sobota, 17 sierpnia 2019

ЎЎЎ 3. Іван Ласкоў. Пішчальнікі не пішчаць (стралецкая быліна). Ч. 3. Койданава. "Кальвіна". 2019.



                                                                          ДАДАТАК

    Добры дзень, Алена Сямёнаўна!
    Нарэшце, пасылаю свой твор, які назваў “стралецкай былінай”... Атрымалася шмат, але, думаецца, чытаць будуць. Шмат прывабнага для падлетка, юнака: уцёкі, стэлы, дзікія зьвяры, змаганьне са стыхіяй, дэтэктыў, нават д’ябальшчыны крыху /у разьдзелах з шаманкай/. Усё гэта прыпраўлена ладнай дозай экзотыкі. Адным словам, ішоў сьцежкай Янкі Маўра, з той толькі розьніцай, што так далёка ад Беларусі беларускіх хлопцаў ён не адсылаў... А калі сур’ёзна, то скарыстаны шэраг гістарычных прац і нават уласныя думкі пра побыт тагачасных якутаў. Спадзяюся, што Ваш суд будзе не надта суровы.
    Прашу прабачэньня за няякасны перадрук, за паперу. Ні добрай паперы, ні стужкі для машынкі, ні нават папяровай папкі для рукапісу тут купіць немагчыма. На машынцы маёй не хапае беларускага “і”, таксама “ў”. Перасылаць жа рукапіс у Мінск рызыкоўна, ды і часу б шмат заняло.
    Настала лета, але я яго, заняты перадрукам, яшчэ не бачыў. Зрэшты, сёлета яно ў нас удалося дажджыстае і халоднае. Толькі вось днямі пачалася звычайная якуцкая сьпёка. Пасылаю Вам аповесьць і пачынаю грэцца. Налета ж, відаць, прыеду грэцца ў Беларусь.
    Усяго найлепшага!
    З прывітаньнем усім, хто мяне памятае
    Ласкоў.
    1 ліпеня 1982 г.
    Якуцк.

         У выдавецтва “Юнацтва”
         ад Ласкова Івана Антонавіча.
    Прашу ўключыць ў выдавецкія пляны і выдаць маю аповесьць для старэйшага школьнага ўзросту “Пішчальнікі не пішчаць”, заяўку на якую пад назвай “Пад крык жаўны” я падаваў у “Юнацтва” ў жніўні 1981 г. Рукапіс і анатацыю дадаю.
    Аб’ём рукапісу – 264 старонкі /з тытульным лістом і зьместам/. На старонцы 30 радкоў па 60 знакаў. Такім чынам, аб’ём у аўтарскіх аркушах – каля 12.
    І. Ласкоў.
    1 ліпеня 1982 г.
                   Мой адрас: 677007 Якутск,
                   ул. Октябрьская д. 5, кв. 7.
                   Тэлефон: 2-66-38.

                                                                  АНАТАЦЫЯ
    Іван Ласкоў. Пішчальнікі не пішчаць. Стралецкая быліна. Для старэйшага школьнага ўзросту. 264 с.
    Дзея аповесьці адбываецца ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя ў Якуціі, праз 10 год пасьля ўваходжаньня гэтага краю ў склад Маскоўскай дзяржавы. Галоўныя героі – два хлопчыкі-падлеткі, беларус і якут. Уцякаючы ад сьмерці, яны пераадольваюць шмат перашкод і ўрэшце дабіраюцца да Ленскага астрога, як тады зваўся будучы горад Якуцк. Твор вострасюжэтны, прыгодніцкі, адначасова зьмяшчае шэраг зьвестак гістарычнага, краязнаўчага і этнаграфічнага характару. Маладых чытачоў аповесьць закліканая вучыць мужнасьці, нязломнасьці, аптымізму, сяброўскім адносінам да чалавека, незалежна ад яго нацыянальнай і расавай прыналежнасьці.
    І.Ласкоў.
    1 ліпеня 1982 г.

    Паважаны Іван Антонавіч!
    Прабачце, што адказваю Вам з невялікім спазьненьнем. Рукапіс Ваш атрымалі і ў пэрспэктыўным пляне ён, як і было ў нас дамоўлена, значыцца. Вось толькі з назвай: усе нашы пляны і анатацыі пішуцца на рускай мове /бо ідуць на чытаньне і зацьвярджэньне ў Маскву/ - Вашы “Пішчальнікі не пішчаць” па-руску гучаць няўдала /а трэба ж, каб і ў пляне не “пішчалі”, а гучалі! – адсюль, з назвы, часам, усё пачынаецца і вызначаецца ў тым ліку і лёс кнігі.../.
    Чаму Вам захацелася памяняць першапачатковую назву?.. /“Пад крык жаўны” – “Под крик иволги”... На “Плач перапёлкі” адгукнуўся, можна сказаць, усесаюзны чытач.../ Я ні на чым не настойваю. Я толькі добра адчуваю, што пішчальнікі /ад пішчалі!/ толькі пішчаць... І гэта, паўтараю, нядобра.
    Рукапіс, як вернецца з адпачынку, аддадзім на рэцэнзію Дм. Бугаёву. Чалавек і крытык ён патрабавальны, прынцыповы і з густам, якім могуць пахваліцца не многія з нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў.
    Рэцэнзію Вам вышлем. Відаць. яна Вам спатрэбіцца і будзе на карысьць, каб яшчэ раз зірнуць – як быццам ужо збоку – на свой рукапіс.
    А пакуль што – новых Вам задум, новых творчых пакут і радасьцей  /яны не існуюць адны без другіх/.
    Няхай здаровыя і вялікія растуць вашы сыны. Самае сардэчнае прывітаньне Валянціне.
    Пойдзем далей!
    Алена Васілевіч.

    Паважаная Алена Сямёнаўна!
    Думаю, што Вы перабольшваеце “пішчаньне”, якое нібыта ідзе ад назвы “Пішчальнікі не пішчаць”. Па-першае, ні ў беларускай, ні ў рускай мове слова “пішчальнік” не азначае некага, хто пішчыць. Як сьведчыць У. І. Даль, яно мае толькі два значэньні: “стрелок, воин, вооруженный пищалью” і “кустовое дерево черемуха” /гэтае значэньне – у часы Даля дыялектнае і цяпер забытае/. Спасылаюся на яго “Толковый словарь”, т. 3, с. 114. Для таго, хто пішчыць, існуюць іншыя словы: “піскун”, “піскля” і т.п. Па-другое, у мяне сказана: “не пішчаць”, і юны чытач лёгка зразумее, што тут гаворка зусім не пра адсутнасьць пішчаньня, бо выраз “не пішчаць!” азначае “не ныць!”, “не скардзіцца!”. З лёгкай рукі А. С. Макаранкі гэты выраз шырока распаўсюдзіўся ў школе, як сярод настаўнікаў, піянэрважатых, так і сярод дзяцей. Такім чынам, сэнс маёй назвы: “стралкі, узброеныя пішчалямі, не скардзяцца, не ныюць”. Якое ж тут пішчаньне?
    Што ж датычыць рускіх чытачоў, то імі мая назва будзе ўспрынятая яшчэ лепш, чым беларусамі, бо рускім словы “пішчаль” і “пішчальнік” вядомыя лепш.
    Для таго, каб высьветліць, удалая назва ці не, трэба, па-першае, суаднесьці яе з творам, па-другое, падумаць, якое ўражаньне зробіць яна на чытача, пакупца кнігі.
    Калі Вы прачытаеце маю “быліну”, то і самі пераканаецеся, што назва “Пішчальнікі не пішчаць” цалкам адпавядае твору, а “Пад крык жаўны” не адпавядае ўсім. Крыку жаўны ў творы амаль што не чуваць. Уся аповесьць – пра адоленьне цяжкасьцей. Мае героі павінны менавіта “не пішчаць”, каб прайсьці свой шлях да канца. Да таго ж, назва ўдала яднае дзьве плыні аповесьці - лёсы дарослых і прыгоды падлеткаў. “Пішчальнікі не пішчаць” – дэвіз Барыса Ліцьвіна – трэба думаць, пастаянна паўтарае ў душы ягоны сын – юны герой аповесьці.
    Цяпер паставім сябе на месца чытача, асабліва юнага, падлетка. Для яго ў назьве “Пішчальнікі не пішчаць” шмат прывабнага. Яна на пачатку не цалкам зразумелая з-за незнаёмага слова “пішчальнікі”. Каб зразумець. трэба чытаць кнігу – значыць, назва інтрыгуе. Яна гучыць афарыстычна; пабудавана на гульні слоў, што таксама падабаецца падлетку. Не будзем забывацца, што твор прызначаны менавіта для падлеткаў. Каб адрас кнігі быў іншы, то я і назву шукаў бы іншую, болей сур’ёзную.
    Міма “Крыка жаўны” чытач-падлетак пройдзе раўнадушна, бо ніколі таго крыку не чуў. Ды і ці мала было ўжо птушыных крыкаў у назвах твораў нашай літаратуры? Назва ж “Пішчальнікі не пішчаць” строга індывідуальная, непаўторная, запамінальная. Яшчэ і таму стаю за яе.
    Сардэчнае прывітаньне ад Валі.
    Ваш І. Ласкоў.
    2 верасьня 1982 г.

    Паважаны Іван Антонавіч!
    Выказваючы сумненьне адносна выбранай Вамі назвы, мне здаецца, я не была катэгарычнай?..
    Проста і мне самой, і ў рэдакцыі, а таксама і ў галоўнай, калі я здавала ўжо анаціраваны плян нашай у пэрспэктыве работы, у мяне спыталі: “Пішчальнікі не пішчаць”?.. Ці не замнога... піску?”
    Зразумела і здымалася, і характар герояў, і выхаваўчая мэта... Толькі сёньняшні чытач – зусім не той, якога выхоўваў некалі А. С. Макаранка. “Не той”, на жаль... Аднак у маім пісьме здаецца, не было націску...
    Я больш за ўсё слухаю і паважаю меркаваньні самога аўтара, тым больш, калі ў яго ёсьць такі творчы вопыт і дасягненьні, якія ёсьць у Вас.
    Зрэшты, яшчэ будзе рэцэнзія, будзе работа з рэдактарам, будуць яшчэ думкі... Работа ж толькі пачынаецца (выдавецкая).
    Жадаю Вам, Валянціне і Вашым сынам шчасьця і добрых надзей. Нязьменна!
    Алена Васілевіч.
    13 IX 1982. Мінск.

             10 Х 1982 г.
                  Мінск.
    Паважаны Іван Антонавіч!
    Ну вось, як я пісала Вам у папярэднім сваім пісьме, рэцэнзію Д. Бугаева рэдакцыя атрымала, і мы з задавальненьнем пасылаем яе Вам разам з рукапісам.
    Рэдакцыя вельмі добразычлівая і ў той жа час канкрэтная і дакладная ў пэўных момантах. якія патрабуюць аўтарскай увагі і працы – дадаткова.
    Шчыра жадаем Вам посьпеху, а чытачам сустрэчы з новай цікавай кнігай.
    Прывітаньне Валянціне узаемнае – няхай вялікія і здаровыя растуць Вашы сыны!
    Шчыра Алена Васілевіч.
    Р. S. Рэцэнзэнт наконт назвы не пярэчыць.
     Я “здымаю”, я “устрымаюся” таксама...
                                                     /подпіс/

                                                                       РЭЦЭНЗІЯ
                                   на аповесьць Івана Ласкова “Пішчальнікі не пішчаць”
                                   /машынапіс, прадстаўлены ў выдавецтва “Юнацтва”/
    Аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць” зьяўляецца прыгодніцкім творам, прызначаным для юнацтва. У гэтым творы ёсьць добрая сюжэтная напружанасьць, займальнасьць у разьвіцьці падзей. Аповесьць вытрымана ў традыцыях прыгодніцкага жанру. Калі браць беларускую літаратуру, дык відаць пэўная пераклічка аўтара з творамі Міхася Лынькова і асабліва Янкі Маўра. Пераклічка не ў паўтарэньні канкрэтных сытуацый, сюжэтных паваротаў або стылістыкі, а ў самім стаўленьні да традыцый прыгодніцкага жанру. Я гэтым зусім не хачу сказаць , што твор Івана Ласкова напісаны з тым жа майстэрствам, з якім напісаны лепшыя творы для дзяцей Міхася Лынькова і Янкі Маўра. Але школа гэтых пісьменьнікаў і ўвогуле клясычнай прыгодніцкай літаратуры ў аповесьці Івана Ласкова адчуваецца. Адчуваецца і ўласны пісьменьніцкі талент аўтара, сваё асабістае веданьне той рэчаіснасьці, якая адлюстроўваецца ў аповесьці.
    Карацей кажучы, я думаю, што Івану Ласкову ўдалося напісаць цікавы і патрэбны твор для юнацтва. Гэты твор знаёміць беларускага чытача з невядомай яму сфэрай рэчаіснасьці /невядомай па беларускай літаратуры/ - з Якуціяй XVII стагодзьдзя. Пра жыцьцё і побыт якутаў, самую прыроду іх краю Іван Ласкоў расказвае з той гуманістычнай зацікаўленасьцю, якая таксама стала ўжо добрай традыцыяй прагрэсіўнай прыгодніцкай літаратуры, асабліва літаратуры савецкай. Вядома, аўтару прыходзіцца даваць і шмат экзатычных дэталей і падрабязнасьцей, без якіх нельга абысьціся, калі гаворка ідзе пра малавядомыя для той ці іншай катэгорыі людзей краіны, геаграфічныя рэгіёны, падзеі. Для беларускага чытача Якуція XVII стагодзьдзя таксама шмат у чым выглядае /і не можа не выглядаць/ экзатычна. Гэта натуральна і непазьбежна, хаця ў пачатку аповесьці, пакуль не прызвычаісься да нязвыклай рэальнасьці твора, здаецца. што экзатычных дэталей мнагавата. Адзначу разам з тым, што дэталі гэтыя ўводзяцца ў мастацкую тканіну твора натуральна, па меры разгортваньня сюжэтнага дзеяньня. Дзякуючы гэтаму паступова ўжываесься ў намаляваны пісьменьнікам экзатычны сьвет якуцкага жыцьця і ўжо не спатыкаесься на самых экзатычных дэталях і падрабязнасьцях, а ўсё з большай увагай пачынаеш сачыць за лёсам герояў.
    Найбольш удаліся Івану Ласкову вобразы разумных і цікаўных падлеткаў - беларуса Андрэя Арахоўскага і якута, названага Андрэем Братам. Займальныя прыгоды гэтых падлеткаў, якія трапляюць у самыя складаныя і нечуваныя сытуацыі, але заўсёды знаходзяць нейкае разумнае выйсьце, і складаюць асноўны сюжэтны каркас твора. Сваю цікавасьць маюць для чытача і вобразы дарослых герояў, сярод якіх найбольш вылучаецца Андрэяў бацька Барыс Ліцьвін /Арахоўскі/. Для яго характэрны вялікая мужнасьць, высакародзтва, абсалютная сумленнасьць, любоў да свайго далёкага ад Якуціі краю, а таксама прыязнае стаўленьне да ўсіх добрых людзей, з якімі яму даводзіцца сутыкацца на сваім пакручастым і вельмі нялёгкім жыцьцёвым шляху.
    У адпаведнасьці з выпрабаванымі часам канонамі прыгодніцкай літаратуры ў аповесьці Івана Ласкова няма строга рэалістычнай дэтэрмініраванасьці і вялікай псыхалягічнай заглыбленасьці чалавечых характараў, уласьцівых, скажам, літаратуры клясычнага рэалізму, але аўтар на гэта і не прэтэндуе. Месцамі адчуваецца і пэўны налёт ўмоўнасьці і нават казачнасьці, што таксама не толькі не супярэчыць традыцыям прыгодніцкага жанру, але і дапамагае героям ратавацца ў самых, здавалася б, безвыходных сытуацыях. Такім чынам, у прынцыпе гэтыя ўмоўнасьць і налёт казачнасьці дапушчальныя, у большасьці выпадкаў апраўданыя самім жанрам твора, асаблівасьцямі прыгодніцкай літаратуры. Выпадак, нечаканае супадзеньне, асабліва шчасьлівы зьбег акалічнасьцей у самых напружаных і адказных момантах – усё гэта законныя сродкі і прыёмы ў прыгодніцкіх творах. Але пэўныя межы ў сэнсе жыцьцёвай верагоднасьці застаюцца дзейснымі, неабходнымі і ў творах прыгодніцкіх. Калі мне, напрыклад, у самым распрыгодніцкім творы напішуць, што чалавек скінуўся з пятага ці шостага паверху на асфальт і застаўся жывы і непакалечаны, дык я не паверу. І ніякае прыгодніцтва, ніякая ўмоўнасьць тут апраўданымі быць не могуць. Праўда, у творы фантастычным, адкрыта казачным, без прэтэнзій на якую б там ні было рэалістычнасьць у матывіроўках, аўтар у такіх сытуацыях можа свабодна падключыць якую-небудзь нячыстую сілу, якая і выратуе чалавека. І я, чытач, нічога не змагу запярэчыць аўтару. У аповесьці Івана Ласкова гаворка пра чыстую фантастыку не ідзе, наадварот, тут маецца на ўвазе, што рэалістычнасьць матывіровак застаецца. У цэлым, як правіла, рэалістычнасьць гэтая, жыцьцёвая верагоднасьць у матывіроўках вытрымліваецца. Але ёсьць у пісьменьніка асобныя выпадкі і яўных перахлёстаў у гэтым сэнсе, Так, на стар. 121 на якута нападае велізарны тыгар. Ён падкідвае хлопца, “як шапку”. “І б’е лапамі па баках то зьлева, то справа”. Тут раздаецца нечаканы стрэл пішчалі, тыгар аказваецца забітым, а хлопец застаецца жывы. Тыгар яго талькі трохі памяў. Дык стрэл, пры ўсёй яго нечаканасьці, тут законны. Але раздаецца ён трохі запозьнена, бо дасьведчаныя людзі кажуць, што і аднаго добрага тыгрынага ўдару дастаткова, каб забіць чалавека.
    Ад тыгра пяройдзем да блыхі. На стар. 228 ваявода ў прысутнасьці падлетка “запусьціў руку сабе за каўнер, паварушыў там пальцамі, дастаў блыху, уважліва агледзеў яе, кінуў на падлогу, растаптаў і плюнуў”. Па-першае, гэтая лоўля блыхі не зусім эстэтычна выглядае. І наўрад ці гэта лепшы сродак зьніжэньня вобраза ваяводы. А па-другое, не так лёгка дастаць тую блыху з-за каўняра, бо яе яшчэ трэба злавіць. А блохі, як вядома, вельмі спрытныя, На вобмацак іх не вельмі і зловіш. А ўжо калі кінуць блыху на падлогу, дык яна /блыха а не падлога/ не будзе чакаць, каб яе і растапталі.
    Не асабліва мэтазгоднымі ўяўляюцца мне і сцэны з шаманкай Дзелэрыер /дзевяты разьдзел другой часткі/. Гэтыя сцэны незбалянсаваны ні з пункту гледжаньня рэалістычна матываванай праўдападобнасьці, звычайнай жыцьцёвай верагоднасьці, ні з пункту гледжаньня чыстай умоўнасьці фантастычнага твора. Нейкая палавінчатасьць і ў тых і ў другіх адносінах толькі заблытвае справу і, мне здаецца. будзе толькі шкоднай для чытачоў юнацкага ўзросту. Падкрэсьлю, што гутарка ідзе пра тое, нібыта пра шаманку ўвогуле шкодна ці зусім нельга пісаць у творы для юнацтва. Я маю на ўвазе толькі вытлумачэньне /аўтарскае вытлумачэньне/ тых эфэктаў, якія так зьдзіўляюць падлеткаў, герояў твора, у дзеяньнях шаманкі. Калі гэтыя сцэны пакідаць /а у сюжэтным разгортваньні твора яны нялішнія/, дык патрэбен нейкі аўтарскі камэнтарый, які б ці зьнімаў усю чартаўшчыну рэалістычным тлумачэньнем шаманскіх эфэктаў, ці пераводзіў сцэны ў адкрыты казачна-фантастычны плян. Першае больш пажадана.
    А ўвогуле трэба зазначыць, што Іван Ласкоў часта даволі ўдала карыстаецца і аўтарскім камэнтарыем, па ходу справы ўмешваючыся ў сюжэтнае разьвіцьцё. Часам гэта робіцца і з гумарыстычнымі нотамі, часам на поўным сур’ёзе, але і ў тых і ў другіх выпадках ідзе на карысьць твору.
    Аповесьць Івана Ласкова добра, з цікавасьцю чытаецца, хаця зрэдку ў ёй усё ж спатыкаесься на стылёвых шурпатасьцях, калі аўтар піша: “прыязна выскаліўся”, “перакрочылі хмызьняк”, “з зубоўны скрыгатам абгрыз костку”, “непад’ёмныя ад вады кажушкі”, “не было сэнсу вычэрпваць коней” /у сэнсе выкарыстаць усе іх сілы/ і інш.
    Думаю. што аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць” трэба выдаць.
    Дацэнт БДУ імя У. І. Леніна /подпіс/ Д. Бугаёў.
    1. 10. 1982.

       Выдавецтва “Юнацтва”
             Васілевіч А. С.
    Паважаная Алена Сямёнаўна!
    Пасылаю адрэдагаваную аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць”. Шчыра дзякую Дз. Бугаёву за падрабязны, канкрэтны і чулы разгляд. Яго заўвагі мною ўлічаны. У гэтым лёгка ўпэўніцца. калі зьвярнуцца да старонак. на якія ўказвае рэцэнзэнт. Пакажу на прыкладах. Першы – наконт “чартаўшчыны”, што адбываецца ва ўразе шаманкі. Дзівосы тыя тлумачацца гіпнозам, якім якуцкія шаманы /сапраўдныя/ шырока карысталіся. Здольнасьць гіпнатызаваць і цяпер сустракаецца ў якутаў. Так, непадалёк ад Якуцка жыве дзяўчынка /вучыцца ў 10 клясе/, якая ўсыпляе не толькі аднагодкаў, але і дарослых. Адзін мой знаёмы штомесяц возіць да яе свайго не зусім нармальнага сына на “сэансы”, у выніку якіх хлопец на месяц робіцца нармальным.
    Вядома, наш чытач гэтага не ведае, і Дз. Бугаёў мае рацыю, калі піша, што патрэбна рэалістычнае тлумачэньне. Але я не стаў даваць такое тлумачэньне тут жа, дзе шаманка паказвае свае “фокусы” – каб неразьбіваць уражаньне. Тлумачэньне чытач знойдзе пазьней, у наступным разьдзеле /стар. 159 рукапісу/.
    Наконт тыгра. У 1908 годзе ў Якуцію сапраўды зайшоў усурыйскі тыгар /яго чучала і сёньня стаіць у Якуцкім краязнаўчым музэі/. Калі аглядзелі яго сьляды, ніхто з паляўнічых і не падумаў, што гэта не мядзьведзь – да таго сьляды былі падобныя да мядзьведжых. Пайшлі па сьлядах. Адзін сьмяляк выперадзіў таварышаў і заплаціў за гэта жыцьцём. Тыя, хто адстаў ад яго, раптам пачулі жудасны рык і лямант таварыша, пабеглі на гукі – карціна была менавіта такой, як я малюю: тыгар падкідваў чалавека і даваў аплявухі то справа, то зьлева. Тыгра забілі, але, на жаль, позна: небарака паляўнічы памёр.
    У мне стрэл дзеда Амелькі гучыць тут жа, як тыгар нападае на кулута, таму кулут пасьля цяжкой хваробы і ўстае на ногі. Дарэчы, ён у мяне ляжыць даволі доўга, і рэцэнзэнт не зусім правільна заўважае, што тыгар яго толькі “крыху памяў”. Але на ўсялякі выпадак я здымаю фразу “і б’е то зьлева, то справа”, пакідаючы толькі “падкідвае, як шапку”. Улічваючы, што мой герой апрануты ў зімовае адзеньне, у скураную кашулю, не здаецца неверагодным яго выратаваньне /не трэба забывацца яшчэ і на вялікую выносьлівасьць людзей, што жывуць пасярод прыроды/.
    І гэтак далей – не буду дэманстраваць усю работу па заўвагах. Зроблена мной і дадатковая праўка з уласных меркаваньняў.
    Вельмі хацелася б ведаць: на які год выданьня гэтай рэчы я магу разьлічваць?
    З найлепшымі навагоднімі пажаданьнямі Вам, Дз. Я. Бугаёву, супрацоўнікам Вашай рэдакцыі.
    Іван Ласкоў
    29 сьнежня 1982 года.

    [Атрыманы ў Якуцку 30. 1. 83.]
    Паважаны Іван Антонавіч!
    Рукапіс Ваш, дапрацаваны згодна з пажаданьнямі і прапановамі нашага рэцэнзэнта Дз. Бугаёва, рэдакцыя атрымала. Паведамляю Вам, што Галоўная рэдакцыя выдавецтва “Юнацтва” плянуе яго на 1985 год.
    Працяг далейшай работы, непасрэднай работы рэдактара з рукапісам, будзе у наступным годзе. Відаць, яшчэ спатрэбіцца вырашаць некаторыя пытаньні Вам з рэдактарам, але гэта - звычайны, выдавецкі працэс. Ён Вам не у навіну.
    Шчыра жадаю Вам посьпеху!
    Прывітаньне Валянціне. Няхай растуць вялікія і здаровыя – маё нязьменнае пажаданьне - Вашы сыны!
    /подпіс/ Алена Васілевіч

     Выдавецтва “Юнацтва”
    220600, г. Мінск, праспэкт Машэрава, 11
    Тэл. 23-33-26, 23-30-26
    Ад 20. 10. 83. № 19/543.
    Паважаны Іван Антонавіч!
    Галоўная рэдакцыя азнаёмілася з заключэньнем, дадзеным на Ваш рукапіс загадчыцай рэдакцыі і літаратуры для юнацтва Валянцінай Мiхайлаўнай Коўтун, і поўнасьцю далучаецца да яе ацэнак і высноў. Рукапіс вяртаем.
    Галоўны рэдактар /подпіс/ Каршукоў Я. І.

                                                               ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ
                                                    на рукапіс кнігі Івана Ласкова
                                           “Пішчальнікі не пішчаць” /265 старонак/
    Паважаны Іван Антонавіч!
    Беларускі чытач ужо знаёмы з Вашай творчасьцю. Аднак згадзіцеся, што кожны новы твор - гэта новы экзамэн, новае выпрабаваньне, дзе нават самага вопытнага аўтара можа напаткаць не толькі чаканы посьпех, але і расчараваньні. Гэта, зрэшты, усе творчыя людзі ведаюць.
    Прачыталі Ваш рукапіс “Пішчальнікі не пішчаць”. Рэцэнзію на яго дацэнта БДУ Д. Я. Бугаёва - таксама. Узьнікла патрэба пагаварыць, зыходзячы, вядома, з самых добразычлівых намераў.
    Поўнасьцю згодная з шаноўным рэцэнзэнтам у тым, што Ваш твор “знаёміць беларускага чытача з невядомай яму сфэрай рэчаіснасьці /невядомай па беларускай літаратуры/ - з Якуціяй ХVII ст.”. Сапраўды, дэталі этнаграфічнага характару і нават, зрэдку, псыхалёгіі старажытных якутаў у Вашым выкладаньні даволі цікавыя. Адчуваецца, што вы многа вывучылі, паназіралі, распыталі ў насельніцтва, вычыталі ў спэцыяльнай літаратуры.
    Гэта можна толькі ўхваліць.
    Гаворачы пра “намаляваны пісьменьнікам экзатычны сьвет якуцкага жыцьця”, Д. Я. Бугаёў зазначае: “У адпаведнасьці з выпрабаванымі часам канонамі прыгодніцкай літаратуры ў аповесьці Івана Ласкова няма строга рэалістычнай дэтэрмініраванасьці і вялікай псыхалягічнай заглыбленасьці чалавечых характараў, уласьцівых, скажам, літаратуры клясычнага рэалізму, але аўтар на гэта і не прэтэндуе”. Што ж, паспрабуем усьлед за крытыкам не патрабаваць ад прыгодніцкага жанру “вялікай псыхалягічнай заглыбленасьці чалавечых характараў”, на якую, маўляў, аўтар і не прэтэндуе. Але што гэта: пахвальба ці ганьба?
    З далейшых разваг рэцэнзэнта можна зразумець, што Дзьмітрый Якаўлевіч апраўдвае гэтую псыхалягічную недастатковасьць і адсутнасьць клясычнай рэалістычнай дэтэрмініраванасьці ў Вашым рукапісе, карыстаючыся шчытом пастаянных умоўных спасылак на “каноны прыгодніцкай літаратуры”, нібыта апошнія павінны апраўдаць слабасьці мастацкага твора. І гэта - пры сучасным разьвіцьці прыгодніцкага жанру! У такім выпадку варта запытаць у самога пісьменьніка, а ці падабаецца яму вось такая хоць і не пагардлівая, але даволі паблажлівая літасьць рэцэнзэнта?
    Так, я згодна з тым, што ўмоўнасьць i казачнасьць не супярэчаць традыцыям прыгодніцкага жанру, гэта, зрэшты, аснова разгортваньня сюжэта. Але перад усім аўтар павінен добра прадумаць кожны сюжэцкі рух, кожны псыхалягічны паварот у разьвіцьці характараў. Іменна не толькі фабульны, але ўсё-ткі маральна-этычны, калі ўлічыць, што барацьба дабра са злом /абвостраная у прыгодніцкім жанры/ заўсёды і ўсюды была і будзе зьява глыбока псыхалягічнай.
    І справа нават не толькі ў абсурднасьці такіх фактаў, як “гульня” тыгра з хлопчыкам, сустрэча з таямнічай шаманкай, дзе аўтару здраджвае не толькі пачуцьцё меры, але і элемэнтарная лёгіка, на што зьвяртае ўвагу і рэцэнзэнт. Гэты сьпіс можна дапоўніць невераемным уловам голымі рукамі магутнага асятра, да таго ж з шыпамі на хвасьце, ці тым фактам, што падлетак не адзін дзень ішоў праз марозную сьнежную Якуцію ў дрэннай вопратцы і дзіравых лёгкіх сарах. Да таго ж, здаецца, на босую нагу. Нават уявіць гэтае падарожжа страшна, ды і немагчыма. У Якуціі, наколькі мне вядома, сьнягі і маразы ой якія! Стаўка на экзатычнасьць у дадзеным выпадку прыводзіць да адмоўнага эфэкту.
    Але самае галоўнае - гэта недастаткова прадуманая маральна-этычная аснова характараў.
    Як доўга і фантастычна цяжка ішлося героям да роду Брата! Урэшце, перажыўшы шмат выпрабаваньняў, хлопцы прыходзяць да вываду, што мэта іх вандраваньняў беспэрспэктыўная: маўляў, род Брата на выратаваньне Андрэевага брата не пойдзе! Вось табе і маеш! А чытач перагартаў ужо большую палову кніжкі. Няўжо ж толькі для таго, каб даведацца, што чалавека так вось проста можна пакінуць у бядзе. І не проста чалавека, а бацьку. Вось урывак:
    “ - Ведаеш, Браце, не хочацца болей твой род шукаці, - прызнаўся Андрэй.
    - Пашто?
    - Дзе ён цяпер, хто ведае? Колькі блукаці будзем? А знойдзем - што карысьці весьці тваіх мужчын да Байдона, раз бацькі, пэўна, ужо і сёньня жывога няма?..” Брат, якуцкі хлопчык, адразу з гэтым згаджаецца.
    Паверце, Іван Антонавіч, калі я гэта прачытала, мне стала, мякка кажучы, страшнавата. Успомнім, што бацька Андрэя застаўся ў небясьпецы з цэлым атрадам казакоў з пішчалямі. Зрэшты, калі б сытуацыя была нават вельмі складанай і безнадзейнай, то ўсёроўна чытач не змог бы прабачыць Вашым героям гэтую маральную здраду.
    Што ж, можна, а часам і трэба намаляваць літаратурных герояў мужнымі, сьмелымі, знаходлівымі /у рэчышчы “канонаў прыгодніцкай літаратуры”/. Героі Вашай аповесьці таксама сьмелыя і знаходлівыя хлопцы, многія іх учынкі вельмі сымпатычныя. Але ж стрыжань аповесьці трымаецца менавіта на галоўнай мэце пэўных паводзін, усёй барацьбы і г.д., а не на асобных прыгодніцкіх момантах.
    Успомнім, што героі Жуля Верна не заўсёды звышсьмелыя і дужыя /”Дзеці капітана Гранта”/, а часам і наадварот. Але нашаму чытачу імпануе іх вернасьць высокім ідэалам Чалавечнасьці, сапраўдная духоўная мужнасьць. І гэтая вера вядзе іх праз усе рыфы да бацькі, у сьмерць якога ім можна было б паверыць з большай абгрунтаванасьцю, чым Вашаму даросла-раўнадушнаму Андрэю. Уся справа у тым, што караблі такіх герояў, як любімыя моладзьдзю героі Жуля Верна, у прынцыпе не маглі зьмяніць свайго галоўнага курсу.
    Прабачце, я не хачу сысьці на маралізатарскі тон. Але усё ж дазволю сабе нагадаць Вам, паважаны Іван Антонавіч, што літаратура - навука выхаваньня цудоўнага, і тут няма дробязей. Упэўнена, што пры дапрацоўцы твора усё гэта будзе ўлічана.
    Цяпер аб сюжэце. Адразу скажу, што найбольш удалая трэцяя частка. Але ўвогуле ў мяне склалася ўражаньне, што дзеля этнаграфічных выкладак Вы знарачыта зацягваеце апавяданьне. І сапраўды, ёсьць многа цікавых апісаньняў, фактаў, назіраньняў над жыцьцём Якуціі. Але тут таксама патрэбны добры адбор. Напрыклад, зьмест першага разьдзела з захаваньнем галоўных этнаграфічных момантаў можна ўмясьціць у 1-2 разьдзелу.
    І яшчэ адно. Спэцыяльна перагледзела “Пятра Першага А. Талстога. Цікавіў стыль гэтага твора, асабліва мова герояў. Ёсьць элемэнты стылізацыі, моўнай набліжанасьці да эпохі, але усё зроблена ашчадна, з густам і пачуцьцём меры.
    Перачытваючы клясычны раман, хацела пераканацца ў правільнасьці сваіх ацэнак /без ніякіх намераў супрацьпаставіць два розных творы/, сваіх назіраньняў над мовай Вашага рукапісу. Высновы - сумныя. Вельмі многа русізмаў, граматычных і стылёвых памылак. Да таго ж дыялёгі і маналёгі, якія складаюць большую палову тэксту, знарачыта стылізаваныя пад старарускую мову, грувасткія і зацягнутыя, а таму да сэнсу прабіваесься вельмі марудна.
    Для стварэньня пэўнага калярыту дастаткова ўжываць некалькі выразных слоў, словазлучэньняў і граматычных форм. Каб не страціць пачуцьцё меры.
    Мяркую, што нашаму чытачу і не зможацца, і не захочацца да канца прачытаць вось такі, напрыклад, маналёг:
    “- Башлыком у нас быў Воін Шахаў, муж харобры, адчайны. Летась не памагло яму тое. Будзь, зямля, Воіну пухам - пайшоў пясок каравуліць, забілі мяцежнікі атамайцы на Сіцэ-рацэ. Сказваў сам, малады як таць прамышляў, у каталажцы блох карміў, ды гасудару бясстрашшам прыглянуўся - пад бізуном песьні пеў, гасудар рэча: “У Сыбір пойдзеш служыці? Сынам баярскім павярстаю”. Воін тут жа згоду даў і пайшоў у Сыбір.., Такі ў нас ясатчык быў. Не заўсёды цар і бог заадно: дараваў Воінку гасудар, а гасподзь, відаць, не забыў, кім быў у мінулых годзех: не прынёс нам удачы башлык. То зімоўе згарыць, то аманаты зьбягуць, то паб’юць каго-небудзь з нас да сьмерці, хто ад хваробы памрэ. На два гады выпраўляліся, а праседзелі на Вілуі шэсьць: не прыйшла перамена. Гасударава жалаваньня нічога не асталося: ні жыта, ні зельля; адэкуй раздалі, а без адэкую ясак іназемцы даваці не хочуць. Самім есьці няма чаго, а яшчэ аманатаў кармі. Хлеб у прамышленых людзей куплялі дарагой цаною. А яшчэ ад ліхіх людзей адбіваліся, ад казакоў мангазейскіх ды енісейскіх: тож ясак зьбіраюць, а іназемцаў тых жа саміх імаці наровяць. Цяпера ўжо такога няма, ваявода цьвёрда ўладу трывае, увесь ясак у Ленскі астрожак сьцякаецца , а ў мінулых годзех ішла пушніна і ў Таболеск, і ў Енісейск, і ў Мангазейскі горад... Эх, другі, цяжка тое ўспамінаці, хоць пішчальнікі і не пішчаць. І елі усякае скверна, і душы свае пасквярнілі”.
    Думаю, Вам трэба яшчэ раз /і ці адзін!/ перачытаць сваю стралецкую быліну, выбраць самыя цікавыя этнаграфічна-пазнавальныя дэталі і малюнкі, сюжэтныя вузлы і факты, каб потым ужыць іх у новым варыянце.
    Рукапіс аповесьці “Пішчальнікі не пішчаць” патрабуе грунтоўнай усебаковай перапрацоўкі. Магчыма, Вам захочацца на гэтай аснове стварыць нават нешта новае, - з лягічным і дынамічным сюжэтам, з маральна апраўданымі і псыхалягічна насычанымі характарамі, з выразным эстэтычным стрыжнем.
    Сам па сабе матэрыял зьмястоўны, многія старонкі чытаюцца з неаслабнай цікавасьцю. Застаецца толькі падключыць іх да лініі высокага мастацкага напружаньня.
    Жадаючы посьпехаў у перапрацоўцы твора, веру ў станоўчае вырашэньне праблемы.
    Рукапіс да друку не гатовы. Высылаем яго на перагляд.
    З павагай
    Загадчык рэдакцыі л-ры для юнацтва
    /подпіс/ Валянціна Коўтун.

      Выдавецтва “Юнацтва”
    Дырэктару т. Лукшу В. А.
    Паважаны Валянцін Антонавіч!
    Зьвяртаюся да Вас з вялікай просьбай.
    1 ліпеня 1982 г., я паслаў у “Юнацтва” сваю гісторыка-прыгодніцкую аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць” /12 аўт. арк./ 10 кастрычніка 1982 г. я атрымаў ад загадчыка рэдакцыі літаратуры для старэйшага ўзросту А. С. Васілевіч вельмі станоўчую рэцэнзію Дз. Я. Бугаёва і рукапіс аповесьці. Дапрацаваўшы аповесьць згодна з заўвагамі рэцэнзэнта, я зноў адправіў яе ў “Юнацтва”. Пасьля гэтага /30. 1. 1983/ я атрымаў афіцыйны ліст ад А. С. Васілевіч, у якім яна пісала: “Рукапіс Ваш, дапрацаваны згодна з пажаданьнямі і прапановамі нашага рэцэнзэнта Дз. Бугаёва. рэдакцыя атрымала. Паведамляю Вам, што Галоўная рэдакцыя выдавецтва”Юнацтва” плянуе яе на 1985 год”.
    І вось нечакана 27. ХІ г. г. атрымліваю сваю аповесьць з заключэньнем новага загадчыка рэдакцыі В. М. Коўтун. У заключэньні сказана, што мой твор нельга друкаваць.
    Шчыра кажучы, доўга не мог паверыць прачытанаму. Як гэта можа быць, каб рукапіс быў спачатку ўхвалены, а потым адхілены? Добра, хай зьмяніўся загадчык рэдакцыі, але ж ці вызваляе гэта выдавецтвы ад абавязацельстваў, дадзеных былым кіраўніцтвам? А думка рэцэнзэнта, добра вядомага ў нашай крытыцы чалавека, думка аб’ектыўная хаця б таму, што аўтар не знаёмы з рэцэнзэнтам? Можа, В. М. Коўтун зьвярнулася да нейкага новага рэцэнзэнта, яшчэ болей кваліфікаванага?
    Не В. М. Коўтун перакрэсьлівае мой твор уласнай рукой, уласным “Заключэньнем”.
    “Заключэньне”гэтае, на мой погляд, павярхоўнае. У ім не закрануты нават такія пытаньні, як ідэйная накіраванасьць твора, яго пазнавальнае і выхаваўчае значэньне. Аўтар водгуку не падышла да маёй аповесьці як да твора дзіцячай літаратуры. Яе заўвагі па сюжэце, характарах, асобных дэталях дробязныя і не могуць быць перашкодай на шляху аповесьці да чытача.
    Такім чынам. у маім выпадку Вашым выдавецтвам парушаны нормы адносін да аўтараў. Без важкіх падстаў, без дадатковага, прычым сур’ёзнага рэцэнзаваньня адхілены папярэдне ўхвалены твор.
    На вялікі жаль, не маю магчымасьці зьвярнуцца са сваім творам у іншае выдавецтва, бо, акрамя “Юнацтва”, твораў для дзяцей на беларускай мове сёньня ніхто не выдае. Таму прыходзіцца праглынуць крыўду, нанесеную В. М. Коўтун, і прасіць Вас аб наступным:
    1) разгледзець нанова мой твор і
    2) накіраваць яго ў рэдакцыю літаратуры для сярэдняга ўзросту. якому мая аповесьць таксама адпавядае.
    Падрабязны разгляд “Заключэньня” В. М. Коўтун дадаю.
    З надзеяй на Вашу дапамогу
    Іван Ласкоў.
    28. ХІ. 1983
    677007 Якутск, ул. Октябрьская, д. 5, кв. 7
    Ласкову Ивану Антоновичу

                                  Пра “Заключэньне” В. М. Коўтун на рукапіс маёй
                                                аповесьці “Пішчальнікі не пішчаць”
    Перш за ўсё В. М.Коўтун адхіляе мой твор, не зрабіўшы ніводнай сур’ёзнай заўвагі ні сюжэтнага, ні ідэйна-мастацкага характару. Тыя ж “заганы”, якія яна адзначае, калі б і былі заганамі, лёгка выправіць, г. зн. давесьці да ладу рэдагаваньнем.
    Па-другое, аўтар заключэньня, як адчуваецца, не разумее спэцыфікі літаратуры для дзяцей. Яна ўвесь час паўтарае, што мой твор прыгодніцкі, а што ён скіраваны да юнага чытача, ніводнага разу не прыгадвае. Між тым, у літаратуры для дзяцей ёсьць свая спэцыфіка. Так, Дз. Я. Бугаёў у сваёй рэцэнзіі на маю аповесьць слушна заўважае, што ў ёй “няма... вялікай псыхалягічнай заглыбленнасьці чалавечых характараў”. В. М. Коўтун хапаецца за гэта і саркастычна пытае: “Шо гэта: пахвальба ці ганьба?” На яе думку, атрымліваецца, што “ганьба”.
    В. М. Коўтун павінна была б ведаць, што ў літаратуры для дзяцей і не можа быць псыхалягічнай заглыбленасьці. Яна творам для дзяцей супрацьпаказана. Творы з псыхалягічнай заглыбленнасьцю дзеці не чытаюць.
    Па-трэцяе, няма сумненьняў, што мой твор В. М. Коўтун чытала вельмі няўважліва. Пра гэта сьведчаць яе заўвагі.
    Вось, напрыклад, яна піша, што мой герой “ішоў праз марозную сьнежную Якуцію ў дрэннай вопратцы і дзіравых лёгкіх сарах. Да таго ж, здаецца, на босую нагу”. Між тым, у аповесьці неаднаразова сказана, што на Андрэю і кажушок, і кашуля, і шапка /ён унікае ад Байдона ў тым, у чым паехаў да яго разам з бацькам – ясна, што ў такім разе дрэннай вопраткі быць не магло/. Тарбосы з яго Байдон зьняў, але засталіся анучы. Так, на стар. 75 прама сказана: “Падагнуў ногі свае ў анучах, сумуе”.
    В. М. Коўтун абураецца словамі Андрэя, зьвернутымі да кулута: “Ведаеш, Браце, не хочацца болей твой род шукаці. / ... / Колькі блукаць будзем? А знойдзем – што карысьці весьці тваіх мужчын на Байдона, раз бацькі, пэўна, ужо і сёньня жывога няма?” /с. 115/. А таго не заўважае, што яшчэ раней Андрэй, пачуўшы ад кулута яго гісторыю /род і самога Брата не абараніў, што ж тады чакаць ад яго, каб абараніў бацьку Андрэя/, думае: “Не, не пойдуць мужчыны Братавага роду Байдона ваяваці. Нават будзе іх знойдзем” /с. 109/. Зразумела, сказаць кулуту такія крыўдныя для яго словы Андрэй не можа, таму і знаходзіць болей далікатную прычыну не шукаць род Брата. Далей, ужо ад моманту ўцёкаў хлопцаў да моманту размовы прайшло з тыдзень. Ці ж можна прасядзець тыдзень без дроў у бяроставым збудаваньні ўзімку? Без яды! Ды і ці стануць узброеныя людзі сядзяць, чакаючы сьмерці? Для Андрэя ясна, што яны абавязкова зробяць спробу вырвацца, але занадта вялікія сіла ў Байдона, каб такая спроба была пасьпяховай. Далей, хлопцы ж не ведаюць нават, дзе шукаць род кулута! Дзе ж знаходзяцца Ленскі астрог, Андрэй добра ведае і цяпер імкнецца туды. В. М. Коўтун не падабаецца “рацыяналізм” Андрэя: маўляў, бацьку забыў, ратуючы сябе. Гэта няпраўда. Андрэй часта прыгадвае бацьку ў самых розных выпадках – напрыклад, ловячы асятра /с. 210/, а ў канцы не паддаецца на ўгаворы і пагрозы ваяводы, што вучыць прадаць бацьку, абы ўратавацца самому /разьдзел “Няпраўда... усё няпраўда!”/ А што ён у сваіх блуканьнях рыхтуе сабе да самага горшага /сьмерці бацькі/ - зразумела: такі быў час і такія ўмовы.
    В. М. Коўтун спасылаецца на “Дзяцей капітана Гранта”. Але ж там зусім іншы сюжэт. Дзецям капітана Гранта трэба толькі знайсьці востраў, на якім, вераць яны, знойдуць бацьку. Шукаюць яны не адны, з дарослымі. А мой герой не можа разьлічваць ні на чыю дапамогу. Вярнуўшыся ва ўладаньні Байдона. ён рызыкуе зноў трапіць у яго рукі. У такіх умовах ён і выбірае шлях у астрог.
    Шлях, дарэчы, гэты не самы лёгкі. Прыгадаем, як дзед Амелька прапануе Андрэю застацца ў яго. Але Андрэй рашуча адмаўляецца, думаючы не аб сабе, і нават не аб бацьку, а аб зусім чужых людзях: “Павінен я да астрога дайсьці, ваяводзе пра здраду Байдона данесьці. Хай ваявода ведае, ажбы іных той жа дарогай не пасылаў на сьмерць”. Мой герой мужны, сумленны, адданы. Колькі разоў ратуе ён свайго спадарожніка – кулута! А як  мужна трымацца перад ваяводам! А як не баіцца ніякай працы! Думаецца, што папрокі В. М. Коўтун у яго адрас проста несправядлівыя.
    Па-чацвертае. В. М. Коўтун чамусьці здаецца, што пра Якуцію, яе прыроду, людзей і гісторыю яна ведае лепш, чым аўтар, які жыве ў Якуціі 12 год, лепш за мяне ведае, што тут можа быць і чаго не можа быць. Так, “абсурднай” лічыць яна “гульню” тыгра з хлопчыкам”, маючы на ўвазе, што на с. 121 тыгар “падкідвае кулута, як шапку”. У Якуцкім краязнаўчым музеі да гэтага часу стаіць чучала тыгра, забітага ў цэнтральнай Якуціі ў 1908 годзе. Апісаньне гэтага здарэньня маецца ў друку /газэта “Молодежь Якутии” і інш./ Паляўнічыя, што здабылі гэтага тыгра, расказалі, што палічылі яго сьляды за мядзьведжыя /так і ў маёй аповесьці/. Справа ў тым, што тыгар у Якуціі не вядзецца, толькі заходзіць часамі з Амура. Пайшоўшы па сьлядах, адзін з паляўнічых выперадзіў астатніх і трапіў тыгру ў лапы. Калі астатнія, пачуўшы рык тыгра, кінуўся ратаваць таварыша, яны ўбачылі менавіта такое відовішча, якое апісана ў маім творы: тыгар падкідваў чалавека і даваў яму аплявуху то з аднаго, то з другога боку.
    В. М. Коўтун лічыць неверагодным, што хлопцы “злавілі голымі рукамі магутнага асятра, да таго ж з шыпамі на хвасьце”. Сумняваюся, ці бачыла яна хоць раз у жыцьці жывога асятра. Аўтар жа неаднаразова вывуджваў з Лены гэтую рыбу. Трымаць яе лепей за ўсё менавіта за хвост, хоць ён і абсаджаны жучкамі /пласьцінкамі, а не шыпамі/. Хвост тонкі, і нават у вялікай рыбіны яго можна абхапіць рукой. Жучкі даволі вострыя ў маладога асятра, але з узростам яны робяцца не болей, а меней вострымі. Далей. Вялізнага асятра злавіць рукамі лягчэй, чым дробнага, бо дробны ўцячэ. Далей, такі асяцёр, як у мяне паказаны /восем чвэрцяў падлетка – с. 210/, павінен важыць не болей за 20 кг. /Ленскі асяцёр па даўжыні і вазе значна саступае іншым асятрам. Гл. Ф. Н. Кириллов. Рыбы Якутии. М., 1972, с. 48-49/. З такой рыбінай два пятнаццацігадовыя падлеткі справіцца здатныя.
    У разьдзелах з шаманкай, лічыць В. М. Коўтун, “аўтару здраджвае не толькі пачуцьцё меры, але і элемэнтарная лёгіка”. І зноў-такі за яе высновай стаіць няўважлівае чытаньне. Сапраўды, дзівосы шаманкі неверагодныя, але ж не трэба забывацца, што яны падаюцца вачмі падлетка з XVII стагодзьдзя. Зрэшты, і сам мой герой, разабраўшыся ва ўбачаным, гаворыць /с. 159/: “ды і не столькі сілы ў яе, колькі падману. Праўда, ці што курапатак знутры пякла? сырыя былі. У зямлю кратом хадзіла, а пакапанага нічога не было. Марачэньне то!”
    Я ж да гэтага дадаю: “Трэба сказаць, што Андрэй, хаця і не мог ведаць слова “гіпноз”, па-свойму вельмі дакладна вызначыў, у чым сіла шаманкі” /там жа, с. 159/. Дзіўна, што В. М. Коўтун не заўважыла гэтых слоў: яны ж былі ўпісаны мной ад рукі, калі я працаваў па заўвагах Дз. Я. Бугаёва.
    Цяпер па сутнасьці справы. Якуцкія шаманы валодалі гіпнозам – у гэтым сучасныя дасьледчыкі не сумняваюцца. Нездарма пра іх хадзілі такія легенды: “Однажды как-то какой-то сильный шаман хотел убить колдунью, так она бросилась от него, перенырнула Индигирку, ударилась в голец и насквозь прошла голую каменную гору. И до сих пор в воспоминание этого по дороге из Жиганска в Русское Устье указывают в гольце, простирающимся далеко на восток от Индигирки, сквозное отверстие вышиною в сажень. прошибленное колдуньей” /И. А. Худяков.  Краткое описание Верхоянского округа. Л., 1969. с. 304/. “Колдун, например, сядет верхом на шамана – тот превращается в медведя” /тамсама/. “На Моме с полной уверенностью рассказывают, что одна якутка /шаманка/ родила зараз двух рыб и одну утку-вострохвоста” /тамсама, с. 305/. Майстэрства гіпнозу і амаль цыркавы спрыт былі вельмі ўласьцівыя шаманам. Так, дасьледчык, прафэсар Г. Мілер у 1730-я гады бачыў шаманку, якая гаварыла, што “настолько сильна в своем искусстве, что с помощью черта может пронзить себя насквозь ножом, без вреда для себя. / ... / Мы с нетерпение ожидали момента пронзания ножом и внимательно за всем следили. Наконец она спросила нож. Ей подали острый, с тонким концом нож и в самом деле показалось, будто она всадила его себе в тело и что он вышел своим концом с другой стороны. Казалось даже, что он вошел в тело при большом усилии” /гл. В. Л. Серошевский. Якуты. СПб, 1896, с. 629/. Нездарма лічылася, што “всякий шаман – страшный человек; простые якуты не только боятся подходить к нему близко или дотронуться до его бубна, они страшатся даже смотреть» /И. А. Худяков. Краткое описание..., с. 306/
    На такіх сьведчаньнях і пабудаваны разьдзелы маёй аповесьці, у якіх дзейнічае шаманка. Так, яна ў мяне таксама б’е сабе ў жывот нажом. Выкарыстаньне быка для паляваньня на птушак узятае мной з той жа кнігі І. А. Худзякова /с. 72/.
    Пятае. В. М. Коўтун робіць мне закід, што ў аповесьці занадта этнаграфіі, што з-за яе тармозіцца разьвіцьцё сюжэта. Але яна не прыводзіць ніводнага прыкладу, дзе этнаграфія ў мяне была б устаўной і магла б без шкоды для дзеяньня выкінутая з твора. Думаецца, што і не зможа прывесьці, бо экзатычныя падрабязнасьці, як зазначыў Дз. Я. Бугаёў, я ўводжу “ў мастацкую тканіну натуральна, па меры разгортваньня сюжэта”. Прывяду прыклад – разьдзел “Раніца кулута”. Тут паказаны традыцыйныя забароны ў якутаў /не мыйся з рота, не пакідай пасьцель адкрытай і інш./ Але як паказаны? Кулут парушае гэтыя забароны. За гэта яго карае Байдон. У сваю чаргу, за кулута заступаецца Андрэй. У далейшым кулут дапамагае Андрэю ўратавацца ад Байдона. Такім чынам. этнаграфізм актыўна рухае сюжэт. Выкінуць гэтыя падрабязнасьці немагчыма.
    Шостае. Назіраючы мову і стыль, В. М. Коўтун прыходзіць да “сумных высноў”: “вельмі многа русізмаў, граматычных і стылёвых памылак”. Але дзе тыя русізмы, граматычныя і стылёвыя памылкі? Чаму не толькі ў “Заключэньні”, але і на рукапісе няма ніякіх моўных заўваг, апрача тых, што зроблены рукой Дз. Я Бугаева і якія я ўжо ўлічыў? Несумленна!
    За галаслоўным сьцьвярджэньнем В. М. Коўтун, відавочна, стаіць яе перакананьне, што раз аўтар у свой час пісаў па-руску ды і цяпер жыве за межамі Беларусі, дык у яго русізмаў хоць вядром бяры. Такі недавер абражае.
    Ці, можа, пад “русізмамі” В. М. Коўтун разумее тыя небеларускія словы, што сустракаюцца ў дыялёгах?, “знарачыта стылізаваных пад старарускую мову”? Але ж, відаць, не будзе яна спрачацца, што ў Якуціі XVII ст. на сучаснай беларускай мове не гаварылі.
    Ёй, відаць, няўцям, што стараруская і старабеларуская мова амаль супадалі па лексыцы і граматычных формах, і стылізуючы пад сыбірскую гаворку XVII стагодзьдзя, я даю чытачу ўяўленьне аб тагачаснай і беларускай мове.
    У дыялёгах маіх герояў В. М. Коўтун не знойдзе сучаснай рускай лексыкі, хай бы і шукала з мікраскопам. Тыя словы, якія яна, магчыма, лічыць русізмамі, даўно выйшлі з ужытку рускай мовы. “Коч”, “ямчуга”, “шчэгла”, - хто з рускіх скажа сёньня, што гэта такое?
    Стылізацыя ў мяне не дзеля стылізацыі і ці калярыту. Мае героі гавораць на розных мовах: хто па-беларуску /Барыс Ліцьвін, Пангарада і яго хаўрусьнікі/, хто на сыбірскім дыялекце /Васька Бугор/, хто па-якуцку. За гэтым стаіць імкненьне аўтара да гістарычнай праўды. І думаецца, што чытач нічога не страціць ад таго, што партрэт эпохі, такой далёкай, намаляваны больш падрабязна.
    Зрэшты, старажытнай лексыкі ў мяне не так і шмат. Гэта некалькі дзесяткаў назоўнікаў і злучнікаў. Да ўсіх іх дадаюцца тлумачэньні. В. М. Коўтун наўмысна не зьвяртае на іх увагі. Так, перад тым, як працытаваць даволі доўгі маналёг Барыса Ліцьвіна /такіх у аповесьці ўсяго два, а доўгія яны таму, што ў іх выкладаецца ўся папярэдняя гісторыя герояў/, яна зьедліва зазначае: “Мяркую, што нашаму чытачу і не зможацца, і не захочацца да канца прачытаць вось такі, напрыклад, маналёг”. А на стар. 14, адкуль узяты маналёг, піша ўказаньне машыністцы: “Перадрук без зносак”. Між тым у маналёгу 8 /!/ вытлумачаных слоў: атамайцы, таць, сын баярскі, павярстаць, ясатчык, адэкуй, прамышленныя людзі, ямчуга. Так што не дзіва, калі той, хто будзе чытаць “Заключэньне”, штосьці не зразумее. У чытача ж аповесьці ўсе тлумачэньні будуць перад вачмі.
    Тое, што на стар. 14 аж восем зносак, выпадак рэдкі. Ён тлумачыцца тым, што гэта яшчэ пачатак аповесьці, чытач увозіцца ў нязвычную моўную сыстэму. Усяго ж на 265 старонках рукапісу 131 зноска, прычым асноўная іх маса прыпадае на першую частку.
    Паралель якую прыводзіць В. М. Коўтун паміж маім творам і “Пятром Першым” А. Талстога, зьдзіўляе. Чаму я павінен ісьці ўсьлед за А. Талстым, а не сваёй, уласнай дарогай? І яшчэ: ці не мяркуе В. М. Коўтун, што ў Якуціі 1642 года гаварылі гэтак жа, як праз 60-70 год пры двары Пятра Першага? Тады вымушаны яе расчараваць. Аналіз дакумэнтаў, складзеных у Якуціі 1640-1650 гг., супастаўленьне іх мовы з мовай царскіх распараджэньняў таго часу паказваюць, што ў Сыбіры была адменная, больш архаічная мова, чым у той жа час на Маскве. Да таго ж і ў самой Расіі ў сярэдзіне XVII ст. пачаліся значныя моўныя зрухі. Прывяду прыклад. Да 1630-х гг. у дакумэнтах, што выйшлі з царскай канцылярыі, пераважае форма дзеяслова на “ти”: “делати”, “писати” і т. п. А з 1650-х гг. яе ўжо не сустрэнеш: усюды пішацца “делать”, “писать”. У гэты ж пэрыяд зьнікае такое слова. як “зельле”, замяняючыся на “порах”, і шэраг іншых.
    Калі ж праводзіць літаратурныя паралелі, дык я мог бы нагадаць раман і іншага Талстога – “Вайну і мір”, дзе вялікія маналёгі і дыялёгі дадзены на чыстай францускай мове з падстаронкавым перакладам самога аўтара. Мог бы прывесьці і творы В. Быкава, дзе героі большай часткай гавораць па-руску. У кожнага аўтара павінен быць свой падыход да ўсяго, у тым ліку і мовы. – падыход, які ён выбірае ў залежнасьці ад таго, пра што піша і што хоча сказаць сваім творам.
    Вось і ўсе “недахопы”, якія адзначыла В. М. Коўтун. І са сказанага вынікае, што глыбіннай сутнасьці твора ў сваім “Заключэньні” яна і не кранае. Яна чамусьці стараецца не заўважаць, што прыгоды ў творы маім не дзеля прыгод, што ў прыгодаў тых гартуецца дружба двух юных герояў – беларуса і якута, што мая аповесьць заклікана выхоўваць у чытачу брацкія адносіны да чалавека, які б у таго ні быў колер скуры і разрэз вачэй. Стараецца не заўважаць, колькі цікавага, новага пра нязнаны сьвет можа даць аповесьць юнаму чытачу. Стараецца не заўважаць, нарэшце, што твор займальны, вострасюжэтны, якія і патрэбны сучаснаму падлетку.
    Іван Ласкоў
    28 лістапада 1983 г.

     Выдавецтва “Юнацтва”
    220600, г. Мінск, праспэкт Машэрава, 11
    Тэл. 23-33-26, 23-30-26
    Ад 2. 02. 84. № 19/72.
    Паважаны Іван Антонавіч!
    У сувязі з тым, што Вы не пагадзіліся з заключэньнем рэдакцыі літаратуры для юнацтва на рукапіс Вашай кнігі “Пішчальнікі не пішчаць”, было вырашана абмеркаваць Ваш твор на пасяджэньні рэдакцыйнага савета выдавецтва “Юнацтва”. Рукапіс быў прарэцэнзаваны пісьменьніцай Вольгай Іпатавай. У абмеркаваньні прынялі ўдзел рэцэнзэнт В. Іпатава, намесьнік дырэктара Інстытута літаратуры АН БССР, член СП БССР, кандыдат філялягічных навук У. Гніламёдаў, загадчык рэдакцыі літаратуры для сярэдняга школьнага узросту, член СП БССР, кандыдат гістарычных навук К. Цвірка, загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва, член СП БССР, кандыдат філялягічных навук В. Коўтун, галоўны рэдактар, член СП БССР Я. Каршукоў, намесьнік галоўнага рэдактара, кандыдат філялягічных навук М. Кенька. Усе, хто выступаў, выказалі агульную думку: твор патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі. Высылаем Вам заключэньне В. Іпатавай і выпіску з пратакола пасяджэньня рэдакцыйнага савета. Рукапіс вяртаем.
    Жадаем Вам творчых посьпехаў!
    Дырэктар выдавецтва,
    старшыня рэдакцыйнага
    савета выдавецтва В. А. Лукша /подпіс/.

                                                   Рэцэнзія на рукапіс кнігі Івана Ласкова
                                                               “Пішчальнікі не пішчаць”.
    Іван Ласкоў вядомы ў літаратуры чалавек: яго кнігі атрымлівалі станоўчыя рэцэнзіі, добры водгук чытачоў, зьвярталі на сябе ўвагу сур’езным стаўленьнем да праблем сучаснасьці, імкненьнем сказаць пра наш час сваё, адметнае ад іншых слова. Вось чаму з цікавасьцю чытала я рукапіс новай яго кнігі, незвычайнай не толькі таму, што гэта не паэтычная кніга, як звычайна, а празаічная. Прыцягвае ўвагу матэрыял, які - наколькі мне вядома - яшчэ не адлюстроўваўся ў нашай беларускай літаратуры, а іменна: беларусы ў Сыбіры ХVІІ стагодзьдзя, менавіта у той час, калі ішло абжываньне і заваяваньне агромністых земляў, багатых пушнінай.
    Побыт, звычкі і фальклор якутаў і дасюль яшчэ не вельмі знаёмы шырокаму чытачу, нягледзячы на тое, што ва ўсесаюзнай літаратуры працуюць такія якуцкія пісьменьнікі, як П. Табурокаў, С. Данілаў, М. Габышаў і іншыя, што і дарэвалюцыйны побыт якутаў паказаны ў творах А. Кулакоўскага, А. Сафронава, М. Няўстроева і інш., а якуцкі эпас “Аланхо” неаднаразова выдаваўся на мовах народаў СССР.
    У творчасьці Івана Ласкова матыў Якуціі займае асаблівае месца, і гэта досыць яшчэ рэдкі сынтэз - беларускі пісьменьнік, паэт, дасьледчык якуцкай літаратуры і фальклёру - выклікае і павагу і досыць моцную зацікаўленасьць беларускага чытача.
    І тым не менш, рукапіс новай кнігі выклікае дваістае ўражаньне.
    З аднаго боку, адчуваецца добрае веданьне матэрыялу – гістарычнага, і побытавага. Мне падабаецца, што пісьменьнік правільна расставіў гістарычныя акцэнты, падкрэсьліўшы, што героі яго - менавіта беларусы, хаця клічуць іх ліцьвінамі, г. зн. выхадцамі княства Літоўскага, што ў гэтых людзях адчуваецца і годнасьць, і тая багатая культура, сярод якой яны вырасьлі, хаця сказана пра гэта як бы мімаходзь, а можна было б у такі вялікі твор увесьці дадатковыя дадзеныя пра справы і ўплыў беларусаў у Маскве ў ХVII стагодзьдзі, тым больш, што матэрыялаў пра гэта куды болей, чым пра які іншы пэрыяд старажытнай беларускай гісторыі. Ну ды гэта справа аўтарская, тым болей што яго твор прызначаны для моладзі і ён у цэнтры сваёй стралецкай быліны ставіць прыгоды двух хлопчыкаў - якута і беларуса.
    Прыгоды гэтыя пададзены пераканаўча шырока і даволі падрабязна, ім верыш, і многія мясьціны чытаеш з асаблівай цікаўнасьцю – напрыклад, асаду Байдонам атрада на чале з Барысам Ліцьвінам, сустрэчу з дзедам Амелькам, допыт хцівага ваяводы. Верыш, што такія прыгоды маглі па-сапраўднаму зблізіць хлопчыкаў, зрабіць іх братамі, - нездарма кулут, які не меў нават імені, атрымаў і спраўдзіў свае новае імя – Брат. Братэрства народаў, якое нараджалася нягледзячы на жорсткую эксплюатацыю мясцовага насельніцтва царскімі служкамі і наёмнікамі, паказана ў творы праўдзіва і ярка.
    Разам з тым у кнізе “Пішчальнікі не пішчаць” ёсьць шэраг істотных недахопаў.
    Перш за ўсё, назва твора і яго, зьмест не супадаюць. Гаворка ў творы ідзе зусім не пра тое, што, нягледзячы на цяжкасьці, стральцы, якія зьбіралі ясак у Якольскай зямлі, не скардзячыся, робяць сваю справу. Назвы разьдзелаў, якія пададзены ў такім жа крыху гульлівым тоне, таксама не супадаюць ні па зьместу, ні па задуме, якая ў іх ўвасобілася. Уражаньне такое, што яны прыдуманы пазьней, дзеля таго, каб прыдаць твору спэцыфічна “дзіцячы” выгляд. Сам жа твор напісаны сур’ёзна, без скідак на жанр, манера апавяданьня досыць даверлівая і разам з тым не спрошчаная.
    Вельмі расьцягненае падарожжа хлопчыкаў, асабліва ў другой палове кнігі. Бясконцасьць прастораў, па якіх крочаць яны, зьнясіленыя і галодныя, урэшце рэшт выклікае ўнутранае пярэчаньне: ды ці магчыма гэта ўвогуле, ці можна па сыбірскіх сьнягах ісьці амаль басанож, а ў сакавіку цэлы дзень гойсаць без кажушкоў, у адных портках?
    Не прапісаны псыхалягічна сцэны, дзе дзед Амелька забівае тыгра – гэта адбываецца імкліва, неяк неабгрунтавана. а таксама ўнутраная пасьлядоўнасьць павароту хлопцаў – то да родзічаў кулута, то тут жа. амаль без пераходу – назад у астрог. Перамога Андрэйкі над шаманкай таксама выглядае непераканаўча: праткнуў бубен, абрэзаў валасы – і ўсё гэта непрыкметна? Няхай нават сабе і стамілася шаманка, але яна “настроена”, як маці на дзіця, на свой бубен, і не можа не прачнуцца, калі ён зазьвініць.
     Але ёсьць заўвагі і больш сур’ёзныя.
    Перш за ўсё, дзея твора адбываецца ў 1643 годзе – праз адзінаццаць гадоў пасьля добраахвотнага далучэньня Якуціі да Расіі. Але ў творы гэтага факту няма, як няма і намёку на тое, што ж дало Якуціі і гэтае далучэньне: спыніла міжусобіцы, паскорыла фэадалізацыю, уцягнула іх эканоміку ва ўсерасійскі рынак і г. д. Вядома, за адзінаццаць гадоў зьмены былі не вельмі прыкметныя, аднак яны маглі пачынацца. Наадварот, вельмі выразна паказаны той факт, што царскае самадзяржаўе – а з ім выходзіць і рускі, і беларускі народы рабавалі якутаў. Кідаецца ў вочы і тое, што на прасторах Якуціі, уласна кажучы, ідзе канфлікт паміж Барысам Ліцьвінам і князем – працяг канфлікту – з-за ясаку, даніны, якую зьбіралі абое.
    Відаць, трэба неяк зьменшыць “адмоўны” эфэкт сытуацыі, паказаць яе больш тонка і пранікліва. Вядома, не можа Барыс Ліцьвін выступаць рэвалюцыянэрам, але ж хай ён і не выступае як верны служка, які гатовы садраць скуру з якута, абы загадаў гаспадар.
    Далей, у аповесьці асабліва ў першай яе палове, шмат этнаграфічнага i гістарычнага матэрыялу. Аўтар як задаўся мэтай даказаць сваю дасьведчанасьць - старонкі проста “перасыпаны” тэрмінамі. Але незнаёмаму з якуцкімі тэрмінамі чытачу вельмі цяжка арыентавацца ў тэрмінах, незнаёмых словах. “Куях для Пангарады-таёна” гучыць як сказ з іншай мовы, не пасьпяваеш упітваць у сябе словы, трэба вяртацца да тлумачэньняў назад.
    Апрача таго, нават якуты ужываюць выразы, ім зусім не ўласьцівыя. Яны гавораць “дандзежа”, “мя”, “яко” і г.д.: “Ніхто не здолее сказаці мя хацеў забіцi Байдон”. /ст. 68./
    Асабліва ж перашкаджае ўспрыйманьню мова, якою напісаны твор. У ёй вялікая, празьмерна вялікая доля, калькіраваных слоў, слоў, якіх у беларускай мове ўвогуле няма, выразаў, якія проста незразумелыя. Напрыклад, што такое: падступны міністар”, “коні ясьнелі”, “зьбегне”, “напускам пойдуць” і г.д.?
    Русізмы, нават не перакладзеныя: “лука сядла”, “нахлабучыў каўпак”, “чуці не чулі”, “адбрыдзі-к”, “унушальны начальнік”, “будзеце квіты” i г.д.
    Русізмы перакладзеныя, якія ад гэтага беларускімі словамі не сталі, тыпа: “нахлабучыў каўпак”: безмаёмасны, “надзею лялею”, “выпусьціў з-пад увагі”, “выкручвацца было бескарысна”, “дрэва ў два абхопы”, “раздзьмухалі агонь” і г.д.
    Апроч таго, у многіх выпадках ужываюцца беларускія словы не ў тым значэньні, у якім яны існуюць у беларускай мове: падарыць і “дараваць” - розныя рэчы. “Я табе нож дарую” - перакладаецца як я тебе нож прощаю”.
    Не беларускія сказы тыпа: “але дарма спрытнюжку гэта не мінулася”, “выкручвацца было бескарысна”, “ураніў твар на яго плячо”, “трымалі здобыч” і г. д.
    Вельмі многа сказаў, недакладных саміх па сабе: “Каляіна, прабітая ў шарпаку яго дрэвападобнымі нагамі, была ўся запырскана крывею” - слова “прабітая” мае на ўвазе дзеяньне, накіраванае зьверху ўніз; каляіна ж, наадварот, патрабуе дзеяньня гарызантальнага... Або такі сказ: “І тут у галовах хлопцаў пайшла болей сур’ёзная работа, аб чым сьведчыць працяг размовы” так і бачыцца гэты сказ у перакладзе з рускай мовы, прычым перакладзе чыста машынальным...
    Нажаль, гэта не проста асобныя агрэхі. У першай палове аповесьці літаральна спатыкаесься амаль на кожным сказе. Другая палова чытаецца лепш, аўтар тут як бы саступіў з абочыны ў каляіну роднай мовы і радзей выходзіць з яе.
    На маю думку, твор “Пішчальнікі не пішчаць” І. Ласкова ўключае ў сябе багаты гістарычны і этнаграфічны матэрыял, у ім закладзена цікавая інтрыга, шмат знаходак аўтара. Але, каб твор набыў адпаведны для друкаваньня выгляд, І. Ласкову трэба больш чотка і ясна расставіць акцэнты, “прачасаць” стыль і мову, вызваліць яе ад агрэхаў і іншамоўных нагрузак - празьмерных нагрузак.
    І ўсе гэта дзеля таго, каб атрымаўся твор па-сапраўднаму значны, займальны і зьмястоўны, дастойны той рэпутацыі, якую мае І. Ласкоў – сур’зны і ўдумлівы пісьменьнік.
    /подпіс/ Вольга Іпатава.

                                      Пра рэцэнзію Вольгі Іпатавай на маю аповесьць
                                                         “Пішчальнікі не пішчаць”
    Аналізуючы твор, прысьвечаны старажытнай якуцкай рэчаіснасьці, рэцэнзэнт паказвае дасьведчанасьць у якуцкай гісторыі, літаратуры, побыце: “Побыт, звычаі і фальклёр якутаў і дасюль яшчэ не вельмі знаёмы шырокаму чытачу, нягледзячы на тое, што ва ўсесаюзнай літаратуры працуюць такія якуцкія пісьменьнікі, як П. Табурокаў, С. Данілаў, М. Габышаў і іншыя, што і дарэвалюцыйны побыт якутаў паказаны ў творах А. Кулакоўскага, А. Сафронава, М. Няўстроева і інш., а якуцкі эпас “Аланхо” неаднаразова выдаваўся на мовах народаў СССР”.
    Шкада толькі, што гэтая дасьведчанасьць не выходзіць за межы сьціплага артыкула “Якуцкая АССР” з Беларускай Савецкай энцыкляпэдыі. Зразумела, я зусім не патрабую, каб В. Іпатава чытала пералічаных якуцкіх пісьменьнікаў, але навошта рабіць выгляд, што чытала?
    Вось яна сьцьвярджае, што ва ўсесаюзнай літаратуры працуюць П. Табурокаў і М. Габышаў. Першы выдаў у Маскве дзьве кніжкі лірычных вершаў: адна аб’ёмам 68, другая - 86 старонак. І гэта называецца працаваць ва ўсесаюзнай літаратуры? Іншая справа, напрыклад, М. Яфімаў: восем кніг у Маскве; Л. Папоў: адзінаццаць зборнікаў вершаў, аповесьць і раман - у Маскве... Але іх В. Іпатава не называе. М. Габышаў выдаў у Маскве тры кніжкі прозы: дзьве для дзяцей /77 і 20 стар./ і адну для дарослых /71 старонка/. Такі ўдзел гэтага празаіка ва ўсесаюзнай літаратуры. Для прыкладу: у М. Якуцкага толькі адзін раман “Лёс”, што выдаваўся двойчы масавым тыражом “Советской Россией”, налічвае 573 старонкі...
    Невядома, пра якога С. Данілава ідзе гаворка ў рэцэнзіі В. Іпатавай. Іх тут два: Сямён і Сафрон.
    Сапраўды, дарэвалюцыйны побыт якутаў у творах А. Сафонава і М. Няўстроева паказаны. Але дзе В. Іпатава магла пазнаёміцца з такімі творамі гэтых пісьменьнікаў? М. Няўстроеў на рускую мову зусім не перакладаўся, з твораў А. Сафронава да выхаду на рускай мове рыхтуецца зборнік лірычных вершаў, напісаных большай часткай пасьля рэвалюцыі. Пра пераклад жа п’ес А. Сафронава яшчэ і гаворкі няма. Ці, можа В. Іпатава чытае па-якуцку?
    У той жа час яна зусім не называе імёнаў буйных празаікаў М. Мордзінава і М. Якуцкага, па творах якіх магла б і на самой справе пазнаёміцца з побытам дарэвалюцыйнай Якуціі...
    Не трэба пісаць аланхо з вялікай літары і браць у двукосьсе. Гэта не назва твора, як “Калевала” або “Манас”, а родавае паняцьце, такое, як, скажам, песьня, казка. Аланхо якуцкіх запісана каля чатырохсот. Тры з іх сапраўды выдаваліся ў перакладзе, але не на “мовах народаў СССР”, а толькі на адной рускай мове...
    Пра ўсё гэта няварта было б і гаварыць, каб за дэманстрацыяй дасьведчанасьці не праглядвалася жаданьне рэцэнзэнта ганіць твор на болей “салідным” грунце.
    Вось яна высоўвае абвінавачваньне: “Дзея твора адбываецца ў 1643 годзе - праз адзінаццаць гадоў пасьля добраахвотнага далучэньня Якуціі да Расіі. Але ў творы гэтага факту няма, як няма і намёку на тое, што ж дало Якуціі гэтае далучэньне: спыніла міжусобіцы, паскорыла фэадалізацыю, уцягнула іх эканоміку ва ўсерасійскі рынак. Вядома, за адзінаццаць гадоў зьмены былі не вельмі прыкметныя, аднак яны маглі пачынацца”.
    Што стаіць за ўсімі падкрэсьленымі мной тэзісамі, узятымі ёю з БелСЭ. В. Іпатава, відавочна, і не ўяўляе, бо каб уяўляла, не стала б патрабаваць, іх раскрыцьця ў маёй аповесьці. Перш за ўсё пра “добраахвотнае далучэньне” /трэба – “добраахвотнае ўваходжаньне”/. За гэтым тэрмінам у адносінах да Якуціі не стаіць ніякіх дагавораў, мітынгаў накшталт Пераяслаўскай Рады або Георгіеўскага трактата. Проста прыйшлі ў 1628 годзе казакі на Вілюй і Лену, сталі браць ясак. Не абыходзілася без узброеных сутычак, прычым посьпех не заўсёды быў на баку прышэльцаў. У 1632 годзе рускія збудавалі Ленскі астрог, што з цягам часу стаў горадам Якуцкам. Гэты год і лічыцца цяпер годам добраахвотнага ўваходжаньня Якуціі ў склад Расійскай дзяржавы. І падзеі гэтыя ў аповесьці маёй якраз адлюстраваны: чытай разьдзелы “Пішчальнікі не пішчаць” і “Лобнае месца” - успаміны Барыса Ліцьвіна і Ваські Бугра.
    Паказаны ў мяне і міжусобіцы якуцкія, і іх спыненьне рускімі. Маю на ўвазе варожасьць паміж родамі Байдона і Кусянея. На старонцы 56 дастаткова выраза паказана, што ўсобіцы тыя ўзьнікалі не проста так, без дай прычыны, а на эканамічным грунце. “Бедна жылі, - расказвае Байдон. - Обак род Кусянея і род Лаптуя палявалі. Нехта павінен быў сысьці. /.../ Род Кусянея мацнейшы, род Лаптуя мацнейшы - я на новае месца пайшоў. Сюды. А тут тунгусы. /.../ Б’юцца. Кажуць: гэта промысьлішчы нашы, нашы лясы, нашы балоты. /.../ Дзесяць мужоў я страціў. /.../ Род Лаптуя на Янгу-раку сышоў, ля Кусянея свабодна стала. Я вярнуўся. А Кусяней ж ужо прывык на трайным угожым месцы жыці, не схацеў цясьніцца /.../ Хто пасварыцца хоча - знойдзе, як. Шапку ўкраў у мяне!”
    Кусяней и Байдон - сьмяротныя ворагі, прымірэньне паміж імі немагчыма. Але прыйшлі рускія, наводзіцца лад. Барыс Ліцьвін угаворвае Байдона: “Княжа Байдоне! Кусяней украў у цябе шапку, а ты ў яго коней. Гэта дробязі! Навошта вам, якольцам, казытаць адзін аднаго пальцамі? Лепш ваюйце разам супраць тунгусаў, будзе тыя на вас напускам пойдуць. Памірыся, княжа Байдоне, з Кусянеем! Ён табе аддасьць шапку, ты яму коней, і будзеце квіты. Будзеце жыці, як добрыя суседзі, памагаючы па-суседзку /стр. 58/. Калі ж гэта не дапамагае і Байдон кідаецца на Кусянея, Барыс Ліцьвін гнеўна гаворыць: “З дзікімі звычаямі пара канчаць, княжа Байдоне! Самасуду напярод на Ленскай зямельцы не будзе. Пакрыўдзілі ця - пішы чалабітную ваяводзе” /стар. 59/. Ці ж не ясна з гэтых слоў, што крывавым сутычкам між якутамі ўжо, па сутнасьці, прыйшоў канец?
    В. Іпатава лічыць заганай, што ў мяне не паказана фэадалізацыя якутаў, уцягваньне іх эканомікі ва ўсерасійскі рынак. Яна і не падазрае, да чаго складаныя і спрэчныя пытаньні закранае. Так, ёсьць гісторыкі, якія зусім адмаўляюць фэадалізацыю якутаў /І. С. Гурвіч, З. В. Гогалеў/, ёсьць такія, якія надаюць ёй празьмернае значэньне /Г. П. Башарын, В. Н. Іваноў/. Але і гэтыя апошнія не пішуць, што фэадалізацыя тая стала прыкметнай ужо ў 1643 годзе. Увогуле, наконт сацыяльна-эканамічных адносін у дарэвалюцыйных якутаў пішуцца цэлыя кнігі палемічнага характару /гл. Башарин Г. П. Социально-экономические отношения в Якутии второй половины ХІХ - начала ХХ вв. Якутск, 1974/ Тое ж самае і з “уцягваньнем ва ўсерасійскі рынак”. Напрыклад, В. Н. Іваноў лічыць, што “в ХХІІ в. общероссийский исторический прогресс не сыграл роли в развитии производительных сил якутского общества” / гл. яго манаграфію “Социально-экономические отношения у якутов. ХХІІ век”, Якутск, 1958, с. 384/. Зрэшты, у аповесьці маёй купцы /госьці/ упамінаюцца: “Да служылых людзей дзень у дзень прыдзіраесься, - гавораць стральцы ваяводзе, - а з гасьцямі дзеля тавараў іх па начах віно п’еш” /стр. 237/. У сюжэце ж ім не знайшлося месца, у чым я бяды не бачу. Яшчэ невядома, ці пахваліла б мяне В. Іпатава, каб я намаляваў тых “уцягвальнікаў” так, як яны таго заслужылі. “И Константин де Дунай учал на них иноземцев порознь наметывать свои товары силно /г. зн. гвалтам/, палмишка /пальма - вялікі нож/ по полуаршина по 15 соболей, а которая палмишка в три чети /чвэрці/ аршина и та по 20 соболей, а прут железной в 3 чети по 15 соболей, а прут железной в поларшина по 15 соболей”. Гэты дакумэнт зьмешчаны ў кнізе С. А. Токарава “Общественный строй якутов. XVІІ-XVІІІ вв.” Якутск, 1945; цытую стар. 269. Які вялізны звыш прыбытак атрымлівалі “уцягвальнікі” пры гэтым, С. А. Токараў паказвае на наступным прыкладзе: у 1641 годзе купленая Пятром Бекетавым пушніна была ацэнена ў Маскве ў 1247 рублёў, даў жа ён за шкуркі тавараў на 111 рублёў. Прыбытак склаў 1224 %! /с. 270/
    Я, дарэчы, і паказваю падобнае “уцягваньне” на дзеяньнях Пангарады, які выменьвае пушніну на гарэлку. Што Пангарада не прафэсійны купец - значэньня не мае, бо гандлем ў той час займаліся, як сьведчаць дакумэнты, і служылыя людзі, і прамыславікі, і нават самі ваяводы. Купцоў жа было вельмі мала. Так, у 1641 годзе для гандлю з Якуцка было адпушчана 12 чалавек, у 1645 - 4 /Сафронов Ф. Г. Русские промыслы и торги на северо-востоке Азии в XVII - середине ХIХ в. М., 1990, с. 77./. Прыгадаем, што тэрыторыя Якуцкага ўезда /павета/ тады перавышала сучасную Якуцкую АССР, і зразумеем, якім мізэрным было тое “уцягваньне”.
    Патрабуючы таго, што ўжо зроблена, або немагчымага для дзіцячай аповесьці, В. Іпатава праходзіць міма таго, што ёсьць - маю ва ўвазе дэталі, якімі паказана тое дадатнае, што прынесла Якуціі ўваходжаньне ў склад Расіі. Так, на стар. 56 паказана, што замірэньне тунгусаў, якія акалялі якуцкі арэал, дазволіла якутам, што жылі ў цеснаце, пачаць расьсяленьне. Шматразова паказана, на якім нізкім узроўні знаходзілася тады гаспадарка, побыт якутаў. Яны не косяць сена для коней і нават кароў, жывуць у берасьцяных урагах, не маюць пілы, сякеры, кола, мэталічнай пасуды, не ведаюць, што такое плыт і г. д. Усё гэта ў Якуцію прынесьлі рускія.
    Вельмі выразна /у аповесьці. - І. Л./ паказаны той факт, - піша В. Іпатава, - што царскае самадзяржаўе - а з ім, выходзіць, і рускі, і беларускі народ – рабавалі якутаў”.
    Як магла не здрыгануцца ў В. Іпатавай рука, калі яна атаясаміла з царскім самадзяржаўем не толькі рускі, але і беларускі народ, у той час Маскве непадуладны?! Вось жа піша, напрыклад, якуцкі вучоны прафэсар Г. П. Башарын: “При изучении истории Сибири дореволюционного периода необходимо строгое соблюдение принципа классового подхода к событиям и явлениям общественного развития. Советские историки должны разоблачать попытки буржуазных фальсификаторов отождествлять русский народ с царем, помещиками и капиталистами” /Башарин Г. П. Некоторые вопросы вхождения Сибири в состав России. Якутск, 1971, с. 26/. Менавіта гэтага, агульнапрынятага савецкімі дасьледчыкамі і пісьменьнікамі правіла - разьмяжоўваць царызм і просты рускі народ - я і прытрымліваюся ў сваім творы.
    Што інтарэсы простых рускіх людзей у Якуціі не мелі нічога агульнага з інтарэсамі царызму, мной паказана асабліва выразна дзякуючы таму факту, што ясак - пушніна - ішоў непасрэдна ў царскую казну, быў асабістым прыбыткам цара. Шырока вядома, што з Сыбіры ў тыя часы вывозілася велізарная колькасьць пушніны. Так, з Якуціі ў 1646 г. было адпраўлена яе на 168 тысяч тагачасных рублёў. Але што даставалася з тых прыбыткаў рускаму і, тым болей, беларускаму народу?
    У аповесьці паказаны дваістыя адносіны царызму да абарыгенаў Якуціі: я аднаго боку, ваявода - стольнік, г. зн. прыбліжаны самога цара — імкнуцца сабраць як мага болей пушніны, з другога - весьці такую палітыку, каб не разагнаць тубыльцаў, задобрыць іх, завесьці з імі прыязныя адносіны /з Кусянеем, напрыклад/. У складаным становішчы ў сувязі з гэтым апынаюцца простыя людзі – стральцы, казакі, чыімі рукамі зьбіраецца пушніна. “Вось прыйшлі мы сюды не па сваім хаценьні, - гаворыць Барыс Ліцьвін. - Не ў пару прыйшлі, -злы Байдон, сына Байдон пахаваў. Што рабіці? Назад коней вяртаці, да Байдона не зыходзячы? А ваявода? Што Пятру Пятровічу да таго, што дзесьці там у іншаземца сына да сьмерці пабілі? Яму першае, каб казна сабаліная поўнілася, аж бы цара-гасудара жабрачай пасылкай у гнеў не ўвесьці. А гасудару, тым болей - што да сьмерці яму іназемца нейкага? Тою сьмерцяй ваяводзе прад гасударом не апраўдацца” /стар. 30/.
    Прысваеньне пушніны служылымі людзьмі жорстка каралася. “Ясак ты плаціш не мне і не ваявадзе, - гаворыць Барыс Ліцьвін Байдону, - токма цару. Будзе я прыхаваю той з мяккай рухлядзі шкурку адну, а ваявода праведае - буду сьпіну і ягадзіцы два гады пасьля бізуна лячыці” /стар. 40/.
    Характэрная ў гэтым пляне сцэна адбываецца ў апошнім разьдзеле, калі здабытая пушніна, сабраная Пангарадою: казакі і стральцы перабіраюць шкуркі, што расьцякаліся па палубе коча. “Уся гэтая так званая мяккая рухлядзь належала не ім і не магла належаць. Ужо Паяркаў выбіраў момант для загаду сабраць шкуркі. Але не сьпяшаўся ён сапсаваць міг удачы тым людзям, што здабылі яго не для сябе, а для ваяводы, для далёкага цара, якога з іх на ўласныя вочы ніхто і не бачыў” /стар. 262/.
    Здабываючы для цара вялікае багацьце, казакі і стральцы самі гаруюць: жывуць у голадзе і холадзе, без сямей, без узнагарод /гл. разьдзелы / “Пішчальнікі не пішчаць”, “Лобнае месца”/.
    В. Іпатавай “кідаецца ў вочы”, што “на прасторах Якуціі, уласна кажучы, ідзе канфлікт паміж Барысам Ліцьвінам і князем - працяг канфлікту – з-за ясаку, даніну, якую зьбіраюць абое”.
    Тут, як кажуць, у дачыненьні да Барыса Ліцьвіна усё перастаўлена з ног на галаву. Ці ж Барыс Ліцьвін зьбірае ясак сабе, па ўласным жаданьні? Ці, можа, пачуўшы ад Байдона, што нехта перахапіў ясак, здагадаўшыся, хто, кідаецца наўздагон за сваім ворагам? Ці, можа, у канцы сам падраджаецца злавіць Пангараду? Ён і ў гэтым выпадку выконвае загад ваяводы, прычым не выказвае ніякай радасьці ад таго, што яго вораг будзе схоплены і, безумоўна, пакараны /стар. 245/. Не выказвае радасьці ён і тады, як Пангарада гіне /стар. 260/.
    Трэба неяк зьменшыць “адмоўны” эфэкт сытуацыі, - піша В. Іпатава, - паказаць яе больш тонка і пранікліва. Вядома, не можа Барыс Ліцьвін выступаць рэвалюцыянэрам, але ж хай ён і не выступае як верны служка, які гатовы садраць шкуру з якута, абы загадаў гаспадар”.
    Нагадаю перш за ўсё, што “верны служка” знаходзіцца ў даўнім канфлікце з ваяводам. На стар. 29 Барыс Ліцьвін успамінае, як год назад, калі ваявода ўзнамерыўся ўчыніць у якутаў перапіс людзей і быдла, “Родзька Грыгор’еў, дзесяцкі, не збаяўся - паспрачаўся з ваяводам. Кажа, рана яшчэ якольцаў пісаці, не ведаюць якольцы пісьма і бяды ад таго будуць чакаці”. За такую нязгоду ваявода пакараў Грыгор’ева бізуном /факт гістарычны/. “І я па-Родзькаваму сказаў, - працягвае Барыс Ліцьвін, - і мне за словы мае бізуна... Досі мне ваявода словы тыя дараваці не можа... А чыя праўда выйшла?..” /Крыху далей, мы даведваемся, што непрадуманыя дзеяньні Галавіна выклікалі паўстаньне якутаў/.
    Што ваявода сапраўды не можа дараваць Барысу Ліцьвіну яго мужную праўду, у аповесьці бачна добра. Ваявода пасылае разам з Барысам у абодва небясьпечныя паходы яго пятнаццацігадовага сына, карыстаючыся першым прычэльлем. саджае Барыса ў турму; па загадзе ваяводы Барыса катуюць штодзённа. “І ў нядзелю тож”, пяцюдзесяцьцю ўдарамі бізуна. /стар. 225/.
    Дзе, на якіх старонках Барыс Ліцьвін выступае ў якасьці жывадзёра, гатовага “садраць шкуру з якута, абы загадаў гаспадар”?! Прасочым, як паводзіць сябе ён /і яго дзесятак/ у родзе Байдона. Перш за ўсё, спрабуе выратаваць раба, закапанага жывым згодна з першабытным звычаем  якутаў. Выкапаны стральцамі з зямлі аказваецца ўжо мёртвым. “Эх, раней бы! - гаворыць хтосьці са стральцоў. - Калі ў яму піхалі.
    - А што б выйшла з таго? - сурова абрэзаў дзесяцкі. - Можа, обак яшчэ б дзесятак закапалі. Нам крыві лішняй не трэба. /.../ Рана чужыя справы рашаці. Мы якольцаў яшчэ не разумеем, а явы – нас” /стр. 29/.
    Такія адносіны да якутаў - павага, асьцярожнасьць у абыходжаньні - увогуле характэрны для Барыса Ліцьвіна, што адчуваюць і якуты. На стар. 30 Барыс успамінае аб падзеях 1642 года, калі паўстанцамі-якутамі быў зьнішчаны атрад воіна Шахава /фігура гістарычная/: “А мя чаму не кранулі - і досі не разьбяруся. Быў жа ў руках у іх.
    - Чаму не кранулі? - хрыпла перапытаў Шчастка. - Бо і ты іх не кранаў. I яны людзі. Бачаць, дзе чалавек, а дзе - бярдыш бяздушны”.
    В. Іпатава не зьвяртае ўвагі на тое, што ў стральцы Барыс Ліцьвін трапляе вымушана, каб уратаваць сябе і сваю сям’ю /стар. 17/. Ён жыве ў чужой краіне, як “ліцьвіна” /вядома ж, што Вялікае княства Літоўскае да канца было ў варожых адносінах з Масквой/ падазрае яго ва ўсіх грахах. Іншы на месцы Барыса, магчыма, і быў бы “верным служкам гаспадара”, каб забясьпечыць больш спакойнае жыцьцё сабе і сыну. А што робіць мой герой? Ваяводзе ён не падтаквае, спрачаецца з ім, за што і церпіць. Цяпер паглядзім, як ён выконвае загад Галавіна ўзяць з Байдона ясак за чатыры гады. Убачыўшы, што Байдон хавае забітага сына, Барыс прымае рашэньне ісьці па ясак назаўтра, прымушаючы такім чынам дзесятак свой і ўласнага сына лішні раз начаваць у зімовай тайзе пад адкрытым небам. Што гэта ўчынак не “вернага служкі”, сьведчаць словы аб ім ваяводы Галавіна: “Ясатчык кожны ведае, што па ясак лепей ісьці, калі ясячныя таго не чакаюць: рухлядзі схаваці не пасьпеюць. А твой бацька рашыў да раніцы чакаці. Добранькі які! Хоць у сьвятыя занось!” /стар. 230/. Калі Байдон адмаўляецца даваць ясак, Барыс Ліцьвін нічым не пагражае яму, не робіць у яго ўразе вобыску, нічога не бярэ сілай, усяляк шукае кампрамісу, спачатку просячы палову належнага, а потым і чвэрць: “Дай ясак за адзін год /Байдон вінен за чатыры гады/, ажбы было нам з чым да ваяводы вяртацца”. Байдон не дае і таго. Толькі тады згодна з наказам ваяводы Барыс Ліцьвін патрабуе аманата, прычым, з пункту гледжаньня Бейдонава ворага Кусянея, згаджаецца на аманата нераўнацэннага: “Бгат яго - па мецеры, то, лічы, не брат” /стар. 59/. Тут жа Кусяней выкрывае Байдона: аказваецца, Байдон утоіў сына ад другой жонкі: “Сем гадоў мае.
    Байдон замёр.
    - Малы... Стральцы - не нянькі”, - гаворыць Барыс Ліцьвін, праяўляючы чалавечнасьць.
    Трэба сказаць, што ў аповесьці ўвогуле няма стральцоў і казакоў, якія б выконвалі свае абавязкі з асалодай. Для іх гэта цяжкая, няўдзячная служба. А Барыс Ліцьвін нудзіцца ўдвая. Ён жа служыць чужому цару. І як толькі адкрываецца шлях на радзіму /гіне князь Гарадзейскі/, ён выпраўляецца дадому, нягледзячы на тое, што ў ваяводы застаецца ўсё яго “барашно”, нажытае за гэтулькі год на чужыне. Трэба зусім не чытаць, каб не заўважыць усяго гэтага.
    Разгледжаныя заўвагі В. Іпатавай тычацца ідэйнага зьместу аповесьці. У такой жа ступені надуманыя і яе заўвагі па асобных месцах тэксту. Так, яна лічыць, што “не прапісаны псыхалягічна сцэны, дзе дзед Амелька забівае тыгра”. Па-першае, не “сцэны”, а усяго адна сцэна, а па-другое, навошта яе псыхалягічна прапісваць? Якая тут патрэбна псыхалёгія? Калі на цябе нападае тыгар, разважаць няма калі: можаш забіць яго - забівай, не можаш - уцякай.
    В. Іпатава сьцьвярджае, што шаманка не магла праспаць свой бубен і валасы. Але ж у мяне апісана, з якой асьцярогай Андрэй працінае бубен: “Бубен прадсьмяротна ікнуў усімі бразготкамі і замаўчаў” /стар. 158/. І чаму шаманка павінна ўвесь час, нават у сьне, “настройваецца” на свой бубен, “як маці на дзіця”? Сьпіць яна пасьля сэансу гіпнозу, вычарпаная да дна — мёртвым сном. Сьпіць ва ўласным жытле, дзе нічога не баіцца. Бубен вісіць высока - падлетку не дастаць. Да таго ж, як пішуць этнографы, звычайныя якуты страшэнна баяліся дакрануцца да шаманскага бубна. Навошта ж ёй “настройвацца”?
    Што к датычыць валасоў, то ў аповесьці не сказана, цалкам абрэзаў іх Андрэй або часткова. Абразаньне валасоў не выклікае ў чалавека ніякіх адчуваньняў.
    В. Іпатава, як і В. Коўтун, не можа паверыць, “ці можна па сыбірскіх сьнягах ісьці амаль басанож, а ў сакавіку цэлы дзень гойсаць без кажушкоў у адных портках”.
    Па-першае, кажушкі хлопцы страчваюць толькі пад час паводкі, амаль улетку /стар. 200/. Па-другое, героі мае ў тайгу /не ў тундру, як піша няўважлівая В. Іпатава/ адпраўляюцца не з сучаснай мінскай кватэры. У аповесьці паказана, што ўяўляе сабою жытло Байдона, у якім кулут ходзіць голы. Як сьведчаць падарожнікі, у тыя часы і пазьней якуты ў зімовых вандроўках спалі на сьнезе голымі, падаслаўшы якую-небудзь шкуру і ўвесь час паварочваючы да вогнішча азяблы бок. Зразумела, загартаванымі былі і рускія першапраходцы, якія іначай проста не змаглі б адолець сыбірскіх прастораў.
    Вандроўка маіх герояў адбываецца ў сакавіку - маі. Пачынае яна прыблізна 1 сакавіка /наказная памяць Галавіна пазначана 20-м лютага - стар. 38, а на дарогу да Байдона пайшоў тыдзень/. Але 1 сакавіка 1643 года – гэта 11 сакавіка па новым стылі. Сёньня, калі я пішу гэтыя радкі, 5 сакавіка. Па радыё абвешчана, што а шостай гадзіне раніцы было 22 градусы ніжэй за нуль, а днём будзе градусаў 10-12. На небе ні хмурынкі, сонца зьзяе, як заўсёды ў сакавіку, на поўную магутнасьць. Так будзе да зьмярканьня. 10-12 марозу - гэта ў ценю, а на сонцы будзе, бадай што, плюс бо на сонцы заўсёды градусаў на 15 цяплее, чым у ценю. З 21 сакавіка дзень робіцца большым за ноч. Дарэчы, уночы мае героі маюць вогнішча.
    Рэцэнзэнт лічыць, што назва аповесьці не адпавядае зьместу. Зразумела, Андрэй не стралец, але ён увесь час паўтарае ў думках словы бацькі – “пішчальнікі не пішчаць”. Паўтарае і як дэвіз, і як памяць пра бацьку. У гэтым сэнс назвы.
    Загалоўкі разьдзелаў В. Іпатава называе “гульлівымі” і сьцьвярджае, што “яны прыдуманы пазьней, каб прыдаць твору спэцыфічна “дзіцячы” выгляд”. Што “гульлівага” ў назвах “Падкова няшчасьця”, “Ад сьмерці ратуй да сьмерці”, “Па лёдзе і вадзе”, “Лобнае месца” і пад.? А што твор для дзяцей, дык гэта бачна не толькі з загалоўкаў, а і з сюжэту, і выбару герояў, і з формы падачы. Нагадаю шматлікія адступленьні, дзе аўтар непасрэдна гутарыць з чытачом пра розныя праявы якуцкай, прыроды, гісторыі і пад.
    Цяпер пра заўвагі моўныя. Хай не падумае ніхто, што я лічу свой твор у моўных адносінах самой дасканаласьцю. Бачу, што празьмерна захапіўся моваю старажытных дакумэнтаў, неяк забыўся. што пішу для дзяцей. Тое, што мне самому здалося лішнім, цяпер выпраўлена. Так, заменены адпаведнымі беларускімі словы “пашто”, “прамышленыя людзі”, “лялею” і шэраг іншых. Буду ўдзячны рэдактару, які пакажа на сапраўдную моўную памылку. Але прыдзіркі В. Іпатавай перасягаюць усякія меры.
    Так, ёй увогуле не падабаецца ўжываньне якуцкіх і старарускіх тэрмінаў. Але як жа без іх абысьціся? Без гэтых тэрмінаў твор страціць эпоху і месца дзеяньня.
    Нават якуты, - піша В. Іпатава /тое ж самае, дарэчы, выказаў на рэдсавеце і М. Кенька, ад якога, шчыра кажучы, я чакаў большага разуменьня стылявых заканамернасьцяў мастацкага твора/, - ужываюць выразы, ім зусім неўласьцівыя. Яны гавораць “дондзежа”, “мя”, “яко” і г.д.” Па-першае, “яко” у мяне няма. Па-другое, а што ж уласьціва было гаварыць якутам ХVІІ стагодзьдзя? “Пакуль”, “мяне”? Але адкуль яны маглі ведаць гэтыя словы, калі вакол гаварылася “дондзежа”, “мя”? Па-трэцяе, няўжо В. Іпатава не заўважыла, што якуты ў аповесьці ўвогуле не гавораць па-руску і тое, што яна прымае за гаворку якутаў у яе натуральным выглядзе, на самой справе - пераклад з якуцкай мовы? Перакладае ўвесь час Андрэй, - зразумела, на тую мову, якой гаворыць сам.
    Уявім на момант, што якуцкія дыялёгі я перакладаў бы аўтарскім тэкстам. Тады б атрымалася сапраўдная недарэчнасьць: з бацькам, ваяводам, Бугром Андрэй гаварыў бы мовай свайго часу, а з кулутам, шаманкай, Байдонам - сучаснай беларускай. Не лепш атрымалася б і тады, калі б на сучасную беларускую мову перакладалася толькі мова якутаў.
    Тыя, хто папракае мяне за ўжываньне іншамоўных слоў, не разумеюць чамусьці, што б’юць аўтара за імкненьне да больш высокага майстэрства, за стаўленьне перад сабой больш цяжкай, але затое болей цікавай як для сябе самога, так і для чытача задачы.
    Абсалютная большасьць іншамоўных слоў у мяне зьмешчана ў дыялёгах, прычым з тлумачэньнем кожнага незразумелага слова. Гэта, я мяркую, законна. А В. Іпатава не бачыць розьніцы паміж ужываньнем лексыкі ў аўтарскай мове і мове герояў. Так, яна папікае, што Барыс Ліцьвін кажа “надзею лялею”, а сын яго Андрэй –“зьбегне”. У першым выпадку гэта русізм /“лялею”/, а ў другім - палянізм /замест “бяжыць”/. Але ж і ў мове герояў тых твораў нашай літаратуры, дзе гаворка ідзе пра сёньняшні дзень, русізмы і палянізмы - не рэдкасьць. Чаму ж тады не могуць іх ужываць /хаця б па адным/ беларусы ХVІІ стагодзьдзя? Зрэшты, гэтыя словы я ўжо замяніў, бо ці мала такіх, як В. Іпатава, крытыкаў, для якіх адно, не зусім удала ўжытае слова засланяе ўсе вартасьці твора.
    Аналіз мовы В. Іпатава пачынае з таго, што задае саркастычнае пытаньне: “Напрыклад, што такое: “падступны міністар” “коні ясьнелі”, “зьбегне”, “напускам пойдуць”?
    Адказваю. Пра “зьбегне” толькі што ўжо гаварылася. “Падступны” - гэта старое, незаслужана забытае беларускае слова. Гл. слоўнік Насовіча /с. 147/: ПОДСТУПНЫЙ, прил. Предательский, коварный. Руска-беларускі слоўнік 1953 года /РБС-53/: “КОВАРНЫЙ - каварны, падступны”. Словам “падступства” карыстаўся Я. Колас: “Кожны дзень, кожная гадзіна тояць у сабе прыхованае падступства і здраду” /гл. М. Клышка. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, стар. 51/. Цяпер гэтае добрае, празрыстае слова замяняецца незразумелым па корані словам “каварны”. Я стаю за “падступны” і лічу, што хаця б у гістарычнай аповесьці маю поўнае права яго ужыць.
    “Коні ясьнелі”. Значыць рабіліся больш яснымі, выразнымі. Гл. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы /ТСБМ/, т. 4, с. 151: ПАЯСЬНЕЦЬ. Стаць ясным, ясьнейшым. “Нарэшце на ўсходзе за гарамі паявілася нешта затоена-сьветлае, паясьнеў гарызонт” - Хомчанка.
    “Напуск”. Напад. Пераклад гэтага старажытнарускага слова даецца ў зносцы на стар. 13. Ужываецца ў аповесьці выключна ў прамой мове.
    Далей В. Іпатава адзначае “русізмы, нават не перакладныя: “лука сядла”, “нахлабучыў каўпак”, “чуці не чуці”, “адбрыдзі-к”, “унушальны начальнік”, “будзеце квіты”.
    З усяго гэтага сьпісу за сваю памылку прызнаю толькі “унушальнага” - утворанага па беларускаму ўзору ад рускага кораня. Рэштка:
    “Лука сядла”. ТСБМ, т. 3, стар. 62: ЛУКА. 2. Выгіб пярэдняга ці задняга краю сядла. “Трымаючыся за луку сядла, лейтэнант нагнуўся і пацалаваў Мішу”. - Курто.
    “Нахлабучыў каўпак”. ТСБМ, т. 3, стар. 333. НАХЛАБУЧЫЦЬ. Насунуць галаўны ўбор на лоб, вушы і пад. “Васіль нахлабучыў вушанку на самыя вочы”. - Чарнышэвіч. - ТСБМ, т. 2, стар. 666. КАЎПАК. Галаўны ўбор конусападобнай, авальнай або іншай формы.
    “Чуці не чулі”. Апошняга тома ТСБМ на маю пакуль, але няма сумненьняў, што выраз будзе зьмешчаны, як зьмешчаны БАЧЫЦЬ НЕ БАЧЫЎ /т. 1, стар. 353/, ВЕДАЦЬ НЕ ВЕДАЮ /т. 1, стар. 473/.
    “Адбрыдзі-к”. Рускага тут - часьцінка “к”, бо само слова “адбрысьці” у беларускай мове маецца /ТСБМ, т.1, стар. 118/. Слова ўжыта ў дыялёгу, дзе людзі гавораць па-руску. Каб зрабіць В. Іпатавай прыемнасьць, часьцінку “к” выкідаю.
    “Квіты”. ТСБМ, т. 2, стар. 678. КВІТЫ, у знач. вык. Разьлічыліся, расквіталіся. “З дзяржавай мы квіты”. - Хадкевіч. У маёй аповесьці слова ўжытае ў прамой мове.
    Што ж атрымліваецца? З шасьці “неперакладзеных”, на погляд В. Іпатавай, русізмаў пяць займаюць сваё законнае места ў галоўным на сёньняшні дзень слоўніку беларускай мовы. Ці не здраджвае рэцэнзэнту пачуцьцё слова? Ці, можа, гэта - негрунтоўнае веданьне роднай мовы?
    Бо глядзіце, людзі добрыя, што піша В. Іпатава далей. Пад “русізмы перакладзеныя, якія ад гэтага беларускімі словамі не сталі” яна падводзіць выразы “выпусьціў з-пад увагі” /ТСРМ, т. 1, стар. 567/, “раздзьмухалі агонь” /ТСБМ, т. 4, стар. 596/, “выкручвацца было бескарысна” /ТСБМ, т. 1, стар. 546/.
    Наконт слова “безмаёмасны”. Яго, зразумела, у слоўніках няма, бо я стварыў яго сам. Але створана яно не па рускаму, а беларускаму ўзору. Параўнай: БЯЗДОМНЫ, БЕЗМАЁНТКАВЫ /ТСБМ. т. 1, стар. 361/. Сэнс яго празрысты: “той, хто не мае маёмасьці. У рускай мове такога слова /“безимущественный”/ няма. Ёсьць слова “неимущий”, якое на беларускую мову скалькавана як “немаёмны” /ТСБМ, т. 3, стар. 374/. Зрэшты, хай не падумае хто-небудзь, што слова “безмаёмасны” я стварыў таму, што мяне не задавальняе “немаёмны”. Справа ў іншым. У гэтых слоў розны сэнс. “Немаёмны” - той, хто нічога не мае навогул. “Безмаёмасны” - той, хто на мае маёмасьці значнай, нерухомай. Барыс Ліцьвін гаворыць пра сябе: “Я каморнік, чалавек вольны, безмаёмасны. Хаты свае не меў - адны рукі. Кут займаў у чужых дамах, для таго кутнікам зваўся”. /стар. 16/. Што ж датычыць рухомай маёмасьці, то яна ў Барыса Ліцьвіна, друкара - чалавека саліднай прафэсіі - зразумела, была. Таму і не кажа ён пра сябе “немаёмны”.
    Апроч таго, - піша В. Іпатава, - у многіх выпадках ужываецца беларускія словы не ў тым значэньні, у якім яны існуюць у беларускай мове”. Хаця такіх выпадкаў, сьцьвярджае яна, многа, прыклад прыводзіць толькі адзін: “Падарыць” і “дараваць” - розныя рэчы. “Я табе нож дарую” - перакладаецца як “я тебе нож прощаю”.
    Вось так, нават на рускую мову пераклала, каб лепш зразумеў аўтар, які, на яе думку, не па-беларуску піша, а толькі перакладае з рускай. Што ж, ізноў зьвернемся да слоўнікаў. ТСБМ, т. 2, стар. 138. ДАРАВАЦЬ. 3. што. Падарыць /дарыць/. “Вам на памяць Серп і Молат даравала доля”. - Купала. РБС-82, т. 1, стар. 196. ДАРОВАТЬ 1. сов. и несов. уст. Дараваць.
    “Небеларускім сказам” В. Іпатава называе выраз “трымалі здобыч”. Па-першае, у мяне “трымай здобыч” /стар. 9/» г. зн. у дыялёгу /так гаворыць Барыс Ліцьвін, падаючы сыну здабытага зайца/. Але хай бы і “трымалі”. Што тут небеларускага? Адно слова беларускае, другое таксама /ТСБМ, т. 2, стар. 463. т. 5, стар. 533/. Ці, можа, штосьці небеларускае хаваецца ў сувязі гэтых слоў? Дык вось прыклад з Я. Коласа: “Бяжыць, тхара ён даганяе, напагатове кол трымае”.
    Думаю, калі можна трымаць кол, то можна трымаць і зайца. А вось ці можна трымаць уласную постаць? Стаўлю гэтае пытаньне невыпадкова, бо выглядзеў падобны выраз у творы свайго прыдзірлівага крытыка: “Яна працавала, як апантаная. Брала ўрокі харэаграфіі. Апроч таго, у свае дваццаць восем штодзень бегае кросы, трымае фігуру” В. Іпатава. У дзень прэм’еры. “Полымя”, 1983, № 3, стар. 91/.
    Што гэта, калі не прыклад неперакладзенага русізма? Дакладней, нібыта перакладзенага, але такога, які так і не стаў беларускім? Няўжо пра тое ж самае нельга было сказаць па-беларуску - напрыклад, “зьберагае постаць”?
    Або на наступнай старонцы ў тым жа апавяданьні В. Іпатавай: “Так вось павінна была б рабіць і ты. З анучай, з каструляй. З чым заўгодна, але каб пасьля не падаць з пуантаў”. Што гэта такое – “заўгодна”? У ТСБМ такога слова няма. І не можа быць, бо няма ў нашай мове слова “угодный”, ад якога В. Іпатава стварыла сваё “заўгодна”. А няўжо так цяжка было дадумацца тут да простага “з чым хочаш”?
    Але вернемся да рэцэнзіі. “Вельмі многа сказаў, - піша В. Іпатава, - недакладных саміх па сабе: “Каляіна, прабітая ў шарпаку яго дрэвападобнымі нагамі, была ўся запырскана крывёю” - слова “прабітая” мае на ўвазе дзеяньне, накіраванае зьверху ўніз; каляіна ж, наадварот, патрабуе дзеяньня гарызантальнага”. Чаму “прабітая” мае на ўвазе толькі дзеяньне, накіраванае зьверху ўніз? Прабіваць жа можна ў любым напрамку. Напрыклад, сьцяну. ТСБМ дае і такое, зусім блізкае да майго сказу значэньне слова ПРАБІЦЬ: 2. Пракласьці /дарогу, сьцежку і пад./. “Вазьму пілу, вазьму сякеру і ў пушчы шлях сабе праб’ю”. - Гурло. Дадам, што ў маёй аповесьці ёсьць паранены, не можа падняць ногі, таму і прабівае
    Заключны акорд моўнага разгляду ў рэцэнзіі В. Іпатавай гучыць так: “Або такі сказ: “І тут у галовах хлопцаў пайшла болей сур’ёзная работа, аб чым сьведчыць працяг размовы” - так і бачыцца гэты сказ у перакладзе з рускай мовы, прычым перакладзе чыста машынальным...”
    Ад такой крытыкі хочацца сьмяяцца і плакаць. Гэтак жа можна абвясьціць машынальна перакладзенай з рускай любую беларускую фразу ад самай простай “я іду” да такой, напрыклад: “І, як ніколі, спасьціглася гэтае вечнае імкненьне чалавека жыць мастацтвам, якое падобна да крыку, што пасылаем мы наперад, каб усьлед за ім імкнуцца наверх нашага жыцьця да таго, што ляжыць за ім” /В. Іпатава. “У дзень прэм’еры”, стар. 87/. А сапраўды, без жартаў: ці ж гэта не пераклад, прычым машынальны? Бо адкуль жа ўзяліся б гэтыя два “што”, якія стаяць так блізка адно ад аднаго, гэтыя два “за ім”, што адносяцца да розных назоўнікаў? Перакладай назад, на рускую мову - і адно са “што” зьнікне; не стане і аднаго “за ім”: “чтобы вслед за ним стремиться поверх нашей жизни к тому, что лежит за ней”. Зрэшты, колькі ні перакладай сказ гэты туды і назад, усё адно яго не зразумееш.
    Што ж сказаць у заключэньне самому? Станоўчую, грунтоўную рэцэнзію Дз. Бугаёва на маю аповесьць выдавецтва спрабуе перакрэсьліць рукамі рэцэнзэнтаў-верхаглядаў: спачатку - В. Коўтун, цяпер – В. Іпатавай. Веру - прыйдзе час, калі абедзьвюм стане сорамна за сваю несумленную пісаніну.
    І. Ласкоў
    5 сакавіка 1984 года,
    Якуцк

                                                                         Выпіска
                                            з пратакола пасяджэньня рэдакцыйнага савета
                                                  выдавецтва “Юнацтва” ад 11 студзеня
    Па другому пытаньню: Абмеркаваньне рукапісу І. Ласкова “Пiшчальнiкi не пішчаць” выступілі:
    Рэцэнзэнт В. Іпатава  /рэцэнзія дадаецца/.
    Цвірка К. А.  Чытаў твор з цікавасьцю. Аўтар раскрыў у ім па сутнасьці невядомую старонку нашай гісторыі. У кнізе многа пазнавальнага матэрыялу. Добра, з веданьнем справы, паказаны побыт якутаў, іх звычай. І ўсё ж ёсьць у кнізе моманты, якія выклікаюць пытаньні. Супярэчлівым здаўся мне, напрыклад, вобраз галоўнага героя твора - стралецкага камандзіра Барыса Ліцьвіна. Аўтар робіць яго станоўчым: ён сумленны, добры /нават сына выхаваў так, што той прымушае свайго сябра-якута вярнуць украдзены нож/. Але ж Барыс Лiцвiн па сваёй сутнасьці верны служка ваяводы-самадура, служка цара. Гэта ж ён спаганяе ў якутаў ясак, хоць ім няма ўжо чым плаціць, гэта ён бярэ іх у заложнікі... Стральцы бачаць несправядлівасьць такога абыходжаньня з якутамі, але усё роўна робяць сваю зусім не пахвальную справу. Аўтар, праўда, кажа мімаходзь, што стральцы недзе потым запратэстуюць, падымуць паўстаньне, але ж - потым. А цяпер у творы яны пакорліва выконваюць волю такіх самадураў, як Пётр Пятровіч, зьдзіраюць у якутаў па сем шкур. Такім чынам, твор не вытрыманы ў ідэйна-мастацкім пляне.
    Старонкі, дзе расказваецца, як хлопчыкі прабіраюцца па тайзе у астрог, можна было б аўтару ўзяць за аснову твора.
    Мова. Шмат у ёй ка*лек. І яшчэ. Стылізацыя пад старажытнарускую мову не апраўданая. Нават якуты, якія не ведаюць ні слова па-руску, гавораць у творы гэтай стылізаванай пад старажытнасьць мовай.
    Паўтараю - твор чытаецца з цікавасьцю. І хацелася б параіць аўтару, каб ён з улікам усіх заўваг перапрацаваў аповесьць.
    Коўтун В. М.  Я хачу падзякаваць загадчыку рэдакцыі літаратуры для сярэдняга школьнага узросту, і рэцэнзэнту Вользе Іпатавай за дэталёвы, заклапочаны, але прынцыповы разгляд аповесьці Івана Ласкова. Далучаюся да выказанай думкі пра цікавую этнаграфічную фактуру твора. Займальнасьць, урэшце, аснова прыгодніцкага жанру. Аднак аўтару часам здраджвае пачуцьцё меры, пра што ужо мы пісалі яму, а перагрузкі толькі шкодзяць. Усё гэта трэба было б улічыць аўтару пры перапрацоўцы твора.
    Але галоўнае у тым, на што зьвярнулі увагу і Кастусь Аляксеевіч Цвірка, і Вольга Міхайлаўна Іпатава. Далучаюся да меркаваньня Цвіркі пра недаведзенасьць, непрадуманасьць сацыяльнай асновы, галоўнага канфлікту твора, пра слабасьць абмалёўкі характараў галоўных герояў. Абраная Ласковым тэматыка патрабуе асабліва уважлівага гістарычнага і ідэйна выверанага стаўленьня, выключнага мастацкага выражэньня. Гэтага ж няма. Цяпер пра мову твора. Прагучалі тут дзьве думкі. Першая, пра непатрэбнасьць, надуманасьць моўнай стылізацыі. Другая аб тым, што увогуле складваецца уражаньне, быццам аўтар няўмела /шмат русізмаў/ пераклаў тэкст з рускай мовы /В. Іпатава/.
    Такім чынам, паўтараю раней выказаную І. Ласкову думку: твор патрабуе самай грунтоўнай перапрацоўкі.
    Кенька М. П.  Рукапіс я прачытаў зусім нядаўна, таму ўражаньні ад яго сьвежыя. Аповесьць займальная, чытаецца з цікавасьцю, у ёй многа пазнавальнага матэрыялу. Але ў тым выглядзе, у якім твор прадстаўлены у выдавецтва, выдаваць яго яшчэ нельга. Аповесьць мае шэраг ідэйных і мастацкіх недахопаў. Яна занадта расьцягнутая ў першай частцы, ды і падарожжа двух хлопчыкаў доўжыцца некалькі больш, чым трэба. Вельмі многа моўных агрэхаў. Мяне ўразіла, як мог аўтар выдатнага аналітычнага артыкула аб беларуска-рускiм перакладзе “В неошлифованном зеркале”, напісанага для “Мастерства перевода”, не заўважыць у сябе самога русізмаў, калек з рускай мовы і г.д. Ён не заўважае і таго, што не толькі рускія, але і хлопчык-якут карыстаецца старарускімі словамі тыпу “дондеже”, “мя”, хаця ў аўтара сказана, што ён гаворыць па-якуцку, а па-руску не разумее. Ды і ў мове рускіх старадаўніх слоў мнагавата Да гістарычнага калярыту, вядома, патрэбны пэўныя рэаліі, але для стылізацыі мовы пад даўніну перанасычаць рэплікі пэрсанажу старарускімі словамі не патрэбна. Тым больш, што нейтральная лексыка ў творы - беларуская, а не сучасная руская. Мабыць, на рускай мове дыялёгі ў аповесьці загучалі б больш натуральна, але па-беларуску мова, густа перасыпаная тымі “дондеже”, выглядае ненатуральнай, хоць і разумееш, што гэта умоўнасьць.
    Аўтару трэба падумаць і аб тых заўвагах, што выказалі К. Цвірка, В. Коўтун, В. Іпатава. Сапраўды, уся кампазыцыя будуецца на тым, што рускія ідуць браць ясак з якутаў. Шчасьлівы канец аповесьці - ясак знойдзены і будзе вернуты казьне. А доўгае, цяжкае блуканьне па тундры маладога якута ў пошуках свайго роду канчаецца тым, што і род адракаецца ад яго і ён ад роду. Разумею, што такая канцоўка псыхалягічна і гістарычна верагодная, але пасьля усіх прыгод хацелася б нечага іншага. У аповесьці рускія паказаны ў цэлым як людзі, прыязна настроеныя да якутаў, але ж гэта яны дзейнічаюць сілай, каб другі раз сабраць той ясак. Аўтар скорагаворкай, мімаходзь упамінае ў канцы аб паўстаньні стральцоў. Было б вельмі добра, каб у аповесьці было хоць крыху паказана, як высьпявала гэтае паўстаньне, як нарастала абурэньне. Аўтар скажа, што гэта ёсьць у сцэне з ваяводам. Але недзе пункцірна трэба гэтую лінію правесьці праз усю аповесьць. Трэба было і хоць крыху паказаць і тое, чаму Якуція добраахвотна ўвайшла ў склад рускай дзяржавы, паказаць, што і якуты разумелі неабходнасьць аб’яднаньня. Вось тады б і былі ў аповесьці адлюстраваны вытокі брацтва народаў.
    Некалькі штучна выглядае тое, што ў Якуціі сустракаюцца беларускі і якуцкі хлопчык. Падумалася, што калі б аповесьць друкавалася у Грузіі ці Казахстане, то ў аповесьці дзейнічалі б казах або грузін.
    Мне думаецца, што аўтару трэба большы акцэнт зрабіць на прыгоды герояў. Якуцію ён ведае, усё, што ў аповесьці апавядаецца аб яе прыродзе, гістарычныя зьвесткі, не выклікае сумненьня. Я бачу ў гэтай аповесьці нешта накшталт якуцкага варыянту “Палескіх рабінзонаў”, таму хацелася б, каб у аповесьці быў узмоцнены пазнавальны элемэнт, а ўсё, што зьвязана з асваеньнем рускімі Сыбіры, у наш складзены час не трэба паказваць з усімі негатыўнымі момантамі. Яны, зразумела, гістарычна праўдзівыя, але нам не трэба паказваць дзеяньні рускіх у Якуціі так, каб узьнікалі непажаданыя паралелі з дзеяньнямі калянізатараў, амэрыканскіх перасяленцаў у дачыненьні да індзейцаў і г.д. Трэба ўзмацніць матыў братэрства, дружбы народаў.
    Гніламёдаў  Лічу, што абмеркаваньне рукапісу прайшло вельмі зьмястоўна, з вялікай карысьцю для аўтара І. Ласкова.
    Каршукоў Я. I.  Далучаюся да агульнай думкі, што І. Ласкову трэба зьвярнуць самую сур’ёэную ўвагу на палітычны аспэкт аповесьці, на павышэньне яе iдэйна-мастацкага ўзроўню.
    Лукша В. А.  Я поўнасьцю згодзен: аўтару неабходна яшчэ шмат папрацаваць над творам, улічыўшы ўсе выказаныя заўвагі.

     Выдавецтва “Юнацтва”
    220600, г. Мінск, праспэкт Машэрава, 11
    Тэл. 23-33-26, 23-30-26
    Ад 8. 05. 84. № 19/281.
    Паважаны Іван Антонавіч!
    Як Вам паведамлялася раней, рукапіс Вашай аповесьці “Пішчальнікі не пішчаць” быў абмеркаваны на рэдакцыйным Савеце выдавецтва “Юнацтва”. Шэраг канкрэтных заўваг і пажаданьняў па ім выказалі члены Савета - намесьнік дырэктара Інстытута літаратуры АН БССР Ул. Гніламёдаў, кандыдаты філялягічных навук М. Кенька, В. Новік, кандыдат гістарычных навук К. Цвірка, рэцэнзэнт, член СП БССР В. Іпатава і іншыя. Вашы пярэчаньні па ацэнцы аповесьці прыняць не можам.
    Рукапіс вяртаем на дапрацоўку.
    Галоўны рэдактар выдавецтва
    /подпіс/ Я. І. Каршукоў

         “Маладосць”
       Дамашэвічу У. М.
    Паважаны Уладзімір Максімавіч!
    Пасылаю аповесьць, пра якую гаварыў летась. Вельмі прашу, калі твор адпавядае, надрукаваць, бо гэта мае для мяне вялікае значэньне. У “Маладосці” апошні раз я друкаваўся ў 1978 годзе /невялікае апавяданьне/. А да гэтага выступіў з маленькай паэмай у 1973 годзе. Вось і ўсе мае публікацыі за апошнія адзінаццаць год.
    Аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць” напісана мной пасьля сур’ёзнай працы з гістарычнай і этнаграфічнай літаратурай і праўдзіва перадае гістарычную абстаноўку ў Якуціі XVII стагодзьдзя. Калі трэба, сьпіс выкарыстаных прац магу даслаць.
    Пасылаю адразу два экзэмпляры, як у свой час “Вольныя птушкі”, якія так і не ўбачылі старонак “Маладосці”...
    З пажаданьнем посьпехаў
    І. Ласкоў.
    Брацкае прывітаньне А. Грачанікаву і Л. Дайнеку.
    25. VI. 84.

    Добры дзень, Іван Антонавіч!
    Прачытаў яшчэ Вашу аповесьць і Васіль Гігевіч. У яго думка пра твор неблагая, за выключэньнем некаторых дробязяў.
    Хацелася, каб вы трохі сябе скарацілі, асабліва частку, калі хлопцы ідуць да Лены. Зрабіце для нас варыянт на 150 старонак, будзе добра. І яшчэ мне здаецца, трэба Вам усе звароты да чытача ў тэксьце аб’яднаць у адно і даць або прадмоўнай, або пасляслоўем ад аўтара. Гэта лепш глядзіцца і лепш чытаецца, не перабіваецца асноўная плынь аповесьці. не выходзіць на верх аўтар, яго нібы і няма, а дзейнічаюць адны толькі героі. Так болей чытач верыць у тое, што чытае.
    Так, між іншым, зрабіў Дайнека ў сваім рамане “Меч князя Вячкі”, ён даў “прадсьпеў”, ці “Слова ў дарогу”.
    Ага, Гігевіч сказаў, што шмат якуцкіх слоў, асабліва на пачатку. Неяк заганяйце іх больш у тэкст.
    Відаць, перадрукоўваць Вам там не трэба, бо ўсё роўна тут давядзецца перадрукаваць у нас, каб зьвесьці ўсё ў адно (за кошт аўтара).
    Думаю, што за месяц часу вы гэта зробіце. Другі экз. застанецца ў нас. Гэта для мастакоў, ён добры.
    Вось і ўсё. Жадаю посьпехаў!
    /подпіс/ Ул. Дамашэвіч.
    26. 03. 85.

             Дамашэвічу У. М.
    Паважаны Уладзімер Максімавіч!
    Зноў уважліва, са слоўнікамі ў руках прачытаў аповесьць, улічыў шэраг Вашых прапаноў і зрабіў шмат уласных правак. Скараціў да 248 старонак такім чынам: аб’яднаў разьдзелы “Не пакідаючы сьлядоў” і “Паляваньне голымі рукам”, разьдзел “Арангас” апусьціў. Апускаць жа “Горкае шчасьце кулута” і “Куях для Пангарады-таёна” мне здаецца немэтазгодным. “Горкае шчасьце кулута” мае вялікае сюжэтнае значэньне. Тут заканчваецца няўдачай спроба адшукаць род кулута, з-за чаго хлопцы ідуць у Ленскі астрог. Тут яны знаходзяць брата-блізьнюка кулута, памёршага ад праказы. Гэты эпізод мае працяг у разьдзеле “Іншы раз лепш не памыцца” і ў канцы аповесьці, калі роднікі кулута прымаюць яго за памёршага блізьнюка. Разьдзел “Куях для Пангарады-таёна” таксама немалаважны для сюжэта. У ім упершыню ўпамінаецца Пангарада; Пангарада ў далейшым не раз зьяўляецца ў куяху, які яму майструюць у гэтым разьдзеле; кавалі робяць цьвікі для Пангарады /разьдзел “Коч”/; у разьдзеле “Куях... “ Андрэй атрымлівае нож, якім карыстаецца праз дзесятак старонак /разьдзел “Жарабок” і “Крылы”/. А галоўнае – у разьдзеле “Куях...” паказана, як першабытным спосабам выплаўлялася жалеза. Ці ж гэта нецікава?
    Думаю, аповесьць не такая ўжо і вялікая, каб не зьмясьціцца ў “Маладосці”. 248 старонак – гэта фармальна, бо на працягу тэксту шмат скарочана радкоў, месцамі нават старонак. Да таго ж, рыхтуючы аповесьць для выдавецтва, я наўмысна “не шкадаваў паперы”, каб плянавалі большы аб’ём /раю і Вам карыстацца гэтым спосабам/. Таму пасьля перадруку ў Вашай рэдакцыі рукапіс сам сабой павінен скараціцца старонак на 15, а то і болей. Глядзіш – атрымаецца 230. А вы ж можаце ў адзін нумар паставіць 200 старонак, як паказвае № 2 з “Мячом князя Вячкі”.
    “Мне здаецца, трэба Вашы ўсе звароты да чытача ў тэксьце аб’яднаць ў адно і даць або прадмовай, або пасьляслоўем”, - пішаце вы. Думаю, рабіць гэта няварта. Па-першае, у маёй аповесьці і так фактычна ёсьць прадмова /першая старонка/. Па-другое, ці не занадта ў “Маладосці” прадмоў і пасьляслоўеў да гістарычных твораў? Што ні такі, то прадмова: “Зброя” і “Чорны замак Альшанскі” Караткевіча, раманы Далідовіча і Дайнекі... Па-трэцяе, мае звароты да чытача, адступленьні – не публіцыстычныя, што выйграюць ад аб’яднаньня: яны – пазнавальныя, а такія ад аб’яднаньня трацяць, бо нельга запамятаць адразу цэлую кучу падрабязнасьцяў. У тэксьце ж мае адступленьні цесна зьвязаны з сюжэтам, дзякуючы чаму будуць лепш запамінацца. Напрыклад, мае героі бачаць, як якуцкія каровы здабываюць траву з-пад сьнегу. Тут жа я адступаю ад сюжэта, каб трошкі яшчэ расказаць пра нязвычныя асаблівасьці якуцкага быдла. Адступаю ненадоўга, чытач яшчэ і не пасьпее зразумець, што чытае адступленьне як яно скончыцца. Цікавая падрабязнасьць тагачаснага якуцкага жыцьця застанецца ў памяці чытача. А прадмову ён можа увогуле прапусьціць.
    Такі прыём не раз ужывалі самыя розныя пісьменьнікі, калі апісвалі чужыя краіны і чужы час, асабліва для маладзейшага чытача, да якога зьвернутая і мая аповесьць. Прыгадайце хаця б творы Маўра.
    Колькасьць іншамоўных слоў я пастараўся зьменшыць, каб зьменшыць колькасьць зносак. А вось імя Барыс прашу пакінуць ўсюды. Ліцьвін жа – не прозьвішча, а мянушка. Уявіце, што будзе, калі замест Іван Грозны пісаць толькі “Грозны”. Непачцівасьць!
    Ну, вось і ўсё. Чакаю Вашага рашэньня: усё зроблена ці не ўсё.
    Перадайце Дайнеку, што “Меч...” ягоны чытаю з вялікай цікавасьцю. Шчыра кажучы, не чакаў такой глыбіні пранікненьня ў мову і побыт пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Шкада толькі, што шмат слоў не тлумачыцца.
    Прывітаньне ўсім супрацоўнікам “Маладосці”.
    Іван Ласкоў
    23 красавіка 1985 г.

                                                          [да Карлюкевіча А. М.]
    Паважаны Алесь Мікалаевіч!
    Дзякуй Вам за добрыя словы пра маю аповесьць. У мясцовай рускай газэце “Социалистическая Якутия” на яе ўжо зьмяшчаліся дзьве рэцэнзіі /абедзьве вельмі станоўчыя/, таму сюды Вам пасылаць няварта. Лепш, я думаю, прапанаваць якому-небудзь беларускаму выданьню. Можа, гэта падштурхнула б неяк выдаўцоў давесьці нарэшце аповесьць да чытача. Днямі я вярнуўся з Мінска, дзе ўдзельнічаў у сьвяткаваньні 500-годдзя Скарыны. Між іншым зайшоў ў “Маладосць”, дзе “Пішчальнікі...” ляжаць ужо 6 год. Дык уявіце, рукапіс ледзь знайшлі... І гэта пры тым, што прыгодніцкая аповесьць, пэўна, ж, паспрыяла б павелічэньню тыражу, які ў “Маладосці” сёньня - 10 тысяч. Паабяцалі разгледзець крыху хутчэй . Вось і ўсё, чаго я дасяг.
    Вы пытаецеся, як узьнікла задума аповесьці. На пачатку я працаваў над навуковым артыкулам па гісторыі Якуціі ХVІІ стагодзьдзя, прапрацаваў масу літаратуры. У выніку “улез” у гэтае стагодзьдзе, стаў у ім як дома. А паколькі я пісьменьнік, то ў маім уяўленьні яно стала засяляцца жывымі людзьмі, як гістарычнымі асобамі, так і прыдуманымі мной. І захацелася іх ажывіць. Той артыкул да гэтага часу не надрукавалі, а аповесьць, як бачыце, выйшла.
    Наконт таго, каб Вы напісалі прадмову да ўрыўка з аповесьці, пярэчаньняў не маю. Толькі хай рэдакцыя сама падбярэ той урывак, для чаго дасылаю на Ваша імя экзэмпляр “Пішчальнікаў...”
    Усяго Вам добрага. Жадаю посьпехаў.
    Іван Ласкоў
    21 верасьня 1990 г.

                                                                           [Зацемка]
    “Кінарэжысёр Колас Уладзімер Георгіевіч (сын Г. Коласа) званіў з Мінска 18. ХІІ. 89. Хоча паставіць фільмы па “Пішчальніках”.
    [Іван Ласкоў]

       С. Клімковіч
                                                                       ПРАДМОВА
    Іван Антонавіч Ласкоў (1941 - 1994) беларускі паэт, празаік, крытык, публіцыст. Ураджэнец Гомельшчыны, выхаванец Магілёўскага дзіцячага дома, ён бліскуча скончыў хімічны факультэт БДУ, а потым Маскоўскі літаратурны інстытут. Лёс склаўся так, што пасьля інстытута ён паехаў жыць у Якуцк. Іван Антонавіч ніколі не парываў сувязей з Беларусьсю, друкаваўся ў мінскіх рэдакцыях і выдавецтвах. Вельмі хацеў вярнуцца на радзіму, але раптоўная сьмерць не дала зьдзейсьніцца яго жыцьцёвым і творчым плянам.
    Чалавек надзвычай адукаваны, эрудзіраваны, Ласкоў выдатна ведаў гісторыю зямлі, якая яго прытуліла. Пра гэта сьведчыць хоць бы яго гістарычна-прыгодніцкая дзіцячая аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць”, якая друкавалася ў Якуціі, але яшчэ зусім не вядома беларускаму чытачу.
    Урывак з яе мы зьмяшчаем сёньня ў нашым часопісе.
    Дзеяньне аповесьці адбываецца ў сярэдзіне ХVII ст., калі Руская дзяржава энэргічна асвойвала Сыбір. На берагах Лены, Енісея; Байкала будаваліся крэпасьці (астрогі), у якіх разьмяшчаліся стралецкія і казацкія атрады. У Ленскім астрогу служыць стралец Барыс Арахоўскі, беларус, які ўцёк з Літвы ў Масковію, ратуючыся ад прасьледаваньняў гарадзейскага князя Ксаверыя. Жонка Барыса загінула, і ва ўсе паходы ён бярэ з сабою сына Андрэйку. Андрэйка трапляе ў палон да якуцкага князя Байдона. Яму дапамагае ўцячы равесьнік, Байдонаў раб (кулут). Кулут не мае імя, і Андрэйка заве яго Братам. Хлопчыкі ідуць па таежных нетрах да Ленскага астрога. Мужнасьць, кемлівасьць, узаемная падтрымка дапамагаюць ім не загінуць у марознай Сыбіры.
    /Іван Ласкоў.  Па лёдзе і вадзе. // Пачатковая школа. № 4. Мінск. 1997. С. 44./





    Тут адзначым, што Іван Антонавіч Ласкоў стала, разам з сям’ёю, пражываў ў Якуцку, што па якуцкіх мерках, амаль што Сочы, а полюсам холаду лічыцца Аймякон, што вельмі далёка ад Якуцку.
    На гістарычны «пэрл» «прадмоўніцы, камэнтатаркі і ўкладальніцы» пра «салдат арміі Івана Грознага» (у творы Ласкова гэтага няма), можна адказаць анэкдотам: “Полацак браў, Казань браў, Ціхі Акіян ня браў...” Як гэтае, асабліва “салдат”, не заўважыў “навуковы рэдактар доктар філялягічных навук, прафэсар Адам Мальдзіс” - вельмі проста, бо ні ён ні ўкладальніца гэтага твору Івана Ласкова проста не чыталі (як і Іван Жахлівы, ды ягоныя стральцы, не ўяўляў пра Ціхі Акіян), бо не зьявілася б наступная лухта: “два падлеткі, якут і беларус, якія разам з бацькамі”, - таму што кулут якут быў сіратою...  (С. 9.)




                                                                              [С. 517.]
    Тут адзначым толькі бязглуздасьць сьцьвярджэньня “камэнтатаркі”. што гэты “раман” “на беларускай мове друкуецца (у аўтарскім перакладзе) упершыню”, бо Іван Ласкоў заўсёды падкрэсьліваў, што аповесьць “Пішчальнікі не пішчаць” напісаная ім менавіта на беларускай мове, і якую ён сам пераклаў на рускую мову... Упершыню на расійскай мове аповесьць была надрукаваная ў №№ 4-6 часопіса “Полярная звезда” (Якуцк) за 1983 год. Таксама “камэнтатарка” не паведамляе, дзе і ў якім архіве яна ўзяла менавіта гэтую апрацоўку аповесьці...


                                                                               [C. 226.]














Brak komentarzy:

Prześlij komentarz