сваёй кнізе фактычна толькі называе, не паказваючы ейнага зьместу, таму ёсьць сэнс спыніцца на ёй.
    Гэта - брашура на 30 старонак, выдадзеная ў Маскве ў 1864 годзе. На тытуле пазначана: “Издание Императорского Общества Истории и Древностей Российских при Московском Университете”, на адвароце тытула – “Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете 1883 г. кн. 3-я”. 3 гэтага нібыта вынікае, што аўтар мог мець дачыненьне да Маскоўскага ўнівэрсытэту, быць ягоным выкладчыкам. Але гэта не так. Юргевіч Уладзіслаў Нарбертавіч /1818-1898/, археоляг і філёляг, спэцыяліст па грэцкай і лацінскай мовах, з 1858 года жыў у Адэсе; адкуль быў ён родам – з Беларусі, Летувы, Польшчы ці іншага месца, з кароткага артыкула пра яго ў “Энциклопедическом словаре Брокгауза и Ефрона” [У далейшым - ЭСБЕ.] /т. 81, сс. 409-410/ не бачна. Ніякіх прац У. Юргевіча па летувіскай філялёгіі, як і “Опыт объяснения...”, ЭСБЕ не згадвае. Таму можна заключыць, што “Опыт объяснения...” быў у аўтара дастаткова выпадковым дасьледаваньнем. Як яно сьведчыць, беларускай мовай У. Юргевіч не цікавіўся і не бачыў розьніцы паміж ёю і расейскай. Не ведаў ён і летувіскай, бо нідзе не аперуе ёю, хаця і сьцьвярджае, што імёны ліцьвінскіх князёў не маюць да яе дачыненьня. Усё гэта выклікае законны недавер да працы.
    Але Юргевіч не лічыць ліцьвінскіх князёў, як М. Ермаловіч, славянамі. Ён перакананы, што гэта былі летувісы. Скуль жа ўзяліся ў іх нелетувіскія імёны?
    “Хто займаўся гісторыяй Літвы, - пачынае Юргевіч, - не мог не спыніцца на пэўных вельмі цёмных пытаньнях. Пры чытаньні радаводу літоўскіх князёў каго не ўражвала сумесь хрысьціянскіх імёнаў з такімі, што здаюцца на першы погляд паганскімі? Хто не стараўся растлумачыць сабе, чаму гэтыя хрысьціянскія імёны зьяўляюцца ў той час, калі паганства было на Літве ва ўсёй сіле?” Сапраўды, у адной і той сама княскай ліцьвінскай сям’і ўжываліся як хрысьціянскія, так і нехрысьціянскія імёны. Напрыклад, сярод сыноў Альгерда былі Ягайла, Скіргайла, Свідрыгайла, Карыгайла, Лінгвен, Вігунт, Карыбут - і адначасова Андрэй, Дзімітрый, Канстанцін, Уладзімір, Фёдар. З гэтага Юргевіч робіць нечаканую выснову: што і тыя імёны, якія нам здаюцца паганскімі, у сапраўднасьці таксама хрысьціянскія, толькі да непазнавальнасьці скажоныя. “Прыглядаючыся бліжэй да розных формаў літоўскіх імёнаў і параўноўваючы іх з тымі народнымі расейскімі формамі, што існуюць, і старажытнымі, мы ўбачым, што імя, якое лічылася да гэтага часу паганскім, не зьяўляецца паганскім і што, такім чынам, не заўсёды князь, вядомы нам як паганін, быў ім у сапраўднасьці, хаця часам быў вымушаны хаваць сваё хрысьціянства, жывучы сярод народа грубага і моцна адданага паганству” /с. 2/. І далей даводзіць, што нязвыклыя для нашага слыху імёны літоўскіх князёў ёсьць не што іншае, як расейскія народныя формы хрысьціянскіх. Пры гэтым ён прысьвячае спэцыяльны вялікі разьдзел /14 старонак/ паказу таго, як трансфармуюцца ў расейскіх народных гаворках грэцкія імёны. Ні пераказваць, ні аспрэчваць гэтага аналізу я не буду; мабыць, ён мае значэньне, але толькі самастойнае, не ў сувязі з ліцьвінскімі князямі. Чаму? Таму, што народныя формы імёнаў існуюць толькі ў народных гаворках, а царквой яны не прызнаюцца. Даючы імя, сьвятар глядзіць у сьвятцы і дае ў адпаведнасьці з днём, у які хрысьціць дзіця або дарослага. У сьвятцах жа імёны занатаваныя ў зыходнай форме. Гэтая форма часта бывае нязручнай для вымаўленьня, таму народам перарабляецца, і сапраўды іншы раз да непазнавальнасьці, але не абы-як, а згодна з нормамі мясцовай гаворкі. Літоўскія ж князі, што насілі “скажоныя хрысьціянскія” імёны, жылі сярод свайго племя, у акружэньні сваёй, неславянскай мовы, і па ейных, а не па законах славянскіх гаворак павінны былі спрашчацца і перарабляцца імёны. Юргевіч жа дапускае варыянт, пры якім сьвятар даваў літоўскаму князю ўжо гатовае, “адгабляванае” славянскімі гаворкамі хрысьціянскае імя. Пры гэтым ён зусім не ўлічвае, да якой мясцовасьці належыць тая ці іншая расейская народная форма, ці мог быць моўны кантакт паміж ёю і літоўскім племем. Дзякуючы гэтаму ён і знаходзіць падобныя да ліцьвінскіх расейскія народныя імёны - падобныя, зрэшты, не на 100 працэнтаў.
    Вось што ў яго атрымліваецца. “Мингайло... которое сами литовцы объясняют именем Михаило... образовалось из уменьшительного Минка. /.../ Наргайло... из Нарка, уменьш. от Наркис. /.../ Кешгайло... из уменьш. Кишка вместо Окишка. /.../ Мунтигайло, Монтигайло... из уменьш. Мунтин. /.../ Дангайло... из уменьш. Данка /Даниил/. /.../ Сипайло... из Сипа /Осип/. /.../ Нигайло... из Никола. /.../ Мустилло... из Мустя /Модест/. Коригайло... из уменьш. Егорик, Егорка” /сс. 20-21/. Імя Ягайло ў Юргевіча аказваецца сапсаваным Яков, Ольгерд - Александр, Витовт - Викентий, Кейстут - Константин, Войшелк - Василько, Товтивил - Феофил, Миндовг - Дементий, Гедимин - Вындемиян і г.д.
    Летувісы наўрад ці згаджаюцца з такім тлумачэньнем. Запазычаныя ў славянаў хрысьціянскія імёны да такой ступені імі не перакручваліся ніколі. У альманаху “Балто-славянские исследования” [У далейшым - БСИ.] -1980 зьмешчаны цікавы артыкул З. Зинкявічюса “К истории литовской христианской терминологии восточнославянского происхождения” /сс. 131-139/, дзе паказана, якія формы прымалі ў летувісаў хрысьціянскія імёны, запазычаныя ад славянскіх продкаў беларусаў. Формы гэтыя вельмі далёкія ад таго, што дае Юргевіч. Так, Міхайла пераходзіла ў Mikaila, а не ў Мінгайла, Якаў - у Jakavas , а не Ягайла. І астатнія летувіскія формы вельмі блізкія да нашых: Хама - Kamas, Данiла - Donyla, Дзімітрый - Dimitras , Майсей - Maisiejus, Мікіта - Nikitenas, Панас - Panas і да т. п.
    Далей, Юргевіч яўна не ўлічвае, што Ягайло, Ольгерд, Витовт, Кейстут і г.д. былі не з чарналюдзьдзя, а князямі, гаспадарамі агромністай дзяржавы, імёны якіх, вядома, маглі скажацца ў народным маўленьні, але ў разнастайных дакумэнтах - скажам, такіх, як указы, дамовы мусілі пісацца толькі ў сваёй першаснай, афіцыйнай форме. Ён гэтага не адчувае. Так, канчатак -айло /хоць і не прама/ ён абвяшчае памяншальным суфіксам, таму ў яго ўсе імёны на - айло: Сенгайло, Пунигайло, Мунтигайло ды інш. - памяншальныя, “фамільярныя”. “Відавочна, - піша ён /с. 22/, - што Ягайло была фамільярная форма імя Яков, якое князю далі пры хрышчэньні. Гэта пацьвярджае, як мне здаецца, і Васкрасенскі летапіс... дзе чытаем: “у Олгерда от В. Княгини Ульяны Тверской Яков, нареченный Ягайло”, г. зн. імя хроснае Яков перарабілі ў фамільярную форму ды назвалі яго Ягайлом, бо іначай летапісец сказаў бы: “был сын Ягайло нареченный Яков”, паставіўшы раней яго паганскае імя. Гэтаксама, як убачым, Евнутий, Витовт, Ольгерд і іншыя насілі імёны, дадзеныя ім пры хросьце”.
    Зразумець лёгіку гэтага разважаньня цяжка. Калі Ягайло - фамільярная форма імя Яков, то прычым тут увогуле слова “нареченный” /названы/? Фамільярныя імёны, што выцякаюць з афіцыйнай формы імені, спэцыяльна не даюцца. Фамільярныя формы з асноўнага імя выцякаюць. Напрыклад, я - Іван, гэтае імя мне далі, калі я нарадзіўся. І ва ўсіх дакумэнтах я - Іван. Але так мяне завуць рэдка: блізкія людзі майго веку - Ваня, у афіцыйных і напалову афіцыйных размовах я - Іван Антонавіч. Ёсьць жа такія, асабліва блізкія сябры, што завуць Ванька, Ванюха, Ванятка, Янка, Яначка, Янук. Такіх варыянтаў ад імя Іван у расейскай ды беларускай мовах вельмі шмат, і імі ўсімі мяне назвалі ў той дзень, калі далі імя Іван.
    Так і з Якавам. Калі Ягайло - гэта Яков у фамільярнай форме, то летапісцу не было аніякай патрэбы пісаць “Яков, нареченный Ягайло”. А ён напісаў. Значыць, Ягайло - не форма імя Яков /уявіце сабе, было б напісана: “Иван, нареченный Ванька”/, а зусім іншае, самастойнае імя. Гэта падкрэсьліваецца і тым, што вялікі князь Ягайла як Якаў нам фактычна невядомы. Да таго, як сеў на польскі трон і хрысьціўся ў каталіцызм, стаўшы Уладзіславам, Ягайла заўсёды быў Ягайлам. Што ж гэта атрымліваецца: вялікі князь, адзін з найвялікшых уладароў Эўропы, і сам падпісваўся фамільярным імем, і дазваляў, каб да яго так зьвярталіся іншыя? Гэта ж проста недарэчнасьць. Цара Івана Жахлівага пры ягоным жыцьці ніхто і Іванам не зваў, бо яго афіцыйнае імя было Иоанн. А вялікі князь літоўскі, выходзіць, быў да таго дробнай фігурай, што мог у любых становішчах карыстацца дзіцячым імем. Дый яшчэ зрабіў яго дынастычным прозьвішчам каралёў Ягелонаў.
    Далей, Юргевіч вельмі перабольшвае хрысьціянскі, у прыватнасьці праваслаўны ўплыў на літоўскіх князёў. Паводле яго, і Міндоўг, і Войшалк, і ўсе астатнія насілі фактычна хрысьціянскія імёны, г.зн. былі хрышчонымі ад нараджэньня, толькі свой хрост хавалі ад аднапляменнікаў-паганаў. Але гісторыя захавала на гэты конт розныя цікавыя падрабязнасьці. Калі ў 1342 годзе пскавічы запрашалі Альгерда на княжаньне да сябе і раілі яму хрысьціцца, - ён адказваў: “уже крещен есмь, и христианин есмь, второе креститися не хощу я” /Белоруссия и Литва. СПб, 1890, с. 76/. Але польскі дасьледчык С. Кучыньскі паведамляе, што Альгерд прыняў хрост толькі перад сьмерцю /S. Kuczyński.  Władysław Jagiełło. Warszawa, 1971, с. 18/. Меў Альгерд 12 сыноў, але гарантавана хрышчонымі былі толькі 10 /Белоруссия и Литва, с. 78/.
    Юргевіч сьцьвярджае, што Ягайло - форма імя Яков, Ольгерд - форма імя Александр; такім чынам, Ягайла і Альгерд “насілі імёны, дадзеныя ім пры хросьце”. Зразумела, пры вялікім жаданьні можна пачуць штось агульнае ў парах Яков - Ягайло, Александр - Ольгерд. Але ж вядома і шмат такіх выпадкаў, калі два імі аднаго князя не супадаюць зусім. Так, Альгердаў сын Корибут атрымаў пры хросьце імя Димитрий, брат Карыбута Скіргайла - Іван. Яшчэ адзін сын Альгерда, славуты Андрэй Полацкі насіў паганскае імя Вінгольт. Паміж Андрэй і Вінгольт таксама яўна няма нічога агульнага. Гісторыя імёнаў Андрэя-Вінгольта цікавая яшчэ тым, што, ён быў сынам хрысьціянкі, Марыі Віцебскай, і нарадзіўся ў хрысьціянскім Віцебску, дзе княжыў ягоны бацька Альгерд, але, аказваецца, першым імем Андрэя было ўсё ж Вінгольт. Пра гэта сьведчаць пскоўскія летапісы, дзе паведамляецца: у 1341 годзе, над пагрозай нападу з боку немцаў, “послаша послове в Витебско ко князю Ольгерду помощи прошати. /.../ Князь же Ольгерд, послушав псковских послов, не оставя слова псковского, посла воеводу своего князя Георгия Витовтовича; а сам Ольгерд подъим брата своего Кестуита и мужин своих Литовъков и мужин видьблян, и приеха в помощь псковичам, месяца июля во 20 день /.../ и приведе с собою сына своего Андрея, тако бо бяше имя ему молитвенное, а еще бе не крещен” /Псковские летописи. М.-Л., 1941, с. 18/. Як бачым, Андрэй Полацкі да 16 гадоў не быў хрышчоны, а імя Андрэй меў малітоўнае, г. зн. яго называлі так, калі за яго маліліся. Гэта ясна паказвае, што князі-ліцьвіны былі не тайнымі хрысьціянамі, а наадварот, адданымі паганамі, якімі заставаліся і ў хрысьціянскім асяродзьдзі. З палітычных меркаваньняў яны прымалі і праваслаўе, і каталіцызм /у абедзьве веры хрысьціліся Міндоўг, Ягайла, Свідрыгайла/, але, па сутнасьці, пакланяліся паганскім багам і імёнамі карысталіся пераважна паганскімі. Іначай як растлумачыць, што ледзь не ў кожнага з іх, аж уключаючы пакаленьне Ягайлы, было па два імі: хрысьціянскае і паганскае? Андрэй - Вінгольт, Ягайла - Якаў, Скіргайла - Іван, Карыбут - Дзімітрый, Лунгвен - Сімяон, Карыгайла - Казімір, Вігант - Аляксандр, Свідрыгайла - Леў... Праўда, Альгерд меў яшчэ чатырох сыноў ад першай жонкі, і нам вядомыя іх толькі хрысьціянскія імёны: Дзімітрый, Канстанцін, Уладзімір і Фёдар, але, магчыма, іх паганскія імёны проста не дайшлі да нас. Наяўнасьць такіх іменных пар канчаткова падрывае гіпотэзу Юргевіча, што паганскія імёны князёў-ліцьвінаў - у сапраўднасьці скажоныя хрысьціянскія, бо навошта пры адным хрысьціянскім, хай сабе скажоным, патрэбна яшчэ адно, нескажонае?
    Такім чынам, што Ягайла, Віцень, Вітаўт і г.д. - імёны хрысьціянскія, выключана. Іншая рэч, што яны маглі б быць, хоць і паганскімі, але славянскага паходжаньня. М. Ермаловіч зьвяртае ўвагу на такія імёны, як Воін /брат Гедыміна/, Гердзень; воін - чыста славянскае слова, а Гердзень падобнае да горды. Магу дадаць, што ў слоўніку Даля маюцца словы ягайла “горлан, бранчливый нахал, ругатель” і витень “плеть, кнут; нож на ремне”. Але бясспрэчна славянскім уяўляецца толькі імя Воін. Бо ягайла ў расейскай мове ўтворанае ад дзеяслова ягать /валагодзкае, пермскае, сыбірскае/ - “кричать, шуметь, бушевать, браниться, вздорить” з дапамогай расейскага суфікса. І калі б імя Ягайло было славянскага паходжаньня, то праз ягоную схему можна было б растлумачыць і астатнія імёны ліцьвінаў на -айло: Скиргайло, Свидригайло, Коригайло, Кезгайло, Мингайло і інш. Але гэта немагчыма, бо ані ў расейскай, ані ў беларускай мове няма дзеясловаў скіргаць, свідрыгаць, карыгаць, кезгаць, мінгаць. Такім чынам, супадзеньне паміж імем Ягайло і расейскім словам ягайла - чыста выпадковае. Я ўжо не кажу, што сэнс слова ягайла абсалютна не адпавядае таму, што мы можам лічыць княскім імем. Немалаважна і тое, што слова ягайла - валагодзкае, пермскае, сыбірскае, г.зн. геаграфічна далёкае ад Беларусі і ў беларускіх гаворках яго няма; як жа яно магло трапіць да ліцьвінаў? /Маці Ягайлы была з Цверы, а як цверскае слова ягайла Даль не адзначае/. Тое сама можна сказаць і пра расейскае витень: у значэнні “плеть, бич” яно ўжываецца, паводле Даля, на Валагодчыне ды Архангельшчыне, а ў значэньні “нож на рамяні” у Сыбіры. Адносна Гердзень трэба прызнаць, што калі гэтае імя ўтворанае ад горды, то незразумелы пераход “о” ў “е”.
    Розныя аўтары спрабуюць адшыфраваць са славянскіх каранёў і іншыя імёны - напрыклад, Войшелк. Зыходзячы з яго сучаснай формы /Войшалк/, падзяляюць на вой ды шал, атрымліваючы “шалёны воін”. Але аналізаваць трэба не сучасныя, а колішнія формы імёнаў, занатаваныя ў летапісах і дакумэнтах. “Шелк” жа далёка не шал - думаецца, гэта зразумела без лішніх слоў.
    Асноўная ж маса летапісных ліцьвінскіх імёнаў для славянскага вуха зусім чужая, незразумелая. Як растлумачыць, адштурхваючыся ад беларускай, расейскай, польскай моваў Гедимин, Витовт, Скирмунт, Кезгайло?
    Незразумелымі ліцьвінскія імёны былі і для славянаў-сучасьнікаў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што летапісы фіксавалі іх у самых розных, іншы раз нечаканых формах.
    У зьмястоўнай кнізе М. М. Улашчыка “Введение в изучение белорусско-литовского летописания” /М., 1985 [У далейшым “Н. Улащик” з указаньнем старонкі.]/, у імённым паказальніку прыводзяцца розныя варыянты ліцьвінскіх імёнаў, што маюцца ў летапісах, складзеных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад: Миндовг - Мендольф, Миндов, Миндауг; Войшелк - Войшвилок; Любард - Любарт, Люборт; Довгирд - Долгирд; Ейкшис - Ейкша, Ейкшыс, Екшис, Ечькшис; Свидригайло - Оветригайло, Швидригайло, Швинтригайло; ЖивибундЖивинбуд, Живинбид, Зивибунт і г.д. Адсюль бачна, што летапісцы-славяне не да канца разумелі, як перадаваць гэтая імёны. Праўда, летапісы, якія разьбірае М. Улашчык, позьнія, яны пісаліся не раней за XVI стагодзьдзе, г.зн. калі пералічаныя князі даўно памерлі. Але блыталіся у ліцьвінскіх імёнах і болей раньнія летапісцы. У Іпацьеўскім летапісе, што складаўся ў XІІI стагодзьдзі, сустракаем формы Миндовг, Миндог, Мидог, Мидогв, Минодовг /Полное собрание русских летописей [У далейшым - ПСРЛ.] т. ІI, сл. 735, 801, 818, 855 ды інш./, Воишелк, Вышелк, Вышегл, Вошелк, Войшеволк /сл. 830, 837, 847, 855, 863/. Такога разнабою, вядома, не было б, калі б імёны мелі славянскае паходжаньне.
    Важна адзначыць, што нязгодныя варыянты аднаго імя сустракаюцца ў летапісах літаральна побач. Вядома, што Пскоўская зямля была цесна зьвязаная з Вялікім Княствам Літоўскім, фактычна знаходзячыся над ягонай апекай. Тут жылі тыя сама крывічы, што складалі аснову Полацкага княства. І калі ліцьвінскія князі зваліся па-славянску, г.зн. па-крыўску, то ў Пскове не мелі б клопатаў з напісаньнем іх імёнаў. Аж не. Вось красамоўны факт. Нальшчанскі князь Даўмонт у 1266 годзе “уцёк у Пскоў, ратуючыся ад Войшалка” /М. І. Ермаловіч. Старажытная Беларусь. 1990, с. 325/. Тут Даўмонт праз год стаў князем і, як паведамляе Пскоўскі летапіс, тады ж “ходил... с мужи псковичи, и плени землю Литовскую, и погону побиша” /Псковские летописи. Вып. I, с. 13/. У далейшым Даўмонт служыў Пскову верай і праўдай. У Пскове ён прыняў хрост, атрымаўшы імя Цімафей; перад сьмерцю, здаецца, пастрыгся і праз пэўны час быў кананізаваны. Цімафей - і да нашага часу найвялікшы пскоўскі сьвяты. Здавалася б, для пскавічоў з напісаньнем ягонага імя не павінна быць аніякіх праблем. Але ўжо на першых старонках Ціханаўскага сьпісу сустракаецца як звычайная форма Довмонт, так і нязвычная - Довмот /Псковские летописи, вып. І, с. 3/. А ніжэй у тым жа сьпісе можна ўбачыць і формы Домонт, Домант /сс. 13, 23 ды інш/. Такім чынам, імя былога нальшчанскага князя мае ў Ціханаўскім сьпісе чатыры варыянты.
    Імя Кейстут у Пскоўскім летапісе мае дзьве формы: Кестуит ды Кестутий, прычым абедзьве ўжываюцца побач. Так, на с. 18 можна прачытаць: “Ольгердъ подъимъ брата своего Кестуита”, “А Ольгердъ князь и Кестутий князь...”, на с. 19: “И бысть Ольгерду князю и Кестуиту... скорбь и печаль”, “А князь Ольгердъ и братъ его Кестутий прочь поехаша” /літары й тады яшчэ не было, таму Кестутий пісалася як Кестутии/. Зазначым, што асноўная форма Кейстут пры гэтым не ўжываецца. Так і з пэўнымі іншымі імёнамі князёў-ліцьвінаў: Пскоўскі летапіс ужывае не асноўныя формы іх, а нейкія свае. Напрыклад, Войшелк - Войшегл /с. 13/, Лингвений - Лугмений /с. 40/, Свидригайло - Свитригайло /сс. 40-41/, Скиргайло - Скиригайло /с. 24/, Жигимонт - Жидимонт, Жидомонт /сс. 40-41, 43, 44/.
    Зразумела, няма чаму зьдзіўляцца, калі пскоўскі летапісец называе караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя Степаном Обатуром /с. 118/, бо такім чынам скажалася іншамоўнае імя. Але раз скажаліся імёны Войшелк, Кейстут, Довмонт, Жигимонт, Лингвений, то, трэба думаць, і яны для пскавічоў былі нязвычнымі, чужымі.
    Цяпер прыгледзімся да структуры ліцьвінскіх імёнаў. Ужо даўно заўважана, што яны большай часткаю двухчленныя, г.зн. складаюцца з дзьвюх частак па тыпу Владимир, Ростислав. Гэтыя часткі можна вылучыць, нават не ведаючы іх значэньня. Возьмем для прыкладу імя Ольгерд. Юргевіч яго разглядае як скажонае хрысьціянскае Александр. Але рэч не толькі ў тым, што Ольгерд і Александр па гучаньні, як кажуць у Адэсе, “дзьве вялікія розьніцы”. Паставім побач з Ольгерд імя Гердзень, якое М. Ермаловічу здаецца славянскім /Старажытная Беларусь, с. 327/. Ясна відаць, што абодва імі маюць агульны элемэнт - герд, якім пачынаецца Гердень і канчаецца Ольгерд. У кнізе М. Улашчыка згадваецца віленскі ваявода Долгирд, ён жа Довгирд. Быў і яшчэ варыянт таго сама імя - Довгерд /Белоруссия и Литва, с. 170/. Як бачым, герд і тут. Трохразовае ужываньне гэтай “цаглінкі” паказвае, што яна - самастойнае слова нейкай мовы. А элемэнт оль, з якога пачынаецца Ольгерд? Ён стаіць і на пачатку імя Ольгимонт. Значыць, і оль – “цаглінка”. Што ж да монт, якім Ольгимонт канчаецца, то гэта адна з найчасьцейшых “цаглінак”: Видимонт, Гермонт, Жигимонт, Писимонт, Скирмонт, Ямонт - і гэта яшчэ не ўсё. З монт імя можа і пачынацца: Монтвил. Вил жа, якім Монтвил канчаецца, таксама “цаглінка”: Радивил, Гинвил. Довгерд пачынаецца з дов, як Довмонт; значыць, “цаглінка” і дов. Але, улічваючы імя Миндовг, якое канчаецца на довг, можна дапусьціць, што і ў Довгерд, і ў Довмонт першым элементам зьяўляецца не дов, а довг: довг + герд - Довгерд, довг + монт - Довмонт.
    Яшчэ “цаглінкі”: товт /Витовт, Товтивил/, вид /Видимонт, Монивид/, мин /Миндовг, Мингайло/, кор /Кориат, Корибут, Коригайло/, бут /Корибут, Бутав/, скир /Скирмонт, Скиргайло/, гайло /Скиргайло, Ягайло, Кезгайло, Свидригайло ды інш./.
    Падкрэсьлю яшчэ раз: калі нейкім элемэнтам імя можа і канчацца, і пачынацца, то гэты элемэнт, несумненна, не суфікс і не прыстаўка, а самастойнае слова ці хаця б корань слова. Таму такія цаглінкі, як вил, герд, довг, товт ды інш. - словы. Гэта пацьвярджаецца яшчэ і тым, што сярод беларускіх прозьвішчаў сустракаюцца ВІЛЬ, ГАЙЛА, ГЕРДА, ГЕРТ, МОНТ, CKIP, ТОЎТ, блізкія да “цаглінак”. Разглядаючы такія прозьвішчы, М. Бірыла не заўсёды абапіраецца на славянскі матэрыял. Так, да ГАЙЛА ён дае паралель з расейскай мовы гайло “шырокае горла, пашча, зяпа”, да ЖЫГА - беларускае рэгіянальнае жыга “жвавы, спрытны, борзды”, “хто ўмешваецца ў чужыя справы”, расейскае жига “лаянка, пострах, пакараньне”, да ТОЎТ - украінскае товт “купец”. МОНТ жа ён тлумачыць праз цюрскае імя Мантай, ВІЛЬ ды ГЕРТ - праз летувіскія прозьвішчы /без аналізу іх/, ГЕРДА ды СКІР - праз летувіскія словы. Летувіскія паралелі даюцца ім таксама да ГАЙЛА /гл. М. Бірыла. Беларуская антрапанімія, ч. 2. 1969 [У далейшым – “М. Бірыла, 2”.]/.
    Такім чынам, славянскімі могуць быць прызнаныя “цаглінкі” жига, гайло, товт. Але што гэта дае? Дапусьцім, у імі Жигимонт пачатак уяўляе з сябе беларускае або расейскае слова. А монт? Такога слова ў славянскіх мовах няма. Або Витовт. Хай сабе товт – “купец”. А што такое ў славянскіх мовах ви? А вил у Товтивил? Што ж да расейскага гайло “шырокая пашча, зяпа”, то калі прызнаць, што якраз яно ўваходзіць у імёны Ягайло, Мингайло, Скиргайло, Коригайло, Кезгайло і г. д., - ці не занадта “шырокіх пашчаў” сярод літоўскіх князёў?
    Скажам прама: лічыць усе гэтыя імёны славянскімі гэтак жа неправамерна, як і скажонымі хрысьціянскімі.
    “А Воін? - скажа чытач. - Ты ж сам згадзіўся, што гэтае імя славянскае. Чаму ж яго насіў брат Гедыміна - па-твойму, неславянін?”
    На гэта адказ просты. Літва жыла не на востраве, не былі ейныя землі агароджаныя і непраходнымі прадоньнямі. Літва здавён суседзіла са славянамі, нітавалася з імі шлюбнымі сувязямі, запазычваючы ў выніку не толькі словы, але і імёны. Дарэчы сказаць, запазычваньне імёнаў - увогуле распаўсюджаная зьява. Так, дасьледчык удмурцкай анамастыкі вылучае сярод удмурцкіх імёнаў цэлыя пласты запазычаных. Тут іранскі пласт /Артан, Алан, Алангасар, Базак, Бандур, Дада, Дангыр, Занок, Зарина, Казмас ды інш./, вугорскі /Закнай, Мансэй, Порег, Салькай/, мноства цюрскіх імёнаў, якія “займалі выключна вялікае месца ў дахрысьціянскім іменьніку ўдмуртаў” /гл. М. Г. Атаманов. Удмуртская ономастика. Ижевск, 1988, сс. 109-123. [У далейшым – “М. Атаманов”.] Працытаваная с. 116/. “Гаворачы пра запазычваньне расейскага іменьніка, - піша М. Атаманаў, - трэба адзначыць, што некаляндарныя расейскія імёны, як Ждан, Нечай, Поздей, Третьяк, Милован, Бажен ды інш., былі засвоеныя ўдмуртамі без аніякіх фанэтычных зьменаў” /с. 121/.
    Як ужо было сказана вышэй, М. Ермаловіч лічыць Гедымінавічаў працягам Полацкай дынастыі, што ішла ад Рагвалода. Але разгляд імёнаў абедзьвюх дынастый гэтага не пацьвярджае. Вядома, што ў кожным родзе маюцца свае, ўлюбёныя імёны. Такімі ў Рагвалодавічаў былі на –слав: Изяслав, Брячислав, Ростислав, Bсеслав, Мстислав. А ў Гедымінавічаў яны не сустракаюцца зусім, як сярод асноўных, так і паралельных. 12 сыноў Альгерда, апрача паганскіх, насілі праваслаўныя імёны Андрей, Димитрий /двое/, Константин, Владимир, Федор, Яков, Иван, Симеон, Александр, Лев ды каталіцкае Казімір. Як бачым, аніводзін з іх не меў імя на -слав, за выключэннем Свідрыгайлы, які атрымаў імя Баляслаў пры другім хросьце, у каталіцтва, а ад першага насіў імя Леў. Але імя Баляслаў Рагвалодавічамі не скарыстоўвалася, бо яно польскае.
    А нашчадкі полацкай дынастыі і ў часы Альгерда працягвалі даваць сваім дзецям імёны на -слав, пра што сьведчыць, напрыклад, імя па бацьку першай жонкі Альгерда - Марыі Яраслаўны /віцебская князёўна/. Але Альгерд не даў імя свайго цесьця Яраслава аніводнаму са сваіх пяці сыноў, народжаных яму Марыяй. Трэба думаць, у гэтым праявіліся патрыярхальныя звычкі даваць імёны па мужчынскай лініі роду.
    Дадамо, што ў Гедымінавічаў зусім не сустракаецца і імя пачынальніка Полацкай дынастыі - Рагвалода, тым часам як у ёй самой давалася неаднаразова: з гісторыі вядомыя Рагвалод - сын Ізяслава, Рагвалод Барысавіч - полацкі князь, унук Усяслава. Як бачым, Рагвалод у родзе Гедымінавічаў не карыстаўся пашанай продка. Такім чынам, Рагвалодавічы і Гедымінавічы - розныя дынастыі, і няма падстаў сьцьвярджаць, што ўзвышэньне Вільні было “другім узвышэньнем Полацка”.
    Калі імёны князёў-ліцьвінаў не хрысьціянскія з паходжаньня і не славянскія, то, можа, яны усё ж летувіскія? Гэтая думка доўгі час не давала мне спакою. Пішучы “Племя пяці родаў”, я не усе імёны тыя адшыфраваў, а пры адшыфроўцы не абышлося без дапушчэньняў, здагадак. А што, калі ўсе яны спакойна раскрываюцца з летувіскай? Тым болей, што да мяне ў Якуцк сталі даходзіць чуткі, што беларускія лінгвісты, якія валодаюць ёю, толькі пасьмейваюцца з мяне, бо ўсе гэтыя Альгерд ды Вітаўт, Гедымін ды Ягайла - спрэс летувіскія. Але чаму яны не крытыкуюць мяне ў друку? Ермаловіча баяцца зачапіць? Але ж ці варты навукоўца такі падыход? Для навукі няма ні брата, ні свата. Яна тады толькі навука, калі робіць свае высновы не для таго, каб зрабіць прыемнасьць таму ці іншаму чалавеку, групе, партыі, нацыі, а каб узнавіць ісьціну...
    Ды тут удалося мне дастаць іншым шляхам дзьве апошнія старонкі працы Юргевіча, якія ў Міколы Іванавіча згубіліся. З іх я даведаўся, што артыкул быў напісаны ў Адэсе, скончаны 5 лютага 1881 года. Але гэта, зразумела, дробязі ў параўнаньні з тым, што я прачытаў на перадапошняй, 28 старонцы. Як вельмі важны падаю гэты кавалак без перакладу:
    “Представив мой опыт имен литовско-русских, я не могу не поместить здесь курьезного объяснения их, сделанного двумя литовцами Даниллом и Доугдарисом, напечатанного в Петербургской польской газете “Tygodnik Petersburgski” за 1850 г. 17 июля.
    Ягелло или Ягайло, по мнению Данилова /так у тэксце. - І. Л./, первое если боль, второе если жаль. По мнению Доугдариса это имя означает дельного всадника от литовского глагола ять /ехать/ и галеть /мочь/.
    Кейстут, у Даниллы изменяющийся, у Доугдариса распаляющий, разогревающий, потому что кейсто означает согревать.
    Кориат должно быть, как думает Данилло, правильно Кориант - поместил на или Курайт - куда идти, по Доугдарису воин и составлено из коре война, ять ехать.
    Гедимин, как объясняет Доугдарис, значит превосходный певец, из доук много и мена понимает. То же имя, по Данилле, состоит из геда “стыд” и мин “топчет, попирает”. Видно, этот князь был бесстыдным от рождения!
    Свидригайло у Даниллы значит сердца жаль; у Доугдариса состоит из вить “гнать”, рыть “уничтожать, истреблять” и галетъ “мочь”, следовательно значит: догнав могущий уничтожить.
    Скиргайло у первого отнимает боль, у второго могущий делить. Скирть “делить” и галеть “мочь”.
    Войшелг, Вайшилг у первого - долгое пребывание, у второго Войсен, Войтовт, Вейтас значит волостной староста /Wójt/.
    Витовт у первого погоняющий, у второго могущий догнать. То же значение он находит и в имени Витень. В подобном роде у них объяснение и других слов”.
    Цяжка сказаць, ці ўсе тлумачэньні Даніллы ды Даўгдарыса перададзеныя Юргевічам правільна, ці правільна перадае ён расейскімі літарамі летувіскія словы /у летувіскай мове неазначальная форма дзеяслова канчаецца на “і”, а Юргевіч піша “ять”, “галеть”/. Але ім заўважанае галоўнае: што паміж летувісамі няма згоды ў адшыфроўцы нібыта летувіскіх імёнаў, а адшыфроўкі часьцей за ўсё атрымліваюцца проста дзівацкімі. Гэта паказвае, што Даніллам ды Даўгдарысам імёны адшыфроўваліся яўна не з той мовы, у якой былі дадзеныя. Бо для нас жа няма праблемаў калі мы спасьцігаем сэнс імёнаў Владимир, Святослав, Всеволод. А яны ж не пазьнейшыя, чым ліцьвінскія. Наадварот. Святослав ды Владимир вядомыя нам з X стагодзьдзя, а найстаражытнейшае ліцьвінскае Миндовг - з ХІІІ-га. Імёны ж Гедимин, Ольгерд, Витовт, Кейстут - нават і з ХIV-га. А летувісы спрачаюцца, як іх разумець.
    Прайшло 140 год з дня публікацыі распрацовак Даўгдарыса і Даніллы. I вось у аднатомнай энцыкляпэдыі “Литва” /Вільнюс, 1989 [У далейшым – “Литва”.]/, у артыкуле “АНТРОПОНИМЫ” чытаем:
    “Сначала двухосновные личные имена /маюцца на ўвазе княскія імёны. - І. Л./ имели благородный ономастический смысл: имена отражали человеческие качества, которые высоко ценились в народе /напр., “Гинтаутас” – “защищающий народ”/. Наиболее распространенные основы древнелитовских личных имен: таут - /“таута” - народ/, кант - /“кантрус” - терпеливый/, мин - /“минтис” - мысль/, вил - /“вильтис” - надежда/, гайл - / “гайле” - жалеть/. С течением времени система личных двухосновных имен утратила связь с нарицательными словами. Личные имена начали образовываться из механически слагаемых компонентов, поэтому смысл многих двухосновных имен стал трудно объяснимым” /падкрэсьлена мной. - І. Л./.
    У энцыкляпэдыі гэтай артыкулы не падпісаныя. Але у заключэньне тома сказана, што ў яго складаньні бралі ўдзел А. Ванагас, З. Зінкявічюс ды іншыя найбуйнейшыя мовазнаўцы Летувы. Выйшла “Литва” зусім нядаўна. Значыць, прыведзеную з яе характарыстыку можна лічыць апошнім словам летувіскага мовазнаўства ў тлумачэньні літоўскіх імёнаў. І вось гэтае апошняе слова прызнае, што “смысл многих двухосновных имен стал трудно объяснимым”, г.зн. адшыфраваць іх не могуць.
    Пры гэтым аўтар артыкула “Антропонимы” /так і будзем яго называць далей/ адважваецца на вельмі рызыкоўны пасаж. Ён заяўляе, што спачатку двухасноўныя літоўскія імёны даваліся з “высакародным анамастычным сэнсам”, цалкам зразумелым, а потым сталі кампанавацца мэханічна, з-за чаго сэнс разбурыўся. Такім чынам, найболей зразумелыя - гэта, на ягоную думку, найболей старажытныя імёны. З гэтым наўрад ці згодзіцца хоць адзін аб’ектыўны філёляг. Наадварот, найменей зразумелыя антрапонімы, этнонімы, тапонімы - гэта якраз найстаражытнейшыя, з забытым сэнсам асноў. Не думаю, што аўтар “Антропонимов” гэтага не разумее. Дык для чаго спатрэбіўся такі тэзіс? Ды каб хоць неяк растлумачыць той дзіўны факт, што летувіская навука не можа адшыфраваць імёны, дадзеныя ў “летувіскай” мове.
    Важна падкрэсьліць: аўтар “Антропонимов” зусім не кажа, што сэнс нейкіх асноў страчаны. Ён упэўнена перакладае іх адну за адной: товт /у яго таут-/ - “народ”, мин – “думка”, вил – “надзея”, гайло – “шкадаваць”... Словы таўта, мінтіс, вільтіс, гайлетіс маюцца і сёньня. Усе яны шырока ўжывальныя. Тым болей сэнс іх быў цалкам зразумелы і ў часы ўтварэньня двухасноўных імёнаў. Значыць, людзі з цалкам зразумелых каранёў сьвядома ляпілі бязглузьдзіцу, каб называць ёю сваіх дзяцей?
    І з чаго аўтар “Антропонимов” узяў, што Гинтаутас /у летапісах Гинтовт/ - найстаражытнейшае літоўскае імя? Чым ён можа тое пацьвердзіць? Упершыню яно згаданае, здаецца, пад 1401 годам /гл. П. Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў. Мюнхэн-Нью-Ёрк, 1972, с. 51/. Дык няўжо яно старэйшае за такія, як Миндовг, Войшелк, Товтивил, Довмонт, вядомыя з летапісаў XIII стагодзьдзя?
    Цяпер паглядзім, ці ўсё ў парадку ў аўтара “Антропонимов” з перакладам. Аснову мин ён узводзіць да мінтіс - “думка”. Але ў мінтіс корань мінт- /mintyti - “думаць”/. Зразумела, што гэты корань уваходзіў бы ў імёны ў выглядзе минт, а не мин. Гэта ясна паказвае аснова шматлікіх літоўскіх імёнаў монт, што захоўвае “т” як напрыканцы імя /Скирмонт, Жигимонт/, так і ў сярэдзіне /Монтвил, Монтигирд/, а адрозьніваецца ад мінт адным галосным гукам. Гэтаксама ў розных пазыцыях захоўваецца канцавое “т” асновы товт /Витовт, Товтивил/. Чым жа тады растлумачыць, што ў мінт яно “адпала”? Гэта - раз. Другое – у летувіскай мове маецца слова minti, што азначае “таптаць”, і корань ягоны - мін. Зразумела, што ў такіх умовах адпадзеньне “т” ад мінт, ператварэньне яго ў мін прывяло б да зьмены сэнсу. Значыць калі б у імёнах была аснова минт, то яна б і засталася. А паколькі мы маем не минт, а мин, узводзіць гэтае мин у летувіскай мове можна толькі да minti. Але з “таптаць” не атрымліваецца “высакароднага анамастычнага сэнсу”, імя Гедимин з дапамогай mintі Даніллам адшыфроўвалася як “топча сорам”. І аўтар “Антропонимов” прыцягвае нерэальнае ў дадзеным выпадку мінтіс. Толькі “сорам-думка” ці нашмат высакародней, чым “сорам-таптаць”.
    А аснова вил, сьцьвярджае аўтар “Антропонимов” - гэта корань слова вільтіс – “надзея”. Сапраўды, у viltis корань вiл. Але гэтае слова паходзіць ад viltis “спадзявацца”, тое ж, у сваю чаргу – ад viltiпадманваць у надзеях”, “расчароўваць”. Незразумела? Рэч у тым, што viltis спадзявацца” – дзеяслоў зваротны, на што паказвае канчатак -tis. які адпавядае нашаму -цца, расейскаму -ться. A vilti - з тым жа коранем віл дзеяслоў прамы. Зваротны дзеяслоў - фактычна складанае слова, у якое ўключаецца займеньнік “сябе”. Такім чынам, летувіскае viltis “спадзявацца”, калі яго супаставіць з vilti “расчароўваць”, “падманваць у надзеях”, азначае, “расчароўваць сябе”, “падманваць у надзеях сябе”. Зразумела, што асобна ўзяты дзеяслоўны корань, без канчатку, які надае зваротнасьць, успрымацца ў зваротным сэнсе не можа /мыць аніяк не можа даць сэнсу “мыцца”/. Адсюль ясна, што корань віл, уваходзячы ў імёны без -tis, не можа азначаць “надзею”, і калі б ён быў сапраўды летувіскім, то за ім стаяла б “расчароўваць”, “ашукваць у надзеях”, што не толькі не надае “высакароднага анамастычнага сэнсу”, а і ўвогуле не стасуецца да імя, бо не могуць жа бацькі жадаць свайму дзіцяці, каб яно “расчароўвала”, “ашуквала надзеі”. А цяпер возьмем імя Товтивил /летувісы пішуць Таутвила/, Згодна са схемаю аўтара “Антропонимов” /народ + надзея/, яно адшыфроўваецца прыгожа /“Народная надзея”/. Аб’ектыўна ж – “Народнае расчараваньне”, “Народны падман у надзеях”.
    Ды і з тымі значэньнямі асноў, якія называе аўтар “Антропонимов”, далёка не заўсёды выходзіць гладка. Вось, напрыклад, імя Мингайло. Мин, паводле аўтара, “думка”, гайло – “шкадаваць”. Як жа гэта зразумець? “Думка шкадуе” або “Думку шкадуе”?
    Яшчэ імя з элемэнтам гайло: Скиргайло. Па-летувіску skirti “рэзаць” або “дзяліць”. Значыць, зьмест імя Скиргайло – “рэзаць-шкадаваць” або “дзяліць-шкадаваць”. Абракадабра!
    Дый увогуле ясна, што такая аснова, як “шкадаваць”, можа прыдасца толькі для вельмі абмежаванай колькасьці імёнаў, у выглядзе выпадковага выключэньня, бо шкадаваньне каго або чаго можа быць зафіксаваным у імі? Бацькі? Маці? Свайго племя? Але ці бачыў старажытны чалавек нейкую карысьць у бязьдзейным шкадаваньні? Думаецца, што ў іменных формулах на месцы “шкадаваць” ён хутчэй ужыў бы “берагчы”, “абараняць”. Тым часам, з гайло імёнаў - цэлыя прыгаршчы: Мингайло, Яргайло, Сенгайло, Наргайло, Пунигайло, Кешгайло /Кезгайло/, Монтигайло /Мунтигайло/, Дангайло, Вежгайло, Довгайло, Виликайло, Нигайло, Стригайло, Коригайло, Ягайло, Швинтригайло /Свидригайло/, Скиргайло, Сунигайла, Свугайла /з кніг У. Юргевіча, М. Улашчыка ды П. Урбана/. І калі падысьці да першай асновы іх з летувіскім слоўнікам, атрымліваецца часам такая лухта, што немагчыма стрымаць усьмешку: Мингайло – “таптаць-шкадаваць”, Вежгайло – “везці-шкадаваць” або “рак-шкадаваць”, Ягайло – “ехаць-шкадаваць” /першая частка гэтага імя літуаністамі звычайна выводзіцца з joti “ехаць”/ і да т.п. А да цэлага шэрагу імёнаў увогуле не знаходзіцца апэлятываў.
    Аўтар “Антропонимов” прыводзіць з перакладам усяго пяць “найболей распаўсюджаных” асноваў княскіх імёнаў: товт, кант, мин, вил ды гайло. Пры гэтым ён прыкметна хітруе. На першае месца ставіць товт /у яго таут-/ з “высакародным” сэнсам, а гайло - на пятае. У сапраўднасьці ж з прыведзенай пяцёркі найболей пашыраная - якраз гайло, бо імёны з ёю перабольшваюць імёны з товт ледзь не ўтрая /з товт вядомыя Витовт, Бутовт, Монтовт, Товтивил, Товтигерд, Гинтовт, Гаштовт/. У лік “найболей распаўсюджаных” трапіла ў аўтара і аснова кант, якую асабіста мне ўдалося напаткаць толькі ў кнізе М. Улашчыка, дый тое ў варыянце Выконт імя Викинт - дый, як бачыць чытач, у форме конт, а не кант, што не адно і тое ж. А вось аснову монт /з варыянтам мунт/ не згадвае зусім, хаця імёнаў з ёю яшчэ болей, чым з гайло. Гэта па колькасці ўвогуле рэкардсмэн сярод асноў літоўскіх імяў: Акгимонт, Амонт /Ямонт/, Видимонт, Гермонт, Довмонт, Жигимонт, Норимонт /Наримунт/, Ольгимонт, Писимонт, Скилмонт, Скирмонт /Скирмунт/, Рымонт, Монтвил, Монтигайло /Myнтигайло/, Монтигирд, Монтовт /паводле кніг М. Улашчыка, У. Юргевіча ды “Белоруссия и Литва”/; Валімунт, Крымунт, Кімунт, Мінімунд, Сігімунд, Монтрым /П. Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў/. Чаму ж аўтар “Антропонимов” гэтую аснову прапусьціў? Ды таму, што не можа ёй даць прыстойнага тлумачэньня. У летувіскіх варыянтах імёнаў замест монт пішуць мантас: Скірмантас, Жігімантас, Нарімантас і г.д. А адзінае летувіскае слова, якое супадае гучаньнем з гэтым мантас - mantaмаёмасьць, манаткі, рэчы”. І ў імі Скірмантас, дзе першую частку можна супаставіць з летувіскім skirti “дзяліць”, канцы з канцамі нібыта зводзяцца: “дзяліць-маёмасць” - гэта, зразумела, не Владимир /“владеть миром”/, не Всеволод /“всем владеть”/, але штось блізкае да іх. А вось Гермонт, дзе першую аснову могуць вытлумачыць праз geras “добры”: “добрая маёмасьць” - ці ж можа такое імя быць дадзена чалавеку, дзіцяці? Žygis – “паход”; значыць, Жігімантас – “паходная маёмасьць”? А ўзяць Монтигайло: “маёмасць-шкадаваць”. Вядома, маёмасьць трэба шкадаваць. Але няўжо княскаму сыну маглі даць імя як пажаданьне “шкадаваць маёмасьць”? Монтвил – “маёмасць + ашукваць надзеі”, Мінімунд – “таптаць – маёмасьць”... А ёсьць і такія імёны з монт/мунт, да якіх апэлятываў зусім не падбярэш - напрыклад, Сугімунт, Писимонд ды інш. Дый няўжо вярхоўка фэадальнага грамадзтва /а двуасноўныя імёны належалі ёй/ магла надаваць такое значэньне маёмасьці, каб па-купецку, па-ліхвярску ўвесь час думаць адно пра яе?
    Хто-небудзь скажа: навошта гэты бой з ценем, калі аўтар “Антропонимов” нават не згадвае монт, для чаго даводзіць, што гэтая аснова не вырашаецца з manta? Рэч у тым, што спробы тлумачыць монт праз mantа ужо былі: на “skirti + manta” разбіваў імя Скирмонт ковенскі даследчык В. Рымша /гл. БСИ - 1980, с. 201/.
    Аднак нестасоўнасьць асновы manta да вялікай колькасьці іншых занадта відавочная, каб яе не заўважалі. Таму яшчэ ў 1971 годзе два летувіскія лінгвісты, Б. Савукінас ды К. Кузавініс, прапанавалі іншую вэрсію паходжаньня монт: быццам бы ў старажытнасьці існавала слова mantus “кемлівы”, утворанае з дапамогай пратэтычнага “т” ад manuti “думаць, меркаваць” /гл. БСИ - 1980, с. 201/. З такой прапановай згодны не адзін В. Рымша /гл. яшчэ ягоны арт. у: Системы личных имен у народов мира. М., 1989, с. 75/. Амэрыканскі дасьледчык расейскіх прозьвішчаў, сярод якіх сустракаюцца і з монт /Бальмонт, Висмонт, Зимонт, з паходжаньня яны лічацца летувіскімі/ піша: “Эти фамилии соотносятся со славянскими именами на -мысл” /Б. Унбегаун. Русские фамилии. М., 1989, с. 278/. А вось аўтар “Антропонимов” не стаў карыстацца ёю, і я здагадваюся, чаму. У аснове мин, узводзячы яе да мінтіс, ён дапускае страту канцавога “т”, а К. Кузавініс з Б. Савукінасам, наадварот, сьцьвярджаюць, што ў монт – дадатковае “т”, і калі б ён гэтую гіпотэзу падтрымаў, выйшла б зусім непрыгожа: у адным выпадку “т” адкідваем, у другім прышпільваем - дзе нам выгадна.
    А калі mantus і сапраўды існавала, то што гэта дае для адшыфроўкі двухчленных імёнаў з монт? Вернемся да Скірмонт. З manta “маёмасьць” яно яшчэ сяк-так вырашалася: “дзяліць маёмасьць”. Калі ж дапусьціць, што тут mantus, атрымліваецца “дзяліць-кемлівы”! Што ж гэта за пажаданьне нашчадку: “умей дзяліць”? Няўжо такое ўменьне важнае для шчасьця чалавека?
    Або Монтигайло: “кемлівы-шкадаваць”. Няўжо для таго, каб шкадаваць, патрабуецца кемлівасьць?
    Мінімунд, калі ісьці за аўтарам “Антропонимов”, які выводзіць мин ад мінтіс думка”, адшыфруецца як “думка-кемлівасьць” - непатрэбная таўталёгія. А калі разглядаць мин як корань дзеяслова minti “таптаць” /чаго вымагае летувіская мова/, то Мінімунд – “таптаць-кемлівы”. Нішто сабе кемлівасьць: таптаць!
    Монтвил, калі згадзіцца, што вил - гэта вільтіс “надзея”, складзецца з “кемлівы-надзея”. Як гэта разумець? А “кемлівы + падман у надзеях” - што гэта за імя?
    Падобныя недарэчнасьці ўзьнікаюць амаль што кожны раз, калі спрабуеш адшыфраваць праз mantus шматлікія імёны з монт. І гэта зразумела. “Кемлівы”, “разумны” і да т.п. не могуць утвараць шмат лягічных спалучэньняў з іншымі словамі. Прытым, паколькі яно само па сабе з’яўляецца азначэньнем, то азначэньня для сябе, г.зн. другой асновы не патрабуе. Тлумачальнымі словамі да “кемлівы” могуць быць: “вельмі”, “хутка” - што яшчэ? /“Мала кемлівы” - такога імя-пажаданьня я не ўяўляю/.
    Тлумачэньне монт праз прыдуманае mantus не ўлічвае яшчэ той акалічнасьці, што частка імёнаў на монт мае варыянт з мунт. Чаму адно mantus дало ў славянскіх летапісах два напісаньні? Амэрыканец сьцьвярджае, што Скирмунт – “восточно-литовская форма” /Б. Унбегаун, с. 278/. Аднак В. Рымша, двойчы аналізуючы Скірмантас /БСИ - 1980, с. 201; Системы личных имен у народов мира, с. 75/, варыянта Скірмунт зусім не згадвае, з чаго можна заключыць, што ў летувіскай мове няма дыялекту, у якім mantus магло б перайсьці ў muntus.
    Цяпер пяройдзем да такой важнай падрабязнасьці. Як летувіскія, так і шматлікія нелетувіскія дасьледчыкі чамусьці перакананыя, што зыходныя формы імёнаў Миндовг, Войшелк, Скирмонт, Ольгерд ды г. д. - летувіскія Мідаўгас, Вайшвілкас, Скірмантас, Альгірдас, г.зн. летувісы іх пішуць правільна, а нашы продкі, што складалі летапісы, скажалі. Летувіскія напісаньні ўжо фактычна выціскаюць летапісныя з гістарычнай літаратуры, энцыкляпэдычных выданьняў на расейскай мове. Дык давайце разьбяромся ў гэтым.
    Аніякіх летапісаў на летувіскай мове не існуе і не існавала, бо летувіская мова займела пісьмовасьць толькі ў 1547 годзе, дый пасьля гэтага гадоў 150 на ёй выдавалася толькі рэлігійная ды мовазнаўчая літаратура. Такім чынам, пры жыцьці Міндоўга, Войшалка ды іншых літоўскіх князёў імёны іх на летувіскай мове не фіксаваліся, і сучасныя летувіскія напісаньні гэтых імёнаў - толькі рэканструкцыя на падставе славянскіх, г.зн. дапушчэньні, як яны маглі гучаць па-летувіску, а не аўтэнтычныя, дакумэнтальна зафіксаваныя формы. Паглядзім жа, ці ў правільным кірунку вялася тая рэканструкцыя, ці няма ў ёй нацяжак.
    Монт, сьцьвярджаюць літуаністы, атрымалася з мантас. Выходзіць, у летапісцаў-славянаў з “а” пры напісаньні княскіх імёнаў атрымлівалася націскное, добра чутнае “о”. Чаму, з якой прычыны? Ці нашы продкі былі глухія? Ці, можа, у славянскіх мовах ёсьць такі закон - запазычанае “а” перарабляць у “о”? Няма такога закону, ні ў беларускай, ні ў польскай /Б. Унбегаўн піша, што монт “представляет собой польскую форму литовского mantas. Гл. с. 278/. А вось у летувіскай мове запазычанае націскное “о” часта перарабляецца ў “а”: Воін /імя/ яны пішуць Vainius, Казлоўскі ў іх Казлаускас, Каліноўскі - Калінаускас ды г.д. Нарімантас ў беларускім маўленьні нізавошта не стаў бы Нарымонтам, бо беларуская мова “акае”, яна схільная замяняць “о” на “а”, а не наадварот. Летувіс жа не можа сказаць Нарімонтас, бо гэта было б парушэньнем фанэтычнай нормы. Значыць, першаснымі формамі імёнаў з монт былі якраз летапісныя, а не “рэканструяваныя” летувіскія. Гэта яны і зьяўляюцца скажэньнем аўтэнтычных формаў, бо імёны з монт - чужыя для летувіскай мовы, не ўласьцівыя ёй фанэтычна. І гэта пацьвярджаецца тым фактам, што не толькі ў летапісах – і ў разнастайных іншых дакумэнтах, што выходзілі з канцылярыі вялікіх князёў /напрыклад, Жыгімонта/ монт як мант і тым болей як мантас не пісалася ніколі.
    Тое сама тычыцца і асновы товт, якую летувісы перадаюць як таутас. Не пісалі б летапісцы Витовт, калі б сапраўднае імя гаспадара было Вітаутас. Ці гэтая форма хаця б прарывалася ў іх то ў выглядзе Витавт, то Витаутас, Витавтас. Але такіх формаў мы не сустракаем. Затое маюцца іншыя варыянты, міма якіх аб’ектыўны дасьледчык не мае права прайсьці: імя Витовт у летапісах нярэдка пішацца Витолт, а ў палякаў ён увогуле Вітольд /Б. Унбегаўн піша, што товт – “польская форма литовского tautas”. Гл. с. 278/. Ці магло Витолт, Вітольд утварыцца з Вітаутас? Безумоўна, не. Разважаючы над імем Витовт, прыходзіш да высновы, што ягонай першаснай формай было Витолт або Вітольд, а шырока прынятае Витовт зьяўляецца вынікам беларусізацыі, вядома ж, што ў беларускіх гаворках у такой пазыцыі “л” пераходзіць у нескладовае “у”, блізкае да губна-губнога “в”: па-расейску волк, колтун - па-нашаму воўк, каўтун. А ў летувіскай мове Витовт, узятае з летапісаў, магло трансфармавацца толькі ў Вітаутас, як робіцца ў іх Якубаускасам наш Якубоўскі. Значыць, падсумуем: і Витовт - чужое для летувісаў імя, і часьцінка товт/толт, тольд/ - для іх чужая. Таму, дарэчы, і не складваюцца асновы ў такіх імёнах, як Товтивил, Гаштовт, калі іх лічыць летувіскімі: з Товтивила атрымліваецца “народны падман у надзеях”, а да першай асновы імя Гаштовт увогуле немагчыма падабраць апэлятыў. Ды і там, дзе асновы нібыта складваюцца, фактычна атрымліваецца “нескладуха”. Які сэнс укладвае аўтар “Антропонимов” у адшыфроўку імя Гинтовт, прапанаваную ім: “обороняющий народ”? Чалавек, які абараняе народ? Але ж у балцкіх мовах азначэньне заўжды стаіць перад азначаемым словам, і ў аніякім разе не наадварот. Параўнайце нашае “дружба народаў” з летувіскім tautu drugystė, поўным адэкватам нашага выразу /Гл. Русско-литовский словарь в 4-х тт. Вильнюс, 1983, т. 2/. Летувіская форма нашую быццам бы пераварочвае: “дружба народаў” – “народаў дружба”. Таму ў двухчленным летувіскім імі, зразумела, вядучай, галоўнай асновай павінна, быць другая, а тая, якая папярэднічае ёй, першая - азначэньне, і калі б Гинтовт было летувіскім імем, калі б яно сапраўды складалася з летувіскіх асноў “абарона + народ”, то гэта азначала б “народ, які абараняе”, “абарончы народ”, а не “абаронца народа”. Але ж ні пры якіх азначэньнях слова “народ” не можа быць імем асобнага чалавека.
    Вось яшчэ адна выключна важная асаблівасьць. У летапісах – Миндовг, Ольгерд, Витовт. А летувісы тыя сама імёны /як і шмат іншых/ пішуць з “с” напрыканцы: МіндаугАС, АльгірдАС, ВітаутАС. Такая ў летувіскай мовы рыса: калі слова канчаецца не на галосны гук, то абавязкова - на “с”. Гэта - архаічны канчатак, які лічыцца сьведчаньнем вялікай старажытнасьці ды некранутасьці летувіскай мовы. Ужываючы пералічаныя ды іншыя імёны з гэтым “с” і ў напісаньні па-расейску, у чым можа пераканацца кожны, хто возьме ў рукі хаця б энцыкляпэдыю “Литва”, летувісы, такім чынам, сьцьвярджаюць, што канчатак “с” быў уласьцівы літоўскім імёнам ад пачатку, а летапісцы, адкідваючы тое “с”, іх скажалі. Але навошта б тое рабілася?.. Ці ёсьць у славянскіх мовах закон, згодна з якім напрыканцы слова не можа стаяць “с”? Няма такога закона, і “с” у зыходзе слова - беларускага, расейскага, украінскага - бывае нярэдка: колас, голас, волас, квас... Маюцца ў нас і імёны з “с” напрыканцы: Панас, Улас, Пратас, Тарас, Барыс. Вось гуку “й” напрыканцы слова беларуская мова не цярпіць, дык і атрымалася з Афанасий - Панас, з Власий - Улас. А “с”, як бачым, пасьля гэтай “апэрацыі” якраз агаліўся, аказаўся напрыканцы, і паспрабуй адсячы яго!
    Не, наша мова супроць канцавога “с” нічога не мае. І ў выніку ў летапісах нямала неславянскіх імёнаў, якія канчаюцца на “с”. Так, у кнізе М. Улашчыка “Введение в изучение белоруско-литовского летописания”, што пераказвае летапісы, можна сустрэць /гл. іменны паказальнік/: Немонос, Вилюс, Гедрус, Гравзиссус /Грависюс/, Игровкис, Кгровжс, Доспрунгус, Ейкшис, Ликшис, Эвксюс, Кернус, Кунос ды іншыя. А для імёнаў з монт, товт ды шэрагу іншых, як Ольгерд, Кейстут, Гедимин, Миндовг, Войшелк - гэта далёка не ўсе! - М. Улашчык не дае аніводнага варыянта з канцавым “с”. Гэта можа азначаць толькі адно: што першасныя іх варыянты канцавога “с” і не мелі.
    Значэньне гэтай, здавалася б, дробязі ўспрымаеш адно тады, калі згадваеш, што канцавое “с” уласьцівае ўсім вядомым балцкім мовам: летувіскай, латышскай, прускай, “яцьвяскай” /мова племені, што жыло на Нараве, слоўнічак яе знойдзены брэсцкім студэнтам В. Зіновым. Гл. пра гэта: БСИ - 1983, арт. З. Зінкявічюса “Польско-ятвяжский словарик?”/. Адсутнасьць абавязковага канцавога “с” у літоўскіх імёнах гаворыць за тое, што мова летапіснай літвы не была балцкай.
    Яшчэ цікавая дэталь. Паглядзіце на такія пары варыянтаў: СкирмонтСкирИмонт, Монтвил - МонтИвил. Што такое “и” у СкирИмонт перад монт, у МонтИвил перад вил? Правільна: злучальны галосны гук. Злучальны “і” - уласнасьць шмат якіх ліцьвінскіх імёнаў: АкгИмонт, ВидИмонт, ОльгИмонт, КорИбут, КорИгайло, МонтИгайло, ТовтИвил, ЭрдИвил ды інш. Таму і там, дзе яго няма /Ольгерд ды інш./ можна дапусьціць, што ён меўся, бо гук “і” ў славянскіх мовах даволі няўстойлівы: пасьля галоснага пераходзіць у “й” /вайна/, а пасьля зычнага перад галосным - у нуль гуку /мгновение - мгновенье/. З другога боку, у славянскіх складаных імёнах таксама сустракаецца злучальны “і” /Мстислав, Ростислав/, таму можна было б падумаць, што злучальны “і” ўнесены ў ліцьвінскія імёны славянамі-летапісцамі, а ўвогуле яго не існавала. Але ў славянскіх двухчленных імёнах у якасьці злучальнага галоснага выступае не толькі “і”: Ярослав, Осмомысл – “о”, Изяслав – “я”, Всеслав – “е”. У ліцьвінскіх жа злучальны галосны - толькі “і”, а “о” сустракаецца выключна рэдка і толькі ў варыянтах /Минодовг - варыянт імя Миндовг, Жидомонт - варыянт імя Жигимонт/, якія і можна якраз растлумачыць славянскасьцю летапісцаў. Такім чынам, ліцьвінскія імёны мелі злучальны гук, і гукам гэтым быў “і”.
    А вось у летувіскіх складаных словах злучальнага гуку няма. Як паказваюць назіраньні над слоўнікам, большасьць летувіскіх складаных словаў уяўляе з сябе мэханічна складзеныя асновы, хай бы нават першая канчалася на зычны гук, а другая пачыналася з зычнага: jurligė – “марская хвароба” /jura “мора”, ligė “хвароба”/; duonkubilis - “дзяжа” /duona “хлеб”, kubilis “чан”/; žemgrindas “непрыкметная дарога пад вадой” /žemas “нізкі”, grindas “гаць з бярвенняў”/; žemdirbis “земляроб” /žeme “зямля” dirbti “працаваць”/. Зрэдку між асновамі ўзьнікае галосны гук, але гэта той самы, гук канчатку, што ідзе пасьля яе ў слове: mažakalbis “малагаваркі” /mažas “малы”, kalbus “гаворкі”/. Можна з упэўненасьцю сказаць, што злучальнага “і” летувіскай мове няма. Такім чынам, злучальны “і” ліцьвінскіх імёнаў таксама гаворыць за тое, што яны - нелетувіскія.
    Падвядзем рахунак. Гайло не можа быць летувіскім коранем, бо гайлетіс “шкадаваць” не ў стане спалучацца з вялікай колькасьцю іншых асноваў, а імяў з гайло да двух дзесяткаў. Па той прычыне не адпавядаюць аснове монт летувіскія manta “маёмасць” ды “рэканструяванае” mantusкемлівы”. У дадатак гіпотэза аб паходжаньні монт ад гэтых словаў не пацьвярджаецца фанэтычна /недаказальны пераход “а” у націскное “о”/ і дыялектна /наяўнасьць, апрача монт, варыянта мунт/. Нічога лепшага да монт летувіская мова прапанаваць не можа, таму і монт - аснова нелетувіская. Не адпавядае аснове товт летувіскае tauta “народ”, бо праз яго, па-першае, немагчыма вытлумачыць наяўнасьць варыянтаў толт, тольд, па-другое, слова “народ” ані ў якіх спалучэньнях не можа быць імем асобнага чалавека. Такім чынам, і товт - аснова нелетувіская.
    Тым часам, імёны з асновамі монт, гайло, товт складаюць ці не 70-80 працэнтаў усіх ліцьвінскіх двухчленных імёнаў. А ў гэтыя імёны, апрача монт, гайло, товт, уваходзяць такія, як кор, вид, вил, мин, гевд, скир, дов, гин /Коригайло, Видимонт, Товтивил, Мингайло, Монтигирд, Скирмонт, Довмонт, Гинтовт ды інш./. Значыць, і гэтыя асновы - нелетувіскія. А з імі, у сваю чаргу, спалучаюцца яшчэ некалькі рэдкіх асноваў: бут, ат, ерд, гил /Корибут, Кориат, Ердивил, Гилигин/. І як бачым, нелетувіскімі зьяўляюцца каля 15 асноў ліцьвінскіх імяў. За іх межамі аказваюцца толькі Войшелк, Витень, Кейстут. Аднак гэта зусім не азначае, што хаця б яны - летувіскія, бо аніводнае з іх не раскрываецца з дапамогай летувішчыны без нацяжкі. Войшелк летувісы пішуць Вайшвілкас, мабыць, лічачы першаснай выпадковую летапісную форму Войшвилок. Вайшвілкас можна падзяліць адзіна на vaišus “гасьцінны” + vilkas “воўк”: сэнс дастаткова цьмяны! Але каб ён і быў прымальны, усё роўна Войшвилок у летапісах пішацца ўсяго разы са два, а Войшелк - шматразова, дык і няма падставаў лічыць, што Войшвилок больш правільная форма, чым Войшелк. Витень па-летувіску Вітяніс - але такога слова ў летувіскай мове няма. Кейстут па-летувіску – Кястутіс, кясті – “цярпець”; але ж форма Кястутіс не ўлічвае, што ў асноўнай летапіснай форме пасьля “е” стаіць “й”, якога летапісцы без дай прычыны ўставіць не маглі.
    Зрэшты, нельга адмаўляць, што ў ліцьвінаў маглі быць і адзінкавыя летувіскія імёны. Плямёны ж жылі побач, сумаўляліся, штось бралі адно ў аднаго. Але асноўная маса ліцьвінскіх імёнаў - свае, самабытныя, дадзеныя ў мове, якую нават нельга лічыць балцкай, бо не прызнае рэгулярнага “с” напрыканцы слова.
    А шматлікія дасьледчыкі ўсё стараюцца - не кіем, дык палкай загнаць усё-такі гэтыя імёны ва ўлоньне чужое мовы. Вышэй ужо былі паказаны спробы Б. Унбегаўна растлумачыць розьніцу паміж mantas ды монт, tautas ды товт “польскім уплывам”. Спробы гэтыя ясна паказваюць няведаньне аўтарам польскай мовы. Наш Жучкевіч называе монт “летувіскім фармантам” /КТСБ, Гірмантаўцы/, Р. Аўчыньнікава сьцьвярджала, што гэта “часьцінка... якая азначае дымінутыўнасьць, памяншальнасць” /адзін з ейных артыкулаў у “Чырвонай змене”/. Але ж ці можа фармант, суфікс стаяць на пачатку імя, як монт у Монтвил, Монтигайло, Монтовт?
    Вытлумачваючы ліцьвінскія цаглінкі праз летувіскія карані, дасьледчыкі самі не заўважаюць, да якой лухты дагаворваюцца. Так В. Рымша падзяляе імя Корибут на karas “вайна” + butas “дом” /Системы личных имен у народов мира, с. 75/. “Ваенны дом” - ці ж гэта можа быць імем? Ці у старажытных было такое абстрактнае мысьленьне, да якога нам далёка?
    Вось і думаецца, што досыць ужо у аналізе ліцьвінскіх імяў таптацца ў летувіскім тупіку, час выходзіць на іншую дарогу.
    Пераважная большасьць ліцьвінскіх імёнаў - двухчленныя. Гэта – складаныя словы. Таму для вызначэньня мовы, у якой яны дадзеныя, трэба, мабыць, шукаць такую, для якой характэрнае словаскладаньне. З найбліжэйшых гэта - германскія. Але ліцьвінскія імёны амаль ніхто не лічыць германскімі /адзіную спробу ўзьвесьці іх да скандынаўскіх мы яшчэ разгледзім/. А як наконт словаскладаньня ў фіна-вугорскіх мовах?
    Аказваецца, усім ім яно добра ўласьцівае, і асабліва – пермскім, дзе такі спосаб словаўтварэньня вельмі прадуктыўны. Тут агульная, родавая назва прадметаў, істот, зьяў нярэдка ўключаецца ў канкрэтную, гатунковую /відавую/. Гэта вельмі яскрава праяўляецца ў гідраніміі, дзе сотні назваў канчаюцца на адно ва /“рака”/, ю /“рака”/, ёль /“рэчка”/, ты /“возера”/. А вось прыклады з іншых галін лексыкі.
    Слова турун /“трава”/ у комі-зыранскай мове ўключаецца ў безьліч траўных назваў: мята палявая – душник турун, исань турун; мятлік лугавы – ситурун /“волас-трава”/, юрси турун /“галаўны волас-трава”/; асака – пыридз турун; трыпутнік - пыкöс турун /“пухлінная трава”/; пушыца /тундравая трава з зырка-белаю галоўкаю, падобнаю да бавоўны/ - гöна юра турун /“трава з пушыстай галавой”/, пырнік – шепта рудзöг турун /“трава з жытнім коласам”/ ды г.д. Для абазначэньня двух тыпаў грыбоў у комі мовах маюцца словы тшак /грыб з пласьцінкамі тыпу сыраежкі/ і гоб /трубчасты/. Тшак /чытаецца чак/ ды гоб уключаюцца ледзьве не ў кожную назву грыба: сыраежка – уртшак /“вавёрчын грыб”/, грузд /жоўты/ - йöла тшак /“малочны грыб”/, мухамор – гут кулан тшак /“грыб паміраючай мухі”/, лісічка – уллё тшак /“вільготны грыб”/; баравік – еджыд гоб /“белы грыб”/, дона гоб /“каштоўны грыб”/, абабак – кöчгоб /“заечы грыб”/, падасінавік – гöрд гоб /“чырвоны грыб”/, гöрд юра гоб /“грыб з чырвонаю галавой”. На Капыльшчыне падасінавік называюць “краснагаловікам”/. У назвы шмат якіх дрэў і кустоў уключаецца слова пу – “дрэва”: хвоя – пожöм пу, елка – кöз пу, кедр – сус пу, вольха – ловпу, вярба – бадь пу, каліна – жов пу /гл. Краткий коми-русский, русско-коми ботанический словарь. Аўтар А. Н. Ракин, на вокладцы не ўказаны. Сыктывкар, 1989/. Аса па-комі-зыранску зі. Гэтае слова ўключаецца ў назвы пчалы ды чмяля /мазі/ - “мядовая аса”, авадня /вöвзі – “конская аса”/.
    Гэты прынцып распаўсюджваецца не толькі на назвы насякомых. – “Да нядаўняга часу ў комі захоўвалася вера ў ніжэйшых духаў - лесавіка ворса, вадзяніка васа, бауса” /А. Ю. Айхенвальд, В. Я. Петрухин, Е. А. Хелимский. К реконструкции мифологических представлений финно-угорских народов. – БСИ, 1981, с. 172/. “Краткий этимологический словарь коми языка” /М., 1970/ [У далейшым - КЭСКЯ] дае: войса - калядны злы дух, ад вой “ноч, поўнач /напрамак сьвету/”. Як бачым назвы пералічаных духаў канчаюцца на са, што і азначае “дух”. Ворса ідзе ад вöр “лес”, васа ад ва “вада”, а бауса ад бау “карова”, так што сааўтары артыкула “К реконструкции…”, мабыць, памыляюцца, сьцьвярджаючы, што бауса, як і васа, “вадзянік”.
    Шмат духаў комі носяць імёны, у якія ўваходзіць слова морт – чалавек”. Найболей значны з іх – Ягморт, “Чалавек Хваёвага Бору”. Аўтары артыкула “К реконструкции…” называюць яго “лясным людаедам”. Тут жа яны паведамляюць, што ў комі-пермякаў маюцца духі Ваисьморт, Вэрисьморт /с. 172/. Калі і духі – “людзі”, то не прыходзіцца зьдзіўляцца, што і фальклёрныя героі носяць назвы, у якія ўваходзіць “морт”. Цэлы россып такіх імёнаў зьмяшчаецца ў фальклёрных запісах і апрацоўках, зробленых выдатнымі комі вучонымі і пісьменьнікамі Калістратам Жакавым /1866-1926/: Бурморт /Добры Чалавек/, Качаморт /кач – кара піхты, якую ў галодны час елі/, Мичаморт /Прыгожы Чалавек/, Шорморт /Чалавек Ручая/, Саридзморт /Марскі Чалавек/, Пармамонт /парма – “возвышенное ровное место, покрытое елью” – К. Жакаў/, Бараморт /бара – “зноў”/, Вэрморт /Лясны Чалавек. Гл. К. Жаков.  Под шум северного ветра. Сыктывкар, 1990, раздзел “Сказки и предания”/. Калі прыгледзецца да гэтых фальклёрных імёнаў, то можна адчуць, што яны быццам падзяляюцца на дзьве групы: адна - тая, якая дае іх носьбітам характарыстыкі паводле іх чалавечых якасьцяў: “добры”, “прыгожы”, другая - па месцы жыхарства або валоданьня нейкай мясцовасьцю /ручай, лес, мора/. Такім чынам, з канцоўкай морт спалучаюцца самыя розныя словы.
    А цяпер вернемся да ліцьвінскіх імёнаў і прывядзем з іх тыя, што канчаюцца на монт: Акгимонт, Амонт, Видимонт, Гермонт, Жигимонт, Довмонт, Норимонт, Ольгимонт, Писимонт, Скилмонт, Скирмонт, Рымонт, Ямонт /узятыя з кніг: Н. Улащик…; Белоруссия и Литва/, ёсьць і імёны, якія гэтым сама элемэнтам пачынаюцца: Монтвил, Монтигайло, Монтовт, Монтигирд /з кнігі М. Улашчыка і працы У. Юргевіча/. У кнізе М. Улашчыка маецца таксама Висимот, якое, падобна, зьяўляецца формай імя Висимонт, бо Б. Унбегаўнам адзначанае сучаснае прозьвішча Висмонт. Акрамя таго, Б. Унбегаўн дае прозьвішчы Бальмонт, Зимонт, Эймонт, Эйсмонт, Монтвид, Скирмонт, Ямонт. Два апошнія супадаюць з княскімі імёнамі, што падтрымлівае паралель паміж прозьвішчам Висмонт ды імем Висимот. Дадамо да гэтага даўняе імя-прозьвішча Лермонт /Р. Аўчыньнікава/ ды сучаснае Вильмонт.
    Пэўныя з гэтых імёнаў ды прозьвішчаў маюць варыянт з мунт: Скирмонт - Скирмунт, Наримонт - Наримунт, Монтигайло - Мунтигайло, Лермонт - Лермунт і нават Висимот - Вишимут, чым апошняя пара паказвае, што яна - з таго ж гнязда назваў на монтмунт. Маюцца і імёны на мунт, якія не маюць пары з монт: Кримунт, Ромунт. Але ясна, што яны - таго ж паходжаньня і тыпу. Таму далучым да пералічаных імёны на мунт /мунд/, узятыя П. Урбанам з дзяржаўных актаў Вялікага Княства Літоўскага: Валімунт, Кімунт, Мінімунд, Сугімунд, а таксама Монтрым /П. Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў, сс. 50-51/.
    Як бачым, у гэтых імёнах ды прозьвішчах з монт-мундт спалучаецца каля дваццаці пяці розных іншых слоў або каранёў. Гэта ясна паказвае, што значэньне монт-мунт павінна быць нейкім ўнівэрсальным. Такую колькасьць азначэньняў не далучыш ні да “маёмасьць”, ні да “кемлівы”. І комі фальклёрныя імёны з морт падказваюць нам, што такім словам можа быць “чалавек”.
    Па гучаньні монт і морт вельмі блізкія. У такіх жа суадносінах знаходзяцца мунт і ўдмурцкае мурт - таксама “чалавек”. Гэтае мурт, як і морт, уваходзіць у імёны мноства духаў: Ягмурт – “Чалавек Хваёвага лесу”, Нюлэсмурт – “Лясны Чалавек”, Чаӵӵамурт – “Чалавек Лясных Нетраў”, Сикмурт – “Чалавек Лесу”, Вумурт - Вадзянік, Мунчомурт - дамавік /літаральна Чалавек Лазьні/, Палесмурт - аднавокі волат, Гудмурт - міфічная істота, якая жыве ў пуні /гл. Удмуртские народные сказки. Ижевск, 1976, сс. 319-320/.
    Прызнаньню, што монт - гэта морт, а мунт - мурт крыху замінае несупадзеньне н - р. Але, я думаю, праз яго пераступіць лёгка. Я ж не сьцьвярджаю, што трэць ліцьвінаў гаварыла на комі-пермяцкай, трэць - на комі-зыранскай, а рэштка - на ўдмурцкай мовах. Ліцьвінская мова /з яе дыялектамі/ была адной з пермскіх моваў таго часу. Зразумела, што яна шматлікімі рысамі - як беларуская да іншых славянскіх - была падобнай да трох пералічаных, а чымсьці і адрозьнівалася ад іх, бо і комі мовы ды ўдмурцкая не супадаюць між сабою. Паглядзіце: калі ў комі мовах “расеец” - роч, то па-ўдмурцку - ӟуч, што чытаецца як дзючь. Гэта не выпадкова. Ва ўдмурцкай мове няма пачатковага р /апрача запазычаных словаў/, г.зн. незапазычанае ўдмурцкае слова не можа пачынацца на р, у той час як у комі мовах - можа. Комі-зыранскаму ды комі-пярмяцкаму р на пачатку ўдмурцкага слова адпавядаюць гукі ӟ /дз/ або ӝ /дж/, ды яшчэ у дадатак часта мяняецца і галосны пасьля р, з-за чаго слова прымае зусім іншы выгляд: па-комі-зыранску “гронка” роз - па-ўдмурцку ӟуски, па-комі-зыранску “каша” рок - па-ўдмурцку ӝук, па-комі-зыранску “мох” рой - па-ўдмурцку ӝуй. /Гэта нагадвае лёс р у славянскіх мовах: па-беларуску “рака”, па-польску жэка, па-чэшску ржэка. Ці не адбіліся ў гэтым дыялекты пярмянаў, што ўвайшлі ў склад беларусаў, палякаў, чэхаў?/ Такім чынам, ліцьвінская мова магла мець асаблівасьць, згодна з якой пасьля “о” перад “т” р пераходзіла ў н. На гэта паказвае такая падрабязнасьць. Па-комі-зыранску і комі-пярмяцку “дом” - горт. У нас маецца слова гонт, што азначае матэрыял, якім крыюць дах. Дах, як вядома, завяршае дом - адсюль гонт цалкам можа мець паходжаньне ад ліцьвінскага гонт “дом”, паралельнага комі горт. /Слова гонт “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” /т. 2/ лічыць запазычаным з польскай, але і ў польскую яно магло прыйсьці з ліцвінскай/.
    Пераход морт у монт мог адбыцца і пад уплывам старажытнагерманскага mand “мужчына” /захавалася ў дацкай мове/. А што кантакты паміж літвой і старажытнымі германцамі былі, мы яшчэ пабачым.
    Але, зразумела, само па сабе монт вырашае не ўсё. Не меней важна, да якіх асноў яно далучанае. І калі мы дапускаем, што монт - пермскага паходжаньня, то і другая частка імёнаў з монт павінна быць галоўным чынам пермскай /пішу “галоўным чынам”, а не “цалкам”, бо ў імёны маглі трапіць і запазычаныя ў ліцьвінскую мовы асновы/.
    У артыкуле “Племя пяці родаў” я ўжо аналізаваў імёны Скірмонт, Жыгімонт і Нарымонт /болей я тады і не ведаў/. І прыйшоў да высновы, што ў іх, апрача пермскага морт, зьмяшчаюцца комі-пярмяцкія жыга “страшны”, скöр “сярдзіты”, нар “сонны” /у пермскіх мовах нар – “нары”/. Я тыя словы свае не бяру назад, толькі мушу іх крыху дапоўніць.
    Вялікіх князёў літоўскіх Жыгімонтаў шматлікія аўтары называюць Сігізмундамі, лічачы, што Жыгімонт - летувіская форма эўрапейскага імпэратарскага імя, што на лаціне пісалася Sigismundas. Так, увесь час называе Сигизмундом Кейстутьевичем Жыгімонта Кейстутавіча М. Улашчык. Але ў тых рэдкіх выпадках, калі ён цытуе летапісныя кавалкі з гэтым імем, ніякага Сігізмунда ў іх няма: летапісцы называюць вялікага князя або Жикгимонт, або Жидимонт /Н. Улащик, сс. 31, 47/. Пскоўскі летапіс дае або Жидимонт, або Жидомонт. Нарэшце, як на тытуле, так і ў прадмове да Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года імя караля і вялікага князя Літоўскага /Жыгімонта Трэцяга/ пішацца як Жикгимонт.
    Перарабляць Сігізмунда ў Жыгімонта летувісам не было ніякай патрэбы, бо летувіская мова пачатковае с мае. Гэтаксама і пермскія мовы не перарабляюць пры запазычаньні пачатковае с, бо тут яно сустракаецца ў масавай колькасьці. І яшчэ. Сігізмунд І, імпэратар Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі, нарадзіўся ў 1368 годзе, а імпэратарам стаў у 1410-м. Жыгімонт жа, сын Кейстута, нарадзіўся каля 1365 года, г.зн. быў старэйшы за Сігізмунда І - дык, зразумела, не мог атрымаць імя ў ягоны гонар. Такім чынам, Жыгімонт - прыроднае ліцьвінскае імя, якое ў далейшым сталі блытаць з Сігізмунд з-за вонкавага падабенства.
    Н. Улашчык дае варыянты Наримунт ды Норимонт. Такім чынам, аснова гэтага імя можа быць і нор. Для такога выпадку маецца ў комі мовах слова нор – “скарга”: Норимонт – “Чалавек, які скардзіцца”, “жаліцца”. Па-ўдмурцку нор – “шум”; адсюль Норимонт – “Шумны чалавек”.
    Апрача комі-пярмяцкага скöр, у Скирмонт-Скирмунт можа зьмяшчацца і ўдмурцкае сукыр – “сьляпы”.
    Чытач можа зазначыць, што азначэньні, якія адкрываюцца ў імёнах, нейкія не сьвяточныя: “страшны”; “сонны” або “жаласьлівы”; “злы” або “сьляпы”, а нараджэньне дзіцяці заўсёды сьвята. Але трэба разумець людзей, якія давалі тыя імёны. Гэта былі паганы, для якіх у кожным кусьце хаваўся злы дух, што быў не супроць паласавацца дзіцячым целам і душою. Таму імёны даваліся і такія, каб адпудзіць духа: маўляў, навошта ён табе такі – “сонны”, “сьляпы”? Вось што піша М. Атаманаў, аўтар “Удмуртской ономастики” /с. 112/: “Як і ў іменьніках шмат якіх народаў сьвету, ва ўдмуртаў таксама зафіксаваныя імёны, закліканыя адпужваць, адштурхваць: Шакта “дрэнны, непрыемны”, “бруд, сьмецьце”; Жага, Жагей, Жагӟи: жаг “сьмецьце, хлам” /-а, -ей, -ӟи - суфіксы/; Гордошпи “чырвоны бычок”; Кионбыж “ваўчыны хвост”; Кый “зьмяя” ды інш. Бацькі верылі, што нованароджаны з такім імем зможа пазьбегчы ўзьдзеяньня дрэннага вока ды злых духаў, што выклікаюць хваробы. Пры частых хваробах учынялі абрад ним воштон /“замена імя”/. Пры гэтым у якасьці імя часьцей за ўсё прысвойвалі назвы зьвяроў, птушак або імёны, якія адпужваюць, адштурхваюць”.
    У ліцьвінаў асаблівае ахоўнае значэньне мелі, мабыць, імёны, што азначалі “страшны”, “злы, сярдзіты”. Таму, магчыма, і вядомыя некалькі Жыгімонтаў; апрача імя Скірмонт, было Скіргайла. Видимонт, магчыма, мела падобнае значэньне, бо па-комі видны “лаяць”. Імя Мендоўг у “Племі пяці родаў” я адшыфроўваў як “мне сунуў” /ударыў/. Той жа самы элемэнт довг /ад дöвгыны “ударыць, сунуць”/, верагодна, зьмяшчаецца ў імі Довмонт /довг + монт - Довмонт/.
    Кімунт /у П. Урбана/ адшыфроўваецца як Рука-Чалавек /ки ва ўсіх пермскіх мовах – “рука”/. За “рукой” можна ўбачыць “кулак”, г.зн. Рука-Чалавек небясьпечны для таго, хто на яго зьбіраецца напасьці. Писимонт - ад удмурцкага пис “палена”, што можа паказваць, нязломнасьць носьбіта імя.
    У Лермонт /Лермунт/ бачыцца комі-пярмяцкае вермыны “падужаць”, “перамагчы”, “мець сілу”. Сучаснае прозьвішча Зимонт /у Б. Унбегаўна/ адыфроўваецца як Аса-Чалавек. Такое імя магчыма, таксама было заклікана адпуджваць.
    У Монтигирд другая частка - магчыма, комі гырд “кроў, што запяклася”. Тут чуецца пострах ворагам. Калі ж гирд у сапраўднасьці фанэтычны варыянт “цаглінкі” герд /на што паказваюць пары Довгерд - Довгирд, Монтигирд - Мандыгерд/, то Монтигирд - Чалавечая Чырвань /маецца на ўвазе колер скуры/, бо ў комі мовах гöрд – “чырвоны”.
    Але сярод ліцьвінскіх імёнаў сустракаюцца і такія, што можна назваць “сьвяточнымі”. Так, па-ўдмурцку ям – “прыгожы, цудоўны”. Ад ям, падобна, утворанае Ямонт. Ромунт - гэта, магчыма, ад комі рöм – “колер, афарбоўка, адценьне”; рöма ў комі-язьвінскім дыялекце – “румяны” Аўтары КЭСКЯ сьцьвярджаюць, што рöм, рöма запазычаныя з іранскіх моваў, такім чынам, у славянскія “румяны” перайшло з пермскіх.
    Мінімунд /П. Урбан/ магло ўтварыцца ад агульнапермскага мынь “усьмешка”. А вось імёны Сугімунд /П. Урбан/, прозьвішча Эймонт /Б. Убегаўн/, магчыма, характарызавалі носьбітаў не з лепшага боку: сюг па-комі-пярмяцку “космы”, йöй у комі мовах – дурны”.
    Ёсьць імёны, дзе монт “чалавек” зьвязанае з нейкай свойскай жывёлай: Скалмонт /легендарны продак Гедымінавічаў/ - ад удмурцкага скал карова”, Валімунт /П. Урбан/ - ад удмурцкага вал “конь”, прозьвішча Бальмонт /Унбегаўн/ - ад комі баля “авечка”. Такія імёны цалкам зразумелыя. У іх бачыцца зычэньне нашчадку валодаць быдлам, жыць заможна і шчасьліва. Дачыненьне да гаспадаркі маюць імя Гермонт ды прозьвішча Эйсмонт /Унбегаўн/. Гер öр/ агульнапермскае “саха”. Удмурты імя Герей давалі дзецям, што нараджаліся падчас ворыва /М. Атаманов, с, 112/; öйс па-комі-зыранску “дзьверы”.
    Сустракаюцца сярод ліцьвінскіх і “ляндшафтныя” імёны, г.зн. дадзеныя ў гонар духа той або іншай мясцовасьці. Так, Висмонт /у Б. Унбегаўна/ ідзе ад комі вис – “пратока”. Ольгимонт утворанае ад комі-пярмяцкага оль – “бярозава-яловы лес на забалочаных купінаватых нізінах” або “балоцістая, вільготная мясьціна”. Праўда, паміж Оль ды -монт у гэтым імі стаіць -ги- , якое трэба растлумачыць. -И- , як добра бачна, злучальны галосны, уласьцівы шмат якім ліцьвінскім імёнам. З аднаго зычнага гуку слова не бывае, значыцца, -г- адносіцца да оль. Гэта, на мой погляд, рэштка пермскага суфікса -öг/-ег. Ва ўдмурцкай мове гэта суфікс прыметніка, комі - назоўніка. Такім чынам, можна цалкам дапусьціць, што Ольгимонт - Олегимонт, дзе Олег - утворанае ад оль.
    Ольгимонт у летапісах згадваецца і як Акгимонт. Ольгимонт ды Акгимонт - імёны занадта розныя, каб быць варыянтамі. Як папраўдзе зваўся гэты легендарны князь, для нас значэньня не мае, для нас важнейшае, што ў той час, калі стваралася легенда, нароўні з імем Ольгимонт у ліцьвінаў было і Акгимонт. Як слушна адзначае П. Садоўскі /“Беларусь”, 1989, № 10/, “к” перад “г” ў ліцьвінскіх імёнах /Кгедимин, Жикгимонт/ не самастойны гук, гэтая літара толькі паказвае, што “г” у ліцьвінаў, у адрозьненьне ад беларускай мовы, было ўзрыўным. Такім чынам, Акгимонт - гэта Агимонт. “И” - злучальны галосны; без яго імя ператвараецца ў Агмонт. Слова аг у пермскіх мовах няма, але ёсьць яг – “бор”, “сасоньнік”. Тут заўважаеш, што і Ямонт мае варыянт Амонт. Такім чынам, Акгимонт - Агмонт – гэта Ягморт комі-зыранскага ды комі-пярмяцкага, Яг-мурт удмурцкага фальклёру!
    Засталося яшчэ некалькі імёнаў з монт, якія і разгледзім на заканчэньне. Рымонт /Римунд/, Монтрым ідуць нібыта ад рим /рым/. Такога слова ў пермскіх мовах я не знайшоў. Але можна падумаць, што тут можа быць і рöм, пра якое ўжо ішла гаворка. У імі Кримунт першая аснова ўяўляе з сябе Кр- /и – злучальны гук/, што не можа быць словам. Адсюль вынікае, што пасьля “К” страчаны галосны гук. Калі так, то варыянтаў шмат: кар – “горад, гарадзішча”, кер – “бервяно”, кор – “лісьце”, “бацьвіньне”, кöр “алень”, “смак”, “пах”, кыр – “дзяцел”, “узвышша, гара” /усе з комі-пярмяцкай мовы/. Калі выбіраць з гэтага багацьця, то я спыніўся б на кыр “узвышша, гара”: па-першае, на слых адчуваеш, што ў Кыримунт “ы” не магло ўтрымацца, па-другое, гэта было б цікавае “ляндшафтнае” імя.
    За выключэньнем Монтрым ды Монтигирд, мы яшчэ не краналі тых імёнаў і прозьвішчаў, якія на монт пачынаюцца: Монтвил, Монтвид, Монтовт, Монтигайло. Не краналі таму, што яны ўваходзяць ў гнёзды імёнаў з іншымі зыходамі. Але цяпер мы гняздо з -монт скончылі і пяройдзем да чарговых.
    Найбольш шматлікім пасьля -монт зьяўляецца гняздо на -гайла. Асабліва шмат дае іх У. Юргевіч: Монтигайло /Мунтигайло/, Мингайло, Яргайло, Сенгайло, Наргайло, Пунигайло, Кешгайло, Дангайло, Вежгайло, Довгайло, Виликайло, Нигайло, Стригайло, Киригайло, Ягайло, Швитригайло, Скиргайло. У параўнаньні з У. Юргевичам М. Улашчык новых не дае, прыводзіць толькі іншыя варыянты: Швитригайло - Свидригайло, Швидригайло, Оветригайло; Кешгайло - Кезгайло. Б. Унбегаўн дае два прозьвішчы: Рымгайло, Сангайло; П. Урбан - імёны знаці Сунігайла, Свугайла. Не кранаючы пакуль што -гайло, паспрабуем перакласьці з пермскіх моваў першую частку пералічаных антрапонімаў:
    Монтигайло /Мунтигайло/. У комі мовах морт, ва ўдмурцкай мурт – “чалавек”.
    Мингайло. Агульнапермскае мынь – “усьмешка”; комі мынплата”.
    Яргайло. Па-комі-пярмяцку яр – “яскравы”, “зыркі”; па-ўдмурцку яр – “строма”, “яр”. Па-комі-зыранску яр – “хвароба скуры”, па-ўдмурцку яра – “язва, рана, струп”.
    Сенгайло. Агульнапермскае сöн – “жыла, жылісты”.
    Наргайло. Агульнапермскае нар – “нары”; ў комі мовах нор – “скарга”, па-ўдмурцку нор – “шум, галас”.
    Пунигайло. Па-комі-зыранску пун – “жыла” /KЭCKЯ/.
    Кешгайло, Кезгайло. Кеж - агульнапермскае “чакаць, спадзявацца”, кежны - у комі мовах “павярнуць”, кеж па-ўдмурцку “палатно”; кöз па-комі-пярмяцку “елка”; кöдж па-комі-зыранску “лука ракі”, кöдза “сяўба”.
    Дангайло. Па-ўдмурцку дан – “гонар, слава, пашана, аўтарытэт, годнасьць”.
    Вежгайло. Веж па-комі-пярмяцку “жоўты, зялёны”, па-комі-зыранску, апрача таго, “зайздрасьць”. Вежа ў комі мовах “сьвяты, сьвяшчэнны”.
    Довгайло. Дöвгыны па-комі-пярмяцку “сунуць, ударыць”; довгыны па-комі-зыранску “брысьці, плесьціся”.
    Виликайло. Виль па-комі-пярмяцку, выль па-комі-зыранску ды па-ўдмурцку “новы”.
    Нигайло. Ниа па-комі-зыранску “лістоўніца”; па-ўдмурцку ни – “маруна /павіліца/ учэпістая”, ниег - “сьпешчаны, пястун; капрызуля”.
    Коригайло. Кор, кöр - гл. вышэй  імя Кримунт.
    Свидригайло. Свит - па-комі-пярмяцку “бляск”, öр суфікс /параўн. агульнапермскае юг – “бляск”, югöр “прамень”/.
    Ягайло. Яг - агульнапермскае “бор”, “сасоньнік”.
    Скиргайло. Скöр - у комі мовах “злы, сярдзіты”, сукыр па-ўдмурцку “сьляпы”.
    Рымгайло. Рöм - у комі мовах “колер”, “адценьне”, рöма ў комі-язьвінскім дыялекце “румяны”.
    Сангайло. Сан - па-ўдмурцку “гонар, пашана, павага”.
    Сунігайла. Сунны па-комі-пярмяцку – “задрамаць”.
    Свугайла. Калі гэтае імя П. Урбан перадае правільна, то можна дапусьціць, што першая частка першапачаткова выглядала як су ву - па-ўдмурцку “чорная вада”, чым мог падкрэсьлівацца колер скуры нованароджанага.
    Стригайло. Тут на пачатку, падобна, таксама страціліся галосныя гукі. Стр - можа быць скарачэньнем комі сэтöр “парэчкі”. Вымаўце некалькі разоў узапар Сэтöригайло. І ў вас саміх урэшце атрымаецца Стригайло. А магчыма, пераход адбыўся пад уплывам славянскага “стрыгчы”.
    Такім чынам, амаль усе асновы антрапонімаў на -гайло адшыфроўваюцца з пермскіх моваў без цяжкасьцей, а пэўныя маюць у гэтых мовах па некалькі магчымых паралеляў. Зразумела, што пры гэтым і сам зыход -гайло не можа быць ні славянскім, ні летувіскім, ён - пермскі. Што ж ён азначае?
    У артыкуле “Племя пяці родаў” я дапусьціў”, што імёны Ягайла, Скіргайла, Свідрыгайла канчаюцца на ай + ла, дзе ай - комі-пярмяцкае “бацька”, а ла - комі-пярмяцкае ва “вада” у л-дыялекце. Ай ла, такім чынам, азначала “бацькоўская вада”, “падобны да бацькі”. Але калі я пісаў артыкул, ведаў толькі гэтыя тры імі на -айла, таму не зьвярнуў асаблівай увагі на тое, што перад -айла рэгулярна стаіць -г-! Калі ж мая калекцыя ліцьвінскіх імёнаў стала павялічвацца - хочаш не хочаш, стаў я перад праблемай: адкуль бярэцца -г-?
    Слова гайло ў аніводнай пермскай мове няма. Праўда, ёсьць у комі-пярмяцкай кайло, што азначае “румза” або “ненажэра”. Вядома, “румза” можа ўваходзіць у імёны, але ж не ў такой колькасьці! Ну, дапусьцім, Виликайло можа азначаць і “ненажэру”. А каля дваццаці астатніх? Усе – “ненажэры”, “румзы”?
    І яшчэ. Элемэнтам монт пачынаецца цэлы шэраг імёнаў, на пачатку стаяць і “цаглінкі” вил, герд, вид, товт - а гайло ніколі. Такім чынам, можна падумаць, што -гайло - суфікс. Але ў граматыках пермскіх моваў /а я маю вельмі падрабязную граматыку ўдмурцкай, 1927 года выданьня/ такога не зарэгістравана.
    Што ж атрымліваецца? З аднаго боку, гайло - не суфікс, з другога - на пачатку імя, як самастойны корань, не сустракаецца. Дык ці не значыць, што гэта - нейкая падпарадкаваная частка імя тыпу -задэ, -оглу ва ўсходніх імёнах, што азначае “сын”? Аднак прыгадаем сьпіс сыноў Альгерда ад другой жонкі: Ягайло, Корибут, Лингвений, Коригайло, Вигант, Свидригайло, Скиргайло. Калі б гайло азначала “сын”, то, мабыць, усе гэтыя імі канчаліся б на гайло! Чым растлумачыць, што чатыры з іх канчаюцца на гайло, а тры - не?
    Вось тут і прыдаецца здагадка, што айла - ад ай “бацька” і азначае “падобны да бацькі”. Сапраўды, падабенства да маці і бацькі звычайна дзеліцца пароўну, асабліва пры вялікай колькасьці дзяцей. А -ла - неабавязкова трансфармаванае ва “вада”. Ва ўдмурцкай мове дагэтуль захаваўся суфікс -ла, з дапамогай якога ад назоўніка ўтвараецца прыметнік. Разглядаючы беларускія прозьвішчы /”Полымя”, 1991, № 8/, я ўжо адзначаў, што сярод іх маецца цэлая група на -ла /Ворла, Кезла, Кісла, Шудла ды інш./, і ўсе яны адшыфроўваюцца з дапамогай пермскага матэрыялу. Гэта значыць, што суфікс - ла ў ліцвінскіх гаворках меўся і быў даволі актыўны, бо група нашых прозвішчаў на - ла налічвае каля паўтара дзесяткаў. І суфікс -ла, мог завяршаць імёны, як ён завяршае гэтыя прозьвішчы.
    Узьнікае пытаньне: а чаму ж імёны тылу Ягайло ў летапісах канчаюцца не на -а, а на -о? Сам жа я трохі вышэй сьцьвярджаў, што беларускія летапісцы не маглі іншамоўнае “а” ператварыць у “о”! На гэта ўскосна адказвае А. Емельянаў, аўтар “Грамматики вотяцкого языка” /Ленинград, 1927/, які паказвае /с. 116/, што ва ўдмурцкай мове з цягам часу састарэлы суфікс -ла перайшоў у -ло. Дзякуючы гэтаму можна дапусьціць, што ў ліцьвінскай мове -ла мог быць варыянтным з -ло, г.зн. абедзьве формы суфікса ўжываліся адначасова, летапісцы ж аддавалі перавагу форме гайло.
    Але якім ветрам у тое гайло прынесла -г-? Шчыра скажу, над гэтым прыйшлося паламаць галаву. І вось вынік. Вядома, што беларускім гаворкам той тэрыторыі, якую займала летапісная літва, ўласьцівае пратэтычнае “г” перад галоснымі, асабліва перад “а”. Гэта адбілася, напрыклад, на творчасьці Ф. Багушэвіча: “Бацькі яго угасцілі, Далі торбачку гарэхаў...” /“Кепска будзе”. Гл. Ф. Багушэвіч. Творы. Мн., 1991, с. 52/. У гэтых жа мясьцінах маюцца рэкі Гайна ды Гожа, якія ў дакумэнтах мінулага зафіксаваныя ў формах Айна ды Ожа /гл. КТСБ/.
    Пратэтычнае “г” можна заўважыць і ў саміх ліцьвінскіх імёнах. Так, “Белоруссия и Литва” дае імя Ердень /с. 58, 61, 63/, а М. Ермаловіч карыстаецца формай Гердень /гл. М. І. Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа, сс. 46, 47 ды інш./, а на с. 46 у дужках дае і Ердень. У. Юргевіч таксама лічыць Гердень і Ердень формамі аднаго імя /с. 22/. Тут жа ён паведамляе, што ў адным дакумэнце на лаціне Ольгерд запісаны як Holgerd, г.зн. пратэтычнае “г” узнікала і ў гэтым імі. Ён жа дае імя Гедимин і ў форме Едиман /с. 27/.
    Пратэтычныя гукі на пачатку слова характэрныя для пермскіх моваў. У комі-зыранскай маецца пратэтычнае “в”, што ўжо намёртва зраслося з асновай /па-комі-пярмяцку “ноч” - ой, па-комі-зыранску - вой/, “с” /гл. КЭСКЯ, тола - стола/, “п” /КЭСКЯ, рой - прой/. А ва ўдмурцкай мове ёсьць і пратэтычнае “г” /гырпинь - тое сама, што йырпинь “кутні зуб”/. Што ж да ліцьвінскіх гаворак, то несумненную наяўнасьць у іх пратэтычнага “г” паказваюць імёны /Ердень - Гердень/. Адсюль яно перайшло ў беларускія гаворкі, што замянілі пермскія на тэрыторыі летапіснай літвы.
    На заканчэньне гутаркі пра гайло трэба адзначыць загадкавую польскую форму гэтага кампанэнта – giełło. Я кажу “загадкавую”, бо зыходзячы з правілаў польскай мовы, па-мойму, пераход гайло ў гелло немагчымы. Немагчыма знайсьці і нейкую зыходную форму, ад якой пайшло б старабеларускае гайло ды польскае гелло. Можа, утварэньне гелло зьвязанае з нейкай першапачатковай памылкай напісаньня, якая потым замацавалася ды перайшла ў традыцыю, а можа, сакрэт у лаціне, праз якую прыйшлі ў пальшчызну ліцьвінскія імёны: вядома ж, што польска-ліцьвінскія дамовы, што распрацоўваліся пры ўдзеле Ягайлы, складаліся на лаціне. Але такі напрамак пошуку ўжо не для аўтара гэтых радкоў. Я толькі буду сьцьвярджаць, што першаснай формай была не гелло, а гайло, бо гелло з пермскіх моваў не адшыфроўваецца, а 90% асноваў імёнаў з гайло - гарантавана пермскія.
    Прызнаньне “г” як пратэтычнага спрашчае аналіз імя Гедимин. У пермскіх мовах няма слова гед, і адшыфраваць Гедимин з пермшчыны магчымасьці нібыта няма. Але калі ўлічыць форму Едиман, г.зн. што “г” на пачатку імя пратэтычнае, то магчымасьці знаходзяцца. У комі мовах öд – “гарачыня, гарачы”, ва ўдмурцкай öды – “сіла, моц”; у комі мовах мынны – “вызваліцца, вырвацца”, ва ўдмурцкай мыныны – “ісьці”. Апрача таго, нагадаю, агульнапермскае мынь – “усьмешка”. Адсюль Гедимин можа быць і “гарачы-ўсмешлівы”, “магутны-ўсмешлівы”, і “з сілай вырываецца-вызваляецца”, і “магутна ідзе”. Адным словам, ёсьць з чаго выбраць – і хай кожны выбірае згодна са сваім густам.
    Што ж да герд, якім пачынаецца Гердень і канчаецца некалькі імёнаў /Ольгерд, Довгерд, Вышэгерд, Мандыгерд, Таўтыгерд - апошнія тры з П. Урбана/, то гэты кампанэнт можа быць аднолькавым не ва ўcіx выпадках. Так, мы ведаем, што Гердень мае варыянт Ердень, і ў адшыфроўцы яго трэба зыходзіць з Ерд-, як і ў адшыфроўцы імя Ердивил. Такое слова маецца ў комі-пярмяцкай мове, дзе ёрд – “клятва”. У комі-зыранскай мове ёрт – “таварыш, напарнік”. Паводле нашых уяўленьняў, “клятва” для паганскага імя стасуецца лепш, ды і ў гукавых адносінах ёрд бліжэйшае да Ердень, Ердивил. Другая частка імя Гердень /Ердень/ па-комі “бог, неба” /ен/ або “моцны” /ён/, у імі Ердивил – “новы” /виль/. Хаця сувязь слоў “клятва-бог”, “клятва-неба”, “клятва-новы” у нашай мове так проста не сфармулюеш, сэнс прыблізна зразумелы. Таму, лічу, адшыфроўкі абодвух імёнаў дакладныя. Ёрд з пратэтычным “г” можа ўваходзіць і ў Мандыгерд /Монт-герд – “чалавечая клятва”/. Але зусім неабавязкова, каб ёрд зьмяшчалася і ў Ольгерд, бо оль па-комі-пярмяцку “лісьцёва-хваёвы лес”, а гэта з “клятва” – не стасуецца. Таму лепш дапусьціць, што тут мы маем комі гöрд “чырвоны, руды”, і сэнс імя Ольгерд будзе ў тым, што ягоны носьбіт “чырвоны, руды”, а імя яму дадзенае ў гонар духа-гаспадара лісьцёва-хваёвага лесу.
    Разгляд імёнаў з герд ускладняецца тым, што часам герд пераходзіць у гирд: вядомыя формы Довгерд і Довгирд, Монтигирд і Мандыгерд. Ды ў комі мовах ёсьць і гырд: у комі-зыранскай яно азначае проста “кроў”, у комі-пярмяцкай – “кроў, якая запяклася”. І зусім не выключана, што ў імі Довгерд /Довгирд/ з ягонай першай часткай дöвгыны “сунуць, ударыць” другая частка не герд, а гирд /“які б’е – крывавы”, дöвг-гырд/.
    Для таго, каб вырашыць, які з трох варыянтаў герд зьмяшчаецца ў імі Таўтыгерд, трэба спачатку высьветліць, што ж такое товт. Як ужо гаварылася, летувіскія лінгвісты бачаць у ім tautа “народ”. Але не кажучы ўжо пра тое, што гэтае “народ” не заўжды стасуецца з другой часткай імёнаў /напрыклад, Товтивил - па-летувіску “народнае расчараваньне”/, tautа не можа задаволіць і фанэтычна, бо з ягонай дапамогай немагчыма растлумачыць паходжаньне варыянтаў товт, толт ды тольд, што сустракаюцца ў беларускіх, расейскіх ды польскіх крыніцах /Витовт - Витолт - Вітольд/. Іншая рэч удмурцкае тольт – “моцны, выносьлівы”. Вядома, што ў беларускіх гаворках “л” у такой пазыцыі, на якой разьмешчаны ў тольт, пераходзіць у нескладовае “у” - фактычна губна-губное “в”: расейскае волк - беларускае воўк, расейскае колтун - беларускае каўтун. Такім чынам, товт - гэта беларускі варыянт ліцьвінскага тольт, у польскіх жа і часткова расейскіх крыніцах захавалася “л” /Витолт, Вітольд/.
    Калі товт у Таўтыгерд “моцны, выносьлівы”, то што тут тады герд? Наўрад ці “клятва” /ёрд/. А вось “кроў” - гырд - цалкам можа быць: Таўтыгерд – “моцная кроў”. Можа быць і гöрд: “моцны, чырвоны /руды/”.
    Тры імі з товт належалі тром братам: Витовт, Товтивил ды Бутовт былі сынамі аднаго бацькі - Кейстута /згодна з плякатам “Гедымінавічы”/. Зразумела, што ва ўсіх трох імях товт павінна азначаць адно і тое ж. Таму, хоць і падобнае Витовт да комі-пярмяцкага витöт /“пяты”/, ад такога тлумачэньня трэба адмовіцца. Як жа лепш? У комі-зыранскай мове, як і ў марыйскай, ви азначае “сіла”. Думаецца, на гэтым і можна спыніцца, хаця яшчэ ў комі-пярмяцкай мове маецца ви “масла”, а ва ўдмурцкай ви “час, момант”, “нэрв”, “раўніна паміж двума рэкамі”, высіло” /на птушак/.
    Паўтарэньнем у імі “сіла” – “выносьлівасьць” выказвалася гарачае жаданьне бацькоў бачыць сына здаровым і магутным. Ясна, што ў тыя часы фізычная моц цанілася значна вышэй, чым звычка думаць /вышэй казалася, што летувіскія лінгвісты мин імёнаў выводзяць ад мінтіс “думка”/.
    З “новы” “выносьлівы” спалучаецца без праблем: той, хто нарадзіўся - вядома ж, “новы”; гэтаму “новаму” жадаюць моцы і выносьлівасьці. Адсюль - Товтивил. У пермскіх мовах пу – “дрэва”. З адзначэньнем пачатковага зычнага гэта магло даць бу: Бутовт – “дрэўна-вынослівы”.
    Ёсьць імёны з товт, што адшыфроўваюцца ўвогуле без праблем: МонтовтМонт - товт – “чалавечая выносьлівасьць”, Гаштовт – ад комі гаж “вясёлы, весялосьць” – “вясёлы-выносьлівы”. Больш складаныя выпадкі - Гинтовт ды Гетовт. Гын ва ўсіх трох пермскіх мовах “лямец”, што не надта спалучаецца з “выносьлівы”. Можна было б падумаць, што за Гин - хаваецца скажонае гым /у комі мовах “гром”/, але маюцца яшчэ Гинвил, Гилигин - няўжо і тут скажонае гым? Таму прыходзіцца шукаць іншы шлях. Ва ўсіх трох пермскіх мовах кын азначае “мерзлы”. Калі ўлічыць закон пераходу глухіх зычных у звонкія на пачатку слова, што дзейнічаў у старажытнапермскай мове, то гэтае кын у ліцьвінскай мове магло гучаць як гын. Слова ж кын “мерзлы” ў пермскіх мовах зьяўляецца сынонімам моцы, сілы. Утворанае ад кын ва ўдмурцкай мове кынар азначае “сіла”, “моц” /-ар - старажытны суфікс, што ўжо зросься з асновай. Гл. А. И. Емельянов, с. 117/. Такім чынам, Гинтовт адшыфроўваецца як “мерзлы /у сэнсе “моцны”/ - выносьлівы”. Гетовт можна разглядаць як Етовт з пратэтычным “г” /Гердень - Ердень/. Па-ўдмурцку йö – “лёд”. Калі прызнаць, што гэтае імя складаецца з Г-йö-тольт, то Гетовт – “ледзяны-выносьлівы” - становіцца побач з Гин-товт – “мерзлы-вынослівы”.
    Акрамя пералічаных імёнаў з товт, у П. Урбана маюцца яшчэ Манштоўд, Застольд. Гэтыя - не паддаюцца. Але яны ўзятыя аўтарам з лацінскага тэксту, дзе правільна яны перададзеныя або не зусім - невядома. Б. Унбегаун /с. 276/ прыводзіць нізку сучасных расейскіх прозьвішчаў: Битовт, Гежтовт, Гинтовт, Заштовт, Контовт, Минтовт, Ятовт. Битовт - ад комі би “агонь”, Гежтовт - думаецца, тое сама, што Гаштовт, Гинтовт - мы ўжо казалі, Заштовт - не паддаецца, Контовт – ад комі конда “сасна”, Минтовт - ад мынь “усьмешка”, Ятовт - магчыма, ад комі ад “ненажэра” /прыгадаем варыянты Ямонт - Амонт/. Такім чынам, з вялікай колькасьці антрапонімаў на товт толькі Манштоўд ды Заштовт /Застольд/ не паддаюцца адшыфроўцы. Але абодва яны да асноўнага грона ліцьвінскіх імёнаў не адносяцца.
    У даміно ўсіх костачак пароўну: сем шасьцёрак, сем пяцёрак, сем чацьвёрак ды г.д. Але калі выбераш сем шасьцёрак, то ў кучы застанецца толькі шэсьць пяцёрак; аддзяліўшы іх, сярод астатніх знойдзеш пяць чацьвёрак - аж покуль не застанецца адно пуста-пуста. Так і з ліцьвінскімі імёнамі, што складаюцца з дзьвюх стандартных частак, тым самым нагадваючы костачкі даміно. Аналізуючы антрапонімы з монт, гайло, герд, товт, г.зн. нібыта выбіраючы “шасьцёркі”, “пяцёркі”, “чацьвёркі”, я быў вымушаны закранаць і “тройкі”, “двойкі”, “адзінкі” – “цаглінкі” вил, вид, ган ды інш. Таму неразгледжаных імёнаў, бадай што, засталося мала. Напрыклад, на вил: Монтвил, Вильмонт /прозьвішча/, Едивил, Товтивил, Гинвил, Виликайло… Іх мы ўжо “праходзілі”. Застаецца Радивил, але гэтае імя я ўжо разглядаў у “Племя пяці родаў”, тут жа дадам, што пачатак ягоны Рад - можа быць і запазычаным славянскім коранем. Ды яшчэ М. Улашчык прыводзіць імя легендарнага князя Вилли /с. 135,136/, якое мела таксама варыянт Вилюс. Гэтае Вилли здаецца памяншальным ад нямецкага Вільгельм, але ці можна сумнявацца, што ў сапраўднасьці тут пермскае виль “новы”, бо ў комі-пермякоў у 1579 годзе было адзначанае імя Вилес і да гэтага часу комі-пермякі носяць прозьвішчы Вилесов, Вилисов /А. С. Кривощекова-Гантман. Географические названия Верхнего Прикамья. Пермь, 1983 [У далейшым - ГНВП], Вилесова/.
    Павінен сказаць, што не ставіў мэты абавязкова адшыфраваць кожнае ліцьвінскае імя, бо гэта проста немагчыма. Я ж карыстаюся не ліцьвінскаю мовай, а блізкімі. Гэта прыблізна тое сама, калі б, дапусьцім, рэшткі расейскай мовы вывучаліся з дапамогай чэскай ды сэрба-харвацкай. У ліцьвінскай мове маглі быць свае, індывідуальныя, а не толькі групавыя, як фанэтычныя ды словаўтваральныя, так і лексычныя, сэмантычныя асаблівасьці. Мы ж добра ведаем, што адно і тое сама слова ў блізкіх мовах можа азначаць штось іншае, нават наадваротнае: па-расейску благо – “дабро”, у нас жа блага – “дрэнна”; па-польску воня – “добры пах”, па-расейску вонь – “смурод”... Таму, напрыклад, слова гын, якое ў трох пермскіх мовах азначае “лямец”, у чацьвёртай - ліцьвінскай - магло азначаць штось блізкае, але іншае, дапусьцім, “шэрсьць”, і ўключэньне гын “шэрсьць” у імя паказвала, што дзіця нарадзілася з густымі валасамі на галаве /дарэчы, “шэрсьць” у комі мовах - гöн, дастаткова блізка ды гын/. А цаглінка вид, якую я кваліфікаваў як “сярдзіты” /корань дзеяслова видны/ магла быць увогуле запазычанай са славяншчыны /відзець/, як і рад у Радивил, люб у Любарт. Нарэшце, у ліцьвінаў маглі быць цалкам запазычаныя імёны! Таму галоўнае не ў тым, ці з’яўляюцца ліцьвінскімі імёны Стейкинт або Тройден. З цягам часу навука ў гэтым разьбярэцца. Матэрыял жа, які сабраны тут, важны тым, што паказвае ёй новы напрамак пошуку, пацьвярджаючы, што большая частка ліцьвінскіх імёнаў - пермскага паходжаньня. А гэта азначае, што ліцьвіны былі этнасам пермскім, бо запазычыць свае імёны па-суседзку ад комі-пермякоў, комі-зыранаў ды ўдмуртаў яны не маглі.
    Некалькі імёнаў, якія не маюць агульных з іншымі “цаглінак”. Кейстут. На мой погляд, тут першая “цаглінка” – корань комі дзеяслова кыйсьыны “паляваць”, “займацца паляваньнем або рыбнаю лоўляй”, -тут агульнапермскае “расьці”, “падымацца”, “даваць парасткі” /Гл. КЭСКЯ, Туту/. Такім чынам, Кейстут – “паляўнічы, які расьце”. Войшелк. Па-комі вöй – “дзікі, непрыручаны”, шельк – “кавалак варанага мяса або рыбы”, шелькйыны – “рэзаць мяса або рыбу на кавалкі”, адкуль Войшелк – “дзікі кавалак мяса”. Витень. У “Племі пяці родаў” я падзяляў гэтае імя на ви “масла” ды тöн “учора”, але маецца ўдмурцкае витён “чаканьне” або “ікаўка”; тое і другое ў прынцыпе можа быць імем. Другі варыянт гэтага імя - Витенес, а -ес, -эс - суфікс удмурцкай мовы, утварае прыметнікі /напрыклад, беренэс – “упарты, непаслухмяны”: вельмі падобнае гэтае слова да прозьвішча Бернес/. Летувісы ж пішуць гэтае сама імя як Витянис /Литва, с. 191/, канчатку -ес у летувіскай мове няма. Слова Вітяніс па-летувіску нічога не азначае. Палемон - легендарны продак ліцьвінскіх князёў, што згодна з паданьнем прыбыў са сваім акружэньнем з Рыму. У старажытным Рыме сапраўды было імя Палемон /бог мора; гл. И. X. Дворецкий. Латинско-русский словарь. М., 1976, с. 718/, аднак і ва ўдмурцкай мове маецца слова палёмон - назоўнік ад дзеяслова палёмыны, што мае некалькі значэньняў, сярод іх – “загледзецца”. Калі такое слова было і ў ліцьвінскай мове, то супадзеньнем яго з імем старажытнарымскага бога і можа тлумачыцца ўзьнікненьне легенды пра Палямона. Сярод спадарожнікаў Палямона, што згодна з легендай прыбылі з ім з Рыму, называецца Конос. Па-комі-пярмяцку кöньöс – “кадушка”. Гирус - легендарны князь літоўскі і жамойцкі. Па-комі-пярмяцку гырись – “буйны” /памерамі/, гырйöсь – “які мае ступу” /“гыр “ступа” ў комі-пермякоў - у пераносным сэнсе “мажны, каржакаваты, з цьвёрдай ступою”/.
    Род Сапегаў лічыцца з паходжаньня славянскім, бо, па-першае, вядома, што першыя Сапегі былі са Смаленшчыны, а па-другое, сэнс антрапоніма здаецца празрыстым, ад сапці. Але, па-мойму, тут не так проста. Калі Сапега ўтварылася ад сапці, то гэта асабістая мянушка. Такія мянушкі рабіліся прозьвішчамі ў ХVII – XVIII стагоддзях, Сапегі ж вядомыя на некалькі стагоддзяў раней. Нават у ХV стагодзьдзі асабістая мянушка наўрад ці магла перадавацца ад бацькі да сына, а што ўжо казаць пра папярэднія часы. Таму спыняе ўдмурцкае слова сапег, што азначае “бот”. Шавецтва, безумоўна, магло быць сямейным заняткам, што пераходзіў з пакаленьня ў пакаленьне - зразумела, што гэты занятак мог стаць і родавым прозьвішчам. Наяўнасьць удмурцкага сапег дазваляе па-новаму зірнуць на паходжаньне расейскага сапог.
    Яшчэ з найболей вядомых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага – Пацы. М. Бірыла прозьвішча Пац узводзіць да рэгіянальнага пац, што азначае “пацук” /гл.: М. Бірыла, 2/ Але можа быць і іншае тлумачэньне: у комі мовах пась – “футра”, што лепш пасуе да магнатаў, чым “пацук”.
    Цяпер, перш чым рухацца далей, мушу адказаць на адну рэпліку з-за акіяна. Ужо памянёны вышэй гісторык Паўла Урбан у часопісе “Полацак” /Кліўленд, ЗША/ надрукаваў новую вялікую працу “Да пытаньня этнічнай прыналежасьці старажытных ліцьвіноў” /друкавалася ўвесь 1992 год, а таксама ў 1993 годзе/. У ёй аўтар перш за ўсё з дапамогаю розных шматлікіх аргумэнтаў даводзіць, што ліцьвіны не былі продкамі летувісаў. Тут мы з ім сыходзімся. Але што датычыць пытаньня, якім жа быў у сапраўднасьці ліцьвінскі этнас, то ў П. Урбана зусім іншая думка, чым у мяне. Ён лічыць, што літва была племем... славянскім. З гэтых пазыцый ён мяне і крытыкуе: “Літаратар Іван Ласкоў... захапіўся тэорыяй так званага “ўгра-фінскага паходжаньня Літвы”, або, прынамсі, угра-фінскага паходжаньня імёнаў ліцьвіноў і “літоўскіх князёў”. У яго атрымліваецца, быццам імёны накшталт Сьвякленій /так у тэксце. - І. Л./, Лясота, Любарт, Жыгімонт, Монтвіл, Нарымонт, Радзівіл і гэтак далей тлумачацца запазычаньнямі з комі-пярмяцкай мовы”, - піша ён, спасылаючыся на артыкулы “Племя пяці родаў” ды “Нашчадкі таямнічае літвы”. І дае такое павучаньне: “Бясспрэчна, ня ўсе могуць мець доступ да старых заходнеэўрапейскіх хронікаў ды іншых крыніцаў. Тым ня менш, маючы зацікаўленасьць да праблемы паходжаньня імёнаў ліцьвіноў, варта было б зьвярнуцца хоць бы да хронікаў Адама Брэменскага, Тытмара Марзэбургскага, Гяльмольда з Бузава або польскага храніста Гала Ананіма і чэскага Козьмы Пражскага”.
    Што ж дае, на думку П. Урбана, зьвяртаньне да гэтых крыніцаў? А тое, што ў іх, як сьведчыць ён, безьліч германскіх ды славянскіх імёнаў, падобных да Альгерд, Вітаўт, Любарт, Гердзень ды іншых ліцьвінскіх /Ольгерд - англійскае Альгард, Витовт - чэскае Витеслав, Любарт - Любамір у чэхаў, Люб у люцічаў ды г.д./. Хай не пакрыўдзіцца сп. Урбан, але гэта вельмі нагадвае “мэтад” У. Юргевіча, які выводзіў Витовт з Викентий ды Ольгерд з Александр. Чаму я так кажу? Ды таму, што не робячы аніякага аналізу, з-за выпадковага вонкавага падабенства П. Урбан фактычна адбірае ў літвы права на ўласныя імёны, раскідваючы іх направа і налева: гэта славянскае, гэта - германскае. Што ж да таго, ці была літва славянскім племем, то славянскія летапісцы яе ў славяне не залічвалі, і ў “Аповесьці мінулых гадоў” /“Повесть временных лет”/ літва ідзе ў пераліку неславянскіх плямёнаў /ПСРЛ, т. І, сл. II; т. 2, сл. 9/. І я думаю, што гэты факт перакрэсьлівае ўсе разважаньні наконт “славянскасьці” літвы.
    Нельга абысьці і сьцьверджаньне П. Урбана, быццам я ліцьвінскія імёны тлумачу “запазычаньнямі з комі-пярмяцкай мовы”. У мяне гаворка зусім не пра “запазычаньні”. І ў “Племі пяці родаў”, і ў “Нашчадках таямнічае літвы” ясна сказана, што, паводле майго дапушчэньня, мова самой літвы была блізкай да комі-пярмяцкай, комі зыранскай ды ўдмурцкай моваў, дзякуючы чаму іх і можна ўжываць у якасьці струманта пры аналізе ліцьвінскіх сьлядоў.
    Такім чынам, мы разгледзелі некалькі вэрсій тлумачэньня ліцьвінскіх імёнаў: славяна-хрысьціянскую, славяна-паганскую, летувіскую ды пермскую. Здавалася б, і гэтага болей чым даволі. Але “яблык разладу” ў спакоі не застаецца, і ёсьць яшчэ адна.
    Пра існаваньне ейнае я даведаўся з артыкула Г. Сагановіча “Літва! Мая Айчына!..”, надрукаванага “Нашым словам” /1990, № 8, 9/. У ім аўтар, як і я, дае агляд усіх вядомых вэрсій тлумачэньня ліцьвінскіх імёнаў /у тым ліку маю з “Племя пяці родаў”/, а далей піша:
    “Яшчэ адну вэрсію распрацаваў беларускі эміграцыйны дасьледчык Л. Галяк. У брашуры “Паходжаньне літоўскіх князёў”, што выйшла ў 1983 годзе ў Нью-Ёрку, ён тлумачыць княскія імёны пры дапамозе скандынаўскіх моўных каранёў ды паказвае старажытную літву скандынаўскай. Імя Мантвіл Л. Галяк прачытаў як “Моцная воля”, Альгерд – “Той, што ўсё чуе”, Кейстут – “Леваручны”, Буйвіл – “Вялікі Лук” і г.д.”.
    Г. Сагановіч гэтай вэрсіі аніякай ацэнкі не дае, ды аглядальнік і не абавязаны гэта рабіць. Іншая рэч, калі сам працуеш у той сама галіне. Але дзе мне ўзяць брашуру, выдадзеную у Нью-Ёрку?.. Хіба што ў Г. Сагановіча? Але аўтар артыкула “Літва! Мая айчына!..” на мой ліст не адгукнуўся.
    На шчасьце, ёсьць такі энтузіяст зьбіраньня беларушчыны, як А. Баркоўскі, што падтрымлівае сувязі з беларусамі ўсяго сьвету. І вось на маім стале ксэракопія працы Л. Галяка, атрыманая... з Аўстраліі.
    Трэба сказаць, што ў невялічкі абзац, прысьвечаны ў Г. Сагановіча Л. Галяку, пракраліся дзьве памылкі. Адна з іх - не вельмі значная: як “Вялікі лук” Л. Галяк перакладае не Буйвіл, а Буйвід. Другая – болей сур’ёзная, бо скажае асноўную думку Л. Галяка. Маю на ўвазе словы, што Л. Галяк “паказвае старажытную літву скандынаўскай”. Гэта можна зразумець так, што летапісная літва ў сьцьверджаньнях Л. Галяка зьяўляецца скандынаўскім племем. Такога Л. Галяк не кажа.
    Л. Галяк не бачыць розьніцы паміж жамойцю да літвой. На яго погляд, гэта адзін і той самы этнас, які спачатку зваўся жамойць, а потым пераназваўся ў “літву”. Пры гэтым на значэньні слова “літва” ён не спыняецца і чаму адбылася замена аднаго этноніма другім, не цікавіцца. Такім чынам, сама па сабе літва для Л. Галяка - балцкая. Іншая рэч - князі, што “ня мелі этнічна нічога супольнага з балцкім племем Жамойцаў, якія ў пэўным часе пачалі называць сябе Ліцьвінамі, ані наагул з Балтамі, а былі паходжаньня паўночна-германскага, а дакладней – скандынаўскага” /с. 3/.
    Нагадаўшы, што “у VII-IX вякох Скандынавы праявілі вялікую экспансыю”, рабуючы ўзьбярэжжы Эўропы і адначасова калянізуючы вольныя тэрыторыі, “як у Ісляндыі, Грэнляндыі, Англіі”, Л. Галяк /с. 14/ выказвае бясспрэчнае меркаваньне: “Ведаючы з гісторыі аб размаху скандынаўскай экспансыі, што сягала ад Грэнляндыі й Амэрыкі да Канстантынопаля, цяжка думаць, што Скандынавы не пацікавіліся, што ляжыць у іхнім беспасрэдным суседзтве, праз мора, над Нёманам” /с 15/. Але далей з ім пагадзіцца цяжка. “У дакладней неазначальным часе”, піша ён, “нейкая скандынаўская група” паднялася па Нёмне ўгору, дзе падпарадкавала сабе “мясцовае жамойцкае насельніцтва” ды ўзначаліла яго. У далейшым нашчадкі прыбышоў-скандынаваў правілі як жамойцю, так і Вялікім Княствам Літоўскім, якое стварылі.
    Чым жа гэта даводзіцца? Аргумэнты Л. Галяка досыць разнастайныя, але непераканаўчыя. Так, ён адзначае, што ў вусьці Нёмна маецца шэраг гідронімаў з коранем рус /пратокі Русс, Варрус, затока Русна/, якія ён зьвязвае з нібыта скандынаўскім племем “русь”, што дало назву Русі. Але корань рус не такі непаўторны, каб яго тлумачыць толькі адной крыніцай. Так, па-эстонску “руды” – ruske, па-нямецку Ruß “сажа, копаць, куродым”. А хутчэй за ўсё сакрэты назваў Русс, Варрус, Русна трэба шукаць у ліўскай мове, носьбіты якой жылі каля Нёмна задоўга да нарманскіх набегаў.
    Другі “козыр” аўтара - даўно раскрытыкаваная дасьледчыкамі летапісная легенда, быццам летувісы - выхадні з Рыму на чале з Палямонам. “Легенду пра паходжаньне літоўскай княжай групы з Рыму трэба адкінуць, - піша Л. Галяк /с. 16/, як не знаходзячай падтрыму ў іншых крыніцах. Трэба аднак прыняць пад у вагу той факт, што ў кожнай амаль легендзе часта захоўваюцца сьляды праўдзівых здарэньняў і гэтым праўдзівым здарэньнем у легендзе аб паходжаньні літоўскіх князёў будзе факт прыбыцьця гэтай групы з мора, г.зн. са Скандынавіі”. Чаму ж скандынавы ў легендзе ператварыліся ў рымлянаў? “Зразумела, што ім /шляхце ВКЛ. - І. Л./ лепш было паходзіць са слаўнага Рыму, чым ад піратаў-гандляроў” /с. 17/. Але ж вядома, што ад тых сама “піратаў-гандляроў” – скандынаўскіх варагаў – доўгі час вяла радавод сваіх манархаў афіцыйная расейская гістарыяграфія. Так што, як бачым, “піратамі-гандлярамі” не грэбавалі і ў такой пыхлівай краіне, як Расея.
    Вядома, што скандынавам было ўласьцівае сагаскладаньне - фактычнае летапісаньне без паперы. У ісляндзкіх сагах падрабязна апісваецца прыбыцьцё першых скандынаваў на гэты востраў, усе першыя пасяленцы. Апісаныя ў сагах і іншыя падзеі, што адбываліся з вікінгамі далёка за межамі іхняе радзімы. Але пра заваёў жамойці або літвы ў сагах, падобна не апавядаецца.
    Я кажу “падобна”, бо каб прачытаць усе сагі, спатрэбіўся б не адзін год, дый яны далёка не ўсе перакладзеныя. Але яшчэ да вайны ленінградзкай Аленай Рыдзеўскай сагі вывучаліся спэцыяльна для ўстанаўленьня сувязяў Скандынавіі з Русьсю. І ў ейнай кнізе “Древняя Русь и Скандинавия в ІХ-ХІV вв.” /М., 1978/ скрупулёзна выпісанае з сагаў усё, што мае дачыненьне да Русі. Дык вось: Беларусь у гэтых выпісках не згадваецца.
    Важная крыніца гісторыі вікінгаў - рунічныя надпісы на камянях. Гэтыя камяні ставіліся ў памяць вікінгаў, што загінулі на чужыне, іх роднымі ды сябрамі. Такіх камянёў захавалася шмат, але толькі малая частка іх прысьвечаная мараходам, што загінулі ці зьніклі ва Усходняй Эўропе.
    Рунічным надпісам на такіх камянях /іх каля 100/ прысьвечаная праца Алены Мельнікавай “Скандинавские рунические надписи” /М., 1977/. І сярод іх няма аніводнай, якая б тычылася Беларусі або Летувы. У геаграфічным паказальніку нават няма назвы Нёман /гл. сс. 198-210/. Галоўны шлях вікінгаў у Кіеў і далей у Бізантыю ішоў па Дзьвіне /па-скандынаўску Duna - як Дунай па-венгерску/.
    Археолягі адзначылі нешматлікія скандынаўскія праявы ў басэйне Нёмна /гл. Ф. Д. Гуревич /Ленинград/. Скандинавские находки X-XI вв. на территории Белоруссии. – Скандинавский сборник-ХХХІІ. Таллин, 1988, сс. 110-121/. Але мячы ды грошы маглі блукаць і без удзелу вікінгаў. Думаецца, што “гандляроў-разбойнікаў” мала цікавілі мясьціны, дзе не было буйных гарадоў, разьвітага рамяства. У дадатак Нёман даволі складаная для плаваньня рака з-за парогаў у ніжняй частцы.
    Яшчэ адзін аргумэнт Л. Галяка - наяўнасьць у літоўскіх князёў пахавальнага абраду ў выглядзе трупаспаленьня, уласьцівага старажытным скандынавам. Але сам Л. Галяк прызнае, што “абрад хаўтураў са спальваньнем ня ёсьць выключнай асаблівасьцю Скандынаваў”. У гэтым сэнсе народы сьвету падзяляліся спрадвеку на дзьве вялікія групы: адны нябожчыкаў хавалі ў зямлю, другія - спальвалі. Да такіх абрадаў яны перайшлі, магчыма, ад нейкіх болей старажытных. Так, якуты да прыходу расейцаў хавалі нябожчыкаў на дрэвах /так званае “паветранае пахаваньне”/, а чукчы вывозілі на пагорак, дзе пакідалі.
    Можа, дзе-небудзь у Афрыцы або Амэрыцы былі і іншыя экзатычныя абрады пахаваньня, але мусім прызнаць, што з мёртвым целам асабліва не нафантазіруеш і спосабаў распарадзіцца з ім мала. І што цела Гедыміна спалілі, а не закапалі ў зямлю, зусім не сьведчыць аб нарманскім паходжаньні князя. Галоўны ж доказ Л. Галяка на карысьць “нарманскасьці” ліцьвінскіх князёў - аналіз княскіх імёнаў, малую частку якога паказвае ў сваім артыкуле Г. Сагановіч. Мяне газэтная плошча не абмяжоўвае, таму прывяду той аналіз паўней, але папярэдне адна заўвага.
    Набегі вікінгаў былі мужчынскай справай, жанчын з сабою ў паходы нарманы не бралі. Значыць, асеўшы на ліцьвінскіх землях, яны павінны былі, каб мець нашчадкаў, брацца з мясцовымі жанчынамі, якія гаварылі на сваёй мове.
    Вядома, што ў моўных адносінах жанчыны болей кансэрватыўная, чым мужчыны, і нездарма ў розных народаў роднай мовай лічыцца мова маці /па-чэску “родная мова” - матэрштына/. Ды яшчэ даросламу чалавеку /а скандынавы, зразумела, мусілі брацца не з дзецьмі/ перайсьці на чужую мову цяжка. Таму ў дапушчальных нарманска-ліцьвінскіх сем’ях мужчына і жанчына вымушаныя былі разумець адно аднаго галоўным чынам без слоў. Дзеці ж, якія нараджаліся ў такіх сем’ях, маглі валодаць абедзьвюма мовамі, бо да іх зьвярталіся і бацька, і маці, кожны на сваёй. Але ў раньнім узросьце, калі якраз і засвойваецца мова, дзіця бавіла час у некалькі разоў больш з маці, чым з бацькам, бо маці заўсёды была дома, бацька ж - на працы, паляваньні, у ваенных набегах і г.д. Таму ўжо першае пакаленьне “скандынаваў”, народжанае на ліцьвінскай зямлі, павінна было валодаць лепш ліцьвінскай мовай, чым мовай нарманаў.
    Калі ж “піраты-гандляры” памерлі, то іх дзеці, якія лепш валодалі моваю матак, аказаліся цалкам у ліцьвінскім моўным асяродзьдзі, дзе ў прынесенай скандынавамі мове зусім не было патрэбы. Ці ж няясна, што тая мова мусіла непазьбежна зьнікнуць?
    Прыклад такога працэсу зафіксаваны, напрыклад, у Якуціі. Казакі ў ХVII стагодзьдзі, дый надалей пасылаліся царскім урадам сюды без жонак. Каб мець сям’ю і гаспадарку, “служылыя” вымушаныя былі жаніцца з якуцкімі жанчынамі. І нягледзячы на тое, што Якуцкі казацкі полк папаўняўся прысланымі з Paceі, у XIX стагодзьдзі тутэйшае казацтва цалкам зьякуцізавалася. Гэтыя казакі вонкава былі падобныя і да эўрапейцаў, але не ведалі іншай мовы, апрача якуцкай. Такіх людзей можна сустрэць і цяпер /мне даводзілася іх сустракаць/.
    Зрэшты, Л. Галяк і сам разумее гэта. Група скандынаваў, піша ён, што прыйшла ў Літву, “з увагі на сваю малалікасьць, а таксама дзеля адсутнасці скандынаўскіх жанчынаў /падкрэсьлена мной. – І. Л./, моўна магчыма хутка здэнацыяналізавалася” /с. 16/. “Моўна здэнацыяналізавалася” - гэта значыць, страціла мову. А калі мова зьнікла, то як, не ведаючы яе, людзі маглі даваць у ёй імёны?
    Згадаем дынастыю Рурыкавічаў. Рюрик, Олег, Игорь - імёны яўна неславянскія. А ўжо ў сына Ігара, Сьвятаслава - бясспрэчна славянскае. І ў далейшым імёны Рурыкавічаў - спрэс славянскія. Зрэдку даюцца Рюрик, Олег, Игорь - у гонар продкаў. І - аніякіх іншых, такіх жа незразумелых.
    А імёны, якія Л. Галяк лічыць скандынаўскімі, даваліся ліцьвінскім князям нават у ХV стагодзьдзі. Дый не толькі князям, але і іншым людзям, адзначаным у летапісах ды дакумэнтах, Прычым імёнаў гэтых не тры, як РюрикОлег - Игорь, а шматлікія дзесяткі. Гэта паказвае, што мова, у якой яны даваліся, жыла. Дык што: аж да ХV стагодзьдзя ў Літве гучала скандынаўская мова?
    Зразумела, так не магло быць. Бо “скандынаўская экспансія” скончылася ў сярэдзіне XI стагодзьдзя, на 400 год раней. А пасьля 1200-га года дапусьціць пранікненьне нарманаў-заваёўнікаў у Літву зусім немагчыма, бо ўсё балтыйскае ўзьбярэжжа насупроць літвы было зачыненае немцамі. Для зьнікненьня ж - поўнага - мовы людзей, што прыйшлі без жанчын, дастаткова трох пакаленьняў, 70-80 гадоў.
    Такім чынам, згодна са схемай зьяўленьня скандынаваў у Літве, прапанаванай Л. Галяком, імёны ліцьвінскіх князёў скандынаўскімі быць не могуць. Але, можа, літва сама была скандынаўскай, роднаснай па мове швэдам ды нарвэжцам?
    Такую магчымасьць абвяргае гідранімія. Калі б літва была сапраўды скандынаўскай, то на ейнай тэрыторыі былі б і скандынаўскія гідронімы. Зірніце на карту Швэцыі, дзе знаходзім рачныя назвы Далэльвен, Пітээльвен, Гета-Эльв, Йідээльв, Легдээльв, Эрээльв і мноства іншых з канчаткам эльв-эльвен, што азначае “рака”. У Беларусі і ў Летуве такіх няма.
    Ліцьвінскіх імёнаў да нас дайшлі дзесяткі. А скандынаўскіх – сотні і сотні. Найважнейшая крыніца іх – сагі, дзе літаральна кожны пэрсанаж мае імя. “У “сагах аб Ісьляндцах” згадваецца ў агульнай колькасьці болей за сем тысяч асобаў” /М. И. Стеблин-Каменский. Мир саги. Становление литературы. М., 1983, с. 83/. Вялікую колькасьць імёнаў зьмяшчаюць і рунічныя надпісы на камянях-помніках. Алфавітны паказальнік да кнігі А. Мельнікавай налічвае 220 імёнаў вікінгаў, што загінулі або памерлі ва Усходняй Эўропе, а таксама іх блізкіх ды сяброў, што ставілі тыя помнікі /гл. Е. А. Мельникова, сс. 211-215/.
    Як правільна адзначае Л. Галяк, большасьць скандынаўскіх імёнаў эпохі вікінгаў - двухчленныя, як і княскія ліцьвінскія. У тых і гэтых маюцца падобныя гучаньнем часткі: скандынаўскае мунд - ліцвінскае мунт, монт; герд - герд; від - від. У вікінгаў сустракаюцца нават цэлыя імёны, вельмі падобныя да ліцьвінскіх: скандынаўскае Гермунд - ліцьвінскае Гермонт. Але калі чытаеш скандынаўскія імёны пасьля ліцьвінскіх /ці наадварот/, зусім не складваецца ўражаньне тоеснасьці іменных сыстэмаў. Каб не быць галаслоўным, прывяду поўны пералік імёнаў з кнігі А. Мельнікавай у ейнай, расейскай перадачы: Аки, Альвхильд, Али, Альрик, Альви, Андсвар, Арнфаст, Асбьёрн, Асгаута, Асгаут, Асгейр, Аскель, Аслак, Асмунд, Асрад, Ассур, Астрид, Асвид, Аудвальд; Балли, Баульв, Бергвид, Бьёрн, Бьёрнлауг, Блейк, Блэси, Ботмунд, Бранд, Бруси, Буи, Бюрстейн; Дьярв, Домар; Эгиль, Эйрик, Эринмунд, Эйгаут, Эймунд, Эйстейн, Эйват, Эйвинд; Фарульв, Фастви, Фолькбьёрн, Фолькмар, Фот, Фрегейр, Фрейстейн; Гаутфьярв, Гаути, Гейрвьёрн, Гейрфаст, Гейр, Гердар, Гисл, Гисли, Гисмунд, Гнупа, Горм, Грани, Гудлейв, Гудмунд, Гудрун, Гудвер, Гуви, Гулли, Гума, Гуннар, Гуннлейв, Гуннульв, Гуннвальд, Гуннвид; Хакон, Хальвдан, Халльфинд, Харальд, Хедифрид, Хедин, Хельга, Хельги, Херлейв, Хермод, Хертруд, Хливей, Хольм, Хольмфаст, Хольмфрид, Хольмгейр, Хольмстейн, Хольвид, Хравн, Хродар, Хродельв, Хродфос, Хродгаут, Хродгейр, Хродлейв, Хродвальд, Хродвисл, Хрольв, Хрут, Хёрд; Явни, Инга, Ингибьёрг, Ингифаст, Ингифрид, Ингимунд, Ингирунн, Ингитора, Ингвар, Ярл, Ион, Йорунн, Йули, Йовурфаст, Кари, Карл, Кар, Кетилей, Кетиль, Кетильфаст, Кетильмунд, Кольбейн, Христос; Ликнат, Ликни, Льот; Мистивой; Оддлауг, Офейг, Олав, Орм, Ормульв, Отрюгг, Оттар; Рагнар, Рагнфрид, Рагнхильд, Рунфаст; Сибби, Сиград, Сигрид, Сигстейн, Сигтрюгг, Сигвид, Скарди, Скарв, Слагви, Слоди, Смид, Спьялбуди, Спьоти, Стейнфрид, Стейнхильд, Стейн, Стюрбьёрн, Стюрлауг, Суннват, Свейн, Сэбьёрн; Таваст, Това, Токи, Тола, Тости; Ульв, Ульвар; Вагн, Вермунд, Вестейн, Видьбьёрн, Вифаст, Вифиль, Тьялви, Тьодульв, Торбьёрн, Торд, Торфрид, Торгейр, Торгерд, Торир, Торкель, Торольв, Торстейн, Торвальд, Эгмунд, Энунд, Эпир /імёны прыводжу ў тым парадку, у якім яны разьмяшчаюцца ў кнізе, згодна са старажытнаісьляндзкім алфавітам/. Параўнайце з гэтым тыя ліцьвінскія імёны, што разглядаліся вышэй. Сярод кампанэнтаў ліцьвінскіх імёнаў найчасьцей сустракаецца монт /мунт/. Сярод скандынаўскіх трапляюцца імёны з мунд: Асмунд, Эринмунд, Эймунд, Гисмунд, Гудмунд, Ингимунд, Кетильмунд, Вермунд, Эгмунд. Але калі сярод ліцьвінскіх “цаглінак” монт - лідэр, то сярод скандынаўскіх мунд - адзін з лідэраў. “Цаглінка” ас нават крыху часьцейшая: Асбьёрн, Асгаут, Асгейр, Аскель, Аслак, Асмунд, Асрад, Ассур, Астрид, Асвид. Столькі ж, як з мунд, імёнаў з тор: Торбьёрн, Торфрид, Торгейр, Торгерд, Торир, Торкель, Торольв, Торстейн, Торвальд. На адзін-два разы радзей, чым мунд, ужываюцца гейр /Асгейр, Фрейгейр, Гейрбьёрн, Гейрфаст, Гейр, Хольмгейр, Хродгейр, Торгейр/, стейн /Борстейн, Эйстейн, Фрейстейн, Хольмстейн, Сигстейн, Стейнфрид, Стейнхильд, Стейн/, хрод /Хродар, Хродельв, Хродгаут, Хродфос, Хродгейр, Хродлейв, Хродвальд, Хродвисл/, бьёрн /Асбьёрн, Бьёрн, Бьёрнлауг, Фалькбьёрн, Торнбьёрн, Сэбьёрн, Видбьёрн, Торбьёрн/, фаст /Арнфаст, Хольмфаст, Кетильфаст, Ингифаст, Рунфаст, Вифаст/. А гэтых гейр, стейн, хрод, бьёрн, фаст сярод ліцьвінскіх няма зусім, як няма і такіх, здавалася б, просьценькіх часьцінак, як ас ды тор, а асы ж - багі скандынаўскай міталёгіі, Тор - наймагутнейшы з асаў, так што ўжо адна адсутнасьць элемэнтаў ас ды тор у ліцьвінскіх імёнах гаворыць супроць таго, што яны - скандынаўскага паходжаньня. Даволі адметна адрозьніваюцца скандынаўскія імёны ад ліцьвінскіх і ў фанэтычным сэнсе. У скандынаўскіх вельмі частыя гукі “х”, “ф”, якіх у ліцьвінскіх няма абсалютна.
    Імёны з мунд - не самыя папулярныя і ў сагах. “Пэўныя імёны ўжываюцца шматразова ў адной сазе. Так, у “Сазе пра Ньяла” згадваюцца 15 Торкеляў, 12 Торыраў, 7 Хельгі, 10 Грымаў, 14 Кетыляў ды г.д.” /М. К. Стеблин-Каменский. Мир саги, с. 57/. Як бачым, сярод найчасьцейшых імёнаў у сагах з мунд няма.
    Адначасова сярод скандынаўскіх іменных часьцінак няма такіх ліцьвінскіх, як гайло ды товт. Скандынаўская герд сустракаецца галоўным чынам у жаночых імёнах: Торгерд /Е. Мельникова/, Ингигерд, Исгерд /Е. Рыдзевская, сс. 43, 84/, Герд /М. Стеблин-Каменский, с. 38/. Мне ва ўсім прачытаным удалося адзначыць толькі адно мужчынскае імя з герд, але яно з герд пачынаецца /Гердар. Е. Мельникова/. Імёны ж, якія канчаюцца на герд, як ліцьвінскія Ольгерд, Довгерд, Мандыгерд, у скандынаваў жаночыя. Што азначае скандынаўскае герд, мне адшукаць не ўдалося, але падобна, што значэньне гэтага слова больш стасуецца да жанчыны.
    Такім чынам, калі скандынаўскія ды ліцьвінскія імёны ўявіць у выглядзе двух злучаных агульнай плошчай кругоў, то агульная частка будзе выглядаць як вузенькая лінза.
    А як жа філялягічны аналіз, які вядзе Л. Галяк? Трэба сказаць, што ён вельмі павярхоўны і недакладны.
    Недакладнасьць пачынаецца ўжо там, дзе Л. Галяк дае агульную характарыстыку скандынаўскім імёнам, сьцьвярджаючы, што яны “азначалі пераважна тагачасна ўважаныя ў тым асяродзьдзі рожныя пазытыўныя вартасьці, як удача, адвага, сіла, улада, багацьце, кіраўніцтва, або важныя рэчы, як лук, меч, кінжал, і г.д.”. Але гэта не зусім так. Як мы ўжо гаварылі, у імёны ўваходзіць слова ас – “бог”, імёны асаў, як Тор, іншае слова “бог” – гуд /параўнай нямецкае Gott/. Стейн азначае “камень”, так што лексычная база імёнаў шырэйшая, чым паказвае Л. Галяк.
    У сваю звужаную сыстэму Л. Галяк заганяе і ліцьвінскія імёны. Яму абавязкова трэба, каб яны былі не проста скандынаўскімі, а азначалі менавіта тое, што ён назваў: удачу, адвагу, сілу, кап’ё кінжал. Таму ён часам скажае самі імёны. Так, Товтивил для яго – Тотвіл, Рогвольд /Рогволод/ - Рагвальд. Пэўныя імёны ён няправільна падзяляе на кампанэнты: Гаштальт у яго – гашт + альт, хаця па аналёгіі з Витовт, Гинтовт у Гаштовт /Гаштольд/ вылучаюцца элемэнты гаш + товт /тольд/. Яшчэ Л. Галяк ужывае “скандынаўскія” словы, якіх няма. Так, элемэнт монт ён тлумачыць праз “монт ці мунт”, якое “ў першым значэньні азначае руку, а ў больш пераносным сілу, апеку” /с. 23/. Але ў аніводнай скандынаўскай мове ні монт, ні мунт са значэннем “рука”, “сіла, апека” не сустракаюцца. Што ж да мунд сярэднявечных нарманскіх імёнаў, то яно, падобна, азначала “чалавек”, “мужчына” /сёньня толькі ў дацкай мове захавалася mand “мужчына”, у швэдзкай жа ды нарвэскай “чалавек”, “мужчына” – mann, як у нямецкай/.
    Неадшукалася ў скандынаўскіх слоўніках і такіх слоў, як min “стары”, kejste “левая рука”, kori “кучаравы”, якімі апэрыруе Л. Галяк. Шэраг скандынаўскіх словаў ён скажае: замест gejr /“кап’ё”/ піша ger, замест tott - tot. Пры гэтым скажае і сэнс: па-нарвэску tott “туга нацягнуты”, а ў Л. Галяка – “тугі” /цьвёрды/. І ўвогуле скажэньне сэнсу скандынаўскіх словаў у Л. Галяка даволі частае: vid ён перакладае як “вялікі”, у сапраўднасьці ж – “шырокі”, “бязьмежны”; narid “суровы, няроўны”, а трэба – “няроўны, шурпаты”. Sig у Сігмунд, на яго думку, азначае “сам”. Але Sig – “сябе”, і гэтае слова не мае дачыненьня да імя з скандынаўскага эпасу, бо Сіг – у ім азначае “перамагаць” /згадайце нямецкае “зіг хайль!”/.
    Тут Л. Галяк паўтарае і чужую памылку, гаворачы ўсьлед за У. Юргевічам, што Сігмунд – “тытул скандынаўскага бога Одына і тлумачыцца як самаўладца” /В. Юргевич, с. 26/. Напраўдзе ж Сігмунд - імя эпічнага героя /гл. Скандинавские сказания. М., 1988/.
    Яшчэ цікава адзначыць, што Л. Галяк зусім не спрабуе вытлумачыць з дапамогаю скандынаўскіх моваў імёны Палямона ды ягоных сыноў /Борк, Кунос, Спера/ - г.зн. тых ліцьвінскіх князёў, што на яго думку прыйшлі са Скандынавіі. Ці не таму, што гэта бескарысна?
    ...Зразумела, што, дакапаўшыся да скандынаўскіх слоўнікаў, не мог не пацікавіцца я і такім пытаньнем, як паходжаньне нашых першых князёў /яшчэ не літоўскіх/.
    Ёсьць у кнізе А. Рыдзеўскай вялікі цікавы артыкул, які называецца “К вопросу об устных преданиях в составе древнейшей русской летописи”. З яго можна даведацца, што такія паданьні, зьмешчаныя ў “Аповесьці мінулых гадоў”, перагукваюцца з легендамі скандынаўскімі /напрыклад, пра сьмерць Алега “ад каня”/. Ёсьць у артыкуле і разьдзел, прысьвечаны паданьню пра Рагнеду /сс. 209-213/: “у Ynglingo saga, што апавядае пра легендарных каралёў Швэцыі ды Нарвэгіі, гаворыцца пра сватаньне аднаго абласнога нарвэскага конунга да дачкі другога, якую звалі Асай: атрымаўшы адмову, ён ідзе на яго вайной; у баі гіне і бацька, і брат Асы, яе саму пераможца бярэ сабе ў жонкі, але гады праз два гіне ад рукі падасланага ёю забойцы. Аса, як і Рагнеда, мае сына ад мужа-захопніка. Помста, як мы бачым, у абодвух выпадках прыходзіць не адразу. Рагнеда, па вэрсіі 1128 г., пасьля разрыву з Уладзімірам атрымлівае сваю “отчину” з Ізяславам, Аса пасьля сьмерці мужа ідзе ў тое княства, якім валодаў яе бацька, і там выхоўваецца яе сын” /с. 209/. Падабенства вельмі вялікае. А. Рыдзеўская лічыць, што тут або тыпалёгія, або ўплыў Pycі на Скандынавію. Я не буду кідацца ў спрэчку з гэтым, бо прыводжу вытрымку пра Асу, уласна кажучы, толькі з-за той цікавасьці, якая праяўляецца ў нас да Рагнеды, бо для маёй тэмы дастаткова было б працытаваць вось гэты кавалачак: “Цалкам магчымы таму і нейкі рэальны Рагвалод, хаця ён як гістарычная асоба застаецца даволі няясным ды неазначаным. Ягонае імя, што трывала ўвайшло ў традыцыю ў родзе полацкіх князёў, а таксама імя ягонай дачкі /Рагнеды. - І. Л./ праўдападобна тлумачацца як скандынаўскія і валодаюць характэрнай алітэрацыяй” /с. 213/.
    Але яшчэ ў 1891 годзе думку аб гэтых імёнах як славянскіх выказаў М. Доўнар-Запольскі /Е. Рыдзевская, с. 213/. Наш М. Ермаловіч таксама на баку славянскай вэрсіі: “імя яго, як і яго дачкі Рагнеды, стала выводзіцца са скандынаўскіх моваў. Але з гэтым пагадзіцца нельга. Імя Рагвалод /у некаторых варыянтах Рагаварод/ - чыста славянскае, яно азначае “ўладар рога”, г.зн. мыса, і пашырана ў іншых славянскіх народаў, у прыватнасьці, у чэхаў, да якіх нарманы не даходзілі. Славянскім зьяўляецца і імя Рагнеда, правільней Рагнедзь. Яно таксама мае свае варыянты ў чэхаў. І ў Наўгародзкім летапісе пад 1135 г. упамінаецца княгіня Рагнедзь” /М. І. Ермаловіч. Старажытная Беларусь, сс. 70-71/. Затое Л. Галяк цалкам далучаецца да прыхільнікаў скандынаўскай вэрсіі. Імя Рагвалод ён аналізуе так: “Рагвалд: rag – цягнуць у значаньне веславаць, vald - сіла, кіраваньне. Корань Раг выступае ў імені швэцкага князя XI стагодзьдзя, а таксама ў рунічных напісах з X стагодзьдзя - Рагнгілд і Рагнфрід” /Л. Галяк, сс. 24-25/.
    Думаецца, што пераклад імя Рогволод як “уладар мыса” вельмі нестасоўны. Бо якога мыса? Наша старонка сухапутная /як, дарэчы, і Чэхія/, так што гаворкі пра мыс марскі тут быць не можа. Калі ж бацькі, даючы імя Рагвалоду, жычылі яму валодаць рачным мысам, то ці не занадта мізэрны лёс вызначалі яны свайму сыну? Іншая справа - Владимир: “валодай сьветам”! Або Всеволод: “усім валодай”… Або Володарь: ізноў жа “валодай усім”. “Уладар мыса” у гэты шэраг яўна не становіцца. А што такое Рогнедь? Тут жа таксама “рог”. Што павінна з гэтым “рогам” рабіць князёўна?
    Л. Галяк робіць правільна, што адштурхваецца не ад Рогволод. Але формы, якую ён абраў для аналізу - Рагвальд - у летапісах няма. У “Аповесьці мінулых гадоў” пішацца – Рогволод, у нейкіх іншых помніках - Рогвольд /гл. Белоруссия и Литва, сс. 12, 25, 30/. Таму для адшыфроўкі гэтага імя няма аніякага значэньня, як перакладаюцца са скандынаўскіх моваў rag ды vald. Але зазначу ўсё ж, што слова rag у значэньні “цягнуць” /“веславаць”/ няма ні ў швэдзкай, ні ў нарвэскай мовах.
    Дарэчы, калі б Л. Галяк трохі пашырыў свой пошук, то сярод імёнаў, што сустракаюцца ў рунічных надпісах, знайшоў бы Рагнвальд /Е. Мельникова, с. 214, 118/, што куды бліжэйшае да ягонага Рагвальд, чым Рагнгілд або Рагнфрід. Але ці можа Рагнвальд быць першакрыніцай імя Рогвольд? Вельмі сумняваюся. Абсалютна немагчыма вытлумачыць, якім чынам два “а”, г.зн. і націскное, і ненаціскное, маглі ператварыцца ў два “о”. І ці не пайшла б пераробка Рагнвальд у напрамку Рагнальд?
    Трэба сказаць, што зусім выключаць скандынаўскае паходжаньне імёнаў Рогвольд ды Рогнедь няварта. Не можа, напрыклад, не зьвяртаць увагу тое, што Рогнедь са скандынаўскага вырашаецца прасьцей, чым Рогвольд. Рогнедь пачынаецца з Рогн-, як Рагн-фрід, Рагн-гілд, Рагн-вальд. У скандынаўскіх мовах ёсьць слова ed /“клятва, прысяга” па-швэдзку і па-нарвэску/. Так што, магчыма, сярод рунічных або сагавых імёнаў сустракаецца Рагнед. На гэты конт магла даць сьведчаньне А. Рыдзеўская, але яна абмежавалася назіраньнем, што імёны Рогволод ды Рогнеда “валодаюць характэрнай /скандынаўскай. - І. Л./ алітэрацыяй”.
    Але я ўсе ж думаю, што разгадку гэтых антрапонімаў трэба шукаць у мясцовых, фіна-вугорскіх мовах /мабыць, чытач усьміхнецца, што для мяне гэтыя мовы ўжо мясцовыя/. Не будзем забывацца, што Рогвольд ды Рогнедь - гэта імёны бацькі і дачкі, значыць, агульны іх элемэнт рог - радавое імя, а вольд ды недь - індывідуальныя, уласныя. Ці ж не падобна, што Рог-Вольд - Вольд з роду Рог, а Рог-Недь Недь з таго ж роду?
    Усе гэтыя тры словы маюцца ў комі-зыранскай мове: рога – “смала”; вöльд – “пароша”, “сьнег, які толькі што выпаў”; ньöдз /чытаецца “недзь”/ - “гнуткі, няломкі”.
    У Беларусі нямала тапонімаў, утвораных ад “рог”: вёскі Рог /дзьве/, Рогава, Рагава, Рагадашч, Рагазіна, Paгі /дзьве/, Рагінь. На жаль, не так проста аддзяліць зьвязаныя з пачаткам імёнаў Рогвольд ды Рогнедь ад аднакарэнных са славянскім рог. Але прынамсі Рагава канчаецца на -ва, як этнонімы літва, мардва. І калі маё дапушчэньне, што -ва ў такіх выпадках азначае “народ, племя” /гл. “Племя пяці родаў”/ правільнае, то рагава - гэта рога-ва, “смаляное племя”. Ці не так яно і называлася, племя Рагвалода ды Рагнеды?
    Вось пытаньне: ці заўсёды пры славянізацыі падобныя этнонімы захоўваліся ў сваім пачатковым выглядзе? Можа, яны часткова і перакладаліся? Сярод заходнеславянскіх плямёнаў, што жылі ў Польшчы, былі смольняне /В. Чивилихин. Память. - Роман-газета, 1982, № 17, с. 1/, што ўваходзілі ў саюз борычаў /абадрытаў/. Ці сапраўды яны былі славянамі? Мы ж ведаем, што ў плямённы саюз, які запрасіў Рурыка, уваходзілі і фінскія чудзь, весь, мера. А можа, наша рагава і не мае да тых смальнянаў дачыненьня, і тут простае супадзеньне? У той жа час кідаюцца ў вочы такія назвы, як Смаленск, Смалявічы /горад пад Менскам/, Смаляны /вёскі ў Аршанскім ды Пружанскім раёнах/. Не думаю, каб яны ішлі ад “смала”. Гэта праявы племя смалянаў, што, магчыма, зьяўляецца перакладам этноніма рагава.
    Шмат якія дасьледчыкі лічаць нарманам і Тура, легендарнага заснавальніка горада Турава. “Гэтага прызнаць нельга, - піша М. Ермаловіч. - Не маюць рацыі і тыя, хто сьцьвярджае, што ў старажытных славянаў адсутнічала імя Тур. Яно зарэгістравана ў рускіх летапісах, было і ў іншых славянскіх народаў” /М. Ермаловіч. Старажытная Беларусь, с. 74/.
    Але рэч у тым, што ў летапісах не Тур: “Бѣ бо Рогъволодъ пришелъ и-заморья, имяше власть свою в Полотьскѣ, а Туры Туровѣ /Изборник, 1969, с. 58/. І сам М. Ермаловіч цытуе: “а Туры Туровѣ, от него же и туровцы прозвашася” /Старажытная Беларусь, с. 74/. Але, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што ўладар Турава зваўся Туры, піша ўсюды пра яго “Тур”.
    А. Рыдзеўская супастаўляе Туры са скандынаўскім Торир /с. 213/, адзначаным у рунічных надпісах /Е. Мельникова, с. 83 ды інш./. Але вытлумачыць выпадзеньне на канцы слова пасьля галоснага такога гучнага зычнага, як “р”, немагчыма. А тым часам у комі мовах маецца тури “жораў”, абсалютна дакладны адпаведнік імя Туры.
    Што ж у нас атрымліваецца? А тое, што ўсе вядомыя імёны нашай раньняй гісторыі /праўда, іх толькі тры/ аказваюцца пермскімі. Прычым гэта антрапонімы не з тых тэрыторый, дзе мы прывыклі разьмяшчаць неславянскія плямёны: Рогвольд ды Рогнедь – Полацк, Туры - Тураў.
    Выходзіць, пермскаю ў Беларусі была не толькі літва, а яшчэ і нейкія іншыя плямёны, накшталт рагавы, што зусім не пакінулі сьледу ў гістарычных крыніцах. Але не будзем забягаць наперад, бо і з літвой разабраліся яшчэ не да канца. Тое, што ліцьвінскія імёны адшыфроўваюцца з пермскага моўнага матэрыялу, бясспрэчна. Але чым можна падмацаваць гэтую распрацоўку, каб не заставалася аніякіх сумлеваў? Ці ёсьць чым падмацаваць?
    Ёсьць. Пра гэта - ў наступным разьдзеле.

                                                     ТАМ,  ДЗЕ  ЖЫЛА  ЛІТВА
    У адданага рупліўца на ніве беларушчыны Міколы Іванавіча Ермаловіча шмат выдатных знаходак, што навечна ўвойдуць у нашу гістарычную навуку. Але найбольшым яго дасягненьнем, безумоўна, будзе лічыцца вызначэньне ім месца жыхарства летапіснай літвы.
    Усмактаных з малаком маці стэрэатыпаў не так лёгка пазбыцца, і, на жаль, аж да гэтага часу, калі распрацоўка М. І. Ермаловіча даўно апублікаваная, знаходзяцца гісторыкі, што не засвоілі гэтага найважнейшага для разуменьня нашай мінуўшчыны адкрыцьця. Таму дазволю сабе ў некалькіх словах выкласьці факты, устаноўленыя Міколам Іванавічам.
    Чытаючы летапісы, ён заўважыў, што згадкі аб літве не стасуюцца з уяўленьнямі, што гэтае племя жыло на тэрыторыі сучаснай Летувы. Так, у адным з летапісаў сказана, што князь Войшалк “учини собе монастырь на реце на Немне, межи Литвою и Новым городком”, г.зн. Наваградкам. А месца гэтага манастыра дакладна вядомае: пры ўпадзеньні ў Нёман ракі Валоўкі. Выходзіць, літва жыла на ўсход ад Наваградка, паміж ім ды Менскам. Падобных сьведчаньняў не адно і не два. Прычым яны пацьвярджаюцца тапанімікай: “Характэрна, што на тэрыторыі, якая ў летапісах выступае пад назвай “Літва”, да сёньняшняга дня захаваўся тапонім “Літва”. Населеныя пункты з такой назвай мы сустракаем у Слонімскім /Гродзенская вобл./, Ляхавіцкім /Брэсцкая вобл./, Уздзенскім, Стаўбцоўскім, Маладзечанскім /Мінская вобл./ раёнах” /M. I. Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа, сс. 22, 24/. І зыходзячы з назіраньня, што этнічныя назвы звычайна разьмяшчаюцца на межах этнасаў, М. I. Ермаловіч вызначае месцазнаходжаньнем летапіснай літвы верхняе Панямоньне, у пералічаных раёнах.
    Тым часам, энцыкляпэдыя “Литва” паказвае арэал летапіснай літвы істотна іначай. Пачынаецца ён, паводле “Литвы”, ад Наваградка, а канчаецца упадзеньнем Віліі /Няріса/ ў Нёман, прычым займае ладны кавалак і на поўнач ад Віліі /гл. с. 135, карта/. А на с. 357 “першай сталіцай Літоўскага княства”, са спасылкай на “гістарычныя летапісы ХVI стагодзьдзя” вызначаецца Кернаўскі замак, што стаяў паблізу ад Віліі кілямэтраў на 50 ніжэй за Вільню.
    Такі падыход выклікае адразу два пярэчаньні. Па-першае, у летапісах ХVI стагодзьдзя згадкі аб Кернаве /Кернов, Кернова/ зьмяшчаюцца толькі ў іх легендарнай частцы - як вельмі слушна даводзіць М. Ермаловіч, прыдуманай для таго, каб падкрэсьліць, што паходжаньне Вялікага Княства Літоўскага - неславянскае /гл. Старажытная Беларусь, сс. 312-315/. У параўнаньні з вядомымі летапісамі XIII стагодзьдзя гэтая частка беларускіх летапісаў выключна блытаная ды непраўдзівая. Так, у ёй зусім адсутнічаюць зьвесткі пра першага вялікага князя літоўскага Міндоўга /гл. ПСРЛ, т. 35/. Затое прысутнічае маса князёў, якіх увогуле не было. Вось яшчэ характэрны прыклад. У Іпацьеўскім летапісе расказваецца, што Міндоўг адабраў жонку ў нальшчанскага князя Даўмонта. А ў летапісах ХVI ст., наадварот, Даўмонт адбірае жонку ў іншага князя. Але, па-другое, і гэтыя летапісы называюць першай сталіцай не Кернаў, а Новагародак, з якога яна быццам бы пераносілася ў Кернаў: “По смерти великого князя Романа начнет княжити сын его старший Наримонт, и учинит город Кернов, и знесет з Новагородка столец до Кернова и назовется великий князь литовский и новогородский и жомоитьский” /Летапіс археалягічнага таварыства. ПСРЛ, т. 35, с. 93/; “И вмерши Роману, начнет княжити сын его Наримонт, и вчинить город Кпрнов /так у тэксьце. - І. Л./, и знесе з Новагородка столец до Кернова, и начал княжити, и назовется великим князем литовским, новогородским и жомоитьским” /Летапіс Красінскага, ПСРЛ, т. 35, с. 132/ ды інш. Так што калі спасылацца на “гістарычныя летапісы” XVI стагодзьдзя, то першай сталіцай ВКЛ трэба называць Новагародак.
    Праўда, Стрыйкоўскі сьцьвярджаў, што Міндоўг каранаваўся ў 1252 годзе ў Кернаве /Н. Улащик, с. 143/. Але і Стрыйкоўскі - аўтар ХVІ стагодзьдзя. Апрача таго, не трэба забывацца, што ў Беларусі ёсьць рака Кернава - доплыў Ашмянкі /Вілейскі ды Смаргонскі раёны/. Там, магчыма, і разьмяшчалася невялікае гарадзішча Міндоўга, бо мусіў жа ён мець нейкае сховішча, ў той час, калі не князяваў у Новагародку. Я кажу “невялікае” таму, што Іпацьеўскі летапіс XIII стагодзьдзя, дзякуючы якому нам і вядомая з меншага пачатковая гісторыя ВКЛ, ні аб якой “сталіцы” Міндоўга анічога не гаворыць. І прычына зусім не ў геаграфічнай недасьведчанасьці летапісца. Так, расказваючы пра вайну Міндоўга супроць Таўцівіла, Едзівіда ды Вікінта, якіх падтрымала Галіцка-Валынскае княства /1252 год/, ён называе “градъ именем Вороута”, у які “вниде” Міндоўг, “город Выкинтовъ именемъ Твиреметь” /ПСРЛ, т. 2, сс. 818/. Зразумела, што ведаючы нейкія “пазаштатныя” Варуту ды Твірамець, - сталіцу Міндоўга, калі б гэта быў горад або добра ўмацаваны замак, летапісец бы ведаў. І абавязкова назваў бы, бо зачэпак для таго меў дастаткова. Вось, напрыклад, як канчаецца ў апісаньні летапісца згаданая вайна: “И возвратися Минодовгъ в землю свою” /ПСРЛ, т. 2, сл. 818/. Куды канкрэтна? Не сказана. Вось яшчэ месца, дзе сталіца Міндоўга, калі б яна была, абавязкова была б названая - маю на ўвазе забойства вялікага князя. Пачытайма спачатку: “В лѣто 6771. Послалъ бяшеть Миндовгъ всю свою силоу за Днѣпръ на Романа на Бряньского князя. Довмонт же бяшеть с ними же пошелъ на воину и оусмотри время подобьно собѣ и воротися назад /.../ и погна вборзѣ изогна Миндовга тоу же и оуби его” /ПСРЛ, т. 2, сл, 860/. Што адсюль вынікае? Што Міндоўг паслаў усё сваё войска на Бранск, а сам застаўся дома. Даўмонт і скарыстаў гэта: зрабіў выгляд, што ідзе ў паход таксама, а сам вярнуўся і забіў вялікага князя, які застаўся без абароны. Дзе гэта адбылося? Ясная рэч, у “сталіцы” Міндоўга або каля яе. І калі б летапісец ведаў назву той “сталіцы”, то няўжо не згадаў бы яе? Але, падобна, ніякай літоўскай сталіцы, апрача Новагародка, у той час не было.
    Дый увогуле літва новагародскага пэрыяду была бедная на буйныя паселішчы, добрыя ўмацаваньні. Калі на літву нападалі, яна не зачынялася ў гарадах ды замках, якіх не было, а адступала ў непраходныя балоты, лясы, дзе да яе немагчыма было дабрацца. Аб гэтым сьведчыць гісторыя некалькіх паходаў на яе, адлюстраваных у летапісах. Так, у 1252 годзе, дапамагаючы Таўцівілу ды Вікінту, галіцка-валынскія князі ідуць супраць Міндоўга такім чынам: “Данило же и Василко поидоста к Новоугородоу /.../ со сынмъ брата си посла Волковыескъ а сына на Оуслонимъ а сам иде ко Здитову и поимаша грады многы и звратишася в домы” /ПСРЛ, т. 2, сл. 816/. Як бачым, “поимаша” Новагародак, Валкавыск Слонім ды Здзітаў /усё - славянскія гарады!/ - і “звратишася в домы”. А чаму б пасьля такіх перамог не ўдарыць непасрэдна па літве, па літоўскай рэзыдэнцыі Міндоўга? У летапісца такое пытаньне нават не ўзьнікае - відавочна, “рэзыдэнцыя” не заслугоўвала гаворкі. На гэтым барацьба супроць Міндоўга не канчаецца. Праз год “Тевтивил присла /да Данілы Галіцкага. - І. Л./ Ревбоу река поиди к Новугородоу. Данило же поиде с братом Василкомъ и со сынмъ Лвомъ и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ /.../ и послаша сторожу Литва на озерѣ Зьятѣ и гнаша чересъ болота до рекы Щарьѣ” /ПСРЛ, т. 2, сл. 818/. Потым князі радзяцца: ісьці далей або не? “Данилъ же моудростью речь створи яко срамотоу имеешь от Литвы и от всехъ земль аще не доидемъ и вратимъ”. Як бачым, паход супроць Новагародка аказваецца паходам супроць літвы, Новагародак ды літва зьмешваюцца ў сьвядомасьці летапісца /і тых, пра каго ён піша/: пайшлі на Новагародак – “сторожу послала Литва”, не дойдзем на Новагародка – “срамотоу имеешь от Литвы”. Але ж літва тады існавала і па-за Новагародкам, этнічная. І Міндоўг нібыта быў ейным прадстаўніком. І згодна з такой лёгікай, авалодаўшы Новагародкам, трэба было ісьці на літву, каб канчаткова разграміць Міндоўга. Але, як і год назад: “Наоутрея же плениша всю землю Новогородскоую. Отоуда же возвратишася в домъ свои”.
    Тое сама назіраем і праз дваццаць год, пры Тройдзеню. У 1274 годзе Тройдзень “пославъ Городняны... взяти Дорогичинъ” “и тако взяша и на самы великъ день избиша и всѣ от мала и до велика” /ПСРЛ, т. 2, сл. 971/. Тое, што гарадняны ўзялі Дарагічын ды ўчынілі там разьню ў вялікдзень, ясна сьведчыць, што на чале іх стаялі паганы, бо хрысьціяне не сталі б ліць кроў хрысьціянаў у дзень уваскрэсеньня Хрыста. Да гэтага часу Галіцка-Валынскае княства з-за татарскага ціску стала ўжо прыходзіць у заняпад і само даць рады Тройдзеню, мабыць, не магло. Таму Леў /сын Данілы Галіцкага/ “посла в Татары ко великому цреви Меньгоу Темиреви прося собѣ помочи оу него на Литвоу”. Не абмінем гэтага: “помочи” не на Новагародак, а на літву. І вось прыходзяць татары, а з імі васалы татарскага князя - рускія князі, і вялізнае злучанае войска ідзе - куды б вы думалі? На які-небудзь Кернаў? Не. На Новагародак! Пры аблозе ж Новагародка адбываецца такая гісторыя: Леў, згаварыўшыся з татарамі, не чакаючы іншых саюзьнікаў, разам са стэпавікамі захоплівае спачатку “окольный город” Новагародка, - зразумела, разрабаваўшы. Тут усе князі на Льва так усердавалі, што “возвратишася во свояси тако же от Новогородка”. А аказваецца, быў плян /сл. 873-874/, “вземше Новогородок тоже потомъ пойти в землю Литовьскую”. Вось табе і маеш: зьбіраліся адплаціць літве за Дарагічын, а не падзяліўшы багацьці Новагародка, на літву забыліся.
    Праз тры гады татарскі хан паслаў галіцка-валынскім князям “грамоту”, у якой было сказана: вы мне скардзіцеся ўвесь час на літву, дык я пасылаю вам войска і ідзіце з ім на сваіх ворагаў. Дачакаліся зімы /М. Ермаловіч трапна зазначае, што супроць літвы паходы заўсёды ладзіліся ўзімку - несумненна, з-за балотаў, у якіх яна жыла/, і “поидоша князи Роусции на Литвоу Мьстиславъ Володимѣръ а Левъ не иде но посла сына своего Юрья и тако поидоша вси...” - куды б вы думалі? Правільна, “к Новогородку”. А як дайшлі да Берасьця, прыляцела чутка, што “оуже Татаровѣ попередили к Новоугородкоу”. Князёў агарнула прыкрасьць: “поидемъ к Новоугородкоу а тамъ оуже Татаровѣ извоевали все”. Ну і што, можна спытаць, вашая ж мэта - літва, ідзіце ды распраўляйцеся з ёю! Аж не: “поидемъ кдѣ к чѣлому мѣстоу и тако здоумавше поидоша к Городну” /ПСРЛ, т. 2, сл. 871/ - г.зн., у пошуках “цэлага горада”, зусім у іншы бок!
    Растлумачыць гэта можна толькі тым, што летапісная літва не мела аніякіх гарадоў, крэпасьцяў, багацьцяў, на якія можна было б паквапіцца. Дзейнічаючы згодна з прынцыпам “усё мае нашу з сабой”, пры набліжэньні ворага яна ўцякала ў лясныя ды балотныя нетры, якія мела пад бокам. Тут не было чым падлатацца. Вось чаму і не пайшлі князі пасьля таго, як Леў з татарамі разрабаваў вакольны горад Новагародка, на літву: што там лавіць? Таму і праз тры гады тыя, хто спазьніўся да ўзяцьця Новагародка, павярнулі не на літву, а да Горадна.
    І вельмі правільна М. Ермаловіч аспрэчвае сьцьверджаньне У. Пашуты, што сталіцай Тройдзеня ў часы гэтых нападаў быў Кернаў на Віліі /Старажытная Беларусь, с. 335/. Рэч не толькі ў тым, што Іпацьеўскі летапіс увогуле не згадвае Кернаў. Калі б Тройдзень сапраўды меў добра ўмацаваную, бясьпечную сталіцу так далёка ад тэатра ваенных дзеяў, то абараняў бы неяк сваю галоўную каштоўнасьць - Новагародак: пасылаў у яго з Кернава войскі, учыняў бы нейкія адплатныя паходы - пра такое летапіс маўчыць. Таму падобна, што сталіцай Тройдзеня быў якраз Новагародак, з якога князь пры набліжэньні вялікіх варожых сілаў проста ўцякаў з усім войскам, з-за чаго горад і рабіўся безабаронным.
    Такія паводзіны для літоўскіх князёў у XIII стагодзьдзі ўвогуле характэрныя: учыніць паход, парабаваць, а потым браць “лахі падпахі”, кіруючыся ў свае балоты. Можна было б пералічыць шмат такіх экспэдыцый, якія з-за раптоўнасьці нападу пачыналіся для літвы вельмі ўдала, а канчаліся поўным разгромам. Тактыка ўцёкаў, зразумела, вызначалася не нейкім там “нацыянальным характарам”, а нешматлікасьцю, дрэннай узброенасьцю, адным словам - слабасьцю літвы.
    Вось чаму і думаецца, што арэал летапіснай літвы энцыкляпэдыяй “Литва” моцна перабольшаны, і мае рацыю М. Ермаловіч, зьмяшчаючы яе цалкам на Беларусі.
    Узьнікае пытаньне: чаму тады наваствораная тут дзяржава атрымала назву Вялікага Княства Літоўскага? Прычына, мабыць, у тым, што ў папярэднія часы арэал літвы быў значна шырэйшы і Новагародак быў заснаваны на ейных землях. Прынамсі, вакол Наваградка шмат так званых ўсходнелітоўскіх, курганоў - неславянскіх пахаваньняў /гл. Л. Г. Зверуго. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. Мн., 1989, с. 8/. Паколькі славяне прыйшлі сюды толькі ў сярэдзіне XI стагодзьдзя /Наваградак, лічыцца, заснаваны ў 1044 годзе/, то да сярэдзіны XIII стагодзьдзя памяць пра тое, што тут даўней жыла літва, была яшчэ жывая. Тым, мажліва, і тлумачацца цесныя сувязі паміж Новагародкам ды літвой з запрашэньнямі літоўскіх князёў на новагародскі пасад, і той факт, што ў сьвядомасьці сучасьнікаў, як паказвае Іпацьеўскі летапіс, паняцьці “Новагародак” ды “Літва” часта зьліваліся.
    У далейшым, са стварэньнем моцнай дзяржавы, уключэньнем у яе дзяволтвы, нальшчанаў ды іншых плямёнаў назоў “Літва” стаў пашырацца і на новыя землі. Але мы не павінны пераносіць той сэнс, які ўкладваўся ў яго нават у ХІV стагодзьдзі, на XIII-e. Можа, Кернаў і быў нейкі час рэзыдэнцыяй вялікіх літоўскіх князёў у малавядомыя дзесяцігодзьдзі канца XIII - пачатку ХІV стагодзьдзя, але пасьля таго, як Вялікае Княства Літоўскае пашырылася і на гэтыя мясьціны.
    М. Ермаловіч аддзяляе літву ад жамойці, лічачы іх рознымі плямёнамі. Аднак для яго несумненна, што і літва была племем балцкім. Таму ён спрабуе нават для падмацаваньня свайго адкрыцьця карыстацца летувіскай /балцкай/ лексыкай: нагадвае сьцьверджаньне тапанімістаў, што назва Шчара – “балцкага паходжаньня, азначае “вузкая” /М. Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа, с. 23/.
    На жаль, пры гэтым ён не зьвяртае ўвагі, што аднаго гідроніма, каб пацьвердзіць месцазнаходжаньне нейкай мовы, мала, ды яшчэ “вузкая” да Шчары не стасуецца. У вярхоўях яна, вядома, вузкая, як і ўсе рэкі, а ў сярэднім цячэньні і ніжнім гэта для Беларусі рака вялікая і па шырыні не саступае Нёмну, у які ўпадае /гл. Энцыклапедыя прыроды Беларусі [У далейшым - ЭПБ.] – Шчара, Нёман: Нёман пры ўпадзеньні Шчары - да 90 мэтраў, Шчара - да 100/. Так што тлумачыць назву Шчара як “вузкая” проста недарэчна.
    Гэта папрок не М. Ермаловічу, а тым тапанімістам, што прапанавалі такое тлумачэньне /Качубінскі/ або згадзіліся з ім. /K. Бyгa, В. Жучкевіч ды інш./. Сам жа М. Ермаловіч не тапаніміст, ён карыстаўся чужой распрацоўкай.
    Што цікава, гіпотэза гэтая трымаецца ўжо амаль 100 год. Чаму сто гадоў анікому не прыходзіла на одум, што Шчара зусім не вузкая - зразумець цяжка. Мабыць, прычына толькі тая, што назву Шчара немагчыма вытлумачыць са славянскага матэрыялу. А якія мовы маглі ў Пашчар’і быць, апрача славянскіх? Толькі балтыйскія, - разважаюць дасьледчыкі, што прывыклі праецыраваць на мінуўшчыну сёньняшні дзень. А ў балтыйскіх мовах, акрамя “вузкая”, да Шчары /даўней - Шара/ анічога не адшукваецца. Значыць – “вузкая”.
    Трэба сказаць, што такі падыход характэрны для дасьледаваньняў беларускай гідраніміі ўвогуле. Праўда, аднадушша, як у прыкладзе са Шчарай, тут праяўляецца рэдка. Наадварот - пра пэўныя назвы існуе безьліч вэрсій. Але аб чым спрэчкі? Адны, як маскоўскія акадэмікі У. Тапароў ды А. Трубачоў, лічаць Беларусь полем суцэльнай балцкай гідраніміі. Другія напіраюць на тое, што яна ўсё ж такі край славянскі, дык славянскіх назваў мусіць быць болей, чым прызнаюць балтафілы. Да такіх прыхільнікаў славянскасьці можна залічыць нашага В. Жучкевіча, які аналізуе беларускія назвы з дапамогай... расейскіх дыялектных словаў, іншы раз з рэгіёнаў выключна далёкіх ад Беларусі. Яднае ж адных і другіх тое, што тлумачэньні назвам даюць яны вельмі прыблізныя, а то і зусім немагчымыя, як у выпадку са Шчарай.
    Кажуць, закон, што дышаль: куды схацеў, туды і павярнуў. Так здаецца і шмат якім тапанімістам. Але гідранімія - не дышаль. Згвалтаваў назву - гвалт хто-небудзь, ды заўважыць.
    Як прайсьці, напрыклад, міма такога. Вось узяліся У. Тапароў ды А. Трубачоў за Случ. І пішуць /падаю ў арыгінале, каб лепш адчуўся смак напісанага/: “Несмотря на установившуюся традицию считать это название славянским /.../ полезно поставить вопрос о возможности балтийского происхождения названия Случь в ряду других гидронимов на -ь по Днепру” /В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. М., 1962 [У далейшым - ТТ.], с. 208/. Такім чынам, аўтары залічваюць гідронім у балтыйскія таму, што згодна з расейскай артаграфіяй ён пішацца з мяккім знакам напрыканцы!
    А В. Жучкевіч усьлед за расейскім дасьледчыкам Сабалеўскім дае такое фантастычнае “тлумачэньне”: паколькі возера Свіцязь маецца яшчэ ў Валынскай вобласьці, то “беларуская назва, верагодна, мігрант ад украінскай, якая паходзіць ад асабовага імя Hviting германскага паходжаньня” /КТСБ, Свитязь/.
    Тое, што тапанімістам даводзіцца адважвацца на такія “этымалёгіі”, сьведчыць адно: яны ідуць няправільным шляхам. Таму давайце збочым на іншы, не пабаяўшыся, што нехта нас тузане назад - на ранейшы, здрадны.
    Зразумела, што паколькі нас перш за ўсё цікавіць этнічнае сваяцтва літвы, то аналізаваць будзем тапанімію /дакладней, гідранімію/ толькі той беларускай тэрыторыі, на якой яна дапушчальна разьмяшчалася.
    Вёскі з назвай Літва М. Ермаловіч агледзеў у пяці раёнах: Слонімскім, Ляхавіцкім, Узьдзенскім, Стаўбцоўскім ды Маладзечанскім. Гэтымі айконімамі, лічыць ён, і вызначаюцца межы летапіснай літвы. Думка слушная і спрачацца з ёю не будзем.
    Але магчыма, што да ўзьнікненьня гэтых вёсак межы літвы былі шырэйшыя. Таму акрэсьлім арэал крыху большы і да пяці названых далучым яшчэ 9 вакольных раёнаў: Ашмянскі, Валожынскі, Віленскі, Зэльвенскі, Карэліцкі, Мядзельскі, Наваградзкі, Нясьвіскі ды Смаргонскі.
    На абсягах гэтых 14 раёнаў, згодна з ЭПБ, цячэ больш за 70 рэк даўжынёй у 10 кілямэтраў і болей, /меншых ЭПБ не называе/. Вось яны, згодна з алфавітам: Альхоўка, Альшанка, Ашмянка /2 ракі/; Блюшка, Бобрык I-ы, Бяроза, Бярэзіна; Валожынка, Валоўка, Ведзьма, Вілія, Волка /2/, Волма, Вузлянка; Гавязнянка, Гадзея, Гальшанка, Гаружанка. Грыўда; Жацераўка; Зальвянка; Ізва, Ізледзь, Ілія, Ісa, Іслач; Клява, Крамушэўка, Кроманка; Лань, Лахазва, Ліпнянка, Лоша /2/, Луконіца; Ментынь, Міранка, Моўчадзь, Мышанка, Мядзелка, Мяркіс; Наква, Нарач, Нёман, Неўда; Перакоп /Вялікі/, Ператуць, Перакуль. Пліса; Рута, Рыбчанка; Самароўка /Крамяніца/, Сасва, Сваротва, Сіпа, Спорня, Страча, Сула, Сэрвач /2/, Сярмяжка; Тонва, Тур’я; Уздзенка, Уса /2/, Уша; Цапра, Цна; Шаць, Шура, Шчара - ды некалькі буйных азёраў: Кромань, Нарач, Свір, Свіцязь.
    Ці ёсьць сярод гэтых дзесяткаў назваў з паходжаньня летувіскія? Давайце глядзець. Летувіскія словы нагадваюць: Блюшка /blusa “блыха”/, Клява /klevas “клён”/, Мядзелка /medis “дрэва, лес”/, Мяркіс /merkti “змочваць адзеньне”/, Рута /ruta “рута”/, Страча /strakseti “скакаць, падскокваць”/, Сула /sula “дрэўны сок”/, Уса /uosis “ясень”/, Шчара /siauras “вузкі”/. Апрача таго, В. Жучкевіч усьлед за Качубінскім зводзіць Сэрвач з serga “хвароба”, Лошу У. Тапароў і А. Трубачоў усьлед за К. Бугам з lašiša “ласось”, Тур’ю яны ж - з tauras “тур”; назва Ашмянка даўно выводзіцца з akmenas “камень”. Але пры гэтым несупадзеньне “к” ды “ш” нічым не тлумачыцца, як і “г” ды “в” у serga ды Сэрвач. Далей. У нашай мове маецца уласнае слова тур, якое бліжэйшае да Тур’я, чым летувіскае tauras з тым сама значэньнем. А яшчэ немалаважна, што ў Летуве таксама маецца рака Тurіa; ясна, што паміж tauras ды Тurіа сувязі няма, дык чаму яна павінна быць паміж tauras ды Тур’я? Маецца ў нас і ўласнае слова рута, паходзіць яно з лаціны, як і летувіскае, дык чаму трэба лічыць, што гідронім Рута ідзе ад летувіскага, а не нашага слова? Што Шчара не вузкая, мы ўжо гаварылі. Мядзелка - рака ляснога краю, і проста немагчыма паверыць, каб ейная назва ішла ад такога неканкрэтнага апэлятыву, як “дрэва, лес”: тут жа ўсе вакольныя рэкі лясныя, а не стэпавыя ці горныя. “Змочваць адзеньне” - гэта да даволі прыкметнай ракі, якой зьяўляецца Мяркіс, не стасуецца, дый увогуле як гэта зразумець – “рака, якая змочвае адзеньне”? У летувіскім klevas націск падае на першы склад, а ў назьве Клявá - на другі - гэта раз. Другое: не можа ж рака называцца “Клён”. Калі б такая назва была фіна-вугорскай, то было б нармальна, бо у фіна-вугорскіх мовах назоўнік ва ўласнай форме можа быць і прыметнікам, г.зн. “Клён” адначасова азначала б і “Кляновы, Кляновая”; летувіскай жа мове, індаэўрапейскай, гэта не ўласьцівае, тут “клён” klevas, а “кляновы” – klevinis. Пры беларусізацыі назвы гэта дало б не Клява, а, безумоўна, Клявіна. А тут яшчэ такая дэталь: аказваецца, і ў Летуве маецца рака Клява, менавіта ў такой, незразумелай для летувіса форме. Значыць, і гэтая назва не летувіская. Аналягічна гідронім, утвораны ад uosis, мусіў бы гучаць uosinis, а ад lašiša lašišinis. А мы маем назвы яшчэ карацейшыя за uosis /Уса/ ды lašišа /Лоша/. Значыць, і тут летувіскія апэлятывы не адпавядаюць. Спадарожна адзначу, што назвы Тур’я, Уса, Клява, Лоша ў Беларусі не адзінкавыя: тры Тур’і, тры Усы, дзьве Клявы ды дзьве Лошы, а скажэньні заўсёды даюць разнабой. Значыць, гэта не скажэньні нейкіх летувіскіх назваў, а аўтэнтычныя назвы, дадзеныя ў іншай мове. “Дрэўны сок” - такая назва наўрад ці магчымая па сэнсе /Сулаsula/, дык невыпадкова В. Жучкевіч дае гэтаму гідроніму іншае тлумачэньне. І як ні дзіўна, з усіх “летувіскіх” гідронімаў акрэсьленага рэгіёну сапраўды летувіскай можа быць толькі Блюшка - ад “блыха”. Гэтая рэчка невялікая, усяго 16 кілямэтраў, затое мае даволі вялікі нахіл воднай паверхні - 2,9 праміле /ЭПБ, т. 1, с. 313/. Падобна, скакала, “як блыха”, пакуль не каналізавалі. Страча, наадварот, рака даволі марудная /нахіл - 1,0 праміле/, таму “скакаць, падскокваць” /па-летувіску strakseti/ ёй не выпадае, і трэба шукаць іншы апэлятыў.
    Па-летувіску “рака” - upé /упэ/. Гэтае слова уваходзіць у шэраг гідронімаў Летувы: Алкупіс, Барупэ, Друкупэ, Йодупіс, Йонупіс, Лаукупэ, Лянупіс, Мішупэ, Ненупэ, Швянтупіс, Шяшупэ, ёсць і Упэ. Як бачым, -упэ для Летувы - распаўсюджаны гідранімічны зыход. А на тэрыторыі летапіснай літвы назваў з -упэ няма зусім, як няма і гідронімаў з такімі летувіскімі гідранімічнымі тэрмінамі, як vanduo “вада”, ištaka “выток”, intakаs “доплыў”, vaga, lovys “рэчышча”, pėlkė, bala “болота”, sala “востраў”, šaltinis, versmė “крыніца” ды інш. А трэба мець на ўвазе, што ў кожнай мове нейкая свая тапанімічная сыстэма. І на думку вядомага летувіскага лінгвіста А. Ванагаса, летувіскія /як і наогул балцкія/ гідронімы зьвязаныя галоўным чынам з паняцьцямі “вада”, “рака”, “крыніца”, “цячы”, “плысьці”, “ліцца” і да т.п. /гл. А. П. Ванагас. Максимальный ареал балтской гидронимии и проблемы происхождения балтов. – Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980. У адпаведнасьці з: БСИ – 1982, с. 282/. Значыць, назвы тыпу Кляновая, Ясеневая, Лясная, Ласосевая летувіскай гідранімічнай сыстэме не адпавядаюць, і дарэмна падганяць Кляву, Усу, Мядзелку ды Лошу пад падобныя летувіскія словы з названым сэнсам.
    Як ўжо гаварылася вышэй, назвы Клява ды Тур’я ў гэтай самай, нелетувіскай форме паўтараюцца ў Летуве. Такія ж гідронімы Беларусі, як Шчара /Шара/, Зальвянка, Вілія, Рута, Мядзелка, Лоша, Сула ў Летуве, здаецца, не паўтараюцца ў аніякай форме /пішу “здаецца” таму, што поўнага сьпісу рэк Летувы не маю, а карыстаюся пералікам 250 ейных рэкаў, складзеным паводле выключна падрабязнай карты/.
    А вось калі падняць галаву вышэй ды зірнуць далей, дык аналягі гідронімам 14 раёнаў, хай і не ўсім, знайсьці можна. У Комі рэспубліцы маюцца рэкі Немын, Нем, што адпавядае нашаму Нёман; тут жа цякуць Шаръю, Виль, Сула, Воль, Вольма, Изьва, Уса, Шадью, што паўтарае нашы Шчара /Шара/, Вілія, Сула, Волка, Волма, Ізва, Уса, Шаць /гл. ГНК/. У Пермскай вобласьці агледжваюцца: 6 рэкаў з назвай Вильва, рэкі Лолог, Гадья, Серва, Вольва, вёска Зельва /ГНВП/ - гэта пары да нашых Вілія, Валожынка, Гадзея, Сэрвач, Волка, Зальвянка. У Сьвярдлоўскай вобласьці - рэкі Сосьва ды Турья, у нас - Сасва ды Тур’я.
    Аналягі гідронімам 14 раёнаў маюцца і на іншых, у мінулым несумненна фіна-вугорскіх тэрыторыях: Ашмянка - Ошма /Ніжня-Ноўгарадзкая вобласьць/; Валожынка - Вологда /доплыў Волгі/, ЖацераўкаЖатал, Жатва /басэйн Акі/, Ілія - Ильинка /басэйн Акі, 12 рэкаў/; Ісa - Иса /басэйн Акі, Пензенская вобл./; КляваКлевеченка, Клевиченка, Калява /басэйн Акі/; ЛаньЛань, Ланка /басэйн Акі/; Лахазва - Лахость /басэйн Акі/; ЛошаЛошинка, Лоша, Лошня /басэйн Акі/; Наква - Наковка /басэйн Акі/; НарачНарош, Нарачмар /басэйн Акі, Уладзімірская вобл./; Пліса - Плишка /басэйн Акі, Тульская вобл./; Рута - Рутка /Марый Эл/, а таксама Рута /2/, Рутка /3/, Руть /2/ у басэйне Акі; СамароўкаСамара, Самаровка /басэйн Акі, Калужская вобл./, Самара /доплыў Волгі - Самарская вобл./; Турья - Турья /2, басэйн Акі/; Уса - Уса, Усия /басэйн Акі - Смаленская вобл./; Уша - Ушанка /2/, Ушма /2/, Ушна /2/, Ушенка /2/, Ушлей, Ушлейка /2, басэйн Акі/; Цна - Цна /2, басэйн Акі/; ШураШура, Шурка, Шуровка /басэйн Акі/; возера Свір – рака Свирь /Санкт-Пецярбургская вобл. Дадзеныя па басэйну Акі ўзятыя з: Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. М., 1976 [У далейшым - ГБО.]/.
    Аб’ектыўная гідраніміка паказвае, што старажытныя этнічныя межы далёка не заўсёды супадаюць з сучаснымі. У старажытнасьці плямёны, не скаваныя аніякімі абмежаваньнямі, блукалі па незанятых мясцовасьцях, як хацелі. Падзяліўшыся, асобныя часткі плямёнаў маглі сысьці вельмі далёка адна ад адной. Клясычны прыклад таму, вядомы з гісторыі - лёс баўгараў-цюркаў, што першапачаткова качавалі паміж Волгай ды Донам. Потым частка іх пайшла на поўнач і заснавала ў сучаснай Татарыі Вялікі Булгар, а другая - на захад, за Дунай, дзе, зьмяшаўшыся са славянамі, утварыла новую супольнасьць - баўгарскі народ. Падобных выпадкаў, мабыць, было шмат. Плямёны хадзілі сюд-туд, ладкаваліся на новых рэчках, даючы ім назвы. Потым сыходзілі зноў невядома куды. Тыя людзі, што займалі апусьцелыя мясьціны, пераназывалі вадаёмы па-новаму. Так цягнулася да таго часу, пакуль былыя паляўнічыя не аселі канчаткова. Цяпер назвы або не мяняліся зусім, або перакладаліся на новую мову, калі яна мянялася з прыходам новых насельнікаў, з якімі зьліваліся ранейшыя. Такім чынам, гідранімія, якую мы маем сёньня - гэта этнічны зрэз таго часу, калі насельніцтва краю перайшло на аселасьць. І выглядае гэты зрэз выключна стракатым. Для любой мясцовасьці характэрнае перамешваньне гідронімаў самага рознага паходжаньня, што высьвятляецца з дапамогай аналізу. Вось і ў акрэсьленым намі рэгіёне сустракаюцца гідронімы славянскія /Альхоўка ды інш./, мардоўскія /Цна/. Ды найболей тут усё ж назваў пермскіх, г.зн. такіх, якія вырашаюцца з дапамогай комі-пярмяцкай, комі-зыранскай ды ўдмурцкай моваў.
    Але перш чым паказваць гэта, некалькі словаў пра агульныя прынцыпы пермскай і ўвогуле фіна-вугорскай гідраніміі, выведзеныя мною з назіраньняў над ёю. Карэнным адрозьненьнем фіна-вугорскіх, г.зн. і пермскіх моваў ад індаэўрапейскіх, у тым ліку славянскіх ды балцкіх, зьяўляецца тое, што тут любы назоўнік у яго ўласнай форме можа быць і прыметнікам, як толькі стане перад іншым назоўнікам. У комі мовах, напрыклад, ва – “вада, рака”. А ў выразе ва кора - ва ўжо “вадзяны”: “вадзяны смак” /прэсны/. Таму ў пермскіх слоўніках да масы словаў даецца па два пераклады - і ў выглядзе назоўніка, і ў выглядзе прыметніка: ва – “вада; водны”; лун – “дзень; дзённы”; шонди – “сонца; сонечны”; би – “агонь; вогненны” ды г.д.
    Такім чынам, у сьвядомасьці пярмяніна кожны назоўнік адначасова гучыць і як прыметнік. Мы гаворым “восень” - і маем на ўвазе пару года. А калі мы захочам падкрэсьліць, што рэчка асабліва поўная бывае ўвосень, мы яе “Восеньню” не назавем, скажам “Восеньская”. А для комі за словам арöс стаіць адначасова і “восень”, і “восеньскі”, “восеньская”. І рака атрымлівае назву Арöс /у перадачы па-расейску - Арес. Гл. ГНК/.
    Цяпер перанясёмся ў думках у той час, калі славяне прыйшлі на тэрыторыі, заселеныя фіна-вуграмі. Пераходзячы на новую мову, фіна-вугры нярэдка перакладалі на яе і свае рачныя, азёрныя назвы. Але яны не разумелі яшчэ той асаблівасьці славяншчыны, што ў ёй назоўнік прыметнікам быць не можа, і свае, фактычна прыметнікавыя назвы перакладалі назоўнікам: Вішня, Узда, Ветв, Жэрдзь /Беларусь/, Тетерев /Украіна/, Орел, Медведица, Ворона /Расея/. Такія назвы неспрактыкаванаму слыху здаюцца славянскімі, але вядомы расейскі тапаніміст У. Ніканаў, аналізуючы назву Гусь /доплыў Акі/, яшчэ 25 гадоў назад пісаў: “Меней верагоднае паходжаньне з расейскага гусь, у такім выпадку назва па законах славянскага словаўтварэньня звычайна атрымлівала вытворную форму /варта было б чакаць, напрыклад, Гусиная, Гусиха і да т.п., але не “гэтая рака – гусь”/” /В. А. Никонов. Краткий топонимический словарь. М., 1966, Гусь/. Праўда, у назьве Гусь У. Ніканаў перакладу не заўважае і спрабуе вывесьці яе ад эрзянскага куз або фінскага /суомі/ kuusi “елка”. Што ж, падгонка незразумелых іншамоўных назваў славянамі пад свае словы /куз пад гусь/ таксама магчымая, але і літаральны пераклад нельга адмаўляць, бо для такіх “скажэньняў”, як Жэрдзь, Ветв, Медведица, наўрад ці знойдзеш у іншых мовах падобныя па гучаньні словы.
    Вось і вяртаючыся да Арöс, трэба думаць, што менавіта з такой назвы перакладзеная падмаскоўная Осень /гл. ГБО, алфавітны паказальнік/. А наша Арэса - тое самае Арöс - засталася неперакладзенай. Дарэчы, гэтая назва выводзіцца ад летувіскага ares “кулік” /гл. КТСБ, Оресса/, але, па-першае, у летувіскіх слоўніках такога слова няма, па-другое, мы ўжо казалі, што такія летувіскія назвы немагчымыя, летувіская гучала б як “арэсініс”, а пасьля беларусізацыі - Арэсіна.
    Назвы, якія складаюцца з аднаго назоўніка-прыметніка, у пярмянаў не рэдкасьць. Так, у ГНК мы сустракаем Йир /йир у комі мовах – “вір”/, Нэрис /нэрис – “пагорак”/, Чед /чöд – “чарніцы”/, Лем /льöм – “чарэмха”/ ды інш. Але, як ужо было сказана, назоўнік па-сапраўднаму робіцца прыметнікам толькі перад іншым назоўнікам, граматычная сутнасьць назоўніка-прыметніка высьвятляецца толькі са словаспалучэньня. Гэта значыць, назоўнік-прыметнік, калі стаіць асобна, нясе на сабе адзнаку няпэўнасьці, як яго разумець: назва гэта прадмета, зьявы, або назва якасьці. І калі разумеецца, якасьці /што тычыцца тапонімаў/ то такі няпэўны прыметнік патрабуе закрыць яго родавым назоўнікам, каб стала ясна, што ён - сапраўды прыметнік. Таму і ўключаецца ў пермскіх мовах у назвы дрэваў пу /“дрэва”/, траваў, турун /“трава”/, грыбоў - гоб /“трубчасты грыб”/ ды тшак /“пласьціністы грыб”/. А сярод гідронімаў вельмі пераважаюць складаныя, з азначэньнем у першай частцы ды гідранімічным тэрмінам у другой. У рачных назвах у якасьці гідранімічнага тэрміна часьцей выступае “рака”: у пермскіх - ва, ю, мардоўскіх – ляй, лей, карэльскіх - йогі, фінскіх /суомі/ - иокі, эстонскіх - йыгі. Але імі, асабліва ў пермскіх, гідранімічныя канчаткі-тэрміны не вычэрпваюцца, і мы гэта яшчэ пабачым.
    Тое, што фіна-вугорская назва можа быць як “голай”, так і з гідранімічным тэрмінам, вельмі дапамагае для ўстанаўленьня фіна-вугорскасьці назваў. Сучасны стан фіна-вугоршчыны ўжо далёка не такі, якім ён быў паўтары-дзьве тысячы гадоў назад. З тых часоў з карты Усходне-Эўрапейскай раўніны зьнікла не адна фіна-вугорская мова: чудзі, меры, весі, мурамы, мяшчоры ды іншых плямёнаў, што растварыліся ў славянах. Зьніклі, мабыць, і шматлікія адгалінаваньні-дыялекты тых моваў, якія дайшлі да нашых дзён. Гідронімы ж, дадзеныя ў зьнікшых мовах і дыялектах, засталіся. Іх нярэдка спрабуюць падагнаць і пад балтыйшчыну, і славяншчыну, але з гэтага нічога не атрымліваецца.
    Як жа пазнаваць фіна-вугорскія гідронімы? Тапанімісты зусім не зьвяртаюць увагі на такія супадзеньні напалову, як Виль /Комі/ - Вильма /басэйн Акі/, Лим /Архангельская вобл./ - Лімна /Беларусь/, Нем /Комі/ - Немца /Кіраўская вобл./ і да т.п. Аб чым яны сьведчаць? Што ма, на, да, без якіх гідронім можа і абысьціся - гідранімічныя фіна-вугорскія тэрміны /відавочна, па значэньні тоесныя ва “рака”/ і што ўсе пералічаныя назвы - фіна-вугорскія. Запамятаем гэта, яно нам вельмі спатрэбіцца.
    Цяпер аб сэмантыцы фіна-вугорскіх гідронімаў. Супастаўленьне іх з лексыкай фіна-вугорскіх моваў паказвае, што азначэньні рэкаў у фіна-вуграў вельмі разнастайныя. Тут і непасрэдныя характарыстыкі вадацёку тыпу “глыбокі”, “мелкі”, “хуткі”, “марудны”, прыкметы рэчышча – “пясчанае”, “гліністае”, “парожыстае”. Часта ўказваюцца прыкметы берагоў, г.зн. тое, што на гэтых берагах маецца: “бярозавая рака”, “сасновая”, “заечая”, “сабаліная” і да т.п. За такімі назвамі стаіць неабходнасьць для старажытнага паляўнічага арыентавацца ў пушчы. Эстонскія гідронімы нярэдка зьмяшчаюць назвы сельскагаспадарчых культураў ды пабудоў /“бураковая”, “млынавая”/. Вельмі цікава, што сярод фіна-вугорскіх назваў сустракаюцца вобразныя, г.зн. такія, якія даюць вадаёму нейкае сымбалічнае азначэньне. З іх у першую чаргу варта адзначыць “тып шна”. Шна па-макшанску, кшна па-эрзянску – “рэмень”. Называючы раку Кшна /маецца ў Польшчы/ або Шна /у славянскіх дыялектах перайшло ў Сна, Цна/, фіна-вугры падкрэсьлівалі, што рака - доўгая, вузкая ды выгінастая. Да тыпу шна адносіцца і наша Ведзьма: па-макшанску вядьме – “повад” /каня/. /Хаця Ведзьма можа быць і перакладам адпаведнай фіна-вугорскай назвы/. Тып шна ўласьцівы не толькі мардоўскай гідраніміі. Так, у Пскоўскай вобласьці ёсьць рака Boo. Гэтая назва не можа быць растлумачаная іначай, чым праз эстонскае vöö “пояс”. Таму з якой мовы перакладзеная наша Узда - сказаць - цяжка, ясна толькі, што гэта пераклад назвы тыпу шна. Сярод пермскіх да яўна сымбалічных адносяцца “сямейныя” рэкі: “Бацька-рака” /Ай-юва/, “Жонка-рака” /Иньва/, “Дзіця-рака” /Пию; усе тры - Комі/. А на прасторах Расeі раскідана некалькі рэкаў з назвай Сестра. Улічваючы “сямейнасьць” яе, можна было б дапусьціць, што яна перакладзеная з пермскай. Аднак сустракаюцца і падобныя мардоўскія. Так, па-мардоўску ака – “старэйшая сястра”. Можна не сумнявацца, што тут і схаваны сакрэт назвы вядомай ракі Ока, якая мясьцінамі называецца і Ака /ГБО/. На гэта ясна паказвае назва вытока Акі - Голова Оки, бо па-макшанску слова пря - адначасова “галава” і “выток”, з чаго бачна, што Ока - рака мардоўская, а у мардоўскіх мовах да Ока /Ака/ іншага апэлятыву, чым ака, не падбярэш.
    Сымбалі ў фіна-вугорскай гідраніміі бываюць вельмі розныя. Што гэта за назва такая - Даска /рэчка пад Магілёвам/? Ці можа рака быць “дошкай”? Або можа, тут укладзены сэнс, што на берагах яе робяць дошкі? Зразумела ж, не. Невядомым словам, перакладзеным як Даска, падкрэсьліваецца хуткасьць ракі: вада ў ёй імчыцца, як па дошцы. Каб праверыць такое дапушчэньне, зазірнуў у ЭПБ. І што ж? Сапраўды, рэчка для Беларусі хуткая. Сярэдні нахіл яе воднай паверхні - 2,7 праміле /ЭПБ, т. 2, Даска/. Для параўнаньня, у мінскай Сьвіслачы - 0,5 праміле /ЭПБ, т. 4, Свіслач/. А невядомым словам, перакладзеным як Даска, можа быць удмурцкае пул “дошка”, бо ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласьці маем раку Пульва з пермскім гідранімічным зыходам ва /“рака”/.
    Цяпер, калі чытач атрымаў сякое-такое ўяўленьне аб фіна-вугорскай гідраніміі ў цэлым, вернемся да сьцьверджаньня, што на тэрыторыі летапіснай літвы найболей гідронімаў пермскіх. Напачатку пакажам гэта на тых, якія маюць “пару” на пермскіх землях, сёньняшніх пермскіх або пермскіх былых. Виль у комі мовах – “новы”. Менавіта гэтым словам А. Крывашчокава-Гантман тлумачыць рачную назву Вильва. Такія рэкі людзі называлі “новымі”, калі прыходзілі на іх. Праз виль можна тлумачыць і нашу Вілію. Спадарожна адзначым, што ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласьці маецца возера Вілія. Яно пойменнае, г.зн. калісьці магло быць новай пратокай Сажа. Воль у комі мовах – “расчышчанае ад лесу месца” /ляда/. Гэтым словам А. Крывашчокава-Гантман тлумачыць рачную назву Вольва, а мы можам такія, як Волка ды Волма. Лолог /параўн. нашу Валожынку/, на думку А. Крывашчокавай-Гантман, ідзе ад комі лола “лось” /-öг - суфікс/, Серва /параўн. Сэрвач/ ад сер “доплыў; лясная рэчка”; Зельва /параўн. Зальвянка/ - ад дзель “ягня”. А вось магчымыя адшыфроўкі іншых гідронімаў летапіснай літвы, што маюць аналягі на пермскіх тэрыторыях: Гадзея - ад кад “дрыгва”, Ізва - ад из “камень”, Сасва - ад сос “рукаў” /мы і самі называем асобныя рэчышчы “рукавамі”/ або оöс “брудны”, Тур’я - ад тури “жораў”, Шаць - ад шат “прут”, шаття “чарот”, Шчара /Шара/ - ад комі-зыранскага шар “праліў” /рака з пратокамі, “пралівамі”/, Сула - ад комі-зыранскага су, “агароджа”. Сымбалічны сэнс такой назвы ў тым, што рака ўяўляе з сябе нейкую мяжу, рубеж. Што Сула Стаўбцоўскага раёна азначае “рубеж”, сьведчыць сяло Рубяжэвічы, што здавён стаіць на ёй /вядомае з ХIV стагодзьдзя. Гл. БелСЭ, т. 9, с. 163/. Непадалёк ад Рубяжэвічаў - вёска Літва, а такія вёскі М. Ермаловіч лічыць межавымі паміж літвой ды славянамі. Такім чынам, Сула - межавая рака летапіснай літвы, і тое, што яна мае пермскую назву, сьведчыць аб пермскасьці самой літвы.
    Немын /Комі рэспубліка/ мае комі-пярмяцкі канчатак прыметніка -ын /пыдын – “глыбокі”, вылын – “высокі”/. Нем у комі мовах – “нішто”. Такім чынам, сэнс слова Немын – “які нічога не мае”, “пусты”. Відавочна, такая вялікая рака, як наш Нёман. не спраўджвала надзей на ейнае вялікае багацьце, /паляўнічае, рыбнае/.
    Толькі Уса, хаця ў Комі рэспубліцы і маюцца тры ракі з такой назвай, з комі моваў не вырашаецца, таму прыходзіцца дапусьціць, што яна належыць нейкаму дапермскаму насельніцтву. На Беларусі тры ракі Уса; цячэ Уса і ў Смаленскай вобласьці, а таксама ў Самарскай. Так што летувіскай гэтая назва аніяк быць не можа.
    Ёсьць у 14 раёнах і такія гідронімы, якіх на паўночна-пермскіх тэрыторыях няма, але тым не меней адшыфроўваюцца з пермскіх моваў. Гэта Бярэзіна /па-ўдмурцку беризь – “ліпа”/; Гавязнянка /па-комі-пярмяцку гов - рыба “галавень”, -öсь – суфікс прыметніка/; Жацераўка /у комі мовах шаття – “чарот”, öр - па-комі-пярмяцку ды па-ўдмурцку “рэчышча”/; Ілія /у комі мовах ылі – “далёкі”; Лань /даўней звалася Лана, а па-комі-пярмяцку лана – “расамаха”/; Лоша /па-комі-зыранску лос – “вільготная нізіна”. Лос пры скланеньні пераходзіць у лоск-. На тэрыторыі летапіснай літвы маюцца дзьве вёскі з назвай Лоск - у Валожынскім ды Маладзечанскім раёнах/; Мядзелка /па-комі-зыранску мöдзöл – “ельнік з махавой глебай”/; Нарач /нар у пермскіх мовах – “нары”, г.зн. месца для сну/; Нёўда /у комі мовах нявда - расьліна “макрыца”/; Свіцязь /свитт- па-комі-пярмяцку корань дзеяслова “блішчэць”, -öсь - суфікс/; Сіпа /па-ўдмурцку шып – “ціхі”, “маўклівы”/; Шура /па-ўдмурцку шур “рака”/.
    Як ужо казалася, на тэрыторыі летапіснай літвы не адзначаецца балтыйскі гідранімічны тэрмін упэ /рака/. А вось пермскі ва /“рака”/ тут, можна сказаць, часты: Зальвянка /пачаткова Зэльва/, Ізва, Клява, Лахазва, Наква, Сасва, Сваротва, Тонва, Сула - гэта таксама гідронім з -ва, Сува, бо ў пермскіх мовах “в” мае пастаянную тэндэнцыю пераходзіць у “л” /як, дарэчы, і ў нашай: ёсьць мясьціны, дзе замест вапна, вымя кажуць лапна, лымя. Гл. Этымалягічны слоўнік беларускай мовы [У далейшым - ЭСБМ]: т. 5, Лапна; т. 6, Лымя/. Назвы Жацераўка ды Самароўка таксама яўна з -ва, бо іх першапачатковая форма ўзнаўляецца як Жацерва ды Самарва: уявіць, што Жацераўка, Самароўка ўтвораныя па тыпу Альхоўка /ад Альховая/ немагчыма, бо ў нашай мове прыметнікаў “жацеравая”, “самаровая” няма і не магло быць. Асновы амаль усіх пералічаных гідронімаў таксама раскрываюцца з пермшчыны: Жацераўка, Ізва, Зэльва. Сасва, Сула - я ўжо паказваў; Лахазва – ад комі лёк “непралазны лес”; Наква - ад няк “сасок”, “жаночыя грудзі” /сэнс назвы ў тым, што вады ў рэчцы мала, але яна смачная/; Тонва - ад тöн “учорашні” /рака, якая занепадае/; Самароўка - ад комі-зыранскага шом “вугаль” /брудная, чорная рака/. У назве Сваротва аснова перакладзеная на славяншчыну, а зыход -ва застаўся пермскі /такія выпадкі нярэдкія, прыгадайма яшчэ з беларускіх рэкаў: Маства, Валхва/.
    Такім чынам, на тэрыторыі летапіснай літвы добры дзесятак рачных назваў з -ва, і асновы амаль усіх чыста раскрываюцца з пермшчыны. А ўсяго на Беларусі, як было сказана ў “Племі пяці родаў”, падобных гідронімаў болей за 30. Чаму ж ніхто з тапанімістаў аж да гэтага часу не грымнуў у званы, што на Беларусі пермскія сьляды? Няўжо нікому з іх невядома, што ва - па-комі “рака”?
    Вядома. І яшчэ як вядома. Ды яны не хочуць даваць гэтаму веры.
    “При исследовании гидронимии Верхнего Поднепровья /зразумела ж, тым болей басэйна Нёмна. - І. Л./ практически бесполезным оказывается привлечение данных пермской... гидронимии”, - абвясьцілі ў 1962 годзе тады маладыя дасьледчыкі, цяпер акадэмікі У. Тапароў ды А. Трубачоў /ТТ, с. 27/. На падставе чаго ж гэта было сказана? Ды, па-мойму, проста так, абсалютна не кранаючы тых дадзеных пермскай гідраніміі, не зазіраючы ў слоўнікі пермскіх моваў.
    А якое ж паходжаньне, на думку У. Тапарова і А. Трубачова, маюць верхнядняпроўскія гідроніма з -ва? Такое: малая частка - славянскае, а вялікая рэштка - балтыйскае. Чаму? Толькі таму, што ў Летуве ды Латвіі таксама маюцца назвы з -ва, напрыклад - у Летуве: Аунува, Дегува, Гардува, Гелува, Грыжува, Картува, Латува ды інш. /ТТ, с. 155/. А што такое па-летувіску -ва? Гэтага з даследаваньня У. Тапарова і А. Трубачова зразумець немагчыма! -Ва яны называюць то суфіксам, то “цэльным гідранімічным фармантам”, але не даюць аніводнага прыкладу таго, як дзейнічае той суфікс або фармант у мове. І асноваў, як летувіскіх, так і верхнядняпроўскіх рэкаў з -ва не перакладаюць. Вось дык “лингвистический анализ”! /Так называецца кніга/.
    Прыйшлося зьвярнуцца да летувіскіх слоўнікаў самастойна. Што ж высьветлілася? З пералічаных У. Тапаровым і А. Трубачовым 17 летувіскіх рачных назваў ў летувіскім напісаньні /толькі некалькі маюць асновы, зьмешчаныя ў слоўніках: Гардува - гардас “загон”, “стойла”; Гялува - гялас “прэсны”; Рингува - рингис “выгін”; Сятува - сятас “прывязь”; Жябрува - жябрас “брудны”. Пры гэтым, як бачым, толькі Гялува, Рингува ды Жябрува маюць асновы, якія адпавядаюць летувіскай гідранімічнай сыстэме, накрэсьленай А. Ванагасам, апэлятывы ж “загон” ды “прывязь” - гэта ўжо сэмантычна іншыя і, трэба думаць, перакладаліся на летувіскую мову з папярэдніх, іншамоўных асноваў /як у нашых Сваротва, Маства, Валхва/.
    Не мая справа рабіць аналіз летувіскіх назваў. Для гэтага трэба добра ведаць летувіскую мову, асабліва тыя заканамернасьці, паводле якіх падганяецца пад летувіскае гучаньне іншамоўны матэрыял. Тым не меней, зазначу, што ў назвах Аунува, Куртува, Латува, Вайгува, Вардува аснова, падобна, эстонская: аун па-эстонску “яблык”, курт – “глухі”, латв “верх”, ваікэ – “малы”, варт “цэп”. Дягува - хутчэй ад удмурцкага ӟег /чытаецца дзег/ “жыта”; Грижува - ад комі-пярмяцкага грись “буйны”, “вялікі”; Мітува - ад комі-пярмяцкага мыт “панос”; Ніжува - ад комі низь “собаль”; Шяшува - ад удмурцкага шаш “асака”; Титува - ад комі-пярмяцкага дзит “сініца”; Вадува - ад комі-зыранскага вад “лясное возера”.
    У летувіскай мове няма слова “ва”, якое мела б нейкае дачыненьне да ракі, вады. Маецца выключна рэдка ўжывальны суфікс -ва са значэньнем зборнасьці /як у нашым “жарства”/. Другі суфікс -ва ўтварае аддзеяслоўныя назоўнікі. Зразумела, што гэта для ўтварэньня гідронімаў не прыдаецца. Іншая рэч - фіна-вугорскія мовы. Тут не толькі комі ва “вада, рака”, але і карэльскі суфікс -ва, які ўтварае прыметнікі. Суфікс гэты, відавочна, мела і эстонская мова, але цяпер ён страціў -а, у выніку чаго шэраг эстонскіх прыметнікаў канчаецца на -в, як лытв “вялы”, куів “cyxі” ды інш. Адсюль бачна, што частка летувіскіх гідронімаў на -ва можа быць пермскай, з ва “рака”, частка – заходне-фінскай, з суфіксам прыметніка -ва. Са зьяўленьнем на тутэйшых абшарах летувіскай мовы частка асноваў пераклалася, частка захавалася ў сваім выглядзе, як захаваўся і канчатак. Пры гэтым пэўныя фінскія асновы перайшлі ў летувіскую мову. Так, па-летувіску “загон, стойла” – gardas а ў комі мовах - карта; па-эстонску kurt “глухі”, па-летувіску “глухі” – kurtinis; па-эстонску vaike “невялікі”, па-летувіску vaikas “дзіця”.
    На вялікі жаль, выключна спрэчны “Лингвистический анализ...” быў успрыняты некрытычна, і за трыццаць гадоў ператварыўся быццам бы ў падмурак беларускай ды заходнерасейскай гідранімікі.
    А тым часам сьцьверджаньне, што гідранімія Беларусі ды заходнерасейскіх абласьцей скрозь балтыйская, выведзенае з наскоку, без сур’ёзнага роздуму, і мы ў гэтым яшчэ пераканаемся. А цяпер вернемся да рачных назваў 14 раёнаў.
    Другі пасьля ва гідранімічны пермскі тэрмін - ю “рака”. На сёньняшніх пермскіх тэрыторыях ён сустракаецца бясконца: Косью, Лемью, Расью, Лопью, Тыбью і г.д. Але канчатак -ю неўласьцівы словам расейскай мовы. Таму там, дзе пермскія гаворкі ўжо зьніклі, як у Пермскай вобласьці, -ю ў зыходзе гідронімаў пераходзіць у болей прывычнае -я: Косья, Лемья, Расья, Лопья, Тыбья /ГНВП, с. 21/. Зразумела, што канчатак -ю не мог утрымацца і ў гідронімах Беларусі. I ў зыходах назваў рэкаў летапіснай літвы мы назіраем -я: Вілія, Гадзея, Ілія. Асновы іх пермскія, што мы ўжо паказвалі.
    Трэці гідранімічны пермскі тэрмін - адз /вымаўляецца адзь/ “даліна”. На Беларусі ён таксама сустракаецца. У прыватнасьці, на тэрыторыі летапіснай літвы цячэ Моўчадзь. Што ў гэтай назьве зыход уяўляе з сябе “дадатак”, гідранімічны тэрмін, паказвае назва ракі Молч у Верхнім Падняпроўі /ТТ, с. 196/. Несумненна адз завяршае назву Ізледзь, дзе аснова пермская – из “камень” /Із-адз - Із-ядзь - Ізледзь. Пераход й у л характэрны для ўдмурцкай мовы. Напрыклад, слова яг “бор” тут існуе і ў форме ляг/. Адз выразна чуецца і ў назьве Лахазва, дзе спалучаюцца два гідранімічныя пермскія тэрміны – адз і ва /Лёк-адз-ва - Лахазва/.
    Для расейскай мовы гук дз нехарактэрны. Таму комі канчатак у расейскім маўленьні пераходзіць у ч: Ылыдз - Илыч, ВылыдзВылыч, Зöридз - Зорич /ГНК/. У беларускай мове гук дз ёсьць. Але ён, відавочна, не спаконвечны, а перайшоў з пермскіх гаворак. Таму частка назваў з адз захавалася ў сваёй форме, як Moўчадзь, а ў такіх, як Сэрвач, Нарач, дз перайшло ў ч.
    Яшчэ адзін пермскі гідранімічны тэрмін - öр. “рэчышча”, што выразна чуецца ў такіх рачных назвах, як Остёр, Хопёр ды інш. У тых гідронімах, што мы разглядаем, ён прыхаваны, але можна вылучыць: Жацераўка /Жацерва/ - гэта Шат-öр-ва, Самароўка /Самарва/ - Шöм-öр-ва /хаця ёсьць і венгерскае szamar /чытаецца самар/ - “асёл”/.
    З усяго сказанага бачна, што пермская гідранімія для арэалу летапіснай літвы зьяўляецца вядучай: ні інакшая фіна-вугорская, ні славянская, ні тым болей летувіская і ўвогуле балцкая канкурэнцыі ёй тут скласьці не могуць. Пермскія назвы носяць як найбольшыя рэкі /Нёман, Вілія, Зальвянка, Шчара, Бярэзіна/, так і зусім невялічкія. І гэта ясна паказвае, што мова літвы была пермскай.
    Мова бясьсьледна гіне толькі ў тым выпадку, калі ейны носьбіт этнас гіне фізычна. Калі ж ён толькі пераходзіць на новую мову, то абавязкова цягне ў яе шматлікія словы ранейшай. Пермскіх словаў у нашай мове, калі ўлічваць дыялекты, сотні. Але гэта асобная тэма, па якой пагутарым у іншай кнізе, таму пакажу толькі, што яны ёсьць. Па-комі-пярмяцку “гамузам” – гамазöн, “шурпаты” – шарба; па-комі-зыранску “пошасць” – пöшöс, “рызьзё” - рыж; па-ўдмурцку “капыл” - калып. Па-нашаму “кумільгам” - па-комі-зыранску кумільган “віхурай кружыцца”; па-нашаму “шэрань” – у комі мовах шер “град”. Некалькі нашых словаў дыялектных /узятыя з ЭСБМ/: батура “балака, пустамеля”, бадыль – “сьцябло”, ліска – “шыпулькі”, лыч – “націньне”, муглаты –“бязрогі”. А па-комі-пярмяцку ботора “той, хто гаворыць хутка ды манатонна”, лыч – “націньне”; лыс у комі мовах – “шыпулькі”; па-ўдмурцку боды – “сьцябло”, мугло – “бязрогі”. Большасьць з прыведзеных словаў у расейскай мове не сустракаецца; пошесть маецца толькі ў блізкіх да Беларусі пскоўскіх гаворках, а лыч - блізкіх да комі-пярмяцкай акругі паўночных /гл. В. Даль/. Такім чынам, праз расейскую мову яны на Беларусь прыйсьці не маглі.
    Мала таго: у беларускай мове маюцца словы несумненна пермскія, якіх няма і ў сучасных пермскіх мовах. Так, ЭСБМ падае кілчак – “хвароба языка ў жывёлы”. Слова кілчак не прыводзіць аніводзін з вядомых мне пермскіх слоўнікаў. Але ў пермскіх мовах кыл- - “язык”, а тшак /вымаўляецца чак/ - “нарост на целе жывёлы”. Слова кілчак, такім чынам, утварылася з пермскіх каранёў непасрэдна на Беларусі, а гэтага б не магло здарыцца, калі б тут не было пермскіх гаворак /ЭСБМ тлумачыць кілчак праз кіла, што абсурдна: якая можа быць кіла на языку/.
    Блізкае суседзтва ў мінулым з пермскімі гаворкамі агледжвае і летувіская мова. Яшчэ 35 год назад расейскі дасьледчык Б. Сярэбранікаў апублікаваў такія свае знаходкі: па-комі-зыранску рам “ціхі” - па-летувіску ramus “ціхі, спакойны”; па-комі-зыранску мыськыны “мыць” - па-летувіску mazgoti “мыць падлогу, посуд”; па-комі-зыранску верöс “муж” - па-летувіску vyras “мужчына, муж”; па-комі-зыранску эрд “паляна ў лесе” - па-летувіску erdvas “прасторны”; па-комі-зыранску гор “печ” - па-летувіску kurti “паліць у печы”; па-комі-зыранску агас “барана” - па-летувіску akėti “баранаваць”; па-комі-зыранску шань “слаўны, добры” - па-летувіску – šaunus “бравы, удалы, слаўны”; па-комі-зыранску гид “хлеў”- па-летувіску kutė хлеў”; па-комі-зыранску льöб “губа” - па-летувіску lupa губа”; па-ўдмурцку мыл “жаданьне” - па-летувіску meilė каханьне”; па-комі-зыранску кыпöдны “падымаць” - па-летувіску kopti падымацца, лезьці”; па-комі-зыранску эжа “неўзараная зямля - па-летувіску ežia “мяжа”; па-комі-зыранску туис “сасуд з бяросты” - па-летувіску tošis “бяроста”; па-комі-зыранску турас “аб’ём” - па-летувіску turis “аб’ём” /Б. А. Серебренников. О некоторых следах исчезнувшего индоевропейского языка в центре европейской части СССР, близкого к балтийским языкам. - Труды Академии наук Литовской ССР, серия А, I. 1957, сс. 70-71. Карыстаючыся выпадкам, складаю шчырую ўдзячнасьць прафэсару Віленскага ўнівэрсытэта З. Зінкявічюсу, дзякуючы якому ўдалося пазнаёміцца з гэтай працай/. На жаль, дасьледчык, які адкрыў такую колькасьць супадзеньняў, даў ім надуманае тлумачэньне, высунуўшы гіпотэзу, што “ў лясной палосе Волга-Клязьмінскага міжрэчча” да прыходу славянаў жыў нейкі народ, блізкі па мове да летувісаў і латышоў і што пералічаныя комі ды ўдмурцкія словы запазычаныя з мовы гэтага народа. Недарэчнасьць гіпотэзы бачная з таго, што Б. Сярэбранікаў не пацьвярджае існаваньне прыдуманага ім народа ні гістарычнымі, ні тапанімічнымі /сам тапаніміст!/, ні хоць якімі-небудзь іншымі фактамі.
    Жыхар Вільні, гісторык-аматар В. Валанцеюс піша: “Я заметил несколько слов, которые заслуживают внимания. /.../ В коми аттьö “спасибо”; ср. лит. ačiu “спасибо” /древняя форма была atiu/. Ср. коми така /сев. удм. тяка/ - “баран” и лит. tekas “баран”. Комі гас “лампа” и литовское gaselis - примитивная лампа без стекла. /.../ Лит. ubas поле определенного размера” и коми-перм. ыб “поле” /з прыватнага ліста да мяне/.
    Перш чым прывесьці паралелі, напатканыя мной самім, мушу дамовіцца аб наступным. Каб не паўтараць бясконца “комі-зыранскае”, “комі-пярмяцкае”, “удмурцкае”, давайце зробім так: комі-зыранскія, комі-пярмяцкія ды тыя словы, якія маюцца ў абедзьвюх гэтых мовах, абазначым літарай “к.”, удмурцкія - “у.”. Летувіскія ж не будзем абазначаць аніяк, бо і без таго зразумела, што яны летувіскія. А яшчэ нагадаю чытачу, што е ў летувіскай мове - гук, блізкі да “я”, ė з кропкай наверсе – “е”, у - доўгае “і”, č – “ч”, š – “ш”, ž - “ж”.
    Рушылі: alsys “стамляльны” - у. альсыраны “стамляць”, “стамляцца”; andai нядаўна” - к. öнтай “нядаўна”; ardyti распорваць” - орйодлыны “рвать”; arti “каля” - к. орд “каля”; baras учаcтак” - к. бор “участак”; bepigu добра, легка” - к. пик “безвыходнае становішча” /летувіскае beбез”/; bigas “куцы” - к. пегыш “маленькі, нізкарослы”; bіrusсыпучы” - к. пыриг “крошкі”; brungzti гусці” - к. брунгыны “гусці”; burgėti біць струменем” - к. боргыны “цурчэць”; burgėti “пакрывацца лёдам” - к. бырöд “наледзь” /ледзяная скарынка/; burgzti гусці” - быргыны “гусці”; čiukuras вільчык” - к. чук “вяршыня гары”, чукöр “куча”; čiurkšti “біць струменем” - к. чурйыны “біць струменем”; dardėti грукатаць” - к. таркöдны “грукаць”; daigiti “калоць” – к. тойны “укалоць”, дой “боль”; darkyti “псаваць” - к. торкны “псаваць”; dausinti “брысці” – к. довгыны “брысці”; daužti ударыць” - к. дöвгыны “ударыць”; deja бяда, гора” - у. дэймыны “жахнуцца”; dergti “брудзіць” - у. дэри “гразь”; galia “сіла” – у. кал “сіла”; gardas “загон, стойла” - к. карта “хлеў”; gižys “станок для віцця вяровак” - к. гез “вяроўка”; gudus жахлівы” - к. гудыр “цемра” gurdinti “губіць” - к. гырд “кроў”; ilgis “даўжыня” - к. ылі “даль”; jega “сіла” - у. егыт “малады”; juodas “чорны” – к., у. сьöд “чорны”; kad “што” – к. код “хто”; kaita “чаргаваньне” - у. кайта “зноў”, к. кайтны“паўтараць”; kalenti шчоўкаць” - к. колс “шчоўк!”; kekulas “камяк” - к. коколь “камяк”; keras “куст” - к. кер “бервяно”; kudra “балота, парослае кустоў’ем” - у. куд “балота”; kukis “крук” – кукро  “крук”; kulys “сноп” – у. культо “сноп”; kulis “камень” - к. кöльы “галька”; kumpti - “выгінацца” - к. комбыля “выгнуты”; kuokinti “ісьці без мэты” – у. кук, к. кок “нага”; kupra “горб” - у. купырес “гарбаты”; lėnas “ціхі, спакойны” - к. лöнь “ціхі, спакойны”; miknoti “заікацца” - к. мыктывны “заікацца”; nartus “упарты” - к. нарт “упарты”; noras “жаданьне” - к. нор “скарга”; pedė “слуп” - к. падöс “слуп”; pelėda “сава” - у. пелё “сыч”; pietus “абед” - к. пöт “сыты”; perdoras “перагародка” - к. перитны “падзяліць перагародкай”, дор “край”; pušisсасна” - к. пожум, у. пужым “сасна”; rytas “раніца”, rytai усход” - к. рыт “вечар, захад”; rykšte “прут” – к. ридз “сьцябло”; strakslti “скакаць” - к. трок “скок-скок”; sulyti “мачыць, змочваць” - к. суль “макрата”, сульк “наскрозь мокры”; svidus “бліскучы” - к. свиттявны “блішчэць”; šapasсаломіна” - к. шеп “колас”; šatras “хлуд” - к. шат “хлуд”; šerkšna “іней” - к. шер “град”; šiušus “змрочны, жудасны” - к. шуштом “змрочны, жудасны”; tabalas “вісюлька” - к. табпаплавень”; tai “гэта” - к. тайö “гэта”; tad “так што” - к. тадз “так, такім чынам”; tamsa “цемра” - к. тымны “зацямніць”; tapatibė “тоеснасьць” - к. топ “дакладна”; tapnoti “пляскаць” - к. тапкöдны “пляскаць”; tarksti “трашчаць” - к. таркöдны “стукаць”; tarškalas “бразгалка” – у. торс гукападрабленьне трэску сухіх прадметаў; tašas “брус” - к. тас “папярочка, драўляная засаўка”; teršti “брудз1ць” - у. дэри “гразь”; tilindžiuoti “зьвінець” – к. тільгыны “зьвінець”; tyna “напуханьне” - у. тын-тын “тугі, цьвёрды”; tirtenti “дрыжаць” - к. тиравны “дрыжаць”; tužti “шалець” - у. тышкыны “біць, дубасіць”; valas “чысты” - к. воль “ачышчаны ад лесу”, вольк “чыста”; valgis “яда” - к. вöлöга “яда”; vampla “рот” - к. вом “рот”; vargas “бяда” - к. варкавны “быць вельмі скалечаным”, варгос “непаслухмяны”, у. варгас “адзінокі чалавек”; vėrgasслуга” - у. вар “слуга”; žiuže “агонь” - у. ӝыж “сатлелы” /напр., пра паперу/; žiurkė пацук” - к., у. шыр “мыш”.
    Гэты сьпіс можна было б і пашырыць за лік такіх супадзеньняў, калі словы гучаць дастаткова блізка, але разыходзяцца па сэнсе: kujis “молат” - у. куй “рыдлёўка”; kukas “парася” - к. кук “цяля”; kuokas “драўляны молат” - у. кукчо “матыка”; namas “дом” - к. ньöм “баба для забіваньня паляў” /у балоцістых мясцовасьцях дамы па ўсёй Эўропе спаконвечна будаваліся на палях/; žiutė гусь” - у. ӝутэс “ястраб” ды інш.
    Яшчэ адно сховішча пермскіх словаў - мова латыская. Прычым у ёй сустракаюцца і такія пермскія словы, якіх у летувіскай няма: напрыклад, riets заход” /сонца/ - к. рыт “вечар”. У той жа час у латыскай мове пярмізмаў прыкметна меней, чым у летувіскай. Гэта ясна паказвае, што летувіскія пярмізмы прыйшлі не праз латыскую мову з усходу, а непасрэдна, з пермскіх гаворак, што разьмяшчаліся недзе паміж продкамі летувісаў і латышоў, прычым з першымі пярмяне мелі больш цесны кантакт. Такім патрабаваньням летапісная літва цалкам адпавядае.
    У 1978 годзе берасьцейскі студэнт Вячаслаў Зіноў, зьбіральнік розных старажытных рэчаў /манэт, абразоў, кніг/ у глухой вёсцы на паўночнай ускраіне Белавескай пушчы набыў вельмі старое друкаванае выданьне рэлігійнага зьместу, у які аказалася ўклеенае некалькі аркушаў паперы. На першым з іх было напісана па-польску “Паганскія гаворкі з Нарава”, а далей ішоў слоўнік: зьлева - слова па-польску, справа - на нейкай невядомай мове. Чуўшы, што ў заходняй Беларусі колісь жылі яцьвягі і што мова іх лічыцца блізкай да летувіскай, В. Зіноў перадаў на пачатку 1983 года гэты слоўнік на катэдру летувіскай мовы Вільнюскага ўнівэрсытэта. Праз год прафэсар гэтай катэдры, буйны летувіскі лінгвіст Зігмас Зінкявічюс надрукаваў старажытны рукапіс са сваім камэнтарам /Польско-ятвяжский словарик? – БСИ - 1984, с. 3 і далей/. I хаця З. Зінкявічюс не ўпэўнены, што слоўнічак сапраўды яцьвяскі, няма сумневу, што ў ім адлюстравалася балцкая гаворка - не зусім такая, як летувіская, латыская ды пруская мовы.
    Усяго невядомым знаўцам “паганскіх гаворак” занатавана трохі болей за 200 словаў. І што асабліва цікава, шэсьць з іх маюць перазоў з пермскімі: lels “вялікі” - у. ляль “шмат”; mard “чалавек” - к. морт “чалавек”; puse “сасна” - к. пожум, у. пужым “сасна”; tirtis “сякера” - у. тӥр “сякера”; wizа луг” - к. видз “луг”; tuolis “д’ябал” - к. куль “д’ябал”. Тое, што ў апошняй пары не супадаюць пачатковыя зычныя /“т” – “к”/, паралель не перакрэсьлівае, бо З. Зінкявічюс прызнае магчымасьць пераходу “к” у “т” у балцкіх гаворках /БСИ - 1984, с. 19/. Прытым у прускай мове мелася слова pickuls, якое таксама азначала “д’ябал” – рiс-, магчыма, тут першы корань складанага слова. Асабліва ж прываблівае з шасьцёркі паралель mardморт, бо ў летувіскай, латыскай ды прускай мовах чаго-небудзь падобнага да mard чалавек” няма. Паралель tirtis “сякера” з удмурцкім тӥр “сякера” дазваляе залічыць у актыў і летувіскае kirvis “сякера” - к. чер “сякера”, з дапушчальным чаргаваньнем комі “ч” - летувіскае “к”.
    Калі аб’яднаць паралелі, напатканыя Б. Сярэбранікавым, В. Валанцеюсам і мной, іх акажацца болей за 100. Трэба яшчэ ўлічваць, што практычна ўсе прыведзеныя - гэта паралелі са словамі сучаснай летувіскай літаратурнай мовы. Даўней жа, калі суседнія пермскія гаворкі яшчэ існавалі, мабыць, у мове летувіскіх продкаў пярмізмаў было яшчэ болей. Разуменьне гэтага дазваляе вытлумачыць нарэшце загадку, якую загадаў нам Адам Каменскі-Длужык. Гэты беларускі шляхціц трапіў у расейскі палон у 1660 годзе. Па хуткім часе палонны быў адпраўлены ў выгнаньне, у Якуцію. І вось, праяжджаючы праз землі зыранаў /комі/, ён запісаў у сваім “Дыярыюшу”: “Język /зыранаў/ poszedł na żmudzki”. У выніку дасьледчыкі “Дыярыюша” аж да гэтага часу паціскаюць плячыма, як, напрыклад, В. Грыцкевіч: “А. Каменский нашел, что язык зырян похож на жмудский, т.е. на литовский /.../ Зырянский язык с литовским, безусловно, не имеет ничего общего, это язык финно-угорской группы, а литовский - летто-литовской группы” /В. П. Грицкевич. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986, с. 49/. Але ясна, што калі у зыранскай ды жамойцкай мовах было дастаткова шмат агульных словаў, то слухач цалкам мог адчуць, што адна “poszedła” на другую.
    Але чаму А. Каменскі-Длужык не напісаў, што зыранская мова падобная да літоўскай? У нас жа атрымліваецца, дзякуючы аналізу ліцьвінскіх імёнаў ды гідраніміі летапіснай літвы, што яна была да пермскіх куды бліжэйшая, чым балцкая мова жамойці! Прычына тая, што да гэтага часу. /сярэдзіна ХVII стагодзьдзя/ мова летапіснай літвы ўжо даўно зьнікла, а сучасная летувіская /“літоўская”/ тады называлася жамойцкай.
    Дарэчы, зазірнём у гісторыю летувіскай мовы, спынімся на яе мала вядомых старонках. Пісьмовасьці яна не мела аж да 1547 года, г.зн. атрымала яе апошняй у нерасейскай Эўропе. А ў 1547 годзе на ёй выйшла першая, адразу друкаваная кніга – “Катэхізіс” М. Мажвідаса. Выйшла за межамі Вялікага Княства Літоўскага, у Кёнігсбэргу, а выдалі яе пры ўдзеле людзей з Летувы лютэранскія місіянэры, немцы. Вядома, што Лютэр быў палкім прапагандыстам таго, каб слова божае ішло да любога народа на ягонай роднай мове, і сам першы пераклаў “Біблію” з лаціны на нямеччыну. Пасьлядоўнікі ягоныя прадоўжылі гэтую справу для іншых народаў. Так дабраліся ўрэшце і да летувіскіх продкаў. Катэхізіс 1547 года прызначаўся для самых заходніх жамойтаў, якія ў выніку перадзелаў трапілі ў склад Усходняй Прусіі. Гэтай кнігай і быў закладзены падмурак летувіскай сучаснай літаратурнай мовы, якую з катэхізісам 1547 года зьвязвае прамая традыцыя, што практычна не мела адхіленьняў. На мову выданьня 1547 года абапіраліся ўсе наступныя аўтары летувіскіх кніг, як на тэрыторыі Усходняй Прусіі, так і Вялікага Княства Літоўскага. Характэрныя такія факты. У 1595 годзе, нарэшце, выйшла першая летувіская кніга і ў ВКЛ. Гэта быў катэхізіс Якуба Ледэсмы, перакладзены з польскай мовы М. Даўкшам. “На падставе супастаўленьня тэкстаў Ю. Лебедіс прыходзіць да высновы, што перад тым, як апублікаваць “Катэхізіс”, Даўкша пазнаёміўся з кнігамі М. Мажвідаса, Б. Вілентаса, Й. Брэткунаса, што выйшлі ў Кёнігсбэргу, і карыстаўся пры перакладзе тэкстам “Энхідрыёна” Б. Вілентаса” /А. Анушкин. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970 [У далейшым – “А. Анушкин”], сс. 41-42/. А “ў 1605 г. друкарня акадэміі /у Вільні. - І. Л./ другі раз выдае пераклад на летувіскую мову “Катэхізіса Ледэсмы”. /.../ Але гэта ўжо пераклад не Даўкшы, а іншай асобы, якая не ўказала свайго прозьвішча. У прадмове, напісанай па-летувіску, ананімны аўтар тлумачыць прычыны, якія прымусілі яго зрабіць новы пераклад. Ён гаворыць, што пераклад Даўкшы зроблены па-жамойцку і для пэўных летувісаў - не жамойтау” /мусіць, гаворка пра аўкштотаў. – І. Л./ - незразумелы, таму і прыйшлося рабіць яго зноў. З далейшага, аднак, бачна, што ананімны перакладчык карыстаўся перакладам Даўкшы, перапрацаваўшы яго ў шэрагу месцаў”/А. Анушкин, с. 48/. Такім чынам, жамойцкая літаратурная традыцыя, што ішла ад Мажвідаса праз Даўкшу, не перарывалася, не парушалася і нават баранілася. М. Біржышка, гісторык летувіскай літаратуры, пісаў: “Прачынаецца і паэзія /у сярэдзіне XIX ст. – І. Л./, прычым вылучаюцца пераважна ўраджэнцы ўсходняй Летувы, што выйшлі з народу і пісалі на сваёй усходнелетувіскай гаворцы, што выклікала нават пратэсты з боку пэўных жамойцкіх пурыстаў” /Энциклопедический словарь бр. Гранат, т. 27, 1913, сл. 251/.
    Такім чынам, сучасная летувіская мова ад самога пачатку была жамойцкай, і называць яе літоўскай, г.зн. узводзіць да летапіснай літвы, незаконна. Літва была зусім іншым племем, чым жамойць. А ў літаратуры пануе погляд, што літва і жамойць - дзьве часткі аднаго народу, з агульнай мовай.
    Тыя, хто гэты тэзіс абараняе, любяць спасылацца на ліст вялікага князя Вітаўта да імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі Сігізмунда ад 11 сакавіка 1420 года, напісаны пасьля таго, як імпэратар прысудзіў Жамойць Ордэну: “Вы выказаліся і прынялі пастанову наконт зямлі Жамойцаў, якая ёсьць нашай спадчынай і ўласнасьцю ад прадзедаў і дзядоў нашых, якою валодаем і цяпер ды якая ёсьць і заўсёды была адзіная зь зямлёю Літвы, бо ж адна тая самая гаворка і тыя самыя людзі ... зямля адна і людзі адны” /пераклад з лаціны П. Урбана. Гл. “Полацак”, 1992, № 3/. Але ж трэба разумець, што такое сьцьверджаньне /а праверыць яго Сігізмунд наўрад ці мог/ было выкліканае нічым іншым, як нежаданьнем страціць Жамойць, заваяваную ў нялёгкай Грунвальдзкай бітве. У падобных выпадках палітыкі пускаюцца на самыя розныя фальсыфікацыі /добра памятаю, што ў пасьляваенных школьных падручніках Калінінградзкая вобласьць /Усходняя Прусія/ называлася “исконно русской землей”/. Факты ж кажуць за тое, што вялікі князь у сваім лісьце да імпэратара быў няшчыры. І гэта добра паказвае П. Урбан ва ўжо згаданай працы “Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў”. Не буду пераказваць усе ягоныя аргумэнты /думаецца, гэты твор будзе выдадзены і ў Беларусі/ і падзялюся толькі сваімі назіраньнямі.
    У шматлікіх гістарычных крыніцах літва і жамойць ніколі не падмяняюць адна адну: калі гаворыцца “літва”, гэта не азначае адначасова “жамойць”, калі гаворыцца “жамойць” - не азначае адначасова “літва”. Назвы “літва” і “жамойць” - раўнапраўныя, сэнс “жамойць” у “літва” не ўваходзіць.
    Жамойць аддзяляецца ад літвы з першых згадак жамойці ў летапісах. Так, у Іпацьеўекім летапісе пад 1215 годам запісана, што “Божиимъ повелениемъ” да галіцка-валынскіх князёў “прислаша” з мірам літоўскіх, жамойцкіх ды дзяволтаўскіх князёў. Князі гэтыя выразна падзяляюцца: “Литовьскихъ князеи сее старейшеи Живинбоудъ Давьятъ Довспрунк брат его Мидогъ братъ Довъяловъ Виликаилъ”; “а Жемотьскыи кня Ерьдивилъ Выкынтъ...” “а се князи из Дяволтвы Юдьки Поукѣикъ Бикши...” /ПСРЛ, т. 2, сл. 735/. Праўда, усе яны спачатку нібыта названыя “літоўскімі” /Божиимъ повелениемъ прислаша князи Литовьскыя”, але думаецца, што гэта зроблена для кароткасьці, бо іначай навошта было б з “литовьскыхъ” вылучаць тутсама ізноў-такі літоўскіх /“Литовьскихъ князеи сее...”, “а Жемоитьскыя кня...”, “а се князи из Дяволтвы”/. Вось яшчэ надзвычай важныя мясьціны таго сама летапісу. Вядома, што Транята, жамойцкі князь, забіў Міндоўга. Пасьля гэтага “Тренята нача княжити во всеи землѣ Литовьскои” /ПСРЛ, т. 2, сл. 860/. З пункту гледжаньня, што і Жамойць - Літва, здавалася б, дастаткова: “пачаў княжыць ва ўсёй Літоўскай зямлі” - навошта згадваць Жамойць? Але летапісец дадае: “...во всеи землѣ Литовьскои и в Жемоти”. На пасадзе Транята надоўга не затрымаўся - яго забілі верныя “конюси”, “паробци” Міндоўга. Тут Міндоўгаў сын Войшалк, што адседжваўся ў Пінску, “поиде с Пиняны к Новоугородкоу и оттолѣ поя со собою Новгородцѣ и поиде в Литвоу княжить. Литва же вся прияша и с радостью своего господичича” /ПСРЛ, т. 2, сл. 861/. Як бачым, і тут фігуруе “вся Литва”. Запамятаем гэта ды будзем чытаць далей: “Воишелкъ же нача княжити во всеи земли Лиовьскои и поча вороги своѣ избивати изби ихъ бещисленное множество а друзии розбегошася камо кто видя”. Раз “бещисленное множество”, то, значыць, маецца Летува ў сучасных межах? Не! Праз два дзесяткі радкоў летапісец паведамляе, што Войшалк, якога “с радостью прияша вся Литва”, “в силе тяжце нача городы имати во Дяволтвѣ и Нальщанехъ” /ПСРЛ, т. 2, сл. 863/. Значыць, Дзяволтва і Нальшчаны ў паняцьце “Літва” не ўваходзілі. А Жамойць? Натуральна, таксама. Бо каб Войшалк валодаў, апрача Літвы, яшчэ Жамойцю, што даволі ўпэўнена адбівалася ад магутных крыжакоў, даў бы рады, вядома, Дзяволтве ды Нальшчанам без чужога ўдзелу. А з летапісу вынікае, што перш чым ісьці на гэтыя плямёны, Войшалк быў вымушаны прасіць дапамогі ў галіцка-валынскіх князёў: “нареклъ Василка отца собѣ и господина /.../ посемъ же Шварно поиде в помочь Воишелкови а Василко князь от себе посла емоу помочь всю свою рать /падкрэсьлена мной. - І. Л./... и видевъ Воишеволкъ помочь Шварновоу и Василковоу... радъ быс велми... и поиде в силѣ тяжцѣ и нача города имати во Дявелътвѣ и Нальщанехъ”. Гэты выключна важны факт, між іншым, сьведчыць аб увогуле малой сіле літвы і дае зразумець, чаму са сваіх набегаў яна амаль заўсёды вярталася бітай. Дык не можа быць і гаворкі, што літва кагосьці заваявала. Яна дала Вялікаму Княству Літоўскаму толькі імя ды князёў, а вядучую ролю ў ім ігралі нашы славянскія продкі.
    Не валодаў Жамойцю і Міндоўг, раз пра гэта не гаворыцца ў летапісе. Ён княжыў “во всеи землѣ Литовьскои” /ПСРЛ, т. 2, сл. 858/ - і толькі. Тым часам, гісторыкі з-за сваёй няўважлівасьці лічаць, што за словамі “вся земля Литовьская” стаіць Летува ў сучасных межах. Але ж, як бачым, летапіс разглядае літву толькі як адну з раўнапраўных земляў: Літва, Жамойць, Дзяволтва, Нальшчаны.
    Пра Міндоўга ў самых розных працах можна прачытаць такое: “С 1236 года известен как правитель всей Литвы /Литва, с. 410/ - маецца на ўвазе Летува. Але згадаем такія факты. Якраз у 1236 годзе адбылася вядомая бітва з крыжакамі Лівонскага ордэна пад Шаўлямі /22 верасьня/, што скончылася поўным паражэньнем немцаў. Падзеі разьвіваліся такім чынам: спачатку крыжакі ўчынілі крывавы паход на жамойць, а парабаваўшы яе, вярталіся ў Рыгу і былі ад яе недалёка, калі на іх напалі жамойты. Узначальваў іх нібыта Вікінт /Литва, с. 536/. А дзе ж быў Міндоўг? У бітве “правитель всей литвы” не ўдзельнічаў, як і ягонае войска.
    Летапіс сьведчыць, што паміж літвой ды жамойцю не толькі не было адзінства і дружбы, але і была варожасьць. Характэрныя падзеі 1252-1253 гадоў, калі Вікінт у барацьбе з Міндоўгам шукаў сабе саюзьнікаў і сярод галіцка-валынскіх князёў, і яцьвезі, і крыжакоў. У выніку адбылося некалькі бітваў, у якіх жамойць нязьменна выступала супроць Міндоўга /ПСРЛ, т. 2, сл. 816-818/. Уратавала тады Міндоўга тое, што ўдалося схіліць на свой бок немцаў, атрад якіх дапамагаў яму абараняцца. За гэта Міндоўг у 1253 годзе не запярэчыў супроць таго, каб Ордэн заняў частку Жамойці /Литва, с. 410/. Жамойць, не скарыўшыся перад Ордэнам, працягвала з ім барацьбу. І што ж? Ці быў на баку “аднапляменьнікаў” Міндоўг? Не. Ён быў у саюзе з Ордэнам. І толькі пасьля таго, як жамойць перамагла крыжакоў у Дурбескай бітве /1260/, у якой Міндоўг пераможцам нічым не дапамог, ён парваў з пераможанымі немцамі.
    Штось падобнае працягвалася і пасьля Міндоўга. У 1270 годзе адбылася бітва з крыжакамі каля Карусе. Тут крыжакоў перамагла літва. Жамойць у бітве не ўдзельнічала /Литва, с. 366/. “Въ лѣто 6794 /1286. - I. Л./. Ходиша Литва вся и Жемоть на Нѣмцѣ к Ризи. Онем же вѣсть быс и збегошася в городы. Они же пришедъше к городоу не воспев ничего и отолѣ же идоша на Латыголоу и доходивше города Мѣдвежеи Головы и не вспевше оу него ничто и тако возвратишася во свояси добывше мало полона. Ся же оуслышавше Торуньсцѣи Нѣмцѣ оже Жемоть вся пошла на Ригоу идоша на Жемоть помагаюче своимъ Нѣмцѣмъ и поимаша ихъ бещисленное множьство а дроугия избиша и тако придоша во свояси со множествомъ полона” /ПСРЛ, т. 2, сл. 896-897/. Бачыце, як: пакуль “уся літва” ды “ўся жамойць” атакавалі спачатку Рыгу, а потым латышоў, торуньскія крыжакі зрабілі набег на пакінутую без абаронцаў Жамойць ды забралі ў палон мноства людзей. Здавалася б, вярнуўшыся з паходу, у які хадзілі разам, войскі літвы і жамойці павінны былі разам і кінуцца на Торунь, каб вызваліць сваіх. Ні пра што падобнае летапіс не паведамляе. Відавочна, літва ваяваць за чужых не схацела, а жамойць ісьці адна на Торунь не адважылася.
    Так што сумесныя дзеяньні літвы і жамойці, узаемадапамога адна адной у крыніцах практычна не адзначаюцца. І гэта перад тварам агульнай бяды - нямецкай навалы. І не ў нейкі адзін момант, а больш чым стагодзьдзе. Так маглі трымаць сябе толькі дастаткова чужыя этнасы.
    Вялікі знаўца летапісаў здзіўлена зазначае: “Летапісы... упарта падзяляюць Літву на ўласна Літву і Жамойць” /Н. Улащик, с. 58/. Чаму здзіўлена? Таму што і М. Улашчык лічыў, што жамойць - частка літвы. Але ж ці можа частка быць нароўні з тым цэлым, у якое яна ўваходзіць? Уявіце сабе: “Беларусь і Магілёўшчына”. Абсурд? Абсурд, бо з такога словаспалучэньня вынікала б, што Магілёўшчына ў Беларусь не ўваходзіць. Значыць, калі гаворыцца: літва і жамойць, гэта азначае, што жамойць - не частка літвы. А формула “литва и жомоить” у летапісах паўтараецца бясконца.
    Вось узяць афіцыйную назву гаспадарства: Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае, Рускае /або Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае/. Ці ж яна яднае літву ды жамойць? Наадварот - падзяляе. Калі б жамойць была часткай літвы, то ў гэтую назву яна ўвогуле не мусіла ўключацца. А вось тытул караля і вялікага князя Жыгімонта Трэцяга: “Король польский, великий князь литовский, руский, пруский. жомоитьский...” /Статут Вялікага Княства Літоўскага - 1588. 1989, с. 42/. Тут, як бачым, жамойць аддзяляецца ад літвы не толькі славянамі, але і немцамі. Цяпер радкі з Супрасльскага рукапісу: “В лѣто 6906 /1398 г. – І. Л./. Князь же великий Витовтъ Кестутевич литовъскый собра воя много безчислено, и царь Такьтамыш с ним своимъ дворомъ, и литва, и немци, и ляхи, и жемоить, татарове и волохи, и поляне...” /ПСРЛ, т. 35, с. 52/. Тут літва і жамойць падзеленыя немцамі ды палякамі.
    З гісторыі добра бачна, што жамойць і перад тварам нямецкай агрэсіі не надта прагнула аб’яднаньня з Літвой, а калі пасля Грунвальдскай бітвы /1410/ была ўсё ж далучаная да ВКЛ, дык ужо ў 1418 годзе ўзьняла паўстаньне супроць Вітаўта /Литва, с. 257/, якое і папярэднічала прысуду Сігізмунда вярнуць Жамойць Ордэну. І гэта аніяк нельга прызнаць выпадковасьцю. Вітаўт, той самы Вітаўт, які даводзіў імпэратару, што літва і жамойць - адзін народ, абыходзіўся з жамойцю, як з “разьменнай манэтай” /словы П. Урбана. Гл. “Полацак”, 1992, № 4, с. 23/. Сапраўды, у палітычных мэтах ён саступаў жамойць Ордэну ў 1384, 1389 гадах /БелСЭ, т. 3, с. 105/, а ў 1398 годзе падпісаў Салінскае пагадненьне, згодна з якім Жамойць засталася за Ордэнам /Литва, с. 257/. Што пры гэтым ён не сіле саступаў, а вёў гандаль Жамойцю, сьведчыць той факт, што пры Ворскле /1399/ супраць татараў у войску Вітаўта біліся і крыжакі /Литва, с. 152/, чым яўна плацілі за Жамойць. Ды каб толькі гэта. Польскі дасьледчык з Вільні Ян Цехановіч, камэнтуючы мой артыкул “Племя пяці родаў”, дзе сярод іншага выказваецца думка, што літва і жамойць - розныя плямёны, піша: “Калі літва і жамойць былі рознымі плямёнамі, адразу робіцца зразумелай нечалавечая жорсткасьць літоўскага князя Вітаўта, які разам з нямецкімі наездцамі літаральна заліў жамойць крывёю падчас некалькіх набегаў пад канец ХIV стагодзьдзя. Да аднапляменьнікаў гэты палітык хутчэй не паставіўся б так бязьлітасна, як тое апісваюць тагачасныя нямецкія, польскія ды рускія хронікі” /J. Ciechanoicz. Na wschód od Bugu. Wilno-Chicago, 1991, с. 18/.
    У 1401 годзе жамойць паўстала супроць Ордэна. Карыстаючыся гэтым, Вітаўт прыбраў яе да рук, але ў 1404-м зноў аддаў немцам /Литва, с. 257/.
    Яшчэ вядома, што жамойць імкнулася да стварэньня ўласнага гаспадарства. Пэўны час тое і было - у XIII стагодзьдзі, пад назвай Вялікае Жамойцкае Княства /Н. Улащик, с. 156/. А ў складзе ВКЛ жамойць карысталася аўтаноміяй: пачынаючы з 1411 года, існавала Жамойцкае староства. Староста меў правы ваяводы. Яго абірала жамойцкая шляхта, а вялікі князь толькі зацьверджваў. З пачатку 1440-х гадоў Жамойцкае староства называлася яшчэ і Жамойцкім княствам /Литва, с. 257/. Зразумела, што калі б літва і жамойць былі адным народам, на такое вылучэньне жамойці не было б прычын.
    Што ж датычыць мовы жамойці, сёньняшняй летувіскай, то да яе гаспадарства ставілася, мякка кажучы, абыякава. Першая кніга на ёй, як ужо казалася, выйшла за мяжой, а ў межах ВКЛ - толькі праз 48 /!/ гадоў пасьля гэтага. І ў далейшым да 1625 года тут выпусьцілі толькі 4 кнігі па-жамойцку, у той час як на беларускай, польскай ды лацінскай - шматлікія дзесяткі. Нават на нямецкай мове ад 1605 да 1625 года ў Вільні зьявілася 6 кніг /А. Анушкин, с. 13/. Пры гэтым трэба адзначыць, што ўсе жамойцкія кнігі былі рэлігійнымі, выдавала іх царква, а сьвецкія ўлады не мелі да гэтага дачыненьня. Такі быў “клопат” “летувіскага” гаспадарства аб разьвіцьці “свае” мовы. Як бачым, Вялікае Княства Літоўскае ставілася да жамойці як да народа не ўладнага, а падуладнага. Для дасьведчанага гісторыка гэта павінна быць абсалютна ясна. Таму не можа не зьдзіўляць, што такі знаўца айчыннай гісторыі, як Г. Сагановіч, называе летапісную літву “летувісамі”, дэкляруючы пры гэтым: “Аўтар лічыць магчымым дапасаваньне сучаснага саманазову жыхароў Рэспублікі Летува да іх старадаўніх продкаў” /Г. М. Сагановіч. Айчыну сваю баронячы. 1992, с. 11/. Не была, не магла быць летапісная літва продкамі летувісаў!
    Чаму ж жамойты сталі “літоўцамі”, “летувісамі”?
    Я ўжо спрабаваў адказаць на гэтае пытаньне ў “Племі пяці родаў”, але яно такое заблытанае і складанае, што прыйдзецца вярнуцца да яго зноў.
    Носьбітамі балцкіх гаворак былі не толькі жамойты, але і аўкштоты. Але іх было значна меней, на аўтаномію яны не прэтэндавалі, таму пра іх амаль не чуваць у гістарычных крыніцах.
    Апрача аўкштотаў, на усходзе сёньняшняй Летувы жылі і іншыя неславянскія плямёны: дзяволтва /па-летувіску дялтува/, нальшчаны /па-летувіску нальшя/. Нальшчаны, падобна, асноўнай масай жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі /Литва, с. 135, карта/. Таму, будучы блізкімі суседзямі крывічаў, яны, як і літва, цалкам славянізаваліся.
    Дзяволтва ж ды аўкштота ад славянаў былі аддзеленыя літвой і нальшчанамі. Таму славянскі ўплыў на іх распаўсюджваўся марудна. Мова літвы, што сама згасала, таксама значнага ўплыву зрабіць не магла. І ў выніку мова аўкштоты захавалася як балцкая. Дзяволтва ж, якая не была балцкай, на што намякае канчатак -ва ейнай назвы, пад уплывам аўкштоты збалтызавалася. На астатняй жа тэрыторыі сучаснай Летувы, г.зн. на захад ад аўкштоты, нябалцкае насельніцтва балтызавалася пад уплывам жамойці. Балцкія нежамойцкія групы таксама кансалідаваліся з жамойцю, што была досыць актыўнай і мела аўтаномію.
    Але гэтая аўтаномія распаўсюджвалася не на ўсё балцкае насельніцтва ВКЛ - у прыватнасьці, аўкштота, што папоўнілася дзяволтвай, ёю не карысталася. Так балты сучаснай Летувы аказаліся падзеленымі на дзьве часткі: жамойць ды астатнюю, значна меншую, якая ў ВКЛ ўваходзіла непасрэдна, без самакіраваньня.
    Вядома, што і славяне ВКЛ часьцяком называліся ліцьвінамі, літвой. Гэтаксама па дзяржаве звалася літвой і аўкштота.
    Летапісная, сапраўдная літва цалкам славянізавалася. Але гаспадарства па-ранейшаму звалася Вялікім Княствам Літоўскім. Мова, на якой гаварыла літва, ейныя асаблівасьці хутка забыліся. Захавалася толькі памяць, што літва не была славянскай. А паколькі ў ВКЛ меўся этнас, які гаварыў не па-славянску, то на яго /аўкштоту/ і стала пераходзіць назва “літва”. Гэтаму спрыяла і сама аўкштота, якая сябе таксама стала зваць літвой, бо ейная ўласная назва /“верхнія”/ у раўнінным краі гучала дастаткова дзіўна і незразумела /адкуль яна ўзялася, пагаворым пазьней/. Такім чынам, на першым этапе /да сярэдзіны ХVI стагодзьдзя/ “літвою” стала звацца з балтаў толькі аўкштота.
    Адначасова новая “літва” працягвала зваць сябе аўкштайчяй. Але “аўкштайчяй” азначае “верхнія”, а “жямайчяй” – “ніжнія”. Вось з цягам часу і стала ўспрымацца, што і жамойць - таксама літва, толькі “ніжняя”. А пакрысе формула “літва і жамойць” у новым сэнсе /аўкштота і жамойць/ стала пераносіцца на больш раньні пэрыяд, калі літва зусім не разумелася як аўкштота, была абсалютна іншым, чым аўкштота, племем. /Нават балтафіл, вядомы расейскі археоляг В. Сядоў падзяляе Летуву мінулага на Жамойць, Аўкштоту і Літву. Гл. “Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1967 [У далейшым – ФУБ.], с. 387 і далей/.
    Сёньня пераважнай большасьцю дасьледчыкаў, аўтараў розных прац летапісная літва цалкам атаясамліваецца з аўкштотай. Да такога разуменьня рэчаў, між іншым, прыклалі руку немцы. Ужо казалася, што першы пісьмовы помнік жамойцкай мовы быў выдадзены імі, у Кёнігсбэргу. Гэтая праца працягвалася і надалей. І вось, пачынаючы “ад 1579 году ў выданьнях, што таксама выходзяць у Кёнігсбэргу, жмудзкая мова пачынае звацца літоўскай” /П. Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў, с. 38/. Гэта хутка было падхоплена часткаю жамойтаў. Так, у 1595 годзе, выдаючы свой жамойцкі пераклад “Катэхізіса” Якуба Ледэсмы /іспанскі езуіт/, сьвятар Жамойцкай эпархіі М. Даўкша напісаў, што ён зроблены на літоўскую мову. /Jan Bystroń. Katechizm Ledesmy w przekładzie schodnio-liteskim z wydania wileńskiego z roku 1605. Kraków, 1895, s. 2./ З гэтым не згадзіўся невядомы аўтар новага перакладу таго ж “Катэхізіса”, які выдаў яго ў 1605 годзе. У прадмове ён пісаў: “Даходзілі да вушэй маіх шматлікія галасы такіх, якія казалі, што не разумелі Катэхізіса, перакладзенага ксяндзом Мікалаем Даўкшам, бо ён пераклаў яго па-жамойцку /падкрэсьлена мной. – І. Л./ - і прасілі мяне, каб ён быў перакладзены па-літоўску” /тамсама, s. 3/. Такім чынам, новы перакладчык пратэставаў супроць таго, каб жамойцкая мова называлася літоўскай. Але, аказваецца, ягоная “літоўская” мова амаль што нічым не адрозьнівалася ад жамойцкай. На аналіз яе Ян Быстронь траціць больш за 20 старонак, але адзначае ў асноўным толькі дыялектныя асаблівасьці, фанэтычныя ды крыху марфалягічных. Добра бачна, што “літоўская” аўкштоцкая мова - гэта ўсяго дыялект жамойцкай. Зразумела, што калі б ім сапраўды карысталася летапісная літва, то пра спрадвечны падзел “літва – жамойць”, вылучэньне Жамойці ў аўтаномную адзінку Вялікага Княства не было б і гаворкі.
    Як ужо казалася, да азначэньня жамойці як “ніжняй літвы” дачыніліся немцы. А яны не толькі выдавалі на жамойшчыне масу рэлігійнай літаратуры. Яны яшчэ і вывучалі мову ды этнаграфію жамойтаў у болей позьнія часы - ужываючы для азначэньня іх тэрмін “літоўцы”. А навуковая нямецкая думка карысталася вялікім попытам ды аўтарытэтам у Paceі: тут жа служыла шмат вучоных немцаў. Так, адным з буйных балтыстаў канца XIX - пачатку XX стагодзьдзя быў ураджэнец Латвіі Э. Вольтэр /ён якраз і перавыдаў у 1886 годзе “Катэхізіс” у перакладзе Даўкшы/. Вось і прайшло ад немцаў у расейскую навуку, што жамойць - частка летапіснай літвы.
    Самі ж жамойты ўчэпіста трымаліся за сваю гістарычную назву аж да XX стагодзьдзя. Але пачалося жамойцкае адраджэньне, лідэрам якога здалося вельмі прывабным стаць “літоўцамі”, спадкаемцамі магутнага гаспадарства: гэта ж так падымала самасьвядомасьць занядбанага, вечна прыгнечанага народа!
    Так узьнікла ды сасьпела тэрміналягічная блытаніна, з-за якой і сёньня не адважваемся на поўны голас назваць Вялікае Княства Літоўскае, створанае нашымі продкамі крывічамі, дрыгавічамі ды літвой – нашым, беларускім гаспадарствам.
    І я асабіста думаю, што каб нарэшце расьсекчы клубок гэтай блытаніны, хаця б у галовах нашых суграмадзянаў, варта было б у сваёй літаратуры, друку сёньняшніх летувісаў зваць жамойтамі, а краіну іх - Жамойцю, чым была б узноўленая гістарычная справядлівасьць.




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz